Страница:
Неяк раз, гуляючы на прыродзе, Люсьен сеў на прыдарожным адхоне i задумаўся: "Я спаў цэлыя шэсць гадоў, але ўрэшце разадраў свой кокан". Ён адчуваў ва ўсiм целе жыццёвую сiлу i прыветным позiркам абвёў краявiд. "Я створаны дзеля дзеяння!" - сказаў ён сабе. Але ў тую ж хвiлiну яго думкi пра славу страцiлi ўсякi смак. "Няхай яны крыху пачакаюць, - шэптам прамовiў ён, яны яшчэ ўбачаць, чаго я варты". Яму хацелася, каб гэтыя словы гучалi ўпэўнена, але яны чамусьцi апалi з вуснаў, як пустыя шкарлупiнкi. "Што гэта са мной?" Яго ахапiла дзiўнае хваляванне. Ён адмаўляўся яго прызнаваць: некалi яно ўжо прынесла яму вялiкую шкоду. "Гэта ўсё праз гэтую цiшыню... - падумаў ён, - праз гэты пейзаж..." Навокал не было нi душы, апроч цвыркуноў, якiя марудна цягнулi ў пыле свае жоўтыя i чорныя брушкi. Люсьен цярпець не мог цвыркуноў, яны заўсёды здававалiся яму нiбы паўжывымi. За дарогай, наганяючы сум, распасцiралася шаравая, пакрытая трэшчынкамi пясчаная раўнiна, якая паволi спаўзала да рэчкi. Нiхто не бачыў Люсьена, нiхто не чуў; ён ускочыў на ногi, i яму падалося, што яго рухi не сустракаюць нiякага супрацiўлення, нават сiлы цяжару. Ён стаяў, адзiн, пад полагам шэрых хмараў: ён нiбыта iснаваў у пустаце. "Гэтая цiшыня..." - праплыло ў яго ў галаве. Але гэта было болей, чым цiшыня, - гэта быў нябыт. Краявiд вакол Люсьена быў надзвычай спакойны i невыразны, нечалавечы: здавалася, ён увесь скручваўся i нiбы затрымлiваў подых, каб толькi не патурбаваць яго. "Калi артылерыст вярнуўся ў гарнiзон..." Гук пагас на вуснах, як полымя ў вакууме: вакол не было нi ценю, нi рэха, Люсьен быў адзiн, пасярод гэтай амаль непрыкметнай, бязважкай прыроды. Ён схамянуўся i паспрабаваў аднавiць хаду сваiх думак. "Я створаны дзеля дзеяння. I галоўнае, ува мне ёсць жыццёвая энергiя: я магу дазволiць сабе зрабiць глупства, але нiколi не заходжу далёка, таму што хутка авалодваю сабой". Ён падумаў: "У мяне ёсць маральнае здароўе". Але раптам ён змоўк i ад агiды зморшчыў грымасу, настолькi абсурдным яму здалося гаварыць пра "маральнае здароўе" на гэтай да белi выпаленай дарозе, па якой паўзлi паўздохлыя насякомыя. Ён са злосцю наступiў на цвыркуна i адчуў пад падэшвай маленькую кругленькую гульку. Калi ён падняў нагу, цвыркун яшчэ жыў. Люсьен плюнуў на яго i падумаў: "Я зноў у тупiку. Як i мiнулым летам". Ён прыгадаў пра Вiнкельмана, якi называў яго "асам сярод асаў", пра пана Флёр'е, што ставiўся да яго, як да мужчыны, пра панi Бэс, якая сказала: "Няўжо я сапраўды называла гэтага вялiкага хлопца лялечкай? Ды я цяпер не асмелюся нават сказаць яму "ты", ён мяне палохае". Але ўсе яны былi далёка, вельмi далёка, i яму падалося, што сапраўдны Люсьен таксама недзе згубiўся i тут засталася толькi белая, збянтэжаная лiчынка. "Што я?" Як i на мiнулых канiкулах, пытанне заставалася тое ж, здавалася, яно чакала Люсьена на тым самым месцы, дзе ён яго кiнуў, зрэшты, гэта было нават не пытанне - гэта быў стан. Люсьен пацiснуў плячыма. "Я надта ўедлiвы, - падумаў ён, - i занадта займаюся самакапаннем".
Наступнымi днямi ён стараўся менш капацца ў сабе i вырашыў засяродзiць увагу на рэчах: ён падоўгу разглядаў падстаўкi пад яйкi, круглыя сурвэткi, дрэвы, вiтрыны; ён вельмi ўсцешыў мацi, ласкава папрасiўшы паказаць яму сталовае серабро. Але гледзячы на серабро, ён думаў, што на яго глядзiць, а позiрк яго засцiлала дрыготкая, жывая смуга. I дарэмна Люсьен намагаўся паглыбiцца ў размову з панам Флёр'е, тая самая суцэльная рэдзенькая смуга, якая сваёю неадчувальнаю матавасцю падманлiва выдавала сябе за святло, неўпрыкмет прасочвалася аднекуль ззаду i ахiнала ўвагу, з якой ён слухаў бацькавы словы: гэтая смуга i была ён сам. Часам, у роспачы, Люсьен кiдаў слухаць i азiраўся, стараючыся спаймаць гэтае мроiва, зiрнуць яму ў твар - але натыкаўся толькi на пустату, смуга зноў заставалася ззаду.
Жэрмена прыбегла да панi Флёр'е ў слязах: яе брат захварэў на бронхапнеўманiю.
- Бедная вы мая Жэрмена, - сказала панi Флёр'е, - а вы заўсёды казалi, што ён у вас такi дужы!
Яна адпусцiла яе на месяц, а пакуль, на падмену, узяла дачку аднаго заводскага рабочага, Бертачку Мозэль, якой было семнаццаць гадоў. Яна была невялiчкага росту, з бялявымi косамi, закручанымi вакол галавы, i ледзь прыкметна накульгвала. Паходзiла яна з Канкарно, i таму панi Флёр'е папрасiла яе насiць каптурок з карункамi: "Так будзе гожай". З першых жа дзён кожны раз, калi дзяўчына сустракала Люсьена, у яе вялiкiх сiнiх вачах успыхвала пакорлiвая i палкая зачараванасць, i Люсьен зразумеў, што яна яго абагаўляе. Ён размаўляў з ёю бесцырымонна i часта любiў пытаць: "Ну як, падабаецца вам у нас?" Iдучы па калiдоры, ён дзеля забавы знарок праходзiў так блiзка, каб да яе дакрануцца, i потым глядзеў на рэакцыю. Але ўвогуле яна яго замiлоўвала; яе цiхмянае каханне дарыла яму неацэнную маральную падтрымку, i Люсьен часта з лёгкiм хваляваннем задумваўся пра той вобраз, якi мог скласцiся пра яго ў Берты. "Я, вядома, зусiм не падобны на тых маладых рабочых, да якiх яна ходзiць". Аднойчы ён прыдумаў падставу, каб завесцi ў буфетную Вiнкельмана, i той прызнаў, што яна вельмi добра складзеная.
- Шчаслiўчык ты, - падсумаваў ён, - быў бы я на тваiм месцы, абавязкова ёй прызаняўся б.
Але Люсьен быў у нерашучасцi: ад Берты пахла потам, i яе чорная блузка пад пахамi была ўся паедзеная.
Аднойчы дажджлiвым вераснёўскiм адвячоркам панi Флёр'е з'ехала на машыне ў Парыж, i Люсьен застаўся адзiн. Ён ляжаў у сваiм пакоi на ложку i пазяхаў. Яму здавалася, што ён - нейкае капрызнае, зменлiвае, няўлоўнае воблака, увесь час тое самае i кожны раз iншае, з краямi, што ўвесь час распускаюцца i кудлацяцца ветрам. "Цiкава, дзеля чаго я жыву?" Ён ляжаў, страўляючы ежу, пазяхаў, чуў, як дождж барабанiць у шыбы, i ў яго ў галаве раскудзельваўся, плыў бялявы туман: а што далей? Гэта было не iснаванне - гэта было чорт ведае што, i абавязкаў, якiя ён будзе вымушаны выконваць пазней, наўрад цi хопiць, каб яго апраўдаць. "Увогуле, я не прасiў, каб мяне нарадзiлi", - падумаў ён. Але ён быў занадта прыгнечаны, каб развiваць свае думкi ў гэтым напрамку: ён устаў, запалiў цыгарэту i спусцiўся ў кухню, каб папрасiць Берту зрабiць яму трошкi чаю.
Яна не бачыла, як ён увайшоў. I калi Люсьен крануў яе за плячо - аж падскочыла.
- Я вас напалохаў? - спытаўся Люсьен.
Яна глядзела на яго з перапуджаным выглядам, абапершыся абедзвюма рукамi на стол, грудзi ў яе высока хадзiлi; нарэшце яна ўсмiхнулася i адказала:
- Ды ўжо ж я зусiм не чакала, я i не думала, што хто тут ёсць.
Люсьен адказаў паблажлiваю ўсмешкай i прамовiў:
- Вы былi б вельмi ласкавая, каб зрабiлi мне трошкi гарбаткi.
- Зараз, зараз, усё зраблю, пане Люсьен, - хутка адказала яна i кiнулася да плiты: прысутнасць Люсьена, вiдаць, яе вельмi бянтэжыла. Люсьен па-ранейшаму нерашуча стаяў у дзвярах.
- Ну што, - спытаў ён бацькоўскiм тонам, - як вам у нас - падабаецца?
Берта стаяла да яго спiнай i напаўняла з крана рондаль. Шум вады заглушыў яе словы. Люсьен трошкi счакаў i, калi яна паставiла рондаль на газ, зноў спытаўся:
- Вы ўжо палiлi калi-небудзь?
- Зрэдку, - апаслiва адказала дзяўчына.
Ён раскрыў пачак "Кравэна" i працягнуў ёй, Люсьен быў не надта сабой задаволены: яму здавалася, што ён сябе кампраметуе; ён не павiнен быў прапаноўваць ёй запалiць.
- Вы хочаце... каб я запалiла? - здзiўлена прамовiла яна.
- Чаму не?
- Панi будзе сварыцца.
У Люсьена ўзнiкла непрыемнае пачуццё змоўнiцкасцi. Ён засмяяўся i сказаў:
- А мы ёй не скажам.
Берта пачырванела, узяла цыгарэту кончыкамi пальцаў i ўсунула яе ў рот. "Цi павiнен я даць ёй агню? Не, напэўна, гэта будзе няправiльна". Ён сказаў:
- Ну дык што ж вы не прыкурваеце?
Берта яго крыху раздражняла; яна стаяла чырвоная i пакорлiвая, растапырыўшы рукi i сцiснуўшы губы трубачкай; можна было падумаць, што ў роце ў яе тэрмометр. Нарэшце яна ўзяла з бляшанай скрынкi сярнiчку, чыркнула ёю i, лыпаючы вачыма, пусцiла колькi клубоў.
- Мяккiя, - сказала яна.
Потым паспешлiва выняла цыгарэту з рота i нязграбна сцiснула яе ўсiмi пяццю пальцамi. "Прыроджаная ахвяра", - падумаў Люсьен. Але потым, калi ён спытаў, цi падабалася ёй жыць у Брэтанi, яна трошкi адтала, пачала расказваць, якiя розныя ў iх ёсць брэтонскiя каптуркi, i нават цiхiм фальшывым галасочкам праспявала песеньку пра Распардэна. Люсьен незласлiва з яе пакеплiваў, але яна не разумела жартаў i толькi глядзела на яго з абалдзелым выглядам: у такiя моманты яна рабiлася падобная да труса. Люсьен сеў на зэдаль i, не адчуваючы ўжо нiякай скаванасцi, прапанаваў:
- Ды вы сядайце.
- О, не-не, пане Люсьен, цi можна пры пане Люсьене...
Тады ён узяў яе пад пахi i пасадзiў сабе на каленi.
- А так? - спытаў ён.
Яна паддалася i адно прашаптала: "Вам на каленi?" - з нейкай дзiўнаю iнтанацыяй, у якой адначасова чулiся i захопленасць, i папрок; Люсьен падумаў: "Нешта мяне заносiць, абсалютна не варта было заходзiць гэтак далёка". Ён прамаўчаў. Дзяўчына сядзела ў яго на каленях, цёпленькая i цiхмяная, i Люсьен адчуваў, як б'ецца ў яе сэрца. "Яна мая рэч, - падумаў ён, - я магу зрабiць з ёй усё, што захачу". Ён выпусцiў яе, узяў iмбрычак i падняўся ў свой пакой: Берта не зрабiла нiякага руху, каб яго затрымаць. Раней чым напiцца чаю, Люсьен вымыў рукi духмяным матчыным мылам, бо ад iх пахла падпахамi.
"Няўжо я з ёю перасплю?" Наступнымi днямi Люсьен быў дужа занепакоены гэтай невялiчкай праблемай; Берта ўвесь час узнiкала ў яго на праходзе i глядзела на яго вялiкiмi сумнымi спанiелевымi вачыма. Але мараль перамагла: Люсьен зразумеў, што рызыкуе зрабiць яе цяжарнаю (у яго ў падобных рэчах бракавала вопыту, а купiць прэзерватывы ў Феролi было немагчыма - яго тут усе ведалi), а гэта наклiкала б на пана Флёр'е вялiкiя непрыемнасцi. Апроч таго, ён пераканаў сябе, што пасля на заводзе ў яго будзе меней аўтарытэту, калi дачка якога-небудзь рабочага зможа хвалiцца, што некалi з iм спала. "Я не маю права да яе дакранацца". Апошнiмi днямi верасня ён пачаў пазбягаць заставацца з Бертай адзiн.
- Ну, - сказаў яму Вiнкельман, - чаго ты яшчэ чакаеш?
- Нiчога, - суха азваўся Люсьен, - проста я не хачу. Мне не падабаецца рабiць з наймiчкi наложнiцу.
Вiнкельман, якi ўпершыню пачуў пра наложнiц, цiха свiснуў i змоўк.
Люсьен быў вельмi горды сабой: ён абышоўся з Бертай, як сапраўдны шыкоўны тып, i гэта акупала шмат яго ранейшых памылак. "Яе заставалася толькi сарваць", - казаў ён сабе з пэўным жалем. Але па развазе вырашыў: "Увогуле, можна сказаць, што я яе меў: яна аддалася, але я адмовiўся". I ён палiчыў, што з гэтага часу ён больш не нявiннiк. Падобныя прыемныя думкi цешылi яго яшчэ некалькi дзён, але i яны ўрэшце расталi ў тумане. У кастрычнiку, адпраўляючыся на заняткi, ён адчуваў сябе гэтак жа змрочна, як у пачатку мiнулага навучальнага года.
Берлiяк так i не з'явiўся, i нiхто не меў ад яго навiн. Люсьен заўважыў вакол шмат незнаёмых твараў: яго сусед справа, напрыклад, на прозвiшча Лемардан, год правучыўся на матэматычных курсах у Пуацье. Ён быў яшчэ вышэйшы за Люсьена i дзякуючы сваiм чорным вусам выглядаў зусiм як дарослы мужчына. Сустрэча з таварышамi не прынесла Люсьену задавальнення, яны здавалiся яму шумлiвымi i бязвiннымi дзецьмi: семiнарысты. Ён яшчэ, праўда, далучаўся да iх калектыўных выбрыкаў, але праз паблажлiвасць, на якую, зрэшты, меў поўнае права, як другакурснiк. Лемардан яго вабiў больш - у iм адчувалася сталасць; але гэтая сталасць, вiдаць, далася яму не так, як Люсьену, за кошт шматлiкiх спроб i памылак: ён быў дарослы ад нараджэння. Люсьен часта з захапленнем глядзеў на гэтую буйную, задумлiвую галаву, без шыi, коса пасаджаную на плечы: здавалася, у яе немагчыма нiчога ўвапхнуць - нi праз вушы, нi праз гэтыя маленькiя, шклiстыя i ружовыя кiтайскiя вочкi. "Гэта тып з перакананнямi", - з павагай думаў Люсьен; ён не без зайздрасцi пытаўся ў сябе, чым можна тлумачыць гэтую ўпэўненасць, якая дазваляе Лемардану дзейнiчаць з такою самаўсвядомленасцю. "Вось якiм я павiнен быць: як скала". Яго нават крыху здзiўляла, што Лемардан яшчэ можа ўспрымаць нейкiя матэматычныя вылiчэннi; але пан Юсон яго супакоiў, раздаўшы сшыткi з першай кантрольнай: Люсьен быў на сёмым месцы, а Лемардан атрымаў "пяць" i меў семдзесят восьмы вынiк; усё стала на сваё месца. Лемардана адзнака не ўсхвалявала; здавалася, ён чакаў горшага, i наогул - яго маленечкi рот i вялiкiя, гладкiя i жоўтыя шчокi былi створаны не дзеля таго, каб выяўляць пачуццi; гэта быў Буда. Угняўлёнага яго бачылi толькi аднойчы - у той дзень, калi Левi штурхнуў яго ў раздзявальнi. Спачатку ён, пылаючы вачыма, разоў дзесяць пранiзлiва рыкнуў i пасля закрычаў: "Прэч, у Польшчу! У Польшчу, жыд пархаты! I каб да нас не прыязджаў тут смярдзець!" Ён насунуўся на Левi ўсiм торсам, i яго магутнае цела захiсталася на доўгiх нагах. Урэшце, ён такi ўляпiў яму пару поўхаў, i маленькi Левi папрасiў прабачэння: на гэтым усё i скончылася.
Кожны чацвер Люсьен хадзiў да Гiгара, i яны разам выпраўлялiся на танцулькi да сябровак яго сястры. Але ўрэшце Гiгар прызнаўся, што гэтыя скокi яму ўжо абрыдлi.
- У мяне ёсць адна сяброўка, - па сакрэце паведамiў ён, - першая майстрыха ў Плiснье, на вулiцы Руаяль. I ў яе ёсць прыяцелька, у якой якраз нiкога няма. Дык вось, калi можаш, хадзi з намi ў суботу.
Люсьен закацiў бацькам сцэну i дамогся дазволу гуляць па вечарах у суботу; ключ, як было дамоўлена, яму павiнны былi пакiдаць пад каберцам.
У дзевяць гадзiн ён сустрэўся з Гiгарам у бары на вулiцы Сэнт-Анарэ.
- Зараз убачыш, - сказаў Гiгар, - Фанi зацная баба, i сама галоўнае - умее апранацца.
- А мая?
- Я яе не ведаю; знаю толькi, што яна падручная швачка i ў Парыжы нядаўна, яна з Ангулему. Дарэчы, - дадаў ён, - ты ж глядзi, не дай маху. Мяне зваць П'ер Дара. А ты ў нас бялявы, дык я сказаў, што ў цябе ангельская кроў, так лепей. I зваць цябе Люсьен Баньер.
- А навошта гэта? - заiнтрыгавана спытаў Люсьен.
- Ты што, стары, - адказаў Гiгар, - гэта ж прынцып. Можаш рабiць з гэтымi бабамi ўсё, што хочаш, але нiколi не называй iм сапраўднага свайго iмя.
- А-а, - сказаў Люсьен. - А чым я займаюся ўвогуле?
- Можаш сказаць, што студэнт, гэта сама лепшае. Цямiш? Па-першае, iх гэта ўсцешыць, а па-другое, ты будзеш не абавязаны рабiць багатыя пачастункi. Мiж iншым наконт выдаткаў - натуральна, усё напалам; толькi сёння давай я зафундую: я тут ужо прызвычаiўся; у панядзелак я скажу, колькi ты вiнен.
Люсьен адразу падумаў, што Гiгар хоча мець невялiкую выгаду. Але пасля ўсмiхнуўся: "Якi я ўжо зрабiўся недаверлiвы". Хвiлiнай пазней у бар увайшла Фанi; гэта была высокая, худая i чарнявая дзяўчына з доўгiмi ляжкамi i вельмi нафарбаваным тварам. Яе выгляд трошкi збянтэжыў Люсьена.
- Гэта Баньер, пра якога я табе гаварыў, - пазнаёмiў Гiгар.
- Вельмi прыемна, - сказала Фанi, блiзарука прыжмурыўшы вочы. - А гэта мая сяброўка, Мод.
Люсьен убачыў маленькую незразумелага ўзросту кабецiну з перакуленым вазонам на галаве. Яна была зусiм ненафарбаваная i побач з блiскучаю Фанi здавалася шэрай. Люсьен быў горка расчараваны, але супакоiўся, заўважыўшы, што ў яе даволi прыгожы рот, - дый потым, з ёю яму, прынамсi, не трэба будзе курчыць з сябе немаведама што. Гiгар загадзя паклапацiўся заплацiць за выпiтае i, скарыстаўшыся сумятнёй, што ўзнiкла пасля прыходу, злаўчыўся весела падштурхнуць дзяўчат да дзвярэй, так i не даўшы iм часу чым-небудзь пачаставацца. Люсьен быў вельмi яму ўдзячны: пан Флёр'е выдаткаваў яму ўсяго сто дваццаць пяць франкаў на тыдзень, i з гэтых жа грошай даводзiлася яшчэ плацiць за праезд. Вечар быў вельмi вясёлы; яны пайшлi танцаваць у Лацiнскi квартал, дзе ў маленькай ружовай утульнай зале з цёмнымi закуткамi кактэйль каштаваў сто су*.
* 100 су - 5 франкаў.
Тут было шмат студэнтаў з дзеўкамi накшталт Фанi, але не такiмi ладнымi. Фанi была - найвышэйшы клас: яна дзёрзка зiрнула ў вочы нейкаму барадатаму таўстуну, якi палiў люльку, i вельмi гучна прамовiла: "Цярпець не магу мужыкоў, якiя кураць люльку ў дансiнгу". Таўстун пачырванеў як бурак i, нават не загасiўшы, схаваў люльку ў кiшэню. Да Гiтара з Люсьенам Фанi ставiлася паблажлiва i некалькi разоў, гэткiм ласкавым матчыным тонам, казала: "Ах вы гадкiя хлапчукi!" Люсьен млеў ад задавальнення i ледзь не раставаў у камплiментах; ён расказваў Фанi розныя забаўныя штучкi i ўвесь час усмiхаўся. Урэшце ўсмешка ўжо не сыходзiла з яго твару, i яму ўдалося знайсцi своеасаблiвы элегантны тон, у якiм было трошкi развязнасцi i далiкатнай пяшчоты з тонкiм дамешкам iронii. Але Фанi адказвала яму рэдка; яна брала Гiгара рукамi за падбародак i так нацягвала яму шчокi, што наперад высоўваўся толькi рот; калi вусны рабiлiся тоўстыя i трошкi слiнявыя, як налiтыя сокам плады цi як два слiмакi, яна iх пачынала лiзаць, каротка высоўваючы язык, i казала: "Бэбi". Люсьена гэта страшэнна бянтэжыла, i Гiгар яму здаваўся смешным: куточкi губ у яго былi звэндзаныя памадай i на шчаках ад пальцаў чырванелi сляды. Але iншыя парачкi паводзiлi сябе яшчэ развязней: усе вакол цалавалiся; час ад часу кабета з раздзявальнi праходзiла па зале з маленькiм кошыкам i, раскiдваючы серпанцiн i рознакаляровыя гулькi, крычала: "Гэй, дзеткi мае, гэй, смейцеся, весялiцеся!" - i ўсе рагаталi. Нарэшце Люсьен успомнiў пра iснаванне Мод i, усмiхаючыся, сказаў:
- Вы паглядзiце на гэтых галубкоў, - ён паказаў на Гiгара i Фанi i дадаў: - Ну а нам, шаноўным дзядам... - ён не закончыў фразы, але так пацешна ўсмiхнуўся, што Мод таксама не стрымала ўсмешкi. Яна зняла капялюш, i Люсьен з задавальненнем зазначыў, што яна, бадай, прыгажэйшая за iншых дзевак у дансiнгу; ён запрасiў яе патанцаваць i расказаў, якiя закатваў канцэрты сваiм настаўнiкам у апошнi год перад экзаменам на бакалаўра. Мод танцавала добра, у яе былi чорныя i сур'ёзныя вочы i насцярожаны твар. Люсьен расказаў ёй пра Берту i прызнаўся, што мучаецца згрызотамi.
- Але ўсё роўна, - дадаў ён пад канец, - ёй гэта самой жа лепей.
Мод гiсторыя з Бертай здалася сумнай i паэтычнай, i яна спытала, колькi Берта зарабляла ў Люсьенавых бацькоў.
- Не вельмi весела, - дадала яна, - быць служанкаю, калi ты яшчэ маладая дзяўчына.
Гiгар з Фанi ўжо зусiм не звярталi на iх увагi i толькi лашчылiся, твар у Гiгара быў увесь мокры. Час ад часу Люсьен паўтараў: "Вы паглядзiце на гэтых галубкоў, вы толькi паглядзiце", - i на языку ў яго так i круцiлася фраза: "Зiрнеш на iх, дык i самому захочацца". Але ён не асмельваўся яе вымавiць i задавальняўся ўсмешкаю; потым ён пачаў прыкiдвацца, быццам яны з Мод даўнiя прыяцелi, якiя пагарджаюць каханнем, называў яе "стары браце" i рабiў выгляд, нiбы лопае па плячы. Раптам Фанi павярнулася i здзiўлена зiрнула на iх.
- Гэй вы, першаклашкi, - сказала яна, - вы чаго гэта робiце? Ану, давайце цалуйцеся, вы ж памiраеце, так вам хочацца.
Люсьен адразу абняў Мод; яго крыху бянтэжыла, што на iх глядзiць Фанi, яму хацелася, каб пацалунак выйшаў доўгi i ўдалы. Але ён не ведаў, як гэта людзi робяць, каб пры гэтым яшчэ i дыхаць. Урэшце, усё аказалася не так ужо цяжка, як ён меркаваў, - трэба было толькi цалаваць наўскасяк, каб ноздры былi свабодныя. Ён пачуў, як Гiгар лiчыць: "Адзiн... два... тры... чатыры..." - i выпусцiў Мод на пяцьдзесят два.
- Няблага дзеля пачатку, - сказаў Гiгар, - але я магу лепей.
Люсьен зiрнуў на наручны гадзiннiк i ўзяўся лiчыць у сваю чаргу: Гiгар выпусцiў Фанiны губы толькi на сто пяцьдзесят дзевятай секундзе. Люсьена гэта ўзлавала, ён лiчыў такое спаборнiцтва iдыёцкiм. "Я выпусцiў Мод ад сцiпласцi, -падумаў ён, - але нiчога хiтрага тут няма; калi навучыўся дыхаць, можна цалаваць хоць да бясконцасцi". Ён прапанаваў паспрабаваць яшчэ раз i выйграў. Калi яны скончылi, Мод зiрнула на Люсьена i сур'ёзна сказала:
- Вы добра цалуецеся.
Люсьен пачырванеў ад задавальнення i, схiлiўшы галаву, адказаў:
- Да вашых паслуг, - але цалавацца яму ўсё-такi хацелася больш з Фанi.
А палове першай ночы яны рассталiся: у гэты час канчала хадзiць метро. Люсьен быў рады бязмежна; з падскокам, прытанцоўваючы, ён iшоў па вулiцы Рэйнуар i думаў: "Ну, цяпер поўны парадак". Губы ў куточках яму трошкi балелi ад таго, што ён столькi ўсмiхаўся.
Ён завёў звычку сустракацца з Мод а шостай гадзiне ў чацвер i па суботах вечарам. Яна дазваляла сябе цалаваць, але аддацца нiяк не згаджалася. Люсьен паскардзiўся на гэта Гiгару, i той яго супакоiў.
- Не хвалюйся, - сказаў Гiгар, - Фанi ўпэўненая, што яна з табой ляжа; проста яна яшчэ маладая: у яе былi толькi два каханкi. Таму Фанi раiць табе быць з ёй болей пяшчотным.
- Пяшчотным? - сказаў Люсьен. - Ты што - зусiм ужо?
Яны абодва зарагаталi, i Гiгар падвёў рысу:
- Трэба - значыць, трэба, стары.
Люсьен зрабiўся вельмi ласкавы, ён многа цалаваў Мод i паўтараў, што моцна яе кахае, але з часам усё гэта пачало здавацца яму крыху манатонным. Апроч таго, гуляючы з Мод, ён адчуваў сябе не такiм ужо гордым: яму ўвесь час рупiла параiць ёй лепш апранацца; але ў яе было шмат забабонаў, i яна адразу пачынала злавацца. Памiж пацалункамi яны сядзелi моўчкi i, трымаючыся за рукi, нерухома глядзелi перад сабой. "Чорт ведае, пра што яна думае, з такiм строгiм позiркам". Люсьен жа думаў заўжды пра адно i тое ж: як сумна i невыразна ён усё-такi жыве; ён казаў сабе: "Я хацеў бы быць, як Лемардан. Вось ужо хто ведае сваю дарогу!" У такiя хвiлiны ён уяўляў сябе некiм iншым i нiбыта глядзеў на сябе збоку: ён сядзiць побач з жанчынай, якая кахае яго, ён трымае яе за руку i яго губы яшчэ вiльготныя ад яе пацалункаў, але ён адмаўляецца ад цiхага шчасця, што яна яму дорыць: адзiн. I тады ён моцна сцiскаў пальцы Мод, i на вочы яму набягалi слёзы: яму так хацелася зрабiць яе шчаслiвай.
Аднойчы снежаньскiм ранкам да Люсьена падышоў Лемардан, у руках у яго была нейкая паперка.
- Падпiшаш? - спытаў ён.
- А што гэта?
- Гэта з-за поджыдкаў з Педагагiчнага: яны даслалi ў "Эўр" сваю анучу супраць абавязковай вайсковай падрыхтоўкi i сабралi дзвесце подпiсаў. А мы пратэстуем; нам трэба, прынамсi, тысячу iмёнаў. Дадзiм падпiсаць сiрарам, марнарам, агронам, палiтэхам - карацей, збяром увесь студэнцкi цвет.
Люсьена гэтыя словы ўсцешылi, i ён спытаў:
- I гэта надрукуюць?
- Вядома, у "Аксьёне". А можа, яшчэ i ў "Эко дэ Пары".
Люсьену карцела адразу паставiць подпiс, але ён падумаў, што гэта будзе не надта сур'ёзна. Ён узяў паперку i ўважлiва прачытаў.
- Ты, па-мойму, палiтыкай не займаешся, - сказаў Лемардан. - Увогуле, гэта твая справа. Але ты француз i маеш права таксама сказаць сваё слова.
Як толькi Люсьен пачуў: "маеш права сказаць сваё слова", - яго працяла раптоўная i невытлумачальная радасць. Ён падпiсаў. Ужо назаўтра ён купiў у кiёску "Аксьён Франсэз", але адозвы там не было. Яе надрукавалi толькi ў чацвер, i Люсьен знайшоў яе на другой старонцы пад загалоўкам "Французская моладзь праводзiць добры прамы ў скiвiцу мiжнароднаму жыдоўству". Яго прозвiшча фiгуравала таксама: спорнае, выразнае, яно было зусiм непадалёку ад прозвiшча Лемардана i здавалася такiм жа чужым, як Флеш цi Флiпо, што стаялi абапал; глядзець на яго было вельмi прыемна. "Люсьен Флёр'е, - падумаў Люсьен, - iмя селянiна, сапраўднае французскае прозвiшча". Ён уголас прачытаў усе iмёны, што пачыналiся на лiтару "Ф", i калi дайшоў да свайго, вымавiў яго так, нiбыта не пазнае. Потым ён сунуў газету ў кiшэню i радасны рушыў дамоў.
Праз некалькi дзён ён сам падышоў да Лемардана.
- Ты займаешся палiтыкай? - спытаў ён.
- Я сябра лiгi, - адказаў Лемардан. - Ты калi-небудзь чытаеш "Аксьён"?
- Не часта, - прызнаўся Люсьен, - раней мяне гэта мала цiкавiла. Але цяпер, па-мойму, погляды ў мяне пачынаюць мяняцца.
Лемардан зiрнуў на яго без нiякай цiкаўнасцi, са звычайным для сябе непрабiўным выглядам. У сама агульных рысах Люсьен расказаў яму пра тое, што Бержэр называў "збянтэжанасцю".
- Ты адкуль? - спытаў Лемардан.
- З Фероля. Там у майго бацькi завод.
- I колькi ты жыў там?
- Да другога класа.
- Тады ўсё ясна, - сказаў Лемардан, - ты проста страцiў корань. Чытаў Барэса?
- Чытаў - "Калету Бадош".
- Гэта не тое, - раздражнёна сказаў Лемардан. - Я ўвечары прынясу табе "Страчаны корань": дакладна твая гiсторыя. Там знойдзеш i сваю бяду, i як ад яе збавiцца.
Кнiга была ў зялёным скураным пераплёце. На першай старонцы гатычнымi лiтарамi было выбiта: "ех libris Андрэ Лемардана". Люсьен быў уражаны: яму нават у галаву не прыходзiла, што апроч прозвiшча ў Лемардана можа быць яшчэ i iмя.
Чытаць ён пачаў з вялiкiм недаверам: ужо столькi разоў яму спрабавалi растлумачыць яго асобу, столькi разоў пазычалi кнiгi, гаворачы: "На, пачытай, гэта якраз пра цябе". З сумнаю ўсмешкай Люсьен падумаў, што ён зусiм не той, каго можна было б раскласцi вось так - у некалькiх фразах. Эдыпаў комплекс, Збянтэжанасць - якiя ўсё гэта дзiцячыя глупствы i як усё гэта далёка! Але ўжо з першых старонак ён адчуў зацiкаўленасць: сама галоўнае, гэта была не псiхалогiя - псiхалогiяй Люсьен быў сыты па горла, - юнакi, пра якiх расказваў Барэс, былi не нейкiя абстрактныя тыпы цi дэкласаваныя элементы накшталт Рэмбо i Верлена, гэта былi не хворыя, падобныя да гультаяватых венскiх паненак, з якiмi рабiў свае псiхааналiтычныя вопыты Фрэйд. Барэс пачынаў з таго, што апiсваў iх асяроддзе, сям'ю: усе яны атрымалi добрае выхаванне, у правiнцыi, у трывалых традыцыях; i нарэшце Люсьен палiчыў, што да яго вельмi падобны Стурэль. "Значыць, усё так i ёсць, - падумаў ён, - я страцiў корань". Ён падумаў пра маральнае здароўе сямейства Флёр'е, здароўе, якое можна набыць толькi ў вёсцы, пра iх фiзiчную сiлу (яго дзед згiнаў бронзавую манету ўсяго двума пальцамi); ён з хваляваннем успомнiў ферольскiя ўсходы - як ён уставаў, па-воўчы, каб не пабудзiць бацькоў, краўся на вулiцу, сядаў на ровар i - вось ужо яго ахiнаў сваёю мяккай вынегай мiлы краявiд Iль-дэ-Франса. "Я заўжды ненавiдзеў Парыж", - з пачуццём падумаў ён. Потым ён узяўся чытаць "Сад Берэнiчэ"; час ад часу ён адкладаў кнiгу ўбок i, уперыўшыся вачыма ў пустату, пачынаў разважаць: вось iзноў яму прапануюць характар i нейкi лёс, сродак унiкнуць невычэрпнага словаблудства свядомасцi, метад вызначыць i ацанiць сябе. Але наколькi больш за Фрэйдавых гнюсных i юрлiвых жывёлiн яму падабалася гэтая поўная вясковымi пахамi неўсведамлёнасць, якую яму падносiў Барэс. I каб авалодаць такiм падарункам, Люсьену трэба было спачатку адкiнуць бясплённае i небяспечнае самаўзiранне, пачаць вывучаць зямныя i падземныя скарбы Фероля: ён мусiць адкрыць сабе сэнс хвалiстых узгоркаў, што спускаюцца да Сэрнеты, павярнуцца душой да гiсторыi i геаграфii чалавецтва. Цi нават прасцей - ён павiнен вярнуцца ў Фероль, жыць там, i ён зноў убачыць каля сваiх ног гэты родны, бяскрыўдны i такi жыццятворны край, яго бязмежныя нiвы i раскiданыя мiж iмi лясы, крынiцы i травы, гэты сiлкавальны гумус, з якога Люсьен зможа нарэшце ўзяць неабходную сiлу, каб зрабiцца начальнiкам. Пасля такiх летуценняў Люсьен адчуваў сябе ўзбударажана, i часам яму нават пачынала здавацца, што ён таксама знайшоў свой шлях. Цяпер, моўчкi седзячы побач з Мод i агарнуўшы яе за талiю рукою, ён чуў, як у iм гучаць, звiняць словы, урыўкi фраз: "аднавiць традыцыю", "зямля i тыя, хто ў ёй спачыў", - гэта былi глыбокiя, важкiя, бяздонныя словы. "Як усё гэта вабiць", - думаў Люсьен i ўсё ж не адважваўся паверыць: надта ўжо часта яму даводзiлася пасля адчуваць расчараванне. Ён выказаў сваю засцярожанасць Лемардану: