8
У кааператыве рыхтавалi вэрыфiкацыю цэнаў. Мерапрыемства патрабавала ўзгадненьняў з ворганамi ўладаў. Падставай для таго зьяўлялiся два элемэнты: кампазыцыя сыравiнных матэрыялаў i ўклад працы. Пастановы ўправы аб'ектыўна накiроўвалi вэрыфiкацыяй. Але, неафiцыйна, ясна - сакратаркай яшчэ тады працавала нябожчыца - пастулятыўныя цэны павiнны быць высокiмi, каб было з чаго ўступаць. Прыходзiлi прадстаўнiкi ваяводзкай камiсii па цэнах, i старшыня зачыняўся зь iмi ў габiнэце. Выпiвалi яны непраўдападобную колькасць чорнай кавы й не выходзiлi адначасова з заканчэньнем працоўнага дня; казалi, што шэф спойвае iх.
Прапаноўваныя цэны, пасьля памяркоўных карэктураў, зацьвердзiлi ў студзенi. Адчувалася, у каапэратыве прыўзьняты настрой i нават знайшлiся такiя, што з гэтай нагоды ладзiлi складчыну на супольную выпiўку. Малую, па дваццаць пяць злоты. Сьцяпан кiнуў пяцьдзесятку, зялёную (былi й сiнiя, шырэйшыя). Лiтроўкi куплялi ў краме зь недарэчным нэонам "Самасей", у якiм гасла лiтарка "а", сярэдняя. За чаркай многа гаварылi; перабiвалi адзiн аднаму, размахвалi рукамi, усьпеньвалiся, гудзелi да вечара, фактычна, нi пра што. Хвалiлi старшыню! Сьцяпана ня брала гарэлка. Выходзячы дамоў, ён адзначыў самому сабе, што добра зрабiў, паўстрымоўваючыся ад гвалтоўных ацэнак вэрыфiкацыi. Нейкi сёмы iнстынкт шапнуў яму быць маласлоўным, ня ў крыўду сабе кажучы... Так, гэтая залатая сярэдзiнка ў шматлiкiх зьяўляецца пробай iх квалiфiкаванасьцi. Калi так, значыць - яна патрэбная ў дзейнасьцi.
"Вераб'i выпiлi мак", - падумаў ён пра кампанiю. Наглядаючы на працягу гадоў, як маладыя лыселi i закруглялiся, вырошчваючы лапухi страху, у якiх хавалiся перад нечым, паводле iх - магутным, Сьцяпан усё-такi ўсьмiхаўся, згадваючы гаспадыню, што страцiла загонiк маку ў прыгараднай Багноўцы, пакуль не дачнай, з прыгноеным паветрам, побач заплылога дрыгвою азерца з уцалелай кучмою трысьнягу, увосень, у незабыўную пару з туманцамi над ляшчынавай гушчавiнкай. Супрацоўнiкi - ён бачыў гэта - зiркалi за малюткiмi аказiямi й расьпiвалiся ад ня менш мялюткай нездаволенасьцi. Раструшвалi камплiмэнты. Сьцяпана гэта зацiкаўляла. Ён зьбiраўся паперарабляць iх у арлоў! Мiзэрныя яны, хiба, па сваёй вiне? Умовы ствараюць кожнага такiм, якiм ёсьць. Калi бухгальтар прыгаворваў Сьцяпану - адважваўся - наконт удалага пачатку жыцьця, дык меў ён, вядома, на ўвазе сувязi цесьця, тое, што ён, малады, зьявiўся на першай працы з пакетам акцыяў на давер, без барацьбы. Скочыў, адразу, у важнецкасьць. Калi зло ўкарочвае людзей да памераў марноты, дык яно вельмi памылiлася не ў сваю карысьць, надзялiўшы мяне гэтак выдатна спрыяльнай акалiчнасьцю, як нераскансьпiраванасьць сярод клiкi, - цiха iранiзаваў, з салодкай помсьлiвасьцю, Сьцяпан. Яно слабамоцнае, як дзiця, калi адабраць яму iнструменты грамадзкасьцi, якiмi цешыцца, бы цацкамi... Са сваiмi думкамi быў ён дзяўчынай у васемнаццаць гадоў, калi хапае ёй намоўнiкаў. Штосьцi з таго засталося ў iм i - Сьцяпан ведаў - няма чаго шкадаваць: наiўнасць робiць перажытае прыгожым, хвалюючым. Розум - забываецца. Трывае ў памяцi безабароннае, такое, чаго не падменiш, не адбудуеш упэўненай далоняю, беспамылковым разьлiкам.
Можна задумоўвацца над непаўторнасьцю развагi. Яна, вiдавочна, зьяўляецца чымсьцi пасярэднiм памiж iнтэлектам i эмоцыяй, памiж тым, з чым мы нараджаемся, i тым, што мы сабе здабываем або чым нас надзяляюць. Два галоўныя элемэнты той цэласьцi, зь якой мы атоесамлiваемся (не абавязкова сьвядома).
Сьцяпану прыйшлiся да спадобы кампанii, хмельныя сьлёзы. Выпiўкi ад няўдачаў. Балбатлiвыя хвалюнствы. Ствараньне рэчаiснасьцяў не на ўласны ўжытак, супольнасьцяў дзеля нiчога. Узьнiкаюць яны, бы адлiга, ад кропелькаў. Пасварыўся з жонкай. Той. Ляпнуў лiшняе начальству. Ён. Праваронiў справу. Iншы. А хтосьцi - залез у недазволенае. I, бы тыя птушкi ў вырай, зьлятаюцца ўсе пад канец працы, кожны са сваёй тугою. I разам лягчэй iм.
Разьвiтваюцца яны да поўначы. У разаспаных завулках, пад брэх сабакаў, што ўнюхалi падзею.
- Сьцяпан, дарагi, твая прамова на агульным сходзе, хачу табе сказаць, нарабiла злосьцi ва ўправе. Але, нiчога, яны маўчаць... Ведаюць, што ў цябе ёсьць "плечы"! Мы сядзелi ззаду й слухалi, як ты лупiў iх праўдай па сьлепнякох. Думалi сабе: во, знайшоўся чалавек, якi ня мусiць падлiзвацца, нiкому!
- Сьцяпан, дружа, кажу табе: часамi даволi раз упасьцi, каб усё жыцьцё прахадзiць на каленях. Паглядзi на нас, паабiватых. Мы ня просiм ласкi сабе, не... Баiмося за цябе, Сьцяпан! Баiмося, шчыра кажу табе. Ступай ты так, каб не наступiць на мiну. Мiж намi кажучы, i няхай гэта застанецца памiж намi, ты, Сьцяпан, шчыруеш з гэтым крыкуном i, мабыць, ня ведаеш, што старшыня хрысьцiў яму сына... Га? Вось, бачыш. Сам ты не спадзяваўся, як падстаўляюць, ну, даiлкi...
- Сьцяпан, я ня зычу табе, каб ты пашкадаваў таго, што твая галава толькi прышытая да чалавечага цела! Я, ведаеш, часам хацеў-бы мець цела, скажам, быка, каб рагамi... Або зьмяi.
- Сьцяпан, жывем, бо трэба.
Не чакалi адказу. Нiколi не чакалi яны адказу. Выгаварыўшыся, маўчалi, нешта суцiшваючы ў сабе, i, нядбайна падаючы рукi, разыходзiлiся. Цi то сарамлiва, цi то з набалелым у грудзях. Назаўтра адчувалi яны сябе нармальна, таму Сьцяпан набiраўся пераконанасьцi ў тым, што час ад часу ўдзельнiчае ён у дзiўнай гульнi ў дачаснасьць, часовасьць; у трэнiнгу чагосьцi незвычайна сур'ёзнага. А яно так не было.
9
Iнакш i не магло быць. Трэба перайсьцi цераз маладосьць, каб наблiзiцца да ўскраiны, ад якой прасьцiраюцца далягляды, не прадчуваныя. У далёкую вясну, у разводзьдзе, якое не паўтарылася, дзесьцi за вадапомпай, што стаiць на Петрашоўскай гары, вiдушчай, Сьцяпулёк хадзiў з бандачкай аднагодкаў па прыдарожных равох i лавiў залацiстых карасёў, вылузваючы iх з удзiрванелых ямiнак каля тэлеграфных слупоў, цешыўся, паказваў рыбкi сябрукам, бiўся зь iмi, калi яны наважылiся адабраць яму iх, чароўна падобных да мамiнай брошкi, захоўванай у шуфлядцы начнога столiка, у спальнi з ружовымi сьценамi ды зь немалым партрэтам дзеда. Калi ён нарэшце вярнуўся дамоў, у адвячорак, забалочаны, абцякаючы вадою, мацi крычала, аж выкрычаўшыся, прыгледзелася iскрыстаму шчасьцю сына ды зьдзiвiлася. - Дзе ты iх знайшоў? Не махлюй мне, што ў рове ля дарогi налавiў рыбак! Лепш прызнайся, што вы сядзелi на рэчцы! Патопiцеся там! Скажу я бацьку... (Адзеньне трэба было памыць, i то ў трох водах. А самому - грэцца за печкай, уцiснуўшыся ў куток, каб не паказвацца. I дзiвiцца, да прыступу дрымотаў: адкуль узялiся карасi пад гарою!?)
Можна сказаць, думалася Сьцяпану, што маладосьць зьяўляецца такiм-жа эмбрыёнам сталасьцi, як дзяцiнства - юначасьцi. Чалавек разьвiваецца паўтараньнем сябе ў больш складанай форме; дасягнуўшы апагэю, ён жахлiва сохне, адно карэньне ягонае доўга тлее... Увайшла сакратарка. У чатырнаццаць гадзiнаў - гутарка з камандзiраваным Варшавай iнспэктарам. Мiнiстэрства насьцярожанае выкрыцьцём камбiнатарскай шайкi сярод каапэратыўных будаўнiкоў аднасямейных домiкаў у вадным з колiшнiх павятовых гарадоў. Пра сваю занепакоенасць гэтым цэнтар у пятнiцу паведамiў старшыню. - Чарговае падцiраньне заднiцы, - сказаў Сьцяпану старшыня, - ясная справа, што на наш рахунак. Ах, ярархiя: мы - дзецi, а яны старыя, мы - дурненькiя, бо хвалюемся, а яны, ого, галавачы!
Пазванiла Кiра. Скорагаворкаю запытала пра настрой i самаадчуванне; яшчэ пра дробязь, пра якую Сьцяпан забыўся зараз пасьля адказу на яе пытаньне; пажартавала, здаецца, наконт кажуха. (Так, праўда, на днёх запынiў Кiру зусiм незнаёмы ёй мужчына й запрапанаваў, што ён адкупiць у яе кажух, штосьцi за патройную цану, жонцы, якая паходзiць, казаў, з заходняга ваяводзтва, маласьнежнага, i так далей.) Няважная размова з Кiрай устрывожыла Сьцяпана. Яна - ён заўважыў гэта - усё часьцей нудзiлася бяз працы. Гаварыў ёй: я дапамагу табе, Кiрачка. - Прыходзь хаця-б да нас у кааператыў; будуць крывiцца ў фiрме, што жонка, але - няхай. - Я - на вашу працу? - Кiра - як кацяня, якому хочацца пагуляць. - Сьцяпан, гэта было-б несур'ёзна, калi-б я адседжвала прадпiсаныя восем гадзiнаў зь людзьмi, якiм напляваць на тое, што робяць, i свой працоўны дзень пачынаюць ад чытаньня апошняй старонкi ў мясцовай газэце ды ўгавораў на брыдж. - Табе трэба дзiця, - умяшалася цешча, - нарадзiць... Цiха, бабуся, падарую табе бусьлянятка...
Злаваўся ён на Кiру за яе - выпадковыя - грубiянствы. Брыдкаслоўе жанчыны асаблiва агiднае, вiдавочна, таму, што гэтым дапускаецца яна самапанiжэньня, эмацыянальнага курэўства, у якiм вiнаваты, усё-такi, мужчына.
Iнспэктар ставiў Сьцяпану ня вельмi кампэтэнтныя пытаньнi. Адказаў ён на iх з тоенай усьмешкай. Справа датычыла наступнага здарэньня: у новазбудаваным пасёлку выявiлася, што адзiн дом зьяўляецца лiшнiм, нiчыйным. У сувязi з тым дасьледавалi выдаткоўваньне грашовых i матэрыяльных сродкаў, але бяз вынiкаў. Дом запiсалi ў прыход i ўтварылi камiсiю дзеля прызнаньня дармовага аб'екту ўласнасьцю каапэратыву. Шыта, крыта й падклеена, - рагаталi ў камiсii; у рэстаранiку "Перапёлачка" яны салiдна паабедалi гуртам, заказалi каньяку. ("Зладзейства ў межах дзяржавы наносiць толькi маральныя шкоды", - сьмяялiся, быццам сьвяткуючы Каляду ў вялiкай сям'i.)
- Так, - iнспэктар занатоўваў.
- Мы ўлiчылi заўвагi камiсii, - Сьцяпан высмаркаўся ў хустачку: "Застуда, халера!" - Прынялi меры...
- Якiя?
Сьцяпан расказаў нанава.
- Цяпер будзе добра.
- Слухайце, - ажывiўся той. - Цi не здаецца вам, што тут можа йснаваць сувязь са сьмерцю сакратаркi? Скажам, яна ведала такое, што...
- Не-а, - пахаладзеў Сьцяпан.
- Слухайце, дом - гэта не якiх-небудзь пяць грошай...
- Не-а.
Сьцяпан, заклаўшы рукi за сьпiну, падыйшоў да акна. Ён перш-наперш успомнiў кампанейскiя зборы, каб магчы ўладкавана, пасьля перадышкi, перабраць у думках цэлую гутарку, якая раптам пачала мець сэнс. Iнспэктар, па сваёй далiкатнасьцi, не чакаў такога рэагаваньня ад Сьцяпана. Апусьцiўшы зрок, ён бяздумна маляваў (на лiстку з нататнiка) дзiвосны краявiд, якi нагадваў фатаздымак, зроблены мэтадам салярызацыi. Зiмовы пэйзаж, цi што? Ад няёмкасьцi збавiў Сьцяпана тэлефонны званок, з каапэранцкай установы.
На разьвiтаньне ён падаў iнспэктару руку, моцна й рухава, як тыя, у каго прыёмная поўная наведнiкаў. Прамовiў да яго звычаёвую фразу, забыўшыся выйсьцi з-за пiсьмовага стала; ён ужо меў у iх iмянное конта пасываў, якое будзе нарастаць яму з году ў год, зь месяца ў месяц (пагамоўваць яго гэтаксама нельга, як апэраваць ракавую апухлiну). - Не, няма трагедыi; аднак-жа, час на высновы. Ой, сабраць памылачку да памылачкi ды прыгледзецца iм, вылучыць падабенствы, падзялiць на катэгорыi i пакарыстацца iмi, узяць iх у рукi.
10
- Зноў пiў! - Кiра, каторагасьцi дня. - Прыходзiш дамоў, як чмель. Калi гэта скончыцца, га? - крычала яна й скардзiлася.
- Разумееш, Кiра, людзi патрабуюць цеплынi... Ну, праўда, затрымалiся мы пасьля працы, купiлi бутэльку, выпiлi. Пагаварылi ад шчырага сэрца. Чалавек, калi выгаварыцца, лепшы, ведаеш... А ты, Кiрачка, сварыся, сварыся на мяне...
- Я, Сьцяпан, ня вытрываю... Прападаеш ты вечарамi зь якiмiсьцi тыпамi. I нашто табе гэта? (Насьценны гадзiньнiк адзванiў адзiнаццатую.) Я чакаю, выглядаю цябе i думаю пра найгоршае: мо хулiганы пабiлi або ў мiлiцыю трапiў ты, у выцьверазiльню якую...
- Мы, Кiрачка, нiкуды ня лазiм, не. Пра справы талкуем, высноўваем...
- З кiм?
- Як гэта - з кiм? З калегамi. Разам-жа працуем. Ёсьць, разумееш, праблемы, якiя й ня сьнiлiся мне!
- Глядзi, Сьцяпан, каб калегi не завялi цябе пад дурнога хату! Усе яны добранькiя дзеля таго, каб пацягнуць за язык, падслухаць i пасьмяяцца.
- Не, Кiранька, маеш на ўвазе тых, якiя страцiлi надзею або не iмкнулiся да яе. Маiх-жа сяброў праца не пазбавiла здаровых расчараваньняў. Яны, разумееш, адчуваюць боль. Зь iмi не запозна пачынаць новае.
- П'яны ты, Сьцяпанка.
- Лiчыш, што я - пляту?
- Кладавiся, Сьцёпа, спаць. Заўтра будзе лепей вiдаць.
- Ахмялелы, Кiрушка, зьяўляецца болей чалавечным... Яго шчырасць, калi хочаш ведаць тое, не абгароджаная тым плотам, у якiм кожная штыхецiна ўстаўленая на ўсякi благi выпадак. Гарэлка - ёсьць сродак пазнаньня...
- Ого, дзякуючы гарэлцы ты закончыш унiвэрсытэт.
- Не жартуй, любая мая. Пабачыш, мы перастанем пiць i возьмемся за такую справу, ад якой ажно крыўдна будзе, што магчыма пажыць усяго гэтых сто гадоў.
- Вылецiце ў космас - у iншыя вымярэньнi часу? - Кiра расьсьцiлала пасьцель. - Скажаце мне - палячу з вамi. Iдзi памыйся ды папi гарачай гарбаты з малiнавым адварам. У цябе застуда...
- Няма ў мяне застуды, чуеш? Хачу табе сказаць, што дабро пераможа зло...
- Нудзiш, Сьцяпанка!
- Дай мне сказаць! Павiнны лiчыцца талент i праца, i нiчога больш. Клiку, што зьмяiным ядам забiвае адкрытыя асабовасьцi, разгонiм. Правядзем рэвалюцыю! Вырвем джала...
- Вы скiнеце старшыню?
- А хаця-б! - Ён выпрастаўся, быццам капраль падчас рапарту.
- Вашы адкрытыя асабовасьцi адна гадзюка перадушыць!
- Якая ты, Кiра, беспардонная...
- Бярэцеся - за беспардоннае цi не?
Кiра, не спадзяваючыся таго, прадухiляла рызыкоўныя памкненьнi Сьцяпана. Ёй падабалася зьбiваць яго спанталыку. Мела яна адпачытыя мазгi й здольнасьць улоўлiваць галоўнае. Знакамiта спрыяў гэтаму iнстынкт мацярынскасьцi ў ёй, чуцьцё накiрунку, зь якога можна чакаць пагрозу. Сьцяпан у гутарках зь ёю правяраў як бы слушнасьць надуманага ды прадуманага. Яго адначасова неспакоiла тое, што чагосьцi ён не прадбачвае або й звычайна памыляецца ў, здавалася-б, нечым закончана зразумелым. Патрэбныя час i дасьведчанасьць! - суцяшаўся ён, забыўшыся пра дыспут з жонкай. Мiналi гады, падобныя да сябе, як павароты шашы за рэчкаю. Хацелася яму сiгануць у поле цi ў зялёную далiну, у якой ня быў, брысьцi па страшным месцы, да задышкi, да перуноў уваччу, як гэта калiсьцi, на дрыгвянiстых сажалках Козырскага пад Васiльковам, у таямнiцы перад мацi, у бясхмарнае неба... Нельга пагадзiцца з прадчуваньнем, што пачатак жыцьця зьяўляецца цiкавейшым за яго сярэдзiну! Як дарога?
Плян Сьцяпана просты: быць добрым, каб аб'яднаць вакол сябе добрых людзей ва ўстанове. Праявiць iх! Кiра, не iначай, скрывiлася: пройды абсядуць цябе, бы п'яўкi! Добры чалавек, калi яму Бог не паскупiў розуму, будзе трымацца здалёку ад гэтай iмпрэзы. Ты, Кiра, а як-жа, сваё! - не здаваўся Сьцяпан. А яна: мы, Сьцяпанка, яшчэ не павiнны мець дзiцяцi, бо, бачу, я мушу пазаймацца табою, так сказаць, давыхаваць, прывучыць, зь дня ў дзень, да правiлаў сужыцьця ды забясьпечыць цябе букварнымi ведамi пра навакольле, часткова ўжо вынесенымi табою з бацькоўскага дому... Ён выбухнуў: мой бацька не спэкуляваў! Кiра: значыць, мой! Праўда, я - дачка спэкулянта. Мне жывецца як у Бога за плячыма. Пры мне - i табе таксама. Прыкра? Ну, прыкра. Прыкра табе спэкуляваць жыцьцём, маладосьцю, талентам... Прыкра. Факт застаецца фактам. Што рабiць? Мо абое пазмагаемся за лiквiдацыю гандлярства талентамi? На старасьць яшчэ дасьпеем узяцца мы за шляхецкiя адносiны да маладосьцi, арыстакратычныя! Прыдаваньне-ж бляску жыцьцю пакiнем дзецям нашым. Якi жаль, што мы памрэм, усё-такi, апаганенымi. Як тыя, што прамянялi сябе на грошы. На нашым супольным, Сьцяпанка, надмагiльным помнiку ўнукi, уявi сабе, разьбяць нам надпiс: жылi 5 000 000 злоты. Зьлiчы: ты зарабляеш пяць тысяч у месяц, шэсьцьдзесят у год, значыць, каля двух з паловай мiльёнаў да пэнсiйнага ўзросту, ну i я, з родавым капiталам, вартая такой-жа стаўкi... Не перабiвай мне - вядома, што гэтую суму дасягнеш ты дзякуючы цесьцю, якi каханьне ўспрымае як смакавiты дэсэрт за багата застаўленым сталом, а любоўныя песьнi як дзiвацтва бесклапотнай дачушкi... Ёсць у цябе пытаньнi? Няма. У мяне ёсьць, хутчэй за ўсё, да самой сябе. Менавiта: чаму татулька з мамусяй жывуць быццам цывiлiзаваныя чалавекападобенцы? Пытаньне амаль гамлетаўскае, а таму яно такое, што адказ на яго магчымы толькi тэарэтычна. Тэарэтычна? На практыцы гэткае сумненьне зьяўляецца беспрадметным: бацькi - шчасьлiвыя! Было-б немалой подласьцю з майго боку адкрываць iм захапляльныя краявiды. Яны не дабеглi-б да iх. А свая ваколiца выдалася-б iм, праўдападобна, слушна, невыносным сьметнiкам. I загiнулi-б яны без пары, без сiвых валасоў... Забойства чалавека нiчым не апраўдваецца, i таму, сям-там, адмененыя законы аб пакараньнi сьмерцю...
Дапякла яна Сьцяпану.
Узвалiла яму на плечы такi валун, пад цяжарам якога ногi пагрузлi беспаваротна глыбока. А яна, на сухiм i цьвёрдым, не аддалялася ад яго так, каб не магчы працягнуць яму руку. Схопiцца ён за яе - зь мёртвай сiлай - i абое загiнуць. Яна разумела, да чаго дайшло? Яшчэ не было трагiчнасьцi паўвайсковыя, паўдзiцячыя гульнi ў дапушчэньнi; школьныя практыкаваньнi зь пераростам тэарэтызацыi; кiнафiльмы, папраўдзе, пра фiкцыйнае няшчасьце са зноскамi з рэчаiснасьцi. Цiкава было яму паслухаць яе, паспрачацца зь ёю й пазлаваць (спадцiшка). Гэта ўсё надоўга мела свой iнтрыгуючы выгляд, даючы спажыву дзеля роздумаў.
Дыспуты з Кiрай аднойчы назваў ён заняткамi па навуковых падставах дэмаралiзацыi чалавека. Спадабалася яму гэтае кплiвае паняцьце; ня выключана, што ў падобнае верыла й яна. (Гартаючы тыднёвiкi, чытала ўголас, цi хацеў хто слухаць, цi не - артыкулы, у якiх разглядалася дзейнасць засакрэчаных цэнтраў iдэалягiчнай дывэрсii; пераканаўчыя ўрыўкi перачытвала, падсядаючыся да Сьцяпана. Падкрэсьлiла дэбiльны сказ: "Зло зьяўляецца прыгажэйшым i безь яго апiсаньня немагчымая добрая кнiжка".) Сур'ёзнае нараджаецца з глупства, як праца - з гульнi, - памкнуўся ён сказаць ёй; даў самому сабе слова пабыць безуважлiвым да жонкi. Яна выбрала выгодны надта шлях: разумець, але ня дзейнiчаць. Ужо не прыймала размоваў аб працы, аб асаблiвым (у яе становiшчы перш-наперш псыхалягiчным) сэньсе самой займець зароблены грош.
11
У старшынi былi да Сумленевiча прэтэнзii. Сьцяпан менавiта вышукаў прадпiсаньне, згодна зь якiм работнiкам разумовае працы належыцца пяцьдзесят грамаў туалетнага мыла ў месяц i адзiн ручнiк у год. У вадпаведнасьцi з гэтым ён зьвярнуўся ва ўправу зь пiсьмовай просьбай. Бухгальтару было загадана падрыхтаваць праект каштарысу - i тады ўзьняўся скандал: атрымалася нiштаватая сума грошай, якую неабходна было выдаткаваць на забесьпячэньне працаўнiкоў сродкамi гiгiены.
- Дарагi калега, - абураўся старшыня, - мне вядома, э, што сёй-той кажа пра мiнiмальную мэтазгоднасьць вашай просьбы й, э, адначасова, дамаганьня, - у яго зьявiлася гэтае "сёй-той". - Мала таго, я вымушаны баранiць вас ад, э, па-мойму, э, несправядлiвых абвiнавачаньняў - так, так, абвiнавачаньняў! - у тым, што вы дзейнiчаеце не ў карысьць установы. Гэта, як самi разумееце й сёй-той, нiкому не дае радасьцi.
- Вы зьдзiўляеце мяне, таварыш старшыня.
- Чым, менавiта?
- Кожнаму пакласьцi ў руку кавалец мыла i дакiнуць законны ручнiк - гэта ж так мала, а задаволенасьцi ад таго як-жа многа! - дыпляматычна заахвочваў ён шэфа.
- Шаноўны калега, не ў крыўду вам кажучы, вы малады й таму ня ведаеце, што гаворыце, - старшыня акуратна паклаў аловак. - Супрацоўнiкi - i я сам! прыносiлi ўласныя мыла й ручнiк, i нiкому не прыходзiла ў галаву думка, што можа быць iначай. Пасьля другога сьнеданьня i пасьля працы, э, усе мылi рукi, твар; спакойна йшлi дамоў. Ня думайце, што я ня ведаў пра тое прадпiсаньне, якое вы тут падтыкаеце мне... - ён паўстрымаў сябе, каб не сказаць Сьцяпану пра штосьцi, вiдавочна, больш непрыемнае.
- Кажэце, кажэце. Усё кажэце.
- Гэта ўсё.
- Прашу вас аб размову без намёкаў, пане старшыня. Прашу сказаць мне адкрыта.
- Без намёкаў размаўляюць дзецi, э, дарагi калега, - нахмурыўся ён. Праўдзiвей было-б сказаць: размаўлялi.
- Я, пане старшыня, усё-такi прашу! - Сьцяпан расшпiлiў пiнжак i зручней усеўся ў крэсла. - Выступаючы з законнай просьбай, аказваецца, я раблю шкоду фiрме, у якой зарабляю сабе на жыцьцё, - на кончыку языка ён трымаў фразу: "Законнае, значыць, шкоднае?"
- Ня будзем так гаварыць, э, пане Сумленевiч. Справа ня ў спрэчках, бо нiхто не адмаўляе вам рацыi ды, у рэшце рэшт, i ня ў сродках таксама. Я растлумачу сутнасьць вашага пачыну, калi вы самi не здагадваецеся таго, - ён востра зiрнуў на Сьцяпана. - Свае дамаганьнi кавалка мыла вы пераўтварылi ў справу. Не хапала яшчэ таго, каб адбылася дэманстрацыя з транспарантам ад сьцяны да сьцяны: МЫ ХОЧАМ МЫЛА! або: ПРЭЧ З УПРАВАЙ, ЯКАЯ НЕ ДАЕ МЫЛА!
- Забаўна.
- Не зусiм, шаноўны, - даўгапiсам нэрвова рысаваў ён выкрутасы, псуючы аркуш глянцаванай паперы. - Мыла й ручнiкi будуць. Управа зацьвердзiць кошты.
- Дзякую вам, таварыш старшыня.
- Я спадзяюся, што другой такой размовы памiж намi ня будзе, э, дарагi калега. Шчасьлiва склалася: датычыць яна ня надта сур'ёзнага. Зразумець, шаноўны, лягчэй, чым рабiць... Iначай кажучы, цi вас не зьдзiвiла тое, чаму гэта студэнтаў многа, але арганiзатараў жыцьця мала? Столькi вучыцца народу, столькi вучыцца, ды вынiкаў, грамадою заўважальных, не вiдаць... Таму й бярэ чалавека дзiкая ўцеха, калi аб'явiцца перад табою крышынка таленту...
Старшыня гаварыў. Прыкурваў ён папяросы з пазалочанымi канцавiнкамi ды араматызаваныя, душныя. Частаваў iмi Сьцяпана. Прыймаў тэлефоны, на якiя адказваў коратка. Дастаў з барыку бутэльку каньяку й кумпястыя чаркi. Каньяк, пяцiзоркавы, адбiраў дых; меў пах першаку. Разы два шэф адказаў камусьцi, што - заняты; так, намесьнiку. "Пяты год вучу яго работы", - сказаў пра яго. Сьцяпан, ад няёмкасьцi, прыкiнуўся, што не зразумеў, пра каго гаворка - i, машынальна, адчуў прылiў пяшчоты да Кiры, шкадаваньня яе. Жанчыны рэдка бываюць выдатнымi адзiнкамi, не па бiялягiчных прычынах. Iх праглынаюць мужчыны, ад якiх яны залежныя. Тыя, што выкупiлi Тараса Шаўчэнку ад пана, кiравалiся не сэнтымэнтальным разьлiкам перад усiм.
Да Сьцяпана даляцелi трывожлiвыя словы: - Памятайце: уводзiце неспакой!
- Божа мой, якi?!
- Выбачайце. У мяне няма часу. Да пабачэньня, э, калега.
- Да пабачэньня, таварыш старшыня. Дзякую, - гэта тады запрасiў ён старшыню ў госьцi да сябе, на Каляду (з жонкай). Пляваўся, калi апынуўся за дзьвярыма габiнэту, у калiдоры, у туалеце над умывальнiкам, над якiм знаходзiцца электрычная сушылка для рук, пакуль яшчэ не папсаваная. Здарылася агiднае! Апраўданае яно своеасаблiвай лёгiкай, якая клiнцом прастрамiла навылёт такое, пра што Сьцяпан дбайна клапацiўся; падкасiла ўзгадаваныя ў iм мары, якiя ўжо далi малютку ягадку ўдачы.
12
Заставалiся нераспрацаванымi цэны на выбары, якiя каапэратыў укараняў у вытворчасьць. Дарагая сыравiна, iмпартаваная з-за мяжы, з Аўстрыi й Швэйцарыi, адназначна абумоўлiвала расцэнкi. Адзiнае, што магло зьнiзiць сабекошт, - гэта ўзмацненьне аўтаматызацыi тэхналягiчных працэсаў.
Рызыкавалася многiм: купля замежнага вытворчага абсталяваньня магла не апраўдацца. Адсутнiчала апэратыўная арыентацыя ў структуры попыту; разважаньнi аб гэтым у каапэратыве былi, амаль, традыцыяй.
Сьцяпан, каб пазьбегчы прызначэньня яму нецiкавага заданьня, выступiў зь iнiцыятывай арганiзаваць дасьледваньне прадбачванага рынку збыту.
- Нашто? - замахалi на яго рукамi. У канцы канфэрэнцыйнага стала шапталiся, кiваючы галовамi, удзельнiкi звычаёвай нарады.
- Перадумовай удачы зьяўляецца...
Яму не далi закончыць. Але ён, ужо хiтруючы, яшчэ сказаў:
- Ёсьць-жа памкненьнi ў кiрунку выпуску навiнак! Няўжо вы не разумееце, што гэтага цалкам дастаткова? Няхай вам, паважаныя калегi, не балiць галава пра маштабы продажу. Пакупнiк, як ведаеце, ня мае голасу - ён задаволены тым, што наогул можна сёе-тое купiць...
- У нас, дзякуй Богу, няма рынку пакупнiка. I не ён наш пан, - умяшаўся хтосьцi, хто маўчаў.
- Людзi, аднак, хочуць...
Сумленевiчу разыходзiлася пра тое, што неабходна iмкнуцца да перадавога ўзроўню вытворчасьцi. Выслухалi яго нецярплiва й перайшлi да абмеркаваньня справаў дробных, каб не сказаць - дурных.
Старшыня час ад часу зiркаў у бок Сьцяпана, у азарце. Ён прыкметна ўсьмiхаўся да самога сябе, як гэта, мабыць, робiць певень, гледзячы на курэй, якiя накiнулiся на мякiну. Дзюбалi й дзюбалi яны, даючы ўцеху аднаму.
"Каб ня тое, што бяз грошай немагчыма пражыць, я не тырчэў-бы тут больш нi сэкунды! Высадзiў-бы акно, звалiўся-б на тратуар, пакалечыўся-б, бо не хапiла-б мне вытрымкi выйсьцi адсюль нармальна, празь дзьверы й калiдор", Сьцяпан пальцамi мацаў патылiцу, у якой брыняў боль.
Ад пачуцьця бяссэнсу ён быў блiзкi беспрытомнасьцi, шырока ўгледжваўся ў падлогу, у геамэтрычныя фiгуры паркецiны. Такога спосабу ратаваць сябе ад зацьменьняў яго навучыў лекар, у якога ён лячыў кутнi зуб; дантыст пасьпяхова вырваў Сьцяпану ўнутраны нэрвiк, пасьля чаго сярэдзiну зуба вычысьцiў ад гнiльлi й запоўнiў яе белiстай сумесьсю. Салiдна выканаў сваю работу! "Вы, калi ласка, не заплюшчвайце вачэй, глядзiце ў столь, i не ўяўляйце сабе таго, што я раблю. Пастарайцеся зразумець, толькi зразумець тое; думайце пра неабходнасьць лячэньня, i вам стане лягчэй..." - прыгаворваў сымпатычны дантыст, не перапыняючы сваiх дзеяньняў. Яму таксама ўспацеў лоб; бзычэла сьвiдравальнiца.
Вакол старшынi ўзьнялося гарлапанства. Шумелi - кураняты каля квактухi! Сумленевiч адвёў зрок ад замяшаньня, як той, каму далi па мордзе й сказалi, каб ня лез у не сваё.
- Пане старшыня, я думаю, што ўжо магу пайсьцi да сябе, - нясьмела папрасiў Сьцяпан. - У мяне шмат працы, не мяне чакаюць пэтэнты, - яму дзеравянелi мускулы на твары, а голас разыходзiўся водгульлем па галаве. Ад пустэчы.
- Ужо закончваем, - адгукнуўся старшыня. - Таварышы, цiха, - ён пачухаў сабе кончык носа. - Што-ж, э, дзякую вам за ўдзел у абмеркаваньнi. Нарада была плённай. Да пабачэньня.
Уставалi, усё роўна бы разбуджаныя з дрымоты, i тлумна выходзiлi з пакою.
- Калега Сумленевiч, - аклiкнуў старшыня. - Прашу вас застацца на момант...
Сьцяпан быў упэўнены: шэф дайшоў да высновы, што зноў патрэбна яму супынiць няўрымсьлiвага маладзiка. З гэтым дасьледваньнем рынку, скажа, вы перасалiлi, яно нам лiшняе, а таму, што няма праблемы са збытам, пане Сумленевiч, а ёсьць праблема з вытворчасьцю, дык давайце думаць пра павелiчэньне выпуску тавараў, э, во!..