- Мз-з-зу-у-ур! - закрычаў волат-малалетак, убачыўшы мацi i бацьку.
   Нiколi не чулi дулебы такога слова.
   - Мз-з-зу-у-ур! - зноў закрычаў скрываўлены сын непраходных лясоў.
   I тады ягоная мацi, адкiнуўшы ўбок, як палена, Чацвертака, рынулася да дзiцяцi, упала перад iм на каленi i ўсё роўна была ўпоравень з дулебамi. Шмаргануўшы з-за спiны свае доўгiя-доўгiя валасы, яна пачала выцiраць iмi кроў з сынавага цела. Яна, здаецца, была гатова зняць, садраць уласную скуру, каб ахiнуць яго, прыкрыць ад бяды свайго сына.
   ("Удзельнiк эксперымента нуль-нуль-адзiн! Што з вамi?!"
   "Мне падалося, што гэта мой сын, мой Клён..."
   "Удзельнiк эксперымента нуль-нуль-адзiн! Спадар Гай Дубровiч!
   Адбываецца невялiчкi збой у сюжэце пераўтварэння, але зараз мы гэта ўладзiм, зараз уладзiм... вось так! Праз сем хвiлiн нуль чатыры секунды выходзiм на плюсавае пераўтварэнне!")
   Волатаў забiлi, усiх траiх, спалiлi на жоглiшчы i попел пусцiлi з ветрам. Дулебы, праўда, мулiлiся, нiхто не хацеў першы ўзнiмаць руку на лясных людзей, але Чацвяртак, якога адштурхнула валацiха i якi добра мякнуўся аб цвёрдыя дубовыя каранi, прутка ўскочыў на ногi i з ўсяго маху шахнуў ёй касой проста па шыi.
   Забiлi з-за таго, што непадобныя, нязвычныя, не такiя, як яны. З-за таго, што болыныя ростам i сiлай. Напэўна, з-за таго, што разумнейшыя, дабрэйшыя.
   Той ноччу ў Чырвонай Пушчы доўга выў воўк, лётала пад месяцам, перакрываючы яго велiзарнымi чорнымi крыллямi, маўклiвая сава, а на кургане, там, дзе спрадвеку хаваюць у гаршках попел памерлых, спаленых на агнi дулебаў, лопнула зямля, адчынiлася шырокая дзiркарана i з яе выкацiлася роўна трыццаць тры гаршкi.
   ...Карпук ляжаў у ельнiчку, цiснуўся да травы. Зялёная лясная муха дзумкала каля шчакi, нават некалькi разоў пякуча садзiлася на спiну, на тонкую льняную кашулю, але муху нельга было нi адагнаць, махнуўшы рукой (выдасi самога сябе), нi тым болей забiць, бо яна, як зразумеў, здагадаўся Карпук, прыляцела з кургана, дзе ляжыць у гаршках прысак продкаў, з той дзiркi. Муха звязвала Гэты свет i Той i, вядома ж, невыпадкова прыляцела.
   "Едзе. Зноў едзе", - як страла з тупым наканечнiкам, ударыла ў глыбiню душы, у сэрца думка. - Хоць у смалу ўскоч, але давядзецца яшчэ раз убачыць такое".
   З узгорка, за якiм калiсьцi стаяла Карпукова весь, з'язджала вялiзная шырокая арба-двухколка. З'язджала, весела пазвоньваючы, бо да яе былi густа напрывязаны маленькiя медныя i срэбныя званочкi. Здавалася, цiўкае мноства лясных i лугавых птушачак. На арбе, на капе свежай толькi што скошанай травы, з якой ва ўсе бакi тырчалi галоўкi прыгожых яркiх кветак, напаўсядзеў, напаўляжаў, важна трымаючы ў руках лейцы i хвосткi бiзун, Насаты. Ён быў голы па пояс; тлустыя смуглыя грудзi, што зараслi чорным калючым воласам, уздрыгвалi, калi колы арбы траплялi на выбоiну. Сёння Насаты апрануў ярка-чырвоныя шаўковыя шаравары, падперазаныя залатым махрыстым рушнiком. За рушнiк ён уваткнуў тры кiнжалы з багатымi, у зiхоткiх камянях, ручкамi. Побач, каля правай рукi, ляжалi лук i тул, напоўнены стрэламi.
   Насатым Карпук называў правадыра обраў, здаравiлу-мужчыну гадоў сарака з гладка паголенай блiскучай галавой i вялiзным, як глюга ў птушкi, носам. Пэўна, ён быў князем гэтага жорсткага незразумелага народа. Як зграя ваўкоў, як хмара саранчы, накiнулiся, напалi яны сонцаварот назад на мiрныя весi дулебаў, у якiх было ўсяго дзесяць - пятнаццаць беласценных хатак. Племянную дружыну разбiлi, стапталi ў першай жа сечы. Дулебскага князя Вастрагляда ўзялi параненага ў палон, завялi на курган, дзе ляжаць у гаршках спаленыя косцi мёртвых, там з жывога лупiлi скуру. Густа пасалiлi шэрай соллю i, смеючыся, кiнулi канаць пад чорным роем мух на летнiм сонцапале. Усiх дулебаў мужчынскага полу, хто не быў забiты, або не схаваўся, як Карпук, звязалi вяроўкамi, сплеценымi з цвёрдага конскага воласу, паставiлi на каленi, аблiлi з даўгагорлых гладышоў нейкай чорнай смярдзючай вадкасцю i падпалiлi. Ад паўдня да самага вечара гарэла жахлiвае вогнiшча, тлустая чорная сажа лётала ў наваколлi.
   Разграмiўшы, знiшчыўшы дулебаў, обры падзялiлi мiж сабою iхнiх жанчын. Просты воiн атрымаў па дзве галавы ў сваё валоданне. Насаты ж узяў сабе роўна дзесяць, прытым самых маладых i самых прыгожых.
   Цяжка, моташна Карпуку ўзнiмаць позiрк, глядзець на тое, што адбываецца. Ды трэба глядзець, трэба запамiнаць. Трэба ўбачыць, што не конi i не валы запрэжаны ў арбу, на якой, важна развалiўшыся, едзе ў госцi да свайго суседа Насаты. "Людажэр", - з нянавiсцю шаптаў пра яго Карпук. Але што гэтыя словы Насатаму, што яму нейкi недабiты дулеб, якi, як зямлярыйны чарвяк, хаваецца ў ельнiку, не можа на сваёй зямлi, на зямлi сваiх дзядоў-прадзедаў устаць на поўны рост? Сёння ва ўсiм наваколлi адзiны бог, адзiны пан, адзiны ўсемагутны ўладар - Насаты. У яго вельмi шмат золата, зброi, авечак, рознакаляровых шатроў, коней. Але навошта яму конi, калi ў госцi да такога ж, як ён, багатага суседа-обра вязуць яго дзесяць маладых, дзесяць надзвычай прыгожых дзяўчат. Прычым усе яны - голыя, голенькiя як мацi нарадзiла.
   "У гэтага мярзотнага племенi рабоў дужа белая скура, - лянiва думаў Насаты, закалыханы роўнай дарогай, свежым ветрыкам i цёплым сонцам. - Пэўна, яны нiколi не бачылi сапраўднага лета, калi закiпвае ад гарачынi вада ў стэпавых рэчках i азёрах. Адсутнасць сонца зрабiла iх палахлiвымi, нiхто з iх не можа зiрнуць проста ў вочы обру - адводзяць убок вочы, нiбы сабакi".
   - Тпру-у-у, - сказаў Насаты.
   Арба спынiлася. Маладзенькiя дулебкi з распушчанымi валасамi, з шырокiмi скуранымi лямкамi на плячах, стаялi, апусцiўшы ў дарожны пясок вочы, закусiўшы губы. Твары ва ўсiх былi белыя, бяскроўныя.
   Насаты злез на зямлю, спусцiў з ляжак шаравары, смачна памачыўся ў пыльную траву, падышоў да адной з дзяўчат, уладна сказаў:
   - Твая чарга. Пагляджу, якая ты гарачая. Кладзiся.
   Дулебка спалохана войкнула, прыкрыла вочы рукамi. Слёзы пакацiлiся па шчоках.
   - Доўга я буду чакаць?!
   Насаты бiзуном шлёгнуў яе па спiне. Потым, спатолiўшы свой ненасытны юр самца, усеўся на арбу, шкуматнуўшы вожкi, павольна паехаў далей.
   ("Чаму ты ўвасобiў мяне ў гэтага палахлiўца Карпука?! - закрычаў Гай Дубровiч доктару Метэору. - Я не жадаю быць размазнёй! Я не жада..."
   "Нервы, удзельнiк эксперымента нуль-нуль-адзiн. Нервы, - спакойна перарваў яго асiстэнт Метэора. - Стрымлiвайце сябе, бо можа адбыцца непрадбачаны збой у сюжэце эксперымента".
   "Я хачу, каб як найхутчэй адбыўся гэты пракляты збой!" - зноў закрычаў Гай, але...)
   Карпук пальцамi рук i ног упiваўся ў падатлiвую лясную зямлю, калацiўся ад гневу i нянавiсцi. "Я павiнен забiць Насатага, - шалеючы ад аднаго толькi позiрку на пыхлiвага самаздаволенага обра, думаў ён. - Я павiнен сцерцi яго ў пыл. Ягоны струк, якiм ён пластаваў нашых дзяўчат, я кiну ў жорны i буду круцiць iх усю ноч. Вялес i Пярун, багi залатыя, дапамажыце мне".
   Ён добра ведаў, што Насаты нiколi не выпраўляецца ў дарогу адзiн, заўсёды ахоўваюць ягоную асобу дзесяткi, сотнi лучнiкаў, якiя непрыкметна, як стэпавыя лiсiцы, шнуруюць у кустоўi ўздоўж дарогi. Так i ёсць - вунь памiж зелянiны мiльгануў пляскаты шлем, начэрнены смалой, каб не блiшчэў на сонцы. Вунь другi, трэцi... Карпук бяссiльна скрыгануў зубамi.
   Тым часам Насаты быў у самым лагодным настроi, быў у гуморы. Гледзячы зверху ўнiз на маладых дулебак, на "сваiх кабылачак", як ён iх называў, обр казаў:
   - Дзе ж вашы мужчыны, вашы абаронцы! А-я-яй, кiнулi такiх прыгожых, такiх смачненькiх. Ды цi былi памiж дулебаў мужчыны?
   - Яны ёсць! - раздаўся раптам пранiзлiвы крык, ад якога ўсе ўздрыгнулi.
   Крокаў за дзесяць паперадзе арбы заварушыўся, паплыў ва ўсе бакi жоўты пясок на дарозе. З гэтага пяску, з ямiны, у якой хаваўся, чакаючы свайго часу, выскачыў Карпукоў адналетак - русавалосы Снягур з блiскучым двухручным мячом. А Карпук думаў, што ён разам з многiмi дулебамi згарэў у тым вогнiшчы, дзе обры спалiлi палонных.
   Пясок цёк у Снягура па валасах, па плячах. Рот быў разарваны жахлiвым крыкам. Снягур бег насустрач Насатаму, пагрозна сцiскаючы меч.
   ("Перадсмяротная малiтва дулебаў", - сказаў раптам нейчы голас, i Гай Дубровiч пачуў цiхае стоенае галашэнне: "Божа Сварозе, Божа Вялесе, Божа Пяруне, чаму караеш самых мiрных i самых працавiтых? Цi адальюцца калi-небудзь слёзы дулебаў? Божа Сварозе, Божа Вялесе, Божа Пяруне, утапi на тым свеце нашых мучыцеляў у нашых слязах. Разарвi iм вушы i сэрцы нашым плачам бясконцым. Няхай замест хлеба грызуць свае шаблi i бiзуны".)
   Ахова, якая iшла паабапал дарогi, заўважыла Снягура адразу ж. Обры з гiканнем ускiнулi лукi, пусцiлi свае страшныя доўгiя стрэлы. Некалькi стрэл прабiлi Снягуру грудзi, адна ўпiлася ў правую нагу. Але ён, хрыпучы, дабег да арбы, секануў мячом i ўпаў, аблiўшыся крывёю. Насаты не паспеў выхапiць з-за пояса кiнжал. Ён толькi крутнуўся ўсiм целам i гэтым выратаваў сваю галаву. Снегураў меч, цяжка свiснуўшы, адсек яму нос. Насаты ("Бязносы!" радасна крыкнулi дулебкi i рынулiся ад арбы ва ўсе бакi) схапiўся рукамi за скрываўлены твар, пачаў енчыць ад болю.
   - Уцякайце! - вытыркнуўшыся са сваёй схованкi, крычаў дзяўчатам Карпук. - Ратуйцеся!
   Ды обры забiлi ўсiх. Якую ўзяла шабля, якую дагнала страла. З глухiм стогнам упаў Карпук у елачкi, абадраў сабе шчокi, залiўся няўцешным плачам. Калi ж узняў галаву, убачыў над сабой стэпавiкоў. Са звязанымi рукамi, з арканам, якi да жаўцiзны ў вачах перацiскаў шыю, пабег ён за канём у родную весь.
   - Апошнi дулеб? - здзiвiўся Бязносы, седзячы на мяккiх вышываных падушках у святлiцы князя Вастрагляда. - Адзiны?
   - Адзiны, - смела адказаў Карпук, - як адзiны быў у цябе нос.
   - А-а-а! - люта крыкнуў обр, ускочыў з падушак, цвёрдым наском скуранога бота з усяе сiлы ўдарыў Карпука ў жывот.
   Потым Карпука адлiлi вадой, падцягнулi да акна, i Бязносы, пырскаючы слiнай, закрычаў:
   - Глядзi, сабака, на двор! Бачыш вунь тыя шасты?! Ведаеш, што на iх вiсiць, што сушыцца?! Шкуры дулебак, якiя хацелi збегчы ад мяне!
   I ён, чырванеючы вачамi, зарагатаў. Як па камандзе зарагаталi ўсе прысутныя обры.
   Яны смяялiся, а Карпук, кусаючы губы, ломячы пальцы рук, глядзеў на светлую дзявочую скуру, злупленую з цела разам з густымi доўгiмi валасамi. Вунь, як вячэрняя зара, палымнеюць на шасце прыгожыя медныя валасы. Трыснята!
   - Апошнi дулеб, - казаў мiж тым Бязносы, пiльна пазiраючы на Карпука. Я не забiваю апошнiх. Жывi. Дыхай. Чарвякам хапае месца там, дзе пасвяцца крылатыя стэпавыя жарабкi. Жывi. Старайся не патрапiць пад бязлiтасны капыт. Але на табе абарвецца род дулебаў, i, як нiкчэмная восеньская павуцiна, назаўсёды знiкнуць яны.
   Павярнуўшыся да аховы, Бязносы загадаў:
   - Кастрыраваць яго i выкiнуць у поле!
   ("Цi не занадта жорсткi эксперымент? - спытаў нехта з людзей доктара Метэора. Голас гучаў як з-пад зямлi".
   "Боль павiнен лячыцца болем, - адказаў сам доктар. - Толькi праз пакуты ўсе мы знаходзiм радасць - i людзi, i народы".)
   Як бяздворны сабака, Карпук жыў у ельнiку. Еў ягады, арэхi, кiслую заечую капусту. У лясным ручаi лавiў рыбу, вялiў яе на сонцы. Кожную ноч снiлiся не обры i нават не Трыснята, а забiтыя волаты, асаблiва iхнi малы. Снiлася, як ён бязгучна плакаў у той час, калi Чацвяртак пераразаў касой яму горла.
   Жыццё страцiла ўсялякi сэнс. Ён быў ужо не чалавекам, а паловай, нават трэцяй часткай чалавека, мужчыны. Пасля сябе на зямлi ён нiкога не мог пакiнуць, i зараз у яго нiкога не было, толькi ягоны цень.
   Але аднойчы ўпершыню прыснiўся сон не пра волатаў. Устаў над Карпуком, як жытнёвы колас, малодшы брат князя Вастрагляда князь Клён (Клён!!!), сказаў:
   - Ты - дулеб i я - дулеб. Радуйся. Не памёр наш народ. Не знiк i не высах, як высыхаюць у спёку ручаi. Цэлы сонцаварот вёў я сваiх людзей на новую зямлю, i мы знайшлi яе. Радуйся. Тут шумiць белы бярозавы гай. Тут у зялёнай траве з рагамi хаваюцца нашы каровы. Тут цячэ рака Бярэзiна, а ў яе ўлiваецца рака Вольса, а ў Вольсу ўпадае маленькая, як зайчыкаў хвосцiк, рэчачка. Мы завем яе Дулебкай.
   Радасна зрабiлася Карпуку, радасна i шчаслiва. Ён прутка ўзвiўся на ногi, смелым вокам зiрнуў на наваколле, i аказалася, што не ўсе пачуццi памерлi ў ягоных грудзях. Той, хто быў жорстка паранены жыццём, у каго на вачах забiлi самых родных i самых любiмых, каму плявалi ў вочы i кiдалi камянi ў твар, заўсёды павiнен помнiць, што свецiць яму адно-адзiнае сонца. Iмя таму сонцу - Помста.
   Ён (адзiн!) знiшчыў цэлую арду обраў на чале з Бязносым. Не жалезам, вядома. Стаяла лютая спякота, i проста на вачах дашчэнту высыхалi рэкi i рэчачкi, знiкала вада. Конскiя табуны обраў i самi обры пакутвалi ад смагi. Да крынiц, а iх у наваколлi, як цвёрда ведаў Карпук, было пяць, выстрайвалiся шумныя чэргi. Крычучы, лаючыся, кожны са'сваiм канём iрваўся да выратавальнай вады.
   Карпук схадзiў да таго дуба, дзе забiлi i закапалi волатаў, раскалупаў дубовым суком iхнюю магiлу, узяў Чацвертакову касу, якую пахавалi разам з волатамi. Гэтай касой ён абразаў хвасты коням стэпавiкоў. Падкрадваўся да коней у начным лузе, паiў вадой са скураной торбы i рэзаў гарачы цвёрды волас. Шмат валаснi назбiралася за некалькi дзён. З яе Карпук, хаваючыся ў ельнiку, нарабiў пробак-затычак. Потым, зноў жа ноччу, ныраў у ямiны, дзе яшчэ заставалася вада, знаходзiў пругкi халодны струменьчык i мёртвай валасяной пробкай затыкаў крынiцу, закупорваў яе. Гэтак ён "патушыў" чатыры крынiцы. Днём, лежачы ў ельнiку, ён з радасцю чуў, як ажно выюць ад злосцi i адчаю обры. Там, дзе яшчэ дзень-два назад мог напiцца конь i чалавек, ляжала, пакрытая пылам, гарачая скарынка сухога карычневага дна.
   Заставалася апошняя, пятая крынiца - Святы Круг. Яна была самая халодная, самая глыбокая. У яе на Купалле князь Вастрагляд кiдаў шчодрай рукой тры круглыя залатыя манеты. Такiя манеты купецкiя караваны прывозiлi з поўдня, з далёкай зямлi народа, якi называецца рамеямi. Карпук, калi яшчэ быў смаркатым недаросткам-малалеткам, чуў ад дарослых, што на дне Святога Круга ўзвышаецца курганок гэтых манет, ён ззяе ў месячныя ночы.
   - А што, калi нырнуць i дастаць на бераг гэты залаты курганок? спытаў, помнiцца, Карпук.
   - Толькi дакранешся да яго, i адразу рука па плячо адсохне, - сказалi яму.
   Моцныя струмянi, якiя былi з дна Святога Круга, Карпук не мог адолець iмклiвая, аж ледзяная вада вырывала ўсе пробкi. Ды ён ведаў, што гэткiм чынам нiколi не пераможа Святы Круг. Ён падумаў i зрабiў iнакшае.
   У глухую поўнач, калi не было вiдно нi зорак, нi месяца, нi сцежкi, ногi самi вынеслi Карпука на курган, дзе ляжаў попел продкаў. У поўнай цемры, не запальваючы агонь, ён адшукаў тую дзiрку-рану, з якой перад самым нашэсцем обраў выкацiлiся трыццаць тры гаршкi. Ён стаў на каленi перад гэтай дзiркай, перад брамкай, што вяла ў Зямлю Нябожчыкаў.
   - Дзед Славук, - хвалюючыся, загаварыў ён. - Я ведаю, што твае спаленыя косцi знайшлi тут вечны прытулак. Я сам разам з бацькам прынёс i закапаў гаршчок, на баку якога была выцiснута мядзведзева галава. Ты - шчаслiвы, бо не бачыў, да якога прынiжэння давялi обры наш ратайны, раней вясёлы народ. Няма ўжо на гэтым свеце твайго сына, а майго бацькi Красамiра, няма маёй мацi Няжылы, няма Трысняты, сумесна з якой думаў я ўпрыгожыць жывымi кветкамi галiну на пладаносным дрэве дулебаў. Нiчога няма. Ёсць рабства, ярмо, бiзун. Што ты мне параiш, дзед?
   Карпук прыцiх, апусцiў галаву, чуў, як тоненька свiшча над курганам начны вецер, як гучна б'ецца ў грудзях сэрца. Пацяклi iмгненнi. Ён чакаў. Нарэшце, тройчы зрабiўшы зямны паклон, радасна сказаў:
   - Дзякуй табе, дзед Славук. Я пачуў твае словы, i словы гэтыя вось якiя: "Няхай попел стане атрутай". Дзякуй табе. Я буду рабiць так, як наказаў i загадаў мне ты.
   Ён без анiякага страху палез у пралом у кургане, поўз у абсалютнай цемры, датыкаючыся да халодных магiльных гаршкоў, прычым датыкаўся то рукой, то плячом, то шчакой. Нарэшце пальцы намацалi вялiзны гаршчок i выяву мядзведзевай галавы на iм. Карпук прыцiснуў гаршчок да грудзей, як прыцiскаюць малое дзiця, падаўся назад. I як толькi вылез - ярка ўспыхнулi над галавой нябесныя зоркi. Гэта было знакам, што продкi разумеюць яго, сочаць за iм, жадаюць перамогi. Ён пасядзеў на траве, аддыхваючыся, падстаўляючы ветру ўспацелыя шчокi i лоб, потым бясшумна, лёгка ўзняўся, пайшоў да Святога Круга. Вялiкая светлая пляма вады туманна выплывала з чорнага кустоўя.
   Роўна праз два днi на обраў i на iхнiх коней навалiўся страшэнны мор. Нiякiя лекi, нiякiя шаптуны не дапамагалi. Касцiстай чэпкай рукой брала смерць усё новыя ахвяры. Горы конскiх трупаў, над якiмi кружылася, гудзела безлiч сiнiх мух, тлелi ў лузе. Мёртвых людзей спальвалi на вогнiшчах, а ўсiх вогнiшчаў было дванаццаць.
   Бязносы зразумеў, здагадаўся, адкуль заляцела страла спусташэння ў ягоную арду. Як некалi Ксеркс, ён загадаў люта пакараць ваду. На бераг Святога Круга выйшлi ў грубых чорных кафтанах бiчаносцы, пачалi лупцаваць бiзунамi хвалi. Ва ўсе бакi паляцелi пырскi, здавалася, што гэта слёзы. Калi ж сам Бязносы ўзяў у руку бiзун, калi, заскрыгатаўшы зубамi, ударыў з усяго пляча, на самай сярэдзiне Святога Круга вынырнуў з вады Карпук, выплюнуў з рота чаратовую дудачку, праз якую дыхаў, весела засмяяўся.
   ("Хавайся! - закрычала адразу ж некалькi ўсхваляваных галасоў. Дурань! Хавайся! У iх жа лукi i стрэлы! У Бязносага - аркан!")
   - Папiлi вадзiцы? - смяяўся Карпук. - А гэта ж слёзы дулебаў. Нясмачныя нашы слёзы? Што маем, тым частуем. Дзед Славук, мой дзед, якi пражыў сто тры сонцавароты, вас пачаставаў. Вось з гэтага гаршка.
   Карпук абедзвюма рукамi высока ўзняў над галавой пусты гаршчок, з якога срэбна лiлася вада.
   - Раб! - у шаленстве крыкнуў Бязносы. - Ты насыпаў у крынiцу мярцвячыны! Зараз цябе прывяжуць да конскiх хвастоў i раздзяруць на кавалкi!
   - Я не раб, - смяяўся Карпук. - Я - дулеб. Чуў пра такi народ? Ён перажыве цябе i тваiх псоў. Чуў пра раку Дулебку i князя Клёна?
   ("Князь Клён, - успыхнулi словы ў самай патаемнай глыбiнi душы Гая Дубровiча. - Мой сын таксама Клён. Гэта невыпадкова. У гэтым - найвялiкшы сэнс".
   "Удзельнiк эксперымента нуль-нуль-адзiн! Спадар Гай Дубровiч! Выходзiм на плюсавое пераўтварэнне! Выходзiм на плюсавое пераўтварэнне!")
   I амаль адразу ж зазвiнела цецiва, свiснула страла над блакiтнай вадой...
   - Як самаадчуванне, спадар Дубровiч? - асцярожна пацiкавiўся доктар Метэор.
   Яны сядзелi ў доктаравым кабiнеце, глядзелi тэлевiзар. Перадавалi Ўсепланетныя Навiны.
   - Вы прымусiлi мяне ўдзельнiчаць у вельмi цяжкiм эксперыменце, - сказаў Гай.
   Каштанавыя загнутыя вейкi ў доктара ўздрыгнулi. Адчувалася, што ён не хацеў бы чуць такiя словы.
   - Кожнага чакае перакрыжаванне на жыццёвай дарозе, дзе ад нечага варта адмовiцца, - павольна, як бы з неахвотаю прамовiў Метэор i спытаў: - Вы былi дулебам?
   - Так. Дулебам. Апошнiм дулебам.
   Гай iмклiва ўзняўся з крэсла, загаварыў стоячы, бо падумалася, што тое, што ён зараз скажа, неабходна неяк падкрэслiць, вылучыць.
   - Вялiкi дзякуй вам, доктар. Вы яшчэ не ведаеце самi, што зрабiлi. Вы ажывiлi мне душу. Вы далi мне новыя вочы, новыя вушы i новае сэрца. Так-так. Я кажу гэта з усёй шчырасцю, паверце. Старадаўнiя мудрацы навучалi: "Час асвятляецца людзьмi". Дык вось гэты юны дулеб, гэты горды непакорны славянiн, якога хацелi зрабiць скацiнай, быдлам, асвятлiў i асвяцiў, зрабiў, як кажуць па-расейску, "угодным Богу" жыццё маiх далёкiх продкаў. Я зразумеў сэнс iхняга i майго з маiм сынам Клёнам iснавання. Без нас, учарашнiх, сённяшнiх i заўтрашнiх, чалавецтва было б аднакрылым. I гэта не прыгожая фраза. Можаце мне паверыць.
   - Цiкава, вельмi цiкава. - Узняўся са свайго крэсла доктар Метэор.
   Было вiдно, што яму, як прафесiяналу, дужа прыемна пераканацца ў карыснасцi i неабходнасцi сваiх пошукаў. Твар па-маладому заружавеўся, у вачах з'явiўся востры цёплы бляск.
   - Мой сын у вялiкай бядзе, - працягваў мiж тым Гай Дубровiч, - але я ўпэўнены, што ўбачу яго жывым i здаровым. Такую ўпэўненасць далi мне вы, доктар. Цвёрдасцю i мужнасцю вы напоўнiлi ўсю маю iстоту. Яшчэ раз дзякуй.
   У гэту хвiлiну зазванiў тэлефон. Доктар Метэор узяў трубку.
   - Нехта хоча пагаварыць з вамi, - сказаў ён, перадаючы трубку Гаю.
   - Гай Дубровiч слухае, - прамовiў Гай, усё яшчэ не астыўшы ад свайго маналога.
   - Хто гэта? - глухавата спытаў далёкi голас.
   - Гай Дубровiч.
   - А я думаў - Гай Юлiй Цэзар, - сказаў незнаёмец, здзеклiва засмяяўшыся.
   I адразу ж запiпiкалi кароткiя гудкi.
   - Нiчога не разумею, - развёў рукамi Дубровiч. - Цi гэта недарэчны жарт, цi... Нiчога не разумею.
   Людзi ВЭП даўно адвыклi ад хамства - бытавое яно або службовае. Усе гэтыя "шпiлькi", "падсечкi", "падсадкi" абляцелi, абцерабiлiся, як прыкрае шалупiнне. Чалавек паступова навучыўся казаць у вочы iншаму чалавеку ўсё, што ён аб iм думае, цi амаль усё. Вось чаму непрыемна здзiвiў Гая гэты нечаканы званок.
   - Экспедыцыйны корпус пад камандай маёра Хвалiбога тры днi назад адбыў на планету Вар, - сказала тэлевiзiйная дыктарка. - Пяцьсот чалавек, памiж якiх цывiльныя добраахвотнiкi i рэспублiканскiя гвардзейцы, павiнны вызвалiць Клёна Дубровiча. "Я не вярнуся ў Менск без Клёна", - заявiў нашаму карэспандэнту маёр Хвалiбог.
   Доктар Метэор i Гай Дубровiч пераглянулiся.
   - А зараз перадаем паведамленне асаблiвай важнасцi, з якiм выступiць дырэктар Галоўнага Iндаэўрапейскага Стрэсографа Лех Патоцкi.
   На экране з'явiлася барадатая галава Патоцкага. Ён быў вельмi ўсхваляваны. Побач з iм у студыi сядзеў стрэсаператар Карл Гакенхольц.
   - Панове, - басавiта загаварыў Патоцкi, - па свайму службоваму абавязку мы з панам Гакенхольцам павiнны папярэдзiць вас, што ў раёне гарадоў Стакгольм, Рыга, Вiльнюс, Менск, Чарнiгаў, Варонеж з гадзiны на гадзiну, падкрэслiваю - з гадзiны на гадзiну, чакаецца суперканцэнтрацыя адмоўнай энергii, атака СЦ, якая ацэньваецца намi, стрэсаператарамi, як атака дзевятай i нават дзесятай катэгорыi. Гэта небяспечна для людзей, асаблiва для малых дзяцей. Не забудзьце праверыць, каб у кожнага з вас пад рукой быў iндывiдуальны Ўзмацняльнiк Волi. Усiм, хто сядзе за руль аўтамабiля або за штурвал верталёта, патрэбна вельмi ўважлiва сачыць за сваiмi дзеяннямi, за паказаннямi прыбораў. Запомнiце: чакаецца бунт аўтамабiляў. Яшчэ раз паўтараю: чакаецца бунт аўтамабiляў, якi справакавала СЦ. Псiхiятрам i брыгадам "хуткай дапамогi" неабходна падрыхтавацца да рэзкага павелiчэння колькасцi выклiкаў, дэпрэсiй i спроб самазабойства. Завастраю ўвагу супрацоўнiкаў Дамоў зняволення i духоўнага перавыхавання, што могуць быць рэцыдывы непадпарадкавання адмiнiстрацыi. Але асаблiвую ўвагу звярнiце на сваiх дзяцей. Пакладзiце iх раней спаць, дайце вады з мёдам, змажце скронi ментолавым маслам, пад падушкi насыпце свежай мяты. Глядзець тэлевiзар, кiнабаевiкi катэгарычна не рэкамендуецца.
   - Закруцiлася кола, - уздыхнуў доктар Метэор i па селектару пачаў аддаваць неабходныя загады гаспадарчым i ахоўным службам Дома Пераўтварэнняў.
   Гай жа сядзеў, як уражаны громам. Калi чакаецца яшчэ адна атака СЦ, значыць, Клён, сын ягоны, не стаў, як абяцалi, Гарантам Вечнага Мiру, значыць, ён у гэтыя самыя хвiлiны можа быць мёртвым. Гай абхапiў рукамi галаву.
   - Супакойцеся, - мякка паклаў яму далонь на плячо доктар Метэор.
   Шж тым Лех Патоцкi перадаў слова Карлу Гакенхольцу. Той, адкашляўшыся ў круглы загарэлы кулак, сказаў:
   - Па маiх асабiстых падлiках, гэта ўжо сто сорак трэцяя атака Старой Цывiлiзацыi. Можа, я памыляюся, дык няхай мяне паправяць болып кампетэнтныя спецыялiсты. Але чаму зноў разгараецца полымя, якое, як мы ўсе спадзявалiся, пачало патухаць? На гэты конт чакаецца афiцыйная заява З'езда Ўсiх Зямных Канфедэрацый, i ўсё-ткi я, карыстаючыся дазволам, якi маю, пастараюся, паважаныя тэлегледачы, накiдаць хаця б пункцiрную схему таго, што адбылося i што мусiць адбыцца.
   Ён паглядзеў на Патоцкага. Пан Лех адабральна кiўнуў галавой.
   - Справа ў тым, што з-за межаў нашай метагалактыкi грамадзянам планеты Зямля i ўсiм насельнiкам Блiжняга Космасу паступiў цi то ўльтыматум, цi то парада вышэйшых па iнтэлекце (заўважце - не багi-алiмпiйцы, а проста вышэйшыя па iнтэлекце) унесцi значную, я б сказаў, кардынальную карэкцiроўку ў перспектывы развiцця чалавецтва. Нейкi нябачны касмiчны дырыжор уладна ўзмахнуў палачкай i хоча, i патрабуе, каб мы спявалi толькi па ягоных нотах. Хто ж гэты дырыжор? Гэта цывiлiзацыя планеты Сiняя Зорка. Да нядаўняга часу астраномам i ўсiм вучоным Зямлi нiчога не гаварыла гэта назва. Сёння ж мы ведаем, што жыхары Сiняй Зоркi практычна бяссмертныя, адным словам, яны навучылiся жыць неабмежаваную колькасць гадоў i стагоддзяў. Яны валодаюць крынiцамi суперэнергii. Яны могуць перамяшчацца ў прасторы з хуткасцю думкi. Заўважце, не гуку, не святла, а думкi.
   - А цi хутка яны думаюць? - умяшаўся Лех Патоцкi. - Сярод жывых iстот ёсць жа значны працэнт тугадумаў.
   - Гэта ўжо iншая справа, - суха адказаў Гакенхольц, якi не любiў дыялогаў, - мяркую, калi яны дыктуюць умовы нашай высокаарганiзаванай цывiлiзацыi, думаюць яны i хутка, i эфектыўна. Па апошнiх звестках, Сiняя Зорка цi бярэ, цi ўжо ўзяла пад свой кантроль цывiлiзацыю планеты Вар, так, так, той самай, якую СЦ лiчыць прарадзiмай i на якой усё яшчэ знаходзiцца Клён Дубровiч. Вар, на вялiкi жаль, робiцца плацдармам, адкуль эмiсары Сiняй Зоркi пагражаюць Зямлi. Сёння яны прыслалi ўльтыматум. Што ад iх i ад iхнiх саюзнiкаў чырвоных i фiялетавых плазмоiдаў можна чакаць заўтра?