Карл Гакенхольц, задаўшы тэлегледачам i самому сабе вельмi няпростае пытанне, змоўк. Яго замянiў Лех Патоцкi.
   - Iдэяй фiкс цывiлiзацыi Сiняй Зоркi я назваў бы яе страснае жаданне спынiць Час, - сказаў ён. - Разумееце: не гадзiннiк спынiць, не канвеер або лiнiю метрапалiтэна, а Час. У сваiм ультыматуме сiнязорцы заяўляюць, што ўмеюць гэта рабiць i што менавiта такое ўменне дазволiла iм знайсцi ключы ад бессмяротнасцi. У блiжэйшыя iхнiя планы ўваходзiць правядзенне эксперымента над чалавецтвам. Ведаеце, якая найпершая ўмова дасягнення людзьмi бессмяротнасцi? Забарона, катэгарычная i безумоўная забарона нараджаць дзяцей. Адным словам, бессмяротным чалавек можа стаць без сына, без дачкi. Гэтага патрабуе ад усiх нас Сiняя Зорка.
   - Абсурд, - рашуча выдыхнуў Гакенхольц. - Стварыць Чалавека Несмяротнага, стварыць Ното (як гэта па латынi? Здаецца, Коптогiз) i вечна жыць без дзiцячага смеху i плачу, без радасцi мацярынства i бацькоўства... Зямля ператворыцца ў халодны базальтавы шар, якi будзе бязмэтна i сумна плаваць у прасторах Сусвету. Каму патрэбна такое бясконцае бессэнсоўнае жыццё? Сiнязорцы са сваёй, як вы кажаце, iдэяй фiкс нiколi не зразумеюць зямлян, бо за чужой шчакой зуб не балiць.
   - Паеду дадому, - сказаў раптам Гай Дубровiч, якому болып не захацелася слухаць нi пра Сiнюю Зорку, нi пра несмяротнасць. - Разам з жонкай будзем чакаць вестак з планеты Вар.
   - Будзьце асцярожныя, - папярэдзiў доктар Метэор. - Ёсць iнфармацыя, праўда, неафiцыйная, што ў ваколiцах горада i ў самiм Менску з'явiлася агентура СЦ. Могуць быць усялякiя штучкi-дручкi.
   Ён пстрыкнуў пальцамi правай рукi, правёў Гая да лiфта.
   У лiфце акрамя Дубровiча спускалiся дзве маладжавыя прыгожыя жанчыны i бледнатвары худы мужчына гадоў сарака. Нягледзячы на гарачыню ён быў у тоўстым ваўняным свiтэры, з пярэстым шалiкам на шыi. У яго неяк дзiўнавата блiшчалi вочы. Жанчыны шчабяталi аб новым часопiсе мод, мужчына з шалiкам на шыi пазiраў на iх, але, падалося Гаю, як бы скрозь iх, i гэта было ненатуральна, бо на эфектных гаваркiх жанчын мужчыны так не глядзяць. Раптам Гай падсвядома адчуў нейкую трывогу, нейкi халадок пад сэрцам. Жанчыны весела тараторылi, мужчына з шалiкам пiльна пазiраў на iх i скрозь iх, а Гай Дубровiч аж ледзянеў ад нечаканай трывогi. "Зараз нешта павiнна здарыцца", шапнуў унутраны голас, якi нiколi не памыляўся. Мужчына ўзняў руку, тонкую, бледную, каб расслабiць шалiк на шыi, i Гай мiжволi скалануўся. На чалавечай руцэ не было пазногцяў. Была вузкаватая, з сiнiмi ручайкамi венаў, кiсць, было пяць пальцаў, а пазногцяў не было. Там, дзе яны звычайна знаходзяцца, Гай убачыў абсалютна гладкую бледную скуру. Ён пачынаў ужо здагадвацца, хто едзе разам з iм у марудлiвым лiфце, хто стаiць за крок-паўтара ад яго. Лютая гарачыня, духата, ваўняны тоўсты свiтэр, якi нiбы металiчны панцыр абцiскае хударлявую фiгуру, i нi малюсенькай кроплi поту на твары. Лiфт спынiўся, палавiнкi абшарпаных дзвярэй пачалi павольна раз'язджацца ў бакi, i раптам мужчына з нiзкiм вантробным гыркам хiснуўся ўперад, аскалiў зубы i гучна клацнуў iмi - укусiў жанчыну, што стаяла блiжэй да яго, за шчаку. Жанчына дзiка ўскрыкнула, асела на падлогу лiфта. Мужчына з крывавым ротам нязграбна скокнуў цераз яе, шаргануў Гая каляным рукавом свiтэра па твары i вельмi хутка пабег у змрок доўгага калiдора.
   - Якi жах! - усклiкнула сяброўка ўкушанай. У яе пачалася iстэрыка.
   Гай Дубровiч стаяў каля дзвярэй лiфта, бачыў, як санiтары вядуць жанчыну да машыны "хуткай дапамогi", як малады лiфцёр зацiрае кроў на падлозе, i душа кiпела абурэннем. Нельга так далей жыць. Лепей жахлiвы канец, чым бясконцы жах. Перасохла ў роце. Ён падышоў да аўтамата, каб напiцца. Але газiроўкi чамусьцi не было.
   - Просiм прабачэння, - сказаў, тройчы мiргнуўшы зялёнай лямпачкай, аўтамат. - Праз дзве хвiлiны сорак пяць секунд будзе дазапраўка. Пачакайце. Ды Гай, махнуўшы рукою, сеў на таксi, папрасiў шафёра як найхутчэй ехаць у Менск. Шльгалi за акном чырвоныя i зялёныя катэджы, купкi дрэў, акуратныя лужкi. З прыёмнiка неслася меланхалiчная песня, "цвiк сезона":
   Не кружы, зязюля, над чужым гняздом.
   Пабудуй, зязюля, свой уласны дом.
   Бач: пасля дасвецця
   Зноў плыве iмгла.
   Цяжка тваiм дзецям
   Без твайго крыла.
   "Клён, сынок, - думаў Гай, - хутчэй бы ўбачыцца з табою".
   Раптам песня перарвалася.
   - Увага, - строга сказаў металiчны голас. - Гаворыць Штаб грамадзянскай абароны горада Менска. Просiм усiх мiнчукоў заставацца дома, не выходзiць на вулiцы. Праверце, цi ў зборы ўсе члены вашых сем'яў, асаблiва дзецi, зачынiце дзверы i вокны, не стойце на балконах, нi ў якiм разе не пускайце ў кватэры незнаёмых асабiста вам людзей. Помнiце: гэта можа быць агентура СЦ. У горадзе пачалiся баi. Па папярэднiх звестках, Серабранка i Чыжоўка захоплены атрадамi Старой Цывiлiзацыi i робатамi з аўтамабiльнага завода, якiя далучылiся да iх. Атрады СЦ, выкарыстоўваючы агнямёты, па лiнiях метрапалiтэна хочуць прабiцца ў цэнтр горада. Баявiкi Старой Цывiлiзацыi знешне вельмi падобныя на людзей. Рознiца ў тым, што ў час мiмiкрыi прайшоў дэфект, i на пальцах рук i ног яны не маюць пазногцяў. Помнiце: у iх няма пазногцяў. Асцерагайцеся людзей у пальчатках i рукавiцах, патрабуйце, каб яны неадкладна здымалi iх. Тых мiнчукоў, хто ў гэтыя хвiлiны слухае нас за рулём аўтамабiля, просiм прыехаць на чыгуначны вакзал i аўтавакзал. Там працуюць паходныя лазарэты для параненых i будзе патрэбна ваша дапамога.
   - Едзьце на чыгуначны вакзал, - усхвалявана сказаў Дубровiч таксiсту.
   Той згодна кiўнуў галавой, павялiчыў хуткасць, i раптам Гай убачыў у яго на руках белыя пальчаткi.
   Кроў зазвiнела ў галаве, пачала, здаецца, ламаць скронi.
   - Што гэта? - спытаў Гай.
   - Вы аб чым? - не зразумеў таксiст.
   - Спякота, а ў вас на руках пальчаткi.
   - Ну й што? Мне так падабаецца, - усмiхнуўся таксiст, але вочы былi напружаныя, суровыя.
   - Неадкладна здымiце, пакажыце свае рукi. Я хачу iх убачыць.
   - А я цябе, жлоб, хачу ўбачыць у труне ў белых тапках, - адказаў таксiст i раптам, кiнуўшы руль, схапiў Гая за горла.
   Дубровiчу ўдалося вывернуцца. Усiм целам ён падаўся назад, але вялiкiя рукi ў белых грубых пальчатках цягнулiся да яго.
   "Зараз машына загрымiць у кювет, - падумаў Гай. - Не ведаю, што застанецца ад гэтага пярэваратня. Ад мяне ж - адны костачкi".
   Кулаком ён ударыў таксiста, стараючыся патрапiць у скiвiцу. Але ўдар прыйшоўся ў грудзi i прабiў iх, прарваў, бо пад кулаком была не пругкая чалавечая плоць, а нейкая рыхлая маса, нейкая вата. Ад нечаканасцi i агiды пацямнела ўваччу. Стварэнне, якое толькi што было таксiстам i даволi спрытна i ўмела ўпраўлялася з аўтамабiлем, на вачах пачало набываць фiялетава-чырванаваты колер. Такiм робiцца корань у грыба падасiнавiка пасля таго, як яго зрэжуць.
   Па рацыi Гай перадаў дыспетчару, што на лiнii ў горадзе i ў прыгарадах могуць працаваць i, вядома ж, працуюць вадзiцелi-пярэваратнi, хiтрая агрэсiўная пятая калона СЦ.
   - У iх няма цела, - дадаў ён.
   - Як? - асекся голас у маладзенькай дзяўчыны-дыспетчара. - Як вы сказалi?
   - У iх няма цела, - паўтарыў Дубровiч.
   - А як жа яны кiруюць машынамi?
   - Шлая мая, у iх няма чалавечага цела, - стараючыся не раздражняцца, пачаў цярплiва тлумачыць Гай. - Напрыклад, вось гэты прыгажунчык, што сядзiць побач са мной, з выгляду самы сапраўдны каўбой, супермэн, адным словам, але ўвесь ён нашпiгаваны нейкай ватай i нейкiм пiлавiннем.
   - I вам не страшна? - цiха-цiха спыталася дыспетчарка.
   Гай не адказаў, выключыў рацыю. Увесь гэты час ён вёў аўтамабiль, скiнуўшы фiялетавыя (нават пальчаткi зрабiлiся фiялетавымi!) адразу памякчэлыя робатавы рукi з руля. Потым ён наогул надумаў ачысцiць ад пярэваратня салон. Цiскануў на тормаз, хацеў адчынiць дзверцы, але аўтамабiль не слухаўся, нёсся, як раз'ятраны звер, па шашы. Гай быў вопытнейшым шафёрам, мог, калi трэба, з завязанымi вачыма кiраваць машынай, ведаў, адчуваў у ёй кожную маленькую гаечку, i ён зразумеў, што стаiць за нечаканым бунтам аўтамабiля. Аўтамабiль таксама быў фiкцыяй, падробкай, муляжом, называй як хочаш. Аўтамабiль быў жывой iстотай, якая дзёрзка не падпарадкоўвалася чалавеку, хацела яго забiць, знiшчыць.
   - Спынiся, чортава калымага! - у адчаi закрычаў Дубровiч, зноў i зноў нацiскаючы на тормаз.
   Раптам аўтамабiль рэзка рвануўся на сустрэчную паласу руху, намерваючыся ўдарыцца - лоб у лоб - з вялiзным цяжкiм малакавозам. У апошняе iмгненне шафёр малакавоза вiльнуў убок i люта пагразiў Гаю кулаком.
   - Бунт аўтамабiля! - закрычаў у рацыю Гай. - Прашу дапамогi! Прашу тэрмiновай дапамогi!
   - Дзе вы знаходзiцеся? - спытаў у яго строгi басавiты мужчына, пэўна, афiцэр ДАI.
   - На шашы Вiльнюс - Менск, у раёне Новай Вёскi! Аўтамабiль, не ведаю, як i называць гэту пачвару, пастаянна кiдаецца на сустрэчныя слупы i машыны! У мяне мярцвеюць рукi! Вось ён хоча скокнуць у кювет!
   Гай заскрыгатаў зубамi, у чарговы раз не дазволiўшы аўтамабiлю самалiквiдавацца.
   - Дапамажыце! - крычаў ён.
   З неймавернай хуткасцю пачаў расцi, раздзiмацца руль i неўзабаве прыцiснуў Дубровiча да сядзення, ды так, што не прадыхнуць. Адначасова пачулася лёгкае шыпенне. У салоне запахла нечым гаркавата-салодкiм. Гай адчуў, як пачынаюць злiпацца павекi. "Сонны газ", - здагадаўся ён. У смяротнай тузе заныла сэрца. Ён убачыў на заднiм сядзеннi цяжкую металiчную гантэлю. "Навошта ў машыне гантэля? - мiльганула ў галаве, якая ўжо клявала носам, вялая думка. - Пэўна, ёю пярэварацень збiраўся трушчыць чарапы людзям". Гай схапiў гантэлю, заплюшчыўшы вочы, што ёсць сiлы ўдарыў ёю па ветравым шкле. Дзве мэты ставiў ён перад сабой - упусцiць у салон свежае паветра i прычынiць гэтаму стварэнню, гэтаму самазабойцу боль. Але шкло толькi злёгку прагнулася, нi трэшчынкi не з'явiлася на iм. Гэта даканала Гая. "Карачун мне... Канец", - падумаў ён.
   У гэты час над шашой нiзка праляцеў патрульны верталёт ДАI, за iм другi, трэцi. Яны пачалi скiдваць на асфальтавае палатно гумовыя дарожкi, спрэс утыканыя вострымi жалезнымi шыпамi.
   - Трымайцеся, - звязаўся з аўтамабiльнай рацыяй пiлот верталёта. Зараз гэты шустрачок наколецца на шпiльку, i ўсё будзе о'кэй.
   Але аўтамабiль - верталётчыкi аж разiнулi раты ад здзiўлення - пачаў пераскокваць праз дарожкi, рэзка вiляць у бакi, аб'язджаючы iх.
   - Ну й слаламiст, - здзiўлена прысвiснуў пiлот. - Застаецца адно страляць па шынах.
   Верталёты знiзiлiся амаль да ўзроўню шашы i, летучы на шалёнай хуткасцi ўслед за аўтамабiлем, адкрылi ўраганны кулямётны агонь. Кулi, чыркаючыся аб асфальт i рыкашэцячы, высякалi доўгiя яркiя iскры. Нарэшце лопнула задняя шына, аўтамабiль крутнуўся, спынiўся. Гаю падалося, што ён застагнаў.
   Пiлоты падбеглi, зубiламi рассеклi дзвярныя петлi, iначай Гай, у якога пачыналiся ўжо галюцынацыi ад невядомага гаркавата-салодкага газу, сканаў бы ў салоне. Яго выцяглi, далi вады. Ён зрабiў глыток i рухнуў на гарачы смуродлiвы асфальт.
   - Гэта Гай Дубровiч, - сказаў адзiн з пiлотаў. - Ранавата ён страцiў прытомнасць. Пратрымайся ён хаця б сотую долю секунды, i я сказаў бы яму, што ягоны сын Клён жывы, цэлы i непашкоджаны толькi што вярнуўся на Зямлю з планеты Вар.
   XIV
   Радаслаў Буслейка, Вера Хрысцiнюк i Клён Дубровiч, збегшы ад натоўпу журналiстаў, якiя дзеля iнтэрв'ю гатовы былi расшкуматаць iх на дробныя кавалачкi, у спадарожную машыну, а потым, нiкiм не заўважаныя, шчаслiвыя, ускочылi ў перапоўнены людзьмi вагон менскага метро, паехалi ў цэнтр горада. Меркавалася, што першнаперш заедуць яны на вулiцу Заслаўскую, у кватэру сям'i Дубровiчаў.
   - Лоўка мы абвялi вакол пальца ўсiх гэтых букетаносцаў, - смяяўся Клён.
   Ён з прагнай радасцю ў вачах глядзеў на людзей, на плямы святла, што ўспыхвалi i праляталi, успыхвалi i праляталi ў вокнах вагона. Ён гатоў быў крычаць вагону, прыспешваць яго: "Хутчэй! Хутчэй!", бо так не цярпелася ўбачыць родны дом, сваю вулiцу, мацi, бацьку.
   - Так, букетаў было, як пiшуць журналiсты, поўнае мора i цэлы акiян, задаволена сказаў Буслейка. - Як глянуў я - а ўвесь аэрадром у адных букетах. I гэта ж трэба кожнаму, хто табе букет падрыхтаваў, пакланiцца, усмiхнуцца, горача пацiснуць руку. Не, што нi кажыце, а своечасова мы збеглi.
   Вера Хрысцiнюк закахана пазiрала на яго. З вясёлым здзiўленнем увесь гэты час яна адчувала сябе быццам трошкi п'янаватай, хоць, вядома ж, нi кроплi вiна не пабывала ў яе роце. "Якое шчасце пасля такiх выпрабаванняў i жахаў зноў вярнуцца на Зямлю, - расчулена думала Вера, - якое шчасце ехаць у гэтым цесным дрогкiм вагоне i бачыць каля сябе Радаслава, моцнага прыгожага чалавека, роднага чалавека на роднай зямлi". Яна адчувала, што катастрафiчна топiцца, iдзе на дно сiнiх iскрыстых вачэй стрэсаператара. Ёй успамiналiся словы славутага пiсьменнiка, вычытаныя ў кнiжцы пра каханне: "Мужчына i жанчына, стойце тварам да твару, душа да душы. Не рассячэ вас нiякi меч".
   Раптам вагон на поўным разбезе рэзка спынiўся, затармазiў. Пасажыры паляцелi ўпёрад, павалiлiся, як костачкi дамiно, адзiн на аднаго. Завiшчэлi, зарыпелi, заекаталi вагонныя колы, з-пад якiх шуганулi снапы гарачых iскраў. Адразу патухла святло. Пачулiся прарэзлiвыя стогны.
   - Што гэта? - ухапiлася Вера за Радаслававу руку.
   - Не хвалюйся, Верачка, - сказаў як мага спакайней Буслейка. - Пэўна, нейкая аварыя ў кантактнай сетцы метрапалiтэна. Зараз электрыкi, трэба спадзявацца, прымуць адпаведныя меры, i мы паедзем далей.
   - Ды вы што - з Месяца звалiлiся? - перапынiў яго чарнавусы, гадоў сарака мужчына. - Хiба не ведаеце, што ўжо другi дзень у горадзе самая сапраўдная вайна з плазмоiдамi? Гэтая нечысць прэ адусюль: з каналiзацыйных люкаў, з трансфарматараў, з электраразетак.
   - На iхнiм баку робаты, якiя ўзбунтавалiся на аўтамабiльным заводзе, спалохана пазiраючы ў цёмнае акно вагона, уставiла сваё слоўца сiвая iнтэлiгентнага выгляду бабуля.
   - I наркаманы. Гэтым - абы ўкалоцца, - дадаў шыракаплечы юнак у чырвонай веласiпеднай шапачцы.
   Набор такiх навiн быў поўнай нечаканасцю для Клёна, Веры i Радаслава. На нейкi мiг яны адчулi збой у дыханнi.
   - Мы i сапраўды, як вы кажаце, звалiлiся, толькi не з Месяца, а з планеты Вар, - сказаў нарэшце Буслейка.
   - Дык вы з экспедыцыйнага корпуса палкоўнiка Хвалiбога?! - жвава ўсклiкнуў шыракаплечы юнак, i вочы радасна заззялi.
   - Мы не з корпуса. Мы тыя, каго вызваляў гэты корпус, - пакрыўджана сказаў Клён. - I Хвалiбог не палкоўнiк, а маёр.
   - Не, малады чалавек. Ён ужо стаў палкоўнiкам. Я сама слухала Iндаэўрапейскае радыё, - адразу ўмяшалася ў гаворку бабуля-iнтэлiгентка. Там было сказана так...
   Яна, успамiнаючы, прыжмурыла маленькiя, як сiнiя фасолiнкi, вочы.
   - За выключныя арганiзатарскiя здольнасцi, за асабiсты гераiзм, у вынiку чаго выратавана жыццё траiх зямлян, датэрмiнова прысвоiць маёру рэспублiканскай гвардыi Хвалiбогу (iмя не помню) воiнскае званне палкоўнiк.
   - Пачакай, пачакай... Дык ты, значыцца, Клён Дубровiч? - пiльна пазiраючы ў вочы Клёну, прамовiў чарнавусы мужчына i ляпнуў Клёна па плячы. - Вiншую, брат. Вось не чакаў, што ўбачу. Будзе што жонцы расказаць. Таварышы, - звярнуўся ён да пасажыраў, - у нашым вагоне едзе Клён Дубровiч, той самы юны герой, якому нададзена высокае ганаровае званне - Чалавек з брыльянтавым сэрцам.
   Пачулiся воплескi, узбуджаныя галасы. Тыя з пасажыраў, хто стаяў блiжэй, цiснулi Клёну руку, прыязна ўсмiхалiся. На нейкiя iмгненнi ўсе быццам забылiся, што знаходзяцца ў вагоне метро, якi намёртва прылiп да рэйкаў i невядома калi скранецца з месца, што зусiм побач грымiць жорсткi бой.
   - Такi маладзенькi i ўжо - Чалавек з брыльянтавым сэрцам, - пранiкнёна ззяючы вочкамi-фасолiнкамi, сказала бабуля.
   - Ён ахвяраваў сабою з-за мяне, - пахвалiлася Вера Хрысцiнюк.
   Толькi ў душы ў Клёна не было нi макулiнкi радасцi. Як ён спяшаўся сюды, на Зямлю, у Менск, як ён хацеў хутчэй убачыць мацi, бацьку, сяброў з гiмназii. Яшчэ тады, калi гвардзейцы з корпуса Хвалiбога, паралiзаваўшы Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы, масiраваным абпраменьваннем-стрэлам з Соннай Гарматы вызвалiлi Клёна, ён думаў аб адным: хутчэй дабрацца дадому. I вось стаiць у змярцвелым вагоне метро, нейкiя чужыя людзi вiншуюць яго, нешта гавораць, сiвая бабуля нават плача ад радасцi, а на сэрцы такая халадэча. Хiба гэтага хацелася яму? Хiба iмкнуўся ён, яшчэ зусiм малады, якому няма й шаснаццацi гадоў, атрымаць тытул Чалавека з брыльянтавым сэрцам? Вядома не. Проста - так атрымалася. Знаходзячыся за нейкiя паўкiламетра ад роднага дому, ён, хоць разарвiся, нi на крок не можа наблiзiцца да яго. Якая несправядлiвасць! А тут яшчэ гэтыя вiншаваннi, гэтыя ўсмешкi i воплескi. "Фальш, - са злосцю падумаў Клён. - Яны, усе цi амаль усе, няшчырыя. Фальшывыя людзi. Фалыпывая планета".
   Радаслаў Буслейка, быццам адгадаўшы ягоныя думкi, сказаў, становячыся амаль упрытык:
   - Ты не вельмi бяры ўсё да галавы, Клёнiк.
   I правай цвёрдай даланёю ўскудлацiў яму валасы.
   Тое, што стрэсаператар назваў яго Клёнiкам, назваў так, як звычайна называла Вера, падалося абразаю, найвялiкшай знявагай. "Фалыпывыя людзi. Фалыпывая планета", - зноў з нейкай асалодай падумаў Клён.
   Раптам без нiякай аб'явы ўспыхнула святло, вагон крануўся. Пасажыры, адразу забыўшы пра Чалавека з брыльянтавым сэрцам, зручна ўладкавалiся на сваiх месцах, з насцярогай пачалi ўзiрацца ў вокны. Водблiскi ад электрычных лiхтароў, што гарэлi ў тунелi метрапалiтэна, нервова беглi па людскiх тварах. I тут здарылася неспадзяванае - з дзесятак робатаў, з'явiўшыся аднекуль з цемры, пачалi падаць на рэйкi, перагароджваць дарогу электрацягнiку. Чуўся звонкi металiчны ляскат, пранiзлiвае скрыгатанне, Добра, што машынiст даўмеўся адчынiць дзверы вагонаў. Пасажыры, давячы адзiн аднаго, рынулiся на перон. Мiльгалi перакошаныя страхам твары, усюды валялiся згубленыя парасоны, жаночыя туфлiкi. Клён убачыў, як агромнiсты робат жалезнай рукой выцягваў з кабiны машынiста, шпурнуў яго на рэйкi.
   - Вера! Клён! Трымайцеся побач! - крыкнуў Буслейка, бегучы па пероне.
   - Там робатаў патрушчыла, - задыхана прамовiў Клён, не адводзячы позiрку ад рэек, дзе цямнелiся горы металiчнага друзу.
   - Падпалынчыка лесу нельга апраўдваць тым, што ён таксама згарэў, адказаў стрэсаператар i падхапiў Веру Хрысцiнюк, якая, паслiзнуўшыся, ледзь не ўпала.
   Па гранiтных звонкiх ступеньках яны беглi ўверх да дзвярэй, на якiх было напiсана: "Выхад у горад". Iх абганялi людзi, часам балюча штурхалi локцямi.
   Непадалёку ад дзвярэй стаяла маладая жанчына з грудным дзiцем на руках. Дзiця было закручана ў каляровыя яркiя пялёнкi. Клён, прабягаючы побач, зусiм выпадкова кiнуў позiрк на жанчыну i анямеў - не дзiця трымала яна ў пялёнках, а маршчынiстага вельмi маленькага сiвабародага дзядка. Не дзiцячую соску ўбачыў Клён, а мiнiяцюрную рацыю, у якую дзядок гаварыў нейкiя адрывiстыя рэзкiя словы, пэўна, аддаваў загады.
   - Радаслаў! - адчуваючы, як залiвае сэрца жах, закрычаў Клён. - Iмi кiруе карлiк! Яны носяць яго на руках!
   Буслейка азiрнуўся, няўцямна паглядзеў на яго, на жанчыну, хацеў нешта сказаць, нешта спытаць, але махнуў рукой i пабег далей. Жанчына ж, пагрозлiва блiснуўшы зялёнымi вачамi, выхапiла з кiшэнi сваёй курткi шпрыц, хацела ўкалоць Клёна. Ён ледзь вывернуўся. "Наркаманка", - зразумеў ён i даў такога драла, што ўмiг перагнаў i Радаслава, i Веру.
   Яны выскачылi на вулiцу Нямiгу. Непадалёку, на мосце праз раку Свiслач, гарэў аўтамабiль. Трывожна званiў, грымеў звон кафедральнага праваслаўнага сабора. Старая ў чорным глядзела на сабор, хрысцiлася, прыгаворваючы:
   - Сказана ў Святым пiсаннi: "I прыйдзе агонь нябесны. I дом на дом упадзе".
   Вера Хрысцiнюк раптам паклала галаву на плячо Радаславу i заплакала.
   - Навошта ўсё гэта? - праз слёзы запытала яна.
   - Што? - пагладзiў ёй валасы Буслейка.
   - Агонь... Дым... Страх... Робаты... Агiдны карлiк з рацыяй... За што, за якiя грахi пакутуем мы, людзi?
   - Супакойся, - пераходзячы на "ты", пачаў суцешваць Буслейка.
   - Але за што такiя пакуты?
   - Я ведаю, - бляднеючы сказаў Клён.
   - Ты? - адначасова здзiвiлiся Радаслаў i Вера.
   - Я. Гэта расплата за стагоддзi фальшу. Хто кiдае камень уверх, кiдае яго на сваю галаву. Гэта - бунт прыроды, якую чалавецтва заганяла ў трубы, у жалезныя клеткi, у цыстэрны, у колбы i рэактары. Мы жывем на фалынывай планеце. I нават Вялiкая Эра Плюралiзму - толькi маска, пад якой хаваецца фальш.
   - Мой ты хлопчык, - усё яшчэ плачучы, пачала цалаваць Вера Клёна.
   Ён адварочваўся, моршчыўся.
   Раптам яны ўбачылi спартсмена. Гэта быў мужычок гадоў трыццацi пяцi сарака, гладкi, жылiсты, з вясёлым загарэлым тварам. У чырвоным спартыўным касцюме, у беласнежных кедах ён трушком бег па вулiцы i, пэўна ж, нiчога не заўважаў наўкол сябе. Рытмiчна працавала сэрца, спраўна служылi мускулы, прыемна-цёплым ручаём пульсавала па венах i капiлярах кроў.
   - Вось падзiвiцеся, - нервова прыкусiў губу Клён. - Гарыць горад, а ён сабе бяжыць, пацее, хоча жыць сто пяцьдзесят гадоў. Дрэва, пушчанскi дуб на адным месцы ўсё жыццё стаiць, а жыве i тысячу, i дзве тысячы гадоў.
   Яны, асцярожлiва азiраючыся, пайшлi па Нямiзе, кiруючыся ў бок вулiцы Заслаўскай. Пахла дымам, бензiнам, гарэлай гумай. Каля перакуленага газетнага кiёска валялiся кiпы рознакаляровых часопiсаў, газет. Вецер гартаў старонкi. Блiскучымi вострымi абломкамi было рассыпана вiтрыннае шкло.
   "Чаму мяне не сустрэлi ў аэрапорце мама i бацька? - думаў Клён. - Што здарылася? Яны ж павiнны былi ведаць аб нашым прылёце. А можа..." Але ён не дазваляў свайму разгарачанаму ўяўленню iсцi далей слова "можа", сягаць за тую трывожную мяжу, дзе жыве халодная невядомасць, дзе перакочвае свiнцовыя хвалi бязмежны акiян адчаю. "Усё будзе добра, нармальна, - прымушаў сябе думаць ён. - Проста яны не паспелi прыехаць з Чорнага Хутара. Вось зараз павернем на вулiцу Танкавую, а там - i Заслаўская".
   З-за рога прадуктовага магазiна выбегла штук пятнаццаць шышкагаловiкаў. Ружовыя твары i ружовыя рукi рэзка кантраставалi з чорнай, мабыць, гумавай вопраткай. Шышкагаловiкi цягнулi панцырны агнямёт, ударылi вогненным струмянём па вокнах магазiна. Шкло гучна лопалася, плавiлася. Некалькi салдат СЦ не спяшаючыся зайшлi ў магазiн, дзе ўжо бушавала полымя, абсалютна не зважаючы на гарачыню, корпалiся там. Нарэшце зноў з'явiлiся на вулiцы i ўсе былi з трафеямi. Хто нёс маткi сасiсак, абкруцiўшыся iмi, хто - галоўку сыра або кардонную скрынку з маслам. У аднаго ў руках блiшчалi дзве бутэлькi гарэлкi. Iм, вядома ж, не патрэбна была нiякая ежа, бо адсутнiчалi страўнiк i апетыт. Але капiiсты заставалiся капiiстамi. Проста на асфальце яны селi ў кружок. Адзiн ружовай рукою зачэрпваў з кардоннай скрынкi як паболей масла, старанна размазваў яго па тварах i па жыватах сваiх таварышаў. Так яны "елi". I тут шышкагаловiкi заўважылi людзей.
   - Бяжым! - крыкнула Вера.
   Але салдаты СЦ iмгненна ўскочылi на ногi, i пякучы струмень з агнямёта разрэзаў, расплавiў асфальт лiтаральна ў некалькiх сантыметрах перад ёй.
   - Спакойна заставаймася на сваiх месцах, iначай яны спаляць нас, як жмут сухой саломы, - сказаў Радаслаў.
   Шышкагаловiкi шчыльна абкружылi людзей, пачалi разглядваць iх. Так дзецi разглядваюць незнаёмую цацку.
   - Якiя яны страшныя, - прашаптала Вера.
   Замест зубоў у роце ў шышкагаловiкаў мелiся вузкiя металiчныя пласцiнкi з мноствам дзiрачак. У iх не было павекаў i броваў, чырвоная скура на шчоках была падобна на кракадзiлавую, вiднелася ўсяго адна наздрына, i тая на самым кончыку тоўстага кароткага носа.
   Шышкагаловiк, якi трымаў у руках скрынку з маслам, пастаяў-пастаяў i раптам плюхнуў жменю масла проста ў твар Клёну, пачаў размазваць.
   - Адчапiся, агiдзiна! - закрычаў Клён.
   Пэўна, крык падзейнiчаў, бо шышкагаловiк, схiлiўшы галаву на левае плячо, адступiў, застыў, як каменны. Затое трое ягоных сяброў у iмгненне вока падскочылi да Буслейкi. Адзiн моцна сцiснуў стрэсаператару кiсцi рук не варухнешся, другi адкiнуў яму галаву назад, надавiўшы на нiжнюю скiвiцу, адкрыў рот; трэцi пачаў залiваць у рот стрэсаператару гарэлку. Радаслаў моршчыўся, захлiпваўся, круцiў вачамi, але нiчога не мог зрабiць. Тады Вера, iрвануўшыся да шышкагаловiка, выбiла ў яго з рук бутэльку. Тая пакацiлася, забрынчэла. Салдаты СЦ здзiўлена пазiралi на Веру.
   - Уцякайма! - крыкнуў Клён, плюючыся, абцiраючы з твару масла.
   Яны што ёсць моцы пабеглi па гарачым патрэсканым асфальце, прычым адразу ж звярнулi ў прахадныя двары, бо на Нямiзе iх бы накрыў агнямёт. Усё было забiта густым едкiм дымам: дзiцячыя пляцоўкi, скверыкi, пад'езды. На клумбе з панiклымi кветкамi стаяў, як здань, магутны чорны дог, з разяўленай мокрай пашчы вывальваўся чырвоны язык. Дзяўчынка гадоў дзесяцi, што вывела сабаку на прагулку, пэўна, не магла з iм саўладаць, бо хлiпала носам i бездапаможна сцiскала ў руцэ павадок.
   - Iдзi дадому. Чаго аслупянеў? - строга сказаў Буслейка догу.
   Сабака глянуў на яго, мiргнуў карычневымi вачамi, паслухмяна патрухаў у пад'езд.
   - Што будзем рабiць? - стомлена спытала Вера. Буслейка ўсмiхнуўся.
   - Адзiн мудрэц казаў: "Я нiколi не думаю пра будучыню. Даволi хутка яна прыходзiць сама". А калi быць сур'ёзным, то трэба прабiрацца на вулiцу Заслаўскую - там нашага Клёна ўжо даўно зачакалiся.
   Клён з удзячнасцю зiрнуў на стрэсаператара.
   Яны, трымаючыся падалей ад будынкаў, з якiх адкрышвалiся, ляцелi ўнiз кавалкi цэглы i аблiцовачная плiтка, пабеглi праз дым. Спераду - Радаслаў, за iм - Вера. Клён трымаўся ў ар'ергардзе. Рабiлася горача. Пот залiваў шчокi. Раптам накрыўка каналiзацыйнага люка, якi толькi што пераскочыў Буслейка, са звонкiм грукатам адчынiлася, адвалiлася. Адтуль, з-пад зямлi, вытыркнулася доўгая ружоваскурая рука, схапiла Веру за нагу, рэзка рванула ўнiз. Усё адбылося iмгненна.
   - Ой! - крыкнула Вера, i ўжо былi толькi вiдны яе плечы, рукi i галава.
   - Радаслаў! Клён! Хлопчыкi! Ратуйце! - са слязьмi ў голасе залямантавала яна.
   Буслейка з Клёнам за рукi i плечы пацягнулi яе з люка, з цяжкасцю, але выбавiлi на паверхню. Яна была басанож, прыгожыя блакiтныя кеды засталiся ў калодзежы. Калi яна ўбачыла свае ногi, то жахнулася i закрыла вочы далонямi. На нагах была ружовая, нiбы дзiцячая, скура, абсалютна такая, як у шышкагаловiкаў.