- Перамiр'е! Перамiр'е!
   З бiблейскiх часоў, калi таямнiчая рука вывела на сцяне палаца вавiлонскага цара суровыя словы, якiя прадказвалi смерць i разбурэнне, не сутыкалiся зямляне з падобным вiдовiшчам. Генерал Журкевiч адразу даў згоду на перамiр'е, i адразу ж замоўкла стралянiна, патух агонь, развеяўся дым.
   Усе былi задаволены нечаканай развязкай, i толькi капiтан Хвалiбог з непаразуменнем глядзеў на неба, дзе беглi воблакi, адны цёмныя воблакi, i пытаў:
   - А куды ж яна дзелася?
   - Хто? - куточкамi вуснаў iранiчна ўсмiхнуўся Радаслаў.
   - Ды гэтая Старая Цывiлiзацыя.
   - Знiкла... Пайшла... Як вада ў пясок.
   Хвалiбог са злосцю зiрнуў на стрэсаператара, палез у камандзiрскi люк амфiбii.
   Скончылiся баявыя дзеяннi, у якiх атрад стрэсаператараў прыняў, можна сказаць, мiнiўдзел. Амаль усе вырашылi адразу ж вярнуцца ў Татры, i толькi Радаслаў Буслёйка надумаў на дзянёк iрвануць у Менск.
   - Дзед з цябе ўсю тваю анархiю выб'е, - пачаў прыпалохваць яго Карл.
   - Нас жа пасылалi на два днi, - вёў сваё Буслейка. - А ваявалi мы толькi нейкiх пяць гадзiн. Менск - мой студэнцкi горад, мая, можна сказаць, першая любоў. Я i з Нiначкай там сустрэўся. Ды ўсёй аператыўнай памяцi камп'ютэра не хопiць, каб узнавiць, ажывiць тыя гады, месяцы, днi, хвiлiны, iмгненнi. Колькi там перадумана, прапушчана праз душу i мозг. Колькi там пакiнута слядоў i слядочкаў, уздыханняў i надзей.
   - Я здагадваўся, што ў цябе паэтычнае нутро, але не думаў, што ты такi сiропны сентыменталiст, - сказаў, хiтра прыжмурваючы цёмныя вочы, Гакенхольц. - Каб такое пачуў Лех Патоцкi, адразу б закрычаў: "Iдзi ў паэты!" i выгнаў са Стрэсографа. Ды i наконт аператыўнай памяцi камп'ютэра ты перабраў - i перабраў, трэба сказаць, нахабна i дужа самаўпэўнена.
   - Гiпербала, - згадзiўся Радаслаў. - Куды нам, двухногiм i аднагаловым, цягацца з камп'ютэрам. Але павер, дарагi дружа Карл, што ўсё гэта я гавару ад самага шчырага сэрца. Я вельмi люблю Менск i хачу, каб ты таксама ўбачыў яго. А Патоцкi мяне зразумее i даруе.
   - Ну, добра, а як ты думаеш вярнуцца заўтра на Стрэсограф? - пачаў здавацца Гакенхольц.
   - Праблем няма. Хто-небудзь з сяброў падкiне на самалёце або верталёце. Я ж чалавек кампанейскi, i ў мяне ў Менску мора сяброў.
   - Няўжо цэлае мора? - дураслiва выкруглiў вочы Карл.
   - Не мора, дык вялiкае возера.
   Яны засмяялiся i пачалi ўпрошваць капiтана Хвалiбога падвезцi iх на амфiбii да Менска. Той катэгарычна адмовiўся.
   - Я абавязаны даставiць вас назад, у Смалявiцкi аэрапорт. Я адказваю за падначаленых мне гвардзейцаў i за вас. Так-так, спадары стрэсаператары, за вас.
   - А як жа Вялiкая Эра Плюралiзму? - падкалоў Буслейка.
   - Там, дзе пачынаецца асфальт вайсковых гарадкоў, канчаецца плюралiзм, - адчаканiў капiтан.
   Немагчыма было аспрэчваць такую жалезную логiку. Раззлаваны Буслейка i ўсмешлiвы, як заўсёды стрыманы Гакенхольц вымушаны былi вярнуцца ў Стары аэрапорт. А там, вядома ж, нiхто не мог дакладна сказаць, калi чакаецца рэйс на Стрэсограф.
   - Каб цябе ўдарыла громам па жывату, - успомнiў Буслейка прабабчыну кляцьбу. - Пайшлi, Карл, пiва пiць.
   Выпiлi халоднага пiва з вялiкiх бляшанак i засумавалi. У аэрапорце быў вiдэасалон "Зялёны Дуб", дзе суткамi круцiлi касмiчныя баявiкi, але такое дабро мелася i ў Татрах.
   Радаслаў плюхнуўся на пластмасавую лаўку, што, не баючыся дажджу i снегу, якi ўжо год стаяла ў скверыку, цiскануў кнопку транзiстара, уманцiраванага ў парэнчу. Загучала беларуская песня, раздумлiвая i старая, як неба над зямлёй:
   Накапала карэння
   З-пад белага камення,
   Вымыла ў рацэ,
   Адтапiла ў малацэ.
   Яшчэ корань не ўскiпеў,
   А ўжо мiлы прыляцеў.
   Словы песнi, яе мелодыя i настрой так рознiлiся з грымучым аэрапортам, з мiльготкiмi яркiмi агнямi, з велiзарнымi аэробусамi, якiя, цяжка праломваючы нябесны блакiт, упэўнена кiравалi да зямлi, што Буслейка аж задыхнуўся, аж сэрца пякуча зашчымела ў грудзях. Ён узняўся з лаўкi, прыклаў халодныя пальцы да павек i скроняў. Калiсьцi на месцы гэтага шэрага цвёрдага асфальту быў луг, лужок з першай мяккай травой, з жоўтымi плямамi-ўспышкамi свежай сакавiтай лотацi i маленькiмi астраўкамi снегу, якi таямнiча ззяў, пералiваўся брыльянтавым бляскам у месячныя ночы. Калiсьцi тут булькаталi ручаi, жылi матылькi i стракозы, натхнёна крумкалi ў цёплых лужынах жабы. I нейкая дзяўчына, вядома ж, прыгожая, задуменная, марыла аб сваiм каханым. Усё гэта ўладарна выцеснiў, змёў з зямлi аэрапорт. Будучым пакаленням застаўся толькi едкi востры пах згарэлай гумы, грамавыя раскаты турбiн, перадпалётная туманная туга пасажыраў, якая складаецца з неабходнасцi i непрадбачанасцi разлукi i з рудыментарнага страху вышынi.
   Карл Гакенхольц, прыроджаны немец, таксама ўважлiва слухаў песню i амаль разумеў яе. Справа ў тым, што афiцыйнымi мовамi Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi парламент болыпасцю галасоў абраў латынь i эсперанта. Усе ж астатнiя, у тым лiку i беларуская, рабiлiся афiцыйнымi па чарзе. Надыходзiў абумоўлены пагадненнем час, i мова на цэлы месяц рабiлася афiцыйнан. На ёй (плюс на латынi i эсперанта) друкаваўся "Парламенцкi Веснiк", вялi перадачы радыё i тэлебачанне, прыносiлi прысягу народам члены парламента, аддавалi загады ў войску. Гэта было выдатным дасягненнем Сусветнага Саюза Моў, хоць напачатку яму моцна перападала ад шматлiкiх скептыкаў. Але Саюз дамогся свайго. Ягоныя лiстоўкi, якiмi ён перад Вялiкiм Рэферэндумам абклеiў i засыпаў амаль усю планету, пачыналiся так: "Зямлянiн! Якiмi вачамi глядзiць на цябе Бог? Калi ў цябе чорныя вочы, глядзiць чорнымi, калi ў цябе шэрыя вочы, глядзiць шэрымi, калi сiнiя - сiнiмi. Гэтак жа сама Бог размаўляе з табой. Кожная мова, якая толькi жыве пад небам, зразумелая i блiзкая яму. Бог размаўляе з табой на тваёй роднай мове".
   - Цi доўга мы будзем тут загараць? - незадаволена сказаў Буслейка сябру, калi адгучала песня i зноў настырна палез у вушы нямоўчны шум аэрапорта. Карл толькi пацiснуў плячыма.
   Тым часам паступова наблiжаўся вечар. Дабавiлася людзей у "Зялёным Дубе". Лёгкi сiнi туманок пачынаў залiвапь наваколле. Гледзячы на яго, Карл раздумлiва прамовiў:
   - Фiлосаф, не памятаю якi, калiсьцi напiсаў: "Туман больш вечны, вячнейшы, чым гранiт". Гэта думка, нечаканая i прыгожая, так урэзалася ў памяць, што, як толькi ўбачу туман, вечаровы або ранiшнi, яна адразу прылятае ў галаву, быццам птушка ў гняздо. Туман вячнейшы, чым гранiт. Па-мойму, у гэтых словах - уся фiласофiя зямнога iснавання. Буслейка згодна кiўнуў галавой, ацанiўшы глыбiню i неардынарнасць думкi невядомага фiлосафа. Раптам позiрк ягоны натыкнуўся на двухмесны яркачырвоны верталёцiк, што самотна i, падалося, беспрытульна стаяў побач з аўтобусным прыпынкам, крокаў за сто ад iх. У такiх верталётах лётаюць служачыя аэрапорта, палохаючы i праганяючы велiзарныя чароды варон. Зараз крылатая машына была пустая. I навошта толькi ўбачыў яе Радаслаў?
   - Карл, - горача зашаптаў Буслейка, i вочы страсна заззялi, - прашу цябе маўчаць i падпарадкоўвацца мне. Так-так, дарагi германец, падпарадкоўвацца. Бачыш вунь тую машынку з вiнтом? Зараз мы цiхенька падыдзем да яе, плюнем тройчы цераз левае плячо, сядзем i паляцiм у Менск, у мой Менск.
   - Ды ты звар'яцеў, - не прыцiшаючы голасу, адразу ж сказаў Гакенхольц.
   - Цiха, - прыклаў палец да нiжняй таўставатай губы Буслейка. - Немцы, як мне вядома, спакойныя, вытрыманыя людзi. Адпавядай жа характарыстыцы свайго народа.
   - Пры чым тут народ? - ускiпеў Карл. - Тое, што ты хочаш зрабiць, звычайная крымiнальшчына.
   - Цiха, - зноў паўтарыў Радаслаў, быццам зацыклiўшыся на гэтым слове. Я пакiну свой адрас i нумар чэкавай кнiжкi. Я згодзен заплацiць любы штраф у любой валюце - захочуць, у iндаэўрапейскiх доларах, захочуць, у мясцовых беларускiх талерах. Будзем лiчыць, што мы нанялi аэратаксi.
   - Ты - дурань, - шпурнуў апошнi цяжкi камень спрэчкi Гакенхольц.
   - Дзякуй, - галантна пакланiўся Буслейка. - I ўсё-ткi я ўпэўнены, што ты, Карл, як сапраўдны нашчадак гераiчных ваяўнiчых вiкiнгаў, пойдзеш за мной.
   Спрэчка скончылася тым, што яны, азiраючыся па баках, нiбы дзецi, якiя лезуць у чужыя яблыкi, падышлi да непрыкаянага верталёта, селi ў яго. Вялiкая Эра Плюралiзму, калi верыць штогадовай статыстыцы, канчаткова перамагла iстотны ў мiнулыя часы хiб чалавечага характару - цягу да крадзяжу чужой маёмасцi. Маглi ўкрасцi дзецi - цацку, цукеркi. Маглi ўкрасцi псiхiчнахворыя. Але нармальны грамадзянiн з самага маленства адносiўся да гэтага рэзка негатыўна. Многiя нават не ставiлi замкоў на дзвярах сваiх кватэр. Так што, калi гаварыць аб'ектыўна, Радаслаў Буслейка не лiчыў i не мог лiчыць сябе злодзеем. Проста ён браў патрэбную яму рэч на часовае карыстанне. Праўда, для гэтага неабходна было заручыцца дазволам гаспадара, але гаспадар у дадзенай сiтуацыi адсутнiчаў, што i засмучала законапаслухмянага Карла.
   Радаслаў рашуча сеў на месца пiлота, разгублены Карл умасцiўся за яго спiной. Праз некалькi iмгненняў яны адарвалiся ад бетонкi. Верталёт злёгку пахiстваўся, быццам адчуваючы чужую руку. Але разагрэўся, весялей залапатаў рухавiк, праплыў унiзе нейкi лясок, жоўтая стужка палявой дарогi, i Буслейка ўскiнуў угору кулак, адтапырыўшы вялiкi палец:
   - Ляцiм!
   Усе дарослыя грамадзяне Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi ўмелi кiраваць аўтамабiлямi, верталётамi, спартыўнымi самалётамi, катэрамi, яхтамi i г.д. Навучанне пачыналася з дзiцячага ўзросту, i толькi iнвалiды вызвалялiся ад яго. На чалавека, якi (цяжка ўявiць!) не разбiраўся ва ўсёй гэтай тэхнiцы, глядзелi б як на дзiкуна, што не чысцiць ранiцою зубы, а не чысцiць зубы мог толькi круглы вар'ят.
   - Цiкава, куды мог знiкнуць верталётчык? - уголас разважаў тым часам Гакенхольц. - Iдуць баi з СЦ, аэрапорт працуе ў ваенным рэжыме, а тут стаiць, кукуе без прыгляду машына...
   - Не забывай, Карл, што ты на славянскай зямлi, а не ў Германii, весела ўсмiхнуўся Буслейка. - Розныя клiмат i гiсторыя, розныя характары i гены.
   - Розныя, - згадзiўся Карл, - толькi верталёт, у якiм няма пiлота, павiнен стаяць у ангары.
   Буслейка ўжо з раздражненнем паглядзеў на немца, хацеў сказаць нешта болып едкае i болын цвёрдае, але замест гэтага радасна закрычаў:
   - Зiрнi, Карл, унiз! Мы пралятаем над самым галоўным помнiкам Беларусi!
   Бронзавая, метраў дваццаць вышынёй, жанчына з мячом у руцэ стаяла на круглым п'едэстале, складзеным з агромнiстых калявых валуноў. З усiх бакоў да яе вялi дарогi i сцежкi, iшлi i ехалi людзi.
   - Калi Адольф Гiтлер захапiў Беларусь (а было гэта ў першай палове дваццатага стагоддзя), тут знаходзiўся Трасцянецкi канцлагер смерцi, - пачаў тлумачыць Буслейка. - Тут забiвалi, а потым спальвалi людзей. А некаторых i жыўцом палiлi. I вось на гэтым пакутным месцы, можна сказаць, на чалавечым попеле вырашылi паставiць помнiк адважнай гордай жанчыне, княгiнi Рагнедзе. Народ заве гэты помнiк "Мацi Беларусь".
   Гакенхольц, уважлiва слухаючы Буслейку, неадрыўна глядзеў на велiчны помнiк.
   - Рагнеда ўзняла меч за сваю зямлю i свой род. Ва ўсёй даўжэзнай гiсторыi чалавецтва мала знойдзецца такiх жанчын. Iльвiца i перапёлка. Прыгажуння i нябесная грозная маланка. Княгiня i рабыня. Вялiкая вечная мацi гордых i мужных. Такой жыве i заўсёды будзе жыць у народнай душы Рагнеда. Калi я гляджу на гэты помнiк, я ганаруся, што я - беларус. Разумееш, Карл?
   - Чаму ж не зразумець? - адказаў Гакенхольц. - Я, напрыклад, ганаруся, што нарадзiўся немцам. Гэта абсалютна здаровае, абсалютна натуральнае пачуццё. Мяне дзiвiць, што калiсьцi слова "нацыяналiст" лiчылася абразлiвай лаянкай. Што дрэннага ў тваёй або маёй любовi да сваёй нацыi, асаблiва калi гэта любоў спалучаецца з павагай да iншых народаў? Кожны ўплятае яркую нiтку ў велiзарны дыван чалавецтва, у тым лiку, i арыйцы - славяне i германскiя плямёны. Так было, так будзе.
   - Так будзе, - паўтарыў следам за iм Радаслаў i зiрнуў на свой наручны бiялагiчны гадзiннiк. Гэта быў апошнi крык моды. У элегантным, зробленым з беласнежнай марской ракавiны корпусе змяшчалася некалькi калонiй мiкраарганiзмаў, што ў залежнасцi ад часу мянялi свой колер. Зараз цыферблат меў колер маладой зялёнай лiстоты - значыць, было семнаццаць гадзiн.
   Раптам з крэслаў, у якiх сядзелi Буслейка i Карл, выскачылi гнуткiя моцныя шчупальцы-прысоскi, аплялi рукi i грудзi, ды так, што не паварухнешся. Гэта здарылася iмгненна, нечакана, i стрэсаператары на нейкiя долi секунды анямелi.
   - Верталёт-пастка! - усклiкнуў Радаслаў. - Хiтра ж нас падчапiлi на кручок!
   Ён усё спрабаваў вырвацца, выкруцiцца з жалезных абдымкаў, але сiла ягоная была куды слабейшая за чужую грубую неадольную сiлу. I ён скарыўся, нават з усмешкаю ўспомнiў старую народную прымаўку:
   - Певень бы i рады не iсцi на вяселле, ды за крылы валакуць.
   Карл жа, як прыроджаны немец, знешне спакойна сустрэў такую неспадзяванку, адразу ж пачаў аналiзаваць сiтуацыю, у якую яны трапiлi, i каментаваць яе.
   - Вось чаму верталёт быў без экiпажа, - разважаў ён. - Усё гэта, вядома, чарговыя фокусы СЦ. Гэта, як мы i здагадвалiся з табою, Радаслаў, цывiлiзацыя капiiстаў, я б нават вобразна сказаў, цывiлiзацыя фалыпываманетчыкаў. Яна (я быў бы рады, калi памылюся) у сiлу нейкiх невядомых звышпрычын не можа ствараць арыгiнальнае, прынцыпова новае, а штампуе копii. Вось чаму яна прайграла нашай чалавечай цывiлiзацыi, праметэеўскай цывiлiзацыi, як прыгожа i вельмi дакладна пiшуць паэты. Трагедыя Старой Цывiлiзацыi ў тым, што яна не можа нарадзiць свайго Праметэя, таго, хто здольны на Ўчынак, на Подзвiг, на Ахвяру i, у рэшце рэшт, на рашучы кардынальны злом стэрэатыпу. Тысячагоддзi яна была ценем, я б сказаў, хiтрым ценем нашай цывiлiзацыi, заўсёды жыла пад маскай, своечасова адступаючы ў змрок, у маўчанне, у забароненую таямнiцу. Сёння ж яна атакуе. Чаму?
   - Пэўна, таму, што ў яе скончыўся запас устойлiвасцi, трываласцi, перарваў Карлаў маналог Радаслаў Буслейка. - Яна як бы аганiзуе i падобна на параненага звера. Я не браў бы на сябе смеласць называць гэтага звера драпежнiкам. Так, яна ваюе, з нечага страляе. Але бывалi выпадкi, калi карова, звычайная траваядная карова, баронячы ад немiнучай смерцi сваё дзiця, кiдалася на ваўкоў.
   Ён казаў усё гэта, Карл, згодна кiваючы галавой, слухаў, а шчупальцы-прысоскi, што намертва скруцiлi iх, не паслаблялiся, i верталёт, зрабiўшы круг над помнiкам "Мацi Беларусi", упэўнена ляцеў уперад, не губляў вышыню i хуткасць. Трэба адзначыць, што стрэсаператары не адчувалi анiякага страху, былi ў поўнай яснай памяцi.
   - Нашым верталётам кiруе Невiдзiмка, - сказаў Радаслаў.
   - Падобна, - згадзiўся Карл. - А мне так хочацца яго ўбачыць. Ды чалавечае вока не самы дасканалы iнструмент на гэтым свеце. Як казалi старадаўнiя мудрацы: "Бог будзе побач, але ты не ўбачыш яго".
   - I ўсё-ткi я шмат бы што аддаў, каб хоць часткова зразумець Старую Цывiлiзацыю, - сумна ўздыхнуў Буслейка. - Ды дзе там. Мы яшчэ сёння амаль нiчога не ведаем пра этрускаў, пра атлантаў...
   Ён не скончыў фразу, бо проста ў яго перад тварам, на адлегласцi працягнутай рукi, з'явiўся, успыхнуў вельмi яркi малочна-сiнi шар велiчынёю з баскетбольны мячык. Шар увесь свiцiўся, здавалася, позiркам можна было пранiзаць наскрозь рэчыва, з якога ён складаецца, але ў самым цэнтры выразна бачылася нешта цёмнае, цвёрдае, стрыжнёвае, нiбы насенне ў пераспелым плодзе. Адразу знiклi шчупальцы-прысоскi, вызвалiўшы стрэсаператарам рукi. Буслейка з Гакенхольцам пачалi iх расцiраць, размiнаць, каб аднавiць рух крывi. I тут нечаканы вiзiцёр загаварыў.
   - Асцярожна, жыхары адной з намi планеты, - глуха, з нейкiм булькатаннем данеслася ў яго знутры. - Асцярожна, Радаслаў Буслейка i Карл Гакенхольц. Сядзiце спакойна, адчувайце сябе шчаслiва i ўпэўнена, не рабiце нiякiх рэзкiх рухаў, нi ў якiм разе не спрабуйце дакрануцца да мяне, бо эфект такога дакранання будзе вельмi-вельмi непрыемным для вашых рук i вачэй.
   - Ён нас ведае, - здзiўлена прашаптаў Карл.
   - Слухайце, жыхары адной з намi планеты, - роўным, як бы бясстрасным голасам казаў далей шар. - Бялковая форма жыцця не адзiна магчымая ў Сусвеце. Iснуе жыццё ў плазменнай форме, як нiзкатэмпературнай, так i высокатэмпературнай. Я - Плазмоiд, прадстаўнiк менавiта гэтай формы жыцця, прадстаўнiк той цывiлiзацыi, якую вы называеце Старой. Тысячагоддзi мы развiвалiся паралельна з бялковай цывiлiзацыяй, суiснавалi пад адным небам, але сёння меч пайшоў на меч.
   - Навошта ж вы аб'явiлi вайну? - горача ўсклiкнуў Карл. - Мы ж мацнейшыя, больш арганiзаваныя за вас i абавязкова - чуеце? - абавязкова пераможам.
   Ён тэмпераментна ўзмахнуў рукамi, i тут пачуўся рэзкi сухi шчаўчок, падобны на той, з якiм перагарае электралямпачка. Гакенхольц iмгненна абмяк, сутаргi пабеглi па шчоках, твар пасiнеў, вочы ледзь не выскачылi з вачнiц.
   - Я папярэджваў, - сказаў Плазмоiд Радаславу. - Але не бойся - твой калега будзе жыць, проста ён страцiў прытомнасць i ачуняе праз тры гадзiны.
   - Вы, плазмоiды, жорсткiя, - цiха прамовiў Радаслаў.
   - Мы справядлiвыя, - не згадзiўся Плазмоiд. - Маё сiлавое поле часова падавiла ў твайго калегi жыццёвую энергiю, але, паўтараю, ён будзе жывы i здаровы.
   - Вы аб'явiлi перамiр'е, - упарта вёў сваё Буслейка. - Вы аб перамiр'i напiсалi ў небе, на воблаку - я сам чытаў, i тысячы людзей чыталi. I раптам вы падкiдваеце гэты верталёт, гэтага монстра-перавёртыша i мы трапляем у расстаўленую вамi пастку. Як гэта называецца? У нас, у людзей, гэта называецца подласцю.
   Пры такiх словах шар з малочна-сiняга зрабiўся чырванаватым, потым шэрым i нiбы зменшыўся ў аб'ёме. "Яму сорамна, - здагадаўся Буслейка, - у iм жывуць эмоцыi, падобныя на чалавечыя". I тут аказалася, што плазмоiды, прынамсi той, што быў перад Радаславам, не пазбаўлены пэўнай тэатральнасцi, любовi да знешнiх эфектаў.
   - О мая плазменная цывiлiзацыя! - са слязой у голасе заенчыў шар. - О мая беспрытульная, даледавiковая, пячорная. О дачка туманоў, начных лясоў i маланак. Ты беласкурая, як маладая бярозка пад дажджом. Ты жоўтавалосая, як сухая восеньская трава ў далёкiх лугах, дзе пасвяцца дзiкiя конi. Ты сiнявокая, як адзiнокi васiлёк, на якiм блiшчыць халодная раса.
   - Перастаньце, - рэзка сказаў Буслейка. - Каму патрэбна ваша танная сентыментальнасць? Адплывiце цi адляцiце - не ведаю, як па-вашаму называецца гэта дзеянне, - трошкi ўбок, каб я мог кiраваць верталётам. Я не хачу разам са сваiм сябрам разбiцца. Мы, прабачце, бялковыя, а не плазменныя, i не любiм падаць з вялiкай вышынi.
   Адважны беларус прамовiў гэтыя словы, не спускаючы позiрку з Плазмоiда. Шар адразу ж раздзьмуўся, набыў ранейшую малочна-сiнюю яркасць. Можна было, мяркуючы па ўсiм, чакаць ад яго нейкiх рэпрэсiўных дзеянняў. Але ён мiралюбна загаварыў:
   - Вы, людзi, заўсёды адносiлiся да нас з вялiкiм недаверам, нават не ведаючы, хто мы. Вы болып за ўсё на свеце баiцеся плазмы, агню, нават смерць выбiраеце, абы толькi не забраў вашу жывую плоць агонь. Толькi гэтым я магу вытлумачыць той факт, што ў час пажараў у вышынных будынках чалавек выкiдваецца праз акно з дваццатага, з трыццатага паверха i, вядома, разбiваецца ўшчэнт, але не аддаецца полымю. Страх агню запраграмаваны ў вас на ўзроўнi генаў.
   - Так, - згадзiўся Радаслаў. - У прынцыпе, для чалавека павiнна быць усё роўна - памерцi ад агню, ад жалеза або вады. Але iнстынктыўна чалавек, калi толькi ёсць выбар, выбiрае не вогненную смерць. Чаму? Можа, таму, што кара агнём - гэта поўнае, абсалютнае знiшчэнне, знiкненне, а жывая чалавечая душа заўсёды сумуе па сваёй плоцi.
   - Я разумею цябе, Радаслаў Буслейка, - з нейкай урачыстасцю сказаў Плазмоiд. - Мы, Дзецi Несмяротнай Плазмы, валодаем шчаслiвай здольнасцю бясконца, без нiякай шкоды для сябе, мяняць сваю форму i масу. Калi ты ведаеш, у стане плазмы знаходзiцца абсалютная большасць рэчыва Сусвету: зоркi, галактычныя туманнасцi, мiжзорнае асяроддзе, сонечны вецер. Ты, вядома ж, ведаеш пра гэта. Тут, на планеце Зямля, разумныя плазмоiды вельмi даўно стварылi сваю цывiлiзацыю. Гэта яшчэ было ў часы Цвiцення Вулканаў, калi над iхнiмi грамагалосымi кратэрамi бушаваў бясконцы агонь. Нашы легенды гавораць, што далёкiя продкi плазмоiдаў прыляцелi з Космасу, з планеты Вар, якую не ведаюць зямныя астраномы. А потым пачалося шматвяковае процiстаянне з бялковай цывiлiзацыяй. А зараз - вайна. Плазмоiд упершыню ўступае ў адкрыты кантакт з людзьмi. Я вельмi ганаруся, што мне выпаў найвялiкшы гонар ад iмя Народа Ўсiх Сямi Колераў запрасiць Радаслава Буслейку i Карла Гакенхольца на перагаворы з Розумам Народа Ўсiх Сямi Колераў.
   Радаслаў, якi з цiкавасцю слухаў Плазмоiда, страшэнна абурыўся.
   - Запрасiць? Ды нас схапiлi, як ястраб хапае курыцу.
   Тут малочна-белы шар зноў зрабiўся чырванаватым, а затым шэрым i трошкi зменшыўся ў аб'ёме.
   - Iншага варыянту выйсцi на кантакт я не знайшоў, - сумна прамовiў шар. Ён здаваўся маленькiм хлопчыкам, што нашкодзiў i дужа перажывае сваю вiну.
   - Навошта ж цябе пасылалi, калi ты такi аднаварыянтны? - кiпяцiўся Буслейка. - I яшчэ - чаму менавiта нас, радавых стрэсаператараў, запрасiлi, як ты кажаш, на перагаворы з плазмоiдамi? Хiба на планеце Зямля няма больш вартнейшых людзей?
   Плазмоiд пры гэтых словах налiўся сонечнай яркасцю, на вачах павесялеў. Адчувалася, што зараз ён скажа Буслейку нешта прыемнае.
   - Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў абраў вас дваiх на перагаворы таму, што аналiзы, праведзеныя Кланамi Шаравых Маланак (дарэчы, я сам належу да Клана Сiнiх Шаравых Маланак), выявiлi надзвычайную станоўчую мыслiцельную актыўнасць двух iнтэлектаў якраз на Галоўным Iндаэўрапейскiм Стрэсографе ў кабiне нумар дванаццаць. Гэта было самым важкiм аргументам на вашу карысць. Мы, плазмоiды, ацэньваем значнасць кожнага жывога не па ўладзе i ўзросце, а па iнтэлекту, якiм напоўнены ягоны мозг. Прытым iнтэлект не павiнен быць агрэсiўным.
   - Вунь яно што, - аж прышчоўкнуў языком Буслейка. - Залятала да нас з Карлам шаравая маланка ў кабiну. Месяца паўтара назад гэта было. Я яшчэ здзiвiўся тады - у нас жа ў кабiне нi акна, нi шчылiнкi i дзверы вечна зачынены. А яна, птушачка, з электраразеткi выпырхнула, свежанькая такая, кругленькая. Праплыла ў нас над самымi галовамi, каля майго экрана пакружылася, як бы нешта нюхала, i - назад у разетку. На нас з Карлам як слупняк напаў. I навальнiцы ў той дзень быццам бы не чулi, не бачылi.
   Буслейка, калi гаварыць шчыра, быў вельмi задаволены, што менавiта iх з Карлам Старая Цывiлiзацыя палiчыла самымi разумнымi, самымi кампетэнтнымi людзьмi Ўсходняй Эўропы ды i, магчыма, усёй Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. У маладым узросце кожны нармальны чалавек у меру славалюбiвы, марыць вылучыцца, выдзелiцца, пастаянна быць навiдавоку, i не для яго мудрая, горкая, аплочаная нялёгкiмi духоўнымi стратамi думка старадаўняга фiлосафа "Пражывi непрыкметна". На стрэсаператара нахлынула, накацiлася ўдзячнае шматслоўе, ды Плазмоiд рашуча перапынiў яго, сказаў:
   - Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў чакае Радаслава Буслейку i Карла Гакенхольца. Не хвалюйся, нiчога не бойся, але зараз ты будзеш пераведзены ў такi самы стан, у якiм знаходзiцца твой калега.
   - Я страчу прытомнасць? - занепакоiўся Радаслаў.
   - Ты заснеш i прачнешся там, дзе знаходзiцца Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў.
   - Але ў мяне слабое сэрца.
   - У цябе моцнае здаровае сэрца, - сказаў Плазмоiд. Пачуўся ўжо знаёмы Радаславу рэзкi сухi шчаўчок, шар, iмгненна сарваўшыся з месца, лёгенька стукнуў стрэсаператара па левым плячы, i Буслейка, унутрана супрацiўляючыся, не жадаючы, амаль адразу заплюшчыў вочы.
   VI
   Яны апынулiся ў круглай зале, дыяметр якой складаў недзе пяцьдзесят шэсцьдзесят метраў. Адзiная масiўная калона стаяла ў самым цэнтры гэтай залы, i вось ля падножжа калоны на высечаных з сiняга каменю сядзеннях ачунялi пасля тэлепартацыi*. Радаслаў Буслейка i Карл Гакенхольц. Дзе знаходзiлася зала? Пад зямлёй? У тоўшчы горнай пароды? Цi, можа, у якiм-небудзь будынку на вулiцы шумнага горада? Стрэсаператары на гэты конт не мелi нi кропелькi iнфармацыi. Вакол калоны, а значыць, i вакол iх, у плаўным карагодзе кружылася незлiчонае мноства яркiх малочна-белых шароў. Плазмоiды былi розных памераў: зусiм маленькiя, маленькiя, велiчынёю з баскетбольны мячык, а некаторыя - штук трыццаць - дасягалi да паўметра ў папярочнiку. Незвычайны танец захапляў сваёй вытанчанай пластыкай i прыгажосцю. Было ў iм нешта ад раўнамернага няўхiльнага руху велiзарных акiянскiх хваль, ад грацыёзнага палёту буйных блiскучых сняжынак у навагоднюю ноч. Стаяла абсалютная цiшыня, адзiным жывым гукам, якi ледзь-ледзь парушаў яе, было ўсхваляванае дыханне стрэсаператараў. Радаслаў з Карлам цёрлi кулакамi вочы, глядзелi адзiн на аднаго, каб пераканацца ў рэальнасцi таго, што адбываецца. Гэта быў не сон, не наркатычнае ачмурэнне. Сотнi, тысячы зiхоткiх шароў, падобных на таямнiчыя поўнi з начных нябёсаў, рытмiчна кружылiся наўкола iх, пярэстымi ўзорыстымi карункамi клалiся на калону, на столь i сцены залы плямы залацiстага святла i ценю. У бясшумным, бязмоўным руху адчувалася цудоўная ўнутраная музыка, найвялiкшы глыбiнны сэнс, недаступны, на жаль, чалавечаму мозгу. Гэты, вядома ж, рытуальны танец мог быць iмiтацыяй урачыстага параду зорак i планет у чорнай бязмежнасцi Сусвету або iмiтацыяй няспынна-вечнага руху атамаў у самым асяродку ўсяго iснага, нябеснага i зямнога. Стрэсаператары назiралi за фантастычнай дзеяй моўчкi, бо невядомая ўладная сiла на нейкi час пазбавiла iх мовы. "Дык вось ён - твар Старой Цывiлiзацыi, - спустошана i разгублена думаў Радаслаў Буслейка. - Вось хто пачаў вайну супроць чалавецтва. Чаго хочуць гэтыя маўклiвыя iскрыстыя шары, гэты рой срэбных прывiдаў? Недзе памiж iх, пэўна ж, кружыцца i той плазмоiд, якi захапiў у палон нас з Карлам. Цiкава, што ён думае зараз пра нас i цi здольны ён наогул думаць у нашым чалавечым разуменнi?"
   * Тэлепартацыя - перанос цвёрдых цел праз сцены.