Радаслаў, узняўшы позiрк угору, заўважыў, што столь залы шчыльна пакрыта зеленавата-сiвымi кiлiмамi лiшайнiку. Адразу прыломнiлiся тысячагадовыя валуны, статкi мамантаў, лёд i снег, пустэча змярцвелай пад цяжарам ледавiкоў зямлi. "Мы знаходзiмся ў падзямеллi, - вырашыў стрэсаператар, - бо лiшайнiкi любяць холад i вiльгаць, а такога дабра заўсёды хапае ў падзямеллях. Цiкава, з чаго пачыналася гэта зала раней - з картавай пячоры або з катакомбаў, выкапаных чалавечымi рукамi?" Плазмоiды ў нечым здалiся яму падобнымi на першахрысцiян, якiя, баронячы сваю веру, хавалiся ад Нерона ў такiх жа падзямеллях, дзе ярка нязгасна гарэлi свечкi i паходнi. Праўда, была iстотная рознiца - плазмоiды самаасвятлялiся.
   Тым часам танец патроху пачынаў зацiхаць, запавольвацца. Рухi прыгожых шароў рабiлiся вялымi, як бы санлiвымi. Нечакана плазмоiды ўспыхнулi колерамi сонечнага спектра i спынiлiся. "Вось чаму яны называюць сябе Народам Усiх Сямi Колераў", - здагадаўся Радаслаў.
   Плазмоiды, перагрупiраваўшыся, стварылi сем кругоў. Яны вiселi ў паветры над зямлёй на вышынi каля двух метраў. Стаяла мёртвая цiшыня, пасярод якой усхваляванае сэрцабiцце i дыханке стрэсаператараў здавалася кашчунным. Трыццаць, як налiчыў Радаслаў, самых буйных шароў урачыста,неспяшаючыся, падплылi да калоны, абкружылi яе. Яны знаходзiлiся ад стрэсаператараў на даўжынi выцягнутай рукi, не болей, але Радаславу з Карлам нi пахаладнела нi пагарачэла. У плазмоiдаў не было вачэй, наогул не было твараў, ды Буслейка адчуваў, як яго абмацваюць пiльныя ўсёпранiкальныя позiркi, нiбы рэнтгенаўскiя прамянi. На нейкi мiг яму нават падалося, што з ягонага цела здымаюць адзенне, кратаюць радзiмкi, што густа ўсеялi правы плячук. Прыкра i крыўдна было ўсведамляць сябе ў ролi паддоследнай марской свiнкi. Каб вярнулася мова, Радаслаў, вядома ж, запярэчыў бы, запратэставаў, але таямнiчая сiла паралiзавала галасавыя звязкi. Асаблiва цяжка было гаваруну Карлу - у бедалагi аж пот цурчэў па шчоках i цёмныя вочы зрабiлiся светла-жоўтымi ад абурэння, падобнымi на гарачую смалу.
   Нарэшце, мяркуючы па ўсяму, вывучэнне людзей скончылася. Трыццаць шароў збiлiся ў адзiн шчыльны гурт, як птушкi ў чараду, як пчолы ў рой. Пачулася лёгкае гудзенне, шыпенне, быццам закiпваў велiзарны чайнiк, i раптам трыццаць шароў ператварылiся ў адзiн агромнiсты шар. Ён, гэты шар-волат, сеючы вакол сябе нястрымны бляск, узвiўся пад самую столь, прылiп там да густых лiшайнiкаў i загаварыў. "Гэта Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў", зразумеў Радаслаў Буслейка.
   - Слухайце, жыхары адной з намi планеты, - загаварыў шар-таўстун. - Вы ўбачылi нас, мы ўбачылi вас. Вы i мы лiчым сябе мудрымi, хоць непадобныя мiж сабою, як вада i агонь. Успомнiце ж вашага мудраца Саламона. Вось што казаў Саламон: "Ёсць чатыры маленькiя на Зямлi, але мудрэйшыя за ўсiх мудрацоў. Мурашкi - народ нямоцны, ды ўлетку нарыхтоўваюць ежу сваю. Горныя мышы народ слабы, ды ставяць дамы свае на скале. У саранчы няма цара, ды выступае ўся яна вельмi стройна. Павук лапкамi чапляецца, але жыве i ў царскiх палацах". Чым жа мы, гуманоiды i плазмоiды, мудрэй за гэтых маленькiх?"
   Наступiла паўза. Радаслаў адзначыў сам сабе, што занадта квяцiста i напышлiва мыслiць Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў. "Паболей бы яму дзелавiтай канкрэтнасцi, прагматызму, якiя так даспадобы сучасным людзям. Адразу б узяў быка за рогi i сказаў: так i так, вы, паважаныя стрэсаператары, мае палонныя; хоць вы з бялку, а я з плазмы, але мы пакуль што iснуем на адной планеце; ад вас мне патрэбна тое i тое. I кропка. А то пачынае з прытчаў пра цара Саламона, пачынае, як некалi любiлi гаварыць у старадаўнiм Менску, "залiваць".
   Пэўна, Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў мыслiў порцыямi, своеасаблiвымi кулямётнымi чэргамi, бо, пагаварыўшы прыкладна дзве хвiлiны, змаўкаў i маўчаў хвiлiны тры. "Мыслiцельныя працэсы ў яго яўна запаволеныя, аналiзаваў свае ўражаннi Радаслаў Буслейка. - Наш лiцэiсцiк з трэцяга-чацвёртага класа папросту можа пацягацца з iм, ужо не кажучы пра нашы камп'ютэры".
   - Мы, плазмоiды, аддалi вам пальму першынства, - працягваў вялiзны плазмоiд. - Ваша маладая цывiлiзацыя больш прыстасавана да прыродных умоў планеты Зямля. За вамi будучыня, вядома, няпростая, складаная, шмат у чым трагiчная, але будучыня. Мы ж сёння (i аб гэтым мы ўпершыню гаворым адкрыта) вымушаны сысцi з авансцэны. Але запомнiце: у гiсторыi не бывае лiшнiх старонак. Адзiн з трыццацi правадыроў Народа Ўсiх Сямi Колераў па iменi Пра Мет Э калiсьцi навучыў вашых дзiкiх прашчураў карыстацца агнём.
   Наступiла чарговая паўза. Радаслаў з Карлам бязмоўна пазiралi на плазмоiдаў, бо iхнiя галасавыя звязкi ўсё яшчэ не падпарадкоўвалiся iм.
   - Правадыры Народа Ўсiх Сямi Колераў паказалi вашым першабытным продкам, як з гiганцкiх камянёў рабiць дальмены, каб хавацца ад непагадзi i сачыць за начным рухам зорак. Ведайце, што мы - кентаўры, атланты i амазонкi вашых мiфаў. А потым пачалася бясконцая вайна. I вось мы хочам спынiць яе, бо адну планету, адзiн крохкi шар нельга раскалоць на дзве часткi. Накiруйце свае позiркi ўгору, i вы ўбачыце над сабой лiшайнiк, свяшчэнны лiшайнiк, сiмвал нашай цывiлiзацыi.
   Мяркуючы па ўсяму, плазмоiды вырашылi правесцi для Буслейкi i Гакенхольца своеасаблiвы ўрок лiкбезу, прыўзняць заслону над некаторымi таямнiцамi СЦ. Стрэсаператары даведалiся, што плазмоiды нiколi не разумелi, для чаго патрэбна каханне, i размножваюцца толькi бясполавым шляхам. Галоўнае для iх - Абавязак, якi патрабуе няўхiльна, у любых сiтуацыях захоўваць сваю форму, гэта значыць, быць нi на грам лягчэй або цяжэй устаноўленай нормы вагi i нi на мiлiметр не парушаць устаноўленую норму памеру. Той, хто хоць у нечым пераступiць Абавязак, самазнiшчаецца. Кланы плазмоiдаў, а iх сем, дзеляцца па колерах сонечнага спектра. Апошнiя паўтара тысячагоддзi вялiкi аўтарытэт мае Клан Жоўтых Шаравых Маланак. Здагадкi вучоных, што СЦ з'яўляецца цывiлiзацыяй капiiстаў, недалёкiя ад iсцiны. Сапраўды, валодаючы амаль неабмежаваным запасам плазмы, яна, Старая Цывiлiзацыя, у рытуальных або ў маскiровачных, на час вайны, мэтах можа ствараць самыя разнастайныя фiгуры, целы, збудаваннi i г.д. Кентаўраў грэчаскiх мiфаў СЦ, напрыклад, вылепiла i растыражыравала тады, калi ў вялiкiм здзiўленнi ўпершыню ўбачыла чалавека верхам на канi. Фантазiя ў яе надзвычай багатая, можна сказаць, невычарпальная. Часам яна любiць пажартаваць. Начныя прывiды рыцарскiх замкаў, карлiкi-эльфы германскiх народаў - усё гэта яе штучкi. Славян яна палохала вадзянiкамi i русалкамi. Карацей кажучы, доўгi час была СЦ адзiным, акрамя ветру, скулыiтарам на Зямлi, пакуль не з'явiўся Homo Sapiens. Але класiчная форма яе жыццядзейнасцi толькi круглая.
   Калi планету Зямля пачалi наведваць экспедыцыi астранаўтаў з Далёкага Космасу, Старая Цывiлiзацыя вельмi хутка навучылася капiраваць iхнiя лятальныя апараты. Неўзабаве ў небе лёталi шматлiкiя "талеркi", "сподачкi", "верацёны", "дырыжаблi". Iх было як камароў у цёплы вечар. Касмiчныя прышэльцы збiлiся з панталыку, адшукваючы свае экiпажы мiж гусцейшага рою копiй. Зразумеўшы нарэшце, у чым справа, яны, гордыя сыны нябёсаў, пайшлi на паклон да СЦ, заключылi з ёй пагадненне. З цягам часу прышэльцы i плазмоiды настолькi пераплялiся мiж сабой, настолькi зблiзiлiся, што СЦ пачала лiчыць сваёй прарадзiмай планету Вар i пры дапамозе прышэльцаў, выкарыстоўваючы iхнiя касмiчныя караблi, стварыла там калонiю. Тады ж сiмвалам, своеасаблiвым гербам Старой Цывiлiзацыi зрабiўся пучок лiшайнiку на круглай каменнай плiце. Справа ў тым, што лiшайнiк з'яўляецца не чым iншым, як саюзам, сiмбiёзам грыба i водарасцi. Злiўшыся ў адно цэлае, яны ўжо не могуць iснаваць паасобку, бо адразу ж загiнуць. Так аб'ядналiся дзецi зямной i касмiчнай плазмы, так зрабiлiся яны амаль тытанамi, амаль багамi, i не было, здавалася, такой сiлы, якая б магла хоць злёгку хiстануць iхнi цяжкi, iхнi залаты i срэбны трон. Але выплыла з вады рыба, але спусцiлася з дрэва малпа, але iскрынка iнтэлекту ўспыхнула ў касматай галаве пiтэкантрапа, i валодаць планетай, а затым i космасам прыйшоў Чалавек Разумны. СЦ зразумела, што ў яе з'явiўся наймагутнейшы канкурэнт.
   Вось аб чым, калi гаварыць у агульных рысах, даведалiся Радаслаў i Карл за нейкiя паўгадзiны ад Розуму Народа Ўсiх Сямi Колераў. Вядома, стрэсаператарам хацелася як найхутчэй вызначыць свой статус i сваю мiсiю. Хто яны? Ваеннапалонныя цi госцi? Чаго запатрабуе ад iх, звычайных радавых людзей, СЦ? Але iм далi зразумець, што галоўная размова адбудзецца заўтра. I адразу ж да iх вярнулася мова. Гакенхольц адразу ж заклекатаў, як вулкан Ключаўская Сопка.
   - Вось i патрапiлi мы ў твой Менск, - сярдзiта накiнуўся ён на Радаслава. - А ты ж так залiваўся: ах, паляцiм хутчэй, ах, я пакажу табе, Карл, праспект Крывiчоў, вулiцу Льва Сапегi. Глядзi ж. Глядзi зараз на гэтых круглых i прамянiстых.
   - I гляджу. Прытым з найвялiкшай цiкавасцю, - цвёрда сустрэў выбух Буслейка. - Думаю, што i табе гэта дужа карысна. Чаго ты крывiшся на мяне, як на мокрую шапку? Яшчэ будзеш унукам сваiм хвалiцца, як Радаслаў Буслейка цябе з плазмоiдамi пазнаёмiў.
   - Хочаш, каб фiгу табе пад нос падсунуў? - аж пачарнеў ад гневу Карл. Трэба зазначыць, што людзi Эпохi Вялiкага Плюралiзму, слухаючы парады ўрачоў i падпарадкоўваючыся багатаму жыццёваму вопыту, часам давалi выйсце адмоўным эмоцыям, спускалi, як кажуць, лiшнюю пару.
   - Не сярдуй, стары, - мiралюбна, нiбы хлапчука, паляпаў яго далонню па шчацэ Радаслаў.
   - З табой звiхнешся, - зноў пачаў заводзiцца Гакенхольц, але ў гэты час Радаслаў схапiўся абедзьвюма рукамi за свой лоб ды так i застыў з прасветлена-засяроджаным тварам. Карл адразу ж прыцiх, бо зразумеў - да сябра "прыйшла мазгаграма". ("Што здарылася, Адзiны?" - усхвалявана загучаў у самай глыбiнi душы i мозга цёплы голас Радаслававай жонкi Нiны. "Усё ў норме, Нiнка-трысцiнка. Як ты?" - "I ўсё-ткi, што з табой здарылася?" "Знаходжуся з Карлам, я пра яго расказваў, у СЦ". - "У СЦ? Якi жах!" - "Не хвалюйся. Са мной усё добра". - "Беражы сябе, Адзiны! Беражы для мяне i для нашага сына, якi народзiцца праз чатыры месяцы i шэсць дзён". - "Дзякуй, Адзiная. Дзякуй".)
   Радаслаў знясiлена апусцiў рукi, зiрнуў на Карла. Твар быў, як белы рачны пясок.
   - Жонка? - спытаў Карл.
   - Так. Нiнка-трысцiнка.
   Нейкая хвiлiна, за якую ён прыняў мазгаграму i даў адказ на яе, каштавала вялiкай нервовай энергii. Ён адчуваў, як кружыцца галава.
   У гэтым месцы патрабуецца тлумачэнне. Справа ў тым, што чалавецтва, няспынна шлiфуючы свой iнтэлект, вышукваючы глыбiнныя рэзервовыя сiлы арганiзма, навучылася намаганнем сiлы волi i любовi пасылаць на неабмежаваныя адлегласцi думкi - ад чалавека да чалавека, з мозгу ў мозг. Для такiх мазгаграм не патрэбны былi нi гукавыя або светлавыя хвалi, нi якiя-небудзь хiтрыя тэхнiчныя выкрунтасы. Ад людзей патрабавалася толькi адно - каханне. Збалелая i ўсхваляваная душа выпраменьвала энергiю, якая, нiбы ўспышка маланкi, ляцела праз сотнi кiламетраў, беспамылкова знаходзячы адрасат. Дзецi маглi прыняць мазгаграму ад мацi, але самi былi няздольны паслаць яе, бо няспелую i нямоцную мелi душу. Дарослыя таксама валодалi такiм дарам не ўсе. Ды некаторыя дужа i не бедавалi - калi што якое, званiлi на тэлеграф. I ў Вялiкую Эру Плюралiзму ў людзей, як i заўсёды, былi розныя, вельмi непадобныя душы.
   Буслейка, усё яшчэ знаходзячыся пад салодкiм гiпнозам размовы з жонкай, сядзеў з прасветленым тварам, аж пакуль яго не тармаснуў за плячо Гакенхольц.
   - Пойдзем. Усе плазмоiды ўжо знiклi. Застаўся адзiн, маленькi, i ён павядзе нас некуды на начлег.
   - А хiба плазмоiды спяць?
   - Гэтага я, як i ты, не ведаю. Але спаць трэба нам.
   Яны выйшлi з ужо абсалютна пустой залы, пабрылi па нейкiх дужа вузкiх цёмных лабiрынтах. Маленькi шарык плыў наперадзе.
   - Мяркуючы па ягоных памерах, гэта васьмi - дзесяцiгадовы хлапчук, сказаў Радаслаў. - Цiкава, як у плазмоiдаў устроены галаўны мозг? Ну, можа быць, i не галаўны, i не мозг, а той орган, якiм яны думаюць?
   - Мозг мозгам, а мяне асабiста болын хвалюе, чым яны харчуюцца i як пераварваюць сваю ежу, - азваўся з цемры Карл.
   - Не бойся. Пэўна ж не мясам, не каўбасой, а той жа электрычнасцю, плазмай. Падключыцца вось такi шарык да якой-небудзь энергаўстаноўкi, смактане пяць-шэсць ват i задаволены, i танцуе, - i паплыў шукаць сабе электрадзевачку.
   - Яны бясполыя.
   - У такiм разе, я iм не зайздрошчу. Сумна жывуць.
   - Можа, сумна, а можа, i не, - па-фiласофску ўздыхнуў Гакенхольц. Гэта мы, найвялiкшыя з найвялiкшых эгаiстаў i сябелюбцаў, прывыклi ганарлiва лiчыць, што чалавек - пуп усяго, мера ўсiх мераў, вяршыня ўсiх вяршынь, зроблены па вобразу i падабенству божаму, што мы павiнны ўладарыць на Зямлi i ў Космасе. А чым, напрыклад, ластаўка горшая за нас? У ёй што - няма божай часцiнкi, божай iскры?
   - Згодзен з табой.
   Так iшлi яны, цiха перагаворваючыся, па таямнiчых лабiрынтах, i плыў наперадзе яркi шарык, i яны не ведалi, што чакае iх у кожную наступную хвiлiну.
   Нарэшце дабралiся да месца начлегу. Радаслаў, агледзеўшыся па баках, здзiўлена ўсклiкнуў:
   - Паслухай, дык гэта ж самая што нi ёсць сапраўдная манаская келля! Не хапае толькi распяцця на сцяне.
   - Вельмi падобна, - сеў на каменны куб, якi замяняў крэсла, Карл. - I сцены такiя ж, i столь, i вузенькае акенца... Цi гэта пакiнуты i забыты людзьмi падземны манастыр, цi СЦ зрабiла дужа ўдалую копiю, мяркуючы, што iдэал, вянец чалавечага жытла - суровая манаская келля. Калi так, то СЦ даволi аскетычная асоба i я з ёй не сябрую.
   На каменным стале гарэла вiтая свечка, ляжаў на белым абрусе хлеб, пасыпаны соллю, стаяў цёмна-чырвоны збан з нейкiм пiтвом.
   - Можа, вiно? - хiтравата ўсмiхнуўся Радаслаў. - Пакаштуем?
   У збане была вада, халодная, смачная.
   - Жывучы мiж воблакаў, мiж электрычных разрадаў, СЦ уявiла, што i мы, нiкчэмныя стрэсаператары, харчуемся толькi плазмай або, у крайнiм выпадку i па вялiкiх святах, божай расой, - змрочна пажартаваў Карл Гакенхольц.
   Плазмоiд, пра якi яны амаль забылiся, вiсеў, прыляпiўшыся да столi, i раптам сказаў:
   - А мне па вашаму летазлiчэнню трыста восем гадоў.
   Стрэсаператары анямелi ад здзiўлення. Потым Радаслаў, пачцiва, хоць i з доляй iронii, пакланiўшыся, прамовiў:
   - Вы, наш невядомы дарагi гаспадар, старэй за Вялiкую Эру Плюралiзму. Калi я не памыляюся, Вы нарадзiлiся праз год пасля Сёмай Нафтавай Вайны.
   - Не выкай мне, Радаслаў Буслейка - весела засмяяўся плазмоiд. - Сярод вас, людзей, мне было б ад сiлы дзесяць - трынаццаць гадоў. Я самы сапраўдны хлапчук.
   - Калi ты хлапчук, то навошта ўблытваешся ў размовы дарослых? - зрабiў выгляд, што раззлаваўся, Карл.
   I тут плазмоiд знiк. Гэта адбылося так iмгненна, што стрэсаператары не паспелi нават вокам мiргнуць.
   - Не чакаў я ад яго такой далiкатнасцi, - разгублена сказаў Гакенхольц.
   - Варта было б табе, Карл, прышыць на рот "маланку"-засцежку, - суха ўсмiхнуўся Радаслаў.
   - У якiм сэнсе?
   - У самым прамым. Аказваецца, СЦ не падабаецца твой гумар. Вось i зашмаргнуў бы ты рот i сядзеў моўчкi.
   - Зашмаргнi свой.
   - Навошта? Твой шырэйшы.
   Вось-вось павiнен быў грымнуць эмацыянальны выбух. Радаслаў, каб не абвастраць сiтуацыю, дастаў з унутранай кiшэнi курткi дарожны партманет, раскрыў яго. У адным з аддзяленняў партманета ляжаў малюсенькi чырвоны чалавечак-лялька. Радаслаў нацiснуў кнопку, пачуўся свiст, i чалавечак адразу пачаў надзiмацца.
   - Хутчэй, хутчэй, Якуб, - падганяў яго Радаслаў.
   Чалавечак, быццам пачуўшы загад, скокнуў з партманета на падлогу i хвiлiны праз тры-чатыры быў ростам упоравень з Буслейкам. Вось ён прыняў баявую баксёрскую стойку, i пачаўся паядынак. З усiх спартыўных адзiнаборстваў Радаслаў аддаваў перавагу класiчнаму ангельскаму боксу. Якуб быў нядрэнным спарынг-партнёрам, вельмi хутка рухаючыся, валодаючы адчувальным ударам. Яго чырвоныя гумавыя кулакi ярасна малацiлi паветра, i неўзабаве Радаслававай скiвiцы давялося ўздрыгнуць.
   - Малайчына Якуб! - крыкнуў Буслейка. - Так мне i трэба!
   Гарачымi пругкiмi хвалямi поўнiлася цела. Азарт маладзiў душу. Надзейна i важка адчуваўся кожны мускул.
   Карл, забыўшыся пра нядаўнюю спрэчку, смяяўся:
   - Сцеражыся, Радаслаў, а то гэты гумавы джэнтльмен табе нос расплешча.
   Перамог, вядома ж, чалавек. Магутным аперкотам Радаслаў звалiў Якуба. Той распластаўся на падлозе i зноў змiзарнеў, ператварыўся ў малюсенькую лялечку, каб заняць звычнае месца ў партманеце.
   - Вось так я супакойваю свае нервы, - сказаў Буслейка, шматзначна зiрнуўшы на Гакенхольца.
   - Дзе ж мы будзем спаць? - захваляваўся праз нейкi час Карл. - На голай падлозе? Цi, можа, седзячы на каменным кубе?
   Ён пакрыўджана, як дзiця, засоп носам.
   - Давядзецца ўсю ноч успамiнаць анекдоты, - адломваючы кавалачак хлеба, уздыхнуў Радаслаў.
   - Анекдоты - саржавелая зброя даплюралiстычнай эпохi. Зброя слабых i прыгнечаных.
   - Ну не скажы...
   Так яны вялавата перакiдвалiся словамi, а твары iхнiя ўсё больш змрачнелi. Каго ж узрадуе перспектыва спаць на халодных камянях?
   Раптам зайграла звонкая бадзёрая музыка. Над галовамi ў стрэсаператараў, шчоўкнуўшы, адчынiлiся два круглыя люкi, з iх апусцiлiся два гамакi з поўным наборам пасцельнай бялiзны.
   - Слава Старой Цывiлiзацыi! - запляскаў у ладкi Радаслаў. - Няхай жыве дружба памiж чалавекам i плазмоiдам!
   Спалi моцна. Буслейка бачыў ува сне бой каля Пятровiцкага вадасховiшча. Зноў ён ляжаў побач з капiтанам Хвалiбогам i зноў iшлi па вадзе шышкагаловiкi, страляючы з псеўдааўтаматаў. Маршыруючы паперадзе iх, iмi камандаваў сухарлявы чарнавусы франт, апрануты ў форму рэспублiканскай гвардыi.
   - Дык гэта ж капiтан Хвалiбог! - здзiўлена крыкнуў нехта з гвардзейцаў.
   З усiх бакоў пачулiся ўсхваляваныя галасы:
   - I тут капiтан, i там капiтан!
   - Што за д'ябальшчына?!
   - Куды ж страляць?!
   - Хто сапраўдны?!
   Хвалiбог пачырванеў, як рак, ад найвялiкшага гневу, ускочыў, затрос кулакамi:
   - Маўча-а-аць!!! Я - капiтан!!! Агонь па iмiтатарах!!!
   Ад такога крыку-енку Буслейка спуджана прачнуўся. Пад столлю ўжо вiсеў маленькi плазмоiд, лагодна прамянiста свяцiўся.
   - Чаму ты ўчора так раптоўна знiк? - спытаў Буслейка. - Ён жа, Карл, пажартаваў, проста пажартаваў.
   - А што гэта такое - жарт i што значыць - пажартаваў? - сцiпла пацiкавiўся плазмоiд.
   - Цяпер я здагадваюся, чаму ў вашай цывiлiзацыi абрэвiятура СЦ, уздыхнуў Радаслаў. - Вы Сур'ёзная Цывiлiзацыя, дужа Сур'ёзная.
   Разбудзiўшы Карла Гакенхольца, пайшлi ў залу пасяджэнняў (па Радаслававай тэрмiналогii) Розума Народа Ўсiх Сямi Колераў. Карл iшоў i скардзiўся, што ў яго абсалютна пусты страўнiк.
   Iх ужо чакалi. Зноў iх пасадзiлi каля падножжа калоны на сядзеннях, высечаных з сiняга каменю. Зноў пачаўся ашаламляльны танец зiхоткiх шароў. Потым па заведзенай традыцыi выплылi трыццаць самых буйных плазмоiдаў, згрупавалiся ў адзiн вялiзны шар, якi сказаў:
   - Слухайце, жыхары адной з намi планеты. Вас, людзей, дзесяткi мiльярдаў, нас - дзесяткi тысяч. Надышоў такi час, калi мы болын не можам вытрымлiваць ваш нацiск. Мы, хоць i не ўсе, вырашылi перасялiцца на планету Вар, нашу прарадзiму. З сямi кланаў Народа Ўсiх Сямi Колераў падтрымлiваюць такое рашэнне пяць кланаў. Вы можаце спытаць: чаму плазмоiды пакiдаюць планету Зямля? Па-першае, мы - дзецi Космасу. Мы, у адрозненне ад вас, можам жыць усюды. Па-другое, вы, людзi, загналi нас у такiя тупiкi, у такiя падзямеллi, адкуль, калi мы не выберамся сёння, заўтра ўжо выбрацца будзе немагчыма. А мы, як i вы, хочам захаваць для будучых пакаленняў сваю цывiлiзацыю. Вы, людзi, разбураеце наша жытло, нават i не задумваючыся аб гэтым. Вам трэба нафта, вугаль, золата, газ, i вы, змятаючы ўсё на сваiм шляху, груба ўрываецеся ў патаемныя зямныя нетры. Вы бесперапынна пампуеце нафту. А што такое нафта i газ? Гэта - кроў СЦ, гэта - наша жыццё.
   Радаслаў з Карлам, як i ўчора, моўчкi слухалi словы Розуму Народа Ўсiх Сямi Колераў, бо не маглi вымавiць нi гуку. Мяркуючы па ўсiм, СЦ аддавала перавагу выключна маналогу.
   - Мы хочам раз i назаўсёды памiрыцца з людзьмi, - казаў далей суперплазмоiд. - Вялiкi Жах, на якi спадзявалiся нашы папярэднiкi, сёння ўжо не дапаможа. Ён вычарпаў сябе i прыносiць у першую чаргу шкоду нам, плазмоiдам. Мы зразумелi, што чалавецтва дасягнула такой духоўнай вышынi, на якой яго не запалохаеш нiчым. Так, нiчым. Чалавецтва нават не баiцца смерцi, таму што верыць у вечнае жыццё душы. Мы хочам памiрыцца, адступiць, бо нас менш. Два нашы кланы, фiялетавы i чырвоны, не згаджаюцца з такiм рашэннем i тры днi назад у мясцовасцi, якая называецца Чорны Хутар, правялi звышярасную атаку. Выплеск знiшчальнай энергii быў найвышэйшы - дзевятай катэгорыi. У вынiку загiнуў падлетак...
   Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў на iмгненне замоўк, пэўна, накоплiваў неабходную iнфармацыю.
   - ...падлетак Клён Дубровiч. Ягоны бацька Гай Дубровiч (дарэчы, мы высветлiлi, што iмя Гай на грэчаскай мове азначае "зямны") не можа пакуль што ачуняць ад вострага шоку. Мы, пяць кланаў, не хацелi гэтай смерцi. I мы вырашылi ажывiць падлетка.
   Пры гэтых словах Радаслаў з Карлам пераглянулiся.
   - На планеце Вар цячэ Рака Адноўленых Твараў. Вада, а дакладней, тая субстанцыя, што запаўняе яе русла, валодае здольнасцю ажыўляць клеткi бялковых арганiзмаў, якiя знаходзяцца ў стане клiнiчнай смерцi. Гэта не мiф i не казка, гэта рэальнасць. Ажывiўшы Клёна Дубровiча, мы пакажам вам, людзям, што спыняем нарэшце бясконцую вайну, што прагнем мiра i перасялення на планету Вар.
   Цела Клёна Дубровiча знаходзiцца зараз у спецыяльнай герметычнай сферы. Роўна праз паўгадзiны наш лятальны апарат, якi вы называеце КЛА, панясе гэту сферу на Вар, да Ракi Адноўленых Твараў.
   Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў зрабiў паўзу. "Няўжо яны сапраўды адкрылi таямнiцу бяссмерця?" - хвалюючыся думаў Радаслаў Буслейка. - Цi захочуць яны падзялiцца гэтым сакрэтам сакрэтаў з намi, з чалавецтвам? Мы ж прычынiлi iм столькi зла".
   - Працэс ажыўлення патрабуе, каб пры гэтым абавязкова прысутнiчалi людзi, двое людзей, а яшчэ дакладней, жанчына i мужчына. Менавiта яны запальваюць агонь новага жыцця. Iхняя прысутнасць, iхняя аўра, пад якой мы разумеем жыццёвую сiлу, дапаможа адрадзiцца чалавечай плоцi. Жанчына ўжо ёсць. Гэта - Вера Хрысцiнюк, трыццаць год, чацвёртая група крывi, шатэнка. Патрэбен мужчына. Iм будзе, няхай прабачае Карл Гакенхольц, Радаслаў Буслейка, дваццаць два гады, другая група крывi, бландзiн. У Буслейкi, няхай прабачае Карл Гакенхольц, душа па свайму эмацыянальна-энергетычнаму напаўненню болып блiзкая да Клёна Дубровiча. Што хоча сказаць Радаслаў Буслейка?
   Да Радаслава нарэшце вярнулася мова.
   - Гэта так нечакана, - разгублена загаварыў ён. - Мёртвы хлопчык... Планета Вар... Рака Адноўленых Твараў... Карл, мы не спiм з табою?
   Гакенхольц, якi ўсё чуў, але пакуль што не мог размаўляць, адмоўна замахаў галавой. Вочы ў яго кiпелi гневам. Не паздаровiцца СЦ, калi верне яму мову.
   - Вядома, я вельмi хачу, я жадаю, каб ажыў гэты хлопчык, гэты - як яго? Клён Дубровiч, - казаў далей Радаслаў. - Калi вы навучылiся рабiць такое, вяртаць дыханне мёртваму чалавеку, заклiнаю вас усiмi старымi i новымi багамi - ажывiце Клёна, пастаўце на ногi. Але мой нечаканы палёт... Нават не ведаю... Мая жонка, мая Нiнка-трысцiнка, - ён злёгку пачырванеў, - працуе заолагам перасоўнага летняга лагера ў Тоўстым Лесе. Чулi пра такi? Дык вось мы праз некалькi месяцаў чакаем сына, у нас павiнен нарадзiцца сын. Разумееце?
   - Тым лепш, - прамовiў Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў. - У цябе, Радаслаў Буслейка, зараз вельмi энергiчная, вельмi насычаная i моцная аўра. Тое, што i патрэбна для ажыўлення. Карл Гакенхольц нешта жадае сказаць?
   Карл адразу ж закрычаў як апечаны:
   - Гэта подла! Вераломна! Вы не маеце права! Ваша Старая Цывiлiзацыя падобна на мокрую курыцу!
   - Цiшэй, Карл Гакенхольц, - спакойна папярэдзiў Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў. - Гавары цiшэй. Калi ты будзеш павышаць голас, мы заблакiруем яго.
   - Прабачце, - прыклаў руку да сэрца Карл. - Я хацеў сказаць, што ляцець трэба мне. У Радаслава чакаюцца вялiкiя сямейныя клопаты. А я халасцяк. Калi што здарыцца з КЛА...
   - З КЛА нiчога не можа здарыцца, - парыраваў Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў.
   - Ляцець павiнен я, - не здаваўся Карл.
   - У цябе, Карл Гакенхольц, як заўважана, душа па свайму эмацыянальна-энергетычнаму напаўненню вельмi адрознiваецца ад Клёна Дубровiча. Ты толькi нашкодзiш.
   - Няпраўда! - успыхнуў Карл, але голас ягоны адразу ж быў заблакаваны.
   - Калi гэта дапаможа хлопчыку, я гатоў ляцець, - сказаў Радаслаў Буслейка. - Толькi патрэбна абавязкова паведамiць маёй жонцы ў Тоўсты Лес.
   НЕ КУПАЙСЯ Ў РАЦЭ АДНОЎЛЕНЫХ ТВАРАЎ
   VII
   У Доме Народаў, якi ўзвышаўся на беразе ракi Заiр у экватарыяльным горадзе Мбандака, сабраўся Надзвычайны З'езд Усiх Зямных Канфедэрацый. Павiнна было прысутнiчаць (прыляцець, прыплыць i прыехаць) восемсот дэлегатаў. Яны прадстаўлялi Iндаэўрапейскую, Паўночнаамерыканскую, Лацiнаамерыканскую, Арабскую, Афрыканскую, Эўразiйскую, Мангола-Кiтайскую i Япона-Цiхаакiянскую канфедэрацыi. Яўка была амаль стопрацэнтная. Па незалежачых ад iх прычынах не змаглi прыбыць дэлегат-афрыканец, якога проста на пляжы схапiў i завалок пад ваду гiганцкi кракадзiл, i дэлегат з Варшавы, што загiнуў ад удару шаравой маланкi.
   Дом Народаў быў пабудаваны ў выглядзе велiзарнага белага куба. Усе яго восем паверхаў (па колькасцi Канфедэрацый) аздаблялi ў нацыянальных стылях выдатнейшыя мастакi, скульптары, гравёры, цесляры, паркетчыкi. Вочы разбягалiся ад яркiх сакавiтых фарбаў. Уся планета Зямля - ад белых марозных пустынь Арктыкi да мангравых лясоў на астравах Цiхага Акiяна - глядзела на кожнага, хто пераступаў парог, са сцен гэтага цудоўнага палаца.
   Калi ўсе занялi свае месцы, старшыня (а iм быў канадзец Джон Мур) аб'явiў:
   - Прашу ўсiх устаць. Гучыць Гiмн Планеты. Семсот дзевяноста восем галасоў зладжана злiлiся ў адзiн усхваляваны голас:
   Мы - дзецi Гамера,
   Мы - дзецi Канфуцыя...
   - Рабочай мовай нашага з'езда, як вы ўжо ведаеце, будзе партугальская, - напомнiў Джон Мур, калi адгучаў гiмн i ў зале зазвiнела цiшыня.