Страница:
Брат зрабiў рух, нiбы хацеў нешта сказаць, але, не сказаўшы нiчога, выйшаў.
Свiтала спакваля, нiзкiя хмары аблажылi неба i дапаўнялi цемру ночы. У глыбiнi змроку бiлi ранiшнiя званы гарадскiх храмаў. Тут, у мурах Санта Марыя ла Анцiгуа, стаяла цiшыня.
Падрэ Тарквемада задуменны стаяў каля акна, нарэшце павярнуўся i падышоў да стала. Але да ежы не дакрануўся. Падняў руку, каб перажагнаць стол, пасля дастаў з-пад хабiты скапулiр, адчынiў яго i тое, што было ў iм, высыпаў у збан з вiном.
Калi неўзабаве сеньёр дэ Сiгура, папярэджаны братам Дыега, увайшоў у келлю, вялебны айцец кленчыў каля ложка i малiўся. Стары рыцар перахрысцiўся кароткiм салдацкiм рухам i, адышоўшы да сцяны, моўчкi чакаў, пакуль Вялiкi iнквiзiтар закончыць малiтву. Праз хвiлiну падрэ Тарквемада ўстаў. Брат Дыега, вельмi бледны, запытальна паглядзеў на яго.
- Застанься, - сказаў вялебны айцец.
Пасля павярнуўся да сеньёра дона Карласа.
- Мiр з табою, шаноўны капiтане.
Той з павагай схiлiў галаву.
- I з табой, вялебны ойча. Брат Дыега сказаў, што вы хацелi бачыць мяне. Маеце якiя даручэннi?
- Нiякiх. Бадай, мне патрэбна твая парада, твая дасведчанасць.
Ён падсунуў да акна крэсла i сеў так, каб твар быў у святле.
- Апошнiм часам я многа думаў, - пачаў цiха i глыбакамысна, нiбы гаворачы да самога сябе. - Думаў таксама i пра тое, што вы сказалi мне некалькi дзён назад, яшчэ ў Сарагосе.
Збарознены цёмнымi маршчынамi твар сеньёра дэ Сiгуры засвяцiўся амаль маладым запалам.
- Памятаю, вялебны ойча. I настойваю, каб вы дазволiлi нам з яшчэ большым, чым дагэтуль, клопатам i ўвагай сачыць за вашай асабiстай бяспекай. Ворагi...
- Так ненавiдзяць мяне?
- Ойча вялебны, нянавiсць ворагаў...
- Ведаю, маеш рацыю. Вядома, пакуль праўда не возьме верх, мы можам вымяраць яе сiлу нянавiсцю нашых ворагаў.
- Як жа ворагам не ненавiдзець цябе? Тваё жыццё, вялебны ойча...
- Слушна. Не думай, сыне мой, я ведаю, што з характару маiх абавязкаў менавiта мне даручана асобая мiсiя ўсю моц свайго розуму прысвяцiць будове падмурка пад справу Святой iнквiзiцыi. Божа ўсемагутны, трэба, на жаль, сказаць, - справа гэтая яшчэ не ўмацаваная ў хрысцiянскiм свеце, i можна смела i не баючыся папрокаў за пыху сцвярджаць, што менавiта мы тут, у нашым каралеўстве, - адзiны i найбольшай важнасцi ўзор веры, i мы перадаём усiм астатнiм каталiцкiм народам навуку нашага вопыту, як парадак сталяваць на зямлi i якiмi метадамi ламаць супрацiўленне ворагаў.
- Хай Бог спрыяе нашым пачынанням, - сказаў узрушаным голасам сеньёр дэ Сiгура.
Падрэ Тарквемада падняў абедзве далонi.
- За гэта i я малюся. Таму i ахвотна, сыне мой, уважаю тваiм турботам. Сапраўды, нельга мне занядбаць нiякiх сродкаў, што спрыяюць маёй бяспецы.
- Ойча вялебны, можаш заўсёды давярацца мне i маiм салдатам. Дазволь мне, аднак, ойча, сказаць - мне было б спакайней на сэрцы i мой рыцарскi гонар быў бы больш угрунтаваны, калi б усякiя распараджэннi, асаблiва тыя, якiя адрознiваюцца ад ранейшых, я атрымлiваў з тваiх, ойча, вуснаў, непасрэдна. Прабач, ойча, што я кажу пра гэта. У мяне няма нiякiх падстаў думаць, што прысутны тут брат Дыега недакладна перадаў мне твой загад. Прызнаюся, аднак, што, здзiўлены яго суровасцю, я падумаў: "Божа вялiкi, калi тут, у месцы, асвянцоным прысутнасцю Бога, няма табе бяспекi, то дзе яна ёсць?"
- Нiдзе! - цвёрда сказаў Тарквемада. - Вялебны айцец д'Арбуэз цi ж не загiнуў у месцы, асвянцоным прысутнасцю Бога?
Стары рыцар схiлiў галаву.
- Я толькi салдат, i часам мне цяжка ахапiць розумам памеры падступнiцтва. Калi ты, ойча, сярод сваiх служак i я вартую непадалёк, тады я ўпэўнены, што ты ў бяспецы.
- Думаеш, што сярод нас не можа завесцiся вораг? Ёсць такiя, якiх не пераможаш мячом. Паглядзi хоць бы на гэта снеданне. Хто можа ведаць, цi не схаваны ў iм вораг?
Сеньёр дэ Сiгура пабялеў. Падняў руку да лоба i змучаным рухам правёў па iм далоняй. Цiха спытаўся:
- Ты так думаеш, вялебны ойча?
На гэта Тарквемада адказаў:
- Толькi тады мы належным чынам убяспечымся ад ворага, калi будзем падазрэннем апярэджваць яго дзеяннi. Усё магчыма. А таму, каб нам не было за што дакараць самiх сябе, няхай з гэтага часу правярае ўсякую ежу прызначаны табою чалавек, чалавек набожны, якi вельмi добра разумее, што азначае ў такой справе маўчанне.
- Цi думаеш, ойча, што гэта павiнен быць мой абавязак?
- Не, мой сыне, - адказаў Тарквемада. - Ты надта блiзка стаiш каля мяне, каб можна было рызыкаваць табою. Дастаткова, калi зробiш гэта адзiн раз, сёння. I хай гэта будзе сiмвалiчным актам тваёй годнасцi i адданасцi.
- Ойча мой! - сказаў сеньёр дэ Сiгура трохi збянтэжана.
Падрэ Тарквемада ўзняў павекi, яго вочы былi поўныя заклапочанасцi i знуджанага смутку.
- Сёння ноччу я спавядаўся i яшчэ не паспеў разгавецца.
Вялебны айцец падняў руку i ўчынiў над сеньёрам донам Карласам знак крыжа.
- Адпускаю грахi твае, сыне, бо тое, што хочаш зрабiць, робiш у сапраўднай веры i на яе ўмацаванне.
- Хай Бог убаронiць цябе для нас на доўгiя гады, мой ойча, - сказаў сеньёр дэ Сiгура.
Пасля падышоў да стала i рухам чалавека, якi не надае вялiкага значэння ежы, узяў сыру, налiў у кубак вiна. Выпiў яго з такой жа абыякавай паспешнасцю, адставiў кубак i, калi рука яго пацягнулася па хлеб - збялеў, задрыжаў, падняў растапыраныя, але ўжо здранцвелыя пальцы да горла i з застылым у апечанай гартанi глухiм крыкам захiстаўся, яшчэ раз нешта сказаў не ў лад, паспрабаваў выпрастацца, не змог i грымнуўся ўсiм целам на стол; стол пад яго цяжарам перавярнуўся, сеньёр дэ Сiгура нiцма павалiўся на каменную падлогу.
- Божа! - крыкнуў з цёмнага кута келлi брат Дыега.
Настала цiшыня. Праз хвiлiну падрэ Тарквемада сказаў:
- Сыне мой.
Брат Дыега, сагнуўшыся каля сцяны, закрыў твар рукамi.
- Сыне мой, - паўтарыў вялебны айцец, - здарылася страшнае, але гэты чалавек ужо стаiць перад вышэйшым судом, i толькi адзiн Бог ведае ў гэтую хвiлiну адказ на пытанне: злачынца гэта цi няшчасная ахвяра злачынства? Будзем прасiць Бога, каб i мы зведалi гэтую праўду.
Брат Дыега дрыжаў, твар яго пашарэў. Дыега прыпаў да кален Вялiкага iнквiзiтара.
- Ойча мой, малю цябе, дазволь мне вярнуцца ў свой кляштар. Прызнаюся, уражаная рэўнасцю любоў мая змусiла мяне данесцi на гэтага чалавека, але адкуль я мог ведаць, што маё абвiнавачанне сягае аж так далёка? Занадта высока, ойча, узнёс ты мяне. Мяне палохае мiзэрнасць людской натуры. Дазволь мне быць сабою, ойча. Я малы чалавек, якi толькi ў цiшы i ў спакоi здолее служыць Богу.
Падрэ Тарквемада ўсклаў далонь на яго галаву.
- Што такое цiшыня i спакой?
- Не ведаю, ойча. Ведаю толькi, што мяне палохае велiч страшнага зла.
- I ты думаеш, што можна ўцячы ад таго, што ты ўжо зведаў?
- Ойча, ты найлепш ведаеш - тое, што я здолеў спазнаць, гэта толькi дробная часцiнка ўсёй праўды.
- I яе ты так баiшся?
- Завысока хочаш мяне, ойча, узнесцi.
- Праўды пра натуру людскую баiшся?
- Ойча мой!
- Няўжо табою кiруе страх перад гэтай праўдай. Боязь, што цалкам спазнаеш i ўразумееш i ахопiш людскiя злачынствы?
Брат Дыега пакутлiва паглядзеў на яго.
- Маеш рацыю, ойча. Сваёй нянавiсцi i пагарды да ўсяго я не баюся.
- Няпраўда!
- Так, мой ойча.
- Iлжэш або баязлiва хочаш падмануць самаго сябе. Не, не пагарды i нянавiсцi ты баiшся, а любовi.
- Любовi?
- А што ж тады пагарда i нянавiсць да зла? Цi ж не ўзброеныя гэта рукi любовi да дабра?
- Ойча мой, але ж не крынiца, а рака, якая з крынiцы чэрпае сваю сiлу, бывае страшная i грозная.
- Зноў памыляешся. I як наiўна! Рэкi сапраўды бываюць грозныя i шмат спусташэнняў могуць учынiць, але не праз свае крынiцы, а таму, што iх мацуюць дажджы i горны снег.
- А думкам i пачуццям, якiя плывуць i вынiкаюць з любовi, ойча, цi ж не пагражае таксама ўварванне рэчаў, варожых iх натуры? Якую я магу мець упэўненасць, што я з маёй любоўю да дабра ўбаранюся ад учынкаў, якiя супрацiўныя гэтаму? Цi ж я магу прадбачыць, куды завядзе мяне мая нянавiсць i пагарда.
- Увогуле, ты можаш гэта прадбачыць. Яны завядуць цябе не далей i не глыбей, чым твая любоў. Яна будзе маналiтная i магутная, такая будзе i твая нянавiсць да грэху. А пойдзеш на слабую, на хiсткую любоў, такiмi ж будуць i твае пачуццi нянавiсцi i пагарды. На жаль, мой сыне, ты баiшся вялiкай любовi. Сiлы яе баiшся, уздзеяння яе, а больш за ўсё яе неабвержных, настойлiвых вымаганняў. Хочаш уцячы ад любовi. Ну i ўцякай. Вяртайся ў свой кляштар. Не буду цябе трымаць.
- Памылiўся ты ўва мне, ойча, - шапнуў Дыега.
Тарквемада зноў крануўся рукою яго схiленай галавы.
- Паглядзi мне ў вочы.
- Так, ойча.
- Баюся я, мой сыне, што тое, што я, можа, i памылкова мяркуючы, мог бы сказаць табе цяпер, некалi беспамылкова скажа табе Бог.
Вочы Дыега заслала слязьмi.
- Ойча мой, не ў магутнасцi любовi сумняваюся, а ў сваёй сiле.
- Наiўны, дурненькi! А ў чым бы ты сумняваўся, калi б глядзеў цяпер на маё пахаладзелае цела?
Дыега задрыжаў.
- Ойча, i мае намеры не былi чыстыя.
- А iх вынiкi? Чаму не мерыш свае намеры вынiкамi? Думаеш, факты - гэта нешта менш надзейнае за твае выпакутаваныя думкi? Сапраўды, i я табе гэта кажу, толькi з вялiкай любовi можа нарадзiцца такi раптоўны бляск чуйнай гатоўнасцi, якi табе быў дадзены.
Слёзы цяклi па шчоках Дыега.
- Ойча мой, няўжо гэта сапраўды была любоў?
Тарквемада нахiлiўся над Дыегам, якi ўсё яшчэ кленчыў.
- Сыне мой, дзiця маё... хрысцiянскай любовi ў табе больш, чым ты думаеш.
- Чаму ж тады я сумняваўся ў сабе?
- Ты сумняваўся ў праўдзе.
- Ойча, клянуся, мая вера...
- Любоў i праўда не адно i тое?
- Тое, ойча.
- Тады думай да канца. Засумняваўся ў сваёй сiле? А што крынiца яе? Любоў, якая служыць праўдзе i адназначная з ёю. Як жа, верачы ў праўду, ты, яе носьбiт, можаш сумнявацца ў сабе? Цi ж не яна - невычэрпная крынiца людское сiлы? Толькi тады, калi чалавек пачынае сумнявацца ў ёй, прыходзiць i сумненне ў сабе?
Брат Дыега падняў галаву. Бледны, але вочы былi сухiя.
- Я не хацеў, ойча, свядома iлгаць.
- Я б не гаварыў з табою, мой сыне, калi б не ведаў гэтага.
- Памыляўся я, ойча, але цяпер дзякуючы табе бачу ўсё ясна. Сапраўды, зло здавалася мне такiм усёмагутным, што я на нейкую хвiлiну перастаў чуць праўду, перастаў верыць у яе. Але скажы мне: чаму ты чытаеш мае думкi лепш, чым я сам?
- Сыне мой, - лагодна адказаў Тарквемада, - я служу праўдзе, толькi праўдзе i з яе чэрпаю сiлу. Гэта ўсё.
Хвiлiну панавала цiшыня. Брат Дыега нахiлiўся i гарачымi вуснамi прыпаў да далонi вялебнага айца, якая нерухома спачывала на бiлцы крэсла. Той павольна падняў правую руку i, творачы над пахiленай галавой знак дабраславення, сказаў:
- Еgо tе аbsоlvо. In nоminе Раtris, еt Filii, еt Sрiritus Sаnsti, аmеn.
Адразу пасля гутаркi з Вялiкiм iнквiзiтарам дон Радрыга дэ Кастра вярнуўся ў келлю, дзе жыў з маладым донам Ларэнцам. Той, убачыўшы яго, сарваўся з ложка.
- Ну што? - спытаўся нецярплiва.
Дон Радрыга моўчкi падышоў да стала, узяў збан з вiном i пачаў прагна пiць.
Дон Ларэнца з трывогай углядаўся ў сябра.
- Што там, Радрыга?
- Нiчога.
- Меў непрыемнасцi?
Дон Радрыга з грукатам адставiў збан.
- Слухай, Ларэнца, ты заўсёды мне мiлы i, спадзяюся, такi i застанешся, але ты павiнен ведаць, што з гэтай хвiлiны я табе ўжо не Радрыга.
Ларэнца збянтэжыўся.
- Не разумею цябе. Як гэта?
- Я твой начальнiк, ясна цяпер?
- Ты? О Радрыга...
У першым парыве радасцi Ларэнца хацеў кiнуцца абнiмаць, але той суха яго асадзiў.
- Хвiлiну назад вялебны айцец назначыў мяне капiтанам сваiх служак. Пачакай, не перабiвай. Гэта адно. I другое: ты яшчэ вельмi малады, Ларэнца, але павiнен хутка засвоiць, што салдат не задае пытанняў, памятай гэта.
- Прабач, - шапнуў Ларэнца, - не ведаў...
- А цяпер ведай, - суха перабiў яго дон Радрыга. - Iдзi i маўчы.
Брат Дыега ўпусцiў абодвух рыцараў у келлю айца Тарквемады i моўчкi паказаў iм цела на падлозе. Яно было накрыта цёмным плашчом. Ларэнца ледзь не ўскрыкнуў, калi, намерыўшыся разам з Радрыгам падняць цела, неасцярожна ссунуў покрыва з галавы нябожчыка. Але стрымаўся, сустрэўшы цвёрды пагляд дона Радрыга. Ён прыкрыў счарнелы твар i, з натугай прытрымлiваючы плячом застылае цела, панура пайшоў за Радрыгам да дзвярэй. У келлi быў змрок, але, нягледзячы на гэта, у чалавеку, якi кленчыў каля ложка, Ларэнца адразу пазнаў вялебнага айца.
Кляштарны калiдор быў пусты, варта ў канцы яго стаяла ў цiшы, i таму Радрыга i Ларэнца, нiкiм не заўважаныя, перанеслi цела сеньёра дэ Сiгуры ў келлю, якую той дагэтуль займаў, паклалi накрыты плашчом труп на ложак i вярнулiся да сябе.
Дон Радрыга цяжка сеў на ўслон каля стала, расшпiлiў на шыi скураны каптан i пацягнуўся да збанка з вiном. Пiў доўга i павольна, нарэшце адняў збанок ад вуснаў i паглядзеў на Ларэнца, якi стаяў побач.
- Чаго вырачыўся? - спытаўся неяк непрыязна.
Ларэнца маўчаў.
- Сядай, - загадаў дон Радрыга.
I пасунуў да яго вiно.
- Пi.
Той, застыўшы на канцы ўслона, адмоўна пакруцiў галавой.
- Пi, - паўтарыў капiтан.
Ларэнца вагаўся, але ўсё-такi паслухаўся. Дон Радрыга прыглядваўся да яго з панурай неахвотай.
- Досыць, - сказаў раптам, - уп'ешся.
Ларэнца рэзка адставiў збанок i падхапiўся з услона.
- Навошта ты мучыш мяне, Радрыга?
У яго тонкiм ломкiм голасе гучалi гнеў i шкадаванне. Дон Радрыга пагардлiва ўсмiхнуўся.
- Сядай.
- Што я зрабiў табе, Радрыга? Люблю цябе, як брата.
- Пакiнь дзяцiнiцца. Сядай, хачу з табой сур'ёзна пагаварыць. Падымi галаву.
- Дазволь мне пайсцi, - шапнуў Ларэнца.
- Пасля.
Зноў узяў збан i выпiў вiно да дна.
- Паслухай, Ларэнца, апроч маладых гадоў ты маеш яшчэ адну асаблiвую прывiлею, спадзяюся, ты здолееш ацанiць яе. Ад сённяшняга дня ты будзеш асабiста правяраць ежу вялебнага айца. Гэта яго i маё даручэнне.
Хвiлiну стаяла цiшыня.
- Разумееш, Ларэнца, пра што тут гаворка. Першы, хто сёння ранiцай зрабiў гэта, быў той чалавек.
- Радрыга, скажы...
- Нiякiх пытанняў, Ларэнца!
Ён адсунуў плячом стол i цяжка падняўся. Яго смуглы, пахмурны твар пачырванеў, вочы былi змучаныя i таксама чырвоныя.
- Ларэнца, свет наш - куча гною, разумееш гэта? Не, ты яшчэ нiчога не перажыў, нiчога не ведаеш. Абернешся - убачыш злачынства, здраду, на кожным кроку атруту нiкчэмных пiгмеяў. Яшчэ нядаўна я пакутаваў, дакараў сябе за подласць. Божа вялiкi, якi я быў дурань! Чалавек, якi лiчыў мяне сябрам i ў якiм я таксама бачыў сябра, цяпер у сутарэннях Святой iнквiзiцыi. Дзякуючы мне, разумееш? I я не шкадую; Бог мне за сведку, што зрабiў я правiльна. Што такое повязi сяброўства i ўсе пачуццi ў параўнаннi з маёй службай? Слухай, Ларэнца, я сказаў, што люблю цябе. Сказаў я так?
- Сказаў, - шапнуў Ларэнца.
- Ты малады, прыгожы, у тваiх вачах, як у люстэрку, адбiваецца чысцiня тваёй душы, але ведай, што хоць i моцна я цябе люблю, больш, можа, нават, чым ты думаеш, аднак, калi заўважу ў табе хоць цень злачыннай думкi, падступнага намеру, бадай, хоць адну плямку на тваёй веры i адданасцi, я першы зраблю ўсё, каб знiшчыць цябе, як нiшчаць ворага. Сцеражыся мяне!
Ларэнца таксама ўстаў. Увесь збялеў, вочы пацямнелi. Дон Радрыга паглядзеў на яго i голасна, нечакана звонка засмяяўся.
- Шчанюк, нават думак сваiх не ўмееш хаваць. Па вачах тваiх бачу, што падумаў. Ты падумаў: i ты мяне сцеражыся.
Ён яшчэ з хвiлiну смяяўся, пасля раптам замоўк i кароткiм рухам рукi загадаў:
- Iдзi, хачу пабыць адзiн.
Дон Ларэнца, усё яшчэ бледны i з цёмнымi вачыма, службiста выпрастаўся.
- Так, дастойны капiтане, - сказаў хлапечым, нязвыкла ясным голасам.
Пасля беззаганна зрабiў устаўны паварот i выйшаў з цэлi, трошкi замоцна бразнуўшы дзвярыма.
Неўзабаве пасля гэтага, не больш чым праз гадзiну, у Санта Марыя ла Анцiгуа прыехаў iнквiзiтар Святога трыбунала ў Валадолiдзе падрэ Крыстобаль Галвез, дамiнiканец. На дзядзiнцы госця вiтаў прыёр Санта Марыi, ссiвелы падрэ Аўгусцiн д'Акунья, пасля чаго абодва айцы падалiся ў старую частку кляштара, дзе ў рэфекторыi, якi памятаў даўныя i слаўныя часы караля Альфонса VI, госця чакалi капiтан фамiльянтаў i брат Дыега.
Падрэ Галвез, нягледзячы на сваё калецтва - ён кульгаў на левую нагу, увайшоў шпаркiм крокам i, абыякава агледзеўшы строгi пакой, нецярплiва глянуў на прысутных.
- Даўно не быў у гэтых святых мурах, - сказаў да прыёра. - I вось я тут. А дзе ж вялебны айцец? Ён выклiкаў мяне. Чаму так позна?
Пан Радрыга дэ Кастра выйшаў з-за калоны, у цянi якой стаяў.
- Дазволь, вялебны ойча, даць табе тлумачэннi.
- Так, - коратка сказаў падрэ Галвез.
- Вялебны айцец сапраўды выклiкаў вас, але, на жаль, не зможа пагаварыць з вамi асабiста, бо ўвесь свой час аддае малiтвам i роздуму.
- Цяпер? - гнеўна здзiвiўся падрэ Галвез. - Адкуль такое рашэнне? Што тут робiцца? Чаму вы прыехалi ў сталiцу ноччу, нiкога не папярэдзiўшы? Горад трашчыць ад плётак. Чаму вялебны айцец нi з кiм не хоча гаварыць?
- Прабач, вялебны ойча, - спакойна адказаў пан дэ Кастра, - я не ўпаўнаважаны расследаваць рашэнне вялебнага айца.
Падрэ Галвез хуткiм паглядам акiнуў постаць маладога рыцара.
- Хто вы?
- Капiтан фамiльянтаў Вялiкага iнквiзiтара, - сказаў пан дэ Кастра.
Пасля, паказаўшы на Дыега, якi стаяў непадалёк, сказаў:
- А прысутны тут брат Дыега - асабiсты сакратар вялебнага айца.
Падрэ Галвез, падцягваючы скалечаную нагу, падышоў да Дыега.
- Вiншую, мой сыне. У табе несумненна асаблiвыя цноты i здольнасцi, калi, такога маладога, паставiў цябе вялебны айцец так блiзка ля сваёй асобы.
Брат Дыега схiлiў галаву.
- Вялебны айцец наказаў таксама прывiтаць вас i перадаць вам сваё дабраславенне. I разам з гэтым вялебны айцец выказаў шкадаванне, што згодна з вашымi абавязкамi вы павiнны, i неадкладна, заняцца пэўнай справай, надзвычай цяжкай i балеснай.
Падрэ Галвез слухаў няўважна, пазiраючы ўбок, гнеўна хмурыў цёмныя, кусцiстыя бровы. Раптам выпрастаўся.
- Сядзем, - сказаў тонам, не звыклым да пярэчанняў.
I першы парывiстым крокам пайшоў да стала, якi стаяў у глыбiнi рэфекторыя, i, сеўшы, пачаў чакаць, пакуль усе зоймуць месцы.
- Слухаю, - сказаў.
Брат Дыега, якi сцiпла сеў аподаль, устаў i амаль манатонным голасам расказаў усё. Скончыўшы, сеў i залажыў далонi ў рукавы сутаны.
- Гэта ўсё? - спытаўся падрэ Галвез.
- Астатняе ў вашых руках, вялебны ойча, - адказаў брат Дыега.
- Так, - згадзiўся той абыякава. - I што ж вы на гэта скажаце, ойча Аўгусце?
Сiвы прыёр не хаваў прыгнечанасцi i заклапочанасцi.
- Страшэнна цяжка дасведчыў нас Бог, - сказаў дрыготкiм голасам чалавека, зламанага няшчасцем.
- Бог? - здзiвiўся падрэ Галвез. - Ужо цi не лiчыш ты, ойча Аўгусце, што Бог падсыпаў атруты ў вiно вялебнаму? Гэта ўсё, што маеш паведамiць?
Падрэ д'Акунья бездапаможна развёў рукi.
- Усё? - крыкнуў падрэ Галвез, стукнуўшы кулаком па стале. - Як гэта ўсё, пад дахам твайго кляштара выспела сама жудаснае злачынства, рыхтавалi падступны i таемны ўдар, у самы мозг i сэрца, а ты нiчога не ведаеш, нiчога не бачыш, сляпы, глухi? На якiм жывеш свеце? Толькi малiцца i ўмееш? З анёламi i са святымi толькi гавэнды разводзiш? Розум на старасцi страцiў? Далiбог, калi б не твая ўсiм вядомая святасць i набожнасць, iнакш бы з табой, ойча Аўгусце, гаварыў Святы трыбунал.
Стары прыёр не спрабаваў баранiцца. Унурыўшыся ў вялiкiм крэсле, пад градам абвiнавачанняў ён усё нiжэй схiляў сiвую галаву. I, нягледзячы на гэта, не мог стрымаць дрыжыкаў. "Вось якая яна, сiла страху", - падумаў Дыега. I хоць быў змалку прывучаны паважаць святасць i старасць, усё-такi зласлiва ўсмiхнуўся. I апамятаўся толькi тады, калi, глянуўшы на твар пана дэ Кастра, якi ў бляску сваёй залацiстай зброi сядзеў па другi бок стала нерухомы, як статуя, убачыў гэткую ж усмешку. Погляды абодвух маладых людзей сустрэлiся i адразу разышлiся. Брат Дыега апусцiў павекi. "Божа! - падумаў, не вельмi разумеючы, што хоча выказаць гэтым безгалосым воклiчам. Разгубiўшыся на хвiлiну ад сваiх думак, адчуў, як яго перапоўнiлi смутак i адначасова раптоўная салодкая туга. - Навошта? Дзеля чаго?" Гэтага ён не мог сказаць, бо якраз у гэты час падрэ Галвез, з несхаванай пагардай адвярнуўшыся ад айца Аўгусцiна, нахiлiўся да Дыега, якi, выведзены голасам айца iнквiзiтара з задуменнасцi, нямала ўзрадаваўся, што здолеў захаваць незамутнёны спакой.
- Ты сказаў, мой сыне, - сказаў падрэ Галвез, - што пан дэ Сiгура пад выглядам адбытай споведзi спрабаваў спачатку адмовiцца каштаваць ежу вялебнага айца.
- Так было, вялебны ойча, - пацвердзiў брат Дыега.
- Мала, на жаль, я ведаў пана дона Карласа. Ён карыстаўся, наколькi я ведаю, вялiкай славай хрысцiянскага рыцара. Праўда ж?
- Праўда, ойча. Росту славы часта спрыяюць у вачах людзей ганарыстасць i недаступнасць.
- Ён быў ганарысты?
- Думаю, што не ад вялiкай сцiпласцi неахвотна выказваў перад людзьмi свае думкi.
- Як гэта разумець?
Дыега адчуў раптам, нiбы ён апынуўся на краi прорвы.
- Ойча вялебны, - сказаў, трохi падумаўшы, - мне здаецца, што я занадта малады i недасведчаны, каб беспамылкова меркаваць, дзе канчаецца выгляд вiны i дзе пачынаецца сапраўдная вiна.
Падрэ Галвез нецярплiва зварухнуўся.
- Выгляд? Што ты кажаш, мой сыне? Што такое твой выгляд вiны? Гэта толькi наша хвiлiннае i выключна суб'ектыўнае няўменне ўбачыць вiну. Цi iснуе гэты "выгляд" як факт? Не iснуе, гэта ясна. Лiчыцца толькi вiна, а яна ёсць або яе няма. Гэта ўсё.
Брат Дыега пачырванеў ад сораму i прынiжэння. Як ён мог падумаць так наiўна! Толькi цяпер яму стала ясна, што паслушэнства вышэйпастаўленым не ў тым, каб ухiляцца ад выказвання сваiх думак, а ў тым, каб адгадваць думкi вышэйпастаўленых i згаджацца з iмi.
- Ойча вялебны, - сказаў ён, упершыню ў жыццi свядома скарыстаўшы юнацкую шчырасць свайго голасу, - калi я ўжыў выраз "выгляд вiны", то толькi ў значэннi, якое ты гэтым словам надаеш.
- Род пана дэ Сiгуры належыць да найстарэйшых у каралеўстве Арагон, азваўся з другога канца стала пан дэ Кастра.
На гэта падрэ Галвез:
- На жаль, вопыт нас вучыць, што чым больш славутае мiнулае мае хто, тым менш яму трэба давяраць. Здавалася б, слава, багацце, прызнанне заслуг, бляск iмя i роду павiнны ўжо з прычыны самой сваёй прыроды служыць праўдзе. Тым часам менавiта сярод iх так часта плодзяцца i пасвяцца сама агiдныя злачынствы. Сапраўды, словы нашага пана Iсуса Хрыста: "Дабраславёныя ўбогiя духам" маюць большую мудрасць, чым гэта можа ўявiць абмежаваны розум чалавека. I царства божае настане на зямлi не раней, чым чалавецтва стане грамадствам прасцякоў.
Брат Дыега слухаў з сур'ёзным тварам, але не засяроджана. Ён да гэтага часу лiчыў, што яму варожая, неўласцiвая зайздрасць. Тым часам якраз гэта з'едлiвае пачуццё ятрылася ў iм цяпер. Цi ж ён не ведаў, як i дон Радрыга, што пан дэ Сiгура паходзiў з заможнага арагонскага роду? Чаму ж не патрапiў у пару выкарыстаць гэты важны, як аказалася, аргумент, чаму дазволiў апярэдзiць сябе?
Паглядзеў на пана дэ Кастра i, убачыўшы яго малады твар, на якiм быў поўны спакой i здысцыплiнаваная самаўпэўненасць, зноў пачуў, як яго захлiснула хваля зайздрасцi.
Хвiлiну панавала цiшыня.
- Што ты збiраешся рабiць, вялебны ойча? - цiха спытаўся стары прыёр.
- Зараз даведаешся, ойча Аўгусце, - адказаў падрэ Галвез. - Не здаецца бо верагодным, каб у такiм выпадку злачынца мог дзейнiчаць адзiн, найлепш было б выклiкаць у Святы трыбунал усiх братоў.
Падрэ Аўгусцiн падняў галаву. Яна дрыжала. У старых, стомленых вачах стаялi слёзы.
- Божа вялiкi, няўжо сапраўды хочаш зрабiць гэта?
Той пацiснуў плячыма.
- Не, гэтым разам абыдуся. Святая iнквiзiцыя зусiм не зацiкаўленая, каб гэта старажытнае i вартае павагi месца пакрыць ценем няславы. Зрэшты, мы верым, што, за выключэннем тваёй, ойча, слабасцi, большасць братоў бязмежна верная традыцыям гэтых муроў, а таксама, што найважней, духу нашага таварыства. Толькi вас, пане дэ Кастра, - павярнуўся да дона Радрыга, абавяжам, каб вы неадкладна перадалi Святому трыбуналу таго служку, з рук якога брат Дыега прыняў ежу вялебнаму айцу.
- Ойча Крыстобаль, - усклiкнуў падрэ Аўгусцiн, - але ж ён яшчэ дзiця горкае.
Падрэ Галвез з'едлiва ўсмiхнуўся.
- Табе, ойча Аўгусцiне, усе людзi невiнаватыя. Аж цяжка, слухаючы цябе, зразумець, адкуль сярод гэтай суцэльнай невiнаватасцi бяруцца злачынствы, ерась i грэх. А можа, iх i няма? Можа, ты прыйшоў да такiх святых перакананняў? Калi так, дык чаго непакоiшся за гэта хлапчо? Святы трыбунал больш, чым якi-небудзь iншы зямны суд, шануе сапраўдную невiнаватасць i, змагаючыся супраць зла, баронiць менавiта яе.
Сказаўшы гэта, падрэ Галвез устаў, i ўся нарада скончылася.
Ужо назаўтра выявiлася, што вялебны падрэ Галвез не памыляўся, дакараючы айца Аўгусцiна за недальнабачнасць i вартую кары страту пiльнасцi. Шаснаццацiгадовы Пабла Заратэ, якi ўсяго толькi некалькi месяцаў адбываў навiцыят у Санта Марыя ла Анцiгуа, прызнаў пасля нядоўгага следства, што, калi ён нёс сняданак вялебнаму айцу, яго спынiў на дзядзiнцы пан дэ Сiгура, загадаў яму паставiць ежу i вярнуцца ў кляштарную кухню вымыць нiбыта не вельмi чыстыя рукi. З гэтага ўсё стала ясна. Вораг, як стогаловая гiдра, адраджаецца, нягледзячы на ўдары, якiя яму наносяцца пастаянна. Выкрыты i вынiшчаны ў Сарагосе, ён адразу высоўваў злачынныя мацкi ў другiм месцы, намагаючыся любой цаной зняверыць i аслабiць парадак, пасеяць у галовах людзей смуту, а ў сэрцах неспакой.
Побач з гэтымi выяўленымi акалiчнасцямi правiна Пабла не здавалася асаблiва цяжкай i хоць, калi лiчыцца з вынiкамi, назаўсёды пазбаўляла яго магчымасцi вярнуцца ў кляштарныя муры, аднак толькi тое, што здарылася пасля, кiнула цяжкi цень на здаровасць душы гэтага падлетка, якога, на жаль, так неабачна дапусцiлi да адбывання духоўнага навiцыяту. Неўзабаве пасля таго, як ён даў паказаннi, гэта значыць, у час, калi ён найбольш павiнен быў сумленна выказаць жаль i панесцi належную кару, Пабла Заратэ, замест таго каб пайсцi па шляху веры, павесiўся ў цэлi, дзе быў увязнены, i гэтым бязбожным учынкам засведчыў, што замест пачцiвага жыцця хрысцiянiна ён выбiрае ганьбу i вечнае асуджэнне.