Яму ўжо здавалася, што вялебны айцец засынае, калi той раптам заварушыўся.
   - Не! - усклiкнуў. - Не!
   - Ойча мой, - шапнуў з мальбою падрэ Дыега.
   Хвiлiну было цiха, потым Тарквемада пачаў крычаць высокiм, поўным роспачы голасам:
   - Патушыце вогнiшчы, патушыце вогнiшчы!
   Падрэ Дыега адступiў i хуценька закрыў заслону. Голас вялебнага айца гучаў вельмi моцна, але нiводзiн з дамоўнiкаў, што стоўпiлiся навокал, не паглядзеў у той бок. Твары ў iх былi нерухомыя i не выдавалi нiякiх душэўных пачуццяў.
   Недалёка ад падрэ Дыега ехаў дон Ларэнца. Падрэ Дыега крануў яго за плячо.
   - Дон Ларэнца!
   Той, выпрастаўшыся, глядзеў перад сабой.
   - Так, вялебны ойча.
   - Вялебны айцец не можа заснуць, ён хацеў бы паслухаць святую песню.
   - Так, мой ойча, - сказаў дон Ларэнца i паехаў на канi наперад атрада.
   З-пад парусiнавай заслоны ўсё яшчэ даляталi крыкi Тарквемады.
   - Патушыце вогнiшчы, патушыце вогнiшчы!
   Але ўжо там, дзе на мяжы сама глыбокай цемры палалi першыя паходнi, загучалi цвёрдыя мужчынскiя галасы, якiя завялi пачатковыя словы гiмна iнквiзiцыi "Ехurgе Domine еt iudiса саusаm Тuаm". Песню падхапiлi астатнiя фамiльянты, i спеў пачаў з усё большай сiлай узносiцца сярод цёмнай прасторы, пад велiзарным небам ночы.
   Як i прадбачылася, да Авiлы наблiзiлiся сапраўды на свiтаннi.
   Неўзабаве на небакраi паказалiся муры i вежы горада, падрэ Дыега, каб ухiлiцца ад прывiтальных урачыстасцяў, выслаў ганца.
   Пасля цёмнай ночы ранак уставаў пахмурны, неба зацягнула, цяжкiя хмары павiслi нiзка над голай i неўрадлiвай у тым краi зямлёю.
   Нягледзячы на раннюю пару i на тое, што ганец на добрую гадзiну апярэдзiў атрад, вестка пра таго, хто прыбывае, адразу разышлася па ўсiм горадзе, бо, калi, праехаўшы мiма нядаўна збудаванага кляштара Санта Томас, почат Вялiкага iнквiзiтара мiнуў мост на рацэ Адаха i ўехаў праз Пуэрта дэль Пуэнтэ ў муры, натоўпы жыхароў Авiлы запоўнiлi вулiцы i плошчы, якiя вялi да кляштара Сан-Вiцэнтэ.
   Згодна з атрыманай iнструкцыяй нiякiя ўлады, нi свецкiя, нi духоўныя, не вiталi поезд.
   Маўчалi званы. Такi ўсюды панаваў спакой i парадак, што гарадскiя вартавыя Святой эрмандады не мелi чаго рабiць.
   Натоўпы стаялi ў поўнай цiшынi, моўчкi расступаючыся перад павольным атрадам, а калi паказваўся воз, акружаны коннымi рыцарамi, людзi станавiлiся на каленi i схiлялi галовы.
   Падрэ Дыега ехаў каля воза, злева ад дона Ларэнца. Нахiлiўся да яго i спытаўся:
   - Цi задумваўся ты, дон Ларэнца, што на сэрцы ў гэтых людзей, якiх тут так многа сабралася?
   - Так, ойча, - адказаў дон Ларэнца, як звычайна, гледзячы перад сабою. Прысутнасць гэтых людзей сведчыць пра iх бязмежную любоў да асобы вялебнага айца.
   На гэта падрэ Дыега сказаў:
   - Правiльна. Свет iдзе наперад. Сапраўды, мы здабылi любоў i давер народа.
   Задумаўся, а праз хвiлiну дадаў:
   - Шкадаваць нам толькi трэба, што вялебны айцец не бачыць усяго гэтага.
   Зноў змоўк, потым сказаў:
   - Дон Ларэнца!
   - Так, шаноўны ойча.
   - Сённяшняй ночы, як ведаеш, вялебны айцец зноў, на шчасце ненадоўга, страцiў прытомнасць.
   Дон Ларэнца маўчаў. А той казаў далей:
   - Страшная i надзвычай балесная безабароннасць чалавека, якога звалiла хвароба. Было б вартым вялiкага шкадавання, калi б да людзей не паклiканых дайшлi якiя-небудзь звесткi пра стан, у якiм у вынiку хваробы апынуўся вялебны айцец.
   На гэта пан дэ Мантэса сказаў:
   - Разумею, шаноўны ойча. Можаш быць спакойны, такога не здарыцца. Вушы маiх людзей - мае вушы. Языкi iх - таксама.
   Падрэ Дыега, усё яшчэ задуменны, глядзеў на яго хвiлiну, пасля, не сказаўшы нiчога, адвярнуўся. "Я прапаў, - падумаў дон Ларэнца. - Паказаў недаравальную ўпэўненасць у сабе. Я прапаў". Стаў паспешна шукаць словы, якiмi яшчэ мог бы завязаць i ўратаваць перапыненую гаворку, але нарэшце, калi яму ўжо здалося, што знайшоў патрэбныя, яго ахапiла нiякавасць. "Я прапаў", падумаў яшчэ раз. I, на сваё здзiўленне, замест страху, якога чакаў, адчуў вялiкую палёгку. Зусiм спакойны i насуперак сваiм звычаям ён пачаў азiрацца па баках, каб адгадаць, хто з блiжэйшых яго таварышаў зойме ў недалёкiм часе яго пасаду. Без цяжкасцi i толькi на аснове вядомай яму нянавiсцi налiчыў пяцёра. Падумаў, што, калi б захацеў, мог бы iх усiх пацягнуць за сабой у прорву, але адразу зразумеў, што цяпер ён не вельмi важная пешка, бо, раз узяты пад падазрэнне, не мае права вызначаць нi характару, нi памераў вiны.
   Тым часам першыя дамоўнiкi наблiжалiся да Сан-Вiцэнтэ.
   Першы, хто вельмi рана прыбыў у Сант-Вiцэнтэ, быў Яго Эмiненцыя бiскуп Авiлы дон Бласка дэ ла Куэста. Вялебны падрэ Дыега, якому паведамiлi пра гэта, пакiнуў вялебнага айца i, абмяняўшыся ў суседняй цэлi некалькiмi словамi з доктарам Гарсiя i з прызначаным для супольнага чування братам, пайшоў у рэфекторый.
   Яго Эмiненцыя, хоць i прыехаў з вялiкiм дваром у атачэннi многiх прыёраў, прэлатаў i канонiкаў капiтулы, адразу пасля прыбыцця ў кляштар i пасля размовы з абатам пакiнуў усiх i чакаў айца Дыега адзiн. Убачыўшы яго, паспяшаўся насустрач, шалохцячы сваiмi дарагiмi фiялетамi.
   Мiнулыя гады дадалi яго целу паўнаты, быў ён вялiкi, вельмi тоўсты, шырокi ў плячах, але пры ўсёй гэтай надмернай паўнаце поўны годнасцi.
   - Вiтаю цябе, мой ойча, - сказаў гучным, яшчэ не старым голасам. - У якiх смутных акалiчнасцях сустракаемся праз столькi гадоў! Цi праўда, што стан вялебнага айца такi цяжкi?
   - Праўда, - адказаў падрэ Дыега, - толькi на Бога можам ускладваць надзею.
   - Ён прытомны?
   - Спiць.
   Пан бiскуп задумаўся.
   - Так, цяжкiя гэта для ўсiх нас хвiлiны. Калi прачнецца вялебны айцец, я змагу яго ўбачыць?
   - На жаль, - адказаў падрэ Дыега, - хай прабачыць Ваша Эмiненцыя, але гэта не здаецца магчымым пры стане, у якiм цяпер вялебны айцец. Лекар наказаў аберагаць яго ад усякiх узрушэнняў. Спакой, спакой i яшчэ раз спакой патрэбен яму больш за ўсё.
   Яго Эмiненцыя не налягаў.
   - Гэта праўда, маеце рацыю, мой ойча. Сапраўды, гукi свету не павiнны ў такую хвiлiну муцiць яго розум. Калi, аднак, ты ўспомнiў пра спакой, то, разумеючы яго глыбокi i iстотны сэнс, нельга ўявiць сабе, каб хто-небудзь з нас мог перад аблiччам смерцi мець спакой больш дасканалы, чым той, якi заслужыў сабе вялебны айцец. Сапраўды, мала каму дадзена пакiдаць гэты часовы свет са свядомасцю спаўнення справы дасканалай i трывалай. Ты, зрэшты, вялебны ойча, столькi гадоў прабыўшы ля яго, найлепей можаш зразумець i ахапiць тое, што нам, якiя стаяць далей ад яго асобы, уяўляецца толькi ў недакладных формах. З сапраўднай узрушанасцю гляджу я на цябе, мой ойча, колiсь мой сыне. Калi я вяртаюся ў памяцi ў тыя днi, як мы жылi побач i разам, мне здаецца, нiбы ад тых хвiлiн сплыў цэлы век.
   - Так, - сказаў падрэ Дыега, - час той дзякуючы велiчы падзей сапраўды можа здавацца вельмi значным.
   - Ён значны! Калi ў дзеях вера i праўда абаперлiся на падмуркi такiя роўныя i моцныя, як у нашыя часы i на нашых вачах? Немалое табе, мой ойча, выпала шчасце, што ў гэтай справе давялося табе браць удзел такi непасрэдны i важны. Памятаеш той дзень, калi я быў тым першым, хто прыйшоў перадаць табе вялiкую навiну?
   Падрэ Дыега паглядзеў пану бiскупу проста ў вочы.
   - Памятаю, Ваша Эмiненцыя.
   - Я часта думаў, як гэта здарылася, што ў той час, у тыя даўнiя гады, вялебны айцец, хоць ён так мала ведаў цябе, намнога трапней i дальнабачней, чым я, твой прыёр, змог ацанiць сапраўдныя рысы твайго розуму i характару. Цяпер, праз столькi гадоў, калi мае тагачасныя страхi аказалiся, на шчасце, памылковымi, магу табе, мой ойча, сказаць, што быў ты тады прадметам маёй вялiкай трывогi.
   Падрэ Дыега паглядзеў пану бiскупу ў вочы.
   - Не зусiм разумею, што Ваша Эмiненцыя мае на ўвазе.
   - Сваю памылку, - сказаў той. - Цi гэта праўда, што адзiн з тагачасных братоў, менавiта брат Матэа, наколькi мяне не падводзiць памяць, да таго зганьбiў сябе ератыцкiм адшчапенствам, што быў Святым трыбуналам адлучаны ад царквы?
   - Так, - сказаў падрэ Дыега, - так, на жаль, усё яно i было.
   - Цяпер усё разумею. Ён жа мне казаў на споведзi, як свайму настаўнiку, пра твае бунтарскiя нiбыта, а нават блюзнерчыя думкi. Спавядаўся i ў розных сваiх сумненнях, здаваўся поўны пакоры, сумленна прымаў вызначаныя яму цярпеннi... як я мог здагадацца, што адначасова i сваё аблiчча ўкрывае, i цябе плямiць?
   Падрэ Дыега адказаў на гэта спакойна:
   - Гэта звычайная зброя нашых ворагаў - хлусня i намовы.
   - Сапраўды! А, аднак, хоць я i звычайны быў прыёр, не павiнен быў даць сябе ашукаць. Прабач мне, мой ойча, тую даўнюю памылку.
   - Хто ж з нас не рабiў памылак? - сказаў падрэ Дыега голасам, поўным павагi i шацунку. - Не будзем пра гэта гаварыць, Ваша Эмiненцыя.
   Радасць асвятлiла твар пана бiскупа.
   - Маеш ува мне, мой ойча, шчыра адданага табе сябра. Я рады, што калi давядзецца мне прыняць на сябе новыя абавязкi, тады часцей, чым у сцiплай Авiле, змагу цябе сустракаць.
   Падрэ Дыега адразу здагадаўся, пра што пайшла гаворка.
   - Памёр, значыцца, кардынал дэ Мендоза?
   - На жаль, - адказаў бiскуп. - Учора прыйшла з Рыма вестка пра яго скон.
   Падрэ Дыега нахiлiў галаву.
   - Смерць хрысцiянiна заўсёды схiляе да глыбокiх развагаў. Тым не меней я рады, што ў асобе Вашай Эмiненцыi магу павiтаць арцыбiскупа Таледа i прымаса Каталiцкага Каралеўства.
   Дон Бласка дэ ла Куэста зарумянiўся.
   - Я яшчэ не арцыбiскуп.
   - Але напэўна iм будзеце. Усе ж бо ведаюць, што i Айцец святы i Iх Каралеўскiя Мосцi даўно бачаць у вас наступнiка кардынала дэ Мендозы.
   Яго Эмiненцыя задумаўся i нiбы патух.
   - Так, разумею, вялiкiя абавязкi будуць ускладзены на мае плечы. Прашу Бога, каб i iх здолеў несцi. Як слушна казаў мне калiсьцi вялебны айцец, няма ў царкве такога гонару, якi мог бы параўнацца з цвёрдым абавязкам салдат Святой iнквiзiцыi.
   На гэта адказаў падрэ Дыега.
   - Вялебны айцец быў бы глыбока i асаблiва радасна ўзрушаны, пачуўшы словы Вашай Эмiненцыi. Думаю таксама, што будзе ў згодзе з яго намерамi, калi я скажу, што Святой iнквiзiцыi можна служыць усюды i заўсёды, на кожнай пасадзе, нават на сама непрыкметнай, як i на сама высокай.
   Пан бiскуп быў усё яшчэ задуменны.
   - Так, - сказаў нарэшце, - рознымi дарогамi iдуць людзi да адной мэты.
   Насустрач падрэ Дыега, калi ён вяртаўся з рэфекторыя, выбег малады брат Мануэль. Ён быў бледны, са страхам у вачах, рукi ў яго дрыжалi.
   - Ойча вялебны! - усклiкнуў ён.
   Падрэ Дыега спынiўся, адчуў холад у сэрцы. Спытаўся не сваiм голасам:
   - Памёр?
   Брат Мануэль пакруцiў галавой.
   - Што ж сталася?
   - Ойча вялебны, клянуся, не мая вiна. Вялебны айцец прачнуўся, пазванiў мне i загадаў, каб я дапамог яму падняцца i адзецца.
   Падрэ Дыега прыспешыў крокi.
   - Няшчасны, ты зрабiў гэта?
   Брат бязрадна развёў рукi.
   - Як жа я мог не паслухацца?
   На парозе цэлi стаяў доктар Гарсiя, таксама бледны i ўзрушаны.
   - Дурань! - усклiкнуў падрэ Дыега. - Як ты мог дапусцiць гэта.
   Адштурхнуў яго плячом i рушыў да дзвярэй у цэлю вялебнага айца.
   Перш чым адчынiць, павагаўся трохi, нейкую хвiлiну. Потым увайшоў.
   Цэля была шырокая, але, нягледзячы на белыя муры, змрочная. Толькi каля акенца сабралася трохi больш дзённага святла. Якраз там у глыбокiм крэсле, захутаны ў футраны плашч, сядзеў падрэ Тарквемада. Трымаўся проста, далонi склаў на каленях. Пачуўшы рыпенне дзвярэй, паварушыўся.
   - Гэта ты, Дыега? - спытаўся далёкiм голасам.
   Той усклiкнуў:
   - Ойча мой, як ты мог устаць? Кладзiся, малю цябе, кладзiся.
   - Наблiзься, сыне мой, - сказаў Тарквемада тым самым далёкiм i нейкiм манатонным голасам. - Я чакаў цябе. Нямнога часу мне адведзена, павiнен спяшацца, а маю табе сказаць вельмi важнае. Некаторыя рэчы трэба будзе запiсаць, каб неадкладна данесцi iх да ведама народу. Дзе ты?
   - Тут, ойча.
   - Стань блiжэй да святла. Хацеў бы цябе бачыць. Вось так. Падай мне руку.
   - Ойча мой, нельга табе столькi гаварыць. Ляж, прашу цябе.
   Тарквемада патрос галавой.
   - Не, не цяпер, пазней. Спярша я павiнен абгаварыць з табой шэраг спраў. Трэба будзе, не адкладваючы, шмат што змянiць у нашым каралеўстве. Уласна кажучы - усё. Чакае цябе вялiкая праца, i аж страх мяне агортвае, што можаш не справiцца з гэтым амаль непамысным заданнем. Але хто ж гэта зробiць, калi не ты? Маю, зрэшты, надзею, што знойдуцца людзi, якiх яшчэ не зусiм з'елi страх i хлусня, якiя не заражаныя пыхай i нянавiсцю. Такiх людзей згуртуеш вакол сябе i з iх дапамогаю i падтрымкаю збурыш усё, што ёсць цяпер. Так, тое, што ёсць, усё гэта трэба збурыць i замянiць. Усё занадта кепскае, атрутае i прасмердлае. Трэба гэта адкiнуць прэч. Ты меў, аднак, рацыю, мой сыне.
   - Ойча мой, - шапнуў Дыега.
   - Успамiнаеш ноч, калi я першы раз спаткаў цябе? Менавiта тады ты меў рацыю. Слушны быў твой гнеў, твой бунт, слушныя твае пакуты. Цяжка гэта прызнаваць, але я не бачу вакол сябе нiводнага людскога твару, апроч твайго.
   - Ойча! - усклiкнуў Дыега.
   - На жаль, гэта так. Нельга ашукваць сябе i далей. Iлюзорная наша магутнасць, уяўныя нашы сiлы. Дрыжаць падмуркi i сцены гмаха, якi мы будавалi. Страшны гэта гмах. Турмою i карамi ўзвялi мы яго. Але гэта не можа доўжыцца. Калi ўсё не развалiцца заўтра, гэта здарыцца паслязаўтра. Катастрофа непазбежная. Няма ўжо веры, няма надзеi. Паламалi мы людзей, iх розум i сэрцы. Нас ненавiдзяць, намi пагарджаюць. I нiчога з гэтага змрочнага шаленства нельга ўжо ўратаваць. Трэба шукаць iншых шляхоў выратавання. I вось узнiкае раптам неабходнасць, каб мы самi разбурылi тое, што павiнна разбурыцца. Ты мусiш неадкладна напiсаць адпаведныя пастановы. Я табе ўсё дакладна прадыктую.
   Падрэ Дыега стаяў нерухома, уражаны i здзiўлены.
   - Ты гатовы, сыне мой? Спяшайся, у нас мала часу. Чаму тут так цёмна? Загадай прынесцi свечкi. На жаль, мы ўсю зямлю ахуталi цемрай. Трэба будзе многа святла. Але пакуль што мы павiнны ўпарадкаваць справы надзённыя, сама важныя. Усё прыгатаваў?
   Дыега адступiў у цень.
   - Так, ойча.
   - Дык пiшы. Мы, Томас Тарквемада... не, без тытулаў, не пiшы тытулаў, гэта ўжо непатрэбна. Напiшы проста, што з сённяшняга дня... якога сёння ў нас?
   - Шаснаццатага верасня, ойча.
   - Што з дня шаснаццатага верасня, года...
   - Тысяча чатырыста дзевяноста восьмага.
   - Года тысяча чатырыста дзевяноста восьмага Святая iнквiзiцыя распускаецца. Адмяняем Святую iнквiзiцыю i перакрэслiваем яе i тым самым прызнаём усе нашы несправядлiвасцi i злачынствы, якiя ад iмя яе мы ўчынiлi, ахвярам нашых учынкаў вяртаючы ўсе правы i годнасцi, з загубленых здымаючы вiну. Працэсы нашы i выракi трацяць сваю сiлу, як фальшывыя, падкрэслi гэта, бо гэта асаблiва важна. Турмы будуць адчынены, i людзям, якiя няправiльна пазбаўлены волi, будзе яна неадкладна вернута.
   Дыега ўпаў перад вялебным айцом на каленi.
   - Ойча мой! - усклiкнуў прыгнечаным голасам. - Малю цябе, ты хворы...
   Тарквемада, здавалася, не бачыў яго, глядзеў перад сабою.
   - Супакойся, сыне мой. Ведаю, што разумееш ты велiч адказнасцi, якая з гэтага часу на цябе ўскладзена, але ты не можаш ухiлiцца ад яе. Дэкрэт пра лiквiдацыю Святой iнквiзiцыi трэба будзе разаслаць яшчэ сёння. Апроч таго, мы павiнны як мага хутчэй апрацаваць тэзiсы, якiя тэарэтычна абгрунтуюць наша рашэнне. Калi мы хочам, каб хлусня не атручвала больш людскi розум, мы павiнны самi перастаць хлусiць. Трэба сказаць усю праўду, хоць бы яна i была цяжкая i балесная. Не можам мы, мой сыне, аддавацца iлюзiям, што толькi i выключна ў метадах справавання ўлады мы зрабiлi памылкi, мы перайшлi i растапталi ўсе чалавечыя правы. Не лiквiдуем гвалту i прымусу, калi не лiквiдуем i асноў, якiя спарадзiлi гвалт i прымус. А таму мы павiнны iсцi да людзей i адкрыта iм сказаць, што кепская тая вера, якая магла прынесцi такiя страшэнныя спусташэннi. Кепская i фальшывая тая вера, i трэба зрабiць усё, каб зло было скасавана не павярхоўна, а вырвана i знiшчана з усiм карэннем. Не будзе царства божага на зямлi.
   Дыега кленчыў, схiлiўшы галаву, смяротна бледны, не могучы сказаць нi слова. Тарквемада гаварыў далей, усё тым самым далёкiм манатонным голасам, гледзячы ў змрок у глыбiнi цэлi.
   - Так, каб уратаваць людзей ад поўнай пагiбелi, убаранiць ад апускання навекi ў няволю i страх, хлусню i нянавiсць, павiнны мы збурыць усё тое, што з пагардай да чалавечнасцi з iлюзорнымi марамi збудавалi сваiмi рукамi коштам найбольшых людскiх няшчасцяў i пакут. Вядома, смута з гэтага вынiкне немалая i цяжкiя днi настануць, тым не меней, каб уратавацца ад яшчэ большага лiха, мы павiнны шаленства нашай веры назваць шаленствам, а яе фальш фальшам. Трэба будзе, сыне мой, навучыцца жыць без Бога i без сатаны.
   - Ойча! - крыкнуў Дыега.
   - Так, сыне мой. Iх няма.
   Дыега прыпаў да каленяў Тарквемады i дрыготкiмi рукамi схапiў яго далонi.
   - Ойча, прашу цябе, апамятайся... гэта я, Дыега... цi чуеш мяне?
   - Чую цябе, з табою ж я i гавару. Не перабiвай, аднак, хутка ўжо ноч. Памятай, ты павiнен яшчэ напiсаць дэкрэт аб скасаваннi страху. З сённяшняга дня не будзе страху на зямлi. Мы пачнём усё нанава, i менавiта ты, сыне мой, пачнеш. Ты малады, палкi i чысты...
   Падрэ Дыега, ужо не валодаючы сабою, устаў, ухапiўшыся аберуч за футраны плашч вялебнага айца, страсянуў яго.
   - Перастань, ойча, чуеш? Перастань, я табе загадваю, чуеш, змоўкнi!
   Тарквемада паглядзеў на яго i ўбачыў твар чужога чалавека, бледны, перакрыўлены страхам i злосцю. На вуснах пачуў гарачае дыханне.
   Разумеючы, што ён апынуўся ў руках невядомага яму ворага, хацеў паклiкаць на дапамогу, але здолеў толькi шапнуць:
   - Дыега!
   Той трос старца.
   - Маўчы, маўчы, маўчы...
   I раптам знерухомеў.
   Хвiлiну Дыега глядзеў на пашарэлы твар Тарквемады, у яго шырока расплюшчаныя вочы, ужо шклiстыя i мёртвыя.
   Ён баяўся паварухнуцца, нарэшце адпусцiў плашч, якi трымаў сцiснутымi пальцамi.
   Цела вялебнага айца асунулася трохi, але засталося ў крэсле.
   - Божа! - шапнуў Дыега.
   Слёзы цяклi па яго шчоках. Ён яшчэ не мог зразумець таго, што здарылася. Губляўся сярод супярэчлiвых пачуццяў i думак. Нарэшце ўстаў, адышоў трохi ад нябожчыка, аслабелы i здранцвелы, не могучы адарваць ад яго вачэй, поўных слёз. Потым, не вельмi ўсведамляючы тое, што хоча зрабiць, падняў цяжкую, як камень, руку i з усёй сiлы ўдарыў вялебнага айца ў твар.
   Снежань 1955 - красавiк 1957