Страница:
- П-п-п-пух! - выцiснуў ён пры абсалютнай цiшынi ў класе.
Засмяялiся ўсе без выключэння. Бедны Амброжы пачырванеў, збянтэжыўся.
- Сядай, хлопча. А цяпер хто дасць правiльны адказ: чым пакрыта жаба?
Усе паднялi рукi. Адказ задаволiў iнспектара. А для нас, як пасля тлумачыў настаўнiк, гэта быў урок на ўсё жыццё: трэба добра вывучаць усе навукi, каб змагчы самастойна адрознiць праўду ад няпраўды.
Не спакушай двойчы свой лёс
Калi хто-небудзь з нашай сям'i хадзiў з мястэчка Мядзела ў старое Мядзела, дзе была пошта, мядзельскiя крамнiкi прасiлi ўзяць i за адным заходам аддаць на пошту iхнiя грошы, якiя яны пасылалi пад тавары. Грошы былi па тым часе вельмi немалыя: па дзве-тры сотнi рублёў. Мы не адмаўлялiся, бо цяжкага ў гэтым нiчога не было. Але вось здарылася такое.
Мой самы старэйшы брат Ваня, якi з Вiльнi прыехаў на зiмовыя вакацыi, падвязаўшы канькi, накiраваўся на пошту. Па дарозе яго папрасiў адзiн крамнiк, каб ён узяў заадно i адправiў семсот рублёў. Брат узяў i - гайда праз возера. Грошы з торбачкай паклаў за пазуху. Прыкацiў на пошту, не адвязваючы канькоў, заходзiць, кладзе на бар'ер бланк пераводу. Палез па грошы - грошай няма. А грошы, на тыя цэны, - паўсотнi кароў дойных купiць можна. Нi слова не кажучы, выйшаў ён з пошты ды на каньках тым жа следам праз возера. А ехаў ён не па наезджанай дарозе, а па чыстым лёдзе. Праязджае палову дарогi - ляжыць торбачка, грошы ўсе цэлыя. Падняў ён яе ды, не кладучы нiкуды, у руках трымаючы, - на пошту i аддаў у належным парадку, пад квiтанцыю. Прывёз ён квiтанцыю старому Моўшу.
- Дзякуй табе, Ваня, дзякуй!
- Дзякаваць не варта, дзядзька Моўша, але больш нiколi чужых грошай браць не буду.
Ды i расказаў яму пра ўсё здарэнне.
Толькi ад аднаго расказа мама плакала наўзрыд. А ўсёй сям'ёй мы вырашылi так: "Дзякаваць лёсу, што ён пазбавiў нас ад такога гора. Але не трэба спакушаць свой лёс двойчы".
Лыжка дзёгцю
Памiраў мой найлепшы сябар Антось Слабковiч. Той самы Антось, з якiм я сядзеў на адной парце ў школе, з якiм плаваў па ўсёй Мястры i нават па Нарачы, з якiм я пералiчыў усе палi былога патаемнага моста памiж мястэчкам i востравам, з якiм абышоў усе баравiковыя палянкi ў прымядзельскiх барах i пушчах, з якiм нават хадзiў на таямнiчае, дзiвосна-прыгожае, але i страшнае Рудакоўскае возера, з якiм, а больш правiльна сказаць - у якога я прачытаў цэлы вялiкi чамадан антыўрадавых, рэвалюцыйных выданняў i пракламацый.
Гэты мой задушэўны сябар Антось ляжаў у вялiкiм пакоi свайго дома, на высокiм тапчане. Тапчан быў засланы коўдрамi змрочных, цьмяных колераў. Толькi пад галавой, адцяняючы ўсю гэтую жалобу - снежна-белая падушка.
У галовах у яго стаялi вялiзныя падсвечнiкi, прынесеныя з касцёла, а ў гэтых падсвечнiках гарэлi васковыя свечы-грамнiцы. Ягоная мацi, удава Эмiлiя Iванаўна, ляжала крыжам на падлозе перад абразом Вастрабрамскай маткi боскай i, толькi паводзячы, як пры сутарзе, рукамi i нагамi, давала знак, што яна яшчэ пакуль жывая сама, што ў яе схуднелым целе яшчэ трымаецца дух.
Суседкi, паапранаўшыся як манашкi - дзве хусткi: чорная зверху, белая пад ёй, - стаялi i сядзелi каля сцен i ўпаўголаса, трымаючы перад сабой кантычкi, спявалi "Здровась, Марыя". Усё было зроблена для таго, каб выгнаць невядомую хваробу з гэтага наогул моцнага хлопца. А яна не выходзiла нiяк. Не памаглi тут i дактары, якiя нешта таямнiча сказалi адзiн аднаму, маўляў, "iнкогнiта", i пайшлi разам з хаты.
Я, сцiпла стоячы збоку, выцiраў кулаком слёзы. Такое гора! Такая жудасная карцiна! Антосеў твар стаў белы, як крэйда найлепшых гатункаў. Толькi пад вачамi ў яго стаiлiся чорна-сiнiя паўкружжы. Рукамi ён iрваў на сабе кашулю, ляскаў зубамi, падкiдваў ногi аж да галавы, нiбыта збiраючыся перакулiцца праз галаву, як гэта мы рабiлi не раз. Пасля зноў, бы звалiўшыся з высокай званiцы, выпростваўся i цiха стагнаў. А людзi прыходзiлi i выходзiлi. Прыходзiлi выказаць сваё спачуванне матцы, хоць якiм добрым словам памагчы беднаму хлопцу.
I вось адчынiлiся дзверы для чарговай вiзiтацыi. Прыйшла старая бабулька з сям'i, у якой было прозвiшча - Звяругi, але дзе былi ледзьве не самыя лепшыя людзi ва ўсiм мястэчку. Пастаяўшы пару хвiлiн каля Антося, яна раптам парушыла ўвесь урачысты ход развiтання з iм i голасна сказала:
- Ды замоўкнiце вы са сваiмi лiтаннямi. Яны тут зусiм не патрэбны. У яго рабакi. Дайце яму бярозавага дзёгцю. Ад сэрца i адыдзе.
Збянтэжаныя кабеты паспрабавалi не згадзiцца са старой.
- Усе дактары сказалi, што ў яго страшная хвароба - "iнкогнiта", а ты са сваiм дзёгцем лезеш.
- Кажу вам, што ў яго рабакi. Яны пад сэрца i пруць...
Далi Антосю дзёгцю пад нос, не пашкадавалi i ў рот налiць. Паляжаўшы пару хвiлiн - як скочыў наш хворы, ды ў кухню...
Смерць некуды збегла, нiхто яе i не бачыў. Павыносiлi падсвечнiкi, пагасiўшы i сабраўшы грамнiцы. Адсунулi да сцяны тапчан. А па абедзе мы з Антосем плылi праз Мястру ад Старога да Новага Мядзела...
Кажуць, што адна лыжка дзёгцю псуе бочку мёду. Не ведаю, не каштаваў такога мёду. Але што адна лыжка дзёгцю падняла хворага з ложка - бачыў на ўласныя вочы. I жыў ён хто ведае колькi...
Падпольная лiтаратура
У Мядзеле ў 1913 годзе мне давялося ўпершыню пазнаёмiцца з вялiкай колькасцю падпольнай, рэвалюцыйнай лiтаратуры, якая збольшага была надрукавана ў 1905-1906 гадах, у часе першай расейскай рэвалюцыi. Гэта часопiсы, лiстоўкi-пракламацыi, адозвы, плакаты. Яны прыцягвалi ўвагу не толькi зместам сваiм, але i вонкавым выглядам. Многiя з iх былi надрукаваны чырвонай фарбай, многiя - сiняй.
Як жа яны трапiлi ў Мядзела? Родны дзядзька Антося Слабковiча жыў у Пецярбурзе i працаваў там нейкiм дробным службоўцам у акруговым судзе, дзе разглядалiся справы заарыштаваных рэвалюцыянераў. Пасля судоў рэчавыя доказы крамольная лiтаратура - складвалiся ў архiў. Маючы доступ да архiва, гэты дзядзька паступова напакаваў палiтычнай лiтаратурай цэлы чамадан i прывёз яе ў Мядзела. Што яна была ўзята менавiта з архiва - сведчылi пячаткi. Яны стаялi на кожным выданнi.
Якiмi меркаваннямi кiраваўся дзядзька пры гэтым, я не магу ўявiць сабе i сёння. Пакiнуў ён лiтаратуру на гарышчы дома. Антось узяў яе пад сваю руку. Мы з сябрам перабiралiся на чаўне на востраў на возеры Мястра, супраць Новага Мядзела, на Замак, як яго называлi тады. Там, лежачы ў зацiшку, разглядвалi i чыталi тыя выданнi. Самае вялiкае ўражанне на нас зрабiла карыкатура на цара Мiкалая II, якi ў вельмi смешным выглядзе сядзеў на троне. А на другiм выданнi была намалявана пiрамiда, на ёй - царская ўлада: жандармерыя, палiцыя, папы, манахi, розныя падпанкi i, нарэшце, на самым версе царскi трон i сам цар. Ды цi мала было такiх карыкатур!
На многiх лiстоўках надрукавалi тэксты рэвалюцыйных вершаў i песень. Некаторыя з iх мы пазавучвалi на памяць. У адным вершы пра двухгаловага арла быў рэфрэн:
Я нашел, друзья, нашел,
Кто виновник бестолковый
Наших бедствий, наших зол:
Виноват во всем гербовый,
Двуязычный, двухголовый,
Всероссийский наш орел...
Пазней, у студэнцкiя гады, я даведаўся, што гэты верш склаў вядомы паэт В.С.Курачкiн, славуты перакладчык твораў Беранжэ на расейскую мову...
Антось быў старэйшы ад мяне гады на два i даваў мне свае тлумачэннi да многiх малюнкаў i тэксту, - напэўна яны не мелi кнiжнага бляску, але змест iх быў дужа жыццёвы...
У далейшым Антось паказваў некаторыя часопiсы рыбакам з вёскi Качэргi, у якой быў ягоны родзiч. I вось, вiдаць, там знайшоўся нейкi даносчык, якi паiнфармаваў аднаго прадстаўнiка мясцовай улады. Той папярэдзiў нашых бацькоў:
- Пiльнуйцеся! Вашыя дзецi "красныя" часопiсы цягаюць! Дазнаецца прыстаў будзе кепска!
Пасля гэтага мы свой набытак - рэвалюцыйную лiтаратуру больш нiкому не паказвалi.
Крамольная газета
У апошняга расейскага цара Мiкалая II спыталiся неяк аднойчы, як ён ставiцца да розных нацыянальнасцяў.
Цар адказаў так:
- Падазрона да палякаў, грэблiва да беларусаў i з поўнай пагардаю да жыдоў.
Такая ж была i царская "нацыянальная палiтыка". Пагарджаным двойчы i тройчы беларусам не дазвалялi друкаваць кнiгi i газеты на беларускай мове, не адчынялi для беларускага народа школ, у якiх дзецi маглi б вучыцца на сваёй роднай мове i, ужо канчаткова, нi ў якiм разе не дазвалялi чытаць на беларускай мове лекцыi ў вышэйшай школе. Тыя цары згiнулi, а мы, дзякуючы Кастрычнiцкай рэвалюцыi, маем цяпер усё: i кнiгi, i газеты, i школы, а беларуская мова прызнана роўнай з iншымi мовамi свету.
Дык цяпер апавяданне пра тое, як было цяжка знайсцi або выпiсаць беларускую газету за старым часам, - такое апавяданне можа здацца нейкай даўно забытай казкай.
Перш за ўсё беларускую газету было забаронена выпiсваць усiм людзям, якiя знаходзiлiся на дзяржаўнай службе. Выпiсаная i аплочаная газета даходзiла да падпiсчыкаў нерэгулярна, паасобныя нумары гублялi на пошце.
Хоць першая наша беларуская газета друкавалася ў маiм губернскiм горадзе, у Вiльнi, але я пра яе iснаванне даведаўся праз Пецярбург. Прыязджаючы ў госцi, нашы землякi прывозiлi i давалi чытаць нам паасобныя нумары гэтае газеты.
Газета ўсхвалявала мяне i расчулiла немаведама як. Толькi падумаць! На той мове, на якой размаўлялi дзяды, бабулi, бацькi, усе суседзi, надрукаваны артыкулы, апавяданнi, вершы. Як чароўную музыку ўспрымаў я гукi роднай мовы, як вялiкае свята быў для мяне той дзень, калi я ўпершыню пачытаў беларускую газету.
Папрасiўшы ў таты грошы, я падпiсаўся адразу на тры месяцы. Газета пачала прыходзiць у Мядзела акуратна. Тады начальнiкам пошты працаваў стары бальшавiк Грыдзюшка, якi пасля рэвалюцыi быў народным камiсарам пошты i тэлеграфа ў Беларускай ССР. У яго ж, дарэчы, навучаўся тэлеграфнай справе i мой старэйшы брат. На гэтай пошце газета не прападала. Але небяспека з'явiлася з другога боку. Да майго бацькi прыйшоў аднойчы ўраднiк.
- На твой адрас прыходзiць крамольная газета. Трэба такую справу спынiць.
Бацька адразу нават не зразумеў, пра што iдзе гаворка.
- Якая крамольная?!
- Ды "Наша Нiва" з Вiльнi.
- Якая ж яна крамольная, калi яе пошта возiць?
- Я табе даю добрую параду: спынi гэтую справу...
Але мы знайшлi спосаб даставаць рэгулярна газету. Наш сусед Бэрка ездзiў у Вiльню па тавары для мядзельскiх крамаў. Вось ён i прывозiў нам газету, i мы чыталi яе да самае вайны...
Хто пытае, той не блудзiць
Пайшлi мы аднойчы з Антосем Слабковiчам у грыбы за возера Баторын, у пушчу. Год быў грыбны, грыбоў хапала ўсюды, але там былi баравiкi надзвычайна прыгожыя, верасавiкi. Гэта значыць, што раслi яны ў пушчы каля верасовых дываноў, а то i на iх непасрэдна. Былi яны заўсёды мажныя, корань - бочачкай, галоўкi на iх не то што чорныя, а ледзь-ледзь цёмна-вiшнёвага колеру. З паляны на паляну, з другой - на трэцюю i прайшлi мы немалы край. Набралi паўнюткiя кошыкi, а кошыкi ў нас былi вялiкiя. Трэба iсцi дадому. Усё роўна з пушчы баравiкоў усiх не возьмеш нiяк. Выйшлi на дарогу, а ўваччу ў нас так баравiкi i мiльгацяць, так сваiмi галоўкамi i вабяць. I верасы, здаецца, полымем гараць, зiхацяць. Вось гэтае полымя нас, мабыць, крыху i асляпiла. Выйшаўшы на дарогу, пайшлi мы не ў той бок. Iшлi мы, iшлi, валаклi свае кошыкi. Ужо б i Баторын павiнен сваiмi хвалямi зашумець, а тут замест таго Баторына адкрылася зусiм iншая карцiна: на вялiкай нiбы паляне, а можа, пасецы, стаяць кладнiчкi, штабялькi пнёў смаляных, якiх мы нiколi не бачылi. За гэтымi кладнiчкамi нейкая пабудова, з якой праз комiн дым iдзе. А водар - жывы шкiпiнар, смала, дзёгаць...
Антось жа старэйшы ад мяне, той хоць ведае, што гэта такое:
- Смалакурня нейкая. Нават не скажу, дзе такая ёсць. Але калi дым iдзе, павiнен i смаляр быць.
Аж вось ён, выходзiць з-за тых кладнiчак Iцак Папыцак. Мы яму "дзень добры" даём, ён нам адказвае i пытаецца:
- Куды ж вы, хлопчыкi, iдзеце?
- У Мядзела, - кажам у адказ.
- У Мядзела?! - Тут жа ён павярнуўся да пабудовы i пачаў клiкаць. - Сорка, Сорка, кум а гэр!
Выбягае жанчына, мабыць, жонка.
- Зiрнi на iх, яны iдуць у Мядзела, - i паказвае рукой, у якi бок мы iдзём.
Жонка павяртаецца да пабудовы i пачынае крычаць:
- Рохка, Дворка, Додка, Арчык, - кум а гэр!
Неўзабаве з'яўляюцца ўсе названыя асобы, крыху замурзаныя, але даволi сiмпатычныя, асаблiва, на мой густ, Дворка. Калi яны ўсе сталi каля маткi, яна iм пачала тлумачыць:
- Зiрнiце на гэтых хлопцаў. Яны набралi па кошыку баравiкоў. I яны iдуць дадому, у Мядзела. Iдуць яны вунь у той бок...
Усе малыя пачалi дружна смяяцца. Смяюцца дзецi, смяюцца бацькi. Нiчога не засталося нам больш рабiць, пачалi смяяцца i мы. Насмяяўшыся ўволю, бацька кажа нам:
- Мядзела ў тым баку, адкуль вы да нас прыйшлi! Зразумелi цi не? Калi зразумелi, захацелi есцi - можаце ў нас папалуднаваць. Да захаду сонца вы паспееце дадому лёгенька.
Так мы i зрабiлi. Выпiлi ў iх па кубачку малака, з'елi па лусце хлеба, падзякавалi i мелiся iсцi. Але Антось усё ж запытаўся:
- Дзядзька! А чаму вы нам адразу не сказалi, што мы заблудзiлiся, а паклiкалi сваю гаспадыню, яна ж - усiх дзяцей?..
- Эх ты! Ты гадзiны дзве пахадзiў па пушчы, i табе маркотна стала. А яны тут жывуць колькi часу, бачаць толькi, як вазы на Вiлейку iдуць. Цi ж такiя хлопцы цi дзяўчаты калi дарогi пытаюць? Для iх сустрэча з вамi маленькае свята i... навука, каб яны самi лепш дарогi пiльнавалiся.
Спадабалiся нам i самi гаспадары, i дзяўчаткi асаблiва. Разы са два мы зноў траплялi на тую смалакурню "памылкова". А зiмой Рохка i Дворка прыехалi вучыцца ў нашу школу. Сустрэўшыся з iмi ў школе, мы неаднойчы смяялiся, успамiналi нашу першую з iмi сустрэчу...
Лось на Кухтавай гары
Вайна 1914 года наблiжалася да нас шпаркiмi крокамi. Нядаўна мы чулi пра Варшаву, пасля пра Гродню, а тут зямля задрыжала i застагнала i ў нас на Манькаўшчыне. Народ збянтэжаны. Улады нiякай не засталося. Некуды знiклi i папы, i ўраднiкi. Дзiва што! За Туянiхай баi. Гэта значыцца, за тры-чатыры кiламетры ад нашае вёскi. На фурманках з чырвонымi крыжыкамi вязуць параненых. Некаторыя iдуць-брыдуць пехатой. Адзiн iдзе, а вiнтовачны затвор прабiў яму шчаку i вiсiць так на твары. Мала таго, гэты самы паранены, узяўшыся за штык, валачэ за сабою вiнтоўку без таго затвора.
- Дзядзечка! Табе ж цяжка! На лiха табе гэтая вiнтоўка?
Праз скрываўлены рот чуецца хрып:
- Нельга... Вiнтоўка - святая рэч... Трэба аддаць яе начальству...
Праз усю ноч у нашай вёсцы людзi не спалi, хiба толькi малыя дзецi. Вёска наша - на ўзгорку, i з гэтага ўзгорка добра вiдаць, як заходнi небасхiл палымнее чырвонай, агнявой дугой. Хто на зямлi, хто на якой бэльцы, так i прадзяжурылi нашы аднавяскоўцы ўсю ноч.
Што будзе? Што можа выратаваць людзей?
Пачало днець. Стала неяк золка. Не нагрэлася паветра i ад першых пазлацiстых промняў, якiя пайшлi з усходняга неба на нашу засмучаную зямельку. Гэтыя промнi асвятлiлi i верх невялiчкае гары, якая стаяла перад нашай вёскай зусiм асобна i якую спрадвеку звалi ўсе Кухтавай гарой. А якi такi Кухта даў сваё прозвiшча гэтаму кавалку зямлi - нiхто з нашых людзей не чуў i не ведаў.
Але на Кухтавай гары, зусiм побач вёскi, людзi пабачылi ў першым сонечным праменнi вялiкага, магутнага, прыгожага лася. Гэты лось выйшаў з занятай ворагам пушчы, прайшоў колькi мiль праз палеткi, пералескi i шукаў сабе паратунку на нашай зямлi. А яго, таго паратунку, i тут не было: адзiн наш аднавясковец вомiльгам злётаў дадому, прынёс стрэльбу, нацэлiўся на таго лася i меўся спусцiць куркi, але дзядуля адзiн схапiў ягоную стрэльбу за рулю ды вобземлю.
- Ты што, нягоднiк, замыслiў? Лось iдзе ад ворагаў да сваiх людзей ратавацца. А якi ж ты для яго свой? Ты не лепшы ад таго ворага. Ты, можа, раней гэтага лася ў магiлу ляжаш. Пайшоў прэч адсюль!
Забраў той стралец сваю стрэльбу i схаваўся за людзей. Тым часам сонца, як сiмвал святой надзеi, узнялося вышэй. Яно залiло сваiм святлом i нашу вёску i таго прыгожага магутнага лася. Стоячы на Кухтавай гары, ён паварочваў галаву на ўсе чатыры бакi свету. А людзi глядзелi i глядзелi на яго. Урэшце ён павярнуў галаву на Бубнава, памаленьку спусцiўся з Кухтавай гары i пайшоў у лес.
Усе з палёгкай уздыхнулi ўслед.
- Не кажы, што звер! Глядзi, якi правiльны кiрунак узяў. Цяпер пойдзе з лесу ў лес, а там - у вялiкую пушчу. Нiякi вораг яго не здагонiць...
Найлепшымi пажаданнямi праводзiлi мае аднавяскоўцы ляснога земляка ў ягонае выгнанне...
Акоп за токам
Паснедаўшы, тата кажа маме:
- Ты тут упраўляйся, як здумаеш, а мы з Уладзiкам пойдзем за токам акоп капаць. Нават лясны звер, лось, пайшоў ад вайны ратавацца. На зямлi няма ратунку, мабыць, i не будзе.
Пабралi мы рыдлёўкi. Бацька хутка вызначыў пляцоўку: метраў пяць ушыркi, метраў сем даўжынёй.
Капаем. Зямля за токам - суцэльны глей. Добра, што праходзiў дождж. Ды i к восенi час. Грунт стаў нейкi вохкi. А тут вайна падганяе. Не, не, ды здрыганецца зямля ад гарматных выбухаў. Агню, праўда, не вiдно, бо сонца ж свецiць. Капаем мы, капаем удвух. Абодва цягучыя. I выкапалi мы ўжо метры два ў глыбiню..
Прыходзiць да нас сусед.
- Мiкалайка, браток! Што ж ты гэта замыслiў? Навошта ж ты хлопца малога мардуеш? Няўжо ты думаеш ад вайны схавацца? Каму што суджана, той сваё i атрымае: хоць у акопе, хоць на печы.
Бацьку надта абрыдла слухаць такое, ён i адказвае:
- Суседзе! Не хочаш капаць самастойна, не хочаш памагчы мне, не капай i не памагай. Толькi глядзi, сюды ратавацца не прыходзь, бо ў нас месца мала будзе i для сваёй сям'i... Iдзi, браток, дадому i там чытай свае пацеры...
А мы капаем i капаем. Нават у хату палуднаваць не хадзiлi. Мама прынесла сюды, к яме.
Елi, запiвалi раўгеняй, квасам такiм, ды зноў капаць.
I вось яшчэ за гадзiну якую да захаду сонца мы скончылi капаць. А былi ў таты назапашаны дылi сухiя. Нацягалi мы iх у два рады замест столi i страхi, саломай заслалi ды зверху - зямлёй... Зрабiлi акуратна i ўваход. А тым часам снарады пачалi рвацца на нашым полi. Першая ахвяра: адбiла палову хаты, пабiла печ i забiла самога гаспадара ў нашай вёсцы. Хутчэй перанеслi мы коўдры, падушкi, такi-сякi посуд, хлеб, муку, вядры са два вады, а пасля i малых перавялi ў гэты акоп. Запалiлi газоўку. Стала так, што i жыць неяк можна. Мама пачала малiцца перад iконай, якую прынесла з хаты.
Раптам чуем стукат-грукат каля нашага сховiшча i нiбыта знаёмы голас:
- А Мiкалайка, а браток! Няўжо ты пакiнеш мяне з малымi дзеткамi на пагiбель, няўжо не прымеш у сховiшча сваё?
- Хто гэта? - пытаецца бацька. Нават не паверыў ён, што гэта той самы сусед Хведар, якi некалькi гадзiн таму назад з'едлiва кпiў з нашае работы, не кiнуў нi аднае рыдлёўкi зямлi на гэтым месцы...
Што ж цяпер будзеш рабiць?
- Залазьце!
I стала нас усiх у гэтым сховiшчы трынаццаць душ. Тым часам сцямнела, i агнi вакол сталi зыркiя, выразныя. А выбухi тыя - раз за разам. I чуем зноў, што ў канцы нашага гарода, пад плотам нехта па-жыдоўску богу молiцца. Бацька высунуў галаву, паслухаў - Мiхол, манькаўскi карчмар, са сваёй дачушкай Рахiлькай! Выявiлася, снарад трапiў у карчму, зруйнаваў i запалiў яе. У агнi загiнула Мiхолава жонка i ўсе дзецi. Застаўся нейкiм дзiвам ён з Рахiлькай. Прынялi i iх у сваё сховiшча.
Стала нас усiх пятнаццаць душ. Так мы i жылi ў яме колькi дзён, пакуль на нашым полi ды за лесам грымоты стаялi. Гатаваць страву было нельга. Мацi разводзiла ў вядры вады муку. Гэтую балтушку i пiлi.
Як мая мацi мелася канчаць вайну
У нашу вёску прыехаў першы конны нямецкi дазор. Праехалi моўчкi, з доўгiмi пiкамi, у касках са штычкамi ды яшчэ з накладачкамi на канцах штычкоў праз усю нашу вёску. Не кажучы нашым людзям нi "дзень добры", нi "бывайце здаровы", яны спынiлiся ля канцавой хаты. Пазлазiлi з коней. Нерассядланых папрывязвалi да плота. Чатыры коннiкi зайшлi ў хату i пачалi палуднаваць. Пяты, старэйшага веку, узлез на саламяную страху хаты, лёг на яе i пачаў праз бiнокль азiраць вялiкае паўкружжа: ад манькаўскай дарогi аж да калееўскага поля. Нашы людзi паглядзелi, паглядзелi на iх з-за вуглоў ды i паразыходзiлiся ў розныя бакi: то ж восень, трэба канчаць прыбiраць усё з поля.
Iдучы вулiцай, затрымаўся мiжвольна ля канцавой хаты i я. Мяне цiкавiлi i нямецкiя конi, i нямецкiя пiкi i, зразумела, самi немцы.
Нямецкi салдат, якi ляжаў на страсе, крыкнуў мне:
- Хадзi сюды!
Нямецкую мову я крыху вывучаў i прымiтыўныя сказы i звароты ведаў. Я ўсё ж запытаўся:
- А што вам трэба?
- Хадзi сюды, не бойся, - паўтарыў ён.
Палез я на страху.
- Кладзiся побач! - скамандаваў ён мне i, не здымаючы са сваёй шыi раменьчыка, падсунуў мне бiнокль.
Бiнокль быў цудоўны. Трэба думаць, што яны прадавалi для расейскай армii не такiя бiноклi, бо праз тыя я глядзеў раней i таго не бачыў. Праз гэты бiнокль я пабачыў, здаецца, кожную лiсцiнку на ўзлессi... "О-ё-ёй! падумалася мне, - маючы такi бiнокль, можна са сваёй печы бачыць, колькi ў лесе за ноч грыбоў нарасло..."
Тым часам немец адкруцiў вечка сваёй паходнай пляшкi i пачаў налiваць у яго нейкi руды, цёмны напiтак. А я ж чытаў у прыгоднiцкiх раманах, што ўсе пiраты, заваёўнiкi насiлi пры сабе пякельны ром, якi абпальваў вантробы ў тых лайдакоў, калi яны пiлi яго. Мне i падумалася, што ён хоча пачаставаць мяне тым пiрацкiм ромам.
Я адразу на ягонае запрашэнне выпiць адказаў:
- Дзякую! Я не хачу пiць.
- Пi! Гэта - кава, добрая кава.
- Мы не спажываем каву, - пачаў я адмаўляцца зноў.
- Ну, я ж частую цябе, пi!
Тады мне прыйшлося ўзяць, выпiць i падзякаваць яму, хоць сапраўды ў нашай сям'i каву не пiлi, уважаючы больш гарбату з чабору, лiповага цвету або яшчэ якiх iншых зёлак. Гутарка ў нас дужа не разгортвалася, бо ў мяне быў абмежаваны запас слоў, а яшчэ ж - я насцярожана трымаўся, не забываючыся, што побач са мною ляжыць прадстаўнiк варожай армii. Тут жа ён дастаў з кiшэнi свайго мундзiра кнiжачку, а з яе - некалькi фота.
- Гэта я, - паказвае ён на цывiльнага селянiна, гэта - мая жонка, гэта мае сыны, гэта - дачушка... - I ў гэты момант у яго пакацiлiся слёзы... - Я тут ляжу на гнiлой саломе, а сям'я там. Што яны без мяне зробяць? Багатаму, пану, дадуць палонных, батракоў. У iх будзе ўсё спарадкавана. А хто спарадкуе, хто пазвозiць снапы маёй сям'i, з майго поля?.. - I ўздыхнуў цяжка-цяжка.
А быў у нашай вёсцы адзiн селянiн, па прозвiшчу Казачок. Ягоная сядзiба стаяла насупраць нашай, толькi пасля пажару ён пабудаваў новую хату метраў за паўсотнi ад вулiцы, заняўшы былое падхацiшча агародам.
I вось калi я ляжаў на страсе побач таго дазорцы, прыйшоў нейкi сусед i пачаў з вулiцы клiкаць Казачка, а той не чуе. Гойкаў, гойкаў сусед - "Казачок, Казачок", а пасля ўзяў ды з усёй сiлы:
- Ка-а-а-зак, ты што, аглух? Хадзi сюды!
Пачуўшы слова "казак", немец кулём скацiўся са страхi, прачынiў дзверы ў хату, крыкнуў "казакен", а сам за пiку, на каня ды ходу. Сябры ягоныя следам за iм. Мiж iншым, iхнi нямецкi бог iм-такi дапамог: праз якую гадзiну ў нашы Агароднiкi прыджгаў эскадрон данскiх казакоў. Яны займалi нашу вёску веерам, ад поля - усю адразу, пералятаючы праз платы, як птушкi якiя. Так што той дазорца нямецкi, напэўна, не даехаў бы да сваiх дзетак, да свайго ўласнага поля...
Калi я ўвечары, пры вячэры, расказаў сваiм пра гутарку з немцам, мая мацi сказала:
- А ты думаеш, што iхнiя салдаты не такiя людзi, як нашыя? Яны ж i працуюць, i гаспадаркай займаюцца. А тыя правiцелi не падзеляць якое лiха, ды ваяваць. Латва iм ваяваць, чужыя галовы падстаўляць. А трэба так: пасварылiся цары-каралi? Калi ласка! Выходзьце на нашы Стажкi, станьце адзiн супраць аднаго ды i ваюйце, колькi вам згодна. Запэўняю, што пасля першай бойкi яны страцiлi б апетыт да вайны...
На жаль, мая нябожчыца мацi не мела ўлады, каб ажыццявiць свой разумны план. Я таксама думаю, што пасля першай бойкi тыя правiцелi заключылi б вечны мiр...
На спаленым цягнiку па навуку
Я калiсьцi напiсаў вершаваную казку пад назваю "Дзiвосныя прыгоды". У гэтай казцы, мiж iншым, расказваецца, што мой герой, якога гусi насiлi на сваiм крыллi над усёй Беларуссю, усё ж такi зноў апынуўся на зямлi i ўбачыў калёсы. Лёг на iх адпачыць, а каб яго зноў не ўхапiлi i не аднеслi пад хмары гусi, прывязаў сам сябе лейцамi да таго воза. Тут нечакана з'явiўся мядзведзь, запрогся ў аглоблi i пачаў гайсаць па ўсiм лесе, па пнях ды карэннi. Урэшце ўзлез з возам на дрэва, разбурыў там пчалiны борць. Казку далей я пераказваць не буду. Тут гутарка аб iншым. Калi гэтая казка была надрукавана з дужа добрымi малюнкамi мастака М. Карпенкi, многiя юныя чытачы, сустракаючыся са мною, пыталiся:
- А як гэта чалавек сам сябе прывязвае? Адкуль вы такое ўзялi хоць бы i для казкi?
Я тады iм сказаў толькi адно:
- У казках бываюць i не такiя дзiвосныя рэчы.
А сам сабе падумаў: "Раскажу я вам, мае юныя сябры, з часам не казку, а самую чыстую быль, як я сам сябе прывязваў да жалеза i як крыважэрны мядзведзь вайны вёз мяне, прывязанага, ад Парафiянава да Полацка. Успомнiўшы пра гэтую сваю паездку, я i скарыстаў быў часткова яе ў казцы "Дзiвосныя прыгоды". Цалкам яе выкарыстаць тады не мог".
Дык вось як было i былося.
Першая сусветная вайна, пачаўшыся ў 1914 годзе, загрузла ў нашых беларускiх балотах, пушчах, ля нашых азёр i рэчак. Па адным баку стаялi немцы, па другiм стаялi расейцы.
Увосень 1915 года дачуўся я, што наша настаўнiцкая семiнарыя пераехала з Новай Вiлейкi, паблiзу самой Вiльнi, у горад Невель, за Полацкам, i мне трэба туды з'явiцца. Бацька праз людзей даведаўся, што ехаць нам цяпер можна толькi на станцыю Парафiянава, бо папярэднiя нашы станцыi пазаймалi немцы.
Запрог бацька буланага конiка, паставiў мой кош з кнiгамi i вопраткай. Пакланiўся нiзенька я роднай матулi ды родным мясцiнам, i мы паехалi.
Як ехалi праз разбураныя вёскi, спаленыя, пакрышаныя снарадамi лясы - не буду казаць, бо гэта ўсё вядома i старым i малым у Беларусi. Многiя пазналi яшчэ большае гора i яшчэ большы жах у часе другой вайны. Як бы, кажу, нi ехалi, але прыехалi мы на станцыю Парафiянава.
Начальнiк станцыi сядзеў у нейкiм вагоне. Там была i чыгуначная апаратура. Паказалi мы яму свае паперы.
- Усё, кажа, дужа добра. Паперы таксама добрыя. Але бяда ў тым, што на паперах ехаць нельга, а ў нас цягнiкi не ходзяць, таксама нельга ехаць.
Давай мы яго прасiць, давай малiць: