- Засталiся ў нас тры бульбiнкi. Больш - анiчагуткi.
   Сын, маленькi хлопчык, пачуў гэта i дадае:
   - Адна цыбулiнка ёсць яшчэ ў нас!
   Я адразу адказваю:
   - Гэта ж цуд! Беларусы кажуць, што гора тады, калi нi цыбулькi, нi крышыць у што. А ў нас зараз будуць з усяго гэтага не адна, а дзве стравы!
   I пачаў сам гатаваць абед. Адцадзiў адвар ад бульбы, пакрышыў цыбулiнку першая страва. З'елi па бульбiне - другая страва.
   Тады мой сын, узяўшы вясёлы тон, дадаў:
   - Яшчэ ёсць трэцяя страва - рот прапаласкаць...
   Так мы паабедалi. На другi дзень з харчаваннем справа наладзiлася, з'явiлiся нават i трэцiя стравы. Так што рот паласкаць перайшло на чацвёртую...
   Добрая кнiга дапамагла
   Працаваў я ў райспажыўсаюзе, - канец лiпеня 1931 года. Са сваёй новай работай i абавязкамi азнаёмiўся хутка. Сяджу аднойчы, працую. Iдзе аднекуль наш старшыня. Зiрнуў я i аж спалохаўся: нельга пазнаць, з твару змянiўся, усхваляваны, вiдаць, бясконца. Не павiтаўшыся, прайшоў да сябе, у кабiнет. А ў мяне была тэрмiновая справа да яго. Заходжу. Сядзiць, маўчыць, а выгляд усё такi самы - дужа неспакойны.
   Я маўчу пра паперу, з якой прыйшоў, а пытаюся:
   - Скажыце, калi ласка, якая ў вас непрыемнасць здарылася? Цi не здолею я хоць чым-небудзь памагчы вам?
   - А вы не чулi, што ўчора адбылося?
   - Не, кажу, нiчога не чуў.
   I вось што выявiлася. Наш гарадок быў ад чыгуначнай станцыi Кацельнiчы ў ста сарака кiламетрах. Сувязь падтрымлiвалася коньмi. Напрыклад, занаражалася трыста або чатырыста сялянскiх фурманак. Нагружалi iх лёнам, каноплевым валакном, збожжам, адным словам - усялякай сельскагаспадарчай прадукцыяй, i накiроўвалi на станцыю Кацельнiчы. Там усё гэта згружалася, а замест сельскагаспадарчай грузiлася на фурманкi прадукцыя прамысловая: жалеза, шкло, мануфактура. Улегцы фурманкi не хадзiлi, прывозiлi крамныя тавары. Але, як на тое лiха, прамысловасць перастала чамусьцi рабiць каламазь. Каламазi не было анiдзе. На такую вялiкую адлегласць, - ледзь не трыста кiламетраў, - ды з грузам фурманкi хадзiлi на нямазаных колах. А нездарма ж i прымаўка iснавала ў нас: "Пiшчыць, як нямазанае кола". А калi запiшчаць адразу тысяча або паўтары тысячы нямазаных колаў, што тады? Пякельны канцэрт нейкi, суцэльная какафонiя, не горш, чымсьцi некаторыя сучасныя музычныя творы "попмузыкi". Спрабавалi людзi рабiць нейкую сваю мазь, - каторыя шукалi дзёгаць, каторыя нават маслам мазалi, - нi таго дзёгцю, нi масла на ўсе колы не хапала. I вось аднойчы накiравалi ў Кацельнiчы аж чатыры сотнi фурманак, а каб яны не параз'язджалiся па сваiх вёсках выпадкова, адзiн нейкi мясцовы начальнiк у арганiзаваным парадку прагнаў фурманкi па цэнтральнай вулiцы горада на пагрузку. Ехаў такi абоз дужа доўга. I ўсе колы, кожнае на свой лад, пiшчалi. Атрымалася такая страшная музыка, што чутно было нават на ўскраiне горада. Зразумела, усе кiраўнiкi раёна абурылiся ў першую чаргу на гандлёвыя арганiзацыi: "Што вы робiце, чаму не можаце забяспечыць сялян каламаззю?"
   Майму старшынi вызначылi тэрмiн, дужа кароткi, пасля якога, калi ён не дасць насельнiцтву каламазь - павiнен пашукаць сабе iншую работу.
   Паслухаўшы пра гэту сумную i непрыемную гiсторыю, я падаў прапанову: паслаць агентаў i закупiць дзе каламазь, запатрабаваць ад вышэйшых гандлёвых арганiзацый. Старшыня мне адказаў:
   - А вы думаеце, не пасылалi? Не пiсалi? Не прасiлi? Аж кленчылi перад тымi арганiзацыямi - нiчога не памагае, нiдзе гэтай каламазi няма.
   - Тады, кажу, iншая справа. Будзем рабiць яе самi!
   - А вы ўмееце рабiць?
   - Не толькi не ўмею, але нават не ведаю, з чаго яе робяць.
   - Дык як жа?
   - Для гэтага iснуюць кнiгi. Зараз дамо маланку, - гэта былi такiя тэрмiновыя тэлеграмы, - у Маскву, у "Кнiгу - поштай" i папросiм, каб яны прыслалi нам адпаведную лiтаратуру.
   Простая справа? Зусiм простая. Але вось уявiце сабе, што дужа часта многiя не даацэньваюць ролю кнiгi, пачынаюць адкрываць адкрытыя Амерыкi, замест таго каб праверыць у адпаведным падручнiку: што зроблена папярэднiкамi раней. А тут яшчэ, як на грэх, бывае, што i "Кнiга - поштай" не заўсёды акуратна адгукаецца на запытаннi. З уласнай практыкi апошнiх гадоў маю факты, калi толькi праз пяць-шэсць месяцаў выконвалiся мае ўласныя заказы адной правiнцыяльнай "Кнiга - поштай" i то, калi да iх зайшоў жыхар таго горада i настойлiва папрасiў выканаць заказанае... Але ж там - правiнцыяльная арганiзацыя. А я даў тэлеграму ў маскоўскую. Можаце ўявiць сабе, што праз двое сутак на трэцiя прыйшла пасылка з кнiгамi! Каб я ведаў прозвiшча таго добрасумленнага працаўнiка, яго трэба было б адзначыць для ўсеагульнага ведама! Той працаўнiк лiтаральна выратаваў i нашага старшыню, i нашу арганiзацыю, i наш конны транспарт. У пасылцы было шэсць кнiг. Усе яны - капiтальныя, фундаментальныя падручнiкi i тлумачаць, як арганiзаваць вялiкую каламазную вытворчасць, цэлыя заводы. Але адна з iх была самая маленькая, з назвай, надрукаванай на сiняй вокладцы белымi лiтарамi: "Как самому простейшим способом изготовить колесную мазь". Каштавала яна ўсяго трыццаць пяць капеек. I гэтая танюсенькая кнiжачка прынесла такую карысць!
   Атрымаўшы з пошты пакунак з кнiгамi, на скорую руку перагледзеўшы яго, я адразу пайшоў у кабiнет да старшынi.
   - Iван Якаўлевiч! Прыйшлi кнiгi, пачынаем рабiць каламазь.
   Мой начальнiк усхваляваўся, ускочыў, хапiў усе кнiгi, пачаў iх гартаць. Я паказаў яму тую, танюсенькую.
   - Якiя матэрыялы патрабуюцца для мазi?
   - Вада - па-першае.
   - Вады маем цэлую раку Яранку.
   - Па-другое - вапна.
   - Вапны, ронгiнскай, - было там такое паселiшча Ронгiна, ад якога i пайшла назва вапны, - повен склад.
   - А яшчэ - паўгудрон.
   - Гэтага дабра пазычым на першы раз у МТС. А больш нiчога? Нi масла, нi мёду, нi яек?.. - пачаў жартаваць старшыня.
   - Больш нiчога. Для першага разу - бочка, драўляная мяшалка.
   Выйшлi ўсёй кампанiяй на дварышча. Прынеслi вядро паўгудрону, вапны. Эмульсавалi мяшалкай ваду з паўгудронам i пачалi, памешваючы, насыпаць у тую эмульсiю вапну. Лiтаральна праз пятнаццаць-дваццаць марудных хвiлiн першы замес быў гатовы.
   Сам наш старшыня, не давяраючы нiкому, намазаў восi i колы ў дрожках, запрог каня i пакацiў па горадзе. Вярнуўшыся праз колькi хвiлiн, вясёлы, радасны, ён здалёку закрычаў:
   - Браточкi, не пiшчыць!
   Што казаць далей? Рабочы, якi прысутнiчаў пры першым замесе, быў тут жа, на панадворку, прызначаны кiраўнiком новага прадпрыемства, яму дадзена пад гарантыю - "адказваеш галавой!" кнiжачка i двое памагатых.
   Праз тыдзень увесь раён быў забяспечаны каламаззю i Яранск пачаў прадаваць яе ў суседнiя раёны, але, што праўда, то праўда, свайго сакрэту нiкому не адкрываў...
   Колькi добрых слоў паслана было па адрасу i аўтара той кнiжачкi i людзей, якiя так тэрмiнова i акуратна выканалi заказ на кнiгi!
   Сустрэча з лiхiмi людзьмi
   Увосень 1934 года тэрмiнова ехаў я з Яранска да Iашкар-Алы. Ехаў я з адным земляком. Было ў нас дзве фурманкi, па адной на кожнага. Пры кожнай фурманцы павознiк. Але дарога такая цяжкая, што магутныя конi ледзьве цягнулi бадай парожнiя калёсы, на якiх былi ўвязаны невялiчкiя куфэркi. Мы iшлi абочынай дарогi, пехатой. Уся наша дарога працягласцю была восемдзесят чатыры кiламетры. А ехалi мы двое сутак. На сярэдзiне дарогi - начавалi.
   На другi дзень, калi добра сцямнела, пачалi мы наблiжацца да Iашкар-Алы. Засталося самае гiблае балота, на якiм не так даўно насыпалi высокую дамбу грэблю, а перад ёй, над балацянай рэчкай, - доўгi драўляны мост паставiлi. I вось каля гэтага моста i заселi лiхiя людзi, каб сабраць свой крывавы плён. На наша шчасце, з горада ехаў нейкi чалавек конна. Тыя лiхiя людзi мелiся ссадзiць яго, але ён паспеў уцячы. Параўняўшыся з намi за якi кiламетр ад моста, гэты чалавек хуценька папярэдзiў нас:
   - Браткi! Асцярожна! На мосце лiхiя людзi!
   Мы адразу спынiлiся. Павознiк мой, чалавек магутнага фiзiчнага складу, выявiў сябе такiм жа магутным баязлiўцам. Адразу ж адшпiлiў рэмень i сказаў, што яму трэба нечага затрымацца ў кустах.
   Мой таварыш быў ненамнога смялей майго павознiка. Але затое павознiк майго таварыша - ну, проста герой. Ён толькi запытаўся ў мяне:
   - Ты не баiшся?
   Я адказаў шчыра:
   - Нiкога i нiчога!
   - Тады пойдзем так. Я, - кажа той павознiк, - пайду першы, ты за мной, а наш друг, - кiўнуў ён на майго таварыша, - пойдзе за намi. - Тут жа ён адвязаў дарожныя сякеркi - ад свайго i ад майго воза.
   Узялi мы з iм па сякерцы i памаленьку кранулiся. Конi iдуць, брыдуць фактычна самi, мы толькi iх панукаем. У той жа час як мага ўглядаемся, што там наперадзе. I вось разгледзелi -чатыры ценi. Стаяць з правага рогу, пры самым пачатку моста. А мы нiбыта нiчога не бачым, iдзём ды на конi:
   - Но, косю, но! Хутка адпачываць будзеце... Но!
   I вось, калi заставалася метры са два да тых зданяў-ценяў, мой папярэднi кiдаецца ў атаку, не чакаючы нападу. Я за iм. З усяго маху ён б'е аднаго ў бок, скiдвае з грэблi. Я такiм жа чынам збiў другога, i ён пакацiўся з дзесяцiметровай вышынi. Трэцi, мабыць, ад нечаканкi паслiзнуўся сам, пакацiўся за iмi. А чацвёрты толькi гойкнуў:
   - Iх тут многа, праклятых! - выскачыў на мост i пабег па мосце, толькi насцiл гудзе. Тым часам конi нашы, не спыняючыся, узышлi на мост самi, колы загрымелi па дрэве. Тут жа з'явiўся мой павознiк. Замацаваўшы свой рэмень на поясе, ён адразу пачаў пытацца:
   - Ну, дзе яны? Дайце мне iх у рукi!
   Мiмаволi мы ўсе, у такiм страху, пачалi рагатаць. У начной цiшы гэты рогат, пэўна, быў таксама, як зброя. Уцякаючы, злачынцы чулi, безумоўна, яго i, не ведаючы нашых магчымасцяў, ды яшчэ пачуўшы громападобны клiч: "Дайце мне iх у рукi!" - напэўна, паддалi пэнду.
   А ў нас - новая задача: што рабiць далей? Мой павознiк i мой таварыш прапануюць тут спынiцца i чакаць свiтання. Павознiк майго таварыша i я прапануем неадкладна ехаць далей. Гэты сапраўдны герой тлумачыць:
   - Мы iх, тых людзей, раздражнiлi, паскiдалi ў балота. Яны пойдуць, прывядуць падмогу i падавяць нас у гэтай глушы...
   Паслухаўшы ўсю такую размову, я падаў прапазiцыю: свае рэчы перакладваю на другi воз, а яны няхай застаюцца тут да ранiцы цi да палудня - як хочуць. "Смельчакi" не згадзiлiся, i мы неадкладна паехалi далей. Прыехалi памаленьку ў марыйскую сталiцу. Вельмi ўсцешылiся, калi з-за павароту зазiхацелi яе агнi i нашы конi пайшлi па брукаваных вулiцах...
   Сiнявокая лекарка
   Колькi на свеце ёсць сардэчных, добрых людзей, якiя спагадаюць людскому гору, вялiкае яно цi малое, ды iмкнуцца дапамагчы, не чакаючы, калi аб гэтым iх прасiць будуць...
   Па тэрмiновай, неадкладнай справе iшоў я аднойчы ад сяла Шэшургi да сяла Мiхайлаўскага на Вятчыне. Тым шляхам цяпер аўтобусы ходзяць. Але ў той час нiякага руху не было. Праедзе, бывала, адна якая фурманка - ды ўсё. Прыблiзна на сярэдзiне маёй дарогi была невялiчкая вёска. Вёска лясная, вельмi акуратная, чыстая. Каля кожнага дома лаўка для адпачынку. Вокны ўсе фарбаваныя, з прыгожымi лiштвамi. Брамы - з разбярскiмi аздобамi рознымi. Адным словам, надта прыгожая вёска.
   Калi я падыходзiў да гэтае вёскi, у мяне нечакана забалеў зуб. Ды такi жудасны боль з'явiўся, што я ледзьве на нагах трымаўся, аж уваччу цямнела. Вось-вось, здавалася мне, самлею. Што рабiць? Вяртацца назад - палова дарогi пройдзена, такi самы адрэзак засталося прайсцi. Ды i справу трэба споўнiць. А iсцi нiяк не магу. Узышоўшы ў гэтую прамежную вёсачку, я сеў на лаўку каля аднае хаты, узяўся рукой за шчаку i толькi-толькi не пачаў лямантаваць.
   У гэты момант, - чую я, - рассунулiся рамы над маёй галавой, - у большасцi там рамкi не на навесках, а рассоўныя, - i прыемным дзявочым голасам нехта запытаўся:
   - Цi не зубы ў цябе баляць, чалавеча?
   Я не адказаў, а толькi прагудзеў:
   - Му-гу...
   - Пачакай! Я табе iх зараз вылечу!
   А я крыху ведаў гэтыя вясковыя лекi. Бывае жартуючы цi вядро вады лiнуць вось так, для здароўя, цi яшчэ якi iншы фокус прыдумаюць. На ўсякi выпадак я адсунуўся на край лаўкi i пачаў насцярожана пазiраць на тое акно.
   Аж зусiм з другога боку, з панадворку, адчынiлася брамка i да мяне падышла прыгожая, сiнявокая дзяўчына. Яна трымала ў адной руцэ ножык, а ў другой нейкi свежы, добра вымыты корань. Сеўшы побач са мной, яна акуратна адрэзала танюсенькi скрылёчак ад гэтага кораня, падала мне i сказала:
   - Пакладзi на хворы зуб i сцiснi скiвiцы.
   Я так i зрабiў. А яна тым часам пачала расказваць мне ўсялякiя маленькiя жарцiкi пра свае падзеi. Гутарку я падтрымлiваў толькi сваiм гудзеннем, каб яна не падумала, што я нейкi няветлiвы. Праз кароткi час зуб мой зусiм супакоiўся, перастаў балець. Так, як, не раўнуючы, наляцiць вiхор, пакрышыць, пакруцiць усе на сваiм шляху i - няма яго, знiк.
   Я падзякаваў сваёй выратавальнiцы i папрасiў, каб яна дала мне ў дарогу гэты корань:
   - Калi зуб забалiць зноў, я адразу ўтаймую боль.
   Але больш гэты зуб у мяне нiколi не балеў. А зелле тое - самы звычайны агародны хрэн. Калi хто надумае лячыць свае зубы гэтым зеллем i яно адразу не паможа, няхай пашукае такую сiнявокую лекарку. Мне думаецца, што галоўная частка лячэння была ў тым, што яна сваёй мiлай гаворкай "замовiла" мне зубы.
   Гартаванне цярплiвасцi
   Наогул я чалавек цярплiвы. Цярплiвасць у мяне не з'явiлася адразу, як нейкi матчын дар, пры нараджэннi. Яна прыходзiла паступова, у працэсе розных маленькiх i вялiкiх работ, якiя даводзiлася выконваць у сваiм жыццi. Я нiколi не стаўляў перад сабою такую мэту: будзь цярплiвы. Цярплiвасць - гэта не адназначна з пакорнасцю або пакорлiвасцю. Цярплiвасць - гэта мацi вынаходлiвасцi, мацi творчасцi. Няпраўда, што выдатныя творы з'яўляюцца ў адзiн мiг. Яны выказацца могуць у адзiн мiг, але яны раслi, спелi ў сэрцы мастака, можа, не год, а дзесяцiгоддзi. Дам уласны прыклад. Пяць радкоў прачытаў я ў свае маладыя гады ў адным са зборнiкаў Чачота пра тое, як сялянскi сын у Беларусi знайшоў выпадкова кветку папарацi i як паны адабралi ад яго тую кветку, бо ён не ведаў, што з'яўляецца гаспадаром такога цудоўнага скарбу, а яны якраз i ўразумелi тое. Толькi пад канец шасцiдзесятых гадоў я напiсаў сваю "кветку шчасця" на тыя пяць радкоў. Я напiсаў гэтую казку за якую гадзiну часу. А выношваў яе сорак з лiшнiм гадоў, неаднойчы згадваючы пра яе, вяртаючыся да яе, але пакiдаючы яе зноў нерухомай на доўгiя гады. Рамэн Ралан, мiж iншым, казаў: "Цярпi, пакуль ты кавадла, бi, калi станеш молатам". Гэтыя словы не трэба, хоць i можна, разумець просталiнейна. У iх закладзены дужа шырокi i глыбокi сэнс. Добра ён падмацоўвае i сказанае мною.
   Але вернемся да цярплiвасцi i да таго, як яна з'явiлася ў мяне, як яна стала адным з маiх рухавiкоў, застаючыся, - якi парадокс! - сама нерухомая.
   Жыў я са сваёй маленькай сям'ёй у горадзе Яранску. Працавалi мы ў розных установах: жонка ў школе, я ў спажывецкай кааперацыi, фактычна сакратаром-юрысконсультам, - вёў усе прэтэнзiйна-арбiтражныя справы. Арандавалi мы ў былой купчыхi гэтага горада паўдома: два пакойчыкi, кухню. Дамовiлiся пры пачатку, што вясною гаспадыня нам дасць кавалачак агарода на сваёй сядзiбе, каб нашаму маленькаму сыну было дзе i папрацаваць крыху разам са мной i паласавацца якой гароднiнай, не заглядваючы ў чужыя гароды.
   Прыходзiць вясна, канец сакавiка месяца. Сустракаю гаспадыню i прашу, каб яна паказала мне i назначыла кавалачак дакляраванага гарода.
   - Навошта вам агарод? Вы абое працуеце. Што будзе вам трэба з гароднiны вы зможаце купiць у мяне...
   - Дазвольце... Прычым тут "купiць" цi "прадаць"? Справа не ў тым. Я ж вам казаў, якое значэнне мае гэта для выхавання майго сына. Я дамовiўся, вы згадзiлiся. Якая можа быць цяпер размова?
   - Я параюся са сваiм гаспадаром...
   Цераз пару дзён я нагадваю ёй зноў пра нашую размову i прашу паказаць мне месца на яе вялiзнай сядзiбе, - больш паловы гектара.
   - Добра, - кажа, - пойдзем, пакажу...
   Ступаем на гарод, i яна паказвае мне дзялянку, на якой яны самi нiколi нiчога не садзiлi, бо на гэтым месцы стаяў вялiзны-вялiзны свiран, у iм яны складвалi лён i каноплi, чым гандлявалi. Зусiм нядаўна гаспадары гэты свiран разабралi, прадалi, а месца з-пад яго i вызвалiлася. Бачу бiтае шкло, iржавае жалеззе, розны друз.
   - Дык гэта ж не гарод, а па-расейску кажучы - "пустырь", ды яшчэ закiданы хламам...
   - Як хочаце! Крыўдуйце на мяне, але iншага нiчога вам прапанаваць не магу...
   Жонка мая, калi я ёй расказаў, рукамi замахала:
   - Не трэба! Навошта такi гарод? Мне, - кажа, - дадуць разам з настаўнiцкiм калектывам...
   Гэта добра, а вось пры доме...
   I пачаў я выходзiць а пятай гадзiне ранiцы штодня на гэты гарод. Пачаў збiраць усё смецце i выносiць яго, складваць штабяльком каля плота. Цэлую сцяну, як мур-мураваны, склаў ды яшчэ рознакаляровымi бiтымi шкелкамi ператкаў. Калi сонейка пасвецiць добра, дык гэты мур зiхацiць, нiбыта адмыслова, для хараства складзены. А гаспадыня тая i не бачыць, што на яе дарунку робiцца. Калi я ўсё гэта падчысцiў, тады рыдлёўкай перакапаў адзiн раз, - гарод тым часам падсыхаць стаў. Пачакаўшы, перакапаў другi раз. Пайшлi мы з жонкай, з сынам, разбiлi лехi i, што можна паводле часу, - усё пасадзiлi: буракi, моркву, часнок i падобныя трывалыя раслiны.
   А гаспадары нашы толькi яшчэ пачыналi думаць наконт свайго гарода. Прыбегла яна неяк у нядзелю да нас, задыхаўшыся:
   - А божухна, а мiленькi! Гляньце, што дзеецца на вашым гародзе! Ды што ж гэта, ды калi ж гэта...
   I пачала лiтанiю чытаць. Я ёй адказаў, што каменне, шкло, наогул смецце ўсялякае ветрам сагнала да плота. Сам сабой гарод ускапаўся i пасадзiўся...
   Па немалым часе пасадзiлi i гаспадары свой гарод. Але што здарылася далей: я iду палiваю - вады не шкадую, на якi квадратны метр - палiвачка. Яна палiвае, не раўнуючы, як поп крапiдлам - бярозавы венiк у ваду памочыць i з венiка пырскае.
   А лета было гарачае. У нас агуркоў як насыпана, а ў гаспадынi няма. А самае галоўнае - у нас таматы на лясе чырванеюць, а ў яе толькi цвiсцi пачынаюць. Прыходзiць гаспадыня да нас ды i кажа:
   - Даруйце, прыйшла да вас з просьбай. Дазвольце хоць пару гуркоў для халаднiка ў вас узяць...
   Мы ёй адказваем:
   - Бярыце хоць па дзесятку штодня, але скажыце, якiя ж вы гуркi мелiся нам прадаваць, калi не хацелi нам гарода даваць?
   ...Дачакалi мы восенi. Сабралi добры ўраджай. Насалiлi, намарынавалi гароднiны на ўсю зiму.
   Прыходзiць другая вясна. Цяжка на здаровы розум веры даць, што так можа быць, - вось як гартавалася мая цярплiвасць, - прыходзiць у канцы сакавiка наша гаспадыня да нас ды i кажа:
   - Хочаце - гневайцеся на нас, хочаце не, але мы з мужам параiлiся, падумалi i надумалiся, што гэтай пляцоўкi, якой вы летась карысталiся, мы нiяк не можам вам даць. Калi хочаце - можаце ўзяць iншую, дзе стаяў другi свiран.
   Карацей кажучы, прапануе мне зноў такi самы хамут, з такiм самым, калi не большым, запасам смецця, бiтай цэглы, рознага жалеззя...
   Аж зубы сцiснуў я, так угневаўся. Але тут жа згадаў адзiн сказ са Скарынiнавых кнiг: "Не бывай скорый к розгневанию, гнев убо в лоне безумного опочивает..."
   Жонка мая нiчога не кажа, толькi пазiрае: хопiць у мяне цярплiвасцi, цi пазычаць трэба будзе куды iсцi.
   Падумаў я, падумаў. Пасля кажу:
   - Не вельмi добры план вы склалi. Ну, але паколькi вам, як вы кажаце, араць замiнае наша дзялянка, мы з жонкаю згаджаемся ўзяць новую пляцоўку...
   Пачаў я спяваць зноў тую ж самую песню, што i летась. Устаю штодня а пятай гадзiне. Працую да снедання. Выбiраю, выношу, складваю друз пад другую сценку плота. Наклаў новы мур, роўны з плотам, толькi шкелкамi пераклаў iншых колераў: галоўным чынам, ад бiтых рознакаляровых бутэлек. Зноў зiхацiць наша дзялянка, як для нейкага свята аздобленая адмыслова.
   Забягаючы наперад, павiнен сказаць, што свята мы i спраўлялi ўвосень, свята ўраджаю - выдатнага, прыгожага, плённага.
   Прыходзiлi нават да нас аграномы пытацца:
   - Што вы робiце, чаму ў вас таматы на лясе чырванеюць?
   Тады для Вятчыны гэта было дзiва. Цяпер, праз сорак гадоў, - там гэта звычайная рэч. Але скажам пра вясну. Мы ўсё пасадзiлi ў добрым часе, усё ў нас расце, з лех вывальваецца, а ў гаспадынi, на адабраным у нас кавалку - поўная пустка. Да таго пустка, што нават маленькi дзiцёнак, наш сын, заўважыў:
   - Мабыць, яны, тата, не ўмеюць працаваць. Гэта ж у нас было поўна гуркоў, а ў iх няма нiводнага...
   Можа, падумаецца каму, што я казкi расказваю, байкi баю, але прыходзiць зноў да нас гаспадыня i пачынае пакаянную прамову:
   - Даруйце мне, грэх папутаў, сквапнасць прымусiла ўзяць адабраць ад вас леташнi гарод... Бог мяне пакараў. Нiчога ў мяне не вырасла... Дазвольце хоць пару гурочкаў у халаднiк узяць у вас...
   - Ды бярыце хоць дзесятак, на добрае здароўе ешце, хопiць нам, - адказвае мая жонка...
   Гэта ж не канец. Увосень, не чакаючы вясны, зноў iдзе да нас гаспадыня i пачынае сваю размову...
   - Раiлiся мы з мужам, думалi i надумалi...
   Але ў мяне цярплiвасцi тут не хапiла, i я адказаў, не даслухаўшы яе да канца:
   - Не выказвайце сваiх думак, каб пасля вам не прыйшлося зноў прасiць прабачэння. Мы ў вас нiякiм гародам карыстацца не будзем, бо паедзем на iншую кватэру.
   Так i пераехалi...
   Як бывае на свеце
   Пайшлi мы з жонкай у пiянерскi парк у горадзе Ўфе, каб пасядзець у халадочку, бо дзень быў спякотны.
   Побач з намi села сцiплая, даволi прыгожая дзяўчына, з выгляду або маладая настаўнiца, або студэнтка якой вышэйшай школы. Мы былi заняты сваiмi думкамi кожны, усе маўчалi. У гэты час каля нас прайшла жанчына ў гадах, пасля вярнулася, спынiлася i сказала:
   - Даруйце, што я вас турбую. У мяне не хапае грошай на параходны бiлет. Можа, ваша ласка будзе памагчы мне?!
   Жонка дастала крыху грошай i дала той жанчыне. Дзяўчына таксама дастала свой партманет i дала грошай столькi, колькi i мая жонка. Жанчына падзякавала i пайшла далей. Мая жонка, не звяртаючыся нi да кога, разважаючы нiбыта сама з сабой, кажа:
   - Хто яго ведае, каб на свеце не было ашуканцаў, можна было б распытаць жанчыну, колькi менавiта ёй не хапае грошай, i дапоўнiць адразу ўсю суму. Але ж часта сабраныя такiм або падобным спосабам грошы iдуць немаведама для чаго...
   Дзяўчына адказала маёй жонцы так:
   - Вы кажаце правiльна. Але ў той жа час прыходзiцца i верыць, проста iнтуiцыяй распазнаваць, дзе праўда, дзе хлусня... Лiтаральна гэтымi днямi пазванiлi да нас у кватэру. А ў нас сям'я немалая: бацькi, браты, сёстры. Адчыняем дзверы. Стаiць кабета сярэдняга ўзросту, на руках дзiцёнак. Другi трымаецца за матчын падол.
   Пытаемся, як звычайна:
   - Што ж вам трэба?
   - Пазычце мне тры рублi. Трэба даць тэлеграму матцы, каб яна прыслала мне дапамогу.
   Мы запрасiлi яе зайсцi ў кватэру, пакармiлi яе i дзетак, далi ёй ношанай, але добрай i прыстойнай вопраткi для яе самой i для дзяцей i вось пра што мы даведалiся, размаўляючы ў той жа час з ёю.
   Яна нарадзiлася i жыла ў вёсцы. Выйшла замуж. Муж яе адыходзiў на заработкi, пасля прыязджаў зноў дадому. I вось у апошнi свой прыезд заявiў:
   - Я завербаваўся на добрыя работы ў Сiбiр. Паедзем усе разам. Там будзе кватэра на ўсю нашу сям'ю.
   - Я пачала збiрацца з усёй сваёй маёмасцю. Мацi радзiла: не кратайся з месца. Няхай едзе, усталюецца, напiша, з'ездзiш паглядзiш, а пасля таго забiрай дзяцей i ўсе рэчы. Я яе не паслухала, бо, так мне думалася, будуць лiшнiя выдаткi на дарогу. Адным словам, спакавала ўсё, да апошняй дзiцячай пялюшачкi, i прыехалi параходам да Ўфы. Тут нам, паводле ягоных слоў, трэба было пераязджаць на вакзал i далей ехаць чыгункай. Пасадзiўшы нас на прыстанi чакаць, ён забраў усе рэчы: свае, мае i дзiцячыя, а затым пагрузiўся на цягнiк i паехаў адзiн. Пра гэта я даведалася дакладна...
   Мы запыталiся, дзе яна жыве, як харчуецца. Жанчына адказала, што жыве ў дзiцячым пакоi на прыстанi, што ў яе няма грошай толькi на тэлеграму. Мы далi ёй грошай крыху больш, чым яна прасiла.
   Праз два днi чуем зноў званок, зноў яна са сваiмi малымi. Атрымала ад маткi грошы i прыйшла аддаваць нам доўг. Зразумела, мы ад яе грошы не ўзялi. А цяпер скажыце: а каб ёй нi мы, нi iншыя людзi не паверылi? Каб нiхто не пазычыў грошай? Што ж ёй рабiць тады? У той жа час, калi б такi нягоднiк, як яе муж, прыйшоў бы пазычаць грошы на якi "няшчасны выпадак"? Цяжка распазнаць праўду, але прыходзiцца верыць людзям...
   На тым мы i развiталiся...
   Як рыбу лавiлi... ломам...
   Мяне асаблiва здзiвiла, калi я трапiў на Далёкi Ўсход, што ва ўсiх вадаёмах, вялiкiх i малых, была рыба. Iдзеш тайгою - каля сопкi нейкая калюжына, метраў дзесятак удоўжкi, метраў пяць-шэсць упоперак. Зiрнеш - аж вада кiпiць ад рыбы. Можна рукамi лавiць, а якой посцiлкай - колькi згодна. Мясцовыя людзi, тубыльцы, нам растлумачылi, што iкру па такiх калюжынах або азярынках разносяць, насяюць качкi. Плаваюць качкi па рацэ. Да iхняга пер'я прыстае iкра. Пералятаюць на якую лясную азярынку, пачынаюць плаваць там iкрынкi адмываюцца вадой, насяюцца. Вось табе i рыба ў такiх вадаёмах, дзе няма нi вытокi, нi прытокi...
   Неяк у 1939 годзе далi нам тэрмiновае заданне: закласцi ў Новым Бiрабiджане штук дванаццаць фундаiментаў пад васьмiкватэрныя дамы. Чаму тэрмiнова - наблiжалася зiма. Да маразоў трэба было забетанаваць усё. А на гатовым фундаменце дом можна ставiць i ў маразы.
   Каля нашай пляцоўкi была якраз невялiчкая азярынка. Мы да яе i блiзка не падыходзiлi: не было часу i патрэбы. Але вось адзiн наш сталяр, вельмi цiкаўны, прайшоў да азярынкi. I што ён там заўважыў - поўна рыбы! Прыбягае ён да нас i спавяшчае аб гэтым. Пайшлi, зiрнулi - праўда! Але часу не было рыбу браць. Узялiся працаваць. А пра тую азярынку не забылiся. Калi зiмой нам давялося канчаць новы дом, пастаўлены на нашым фундаменце, той самы зух, якi першы згледзеў рыбу, узяў лом i выбiў з азярынкi вялiкую крыгу лёду. Рахаваў ён так, што амаль уся вада зледзянее, а рыба застанецца на самым дне. Так i сталася. Пад выварачанай крыгай рыба ляжала проста радамi. З аднаго-двух квадратных метраў набралi паўнюткае вядро. Рыбу згатавалi ў вёдрах, са смакам з'елi i юшку. Так, адбiваючы штодня па метру-два лёду, за паўзiмы наша брыгада з'ела рыбу з усяе азярынкi. А азярынку ўсё роўна трэба было засыпаць, каб падрыхтаваць добрую пляцоўку пры новых дамах...
   Дзiвосная ялiна
   Вялi мы тэлеграфную лiнiю паўз раку Яўрын, прыток Бурэi. Займалi вялiкi адрэзак, у адпаведныя пункты яго i хадзiлi ранiцой па трое-чацвёра, у залежнасцi ад таго, якiя менавiта слупы трэба было рыхтаваць i стаўляць: анкерныя, супрацьвятровыя, кутнiя. У нашым звяне было якраз чацвёра: два цесляры, два спецыялiсты-манцёры. Праўда, на самую пастаноўку збiралася па тры-чатыры звяны. Але справа не ў гэтым. Работа нам падабалася тым, што, iдучы да свайго пункта, а ўвечары да жытла, мы былi сам-насам з прыродай, любавалiся цудоўнымi краявiдамi, скаламi, сопкамi, нават асобнымi дрэвамi, такiмi непадобнымi адно да аднаго. Ля нашае сцежкi стаяла, крыху наводшыбе ад самай тайгi, на невялiчкай паляне, адна вялiзарная ялiна. Не менш чымсьцi метраў паўсотнi было ў ёй вышынi, а сукi яе нiжнiя займалi круг, мабыць, блiзу таго. Адным словам, не дрэва, а званiца. Неяк мы заспрачалiся: якой таўшчынi можа быць ствол у гэтага дрэва, бо мы яго не бачылi, ён быў закрыты ад нас абвiслымi сукамi, прычым канцы самага першага яруса засыпаны снегам зусiм. Стваралася ўражанне, што гэта нейкi цудоўны снегавы шацёр.