- А чаго доўга думаць? - сказаў адзiн з нашых таварышаў. - Зойдзем пад гэты шацёр i змерым таўшчыню. Такога дрэва мы, пэўна, у жыццi не пабачым...
   З гэтымi словамi ён падышоў да магутнай ялiны, узяўся дзвюма рукамi за сук i вырваў яго са снегу.
   Мы спачатку не зразумелi, што тут сталася. Праз вялiкую дзiрку, якая ўтварылася ў гэтым снегавым доме, вырвалася, выбухнула нейкая шэрая хмара i прамчалася, нiбыта маланка, у тайгу. А на гэтай хмары, закрычаўшы немым голасам, праляцеў i наш таварыш. Толькi метраў праз дваццаць ён звалiўся на снег. Пасля ўскочыў на ногi i выбег да нас, на палянку.
   - Козы! Дзiкiя козы! А я трапiў якраз на казла. Ён i пранёс мяне на сабе ладны кавалак. Мог зусiм акалечыць.
   Мы зайшлi ўсе ў той апусцелы казiнец. Там быў сапраўдны хлеў. Толькi адна адтулiна мелася на супрацьлеглым баку, праз якую козы заходзiлi нанач i выходзiлi ранiцой. Нават цёпла было, так яны нахукалi ўсiм статкам. Вiдаць, не адзiн год трымалi свой стан пад гэтай ялiнай. Мы аж пашкадавалi, што праз нашу цiкаўнасць бедныя козы змушаны начаваць немаведама дзе. Памералi i ствол. У iм было паўтара метра ў дыяметры. Выйшлi мы, зноў паставiлi на месца вырваную галiну-лапку, нават прысыпалi снегам з парушанага боку. Але цi прыходзiлi козы начаваць зноў - не ведаем, бо самi мы перасунулiся па трасе кiламетраў за трыццаць - сорак ад гэтага месца...
   Патэльня з юшкi
   Паехалi мы неяк у камандзiроўку з Бiрабiджана ў тайгу, на адным важным аб'екце вадаправод рамантаваць. Нас - чацвёра. Папрацавалi мы там, зрабiлi ўсё, што трэба, а начавалi ў прачкарнi. I надумалiся мы блiноў напячы. Пайшлi, купiлi мукi, алею, адным словам - дасталi ўсё, што для гэтай справы i стравы патрабуецца. Развялi блiны, распалiлi плiту. Бяры налiвай на патэльню ды i падпякай iх там... А патэльнi i няма. Пра патэльню мы i не паклапацiлiся за добрым часам. Не пойдзеш ноччу да каго: "Пазычце нам патэльню, мы надумалi блiны пячы..."
   Сталi адзiн супраць аднаго i маўчым. Пасля нехта адзiн з'едлiва так звяртаецца да мяне ды на "вы", з фасонам:
   - А можа, вы, Уладзiмiр Мiкалаевiч, зробiце нам патэльню з чаго-небудзь i як-небудзь?
   - Зраблю, - пдказваю я. - Праз дзве хвiлiны патэльня ў вас будзе.
   А ўжо я перад тым вачыма памацаў усе прылады, якiя былi ў прачкарнi, думаючы, прыкiдваючы, цi нельга якую з iх прыстасаваць да гэтае справы. Нiчога больш прыдатнага, чым верхняя юшка, я не знайшоў.
   Адразу ж падышоў, узяў гэтую юшку, абцёр на ёй сажу, абмазаў з сярэдзiны алеем, прасмажыў яе на агнi, а затым сказаў:
   - Калi ласка! Патэльня гатова.
   I што ж - напяклi блiноў, наелiся да сыцi, а таму зласлiўцу прыйшлося нават падзякаваць мне за вынаходлiвасць...
   Як Марк Твэн памог цокаль фарбаваць
   Нашыя брыгады рамантавалi жылыя дамы ў Бiрабiджане. Жыхары з аднаго дома, якi займалi мы, пераходзiлi часова ў суседнi, сялiлiся па дзве сям'i ў адну кватэру. Наша работа iшла хутка, надвор'е спрыяла. Я працаваў тады маляром. Работу выконваў акуратаiа i чыста. З гэтае прычыны майстар ставiў мяне, галоўным чынам, на афарбоўку вокан i дзвярэй.
   Рамантавалi васьмiкватэрны дом. Я са сваiм заданнем справiўся за гадзiну да канца рабочага дня i адразу пайшоў адмываць пэндзлi, прыбiрацца. Заўважыўшы гэта, да мяне падышоў майстар i папрасiў:
   - Браток, не прыбiрайся! Ёсць яшчэ адна маленькая работа, хвiлiн на пятнаццаць...
   А мы ўсе ведалi, што такое пятнаццаць хвiлiн. Бывала, што i на тры днi iх хапала. Асцярожна пытаюся:
   - Якая такая работа?
   - Цокаль дома трэба прайсцi хоць адзiн раз. У нас ёсць у кадушцы i колер гатовы - умбра паленая... Пойдзем, глянем на гэты цокаль.
   Пайшлi. Глядзi не глядзi, а самае малое паўсотнi квадратных метраў...
   - Эх, Iван Сямёнавiч, - кажу я майстру, - якiя ж твае вочы! Пятнаццаць хвiлiн... Ды тут на добры дзень работы, толькi ўправiцца...
   - Слухай, браце! Заўтра прыйдзе камiсiя, а работа недакончана... Зрабi як-небудзь...
   Сам адразу пайшоў, каб не слухаць майго аднеквання.
   Што паробiш? Трэба пачынаць!.. Узяў я вядзерца фарбы, пэндзаль, выйшаў да цокаля, стаў i пазiраю на яго крывым вокам. Раптам чую за спiной нясмелы галасок:
   - Дзядзечка! Вы што будзеце фарбаваць?
   Я павярнуўся, аж каля мяне стаяць чалавек дванаццаць хлапчукоў-школьнiкаў рознага ўзросту. Аж вочы ў iх гараць:
   - Дзядзечка! Дайце хоць крышачку пафарбаваць...
   I тут я раптоўна згадаў Марка Твэiна i ягонага Тома Сойера, як ён цётчын плот фарбаваў. Няхай мне даруе лёс мой учынак, але я адразу надумаў выкарыстаць энергiю гэтых юных энтузiястаў на карысць агульнае справы. Пачаў я з адмоўнага адказу, каб больш заахвоцiць iх.
   - Дазволiць фарбаваць вам можна было б, але ж вы папсуеце работу...
   - Ды не, дзядзечка! Мы зробiм усё добра i акуратна.
   - А ў якiх кватэрах вы жывяце?
   Яны сказалi, дзе кватэра кожнага.
   - Тады вось што. Кожны з вас будзе фарбаваць супраць сваёй кватары. Больш - нельга.
   Але тут выявiлася, што чацвёра - у гэтым доме не жылi, i юная брыгада ў адзiн голас заявiла iм, што фарбаваць яны не будуць. Трэба было б самiм зiрнуць, якi смутак агарнуў гэтых хлопчыкаў! Я прыйшоў iм на дапамогу.
   - Пачакайце, пачакайце! - сказаў я. - Яны прыходзяць да вас у госцi? Прыходзяць! Дык мы паставiм iх фарбаваць ганкi. Яны ж праз ганкi ходзяць да вас!
   На гэтым была дасягнута поўная згода. Я папрыносiў усiм кацялкi з фарбай, раздаў пэндзлi, расказаў i паказаў, як трэба набiраць фарбу, як растушоўваць, i работа пайшла.
   Мне прыйшлося толькi хадзiць каля iх, падпраўляць пропускi, пацёкi i мiрыць, калi мiж iмi ўзнiмалiся тэрытарыяльныя спрэчкi. Праз якiх хвiлiн сорак уся работа была скончана, лепш i не зробiш. Я пазаносiў у кладоўку посуд, пэндзлi, памог хлопцам паадмываць працавiтыя рукi ад фарбы шкiпiнарам, падзякаваў i пайшоў прыбiрацца сам.
   Зноў прыходзiць майстар.
   - Слухай, браток! Я ж цябе прасiў на прамiлы бог фарбаваць цокаль, а ты не хочаш паслухаць...
   - Ды колькi ў цябе тых цокаляў, Iван Сямёнавiч! Адзiн я пафарбаваў. Пойдзем, пакажу.
   Выйшлi мы з памяшкання, абышлi вакол дом. Мой майстар лiтаральна аслупянеў.
   - Нячысты дух табе якi памагаў, цi што? Не магу зразумець, - вымавiў урэшце ён.
   Я не мог больш нiяк устрымацца, засмяяўся i сказаў:
   - Памаглi мне гэтыя слаўныя, працавiтыя хлопчыкi. Вось ты iм i падзякуй за такую нечаканую, тэрмiновую i выдатную дапамогу.
   Так мой майстар i зрабiў. Пасля неаднойчы ён згадваў пра гэтую маленькую падзею i дужа доўга смяяўся, калi я расказаў яму пра Тома Сойера i самога Марка Твэна. Вось i скажы, што добрая кнiга не памагае нам у жыццi!
   Цягнiковая насценная газета
   А было гэта ў жнiўнi месяцы 1947 года. Пражыўшы багата часу на Далёкiм Усходзе, ехаў я ў Маскву. Крыху адвык ад вялiкiх гарадоў, людскiх патокаў, нават ад цягнiковага стукату i лязгання. Добра яшчэ, што ў маiм вагоне ехала фактычна адна кампанiя: брыгада з нейкага завода з горада Камсамольска. Ехалi яны прымаць для саўгаса пры сваiм заводзе статак кароў у горадзе Ачынску. У iх былi больш-менш аднолькавыя iнтарэсы, размовы вялiся таксама нейкiя хатнiя. Часам гулялi яны ў карты, у дамiно, у шашкi. А галоўнымi ў iх былi два чалавекi: цэхавы парторг i цэхавы прафорг. Гэтыя таксама час ад часу гулялi ў шахматы. I вось аднойчы, праехаўшы ўжо Аблучча, заходзiць у наш вагон начальнiк цягнiка. Прайшоў ён праз вагон адзiн раз, уважна азiраючы ўсiх i ўсё. Пачакаўшы, iдзе праз вагон другi раз, так жа ўважна аглядаючы i людзей i рэчы. Пасля спыняецца каля прафорга заводскай брыгады i просiць яго:
   - Даруйце! Дужа прашу вас, каб вы зайшлi да мяне ў службовы, нумар дзевяць, вагон. Маю да вас просьбу.
   Пасля таго падыходзiць да мяне i просiць лiтаральна аб тым жа. Праўду кажучы, мяне гэтая просьба здзiвiла, бо нiякiх спраў з адмiнiстрацыяй цягнiка ў мяне не было i быць не магло. На ўсялякi выпадак я запытаўся ў прафорга:
   - А што яму трэба? Чаго ён нас выклiкае? Можа, вы якiя справы з iм мелi?
   - Нiякiх спраў з iм не меў. Дагуляю партыю, сходзiм i даведаемся...
   Праз некалькi хвiлiн мы пайшлi ў той дзевяты вагон. Адшукалi таго начальнiка. Ён замiтусiўся крыху, выяўляючы ветлiвасць i гасцiннасць. Запрасiў нас сесцi.
   Без далёкага адкладу пачынае размову з намi.
   - Дарагiя таварышы! Праз два днi Ўсесаюзнае свята, Дзень чыгуначнiка. Нам трэба абавязкова выпусцiць цягнiковую насценную газету. А вы ведаеце, якiя мы пiсьменнiкi, якiя мы мастакi. Тое-сёе панапiсвалi, дзе што нават намалявалi, але з нашай пiсанiнай у звычайны дзень можна выткнуцца, а ў такое свята i думаць няма чаго. Вось мы i просiм вас, каб вы нам дапамаглi...
   Я на ўсякi выпадак запытаўся:
   - Цi добра ж так будзе? Газета цягнiковая, а мы будзем удзельнiчаць у яе стварэннi?
   Але начальнiк не разгубiўся:
   - У гэты момант вы паўнамоцныя члены нашага калектыву. Вы такiя ж самыя стваральнiкi газеты, як i мы...
   Я тады задаю яшчэ пытанне:
   - А чаму вы звярнулiся менавiта да нас? У цягнiку ж поўна людзей, пэўна, не менш тысячы?
   - Блiзу таго, - адказвае начальнiк. - Я прайшоў увесь цягнiк ад галавы да хваста, ды не аднойчы, а двойчы. Каторыя пасажыры ядуць, каторыя ў карты гуляюць, каторыя не пацiкавяцца падобнымi справамi ў сваёй арганiзацыi, а не тое, каб на цягнiку...
   - Гэта так! - сказаў я i запытаўся ў прафорга, што ён можа рабiць.
   - Я добра малюю, - адказаў той.
   - У такiм разе я паспрабую што-небудзь напiсаць, - кажу я.
   Адным словам, забралi мы ў начальнiка паперу, нататкi, фарбы i пайшлi ў свой вагон, каб пачаць ствараць газету.
   Мой напарнiк сапраўды маляваў цудоўна. Карыстаючыся вольным часам, чаго ён не мог бы нiколi мець дома, ён даў такiя малюнкi, не кажучы пра загалоўкi, што iх бы не сорамна было даць у любы друкаваны часопiс.
   Пастараўся i я. Аформiўшы i адрэдагаваўшы празаiчны матэрыял, багата нататак я перадаў вершаванымi радкамi: па два, самае вялiкае - па чатыры радкi.
   Першыя чытачы i крытыкi былi рабочыя таго камсамольскага завода. Яны аднагалосна ўхвалiлi нашу работу i павiншавалi нас з такiм вынiкам. Паклiкалi начальнiка. Ён, як кажуць у такiх выпадках, аслупянеў: некалькi хвiлiн моўчкi разглядаў газету, пасля чаго запытаўся:
   - Гэта для нас? Няўжо такi праўда, што гэта для нас?
   - Якiя могуць быць жарты! Вось жа i партрэты вашых работнiкаў!..
   - Ну, усё! Гэта газета паедзе ў Маскву!
   - Хiба для яе месца не хопiць у Iркуцку?
   - Ды не ў тым справа... Яе возьмуць на Ўсесаюзную выстаўку насценных газет...
   - Як сабе хочаце, мы сваю справу зрабiлi.
   На блiжэйшай станцыi начальнiк цягнiка вывесiў газету на знадворны бок свайго вагона i, пакуль мянялi лакаматыў, пасажыры i цягнiковая абслуга чыталi i разглядалi яе, даючы добрыя водгукi. Гэта ўсё натхнiла начальнiка на такую прапазiцыю:
   - Пераходзьце да мяне ў дзевяты вагон! Я вам даю на двух мяккае купэ.
   Во ганарар зарабiлi! Ледзьве-ледзьве мы ўтлумачылi, што для нас ганарар добрыя водгукi, што знаходжанне ў сваiм калектыве, - а тыя брыгаднiкi пачалi лiчыць i нас членамi свае брыгады, - i ёсць узнагарода.
   Развiталiся мы з iм вельмi добра ў Iркуцку... Там у мяне была перасадка на новы цягнiк.
   Галка з гадзiннiкам
   У 1947-1949 гадах жыў я ў Мiнгрэлii, на Каўказе. У нашым паселiшчы жыла адна сям'я. Бацька працаваў агратэхнiкам на чайных плантацыях, мацi настаўнiцай у сярэдняй школе. Было ў iх двое дзяцей, хлопчык i дзяўчынка. Вучылiся яны ў ў той жа школе, дзе працавала мацi. Дзецi гэтыя былi добрыя, сардэчныя. Праўду кажучы, дрэнных дзяцей мы там i не сустракалi наогул. Але гэтыя - былi лепшыя з лепшых. Неяк аднойчы знайшлi яны маленькую галачку, якая вывалiлася з гнязда. Пашкадавалi яны, каб гэтую галачку сабакi цi каты не з'елi. Узялi ды аднеслi ў сваю кватэру. Там брат i сястра даглядалi галачку, кармiлi яе, размаўлялi з ёй штодня... Галачка падрасла, стала спраўнай птушачкай. Пачала лётаць. Адлятаючы на платаны да сваiх родзiчаў, яна зноў вярталася да дзяцей. Калi дзецi iшлi ў школу, галачка "ехала" на плячы ў хлопчыка або ў дзяўчынкi. На вялiкай перамене школьнiкi прабавалi кармiць яе, але яна брала ежу толькi ад сваiх гаспадароў. Калi сама яна наядалася, тады брала ежу ў дзюбку i адносiла другiм галкам, якiя сядзелi на блiжнiх дрэвах i ўважна сачылi за ўсiмi падзеямi на школьным дварышчы.
   Разам са сваiмi юнымi сябрамi галачка ад школы вярталася на кватэру.
   У суседнiм доме жыла сям'я рабочых чайнага саўгаса. Прыехалi яны на заробак з Варонежчыны. У гэтай сям'i было таксама двое дзяцей, але дарослых: хлопец i дзяўчына. Усе яiны працавалi на чайных плантацыях, толькi хлопец крыху гультаяваты быў. Сястра зарабляла добра i, мiж iншым, купiла сабе залаты гадзiннiк. Яна насiла яго на руцэ толькi ў святочныя днi. Вось i ў той дзень, у нядзелю, яна дастала з куфэрка свой каштоўны гадзiннiк, паклала яго на тумбачку, а сама пайшла на панадворак мыцца. Памыўшыся, прыходзiць у пакой, зiрнула - гадзiннiка няма. Нiхто з вулiцы ў пакой не ўваходзiў. У пакоi быў адзiн брат, якi спаў на сваiм ложку.
   Сястра раскатурхала яго i запатрабавала, каб ён аддаў ёй гадзiннiк. Той адказвае, што ён нiякага гадзiннiка i ў сне не бачыў.
   Прыйшлi ў хату бацькi, узялiся саромiць хлопца. Адным словам, пачаўся вялiкi скандал.
   Тым часам на вулiцы пад платанамi гулялi дзецi. Раптам яны заўважылi, што на адным платане сядзiць галачка i трымае ў дзюбiку гадзiннiк. Гэта iх, зразумела, зацiкавiла i яны пачалi выгукваць:
   - Галка з гадзiннiкам!
   - Галка з гадзiннiкам!
   Пачулi пра тое ў хаце, дзе iшла вялiкая сварка. Выбеглi ўсёй сям'ёй на вулiцу. Бачаць - сапраўды галка трымае дзяўчынiн гадзiннiк.
   - Трэба хутчэй паклiкаць галчыных гаспадароў!
   Як толькi тыя прыйшлi, галачка адразу зляцела з дрэва на дзяўчынчына плячо, а дзяўчынка i забрала ад яе гадзiннiк...
   А як галачка ўзяла чужы гадзiннiк? Вельмi проста: яна пабачыла адчыненую фортачку. Пырхнула ў хату - а там на тумбачцы нешта блiскучае, прыгожае. Яна за браслецiк ды на дрэва.
   Пра спадчыну далёкiх продкаў
   Працуючы, робячы што-небудзь, мы, бывае, забываемся на самыя старадаўнiя спосабы паляпшэння працы, вынайдзеныя яшчэ калi-калi нашымi продкамi. Асаблiва гэта адчуваецца там, дзе няма магутнай тэхнiкi, а работы - нечапанае мора. Але знаходзяцца людзi, памяць якiх трымае ў сваёй глыбiнi такiя спосабы i, у выпадку патрэбы, выклiкае iх на сонечны дзень. Сустракаў я за сваё жыццё нямала гэткiх здольных, мудрых людзей. Работу, на якую большасць трацiла багата энергii, выяўлялася, можна зрабiць пры зусiм малой затраце сiл. Калi хто пачынае рабiць гэтую самую работу больш лёгкiм спосабам, думаеш: "Ой! Праўда! А як жа, чаму ж гэта мы самi не здагадалiся?" У такiх выпадках трэба ў першую чаргу запытацца ў сваёй памяцi, у свайго розуму: "Як лягчэй, хутчэй i лепш зрабiць гэтую работу?" - i толькi пасля такога роздуму пачынаць яе.
   Асаблiва мне запомiнiўся, добрым словам не раз яго згадваў i згадваю, адзiн сталяр, уралец Сяргей Аляксандравiч Муратаў. Мне пашэнцiла працаваць з iм не малы час, хоць я для яго быў напарнiк несамавiты: ён - выдатны майстар-сталяр, а я - сталяр звычайны.
   Вазьму пару самых простых прыкладаў з супольнай працы. Наша брыгада канчала новы дом. Хто насцiлаў падлогу, хто столь, хто навешваў вокны i дзверы. Работа iшла добрым ладам, без жаднае затрымкi. У свой час прывезлi нам абед. Паабедалi. Прыходзiць прараб, звяртаецца да ўсiх.
   - Браточкi! Маю вельмi тэрмiновае, нечаканае заданне. Трэба перанесцi лiстоўнiчнае бярвенне ад штабеля, дзе яно ляжыць, да вашага дома. Работа гэтая для возчыкаў з коньмi, але iх сёння няма i не будзе. Яны ўсе заняты далёка адсюль. За пераноску я заплачу ў падвойным размеры. Насiць iх можаце як хто здумае: хоць па два чалавекi, хоць па дзесяць адразу да аднаго бервяна ляпiцеся, абы толькi работа была зроблена.
   Цесляры, сталяры, паабедаўшы, - адразу да штабеля, каб, скончыўшы гэтую нечарговую работу, перайсцi да сваёй, асноўнай. Бярвеннi такiя, што адно бралi чатыры чалавекi. А то i шэсць, i восем. Пабачыўшы гэта, я кажу свайму сябру:
   - Сяргей Аляксандравiч! Трэба нам далучыцца да якога звяна, бо мы ўдвух нiчога не зробiм. Бачыш, як носяць?
   - Няхай носяць! Мы з табой самi справiмся i не натомiмся так, як яны.
   Узяўшы вострую сякеру, мой сябар насек з розных дрыноў валiкi-качалкi, сантыметраў па семдзесят - восемдзесят даўжынёй. Пасля i кажа:
   - Вось на гэтых качалках бярвенне само i пойдзе. Ты толькi перанось iх, як будуць вызваляцца, з заду наперад.
   Застрамiўшы ў тарэц сякеру, ён крыху падняў ад зямлi бервяно, а я падкiнуў валiк. Пасля - другi, трэцi... Мой напарнiк, крыху прыгнуўшыся, застромленай сякерай вёў бервяно, даваў яму кiрунак, а я падкладваў ды падкладваў валiкi, памагаў сваёй сякерай, застрамiўшы яе з камля... Мы ўдвух у сярэднiм зрабiлi ўдвая больш, чым нашы таварышы. Яны ўсе бачылi, як лёгка перавозiм мы бярвенне, але нейкае самалюбства не дазволiла iм скарыстаць наш спосаб. Ды i нацягалiся ўжо даволi, натрудзiлi плечы, рукi...
   Багата ў нашай супольнай з iм працы было падобных выпадкаў, але не менш цiкава i тое, як мы з iм пачыналi сваю штодзённую работу.
   Першыя днi я крыху непакоiўся. Прыходзiм мы на сваю рабочую пляцоўку. Усе да аднаго становяцца адразу працаваць, а мы... мы пачынаем вастрыць усе iнструменты: жалезкi ад фуганкаў, фальцовак, стамескi.
   - Сяргей Аляксандравiч! Пакiньма! Бачыш, колькi сябры зрабiлi?
   - Няхай робяць, няхай! Яны рукi свае панабiваюць. Ды i якасць iхняе работы будзе несамавiтая. А мы з табой iх здагонiм i абгонiм.
   Так i было. Наш iнструмент толькi спяваў, калi мы пускалi яго ў поўны ход. Да абеду мы сапраўды абганялi сваiх суседзяў... А яны гневалiся.
   - Што з iмi раўняцца?! У iх жалезкi лепшыя!
   А жалезкi тыя - з аднае фабрыкi...
   У сваёй далейшай працы часам падсвядома выкарыстоўваў я падобныя парады, назiраннi i не толькi ў сталярнай справе, а i ў розных iншых, як, напрыклад, у мулярскай...
   Асiнавыя дровы...
   А яшчэ вось як народная дасцiпнасць дапамагла нам пазбавiцца дужа непрыемнай аперацыi: у нядаўна адрамантаванай кватэры зiмою здымаць жалезную трубу, якая злучала нашу галандачку з комiнам у суседняй кватэры. Справа ў тым, што трубу запоўнiла сажа, нават дым не праходзiў.
   Суседка, Кацярына Пятроўна, пачуўшы тое, кажа:
   - Не слухайце муляроў, не трэба нiчога разбiраць ды ў кватэры бруд разводзiць. Вазьмiце бярэмца сухiх асiнавых дроў ды прапалiце iмi ў печы.
   Спачатку мы з жонкай падумалi, што наша суседка жартуе, бо яна была кабета вясёлая, жыццярадая. Я, на ўсякi выпадак, запытаўся ў яе:
   - А цi не падобна ваша парада, Кацярына Пятроўна, да той, якую мне, малому, давалi, калi я меўся зайцоў лавiць: вазьмi, маўляў, драбочак солi i ўскiнь зайцу на хвост, заяц адразу i сядзе...
   - Ды што вы, - кажа, - якiя жарты! Пойдзем, я памагу вам i бервяно асiнавае распiлаваць.
   Падрыхтавалi мы ўсё. Прынёс я бярэмца дроў. Распалiлi. I што б вы думалi: як пачало гудзець, як пачало палаць, дык мы i не дазналiся, куды тая сажа знiкла, так добра прачысцiла трубу. У далейшым, дзе б мы нi жылi, рыхтуючы палiва для зiмы, я заўсёды клаў асобна маленькую кладнiчку сухiх асiнавых дроў i прапальваў iмi печ не менш аднаго разу на месяц, не чакаючы таго, пакуль сажа запоўнiць увесь комiн...
   Ветрык
   Стаў я на тралёўку. Трэба было траляваць - вывозiць на конях - бярвенне з тайгi, з сопак i падвозiць яго да вялiзнага тартака, дзе гэтае бярвенне паступова распiлоўвалася на дошкi, цёс, брусы, на чыгуначныя шпалы.
   Ранiцой мне стары дзядуля, сiбiрак, загадчык коннага двара, кажа:
   - Табе конь прызначаны. Зваць яго Ветрык. Толькi быў ён у дзiкунскiх руках - дужа заняпаў.
   Падышоў я да Ветрыка, зiрнуў - конь цёмна-шэры, у яблыках, але, вiдаць, бiты-перабiты, худы-худы. Па ўсёй скуры, на баках, - рубцы, пiсягi, дакрануцца нельга. Ён, вiдаць, так спаняверыўся ва ўсiх людзях, што, як толькi да яго руку працягнеш - на сцяну лезе.
   - Ой, дзядуля, дзядуля! - кажу я загадчыку. - Ну што ж мне рабiць з такiм канём? Я ж нiчога не зараблю на iм. Хоць бы яму катэгорыю на месяц-два зменшылi...
   - Не згаджаецца ветэрынар. Кажа, што ўнутры ён зусiм здаровы...
   Ну i ўсё. Гутарка скончана. Падыходжу браць каня - з рук вырываецца, упiраецца, на каленi становiцца, а ў вачах такая жуда, такi жах, што, здаецца, зараз гвалт закрычыць, пачне лямантаваць. Я яго пагладзiў, пацерабiў каля вушэй, кажу:
   - Ветрык! Ветрык! Не бойся мяне, я цябе бiць не буду. Пойдзем памаленьку.
   Ледзь-ледзь выцягнуў са станнi да саней. Запрагаю, накладаю збрую, а ён дрыжыць, як ад трасцы якой. Узяў я сена ахапак, паклаў на калодку. Думаю, пакуль буду грузiць, ён хоць сена з'есць. Паехаў.
   Таварышы даўно ў тайзе, а я толькi еду.
   Прыехаў на самую блiжнюю дзялянку. Ветрыку сена ахапачак на пень, а сам давай бярвенне да саней на сабе падцягваць. Увязаў ланцугом. Пагладзiў Ветрыка, пагаварыў з iм. Адно ўгiнаецца ад мяне, дрыжыць. Паехалi. На разгрузцы зноў - яму сена пад самы нос. Пакуль запiсалi, скацiлi - ён сена ўсё i даеў.
   Так мы з iм i пачалi працаваць, з Ветрыкам. Праходзяць два тыднi. Ён ужо зусiм перастаў мяне баяцца. Нават iржаць пачаў, калi я да яго ранiцай прыходзiў. Авёс свой пачаў з'ядаць увесь. Сена еў, колькi хацеў, бо я без сена нi разу ў тайгу з iм не е'здзiў. I пачаў мой Ветрык станавiцца сапраўдным Ветрам. Павазiў я на iм малыя вазы - стаў вазiць большыя. Заработкi мае павялiчылiся. Раны-пiсягi на ягоных баках знiклi. Хоць пры абозе былi адмысловыя людзi, якiя павiныы былi чысцiць коней, але i сам я, узяўшы шчотку, разоў колькi чысцiў яго. Ён адно галаву з боку на бок паварочваў, на сцяну больш не скакаў. Дзiва што! За колькi часу я яго лiтаральна пальцам не пастрашыў. Едзем, бывае - спынiцца з возам, я пагладжу яго, пачакаю, дам перадыхнуць. Глядзiш - пайшоў далей, як лепш i не трэба.
   I прайшлi так аж чатыры месяцы. Дваццаць чалавек хадзiла за мной следам:
   - Дай мне, дай мне Ветрыка. Ты ўжо наездзiўся з iм...
   Я толькi пасмiхаўся ў адказ.
   Бывала, едзем у тайгу, дык ён сам, без майго панукання, вылятае на абочыну, вiхрам абганяе легцавыя санi ды зноў на дарогу i пайшоў...
   А якi ж ён ласкавы стаў! Падыду блiзка - галаву паверне ды губамi мяне за вуха зловiць або пачне лёгенька iржаць. Вось як ён да мяне звык, як уразумеў, што я сябар яму, а не звер люты, не вораг якi.
   Парашылi вызвалiць Ветрыка ад цяжкой работы, каб зноў ён цешыў людскiя вочы, каб iншыя пабачылi, як можна аднавiць хараство ласкай, сардэчнасцю.
   Сустрэча з кабаргою
   Прыехаў я неяк на сваiм Ветрыку ў тайгу. Узнялiся на сопку. Усе бярвеннi ляжалi зручна, нi варочаць, iнi падцягваць не трэба. Я падвярнуў iх на пакатках - яны i леглi на калодку саней. Пачаў я iх увязваць ланцугом. Гэта была вельмi адказная частка работы: трэба так сплытнiць воз, так моцна звязаць яго, каб ён не рассыпаўся на самых крутых паваротах, на самых нечаканых перашкодах, нават перакулiўшыся на якой валежыне. Стаўшы на калена, я рукой даставаў канец ланцужка, аж чую, мой конь, Ветрык, нешта пахропвае, нiбыта што незвычайнае пабачыў i хоча звярнуць на гэта незвычайнае маю ўвагу. Падымаю галаву з-за бярвення, гляджу: праўда, нязвыклае вiдовiшча! На фоне абсыпаных снегам цёмна-зялёных дрэваў стаiць на пнi вялiзным кабарга, злёгку як бы прытанцоўвае на гэтым пнi, як бы нас на гульню якую цi на танец запрашае. Нiколi я жывое кабаргi так блiзка не бачыў. Затое тады ўдосталь налюбаваўся на яе, разгледзеў усё ўбранне, вочы, беленькi гальштук на шыi, больш дакладна кажучы - на падгруддзi. Я пачаў з ёй размаўляць:
   - Ах ты, мая прыгожая, ах ты, мая харошая, iдзi блiжэй, - ды з працягненай рукой стаў да яе падыходзiць. Яна - гоц! I знiкла. Ну, зразумела, нам з Ветрыкам няма часу бавiцца. Я зноў пад воз, зноў за ланцуг, замацаваў як мае быць. Устаю на ногi - стаiць зноў красуня! Ды сонца пасвяцiла ў наш куток, яе цёмна-карычневая поўсць зазiхацела, як нейкае старадаўняе золата... Так мы i пакiнулi яе на пяньку. Памахаў я ёй рукой.
   - Бывай, бывай, таежная красуня! Каб лёс сцярог цябе ад злых людзей!
   Нiдзе не бачыў я такую ненапалоханую кабаргу.
   Неспадзяваны феерверк
   Прыехаў я ў тайгу па бярвенне. Нiчога падрыхтаванага пры дарозе, зразумела, не было. Трэба спушчаць з сопкi бярвенне самому. Зiрнуўшы ў вышыню, я пабачыў добрыя, кубатурныя саракоўкi, - бярвенне да сарака сантыметраў у дыяметры. Адагнаўшы каня далей, кiнуўшы яму сена, я палез угору. А трэба сказаць, што лесавозная дарога каля сопкi iшла лiтарай "г". У самым кутку быў распалены агонь. Каля яго грэлiся людзi. Узняўшыся па адхоне да бярвенняў, я накiраваў iхнiя канцы на дарогу, а пасля падумаў: "А што, калi яны пойдуць адразу, без затрымкi? Яны ж могуць пабiць або пакалечыць людзей!"
   Вось я i пачаў крычаць усiм, хто быў унiзе, каб адышлiся ўбок.
   Марудна, пацягваючыся, не хочучы ад цеплынi iсцi ў холад, людзi ўсё ж крыху паадыходзiлi. Адзiн, ужо стоячы на нагах, усё нейкiм вожыгам распальваў сваю цыгарку. А мне нельга марудзiць. Закрануў я рычагом адно бервяно, закрануў другое, i - толькi iх i бачыў. Над дарогаю ўзняўся феерверк агнёвы, у паветры iскры, галаўнi з агнём, попел, вуголле, чугны страшэнныя выбухi, як ад снарадаў, гэта - бервяно аб бервяно так грукочуць... Адным словам - жуда. Сеў я адразу на пень, ногi мае падкасiлiся.