Страница:
i ўжо адразу вiсеў на дрэве зь перабiтымi нагамi, Сына Чалавечага прадалi за трыццаць срэбнiкаў, а султан купляў прыгажуняў за сто тысяч i больш, цела Сьвятога Пятра павесiлi на крыжы галавою ўнiз, а папа, ягоны наступнiк, сёньня шпацыруе па Лятэране i Ватыкане, абходзiць тысячы пакояў, дык яму паставiлi турыстычныя паказальнiкi, каб не заблудзiўся, з кардыналамi ён размаўляе ня столькi пра дзейную любоў да блiзкага, колькi пра валюты i каталiцкiя базы, гэта, скажу вам, панна, ёсьць тыя ваконцы на сьвет, тыя голы, пункты i сэкунды, нябожчык Штраўс трымаўся прынцыпу, каб сьветам кiравалi файныя мэлёдыi, каб улагодзiлiся пачуцьцi, той эўрапейскi рэнэсанс, за якi змагалiся Тэмiстокл i Мiльтыяд, Сакрат, Гётэ i Моцарцiк, каб не гаварыць, калi нам якая прыгажуня абрыдла, панна, пацалуй мяне ў ногу i adieu, тое ўлагоджваньне палягае на тым, каб напiсаць музыку або вершык на разьвiтаньне i паслаць з букетам ружаў, пасьля, панна, рамантычнаму чалавеку i сны сьняцца лагаднейшыя, мець дрыст у сьне значыць бываць у сьвецкай кампанii, жонку пры сьмерцi бачыць у сьне значыць, як знарок, спаўненьне самых запаветных мараў, у нас адзiн пячнiцкi чаляднiк расплакаўся, калi прывучвалi яго да забавы зь дзеўкай на бiльярдзе, iншым разам дзеўкi з бару выдатна дапамаглi, быў такi адзiн слабы на розум i калi на яго гэта находзiла, ён крычаў, мама, мама, паглядзi, што мне зрабiлася! дык мама хапала сто кронаў i бегла па красуню з бару, але ейны сынок падаў з тае красунi i мама яму ў тым пасабляла, каб на нейкi час займець перадышку, пакуль ейны бедны сынок зноў не пачне крычаць, мама, мама, паглядзi, што мне зрабiлася! але я заўсёды трымаў форму як Конар Толнэс, вось гэтымi чарадзейнымi ручкамi я рабiў кантэскi, чаравiчкi для прынцэсаў, акторак i лепшых красуняў, драўляны абцасiк, прыбiты масянжовымi штыфцiкамi, работа чыстая i мiлая Богу, срэбнае шаўро i жоўтае шаўро, i канарэечнае, а каб падноскi былi белыя, я купляў гумiдрабант, так што за Аўстрыi шавецтва было работай хутчэй хiмiчнай, чымся рамяством, сёньня гэта йдзе на канвэеры, хоць i быў я ўсяго шавец, але насiў манокль i кiёк з срэбнай галушкай, было так, што тады кожны хацеў выглядаць як кампазытар або паэт, а сёньня наадварот, кожны пiсьменьнiк фатаграфуецца як галадранец, аднаго разу, панна, я бачыў амэрыканскага пiсьменьнiка, ну нешта жахлiвае, той сам тып што й граф Зэлiкоўскi, вядомы сваёй грубасьцю, а той мастак, што маляваў тую галубiцу, на фатаграфii выглядае як жабрак з Марыяцэлу, сёньня мастакi зачэсваюцца данiзу, як за Аўстрыi дажывотнiкi або дахадзягi ў прытулках цi шпiталях, а вось за аўстрыйскiм часам, калi хто закончыў двухклясовую школу, даваў сабе завiваць валасы i хадзiў зачасаны як паненка, каб дзяўчаты думалi, што ён пiша вершы, а калi хто за Аўстрыi меў тры клясы гiмназii, дык не выходзiў зачаста на сонца, тым часам як сёньня загараюць нават прэзыдэнты, за Аўстрыi дык i работнiкi фатаграфавалiся з локцем лёгка ўсьпертым на столiк i позiркам скiраваным у далячынь, як Эдысан, а сёньня фатаграфуюцца нават як колюць дровы, вось так, у той час ужывалi шмат бадану, прыправы з кiтайскага дрэва, знакамiтай для лiкёраў i печыва, ах, тыя даўнiя часы мелi слабасьць да жабракоў, але з другога боку i да парадаў, вугорская мука была пад колер пяску, а на мяхох пазначалi яе трыма чырвонымi сэрцамi, амэрыканская двойка мела на мяхох тры скрыжаваныя каласкi i канадыйца з касою, эрцгерцаг Ойген, камандзiр дойчмайстраў i кавалер Апостальскага Ордэну, найбольшая жывёлiна ў сям'i Габсбургаў, меў два мэтры дваццаць цэнтымэтраў росту, так што калi ягоны ад'ютант падаваў яму плашч, дык валок яго па зямлi, калi стары Грулешак латаў у нас мяхi, ён чытаў за работай любоўны раман, а ксёндз Збожыл чытаў з амбону пастырскае пасланьне аб чытаньнi немаральных кнiжак i часопiсаў, а стары Грэпл, той што вазiў радно ў Оламоўц, ставiў ногi ў халодную ваду, каб не заснуць, бо ня меў будзiльнiка, зiмою хадзiў у лес вазiць дровы i цягаў тыя ланцугi на плячы як сам чорт, а сваю жонку часта тоўк галавою аб бэльку, каб паправiлася, так што яна доўга малiлася па начах, каб Госпад Бог яе выслухаў i каб прывалiў яго фурай з калодамi, таму й паэт Бонды мне казаў, што сапраўдная паэзiя павiнна ранiць, як бы вы забылiся лязо ў насоўцы i смаркалiся i парэзалi нос, таму акуратныя кнiжкi пiшуцца не дзеля таго, каб чытач лепш заснуў, але каб выскачыў з пасьцелi i так як стаiць, у адных споднiках, пабег да спадара пiсьменьнiка i надаваў яму па пысе, было так, што за Аўстрыi муж адказваў за душу свае жонкi непасрэдна перад Богам, i так прыкладам Тонiк Воплетал, той, што ўсадзiў нож Фэрдзюшку ў галаву, калi сварылiся, хто трапiць у неба, а хто не, дык ён казаў сваёй жонцы, ты перад алтаром прысягала слухацца мяне i тут жа лясь ёй па мордзе як задатак на будучыню, у майго майстра быў добры характар, але затое ён любiў выпiць, калi меў за што, адну кварту гарэлкi перад абедам, другую пасьля абеду, i яшчэ адну нанач, сёньня людзi з глузду зьехалi б або зрабiлi б рэвалюцыю, калi б мусiлi працаваць да поўначы як за Аўстрыi, дык той мой майстар гаварыў увечары, а каб цябе халера, курва кручаная, ты чаго мне забараняеш? я ж табе не выгаворваю, калi ты смалiш пiпку з драгунам! i лясь бабу капылом, за Аўстрыi людзi мелi досыць часу на глупствы, мой тата стрэў такога разумнiка як i сам, Траўнiчка, i яны адразу купiлi сабе лiтар жытнёўкi ў Фiдлераў, у той час налiвалi гарэлку ў такi чацьвяртак, што выглядаў як шкло ад газоўкi, значыць, мой тата сядзеў з Траўнiчкам на могiлкавым муры, а як што былi начытаўшыся Гаўлiчка i "Сьветагляду", мiжнароднае становiшча так iх засмучала, што не пайшлi на працу i вялi падрыўныя гутаркi пра сацыяльную несправядлiвасьць, а калi ўжо набралiся, засьпявалi песьню "Калi я йшоў лясной сьцяжынай у гаёк", ксёндз выбег з касьцёла, з сурвэткай як кельнэр, i крычыць, а каб цябе трасца, Траўнiчак, што гэта за фокусы замiнаюць мне падчас багаслужбы? iдзi ў лес, або аддам цябе пад арышт, але тата з Траўнiчкам сьпявалi далей, i тут ужо бяжыць жандар з плюмажам, каб iменем закону яны разыйшлiся, дык пайшлi, а тата, каб ад яго ня несла гарай, купiў сабе жавальнай табакi, але як ужо быў добра налiзаўшыся, мама ўзяла пута i адлупiла яго, бо калi хто хоча напiцца, дык павiнен мець рэсурсы, iнакш шал кiнецца ў галаву, Лёйза Таваркаў звар'яцеў ад бруку на пляцы, а яшчэ можа й таму, што ягоны сын рабiў дзяўчатам дзецi на спробу, дык той Лёйза Таваркаў тоўк галавою ў мур i падсьпеўваў, "Дзеля Бога, Язэпе, дзеля Бога, Язэпе...", а калi шал увайшоў у рытм, дык сьпяваў "Усе чэрцi на свабодзе, усе чэрцi пад замком", людзi глядзелi на яго нейкi час, а потым адправiлi ў вар'ятню, ён наогул быў добрым чалавекам, засядаў з Бэхiнам у ратушы i быў начальнiкам Сокала, адно той брук яму даўся ў мазгi, а можа i ягоная дачушка, якая аднаму хлопцу дала найпрыгажэйшы доказ каханьня, якi не застаўся без наступстваў, так што яна стрэльнула сабе ў лоб з рэвальвэру, што вiсеў у iх на сьцяне, так што бачыце, панна, людзi i надалей несьвядомыя i схiльныя да трагедыi, заўсёды калi хто кажа праўду, выглядае як хлус, а як было насамрэч, адкрываецца заўсёды запозна, адна красуня, якая мела Пэцiнгей, вышла замуж за багатыра, бо якраз прачытала "Уладальнiкаў гуты", але да яе хадзiў сьлесараў сын, а ейны муж вярнуўся нечакана i засьпеў iх у ваньне i так урэзаў таму сьлесараваму сыну, што той ажно аглух, таму Батыста ў сваiм творы аб палавой гiгiене перасьцерагае мужчын, каб занадта не аддавалiся сваёй жарсьцi, сама больш тры разы папалуднi, а каталiком чатыры разы папалуднi, каб потым ня мелi грэшных думак, бо iнакш можна прыйсьцi да сумных наступстваў, гэта ўваходзiць у кроў i да гэтага маюць нахiл султаны, якiя потым надрываюцца, калi-нiкалi нават папы i каралi ня мелi ў тым шчасьця, а потым ужо запозна, дзяржава стаiць дагары нагамi празь нейкую модную красуню, таму што розум заўсёды прыходзiць запозна, мама мяне перасьцерагала, вядома, да жанчын трэба падступацца з пачуццём, значыць, трэба хлусiць, што там вясельле, забава, увесь той гармiдар, гэта заўсёды пасьпеем, але на ўсё жыцьцё? адзiн мясьнiк мне сказаў, што ажанiцца гэта як усё жыцьцё несьцi каровiну скуру па тонкiм лёдзе, ёсьць выпадкi, калi жонка кажа да мужа, бацька, цябе варта было б добра чахнуць матычкай, а ён яе прабiрае, матуля, жлукта ты пузатая, як вазьму качаргу i як таргану цябе за пысу, дык вось, панна, iдэалы хiстаюцца, нават Гётэ гэтага не даказаў, а што ўжо казаць пра Моцарцiка, гэта люба, калi двое спатыкаюцца, спачатку хапаюцца за рукi, а потым за што толькi можна схапiцца, але гэтыя рэчы галоўным чынам узбуджаюць народы апранутыя, народы голыя менш распусныя, а прытым менш у iх кiшэнных крадзяжоў, ксёндз можа сабе мянцiць языком колькi хоча, Карл Чацьверты памяняў чатыры красунi, а калi б не памёр ад запаленьня лёгкiх, пэўна меў бы ахвоту i на пятую, такi зь яго быў спэцыялiст па жанчынах, трэба ведаць, калi ёсьць сапраўдная жарсьць, а калi толькi прыхамаць, як гэта апiсвае ў сваiм творы Батыста, што адна жанчына мела дваццаць два дзiцяцi, а iншая анiводнага, хоць бы й комiн ад бровару на яе звалiўся, такi мужчына мусiць мець не абы якi ворган, нават у соньнiку, панна, знойдзеце, што вялiкi ворган у снах бачыць значыць дастойнасьць, як той Шоўпал у нас, абое пiлi i цягалiся за чубы на лесьвiцы, але калi выйшлi на вулiцу, проста шляхта! а дома ён увесь час да яе, дыхнi, ад цябе нясе гарэлкай! а яна стае на каленi i божкаецца, я зьела толькi адну шакалядку з ромам, а ён ёй дае поўху, сёньня людзям жывецца куды лепш, але з гэтага боку ўсё засталося па-старому, раз ён дастае шалу, другi раз яна, за вакзалам жыў Каўра, якi ўначы краў, а днём шаўцаваў, а жонка ў яго была немка, i таму што яна красьцi ня ўмела нi трохi, ён узяў i павесiўся ад сораму на бэльцы, або той Хыцiл! яна, ягоная жонка, хадзiла па дамох i прадавала кашулi, а прытым крала, ну i раз яе прывялi жандары, дык яму таксама не засталося нiчога як толькi павесiцца ад сораму, той фарсун Корац, службовец у касе хворых, меў сына студэнта ў Оламоўцу, аднойчы прыходзiць доктар Карафiят на кантроль i кажа, спадар Корац, людзi скардзяцца, што не атрымлiваюць дапамогi па хваробе, што гэта за парадкi? тады Корац раскалоўся i прызнаўся, што тыя грошы пасылаў для сынка ў вышэйшай школе, а доктар сказаў, што яму да гэтага няма нiякай справы, дык Корац узяў касу i быццам ахвярнае ягня старой Аўстрыi выпiў лiтар рому за клуняй i падрэзаў сабе глотку, сёньня ўсё навыварат, дзецi вучацца задарма, а бацькi ледзь сабе глотак не пападрэзваюць, бо ў дзяцей больш грошай чымся ў iх, вось маеце, за Аўстрыi ў ялавiчным булёне не магло бракаваць шафрану, такой знакамiтай прыправы з Малой Азii, а мой стрыечны брат, вось гэта выпадак! быў з блiзьнят i ахрысьцiлi яго Вiнцакам, а таго другога блiзьнюка ахрысьцiлi Людвiчкам, а калi iм было па годзiку, мамуля купала iх у начоўках i на хвiлiнку адбегла да суседкi, калi вярнулася праз паўгадзiнкi, адно з дваiх утапiлася, а як што тыя двайняты былi падобныя, дык ня ведалi, каторы зь iх утапiўся, Людвiчак цi Вiнцак? кiнулi манэту, арол быў Людвiчак, а рэшка Вiнцак, выпала, што ўтапiўся Людвiчак, але мой стрыечны брат Вiнцак, калi вырас, пачаў сабе ламаць галаву, ён быў беспрацоўны, дык меў даволi часу, хто насамрэч утапiўся, цi абы на сьвеце не жыве Людвiчак, а ён, Вiнцак, цi не ўтапiўся? i пачаў пiць, потым хадзiў каля вады i шмат купаўся ў рэчцы, потым i ў лазьнi, хiба хацеў спраўдзiць, бо наканец утапiўся, каб упэўнiцца, цi не ўтапiўся тады ў начоўках, было яшчэ й тое, што за Аўстрыi людзi шукалi працы, а сёньня праца шукае людзей, так што яны ня маюць зашмат часу на глупствы, пацьвердзiў мне гэта i паэт Бонды, калi прывёз у гасподу двое сваiх дзяцей у возiку, ужо Сакрат, кажа Бонды, сьцьвердзiў, што курвельства ёсьць заняткам людзей бязь iншага занятку, Тонiк з кавярнi даў нам кiлбасы, каб мы патаўклi яму каменьне, дык таўчэм i таўчэм, а тут насоўваецца хмара, пацямнела як на пагiбель, загрымеў гром i блiснула маланка, мы мусiлi схавацца ў рове, а тут раптам зноў ясна, вяртаемся вечарам дахаты, а мама кажа, ведаеце, дзецi, што сталася? Карасак павесiўся якраз у тым лесе, дзе вы таўклi каменьне, таму што ягоная баба бегала за iншымi, я, панна, быў асьцярожны, там дзе я шаўцаваў, мелi дачку Мажэну, пуза як бубен, грудзi як у Марыi Тэрэзы, а азадак як сьвiронак або студня, кажуць мне раз, сёньня ў нас заначуеш, паслалi мне каля плiты, а над раньнем тая Мажэна мацнула мяне за твар i паклала мне на грудзях тыя свае цыцкi, а я кумiльгам адтуль, таму што ўжо тады быў далiкатны як саксонскi курфюрст, i рассадзiў сабе галаву аб плiту, адмочваю тую рану ў вядры, а цэлая сям'я выскачыла з пасьцелi i цешыцца, маўляў, будзем гуляць вясельле, але я ня даўся, сказаў як Гётэ, што я слабы ў грудзях i хутчэй схiльны да вершаў, дык яны таго зьлякалiся, Мажэна потым купiла мне гальштук i нiкеляваны пярсьцёнак, але я ўжо прачытаў твор спадара Батысты пра зарукi шлюбнага шчасьця, дык прыкiнуўся, што цiкаўлюся музыкай, а яе ўзяў нехта Етрудка, нажылi разам бяду i шасьцёра дзяцей, той Етрудка ўвесь час хадзiў набраны, хапала, каб толькi перад Мажэнай чыхнуў, а яна ўжо была пры надзеi, палова тых дзяцей звар'яцела, а другая палова, калi гэта даразумела, павесiлася, i як тут верыць соньнiку Анны Новакавай, нованароджанае дзiцятка пеставаць значыць радасьць! хiба адно стараста можа сабе нарабiць столькi дзяцей, але калi дзецi плачуць, дык нiякая гэта ня радасьць, старая Аўстрыя любавалася вайсковымi парадамi, але з другога боку, калi вы йшлi на шпацыр, дык штохвiлi зачаплялiся за выцягнутыя куксы жабракоў, i замест таго каб заглядацца на нейкую дзявочую цыцачку, я мусiў лiтавацца над тымi няшчаснымi, раз iду сам адзiн, а тут красуня, жыдоўка, нос крукам як чапяла, сядзiць на мяжы i выглядае першай суботняй зоркi, ня мела на сабе майтак, дык я адным вокам зiрк туды, куды любiў паглядзець Гётэ, пакуль пачне пiсаць вершык, загаварыў зь ёю i пачалi памiж намi ткацца даверлiвыя адносiны, яна мне распавяла, што ўмее езьдзiць на ровары бяз рук, на той час гэта была рэвалюцыя, а я ёй распавёў пра аднаго жандара, якi недзе вынайшаў пастанову аб грамадзкай гiгiене i паводле тае пастановы хадзiў асабiста мыць маладых цыганак да пятнаццацi гадоў, старыя цыганы павiнны былi грэць ваду i потым iсьцi прэч, жандар зьнiмаў унiформу i закасваў рукавы, а ягоны начальнiк падглядваў празь дзiрку ад ключа, як выконваецца тая пастанова аб гiгiене, а потым паставiў таго жандара перад судом i сам хадзiў абмываць тых маладых цыганак, а старыя цыганкi зьдзiўлялiся, чаму ён ня мые i iх? тая жыдоўка, што сядзела на мяжы i чакала першай суботняй зоркi, пачырванела i шапнула мне, што яна таксама не занадта каб чыстая, i я на той мяжы адчуваў сябе зноў пераможцам, iншым разам я хадзiў з дачкою махляра, мала хто мог вадзiць зь ёю знаёмства, мы гулялi разам у дыябалё i калi яна нахiлялася, я заглядваў ёй у дэкальтэ, называлася гэтае махляровае дзiцятка Галенкай, мела такiя гожыя цыцачкi, што доўга яшчэ згадваючы iх я заiкаўся i рабiў правапiсныя памылкi, такiм чынам я захаваў тую самую iлюзiю, што й Госпад Хрыстос, хадзiць з прыгожымi дзеўкамi, але не прыпускаць iх занадта блiзка да сябе i быць вольным, як быў доктар Карафiят, якi дрыжаў ад страху, каб ня стрэць бабы ў кашулi нават у сьне, гэта звалiла б з ног нават i пiсьменьнiка, а тыя ж прывыклi бачыць i не такiя рэчы, бацька тае махляровае дачкi мяне цягнуў на службу, але я ведаў, што ў яго два сыны, фарсуны з маноклямi, адзiн сынок украў грошы з касы i згодна з модай таго часу застрэлiўся з браўнiнга, з браўнiнга стралялiся толькi члены кайзэравай сям'i, а жонка таго другога сынка, Нiна, вялiзазная й гладкая як аксамiт, любiла папiваць лiкёры i калi цягнула ваду са студнi, закруцiлася ёй у галаве i яна туды паляцела, знайшлi яе праз тыдзень, бо думалi, як гэта тады было ў звычцы, што яе выкраў нейкi студэнт, а яна ўжо была набрынялая й агiдная, ах, Сьвятая Багародзiца, гэтае жыцьцё ўсё роўна халерна прыгожае! я не хацеў iсьцi ў прымы ў iхную сям'ю, бо ейны дзядзька быў закаранелы рэлiгiйны фанатык, багамольнiк нашых гор, якi цалаваў зямлю i валiў платы вакол дамоў, бо калi, маўляў, на небе няма платоў, дык i на зямлi iх не павiнна быць, ужо ў тым часе ён быў першапраходцам у заворваньнi межаў мiж людзьмi, няўпынна ставаў на каленi на пляцы i крычаў, што платы мiж людзьмi зьнясе любоў, аднак людзi меркавалi iнакш, таму адразу йшлi дахаты i лягалi з жанкамi на канапе, дык той дзядзька ўрэшце павесiўся на могiлках на крыжы над магiлай свае маткi i ксёндз сварыўся, што яшчэ раз мусiць асьвячаць могiлкi, я дзiвiўся, як у соньнiку Анны Новакавай мог зьявiцца сказ, у сьне ў царкве быць павешаным, хутка станесься саноўнiкам Царквы, калi ж бо самагубца мае быць пахаваны ўначы, у поўнай цiшынi i ў асаблiва далёкiм месцы, або той натарыюсаў штабс-лекар, ягоная жонка была чысты скарб, той самы мадэль, што i вы, панна, калi прыходзiла да нас па малако, казала мне, цi вы не зайшлi б на хвiлiнку да нас, выглядаеце як нябожчык Штраўс у маладых гадох, яе матка паходзiла з замку за Пшэмыславiцамi, замак называўся Глохаў i належаў Бохнэру, а яе бацька, таксама натарыюс, езьдзiў чатырма белымi жарабцамi, а шэсьць стракатых догаў беглi з высалапленымi языкамi за павозкай, сын меў сурдут блакiтны як неба, чорныя нагавiцы з чырвонымi лямпасамi, якое яшчэ войска пакажа такую красу для вачэй, сёньня жаўнеры ходзяць як парабкi, а тады кожны жаўнер быў сьцiснуты ў поясе як панна, а калi прыяжджаў у водпуск, дык дзеўкi сiкалi ў майткi, бо жаўнеры насiлi гарсэты, а такi штабс-лекар меў два рады гузiкаў i залаты каўнер, нiбыта з чыстага золата, каўнер з шаўковай падкладкай наўкруг, генэрал-лекар меў зьмейку на каўняры цэлым у золаце, ну, нешта цудоўнае, адно прырода, калi хоча пахвалiцца, што нешта дакажа, стварае дзеля канкурэнцыi такога зiмародка або папугу, толькi што Аўстрыя апрача гэтага параду i жабракоў мела яшчэ дысцыплiну, якая часта даводзiла жаўнераў да роспачы, таму што зь iх зьдзеквалiся i бiлi, тыя арышты, аковы, канцэнтрацыйны лягер, але той натарыюсавы штабс-лекар быў фанабэрысты як пава, у войска йшоў як красуня на шпацыр, а сталася яму такая бяда, што адзiн жаўнер забiў другога i ўкраў у яго грошы, якiя матка прыслала яму ў войска, а той забойца налiў забiтаму ў рот гарэлкi, а штабс-лекар яшчэ таго няшчасьнiка таўхаў нагою, бо думаў, што ён напiўся на службе, але адзiн спрытнюк убачыў гэта i данёс, дык штабс-лекара замкнулi i ён павесiўся на ручнiку ў каталажцы, а калi яго хавалi дома, дык мацi так рыдала, што ледзь касьцёл не развалiўся, заплацiла каму трэба, то й пахавалi яго на могiлках, хоць павiнны былi пахаваць уначы, у асаблiва глухiм месцы i бяз розгаласу, так яно бывае, панна, на фронце вас пахавалi б невядома дзе, усё роўна як бы згубiць хустачку, Анна Новакава ў сваiм соньнiку пiша, адпяваць нябожчыка гэта на шлюб, а сьнiць вар'ятню, вялiкага шчасьця чакай! во што прыдарылася начальнiку станцыi ў нас, якi гадаваў iндыкi i дрыжэў, каб яму дзяжурны добра пераводзiў стрэлкi, калi йшоў хуткi цягнiк, таму хадзiў сам кантраляваць, а хуткi яму ўехаў у тыя iндыкi, гэта было вiдовiшча, такi хуткi цягне за сабою паперыны й галiнкi, калi iмчыць, дык пацягнуў i пер'е iндыкаў ды iхнiя ашмёткi, на дзяжурнага на наступнай станцыi ўпалi тры сьцягнякi, на начальнiка яшчэ наступнай станцыi пасыпалася пер'е нiбыта зь якой пярыны, хуткi цягнiк гэта ня жарты, калi праяжджае праз станцыю, начальнiку зь Лiбiцы скразьняк за цягнiком вырваў з рук павышэньне i начальнiк ня мог адзець новы мундзiр, пакуль праз два тыднi не знайшлi тое павышэньне пяць станцый далей, адна жанчына йшла па шпалах, каб хутчэй зайсьцi дахаты, несла сьвiную юшку i разьехаў яе цягнiк, махам выцягнуў зь юшкi крупы i апырскаў iмi дзяжурнага на суседняй станцыi, на чыгунцы ёсьць людзi, абходчыкi, якiя апускаюць шлягбаўмы, вакол iхных дамкоў адно голае поле, ноччу нiхто iх ня бачыць, але яны ўсё роўна ваксуюць боты i выбiваюць мундзiры, а потым стаяць ля апушчаных шлягбаўмаў i казыраюць, цягнiк пралятае мiма iх уначы, пылiць на iх i пырскае, нiхто тых абходчыкаў ня бачыць, але яны стаяць на зважай i казыраюць начному хуткаму цягнiку, такiя во людзi засталiся ад колiшняе Аўстрыi, таму Лукас з гарнiзон-iнспэкцыёну ня бiў i не караў, затое Зэлiкоўскi быў сьвiньня, малацiў жаўнераў i загадваў iх прывязваць да дрэва, перш за ўсё капралаў, каб ведалi, як яно мае выглядаць, калi ён едзе на канi, i войска павiнна было расьцягнуцца ў швармлiнiю або вiкльтэлiнiю i зараз потым падвойную тупльшварм i допльрай, i паставiцца чатырохкутнiкам, i раптам рассыпацца, як бы хто стрэлiў у вераб'iную чараду, каб зноў самкнуць шыхт, камарад пры камарадзе, а калi генэрал падыме шаблю вастрыём угору, капралы павiнны ведаць, што гэта значыць, бо ж генэрал ня будзе крычаць да шаснаццацi ротаў войска, так як i дырыгент ня будзе крычаць на музыкантаў, ты ёлупню! ня бачыш там тае фэрматы? ён жа мае палачку не дзеля таго, каб сьвiснуць каму па вушах, але каб дырыгаваць, падаваць знакi, такi маршал, зразумела, мусiць клапацiцца, каб выйграць бiтву i каб не загiнула зашмат людзей, мяне рабiлi фрайтэрам, але я не схацеў, бо тады без упыну пасылаюць чалавека на варту або на патрулi i ўсё высылаюць у вайсковае вучылiшча, на ўскраiне лесу паручнiкi ўсё крэсьляць на дошцы i крычаць, падафiцэры zu mir! а як хто хоча пасцаць, дык мусiць прасiцца, потым едзеце на фронт i ўздоўж шашы пачынаюць зьяўляцца беспамылковыя знакi, амунiцыя, гарматы i параненыя, адзiн жаўнер дастаў ад вады срачкi або дыярэi, добрая ў мяне памяць, панна, што? i той жаўнер сядзеў у рове з папругай на карку, а тут генэрал Зэлiкоўскi саскочыў з каня i верашчыць, што гэта за войска такое засранае! i як вытне таго ваяку шабляй па сьпiне, а потым перада мною зьявiўся фронт, тая сумятня, дзе адзiн аднаго пыраў штыхом праз памылку, сьлепату або слабату, каб толькi далей наперад i наперад, каб вораг не пасьпеў акапацца, нэрвовыя афiцэры, швадроны залiтыя крывёю разам з коньмi, усё палала, дрэвы лёталi ў паветры, санiтары адвозiлi параненых на павозках кудысьцi ў лес, але дзяўчатам нельга было на фронце, яны заставалiся ў Пярэмышлi i Кракаве, пахаваныя па публiчных дамох, там у дзьвярах ёсьць вакенцы, я калiсьцi зазiрнуў, адна зь iх адчынiла i пытаецца, ну што, ваяка? некаторыя за гэта хацелi толькi хлеба, паручнiк Гаворка раiў нам, каб мы лепш заляцалiся да паннаў з прыватных дамоў, такой хопiць купiць цукеркаў, а каханьне як дрот, iду я сабе з настаўнiкавай дачушкай, а яна мне кажа, што хацела б за гэта булачку або абаранак, а я кажу, што нiчога ня маю, адно гэты жаўнерскi хлеб, а яна пацалавала мяне ў руку, а я ёй распавёў за гэта, як аднойчы вартаваў у Сплiце стары вагон, поўны экразыту, таго, што падрывае масты, i што той экразыт выглядае як лепiшча на мухi або як парашок з аптэкi, потым я ёй чытаў з соньнiку, што з паненкай у сьне балакаць значыць рызыкоўную спэкуляцыю, а з жанчынай уначы жартаваць, ня дай зьвесьцi сябе падманлiвай размовай, а ўрэшце я сказаў той настаўнiкавай дачушцы, што паненка ладне выглёнда, а яна мне, што пан тэж, i зычыла мне, каб ужо хутчэй было перамiр'е, а як што я заўсёды быў гжэчны кавалер, пiсалi мне найпрыгажэйшыя жанчыны Эўропы, у Цыгенгальсе я схiлiў да сябе сэрцайка дачкi аднаго фабрыканта, яна мела на сабе жоўтую бялiзну i сiнюю сукенку, я катаў яе лодкай па лясной азярыне i сьпяваў Mein Herz ist ein Bienenhaus, а потым лодка пачала тонуць, дык я выратаваў паненку, бо там было мала вады, яна называлася Анна Герынг i слала мне ружовыя лiсты, цэлае мястэчка ня спала ад цiкаўнасьцi, з кiм я перапiсваюся, аднаго разу яна мне прыслала парфуму "Маёвы чар", яна пахла як ландыш, а я, каб пазбавiцца ад вайсковай службы, курыў вiрджынскiя цыгары, мочаныя ў шафране, трэба было халерна зважаць, каб ня мець пажоўклых пальцаў, дык я абкусваў iх да крывi, гэта ўсё роўна што абылгаць прыгожую жанчыну, абдурыць словам, нават нябожчык стараста, якi прыйшоў у бар скантраляваць, цi ў баравых прыгажуняў спраўныя лыткi, нават той стараста прызнаў, ну ясна, за грошы дык абы дурань зможа, але так як вы, задарма, гэта геройскi подзьвiг! i я зноў перамог, таму што я браўся за справу такой самай тэхнiкай, што й афiцэры, хлопцы, казаў паручнiк Гаворка, з такой трэба далiкатненька, як быццам вы гастрылi аловак, гэтак на жанчын лепш дзейнiчае, чымсьцi калi б вы на iх выцяглi штых, дык i я зашмат не гаварыў, больш назiраў, якiя ў дзяўчыны злачынныя схiльнасьцi, чакаючы, пакуль сама ня выгаварыцца, што любiць цыгарэты i вiно, а я ёй тады казаў, што я не! а што вы любiце? пыталася яна, а я адказваў, панна, я аматар прыгожых паненак, а яна заяўляла, дык з вас неблагая сьвiньня, i кiдала ў мяне пантофлiкам, раз нават выпаў мне гонар паехаць да артылерыйскiх казармаў на Iдунi, генэральскай кабыле, гэта была красуня, гнедая зь белай зорачкай на лобе, як кiназорка, зорка была падобная на прастрэленую дзiрку ў хустачцы, а калi мы так ляцелi галёпам, тая Iдуня i я на ёй верхам, дык чапiлi бабу, баба кульнулася дагары нагамi, я спужаўся, цi Iдуня не павярэдзiла сабе капыта, бо тады генэрал паставiў бы мяне перад вайсковым судом, i мы так ляцелi цераз Оламоўц, Iдуня праскочыла праз браму, я пахiлiў галаву i трымаўся за шыю, i гэта быў мой шанцунак, таму што яна ўляцела адразу ў стайню, потым я пайшоў выпiць шклянку малiнавага соку ў кантыну, тады мелi там гожую дзеўку, звалi яе Цылькай, яна адразу пусьцiлася са мною ў танцы, а кiраўнiчка была раўнiвая, таму адразу: Цылечка, йдзi на кухню! i пачала сама лашчыцца да мяне, а Цылька чысьцiла нажы i паказвала за сьпiнай свае кiраўнiчкi, як бы яе з ахвотай пырнула, а кiраўнiчка мне сказала, жаўнерык, ты выглядаеш тэмпэрамэнтным чалавекам, а я ёй адказаў, што калi б ёй прысьнiлася, што яна ловiць фазана, дык неўзабаве каханьне загасьцюе ў ейным сэрцы, а кiраўнiчка адразу сунула мне сотню эгiпецкiх у кiшэню i папрасiла, каб я працягваў, а Цылька ў кухнi паказвала, як бы яна сваiм нажом падрэзала глотку сваёй кiраўнiчцы, якой я сказаў, што найлепшы сон гэта калi бачыць добра нагрэты пакой, бо гэта значыць каханьне дзьвюх асобаў, а кiраўнiчка круцiлася на крэсьле, а я ёй яшчэ шапнуў, што самы прыемны сон, калi бадаюцца два валы, бо гэта сапраўднае шчасьце ў каханьнi, i тут жа дадаў, што я гэтым паплацiўся, бо схапiў з гэтага брыдкую хворасьць i быў на лекаваньнi ў Брзадынi, кiраўнiчка адразу адсунулася ад мяне i палезла мне ў кiшэню па тыя эгiпецкiя, але я ёй сказаў, хто дае й забiрае, той рана памiрае, а яна прызнала мне рацыю i дала мне на дарогу кiлiшак гарэлкi, i дзякавала, што я ёй загадзя сказаў праўду, бо яна такую немач ужо мела, а я пайшоў ва "Ўранiю" з адной малачаркай, гралi там жыдоўскую п'еску аб узьнёслых памкненьнях, аб пакутах нейкага Агасфэра, тая малачарка ўвесь час абсьлiньвала мне вушы i пыталася, цi я зь ёю ажанiўся б, чаму не, кажу, але я яшчэ перад войскам, а прытым слабы ў грудзях, i кажу, што маю сны, у якiх мне сьнiцца канарэйка, замкнёная ў клетцы, а гэта паводле Анны Новакавай значыць, што я назаўжды пранiкнуты тугою па свабодзе, а тая малачарка мне шаптала, о так, з вамi мне было б прыемна!