а ейныя валасы пахлi малаком i ванiляй, на трэцi дзень пасьля таго я паехаў у Югаславiю да мора, ах, якая там была навальнiца, шаленства прыроды, якое калi ўсьлiзгнецца мужчыну ў нагавiцы, дык ён стае пiсьменьнiкам, хвалi як наш дом, лодкi дык аж на дарогу выкiдвалi, грымелi па камянёх i крышылi скалы, такая марская бура можа перакулiць i вагон, занесьцi ў мора людзей разам з асламi, калi вяртаюцца зь вiнаграднiкаў, робяцца такiя слупы вады як вежы, а мы, жаўнеры, цярпелi бяду i голад, Сьвятая Багародзiца! жэрлi здохлую рыбу i дух у армii ўпаў да таго, што мы хадзiлi жабраваць, на казармах быў залаты надпiс "Ваярня Караля Юсупа", але паручнiк вышкрабваў кацёл пасьля кукурузы, калi б гэтага паручнiка ўбачыў генэрал Зэлiкоўскi, дык выцяў бы яго прутком, адзiн фарсiсты жыдок падперазаўся лякаваным паскам, даў мне залатоўку, каб я вычысьцiў яму карабiн, i кажа, што йдзе ў горад завязваць мiжнародныя зносiны, потым прыходзiць сяржант Брчул, бамбiза два мэтры i злосны як сабака, i пытаецца, дзе той жыдок, я кажу, што пайшоў да граду, а той сяржант пачынае лаяцца, ебэм тi бога i курэц надробно, i кажа, што Фрайгер фон Вухерэр забаранiў валачыцца па граду, потым лёг на ложак таго жыдка, па поўначы той вярнуўся ўвесь умакрэлы ад дзяўчат, а сяржант Брчул усхапiўся i надаваў яму таўхуноў нагою, ажно той зьвiваўся на зямлi ў выхадным мундзiры, i адразу мусiў iсьцi на варту, а калi я пайшоў зьмянiць яго тае ветраное начы, ён ужо спруцянеў каля камля дрэва ў куце падворышча, павесiўся на той лякаванай дзязе, сёньня пра такiя рэчы ня ведаюць, я распавядаў пра гэта ў Лiбэнi, але кiроўцы сьмяялiся зь мяне i бралiся навыперадкi сваiмi стоадзiнаццаткамi з узгоркў ў Гарларэзах, калi зьяжджалi ўнiз, была субота папоўднi, дантыст вярнуўся па парасон, бо забыўся, i якраз пiхаў ключ у замок свайга кабiнэта, але ў адной стоадзiнаццаткi лопнула рысора i машына наляцела на кабiнэт i адвалiла яго ад таго ключа, а той дантыст тамака стаяў i ўвесь час трымаўся за той ключ, калi б гэта толькi бачыў граф Зэлiкоўскi, генэрал вядомы сваёй грубасьцю, маёр Мiхаховiч, якi выплочваў нам грошы, раскладваў банкноты па стале i прыцiскаў iх каменчыкамi, каб вецер не пазьдзiмаў, ён заадно нас i перасьцерагаў, каб мы не прапiлi тыя грошы адразу, але каб купiлi сабе гузiкi, вазэлiну i нiткi, а ваколiца была прыгожая, рамантыка як у Ерусалiме, тыя дарогi пад гару ўвесь час трэба было папраўляць, людзi жывiлiся аўсянымi блiнамi, вiнаграднiкi цьвёрдыя як бэтон, адна дальматынка, што сядзела ў гаiку й пасьвiла авечкi, гэта было як на малюнку, адразу мяне заатакавала, пане, вы свабодны? а калi я кiўнуў, тут жа прыселася да мяне i пачала мне паказваць, хто ў якой халупе памёр, але мне трэба было йсьцi практыкавацца з новымi гранатамi, выглядала тая граната, панна, як грушка, зь якой замест хвосьцiка тырчыць вяровачка, камандзiр узводу вучыў нас на iмiтацыi, пацягнуць за вяровачку, палiчыць да дванаццацi, а потым шпурнуць, потым пайшоў у прыбiральню, а нейкi спрытнюк падлажыў яму сапраўдную гранату, i калi мы паўтаралi практыкаваньне, дык бабах! узводнаму адарвала руку i тая рука вылецела праз вакно i дала поўху капiтану Тонзэру, якi праяжджаў на канi i казыраў, нешта такое прыдарылася i ўласьнiку летняга кiнатэатру, у якога была жалезная рука, i калi хлопцы сядзелi на дрэве i глядзелi фiльм задарма, дык уласьнiк ставаў на крэсла i лупцаваў iх той жалезнай рукою, ажно ляцелi пасечаныя галiнкi, а калi дома хацеў даць той рукою i сыну, пратэз сарваўся з завесаў, вылецеў праз вакно i зьбiў з ног палiцыянта, якi акурат гастрыў аловак, каб выпiсаць штраф, а вось што мне прыдарылася падчас рапарту, калi чыталi iмёны палеглых i прачыталi маё, нават дата нараджэньня супадала, але ж я жывы! крыкнуў я, паслалi мяне дакладваць i далi мне пятнаццаць дзён арышту за тое, што я адазваўся пры рапарце палеглых, хлопцы казалi, панове, калi б такое пачуць, дык можна было б пайсьцi дахаты i легчы ў пасьцель, а калi скончыцца вайна, можна будзе сьцерцi сваё прозьвiшча з помнiка палеглым, але мне падабалася любавацца сабою ў люстры, мяне ажно страпянула, калi я ўбачыў, як мне падыходзiць мундзiр, як быццам сонейка выйшла на прагулку, калi я йшоў на шпацыр, ясна-блакiтная блюза, чорныя нагавiцы з чырвонымi лямпасамi, лякаваны пасак i нiкеляваны штых, шапка з залатым абадком, а пад той шапкай ня сечка, а таз першаклясных мазгоў, самыя складкi й зьвiлiны як у Эдысана, ах, той Эдысан, што вынайшоў прыладу, каб людзi ня мусiлi хадзiць у тэатар або на канцэрт, а маглi дома паслухаць у пантофлях, гэта той фанограф, нешта, чаго не было раней, сядзеў бедачына тры днi на крэсьле i думаў пра тыя слухаўкi на вушы, ну бо ведаеце, панна, нават найпрыгажэйшая жанчына ня можа дараўняць славутаму мужчыну, у Кракаве адна панi доктарка сказала мне распрануцца i лягла на мяне паслухаць, цi б'ецца маё сэрца, мела халоднае вуха i кажа мне, цо сен пан так руша? а я ёй распавёў пра эўрапейскi рэнэсанс i што сапраўдны мужчына трымцiць як пасоленая жаба, калi бачыць прыгожую жанчыну, таму шмат пiсьменьнiкаў вар'яцее ад мастацтва, бо калi хочуць яго палепшыць, мозг рассыпаецца ў iх як пацяруха, i нiхто ўжо не пазьбiрае яго ў кучу, сымфанiст Iштван абарваў жырандоль ад жалю, а па Эдысана прыйша нарачоная, але ён увесь час раздумваў, пад нагамi меў шкляны столiк, каб яму не замiнала зямное прыцягненьне, а тут прыходзiць прыгожая нарачоная, калi яму пасьля сьмерцi адчынiлi чэрап, таз поўны шэрага мозгу, мне адна варажбiтка вываражыла з картаў, што калi б мяне не перакрыла маленечкая хмарка, я б зьдзейсьнiў вялiкiя рэчы, ня толькi для свайго народу, але i для ўсяго чалавецтва, варажбiтка працягнула да мяне рукi, а я адхiлiўся ў крэсьле-качалцы i вылiў акварыюм, усё гэта я распавядаў той польскай панi доктарцы, а яна лягла на мяне i запыталася, куды пойдзем сёньня вечарам? а я зацытаваў ёй соньнiк Анны Новакавай, чыжыка ў клетцы прысьнiць, тваё распуснае жыцьцё прывядзе цябе да жалюгоднага канца, а доктарка ўзьнялася i кажа, выберце сабе нейкi лепшы сон, добра? дык я ёй сказаў, бачыць у сьне юбiлейную выставу значыць неспатоленую жарсьць, а тая доктарка адказала, што на пачатак гэтага хапiла б, i пусьцiла да мяне турэцкае вочка, рэч у тым, што мужчыны адразу думаюць пра брыдоту, тым часам як я паступаю тактычна, каб можна было ганарыцца перамогай, аднойчы прыйшоў да нас Марыён, iлюзiянiст i гiпнатызэр, якi сам сабе ставiў пячаткi на дазволах на выступы, бо як толькi зьяўляўся ў ведамстве, службоўцы давалi драла, каб iх не загiпнатызаваў, у той час я меўся выступiць на эстрадзе, засьпяваць "Балалайку" ў мундзiры афiцэра гвардыi, на сцэне былi самыя дзьверы зь дзiркамi для ключоў, а я сьпяваў "Жанчын прыгожых цалаваў я ўдосталь", на мяне сьвяцiлася фiялетавае сьвятло, калi я сьпяваў, "Балалайка, грай песьню з усiх найпрыгажэйшую, песьню сэрцу найблiжэйшую, аб тым, што я кахаю", i пабiў усiх высокiм "до", гэтага нiводзiн гарладзёр з хору ня мог даказаць, кожны мычаў як карова, калi целiцца, тым часам як я, тэнар як Ярынак Посьпiшыл, ачараваў усiх нашых дзяўчат як гiпнатызэр Марыён, калi б вам захацелася, вы б маглi таксама выступiць, адна панна будзе йграць тую вялiкацарыцу, але мусiць мець фальшывы поваб, вы б маглi яе йграць, таму што ня ўсе царыцы былi прыгожыя, я буду йграць папа i буду трымаць у руках тую чару, а пад канец адстрэляць жырандоль, аднак найбольш ахвотна я зайграў бы Барона, iдзецца толькi пра тое, як завесьцi жарабца на сцэну? хiба што абматаць яму капыты анучкамi, каб не паабiваў сходаў, галоўным чынам трэба зьвяртаць увагу, каб той жарабец не спужаўся музыкi i ня зьляцеў на аркестар, парасятнiка зайграў бы Руда Турак, обэрлейтэнант, карак у яго быў, што ў швайцарскага быка, у Каталiцкiм Доме я з адной прыгажуняй хацеў зрабiць шпагат i дастаў грыжы ад натугi, у мужчыны дык нiчога, яму ўсё сыдзе, але такая жанчына, калi носiць пояс супроць грыжы i разагрэты мужчына яго намацае, халодны пояс зь нiкеляванымi спружынамi, дык iдэалы адразу развальваюцца, а цялесныя пажады даюць назад, Хрыстос Госпад аднаго разу, калi яго запрасiлi на вясельле, дзе моцна жлукцiлi, абярнуў iм вiно ў ваду, гэта быў той цуд у Кане Галiлейскай, у тых часох мне сьнiлiся такiя сны, перабiраць у сьне косьцi нябожчыка, вялiкая радасьць iдзе табе насустрач, гэта ўвогуле цiкава, што маладыя паэты думаюць пра сьмерць, а старыя пердуны пра непаўналетнiх дзевак, адзiн паляўнiчы мне казаў, ён ходзiць у лес назiраць за аленямi, колькi ў такiм старым аленi жарсьцi, калi заляцаецца да ланi-правiчкi, такi сон аб градцы цюльпанаў у тлумачэньнi значыць, што закахаесься ў гожае дзяўчо, але яно ня будзе ведаць аб тваiм каханьнi, адзiн паэт прозьвiшчам Бонды мне казаў, што ў людзей дзiкае ўяўленьне аб пiсаньнi вершаў, думаюць, што гэта ўсё роўна як iсьцi зь вядром па ваду або што паэт толькi падыме твар на нябёсы, а адтуль яму боская моц сiкае вершамi проста ў галаву, я яму кажу, гэта толькi ў Хрыста Госпада быў такi клёк, што прафэсары й па сёньня ня могуць надзiвiцца, што ён быў ня толькi сын божы, але й шампiён i атлет, што ён мог узяць бiзун i выхвастаць зь сьвятынi гандляроў жывёлай, i сказаў iм, што не прынёс мiр, але меч, гэта значыць шаблю, людзi гэтага й так не разумеюць, таму што разумныя памiраюць, а дурныя зноў нараджаюцца, адзiн чысьцiць нужнiкi, а iншы ёсьць доктарам, адна жанчына ўсё жыцьцё чытала б у пасьцелi раманы, а iншая зноў жа робiць тое, пра што ў тых раманах пiшуць, паэт Бонды, бедачына, калi ў гасподзе перавiваў двое сваiх дзiцянят у возiку, прынюхаўся потым да пальцаў i сказаў, тут недзе пачынаецца глыбокая фiлязофiя, а праз паўгадзiны адно дзiцятка зноў накакала ў тым возiку, дык Бонды мусiў падцiраць яго "Чэскiм Словам" i прытым наракаў, Iсусе, такое даняло б i карэйскага ката! у дзень Божага Цела мы ўрачыста ўвайшлi ў Пярэмышль, адна дзеўка ляжала ў рове, паказвала на сябе i крычала да жаўнераў, хадзеце адсьвяткаваць перамогу нашае зброi! але нiводзiн ваяка на яе не палакомiўся, бо была брыдкая як турэцкая ноч, а зрэшты, я нiколi ня быў падкi на такое, я перамагаў iнакш, у лязарэце апекавалiся мною баранэсы, а за рэспублiкi гожыя саколкi, сястрычкi, адна галiла мне жывот i рыхтавала да апэрацыi, бо папярэдняга дня галоўны доктар мне сказаў, будзем вас пароць, падпiшыце рэвэрс, калi б вы нам выпадкам сканалi пад нажом, такiм чынам мяне падбадзёрваў, а сам ужо надзяваў белы чапец як цукернiк, а сястрычкi нацягвалi яму пальчаткi, нiбыта якому дзiцяцi, i ўжо хацеў узяцца за мяне, як дзьверы адчыняюцца i зьяўляецца баба з кошыкам i пытаецца, дзе ляжыць ейны муж, бо прынесла яму сьвiнiны з капустай, а галоўны доктар, ростам як волат i заюшаны да бяспамяцi, хапiў тую бабу i як дасьць ёй высьпятка ў заднiцу, а потым аблаяў дзьвернiка, як тая баба змагла сюды пралезцi, калi ён праз момант мае пэцкацца ў маёй крывi i латаць мне грыжу? што за радасьць, калi выйдзеце са шпiталя i добра разгледзiцеся навокал, як у той песеньцы, як цудоўна i прыгожа на тваiм прыходзе, Божа, тра-ля-ля, Барнадак, каваль, мог лёгка выпiць дваццаць пяць лiтраў пiва, а калi потым яму конь не хацеў стаяць або натурыўся, Барнадак яго валiў на зямлю i падкоўваў лежма, ну й дастаў запаленьня лёгкiх, ягоная брушына прыляпiлася i быў яму каюк, я адзiн застаўся, гожая сястрычка прыносiла мне судно i пыталася, чаму я не ажанiўся, чаму пакiдаю такое прыгляднае цела ляжаць аблогай? а я замест адказу ўжо падымаўся з пасьцелi i хацеў вучыць яе танцаваць, ажно мяне сiламоц трымалi, бо пасьля такой апэрацыi чалавек мусiць ляжаць як Лазар, адна панюся, высачэнная, а пры тым красуня, купалася i клiкала, хадзеце, то дастанеце буськi! i я ўлез у Лабу ў адзеньнi, вада мне даставала пад шыю, але буську атрымаў, i зноў быў герой, хоць трэба было на беразе сушыць ня толькi вопратку, але й выплату, якую мне далi ў дзесяцiкронавых банкнотах, я стаяў у адных споднiках, увесь горад быў на дыбках, жанчыны сьпяшалiся над рэчку i глядзелi на мяне, як на Мантгомэры, пераможца з-пад Тобруку, вальнадумцы папракалi Царкву, што калi Хрыстос быў Богам, дык чаму ён зносiўся з блуднiцай? я кажу, што на гэта няма нiякай рады, перад прыгажуняй нiхта ня выстаiць, нават Госпад Хрыстос, якi на той час быў прыгажун, што Конар Толнэс, яму ж было трыццаць год, а бачыце, тая Марыя Магдалена, хоць i мела пасаду вяхоткi з бару, усё-ткi дабiлася сьвятасьцi i нябёсы яе ўпадабалi, ня здрадзiла Хрысту i выцiрала яму кроў валасамi, а ён, бедачына, вiсеў на крыжы, таму што прапаведваў сацыяльны прагрэс i што ўсе людзi роўныя, ягоная мацi заходзiлася ад плачу, а Марыя Магдалена лагодзiла ягоны боль, i я пытаюся, куды падзелiся ўсе колiшнiя прыгажунi? памерлi i нiчога ад iх не засталося, а Марыля Магдалена заўсёды будзе кранаць паэтычныя сэрцы, вось такi лёс прыгажуна, якi навучыўся рамяству, умеў пiлаваць бярвёны i дошкi i раптам кiнуў тое i пайшоў навучаць людзей, што дзейная любоў да блiзкага ня значыць кублавацца зь дзеўкай на канапе, але йсьцi памагаць таму, хто тут жа патрабуе дапамогi, ксёндз за тое, што я выдатна авалодаў катэхiзмам, даў мне абразок Хрыста, як трымае келiх, на той час у Аўстрыi было вельмi модна правяраць i дапытвацца, хто ёсьць Айцец, хто Сын, а хто Дух Сьвяты? аднаго ксяндза нават судзiлi, таму што сёстры Ульманавы не змаглi яму адказаць, чым тая Сьвятая Тройца насамрэч ёсьць, i ксёндз пасадзiў iх голымi попкамi на распаленую печку, ну й потым тыя сёстры ня выйшлi замуж, нiхто не хацеў мець зь iмi дачыненьнi, калi яны ня ведалi пра Сьвятую Тройцу, праўду кажучы нiхто гэтага толкам ня ведаў, але прыкiдваўся, што ведае, дык тыя сёстры сеялi сланечнiкi, у той час было страх колькi забойстваў i рабункаў, па глухаманях нанач зачынялi аканiцы i рыхтавалi сякеры й стрэльбы, адзiн млынар глухой ноччу ўбачыў у месячным сьвятле, як хтосьцi выпiлоўвае дзiрку ў дзьвярах, каб прасунуць руку i адсунуць засаўку, дык ён падкраўся пацiху зь сякерай, а калi рука прасунулася, дык ён чах! i адсек тую руку, потым жандары шукалi, але не знайшлi нiкога без рукi, дык ксёндз лаяўся, таму што мусiў пахаваць тую руку на могiлках i купiць дзеля таго маленькую дамавiну, Сьвятая Багародзiца! стаiць жаўнер на варце ў Оламоўцы i бачыць, што на могiлках нешта гарыць, бяжыць туды, адчыняе трупярню, а там далакоп пры катле, а з таго катла тырчаць чалавечыя рукi й ногi i сквiрчыць тлушч, тут яго й цапнулi жандары за тое, што адкопваў нябожчыкаў i варыў iх сьвiньням, потым шапачнiкi з Прасьцеева сьпявалi песеньку, у маёй нябогi, рукi адняло i ногi, або калi я аднойчы з адной красуняй выбраўся ў тамашаўскi лес, там ёсьць гаспода, а насупраць тае гасподы стаяць сем белых крыжоў, там адзiн нягоднiк падпiльнаваў вясельле i пазасякаў усiх вясельнiкаў сякерай, ну, страшны выпадак, таму я ня маю дзяцей, бо не хачу, каб мая кроў трывала ў вякох, дзе тая зарука, што дзiця было б ад мяне? жанкi мяне прабiралi, хто вам заплюшчыць вочы? а я iм кажу, гэтак бывала за Аўстрыi, калi людзi памiралi дома, а сёньня, як толькi чалавек пачне крыху недамагаць, прыяжджае хуткая дапамога, адвозiць вас i памiраеце за шырмай сам адзiн, сваякi сёньнячы зь нiкiм ня цацкаюцца, апантанасьць грашамi гэтаму вiною, найлепш было б, каб людзi па ўсiм сьвеце дамовiлiся i перасталi рабiць дзяцей, едуць у адпачынак i халтураць адно на адным, каб увялi адлiчэньне з зарплаты, за адно дзiця пяцьдзесят кронаў, за другое сто кронаў, а за пяцёра дзяцей абрэзаць палавiну зарплаты i адлупцаваць розгамi на рынку, самы ўжо час, каб мы зноў маглi хадзiць з прыгажунямi ў лес i пакланяцца эўрапейскаму рэнэсансу бяз страху, што талопiцца на нас шмат вачэй, сёньня ж людзi лягаюць адпачываць у лесе адзiн ля аднаго, як магiлы на могiлках, адна панi папрасiла мяне, каб я выгуляў ейнага сабаку, але я пайшоў з тым сабакам да дзяўчат у бары, ну й таго сабаку два наведнiкi праз памылку абасцалi, а калi мы вярнулiся, тая панi пагладзiла сабаку, панюхала пальцы i спытала, дзе вы былi? сабакi добрая рэч, але толькi каб пiльнаваць гаспадаркi, адзiн злотнiк меў бульдога, якога безь вiны адсьцябаў, а той бульдог гэта запомнiў i аднаго разу, калi злотнiк часаўся, сабака скочыў i запусьцiў зубы ў злотнiкава цела, а злотнiк, з сабакам на карку, давалокся да пiсьмовага столiка, выцягнуў рэвальвэр, але як страляў у таго бульдога ў люстры, нешта паблытаў i прастрэлiў сабе вуха, дзiва, што сябе не застрэлiў, потым неяк таго сабаку ўходаў, але зацiснутыя зубы яму трэба было расшчамляць качаргою, зноў жа iншы стаяў перад люстрам i выразаў сабе валаскi з носа перад патанцоўкай, i прарэзаў сабе нос, я дык усё рэзаў як скрыпач на скрыпцы, чуцьцём, а калi б вы бачылi пшэмысьлякаў, як яны йшлi на прызыўную камiсiю, вёска была добра адкормленая, браканьер пры браканьеры, адна краса, калi стараста iх вёў на прызыў, самыя стужкi i жычкi, i яны парэзалi ўсе навакольныя вёскi, загналi немцаў у бровар, а старасту на памятку ўсадзiлi нож у сьпiну, хапiла толькi паглядзець на iх крывавата, а зубы ў вас ужо выляталi праз заднiцу, але на парадзе гэта быў цьвет чэскага народу, рослыя мужыкi i злыя як чэрцi, мелi два аркестры, а на сьвяты i гасьцiны ўсё было ў кветках i стужках, уся вёска аздобленая i начышчаная да бляску, штохвiлi нехта нёс кiшкi ў вядры, бо ведаеце, за Аўстрыi шмат мужыкоў памерла ад мардабояў у карчме або па дарозе дахаты, або павесiлiся ад таго, што мелi шмат дзяцей, а тыя слаўныя пшэмысьлякi раз падпiльнавалi мяне, бо я хадзiў зь дзеўкай ад iх, але я адвярнуўся, выцягнуў рэвальвэр i бах! бабах! палiў па iх, а мужыкi як дубы валiлiся на зямлю, а я зноў стаяў як герой, як Том Мiкс з кольтам, у якога дым iшоў з дула, або зноў жа тая жудасьць з Анэжкай Грузавай, нашы людзi выдумалi, што гэта зрабiў Гiльзнэр, а яшчэ заявiўся адзiн прыдурак i сказаў, што бачыў, як Гiльзнэр стаяў у лесе каля Бжэзiны, гэты каронны сьведка адной рукой трымаў ровар, а другой тую штуку, каб адмачыцца, i так Гiльзнэра запраторылi ў турму, а жыды мусiлi вэк з Польнай, людзi сьпявалi песеньку, не купляйце ў жыда цукру, кавы i мукi, ён забiў нам дзеўку сiнявокую Анэжку, ну а бачыце, на сьмяротным ложы брат Анэжкi прызнаўся, што гэта зрабiў ён, дзеля грошай, якiя ў той час валадарылi над сьветам, аднаго разу йдзе жандарм на патруль, запыняецца ў гасподзе i заказвае сабе адбiўную, а як што яму пасмакавала, дык паўтарыў заказ, але карчмарка неяк доўга ня йшла, дык ён пайшоў яе пашукаць, яна была ў склепе, а тамака на круку вiсела ейная дачка, галюсенькая, а тая карчмарка выразала зь яе адбiўныя, Сьвятая Багародзiца! жандар яе ў наручнiкi i ў суд, пра такiя здарэньнi людзi апавядалi раней, калi самi сабе замянялi радыё i тэлевiзар, але мне найбольш падабалася шпацыраваць па горадзе, я хадзiў у ангельскiм гарнiтуры i лапатуне, такiм капелюшы з заломамi, было прыемна глядзець крамныя вiтрыны, такая напрыклад парфумэрыя ў Оламоўцы, поўна туалетнага мыла, якое пахла ляснымi фiялкамi, глiцэрынавае мыла маркi Lila Blanc i Violeta de Nice, экстралагоднае мыла маркi Rosa de Shiraz, аднаго разу мяне за казармамi Марыя-Шнэ перапынiў драгун i крыкнуў, грошы або жыцьцё! iншы б пэўна абамлеў, але я выцягнуў браўнiнг i кажу, калi хочаш жыць, дык дуй адсюль, а то прыстралю як сабаку, калi я прыехаў у госьцi да брата на чатырнаццаць дзён i застаўся там на трыццаць год, дык мне далi мэксыканку, такую стрэльбу, каб я пiльнаваў рамянёў за броварам, а калi ўначы йшоў тудою жандар, я зьняў стрэльбу з пляча i давай страляць, кулi адбiвалiся ад мосту i толькi сьвiсталi, бо я ня буду дапытвацца, а хто там iдзе? аўстрыйскi жаўнер мусiць страляць першы, каб перамагчы, у iншай парфумэрыi стаялi роўненька флякончыкi вады для пелегаваньня валасоў, вада маркi Cyrano, дзе на наклейцы выходзiла з возера вадзяная русалка з ружамi пры поясе, а за сабою мела некалькi сьветлячкоў цi мо зорачак, ну дзiва! як музыка Моцарта, аднойчы плылi лодкай тры швачкi ад Пiкаў, а мы ў плаўках папраўлялi студню ў бровары, i адна красуня паклiкала мяне, а я адразу кiнуўся ў ваду i пачаў ныраць пад iхнай лодкай, гэта была аўстрыйская галянтнасьць, нават i простыя людзi паводзiлi сябе так, быццам iхняе жыцьцё ўвесь час фiльмавалi або фатаграфавалi, у Славаччыне я дапамагаў у пякарнi развозiць печыва, там п'янае вясельле ўехала ў касьцёл i пачало частаваць сьвятых гарэлiцай проста з пляшкi, ксёндз уляцеў у касьцёл як самалёт-зьнiшчальнiк i верашчаў i лупiў i таўхаў нагою тую вясельную кампанiю, i прыгаворваў, арда татарская! то так прыходзяць у храм Гасподнi? прэч! вянчаньне будзе, калi прыедзеце крыху больш цьвярозыя або менш п'яныя! потым я выбраўся на Градзiска, дзе пiваварнiчаў, i вярнуўся дахаты ў поўнай славе, гарнiтур у палоску i мадэрны капялюш апошняга парыскага фасону, кiёк зь белай галушкай, iншага дык жандары вярталi ў родныя мясьцiны ў апратцы як бы яго карова жвакала, але я прыйшоў як кiназорка i прынёс сто залатых, аддаў доўг i купiў карову з Понiквы, якую мне нараiў гаспадар Тыатар, той, што са старога тэатру зрабiў карчму, а ягоная баба гадавала восемдзесят катоў, увесь дзень налiвала iм малако, у парфумэрыi я бачыў прэпарат маркi Калядэрма, потым фiрма Вольф i Сын з Карлсруэ дастаўляла на Мараву свой жэлятын i драбнюткую ружовую пудру для пелегаваньня скуры, на шкатулцы летуценная жаночая галоўка з ручкай пры скронi, абвiнутая лёгкай вуальлю, з вачыма ў далечынi, той каровы з Понiквы ўсе нам зайздросьцiлi, швэйцарская раса, зусiм белы асобнiк, каштавала цэлых восемдзесят залатых, але потым мы прадалi яе мясьнiку, бо аказалася ялавай, найвышэй з нашае сям'i зайшоў дзядзька, у войску быў камандзерам узводу i ўмеў пiсаць так, што ня можна было наглядзецца, атрымаў залаты крыж ад кайзэра, насiў залаты шнур i пiкэльгаўбу, мужчына высокi на мэтар восемдзесят, якi за свайго кавалерства быў паўкiдваў усiх з карчмы ў копанку, як Рымскi, што паходзiў з Кокараў, але калi дзядзька ажанiўся, дык спаважнеў, узяў сабе дачку лесьнiка i паставiў вiлу на Мараве, гадаваў iндыкi i быў вахмiстрам, адной красунi я купiў лiлёвы крэм на лагодную белую скуру маркi Steckenpferd, гэта была фiрма з Радэбойлю, потым Гавэрдавай Здэнцы я купiў далiкатны i гарантаваны сродак, уганараваны залатым мэдалём, "Сiнулiн", а яна засьмяялася i кажа, а што ты за гэта хочаш? а я адказаў, што хацеў бы, каб мы пайшлi на шпацыр i яна дастала сонечнага ўдару, а яна засьмяялася i кажа, чаму? а я адказваю, што паводле iнструкцыi першай дапамогi, калi хто дастаў сонечнага ўдару, найлепш расшпiлiць блюзку i абмываць грудзi летняй вадою, а тая Здэнка мне сказала, ты, бугай, зашмат сабе дазваляеш, так, гэты сьвет далей прыгожы, не таму, што ён такi ёсьць, але такiм я яго бачу, як яго бачыў у фiльме Пушкiн, бедачыне заўчасна пацэлiлi ў галаву i былi яму капцы, з дзiркi ад рэвальвэру выцяклi ў яго апошнiя вершы, ужо паводле фатаграфii я дайшоў да высновы, што Пушкiн належаў да эўрапейскага рэнэсансу, меў гожыя бакенбарды, ну, тыя бакi, якiя насiў нябожчык кайзэр Франта i кампазытар Штраўс, раз iду сабе над вадою, а тут на ровары Лiбушка i адразу наяжджае на мяне пярэднiм колам, калi я ёй зноў прынясу пук, то бок, букет ружаў? а я яе нi з таго нi зь сяго пацалаваў, як гэта рабiў Ганс Альбэрс на параплаве, а Лiбушка вiскнула, Хрысьце Пане! а я расьсьмяяўся i кажу, што я не Хрыстос, адно пан, а гэта насьмяшыла яе яшчэ болей i яна яшчэ мацней наяжджала на мяне пярэднiм колам, адчыняючы мне дзьверы да далейшае прыгоды, i я быў панам сытуацыi, гэта ў парфумэрыi я бачыў шэраг бутэлечэк са сродкам для буйнага росту валасоў маркi Peru Tanin, на пляшачках былi дзьве дачкi вынаходнiка з валасамi ажно па косткi, зразумела, Аўстрыя стаяла ня так на буйным росьце валасоў, як на буйных грудзях, у некаторых былi такiя, што яны мусiлi насiць заплечнiк, а ў iм цэглу, каб ня ўпасьцi дапераду, так тое цягнула, гэта было нешта, тыя вялiзазныя цыцкi, з самога раньня ўся Аўстрыя ня думала нi пра што iншае як толькi пра грудзi, жанчыны выпiхвалi iх, а ў сям'i была проста бяда, калi дачка ня мела грудзi як кухлi для пiва, цяпер гэта зноў уваходзiць у моду, жанчыны зноў у гэтых адносiнах як за аўстра-вугорскай манархii, на спартакiядзе я бачыў волатак, нашых дзяўчат, як яны йшлi ў калёнах у тэлевiзары, у майтках i кашульках, шпарылi як Марыя Тэрэза, мужчыны ад гэтага глядзеньня, ад гэтага параду нацыi былi пад вечар зусiм абнясiленыя, ноччу я нарваў ружаў у чужым садку, пералез цераз плот i незаўважна паклаў тыя ружы на вакно Лiбушкi, як робяць мэксыканцы i гiшпанцы, тая банда абiбокаў, якая нiчога iншага ня робiць, толькi езьдзiць верхам i сьпявае паннам пад гiтару, а на другi дзень Лiбушка паклiкала мяне праз фiранку, каб я прыйшоў да iх у госьцi, з майго боку гэта была дыпляматыя, дык потым я быў сьведкам, як яна скiдала чаравiчкi i сьцягвала панчохi, а потым лягла на канапу i спыталася, цi па мне ўжо бегаюць мурашкi? i кiдалася на той канапе, нюхала ружы i вырачвала на мяне вочы, а потым села i пачала распорваць блюзку, а калi скалечылася жылеткай, сказала, мiгам перавяжыце, а то дастану заражэньня крывi! а калi я завязваў ёй бiнт, запыталася, чаму я вам ня падабаюся так, як тыя дзяўчаты з бару? а я адразу суцешыў яе па-рыцарску, панна, вы маеце iншыя повабы, у вас шык i гожыя ножкi, яна акрыяла душой i мы разам панесьлi бялiзну ў прасавальню, а бабы шалелi ад рэўнасьцi, ну так, нам дык не пасобiць, я павучаў Лiбушку паводле соньнiка Анны Новакавай, прасаваць бялiзну значыць, што адкрыеш глыбокiя таямнiцы, а Лiбушка мне сказала, як рыхтуецца адсьвяткаваць свае дваццаць першыя народзiны, i дадала, што мяркуючы па маiх вачох, яна б баялася iсьцi са мною пад поўнач на выспу, а я ёй на тое, у вас, Лiбушка, гэта ўсё пройдзе, вы надта дзiкая, але як будзеце так доўга таргавацца, дык возьме вас нейкi ўдавец, гэта былi б фiглi-мiглi, або й жандар, адна панюся мне раiла, не гаварэце толькi, а завядзеце нас на зьмярканьнi на ўзьлесак, Гавэрдава Ўласта, якая ўмела йграць на пiянiне i гаварыць па-нямецку i якая ставала на руках на бiльярдзе, ажно сукенкi ёй ападалi як пялёсткi з кветкi маку, дык тая мне казала, бамбiза, ты мяне толькi пакручваеш тым, што мною не цiкавiсься, Наўрацiлка, калi мы разам пусьцiлiся ў эксцэнтрычныя скокi ў Каталiцкiм Доме, шаптала мне на вуха, зiрнеце, як уся заля глядзiць на нас, i мне захацелася дадаць адну фiгуру, як гэта робiць пара Фукса-Кашцялава, i мы паляцелi тым эскцэнтрычным махам пад стол, Ярмiлка хацела са мной рабiць у "Славii" тое, што бачыла ў Вялiкага Цыгфэльда, але ня вытрымала таго пераходу да фiгуры танга i, пераляцеўшы ў мяне над галавою, убiла сабе акуляры ў брыво, яна па сёньня можа ганарыцца прыгожым шнарам, аднак найбольш мне даспадобы была ўжо спомненая Гавэрдава Ўласта, яна была закаханая ў мяне да вяр'яцтва, я насiў яе на гершках па ўсёй карчме, а яна ад сьмеху пасiкалася i ўся гаспода шалела з гэтае нагоды, а потым недзе забiлася ў аўтамашыне з жаўнерамi, але Гавэрда мне казаў, што гэта няпраўда, наадварот, што яна жывая аж занадта, што яна стала мэдсястрою, ну дык гэтая мела такi тэмпэрамэнт, што яе ажно хiлiла ў манашкi, у даўнейшыя часы я сабе купiў праставач носа, насаджвалася тое на нос, як жанчыны закладаюць сабе трубачкi накручваць валасы, праставач дакручваўся шрубкамi, паводле таго, якi вы хацелi мець нос, я хацеў мець як у Рудольфа Валентына, стары Швэц, той што трымаў банк у дваццаць адно ў Гавэрдаў, на схiле свайго веку праходзiў каля касьцёла i кажа, я яшчэ там ня быў, што яны там увесь час робяць?