Страница:
i ўбачыўшы раз тую пышнасьць, стаў касьцельным вартаўнiком i шкадаваў, што ня зьведаў таго раней, Уласта ў той час кiнула пярсьцёнак пад ногi прыгожага млынара, я ёй нiколi нiчога не купiў, адно калi-нiкалi прыносiў ружу, а гэта жанчынаў даймае, адкразу ўсё кiдала й прысядалася да мяне, а я прыкiдваўся, што чытаю газэту, а Ўласта кажа, што так сядзiш як квактуха на яйках? а я як прыпёр яе да бiльярду, афiцыянт прыбег ёй на дапамогу, а я як даў яму высьпятка, ажно ён адляцеў як футбольная апука, а я пакланiўся як герой i пацалаваў яе, а ўся гаспода хадуном хадзiла, у парфумэрыях была прылада для паравога абмываньня твару маркi "Крынiца Маладосьцi", уганараваная залатым дзяржаўным мэдалём, у элегантнай упакоўцы, на вечку скрынкi была гожая галоўка паненкi, як трымае галаву ў такой кашолцы, куды вядзе нiкеляваная трубка з масянжовага апарату, на той паненцы кашуля, аздобленая брусэльскай карункай, а на кашулi вышыты надпiс: Застануся заўсёды маладой, адна красуня шапнула мне пры музыцы з грамафона на Жофiне, пойдзем разам на рандэву, толькi перш я адшаруюся i вазьму чыстую бялiзну, страшна тыя вядзьмаркi былi раўнiвыя i аднойчы хацелi падсыпаць атруты мне ў каву, са старым Жэпам мы ў той час развозiлi пiва валамi, але тыя валы ляглi на рэйкi перад вакзалам, абходчык ня мог апусьцiць шлягбаўму, а цягнiк мусiў стаяць, машынiсты пасаскоквалi з паравоза, а кандуктары накручвалi валом хвасты, але валы ляжалi далей, а цягнiк меў дзесяць хвiлiн спазьненьня, кiраўнiк цягнiка стаяў перад тою бядою i адно лiчыў хвiлiны на гадзiньнiку, а дзяжурны ляпаўкай на мухi даваў знакi валом, але валы далей жавалi, пакуль адзiн малочнiк не прыгадаў сабе, што найлепш ўвадначас тым валом упырснуць ваду ў вушы, ну й сапраўды, валы пазадзiралi хвасты i так гналiся й зразалi павароты, што мы пагублялi бочкi зь пiвам, а кiраўнiк нас аблаяў i так расстроiўся, што кажа, бярэце ровар i дуйце кумiльгам па эгiпецкiя, дык я ўзяў той ровар i павёў яго да тытунёвага кiёску, а калi прывёз пехатою тыя цыгарэты, кiраўнiк крычыць: дзе вы былi так доўга? а я кажу, што ня ўмею езьдзiць на ровары, а да бровару ўжо прыходзiла Здэнiчка, выстраеная як папа рымскi, i кажа, што хацела б са мною пагаварыць па душы, ну мы й пайшлi ў чалядню, а саладоўнiкi думалi, што Здэнiчка празь мяне ходзiць у адмененым стане, але я хацеў ёй паказаць толькi тую карцiну над ложкам, на якой нехта Атэла забiвае сваю каханую, аднак Здэнiчка ўжо закрывала вакно капай, дык кiраўнiк сказаў саладоўнiкам прынесьцi драбiну i асабiста палез заглядаць у чалядню на другiм паверсе, я бачыў ягоны твар над капай, за якiм на небе была хмара, абрамаваная залатым сьвятлом, а ўсярэдзiне чорная як сажа ў комiне, потым на тапчанiку я апавядаў Здэнiчцы, як Калужа i Галiж арыштоўвалi Лецыяна i як потым Лецыян стаяў на эшафоце i казаў кату, давай ужо, а то рукi ў цябе замёрзлi! а Здэнiчка мне сказала, што замужжа са мною мусiць быць раем, але я паволi вывеў яе з гэтай аблуды, кажучы, што для жанiцьбы я ня маю дастаткова разьвiтых злачынных схiльнасьцяў, i калi потым прыходзяць на сьвет дзецi, дык не абрацца ад бяды, нават сам кайзэр выскачыць уначы з пасьцелi, а такi кампазытар Шуман улез з гэтай прычыны ў студзёную ваду i гаварыў у фiльме да свае жонкi, людзi ёсьць марыянэткамi, гэта тое, што называецца натхненьнем, а калi твор ужо гатовы, дык можна пайсьцi на гарэлку i на шпацыр, Здэнiчка потым цiснула на мяне, угаворваючы мяне легчы, што хопiць i стокронавага банкнота, але я сказаў, што паводле твору спадара Батысты найлепш зносiцца зь дзявiцай, тое райскае адчуваньне ёсьць тады, калi двое аддаленыя ад сябе на адлегласьць буськi, нават мы, ваякi, ня ўлазiлi да дзевак праз вакно i ня гвалцiлi iх, як нас вучыў палкоўнiк Завада, пад якiм палi восем коней i трыццаць шэсьць маршавых батальёнаў, калi я распавядаў пра гэта адной паненцы, яна ўсё хiхiкала, ня дзiва, што па вайсковай лiнii мы правалiлiся на ўсiх франтох, бо мы былi армiяй дэгенэратаў, палкоўнiк Завада меў ваўкадавы i дзьве батарэi гарматаў, лес быў моцна абсаджаны i дрэвы выляталi ў паветра як запалкi, але палкоўнiк Завада глядзеў у мапы i пасылаў кулямёты на аслаблыя пазыцыi, у яго быў залаты каўнер, а на iм вялiзная зорка, мы ўвесь час мусiлi вучыцца, як атакаваць працiўнiка, палкоўнiк Завада браў мяне за падбародак i правяраў, цi я паголены, потым правяраў зброю i ўжо а трэцяй над ранам прыносiлi каву, а ў пяць iшлi зьмянiць жаўнераў на перадавой, першы пачынаў трубач, потым бубначы, афiцэры лёталi, Здэнiчка драпала па падлозе парасонам, перастаў iсьцi дождж, але кiраўнiк увесь час трымаў далонь над вачыма i глядзеў, што мы там вычвараем, але Здэнiчка мне сказала, каб я прыйшоў вечарам, тады яна пакажа мне крацястыя пярыны i новыя грамафонныя кружэлкi, "Срэбную папараць" i характэрнае iнтэрмэца "Млын у Чорным Лесе", потым пайшла дарожкай з бровару, а ў мужыкоў цякла сьлiна як у бэрнардынаў, калi яны праводзiлi позiркам тое дзiва прыроды, выпульхненае павабным мяскам, кiраўнiк глядзеў за ёю празь бiнокаль, а я тут жа закiнуў на плячо саладоўнiкаву лапату i пайшоў пералапацiць малады ячмень, думаючы пра Смэтану, якi ня быў нiякiм панам, а нявольнiкам, а калi ўрэшце памёр, дык у Ябкiнiцах у ягоныя ноты, якiх было два куфры, загортвалi каўбасы, вось што значыць упрыемнiць народу вольны час, як таго хацеў i Двожак, мясьнiцкi чаляднiк, але народу найбольш даспадобы нажлукцiцца i паслухаць "Гумарэску", калi Гаўлiчка павялi жандары, дык ягоная жонка Юлiянка амаль што не звар'яцела, сэрца магло разарвацца ў яе ад жалю, а Гаўлiчак жа меў мазгавешку, каб яго трасца, тыя ягоныя эпiграмы з эпiстоламi, Бонды, паэт, прыехаў раз да майго пляменьнiка з возiкам, у якiм была пара тых ягоных дзiцянятаў, i яны выпiлi тры конаўкi пiва, а як што зачынялi, дык яны прынесьлi сабе пiва нанач у тазе i далей вялi акадэмiчны дыспут, ажно пазасыналi ад яго, пляменьнiк прачнуўся, думаючы, што працякае вадаправод, але калi запалiў сьвятло, дык убачыў, што гэта бедачына Бонды высiкваў тыя дзьве конаўкi пiва проста на дыван, а потым звалiўся i зноў заснуў, i толькi над раньнем прабудзiлi яго тыя ягоныя дзецi, а калi ён ачомаўся i агледзеўся навокал, стаў нi з таго нi зь сяго крычаць, а! цяпер разумею! i цешыўся i скакаў па тым абасцаным дыване, людцы, крычаў ён, iдуць з намi ня толькi тыя, якiя з намi ня йдуць, але йдуць з намi i тыя, якiя йдуць супроць нас, таму што немагчыма адцурацца ад эпохi! дык бачыце, панна, гэта якраз тое захапленьне паэтаў п'янствам i мэдытацыяй, а калi ўжо яно робiцца ня ў змогу, расчыняюцца нябёсы i думку за ручку выцягваюць на сьвятло, а я перамешваў лапатай разброджаны солад, спачатку мне трэба было перакапаць яго Volgemut'ам, Сакрат i Хрыстос не напiсалi нi радочка, а пагляньце, iхнае вучэньне i па сёньняшнi дзень не прапала, тым часам як iншыя, чым больш выдаюць кнiжак, тым хутчэй забываюцца, гэта называецца змовай гiсторыi, я аднойчы спаборнiчаў з мылаварам у скоках на галаву зь бiльярду i перамог, вядома, на маёй галаве былi акуратныя сiнякi з гузакамi, потым мы паказвалi "Ўрачысты ўезд караля Фарука", усенькiя прыгажунi з бару ўдзельнiчалi ў тым паказе, хоць Оланак таму супрацiвiўся, той мярзотнiк, што гандляваў старой мэбляй i абразамi, аднойчы ён вёз абраз i пракалоў на iм вока Дзевы Марыi, дык потым узяў вока карпа, уставiў яго ў тую дзiрку, прыляпiў плястырам з другога боку i прадаў абраз мадзярам з двору, а яны павесiлi Дзеву каля печы i аднаго разу, калi малiлiся, выбягаюць з крыкам, што Дзева Марыя плача над iмi, а гэта ўсяго лопнула тое карпава вока, дык той мярзотнiк, Оланак, прывёў у "Тунэль" асла, а красунi распранулi мяне i нацягнулi якуюсьцi камбiнацыю, на галаву мне насадзiлi турбан, а твар размалявалi алейнымi фарбамi i езьдзiлi са мною на тым асьле па корчмах, выкiнулi нас з тым "Урачыстым уездам караля Фарука" якраз з "Гранду", дык потым Оланак, той мярзотнiк, даў таму аслу панюхаць перцу i ён мяне скiнуў, але я й так быў герой, ехаў я потым у заалягiчны садок, меў на сабе прыгожы гарнiтур, што ўспадкаваў па адным такiм, у якога былi так крывыя ногi, што ён мусiў шыць сабе нагавiцы на меру, але акрамя таго ўсё iншае пасавала мне як улiтае, i калi я так стаяў перад клеткай зь iльвом, той раптам усхапiўся на ногi i пырсь! выплюхнуў на мяне з паўлiтра сцакаў, як брыльянцiн на валасы, i яшчэ яму хапiла акрапiць дзьвюх славачак, тыдзень я мусiў парфумавацца, бо такi ад таго йшоў дух, прыгажунi ў "Сiты Бары" ўсё прынюхвалiся да мяне i стрыглi вушмi, а цi не хадзiў я куды да iншых? у той час не было тэлевiзара i людзi мусiлi ўсё рабiць самi, нават радыё, жылi ў страшнай цясноце, у бедакоў напрыклад пасьцель нiколi не халадала, часта бралi сукватарантаў для спаньня, адзiн быў дзьвернiкам у гатэлi i залазiў у цёплую пасьцель пасьля таго, якi йшоў працаваць удзень, аднойчы паклiкалi мяне трусаводы, каб я паказаў iм сьпеўнае мастацтва, дык падчас iхнай забавы я сьпяваў "На беразе вазёрным лiецца песьня салаўя", але мне перашкодзiў Оланак, якi намовiў музыкаў, каб зайгралi нешта iншае, ну й пачалася спрэчка, я хацеў iх перасьпяваць сваiм "На беразе вазёрным", а музыкi хацелi заглушыць мяне "Радаснай маладосьцю", а трусаводы лаялiся i потым сталi ў мяне кiдаць лятарэйнымi выйгрышамi, а потым кiнулi i адбiўную, але я й так быў герой, перабiраю я аднойчы бульбу ў брата, куды я прыехаў на чатырнаццаць дзён, а кiраўнiк кажа, а чаму гэты саладоўнiк ляжыць аблогай? i тут жа даў мне лапату i я паказаў яму высокую клясу пiваварства, як мяне навучылi ў бэнэшаўскiм бровары саладоўнiкi Алiварыюс i Шарлiнгер, ажно кiраўнiка агламазьдзiла! а потым ён мне кажа пайсьцi разгрузiць вагон, умееце гэта? пытаецца кiраўнiк, а я ўжо скочыў, узяў лом i барарам! ударыў па засаўцы i вугольле вывалiлася i пасыпалася кiраўнiку пад ногi, а ён як вярэсьне ў вугольлi па калена, чалавеча, што вы робiце?! а я ўжо ўпраўляўся з лапатай i праз тры гадзiны быў гатовы, а прыгажуня з бугальтэрыi мне кажа, ну вы далi! а я кажу, панна, гэта дробязь для мяне, таму што я прайшоў школу Рымскага, мацака з Кокараў, якi ў бойцы перабiў нагою пратэз паненцы i чатыры жандары памерлi ад таго ў шпiталi, гэта называецца талентам, адразу скочыць ворагу да горла i разарваць яму глотку, або садануць астраўскiм ключом мiж вачэй, потым кiраўнiк кажа, што дасьць мне ўзнагароду, пойдзем зь iм папчалярыць, i ён ўзяў сабе сетку i рукавiцы, такiя пчолы, калi выройваюцца, задаюць чалавеку клопату, тыя пчолы робяць такiя апукi на дрэве i трэба iх абразаць, а на гэта ня хоча згадзiцца той, каму належаць тыя дрэвы, i так узьнiкаюць суседзкiя сваркi, кiраўнiк кажа, саладоўнiчку, хадземце, я навучу вас са спадаром Ганькам як пераносiць вульлi, i такiм чынам мы сталi пасьвячанымi ў пчалярства, але спадар Ганька спатыкнуўся i адзiн вулей перакулiўся, мы адразу далi драла, але ўсё марна, бо пчолы пачалi джалiць нас куды папала, спадар Ганька ўпаў на каленi i просiцца ў тых пчолаў, што ў яго жонка i дзецi, але тыя пчолы жыганулi яго i ў чэлес, ажно яму набрыняў як булава, я мог пайсьцi ў бар толькi на трэцi дзень, Бобiнка, калi мяне ўбачыла, адразу запусьцiла грамафон з кавалкам "Ой вы могiлкi, могiлкi", потым завяла мяне наверх, а як што думала, што я яшчэ добра ня бачу, распранулася дагала i пайшла са збанком па ваду, а потым сказала мне, што мы ўжо маглi б пачаць практыкавацца пад вясельле, як гэта рабiў Гарды, але на калiдоры пачуўся крык, гэта прыдарыўся iнцыдэнт кавалю, якi быў так нажлукцiўся, што яму замест красунi падсунулi старую качаргу, але той каваль пасьвяцiў сабе лiхтарыкам i калi яе ўбачыў, дык выбег у споднiках на калiдор, ламаў балюстраду як абаранкi i крычаў, хто мне падаслаў тую лярву?! яна гадкая як акадэмiчная мастачка! i я пачаў зноў апранацца, бо быў я чалавекам пачуцьцёвым як i той каваль, iншага разу было, як аднаго каменяра прывучвалi да тайнiцы каханьня на бiльярдзе, але ён усё роўна быў слабы на розум, бо двойчы замураваў сябе ў печцы i трэба было даставаць яго адтуль кiркаю, i ён мусiў ставiць печку нанава, мяшчанскi дочкi i па сёньняшнi дзень дораць мне ружы i зьдзiўляюцца, дзе я навучыўся ўсiх тых адборных фокусаў? затое Оланак пекна паказаўся! мы вiншавалi яго на пляцы з пяцiдзясятымi ўгодкамi i пыталi, цi служыць яму здароўе? а Оланак выцягнуў сваё дзетародзтва, а як што быў папярэдне выпiўшы дзесяць лiтраў, дык сцыкнуў ажно на рэкляму Находзкай Ткацкай Фабрыкi, дакладна на першае "а", а пад гэтай дугой праходзiў пан натарыюс i вiтаўся з намi, потым мы зрабiлi спаборнiцтвы ў "Тэрасе", хто каго перасцыць? Оланак ужо загадзя адчуваў сябе пераможцам, але там сядзеў адзiн дзядзька, выглядам як жабрак з Марыяцэлу, i ён пытаецца, цi можа таксама ўзяць удзел? Оланак пагадзiўся з умовай, што будуць спаборнiчаць за лiтровую пляшку францускага каньяку, так што на стол паставiлi дзьве пляшкi, а па поўначы яны выйшлi перад "Тэрасай", той дзядзька быў першы, расшпiлiўся i паказаў клясу! там па другi бок вулiцы быў такi дамок i той дзядзька перасцаў дугою над дамком i было чуваць, як струмень цурчыць, падаючы за дамком у Лабу, Оланку не было чаго i пачынаць, i той дзядзька забраў абедзьве пляшкi, Вiт, якi ў флёце йграў на бубнах, сказаў скрыпачу Новаку, зайграйма яму "Вiялету"! i ўвесь горад паўзлазiў на лавы, а я потым дакiнуў "Султанава вясельле", а Оланак, каб падправiць сваю рэпутацыю, паказваў жывыя карцiны, стаяў на стале i сцаў на гасьцей, адна панюся потым мне сказала, добра вам так, сябруеце зь iм, дык вас яшчэ i ў суд зацягнуць, у Народным Доме сьпяваў Ярынак Посьпiшыл i запытаўся людзей у залi, а хто тут умее сьпяваць? а жанчыны паднялi вiскатню, каб я пайшоў паспаборнiчаць зь iм! славуты тэнар дапамог мне ўвайсьцi на сцэну i сказаў сядайце! а я адказваю, што не мягу, а Ярынак пад вялiкi шум пытаецца чаму? а я адказваю, што ў мяне квiток на стаячае месца! а бабы шалелi i лiкавалi, што я атрымаў перавагу ў канвэрсацыi, але фартэпiян ужо зайграў мой кавалак i я прасьпяваў "Цяжка нам расстацца", ну i потым узьняўся вялiкi вэрхал i гам, бабы ледзь не развалiлi той Народны Дом, а пра Ярынкаў сьпеў казалi, што хоць ён i разводнiк, але голас у яго ўвесь час як у салаўя, i што такiх людзей як Ярынак Посьпiшыл не павiнны пасылаць на вайну, каб народ не панёс страты, калi б яго забiлi, я з гэтым пагадзiўся, таму што за Аўстрыi я насiў шаблю капiтану Тонзэру, а нават меў шчасьце бачыць у аўтамабiлi фон Мантойфэля i гер фон Розэнэка, як яны сядзелi побач, два генэралы ў залатых пiкельгаўбах, што глядзелiся як начныя гаршкi, наверсе такiя шпiгулеты, як калiсьцi рабiлi вежы на кухонных шафах, я нават быў пры тым, як Аўфэнбэрг i Данкль давалi каманду да першай атакi, два маршалы з маноклямi, мне таксама пашэнцiла трымаць вуздэчку Конраду фон Гецэндорфу, гэта значыць, ягонай кабыле, старому чалавеку, але стройнаму як паненка, ягоны сын загiнуў пад Гарадэнкай у тамтэйшых балотах, але яны там мусiлi сядзець на заднiцах, бо што iншага маглi зрабiць? Конрад Гецэндорф належаў да кайзэравай сям'i, а як што быў эрцгерцагам, дык меў на шыi авечку, толькi што ў кайзэра яна была галавою ўверх, а ў Конрада фон Гецэндорфа галавою ўнiз, шмат разоў сьнiлiся мне малпы, а яны паволе соньнiку Анны Новакавай значаць цяжкую хваробу або шчасьце ў каханьнi, iншым разам сьнiўся мне нож, убiты ў грудзi, а гэта значыць каханьне з узаемнасьцю, падчас iмшы наш ксёндз-пробашч адварочваецца i пытае, а дзе касьцельны? чаму ён не прыслужвае i парушае багаслужбу, калi ўжо даўно павiнен быў прыйсьцi? а касьцельны заскочыў у карчму на гарэлiцу замест каб падсыпаць тры лыжачкi кадзiла ў кадзiльнiцу, каб ксёндз мог кадзiць у касьцеле, тое кадзiла ёсьць жывiцай аднекуль з Афрыкi, мiра i альяс, касьцельны вярнуўся трохi набраклы мятным лiкёрам, а ксёндз правiць багаслужбу i пытаецца, дзе вы былi? i вымае келiх з дараносiцы, а касьцельны кажа, што выходзiў пасцаць, а ксёндз адставiў келiх i лясь яго! i шарах яму! i крычыць, вы ня ведаеце, чалавеча, што падчас багаслужбы вы мой ад'ютант? а вам больш даспадобы пайсьцi на мятную гарэлку? i надаваў яму высьпяткаў, i натоўк яму нос псалтыром, потым узяў келiх i далей служыў iмшу, а бабы зьдзiўлялiся, што за новыя лiтургiчныя абрады ён паўводзiў, ну й бачыце, панны, пасьля таго выпадку касьцельны перастаў хвалiць Царкву i зрабiўся ўзорным сацыял-дэмакратам, раней людзi былi страшэнна нэрвовыя, калi каму прысьнiлася ўначы, што на яго сыплюцца зь мiскi агуркi, гэта значыла палкае каханьне, або калi вы бачылi ў снах старую бабу, гэта значыла, што твой дом абмiнуць заручыны, мой брат вучыўся на пекара ў Бэнды Валаха, а як што не дачуў, што яму сказалi, дык спытаўся што? i дастаў па мордзе, ажно абамлеў, а калi прачмухаўся, Бэнда яму кажа, у нас кажуць, прабачце, калi ласка, я не дачуў, але потым ён скацiўся, успадкаваў па мацi маёнтак i пачаў так пiць, ажно недзе замёрз, гэта бяда, усё роўна што даць дзiцяцi нож у руку, нашаму ксяндзу выпала бяда, калi ён засьпеў аднаго хлопца, як той габляваў дзеўку ля касьцёла ўначы, спачатку спалохаўся, што гэта быў вiкары, але i так мусiў данесьцi аб тым i да нас прыйшлi мiсiянэры, таму што ў краi заняпала маральнасьць, прыйшлi чатыры футбалiсты, тыя мiсiянэры так менавiта выглядалi, каптаны ў iх былi падперазаныя перавясламi, i яны так пачалi паляпшаць маральнасьць, што ажно мусiлi ўступiцца жандары, таму што сацыял-дэмакраты ставiлi падступныя пытаньнi адносна паходжаньня чалавека ад малпы, потым паспрачалiся, з чаго паходзiць курыца? ну дык зь яйка! а з чаго паходзiць яйка? ну дык з курыцы! i так адны на адных крычалi дзьве гадзiны вальнадумцы з мiсiянэрамi, ажно з апошнiх сiлаў выгукнулi, а з чаго паходзiць першае яйка? вальнадумцы вярэснулi, што з натуры, а мiсiянэры, што стварыў яго Бог, i пачалi адны адным даваць па мордах, так што жандары мусiлi ўмяшацца, таму што бабы прыбеглi па iх i сказалi, што бязбожнiкi абражаюць сыноў божых, а потым бабы пачалi кiдаць у вальнадумцаў каменьнем i пацэлiлi ў двух жандараў, таму што Бога нельга зачынiць у шкатулку, цяпер успомнiў! бачыць плуг на ворыве ў сьне значыць вясельле! а чыркаць запалкай, значыць закаханасьць, а паводле твора спадара Батысты, дваццацiгадовая красуня, пакуль ня станецца распуснай, дае мужчыну тое райскае адчуваньне, тую электрычнасьць, тым часам як дзеду такая дапамагае як мёртваму кадзiла, наш маёр сядзеў на жарабцы i рабiў агляд тае найпрыгажэйшае армii на сьвеце, глядзiць, а тут у жаўнера ўвесь плашч у крывi, адразу выцягнуў яго з шыхту i аблаяў сяржанта, што войска ў яго засьвiненае, гэта было дзiва, што за Аўстрыi бароны мелi ў стайнях люстры для коней, а стайнiкi i служанкi спалi на гарышчы, наймiты часам жылi горш за быдла, але затое людзi больш сьпявалi, каб адвесьцi душу песьняй, тым часам як сёньня нiхто ўжо не сьпявае за працай, маiм сябрам быў Рымскi, ён малацiў усiх, адразу паўкарчмы сморкалася юшкаю, муштрай у нас кiраваў паручнiк, ён скамандаваў Habacht! а Рымскi паварушыўся i паручнiк падбег i даў яму плазам шаблi ў жывот, ну й тут наступiў зорны момант для Рымскага, ён схапiў тую паручнiкаву шаблю i пераламаў яе аб калена, гваздануў паручнiку пад вуха i адным ударам звалiў яго на зямлю, капралы паразьбягалiся, а жаўнеры мелi з таго пацеху, князь Лiхтэнштайн меў сто маёнткаў, але каб не плацiць падаткаў i не заводзiць уласнага войска, ён спалучыў iх у дзевяноста дзевяць, але з другога боку яму не пашанцавала, бо дактары адрэзалi яму дзетародзтва i ўставiлi ў тое месца срэбную трубачку, так што бачыце, панна, багатыр, але тая штучка нямоглая, таму паводле твору спадара Батысты ўсё трэба агледзець загадзя, каб вы не куплялi ката ў мяху, бо потым маеце клопат, калi тое пачне вас падводзiць, так яно вядзецца, што адзiн мужчына можа нават скочыць на кабылу i нiчога яму ня станецца, а iншы схопiць хворасьць i пры найбольшай асьцярожнасьцi, адна скача з драбiны, каб выкiнуць дзiця, i нiчога, а iншая асьцерагаецца як можа i толькi трохi мацней высмаркаецца i ўжо выкiнула, нялёгкая справа таксама з тымi змовiнамi, шыкоўная дзяўчына дае аб'яву, што шукае беззаганны характар, а калi напрыклад я адкажу, дык тая дзеўка дзеля большай упэўненасьцi пасылае мяне на абсьледаваньне i распытвае ў суседзяў, цi гэты спадар ня бабнiк? i яшчэ пiша ў дэтэктыўнае бюро "Карлiк", каб выведаць падрабязную iнфармацыю, аёй, аднаго разу на манэўрах сталася бяда, адзiн спрытнюк замест марганцоўкi налiў у пляшачку дэнатурату, а другi прыйшоў ад дзевак i хацеў апаласнуцца той нiбыта марганцоўкай, дык накапаў сабе на штуку таго дэнатурату, а потым як выскачыць i як пабяжыць паўз казарму, а мычаў як цельная карова, тое самае сталася нашай бабулi з мазяй, якую лекар падрыхтаваў як пiтво, яно было карычневае i стаяла каля люстра, а ў нашага дога балела лапа i ён таксама дастаў карычневую мазь, абедзьве пляшачкi былi аднолькавыя i бабуля памылкова налiла сабе пiтво для дога, усьмiхалася шчасьлiвая, бо лек смакаваў як малiны, але калi яго каўтнула, дык трэба было яе ставiць на ногi i бегчы па доктара, а потым па ксяндза, адна прыгажуня папрасiла мяне безь людзкiх вачэй занесьцi ейную мачу для аналiзу, але доктар аблаяў мяне, бо, маўляў, яна мусiць прыйсьцi асабiста, даўней людзi вельмi мяне любiлi, так што казалi мне, ня йдзеце, пабудзьце яшчэ, ваша работа пацерпiць! або запрашалi мяне ўсюды на сьвяты, толькi напэўна прыйдзеце, каб мы мелi каму даць у морду! так жартавалi са мною, я трымаў адну красуню за руку i мы разам глядзелi з мосту на хвалi i захмаранае неба, а я ёй распавядаў пра тое, што ў нашым мястэчку трыццаць дзьве гасподы, а ў дваццацi васьмёх ёсьць дзяўчаты, што ўсё мястэчка звар'яцела на тэатральным мастацтве, бо ў iм было ажно пяць тэатраў, найлепшыя кавалкi аднак ставiлi ў Каталiцкiм Доме, дзе была суполка рамiзьнiкаў "Пшэмыслаў", найбольшы посьпех мела мэксыканская п'еса El Tigro, галоўную ролю ў той час iграў чаляднiк Капэцкi, якi аднак надарваўся перад прэм'ерай, накладаючы скошаную канюшыну на воз, расьцягвалi яго на драбiне, а перад самай прэм'ерай мусiлi моцна наступiць на яго, потым усё было прыгожа, толькi калi чаляднiк стаў на каленi прызнацца ў каханьнi, дык ужо ня змог устаць, затое сьпяваў El Tigro надзвычай задушэўна i пры тым у яго расшпiлiлiся нагавiцы, ну дзiва такое, што жанчыны не маглi ўгаманiцца яшчэ тыдзень пасьля спэктаклю, а ў Народным Доме iгралi бляхары i сьлесары, яны найбольш ахвотна выбiралi п'есы з арыстакратычных колаў, "Веер ледзi Вiнцiх" цi, можа, Вiнтэр, таго лорда iграў адзiн маляр, ды зноў, калi ён укленчыў, яму падцягнулiся ўверх нагавiцы ад фрака i паказалiся матузкi ад споднiкаў, а калi ён раскланьваўся i дзякаваў, дык ударыла яго заслона тым алавяным канцом i ён распластаўся на сцэне, а жанчыны шалелi, бо думалi, што тое належала да п'есы, а калi ў "Гальку" iгралi "Пэрлы панны Сэрафiнкi", пасьля перапынку рэжысэр выглядваў празь дзiрку ў заслоне, цi людзi ўжо на месцы, i падняў руку, а кулiсьнiк, якi напiўся малака ад шалёнае каровы, падняў заслону разам з рэжысэрам, рэжысэр зьляцеў з тае вышынi ў аркестар, а людзi цешылiся, што п'еса так файна пачынаецца, iншым разам, калi йгралi "Радуза i Магулену", гэты кавалак пачынаецца ў цемры, кулiсьнiк нi з таго нi зь сяго падняў заслону, а Радуз думаў, што заслона ўсё яшчэ нанiзе i запытаўся, Магулена, дзе ты? а Магулена з галiны адказала, у срацы! а людзi цешылiся, што п'еса будзе скаромная, з жыцьця, а той кулiсьнiк, калi ўбачыў, што нарабiў, пацягнуў за вяроўку, а яна абарвалася i заслона паляцела долу i прыплюснула Рагузаву галаву, а той кулiсьнiк запалiў сьвятло ў залi i крыкнуў, што парвалася вяроўка, ну, тая Магулена мела вялiзарны посьпех, але найбольшы посьпех меў "Сон у Купальскую ноч", калi яго ставiлi ў Каталiцкiм Доме, гралi толькi члены "Пшэмыслава", усе пагалiлiся, а тая, што iграла фэю, схапiла падагру, бо iгралi тую п'есу зiмою, а тыя русалкi, калi падскоквалi, лiчылi такты i сьвяцiлi лiхтарыкамi, а потым той, што iграў з асьлiнай галавой, упаў у пастку i крычаў ой-ёй-ёй! а людзi пляскалi пры паднятай заслоне, адзiн харунжы, мужычышча як Баўэр, той што мог падняць карову i пабiў Фрыштэнскага, той во харунжы кажа мне на муштры, каб я паводзiў сябе зь iм як з ворагам, а практыкавалi мы тады parade rechts! parade links! паядынак на штыхi з працiўнiкам, ну й калi паставiлiся, я доўга ня думаючы пырнуў яго штыхом! на ягоным кончыку была галушка, тым штыхом харунжаму пад бараду, а ён кульнуўся цераз галаву i басьнякi кiнулiся адходжваць яго, а паручнiкi верашчалi на мяне, ты яго ледзь ня ўходаў! а я iм, ён жа сам казаў мне, каб я паставiўся да яго як да ворага, але паручнiкi мне, што найперш трэба было зрабiць parade rechts! i parade links! а потым ужо einfacher stoss! а я iм кажу, а дзе там я буду бавiцца з ворагам у parade rechts цi parade links, я там адразу зраблю einfacher stoss! i я зноў быў герой, адна дзеўка ў нас называлася Кача Рыпава, велiканка ды вялiкая танцорка i аматарка пiва, падчас танцаў у кожнага жлукцiла пiва, адзiн спрытнюк налiў у кухаль ртуцi, а калi яна апаражнiла той кухаль, ён пусьцiўся зь ёю ў скокi, ну, гэта быў жах, а ў ейнай дачкi былi асаблiвыя прыхамацi, яна рабiла тое з мужам на падлозе, а iхныя дзецi прыглядалiся, я таксама бачыў, калi паслаў мяне да iх архiтэктар, але найбольш падабаўся мне рай магамэтанаў, на кожным паверсе iншая прыгажуня, так што магамэтанiн мае чым радавацца, тым часам як каталiк можа хутчэй за ўсё звар'яцець, бо калi ўжо патрапiць на сваё неба, дык увесь час будзе глядзець быццам на сонца, Сьвятая Багародзiца! сказаў паэт Бонды, калi адно дзiцятка выляцела яму з возiка, калi мы выйшлi з гасподы, Iсусе, як гэта дзеецца, што адзiн купляе кiляграм сьвiнiны за пяцьдзесят галераў, а я за лустачку хлеба плачу пяць сотняў? я выяжджаў са Штайнбруку, пасажырскi цягнiк ня йшоў, дык дзяжурны ўпiхнуў мяне ў хуткi i мною адразу занялася кандуктарка, фарсуня як панна Сiкорава, адразу пасадзiла мяне ў першай клясе, калi б каго iншага, дык прагнала б i яшчэ дала прабiвачкай па носе, а мне запрапанавала эгiпецкую цыгарэту, а тут пхаецца нейкi бамбiза, аброслы i чорны як чыгун, i да таго зь пiпкай, а тая кандуктарка кажа, пайшоў прэч, мужык! у вас жа трэцяя кляса, i прагнала яго, я кажу, што i ў мяне трэцяя кляса, а яна штурхае мяне каленам i шэпча мне на вуха, што як заедзем у Вену, дык пойдзем разам гульнуць, бо ведаеце, жанчыны назойлiвыя, асаблiва ў гэтым верхаводзяць полькi, адна прыселася на мой ложак у лязарэце i старэйшы лекар разьверашчаўся на яе, сьвiньня! распусьнiца! ейнае хроснае iмя было Ядвiга, яна любiла мужчын больш за ежу, жандары, калi я забаўляў гасподу, адстаўлялi карабiны, зьнiмалi дзягi i казалi мне, вы чаруеце як зводнiцкi махляр, а я, брывом не павёўшы, выцягваў штых i гастрыў аловак для афiцыянткi, як тое рабiў Чаплiн, калi я ўжо абыйшоў усе гасподы, вяртаўся ў бровар, дзе мяне нiхто не асьмелiўся i словам папракнуць, я пераскокваў мур як сокал i вяртаўся дадому, аднойчы прыйшлi купцы i заказалi вiно i лiкёры, а адзiн ваяка ўзьлез на бiльярд i паказваў жывыя карцiны, павесiў конаўку з вадою сабе на чэлес, ну, проста вiртуоз, бабы й па сёньняшнi дзень спрачаюцца на гэты конт, адзiн пачаставаў мяне вiрджынскай цыгарай, пасьля чаго мяне зблажыла i я звалiўся пад стол, палiцыянты адвезьлi мяне ў бровар возiкам, як лiнолеум, Канупак, той машынiст што йграў на гелiконе, гэта такi iнструмант з муштуком як начны гаршчок, у якi трэба пляваць, дык той Канупак, казаў, што клясычная музыка заморвае яго, што ад таго гелiкону горла ў яго стала як у быка, i што ягоны дзед, калi ехаў са сьвята, дзе йграў на гелiконе, як толькi выехаў зь лесу, вецер абярнуў той гелiкон на рамянi i дзед задушыўся, а злотнiк Дубоўскi хацеў ведаць, што робiць ягоная дачка з нарачоным, калi бацькi няма дома, дык прыкiнуўся, што йдзе ў кiно, а папраўдзе ўлез пад канапу i чуў, як ягоная дачка прыйшла з тым мужыком, убачыў ягоныя халявы, а потым яны селi на канапу, якая ўвагнулася i спружыны нацiснулi на пуза злотнiка Дубоўскага, а потым бачыў, як на падлогу падае вопратка i бялiзна, а потым як ногi высоўваюцца з ботаў з халявамi, але далей злотнiк ужо нiчога ня бачыў, бо спружына з канапы ўлезла яму ў карак i ён пачаў крычаць, але нiхто яго ня чуў, бо дачка з нарачоным таксама крычалi i толькi потым пачулi яго, адвалiлi канапу i выцягнулi тую спружыну з карка злотнiка Дубоўскага, якi хацеў расхiнуць заслону эўрапейскага рэнэсансу, паэт Бонды, калi зноў прыехаў з возiкам, у якiм была пара тых ягоных дзяцей, даверыўся мне, што цяпер пiша вершы толькi ў прыбiральнi, дзе сядзiць i трымае на каленях дошку, а на ёй сшытак, але i туды прыходзяць тыя дзецi i грукаюць у дзьверы, такога i Гётэ не стрываў бы, якi быў прызвычаены да ўсякай усячыны, дык вось, панна, я сядзеў на гiльзе гасiлкi "Мiнiмакс", шэсьць дзяўчат загарала i слухала, што я iм распавядаю, ксёндз-дэкан стаяў на вядры з рукамi перакiнутымi цераз плот i глядзеў на мяне як на зьявiшча, а я быў усяго толькi начытаўшыся "Сьветагляду" i Гаўлiчка, а таксама твору спадара Батысты аб полавай гiгiене...