За гэты час яна павiнна шмат што разведаць, каб прымусiць яго загаварыць.
Спачатку плашч. У кiшэнях нiчога не было, акрамя пачка запалак i цыгарэт "Голд Флейк". Яна ўзяла брыль i прашчупала стужку i паглядзела за падшыўкаю. Ёй ужо даводзiлася часам знаходзiць вельмi патрэбную iнфармацыю, схаваную ў брылi, але ў доктарскiм нiчога не аказалася. Зараз наступiў самы небяспечны момант вобыску - бо брыль i нават кiшэнi плашча можна агледзець непрыкметна, а сцягнуць чамадан з сеткi, узламаць замок сцiзорыкам i падняць века - гэта ўжо надта падводзiла яе пад пагрозу быць абвiнавачанай у крадзяжы. Дый яшчэ адно лязо сцiзорыка зламалася, калi яна корпалася з замком. Кожны, хто пройдзе мiма купэ, адразу здагадаецца, чым яна тут займаецца. З пакрытым потам iлбом яна ўсё болей шалела ад спешкi. "Калi мяне заспеюць тут, звальнення не пазбегнуць. Самая танная газецiна ў Ангельшчыне не даравала б такога, а калi мяне выганяць, я страчу Джанет i шанцы займець Корал. А калi дасягну сваёй мэты, - думала яна, тузаючы, пiхаючы, абдзiраючы пазногцi, - мне дадуць усё, што захачу, у абмен на такi матэрыял можна будзе патрабаваць надбаўку, прынамсi, чатыры фунты ў тыдзень. Я змагу наняць большую кватэру. Калi Джанет даведаецца пра гэта, яна вернецца да мяне, тады ўжо яна мяне не кiне. За такiя грошы я куплю сабе шчасце i спакой", мiльганула ў галаве, i замок, нарэшце, падаўся, века паднялося, i яе пальцы дабралiся да тайнiкоў доктара Цынера. I першым такiм тайнiком быў шарсцяны бандаж.
Яна асцярожна падняла яго i знайшла пашпарт. Ён быў на iмя Рычарда Джона, прафесiя - настаўнiк, узрост - пяцьдзесят шэсць год. "Гэта яшчэ нiчога не значыць, - думала яна. - Усе яны, падазроныя чужаземныя палiтыкi, добра ведаюць, дзе купiць пашпарт". Яна паклала пашпарт туды, дзе знайшла, i пачала мацаць рукамi адзенне, прабiраючыся да сярэдзiны чамадана, да таго месца, куды не даходзяць звычайна мытнiкi, - яны заўсёды правяраюць багаж знiзу i збоку. Яна спадзявалася адшукаць якую-небудзь брашуру цi пiсьмо, але там аказаўся толькi стары "Бедэкер"* выдання 1914 года - "Канстанцiнопаль, Малая Азiя, Балканы, Архiпелаг, Кiпр", загорнуты ў штаны. Аднак Мейбл Уорэн рабiла ўсё старанна i дакладна: мяркуючы, што яшчэ каля хвiлiны ёй нiчога не пагражае. Калi аглядаць ужо болей нiчога не засталося, яна раскрыла "Ведэкер" - дзiўна было, чаму ён так старанна схаваны. Яна паглядзела на форзац i з расчараваннем прачытала iмя Рычарда Джона, напiсанае дробным няроўным почыркам - кончык пяра крэмзаў паперу. Але пад прозвiшчам быў напiсаны адрас: Скул Хаўс, Грэй Берчынгтан-он-Сi - яго варта было запомнiць. "Кларыён" можа паслаць туды супрацоўнiка ўзяць iнтэрв'ю ў дырэктара школы. Пэўна, з гэтага можа атрымацца неблагi матэрыял.
* Папулярныя i шырока распаўсюджаныя ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзяў даведнiкi па розных краiнах Эўропы, якiя выдавалiся серыямi ў Германii; названыя па iменi пачынальнiка серыi.
Даведнiк, вiдаць, быў куплены ў букiнiста, вокладка была вельмi пашарпаная, на форзацы наклейка з iмем прадаўца на Чарынг-Крос-роўд. Яна разгарнула кнiгу на раздзеле, прысвечаным Белграду. Там была схема горада памерам на старонку, яна была ададраная ад карашка, але нiякiх паметак на ёй не было. Мiс Уорэн прагледзела кожную старонку, прысвечаную Белграду, потым кожную пра Сербiю, кожную пра дзяржавы, якiя цяпер уваходзяць у склад Югаславii, - нiчога там не было асаблiва прыметнага, апроч чорнай кляксы. Яна кiнула б пошукi, калi б не знайшла кнiгу ў такiм месцы. Упарта, не давяраючы сваiм вачам, яна ўпэўнiвала сябе, што кнiга была схавана нездарма, значыцца, у ёй павiнна быць тое, што трэба было схаваць. Бегла праглядаючы старонкi i прытрымлiваючы iх вялiкiм пальцам - яны клалiся няроўна з-за мноства складзеных карт, - яна ўбачыла на адной старонцы нейкiя лiнii, кружочкi i трохкутнiкi, накрэсленыя чарнiлам паверх тэксту. Але ў тэксце iшла гаворка толькi пра нейкае невядомае мястэчка ў Малой Азii, лiнii ж маглi быць накрэмзаны няўмелай рукой дзiцяцi з дапамогай лiнейкi i цыркуля. Вядома, калi гэтыя лiнii - нейкi код, толькi эксперт змог бы iх расшыфраваць. "Ён мяне перамог, - з нянавiсцю падумала яна, прыводзячы ў парадак усё, што было ў чамадане, - тут нiчога няма". Але ёй не захацелася класцi "Бедэкер" назад на месца. Калi ён яго схаваў, у гэтай кнiзе нешта не так. Рызыка ўжо i так была даволi вялiкая, таму яна, не раздумваючы доўга, вырашыла яшчэ крыху рызыкнуць. Зачынiўшы чамадан, яна паклала яго назад на сетку, а "Бедэкер" засунула пад кофтачку i зацiснула пад пахай - там можна было прытрымлiваць яго збоку рукой.
Аднак вяртацца адразу на сваё месца было неразумна - яна можа сустрэць па дарозе доктара Цынера. Тут яна нагадала Куiна Сейвары, у якога збiралася ўзяць iнтэрв'ю на вакзале. Твар яго быў ёй добра вядомы па фатаграфiях у "Татлеры", па карыкатурах у "Нью-Йоркеры", па накiдах алоўкам у "Меркурыi". Блiзарука прыплюснуўшы вочы, яна крадком глянула ўздоўж калiдора, потым хутка пайшла па вагоне. У першым класе Куiна Сейвары шукаць не было чаго, але яна знайшла яго ў спальным вагоне другога класа. Уткнуўшыся падбароддзем у каўнер палiто, абхапiўшы рукою люльку, ён сачыў маленькiмi блiскучымi вочкамi за тымi, хто праходзiў па калiдоры. У кутку насупраць драмаў святар.
Мiс Мейбл Уорэн адчынiла дзверы, увайшла ў купэ i села з упэўненым выглядам, не чакаючы запрашэння. Яна ведала, што прапануе гэтаму чалавеку тое, чаго ён сам прагне, - папулярнасць, а сама не атрымлiвае нiчога раўнацэннага ўзамен. Не было патрэбы звяртацца да яго лiслiва, заваблiваць яго намёкамi, як яна старалася завабiць доктара Цынера, бо яна магла абразiць Сейвары беспакарана, бо ад прэсы залежаў продаж яго кнiг.
- Вы мiстэр Куiн Сейвары? - спытала яна i краем вока ўбачыла, што святар глянуў на свайго суседа з павагай i цiкаўнасцю. "Ну i ёлуп няшчасны, - падумала яна, - яго ўразiў тыраж у сто тысяч, а мы прадаём два мiльёны - у дваццаць разоў болей людзей прачытаюць заўтра пра доктара Цынера". - Я карэспандэнт газеты "Кларыён". Хачу ўзяць у вас iнтэрв'ю.
- Мяне гэта неяк застала неспадзеўкi, - сказаў мiстэр Сейвары, высунуўшы падбароддзе з-пад каўнера палiто.
- Не трэба хвалявацца, - звыкла вымавiла мiс Уорэн. Яна выцягнула з сумачкi блакнот i адкрыла яго. - Толькi некалькi слоў ангельскiм чытачам. Падарожнiчаеце iнкогнiта?
- О не, не, - запярэчыў мiстэр Сейвары. - Я не належу да каралеўскай сям'i.
Мiс Уорэн пачала пiсаць.
- Куды вы едзеце?
- Ну, перш-наперш, у Канстанцiнопаль, - сказаў мiстэр Сейвары з прамянiстай усмешкаю, усцешаны цiкавасцю да яго асобы. Але яе цiкаўнасць iзноў перакiнулася на "Бедэкер", на нядбайна накрэсленыя геаметрычныя фiгуры. - Потым, магчыма, у Анкару, на Далёкi Ўсход, у Багдад, у Кiтай.
- Пiшаце кнiгу падарожжаў?
- Ах, не, не! Мае чытачы чакаюць рамана. Ён будзе называцца "Паехалi за гранiцу". Прыгода аднаго вясёлага кокнi. Гэтыя краiны, iх цывiлiзацыi, - ён акрэслiў рукой кола ў паветры. - Германiя, Турцыя, Аравiя, яны будуць толькi фонам галоўнаму герою, уладальнiку тытунёвай крамы ў Лондане. Разумееце?
- Вядома, разумею, - адказала мiс Уорэн, хутка запiсваючы: "Доктар Рычард Цынер, адзiн з буйнейшых рэвалюцыйных дзеячаў пасляваеннага часу, у дарозе на радзiму, у Белград. Пяць гадоў усе лiчылi яго забiтым, аднак увесь гэты час ён жыў i працаваў настаўнiкам у Ангельшчыне, чакаючы спрыяльных абставiн". - "А якiх?" - разважала мiс Уорэн.
- Ваша думка пра сучасную лiтаратуру? - спытала яна. - Пра Джойса, Лоўрэнса i ўсiх iншых?
- Усё гэта мода, а яна, як вядома, мiнае, - экспромтам адказаў мiстэр Сейвары, нiбыта стварыў эпiграму.
- А як наконт Шэкспiра, Чосера, Чарльза Рыда* i iншых?
* Ангельскi пiсьменнiк (1814-1884), аўтар гiстарычных раманаў.
- А вось яны будуць жыць, - урачыста вымавiў мiстэр Сейвары.
- А багема? Што вы пра яе думаеце? Таверна Фiцроя?* - "Быў выпiсаны ордэр на яго арышт, - пiсала яна, - але яго нельга было выкарыстаць да заканчэння судовага працэсу. Калi суд закончыўся, доктар Цынер знiк. Палiцыя арганiзавала назiранне за ўсiмi вакзаламi i спыняла кожны аўтамабiль. Нiчога дзiўнага, што неўзабаве пайшлi чуткi, нiбыта доктар Цынер быў забiты агентамi ўрада".
* Папулярная ў 20-30-х гадах кавярня пiсьменнiкаў у Лондане, у арыстакратычным раёне Соха.
- Вы не прыхiльнiк эксцэнтрычнага адзення, чорнага брыля, аксамiтнай курткi i г. д.?
- Думаю, што такiя экстравагантнасцi губяць пiсьменнiкаў, - сказаў мiстэр Сейвары. Цяпер ён адчуваў сябе ў сваёй талерцы i, працягваючы гаворку, крадком пазiраў на святара. - Я не паэт. Паэт - iндывiдуалiст. Ён можа апранацца як хоча, ён залежыць толькi ад сябе самога. Празаiк залежыць ад iншых людзей, ён звычайны чалавек, якi здольны выказваць свае думкi. Ён назiральнiк, - працягваў мiстэр Сейвары, усё болей уваходзячы ў ролю папулярнага пiсьменнiка. - Ён павiнен усё бачыць навокал, а сам мусiць заставацца непрыкметны. Калi ж людзi пачынаюць яго пазнаваць, то яны нiзавошта не будуць з iм шчырыя, а пачнуць несцi рознае глупства, расказваць байкi, i нiякай карысцi з гэтага яму не будзе.
Аловак мiс Уорэн хутка крэмзаў паперу. Цяпер, калi яна выклiкала яго на размову, яна магла спакойна ўсё абдумаць - яго адказы на пытаннi былi зусiм ёй непатрэбныя. Яе аловак выводзiў бессэнсоўныя закруткi, прыблiзна падобныя да стэнаграфiчнага запiсу, - трэба было пераканаць мiстэра Сейвары, што яго выказваннi запiсваюцца поўнасцю. Але пад прыкрыццём гэтых крамзоляў - рысак, кружкоў i квадрацiкаў - мiс Уорэн паглыбiлася ў роздум. Яна разважала над усiм, што тычылася "Бедэкера". Выданне 1914 года, выдатна захаванае, iм амаль што не карысталiся, калi не браць у разлiк раздзела, прысвечанага Белграду: схему горада так часта бралi ў рукi, што яна адарвалася.
- Пэўна ж, вы падзяляеце мае погляды? - з трывогай спытаў мiстэр Сейвары. - Яны маюць вялiкае значэнне. Яны, на маю думку, - адзiныя крытэрыi сапраўднай лiтаратуры. Разумееце, можна прытрымлiвацца гэтых поглядаў i адначасова пiсаць кнiгi, якiя разыходзяцца тыражамi ў сотнi тысяч.
Мiс Уорэн, узлаваная, што перарвалi яе думкi, ледзь стрымалася, каб не запярэчыць: "Можа, вы лiчыце, што i мы маглi б прадаваць два мiльёны экземпляраў газеты, калi б пiсалi толькi праўду?"
- Вельмi цiкава, - сказала яна. - Публiцы гэта спадабаецца. А скажыце, калi ласка, на ваш погляд, якi ваш асабiсты ўклад у ангельскую лiтаратуру? Яна падбадзёрыла яго лагоднай усмешкай i тыцнула ў яго алоўкам.
- Гэтае, бачыце, нехта iншы павiнен вызначыць, але ж кожны спадзяецца... кожны iмкнецца зрабiць што-небудзь, каб адрадзiць дух высакародства i цвярозага розуму ў сучаснай лiтаратуры. У ёй занадта многа самасузiрання, самалюбства, надта многа жудаснага, змрочнага. Увогуле, свет - прыемнае месца, дзе жывуць смелыя людзi. - Кашчавая рука, якая трымала люльку, бездапаможна паляпвала па калене. - Трэба адрадзiць дух Чосера. - Па калiдоры прайшла нейкая жанчына, i на iмгненне ўся ўвага мiстэра Сейвары перакiнулася на яе, ён нiбыта паплыў услед за ёю, гайдаючыся ў такт са сваёй рукой. - Чосер, - паўтарыў ён. - Чосер. - I раптам iмпэт яго згас на вачах у мiс Уорэн, люлька ўпала на падлогу, i, нахiлiўшыся падняць яе, ён гнеўна ўсклiкнуў: - Гары яно ўсё гарам! Да д'ябла!
Перад ёю паўстаў чалавек, дарэшты змораны, раззлаваны тым, што яму даводзiцца выконваць не сваю ролю, агорнуты цiкаўнасцю i пажадлiвасцю, чалавек, блiзкi да iстэрыкi. Мiс Уорэн злараднiчала. Нельга сцвярджаць, што яна ненавiдзела асабiста яго, ёй быў ненавiсны ўсякi надзвычайны поспех: будзь гэта продаж ста тысяч экземпляраў кнiгi цi дасягненне хуткасцi ў тры тысячы мiль у гадзiну, - ва ўсiх такiх выпадках яна брала iнтэрв'ю, а шчаслiвец спагадлiва даваў яго. Няўдачнiк жа, даведзены да роспачы, - гэта зусiм iншая справа, тут яна выступала ад iмя абуранага грамадства, пранiкала ў турэмныя камеры, у нумары раскошных гатэляў, у жабрацкiя кварталы трушчоб. Тут чалавек быў цалкам пад яе ўладай, загнаны памiж пальмамi ў вазонах i пiянiна, прыцiснуты да вясельнай фатаграфii i мармуровага гадзiннiка. Яна нават адчувала спагаду да сваёй ахвяры, задавала ёй нязначныя, iнтымныя пытаннi, амаль не чуючы адказаў. "Так, сапраўды, не надта вялiкая адлегласць аддзяляе мiстэра Куiна Сейвары, аўтара "Развясёлага жыцця", ад такога няўдальца", - задаволена падумала яна.
- Дух цвярозага розуму - гэта ваша крэда? - ухапiўшыся за яго словы, спытала яна. - Вы прынцыпова супраць адзнак "Толькi для дарослых"? Вашымi кнiгамi адорваюць выдатнiкаў у школах.
Насмешка яе прагучала занадта яўна.
- Я ганаруся гэтым, - сказаў ён. - Маладое пакаленне павiнна выхоўвацца на здаровых традыцыях.
Яна заўважыла яго перасохлыя губы, погляд, крадком кiнуты ў калiдор. "Гэта я выкарыстаю, наконт здаровых традыцый, - падумала яна, - публiцы спадабаецца, Джэймсу Дугласу будзе прыемна. Iм яшчэ болей спадабаецца, калi ён дакоцiцца да вулiчнага прамоўцы ў Гайд-Парку, - хутчэй за ўсё так яно i будзе праз некалькi гадоў. Я дажыву да гэтага часу i нагадаю iм свае словы". Яна ганарылася сваёй здольнасцю прадбачання, аднак яшчэ не дажыла да таго часу, каб яе прадбачанне збылося. "Паглядзiце на яго зараз: на яго маршчынкi - адзнакi слабога здароўя, на тон яго голасу, жэсты - усё гэта раскажа звычайнаму чалавеку не болей, чым рысачкi i кружочкi ў "Бедэкеры", аднак супастаўце ўсё з акружэннем гэтага чалавека, з яго сябрамi, абсталяваннем яго кватэры, дзе ён жыве, i ўбачыце яго будучыню, наканаваную яму няшчасную долю.
- Божухна! - усклiкнула мiс Уорэн. - Нарэшце я ўсё зразумела!
Мiстэр Сейвары ўсхапiўся з месца:
- Што вы зразумелi? Наконт зубнога болю?
- Не, не, - сказала мiс Уорэн. Яна была яму ўдзячная: дзякуючы яго размовам яе свядомасць напоўнiлася святлом, якое не пакiнула нiводнага зацiшнага кутка, дзе б мог схавацца ад яе доктар Цынер. - Я маю на ўвазе ваша цудоўнае iнтэрв'ю. Я зразумела, як трэба пра вас напiсаць.
- Я ўбачу карэктуру?
- Ах, мы ж не штотыднёвiк. Нашы чытачы чакаць не могуць. Яны, ведаеце, як галодныя, патрабуюць свайго бiфштэкса, вырабленага з папулярнага чалавека. На карэктуры няма часу. Лонданцы будуць чытаць гэта iнтэрв'ю заўтра за ранiшняй кавай.
I пераканаўшы яго, што iнтэрв'ю будзе мець поспех у чытачоў, мiс Уорэн пайшла. Хоць, па праўдзе кажучы, ёй хацелася папярэдзiць гэтага стомленага чалавека, якi ўжо ўхапiўся за думку пра новы паўмiльённы тыраж яго новай кнiгi, якая ў людзей кароткая памяць - сёння яны купляюць кнiгу, з якой заўтра будуць смяяцца. Аднак на гэта ў яе ўжо не было часу, яе захапiла больш буйная гульня - яна лiчыла, што ўжо разгадала тайну "Бедэкера". Штуршком былi яе прароцтвы. Схема лёгка вымалася, папера ў "Бедэкеры", як ёй запомнiлася, была тонкая i дастаткова празрыстая, калi падкласцi схему пад паметкi алоўкам на папярэдняй старонцы, лiнii можна бачыць наскрозь.
"Чорт пабяры, не кожны да такога дадумаецца, - разважала яна. - За гэта трэба выпiць. Знайду я зараз парожняе купэ i паклiчу афiцыянта". Ёй не было патрэбы нават у Джанет Пардаў, каб адсвяткаваць такую ўрачыстасць, яна палiчыла за лепшае пасядзець адной, з келiхам Курвуазье, там, дзе нiчога не перашкодзiць ёй абдумаць наступны ход. Аднак нават знайшоўшы парожняе купэ, яна дзейнiчала абачлiва: не выцягнула "Бедэкера" з-пад кофтачкi да таго часу, пакуль афiцыянт не прынёс каньяк. I нават тады зрабiла гэта не адразу. Яна паднесла келiх да ноздраў, дазваляючы вiннай пары дайсцi да таго месца, дзе мозг, вiдаць, злучаецца з носам. Алкаголь, якi яна пiла ўчора ўвечары, не ўвесь яшчэ выпарыўся. Ён варушыўся ў ёй, як земляны чарвяк у спякотны вiльготны дзень. "Галава круцiцца, - падумала яна, - у мяне круцiцца галава". Праз келiх з каньяком яна паглядзела на навакольны свет, такi аднастайны i звыклы, што здавалася, ён назаўсёды застанецца нязменны: дагледжаныя палi, дрэвы, маленькiя фермы. Яе вочы, блiзарукiя i пачырванелыя ад аднаго толькi паху вiна, не заўважалi, што адбылiся нейкiя змены ў надвор'i. Яна паглядзела на неба, шэрае i бясхмарнае, i на цьмянае сонца. "Няма нiчога дзiўнага, калi пойдзе снег", - падумала яна i праверыла, цi поўнасцю адчынены кран ацяплення. Потым выцягнула з-пад кофтачкi "Бедэкер". Цягнiк ужо хутка прыйдзе ў Нюрнберг, i ёй хацелася вырашыць усе праблемы да з'яўлення новых пасажыраў.
Яе здагадка была правiльная, гэта, ва ўсякiм разе, дакладна. Калi яна пачала разглядаць на святло схему i старонку з адзнакамi, рысачкi ляглi ўздоўж вулiц, кружочкi абвялi грамадскiя будынкi: паштамт, вакзал, суд, турму. Але што ўсё гэта азначае? Раней яна лiчыла, што доктар Цынер вяртаецца, каб даць наглядны прыклад, магчыма, паўстаць перад судом за iлжэсведчанне. Аднак у такiм разе схема не мела нiякага сэнсу. Яна зноў пачала пiльна яе вывучаць. Вулiцы былi адзначаны невыпадкова, тут iснавала нейкая пэўная сiстэма: квадраты дакладна размяшчалiся вакол галоўнага квадрата. Квадрат на адным баку галоўнага супадаў з вакзалам, на другiм - з поштай, на трэцiм - з судом. Усярэдзiне квадрацiкi рабiлiся ўсё меней i меней i, нарэшце, акружалi толькi турму.
З абодвух бакоў цягнiка стромка ўзнiмаўся ўгору адхон, ён засланяў сонечнае святло. Iскры, чырвоныя на фоне пахмурнага неба, нiбыта градзiнкi, грукаталi па вокнах, цемра запоўнiла вагоны, калi доўгi цягнiк з грукатам уварваўся ў тунель. "Рэвалюцыя, сама меней, рэвалюцыя", - думала яна, усё яшчэ трымаючы схему на ўзроўнi вачэй, каб не прапусцiць моманту, калi зноў з'явiцца святло.
Грукат сцiхнуў, раптам наўкол iзноў зрабiлася светла. У дзвярах стаяў доктар Цынер з газетай пад пахай. На iм iзноў быў плашч, i яна акiнула пагардлiвым поглядам яго акуляры, сiвыя валасы, неахайна падстрыжаныя вусы i вузкi, туга завязаны гальштук. Яна адклала схему ўбок i сказала з усмешкаю:
- Ну i як?
Доктар Цынер увайшоў у купэ i зачынiў дзверы. Без усякай адзнакi варожасцi ён сеў насупраць яе. "Ён разумее, што я паставiла яго ў безвыходнае становiшча, i вырашыў паводзiць сябе разумна".
- Ваша газета ўхвалiла б ваш учынак? - раптам спытаў ён.
- Вядома, не. Назаўтра ж мяне выкiнулi б на вулiцу. Але калi яны атрымаюць мой матэрыял, усё будзе наадварот. - I дадала з добра разлiчаным нахабствам: - Думаю, за такi матэрыял варта прыбавiць мне чатыры фунты ў тыдзень.
Доктар Цынер сказаў павольна, без нiякага гневу:
- Я вам нiчога не раскажу.
Яна пагардлiва махнула на яго рукой.
- Вы мне шмат чаго ўжо расказалi. А яшчэ i гэта. - Яна пастукала па "Бедэкеры". - Вы былi настаўнiкам замежнай мовы ў Грэйт Берчынгтан-он-Сi. Мы атрымалi iнфармацыю ад вашага дырэктара. - Ён нахiлiў галаву. - А потым, працягвала яна, - ёсць яшчэ гэтая схема. I гэтыя каракулi. Я iх ужо супаставiла i ўсё зразумела.
Яна чакала, што ён пачне пярэчыць, спалохаецца цi выкажа абурэнне, але ён усё яшчэ панура раздумваў над яе першай здагадкай. Яго паводзiны збянтэжылi яе, i на кароткае iмгненне яна падумала: "Можа, з маiх рук выпадае самы галоўны матэрыял? Можа, галоўны матэрыял зусiм не тут, а ў школе на паўднёвым беразе, сярод цагляных будынкаў, прасмоленых сасновых парт, чарнiльнiц, бразгатлiвых званкоў i паху хлапечай вопраткi?" Гэтыя сумненнi крыху паменшылi яе самаўпэўненасць, яна загаварыла спакайней, мякчэй, чым збiралася, - сваiм хрыплым голасам ёй цяжка было кiраваць.
- Мы прыйдзем да згоды, - лагодна рыкнула яна. - Я не збiраюся рабiць вам нiякай шкоды. Не хачу ўблытвацца ў вашы справы. Ведаеце, калi вы дасягняце сваёй мэты, каштоўнасць маёй карэспандэнцыi будзе яшчэ большая. Абяцаю нiчога не друкаваць без вашай асабiстай згоды. - Яна сумна дадала, нiбыта была мастаком, якога вiнавацяць за тое, што ён карыстаецца няякаснымi фарбамi: - Я не зраблю шкоды вашай рэвалюцыi. Толькi ўявiце, якая гэта будзе выдатная карэспандэнцыя!
Старасць iмклiва наступала на доктара Цынера. Раней яму здавалася, што сярод пахаў прасмоленай хвоi, у скрыпе крэйды па класнай дошцы ён займеў пяць гадоў перадышкi ад турэмнай камеры, i вось ён сядзiць у купэ экспрэса, а гэтыя гады, што адцягнулi мiнулыя падзеi, усе разам навалiлiся на яго, раптоўна, а не спакваля. Зараз ён быў падобны да старога, якi, засынаючы, торкаецца носам, твар яго зрабiўся такi ж змрочны, як снежныя хмары пад Нюрнбергам.
- Ну, перш за ўсё, якiя ў вас планы? - спытала мiс Уорэн. - Мне здаецца, што вы ў многiм залежыце ад трушчоб.
Ён пахiтаў галавой:
- Я нi ад каго не залежу.
- Вы кiруеце ўсiм?
- Я тут самы маленькi чалавек.
Мiс Уорэн зласлiва стукнула сябе па калене.
- Мне трэба дакладныя адказы. - I зноў пачула:
- Я вам нiчога не скажу.
"Ён выглядае на ўсе семдзесят гадоў, а не на пяцьдзесят шэсць, падумала яна, - ён пачынае глухнуць, не разумее, што я кажу". Яна была вельмi паблажлiвая, яна была ўпэўненая, што перад ёй - не ўвасабленне поспеху, а хутчэй няўдачы, а няўдачнiку яна магла дараваць многае, з iм яна магла быць спагадлiвай i лагоднай, магла падбадзёрыць яго адрывiстымi словамi, падобнымi да цiхага ржання, як толькi няўдачнiк пачынаў гаварыць. Слабы чалавек часам iшоў ад яе перакананы, што яна яго найлепшы сябра. Яна нахiлiлася i паляпала доктара Цынера па калене, надаўшы сваёй усмешцы ўсю прыязнасць, на якую яна толькi была здатная.
- Тут мы з вамi заадно, доктар. Хiба вы не разумееце? Паслухайце, мы можам вам дапамагчы. "Грамадская думка" - вось як называюць яшчэ "Кларыён". Я ведаю, вы баiцеся, што мы не вытрымаем, што мы надрукуем карэспандэнцыю пра вас заўтра i ўрад будзе папярэджаны. Аднак абяцаю вам, мы не апублiкуем нiводнага слова, нават не заiкнёмся, пакуль вы не пачняце ваш спектакль. Толькi тады я буду мець права надрукаваць на самым лепшым месцы ў газеце: "Гiсторыя доктара Цынера, расказаная iм самiм. Выключна для "Кларыёна". Ну, хiба гэта не пераканаўча?
- Мне няма чаго сказаць.
Мiс Уорэн зняла руку з калена. "Няўжо гэты няшчасны ёлупень думае, што ён зможа паўстаць памiж мной i прыбаўкай чатырох фунтаў у тыдзень, памiж мной i Джанет Пардаў", - разважала яна. Гэты стары ўпарты дурань, што сядзеў насупраць, зрабiўся для яе ўвасабленнем усiх мужчын, якiя квапяцца на яе шчасце: сваiмi грашыма i дробязнымi падачкамi яны ўлагоджваюць Джанет, здзекуюцца з таго, што жанчыны здатныя па-сапраўднаму кахаць адна адну. Але гэтае ўвасабленне мужчыны было пад маёй уладай, яна здольная знiшчыць ушчэнт гэтае ўвасабленне. Кромвель разбiваў на друзачкi статуi, - гэта не было бяссэнсавым актам вандалiзму. Нейкая сiла Багародзiцы перадавалася i яе статуi, а калi галава ў яе была адбiтая, не ставала ўжо рукi i нагi, абламаныя былi сем мячоў, якiя ўтыкалiся ў яе цела, то пачалi ставiць меней свечак i чытаць меней малiтваў каля яе алтара. Калi хоць адзiны мужчына доктар Цынер, напрыклад, - будзе дашчэнту знiшчаны жанчынай, дык меней маладзенькiх дурнiц, накшталт Корал Маскер, будуць верыць у сiлу i спрыт мужчын. Аднак зважаючы на яго ўзрост i на тое, што ў нос ёй тхнуў смурод, якi зыходзiць ад няўдачнiка, яна дала яму яшчэ адзiн шанец.
- Няма чаго?
- Няма чаго.
Мiс Уорэн злосна засмяялася яму ў твар.
- Вы ўжо расказалi мне шмат чаго iстотнага. - Гэтыя словы не зрабiлi на яго нiякага ўражання, i яна пачала тлумачыць яму павольна i падрабязна, нiбыта мела справу з разумова адсталым чалавекам: - Мы прыязджаем у Вену ў восем сорак вечара. Да дзевяцi гадзiн я ўжо патэлефаную ў сваю кантору ў Кёльне. Яны перададуць маю карэспандэнцыю ў Лондан да дзесяцi. Матэрыял у першы лонданскi выпуск не паступае ў тыпаграфiю да адзiнаццацi. Нават калi паведамленне затрымаецца да трох гадзiн ранiцы, можна яшчэ перарабiць першую паласу. Маю карэспандэнцыю будуць чытаць у Лондане ў час снедання. Да дзевяцi ранiцы рэпарцёр кожнай лонданскай газеты будзе каля будынка ўрада Югаславii. Заўтра ў першай палове дня гэты матэрыял прачытаюць у Белградзе, а цягнiк прыйдзе туды не раней шостай увечары. Астатняе ўявiць няцяжка. Падумайце пра тое, што я змагу расказаць. Доктар Цынер, вядомы бунтар-сацыялiст, якi пяць гадоў таму ўцёк з Белграда пад час суду над Камнецам, вяртаецца на радзiму. У панядзелак ён сеў на Ўсходнi экспрэс у Остэндэ, цягнiк прыбывае ў Белград сёння ўвечары. Лiчаць, што яго прыезд звязаны з узброеным паўстаннем на чале з сацыялiстамi, якое пачнецца ў раёне трушчоб, дзе нiколi не згасала памяць пра доктара Цынера. Магчыма, будзе зроблена спроба захапiць вакзал, паштамт i турму. - Мiс Уорэн зрабiла кароткую паўзу. - Вось такую гiсторыю я адпраўлю тэлеграфам. Але калi вы дадзiце якiя-небудзь дадатковыя звесткi, я папрашу iх прытрымаць маю карэспандэнцыю, пакуль вы не дазволiце надрукаваць яе. Я прапаную вам сумленную здзелку.
- Кажу вам, што я выходжу ў Вене.
- Я вам не веру.
Доктар Цынер глыбока ўздыхнуў, разглядваючы праз акно шэраг заводскiх труб i вялiзны чорны металiчны цылiндр на фоне шэрага, з водблiскамi, неба. Купэ напоўнiлася пахам газы. На невялiкiх агародных дзялянках, нягледзячы на атручанае паветра, расла капуста, вялiзныя качаны блiшчалi ад iнею.
- У мяне няма падстаў баяцца вас, - сказаў ён вельмi цiха, i ёй давялося нахiлiцца наперад, каб разабраць яго словы.
Голас яго гучаў прыглушана, але ён быў упэўнены ў сабе, i яго спакой дзейнiчаў ёй на нервы. Яна абуралася ўсхвалявана i злосна, нiбыта перад ёю быў злачынец на лаве падсудных - чалавек, якi толькi што плакаў уголас, схаваўшыся за пальмай у вазоне, i раптам выявiлася, што ў яго яшчэ ёсць патаемная крынiца сiлы.
- Я магу зрабiць з вамi ўсё, што захачу.
- Здаецца, пойдзе снег, - павольна вымавiў доктар Цынер. Цягнiк упаўзаў у Нюрнберг, i ў агромiстых паравозах, што стаялi абапал, адлюстроўвалася поўнае вiльгацi сталёвае неба. - Не, вы нiчым не зможаце пашкодзiць мне. Яна пастукала пальцам па "Бедэкеры", i ён сказаў з лёгкiм гумарам: Пакiньце яго сабе на памяць пра нашу сустрэчу.
Тут яна канчаткова ўсвядомiла, што тое, чаго яна баялася, спраўдзiлася: ён выслiзнуў ад яе. Разлютаваная, яна ўтаропiлася ў яго. "Калi б толькi я магла зрабiць яму хоць якую-небудзь шкоду", - злосна падумала яна, нiбыта ўбачыўшы ў люстры за яго спiнай сваю ўдачу ў вобразе Джанет Пардаў, якая адыходзiла прэч, прыгожая i вольная, па доўгiх вулiцах i холах шыкоўных гатэляў. "Калi б я толькi магла зрабiць яму хоць якую-небудзь шкоду".