Праходзячы пад свяцiльняй, Кантэн расшпiлiў футра i паглядзеў на гадзiннiк. Было крыху больш чым сем з паловаю. Пэўна, Iзабэла i Дэнiза скончылi мыць посуд. Цяпер яны вядуць гутарку пра яго i Марыю-Луiзу. Яны ўяўляюць, што ён сядзiць з дачкой у рэстарацыi або ў яе пакоi. Iзабэла пытаецца, цi добра малая зачынiла хлеў, куратнiкi, гумно, хоць ведае, што перад сном праверыць усё сама. Абедзве яны сядзяць ля агню i прыслухоўваюцца да гукаў, якiя даносяцца з двара. Дэнiза запалiла лямпачку ў ясельках i расказвае пра сваю старэйшую сястру:
   - Калi мы былi малыя, яна часта расказвала мне пра дом, у якiм яна будзе жыць, як вырасце. Гэты дом будзе падобны на яселькi, у iм будзе такое ж маленькае акенца, праз якое можна будзе глядзець, як на вулiцы iдзе снег. Цi мае яна такi дамок у Лiёне?
   Кантэн зноў спынiўся. Гэтыя простыя словы Дэнiзы раптам выклiкалi ў яго такое хваляванне, што ажно перахапiла дыханне.
   - Марыя-Луiза! Гэта немагчыма...
   Ён сказаў гэта ўголас i, спалохаўшыся, азiрнуўся: цi не падслухаў хто-небудзь. Ззаду нiкога не было.
   Кантэн iшоў доўга, пакуль нарэшце не апынуўся ля вакзала.
   Кантэн не ведаў ужо, iсцi яму далей цi вяртацца. Ён пераклаў свой пакунак з-пад левай рукi пад правую. Вiдаць, Дэнiза казала i пра гэты пакунак. Кантэн чуў яе бесперапынныя пытаннi i незадаволеныя жончыны адказы.
   - Яна прыедзе з татам, праўда?
   - Але. Будзем чакаць.
   - Яны прыедуць сёння вечарам цi заўтра?
   - Нiчога не ведаю. Чакай вось, як я.
   - Навошта ты дала яму гэты падарунак, раз Марыя-Луiза сама прыедзе?
   - Дэнiза, я ўжо стамiлася ад тваiх пытанняў!
   - Я таксама падрыхтавала Марыi-Луiзе невялiкi падарунак.
   - Дзе ён?
   - Пакажу потым.
   Кантэн добра ўяўляў сабе, аб чым яны гаварылi. Там усё iшло сваiм ходам, без нечаканасцей. Менавiта гэтак i павiнна быць у яго доме, над якiм уладарылi цёмная ноч i ледзяны паўночны вецер, але там утульна i цёпла ад дроў, якiя гараць у печы. Гэты агонь свецiцца ў начы. Астатняе ахоплена зiмой. Праз шчылiны ў аканiцах лiецца залатое святло, якое можна заўважыць, як толькi мiнеш апошнi паварот дарогi.
   Кантэну карцела апынуцца ў той начы. Яна прыцягвала яго гэтак жа моцна, як горад адштурхоўваў. Бясколерная цемень гарадской ночы не была падобнай на тую, у якой панавалi нябачныя ручаiны туману i ветру.
   Ён думаў пра сваю жывёлу, пра цёплы i жывы пах хлява, пра рэдкiя, але цёплыя i прыемныя пахi ў скляпах. Кожны склеп меў свой пах. Там, дзе ляжалi вялiкiя вiнныя бочкi, пахла дрэвам i вiном з прысмакам браджэння, якi ачышчае горла. А там, дзе паскладаныя бутэлькi, быў iнакшы пах. Гэты пах паступова напаўняе ваш рот слiнай. Побач знаходзiлiся загарадкi з бульбай, гароднiнай, яблыкамi. Усе гэтыя пахi Кантэн насiў у сабе. Ён пазнаваў iх адразу i нiколi не блытаў. Цяпер ён востра адчуваў кожны гэты пах. Потым перад вачыма зноў з'явiлася кухня, i Дэнiза не адставала ад мацi з пытаннямi:
   - Дзе яны цяпер, як ты думаеш?
   - Калi не ў рэстарацыi, то, напэўна, у Марыi-Луiзы. У горадзе вячэраюць не так рана, як у нас. Бацька будзе спаць на канапе... Яны будуць гутарыць дапазна...
   Кантэн паглядзеў навокал сябе. Яму хацелася крычаць, клiкаць Марыю-Луiзу. Падумаць толькi, яна тут, у горадзе, а ён не можа яе знайсцi! Ён нават у думках не мог дапусцiць, што некалi трапiць у гэткае становiшча. Кантэну здавалася, што ён знаходзiцца адначасова дома i ў горадзе. Гэта раздваенне прымушала яго моцна пакутаваць. А ў глыбiнi душы нараджалася нейкая глухая радасць. Ён ледзь стрымаўся, каб не засмяяцца балючым смехам, якi сцяў яго горла.
   Кантэн зняў з галавы капялюш, расшпiлiў футра i дастаў насоўку, каб выцерцi пот, якi iмгненна пакрыў яго твар. Ад холаду, якi раптоўна ахапiў яго галаву i цела, яму зрабiлася лепш. Ён сутаргава ўдыхнуў паветра. Галава злёгку кружылася, i Кантэн падумаў, што гэта, мабыць, з голаду. Але пры адной толькi думцы пра ежу, пра рэстарацыю, пра краму яго нудзiла.
   Калi ён зноў выйшаў у цэнтр горада, народу там было значна менш. Пасля таго як яму ўдалося стрымаць гэты атрутны смех, у яго было ўражанне, што ўсю яго iстоту напаўняе жоўць. I цяпер узнiкла жаданне плюнуць, каб хутчэй вызвалiцца ад гэтай непрыемнай хваробы, якая засела, вiдаць, значна глыбей, чым у яго горле.
   Ён iшоў куды вочы глядзяць i неўзабаве спынiўся перад дзвярыма салона Раберцi. Яго вiтрыны былi асветленыя, усярэдзiне таксама гарэла святло. За перагародкамi з матавага шкла па-ранейшаму рухалiся ценi. Кантэн стаяў перад парогам i глядзеў на пусты ўваход, пакуль з адных дзвярэй не выйшла жанчына. Тады ён, не думаючы, хуценька пайшоў прэч, пакуль не завярнуў за блiжэйшы вугал. Далей ён пайшоў звычайным крокам. Ён усведамляў, што тое, што ён робiць, не мае нiякага сэнсу, аднак ён не быў поўным гаспадаром сваiх дзеянняў. Ён казаў сабе, што гэта ўсё ад горада, у якiм яму было душна, ад гэтай вельмi слiзкай зямлi, на якой ён не адчуваў упэўненасцi ў сваiх нагах.
   У яго не было жадання падымацца яшчэ раз на пяты паверх, у пакой Марыi-Луiзы, але ён чамусьцi зноў апынуўся на вулiцы Сухога Дрэва. Калi ён увайшоў у калiдор, то ўжо больш не вагаўся, а хуценька прайшоў мiма пакоя кансьержкi, лёгка ўзбег на лесвiчную пляцоўку трэцяга паверха.
   Тут ён вымушаны быў спынiцца. Яму не хапала паветра. Каленi задрыжалi, i ён ухапiўся за парэнчы. Ён намагаўся дыхаць павольна i глыбока, i ў той жа час баяўся, што адны з дзвярэй могуць адчынiцца.
   Гэтыя двое дзвярэй былi зроблены са старога дубу, пакрытыя лакам. Ручкi, званкi, замочныя шчылiны i шыльдачкi з медзi былi начышчаныя да бляску. Метал так блiшчаў, што ён спачатку прачытаў на шыльдачцы "Саванэн" замест "Савiнэн", але гэтага было дастаткова, каб Кантэн прыгадаў план па вiнаграду ў сваёй мясцовасцi.
   Крыху адпачыўшы, ён падняўся на пяты паверх i пастукаў у дзверы Марыi-Луiзы. Але там зноў нiхто не адказаў.
   У суседнiм пакоi гутарылi людзi. Кантэн прыслухаўся. Размаўлялi адны жанчыны, i ў яго на хвiлiну з'явiлася надзея, што там можа быць Марыя-Луiза. Ён чуў, як яны гаварылi:
   - Гэта вельмi дорага. Навошта купляць няякасны тавар. I потым, запомнi галоўнае правiла: нiколi не купляй адна.
   - Iдзi лепш да Рантанэ цi да Ману, там можна купiць танней.
   - Сапраўды, у Ману i яшчэ там прадаюць у крэдыт. Нi адзiн з галасоў трох жанчын, якiя размаўлялi, не быў падобны на голас яго дачкi. Кантэн паслухаў iх гутарку з надзеяй i трывогай яшчэ нейкую хвiлiну. Яму карцела пастукаць у гэтыя дзверы i спытацца, цi ведаюць жанчыны Марыю-Луiзу. Аднак нешта яго стрымлiвала. Ён сам хацеў знайсцi сваю дачку. ён не жадаў больш слухаць нагаворы людзей, якiя зусiм не ведалi яго Марыi-Луiзы.
   Кантэн павольна падымаўся. Потым ён спынiўся на лесвiчнай пляцоўцы i, затаiўшы дыханне, прыслухоўваўся да гукаў у доме. Здалёк цiха даносiлiся галасы жанчын. Iншыя гукi, на якiя ён не звярнуў увагi, калi падымаўся ўгору, нараджалiся ў пакоях, што выходзiлi ў калiдор, на нiжнiх паверхах або нават на вулiцы. Часам яны былi вельмi выразныя, а часам ператваралiся ў неразборлiвы гоман. Кантэн не ведаў, iснаваў гэты гоман у сапраўднасцi цi гэта шумела ў яго галаве, якая гарэла, бы ў лiхаманцы.
   Такога з iм нi разу не было. Ён нiколi не стаяў вось так на лесвiчнай пляцоўцы. Вакол яго iшло жыццё гэтага дома, жыццё ўсяго горада. Нахiлiўшыся, ён некалькi хвiлiн глядзеў унiз, куды, быццам у калодзеж, спускалiся парэнчы. Кантэн хацеў зразумець, што ў iм робiцца. Яму здавалася, што ён знаходзiцца ў самым цэнтры горада, якi жыве iнтэнсiўным жыццём вакол яго, а ён застаецца адзiн. Нiводзiн чалавек не адчувае тут сябе такiм адзiнокiм. Вось гэтыя жанчыны, што размаўляюць там у пакоi, цi адчуваюць яны сябе адзiнокiмi? Або той Савiнэн, адзiн ён цi з жонкай i дзецьмi? А можа, i сам Кантэн адчуваў сябе адзiнокiм нават дома, калi сядзеў за сталом насупраць жонкi i Дэнiзы?
   Кантэн успомнiў пра пачуццё, якое часта перажываў, калi думаў аб той дыстанцыi, якая аддзяляла яго ад жанчын, што сядзелi разам з iм за адным сталом. Тады ён часта думаў пра Марыю-Луiзу. Ён адчуваў яе побач з сабою, хоць яго старэйшая дачка была ад яго далёка i ён нiчога не ведаў аб тых мясцiнах, дзе яна жыла. Цяпер усё пераблыталася. Кантэн не ведаў, дзе ён адчуваў сябе больш адзiнокiм, дома цi тут. Яна ж тут, побач! Дастаткова высадзiць гэтыя дзверы плячом, i ён апынецца ў пакоi, дзе ўсе рэчы носяць адбiтак яе прысутнасцi.
   Зноў закалола ў грудзях. Кантэн спрабаваў уявiць, як ён сядзiць у яе пакоi i тут вяртаецца Марыя-Луiза. Вяртаецца не адна. З ёй прыходзiць мужчына, яго двайнiк. Такi ж немалады, апрануты ў чорны капялюш i ў нямоднае палiто. Кантэн бачыў гэткага толькi што ў вiтрыне крамы.
   Каб пазбавiцца ад гэтай думкi, Кантэн пачаў спускацца ўнiз. Праходзячы ля кватэры Савiнэнаў, ён раптам падумаў, што можна пазванiць i зайсцi да iх. У сельскай мясцовасцi, калi незнаёмы чалавек заходзiць вечарам у хату, яго накормяць i пусцяць пераначаваць. Ва ўсякiм разе, ён не застанецца адзiн, як тут, у горадзе. Калi ён пажадае расказаць пра сябе, яго будуць слухаць, калi будзе маўчаць, яго не стануць распытваць. Аднак ён не будзе адчуваць сябе адзiнокiм.
   Але ж цi пусцяць яны яго ў кватэру, цi зразумеюць, што ў вялiкiм горадзе чалавек можа згубiцца, як пасярод незнаёмага лесу? У вёсцы заўсёды можна знайсцi гумно, канюшню, на горшы выпадак, стог у полi, у якiм можна зрабiць нару i скруцiцца там, як лiсiца. На дварэ зiма, холад, а ў стозе ўтульна i цёпла!
   Тут жа была калючая ноч, i яркiя лямпы зусiм не грэлi. Тут усё нагадвала пустэчу.
   У пакоi кансьержкi глядзелi тэлевiзар. Сiнiя водблiскi скакалi па фiранцы. Пакуль Кантэн выходзiў на вулiцу, услед яму неслiся галасы i музыка.
   На вулiцы падмарозiла. Людзей стала менш. Над Сонай падымаўся густы туман. Ён нагадваў Кантэну дым сырога асенняга цяпельца. У гэтым тумане злiвалiся ў адно каляровыя надпiсы на вiтрынах.
   12
   Кантэну зрабiлася холадна. Ён наставiў каўнер свайго палiто i схаваў галаву ў плечы. Холад крочыў з iм у нагу, i стары не ведаў, як ад яго пазбыцца. Ён вырашыў зайсцi ў кафэ, але падумаў, што холад увойдзе туды разам з iм.
   Ён зноў выйшаў на вулiцу Ратушы, перасек плошчу Бэлькур, на якой амаль нiкога не было, i патупаў па вулiцы Вiктора Гюго. Там мiнакi траплялiся ўсё радзей i радзей. Кантэну раптам прыгадалася кнiга, у якой быў апiсаны такi самы горад. З таго горада ўцякалi людзi, бо яны баялiся начнога туману, якi паглынаў усё. Кантэн углядаўся ў асветленыя вокны, завешаныя шчыльнымi фiранкамi. Там iшло жыццё, але яно было нейкае далёкае, незразумелае Кантэну, адарванае ад таго жыцця, якiм жыў ён сам.
   Яшчэ хадзiлi тралейбусы. Калi яны праязджалi паблiзу ходнiкаў, з-пад колаў пырскаў брудны снег. Пасярод шашы было суха. Месцамi на асфальце вiдаць былi вялiкiя шэрыя плямы. Там была пасыпана соль. Яна таксама блiшчала, але не так ярка, як лёд.
   Кантэн стараўся думаць аб тым, што бачыў навокал. I калi зноў у свядомасцi ўсплывала Марыя-Луiза, ён прыгадваў яе дзяцiнства, свой дом, фотакартку, якая стаяла на буфеце ў кухнi.
   Ды мiжволi яго думкi вярталiся зноў да яе жыцця тут, у горадзе.
   Марыя-Луiза не вярнулася. Яе яшчэ няма ў пакоi. Яна пакiнула салон Раберцi. Яна таксама змагла вырвацца з другога салона, якiм кiруе гэта страшная жанчына з блакiтнымi валасамi. Марыя-Луiза працуе адна. Нiхто не ведае, дзе яна працуе. Ну i што? Цi трэба было падымаць панiку? Што ненатуральнага ў тым, што такая дзяўчына, як яна, уцякла з гэтага шклянога дома, у якiм так непрыемна пахне? Цi можна тут жыць i заставацца жанчынай?
   Трэба стаць вар'ятам, каб уявiць, што Марыя-Луiза перастане быць сумленнай дзяўчынай, калi аднойчы ранiцай пойдзе адна працаваць у вiнаграднiку. Вядома, яна змянiлася апошнiм часам. Але гэта можа быць адзнака горада, нiчога больш? Нiчога сур'ёзнага з ёю не здарылася. Галоўнае - у яе сэрцы, у яе душы, а не ў колеры валасоў!
   Дарэчы, калi яна магла ладзiць з такiм простым чалавекам, як настаўнiк, то не трэба лепшых доказаў таго, што ў глыбiнi душы яна засталася падобнай на яго, на iх усiх, хто жыве там, далёка ад гэтага бруду.
   Марыя-Луiза працуе. Вось i ўсё. Таму ён не зможа пабачыць яе сёння вечарам, ён убачыць яе заўтра.
   Ён збiраўся начаваць на вакзале. Калi ён быў салдатам, яму часта даводзiлася спаць у чакальнай зале. Ён крыху ўспомнiць сваё юнацтва. I няма ў гэтай гiсторыi нiчога асаблiвага. Кепска толькi, што ён прыехаў, не папярэдзiўшы дачку. Бо ў такi вечар, як сёння, Марыя-Луiза можа затрымацца i пасля работы.
   Кантэн увайшоў у вялiкi хол вакзала. Ужо iшла дзесятая гадзiна.
   А што, калi Марыi-Луiзе пашанцуе вызвалiцца ў апошнюю хвiлiну? Калi яна адна сядзе ў цягнiк?.. Кантэн ледзь не засмяяўся. Не, гэта было б вельмi смешна. Але раз ён нiчога дакладна не ведаў, то ён вымушаны быў меркаваць i ўяўляць рознае.
   Ён хацеў скiраваць свае думкi на бiблiятэку, у якой было нямала кнiг, але думка пра цягнiк прымусiла яго вярнуцца ў родныя мясцiны. Там у пустым i дрэнна асветленым вакзале iх доўга будзе чакаць настаўнiк. Пройдзе апошнi цягнiк, i вакзал зачыняць да ранiцы. У iм стане пуста, холадна, цёмна. Настаўнiк вернецца дадому, ён будзе доўга думаць аб Марыi-Луiзе. Але яго думкi будуць горкiмi i пакутлiвымi. I адчуваць сябе ён будзе горш, чым Кантэн. Настаўнiк вырашыць, што Марыя Луiза закахалася ў горадзе ў iншага хлопца.
   Урэшце, так яно, можа, i ёсць. Марыя-Луiза магла адкрыць краму з хлопцам або з мужчынам, якi старэйшы за яе. Многiя такiм чынам уладкоўваюць сваiх палюбоўнiц. Таму яна i хавае гэта ад бацькоў. Вiдаць, мужчына, якi яе кахае, сам не свабодны. А можа, усе гэтыя людзi, у якiх ён пытаўся пра яе, проста зайздросцiлi ёй?
   Кантэн зноў зрабiў над сабою намаганне, каб не думаць пра Марыю-Луiзу.
   Ля бiлетных касаў мiтусiлася нямала людзей. Шмат iх было i ў чакальнай зале, i ў калiдоры, i ў зале даведак, i нават на плошчы, дзе ўзад-уперад соўгалiся таксi, дзе без парадку стаялi машыны, i здавалася, што яны ўжо не змогуць выехаць адгэтуль.
   Кантэн паблукаў крыху, агледзеўся. Яму не давала спакою думка, што прыйдзецца бавiць аднаму доўгую ноч. Ён ледзь не засмяяўся, калi ўявiў, што правядзе ўсю ноч у чакальнай зале. Але раптоўна найшла злосць: тут, у горадзе, жыве яго дачка, у якой ёсць свой пакой з канапай для бацькi, а ён павiнен сядзець на вакзале!
   Кантэн зайшоў у буфет. Там было поўна людзей. Яны пiлi i елi. На сталах была зялёная салата, крутыя яйкi, варанае мяса i жоўты, падазронага колеру, соўс. Але Кантэну хацелася хлеба, якi некалi пяклi яны ў сваёй печы, у якой цяпер стаяць яселькi.
   Цiкава, цi ляглi жанчыны спаць? Вiдаць, не яшчэ. Яны чулi, як прайшоў апошнi цягнiк. Чакалi добрую палову гадзiны, часта адчынялi дзверы ў халодную ноч, запальвалi святло на двары.
   Як гэта цяжка, увесь час думаць аб тым, што яны там чакаюць, што яны зусiм адны. Думаць пра гэтыя яселькi ў старой печы, у якой раней пяклi хлеб. Думаць пра гэты хлеб! Вялiкi, з тоўстай духмянай скарынкай, ад аднаго паху якога цякуць слiнькi. Думаць пра хлеб, калi так хочацца есцi, а вы шукаеце сваю дачку, але не знаходзiце яе i вымушаны начаваць на вакзале.
   Ад гэтых думак яго зноў закалацiла, i ён вырашыў выпiць кубак кавы або булёну. Ён зноў зайшоў у буфет, але там была такая таўкатня, што Кантэн вымушаны быў выйсцi. Пайшоў да бiлетных касаў, але думка пра вялiзны бохан з тоўстай рудой скарынкай не пакiдала яго. Ён нiколi не мог сабе ўявiць, што хлеб можа займаць такое вялiкае месца ў думках чалавека, якi хоча есцi. Праўда, у яго дома былi яшчэ доўгi, накрыты квяцiстай цыратай стол, лiтровая бутэлька з вiном, цыбуля, гарох у струках, дровы ля плiты. Усё гэта было дома, але яно жыло неяк асобна ад Кантэна. Там хапала месца жонцы i дачцэ, котцы i ўсяму iншаму. Ён бачыў усё гэта вельмi выразна, але часам у галаве нешта блыталася. Напрыклад, котка пераходзiла з аднаго малюнка на другi. Такога ён яшчэ нiколi не бачыў. Нi разу яго галава не была занятая так моцна. У ёй сабралася ў адно ўсё: i горад, i яго людзi. Нiколi свет не здаваўся Кантэну такiм складаным, як сёння. Нават тады, калi ён чытаў кнiгi рускiх аўтараў, у якiх героi мелi вельмi складаныя прозвiшчы, i Кантэн нiяк не мог запомнiць iх.
   Часам яму здавалася, што ён звар'яцеў, што ён дарэмна шукаў сваю дачку ў тым будынку, бо яна там нiколi не жыла.
   Ён нейкi час хадзiў узад-уперад па вялiкiм холе, пасля адчуў цяжар у галаве i выйшаў на эспланаду. Там ён абапёрся на стылыя металiчныя парэнчы i доўга глядзеў на плошчу ўнiзе, глыбока ўдыхаючы начны туман. Раз-пораз ён адрываў халодную руку ад парэнчаў i прыкладаў да гарачага лоба.
   13
   Кантэн глядзеў на невялiкiя садкi, зацярушаныя снегам. Вакол яго нiкога не было, аднак ён адчуваў сябе менш адзiнокiм, менш адарваным ад свайго дому, чым у натоўпе. Сапраўды, сярод гэтых жанчын, мужчын, дзяцей, нагружаных чамаданамi, велiзарнымi мяхамi, лыжамi, нават санкамi, ён адчуваў сябе няёмка, быццам гэтыя людзi былi не такiя, як ён.
   Надышоў момант, калi ён зразумеў, што трэба iсцi. Туман паступова агортваў яго, пранiкаў усярэдзiну, яму рабiлася холадна. Ён са шкадаваннем пакiнуў гэтае месца, вярнуўся на вакзал. Там ён вымушаны быў стаць у чаргу, каб купiць бiлет на перон.
   Чакальная зала, у якую ён нарэшце трапiў, была перапоўненая. Адны пасажыры размясцiлiся на сваiм багажы, другiя стаялi, прыхiнуўшыся да сцен альбо радыятараў цэнтральнага ацяплення. Гэтыя людзi ехалi на адпачынак, але твары ў iх былi самотныя, панурыя, з адзнакай жалю, стомы i нуды.
   Кантэн паклаў свой пакунак у нагах i абапёрся спiною аб перагародку. Ён злавiў сябе на думцы, што ён, як i iншыя пасажыры, чакае хвiлiны, каб хто-небудзь вызвалiў месца.
   Па радыё аб'явiлi прыбыццё i адыход. Пасажыры заварушылiся, нехта выйшаў, нехта заняў яго месца, толькi Кантэн застаўся стаяць там, дзе i быў. Прыйшоў цягнiк, i неўзабаве з'явiлiся новыя твары, новыя чамаданы, новыя лыжы. Але ўсе яны былi падобныя. Прыходзiлi яшчэ цягнiкi, i ўсё паўтаралася спачатку. Але ўсе да гэтага хутка прывыкалi.
   Кантэн знайшоў нарэшце месца на лаўцы, сеў i паклаў пакунак на каленi. Ён думаў крыху паспаць тут, аднак не паспеў уладкавацца, як стома, з якой ён змагаўся дагэтуль, некуды знiкла. Ён зноў адчуў сябе бадзёрым, у галаве зноў пачаўся сумбур.
   Ужо было амаль апоўначы. Марыя-Луiза павiнна была вярнуцца, а ён сядзiць тут. Якая недарэчнасць! Ён жа мог пакiнуць пад дзвярыма запiску i пачакаць паблiзу ў кафэ. А ён падумаў пра гэта толькi цяпер! Навошта было забiваць галаву дурнымi думкамi! Чаму гэта самая лагiчная думка не прыйшла ў яго хворую галаву раней? Дурань стары!
   Ён ажно ўскочыў з месца, паклаў свой пакунак пад паху i хуценька выйшаў. Калi яго дачушка ўжо вярнулася, ён разбудзiць яе. Яму не трэба губляць нi хвiлiны.
   Эспланада вакзала была занятая ўжо менш, аднак там стаяла яшчэ шмат таксi. Упэўнена, быццам чалавек, якi робiць гэта кожны дзень, Кантэн падышоў да першай машыны i спытаўся ў першага шафёра, цi можа той завезцi яго на вулiцу Сухога Дрэва.
   - Сядайце, завязу, - адказаў шафёр.
   Кантэна здзiвiла, што яму адчынiлi заднiя дзверцы, але ён хуценька сеў, зачапiўшыся сваiм шыракаполым капелюшом, якi напалову прыпляскаўся i апынуўся ажно на плячы. Таксi кранулася з месца. Горад быў амаль пусты, пад коламi шаргацеў лёд. Кантэн уважлiва глядзеў на дарогу. Машына ехала вулiцай, паралельнай вулiцы Вiктора Гюго, якая была значна вузейшая, спынiлася перад святлафорам, кранулася, аб'ехала плошчу Бэлькур i выехала на вулiцу Рэспублiкi. Усё гэта рабiлася вельмi хутка, а шафёр запрасiў пяцьсот франкаў. Кантэн заплацiў i апынуўся на ходнiках, перад зачыненымi дзвярамi. Ён намагаўся адчынiць iх, шукаў званка, але нiчога не знайшоў. Тады ён зняў капялюш, выцер пот i гучна засмяяўся.
   Стары дурань! Пакуль ён бадзяўся недзе па вакзалах, дачка, напэўна, ужо вярнулася i нават не ведае, што яе бацька побач! Тут, унiзе, зусiм блiзка ад яе, на вулiцы, па якой плыў ракою туман.
   Ды ў гэтага няўклюднага селянiна ў мазгах больш туману, чым у паветры гэтага гнiлога горада! Смех, якi раптоўна разабраў Кантэна, атручваў яму душу. Усё ў iм бурлiла, быццам дрэннае вiнаграднае вiно.
   Што цяпер рабiць? Зноў iсцi на вакзал? Пасядзець у бiстро? А калi раптам з'явiцца Марыя-Луiза?
   Кантэн стаў хадзiць узад-уперад, намагаючыся нешта разгледзець за шыбамi вакон, у якiх яшчэ гарэла святло. Кансьержка казала, што Марыя-Луiза можа вярнуцца ў дзве гадзiны. Але цi можна верыць кансьержцы? Можа, у гэтай жанчыны злы язык, i ёй прыносiць задавальненне шкодзiць Марыi-Луiзе? Марыя-Луiза мае шмат якасцей, якiя могуць выклiкаць зайздрасць. А пасрэднасцi заўсёды iмкнуцца нашкодзiць тым людзям, якiм зайздросцяць. Кантэн упэўнены: дачка вярнулася i ўжо даўно спiць, нават не падазрае, што яе бацька ледзь не скруцiў галавы праз гэтую заразу-кансьержку.
   Узлаваўшыся, Кантэн падышоў да дзвярэй i хацеў ударыць па iх нагою, каб пабудзiць гэту тоўстую бабу. Аднак стрымаўся. Ён не мог гэтага зрабiць. Марыя-Луiза не даруе яму.
   Ён павiнен чакаць тут да ранiцы. Тупаць узад-уперад i чакаць. Кантэн ажно затросся ад злосцi на самога сябе, на сваю дурную галаву, у якую заўсёды прыходзяць адны вар'яцкiя думкi.
   Што ж, ён зрабiў глупства i павiнен расплочвацца цяпер. Замест таго каб чакаць Марыю-Луiзу дзесьцi ў кафэ, ён будзе стаяць тут, пад яе вокнамi. Дарэчы, усе кафэ, канечне, зачыняюцца апоўначы. Усё па закону подласцi. Кантэн стамiўся шукаць выйсця са свайго недарэчнага становiшча. Цяпер яму засталося толькi адно: чакаць. Ужо за поўнач. Ён пачакае да дзвюх гадзiн. Час цягнецца доўга, але аднолькава: i тут, i на вакзале.
   Кантэну стала горача. Ён нават перастаў хадзiць узад-уперад. Пот лiўся з яго цурком, i ён ведаў, што гэта небяспечна ў такое надвор'е.
   Туман то наплываў, то сплываў хвалямi, быццам вада, якую несла то з Рэйна, то з Соны. Вакол лiхтароў i на рагах вулiц утваралiся завiхрэннi, узнiкалi доўгiя светлыя калiдоры, якiя тут жа знiкалi. Мiнакоў было нямнога. Машыны праязджалi рэдка.
   Кантэнаў гнеў то мацнеў, то слабеў, як гэты туман. Толькi ўспышкi гневу былi больш рэзкiмi. Яго ўвесь час разрывала супярэчнасць: заставацца тут або вярнуцца на вакзал, дзе хоць крыху цяплей. Бо цяпер ён замярзаў. Найбольш стылi ногi. Кантэн тупаў на месцы, але холад падымаўся па целе вышэй.
   Так, ён дурань, што застаўся тут. Марыя-Луiза вярнулася. А можа, не вярнулася. I не вернецца наогул. Бо ў яе нехта ёсць. Такая прыгожая i маладая дзяўчына павiнна некага мець.
   Гэта думка чамусьцi не ўзрушыла Кантэна. Ён толькi падумаў, што будзе з настаўнiкам. А яшчэ ён баяўся, каб Марыя-Луiза не зазнала горшага ў гэтым разбэшчаным салоне Трыанон. Ды што ён мог ведаць? Ён толькi мог здагадвацца. Як яму ўрэшце абрыдлi гэтае чаканне, гэтая вулiца, гэты туман i гэты холад!
   Раптам Кантэн скрануўся з месца i пайшоў да вакзала, нават не паглядзеўшы на зачыненыя дзверы ў апошнi раз. Была ўжо палова другой, вулiцы зусiм апусцелi.
   На рагу вулiцы Лучнiкаў Кантэн заўважыў некалькi прастытутак. Яны стаялi, захутаўшыся ў футры, як i ён у сваё палiто. Адна з iх паклiкала яго, але Кантэн адвярнуўся. Крыху далей стаялi яшчэ дзве, адна здалася яму вельмi маладзенькай. Яны таксама паклiкалi яго, але стары нават вухам не павёў.
   Але крокаў праз дзесяць Кантэн рэзка спынiўся, павярнуўся i пайшоў назад. Ён яшчэ не ведаў, што ён зробiць. Яму проста хацелася яшчэ раз прайсцi каля гэтых дзяўчат i як след iх разгледзець.
   Калi ён параўняўся з iмi, старэйшая спыталася:
   - Ты нешта забыўся, дарагi?
   Кантэн запаволiў крок.
   - Хадзi, не бойся, - зноў прамовiла дзяўчына.
   Другая адышлася недалёка, на некалькi крокаў. Кантэн спынiўся, i прастытутка падышла да яго.
   - Гэта ты з-за мяне вярнуўся? - спыталася яна.
   Кантэну быццам адняло мову.
   - Ты змерз, - сказала дзяўчына. - Ну, пойдзем!
   Ён прайшоў поруч з ёй некалькi крокаў, але раптам спынiўся i прамармытаў:
   - Не... Я толькi хацеў у вас папытацца нешта.
   - Ты хочаш ведаць цану?
   - Не, не... Я хацеў бы папытацца ў вас...
   Ён змоўк. Дзяўчына злосна глядзела на яго. У яе былi жорсткiя валасы, якiя падалi на бровы. Твар дзяўчыны быў худы, вуглаваты, з вялiкiм тонкiм ротам.
   - Ну, - кiнула яна, - ты надумаў?
   Кантэн апусцiў галаву. Ён адчуваў сябе смешным.
   - Не, не, - сказаў паспешлiва. - Даруйце мне!
   - Што табе не падабаецца? Мая фiзiяномiя? Цябе самога трэба выставiць у музеi, дзядуля, з тваёй мядзведжаю шкураю.
   Яна пайшла да сяброўкi, i Кантэн пачуў, як яна яшчэ крыкнула ў яго адрас:
   - Не, ну ты бачыла дурня! Гэта ўжо другi за сённяшнi вечар. Ён таксама хоча, каб я расказала яму сваё жыццё. Што з iмi зрабiлася на Каляды, падумаць толькi!
   Кантэн стомлена крочыў далей па пустых вулiцах горада. Думак i жаданняў больш не было.
   14
   На вакзале ля бiлетных касаў людзей было мала. Кантэн зноў купiў бiлет на перон i прайшоў у чакальную залу. Цяпер там пасажыраў было значна менш. Ён адшукаў свабоднае месца, зняў сваё палiто i паклаў яго побач з пакункам.
   Перад яго вачыма ўсё яшчэ стаяў твар прастытуткi. З-пад пасмы чорных валасоў на яго глядзелi злосныя вочы, аднак ён не стараўся пазбавiцца iх. Наадварот, Кантэну хацелася затрымаць гэта аблiчча надоўга. Так, яна была прастытутка! I яго спрабавалi пераканаць, што яго Марыя-Луiза таксама стала такою! Сама горшае тое, што ён ледзь не паверыў у гэта. Цяпер адна палова ў iм ажно крычала ад роспачы з-за таго, што ён мог несправядлiва падазраваць сваю дачку, другая ж даводзiла, што нiчога такога не было. Бедная дзяўчынка! Ёй нiхто не дапамагаў, яна толькi i думала аб тым, каб шчыра працаваць. А яшчэ, цi магла б шлюха пiсаць такiя лiсты сваiм бацькам, цалаваць мацi i сястру? Цi змагла б яна трацiць грошы на падарункi нявiннай Дэнiзе, грошы, заробленыя гэткiм шляхам? Вядома, не! Трэба быць вар'ятам, каб паверыць у такое. Кантэн не мог сабе адказаць, што прымусiла яго загаварыць з гэтай вулiчнай дзеўкай, стома або знерваванасць, толькi ён лiчыў, што зрабiў правiльна. Цяпер ён адчуваў сябе спакайней. Утульна ўладкаваўшыся на драўлянай лаўцы, Кантэн вырашыў паспаць пару гадзiн.
   Ён доўга змагаўся з дрымотаю, але ўрэшце пачаў кляваць носам. Насунуўшы капялюш на вочы i паклаўшы галаву на рукаў футра, ён задрамаў на хвiлiнку, як раптам быў разбуджаны голасам з гучнагаварыцеля, якi абвясцiў, што адыходзiць цягнiк на Страсбург. Праз гадзiну гэты цягнiк пройдзе ў яго родных мясцiнах. Яго грукат, якi Кантэн цяпер чуе, неўзабаве пачуе Iзабэла. Яна таксама не будзе спаць. Яна будзе ляжаць на ложку, выцягнуўшыся, быццам нябожчык, нават рукi зложыць на жываце. Яна будзе чакаць. Яна ведае, што гэтым цягнiком нiхто не прыедзе, аднак будзе яшчэ доўга прыслухоўвацца да начных гукаў.