– Я больш быў бы задаволены, каб мы мелі сваю хлебапякарню, – сказаў Віктар, абгрызаючы выкачаную ў попеле касцістую рыбку.
   Як кожны вечар, пасля дзённых турбот гутарка іх перайшла да хатніх спраў. Якімі далёкімі здаваліся цяпер гэтыя справы! Не верылася, што пры нармальных умовах за адзін дзень можна было б вярнуцца дадому. Пакуль не прайшлі дзесяць канікулярных дзён, вялікай трывогі там яшчэ не будзе. А калі яны пройдуць?

VIII

   Прасцейшая, але лепшая зброя. – Знаёмства з дзікам. – Журавіны. – Хоць змяю за здабычу. – Лясныя жыхары. – Царская жывёла. – Вожыкава булава. – Уперад на чарапаху! – Пешаход з Афрыкі.

 
   – А што будзем сёння рабіць? – запытаўся на другі дзень Віктар.
   – Я прапаную пайсці далей у лес на разведку, – адказаў Мірон. – Мы ж зусім не былі яшчэ ў глыбіні.
   – Трэба было б якую-небудзь зброю мець, – заўважыў Віктар.
   – Толькі не твой лук, – усміхнуўся Мірон. – Лепш зробім сабе добрыя дубіны.
   Знайшлі адпаведныя дрэўцы, зламалі іх, абпалілі на агні, нават булдавешкі пакінулі на канцы. Зброя выйшла хоць куды!
   – З гэткай зброяй я і на ваўкоў згодзен ісці! – казаў Віктар, размахваючы сваёй дубінай.
   – І сапраўды, з дзвюма такімі штукамі не боязна, – згадзіўся Мірон і трэснуў па кусту так, што ад яго паляцелі шматкі.
   Узялі з сабой арэхаў, падклалі агню і пайшлі.
   Чым глыбей уваходзілі ў лес, тым часцей сустракаліся сухія ўзгоркі. На вышэйшых пясчаных месцах рос хваёвы бор, на ніжэйшых – гушчар з ельніку, алешніку, бярозы, рознага хмызняку. Часам трапляліся прыгожыя лугавінкі з ліставымі дрэвамі: дуб, граб, ліпа.
   – Ідзём да тых дубоў, – сказаў Мірон. – Можа, знойдзем леташніх жалудоў. Калі прыйдзе бяда, яны спатрэбяцца.
   – Ды і без бяды кавы добра будзе папіць, – адказаў Віктар. – Трэба толькі мець начынне і цукар.
   Калі падышлі да дубоў, то ўбачылі, што там нехта перад імі ўжо гаспадарыў. Зямля была перакапаная, віднелася шмат слядоў, а жолуда аніводнага. Але дзіўней за ўсё было тое, што сляды здаваліся свежымі.
   – Хто б гэта мог быць? – задуменна сказаў Мірон.
   – Дзікі! – упэўнена адказаў Віктар, разглядаючы сляды.
   – Невядома, ці радавацца, ці шкадаваць, што знайшліся такія суседзі, – прамовіў Мірон.
   Віктар чамусьці памахаў сваёй дубінай.
   – Добра было б здабыць дзіка, але, кажуць, звер вельмі небяспечны. Калі раззлуецца, дык нават добрая зброя не паможа.
   У гэты момант збоку нешта затрашчала. Хлопцы ўздрыгануліся і мацней сціснулі свае дубіны. З-за ламачча паказаўся дзік. Здавалася, увесь ён складаўся толькі з адной страшэннай галавы. Ні зада, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава са шчаціністым хібам, натапыранымі вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай.
   – Не рухайся! – прашаптаў Віктар.
   Дзік спыніўся, задраў свой лыч, панюхаў паветра, глуха рохнуў і завярнуўся назад.
   – Ну і страшыдла! – прамовіў Мірон. – Яго не толькі дубіна, але і гармата не возьме. Ліха з імі, з гэтымі суседзямі.
   – Крыўдна ўсё ж! – пашкадаваў Віктар. – Гэткі выпадак, а ты стой ды глядзі, як дурань.
   Пайшлі далей. У густым ельніку пачулі зусім блізка моцны лопат крылаў; здавалася, нейкая вялізная птушка заблыталася ў галінах і не можа адтуль выбіцца. Зірнулі ў той бок і сапраўды заўважылі вялікага чорнага птаха. Ляцеў ён так нізка і так нязграбна махаў крыламі, што, здавалася, яго было зусім лёгка злавіць рукамі.
   – Хапай яго! – кінуўся наперад Мірон. Але Віктар не зварухнуўся.
   – Дарэмна. Гэта табе так здаецца. Глушэц заўсёды так лятае ў ельніку, але ніхто яшчэ не лавіў яго рукамі.
   – У такім разе хадзі сюды, – крыкнуў Мірон. – Я табе пакажу нешта другое.
   Калі Віктар выбраўся на купчастую балоцістую палянку, дык убачыў, што Мірон схіліўся над журавінамі.
   – Пакаштуй, якія яны смачныя, салодкія пасля зімы, – сказаў Мірон. – Шкада толькі, што гэтыя лясныя жыхары ўжо ласаваліся тут. І нам мала пакінулі.
   З вялікай ахвотай падмацаваліся хлопцы ягадамі ды назбіралі яшчэ ў шапку.
   – Нічога, жыць можна, – з задавальненнем сказаў Віктар. – Але ўсё ж такі мушу сказаць, што ўвесь час адчуваю сябе галодным, і ў роце і ў жываце неяк нядобра. Хоць бы кавалак хлеба ці якога-небудзь варыва – зусім іншая была б справа.
   – Спачатку сырому зайцу быў рады, а цяпер ужо сапраўднага абеду захацеў, – засмяяўся Мірон. – У нашым становішчы трэба разважаць інакш: абы-чым, толькі б падтрымаць сябе. І галоўнае, каб разнастайная была страва. Вось чаму і журавіны вельмі карысныя. Гэта, брат, пладавіна, а ў ёй ёсць жалеза, вугляводы, вітаміны.
   З поўнай шапкай журавін яны не хацелі ісці далей у лес, далі круг і накіраваліся назад. У адным месцы ўбачылі вялікую змяю. Яна ляжала, скруціўшыся на пяньку, і грэлася на сонейку. Галаву яна вытыркала ўверх і млява варушылася.
   Віктар мігам падскочыў і забіў яе дубінаю.
   – Ну і гадзіна! – сказаў ён і пакратаў змяю нагою. – Мусіць, з метр будзе.
   Яны пасунуліся былі далей, але хутка Мірон прыпыніўся.
   – Слухай, – сказаў ён, – у нашым становішчы шкада пакідаць здабычу, якая б яна ні была. Ці нельга будзе як-небудзь скарыстаць і гэту?
   – Ды што ж ты з яе зробіш? – засмяяўся Віктар.
   – Не ведаю яшчэ. Але ў нашай бядняцкай гаспадарцы ўсё можа спатрэбіцца. Здымем з яе скуру.
   – Хіба зрабіць з яе чучала для нашага тэхнікума, экземпляр добры, – згадзіўся Віктар.
   Агідная была справа, але праз некалькі хвілін скура была здзёртая. На зямлі застаўся голы, брыдкі скрутак, а Віктар закінуў сабе на плечы скуру-кішку.
   Ціха ішлі яны па лесе, пільна прыглядаючыся навокал. За гэты невялікі час, як яны апынуліся на востраве, прырода значна змянілася. Лісце на дрэвах загусцелася, трава паднялася. Здавалася, і птушак больш стала, мацней разляталіся па лесе іх галасы. Вось пінькае лілавагрудая зябка, вось заліваецца чорны дрозд, свішча жоўтая івалга, стукаюць дзятлы. Заварушыліся розныя казюлькі, а ў цяньку пачуўся непрыемны звон камароў. Сям-там пераскакваюць з дрэва на дрэва вавёркі.
   – Вось каб яшчэ арэхаў знайсці! – прамовіў Мірон.
   – Разласаваўся, – усміхнуўся Віктар. – Не на кожным кроку гэта здараецца, брат ты мой. Нават каб і знайшлі такое самае дупло, дык гэта зусім не значыць, што там абавязкова будуць арэхі: маглі і вавёркі з'есці за зіму.
   Тут па дрэве шмыгнула нейкая новая жывёліна, крыху падобная да вавёркі, толькі танчэйшая і даўжэйшая за яе. Колер скуры – руды з белымі плямамі.
   Мірон няўважліва зірнуў на яе і прамовіў:
   – А гэта не вавёрка?
   – Тсс! – шапнуў Віктар і прытрымаў рукою Мірона. – Гэта гарнастай!
   – Няўжо ж ён такі нікчэмны? – здзівіўся Мірон.
   – Зімою ён белы, а цяпер якраз змяняе зімовае адзенне на летняе. Самая галоўная яго адзнака – канец хваста, які заўсёды бывае чорным.
   Гарнастай тым часам знік з вачэй.
   Мірон зняважліва паціснуў плячыма.
   – А я думаў – гарнастай немаведама што такое. Раней жа ніхто не меў права насіць гарнастаевыя футры, апрача цароў ды князёў.
   – Я думаю, каб цары прысвоілі сабе таксама выключнае права на лапці, тады і лапці лічыліся б найбагацейшай і самай моднай рэччу, – усміхнуўся Віктар.
   Праз некаторы час натрапілі на вожыка. Убачыўшы небяспеку, небарака зараз жа скруціўся ў клубок. Хлопцы падышлі да яго і пачалі меркаваць, што з ім рабіць.
   – Каб былі дома, то ўзялі б яго жывым на пацеху, а тут што з ім будзеш рабіць? Есці, мусіць, яго нельга, – разважаў Віктар.
   – А трэба было б і яго як-небудзь скарыстаць, – напружана думаў Мірон. – Могуць, напрыклад, спатрэбіцца ягоныя іглы ў якой-небудзь справе.
   – А ведаеш што? – схапіўся Віктар. – Калі ўзяць яго скуру ды абкруціць ёю канец нашай дубіны, дык будзе такая булава, што з ёю хоць на мядзведзя ідзі!
   – Вось бачыш!
   – Але ж як шкада забіваць гэтае мілае стварэнне! – уздыхнуў Віктар.
   Аднак прыйшлося забіць. Да журавін і змяінай скуры далучыўся вожык. З гэтай здабычай яны і вярнуліся дадому.
   Было яшчэ рана, не пазней за поўдзень. Часу заставалася досыць для гаспадарскай працы. Паабедалі рыбай, арэхамі і журавінамі.
   Скуру змяі павесілі сушыцца, а з вожыка пачалі рабіць булаву. Але ж і папакутавалі, пакуль знялі з яго скуру сваім «нажом»! Скрывавілі ўсе чатыры рукі. Затое булава выйшла на славу! Толькі Мірон усумніўся ў ёй.
   – Супраць чалавека, – сказаў ён, – лепшай і не трэба. А што ты зробіш са зверам? Для яго гэтыя іглы – нішто.
   – А ўсё ж такі лепш, як голая дубіна, – цешыўся Віктар.
   Цяпер, калі непасрэдная пагроза голаду адсунулася, яны мацней адчулі недахват адной дробязі – пасудзіны ці якога чарапка для вады. Увесь час ім прыходзілася піць жменямі, а калі вада спала, то зусім дрэнна зрабілася: часам да чыстай вады нельга было даступіцца так, каб дастаць яе абедзвюма рукамі, і даводзілася піць брудную.
   – Гэткае глупства ды так перашкаджае! – злаваў Віктар. – Пойдзем шукаць гліны, можа, злепім які чарапок.
   – Хадзем на рыбу і па дарозе пашукаем, – згадзіўся Мірон. – Да захаду сонца застаецца яшчэ гадзін з пяць.
   Але не так лёгка было знайсці гліну, як гэта здавалася. То пяскі, то балота – а гліны ні знаку. Усё далей і далей зварочвалі яны ўбок. Падыходзячы да аднаго балотца, здалёк заўважылі, што на беразе яго нехта капошыцца. Хлопцы прыпыніліся і пачалі ціхенька красціся. Але чым больш набліжаліся, тым болей дзівіліся: гэты «нехта» не быў падобны ні на звера, ні на птушку. Проста штосьці круглае круцілася на месцы, станавілася рубам.
   – Чарапаха! – прашаптаў Віктар.
   Хлопцы спыніліся і пачалі наглядаць за ёй. Чарапаха была велічынёю з шапку. Яна неяк смешна і нязграбна прыстасоўвалася, каб хвастом выкапаць у зямлі ямку, і была так занята сваёю справай, што нічога не заўважала навакол. Хлопцы падпаўзлі зусім блізка.
   – Што яна робіць? – прашаптаў Мірон.
   – Ямку капае, каб пакласці туды яечкі, – шэптам адказаў Віктар.
   – Ці не пачакаць, пакуль яна паложыць? Кажуць, яе яечкі вельмі смачныя.
   – Можа, яны і сапраўды смачныя, – сказаў Віктар, – але і яна не дурная: яна ўмее зрабіць так, каб такія ласуны, як ты, іх не елі.
   – Якім чынам?
   – Вельмі проста: палажыўшы яйкі, яна мочыць іх нечым вельмі непрыемным.
   – Не можа быць! Хто табе казаў?
   – У кніжцы чытаў.
   – Тады ўперад! На чарапаху! – крыкнуў Мірон.
   Хлопцы выскачылі і схапілі бездапаможную жывёліну. Бедная чарапаха схавалася ў свой панцыр.
   – Як жа да яе даступіцца? – казаў Віктар, варочаючы яе ў руках.
   – Прыйдзецца праз дзірку закалоць.
   З жалем выканалі яны гэты непрыемны абавязак.
   – Я думаю, не трэба нам цяпер далей ісці, – сказаў Мірон. – Адразу маем і вячэру, і пасудзіну.
   Вярнуліся дадому. Нялёгка было выцягнуць чарапаху з яе панцыра, але вячэру на гэты раз хлопцы мелі выключную. Пасудзіну таксама атрымалі добрую. Толькі крыху перашкаджаў ніжні, з чэрава, панцыр. Аднак Мірон лічыў, што гэта нават і лепш.
   – Набіраць ваду і піць не перашкаджае, а разам з гэтым маем міску з накрыўкай.
   – А ці нельга будзе ў ёй гатаваць ваду? – запытаўся Віктар. – Вельмі хочацца якога-небудзь чаю ці юшкі.
   – Мусіць, нельга, бо яна рагавая і павінна смаліцца. Пачакай! – схамянуўся Мірон. – Мы ж можам мець чай, нават салодкі!
   – Адкуль?
   – Ды сок бярозавы!
   – І як гэта нам раней у галаву не прыйшло! – пляснуў сябе па лбе Віктар. – Нават з бяросты можна было зрабіць пасудзіну для вады. Ах мы, дурныя!…
   – Гэта ўжо такі закон чалавечага развіцця, – важна сказаў Мірон. – Спачатку ўся ўвага аддаецца на самыя галоўныя, першачарговыя патрэбы, а потым ужо чалавек можа падумаць пра іншае.
   Сонца схілялася на захад.
   – Пойдзем, паставім нанач нашу чарапаху, каб заўтра мець чай, – сказаў Мірон.
   Пайшлі, выкалупалі ў бярозе дзірку. Але як падставіць сваю пасудзіну, калі яна з накрыўкай?
   Мірон уціснуў у дзірку галінку, а другі канец прасунуў у чарапаху.
   – Хоць і марудна пойдзе і прападзе частка соку, але да раніцы набярэцца, – сказаў ён.
   Над галавой іх нехта ціхенька праляцеў і ўчапіўся за суседнюю бярозу.
   – Што гэта такое? – здзівіўся Мірон. – Ні птушка, ні кажан, ні вавёрка. Здаецца, поўсць нейкага шызага колеру. Ну, спец, растлумач.
   Жывёла нязграбна поркалася ў вілаваціне бярозы. Віктар прыгледзеўся.
   – Гэта ляцяга, або лятучая вавёрка, – сказаў ён нарэшце. – Хоць яна і значна адрозніваецца ад вавёркі. Удзень яна звычайна сядзіць у сваім гняздзе.
   – Колькі тут рознага звяр'я, якога нават і не ведаеш, – паціснуў плячыма Мірон.
   – Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, – сказаў Віктар, – тады і нам не прыйшлося б тут сядзець.
   – Чаму так?
   – Вельмі проста. Калі тут многа звяроў, значыць, рэдка бываюць людзі, значыць, дабрацца сюды цяжка… А таксама і выбрацца, – дадаў Віктар.
   «Крэ-крэк», – пачуўся недзе голас драча.
   – І ён тут! – здзівіўся Мірон. – Да гэтага часу я чуў яго толькі ў жыце.
   – Гэта, мусіць, падарожны, – аўтарытэтна сказаў Віктар. – Відаць, толькі што прыйшоў з Афрыкі.
   – Як гэта «прыйшоў»? – здзівіўся Мірон.
   – Ды прыпёр пехатою і ўсё.
   – З Афрыкі?
   – Але.
   Мірон зарагатаў.
   – Ты не рагачы, я кажу сур'ёзна. Сам у кнізе чытаў. Яны дрэнна лятаюць і не любяць ляцець. Таму і лічаць за лепшае ісці і тады толькі падымаюцца, калі на дарозе вада ці іншая перашкода.
   Мірон павінен быў паверыць, але доўга яшчэ смяяўся з гэтага дзіўнага пешахода.
   – Усё было б нішто, – казаў Віктар, калі яны паляглі ў сваёй будцы, – але накрыцца няма чым. Уначы халаднавата бывае.
   – Затое гэта прымушае вылазіць і падтрымліваць агонь, – адказаў Мірон. – А іначай ён калі-небудзь можа і загаснуць.

IX

   Салодкі чай. – Лекцыі Мірона. – Важная пані. – Драпежнік на рыбалцы. – Арэна для бойкі. – І змяя спатрэбілася. – Байцы ў палоне.

 
   Раніцою пайшлі па «чай». Чарапашына была поўная, нават праз верх палілося. З якой прыемнасцю выпілі свежага салодкага соку!
   – Адразу, здаецца, адчуў сябе мацней, – заўважыў Віктар.
   – Яно так і павінна быць, – сказаў Мірон. – Тут ёсць цукар, які карыснейшы за мяса. Яго якраз і не хапала для нашых арганізмаў. Цукар падтрымлівае нервовую сістэму і асабліва карысны пры разумовай працы.
   – Во! Гэта дарэчы! – перакруціўся на адной назе Віктар. – Я ўжо адчуваю сябе больш разумным і гатоў зараз жа распачаць культработу сярод тутэйшых жыхароў – зайцоў, вожыкаў, чарапах.
   – Па тваёй балбатні не відаць, каб ты зрабіўся больш разумным, – упікнуў Мірон, але Віктар не пакрыўдзіўся.
   Паставілі чарапашыну на месца і накіраваліся да сваёй рыбнай гаспадаркі. Дарога была знаёмая, ішла галоўным чынам уздоўж берага, звяроў тут хлопцы не чакалі, таму маглі больш увагі звярнуць на некаторыя цікавыя расліны, якіх да гэтага часу не заўважалі. Прыйшоў чарод Мірону паказаць свае веды.
   Ужо праз сотню крокаў Віктар зацікавіўся высокай хвояй з шараватаю гладкай карою і шызымі ігламі.
   – Што гэта такое? – запытаўся ён. – Здаецца, ні сасна, ні елка.
   – Ельніца, – адказаў Мірон. – Бачыш, іглы больш сціснутыя, а знізу во якія дзве сінявата-белыя палоскі. Шышкі падобныя да яловых, але больш тупыя.
   – Дык яны ж растуць у Сібіры! – здзівіўся Віктар.
   – А вось, бачыш, ёсць і ў нас. А сібірская ельніца і росту меншага, і іглы і шышкі напалову меншыя.
   Мірон быў задаволены, што выявіў столькі ведаў, але праз некаторы час ён апынуўся ў досыць непрыемным становішчы. Яны натрапілі на невялікае дрэва з нейкім дзіўным лісцем: не то хваёвыя іглы, не то звычайныя вузкія лісцікі. Дзве паловы ліста складалі нібы жалабок, а каля ліставой пазухі былі прычэплены шурпатыя галачкі.
   – А гэта якое дрэва, хваёвае ці ліставое? – запытаўся Віктар, упэўнены, што Мірон ведае.
   Мірон пачаў яго разглядаць, але не мог прыпомніць.
   – Гэта, гэта… – мармытаў ён і напружваў памяць.
   – Эх ты, спец! – насмешліва сказаў Віктар.
   – Ціс! – выпаліў Мірон. – Ведаю! Паўднёвая расліна, але належыць да хваёвых. Лісце атрутнае. Само дрэва вельмі моцнае. Вось з чаго нам трэба было б зрабіць лук! Не ведаю, як тут, а ў іншых месцах ціс можа жыць дзве тысячы гадоў.
   – Ого! – крыкнуў Віктар. – І заўсёды такі маленькі?
   – У іншых месцах вырастае нішто сабе, але наогул дрэва невялікае. Тут яно вельмі рэдка сустракаецца; бывае яшчэ ў Белавежскай пушчы. А далей на ўсход няма…
   – Малайчына! Вытрымаў экзамен! – пляснуў яго Віктар па плячы.
   Праз некаторы час звярнулі ўвагу яшчэ на адно невялікае хваёвае дрэва з маленькімі зялёненькімі ігламі, якія раслі паасобнымі мяцёлкамі. Віктар зацікавіўся ім.
   – Глянь. Здаецца, нібы іглы ўсе маладыя, толькі што пачынаюць расці.
   – Так яно і ёсць. Гэта – лістоўніца. Яна на зіму скідае свае іглы.
   – Якая яна нікчэмная!
   – Яна любіць горную камяністую глебу. Але ў некаторых месцах і ў нас добра расце. Яе часта ў нас штучна разводзяць.
   Потым Мірон спыніўся каля травы з зубчастым, складаным лісцем. На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі.
   – Раю заўважыць гэтую расліну, – са смехам сказаў Мірон, – табе яна можа спатрэбіцца.
   – Чаму ж так мне?
   – А вось калі пачнеш гарачыцца занадта, дык зробім адвар з кораня, каб супакоіць нервы. Гэта – валяр'ян.
   – Глядзі, брат, каб табе не спатрэбілася, а я абыдуся, – адказаў Віктар.
   – Каб назбіраць болей, то можна было б і скарыстаць. У аптэках ахвотна бяруць. Ды і наогул цяпер у нас усюды купляюць лекавыя расліны.
   – У такім разе пачнём збіраць.
   – Вось прыгледзімся спачатку, што яшчэ можна тут знайсці.
   І ён больш пільна пачаў прыглядацца навакол. Але не на кожным кроку растуць лекавыя расліны. Да таго ж, было яшчэ рана, не ўсе расліны распусціліся як след, яшчэ менш цвілі.
   Таму асабліва кінулася ў вочы, калі праз некаторы час яны заўважылі на спадзе, пад аховай дрэў, купку не то травы, не то кустоў з вялікімі прыгожымі залаціста-жоўтымі кветкамі. Падышоўшы бліжэй, хлопцы ўбачылі, што некаторыя сцяблы дасягаюць двух метраў вышыні. Лісце было прадаўгаватае, тоўстае, нібы тлустае. Ад кветак ішоў моцны пах. Усё гэта рабіла ўражанне, нібы расліна гэтая з'яўляецца тут нейкім госцем.
   – А гэтая штука досыць цікавая! – прамовіў Віктар і пачаў кратаць кветкі і лісце. – Нібы нейкія там фікусы ці рададэндраны – ліха іх ведае, – што часам трымаюць у пакоях, у гаршках. Ды і пах такі, што можна адурэць.
   Мірон жа, здавалася, глядзеў на расліну з нейкім хваляваннем.
   – Так, – сказаў ён нарэшце. – Гэта – азалія, або, як кажуць у народзе, «божае дрэўца». Чытаў пра яе і нават дзівіўся, чаму гэта яе так паважаюць. Наш прафесар Адамаў нават спецыяльна ездзіў у нейкі кут Беларусі, каб паглядзець на яе і даследаваць. Апісаў падрабязна: і якія суседзі каля яе растуць, і якое дрэва, і якім клінам яна размясцілася, і які каменьчык знаходзіцца пад ёй. А ўрэшце ўзняў хадайніцтва, каб агарадзіць і абараніць яе.
   – Ай-яй-яй! – жартаўліва здзівіўся Віктар. – Не палохай ты мяне, а то я не ведаю, як трымаць сябе перад гэткай асобай. Хоць і досыць добрыя кветкі, але ж увагі ўжо занадта.
   – Тлумачыцца гэта тым, што яна – рэдкі госць з цёплых краін і расце ў нас, як бачыш, сама ў грунце.
   – Хай сабе сама і расце. Чаго ж з ёю так цацкацца? Ці, можа, якая асаблівая карысць ёсць ад яе?
   – Кажуць, што надзвычайна памагае ад каросты.
   – Вада і мыла яшчэ лепш дапамагаюць.
   – Акрамя таго, у ёй ёсць нейкі наркатычны матэрыял. Калі пад'есці мёду, сабранага пчоламі з гэтых кветак, дык можна аглухнуць і ашалець.
   – Дык вось чаму гэта «божае дрэўца»! Завошта ж тады яго шанаваць? – абурыўся Віктар. – Трэба за гэта нішчыць, а не шанаваць.
   – Не бойся, яна ў нас вельмі рэдкая. Звычайна расце ў Крыме, вакол Чорнага мора ды ў Паўднёвай Эўропе і нікому там не перашкаджае. Яе нават спецыяльна садзяць у садзе, бо яна раней за ўсіх цвіце. Яна цвіце нават раней, як распусціць сваё лісце. Кажуць, што яе паўтараста год назад завезлі ў Эўропу з Кітая.
   – Вось якая цаца, – засмяяўся Віктар. – Ну, хай сабе расце на здароўе. Хадзем, а то яшчэ ашалееш.
   Нарэшце яны падышлі да сваёй сажалкі. Вада ў ёй значна спала, у некаторых месцах выступіла зямля. Пратока каля грэблі зрабілася зусім вузкай. Але ў розных месцах заставаліся яшчэ ямы з больш глыбокай вадой.
   Падышоўшы да адной з такіх ямін, хлопцы заўважылі, як у вадзе шмыгнула нешта цёмнае. Не паспелі прыгледзецца, як каля берага паказалася бліскучая цёмна-бурая круглая галава з белай плямай на носе. У роце незнаёмы «злодзей» трымаў рыбіну.
   – Выдра!… – крыкнуў Віктар, але галава схавалася раней, як ён скончыў гэтае слова. – Ах, паганая! Яна ўсю нашу рыбу зжарэ! Тым болей што яна часта адгрызае толькі спіну, а рэшту кідае.
   – Будзем тады лавіць яе разам з рыбай, – прапанаваў Мірон.
   – Ну не, брат, яна не такая дурная. Яе толькі ў пастку можна злавіць, ды і то трэба паставіць каля нары. А нара мае два выхады: адзін наверх, а другі пад ваду. Аднаго разу чатыры чалавекі па чарзе пільнавалі выдру шэсць тыдняў і не маглі злавіць. У кожным разе, трэба хоць прагнаць яе.
   Хлопцы раздзеліся і падрыхтавалі сваю «сетку».
   – А можа, укусіць яшчэ гэты драпежнік? – прамовіў Мірон.
   – Калі загнаць яе ў кут, то яна можа і кінуцца, а так не адважыцца.
   Калі хлопцы падышлі да сярэдзіны лужыны, дык убачылі, што на беразе, сярод травы, слізганула доўгае, на кароценькіх ножках, цела выдры. Спіна была цёмна-бурая, а спод – святлейшы.
   – Эх, дабро ўцякае! – з жалем сказаў Віктар. – Адна скура чаго варта! Рублёў трыста можна атрымаць.
   – Ого! А есці яе можна? – запытаўся Мірон.
   – Можна, і нават мяса добрым лічыцца.
   – Пашукаем тады яе нару.
   – Нары, мусіць, тут і няма. Яна робіць яе каля вады. А гэтая вада выпадковая, часовая.
   – Шкада, – уздыхнуў Мірон. – Давай тады лавіць сваю ўласную рыбу.
   «Уласнай» рыбы налавілі лёгка, у дадатак яшчэ выцягнулі некалькі камякоў нейкага кісялю з чорнымі крупкамі.
   – Гэтая жабіная ікра толькі кашулю запаскудзіць, – сказаў Мірон, з гідлівасцю адграбаючы гэты кісель.
   Ідучы назад, яны зайшлі ў лес пашукаць яшчэ журавін і ў адным кутку, сярод густога ельніку, знайшлі прытульную пляцоўку, пасярод якой было нацярушана шмат свежага пер'я.
   – Загінула ад драпежніка нейкая птушка, – прамовіў Мірон.
   Віктар агледзеў мясціну, перагледзеў пер'е, то чорнае, то чорнае з белым, то стракатае, і нарэшце сказаў:
   – Не, тут ніхто не загінуў. На гэтым месцы цецерукі збіраюцца такаваць, гуляюць, б'юцца. Гэтае пер'е і ёсць вынікі іхняй бойкі. Каб паляўнічыя знайшлі такое месца, яны зараз жа зрабілі б тут засаду.
   – А можа, і нам зрабіць?
   – А што ты зробіш з голымі рукамі? Цецярук асцярожны. Паляўнічыя звечара робяць буданы і цярпліва чакаюць усю ноч. У іх стрэльбы. А мы што будзем рабіць? Рукамі іх не зловіш.
   – А калі напэўна вядома, што яны на гэтым месцы будуць скакаць ды біцца, то можна ім петлі параскідаць.
   – Гэта іншая справа. Варта падумаць.
   Усю дарогу яны меркавалі: з чаго зрабіць петлі? І нічога не маглі прыдумаць, апрача таго, што прыйдзецца ахвяраваць Віктараву споднюю кашулю. Але і тут была небяспека, што ахвяра можа быць бескарыснай. Для такіх петляў трэба калі не конскі волас, то прынамсі тонкі і моцны шпагат. Тонкія вяровачкі са старых, трухлявых нітак будуць занадта слабыя, а з пасмаў кашулі – зусім нягодныя. Так падышлі да дому і нічога не вырашылі.
   Тут Мірон зірнуў на змяіную скуру, якая сушылася на галіне, раптам спыніўся і крыкнуў:
   – Вось хто нам дапаможа! Парэжам гэтую скуру на тоненькія паскі, і яны будуць не горшыя за валасінкі.
   – Праўда! – падхапіў Віктар. – Цяпер я бачу, што ўсё на свеце можна абярнуць на карысць чалавека.
   Хутка згатавалі сабе абед і не марудзячы ўзяліся за змяіную скуру. Але зараз жа і апусцілі рукі… Ну як было парэзаць яе, ды яшчэ на тонкія пасачкі, без нажа?
   Віктар ледзь не заплакаў.
   – Гэта ж вечная пакута! – скардзіўся ён. – Усё ідзе добра, з кожнага становішча можна знайсці выхад, усё можна абярнуць на сваю карысць, і на кожным кроку адна перашкода – нож! Які дурань трымае нож у торбе? Каб я ведаў гэта, дык сам палажыў бы сабе ў кішэню. Праз цябе ўся пакута!
   – Чаго заскуголіў? – агрызнуўся Мірон. – Я сам заўсёды трымаю нож у кішэні. Але ж ці не звычайная справа, адрэзаўшы хлеб, палажыць разам з ім і нож? І я, каб ведаў, што праз цябе перакулімся, дык таксама ўзяў бы нож у кішэню. Ды і позна ўжо пра гэта казаць – нічога не паможа. Лепш набяромся цярплівасці ды пачнём калупаць чым можна. Часу хапае.
   І пачалі «калупаць». І спражкай, і трэскай, і касцямі рыб, і вострым гузікам. А Віктар дадумаўся яшчэ распаліць сваю спражку на агні ды ёю смаліць. Усё разам, – а больш за ўсё цярплівасць, – пачало даваць вынікі. А першыя вынікі надалі бадзёрасці, упэўненасці і яшчэ раз цярплівасці. Спачатку яны разрэзалі змяіную скуру ўздоўж напалам, а тады ўжо кожны працаваў над сваёй паловай. Шэсць гадзін карпелі яны над гэтай працай і, нарэшце, зрабілі тое, што было ім патрэбна.
   – Гэта ж самыя дасканалыя сілы ў свеце! – цешыўся Віктар са свае працы.
   Зараз жа і панеслі іх на месца. Цікава было папільнаваць, як пойдзе справа, але раздумаліся, што не варта пакутаваць усю ноч.
   – Дапамагчы справе мы нічым не можам, – казаў Віктар, – а спудзіць можам. Толькі каб устаць заўтра як мага раней.
   Параскладалі сілы сярод палянкі, замацавалі канцы, вярнуліся назад і паляглі спаць.