- Заўтра я паеду ў Парыж. Парыж не такi ўжо i вялiкi. Я знайду яго там...
   Але ў яе голасе - апошняе супрацiўленне дзiцяцi, якое ўжо скарылася, але нiяк не хоча ўтаймавацца.
   Бернар прачнуўся ад iх гоману, надзеў халат i чакаў у гасцiнай. Не, нiколi не забыць Тэрэзе той сцэны, што разыгралася памiж братам i сястрой... Гэты чалавек, якi змог груба схапiць за рукi змучанае няшчаснае дзяўчо, завалачы па лесвiцы на трэцi паверх, кiнуць у спальню i замкнуць дзверы, - гэты чалавек твой муж, Тэрэза! Гэта той самы Бернар! I праз дзве гадзiны ён будзе тваiм суддзёй... Гонар сям'i - гэта Бернараў шчыт, i гэты чалавек заўсёды, пры любых абставiнах, ведае, што трэба рабiць дзеля iнтарэсаў сям'i... Ты вось са страхам i трывогай рыхтуеш апраўдальную прамову. Але ж толькi людзi без сваiх прынцыпаў могуць пачуць i зразумець чужыя довады. Бернар пасмяецца з тваiх апраўданняў: "Я ведаю, што мне трэба рабiць". Ён ведае. Гэта праўда. А калi ўсё ж i ўзнiкнуць сумненнi, то ён скажа: "Мы абмеркавалi гэта ў сям'i i лiчым, што..." Няўжо ты думаеш, што ён яшчэ не вынес табе прыгавору? Лёс твой вырашаны раз i назаўсёды, так што лепш пастарайся заснуць.
   VIII
   Пасля таго, як бацькi забралi зламаную Анну дамоў, у Сэн-Клер, Тэрэза амаль да самых родаў жыла ў Аржалузе. Вось калi яна як мае быць спазнала цiшыню тых бясконцых лiстападаўскiх начэй! Пiсьмо, пасланае Жану Азеведа, засталося без адказу. Напэўна, ён вырашыў, што нiчога, акрамя нуды, перапiска з нейкай правiнцыялкай яму не дасць. Да таго ж цяжарная жанчына... А што можа быць прыемнага ў такiм успамiне? Магчыма, цяпер, на адлегласцi, Тэрэза здавалася гэтаму парыжскаму шалапуту прэснай i нецiкавай? Канешне, яму больш даспадобы прытворная вытанчанасць, ускладнёнасць, рысоўка. Але што ён мог зразумець у гэтай падманлiвай прастаце, у гэтым ясным прамым позiрку, у гэтых упэўненых рухах?.. Вiдаць, i яе ён лiчыў здольнай злавiць яго на слове, гатовай усё кiнуць i бегчы за iм. Жан Азеведа асцерагаўся жанчын, якiя занадта хутка здаюцца i складаюць зброю, калi мужчына яшчэ нават не паспеў зняць асады. Больш за ўсё на свеце ён баяўся такiх перамог!
   Мiж тым Тэрэза iмкнулася зразумець духоўны свет гэтага юнака. Але кнiгi, якiя яна выпiсала з Бардо, здалiся ёй незразумелымi. А Жан быў ад iх у захапленнi!
   Марудна iшоў час. Тэрэза жыла, нiчога не робячы. I дарэмна было б угаворваць яе шыць пялёнкi цi распашонкi будучаму дзiцяцi. "Ого! Гэта не для яе..." - з папрокам гаварыла свякроў.
   У вёсцы шмат жанчын памiрае пры родах. I Тэрэза да слёз даводзiла сваю цётку, паўтараючы, што i ёй гэтага не вытрымаць, i яна памрэ, як некалi яе мацi. I заўсёды дадавала, што ёй усё роўна: жыць цi памерцi. Якая хлусня! Нiколi ёй так не хацелася жыць, як тады. Ды i Бернар нiколi так не клапацiўся пра яе. "Не, не мяне ён аберагаў, а таго, каго я насiла ў сабе". Дарэмна ён са сваiм жахлiвым мясцовым акцэнтам бубнiў адно i тое: "Вазьмi яшчэ пюрэ... Не еш рыбы... Ты сёння i так ужо многа хадзiла..." Усё гэта пралятала мiма вушэй, бо гэтак клапоцяцца пра наймiчку-кармiцельку, каб у яе было добрае малако. Бернар i яго бацькi бераглi мяне як свяшчэнны сасуд з будучым нашчадкам iх роду. I несумненна, што пры выпадку яны ахвяравалi б мною дзеля гэтага эмбрыёна. Я страцiла адчуванне свайго ўласнага iснавання. Для iх я была ўсяго толькi лазой вiнаграднай: значэнне меў толькi плод, якi выспяваў у маiм лоне.
   Вось так у змроку i адзiноце жыла я да канца снежня. Святло ад нашага панурага дома адгароджвала чорная сцяна хваёвага лесу. А тут яшчэ гэтыя бясконцыя асеннiя дажджы!.. Зямля зрабiлася непраходным балотам. Ужо ледзьве можна было праехаць па адзiнай дарозе ў Сэн-Клер. I тады мяне перавезлi ў Бернараў дом. Тут было трохi больш святла, чым у нас, у Аржалузе. Старыя платаны на плошчы ўсё яшчэ змагалiся з ветрам i дажджом за свае апошнiя лiсты...
   Цётка Клара не магла жыць у чужым доме i адмовiлася пераехаць разам са мной. Але часта, нават у самую непагадзь, яна прыязджала да мяне ў сваiм старым фаэтоне. Прывозiла мне гасцiнцаў, ласункаў, якiя я так любiла ў дзяцiнстве, i як яна думала, люблю i цяпер: шэрыя жытнiя пампушкi з мёдам, салодкi пiрог пад назвай "фугас" цi "румаджад".
   Анну я бачыла толькi за сталом. Яна нiколi са мной не размаўляла. З усiм яна змiрылася, асунулася i неяк адразу страцiла сваю свежасць. Старанна зачасаныя назад валасы адкрывалi непрыгожыя, нiбы з воску, вушы. Iмя маладога Дэгiлема называць пры ёй нiхто не адважваўся. Але мадам дэ ля Траў пераконвала мяне, што хаця Анна яшчэ не дала сваёй згоды на гэты шлюб, цяпер яна ўжо не гаворыць i "не". Ах, як разгадаў яе Жан! Нямнога ж спатрэбiлася часу, каб накiнуць на яе аброць i ўцiхамiрыць!
   Бернару стала горш, бо ён зноў пачаў выпiваць перад абедам.
   А пра што гаварылi гэтыя людзi вакол мяне? Добра памятаю гэтыя бясконцыя размовы пра кюрэ (мы жылi акурат насупраць яго). Яны нiяк не маглi даўмецца, чаму кюрэ на дзень па чатыры разы праходзiў цераз плошчу, а дамоў вяртаўся нейкай другой дарогай...
   Успамiнаючы свае размовы з Жанам Азеведа, Тэрэза цяпер лепш прыглядалася да гэтага яшчэ маладога святара. Ён нiбы цураўся сваiх прыхаджан, i ўсе яны лiчылi яго ганарлiўцам: "Не такi тут патрэбен кюрэ". Ён быў рэдкiм госцем у сям'i дэ ля Траў, але Тэрэза звярнула ўвагу на яго прыгожы высокi лоб i пабеленыя сiвiзной скронi. "Жыве сабе чалавек адзiн: нi сяброў, нi знаёмых. Як жа ён бавiць час у гэтыя доўгiя вечары?.. Чаму выбраў сабе такую дарогу?.." "Ён вельмi дакладна i строга выконвае ўсё, што патрабуецца, - гаварыла мадам дэ ля Траў. - Штовечар чытае малiтвы, але не хапае яму божага дару. Пра яго не скажаш, што ён надта набожны. А наша дабрачыннае таварыства, ён жа яго зусiм закiнуў". Яна скардзiлася, што кюрэ распусцiў аркестр, створаны папячыцелем таварыства, перастаў вадзiць дзяцей на футбольныя матчы: "Гэта вельмi добра, што ён сядзiць, уткнуўшы нос у свае кнiгi, але ж так нядоўга i прыход упусцiць".
   Тэрэза некалькi разоў хадзiла ў царкву, каб паслухаць кюрэ. "Ну, дарагая, што гэта вы сабе ўздумалi? У вашым становiшчы можна i не хадзiць на службу". Пропаведзi святара тычылiся дагматаў, прынцыпаў маралi i былi залiшне агульныя, безаблiчныя. Але Тэрэзу цiкавiлi перапады ў яго голасе, iнтанацыi, яго жэсты i рухi... Часам нейкае слова здавалася ёй асаблiва значным... Ах, можа, ён дапамог бы разабрацца ў заблытаным клубку яе пачуццяў i думак? Ён жа такi непадобны на ўсiх астатнiх... I ён таксама ўспрымае жыццё трагiчна... Да сваёй глыбокай унутранай адзiноты ён дадаў яшчэ i пустыню, якую стварае сутана вакол таго, хто яе апрануў... Якую падтрымку, якое суцяшэнне мог ён знаходзiць у гэтых штодзённых царкоўных абрадах? Тэрэзе захацелася пайсцi на яго службу ў будзённы дзень, калi ў царкве нiкога не бывае, акрамя хлопчыка з хору, а святар, схiлiўшыся над кавалачкам хлеба, мармыча малiтву... Аднак пачэснае сямейства ды i ўсе жыхары гарадка ўспрынялi б гэта як страшэннае дзiвацтва i пачалi б крычаць, што яна кiнулася ў лона хрысцiянства.
   Колькi нi адпакутавала Тэрэза ў гэтую пару, але толькi пасля родаў яна па-сапраўднаму зразумела, што не зможа вынесцi такое жыццё. Вонкава гэта нiяк не выяўлялася. Нiякiх сцэн з Бернарам. Да яго бацькоў яна ставiлася з большай павагай, чым ён сам. Але трагедыя ў тым якраз i была, што не знаходзiлася нiякiх падстаў для разрыву i нiчога, здавалася, не можа перашкодзiць гэтаму нуднаму жыццю так цячы да самай смерцi. Калi ў сям'i няма згоды, то для таго, каб адбыўся раскол, патрэбны сутычкi. Аднак Тэрэза амаль не сварылася з Бернарам i яшчэ менш - з яго бацькамi. Iх словы не даходзiлi да яе, i ёй i ў галаву нават не прыйшло б адказаць гэтым людзям. Нябачная сцяна ўстала памiж ёю i iмi. I адны i тыя ж, нават самыя значныя, словы разумелiся па-рознаму. А калi часам у Тэрэзы i вырываўся шчыры крык душы, то ўсе расцэньвалi гэта не iнакш, як яшчэ адзiн капрыз. "Я раблю выгляд, што не чую, - гаварыла мадам дэ ля Траў, - а калi яна настойвае на сваiм, то не надаю нiякага значэння яе крыкам. Хай ведае: у нас такiя выкрунтасы не праходзяць..."
   Мiж тым было ў паводзiнах нявесткi тое, што напраўду дапякала свекрывi. Тэрэза з сябе выходзiла (i гэта не заўсёды ўдавалася схаваць), калi сваякi i знаёмыя ахкалi, што маленькая Мары - вылiтая мама: "От ужо дзе дачушка! Ад такой адрачыся нiяк нельга!.." А ў адказ чуўся злосны Тэрэзiн голас: "Ды яна зусiм на мяне непадобная! Паглядзiце, якая яна смуглая, вочы чорныя, як вугалькi. А вось мае фатаграфii - я была бялявая дзяўчынка".
   Тэрэза не хацела мець хоць што-небудзь агульнае з гэтай малечай, плоць ад плоцi яе. I ўжо па гарадку пайшлi плёткi, што яна пазбаўлена мацярынскага пачуцця. "Што вы! Тэрэза па-свойму любiць дачку, - паўтарала мадам дэ ля Траў. - Вядома, ад яе не дачакаешся, каб яна паглядзела, як купаюць малую цi мяняюць пялёнкi. Гэта не ў яе звычаi. Але я сама бачу, як цэлымi вечарамi яна сядзiць над калыскай i ўсё глядзiць, глядзiць, як спiць Мары... Ведаеце, нават палiць перастала... Урэшце, нянька ў нас такая, што кожны пазайздросцiць. Дый наша Анна тут. От ужо з каго будзе мацi! Вось пабачыце!.."
   I, праўда, з таго часу, як у доме з'явiлася дзiця, Анна нiбы ажыла. Жанчыну заўжды цягне да калыскi, але Анна была на сёмым небе, калi брала малую на рукi. Каб часцей забаўляцца з Мары, яна нават памiрылася з Тэрэзай. Але як далёка было гэтае прымiрэнне ад iх колiшняй непадробнай, шчырай дружбы!.. Больш за ўсё Анна баялася, што ў Тэрэзы ўзнiкне мацярынская рэўнасць: "Бо малая ведае мяне лепш, чым сваю маму: як убачыць - смяецца, радуецца. Учора Мары была ў мяне на руках, i калi Тэрэза хацела яе забраць, малая расплакалася. Яна больш любiць мяне, i мне нават няёмка перад Тэрэзай..."
   Але дарэмна турбавалася Анна. У той перыяд жыцця Тэрэзу нiчога не кранала, нават родная дачка. I людзей, i рэчы, i сваё цела яна ўспрымала як нейкi мiраж, як густы туман, што навiс над яе iстотай. У гэтым небыццi адзiн толькi Бернар быў пачварнай рэчаiснасцю: яго дужая постаць, гугнявы голас, упэўнены тон i бясконцая самазадаволенасць... Пайсцi, уцячы адсюль... Але як?.. I куды?..
   Першыя гарачыя днi яшчэ больш прыгняталi Тэрэзу. Аднак нiчога яшчэ не прадракала таго ўчынку, да якога яна ўжо была гатовая. Як прайшоў гэты год? Тэрэза не можа прыгадаць нiякiх канфлiктаў, нiякiх сварак. Успамiнаецца толькi адзiн дзень, калi Бернар здаўся ёй асаблiва брыдкiм i агiдным: было гэта на свята цела гасподняга. Ранiцай Тэрэза глядзела праз шчылiну памiж аканiцамi на хросны ход. Бернар быў, бадай што, адзiны мужчына ў гэтай працэсii. Плошча iмгненна апусцела, нiбы на вулiцу замест традыцыйнага ягняцi выпусцiлi льва. Людзi пахавалiся, каб не здымаць шапак цi не падаць на каленi перад працэсiяй. Але як толькi святочны натоўп мiнаў дом, там зноў адчынялiся дзверы i вокны. Тэрэза пiльна прыглядалася да кюрэ, якi ўзначальваў працэсiю. Iшоў ён амаль што з заплюшчанымi вачыма, трымаючы ў руках сваю дзiўную ношу. Губы яго варушылiся: аб чым малiў ён усявышняга з такiм сумным, пакутлiвым выглядам... А следам важна крочыў Бернар - ён "выконваў свой доўг".
   Мiнула больш як месяц, а на разамлелую ад спёкi зямлю не ўпала нiводнай кроплi дажджу. Бернар вельмi баяўся ляснога пажару. Зноў пачало балець сэрца. Недалёка ад мястэчка Луша згарэла пяцьсот гектараў лесу. "Баранi Бог, вецер быў бы з поўначы, загiнулi б мае хвоi ў Балiсаку", - хваляваўся ён. Тэрэза ўсё чагосьцi чакала, чаго - i сама не ведала - ад гэтага спакойнага, абыякавага да ўсяго неба... Можа, нiколi ўжо не будзе больш дажджу... I, можа, прыйдзе дзень, калi затрашчыць, запалае ў агнi ўвесь лес навокал i згарыць нават сам гарадок. А цiкава, чаму ў ландах нiколi не загараюцца сялiбы? Тэрэза лiчыла несправядлiвым, што агонь заўсёды выбiрае сабе хвоi, а не людзей. У сям'i ўсё спрачалiся аб прычынах бяды: пэўна, нехта кiнуў акурак; а можа, хто знарок падпалiў? Тэрэзе мроiлася, што вось яна ўстае ноччу, выходзiць з дому, iдзе, iдзе ў лес, туды, дзе найбольш верасу, i кiдае цыгарэту. А на золку велiзарнае воблака дыму схавае неба... Але яна старалася хутчэй адагнаць ад сябе такую думку: любоў да лесу была ў яе крывi - не, не да хвояў спела ў ёй нянавiсць...
   Вось i прыйшоў час адкрыта паглядзець на свой учынак. Як вытлумачыць яго Бернару? Нiчога не застаецца, як расказаць яму ўсё па парадку. Здарылася гэта ў той самы дзень, калi быў вялiкi пажар у ваколiцах Мано. У сталовую, дзе на скорую руку снедала ўся сям'я, заходзiлi i заходзiлi людзi. Адны казалi, што гарыць вельмi далёка ад Сэн-Клера, другiя настойвалi, што трэба хутчэй бiць у звон. У гэты дзень паветра было напоена пахам гарачай смалы, а сонца, здавалася, хтосьцi выпацкаў сажай. Перад вачыма ў Тэрэзы паўстае Бернар: ён слухае Бальёна, а дужай валасатай рукой трымае над шклянкай бутэлечку з лякарствам. Ён не заўважае, што каплi Фаўлера адна за адной падаюць i падаюць у ваду. Бернар залпам выпiў шклянку, размораная спёкай Тэрэза i не падумала нават папярэдзiць яго, што ён выпiў двайную дозу лякарства. Усе ўсталi з-за стала, толькi адна яна засталася i чысцiла свежы мiндаль. Яе зусiм не хвалявала i не цiкавiла гэтая агульная трывога: усе яе думкi былi засяроджаны на ўласнай драме. У звон вырашылi не бiць. Бернар нарэшце вярнуўся. "Ну хоць раз ты розум мела, што не хвалявалася, - гарыць далёка, каля Мано... - Потым спытаўся: - А каплi я пiў?" - i, не дачакаўшыся адказу, накапаў у шклянку лякарства. Тэрэза прамаўчала - можа, ад ляноты, можа, ад стомы. Чаго яна чакала, на што спадзявалася ў тую хвiлiну? "Не можа быць, каб я наўмысна тады маўчала!"
   Мiж тым i ноччу, калi Бернара пачало рваць i ён страшэнна пакутаваў i плакаў, а доктар Педмэ пацiкавiўся ў яе, што адбылося днём, яна нiчога не сказала пра тое, што здарылася ў сталовай. А было ж так лёгка, не кiдаючы на сябе нiякага ценю, сказаць доктару, што муж прыняў залiшне многа лякарства. Яна магла б сказаць штосьцi накшталт гэтага: "Вы ведаеце, тады да мяне неяк i не дайшло... Мы ўсе надта перапалохалiся гэтага пажару... Але цяпер я амаль упэўнена, што ён прыняў двайную дозу..." Аднак яна прамаўчала. I цi было ў яе хоць якое жаданне сказаць пра гэта? Чорная задума, якая без яе ведама зарадзiлася на снеданнi, пачынала ўсплываць з патаемных глыбiнь душы... Намер гэты яшчэ не меў ясных форм, але быў ужо напалову асэнсаваны.
   Калi доктар паехаў, яна доўга глядзела на Бернара. Той нарэшце заснуў. У галаве панавалi ўжо новыя думкi: "А дзе доказ, што захварэў ён ад таго? Можа, у яго прыступ апендыцыту цi iнфекцыйнага грыпу? Але ж няма iншых сiмптомаў..."
   Праз дзень Бернар быў ужо на нагах. "Вельмi можа быць, што прычынай хваробы было iменна тое". I ўсё ж поўнай гарантыi яшчэ не было. А яе так хацелася мець... "Я зусiм не адчувала, што я ў палоне страшнага спакушэння. Проста мне трэба было задаволiць маю трохi небяспечную дапытлiвасць. I ў першы дзень, - калi я, чакаючы Бернара, накапала ў яго шклянку лякарства, - колькi я паўтарала сабе: "Адзiн раз, толькi адзiн разочак, каб быць пэўнай... Адзiн толькi раз - i ўсё! Больш нiколi..."
   Цягнiк запавольвае ход, дае доўгi гудок. У цемры мiльганула два цi тры агнi: станцыя Сэн-Клер. Што ж, больш няма чаго ўспамiнаць: Тэрэза паляцела ў бездань злачынства. Што было пасля - Бернар i сам добра ведае. Зноў нечакана вярнулася тая хвароба, тыя ж рвоты i болi... Дзень i ноч дзяжурыла Тэрэза каля яго пасцелi. Ужо i сама выбiлася з сiл. Есцi нiчога не магла. Бернар нават угаварыў яе паспрабаваць лячыцца кроплямi Фаўлера, i яна ўзяла рэцэпт у доктара Педмэ. Бедны доктар! Ён нiяк не мог уцямiць, чаму Бернара рве гэтай зеленаватай вадкасцю. I ён нiколi не даў бы веры, што можа быць такая неадпаведнасць памiж пульсам хворага i яго тэмпературай. Не раз даводзiлася яму бачыць паратыфозных хворых. У iх быў замаруджаны пульс пры высокай тэмпературы. Але як вытлумачыць гэты часты, няроўны пульс пры панiжанай тэмпературы? Хутчэй за ўсё - гэта iнфекцыйны грып. Калi гэта на самай справе грып, тады ўсё зразумела.
   Мадам дэ ля Траў хацела выклiкаць да Бернара якога-небудзь вядомага ўрача, але яна баялася пакрыўдзiць доктара Педмэ, гэтага даўняга сябра сям'i. Ды тут яшчэ i Тэрэза сказала, што з'яўленне медыцынскага свяцiлы магло б напалохаць Бернара. Аднак у сярэдзiне жнiўня, пасля аднаго асаблiва цяжкага прыступу, доктар Педмэ сам выказаў жаданне параiцца з кiм-небудзь са сваiх аўтарытэтных калег. Але, на шчасце, праз дзень Бернару стала лепш, а праз тры тыднi ён амаль што зусiм паправiўся. "Вось добра, што не паспелi нiкога выклiкаць, думаў сабе доктар Педмэ. - Падмок бы тады мой аўтарытэт, дый слава чорту лысаму пайшла б..."
   Бернар папрасiў, каб яго перавезлi ў Аржалузу. "Канчаткова мяне паставiць на ногi толькi паляванне на вехiроў", - упэўнена паўтараў ён...
   Цяжка давялося тады Тэрэзе. Цётка Клара не ўставала з пасцелi: яе скаваў рэўматызм. Усе хатнiя клопаты звалiлiся на маладую гаспадыню. А тут яшчэ двое хворых, малое дзiця... Акрамя таго, трэба было за цётку паклапацiцца пра тутэйшых бедалаг. Тэрэза абхадзiла ўсе фермы, заказала лякарствы хворым, плацiла за ўсё са свайго кашалька. Не было калi i сумаваць па тым, што дом у Вiльмiжа на замку. Больш яна не думала пра Жана Азеведа, дый нi пра кога на свеце. Праз доўгi чорны тунель iшла яна ў поўнай адзiноце наперад. Кружылася галава, але яна iшла i iшла, не раздумваючы, як жывёлiна, што рвецца на прастор з гэтага чаду i цемры. Хутчэй выйсцi на свежае паветра! Хутчэй! Хутчэй!
   У пачатку снежня хвароба з новай сiлай навалiлася на Бернара: неяк ранiцай ён прачнуўся ад страшэннага холаду i адчуў, што ў яго адымаюцца ногi... А што было пасля? Вечарам свёкар прывёз з Бардо ўрача. Той аглядзеў хворага i доўга маўчаў. (Тэрэза трымала лямпу, а жонка Бальёна потым успамiнала, што гаспадыня была белая як смерць.) На слаба асветленай лесвiчнай пляцоўцы Педмэ цiха, каб не пачула Тэрэза, тлумачыў свайму калегу, што аптэкар Даркэ паказаў яму два падробленыя рэцэпты, якiя, аднак, былi падпiсаны iм, доктарам Педмэ. На адным нечая злачынная рука напiсала: "Каплi Фаўлера", а на другiм былi выпiсаны даволi моцныя дозы хлараформу, дыгiталiну i аканiцiну. Бальён перадаў iх аптэкару разам з iншымi рэцэптамi. Даркэ засумняваўся, занепакоiўся, што адпусцiў яды, i назаўтра прыбег да Педмэ... Што ж, Бернар усё гэта ведае не горш, чым Тэрэза. Яго адразу адправiлi ў Бардо, у клiнiку, i там яму палепшала. Тэрэза засталася ў Аржалузе адна. Але якой бы глыбокай нi была гэтая адзiнота, да яе даносiўся нарастаючы гул: загнаны ў нару звер ужо чуў наблiжэнне ганчакоў... Яна знемагала, нiбы пасля бясконцага марафону, калi да мэты было ўжо рукой дастаць, а яе раптам бразнулi вобземлю, i яна ўпала як падкошаная...
   Неяк вечарам у канцы зiмы да яе прыязджаў бацька. Як жа ён стараўся ўгаварыць Тэрэзу зняць з сябе абвiнавачаннi i падазрэннi! - "Усё яшчэ можна ўладзiць. Доктар Педмэ згадзiўся забраць з суда сваю скаргу, бо ён нiбыта да канца не ўпэўнены, цi адзiн рэцэпт не напiсаны ягонай рукой. А што да хлараформу, дыгiталiну i аканiцiну, то ён, вядома, не мог выпiсаць iх у такiх вялiкiх дозах. Ну, а раз у крывi хворага гэтыя рэчывы не выяўлены..."
   Размова тая адбывалася ў цёткi Клары. Лямпы не запальвалi. Водблiскi агню з камiна напаўнялi халодны пакой дрыготкiм святлом. Тэрэза, нiбы вучанiца, якая пераказвае вызубраны ўрок, гаварыла цiхiм манатонным голасам (Божа! Колькi бяссонных начэй паўтарала яна гэты ўрок сама сабе!):
   - Я спаткала на дарозе нейкага нетутэйшага чалавека. Ён сказаў, што ведае, што я пасылаю чалавека ў аптэку па лякарствы, i папрасiў узяць ад яго рэцэпт. Сам ён быў вiнаваты аптэкару грошы i не хацеў там паказвацца. Ён не пакiнуў мне свайго адраса, абяцаў сам прыйсцi i забраць лякарствы...
   - Тэрэза! Прыдумай што-небудзь другое! Прашу цябе, дзеля нас усiх, дзеля сям'i! Прыдумай што-небудзь!..
   Бацька ўпарта, зноў i зноў паўтараў свае просьбы. Глухая цётка адчула смяротную небяспеку, што навiсла над Тэрэзай, i прыўзняла галаву ад падушкi: "Што ён табе кажа? Чаго ён хоча? Чаму табе хочуць зрабiць нешта нядобрае?" Тэрэза знайшла ў сабе сiлы ўсмiхнуцца цётцы, пагладзiць яе рукi, а сама, як дзяўчынка на ўроку закону божага, усё паўтарала: "Сустрэла на дарозе чалавека. Ужо сцямнела, i я не разгледзела яго ў твар. Ён не сказаў мне, на якой ферме жыве... А нядаўна вечарам ён прыходзiў i забраў лякарствы. Як на тое, дома нiкога не было i нiхто яго не бачыў".
   IX
   Вось i Сэн-Клер. Тэрэза выйшла з вагона, яе нiхто не пазнаў. Пакуль Бальён забiраў рэчы, яна прашмыгнула памiж штабелямi дошак, абышла станцыю i выйшла на дарогу, дзе стаяў фаэтон.
   Цяпер гэты фаэтон быў яе адзiным прытулкам. Тэрэза больш не баiцца сустрэць каго-небудзь у такi познi час на гэтай калдобiстай дарозе. Аднак гiсторыя яе жыцця i злачынства, адноўленая ў памяцi з такой цяжкасцю, пацярпела крах: нiчога не засталося ад падрыхтаванай споведзi. Ёй няма чаго сказаць у сваю абарону... Нiводнага разумнага доваду... Застаецца толькi адно: маўчаць i адказваць на пытаннi. А ўрэшце, чаго ёй цяпер баяцца? Ноч гэтая пройдзе, заўтра ўзыдзе сонца, яна ўпэўнена, што выцерабiлася з гэтай бяды, што б там далей нi здарылася. Горш за гэтую абыякавасць, за гэтую адарванасць ад усяго свету i нават ад сябе самой - горш за гэта ўжо нiчога быць не можа... Вось i сутыкнулiся ў адной iстоце жыццё i смерць, i Тэрэза ўжо адчувала смерць, як толькi гэта можа адчуваць жывы чалавек...
   Вочы яе прывыклi да цемры, i Тэрэза на паваротцы дарогi пазнала ферму, нiзкiя пабудовы якой былi падобныя на вялiзных сонных жывёлiн. Тут некалi Анна заўсёды палохалася сабакi, якi кiдаўся пад колы яе веласiпеда. Крыху воддаль ад дарогi ў лагчыне рос алешнiк, дзе ў самыя спякотныя днi халадок асвяжаў расчырванелыя шчокi сябровак. Дзяўчынка на веласiпедзе, яе ўсмешка, белыя зубы, капялюшык ад сонца, дзiньканне веласiпеднага званка i радасны голас: "Глядзi! Я пускаю руль i еду без рук!" - усё гэта яшчэ захоўвае памяць... I гэта ўсё, што застаецца ад перажытага!... I гэта ўсё, ад чаго можа спачыць ушчэнт змучанае сэрца!..
   I ў такт цоканню капытоў конiка, што бяжыць трушком, Тэрэза машынальна паўтарае: "Марнае маё жыццё - нiкчэмнае маё жыццё - адзiнота бязмерная мая няўцешная доля мая". Ах, ёсць адзiнае, што можа ўратаваць... Але хiба Бернар на гэта здольны?.. О, калi б ён сустрэў яе з адкрытымi абдымкамi i нiчога не пытаўся!.. О, калi б магла яна прытулiцца галавой да чалавека i адчуць яго жывое цяпло!..
   Вось i той узгорак жытняга поля, дзе калiсьцi ў гарачы дзень сядзеў Жан Азеведа. А яна ж тады паверыла, што ёсць на свеце такое месца, дзе яна магла б расквiтнець, - сярод людзей, якiя зразумеюць яе, магчыма, будуць захапляцца ёю i дарыць ёй сваю любоў! Але адзiнота навалiлася на яе, як балячкi на пракажонага: "Нi для мяне, нi супраць мяне нiхто ўжо нiчога зрабiць не можа".
   - А вунь i нашы насустрач iдуць.
   Бальён нацягнуў лейцы. Два ценi наблiжалiся да фаэтона. Бернар - ён жа яшчэ зусiм слабы... А ўсё ж такi выйшаў сустракаць... Мусiць, хоча хутчэй пачуць, чым усё скончылася... Тэрэза высоўваецца з фаэтона i яшчэ здалёк крычыць: "Справа спынена!" А ў адказ гучыць сухая рэплiка: "Ды хiба магло быць iнакш!" Бернар дапамог цётцы Клары залезцi ў фаэтон, сам узяў лейцы, а Бальёну сказаў iсцi пехатой. Цётка Клара села памiж Бернарам i Тэрэзай. Давялося крычаць ёй у самае вуха, што ўсё абышлося добра i справа ўладзiлася (старая дагэтуль мела даволi цьмянае ўяўленне пра ўсю гэтую драму). Як звычайна, цётка пачала гаварыць, гаварыць без перадыху: "У iх толькi адна тактыка, - гнеўна паўтарала яна, - i цяпер зноў пачынаецца справа Дрэйфуса*. Паклёп - на гэта яны майстры! Ну што ж, паклёпнiчайце, але ведайце, што праўды не схаваеш. Сiлы ў iх хапае, i дарэмна рэспублiканцы перасталi трымаць вуха востра. Iм адно дай паблажку, i гэтыя смярдзючыя жывёлiны добрага чалавека з вантробамi з'ядуць..." Тэрэза з удзячнасцю слухала цётчыну гамонку: хоць на нейкi момант адцягвалася страшная, непазбежная размова з мужам...
   * Судовая справа па несправядлiвым абвiнавачаннi ў шпiянажы на карысць Германii афiцэра французскага Генеральнага штаба Альфрэда Дрэйфуса (1859-1930). Нягледзячы на адсутнасць доказаў, ваенны суд прыгаварыў А.Дрэйфуса ў снежнi 1894 г. да пажыццёвай катаргi, але пад актыўным нацiскам перадавых рабочых, сацыялiстаў, прагрэсiўнай iнтэлiгенцыi ён быў памiлаваны (1899), а потым поўнасцю рэабiлiтаваны (1906 г.).
   Потым цётка Клара, цяжка дыхаючы, падымалася па лесвiцы. У руках у яе быў падсвечнiк з запаленымi свечкамi:
   - А вы што, яшчэ не будзеце класцiся? Тэрэза, ты ж, пэўна, стамiлася. Там мы пакiнулi табе талерку булёну i халодную курыцу.
   Бернар i Тэрэза ўсё яшчэ стаялi ў прыхожай. Старая бачыла, як Бернар адчынiў дзверы ў гасцiную, прапусцiў наперад Тэрэзу i сам пайшоў следам. О, калi б яна не была глухая!.. Яна абавязкова цiхенька падышла б да дзвярэй i ўсё падслухала!.. А так нiхто i не думае яе асцерагацца: жывая, а нiбы замураваная... I ўсё ж цётка патушыла свечкi, вобмацкам спусцiлася на першы паверх i зiрнула ў замочную шчылiну: Бернар якраз перастаўляў лямпу. Яго ярка асветлены твар меў нейкi напалоханы i адначасна ўрачысты выгляд. Тэрэза сядзела спiной да дзвярэй. Яе палiто i капялюшык ляжалi на крэсле. Ад яе мокрых боцiкаў, што стаялi каля камiна, iшла пара. На iмгненне яна павярнулася тварам да мужа, i старая з радасцю ўбачыла, што Тэрэза ўсмiхаецца.
   Так, Тэрэза ўсмiхалася. За тыя кароткiя хвiлiны, пакуль яна iшла побач з Бернарам ад канюшнi да дому, ёй раптам стала ясна, як трэба сябе паводзiць: адно толькi наблiжэнне гэтага чалавека ўшчэнт разбiла ўсялякую надзею, што ён выслухае, зразумее яе... Як мяняюцца ў разлуцы нашы ўяўленнi пра людзей, якiх мы добра ведаем! На працягу ўсёй гэтай паездкi яна падсвядома прымушала сябе ствараць у душы новы вобраз Бернара, здольнага зразумець цi хоць паспрабаваць зразумець... А ўбачыла яго такiм, якiм ён i быў у сапраўднасцi, - чалавекам, якi нiколi, нi разу ў жыццi не паставiць сябе на месца другога i не паспрабуе нават убачыць тое, што бачаць другiя... I ўвогуле, цi будзе ён яшчэ слухаць яе?.. Ён хадзiў узад-уперад па вялiкiм сырым пакоi. Пад яго нагамi патрэсквала падлога. На жонку не глянуў нi разу. Ён быў увесь заняты тым, што ўжо даўно абдумаў i што павiнна было вось-вось прагучаць. Зрэшты, Тэрэза таксама ўжо ведала, што яна зараз скажа яму. Самае простае выйсце - гэта тое, над якiм яны нiколi i не задумвалiся. Яна збiралася сказаць: "Я пайду, Бернар. Пра мяне не турбуйся. Калi хочаш, я пайду зараз жа i знiкну ў начным змроку. Нi лес, нi цемра мяне не палохаюць. Гэта мае старыя сябры. Я была створана па вобразу i падабенству гэтага бясплоднага чэзлага краю, дзе няма нiчога жывога, акрамя пералётных птушак ды дзiкоў. Можаш выкраслiць мяне са свайго жыцця. Спалi ўсе мае фатаграфii. Няхай мая дачка нiколi не пачуе iмя сваёй мацi. Няхай уся ваша сям'я лiчыць, што мяне i не было нiколi..."