Страница:
Галас неахвотна пабег за мною, правёў мяне за кладку; але як толькi я ўвайшоў у лес, мой Галас пачаў адставаць: сядзе на дарозе i сядзiць. А калi я аглядаўся, ён махаў хвастом, як-бы хацеў сказаць, што ў яго няма ахвоты iсьцi зы мною.
Галас зрабiў мне яшчэ адну цi дзьве ўступкi i сяк-так дайшоў да лесу. Але тут ён спынiўся каля першых хвояў, доўга нюхаў зямлю i ўжо не падымаў на мяне галавы, як я яго нi клiкаў. Панюхаўшы, Галас азiрнуўся вакол, штось разважаючы, трушком пабег краем лесу i зьнiк.
- Ну, я-ж табе пакажу! - патрос я дубiнкаю ў бок Галаса i пайшоў далей.
Гэтае здарэньне крыху парушыла той добры настрой, у якiм быў я, выходзячы з дому.
Перш-на-перш мне было крыўдна: тая асоба, якую лiчыў я сваiм прыхiльным сябрам, якую ня раз частаваў я вялiкiмi кавалкамi аладак i хлеба, за што мне часта пападала ад старэйшых у доме, аказалася зусiм не такою, як гэта я думаў. Але пачуцьцё крыўды скора прайшло, бо я меў натуру незлапомную, i яно зьмянiлася пытаньнем: чаму Галас не пабег за мною?
Цi ня лiчыць ён мяне такiм нiкчэмным, што iсьцi зы мною празь лес па глухой дарозе ён проста не адважваецца па той прычыне, што я не магу даць нiякай забясьпекi?
Гэтыя пытаньнi ўжо датыкалiся майго гонару, i я, прызнацца, крыху ўськiпеў.
Я сьмела кiнуў вачыма на лес, мацней сьцiснуў у руцэ сваю дубiнку i яшчэ шпарчэй стаў перабiраць нагамi, падымаў дубiнку i стукаў ёю шмат болей, чым вымагалася ўмовамi хады. Затое-ж я чуўся сьмялей i гэтым дадаваў сабе той храбрасьцi, якой, на жаль, у мяне бракавала.
А лес быў стары i глухi. Па адзiн бок дарогi стаялi больш елкi, але такiя цёмныя i панурыя, што нiчога добрага не казалi майму сэрцу.
Чым далей падаваўся я ў гэты лес, тым усё больш глушэла. I галасы птушак, што так звонка несьлiся з ускраiны лесу, цяпер змоўклi. Або iх тут ня было, або яны проста не адважвалiся падаваць голасу. Скарэй за ўсё баялiся, бо птушкi наагул тут пападалiся. А самы лес рабiўся больш i больш няпрыхiльным, чужым, незнаёмым i, што горш за ўсё, варожым. Калi я пазiраў у бок лугу, якi прасьвечваўся скрозь галiны лесу, мне было крыху весялей. Але як толькi я кiдаў вочы ў процiлеглы бок, асаблiва на гэта Паляшукова балота, я адчуваў сябе не па сабе. Там цягнуўся вялiкi лес, густы i стары. I пазiраў ён на мяне зусiм ня ласкава. Ён быў пахмурны, i як мне здавалася, ня любiў, калi ў яго ўладарства заходзiць такi вузел, як я.
IV
Цяпер я адчуў, што гэта дарога не такая i лёгкая, якою здавалася яна мне дома. I мне зноў успомнiўся Галас. Чаму ён не згадзiўся iсьцi зы мною празь лес? Цяпер я зразумеў, што Галас, напэўна, счуў воўчыя сьляды, калi ён так доўга затрымаўся каля першых хвояў, адкуль i вярнуўся дадому. Мне стала маркотна i сьцiшна. А гэта дубiнка, якою я так казырыўся на печы, здалася мне проста сьмяхотнай.
Я прайшоў яшчэ крокаў сто. Па правай руцэ цягнуўся ельнiк уперамешку з маладымi хвоямi, а зь левага боку пачынаўся бярэзьнiк. Тут пачыналася дарога на Млыновiшча.
I толькi зiрнуў я ў кут мiж гэтых дарог, як адразу спынiўся i аслупянеў. Валасы на галаве сталi падымацца i расьцi, шапка насунулася на вочы, а ногi страцiлi здольнасьць руху. Скура на мне шорхнула, сэрца замлела...
Сярод старых бярэзiн, нагнутых тоўстымi камлямi над зямлёю i абросшых сiвым мохам, стаяў зьвер! Зьвер гэты быў нязвычайнай вялiчынi. Асаблiва вялiкай была яго галава i наагул увесь перад. Масьцi ён быў шэрай, шэрсьць меў кудлатую i доўгую. Першы момант аняменьня i адзервяненьня прайшоў, i думкi мае пачалi крыху варушыцца. Я навет перастаў адчуваць уплыў страху i цiхенька, зусiм бяз слоў, засьпяваў пра сябе песьню:
Ходзiць сьвекар па двару,
Расчасаўшы бараду.
Чаму яна, гэта песьня, прыйшла цяпер мне на памяць, я не магу растлумачыць.
А зьвер стаяў на адным месцы, загарадзiўшы мне дарогу. Ён стаяў нярухома, толькi зрэдку, i ледзь прыкметна, варушылася яго страшная галава i вялiзарныя вушы. Думкi аб тым, як разьмiнуцца з гэтым зьверам i як занесьцi дзядзьку полудзень, у мяне ня было, бо я цьвёрда ўпэўнены быў у тым, што далей таго месца, дзе я стаю цяпер, ня зрушуся нi на адзiн крок. Разгледзеўшы зьвера, я пераканаўся, што гэта быў воўк. Я колькi разоў бачыў воўка, але такога вялiкага i страшнага мне не даводзiлася нiколi сустракаць.
"Чаго-ж ён так узiраецца на мяне? Чаму ён ня кiдаецца i не хапае?... Эх! Галас, Галас! Чаму ты не пабег зы мною?"
Мяне ахапiў нейкi жаль, i я гатоў быў заплакаць. Мне так шкада стала свайго дому, мамы, таты, братоў i сясьцёр! А воўк як-бы насьмiхаецца зь мяне, стаiць, пазiрае, зачароўвае мяне сваiм зьвярыным поглядам.
Мiмаволi я пачаў памаленьку адступаць назад, ня спускаючы вачэй з воўка. Воўк нiчога - стаiць. Мне стала крыху лягчэй. Я ступiў назад - яшчэ, яшчэ. Ужо крокаў дваццаць адышоўся я такiм парадкам. Воўк ледзь-ледзь вiдаць, але не варушыцца.
Павярнуўся тады я, - у ваднэй руцэ палка, у другой збан зь дзядзькавым полуднем, i як засмалiў, як прылёг! Азiрнуўся толькi тады, калi зь лесу пачала выплываць наша хата. Тут я спынiўся, пайшоў цiха i важна, думаючы аб тым, як павесьцi дома апавяданьне аб гэтым выпадку.
На дварэ мяне сустрэў Галас i кiнуўся да мяне.
- Iдзi, iдзi! Я цябе пачастую!
I як толькi Галас хацеў падскочыць, каб лiзнуць мяне ў твар, я злосна штурхнуў яго нагою.
- Чаму-ж ты вярнуўся? - спытала мама.
Я стаў расказваць, што было ў дарозе. Мацi слухала мяне ўважлiва. А як вечарам прыйшоў зь лесу мой тата i сказаў, што ў Пятровiчах (якраз недалёка ад месца, дзе быў гэты выпадак) воўк патрывожыў пастухоў i авечак, то ўсе ў нас дома пераканалiся, што я сапраўды спаткаўся з воўкам.
* * *
Тыднi праз два давялося мне зноў iсьцi па гэтай дарозе. Але цяпер я быў не адзiн - я iшоў на крок ззаду за сваiм бацькам. Прыйшоўшы на гэтае самае месца, я зiрнуў туды, дзе стаяў воўк.
I што-ж вы думаеце?
Гэты самы воўк стаяў i цяпер!
Нiчога не сказаў я свайму бацьку, iду i пазiраю.
Дасьце веры: гэта была старая крывая бярэзiна, абросшая мохам i нахiленая над долам!
Я баяўся сьмеху i нiкому не сказаў аб гэтай памылцы, i толькi цяпер, мае дарагiя, прызнаюся вам ува ўсёй гэтай праўдзе.
Якуб Колас
ЯК ПТУШКI ДУБ РАТАВАЛI
Напэўна не скажу, над якою рэчкаю векаваў стары дуб: цi то над Нёманам, цi то над Сьвiслаччу. Ды гэта не мяняе сутнасьцi справы. Важна тое, што няўзнакi год за годам на дуб навальвалася старасьць. Верхавiна яго лысець пачала, i ўжо некалькi голых, як пальцы рук, галiн, нiбы сьвечкi, высока сьвяцiлiся ў небе. Вакольнае насельнiцтва - лазовыя кусты, круглаверхiя вербы, старадрэвiны, хвоi з краю лугу i маладое пакаленьне дубоў зь iх жыхарамi - не маглi не заўважыць, што шматгадовы дуб над рэчкаю пачынае паддавацца старасьцi. Гэта акалiчнасьць выклiкала ў самых наглядальнiкаў невясёлыя думкi аб сваiм уласным лёсе. А важней за ўсё - шкада было старога дубу, усе да яго папрывыкалi, любiлi грозны шум яго ў часе летнiх навальнiц. Наагул прыемна было глядзець, як дуб ваяваў з бурамi i непагодамi, не кланяўся iм, а стаяў моцна. Галiны i лiсьце на галiнах былi зялёныя, сакаўныя, поўныя жыцьця. Здавалася, i зносу ня будзе асiлку-дубу. I раптам такая, прыкрая праява: захварэў дуб i павольна засыхае!
Сарока, зразумеўшы думкi лазовых кустоў, першая зачычыкала, зашыкала, забалбатала на ўсе галасы:
- Чуеце, чуеце! Дуб старэе! Дуб старэе! Недалёка час, калi ён, небарака, рухне на дол!
На крык сарокi адгукнулiся галкi, вароны, сiваваронкi, гарласты драч, бакас-музыкант, чапля i шмат iншых птушак. Да iх далучыўся паважны крумкач. За даўгавечнасьць, за веданьне жыцьця, за мудрасьць адны называлi яго прафэсарам, другiя - акадэмiкам. Усё птацтва, як па сыгналу, сабралася каля дубу, пад дубам i на самым дубе.
- Ой, што-ж сталася з дубам, суседачкi мае! - трашчэла сарока.
- Такi дзябёлы, такi моцны, i - на табе! Засыхае, бедненькi, - журылiся сiваваронкi.
Некаторы час каля дубу стаяў такi гармiдар, што, цяжка было разабраць, хто што гаворыць. Дзюбаты крумкач, седзячы на засохлым дубовым суку, раптам падаў нягромкi голас, але яго ўсе пачулi. Голас гэты быў нейкi зусiм асаблiвы, гарлавы, нiбы ён зарадзiўся ўнутры вальляка i там заграз. Цяжка было дакладна азначыць голас мудрага крумкача. Голас гэты нагадваў словы "грруп", "крруп", "крум". А некаторым навет здалося, што крумкач выразна вымавiў: "труп". На гэты час падляцелi сюды сойка, дрозд i галуб.
- А матачкi мае! - у роспачы цiха прамовiла сойка: - гэта-ж ён варожыць, што памрэ дуб i ад яго астанецца труп!
- Не, ня гэта гаворыць мудры прафэсар, - уставiў слова галуб: - прафэсар дае параду, што хвораму дубу трэба круп, грэцкiх цi прасяных.
- Вы не разумееце слоў прафэсара, бо ён гаворыць па-лацiнску, - заўважыў дрозд.
- Цiха вы! - зашыкала сарока: прафэсар хоча сказаць прамову!
- Акадэмiк, - паправiла яе сiваваронка.
I запраўды, крумкач заварушыўся, лапануў крыльлямi, зьляцеў на самыя нiзкiя дубовыя сукi, сеў i акiнуў вокам усю птушыную грамаду. Грамада зацiхла, замерла.
- Крак! - цiха пачаў сваю прамову крумкач, так цiха як звычайна пачынаюць свае выступленьнi акадэмiкi на вучоных прэзыдыюмах.
- Ясна ўсiм, шаноўнае птушынае гразмадзтва, - казаў далей крумкач, - наш глыбокапаважаны дуб хворы: галава яго аблысела, а зьнiзу пачало ўтварацца дуплё. Трэба дасьледваць, у якiм стане знаходзiцца сэрцавiна дубу. Папрашу вас, шаноўнае птацтва, пашукаць дзятла i запрасiць яго сюды. Дзяцел, як вядома вам, - выдатны хiрург, добры доктар i прыяцель дрэва.
Цэлыя чароды птушак шуганулi ў лес, каб знайсьцi дзятла. Знайсьцi яго было ня цяжка: дзяцел сядзеў на дрэве i выстукваў аднастайныя гукi, нiбы тэлеграфiсты перадаваў тэлеграму. Птушыная грамада абкружыла дзятла.
- Мiленькi ты наш! - зьвярнулася да дзятла галка: - прыляцелi мы да цябе ад птушынай грамады.
- Дуб стары занядужаў, той, што стаiць над рэчкаю, - далучыўся да галкi дрозд. - Слаўны дуб, i ты, дзятлiк, прылятаў да яго ў госьцi. А што да мяне, дык лепшай пазыцыi для музыкi, як на гэтым дубе, нiдзе няма. Дык патурбуйся, будзь ласкаў, i адведай хворага. Усе мы просiм цябе.
Дзяцел прыпынiў сваю работу i сабраўся ў дарогу. Дарога, праўда, была нядоўгая, ды дзяцел па часьцi лётнiцтва не вялiкi мастак: падляцiць трохi ды прысядзе, а разам з гэтым у сiлу сваёй прафэсii зiрне на адно, на другое дрэва. Нарэшце, усё-ж такi дзяцел з птушкамi-пасланцамi прыбыў да старога дубу. Не сьпяшаючыся, як i належыць старому доктару, дзяцел агледзеў усе дубовыя галiны i невялiкiя дуплiнкi. Агляд рабiў уважна, старанна, залазiў сям-там i ў самае дуплё. Часамi ён, нiбы доктар-нэўрапатолёг, стукаў сваёй доўгай i войстрай дзюбай-малаточкам па дубовай кары, па галiнах. Птушкi з замiраньнем сэрца сачылi за кажным спрактыкаваным рухам дзятла i дзiвiлiся яго ў высокай ступенi спрытным дакторскiм прыёмам i захоўвалi ўрачыстае маўчаньне. Нарэшце, дзяцел скончыў агляд хворага, пасьля чаго, як спрытны акрабат, зрабiў на дзiва прыгожы паварот на пальцах сваiх лапак.
- Дуб хворы, але не настолькi, каб можна было трывожыцца за яго жыцьцё. Дубу патрэбен поўны спакой. Усе дзiркi, што вядуць у нутро дубу, трэба пазатыкаць, а разам з тым паклапацiцца, каб паўночныя i ўсходнiя вятры ня турбавалi старога дубу. А больш за ўсё глядзець, каб анi кроплi вiльгацi, цi будзе гэта дождж цi сьнег, не папала ў нутро дубу. Жалуды пазьнiмаць i лiсьце сям-там прарадзiць, каб умацаваць дубу каранi. Ну вось i ўсё.
Дзяцел пакланiўся птушынай грамадзе, сказаўшы на разьвiтаньне "чык", i наладзiўся ляцець у сваю дарогу.
- Дзякуем, дзякуем табе; дарагi доктар! - адказала птацтва i таксама пакланiлася дзятлу. Галуб з драздом падхапiлi дзятла пад крыльлi i так ляцелi зь iм бяз усякiх перасядак да самай дзятлавай рэзыдэнцыi, а потым далучылiся да птушак, што заставалiся каля дубу.
- Кррак! - зьвярнуўся з другою прамоваю да птушак крумкач: - будзем лячыць дуб. Перш за ўсё - павесiць посьцiлку, каб захаваць дуб ад паўночных вятроў. Дзе мы яе возьмем?
- Нарвем дзеразы i такую выштукуем заслону, што дуб аж ахне! - азвалiся сарокi.
- Добра! - згадзiўся крумкач i дадаў: - Трэба-ж i накрыць дуб.
- Мохам накрыем, сухiм, белым, баравым, - закракалi вароны: - такi выштукуем каптур яму, што нi адна кропля не пападзе ў нутро дубу.
- Усе шчылiнкi пазатыкаем, каб нiякая кропля вiльгацi не прасачылася, загракалi сiваваронкi.
Дружна ўзялiся птушкi за работу. Наўперад пастрасалi жалуды на дубе, паабшчыпалi лiсьце, а без жалудоў i бязь лiсьця дуб амаль тое самае, што чалавек без нагавiц. Шырокая посьцiлка-заслона захоўвала дуб ад паўночных i сухiх усходнiх вятроў, хоць яна замiнала дубу пазiраць у далечы, у шырокi сьвет, што дужа вабiў старога дуба. Пазатыканыя шчылiны не прапускалi ў дуб нi вiльгацi, нi кiслароду. А птушкi былi проста шчасьлiвыя, што так апекавалiся дубам.
Застаецца сказаць ня многа, каб закончыць казку.
Прайшла зiма, а за зiмою, як вядома, iдзе вясна. Вярнулiся з выраю буслы. Яны ня прымалi ўдзелу ў лячэньнi i ахове дубу, бо iх ужо ня было тут: яны падалiся ў вырай. Як зiрнулi яны на дуб, дык з гора i зьдзiўленьня ўгару дзюбы пападымалi: што сталася з дубам? На яго лысай верхавiне адзеты быў каптур, як у старой бабкi. З двух бакоў вiселi шырокiя заслоны. Усе акеначкi ў дубовым камлi былi шчыльна пазатыканыя. Буцьвець пачаў стары дуб i, здавалася, ледзь на нагах трымаўся.
- Што сталася з нашым дубам? Што будзе з нашым домам? - гаварыла бусьлiха, закiнуўшы нос высока ўгару.
- Ой, мiлыя! Як апекавалiся над iм! Як лячылi! - адказала буслам сарока-шчабятуха.
- Апекавалiся, лячылi! - з гораччу перадражнiў яе бусел: - заапекавалi i залячылi! Давай, жонка, самi будзем даваць раду нашаму дубу.
Разбурылi яны заслону, сатканую зь дзеразы, ськiнулi з старой галавы дубу каптур, павыцягвалi канапатку з дубовых шчылiн.
Дыхнуў дуб сьвежага паветра, i адразу лягчэй стала яму. А калi прайшоў дождж i напаiў сухое нутро дубу спажыўнаю вiльгацьцю, ён зусiм акрыяў. Зазелянела на iм лiсьце, а пад канец лета на дубе вырасьлi i жалуды.
- Дзякую вам, дзецi мае, - зьвярнуўся дуб да сваiх жыхароў, - вы адсланiлi мне сьвет, i я нiбы другi раз прыйшоў у яго. - А потым усьмiхнуўся i дадаў:
- Усюды i ўва ўсiм трэба мець розум i ведаць меру.
Якуб Колас
СТАКАЗА
Калi абмiнуць мала патрэбныя або зусiм непатрэбныя словы (а iх, нажаль, вельмi многа), дык можна проста сказаць: такое прыгожае возера, з такiмi прывабнымi берагамi - то высокiмi, то адхоннымi з купчастымi дубамi i соснамi на краёх возера - рэдка сустрэнеш.
Надзвычай ясная, спакойная ранiца выдалася ў гэты дзень. Возера лагодна пакалыхвала свае хвалi, i каб пачуць iх шум, трэба было дужа ўважлiва прыслухоўвацца да гамонкi дробных хваляў, што, як срэбра, пералiвалiся на сонцы. I толькi палоска танюсенькай белай пены, нiбы карункi на падоле маладзiцы, пакiдала возера ўздоўж свайго берагу. Тым, хто сядзеў у гэты час над возерам i любаваўся жывым срэбрам яго дробненькiх скалак-хваляў i ўслухоўваўся ў iх музыку, давялося пабачыць надзвычай цiкавы малюнак: зь пясчанага i няглыбокага дна возера выпаўзалi на бераг дзiўныя зеленаватага колеру нейкiя iстоты, падобныя да вадзяных жукоў. Выпаўзшы з возера, жукi некаторы час нярухома сядзелi на цёплым пясочку... I тут, на вачах, зь iмi адбывалася дзiўная зьмена: шкарлупiна раськiдалася, спаўзала, i з жука выклёўвалася маладзенькая, далiкатная страказа з празрыстымi, бы сьлюда, крыльцамi.
Момант пасядзеўшы, яна разгортвала крыльцы i жвава падымалася ў паветра. Так нараджалася новае стварэньне. Праз пару хвiлiн цэлы рой розных рухавых стракозак закружыўся над возерам i яго берагамi i далёка над полем. Як радасна i весела пачыналася маладое жыцьцё! Здавалася, канца ня будзе яго радасьцi. Стракозкi мiтусiлiся ў паветры, ганялiся адна за другою, лавiлi камарыкаў, сутыкалiся ў паветры. Навет не заўважылi, як сонца пачало сьхiляцца на захад i ўсё нiжэй, нiжэй спускацца над зямлёю, а потым i зусiм схавалася за лесам. У паветры значна пахаладзела, пацягнула вiльгацьцю. Кропелькi яе сталi выступаць на празрыстых крыльцах стракозак, ад чаго i лятаць iм стала значна цяжэй. Страх агарнуў маладых стракозак, бо яны ня ведалi жыцьця - гэта быў першы дзень яго, першы дзень iх веку. Адна стракозка, абцяжараная кропелькамi расы, ледзь-ледзь даляцела да альховага кусьцiка, што стаяў над возерам, i прысела на яго лiсьцiк у самым зацiшным месцы. Яна вельмi перапалохалася i думала, што жыцьцё яе ўжо скончылася. А ноч была сьвежая, халодная. "Канец!" - думала стракозка. Але назаўтра мрок разьвеяўся, пасьвятлела, i нарэшце ўзыйшло сонейка. Яно абсушыла завiльгатнелыя крыльцы стракозкi, што прытулiлася на альховым кусьцiку над возерам. Яна акрыяла. Да яе вярнулася жыцьцёвая сiла. Мала паслухмянымi лапкамi яна пасьцiрала рэшткi расы на крыльцах. Вядома, ёй дужа памагло сонца. Стракозка зусiм ачуняла. Яна пачула сiлу, i ёй захацелася пагуляць, пакружыцца ў паветры, дзе ўжо мiтусiўся цэлы рой стракозак.
Наступны вечар, мрок, вiльгаць i прахалода ўжо не палохалi яе, бо яна ведала, што надыйдзе новы дзень. I была ўпэўнена, што так будзе i далей i назаўсёды.
Але яна моцна памылiлася, бо таго дасьветчаньня, што прынесьлi ёй два-тры днi добрага надвор'я, было вельмi мала, каб цьвяроза i разумна глядзець на жыцьцё i надалей.
На сьвеце вечнага няма нiчога. Жыцьцё мяняецца. Адна яго форма зьмяняе другую, i так бесьперастанку - такi ўжо закон жыцьця. I гэтак здарылася i тут. Надвор'е зьмянiлася. На неба наплылi хмары i ахiнулi яго. Падзьмуў халодны вецер, некалькi дзён падрад лiлi дажджы. Бедная стракозка, празь меру даверыўшыся альховаму кусту, што стаяў над возерам i на якiм правяла яна некалькi начэй, зусiм акалела ад холаду. Узыйшоўшае праз колькi дзён гарачае сонца ўжо не магло ажывiць зусiм акалелую стракозку. I не давялося ёй ужо весялiцца ў празрыстым паветры. Вестка аб тым, што стракозка загiнула, абляцела бераг шматвяковага возера. Магутны дуб, што стаяў над возерам, сумотна зашумеў сваiм шатрыстым верхам i сказаў:
- Беднае ты стварэньне, стракозка! Чаму ты загiнула бяз часу? А таму, што адным альховым кустом ня можна замыкаць i абмяжоўваць свайго жыцьця. На сьвеце ёсьць шмат прытульных куточкаў i сховiшчаў, дзе можна перачакаць i схавацца ад розных нягодаў.
Якуб Колас
ЖЫЎ-БЫЎ ВОЖЫК
Пачынаецца казачка так:
Жыў-быў вожык у лесе, а потым узяў ды памёр... Ды ня той, пра якога хачу расказаць, а другi, зусiм iншы - вялiкi, стары. А нашага Тупчыка тата злавiў у лесе i прынёс у кiшэнi дахаты. I гэта ня казка, а праўда.
Я быў тады яшчэ такi малы, што навет не хадзiў у школу.
Тупчык быў таксама малы, круглы, як шэры клубок, i калючы.
Тата вярнуўся зь лесу i сказаў:
- Ну, Лёнiк, я прынёс табе яблык.
Ад радасьцi я забыўся, што яшчэ вясна, што яблыкаў яшчэ няма, i ўсадзiў руку ў татаву кiшэню.
- Ай! - ускрыкнуў я, укалоўшы аб нешта пальцы. I хацеў ужо навет плакаць, але тата мой засьмяяўся.
- Дзiвак-чалавек, укалоў ды злуецца! - сказаў ён. - Ды гэта-ж лепей за яблык, ты паглядзi!
I ён выняў зь кiшэнi маленькi калючы клубочак.
Спачатку вожык наш нiяк не называўся. Ён навет разгортвацца не хацеў: як палажылi яго ў куточку, пад маiм ложкам, так i ляжаў. Не на голай падлозе, а на моху. Тата сьцягнуў граблямi iз страхi старога хлява тры купiны моху, паслаў у кутку, i вышла пасьцель.
Мох зялёны, пушысты i цёплы. А шэры клубочак ляжыць на iм i нiяк ня хоча разгортвацца. Я налiў яму ў сподачак малака i паставiў ля самага моху. А вожыку хоць-бы што.
Тады я лёг побач зь iм на падлозе i хацеў ляжаць, пакуль ён не разгорнецца.
На дварэ зьмяркалася i пад ложкам рабiлася цёмна,
- Дурненькi ты, - сказала мама. - Ты яго толькi не чапай, ён i сам малако тваё знойдзе.
I праўда, толькi я лег у ложак, i ў хаце зрабiлася цiха, як у куточку пад ложкам нешта цiхенька заварушылася i пачало вось гэтак чмыхаць:
- Ту-ту-ту-пых! Ту-ту-ту-пых!
А потым па дошках падлогi затупацелi маленькiя мяккiя ножкi.
- А што, не гаварыла я, - сказала мама. - Не палохайце яго, дык ён i малако пачне хлябтаць.
I праўда, мы памаўчалi, i неўзабаве пачулася, што нехта маленькi хлёбча. Ня так, як кот, а так, як парасяты, - плямкае.
- Ой, тата, я пагляджу.
Тата даў мне запалкi. Я цiхенька зьлез на падлогу, укленчыў, нагнуўся пад ложак i выняў з карабка запалку. Але як толькi запалка чыркнула i засьвяцiла, каля сподка я ўбачыў той самы калючы клубочак. Ды ён ужо ляжаў не на моху, а на голай падлозе, i малака ў сподачку было менш, як раней...
Клубок тупацеў усю ноч, i за гэта мы пачалi называць яго Тупчыкам. А за тое, што ён хутка перастаў баяцца i ня згортваўся больш, калi я пазiраў на яго, я нiколi не забываўся даваць яму есьцi.
Спачатку даваў толькi малако, а потым аднойчы разьбiў яму на сподачак яйко. Тупчык лiшне не казырыўся, - панюхаў трошкi i пачаў хлябтаць.
З нашым цюцiкам Мурзай ён не хацеў сябраваць. Як толькi ўбачыць яго - у клубочак, i ўсё. Шчанюк спачатку хацеў панюхаць вожыка: дакрануўся носам да шэрых iголак, заматаў галавой i фыркнуў - не спадабалася. Тады ён прысеў, абняў клубочак лапамi i паспрабаваў яго ўкусiць. Але зноў укалоўся, ды гэтак балюча, што зазлаваў i пачаў уядацца, брахаць. Скакаў, скакаў вакол клубка, а потым яшчэ раз асьмелiўся дакрануцца. Ударыў клубочак лапай, як кот па мячыку, заскуголiў, адбегся i лёг.
"Добрыя гулi, - хацеў ён сказаць, - я забаўляцца з табой хачу, а ты нягодны, колешся".
Ды ён не сказаў гэтага, а толькi лiзаў сваю лапу i скардзiўся, хныкаў.
Вусаты кот Фядот любiў грэцца на сонцы, калi яно сьвецiць у хату. Сядзе на падлозе, нажмурыцца i мурлыча. На Тупчыка ён i глядзець не хацеў, ня толькi што зь iм гуляць. I навет калi клубочак разгарнуўся аднойчы, сам падыйшоў да ката i, наставiўшы лычык, панюхаў, наш Фядот толькi лыпнуў спрасонку вачыма, i ўсё, больш нiчога. Сядзiць сабе, дрэмле, мурлыкае.
Няма зь кiм Тупчыку пасябраваць.
I стала вожыку сумна.
У кухнi нашай жыла квахтуха з куранятамi. Спачатку яны былi маленькiя, нiбы камячкi жоўтага пуху, i ўсё пiшчэлi, дзёўбалi тварог i мiтусiлiся па зямляной падлозе кухнi, як сонечныя зайчыкi. А потым падрасьлi, квахтуха пачала вадзiць iх на двор i толькi начаваць прыходзiла ў кухню. Сядзе пад лавай, затулiць iх крыльлем, яны пацiўкаюць трохi i сьпяць.
I вось Тупчыку стала зайздросна. Уночы ён цiха залез пад квахтуху, прымасьцiўся пад цёплым крылом i давай ад радасьцi варушыцца. Кураняты прачнулiся i зацiўкалi. Квахтуха хацела пашкадаваць iх, мацней прытулiлася крыльлем i раптам закрычала так моцна i так спалохана, што ўсе мы ў хаце прачнулiся.
Як толькi мама запалiла лямпу, мы ўбачылi, што квахтуха ўсхапiлася, сонныя кураняты зь пiскам рассыпалiся па кухнi, а ў кутку, на тым месцы, дзе яны сядзелi, застаўся шэры калючы клубок. Квахтуха пазнала яго, узлавалася i дзюбнула - моцна, балюча.
- Ну, вось, - казала мама, выносячы Тупчыка з кухнi, - вось ты i зарабiў. Бачыш, чаго табе захацелася, жэўжык.
Каб жэўжыку было весялей, я зьняў аднойчы iз сьцяны люстэрка i паставiў яго на падлозе. А ён тупаў па хаце i ўдзень, не баяўся нiкога. Падыйшоў да люстэрка, наставiў лычык, паглядзеў i надзьмуўся. Каб пастрашыць таго, што ў люстэрку. А той, што ў люстэрку, надзьмуўся таксама, i вось яны абодва разам зрабiлi:
- Пых!
Мы засьмяялiся, тата i я, а вожык вельмi зьдзiвiўся. Што такое?.. Паглядзеў, паглядзеў у люстэрца, асьцярожненька дакрануўся чмысiкам да шкла i як быццам усё зразумеў. Адыйшоўся i больш не глядзеўся ў люстэрка.
Тады тата сказаў мне:
- Лявон...
Заўсёды мяне называлi Лёнiкам, але як толькi тата хацеў пагаварыць зы мной, як з дарослым, ён гаварыў мне Лявон.
- Ведаеш што, Лявон, - сказаў ён тады, - давай мы выпусьцiм вожыка, га?
- А навошта? - зьдзiвiўся я.
- Як навошта? Ён пойдзе да iншых вожыкаў.
- Ну й што?
- Як што? Зробiць сабе хатку й будзе сабе жыць. I яму будзе там вельмi добра й весела, ня то што ў нас. Што ты скажаш, Лявон?
- I панясём яго з табой у лес? - спытаўся я.
- Навошта ў лес? Пусьцiм у грады, а ён ужо сам куды захоча, туды й пойдзе.
I мы занесьлi Тупчыка ў вагарод.
... Кажуць, што малы я быў вельмi пацешны, што ў той вечар я выйшаў на вулiцу i там, дзе стаялi мужчыны, сказаў:
- Добры вечар. Хочаце, дык я вам казку скажу.
- Ну, скажы.
I я сказаў:
- Жыў-быў вожык у лесе, а потым узяў ды памёр.
- Што, i ўсё?
- Ну, пэўна-ж усё.
- Дык што-ж гэта за казка?
- А я вам ня казку хацеў расказаць, а праўду.
I кажуць, што я расказаў iм пра Тупчыка, як яму цяпер весела, добра на волi.
Янка Брыль
ВЭТЭРЫНАР
Нашу Сiўку нешта трывожыла. Прыдзеш у хлеў пасьля ночы, дык пад нагамi ў яе кола вытаптана, як ля малатарнi, а сама яна пасусьлена ўся, пад пахамi мокра i грыва паплецена ў коскi, ды гэтак хораша, быццам знарок.
Прабавалi ўсялякай рады. Усiх шаптух абхадзiлi. Адна шаптуха параiла ўзяць чырвонай бульбы зь белымi вочкамi, якая завецца вар'яткай, нацерцi яе на тарку i мазаць Сiўку нанач. Другая параiла, каб апоўначы верхам на Сiўцы аб'ехаць тры разы навакол могiльнiка. Але нiшто не дапамагло.
Узлаваўся наш тата.
- Ну iх, - кажа, - з шаптухамi! Толькi ўсё сала ды крупы зьвёў. Паеду заўтра па вэтэрынара, што ён скажа, паглядзiм.
- Што ён табе паможа, вэтэрынар гэты! - засупярэчыла мама, ды тата сказаў ёй, што "не твая гэта справа", i паехаў. Чакалi мы, чакалi. Мама i стол заслала настольнiкам, i хату разы два перамяла, i хвартух новы падвязала. А ўжо толькi ўвечары лах-лах калёсы: узьязджае наш тата на двор. Уваходзiць у хату, а на руках у яго маленькi сiвенькi козьлiк.
- Вось вам i "вэтэрынар" - кажа тата. Разьвязаў казлу ножкi i пусьцiў яго на падлогу. У козьлiка - рожкi i пад мызачкай ледзь-ледзь пачалася бародка.
- Дык гэта ты - "вэтэрынар"? - скубануў я яго за бародку. А ён таўхель мяне рогам, i мы ўсе ў рогат: i тата, i мама, i я.
- Сiўку трывожыць ласiца, - кажа тата, - мне вэтэрынар сказаў. Казыча кабылу, каб яна бегала, спацела, а тады пот яе смокча. Ласiца вельмi казiнага паху баiцца, адразу ня пойдзе. А шаптухi нямаведама што раiлi. Туманяць вочы, дый толькi.
- Ну, будзем бачыць, - сказала мама тату, - што ты iз сваiм казлом вымудруеш.
А козьлiк, мусiць, ня ведаючы, што аб iм iдзе гутарка, скок на лаву, скок на стол, на ложак, а з ложка на печ. Стаў на комiне ды "ме-е-е-"! Першы раз, такiм тонкiм, дрыжачым голасам.