Флейтыст умольна глядзеў на Мэгрэ. Яму так карцела прапанаваць сакратару яшчэ чарачку, - а можа, i ўдасца ўгаварыць яго! - але ён не пасмеў.
   - У сходных дамах хапае ўсялякай дрэнi. Але ж ад людзей нiчога не ўтоiш. Прыслуга, звычайна, любiць памянташыць языком, дый пастаўшчыкi шмат што ведаюць.
   Машынальна, не ўсведамляючы, што ён, па сутнасцi, змацоўвае свой саюз з флейтыстам, Мэгрэ прамармытаў:
   - Аказваецца, мадэмуазель Жандро не ў Ансевалi, як сцвярджаў яе брат.
   - А дзе ж яна?
   - Раз пакаёўка Жэрмена паехала ў вёску, то, вiдавочна, замест яе мне паказалi ў пакоi Жэрмены напаўраздзетую Элiз Жандро.
   Гэтая новая акалiчнасць прыводзiла Мэгрэ ў замяшанне. Яго юнацтва прайшло пад дахам замка, упраўляючым якога быў ягоны бацька. У iм мiжволi ўкаранiлася павага да слынных, да багатых. Самае цiкавае, што i флейтыст падзяляў яго няёмкасць, даволi доўга маўчаў, апусцiўшы вочы ў шклянку з лiманадам.
   - Вы думаеце? - нарэшце, усхваляваны, запытаўся ён.
   - Ва ўсякiм выпадку, у пакоi служанкi была нейкая таўстушка, ад якой пахла вiном.
   I гэта таксама было няёмка прыгадваць, як быццам ад заможных спадкаемнiц, чые прозвiшчы вялiкiмi лiтарамi красуюцца на сценах метро, не можа патыхаць вiном, як ад вясковых дзевак.
   Абодва, Мэгрэ i Жустэн, замоўклi i, седзячы са сваiмi чаркамi, удыхаючы водар мiмозы, белага вiна i сiтро, адчуваючы патылiцамi ласкавае цяпло сонечных промняў, задумалiся кожны пра сваё. I Мэгрэ ажно ўздрыгнуў, калi голас яго таварыша вярнуў яго да рэчаiснасцi:
   - Дык што ж будзем рабiць?
   Раздзел III
   ПАЧОСТКА ТАТУЛI ПАМЭЛЯ
   "Iнспектарам рэкамендуецца мець фрак, смокiнг i пiнжак, без чаго доступ у пэўныя свецкiя колы будзе ўскладнёны".
   Нiводная з iнструкцый яшчэ не выветрылася з памяцi Мэгрэ. Але гэтыя iнструкцыi былi складзены, вiдаць, вялiкiм аптымiстам. Ва ўсякiм разе, слова "пэўныя" варта было акрэслiць болей дакладна.
   Напярэдаднi вечарам Мэгрэ прымерваў свой фрак з намерам заўтра ж пранiкнуць у тое асяроддзе, дзе бывалi Жандро: хоць бы ў клуб Гоша, да прыкладу, альбо ў клуб Гаўсмана, але хапiла i аднюсенькай заўвагi жонкi, каб вярнуць яму здольнасць зноў разважаць цвяроза.
   - Ну i прыгажунчык ты, Жуль! - усклiкнула яна, гледзячы, як ён любуецца сабой у люстры.
   Яна i не думала кпiць з яго. Наадварот, жонка, несумненна, была зусiм шчырая. Аднак у тым, як яна вымавiла гэтыя словы, ва ўсмешцы яе было нешта такое, што насцярожыла яго i дазволiла недвухсэнсоўна зразумець, што яму не варта i спрабаваць выдаваць сябе за юнага ветрагона.
   На плошчы Бастылii iгралi вячэрнюю зару. Мэгрэ стаяў ля расчыненага акна ўзбоч жонкi, спакойна перагаворваўся з ёю, але чым болей ядранела, тым меней упэўненасцi заставалася ў iм.
   - Разумееш, калi мне ўдасца давесцi справу да канца, то я амаль напэўна траплю на Набярэжную Арфеўр. А калi ўжо траплю туды...
   Пра што большае ён мог яшчэ марыць? Трапiць у Вышукную палiцыю, ды яшчэ ў славутую апергрупу шэфа, як тады называлася група па расследаванню забойства!..
   А для гэтага дастаткова было з поспехам завяршыць распачатае iм следства iнакш кажучы, не прыцягваючы ўвагi, раскрыць глыбока захаваную тайну багатага асабняка на вулiцы Шапталь.
   Спаў ён неспакойна, а калi ў шэсць гадзiн ранiцы падняўся, яшчэ адно з настаўленняў прымусiла яго з iронiяй прыгадаць свой падручнiк.
   "Кепкi, шыйнай хусцiнкi, ношанага пiнжака, як праверана практыкай, зусiм дастаткова для маскiроўкi".
   На гэты раз, калi ён аглядаў сябе ў люстэрку, мадам Мэгрэ i не думала смяяцца:
   - З наступнай палучкi трэба будзе купiць табе гарнiтур, - з пяшчотай сказала яна.
   Якая тонкая хiтрасць! Гэта азначала толькi адно: што яго стары пiнжак выглядаў не лепей, чым тое, што iменавалася яго так званым парадным гарнiтурам. Iнакш кажучы, яму не было анiякай патрэбы ў маскiроўцы.
   I ён толькi надзеў манiшку, завязаў гальштук i прыхапiў кацялок.
   Надвор'е стаяла цудоўнае, як па наўмыснаму заказу дзеля каранаванай асобы, якую сёння павязуць у Версаль. Сотнi парыжан ужо рушылi да каралеўскай рэзiдэнцыi, дзе да вечара ўсе лаўкi вакол палаца будуць закiданы бруднай паперай i парожнiмi пляшкамi.
   Жустэн Мiнар павiнен быў цягнiком адправiцца ў Канфлан на пошукi славутай Жэрмены, пакаёўкi Жандро.
   - Калi яна толькi трапiць у мае рукi, - сказаў ён з мяккасцю, якая заўсёды абяззбройвала, - я ўпэўнены, што яна мне ўсё раскажа. Я i сам не ведаю, у чым тут справа, але людзi заўсёды ахвотна дзеляцца са мной сваiмi тайнамi.
   Не пазней сямi гадзiн ранку Мэгрэ, калi можна так сказаць, узяў пад сваю ўладу вулiцу Шапталь. I ён мысленна павiншаваў сябе, што не надзеў кепку, бо першым, каго ён сустрэў, аказаўся супрацоўнiк з камiсарыята, i той прывiтаў Мэгрэ, назваўшы яго па iменi.
   Ёсць вулiцы, дзе вечна людна, дзе на кожным кроку крамы, кавярнi - там лёгка займацца сочкай. Але вулiца Шапталь, кароткая i шырокая, без нiводнай крамы i амаль заўсёды бязлюдная не адносiлася да iх лiку.
   Усе шторы ў асабняку Жандро-Бальтазараў былi апушчаны. Мэгрэ пастаяў спачатку на адным рагу вулiцы, потым перайшоў на другi. Ён пачуваў сябе даволi няёмка, i першая ж служанка, што выйшла па малако на вулiцу Фантэн, як яму здалося, змерыла яго падазроным позiркам i прыспешыла крок.
   Настаў самы нязручны для яго час дня. Сонца свяцiла ўжо ярка, але было яшчэ халаднавата, а ён, выходзячы з дому, не апрануў плашч. На тратуарах - каб жывая душа. Толькi а палове восьмай адчынiлася тытунёвая крамка на рагу, i Мэгрэ выпiў там шклянку такой кепскай кавы, што яго ледзь не званiтавала.
   Прайшла яшчэ адна служанка з малочным бiтонам, затым другая. Мэгрэ здавалася, што яны толькi-толькi ўсталi з пасцелi i нават не паспелi ўмыцца. То тут, то там сталi расчыняцца аканiцы, жанчыны ў папiльётках выглядвалi з акон i ўсе, як адна, дапытлiва азiралi яго. А ў Жандро па-ранейшаму панавала мёртвая цiшыня, i толькi ў восем з чвэрцю з вулiцы Нотр-Дам-дэ-Лярэт з'явiўся шафёр у бездакорна пашытай чорнай куртцы i пазванiў ля брамы.
   На шчасце, якраз адчынiўся бар "Стары Кальвадос" - адзiная мясцiнка, дзе можна было схавацца ад староннiх вачэй. Бар гэты знаходзiўся на рагу вулiцы Энэр, трошкi ў баку ад асабняка Жандро. Мэгрэ паспешлiва пераступiў парог "Старога Кальвадоса".
   Луi ў паласатым жылеце адчынiў браму, перакiнуўся некалькiмi словамi з шафёрам. Брама заставалася расчыненай, праз яе вiдзён быў залiты сонцам двор, зялёныя газоны i гараж, а па цокату капытоў можна было здагадацца, што тут жа размешчана i стайня.
   - Жадаеце перакусiць?
   Мэгрэ ўздрыгнуў. На яго спакойна глядзеў тоўсты, чырвоны як рак мужчына з маленечкiмi вочкамi.
   - Як вы глядзiце на порцыю каўбасы i куфаль сiдру? Лепей не прыдумаеш, каб замарыць чарвячка.
   Так пачаўся гэты дзень, i сходных яму яшчэ нямала перападзе ў жыццi Мэгрэ, але гэты ўрэзаўся ў яго памяць, як нейкi кашмарны сон.
   Ужо сам прытулак быў даволi незвычайны. На гэтай вулiцы, дзе размясцiлiся прыватныя асабнякi i даходныя дамы, "Стары Кальвадос" быў падобны на правiнцыяльны шынок, якi забылiся знесцi, калi Парыж разросся, захапiў i гэту частку прыгарада. Будыначак быў нiзкi, вузкi. Адна прыступка ўнiз прыводзiла ў даволi цёмны, досыць такi халаднаваты паўпадвальчык з алавянай, да бляску надраенай стойкай. Да пляшак, якiя стаялi на ёй, здавалася, стагоддзi нiхто не датыкаўся.
   Пах таксама быў непаўторны. Iшоў ён, вiдаць, з люка ў падлозе, якi вёў у склеп.
   Адтуль кiсла патыхала сiдрам i кальвадосам, старымi бочкамi i цвiллю, а да гэтага букета прымешваўся яшчэ i кухонны чад. У глыбiнi памяшкання мелася вiнтавая лесвiца, якая вяла наверх, i ўсё разам узятае чамусьцi выглядала, як тэатральная дэкарацыя, а гаспадар - камлюкаваты i каратканогi, з упартым iлбом i маленькiмi блiскучымi вочкамi - сноўдаўся туды-сюды, як акцёр.
   Хiба Мэгрэ мог адмовiцца ад прапановы гаспадара? Праўда, зранку яму яшчэ нiколi не даводзiлася пiць сiдр. Гэта была яго першая практыка, i ён са здзiўленнем адчуў, як прыемная цеплыня разлiлася ў грудзях.
   - Таварыша чакаю! - абвясцiў ён, адчуваючы патрэбу хоць нешта сказаць.
   - А мне што! - адрэзаў гаспадар, пацепваючы шырознымi плячыма, i Мэгрэ стала ясна: ён не верыць нiводнаму яго слову. Ды i ў позiрку яго таiлася такая хiтрынка, што Мэгрэ хацелася скрозь зямлю правалiцца.
   Гаспадар таксама снедаў за прылаўкам, запiваючы тоўстыя скрылi каўбасы сiдрам, i праз чвэрць гадзiны ягоны жбаночак, напоўнены з бочкi ў склепе, быў апарожнены.
   А па двары Жандро няспешна пахаджваў шафёр. Скiнуўшы куртку, ён мыў са шланга аўтамабiль, ад якога вiднелiся толькi пярэднiя колы. Але гэта быў не "дыён-бутон", а чорны лiмузiн з вялiкiмi меднымi фарамi.
   На вулiцы зрэдку паяўлялiся прахожыя: спяшалiся да метро чыноўнiкi, да крам па вулiцы Фантэн праставалi служанкi або гаспадынi.
   Нiхто не заходзiў у "Стары Кальвадос". Тым часам на вiнтавой лесвiцы паказалiся ногi ў чырвоных пантофлях, потым узнiкла кудлатая мадам, якая моўчкi, не сказаўшы нi слова, знiкла на кухнi.
   "Палiцэйскi, якому даручана сочка, ужо не належыць сам сабе; яго паводзiны фактычна абумоўлiваюцца ўчынкамi паднагляднай асобы".
   У акне на другiм паверсе рассунулiся шторы - гэта быў пакой Рышара Жандро. Было роўна дзевяць гадзiн. Гаспадар "Старога Кальвадоса" сноўдаўся па пакоi з анучай у руцэ з такiм выглядам, нiбыта ён знарок робiць гэта, каб не завязваць размову з наведвальнiкам.
   - Нешта познiцца мой прыяцель, - сказаў Мэгрэ, каб парушыць няёмкае маўчанне.
   "Стары Кальвадос" дакладней было б назваць не барам, а рэстарацыяй-сталоўкай. Сталы былi акрыты настольнiкамi ў дробную чырвоную клетку, гэткiя ж шторы вiселi на вокнах. З дзвярэй у глыбiнi пакоя паўзлi ўжо кухонныя пахi i было чуваць, як адна за адной плюхалiся ў вядро абабраныя бульбiны.
   Чаму гаспадар i яго жонка не размаўляюць? З таго часу як жанчына сышла ўнiз, абое яны, дакладней, усе трое - выглядалi так, нiбыта разыгрывалi нейкую дзiўную пантамiму.
   Гаспадар працiраў чаркi i пляшкi, ярасна цёр алавяную стойку, потым нерашуча прыпынiўся ля батарэi глiняных жбаночкаў, выбраў адзiн. Затым рашуча напоўнiў дзве чаркi i, паказваючы на гадзiннiк, што вiсеў на сцяне побач з календаром-рэкламай, прамовiў:
   - Пара.
   Яго маленькiя вочы пiльна прасачылi за тым, як Мэгрэ выпiў прапанаваную чарку кальвадосу; потым глынуў налiтае сабе, прыцмокнуў i зноў узяўся за анучу, якую затыкаў за падцяжкi, калi не карыстаўся ёю.
   А палове дзесятай паднаглядны шафёр апрануў куртку i праз хвiлiну данёсся шум заведзенага матора. Аўтамабiль выехаў з варот i спынiўся ля параднага; праз некалькi хвiлiн з дома выйшаў Рышар Жандро ў шэрым гарнiтуры з гваздзiком у пятлiцы i сеў у чорны лiмузiн.
   Няўжо гаспадар рэстарацыi гэткi разявяка? Цi, наадварот, ён даўно пра ўсё здагадаўся? Ён паглядзеў спярша ўслед аўтамабiлю, якi праехаў мiма, затым перавёў позiрк на Мэгрэ, потым злёгку ўздыхнуў i зноў узяўся за работу.
   А палове дзесятай гаспадар зноў прайшоў за стойку, выбраў чарговы жбанок, налiў дзве невялiкiя чаркi i моўчкi пасунуў адну з iх свайму клiенту.
   Толькi пазней, апоўднi, да Мэгрэ дайшло, што гэта своеасаблiвы рытуал, цi, дакладней, манiя таўстуна. Роўна праз кожныя паўгадзiны яму неабходна было кульнуць чарку кальвадосу - вось адкуль гэтыя барвовыя плямы на твары i вiльготны бляск вачэй.
   - Дзякуй вам, але...
   Яшчэ чаго! Адмовiцца было немагчыма. Утаропiўся позiркам у Мэгрэ, i ў позiрку было столькi ўлады, што ён палiчыў за лепшае не адмаўляцца, хоць i адчуваў, што пачынае ўжо хмялець.
   А дзесятай гадзiне ён спынiўся:
   - У вас ёсць тэлефон?
   - Наверсе, насупроць прыбiральнi.
   Мэгрэ падняўся па вiнтавой лесвiцы i апынуўся ў невялiкiм пакойчыку з нiзкай столлю. Тут стаялi толькi чатыры столiкi, акрытыя клятчастымi абрусамi. Вокны пачыналiся амаль ад падлогi.
   - Кававае аб'яднанне "Бальтазар"... Авеню дэль Опера... Склады... Набярэжная Вальмi... Дырэкцыя... Вулiца Абер...
   Ён пазванiў на вулiцу Абер.
   - Я хацеў бы пагаварыць з Рышарам Жандро.
   - Хто пытаецца?
   - Скажыце, што Луi.
   Амаль адразу ж на другiм канцы провада пачуўся знаёмы голас Жандро:
   - Алё! Луi?
   Голас быў занепакоены. Мэгрэ павесiў слухаўку. Праз акно яму вiдзён быў дварэцкi ў паласатым жылеце. Стаiць чалавек на вулiцы i спакойна палiць цыгарэту. Але неўзабаве чамусьцi заспяшаўся ў дом. Вiдаць, пачуў тэлефонны званок.
   Яму званiў з канцылярыi ўстрывожаны гаспадар.
   Цудоўна! Значыцца, Рышар Жандро цяпер у сваiм офiсе, дзе звычайна праводзiў добрую палову дня. Луi не вяртаўся, але брама па-ранейшаму была расчынена.
   У акне на трэцiм паверсе рассунулiся шторы i паказаўся зусiм юны тварык. Гэта была Мары, дробненькая вастраносенькая пакаёўка з тоненькай, як у абшчыпанага птушаняцi, шыйкай, i ў прыгожым карункавым чэпчыку на пышных валасах. На дзяўчыне была чорная сукенка i фартушок пакаёўкi. Гэткiх дзяўчат Мэгрэ даводзiлася бачыць толькi ў тэатры.
   Каб не выклiкаць насцярожанасцi гаспадара, доўга бавiцца наверсе ён пабаяўся. Сышоў унiз - i якраз наспеў на трэцюю чарку кавальдосу, якая была прапанавана яму з той жа настойлiвасцю, як i папярэднiя. Разам з чаркай гаспадар падсунуў яму i сподачак, на якiм ляжала некалькi скрылiкаў каўбасы.
   - Я з Панфарсi!
   Ён прамовiў гэтыя словы з такой сур'ёзнасцю, нiбыта яны змяшчалi ў сабе нейкi таемны сэнс. Што яны павiнны былi растлумачыць? Шчодрасць на каўбасу? Цi мо людзi з Панфарсi маюць звычай кожныя паўгадзiны выпiваць чарку кальвадосу?
   - Гэта каля Вiра! - дадаў ён. - Дазвольце пазванiць яшчэ раз.
   Было каля паловы адзiнаццатай, i Мэгрэ, ужо асвойтаўшыся з абставiнамi, пачынаў адчуваць сябе вальней i нават весялей. Вiдаць, даволi пацешна было глядзець з вулiцы ў гэтае высознае, ад падлогi да столi, акно, у якiм вiднелiся толькi ногi едакоў.
   - Алё! Дом месье Жандро-Бальтазара?
   На гэты раз азваўся голас злоснага Луi.
   - Папрасiце, калi ласка, мадэмуазель Жандро.
   - Мадэмуазель няма. Хто пытаецца?
   Як i ў першы раз, Мэгрэ павесiў слухаўку i спусцiўся ў залу на першы паверх, дзе гаспадар надзвычай засяроджана выводзiў на грыфельнай дошцы меню, доўга абдумваючы кожнае слова.
   Цяпер шмат у якiх дамах былi расчынены вокны i з iх проста на вулiцу выпыльвалiся дыванчыкi. Немаладая дама ў чорным, з лiловай вуалькай на твары, прагульвала шчанюка, якi прыпыняўся ля кожнага парога i задзiраў заднюю ножку, але нiчога не рабiў.
   - Цi не забыўся, часам, мой прыяцель пра наша спатканне? - з вымушаным смяшком сказаў Мэгрэ.
   Цi паверыў яму гаспадар? Цi здагадаўся, што Мэгрэ з палiцыi?
   У адзiнаццаць гадзiн у двары Жандро з'явiўся фурман; ён там запрог у двухмесную карэту гнядога жарабка. Але ж фурман не заходзiў у браму! Наўрад цi жыў ён у асабняку. Значыць, дзесьцi меўся яшчэ адзiн уваход.
   У чвэрць дванаццатай з'явiўся Фелiсьен Жандро-бацька, - у пiнжаку, у лайкавых пальчатках, светлым капелюшы i з трысцiнай у руцэ. Якiя ў яго адмыслова нафарбаваныя вусы! Фурман памог старому сесцi ў карэту i скiраваў яе ў бок вулiцы Бланш. Несумненна, стары месье адправiўся на пагулянку ў Булонскi лес, а адтуль паедзе снедаць у свой клуб.
   "... iнспектарам рэкамендуецца мець фрак, смокiнг i пiнжак..."
   Мэгрэ агледзеў сябе ў люстра, прымацаванае на стойцы памiж пляшак, i горка пасмiхнуўся. I лайкавыя пальчаткi, канешне? I трысцiну з залатой булдавешкай?! I светлыя гетры да лакавых туфель!
   Як для першай справы, дык яму дужа пашанцавала! Ён змог бы пранiкнуць у любое асяроддзе - да дробных мяшчан, крамнiкаў, бадзяг. I, як здавалася, яму зрабiць гэта было б няцяжка. Але гэты асабняк з параднымi дзвярыма, што здаюцца яшчэ больш унушальнымi, чым дзверы ў храм, гэты мармуровы цокаль, гэты двор, дзе, перш чым запрэгчы пародзiстага жарабка для аднаго гаспадара, мылi лiмузiн для другога!
   Кальвадос! Адступаць не было куды. Ён будзе трымацца да пераможнага канца. Прабудзе тут, у "Старым Кальвадосе", столькi часу, колькi спатрэбiцца!
   Ён не заўважыў, каб мадам Луi выходзiла з двара. Вiдаць, яна не кожны дзень хадзiла за пакупкамi; у доме, мабыць, ёсць запасы. Да таго ж гэтыя арыстакраты, мусiць, снедаюць не дома.
   Жустэну Мiнару пашчасцiла. Ён цяпер у вёсцы. Шукае Жэрмену Бабёф - яе прозвiшча ён даведаўся ад малочнiцы...
   - Вы ж думаеце, што ваша жонка...
   - Гэта не мае значэння.
   А мадам Мэгрэ якраз сёння наважылася наводзiць у кватэры генеральны парадак!
   - "I табе не шкада ўкладаць тут гэтулькi працы? - сказаў ён ёй перад адыходам. - Мы ж тут не зажывёмся! Знойдзем кватэру ў больш прыемным квартале".
   Хто б мог падумаць, што i праз трыццаць год яны па-ранейшаму будуць жыць усё ў той жа кватэры на бульвары Рышар-Ленуар, адно толькi, што жылплошча пабольшае на суседнюю кватэру.
   А палове дванаццатай у "Старым Кальвадосе" з'явiлiся нарэшце першыя клiенты - двое мастакоў у белых камiзэльках, вiдаць, пастаяльцы гэтага бара, таму што адзiн з iх па-свойску прывiтаў гаспадара:
   - Салют, Памэль!
   Яны заказалi гарэлкi, стоячы, выпiлi, адначасова вывучаючы меню, выпiсанае на грыфельнай дошцы, i толькi пасля гэтага селi за столiк ля акна.
   Апоўднi ўсе столiкi былi заняты, i мадам Памэль раз-пораз выплывала з кухнi з падносам у руках, а яе муж у гэты час забяспечваў клiентаў пiтвом, то знiкаючы ў склепе, то паднiмаючыся на антрэсолi. Большасць прысутных былi рабочыя з суседняй будоўлi, але траплялiся сярод iх i рамiзнiкi, чые фiякры стаялi каля тратуара.
   Мэгрэ вельмi хацелася пазванiць месье Лё Брэ, параiцца з iм. Ён зашмат з'еў, зашмат выпiў i адчуваў сябе атупелым, i калi б ён быў цяпер ва Ўазе на месцы флейтыста, то напэўна павалiўся б проста на траву пад якiм-небудзь дрэвам i, закрыўшы твар газетай, соладка падрамаў.
   Ён пачынаў трацiць веру ў сябе, дакладней, у сваю прафесiю, якая часам здавалася яму проста нiкчэмнай. Хiба гэта мужчынская работа - цэлы дзень прападаць у нейкiм "бiстро" i цiкаваць за домам, дзе пануе поўны спакой? Усе яго насельнiкi мелi пэўны занятак. Парыж кiшма кiшыць людзьмi, i большасць з iх ведае, навошта i куды яны спяшаюцца!
   Ва ўсякiм разе, нiхто з iх не быў змушаны праз кожныя паўгадзiны асушваць чарку кальвадосу з нейкiм дзiвакаватым тыпам, вочы якога ўсё больш i больш мутнелi, а ўхмылкi рабiлiся занадта загадкавымi.
   Мэгрэ быў перакананы, што Памэль здзекуецца з яго. А што яму заставалася рабiць? Пайсцi i слупам стаяць пад адкрытым небам навiдавоку ўсёй вулiцы?
   Яму прыгадаўся адзiн непрыемны выпадак, бязглуздая прыгода, якая ледзь не прывяла яго да ўцёкаў з палiцыi. Гэта здарылася гадоў два таму. Ён тады выконваў абавязкi палiцэйскага агента, якому было даручана сачыць галоўным чынам за зладзеямi-кiшэннiкамi, што арудавалi ў метро.
   "Кепка, хусцiнка-кашнэ на шыi, ношаная куртка..." У той час ён яшчэ свята верыў ва ўсе гэтыя iсцiны. Па сутнасцi, i дагэтуль верыў у iх. Дык вось, усё адбылося тады на станцыi метро, што якраз насупраць унiверсальнай крамы "Самарытэн". Ён паднiмаўся па эскалатары. Проста перад iм нейкi тып у кацялку спрытным рухам зрэзаў рыдыкюль у нейкай немаладой дамы. Мэгрэ кiнўўся на яго, выхапiў чорную аксамiтавую сумачку i паспрабаваў затрымаць мужчыну, але той раптоўна залямантаваў:
   - Злодзей! Злодзей! Трымайце злодзея!
   I ўвесь натоўп накiнуўся на Мэгрэ, а тып у кацялку тым часам непрыкметна знiк.
   Цяпер жа яго апаноўвалi сумненнi наконт паказанняў свайго прыяцеля Жустэна Мiнара.
   На трэцiм паверсе расчынiлася акно. Ну i што? Кожны з нас мае права расчынiць акно ноч-апоўнач. Цi мала што?! Хiба няма на свеце лунатыкаў? Хiба людзi часам не крычаць у сне?..
   "Стары Кальвадос" зноў пусцеў. Гаспадар i гаспадыня ад самага ранку так i не перакiнулiся нi словам; кожны рабiў сваю справу маўчком, як у добра адрэпецiраванай пантамiме.
   I вось нарэшце ў дзве гадзiны дваццаць хвiлiн сёе-тое адбылося. Па вулiцы, збаўляючы хуткасць, рухаўся легкавы аўтамабiль - шэры "дыён-бутон", за рулём якога сядзеў мужчына ў тужурцы i вялiкiх акулярах.
   Аўтамабiль не спынiўся ля дома Жандро, павольна праехаў мiма, i Мэгрэ заўважыў, што пасажыраў у iм няма. Кiнуўшыся да акна, ён паспеў разгледзець нумар: "Б.780".
   Даганяць машыну, якая завярнула за рог вулiцы Фантэн, не мела сэнсу. Мэгрэ не скрануўся з месца, сэрца яго калацiлася, -i меней чым праз пяць хвiлiн шэры "дыён-бутон" зноў гэтак жа паволi праехаў мiма дома.
   Павярнуўшыся да стойкi, Мэгрэ ўбачыў, што Памэль пiльна глядзiць на яго, i немагчыма было зразумець, пра што ён думае. Памэль здаволiўся тым, што налiў дзве чаркi i падаў адну свайму клiенту.
   "Дыён-бутон" больш не паказваўся. Недзе ў адным з версальскiх паркаў кардэбалет Оперы ў гэты час паказваў танец нiмфаў святочна ўбранаму натоўпу. Шматтысячны людскi мурашнiк, дзецi на плячах бацькоў, чырвоныя шары, гандляры какосавымi арэхамi i папяровымi сцяжкамi - усё гэта там...
   А вулiца Шапталь зацiхала. Толькi самотны фiякр, праязджаючы па брусчатцы, зрэдку парушаў цiшыню.
   Без дзесяцi чатыры з'явiўся Луi: чорная тужурка паверх паласатага жылета, на галаве - чорны кацялок. На момант прыпынiўся ў парадным, запалiў цыгарэту, самаздаволена любуючыся кольцамi дыму, i нетаропка рушыў у бок вулiцы Фантэн. Мэгрэ бачыў, як ён зайшоў у тытунёвую крамку на рагу.
   Неўзабаве ён выйшаў адтуль i вярнуўся назад. На адзiн мiг яго погляд затрымаўся на шыльдзе "Старога Кальвадоса". Але на вулiцы было занадта сонечна, а ў бары занадта прыценена, так што ён наўрад цi змог бы пазнаць сакратара камiсарыята квартала Сэн-Жорж.
   Чакае некага? Цi проста не ведае, што рабiць?
   Луi дайшоў да рога вулiцы Бланш, i па выразу яго твару можна было здагадацца, што там ён некага заўважыў, - каго iменна, Мэгрэ не мог угледзець, - а затым прыспешыў крок i знiк.
   Мэгрэ ледзь стрымаўся, каб не кiнуцца следам. Але нешта не дазволiла яму зрабiць гэтага. Ён адчуў спiной, як прыкаваў яго да сябе мутны позiрк гаспадара. Яму трэба было неяк абгрунтаваць свае паводзiны, спытаць, колькi ён вiнен, расплацiцца, еле пакуль ён дойдзе да вулiцы Бланш, дварэцкi будзе, вядома, далёка.
   У галаву прыйшоў iнакшы план: спакойна аплацiць рахунак, скарыстаць момант адсутнасцi Луi i забегчы ў дом Жандро, спытаўшы для прыклёпу мадэмуазель Жандро альбо Мары.
   Ён не зрабiў нi таго, нi другога. I пакуль раздумваў, як быць, ад вулiцы Бланш паказаўся фiякр. Рамiзнiк у скураной кепцы ўважлiва ўглядаўся ў нумары дамоў i спынiўся ля асабняка Жандро. Ён цiхамiрна сядзеў на козлах i, здавалася, проста выконваў атрыманае распараджэнне. Лiчыльнiк яго быў выключаны.
   Прайшло не болей дзвюх-трох хвiлiн. З параднага выглянула мышыная пысачка Мары, мiльганулiся яе фартушок i карункавы чэпчык. Затым яна знiкла, але неўзабаве вярнулася з сакваяжам у руках i, уважлiва акiнуўшы позiркам вулiцу, накiравалася да фiякра.
   Мэгрэ не змог, разумеецца, пачуць, што яна сказала рамiзнiку. Той, не злазячы з сядзення, забраў сакваяж, якi, вiдаць, быў не цяжкi, i паставiў побач з сабой.
   Мары подбегам вярнулася ў дом. У яе была такая тоненькая - проста асiная талiя, i сама яна ў стане была такая дробненькая, што, здавалася, яе пышная чупрына гатова была перакулiць пакаёўку.
   Мары знiкла ў доме, а праз момант з'явiлася новая постаць - высокая, мажная жанчына цi дзяўчына ў касцюме колеру марской хвалi i ў сiнiм капелюшы, з белай вуалеткай у буйныя гарошыны.
   Чаму Мэгрэ пачырванеў? Цi не таму, што бачыў гэту асобу толькi ў кашулi ў непрыбраным пакоi служанкi?
   Гэта, безумоўна, не пакаёўка. Гэта магла быць толькi Элiз Жандро, якая, нягледзячы на паспешлiвасць, з вялiкай годнасцю, злёгку павiльваючы бёдрамi, шыбавала напрасткi да фiякра, у якiм i заняла месца.
   Мэгрэ так расхваляваўся, што ледзь не праваронiў нумар экiпажа: "148". Але ён апамятаўся, запiсаў нумар i зноў залiўся чырванню - на гэты раз пад дапытлiвым позiркам Памэля.
   - Вось такiя справы! - уздыхнуў апошнi, прымерваючыся, за якi б гэта жбаночак узяцца цяпер.
   - Якiя iменна?
   - Вось як бывае ў прыстойных шчаслiвых сем'ях, як той казаў.
   Ён выглядаў iмянiннiкам. Аднак не ўсмiхнуўся i суха спытаў:
   - Гэтага вы i чакалi, цi не так?
   - Што вы маеце на ўвазе?
   На твары гаспадара адбiлася пагарда, ён насупiўся i падсунуў Мэгрэ новую чарку. Усё яго аблiчча так i сведчыла: "Ён яшчэ скрытнiчае!"
   I Мэгрэ, спахапiўшыся i жадаючы зноў увайсцi ў давер да тоўстага рэстаратара, спытаў:
   - Гэта была мадэмуазель Жандро, калi не памыляюся?
   - Абсалютна правiльна, месье. Гэта i была "Кава "Бальтазар", i, як мне думаецца, цяпер мы не хутка ўбачым яе на нашай вулiцы.
   - Вы думаеце, яна паехала надоўга?
   Гаспадар кiнуў на яго знiшчальны погляд. I Мэгрэ адчуў сябе як у магiле пад цяжарам яго паўсотнi гадоў, яго жыццёвага вопыту, той процьмы чарак кальвадосу, выпiтых з самымi рознымi людзьмi, i яго глыбокiм веданнем усiх таямнiц квартала, у якiм ён жыў.
   - На каго вы працуеце? - раптам падазрона запытаўся Памэль.
   - Ды... я нi на каго не працую...
   У позiрку субяседнiка не было i ценю сумнення: "Хлусiш, мiлок!"
   Памэль пацiснуў плячыма:
   - Тым горш!
   - Як вас разумець?
   - Прызнайцеся, вы ўжо шнырылi па нашым квартале?
   - Я? Клянуся...
   Мэгрэ не манiў i адчуваў неабходнасць даказаць сваю шчырасць. А гаспадар спакойна азiраў яго, быццам не верыў нiводнаму яго слову, i нарэшце ўздыхнуў:
   - Я прыняў вас за друга графа.
   - Якога графа?
   - Няважна якога, раз я памылiўся. У вас гэткiя ж выхадкi, гэткая ж манера горбiць плечы.
   - Вы думаеце, мадэмуазель Жандро паехала да графа?
   Памэль не адказаў - ён глядзеў на Луi, якi зноў узнiк на рагу вулiцы Фантэн. Пайшоў ён перад гэтым па вулiцы Бланш, значыць, зрабiў круг вакол цэлага квартала. Цяпер ён выглядаў весялейшым, чым быў перад гэтым. Здавалася, ён проста бязмэтна прагульваецца, цешачыся веснавой сонечнай пагодай. Акiнуўшы хуткiм позiркам бязлюдную вулiцу, ён з выглядам чалавека, якi не супраць кульнуць добра заробленую чарку белага вiна, зайшоў у тытунёвую крамку.
   - Ён i да вас заходзiць?
   Сухое, катэгарычнае "не".
   - Ён быццам расстроены нечым. Неважнецкi выгляд.