- Цi мала ў каго неважнецкi выгляд, ды паспрабуй памажы ўсiм.
   Цi не на Мэгрэ намякаў ён? З кухнi далятала бразганне посуду, а Памэль цiха, быццам самому сабе, працягваў:
   - Калi б усе людзi гаварылi праўду...
   У Мэгрэ было такое адчуванне, што зусiм нязначная драбнiца аддзяляе яго ад вельмi важных адкрыццяў, але тая драбнiца, на бяду, была даверам гэтага таўстуна, прапiтанага кальвадосам. Няўжо няма надзеi заваяваць яго? Ён, канешне, дарэмна прызнаўся, што не мае нiякага дачынення да графа. Увесь гэты ранак Мэгрэ, здаецца, падсцерагалi адны няўдачы.
   - Я супрацоўнiк аднаго прыватнага вышукнога агенцтва, - прамовiў ён на ўсялякi выпадак.
   - Вось як!
   Што яшчэ мог ён сказаць, калi начальства папярэдзiла, каб ён не ўблытваў у гэту справу афiцыйную палiцыю!..
   Ён зманiў, каб дазнацца праўды. Ён дорага заплацiў бы цяпер за тое, каб быць гадоў на дваццаць старэй i валодаць такой вагой i паставай, як яго субяседнiк.
   - Я быў упэўнены, што нiчога не здарыцца!
   - Аднак здарылася.
   - Дык, па-вашаму, яна не вернецца?
   Мэгрэ, мусiць, увесь час трапляў амаль у цэль, бо Памэль толькi адмоўчваўся i недвухсэнсоўна пацiскаў плячыма. Тады Мэгрэ вырашыў скарыстаць iншы сродак.
   - Цяпер частую я, - абвясцiў ён, паказваючы на глiняны жбан з гарэлкай.
   Няўжо гаспадар адмовiцца выпiць з iм? Але той зноў толькi пацiснуў плячыма:
   - Якраз цяпер i някепска было б раздавiць пляшачку, - буркнуў ён.
   I адправiўся за пляшкай у склеп. Калi Мэгрэ пасля выпiтага за дзень кальвадосу адчуваў сябе даволi няўстойлiва, то Памэль iшоў як па нiтачцы, яго не бянтэжыла нават лесвiца без парэнчаў, якая нагадвала звычайную драбiнку.
   - Знаеце, малады чалавек, трэба спачатку навучыцца хлусiць...
   - Вы думаеце, я...
   Гаспадар ужо налiваў чаркi.
   - Хто ж гэта даручыць прыватнаму вышукному агенцтву такую справу? Не граф жа, як вы самi разумееце! Яшчэ меней верагодна, каб гэта зрабiлi паны Жандро, бацька i сын. Што да месье Юберта...
   - Якога Юберта?
   - Вось бачыце! Вы нават не ведаеце ўсiх членаў iхняй сям'i.
   - А што, ёсць яшчэ адзiн сын?
   - Колькi дамоў на гэтай вулiцы?
   - Не ведаю... Сорак?.. Пяцьдзесят?..
   - Дык вось, схадзiце палiчыце... А потым пастукайцеся ў кожныя дзверы. Можа, i знойдзеце такога, хто дасць вам падрабязныя весткi. Што да мяне, то прашу прабачэння. Я не праганяю вас. Можаце сядзець тут колькi хочаце. Але вы ўжо мяне прабачце, у гэты час я заўсёды адпачываю, што б там нi было...
   За стойкай стаяла саламянае крэсла. Памэль усеўся ў яго спiной да акна, скрыжаваў рукi на жываце, заплюшчыў вочы i, здалося, iмгненна правалiўся ў сон.
   Не чакаючы, вiдаць, болей клiентаў, гаспадыня з анучай у адной руцэ i з талеркай у другой высунула галаву з дзвярэй кухнi i, пераканаўшыся, што ўсё спакойна, вярнулася да свайго посуду, нават не глянуўшы на Мэгрэ, якi даволi збянтэжана зноў падсеў да акна.
   Раздзел IV
   СТАРЫ ПАН З АВЕНЮ ДЗЮ БУА
   Мiнар паабяцаў Мэгрэ, што, калi вернецца з Канфлана, ён прыйдзе на бульвар Рышар-Ленуар i раскажа свае навiны.
   - Але гэта ж вам зусiм не па дарозе! - запратэставаў Мэгрэ.
   I атрымаў у адказ нязменнае:.
   - Гэта не мае значэння.
   Праводзячы Мiнара, Мэгрэ асцярожна, каб не збянтэжыць флейтыста, папытаўся:
   - I ў якасцi каго вы з'явiцеся там? I што збiраецеся сказаць?
   I толькi цяпер, калi сумятлiвы дзень канчаўся i Мэгрэ вяртаўся дадому па залiтых агнямi Вялiкiх Бульварах, адказ музыканта запознена скалануў яго:
   - Знайду што. Не хвалюйцеся.
   Аднак пасля хвiлiннай слабасцi, якая апанавала яго ў "Старым Кальвадосе", - цi то прысутнасць гаспадара прыгнятала яго там, цi то таму, што ён проста перабраў тады меру выпiць, цяпер Мэгрэ зноў адчуваў сябе даволi бадзёра.
   Адкуль што ўзялося - ён i сам не разумеў, але раптам у яго ўсялiлася вера ў свае сiлы. Нiчога, сённяшняя асечка яшчэ саслужыць яму добрую службу i з цягам часу пра яго яшчэ i як загавораць на Набярэжнай Арфеўр!
   Прыемная цеплыня ўсё яшчэ поўнiла яго цела. А ў паходцы, у позiрках, якiмi ён абменьваўся з прахожымi, у тым, як ён назiраў за рухам трамваяў i фiякраў, праменiлася невядомая яму дагэтуль упэўненасць.
   Зусiм нядаўна, седзячы ля акна рэстаранчыка на вулiцы Шапталь, ён адчуваў глыбокую крыўду на свайго камiсара за тое, што шэф дазволiў яму заняцца гэтай справай. Мэгрэ ўжо гатовы быў нават думаць, што Лё Брэ наўмысна сыграў з iм злы жарт!
   Хiба аднаму-адзiнаму чалавеку пад сiлу ўзяць такую крэпасць, як асабняк Бальтазараў? I хiба гэтак працуюць яны, "вялiкiя", з групы шэфа? У iх распараджэннi ўсё неабходнае - дасье i картатэкi, супрацоўнiкi, памагатыя. Калi iм трэба высачыць дзесяць чалавек, яны без вагання пасылаюць па следзе дзесятак шпегаў.
   Але цяпер Мэгрэ раптам адчуў задавальненне, што ён сам сабе гаспадар i можа ўласнаручна абмацаць усе закуткi.
   Ён яшчэ i не падазраваў, што гэты метад з часам стане яго любiмым метадам, што нават калi ён зойме месца шэфа спецыяльнай аператыўнай групы i будзе мець у сваiм распараджэннi цэлую армiю палiцэйскiх, яму давядзецца асабiста наладжваць сочку, хадзiць за падазроным па вулiцах, гадзiнамi тырчаць у якiм-небудзь "бiстро"...
   Перад тым як пакiнуць "Стары Кальвадос", дзе Памэль толькi што выказваў да яго поўную абыякавасць, ён яшчэ двойчы патэлефанаваў. Спачатку набраў нумар Упраўлення гарадскiм транспартам, бо фiякр, у якi села Элiз Жандро, меў апазнавальны знак гэтай кампанii. I вымушаны быў доўга чакаць ля апарата.
   - Нумар сорак восем, - адказалi яму, - належыць парку Лявiйет. Рамiзнiка завуць Эжэн Карнi. Сёння ён выехаў пасля паўдня. Наўрад цi вернецца ў парк раней поўначы.
   - Вы не маглi б сказаць, дзе я мог бы яшчэ сёння адшукаць яго?
   - Звычайна ён спыняецца на плошчы Сент-Аўгусцiя, але гэта, канешне, залежыць ад маршрута. Недалёка ад плошчы маецца рэстаранчык, якi называецца "На рандэву дзю Масiў Сантраль". Здаецца, ён заўсёды, як толькi мае такую магчымасць, менавiта туды i заходзiць перакусiць.
   Другi званок быў у аўтамабiльнае ўпраўленне прэфектуры. Тут яшчэ даўжэй не маглi адшукаць у даведнiках нумар аўтамабiля. А так як Мэгрэ сказаў, што звонiць з камiсарыята, то яму прапанавалi перазванiць.
   - Я лепей пачакаю на провадзе.
   Нарэшце яму паведамiлi прозвiшча i адрас: маркiз дэ Базанкур, авеню Габрыеля, дом 3.
   Зноў багаты квартал, зноў, безумоўна, якi-небудзь прыватны асабняк з вiдам на Елiсейскiя палi. Ён не пасмеў заявiцца туды асабiста, вырашыў лепей пазванiць з тытунёвай крамкi.
   - Папрасiце, калi ласка, да тэлефона маркiза дэ Базанкура.
   - Па асабiстай справе? - данёсся хрыплы голас з другога канца провада.
   I ў адказ на яго сцверджанне пачулася:
   - Месье маркiз памёр тры месяцы назад.
   - А... хто замест яго? - мiжволi вырвалася ў Мэгрэ.
   - Выбачайце! Не зразумеў. Уся маёмасць маркiза распрададзена, застаўся толькi асабняк.
   - Скажыце, а вы часам не ведаеце, хто купiў "дыён-бутон"?
   - Нейкi механiк з вулiцы Акацый, што ў раёне авеню Гранд-Армэ. Запамятаваў яго прозвiшча, але, калi не памыляюся, на той вулiцы толькi адзiн гараж i маецца.
   У пяць гадзiн вечара Мэгрэ выйшаў з метро на плошчы Этуаль. На вулiцы, якую яму паказалi, ён сапраўды адшукаў гараж, але той быў на замку, а на шматку паперы, прымацаванай да дзвярэй, было напiсана: "За даведкамi звяртацца побач".
   Па адзiн бок гаража стаяла майстэранька шаўца, па другi - "бiстро". За даведкамi належала звяртацца ў "бiстро". На жаль, гандляр вiном не мог сказаць нiчога пэўнага.
   - Дэдэ сёння i не з'яўляўся тут. Мабыць, падзарабляе недзе. Ён падчас выконвае даручэннi сваiх клiентаў.
   - А дзе ён жыве?
   - У мэбляваных пакоях дзесьцi каля плошчы Тэрн, дзе дакладна - не ведаю.
   - Ён жанаты?
   Мэгрэ не адважваўся працягваць доўгiя роспыты, але ён, хоць i не дужа пэўны быў у сваiх меркаваннях, адчуваў, што Дэдэ - чалавек асаблiвай пароды, што калi Дэдэ i меў сяброўку, то найболей шанцу на сустрэчу з ёю можна было мець на панелi ў раёне памiж плошчамi Этуаль i Тэрн.
   Рэшту дня Мэгрэ правёў у пошуках рамiзнiка Карнi. Урэшце ён адшукаў рэстаранчык "На рандэву дзю Масiў Сантраль":
   - Ён вельмi рэдка наведваецца сюды, - сказалi яму там.
   На жаль, такое адбылося якраз сёння. Выпадковасць нi разу не наблiзiла маршрут Карнi да ягонага прыстанку на плошчы Сент-Аўгусцiн.
   Мэгрэ вяртаўся, нарэшце, дадому. Калi ён увайшоў у пад'езд, у фортку, умайстраваную ў зашклёныя дзверы, выглянула канс'ержка i аклiкнула яго:
   - Месье Мэгрэ!.. Месье Мэгрэ!.. Мне трэба перадаць вам нешта вельмi важнае...
   Яна працягнула яму запiску, параiла прачытаць да таго, як паднiмецца ў кватэру.
   "Не заходзьце дадому. Спачатку нам абавязкова трэба перагаварыць. Чакаў Вас вельмi доўга - колькi мог. Прыходзьце ў рэстарацыю "Клiшы" - я там. Мадэмуазель у Вас, з Вашай жонкай.
   Адданы Вам
   Жустэн Мiнар".
   На дварэ ўжо зусiм сцямнела. Апынуўшыся на вулiцы, Мэгрэ ўзняў галаву, убачыў, што вокны ў яго кватэры заштораны, i ўявiў дзвюх жанчын у невялiчкай сталовай, якая служыла i гасцiнай. Пра што яны могуць размаўляць? Мадам Мэгрэ, наколькi ён яе ведаў, напэўна накрыла стол i частуе госцю вячэрай.
   Ён спусцiўся ў метро, даехаў да вулiцы Бланш, зайшоў у прасторную залу рэстаранчыка, прапахлую пiвам i кiслай капустай. У зале iграў аркестрык з пяцi чалавек. Жустэн iграў не на флейце, а на кантрабасе, i, амаль закрыты агромнiстым iнструмэнтам, здаваўся мiзэрным i кволым.
   Мэгрэ сеў за мармуровы столiк, перачытаў меню, не ведаючы, што ж выбраць, i заказаў порцыю кiслай капусты i куфаль пiва. Як толькi музыканты скончылi iграць, Мiнар падышоў да яго стала.
   - Прабачце, што я вымусiў вас прыйсцi сюды, неабходна пагаварыць да таго, як вы яе пабачыце.
   Ён быў вельмi ўзбуджаны, нават трошкi ўстрывожаны, i Мэгрэ мiжволi адчуў, што таксама пачынае хвалявацца.
   - Я i не падумаў, што ў яе замужняй сястры iнакшае прозвiшча, не такое, як у Жэрмены. Давялося пашукаць. Муж сястры працуе на чыгунцы. Ён праваднiк i часта адсутнiчае па два-тры днi. Жывуць яны ў невялiкiм домiку на схiле ўзгорка; за кветнiкам - сад, агарод i белая каза пры калку на прывязi.
   - Жэрмена была там?
   - Калi я прыйшоў, яны абедзве сядзелi за сталом каля агромнiстай мiсы з крывянкай, ад якой страшэнна несла часнаком.
   - Сястра яшчэ не нарадзiла?
   - Яшчэ не. Чакаюць... Здаецца, гэта адбудзецца яшчэ няскора. Я прадставiўся як страхавы агент, кажу, быццам мне вядома, што маладая дама чакае дзiцяцi, дык зараз самая пара падпiсаць страхавы полiс.
   Скрыпач - ён жа дырыжор - павесiў спецыяльную планку, на якой была пазначана назва чарговага эстраднага нумара, пастукаў па пюпiтры дырыжорскай палачкай, i Жустэн, папрасiўшы прабачэння, пабег на эстраду. А калi вярнуўся, адразу паспяшаўся запэўнiць:
   - Вы толькi не палохайцеся. Вось пабачыце, усё ўладкуецца як найлепш. Я някепска разбiраюся ў пытаннях страхавання. А гэта яе канёк - я маю на ўвазе маю жонку. Яна ўсё прарочыць, што мне засталося жыць не болей трох гадоў i што... Але гэта не мае значэння! А тая Жэрмена - даволi прывабная дзяўчына, поўная, з высокай прычоскай, - толькi i ведае, што папраўляе яе. У яе такiя дзiўныя вочы! Самi ўбачыце. Як утаропiлася ў мяне!.. I адразу ж запыталася, ад якой кампанii я працую. Я наўздагад выпалiў, што прыйшло ў галаву, i тады ёй зарупiла даведацца, як завуць майго начальнiка. Яна лiтаральна закiдала мяне пытаннямi i нарэшце заявiла: "Мой дружок - мы ўжо тры месяцы знаёмы - служыць у гэтай кампанii". А потым без усялякай сувязi дадала: "Вас паслаў Луi?"
   Ён вымушаны быў зноў падняцца на эстраду i ўвесь час, пакуль выконваўся венскi вальс, кiдаў позiркi на Мэгрэ, нiбыта стараючыся супакоiць яго. "Не палохайцеся! Пачакайце, я вам яшчэ не ўсё расказаў!" - чыталася ў гэтых позiрках.
   I працяг быў наступны:
   - Я заверыў яе, што прыехаў зусiм не ад Луi. "У такiм разе i не ад графа!" - упарцiлася яна.
   - Не ад графа.
   - "Што да месье Рышара... Паслухайце! А цi, часам, не месье Рышарам вы падасланы, га?" Вы бачыце, што за дзявуля?! Трэба было неадкладна прыняць нейкае рашэнне. Сястра шмат маладзей за яе. Яна ўсяго год як замужам. Была прыслугай. Жэрмене вельмi падабаецца ашаламляць яе сваёй дасведчанасцю i сваiмi сувязямi. Калi хочаце ведаць, у гэтай дзяўчыны проста манiя ашаламляць людзей. Ей карцiць выглядаць значнай, цiкавай асобай, чаго б там нi каштавала, вы разумееце? Яна, напэўна, марыла стаць артысткай... Паела, запалiла, а палiць жа зусiм не ўмее...
   У доме толькi адзiн пакой з шырокiм ложкам i павялiчанай шлюбнай фотакарткай у авальнай рамцы на сцяне.
   - "Гэта праўда, што вы не падасланы Рышарам?" - перапытвала зноў у мяне.
   Вочы ў яе выкацiстыя, i пры размове яна не адрывае iх ад субяседнiка. Ад гэтага ажно не па сабе робiцца. Здаецца, яна зусiм вас не слухае, але гэта толькi здаецца, таму што яна нiколi не губляе нiтку размовы.
   - "Ты бачыш, Вольга, - з засмучаным выглядам звярнулася яна да сястры, якое складанае жыццё ў гэтым свеце? Я казала табе, што гэта дабром не скончыцца".
   Я спытаўся, калi яна мяркуе вярнуцца на работу.
   - Цяпер i нагi маёй там больш не будзе!
   I ўсё дапытвалася ў мяне...
   Музыка! Позiрк флейтыста малiў Мэгрэ набрацца цярпення.
   - Ну, вось! Тым горш, калi я схiбiў. Але цяпер ужо нiчога не паправiш. Я сказаў ёй усю праўду!
   - Якую праўду?!
   - Што паненка крычала з акна: "Ратуйце!", што Луi заехаў мне па фiзiяномii, што прыйшлi вы i вам паказалi нейкую дзяўчыну ў кашулi, даводзячы, што гэта Жэрмена. Яна страшэнна раззлавалася. Я, праўда, сказаў, што афiцыйна нiякага следства няма, што вы занялiся гэтым, так сказаць, прыватна, што вы будзеце шчаслiвы сустрэцца з ёю, i, перш чым я дагаварыў, яна пачала збiрацца ў дарогу. У адных панталонах з аборкамi i ў станiку, не саромячыся мяне, яна стала корпацца ў сваiм чамадане, просячы прабачэння толькi ў сястры.
   - "Разумееш, - кажа яна, - дзiця тваё ўсё роўна з'явiцца на свет божы, а я праз гэтую гiсторыю магу ўлiпнуць у такi пераплёт!.."
   Я не ведаў, што рабiць, але падумаў, што вам будзе карысна выслухаць яе. Я не ведаў, куды яе весцi. I прывёў да вас. Мне ўдалося перагаварыць з вашай жонкай на лесвiчнай пляцоўцы. Божа мой! Якая мiлая ў вас жонка! Я папрасiў яе прыгледзець за Жэрменай, каб яна не збегла. Вы злуяце на мяне?
   Як можна было злаваць на яго? Але душа ў Мэгрэ была не на месцы.
   - Можа, так яно i лепш, - уздыхнуў ён.
   - Калi ж я пабачу вас зноў?
   Мэгрэ ўспомнiў, што апоўначы павiнен сустрэцца з рамiзнiкам Карнi.
   - Магчыма, яшчэ сёння вечарам.
   - Калi не пабачымся, то дазвольце мне прыйсцi да вас заўтра ранiцай, я ўжо ведаю, дзе вы жывяце. А! Яшчэ вось што...
   Ён збянтэжыўся, не рашаючыся сказаць.
   - Яна спыталася, хто аплоцiць яе выдаткi, i я сказаў... Я не ведаў, што сказаць... Прасiў яе не хвалявацца... Але калi гэта наробiць вам турбот, то я...
   Мэгрэ выйшаў з рэстаранчыка, не дачакаўшыся канца музычнага нумара, i заспяшаўся да метро.
   Убачыўшы святло пад дзвярыма сваёй кватэры, яго ахапiла лёгкае хваляванне. Даставаць з кiшэнi ключ не было патрэбы: дзверы расчынiлiся - мадам Мегр заўсёды пазнавала яго па кроках.
   Яна дасведчана паглядзела на яго i весела кiўнула:
   - Цябе чакае чароўная дзяўчына.
   Слаўная мадам Мэгрэ! Яна не iранiзавала. Ёй проста хацелася быць прыязнай. Жэрмена сядзела, аблакацiўшыся на стол, з цыгарэтай у зубах; перад ёю стаялi талеркi з рэшткамi ежы. Яе вялiкiя вочы ўпiлiся ў Мэгрэ, быццам яна намервалася праглынуць яго. Было вiдно, што яна яшчэ не давярала яму.
   - Гэта праўда, што вы з палiцыi?
   Ён палiчыў за лепшае паказаць ёй сваё пасведчанне, i з таго моманту яна ўжо не зводзiла з яго вачэй. Перад ёй стаяў кiлiшак: мадам Мэгрэ дастала-такi вiшнёвую налiўку, якую зберагала для большай урачыстацi.
   - Ты яшчэ не вячэраў?
   - Дзякуй, перакусiў ужо трошкi.
   - У такiм разе, я пакiдаю вас. Трэба памыць пасуду.
   Яна прыбрала са стала, выйшла на кухню, але дзверы за сабою ўсё ж не зачынiла.
   - Ваш сябар таксама з палiцыi?
   - Не. Не зусiм. Ён выпадкова...
   - Ён жанаты?..
   - Жанаты. Здаецца.
   Яму было трошкi няёмка ў сямейнай абстаноўцы з гэтай цiкаўнай дзяўчынай, а яна трымалася, як у сябе дома, устала, паправiла перад люстэркам на камiне прычоску.
   - Можна? - дзеля прылiку амаль давяральна запытала яна i ўселася ў крэсла мадам Мэгрэ.
   - Вы даўно знаёмы з мадэмуазэль Жандро? - запытаўся Мэгрэ.
   - Мы разам вучылiся ў школе.
   - Мне здаецца, вы з ансеваля, калi не памыляюся? У Ансевалi вы i вучылiся разам?
   Яго здзiвiла, што наследнiца Жандро-Бальтазараў атрымала адукацыю ў невялiчкай правiнцыяльнай школе.
   - Я хачу сказаць, што мы аднагодкi, рознiца ўсяго некалькi месяцаў. У будучым месяцы ёй стукне дваццаць адзiн год, а мне гэтулькi ж споўнiлася два тыднi назад.
   - I вы абедзве хадзiлi ў адну школуў Ансевалi? - перапытаў Мэгрэ.
   - Яна - не. Яна жыла ў манастыры ў Ньеўры. Але мы вучылiся ў адзiн i той жа час.
   Цяпер ён усё зразумеў. I з гэтага моманту зрабiўся недаверлiвы, стаў уважлiва размяжоўваць ману ад праўды, праўду ад амаль праўды цi ад праўдападобнасцi.
   - Вы чакалi нейкiх непрыемных падзей на вулiцы Шапталь?
   - Я заўсёды лiчыла, што гэта дабром не скончыцца.
   - Чаму?
   - Таму, што яны ненавiдзяць адно аднаго.
   - Хто?
   - Мадэмуазель i яе брат. Я ўжо чатыры гады служу ў iх. Прыйшла адразу пасля смерцi мадам. Вы ж ведаеце, што яна загiнула пры крушэннi на чыгунцы, калi ехала на воды ў Вiтэль? Якi жах!
   Яна сказала гэта так, быццам сама прысутнiчала пры тым, калi з-пад друзу вагонаў выцягвалi ахвяр.
   - Пакуль мадам была жывая, самi разумееце, завяшчанне не мела значэння.
   - Вы добра дасведчаны ў сямейных справах.
   - Я ўраджэнка Ансеваля. I бацька мой там нарадзiўся. А дзед быў фермерам у графа i гуляў у бiльярд з самiм дзедам.
   - Якiм дзедам?
   - Так яго звалi ў нас. Вы нiчога не ведаеце? Я думала, што палiцыя ведае ўсё на свеце.
   - Вы, несумненна, маеце на ўвазе старога месье Бальтазара?
   - Ну, так, месье Гектора. Яго бацька быў рымарам у нашай вёсцы. А яшчэ i званаром. У дванаццаць год месье Гектор стаў карабейнiкам. Хадзiў ад фермы да фермы з корабам за плячыма.
   - Гэта ён заснаваў кававае аб'яднанне "Бальтазар"?
   - Ён, але гэта не замiнала майму дзеду да самай смерцi гаварыць яму "ты". Ён доўга не паяўляўся ў Ансевалi, а калi зноў з'явiўся, то быў ужо багаты. I купiў замак.
   - Каму належаў замак?
   - Графу д'Ансеваль, чорт вазьмi!
   - Хто-небудзь з гэтай сям'i яшчэ жывы?
   - Сын жывы. Дружок нашай мадэмуазель. Вы не пачастуеце мяне кiлiшкам налiўкi? Цi не з дому прыслалi?
   - Не, жонка зрабiла.
   - Як падумаю, што гэта карга - я не пра вашу жонку - набралася нахабства выдаць сябе за мяне i спаць у маёй пасцелi!.. Вы сапраўды бачылi яе ў адной кашулi? Яна куды таўсцейшая за мяне. Калi б я толькi захацела - такое б расказала пра яе!..
   - Такiм чынам, стары Бальтазар, гаспадар фiрмы "Кава Бальтазар", адкупiў замак у д'Ансеваля. Ён быў жанаты?
   - Быў, але жонка да таго часу памерла ўжо. У яго была дачка, не столькi прыгожая, колькi ганарыстая, i яшчэ сынок, месье Юберт, якi за ўсё жыццё нiчога талковага не зрабiў. Сястра яго - сапраўдная ведзьма, а ён - дабрун, ласкавы як цялё. I ўсё падарожнiчаў па свеце.
   - Вас тады яшчэ i на свеце не было?
   - Канешне. Але там i цяпер нiчагуткi не змянiлася!
   Мэгрэ машынальна дастаў з кiшэнi запiсную кнiжку i пачаў занатоўваць прозвiшчы па парадку, як бы малюючы генеалагiчнае дрэва Бальтазараў. Ён адчуваў, што з такой дзяўчынай, як Жэрмена, неабходна пастаяннае ўдакладненне.
   - Такiм чынам, спачатку быў Гектор Бальтазар, якога вы называеце дзедам. Калi ён памёр?
   - Пяць год назад. Роўна за год да смерцi дачкi.
   Мэгрэ, прыгадаўшы Фелiсьена Жандро, якi сам быў ужо далёка не малады, здзiвiўся:
   - Ён, вiдаць, быў тады вельмi стары?
   - Дзiва што! Яму восемдзесят восем было. Жыў адзiн як сыч у агромнiстым асабняку на авеню дзю Буа. I яшчэ ўласнаручна вёў усе справы, памагала толькi дачка.
   - А не сын?
   - Божа баранi! Яго сын не меў права нават нагой ступiць у офiс. Ён выдзяляў яму грошы на пражытак. Цяпер сынок жыве на набярэжнай непадалёк ад Пон-Нёфа. Шалапут!
   - Хвiлiнку... Авеню дзю Буа... Дачка замужам за Фелiсьенам Жандро?
   - Была. Але месье Фелiсьен - той таксама не смеў i носа сунуць у справы.
   - Чаму?
   - Кажуць, аднойчы яму паспрабавалi даручыць сёе-тое... А ён закляты iгрок... Яшчэ i сёння штодня прападае на скачках... Ходзяць чуткi, што ён нешта нядобрае ўтварыў з чэкамi цi вэксалямi, я там знаю?.. Дык цесць перастаў нават размаўляць з iм.
   Пазней Мэгрэ давялося адведаць асабняк на авеню дзю Буа, адзiн з самых пачварных у Парыжы будынкаў з сярэдневечнымi вежамi i вiтражамi. Пабачыў ён i партрэт старога - васковы твар з выразна акрэсленымi рысамi, доўгiя сiвыя бакенбарды, наглуха зашпiлены сурдут, з-пад якога па абодва бакi чорнага гальштука выглядвалi палоскi жылета.
   Калi б ён быў болей дасведчаны ў жыццi парыжскага свету, ён ведаў бы, што стары Бальтазар завяшчаў свой асабняк з усiмi карцiнамi, якiя ён сабраў там, дзяржаве. Ён хацеў, каб дом яго быў ператвораны ў музей. У свой час гэта выклiкала шмат плётак. Болей года эксперты вялi заўзятыя спрэчкi... i справа скончылася тым, што ў рэшце рэшт урад адмовiўся ад завешчанай маёмасцi, таму што большасць палотнаў аказалiся падробленыя.
   Настане час, Мэгрэ пабачыць i партрэт дачкi - сiвыя валасы, сабраныя ў вузел на патылiцы, профiль "а ля iмператрыца Яўгенiя", твар, гэткi ж ледзяны, як i ў заснавальнiка кававай дынастыi.
   Што да Фелiсьена Жандро, то Мэгрэ ўжо меў магчымасць бачыць яго нафарбаваныя вусы, гетры i трысцiну з залатой булдавешкай.
   - Кажуць, стары ненавiдзеў усю сваю сям'ю - i сына, i зяця, i месье Рышара, якога цудоўна раскусiў. Ён прызнаваў толькi дачку i ўнучку. Дзед убiў сабе ў галаву, што толькi гэтыя дзве асобы належаць да яго роду, i пакiнуў завяшчанне, у якiм сам чорт шыю зверне. Месье Бракеман не дасць схлусiць.
   - Хто такi месье Бракеман?
   - Яго натарыус. Яму таксама гадоў пад восемдзесят. Яго ўсе баяцца, бо аднаму яму ўсё вядома.
   - Што iменна?
   - А я скуль знаю? Усё павiнна высветлiцца, калi мадэмуазель Элiз споўнiцца дваццаць адзiн год. Таму яны i вар'яцеюць, жмiнды. Асабiста мне ўсё роўна, я нi за таго, нi за другога. Калi б я толькi захацела...
   Яму раптам прыйшло ў галаву:
   - Месье Рышар?.. - сказаў Мэгрэ, уступаючы ў гульню.
   - Папавiўся ён каля маёй спаднiцы. А я секанула яму проста ў вочы, што не на тую натрапiў, i параiла лепш пайсцi да Мары. "Я не такая дурнiца, як яна, каб дазволiць пакарыстацца сабой", - так вось i заявiла яму.
   - I ён паслухаўся вашай парады?
   - Скуль я ведаю? Што ён - шкляны, цi што? Калi хочаце ведаць, што я пра iх думаю - а я iх наскрозь бачу! - то ва ўсiх гэтых Бальтазараў не ўсе дома.
   Жэрмена была ўзбуджана. Вочы яе зусiм скруглелi, а позiрк зрабiўся такi дапытлiвы, што Мэгрэ стала не па сабе. А яна ажно падалася да Мэгрэ здавалася, яшчэ мiг - i яна ўхопiць яго за каленi.
   - А Луi таксама родам з Ансеваля?
   - Ён сын нашага былога настаўнiка. Сёй-той, праўда, лiчыць, што ў сапраўднасцi ён сын папа, а не настаўнiка.
   - Ён падтрымлiвае месье Рышара?
   - Ды што вы?! Ён усё жыццё ходзiць за паненкай. Ён не пакiдаў старога да самай смерцi, на руках насiў яго, калi той занядужаў, i ўжо хто-хто, а ён павiнен ведаць, бадай, больш за ўсiх, больш, можа, нават за самога Бракемена.
   - А Луi нiколi не заляцаўся да вас?
   - Луi?
   Яна разрагаталася.
   - Ды куды яму! З яго парахна ўжо сыплецца! Па-першае, ён шмат старэйшы, чым можна падумаць. Прынамсi, яму не меней пяцiдзесяцi пяцi. I ўвогуле, капейчына цана яму ў базарны дзень, разумееце? Вось чаму мадам Луi i Альбер...
   - Выбачайце, хто такi Альбер?
   - Лёкай. Таксама з Ансеваля. Да дваццацi аднаго года быў жакеем.
   - Выбачайце... Мяне вадзiлi па ўсiм доме, але я не бачыў пакоя, у якiм...
   - Таму што Альбер начуе над стайняй, разам з Жэромам.
   - З Жэромам?
   - Вазаком месье Фелiсьена. Адзiн толькi Арсен, шафёр - ён жанаты i мае дзiцёнка - начуе дома.
   Мэгрэ ў рэшце рэшт старанна занатаваў усе iмёны ў сваю запiсную кнiжку.
   - Калi хто i стрэлiў у паненку, - а мяне гэта не здзiвiць, - то хутчэй за ўсё сам месье Рышар. Калi яны ўсчынаюць сварку...
   - Яны часта сварацца?
   - Каб не зманiць - штодня. Аднойчы ён гэтак сцiснуў ёй рукi, што яна цэлы тыдзень хадзiла з сiнякамi. Але i яна не промах, i яму таксама дастаецца будзь здароў. Але я гатова бiцца аб заклад, што стралялi не ў паненку.
   - У каго ж тады?
   - У графа!
   - Якога графа?
   - Вы ўсё яшчэ нiчога не цямiце? У графа д'Ансеваля!
   - Сапраўды! Ёсць жа яшчэ адзiн граф д'Ансеваль!
   - Унук таго, што прадаў замак старому Бальтазару. Мадэмуазель сама няведама дзе адкапала яго.
   - Ён багаты?
   - Ён? Ды ў яго нi капейчыны за душой!
   - I ён бывае ў доме?
   - Ён... Я хачу сказаць...
   - Вас цiкавiць, цi ён спiць з ёю? Не думаю, што ён прагне гэтага. Цяпер вы разумееце? У iх ва ўсiх шарыкаў не хапае. Грызуцца як сабакi. Адзiн месье Юберт у баку ад усяго, а гэтыя двое, брат i сястра, вылузваюцца са скуры, каб уцягнуць i яго ў сваю калатню, заручыцца яго падтрымкай.
   - Вы гаворыце пра Юберта Бальтазара, сына старога? Колькi яму год?
   - Ды гадоў з пяцьдзесят. А мо трошкi больш? Ён такi далiкатны, так добра выхаваны. Як толькi прыйдзе да нас, дык заўсёды трошкi пагаворыць i са мной. Паслухайце! Цяпер ужо позна, цягнiкоў на Канфлан няма, а дзе ж я пераначую! У вас знойдзецца для мяне ложак?
   Яе позiрк быў настолькi красамоўна правакацыйны, што Мэгрэ аж папярхнуўся i мiжволi глянуў на кухонныя дзверы.
   - На жаль, у нас няма пакоя для гасцей. Мы зусiм нядаўна ўладкавалiся тут.
   - Вы нядаўна пажанiлiся?
   I гэтыя словы ў яе вуснах мелi амаль непрыстойны сэнс.
   - Я ўладкую вас у гатэль.
   - Вы ўжо будзеце ўкладвацца спаць?
   - У мяне яшчэ сустрэча ў горадзе.
   - Гэта праўда, што шпегам не часта даводзiцца начаваць ва ўласнай пасцелi? Пацеха, вы зусiм непадобны на палiцэйскага. Я ведала аднаго такога - ён быў сержантам, такое боўдзiла, высачэзны, смуглы-смуглы, Леанардам звалi.