- Ты гневаешся? - спыталася яна цiха.
   - Не. Выпi вось гэта.
   Не ведаю, чаму я лiчыў, што Хэры паслухаецца. Сапраўды, яна моўчкi ўзяла ў мяне шклянку i выпiла яе залпам. Я паставiў пустую шклянку на столiк i сеў у кут памiж шафай i кнiжнай палiцай. Хэры няспешна падышла да мяне, уселася на падлозе ля крэсла, яна рабiла гэта i раней, падкурчыла ногi i добра знаёмым рухам адкiнула валасы назад. Хоць я ўжо больш не верыў, што гэта Хэры, усё адно кожны раз, калi я пазнаваў яе прывычкi, штосьцi сцiскала маё горла. Гэта было незразумела i страшна, а страшней за ўсё тое, што я i сам паводзiў сябе вераломна, робячы выгляд, што прымаю яе за Хэры, але ж яна сама лiчыла сябе Хэры, i, згодна з яе разуменнем, тут не было нiякай хiтрасцi. Не магу растлумачыць, як я здагадаўся, што ўсё менавiта так, але я быў упэўнены ў гэтым, калi наогул яшчэ магла iснаваць хоць нейкая ўпэўненасць!
   Я сядзеў, а дзяўчына абаперлася плячыма на мае каленi, яе валасы казыталi маю руку. Мы сядзелi нерухома. Некалькi разоў я непрыкметна пазiраў на гадзiннiк. Мiнула паўгадзiны, снатворнае павiнна падзейнiчаць. Хэры нешта цiхенька прамармытала.
   - Што ты сказала? - спытаўся я.
   Яна не адказала. Я палiчыў гэта адзнакай яе санлiвасцi, хоць - далiбог, у глыбiнi душы сумняваўся, што на яе падзейнiчае лякарства. Чаму? Не ведаю. Верагодна, таму, што такое выйсце было б занадта простае.
   Яе галава паволi апускалася на мае каленi, цёмныя валасы ўпалi на твар; Хэры дыхала спакойна, як чалавек, якi спiць. Я нахiлiўся, каб аднесцi яе на ложак. Не расплюшчваючы вачэй, яна крыху турзанула мяне за валасы i гучна рассмяялася.
   Я здранцвеў, а яна залiвалася смехам i, прымружыўшы вочы, назiрала за мной. Выраз яе твару быў наiўны i хiтры. Я сядзеў ненатуральна прама, аглушаны i бездапаможны, а Хэры хiхiкнула яшчэ раз, прыцiснулася шчакой да маёй рукi i змоўкла.
   - Чаго ты смяешся? - глуха спытаўся я.
   Яе твар зноў стаў неспакойны, задумлiвы. Я бачыў, што яна хоча быць шчырай. Хэры паднесла палец да носа i прамовiла, уздыхаючы:
   - Сама не ведаю.
   У яе словах прагучала шчырае здзiўленне.
   - Я здаюся табе iдыёткай, праўда? - працягвала яна. - Неяк раптоўна мне... але i ты добры... сядзiш насуплены, як... як Пельвiс...
   - Як хто? - перапытаў я. Мне падалося, што я дрэнна пачуў.
   - Як Пельвiс, ты ж ведаеш, той таўстун...
   Несумненна, Хэры не магла нi ведаць, нi чуць пра яго ад мяне: ён вярнуўся са сваёй экспедыцыi сама малае гады праз тры пасля яе смерцi. Я таксама не ведаў яго раней i нават уяўлення не меў, што ён, калi старшынюе на сходах Iнстытута, неверагодна зацягвае гэтыя пасяджэннi. Яго прозвiшча Пеле Вiлiс, што скарочана ўтварае мянушку, якую да яго вяртання таксама нiхто не ведаў.
   Хэры абаперлася локцямi на мае каленi i пазiрала мне ў твар. Я правёў далонямi па яе руках, плячах, шыi, адчуў пульсуючыя жылкi. Гэта можна было лiчыць ласкай. Мяркуючы па яе позiрку, яна менавiта так гэта ўспрыняла. А я проста хацеў пераканацца, што дакранаюся да звычайнага цёплага чалавечага цела, што пад яе скурай ёсць мускулы, косцi, суставы. Пазiраючы ў яе спакойныя вочы, я адчуў неадольнае жаданне з усяе сiлы схапiць яе за горла.
   Мае пальцы амаль сцiснулiся, але тут я згадаў акрываўленыя рукi Снаўта i адпусцiў Хэры.
   - Як ты дзiўна пазiраеш... - прамовiла яна спакойна.
   Маё сэрца калацiлася так, што я не мог гаварыць. На iмгненне я заплюшчыў вочы.
   Нечакана ў мяне ўзнiк план. Адразу ўвесь, з усiмi дэталямi. Не губляючы нi секунды, я ўстаў з крэсла.
   - Я мушу iсцi, Хэры, але калi ты вельмi хочаш, то можаш пайсцi са мной.
   - Добра.
   Яна ўсхапiлася на ногi.
   - Чаму ты босая? - спытаўся я, падыходзячы да шафы i выбiраючы сярод рознакаляровых камбiнезонаў два - сабе i ёй.
   - Не ведаю... вiдаць, некуды закiнула туфлi... - сказала яна няпэўна.
   Я не звярнуў на гэта ўвагi.
   - Здымi сукенку, iнакш ты не апранеш камбiнезон.
   - Камбiнезон?.. Навошта? - спыталася яна, адразу сцягваючы сукенку.
   Але тут высветлiлася дзiўная рэч - сукенку нельга было зняць- яна аказалася без усялякай зашпiлькi. Чырвоныя гузiкi пасярод былi толькi аздобай. Нiякiх зашпiлек няма. Хэры разгублена ўсмiхалася. Робячы выгляд, што гэта сама звыклая справа, я падняў з падлогi iнструмент, падобны на скальпель, надрэзаў iм сукенку, там, дзе на спiне пачыналася дэкальтэ. Цяпер яна магла зняць сукенку праз галаву. Камбiнезон быў ёй трохi велiкаваты.
   - Мы паляцiм?.. Разам? - дапытвалася яна, калi мы, апрануўшыся, выходзiлi з пакоя.
   Я кiўнуў галавой. Я надта баяўся, што мы сустрэнем Снаўта, але калiдор, якi вёў да ўзлётнай пляцоўкi, быў пусты, а дзверы радыёстанцыi, мiма якiх мы прайшлi, зачынены.
   На Станцыi панавала мёртвая цiшыня. Хэры сачыла, як на невялiкай электрычнай калясцы я вывозiў з сярэдняга бокса на свабодную паласу ракету. Я метадычна праверыў стан мiкрарэактара, тэлекiраванне рухавiка, затым разам са стартавай каляскай перакацiў ракету на круглую ролiкавую плоскасць стартавага стала пад цэнтрам лейкападобнага купала, прыняўшы адтуль пустую капсулу.
   Гэта была невялiкая ракета для сувязi Станцыi з Сатэлоiдам; яна прызначалася для перавозак грузу, людзi ў ёй ляталi ў выключных выпадках ракета не адчынялася знутры. Мне патрабавалася менавiта такая ракета. Вядома, я не збiраўся запускаць яе, але рабiў усё, як перад сапраўдным стартам. Хэры неаднойчы суправаджала мяне пад час палётаў i крыху разбiралася ў падрыхтоўцы да старту. Я праверыў стан кандыцыянераў i кiслароднай апаратуры, запусцiў iх, а калi запалiлiся кантрольныя лямпачкi, вылез з цеснага бокса i звярнуўся да Хэры, якая стаяла ля трапа:
   - Заходзь.
   - А ты?
   - Зайду пасля цябе. Мне трэба зачынiць люк.
   Я не баяўся, што яна адгадае мой намер. Калi яна па трапе паднялася ў ракету, я адразу ж усунуў галаву ў люк i спытаўся, цi добра ёй там; пачуў глухое "ага", адступiўся i з усяе сiлы зачынiў века. Я дарэшты зацiснуў абедзве засаўкi i загадзя падрыхтаваным ключом пачаў закручваць пяць шрубаў, якiя замацоўвалi ў пазах века люка.
   Металiчная сiгара стаяла вертыкальна i была гатова вось-вось узляцець. Я ведаў, той, якую я замкнуў, нiчога не пагражае - у ракеце дастаткова кiслароду, нават харчу крыху ёсць; зрэшты, я зусiм не збiраўся трымаць яе там да бясконцасцi.
   Я iмкнуўся любой цаной здабыць хоць некалькi гадзiн свабоды, каб усё абдумаць, звязацца са Снаўтам i пагаварыць з iм ужо на роўных.
   Калi я закручваў апошнюю шрубу, дык адчуў, што металiчныя мацаваннi, на якiх трымаецца ракета, устаноўленая толькi на выступах з трох бакоў, уздрыгваюць, але вырашыў, што гэта я сам з дапамогай вялiкага ключа неасцярожна расхiстаў стальную глыбу.
   Я адышоўся на некалькi крокаў i ўбачыў тое, чаго не хацеў бы бачыць больш нiколi ў жыццi.
   Ракета расхiсталася ад удараў знутры. Ды якiх удараў! Каб там быў стальны робат, а не чорнавалосая стройная дзяўчына, то i ён не здолеў бы гэтак трэсцi васьмiтонную ракету!
   На палiраванай паверхнi снарада мiгцелi i пералiвалiся водблiскi агнёў касмадрома. Я не чуў нiякiх гукаў - унутры было цiха, толькi шырока расстаўленыя апоры стартавага стала, на якiх стаяла ракета, страцiлi дакладнасць абрысаў. Яны вiбравалi, як струны, - я нават спалохаўся, што ўсё можа развалiцца. Дрыготкiмi рукамi зацiснуў апошнюю шрубу, кiнуў ключ i саскочыў з трапа. Паволi адступаючы, я ўбачыў, як амартызатары, разлiчаныя толькi на пастаянны цiск, падскокваюць у сваiх гнёздах. Мне здалося, што стальная абшыўка мяняе свой колер. Як звар'яцел'ы, я падбег да пульта дыстанцыйнага кiравання, абедзвюма рукамi штурхануў угору рубiльнiк пуску рэактара i ўключэння сувязi; тады з рэпрадуктара, якi быў спалучаны з ракетай, пачуўся не то пiск, не то скавытанне, зусiм не падобнае на чалавечы голас, i ўсё-ткi я разабраў: "Крыс! Крыс! Крыс!!!"
   Зрэшты, гучала гэта не вельмi выразна. Кроў лiлася з разбiтых костачак, так хаатычна i прымусова стараўся я запусцiць снарад. Блакiтны водблiск упаў на сцены стартавага стала; з адлюстравальнiка газаў павалiлi клубы дыму, якiя ператварылiся ў сноп асляпляльных iскраў; усе гукi накрыў высокi працяжны гул. Ракета ўзнялася на трох струменях полымя, якiя адразу ж злiлiся ў адзiн вогненны слуп, i, пакiдаючы за сабой дрыготкае марыва, вылецела праз шлюзавую адтулiну, якая адразу ж зачынiлася. Аўтаматычныя вентылятары пачалi падаваць свежае паветра ў залу, дзе яшчэ вiхурыўся едкi дым. Я на ўсё гэта не звяртаў увагi. Рукамi трымаўся за пульт, твар гарэў ад апёку, валасы абгарэлi ад цеплавога выпраменьвання; я сутаргава хапаў паветра, якое пахла гарэлым i азонам. Хоць пад час старту я iнстынктыўна заплюшчыў вочы, рэактыўны струмень асляпiў мяне. Даволi доўга перад вачыма стаялi чорныя, чырвоныя i залатыя кругi. Паступова яны растварылiся. Дым, пыл, туман знiкалi ў трубах вентылятараў, якiя цяжка стагналi. Перш за ўсё я ўбачыў зялёны экран радара. Я пачаў шукаць ракету з дапамогай радыёлакатара. Калi нарэшце злавiў, яна была ўжо за межамi атмасферы. Нiколi ў жыццi я не запускаў снарад так паспешна, усляпую, не ведаючы, якое паскарэнне яму надаць, куды наогул яго скiраваць. Я падумаў, што прасцей за ўсё вывесцi ракету на арбiту вакол Салярыс з радыусам каля тысячы кiламетраў. Тады я здолеў бы выключыць рухавiкi. Калi яны будуць працаваць, можа адбыцца катастрофа, вынiкi якой цяжка ўявiць. Тысячакiламетровая арбiта - як я пераканаўся з таблiцы - была стацыянарная. Але i яна, калi гаварыць праўду, нiчога не гарантавала. Проста я не мог прыдумаць нiчога iншага. У мяне не хапiла адвагi ўключыць радыёсувязь, якую я выключыў адразу пасля старту. Я зрабiў бы ўсё, абы толькi не чуць гэтага страшнага голасу, у якiм ужо не засталося нiчога чалавечага. Усе маскi былi сарваны - у гэтым можна прызнацца, - i пад выявай Хэры адкрылася iншая, сапраўдная выява, такая, што шаленства стала ўяўляцца сапраўдным збавеннем.
   Была роўна гадзiна, калi я пайшоў з касмадрома.
   "МАЛЫ АПОКРЫФ"
   Скура на маiх руках i твары была абпаленая. Я ўспомнiў, што калi шукаў снатворнае для Хэры (калi б у мяне была сiла, я пасмяяўся б над сваёй наiўнасцю), то заўважыў у аптэчцы бутэлечку з маззю ад апёкаў, i пайшоў да сябе. Адчынiў дзверы i ў чырвоным святле захаду ўбачыў, што ў крэсле, ля якога Хэры стаяла нядаўна на каленях, нехта сядзiць. На нейкую долю секунды мяне апанаваў страх, я запанiкаваў i адскочыў, гатовы ўцякаць. Той, хто сядзеў, падняў галаву. Гэта быў Снаўт. Заклаўшы нагу за нагу, спiнай да мяне (на iм былi тыя ж шарачковыя штаны з плямамi ад рэактываў), ён праглядаў нейкiя паперы. Яны ляжалi на столiку побач. Пасля адклаў паперы i пачаў змрочна разглядаць мяне з-пад апушчаных на кончык носа акуляраў.
   Не кажучы нi слова, я падышоў да рукамыйнiка, дастаў з аптэчкi мазь i пачаў мазаць ёю лоб i шчокi, там, дзе былi сама моцныя апёкi. На шчасце, я паспеў тады зажмурыцца, i вочы мае ацалелi. Некалькi вялiкiх пухiроў на вiсках i шчоках я прапароў стэрыльнай iголкай i шпрыцам высмактаў з iх вадкасць. Пасля наклеiў на твар дзве марлевыя накладкi з маззю. Снаўт па-ранейшаму назiраў за мной. Мне было ўсё адно. Твар мой гарэў усё мацней. Я закончыў свае працэдуры i сеў у другое крэсла, зняўшы з яго сукенку Хэры. Гэта была сама звычайная сукенка, толькi без усялякiх зашпiлек.
   Снаўт, склаўшы рукi на касцiстым калене, крытычна сачыў за маiмi рухамi.
   - Ну што, пагаворым? - прамовiў ён, калi я сеў.
   Я прамаўчаў, прыцiскаючы марлю, якая спаўзала са шчакi.
   - Былi госцi, праўда?
   - Праўда, - адказаў я суха.
   Я не меў нiякай ахвоты падладжвацца пад яго тон.
   - I пазбавiўся ад iх? Ну, ну, iмпэтна ты за гэта ўзяўся.
   Снаўт памацаў лоб, на якiм лушчылася скура. Праз яе свяцiлася маладая ружовая скурка. I тады я ўсё зразумеў. Чаму я вырашыў, што гэта загар? На Салярыс жа нiхто не загарае...
   - Але пачаў ты вельмi сцiпла, - працягваў Снаўт, не звяртаючы ўвагi на маё хваляванне. - Магчымыя наркотыкi, яды, амерыканская барацьба, хiба не так?
   - Што ты хочаш? Давай пагаворым сур'ёзна. Калi ты хочаш блазнаваць, лепей iдзi.
   - Часам мiжволi даводзiцца блазнаваць, - адказаў ён i падняў на мяне прымружаныя вочы. - Ты ж не будзеш запэўнiваць, што не карыстаўся нi вяроўкай, нi малатком? А чарнiлiцу ты выпадкам не кiдаў, як Лютэр? Не? О, - скрывiўся ён, - тады ты проста малайчына! I рукамыйнiк цэлы, ты нават не спрабаваў расквасiць галаву, i ў пакоi ўсё цэлае. Ты проста раз, два, i гатова пасадзiў, запусцiў на арбiту, i квiты?!
   Снаўт зiрнуў на гадзiннiк.
   - Значыць, гадзiны дзве, а мо i тры ў нас ёсць, - закончыў ён, непрыемна ўсмiхаючыся. Пасля працягваў: - Так, значыць, ты лiчыш, што я свiння?
   - Сапраўдная свiння, - сказаў я цвёрда.
   - Ага, а ты паверыў бы, калi б я табе расказаў? Паверыў бы хоць аднаму майму слову?
   Я не адказаў.
   - Спачатку гэта адбылося з Гiбарыянам, - працягваў Снаўт з той жа непрыемнай усмешкай. - Ён замкнуўся ў сваёй кабiне i гаварыў з намi толькi праз дзверы. Ты ведаеш, што мы вырашылi?
   Я ведаў, але прамаўчаў.
   - Ну вядома. Мы думалi, што ён звар'яцеў. Ён расказаў нам трохi праз дзверы, але не ўсё. Магчыма, ты нават здагадваешся, чаму ён не сказаў, хто ў яго. Так, ты ўжо ведаеш: suum cuique*. Але Гiбарыян быў сапраўдны даследнiк. Ён запатрабаваў, каб мы далi яму шанц.
   * Suum cuiquе (лац.) - кожнаму сваё.
   - Якi шанц?
   - Ён спрабаваў усё класiфiкаваць, разабрацца, зразумець, працаваў ноччу. Ведаеш, што ён рабiў? Вядома, ведаеш!
   - Разлiкi. У шуфлядзе. На радыёстанцыi. Гэта яго?
   - Так. Але тады я пра гэта нiчога не ведаў.
   - Колькi гэта працягвалася?
   - Гасцяванне? Мо з тыдзень. Мы вялi размовы праз дзверы. Што там тварылася! Мы думалi, у яго галюцынацыi, псiхамоўнае ўзбуджэнне. Я даваў яму скапаламiн.
   - Як гэта... яму?
   - Так. Ён браў, але не сабе. Эксперыментаваў. Так гэта i працягвалася.
   - А вы?..
   - Мы? На трэцi дзень мы вырашылi трапiць да яго, узламаць дзверы, калi iнакш не атрымаецца. Думалi, што яго трэба лячыць.
   - Дык вось чаму! - вырвалася ў мяне.
   - Так.
   - I там... у той шафе...
   - Так, мой ты хлопча. Так. Ён не ведаў, што тым часам i нас наведалi госцi. I мы ўжо не маглi займацца iм. Ён пра гэта не ведаў. Зараз мы да такiх гiсторый... прывыклi.
   Ён расказваў пра гэта так цiха, што я хутчэй здагадаўся, чым пачуў апошнiя словы.
   - Пачакай, я не разумею... - прамовiў я. - Вы ж павiнны былi чуць. Ты сам казаў, што вы падслухоўвалi. Вы павiнны былi чуць два галасы... а таму...
   - Не. Мы чулi толькi яго голас, а калi ўзнiкаў нейкi дзiўны шум, мы думалi, што гэта ён...
   - Толькi яго голас?.. Але... чаму?
   - Не ведаю. У мяне, праўда, ёсць на гэты конт свая версiя, але я лiчу, што не варта спяшацца. Хоць яна штокольвечы i высвятляе, але выйсця не дае. Так. Ты, вiдаць, яшчэ ўчора нешта прыкмецiў, iначай палiчыў бы нас абодвух за вар'ятаў.
   - Я думаў, што сам звар'яцеў.
   - Ах, так? I ты нiкога не бачыў?
   - Бачыў.
   - Каго?!
   Яго твар скрывiўся. Ён ужо не ўсмiхаўся. Я ўважлiва разглядваў яго, пасля адказаў:
   - Гэтую... чарнаскурую...
   Снаўт маўчаў. Але яго напружаныя згорбленыя плечы крыху расслабiлiся.
   - Ты мог бы мяне хоць папярэдзiць, - працягваў я ўжо не так упэўнена.
   - Я цябе папярэдзiў.
   - Але як!
   - Як здолеў. Зразумей, я не ведаў хто гэта будзе! Гэтага нiхто не ведае, гэтага нельга ведаць...
   - Паслухай, Снаўт, у мяне некалькi пытанняў. Ты сутыкаўся з такiмi рэчамi... тая... гэта... што будзе з той?
   - Ты хочаш ведаць, цi вернецца яна?
   - Так.
   - Вернецца i не вернецца.
   - Што гэта азначае?
   - Вернецца такая самая, як была напачатку... пад час першага вiзiту. Проста яна не будзе нiчога ведаць або, калi казаць дакладна, будзе паводзiць сябе так, быццам ты нiколi нiчога не рабiў, каб ад яе пазбавiцца. Яна не будзе агрэсiўнай, калi ты не паставiш яе ў такое становiшча...
   - Якое становiшча?
   - Гэта залежыць ад абставiн.
   - Снаўт!
   - Што?
   - Мы не можам дазволiць сабе раскошу што-небудзь утойваць адзiн ад аднаго!
   - Гэта не раскоша, - перапынiў ён суха. - Кельвiн, у мяне такое ўражанне, што ты ўсё яшчэ не разумееш... або... Пачакай! - У яго заблiшчалi вочы. - Ты можаш мне сказаць, хто ў цябе быў?!
   Я пракаўтнуў слiну. Апусцiў галаву. Мне не хацелася глядзець на яго. Я хацеў, каб зараз тут быў абы-хто, толькi не Снаўт. Але выбару не заставалася. Шматок марлi адклеiўся i звалiўся мне на руку. Я здрыгануўся ад яе слiзкага дотыку.
   - Жанчына, якую... - я не закончыў. - Яна загiнула. Зрабiла сабе... укол...
   Снаўт чакаў.
   - Учынiла самагубства?.. - удакладнiў ён, калi ўбачыў, што я маўчу.
   - Так.
   - I ўсё?
   Я маўчаў.
   - Гэта не ўсё...
   Я падняў галаву. Снаўт не глядзеў на мяне.
   - Адкуль ты ведаеш?
   Ён не адказаў.
   - Ладна, - пачаў я, аблiзаўшы губы, - мы пасварылiся. А зрэшты, не. Гэта я ёй сказаў, сам ведаеш, што гавораць у гневе. Сабраў свае рэчы i пайшоў. Яна дала мне зразумець, хоць пра гэта нiчога i не сказала, але калi з чалавекам доўга жывеш, навошта i гаварыць... Я быў перакананы, што пабаiцца... яна проста так... што не зробiць гэтага... я выклаў ёй усё. На наступны дзень я ўспомнiў, што пакiнуў у шуфлядзе стала гэты... прэпарат; яна ведала пра яго я прынёс прэпарат з лабараторыi i растлумачыў, як ён дзейнiчае. Я спалохаўся, хацеў пайсцi i забраць яго, але падумаў, што гэта дасць падставы лiчыць, быццам я ўспрыняў яе словы ўсур'ёз, i... не пайшоў. Але на трэцi дзень я ўсё-ткi пайшоў, бо гэта не давала мне спакою. Ужо... калi я прыйшоў, яна была мёртвая.
   - Ах ты, нявiнны хлопча...
   Гэтыя словы ўзрушылi мяне. Але зiрнуўшы на Снаўта, я зразумеў, што ён не жартуе. Я ўбачыў яго быццам упершыню. На шэрым твары ў глыбокiх маршчынах застыла пакута, ён быў падобны на цяжкахворага чалавека.
   - Чаму ты так гаворыш? - спытаўся я здзiўлена.
   - Таму, што гiсторыя гэта трагiчная. Не, не, - хуценька дадаў ён, калi заўважыў, што я хачу яго перапынiць, - ты па-ранейшаму нiчога не разумееш. Вядома, ты можаш пакутаваць, нават лiчыць сябе забытым, але... гэта не сама страшнае.
   - Што ты кажаш! - з'едлiва выгукнуў я.
   - Цешу сябе тым, што ты не верыш. Тое, што адбылося, можа быць страшным, але страшней за ўсё тое, што... не адбывалася. Нiколi.
   - Не разумею... - прамовiў я.
   Я i на самай справе нiчога не разумеў. Снаўт пакiваў галавой.
   - Нармальны чалавек... - працягваў ён. - Што такое нармальны чалавек? Чалавек, якi не ўтварыў нiчога страшнага? I нават нiколi пра гэта не падумаў? А што, калi ён не падумаў, але ў яго падсвядомасцi дзесяць або трыццаць гадоў таму толькi мiльганула гэта? Мо ён забыўся, не баяўся, бо ведаў, што нiколi не зробiць нiчога дрэннага. Так, а зараз уявi сабе, што раптам, сярод белага дня, у асяродку iншых людзей, ты сустракаеш ГЭТА наяве, прыкутае да цябе, незнiшчальнае, што тады? Што маеш рабiць тады?
   Я маўчаў.
   - Станцыя, - прамовiў ён цiха. - Маеш тады Станцыю Салярыс.
   - Але... што гэта ўрэшце можа быць? - спытаўся я нерашуча. - Вы ж з Сарторыусам не злачынцы...
   - Ты ж псiхолаг, Кельвiн! - нецярплiва перапынiў ён мяне. - Каму хоць раз у жыццi не снiўся такi сон, не з'яўляўся такi прывiд? Возьмем... фетышыста, якi закахаўся, скажам, у шматок бруднай бялiзны. Рызыкуючы жыццём, метадам пагроз i просьбаў ён здабывае свой бясцэнны вычварны шматок. Забаўна, праўда? Ён i брыдзiцца прадмета свайго iмкнення, i гатоў з-за яго розум страцiць. I нават жыццё гатовы аддаць дзеля яго, як Рамэо дзеля Джульеты... Такое часам здараецца. Але ты, вiдаць, разумееш, што бываюць i такiя рэчы... такiя сiтуацыi... якiя нiхто не захоча мець наяве, пра якiя можна толькi падумаць, i то пад час ап'янення, падзення, вар'яцтва - называй гэта як хочаш. I слова становiцца целам. Вось i ўсё.
   - Вось... i ўсё, - бязглузда паўтарыў я драўляным голасам. У мяне шумела ў галаве. - А Станцыя? Пры чым тут Станцыя?
   - Ты што, прытвараешся? - прамовiў Снаўт i ўперыў на мяне свой позiрк. - Я ж увесь час кажу пра Салярыс, толькi пра Салярыс i нi пра што iншае. Я не вiнаваты, што ўсё так рэзка адрознiваецца ад тваiх спадзяванняў. Зрэшты, ты дастаткова перажыў, каб хоць выслухаць мяне да канца. Мы выпраўляемся ў космас, гатовыя да ўсяго, гэта значыць да адзiноты, да барацьбы, да пакут i смерцi. З-за сцiпласцi мы не гаворым пра гэта ўслых, але часам думаем пра сваю вялiкасць. А на самай справе, на самай справе гэтага мала, i наша падрыхтаванасць - толькi поза. Мы зусiм не хочам заваёўваць космас, мы хочам проста пашырыць да яго абсягаў Зямлю. На адных планетах павiнны быць пустынi накшталт Сахары, на другiх - iльды, як на полюсе, альбо джунглi, як у бразiльскiх тропiках. Мы гуманныя i высакародныя, не хочам заваёўваць iншыя расы, мы толькi iмкнёмся перадаць iм нашы дасягненнi i ўзамен атрымаць iх спадчыну. Мы лiчым сябе рыцарамi Святога Кантакту. Гэта другая хлусня. Мы не шукаем нiкога, акрамя чалавека. Нам не патрэбны iншы сусвет. Нам патрэбна наша адлюстраванне. Мы не ведаем, што рабiць з iншым сусветам. Нам хапае i аднаго, мы i так у iм задыхаемся. Мы хочам знайсцi свой уласны, iдэалiзаваны вобраз: планеты з цывiлiзацыямi, якiя больш дасканалыя, чым наша, альбо сусветы нашага прымiтыўнага мiнулага. Мiж iншым, з таго боку ёсць нешта, што мы не прымаем, ад чаго абараняемся, а тым часам з Зямлi прывезлi не толькi крыштальную дабрачыннасць, не толькi iдэал гераiчнага Чалавека! Мы прыляцелi сюды такiмi, якiя мы на самай справе; а калi iншы бок паказвае нам нашу рэальную iснасць тую частку праўды пра нас, якую мы хаваем, - мы не можам з гэтым змiрыцца!
   - Ну i што? - спытаўся я, цярплiва выслухаўшы яго.
   - Тое, што мы хацелi: кантакт з iншай цывiлiзацыяй. Вось ён, гэты кантакт! Павялiчаная як пад мiкраскопам наша страшэнная брыдота, наша фiглярства i сорам!!!
   Голас Снаўта ажно трапятаў ад злосцi.
   - Значыць, ты лiчыш, што гэта... Акiян? Што гэта ён? Але навошта? Зараз я менш за ўсё цiкаўлюся механiзмам дзеяння, але хай Бог крые, навошта?! Няўжо ты ўсур'ёз лiчыш, што ён забаўляецца з намi?! Альбо карае нас?! Гэта ж сапраўднае чарнакнiжжа! Планета, якую заваяваў нейкi д'ябал-велiкан, i вось зараз ён, зыходзячы са свайго д'ябальскага адчування гумару, падкiдвае сябрам навуковай экспедыцыi гэткiя брыдоты! Сама сапраўдны iдыятызм. Няўжо ты сам верыш у гэта?!
   - Гэты д'ябал не такi дурны, - працадзiў Снаўт праз зубы.
   Я здзiўлена паглядзеў на яго. Урэшце ў яго маглi не вытрымаць нервы, падумаў я, нават калi тое, што адбываецца на Станцыi, нельга вытлумачыць вар'яцтвам. Рэактыўны псiхоз?.. - прамiльгнула ў мяне думка, калi Снаўт пачаў цiхенька смяяцца.
   - Зноў ставiш мне дыягназ? Не спяшайся. Па сутнасцi ты сутыкнуўся з гэтым у такой лёгкай форме, што нiчога не зразумеў!
   - Ага! Д'ябал злiтаваўся з мяне.
   Размова пачынала нерваваць.
   - Што ты, уласна, хочаш? Каб я сказаў табе, што рыхтуюць супраць нас iкс бiльёнаў кубаметраў метафарычнай плазмы? Магчыма, нiчога.
   - Як гэта нiчога? - спытаўся я здзiўлена.
   Снаўт па-ранейшаму ўсмiхаўся.
   - Ты ж ведаеш: навука займаецца толькi тым, як адбываецца штосьцi, а не тым, чаму адбываецца. Як? Усё пачалося праз восем або дзевяць дзён пасля эксперыменту з апраменьваннем рэнтгенам. Магчыма, Акiян адказаў на наша апраменьванне нейкiм сваiм, магчыма, прашчупваў прамянямi наш мозг i выводзiў з яго пэўныя псiхiчныя працэсы, так бы мовiць - iнкапалiраваныя.
   - Iнкапалiраваныя? Гэта мяне зацiкавiла.
   - Так, працэсы, адарваныя ад усяго iншага, замкнутыя ў сабе, сцiснутыя, замураваныя, нейкiя запальныя астраўкi памяцi. Ён палiчыў iх за праект... за рэцэпт... Бо ты ж ведаеш, якое падабенства маюць памiж сабой асiметрычныя крышталi храмасом i тых нуклеiнавых спалучэнняў царабразiдаў, якiя з'яўляюцца асновай працэсаў запамiнання... Спадчынная плазма гэта плазма "запамiнання". Значыць, ён здабыў гэта з нас, зарэгiстраваў, а пасля - сам ведаеш, што было пасля. Але чаму ён гэта зрабiў? О! Ва ўсякiм выпадку не дзеля таго, каб знiшчыць нас. Знiшчыць нас можна значна прасцей. Наогул - з яго тэхналагiчнымi магчымасцямi - ён мог зрабiць усё, што хацеў, напрыклад, замянiць нас двайнiкамi.
   - Ага! - выгукнуў я. - Вось чаму ты так спалохаўся мяне тым першым вечарам!
   - Так. Зрэшты, - дадаў Снаўт, - магчыма, што ён так i зрабiў. Адкуль ты ведаеш, што я сапраўды тое старое добрае Мышаня, якое прыляцела сюды два гады таму...
   Снаўт хiхiкнуў, нiбыта меў асалоду ад маёй разгубленасцi, але адразу ж стаў сур'ёзны.
   - Не, не, - прамармытаў ён, - i так хапае ўсяго, аж занадта... Вiдаць, адрозненняў значна больш, але я ведаю адно: i мяне i цябе можна забiць.
   - А iх нельга?
   - Нават не спрабуй. Страшны малюнак!
   - Нiчым?
   - Не ведаю. Ва ўсякiм выпадку iх нельга нi атруцiць, нi зарэзаць, нi задушыць...
   - А калi атамным раскiдальнiкам прамянёў?
   - А ты здолеў бы?
   - Не ведаю. Калi лiчыць, што яны не людзi...
   - У пэўным сэнсе яны людзi. Суб'ектыўна яны людзi. Яны не разумеюць сэнсу... свайго... паходжання. Ты, вiдаць, заўважыў гэта?
   - Так, заўважыў. Але... якi гэта мае выгляд?
   - Яны рэгенеруюць у неверагодным тэмпе. У немажлiвым тэмпе, проста на вачах, павер мне, i зноў пачынаюць паводзiць сябе як... як...
   - Як?
   - Як iх вобразы, якiя жывуць у нашай памяцi, на аснове якой...
   - Так, гэта праўда, - згадзiўся я.
   На маiх абгарэлых шчоках раставала мазь i капала на рукi. Я не звяртаў на гэта ўвагi.
   - А Гiбарыян ведаў?.. - нечакана спытаўся я.
   Снаўт зiрнуў на мяне ўважлiва.
   - Цi ведаў ён тое, што i мы?
   - Ага.
   - Я амаль што ўпэўнены.
   - Адкуль ты ведаеш? Ён табе казаў?
   - Не. Але я знайшоў у яго адну кнiгу...
   - "Малы Апокрыф"?! - закрычаў я i сарваўся з месца.
   - Так. А адкуль ты ведаеш? - занепакоена спытаўся Снаўт i вылупiўся на мяне.
   Я адмоўна пакiваў галавой.
   - Не хвалюйся. Ты ж бачыш, што я апечаны i зусiм не рэгенерую, - супакоiў я. - Ведаеш, ён пакiнуў мне пiсьмо. Яно было ў кабiне.
   - Гэта праўда?! Пiсьмо? Што ў iм напiсана?
   - Не надта шмат. Гэта хутчэй запiска, а не пiсьмо. Бiблiяграфiчная даведка да "Салярыстычнага дадатку" i да гэтага "Апокрыфа". Што гэта такое?