- Падсаджвайцеся, геру студыёзус, i пасьнедайце са мною, коней я ўжо дагледзеў, вашага i свайго.
   Юнаму Айцэну робiцца не па сабе, быццам ён знайшоў скарб, чалавека, якi пра ўсё паклапоцiцца, да таго ж па добрай волi, ён толькi апасаецца: настане дзень, калi можа быць прад'яўлены рахунак; гэта ўводзiць яго ў разьвярэд. Абодва жуюць, Айцэн, праўда, чакаючы, што той нешта скажа пра начныя крокi ў пакоi, у якiм нiкога ня было, альбо, што сталася з куксатым i куды ён падзеўся, бо, як здавалася, яны былi памiж сабою знаёмыя, а чалавек жа ня так хутка перасядае з аднаго сябра на другога; але той зноў анi слова пра здарэньне, прыяцель больш захапляецца канём, на якiм Айцэн прыехаў з Аўгсбурга ў Лейпцыг, вузкiм крупам i магутным складам цела, аж маладому чалавеку закрадаецца падазрэньне, цi не паклаў хлопец вока на яго каня, i рашае нарэшце ня спускаць зь яго вачэй. Але пасьля, заплацiўшы гаспадару "Лебедзяў" i пайшоўшы ў стайню, ён бачыць, што тагоны конь куды спраўнейшы за ягонага, ня конь, а чысты сатана, ноздры так i храпаюць, вочы гараць, на месцы не стаiць, так i танцуе, так i выгельцвае, i прыяцель, мабыць, павагаецца, перш чым сесьцi на яго, нябось пабаiцца, каб ня скiнуў; але той, нягледзячы на сваё калецтва, лёгкiм скокам узьлятае ў сядло й сядзiць як сапраўдны верхавец; пасьля высмальвае праз браму на вулiцу й за паварот, аж iскры з-пад капытоў, людзi шарахаюцца наўроссып, i юны Айцэн, хоч-няхоч, пасьпявай за iм; i толькi калi ўжо ад'ехалiся на бiты гасьцiнец, на Вiтэнбэрг, пакiнуўшы за сабою расплывiстыя абрысы Лейпцыга, ён наганяе камарада, якi цяпер лёгенька патрухвае наперад.
   - Вам, пэўна, рупiць даведацца, хто я такi буду насамрэч, - кажа й выскаляецца, не сьмеючыся напраўду. - Далiбог, геру студыёзус, вам спакою ня будзе, пакуль не даведаецеся; учарашняга вечара вы гаварылi пра парадак, парадак на небе як i на зямлi, свой парадак пануе i ў вашых мазгах, на ўсё там свая шуфлядка, свой фах, але вы ў паняверцы - куды сунуць мяне.
   Айцэн зноў уражаны, як дакладна той патрапляе арыентавацца ў ягоных думках, ды ня хоча прызнавацца й кажа, паляпваючы па ўзмыленай шыi каня, што на ўсё, бач, свой час, свая пара й калi Лёйхтэнтрагер ня хоча, хай спакойна пакiне сваю гiсторыю пры сабе, бо й праўда ж, колькi той карысьцi з слоў, калi ўсё адно кожны разумее iх пасвойму.
   Рыхтык бо яно так i ёсьць, адказвае той, малады гер тут якраз пацэлiў у самы акурат, i наогул нiкому з нас ня дадзена нiякiм лотам вымерыць чалавека ў ягоных глыбiнях, таямнiца застаецца заўсёды, бо мы ж ня ёсьць нешта сукупнасашчэпленае.
   Юны Айцэн збоку пазiрае на камарада - звычайны, будны твар з бародкай i чорнымi, падвостранымi ўгору брывамi й горбiкам за левым плечуком, i на нейкае iмгненьне яму падаецца, нiбыта вакол яго моцнай постацi ўзьнiкае яшчэ адна, сумесь туману й ценю, i як што тут набягае воблачка на наша мiлае сонейка, яму робiцца крыху вусьцiшна, i ён дае каню шпораў.
   Не таму, каб хацеў перагнаць; ад лёткага каня камарада Лёйхтэнтрагера ўсё адно не адарвацца, гэта ён ведае, i таму кажа:
   - Гоох! - i счакаўшы, пакуль той, выгодна патрухваючы, зноў акажацца побач, пытаецца ў яго, што ён такога меў на ўвазе, кажучы "не ёсьць нешта сукупнасашчэпленае"?
   - Iх па два ў кожным з нас, - тлумачыць камарад.
   Юны Айцэн хутка пераконваецца: плецiва, якое абвалакала таго, зьнiкла, засталося, мабыць, толькi затлуменьне мазгоў, як i тыя начныя крокi. I кажа, што ў ягоных помыслах усё складваецца натуральна, як паводле боскага вучэньня:
   - Але ж ну так, я i мая несьмяротная душа.
   - Так, - кажа той i сьмяецца, i цяпер ужо ягоны сьмех чыстае пакепства, можна разглядаць i гэтак.
   На што ў Айцэна ўзьнiкае страшэннае падазрэньне, куды горшае за ўсе папярэднiя, якiя ён меў што да незнаёмага, i, як бы цiкуючы, ён пытаецца:
   - А вы часам цi не каторы з тых анабаптыстаў i пярэхрыстаў, якiя ганаравалi ў Мюнстэры д'ябла i ўсялякiя страхоцьцi сеялi? Як там у вас з хрышчэньнем?
   - Як што ўжо вы аж такi цiкаўны будзеце, геру студыёзус, - кажа камарад, дык я мяркую, дзетак спакойна можна хрысьцiць, пакуль яны не падрасьлi; хай гэта й не карысна, але некалькi кропель вады ў кожным разе не зашкодзяць, дый закон будзе вытрыманы найлепшым чынам, i палютэранску добра, i пакаталiцку нязгорш.
   Айцэн акцэптуе гэта, хоць яно яму ўсё-такi не да смаку, каб у iм сядзеў яшчэ нехта другi ды вычвараў усялякiя штукi, якiя могуць зьвесьцi яго з тропу на розныя ўзбочыны разам зь яго неўмiручай душою.
   Лёйхтэнтрагер пераводзiць каня на роўны крок.
   - Я, - кажа ён, - сын акулiста Балтазара Лёйхтэнтрагера з Кiцынгена i ягонай сужэнкi Ганны-Марыi, якая хадзiла тоўстая мною на дзевятым месяцы, калi па выраку нашага добрага пана, маркграфа Казiмiра, майму бацьку як i шасьцiдзесяцi гараджанам i сялянам з навакольных вёсак выкалалi вочы.
   - Мабыць-такi ваш гер бацька трымаўся благое кампанii, - паддобрываецца юны Айцэн.
   - Якое там благое, ён быў сярод iх найгоршы, - кажа той. - Як паназьбiралася людзей аж чорна, ды многiя ўжо ў латах, зь дзiдамi i як не пабягуць да Кiцынгенскай ратушы - на ўпакорваньне, мяцеж iм, бачыш, усiм толькi ўпоперак, тады ўстае мой бацька, i рэзка так кажа, так, каб народу дагаджала, каб мёдам па губах; гэтак ловяць мышэй; але скора пакоцяццы галовы.
   - Час быў благi, - мудра заўважае Айцэн. - Слава богу, ён ужо мiнуўся, дзякуючы пiсаньням гера доктара Марцiнуса Лютэра i борздым захадам начальстваў. - I сам у сябе моўчкi пытаецца, колькi ж бо бацькавага мяцежнiцкага духу магло перайсьцi ў Лёйхтэнтрагера-малодшага, якi цяпер едзе побач.
   Але той цiхамiрна пакусвае лiсьцiнку, сарваную з дрэва. Пасьля выплёўвае й расказвае сваю гiсторыю далей.
   - Гэтак сама ж i матчын бацька быў асьлеплены па загадзе маркграфа, кажа, - з той прычыны, што ён выкарыстаў чэрап сьвятой Хадэлогi, заснавальнiцы нашага жаночага кляштара ў Кiцынгене, дастаўшы яго з магiлы, для гульнi ў кеглi, а як што бацька мой праз дзень пасьля выколваньня вачэй гаротна сканаў ад ранаў, мая мацi са мною ў жываце пабегла прэч, i сталася так, што я, як маленькi Iсусiк, нарадзiўся ў дарозе, у стайнi, але не атулены ласкай цялятак i асьлянятак i не адораны трыма каралямi; больш за тое, мацi мая была ў тым хляве адна, i я выпаў зь яе i таму з моманту нараджэньня быў ушкоджаны, зь якой гэтай самай прычыны я й кульгаю на адну нагу, а адно плячко ў мяне вышэй за другое, а й невялiкi гарбок выперся.
   - Дык вам i з бацькавага й з матчынага боку лiхая долечка прыпала, - ня стрымлiваецца юны Айцэн, а сам сабе думае, - няшмат людзкага можа выйсьцi з гэтага хлопца пры такой долi, а ўголас кажа:
   - Але ж, як там яно было ў вас далей?
   Той, як бы ўспалошваецца зь нейкiх сваiх успамiнаў, i ягоны ўздрыг перадаецца каню, ён пускаецца ў галоп, i юнаму Айцэну прыходзiцца доўга ўлягаць сьледам, пакуль ён нарэшце не дастаецца да працягу гiсторыi, да таго яе месца якраз, калi гаротнiца мацi, нядужая i зьнясiленая, прыносiць дзiця ў Саксонiю, у горад Вiтэнбэрг, там яна ў бозе спачыла, а доктар Антон Фрыз i яго добрая жонка Эльзбэта прымаюць малое, якое, усiмi кiнутае й забытае, яшчэ ня ўмела гаварыць, а толькi лепятала й на цэлае горла крычала, у свой сiрацiнец.
   - За што iм ад шчыраты сэрца дзякую, - дадае Лёйхтэнтрагер, - хоць за ўсё жыцьцё я iм так i не зрабiў нiчога людзкага; я ня быў iм дзiця радасьцi, я быў сам сабе наўме, хаваў у сабе ўсё, што думаў, i дзе iншыя казалi, што, во! так яно ёсьць i так яно было спрадвеку, i гэта добра, там я пытаўся, а чаму? i гэтым самым бянтэжыў усiх i за тое шмат калi даставаў па храпах.
   - Але ж бывае й так, - гарачыцца юны Айцэн, - калi добры хрысьцiянiн не павiнен пытацца, чаму.
   - Калi б чалавек ня пытаўся, чаму, - кажа прыяцель, - мы i сёньня сядзелi б у раi. Калi б ня собiла Еве дапытацца, чаму ёй забаронена пакаштаваць яблык.
   - Найперш, - адказвае Айцэн, - яна была дурная баба, а там - гэта ж зьмей нашаптаў ёй. Асланi нас божа ад такiх зьмеяў.
   - А я вось разумею таго зьмея, - кажа той. - Зьмей-такi бачыў, што бог спадобiў чалавека дзьвюма рукамi для працы й галавою для мысьленьня, а навошта яму ўсё гэта прычындальле ў раi? Урэшце, яно было б у яго адвiнчана, як усё, што ня мае ўжытку й скарыстаньня, i што ж бы тады, геру студыёзус, сталася з тым божым падабенствам?
   Юны Айцэн ня ўпэўнены, пакепвае зь яго прыяцель, а цi не, i ён рашае вярнуцца назад на цьвёрды грунт i таму паўтарае тое, чым настаўляў яго ў дарогу пастар Эпiнус у Гамбургу: што менавiта ж бо толькi вера шчасьцiць чалавека, а ня веда. На што, каб ужо зноў ня ўблытвацца ў дыспут, у якiм i па вушах дастаць можна, запрашае таго распавядацца далей.
   I той расказвае, як усё было пры сьмерцi яго прыёмнага бацькi, доктара Фрыза, як ён паклiкаў яго да сябе й сказаў:
   - Сыне мой, а я заўсёды меў цябе за сына, хоць у дом мой ты трапiў гаротнейшы за знайдыша, згаладалы, зьдзiчэлы як кара божая, i мая шчасная жонка й я кармiлi цябе з волi Хрыста, сыне мой, з гэтым я перадаю табе як спадчынную долю тваёй кроўнай мацi й твайго законнага бацькi тое, што твая мацi насiла пры сабе, калi была знойдзена мёртвая, гэта не якая там каштоўнасьць, больш дзеля сантыменту - item, хустачка, вылiнялая, зь дзьвюма цёмнымi плямамi крывi, я сам дасьледаваў iх прыроду, i гэта адбiтак крывавых вачнiц твайго бацькi; item, cрэбраная манэта, з выявай галавы рымскага кесара на ёй; i нарэшце, кавалак пэргаманту з габрэйскiмi пiсьмёнамi i з паметай на iм рукою твайго бацькi пра тое, што манэта, як i пэргамант атрыманы ад аднаго старога жыда, якi быў разам зь iм перадмяцежнымi днямi. Пасьля чаго прыёмны бацька даверлiва перадаў яму ўсё гэта й неўзабаве пасьля спачыў у мiры; а ён, Лёйхтэнтрагер, "начны вартаўнiк", паклаў усе гэтыя тры рэчы ў скураную торбачку й носiць яе з таго часу заўсёды пры сабе, як свайго роду талiсман-кудмень.
   I калi Айцэн чуе пра жыда, якi быў пры бацьку прыяцеля, яму адразу згадваюцца Вечны Жыд i начныя крокi ў суседнiм пустым пакоi, а таксама словы таго другога, калi ён сказаў, што шукае нейкага жыда й таму прыйшоў у Лейпцыг, i хоць яму крышачку несамавiта на душы, а ўсё ж пад'юджвае цiкаўнасьць, i ён кажа, што носiць на грудзях асьвечаны крыжык, якi яму дала яго дарагая мама й якi ён паказаў бы Лёйхтэнтрагеру, калi гэты наўзаем пакажа яму свой амулет.
   Той падае яму з каня i ляпае юнага Айцэна па плячы, аж гэты ўздрыгвае, i кажа яму, што, калi яму хопiць сiлы глядзець на д'ябальскую рэч, дык будзь ласка. I як што якраз насьпела даць коням выпасу, яны спыняюцца, пускаюць конi на мураўку, а самi садзяцца на два пянькi, прыяцель лезе запазуху па сваю торбачку й паказвае Айцэну спачатку манэту, добра захаваную, можна разгледзець кожную лаўровую лiсьцiнку на галаве ў кесара, а пасьля хустачку зь дзьвюма рудымi плямамi й нарэшце абрывак пэргаманту.
   Юнаму Айцэну можна й прачытаць, што напiсаў прыяцелеў Кiцынгенскi бацька на палях, але габрэйскiя пiсьмёны яму што абракадабра, ён толькi хоча ведаць, што яны азначаюць: чароўны заклён, цi праклён, а цi хто яго ведае што там яшчэ?
   О, ён ведае некалькi габрэйскiх слоў, кажа Лёйхтэнтрагер i дадае на карысьць i ласку юнага Айцэна:
   - Гэта нi чароўны заклён, нi праклён, гэта Сьвятое Пiсаньне, словы прарока Эзэкiеля, а гучаць яны так: "Так кажа Гасподзь Бог: вось Я - на пастыраў, i спаганю авечак Маiх з рук iхнiх i ня дам iм болей пасьвiць авечкi, i ня будуць болей пастыры пасьвiць самiх сябе, i вырву авечак Маiх з пашчанак iхнiх, i ня будуць яны ежаю iм" (Эз. 34:10).
   Айцэну не па сабе, з аднаго боку гэта прарок, якi цытуецца на пэргаманце, з другога гучыць для яго блюзьнерча, i ён пытаецца ў самога сябе, кiм маглi б быць тыя пастыры, якiя рабуюць у сваiх жа статках, i каго прарок меў на ўвазе; але потым суцяшаецца ў думках, што гэта ж усё было даўным-даўно, i пастыры сёньняшняга дня людзi прыстойныя, яны гоняць дамоў свае статкi гаспадарам дакладным лiкам, i ён успамiнае пра свой крыжык, якi хацеў паказаць.
   Але гэты адварочваецца ад крыжыка, быццам ведае яго дастаткова й нiчога да яго ня мае на ўме, зноў хавае свае скарбы ў торбачку, бярэ свайго каня i ўзмахвае ў сядло. I згары кажа юнаму Айцэну, якi пасьпяшае да яго:
   - Можаце пажыць у мяне ў Вiтэнбэргу, геру студыёзус; у доме доктара Фрыза хапае памяшканьня, якое я ўспадкаваў, яно цяпер маё; з платай мы ўжо неяк памяркуемся, не закаштуе табе цэлага сьвету. - Прышчоўквае языком i мчыцца далей.
   А Айцэн, даганяючы, думае, як яно ўсё божым промыслам разумна складваецца i ўсё сваiм часам; толькi-толькi быў паспадзяваўся, што доктар Мэланхтон, да якога ён мае лiст ад цёткi, мог бы паспрыяць яму ў пошуках стала й кватэры, асаблiва калi ён упiшацца яму ў вучнi; а так вось яно яшчэ й лепш, бо каля вялiкага настаўнiка й прыяцеля Лютэра пэўна ж ацiраецца шмат усiх усякiх, сярод iх ёсьць i куды разумнейшыя, хай, можа, i не такiя старанныя, як Паўлюс фон Айцэн з Гамбурга. I ўсё ж, думае ён, усё ж...
   Але пасьля спахапляецца. Ня трэба занадта ўшывацца ў чалавечыя таемнасьцi, ня трэба нават лезьцi i ў душу сябра Лёйхтэнтрагера, якi вунь, едзе паперадзе, якраз ў засланае хмарай вечаровае неба.
   РАЗЬДЗЕЛ ТРЭЙЦI
   У якiм рашуча сьцьвярджаецца, што тое, чаго не разумее школьная навука, ня можа йснаваць, нават калi яно ў жывой плоцi перад вачыма
   Геру
   праф. д-ру Doctor honoris causa Зiгфрыду Байфусу
   Iнстытут навуковага атэiзму
   Бэрэнштрасэ 39а, 108 Берлiн
   German Democratik Republic
   19 снежня 1979
   Высокашаноўны гер калега!
   Я атрымаў Вашу шматдастойную кнiжку "Самыя вядомыя iудэа-хрысцiянскiя мiфы ў святле прыродазнаўчага i гiстарычнага пазнання" i прачытаў яе з вялiкай цiкавасцю. У многiх аспектах, асаблiва там, дзе Вы ўдаяцеся ў мэты, якiм на працягу доўгага часу служылi гэтыя мiфы i часткова служаць яшчэ i сёння, я цалкам з Вамi згодзен. Нам, навукоўцам, вельмi залежыць змагацца з абалваньваннем масаў, якое, праўда, праз такiя найноўшыя мiфы, пашыраецца, выступаючы пад iмем навукi, i мы павiнны, наколькi можам, дзейнiчаць у духу асветы.
   Але дазвольце мне зрабiць i некалькi заўвагаў адносна фрагмента ў Вашай працы, якому Вы далi назву "Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда". Гэта найперш з тае прычыны, што я сам прысвяцiў Агасферу - ён носiць i iншыя iмёны - некалькi даследаванняў, папярэднiя вынiкi якiх я выклаў у прыкладзеным да пiсьма перадруку з часопiса "Hebrew Historical Studies"; зроблены, бадай што, толькi крыху каструбаваты пераклад на нямецкую для Вашага прынагоднага выкарыстання, зроблены адным маiм студэнтам, таксама знаходзiцца ў дадатку.
   Вы пiшаце, шаноўны гер калега, на стар. 17 Вашай працы: "Для светапогляду, якi не прызнае нiякiх недаказаных i недаказальных рэчаў i якiя паводле прынцыпаў навуковага мыслення не могуць быць прызнаныя, дапушчэнне iснавання звышнатуральных iстотаў (бог, сын божы, святыя i iншыя духi, гэтаксама як анёлы i чэрцi) a priori немагчымае". Гэтым самым Вы катэгарызуеце i Агасфера як немагчымасць.
   Каб не ставiць пад пытанне Ваш светапогляд, якi Вы характарызуеце як светапогляд дыялектычнага матэрыялiзму - ён несумненна мае свой мэрытум, - я хацеў бы, каб не дэталiзаваць Вашыя далейшыя памылкi, па-сяброўску ўказаць на тое, што Вечны Жыд ёсць анi недаказальны, анi недаказаны. Ён iснуе шматразова, трохмерна, як Вы i я, з сэрцам, лёгкiмi, печанню i ўсёй трыбуховасцю, i адзiнае ў iм, што можна было б акрэслiць як звышнатуральнае, гэта феномен яго надзвычайнай даўгавечнасцi: ён проста не памiрае. Ёсць гэта перавага цi не, я хацеў бы не абмяркоўваць; ён i сам, здаецца, па гэтым пытаннi выказваўся мала альбо, можа, i зусiм не выказаваўся, прынамсi, асабiста мне; падобна на тое, сваю доўгажыццёвасць ён успрымае як факт свайго жыцця, як некаторыя з нас успрымаюць крывапаласць альбо псарыяз.
   Як вынiкае з вышэйсказанага, я сам магу паслужыць жывым сведкам рэальна iснуючага Агасфера. Яго памяць, што не ёсць дзiва ў святле i перад фактам мнагастайнасцi ўражанняў, якiя на працягу стагоддзяў, нават жа тысячагоддзяў маглi б зафiксавацца ў клетках яго мозгу, мае прабелы, але подзiву вартая яснасць, нават у дэталях, у асобных адрэзках яго доўгага жыцця - вы не маглi былi не чуць, як ён расказвае пра сваю сустрэчу з Iсусам Назарыцянiнам, паведамленне, якому, дарэчы, я знайшоў пацвярджэнне ў апошнiх расшыфроўках асобных фрагментаў Dead Sea Scrolls. Буду вельмi рады прадставiць iх у Ваша распараджэнне, як толькi яны будуць падрыхтаваныя да публiкацыi.
   Я спадзяюся, шаноўны гер калега, паслужыцца Вам гэтымi маiмi радкамi, якiя Вы пры магчымым новым выданнi Вашай, як я ўжо сказаў, высока цанёнай мною кнiжкi, маглi б узяць пад увагу. З гэтым застаюся, з выразам маёй найглыбейшай павагi
   Ваш адданы
   Ёханаан Лёйхтэнтрагер
   Hebrew University
   Jerusalem
   Геру
   праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру
   Hebrew University
   Jerusalem, Israel
   12 студзеня 1980
   Высокапаважаны гер прафесар Лёйхтэнтрагер!
   Ваша пiсьмо разам з дадаткамi, дастаўленае ўчора ў мой iнстытут, вельмi ўзрадавала мяне, i яно даказвае, што навуковая праца, якая вядзецца ў нашай рэспублiцы, набывае вядомасць далёка за яе межамi i робiць свой дабратворны ўплыў. Сапраўды, калi чалавек Вашага рангу i вядомасцi актыўна цiкавiцца вынiкамi нашых намаганняў, гэта ўмацоўвае нас у нашых памкненнях рухацца наперад у працы яшчэ больш мэтанакiравана i ўсеахопна i яшчэ паслядоўней змагацца супроць усiх супярэчных чалавечаму разуменню памылковых iлжэтэорый. Пры гэтым мы высока цэнiм, калi нам прад'яўляюцца погляды адрознага ад нашых роду, бо толькi праз пераадоленне супярчнасцяў сцвярджаюцца тэорыi, а пробным каменем ўсякай навукi, як вядома, з'яўляецца практыка.
   Я не толькi сам прачытаў Ваш даклад "Агасфер, выдумка i праўда", апублiкаваны ў Hebrew Historical Studies, але i выклаў яго сутнасць маiм вядучым супрацоўнiкам. Таму тое, што я хачу тут напiсаць Вам, ёсць агульная думка калектыву, якi выдатна зарэкамендаваў сябе шматгадовымi даследчыцкiмi распрацоўкамi на нiве навуковага атэiзму.
   Мы ўсе аднадушна трымаемся меркавання, што Ваша асабiстае знаёмства з памянёным у артыкуле герам Агасферам, членам яўрэйскай рэлiгiйнай абшчыны, не можа быць пастаўлена пад сумненне, гэтаксама як i Ваша ранейшая сустрэча з iм у варшаўскiм гета, з якога Вы, у той час яшчэ малады чалавек, у лiку нямногiх ацалелых здолелi ўцячы праз падземныя галаваломныя лабiрынты каналаў. Але, праўда, варта паставiць пад сумненне значную частку прыведзеных Вамi сведчанняў з ранейшых перыядаў гiсторыi пра сустрэчы i розныя прыгоды з памянёным Агасферам; такiя сведчаннi, асаблiва калi яны афiцыйна не пацверджаны дадатковымi сведчаннямi, наўрад цi могуць разглядацца як навукова вартасныя, i яны набываюць, чым далей адлягаюць ад нашага часу, тым больш мiфалагiчны характар. Хоць вы i акрэслiваеце ў адным месцы Вашага артыкула (стар. 23) гера Агасфера як "майго сябра", тым не меней мы хацелi б указаць Вам на магчымасць таго, што Ваш сябар мог сугерыраваць Вам высновы, да якiх Вы прыйшлi ў Вашых даследаваннях.
   Праз адсутнасць мiждзяржаўных зносiнаў дзяржава Iзраiль, на жаль, мала даступная грамадзянам нашай рэспублiкi; iнакш квалiфiкаваныя супрацоўнiкi Iнстытута навуковага атэiзму альбо нават сам я асабiста маглi б навочна пераканацца ў прыблiзным узросце гера Агасфера. Пры iснуючых абставiнах актуалiзуецца пытанне, цi не маглi б сапраўдныя гады гера Агасфера быць пацверджаныя медыцынскiм абследаваннем на дагоду ўсiм, хто займаецца феноменам.
   У сувязi з гэтым прэс-рэферэнт нашага Iнстытута, калега д-р Вiльгельм Якш, указвае на наступны факт: пры неспатольнай пажадлiвасцi да сенсацый у заходняга медыуму, з кола якога iзраiльскi нi ў якiм разе не можа быць выключаны, цi не след было б чакаць, што прэса даўно занатавала б iснаванне сама мала двухтысячагадовага чалавека? I ўсё ж, як нам вядома, нiдзе не зарэгiстравана нiякага паведамлення пра гера Агасфера, нiдзе i нiколi, здаецца, не публiкавалася нiводнай фатаграфii гэтай асобы. Магчыма Вы, паважаны гер прафесар, маеце фота яго, i несумненна было б важна для канчатковага заключэння, калi б Вы змаглi пазычыць нам яго для выкарыстання.
   Я хацеў бы яшчэ раз канстатаваць, што мае супрацоўнiкi i я шчыра вiтаем любыя дыскусiйныя выказваннi па гэтым i iншых пытаннях i заўсёды гатовыя да таго, каб нас пераканалi ў iншай думцы. Але ў пытаннi, якое мы цяпер абмяркоўваем, патрэбны больш пэўныя доказы iснавання Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда, чым тыя, якiя Вы нам прывялi.
   З найлепшымi пажаданнямi прагрэсу ў Вашай працы,
   з глыбокай павагай
   (праф. д-р. Dr. h. c.)
   Зiгфрыд Байфус
   Iнстытут нав. атэiзму
   Берлiн, сталiца ГДР
   РАЗЬДЗЕЛ ЧАЦЬВЁРТЫ
   У якiм доктар Лютэр выкладае сваё меркаваньне пра жыдоў, а юны Айцэн якраз i сустракае аднаго такога, якi робiцца яму прыкрым назолам
   А тым часам наш юны Паўлюс фон Айцэн каторага ўжо часу жыве ў Вiтэнбэргу й спасьцiгае ў магiстра Пiлiпа Мэланхтона й iншых вучоных гераў дактароў унiвэрсытэта божую навуку й гiсторыю сьвету. Кватаруе, як загадзя наперад было ўмоўлена, у Лёйхтэнтрагеравым, фармальна Фрызавым доме, дакладней, на верхнiм паверсе, i пачувае сябе досыць вальготна, амаль як дома ў свайго бацькi, толькi iнакшым манерам. А ўсё якраз у гаспадары, якi часам увечары за чаркай агнiстага вiна гаворыць такiя рэчы, якiя дзiўна яго пераймаюць i якiх сабе яго шаноўны бацька, купец Райнгард фон Айцэн, палатно й шэрсьць, нiколi i ў мроях сказаць ня мог, а яшчэ залежыць на служанцы Маргрыт, якая прыносiць яму сьняданак, мые кашулi й апратвае пасьцель, калi занадта заядаюць вошы й блашчыцы. Пасьля гэтага яму спакойна ад паразiтаў, але не ад сваiх думак, якiя ад рана да позьняга круцяцца вакол плячэй i грудзей i сьцёгнаў, ну, i вакол, што ў Маргрыт крыху нiжэй i ззаду. Тут ужо яму не памагае, што ён падыходзiць да акенца пакоя, зь якога адкрываецца вiдок на дом настаўнiка Мэланхтона, насупроць i крыху наўскасяк, i спрабуе ўспомнiць выслоўi пабожнага мужа альбо вобраз дзевы Барбары Штэдэр, якая дажыдаецца яго ў Гамбургу; у галаве прыгожыя выслоўi роем раяцца й ператвараюцца ў чыстую тарабаршчыну, а яго ўспамiн пра Барбару журботна цьмiцца й больш ужо не аднаўляецца ў ранейшых рысах; i замест яе сваiм унутраным зрокам ён бачыць нахабны рот i грыбатыя, пунсовыя губы Маргрыт.
   Лёйхтэнтрагер даўно заўважыў, што зарупiла яго пастаяльцу.
   - Паўль, - кажа ён, бо яшчэ ў Янаву ноч яны раптам кiнулiся ў абдымкi й заключылi братэрскi хаўрус i з таго часу называлi адзiн аднаго хрысьцiянскiмi iмёнамi, Лёйхтэнтрагер юнага Айцэна Паўлюсам, а гэты Лёйхтэнтрагера Гансам; Паўль, - кажа Лёйхтэнтрагер, - я лёгка патраплю табе ўсё зладзiць з Маргрыт; варта мне сказаць адно толькi слова, i яна поначы прыйдзе да цябе й так усё зафундуе, што пачуеш, як анёлы на небе сьпяваюць; яна ад прыроды адораная, яшчэ й я сяму-таму падвучыў.
   Юнаму Айцэну запякло ў сьцёгнах, але ён кажа:
   - Ай, ды што ты наўме носiш, Ганс, ты ж ведаеш, там у мяне ў Гамбургу... я ёй прысягаў на вернасьць.
   - Вернасьць - гэта ў цябе ад галавы, - кажа сябар, - а тое, што надзiць у Маргрыт, яно зусiм ад iншага месца; нельга мяшаць духоўнае зь цялесным, ну, дый дарога ў твой Гамбург далёкая, а з таго, што дзева Штэдэр нечагась ня ведацьме, ёй не забалiць... Але не таму я прыйшоў, а таму што гер магiстр Мэланхтон паслаў слугу спытацца ў нас, цi ня зробiм мы яму ласкi й прыемнасьцi, склаўшы яму кампанiю за вячэрай, якую ён мерыцца зладзiць доктару Марцiнусу й ягонай мiлай жонцы Катарыне й некаторым iншым гасьцям, усе людзi знакамiтыя i вучоныя; фраў Катарына фундуе на вячэру барылку пiва з уласных запасаў.
   - Што, я? - кажа юны Айцэн i ўвесь праменiцца ад шчасьця за гонар, якi яму так згопалу-зьнянацку прыпадае.
   - Так, ты, - кажа Лёйхтэнтрагер, але змоўчвае пры гэтым, што ён сам прапанаваў Мэланхтону дадатковага госьця; сваё на ўме маючы; апрача таго ён ведае i Лютэра й Мэланхтона, абодвух iх, адзiн аднаму iм сказаць ужо няма чаго, але калi яны выбiраюцца на публiку, якая разьзяўляе рот на кожную iхнюю мудрасьць, тады ўжо iх прарывае, i яны глаголяць не раўнуючы як сьвятыя апосталы, i, такiм чынам, думае Лёйхтэнтрагер, вечарына можа атрымацца бяседная.
   Да вялiкай гадзiны юны Айцэн выпуцаўся шыкоўна; абуў новыя боты зь мяккай скуры й чорны са шлiцам каптан з чорным шаўковым падбоем i нашмальцаваў валасы, каб прыгожа блiшчалi; яшчэ ён добра абмазгаваў, як яму вытыкацца зь языком, калi гаварыць дойдзе да яго: будзе пра сваiх гамбургскiх i як яны ўпадаюць за шчырым божым словам; пры гэтым потайкам думае сабе, што калi раптам сам Лютэр дабраславiць яго, гэта мусова дойдзе да гамбургскай парафii, а пазьней, можа, i да супэрiнтэндэнтуры. А Маргрыт толькi сьмяецца, гледзячы, як важна ён спускаецца па лесьвiцы, i пытаецца, ужо цi не на запiткi да маладое вышыкаваўся юны герык, а Лёйхтэнтрагер кажа, што а куды ж бо яшчэ, але толькi да нявесты нябеснай.
   Пасьля яны зьбiраюцца за вялiкiм сталом у Мэланхтона, дактары й студэнты й iншыя госьцi, каторыя i з жонкамi, у каго яны былi ў наяўнасьцi. Юны Айцэн бачыць, як згасаюць апошнiя промнi дня ў круглых шыбiнах вокан; ужо гараць сьвечкi й кiдаюць мiгатлiвае сьвятло на твары, так што хацелася б думаць, недзе заварушылiся зданi; але гэта толькi ад скразьняку з кухнi, дзе няма ладу як пахне. Пасярэдзiне ўздоўжнага краю стала, як наш Гасподзь Iсус за апошняю паскай, сядзiць доктар Марцiнус, узвалiўшы на кулакi магутную галаву, i скоса пазiрае на застольле; толькi калi ягонае вока, здаровае, якiм ён яшчэ бачыць, застывае на Лёйхтэнтрагеры, якi ўсьмешлiва сядзiць за нiжнiм краем, ён уздрыгвае й ссоўвае тоўстае брыво так, быццам стараецца нешта ўспомнiць, што нiяк яму не даецца.
   Але калi ўносяць рыбу, вывараную i пад смакавiтай полiўкай, ён адкiдае нядобрыя думкi, захмараны лоб яго разьвiдняецца, i ён пачынае гаварыць пра божую творчасьць i яе цудоўнасьць, кажучы:
   - Скiньце толькi вокам, як прыгожа iкрыцца рыбка, кожная дае тысячы; калi самчык б'е хвастом i сее малокi ў ваду, iх прымае паненка. Скiньце толькi вокам на птушак, як далiкатна прыгожа праходзiць у iх такi ж самы расплод; самчык дзюбае ў чубчык, яна акуратненька кладзе яечкi ў гнязьдзечка, садзiцца на iх, i вось ужо з-пад яе выглядваюць птушаняткi; зiрнiце на птушанятка, як яно сядзела ў тым яечку!