- I усё гэта на карысьць i выгоду людцам, - дадае наш магiстр Мэланхтон, як напiсана, чалавек павiнен валадарыць над рыбамi марскiмi, над птушкамi нябеснымi, над зьвярамi польнымi й над ўсiм, што па зямлi поўзае.
   - I над самiм сабою, - кажа Лёйхтэнтрагер. - I павiнны чалавекi адзiн аднаму выпякаць вочы, i ўцiнаць рукi, i сячы, i калоць, i расьцягваць, i ламаць хрыбты, i калесаваць, i ўсякага роду гвалты чынiць. Аман.
   Юны Айцэн бачыць, як доктар Марцiнус чырванее, бы рак печаны, як застрагае яму ў горле карп, i думае сабе: адно, калi такое гаворыцца пад чарку ў даверчай кампанii, i зусiм iншае, калi перад вучонымi мужамi, i ён цiха кажа Лёйхтэнтрагеру:
   - Што ты вярзеш, Ганс; грэх прыйшоў у сьвет са зьмеем, але й мы магутныя, а з божай помачу й са словам аслоны нашых настаўнiкаў Марцiнуса Лютэра й Пiлiпа Мэланхтона мы раздушым галаву пачвары й яшчэ на адзiн крок наблiзiмся да царства божага.
   Тым часам наш доктар выкашляў карпа са сваiх лёгкiх, нават з хрыбетнiкам, дый пытаецца:
   - Хто вы будзеце, малады чалавек?
   I пакуль фраў Катарына налiвае свайму ўсё яшчэ ўсхваляванаму мужу й пускае вялiзны кубак па крузе, бо зь Лютэравага дома павiнна й сюды сягаць пiўное права й справядлiвасьць, юны Айцэн паведамляе, заiкаючыся ад шчасьця, хто ён такi будзе, адкуль сам будзе, i якiя ў яго планы й замахi, а доктар Лютэр схiляецца да Мэланхтона й кажа таму:
   - Зьмецьце яго сабе, магiстр Пiлiп, гэты пойдзе сваёй дарогай i далёка пойдзе. - А Лёйхтэнтрагеру праз увесь стол: - Вы проста як той злыдзень; але i яго трэба выслухваць, балазе, для асьцеражэньня.
   Хто iншы, можа, зьбянтэжана перамоўчаў бы пасьля такiх слоў доктара Лютэра; ды не такi Лёйхтэнтрагер. Юнаму Айцэну здаецца, быццам яго кватэрны гаспадар момантам падрастае на цэлых дзьве галавы, а можа, i на тры, а горб ягоны раздаецца няма ладу як альбо, можа, гэта была гульня ценяў, i ён чуе пакеплiвы сьмех сябра й як той кажа:
   - Цi ж ня выступiлi вы, гер доктар, перамагчы злога духа? Але скажыце самi, цi дасягнулi вы гэтага? Альбо ж цi ня сталася так, што вы спалохалiся й адступiлiся i замiрылiся з магутамi сьвету гэтага, убачыўшы неразьбярыху, якую самыя вы прынесьлi ў сьвет, i што чалавек, пракляты чалавек, цэлы час думае найперш пра сябе, а пра Бога пасьля альбо й зусiм ня думае?
   Тут падымаецца доктар Марцiнус Лютэр i стаiць ва ўсёй сваёй густацялеснасьцi, i ўсе за сталом як бы крыху ўцiскаюцца ў сябе; а юны Айцэн, якi добра засвоiў, што ў доме павешанага, бронь-божа, не гаворы пра вяроўку, ужо непакоiцца за свой посьпех, якi ён з такiм дбаньнем здабыў. I ён зьбiраецца з духам i кажа свайму настаўнiку Мэланхтону, цi праўда яно тое, што царква й начальствы гэта як бы дзьве нагi ў чалавека; адно без аднаго суцэльнае кульганьне.
   Мэланхтон радуецца з гэтай сэнтэнцыi, ягоны вучань добра навучыўся ў яго, але яму бракуе адно толькi апошняй кропачкi над i, i ён дадае, што калi начальствы пабожныя, менавiта такiя, якiя караюць i не даюць ходу эпiкурэйскiм казаням, балвахвалству, iлжывым прысягам, д'ябальскiм хаўрусам i вызнаньню бязбожных догмаў, то яны сапраўдныя дзецi царквы.
   Але доктар Лютэр, здаецца, не расчуў гэтых слоў, яго ўвага ўсё яшчэ зафiксавана на Лёйхтэнтрагеры, якi з усьмешкай пацягвае фраў-Катарынiна пiва, i кажа яму:
   - Хто б вы такi нi былi, вы шчыкнулi мяне за сэрца. Бо калi б я, пачынаючы пiсаць, ведаў, што пазьней даведаюся, як варожа прымаюць людзi божае слова й супрацiвяцца яму, дык я лепей памаўчаў бы й нiколi не асьмелiўся б нападаць на папу i ўсе ягоныя парадкi. Я думаў, людзi грашылi толькi праз сваё няведаньне й чалавечую крохкасьць i не забаранялi сабе нядбацца словам божым; але Бог павёў мяне, як каня, якога асьляпiлi, каб ён ня бачыў тых, што скачуць на яго.
   Пасьля чаго зноў садзiцца й унурвае галаву. Але як што ўсе астатнiя цяпер ужо як сьлед замоўклi, нават Лёйхтэнтрагер, гер доктар заяўляе, што яго так i не зразумелi й дае працяг:
   - Рэдка калi робяцца добрыя справы з мудрасьцi й асьцярожлiвасьцi, хутчэй са сьляпой адвагi й збочваньня з дарогi. Але так яно ўжо ёсьць, збочваньне вядзе да хаосу, i хутчэй плаха стане на дарозе, чым усё само сабою на добры канец разьвяжацца.
   Лёйхтэнтрагер адстаўляе свой кубак.
   - I хаосу таму краю ня вiдаць, - кажа ён, нiбы немаведама як заклапочаны, - карацей, Вечнага Жыда зноў бачылi, непадалёк ад Вiтэнбэрга.
   Юны Айцэн прыгадвае начныя крокi ў пустым пакоi ў "Лебедзях" у Лейпцыгу, але гэта было даўно, i доктар Марцiнус падымае галаву, на яго пачырванелым твары выразна адбiваецца незадаволенасьць: чаму ён нiчога ня ведае пра такiя рэчы, чаму спатрэбiлася гэтаму Лёйхтэнтрагеру прыносiць яму навiну, i наколькi яна верагодная?
   Фраў Катарына хоча ведаць: дзе й чаму i якi ён зь сябе? I Мэланхтон кажа:
   - Жыдоў усюды пропадзь, i ўсе яны падобныя адзiн на аднаго, як яйка на яйка, калi б каторае сказала, што выдзяляецца, - так мы й паверылi б.
   Але Лёйхтэнтрагер заяўляе:
   - У яго да ступака быў прыбiты цьвiкамi крыж, пяць цьвiкоў на кожнай назе.
   Гэта ўжо пераконвае Пiлiпа Мэланхтона, нават кранае, бо, нягледзячы на сваю прыхiлку да лiтары й параграфа, у яго чульлiвае сэрца, i ён уяўляе сабе, як яно павiнна быць, калi нехта зь цьвiкамi ў нагах асуджаны на вечнае блуканьне, i апрача таго ён ведае, што прыйдуць благiя часы, калi той Жыд акажацца.
   - Калi б хто мог пагаманiць зь iм, - кажа ён разважлiва павольна, - i апытаць яго: а цi быў чалавек сьведкам таго, як нашага Госпада Iсуса Хрыста вялi на Галгофу, з крыжам на плячах; шмат нашых сумненьняў мог бы разьвеяць.
   - Так, - кажа доктар Марцiнус, - а цi мог бы? I якiя?
   - Прынамсi, - адказвае магiстр Пiлiп, - прынамсi, ён мог бы дапамагчы нам навярнуць жыдоў у адзiнашчасьцедайную веру.
   Тут i азарае юнага Айцэна, што чалавек, якi бачыў нашага Госпада Iсуса з крыжам на плячах, павiнен ведаць i пра яго сьвятасьць. З тым большым подзiвам ён успрыняў новую ўспышку гневу, якая скаланула доктара Марцiнуса.
   - Так, - кажа той другi раз, - дык парайце нашаму мiлажальнаму геру курфюрсту, хай дазволiць схапiць жыда, калi толькi той дасца, але схапiць яго не лягчэй, чым самога чорта, ён зьнiкне сярод жыдоўскай братвы, застанецца толькi смурод, бо ён такi самы, як яны, а яны такiя, як ён, хацелася б думаць, - усе яны вечныя i iм зводу няма.
   Ён азiраеца вакол сябе, цi зразумеў хто-небудзь, пра якiя цяжкаважкiя рэчы тут завялося. Кухарка стаiць у дзьвярах са смажанiнай, але не адважваецца ўносiць, пакуль гер доктар так мудра прамаўляе, а гэты ў запале не заўважае яе ваганьняў.
   - Дый хваробу iх навернеш, - кажа ён, - бо яшчэ й цяпер немагчыма адвесьцi iх ад вар'яцкай веры ў тое, што яны богавыбраны народ, хоць вось ужо тысяча пяцьсот гадоў, як iх выгналi, расьсеялi й дашчэнту зьвялi, а самая сардэчная iх надзея i прага - што яны калi-небудзь змогуць абыходзiцца з намi, хрысьцiянамi, як у часы Эстэры ў Персii з паганамi. I сёньня мы яшчэ ня ведаем, якi чорт занёс iх у нашу краiну, зь Ерусалiма iх мы сюды не звалакалi.
   Гэта таксама прасьвятляе юнага Айцэна, бо яшчэ ў Аўгсбургу ён даведаўся ад сваёй цёткi, якiя паскудзтвы чыняць жыды ў краiне, як яны ўсiх абiраюць, багатых i бедных, не даючы iм за гэта нiчога.
   - Навярнуць! - усклiкае наш добры доктар Марцiнус, - навярнуць жыдоў! Хачу даць вам свае добрае рады: па-першае, агнём выпалiць усе iхнiя сынагогi й хэдэры, адабраць у iх усе iхнiя торы-шморы й малiтоўнiкi, а талмудыстам i iхнiм рабiнам збаранiць вучыць, а па-другое, даць усiм маладым дужым жыдам у рукi цэп, сякеру й рыдлёўку i хай працуюць у поце свах глюгастых твараў; калi ж не захочуць, дык турнуць к чортавай матары разам зь iх Вечным Жыдам, яны ўсе зграшылi на нашым Госпадзе Хрысьце й праклятыя гэтаксама, як i той Агасфэр.
   Юнаму Айцэну закруцiлася ў галаве, бо ў гэтым так мала ад слоў вялiкага Лэтэра пра хрысьцiянскi дух, запавяданы ў Пiсаньнi: "Любеце ворагаў вашых i дабраслаўляйце кляцьбiтоў вашых". I паколькi ня так Гасподзь Iсус, як наш гер доктар Марцiнус мог бы дапамагчы яму ў ягоным узьлёце на якую-небудзь катэдру, адкуль ён мог бы прапаведаваць слова божае, дык ён думае, што сьлед пагадзiцца з правiльнасьцю таго, што добры доктар толькi што вяшчаў, i як што кухарка нарэшце ўносiць смажанiну й ставiць мiсу на стол i ўсё так цудоўна пахне, ён пра ўсё забываецца. I ў самога доктара Марцiнуса нябось ужо сьлiнкi набеглi i ў iх патанулi ўсе яго гарачыя словы, i ён цягнецца да мiсы, выбiрае сабе самы сакавiты кавалак з усiх, што яму ад шчырага сэрца ахвяруюцца. Пасьля, ужо з кавалкам у зубах, ён заўважае далiкатны ножык у Лёйхтэнтрагера, якi той якраз бярэ ў руку, i просiць паказаць яму зблiзку, каб лепей разгледзець, i пакуль фраў Катарына сарамлiва адводзiць вочы, ён разглядвае яго й знаходзiць, што тут сапраўды ўдалы твор мастацтва, але толькi, мабыць, чортавага аўтарства, бо такi ж яно так i бывае, што нi ў мастака, нi ў жарнасека, нi ў каго iншага з падабнага роду людзей нiколi не даведаешся, хто водзiць яго рукою, анёл цi, можа, сатана.
   Тут бярэ слова гер Лукаш Кранах, якому раней у Вiтэнбэргу належала аптэка й якi цяпер таксама сядзiць сярод гасьцей, дый кажа, што сапраўдны майстар не даецца, каб ягонай рукою вадзiлi, нi анёлы, нi чэрцi, ён сам у сабе творца, якiм i стварыў яго з усiм майстэрствам Гасподзь Бог, як, зрэшты, i кожную зьвярынку, кожную былiнку й кветачку, i што ён мог бы з гэтым ножыкам у руцэ намаляваць вобраз нашага доктара Марцiнуса, яго вабiць разнамаснасьць чырвонай фарбы ў формах фiгуры, прычым усё гэта з каралаў, i выраз у вачах добрага доктара, крытычны й адначасова прыемны. А калi б мы ўзбагацiлiся яшчэ й на прыгожую выяву доктара Марцiнуса, не казаў бы доктар Марцiнус, што яму больш гадзiцца дазволiць намаляваць сябе з малiтоўнiкам у руцэ, чым з голай бабай, хай нават такой маленькай.
   Гер Лукаш Кранах верыць, што Лютэр думае, быццам ён задужа перабраў сваiмi гадамi, каб уздатнiцца на такое, i таму ён, гер Лукаш, дазваляе сабе запярэчыць: менавiта ж бо ўзрост умее цанiць сапраўдную прыгажосьць; цi ж бо сам ён у сваiх гадах не намаляваў голую Еву, зыскаўшы за гэта шмат пахвалаў.
   Але доктар Марцiнус азiраецца, i вока яго затрымлiваецца на юным Айцэне, яго тоўстае брыво падымаецца, ён працягвае ножык яму й пытаецца:
   - Ну, а вы што на тое скажаце, малады чалавек?
   Рука Айцэна, якi цяпер трымае нож, пацее, у ягонай галаве мiтусяцца ўсялякiя думкi што да той колiшняй шлюхi й сёньняшняй Маргрыт, пакуль ён нарэшце ня кажа:
   - Усе мы разам грэшнiкi, а пажада - гэта прыроджанае нашае зло, якое запазычвае нас вечнай сьмерцi: але паколькi мы змагаемся супроць яго, дык гэта ўжо свайго роду цнота, але толькi божая мiлата можа ўратаваць нас i апраўдаць.
   Тут у Лютэра адвiсае скiвiца, i ён вымушаны зрабiць доўгi глыток пiва перш чым сказаць:
   - Мне здаецца, што вы ў поўнай меры дужа разважлiвы, Айцэн, быццам Гасподзь Бог зьмясьцiў у ваш юны чэрап мазгi старога чалавека.
   Айцэн ня ведае, як яму прыняць гэтыя словы - як пахвалу цi як, i азiраецца на Лёйхтэнтрагера; але той толькi выскаляецца. Такiм вось выдаўся Айцэну вечар, i нават калi пад разумныя гаворкi спажываўся дэсэрт, а пiва фраў Катарыны моцна разьвесялiла яго, ня марная прахлая радасьць; толькi калi ўжо даходзiць да разьвiтаньня й Лютэр зычлiва паляпвае яго па плячы, ён з палёгкай уздыхае; гер студыёзус можа, кажа доктар Марцiнус, зьвяртацца й да яго за парадай, калi выдасца патрэба, на што магiстр Мэланхтон скроiў даволi кiслую мiну. I пакуль яны йдуць наўскос цераз вулiцу, Айцэн локцем штурхае Лейхтэнтрагера пад бок:
   - Вось так мой сьвяты заступнiк анёл павярнуў усё да лепшага, - кажа ён, а ты, браце Ганс, здаецца мне, дзеля добрай мэты крыху закансьпiраваўся зь iм.
   Але гэта яшчэ не канец, бо калi яны адчыняюць брамку i ўступаюць у дом, яны чуюць галасы; адзiн - голас Маргрыт, другога Айцэн не пазнае, мужчынскi голас, пасьля Маргрыт сьмяецца, як сьмяюцца жанчыны, калi iм засьвярбiць пад спаднiцай. У юнага Айцэна, надзьмутага й важнага ад посьпеху, валасы ўстаюць дыбарам, i ён сьпяшаецца ў пакой за Лёйхтэнтрагерам, якi, здаецца, ведае, хто той позьнi госьць.
   А там ужо яму адкрываецца карцiна, якая будзе перасьледаваць яго да сiвых валос: на ўслоне сядзiць малады жыд, вальготна раскiнуўшы ногi, наскi ботаў у брудзе, адзiн паказвае на ўсход, другi на захад, а ў яго на ўлоньнi ў самай найпяшчотнейшай пазiцыi ўмасьцiлася Маргрыт, а той малады жыд вымацвае й выгладжвае ёй цыцкi, ужо давай i да таго iнтэрасу брацца. I не перастае, падняўшы вочы i ўгледзеўшы, што ён зь дзеўкай ужо ў пакоi не сам-насам, а кажа:
   - Мiр з табою, Лёйхтэнтрагер, а як там у вас пасоўваецца з вашай працай, цi ўсё яшчэ валодаеце вы кесаравай манэтай i пэргамантам зь пiсьмёнамi?
   Айцэн адразу ўспамiнае пра манэту й шматок з выцьвiлымi габрэйскiмi словамi, i ён немаведама чаму, бо той, хто гэтыя абедзьве рэчы перадаў асьлепленаму й пасьля памерламу бацьку свайго гаспадара, акулiсту з Кiцынгена, быў чалавек дапатопнага веку; а цяпер гэты жыд тут, усё яшчэ абхапiўшы рукою Маргрыт, у самым росквiце гадоў, каб яму чорт яе перасалiў.
   Лёйхтэнтрагер пагладжвае бародку й кажа, вядома ж, усё ў найлепшым парадку, можаш сабе выюрвацца далей; пасьля ён накульгам iдзе да сьцяны, нацiскае на нейкае патайнае месца, i вось Айцэн са зьдзiўленьнем бачыць, як добры кавалак той сьцяны расхiнаецца й адкрывае вачам цэлую палiцу з пузатымi з крывавым пераблiскам пляшкамi. Мабыць, вiно, бо Маргрыт выслабаняецца з абдымкаў свайго жыдка й выстаўляе шклянкi, з высокiм майстэрствам выштукаваныя золатам. Лёйхтэнтрагер i жыд абодва сядаюць за стол, а юны Айцэн ня ведае, цi вымкнуцца яму вонкi, як пабiтаму сабаку, цi заставацца; нiхто не адзываецца да яго. Але потым цiкаўнасьць бярэ верх над боязьзю, i ён падсаджваецца, хоць яго й абражае, як Маргрыт вывiнчваецца каля таго жыдка й прагна наровiць падласьцiцца, быццам той у сваiм зашмальцаваным лапсярдаку быў грэцкi бог Аданiс.
   Жыд, мармычучы па-габрэйску, дабраслаўляе вiно, налiтае Лёйхтэнтрагерам, i адпiвае глыток. П'е й Маргрыт, сьпешлiвымi глыткамi, чырвоная кропля зьбягае па падбародку й па белай шыi; юнаму Айцэну вусьцiшна робiцца, яму здаецца, быццам ён заглядвае ў будучыню. Яму наогул усё тут такое чужое й непрыемнае. Пакой ужо больш не пакой, i час больш ня час, i Маргрыт стаiць i падражнiвае, як Ева на карцiне майстра Кранаха й з такiм самым разумным позiркам. Жыд i Лёйхтэнтрагер гутараць пра нейкага шаўца з горада Ерушалайма, якi прагнаў рэбэ Ёшуа ад сваiх дзьвярэй, за што яго гэты й пракляў.
   - Быў iлжэмэсiя, - кажа жыд.
   - Хто гэта ведае? - кажа Лёйхтэнтрагер. - Нельга вылiчыць старога. Калi ўжо ён стварыў аж такi сьвет з такiмi людзьмi, чаму ж бо яму й ня прыдумаць сябе ў двух вiдах цi нават у трох?
   Юны Айцэн разумее, што яны гавораць пра Бога й пра вялiкую мiстэрыю, i яго злуе, што робяць яны гэта без патрэбнай пачцiвай багавейнасьцi, i ўсё ж ён падазрае, што яны маглi б пра тое ведаць больш, чым ён i яго настаўнiк Мэланхтон, больш нават за вялiкага доктара Марцiнуса, пра якога яны сама цяпер распачынаюць спрэчку.
   Цяжкае вiно дае яму ў галаву як мядовасьць. Яно затуманьвае мазгi й адначасова робiць яго празарлiўцам. Ён чуе, як жыд нахвальвае Лютэра: нiхто так, як ён, не ўспасобiў сьвет, не разбурыў парадак, заведзены на тысячагодзьдзi, нiхто так не ўзарваў будынак вучэньня й вал закона; цяпер патоп папёр, ён парывае ўсё з сабою, нясе да прорвы, i дарма дабро супрацiвiцца гэтаму працэсу.
   Лёйхтэнтрагер падымае свой гарбок угору. I не таму, што ён асабiста чуў з жывых Лютэравых вуснаў, як прасякае таго страх, калi ён бачыць, што адно вырастае з другога, крывавы мяцеж з дабрапамыснай рэформы, i паўсюль суцэльны разгардзяш; у адказ на што ён сьпешна адштурхоўвае ад сябе тых, што падтрымлiвалi яго й хацелi таго самага, што й ён, i не баiцца зрабiць наступны крок i ў iмя Бога аднаўляе старыя дамбы й дае шанцы былым гаспадарам.
   Жыд трасе галавой. Што было, тое было, кажа ён, i нiхто, нават сам Лютэр, ня можа зрабiць таго, што было раней. I з кожнага абвалу й перавароту вырастае новае, лепшае, пакуль нарэшце вялiкая думка ня робiцца рэальнасьцю i ня зробiць ягоную, жыдаву, працу, i ён зможа знайсьцi спакой, спакой, спакой.
   Вiно. Галава ў юнага Айцэна ападае на складзеныя рукi.
   - Заснуў, - кажа жыд.
   - Ён нiчога не разумее, - кажа Лёйхтэнтрагер. - Яму што.
   Маргрыт сьцягвае жыду боты, цалуе скалечаныя пыткай ногi.
   - Як вы цяпер завяцеся? - хоча ведаць Лёйхтэнтрагер.
   - Ахаў, - кажа жыд.
   Маргрыт зьнiзу глядзiць на жыда.
   - Калi вы Ахаў, хачу быць вашай Езавэляй.
   - Ахаў, кажа юны Айцэн не падымаючы галавы як бы з цяжкага сну, - Ахаў быў забiты, i сабакi лiзалi ягоную кроў.
   А тады робiцца яму, быццам бачыць ён вогненную хмару й чуе грымоты й пякельны пошчак i рогат, а пасьля голас, якi нагаворвае нешта неразборлiвае, габрэйшчына, думае ён, выслоўе на кавалку пэргаманта. I ён ужо поўны жаху i роспачы, i зьяўляецца яму добры доктар Марцiнус i бярэ яго за руку й кажа яму: "Узьвядзi ты царства божае, Паўль, сыне мой, i парадак, якога я хацеў".
   Ранiцай, прачнуўшыся тварам сярод чарэп'я шкла на стале й паўвысахлых расьцёкаў вiна, бачыць, што жыд ужо зьнiк разам з Маргрыт, толькi Лёйхтэнтрагер стаiць на сваiх кульгах i кажа:
   - Прыйшло тут табе пiсямко, Паўль, табе трэба як мага баржджэй выбiрацца ў Гамбург, там твайму бацьку занядобрылася, i ён патрабуе цябе. Я ўжо перагаварыў з панамi дактарамi з унiвэрсытэта; яны гатовыя праэкзаменаваць цябе з гэтай нагоды, выпрабаваць, каб ты мог прапаведаваць правiльнае слова божае там, на поўначы. А як што туды вядуць i мяне мае гешэфты, дык мы з божай ласкi маглi б i выправiцца разам.
   Юны Айцэн, усё яшчэ пад чарамi начных сноў, заскочаны навiнамi й будучы перад фактам, што вось ужо ўсё зноў наладзiлася, яму не застаецца нiчога, як з падзякай згадзiцца. Я нiколi не адцураюся ад гэтага чалавека, думае ён сам сабе, але цi хачу я гэтага?
   РАЗЬДЗЕЛ ПЯТЫ
   У якiм Агасфэр ставiць пад сумненьне погляды рэбэ Ёшуа й тлумачыць таму, што не лагодныя й цярплiвыя ўзьвядуць сапраўднае Царства Божае, а тыя, што спод абяртаюць дагары
   Яму ўжо рады не дасi.
   Ён iдзе й заклiнае духаў, якiя ўсялiлiся ў хворых, i выганяе iх зь цела, так што тыя ўстаюць здаровенькiя, але ацалiць самога сябе ён ня можа й ня можа выгнаць духа, якi трымае яго на ягонай дарозе, як пагоншчыкава вяроўка трымае асла.
   Мне шкада цябе, рэбэ Ёшуа. Маё сэрца горнецца да цябе, бо ты быў адзiн у пустынi, i я падышоў да цябе, а ты сказаў: Якi анёл ты ёсьць? А я сказаў: Я Агасфэр, адзiн з адкiнутых. А ты сказаў: Бацька мой нябесны прыме цябе да сябе.
   Але Бог ня ёсьць Бог любовi; Ён ёсьць Усё, якое ня ведае пачуцьця, а злучае сьвятло са сьвятлом i сiлу зь сiлай, i ахiнаюць яны самi сябе ўзаемна. Пра што рэбэ Ёшуа нiчога ня ведае; затое ён верыць, што быў голас, якi, калi ён вынырнуў з ракi Ярдан на руках у Хрысьцiцеля Яна, сказаў людзям, кажучы: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Яго Я ўпадабаў.
   Ах, як жа сядзеў ён у пустынi, вакол толькi голае церне й каменьне. Яго валасы ў пяску, навеянным ветрам, яго жывот распух ад голаду, вострыя каленi ледзь не пратыкалi скуру, i яго мужчынская стаць пад драным ашмоцьцем на паясьнiцы была падобная на сьсiнелага чарвяка. Але вочы гарэлi з-пад павекаў, як вочы таго, хто меў аблiчча, i ён павярнуўся да мяне й сказаў, кажучы: Быў адзiн тут са мною, ён узяў мяне за руку й павёў у Ерушалайм, Сьвяты горад, i паставiў мяне на самым высокiм крыле храма й сказаў: Калi ты Сын Божы, кiнься ўнiз, бо напiсана: "Анёлам Сваiм накажа пра Цябе, i на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю". I ўгледзеў я сябе, што лячу над горадам, раскiнуўшы рукi, як залаты птах, i там было шмат людзтва на вулiцах i вучоныя пiсцы й салдаты, i ўсе глядзелi ўгару на мяне й радавалiся i крычалi асанна!
   Але ты ня кiнуўся ўнiз, рэбэ Ёшуа, кажу я. Чаму?
   Тады ён пагладзiў сваю рэдзенькую бародку худымi, бруднымi пальцамi й пакiваў галавою i сказаў: Бо таксама напiсана: "Не спакушай Госпада Бога твайго".
   А я прысеў каля яго на кукiшкi й абняў яго рукою сваёю i сказаў: Я ведаю таго, хто ўзяў цябе за руку й павёў у Сьвяты горад i паставiў на крыло храма, i калi б ты кiнуўся ўнiз, ляжаў бы ты разьбiты й патрушчаны на дварышчы сярод гандляроў. I вось ты жывеш, рэбэ Ёшуа, i ад цябе зыходзiць сьвятло й вялiкае спадзяваньне. Таму йдзi за мною, я пакажу табе твой сьвет.
   I павёў я яго на высокую гару й паказаў яму ўсе царствы сьвету й як у кожным зь iх панавала беззаконьне, тут ва ўдоваў i сiрот адбiралi апошнi кавалак хлеба, там аддавалi людзей на парваньне iльвам i iншым зьвярам i сьмяялiся, гледзячы, а там зноў жа паэты мусiлi апяваць уладыкаў, тым часам як сяляне запрагалiся ў плугi, i паўсюль дужыя сядзелi на шыях у слабых i паганялi iх i мучылi iх. I вось сказаў я яму, кажучы: Калi ты Сын Божы, дык падзiвiся, як мудра ўсё ўладзiў Бацька твой, i вазьмi пад сваю руку, i перавярнi нiжнiх угору, бо прыйшоў час узьвесьцi сапраўднае царства Божае. Выйдзi й прамовi да народу й зьбяры яго вакол сябе й вядзi яго, як гэта колiсь зрабiў iншы Ёшуа, i скажы iм, што яны павiнны аперазацца дзеля таго дня, i тады загадай трубiць трубамi, i брамы царстваў сьвету адчыняцца перад табою, i муры абрынуцца ў пыл, а ты будзеш валадарыць над iмi ў бляску й праведнасьцi, i чалавек будзе свабодны, каб здабываць неба.
   Але ён блукаў вачыма па-над далiнамi й вышынямi, над крутымi скаламi, на якiх ляжаў сьнег, i над халупамi й над палацамi, што пазнавалiся ў далечынi, i сказаў сваiм цiхiм голасам, кажучы: Маё царства ня ёсьць царства ад гэтага сьвету.
   Але ж ты можаш пачаць з гэтага, сказаў я, можа, што атрымаецца.
   Ён маўчаў.
   О, рэбэ Ёшуа, падумаў я, я хачу змагацца з табою, як змагаўся анёл Госпада зь Якавам, i я сказаў, кажучы: Сказана ў прарокаў, што прыйдзе той, якi панiзiць князёў i судзьдзяў зямных сатрэ ў пыл, быццам i ня сеялi iх i не гадавалi й быццам ня было кораня ў iх камлёў.
   Ён узяў мяне за руку, i я адчуў, якая яна ў яго халодная ў разрэджаным паветры над вяршынямi, i ён сказаў: Але прарок таксама кажа: "Ён ня будзе ганiць, i ляманту яго не пачуюць на вулiцах; разьмятую салому ён не зламае й тлеючы кнот не задзьме."
   Рэбэ Ёшуа, адказаў я яму, але ж таксама напiсана: "Ён прыйдзе магутна, i яго рука заваладарыць, i яго ёсьць адплата."
   Але ён пакiваў галавой i сказаў, кажучы: Але ж не, адкiдзень, што зноў пнешся ўгору, бо прарок кажа пра мэсiю: "Глядзi, дачка Сiёна, вось, Цар твой iдзе да цябе, праведны й ратавальны, лагодны, седзячы на аслiцы й на маладым асьле, сыне пад'ярэмнай."
   I вось ахапiў мяне вялiкi гнеў, i я адказаў: Такi не павiнен дапускаць малако ў збанку да скiсаньня. Не, ты ня той, хто там павiнен прыйсьцi i ўзвысiць усе далiны й ўсе горы й пагоркi панiзiць i выраўняць няроўнае; мы павiнны будзем чакаць некагась iншага. Але цябе яны возьмуць, i зьняславяць як iлжэцара, яны будуць цябе бiчаваць, i ўскладуць на галаву тваю церне й прыб'юць цябе да крыжа, i вiсецьмеш, пакуль твая кроў павольна й уся ня сплыве з твайго пяшчотнага цярплiвага сэрцайка; ня агнец ёсьць той, хто зьмяняе сьвет, агнца рэжуць.
   Агнец, кажа ён, вазьмi вiну на сябе.
   I вось я пакiнуў яго стаяць на холадзе й пайшоў сваёй дарогай. Але ён пасьпяшаўся за мною ўнiз па схiле гары, спатыкаючыся, няроўнай хадою, i ўсклiкнуў: Не пакiдай мяне, бо ў мяне больш нiкога няма, i я ведаю, нiводная рука не падымецца за мяне, а ўсе адступяцца ад мяне.
   Я стрымаўся ў сабе. А ён, дрыжучы, падышоў з буйнымi кроплямi поту на лобе, i я ўжо каяўся, што адштурхнуў яго ад сябе, i сказаў: Няма нiякай роўнасьцi памiж табою i мною, бо я дух, а ты Сын чалавечы. Але я хачу быць з табою, калi яны ўсе пакiнуць цябе, i я хачу суцешыць цябе, перш чым прыйдзе твая гадзiна. Каля мяне ты зможаш адпачыць.
   Але ён пакiнуў пустыню й выправiўся ў Капернаўм да рыбакоў i прапаведаваў народу, што лагодныя дабрашчасьцяцца, бо iх будзе Царства Нябеснае, i што дабрашчасныя таксама й тыя, якiя тут галадаюць i прагнуць справядлiвасьцi, бо яны спатоляцца.
   РАЗЬДЗЕЛ ШОСТЫ
   У якiм прафэсару Лёйхтэнтрагеру аўтарытэтна паведамляецца, што мы ў ГДР ня верым у цуды, як i ў рэальнае iснаваньне Вечнага Жыда
   Геру
   праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу
   Iнстытут навуковага атэiзму
   Бэрэнштрасэ 39а
   108 Берлiн
   German Democratic Republic
   31 студзеня 1980
   Многапаважаны, дарагi гер калега!
   Сваiм пiсьмом ад 12 г. м. Вы зрабiлi мне надзвычай прыемную неспадзяванку. Я зусiм не чакаў, што некалькi маiх заўваг сустрэнуць з Вашага боку такую цiкавасць, i мяне перапаўняе зразумелае пачуццё задаволенасцi, калi я даведваюся ад Вас, што Вы падключылi да даследавання справы Агасфера ўвесь Ваш калектыў. На жаль, мы ў гэтай вобласцi, з пункту гледжання, так бы мовiць, нашай плацёжаздольнасцi, вымушаны абыходзiцца больш сцiплымi сiламi.
   Тым не меней я спяшаюся дастацца на вышыню Вашых прапановаў, наколькi яны дазваляюць быць неадкладна рэалiзаванымi. Вы знойдзеце прыкладзеныя ў дадатку тры фотаздымкi. Адзiн з iх прадстаўляе гера Агасфера перад будынкам шавецкай майстэрнi на вулiцы Вiа Далароза-Дарозе Смутку; астатнiя дзве выкананы ў традыцыйнай форме, адна en face, вiдаць правае вуха, i адна ў профiль; гэтыя здымкi паходзяць, каб ужо сказаць пра гэта адразу, не з палiцэйскай картатэкi, хоць былi, каб задаволiць Вашыя магчымыя прэтэнзii, знятыя палiцэйскiм фатографам. Пры больш пiльным разглядзе Вы распазнаеце, што зняты несумненна мужчына з характарам, iнтэлiгентны, i - звярнiце ўвагу на рот i вочы! валодае пачуццём гумору; дазволю сабе яшчэ зазначыць, што жанчыны праяўляюць да яго неабыякую цiкавсць, тым болей, што ён малады.
   Далей, i зноў следуючы Вашым пабуджэнням, глыбокапаважаны гер калега, я правёў судова-медыцынскае абследаванне гера Агасфера. Яно было праведзена прафесарам Хаскелем Мейеровiчам, кiраўнiком Судова-медыцынскага iнстытута Яўрэйскага унiверсiтэта; прыкладзеная дакументацыя сведчыць, што абследаваная асоба адпавядае канстытуцыi мужчыны прыкладна сарака гадоў i не носiць на сабе нi слядоў значных цялесных траўмаў, нi прызнакаў хранiчных хваробаў. Аналiз крывi даў, праўда, вынiкi, якiя пабудзiлi прафесара Мейеровiча, прыцягнуць да даследавання д-ра Хаiма Бiмштэйна з Радыялагiчнага iнстытута унiверсiтэта. Апошнi змог пацвердзiць, што ў крывi абследаванага фактычна знаходзяцца сляды элементаў радыёактыўных рэчываў з перыядам паўраспаду мiнiмум у дзве тысячы гадоў, што ўказвае на тое, што гер Агасфер можа быць яшчэ старэйшым, чым гэта лiчылася дагэтуль, а не беспасрэдна датычыцца часу нараджэння Iсуса з Назарэта. Адзiн экземпляр падпiсанага абодвума дактарамi заключэння прыкладваецца да матэрыялаў.