Ён зайшоў у хату, а бацькi з радасьцi давай яго цалаваць, дык ён i чыста забыўся. Пабыўшы крыху, гавораць яму, каб жанiўся. Дык ён i жэнiцца. Сабралася шмат народу, а чараўнiковая дачка раскусiла азiн гарэх i вынула зь яго сукню, як месяц, убралася й iдзе. А матка каралевiча, як пабачыла яе, пачала бедаваць, што тую пакiне. Клiкнула яна яе да пакою, дала ёй такога вiна, што яна выпiла i заснула. Зьнялi яны тады зь яе тую сукню i схавалi. Прачнулася яна - няма сукнi. Заплакала з гора i пайшла.
   Аж на другi вечар зноў зьяжджаюцца госьцi, яна раскусiла другi гарэх, дастала зь яго сукню, як зоркi на небе, убралася i пайшла. Матка яго яе пабачыла, зноў таксама зрабiла. Тая назаўтра прачнулася, але што-ж зробiш? Заплакала зноў i пайшла. Iдзе, аж спатыкае нейкую старую бабу. Тая падыйшла да яе i пытае:
   - Чаго ты, доньку, плачаш?
   - Так i так; парадзь мне, бабка, што мне рабiць, я яго ад сьмерцi ратавала, а ён мяне забыў, хоць мы ўжо пажанiўшыся былi.
   Тады бабка кажа:
   - Убярыся ты ў кепскае адзеньне, напiшы лiст, занясi i палажы пад люстэрка, дзе ён чэшацца, а ўвечары ўбярыся i iдзi. - Яна так i зрабiла.
   У вечары раскусiла яна гарэх, дастала сукню, як сонца, апранула на сябе i iдзе. А ён, прачытаўшы лiст, успомнiў яе, засмуцiўся моцна, выйшаў на вулiцу i стаў пiльнаваць. Пастаяў крыху, аж бачыць - iдзе. Пацалаваў яе, перапрасiў i йдуць разам да хаты, а людзi дзiвяцца, што гэта за яснасьць такая, аж вiдна, як удзень. Увайшлi, яна пакланiлася бацьком, расказалi, што было i, замест вясельля, зрабiлi толькi вялiкi баль.
   На гэты баль i мяне клiкалi, казалi, каб я iм паказаў камэдыю, а я iм сказаў, каб мне далi шкляныя боты, з масла капялюш i папяровы сурдут. Музыка то зайграла, я хацеў пайсьцi танцаваць, але шкадаваў, каб не пабiлiся боты, ськiнуў iх i ўцёк, бо хацеў паказаць дома, што гэта за штука. Iшоў, iшоў, аж ноч занялася, лёг каля каменя начаваць. Дождж як пайшоў, чыста сурдут размок, я схапiўся i далей, а тут сонца як прыгрэла, капялюш растапiўся на галаве. Абуў боты шкляныя i iду, аж спаткнуўся на камень, а яны - дзын-дзын i пабiлiся. Тады я давай ужо йсьцi босы: iшоў, iшоў, прыйшоў на свой пасеў i тутка сеў. Байку вам сказаў, усё роўна як зьвязаў, а тыя ўсё жывуць, мёд вiно п'юць, мне затое, што стуль уцёк - не даюць.
   БРАТЫ-ПАЛЯЎНIЧЫЯ
   Жылi-былi ў вадной вёсцы стары iз старою. Было ў iх тры сыны.
   Слаўныя гэта былi хлопцы й добрыя работнiкi. Але найбольш за ўсё любiлi яны на паляваньне хадзiць.
   Ды вось бяда: не шанцавала iм на паляваньнi. Бывала, што цэлы дзень па лесе ходзяць, а на вячэру нiчога i ня прынясуць.
   "Вiдаць, зьвялiся зьвяры ў нашых лясох, - думаюць браты, - трэба было-б хiба нам куды-небудзь глыбей у пушчу падацца".
   Вось аднаго разу пайшлi яны ўсе трое ў лес. Хадзiлi, з купiны на купiну пераскаквалi, па балотах i мхох адзiн за адным прабiралiся i не заўважылi, як ад дому далёка адыйшлi i з дарогi зьбiлiся.
   Глядзяць браты - глухi лес кругом, нi дарожкi нiдзе, нi сьцяжынкi.
   - Пойдзем, браты, куды вочы глядзяць, - кажа старэйшы брат.
   I падалiся браты-паляўнiчыя проста цераз пушчу...
   Доўга яны шлi, i вось прыходзяць, нарэшце, да вялiкага каменя. Iдзе ад таго каменя далей у лес сьцяжынка, а на каменi напiсана:
   "Гэта сьцежка вядзе ў Вахрамеева царства. Шмат у тым царстве i зьвяроў i птушак, ды толькi паляўнiчыя туды па адным хадзiць павiнны".
   - Ну, браты, здаецца, нам пашанцавала, - кажа старэйшы брат. - Пайду я першы ў Вахрамеева царства, паспрабую шчасьця. А вы мяне тут чакайце. Калi праз тры днi не вярнуся, - iдзеце мне на дапамогу.
   Малодшыя браты згадзiлiся. Селi яны пад елкай, агонь расклалi, а старэйшы брат падаўся па вузкай сьцежцы ў лес.
   Iдзе ён, а лес кругом гусьцейшым робiцца, усё цямнейшьм. I раптам выбягае на сьцежку вялiзны леў.
   Схапiў старэйшы брат свой самастрэл, прыцэлiўся, а леў i кажа яму:
   - Не забiвай мяне, паляўнiчы! Я дам табе за гэта сваё маладое дзiцянё. Прыйдзе час - яно табе ў бядзе дапаможа.
   I выходзiць на сьцежку маленькае львянё. Зьдзiвiўся паляўнiчы.
   - Добра, - кажа - ня буду цябе бiць.
   I пайшоў далей, а львянё ўсьлед за iм пабегла. Прайшоў старэйшы брат крыху i бачыць - выходзiць на сьцежку вялiкi мядзьведзь.
   Прыцэлiўся паляўнiчы, а мядзьведзь i кажа яму чалавечым голасам:
   - Не забiвай мяне, чалавеча! Вазьмi лепш з сабою маё дзiцянё. Прыйдзе час - яно табе ў бядзе дапаможа.
   I выходзiць з хмызьняку маленькi калматы мядзьведзiк.
   Згадзiўся паляўнiчы й далей пайшоў, а мядзьведзiк зь львянём сьледам за iм бягуць.
   Прайшоў крыху, а перад iм на сьцежцы вялiзны воўк стаiць. Зубы шчэрыць, вочы агеньчыкамi гараць.
   "Ну, гэтага то ўжо застрэлю", - думае паляўнiчы.
   А воўк просiцца ў яго:
   - Пашкадуй мяне, паляўнiчы! Вазьмi лепш з сабою маё дзiцянё. Яно табе будзе час - у бядзе дапаможа.
   I дае ён паляўнiчаму маленькага ваўка.
   Iдзе паляўнiчы далей, а за iм трое зьверанят бягуць.
   Настраляў паляўнiчы рознай дзiчыны, увечары адпачыць пад хвойкаю сеў. Расклаў агонь, пачаў дзiчыну смажыць.
   "Павячэраю, - думае, - тады да братоў вярнуся i рэшту дзiчыны iм занясу".
   Раптам зашумелi дрэвы, захiсталi вяршынямi. Сьвiст i грукат па лесе пайшоў.
   Глядзiць паляўнiчы - ляцiць празь лес мiж дрэў Баба-Яга. Валасы матляюцца, спаднiца надзiмаецца, сама ў ступе сядзiць, памялом паганяе. Прыляцела й апусьцiлася недалёка каля агню.
   - Фу! фу! - кажа. - Нешта вельмi-ж тут смажаным мясам пахне.
   А паляўнiчы адрэзаў кавалак мяса ды й падае ёй.
   - На, - кажа, - бабка, зьеш.
   - Не, хлопча, - адказвае Баба-Яга. - Я да цябе падыйсьцi баюся. Бачыш ты, якiя каля цябе страшныя зьвяры сядзяць. Дай ты мне па пяць валаскоў iз сваей галавы ды з галоў тваiх зьвяроў, - тады я да цябе блiжэй падыйду.
   Засьмяяўся паляўнiчы, даў ей пучок валаскоў, а Баба-Яга ўзяла валаскi i дзьмухнула на iх. I ператварыўся раптам старэйшы брат у вялiкi асмалены пень, а зьвяры - у пянькi крыху меншыя.
   Баба-Яга тымчасам зарагатала, села ў ступу i назад паляцела.
   Вось сядзяць малодшыя браты каля агню, чакаюць старэйшага. Тры днi мiнаюць - не варочаецца старэйшы брат.
   - Трэба да яго на дапамогу йсьцi. Вiдаць, нешта нядобрае зь iм здарылася, - кажуць браты.
   I пайшоў сярэднi брат старэйшага шукаць.
   I здарылася зь iм усё тое-ж, што i iз старэйшым.
   Застаўся ля каменя адзiн малодшы брат. Тры днi чакаў ён старэйшых. Потым ня вытрымаў - пайшоў iх шукаць.
   Iдзе ён па сьцежцы, а дрэвы перад iм гольле апускаюць, дарогу загароджваюць. Шэпча яму лiсьце:
   - Ня йдзi далей, бяда будзе!
   - Не баюся нiчога, - адказвае малодшы брат, - вiдаць, з братамi маiмi й запраўды тут бяда здарылася. Хто-ж выратуе iх, калi ня я?
   Iдзе малодшы брат па сьцежцы. Адзiн за адным яму па дарозе зьвяры трапляюцца, дзяцей сваiх яму аддаюць. А дрэвы шумяць жаласна, галiнкi скрыпяць журботна:
   - Вярнiся, паляўнiчы, чакае цябе сьмерць лютая!
   Сьмяецца паляўнiчы й далей iдзе.
   Прыходзiць ён на палянку. Сеў, агонь расклаў. Глядзiць - побач два вогнiшчы патушаных, а вакол пнi асмаленыя стаяць.
   "Цi ня тут толькi мае браты сядзелi?" - думае паляўнiчы.
   I раптам чуе - шум, сьвiст, дрэвы гнуцца, кусты да зямлi сьхiляюцца, ляцiць Баба-Яга ў ступе, валасы матляюцца, спаднiца надзiмаецца, сама памялом сьлед замятае.
   Прыляцела Баба-Яга, апусьцiлася на палянку.
   - Добры дзень, хлапчына!
   - Добры дзень, бабка, - адказвае паляўнiчы.
   - Што гэта ў цябе так смачна смажаным пахне?
   - Вазьмi, бабка, паеш, - кажа паляўнiчы i падае ёй кавалак мяса.
   А Баба-Яга адказвае:
   - Не, сынок, баюся я тваiх зьвяроў. Дай ты мне пяць валаскоў iз сваей галавы ды па пяць валаскоў iзь зьверанят, - тады падыйду.
   - О, не, бабка, не на таго натрапiла, - адказвае паляўнiчы. - А ну, зьвераняткi мае, дапамажыце мне з бабкай паквiтавацца.
   Кiнулiся зьвераняты на Бабу-Ягу.
   Львянё яе за горла хапае, ваўчанё - за ногi, мядзьведзянё лапамi камечыць.
   Напужалася Баба-Яга, запiшчэла, закрычала, загаласiла. А паляўнiчы й кажа:
   - Цяпер я ведаю, што з маiмi братамi здарылася. Гэта твая работа. Кажы, што ты зь iмi зрабiла, а не, дык мае вартаўнiкi цябе жывую зьядуць.
   Бачыць Баба-Яга, што няма рады ёй. Дзьмухнула яна на пнi - ажылi старэйшыя браты, ажылi й iхныя зьвяры.
   Накiнулiся трое львянят, трое ваўчанят i трое мядзьведзянят на Бабу-Ягу i разарвалi яе на кавалкi.
   Пачалi з таго часу браты сьмела ў пушчу на паляваньне хадзiць. Шмат дзiчыны ў ёй стралялi, шмат зьвяроў лавiлi, i добра жыць сталi.
   СТРАЛЕЦ I РЫБАК
   Былi ў бацькi два сыны. Вырасьлi яны, як дубы, а бацьку ўсё няма палёгкi.
   Большы, праўда старанны быў хлопец, ды вось бяда: змалку ўсё розныя пасткi майстраваў, а як падрос, дык дастаў сабе стрэльбу i не разлучаўся зь ёю. Людзi на работу iдуць, а ён стрэльбу на плячо ды шмыг у лес цi на балота. Цягаецца там увесь дзень, дахаты-ж з пустымi рукамi iдзе, галодны, як воўк. Топча лапцi, а прыбытку нiякага. Калi-ж часам i ўпалюе якое зайчанё, дык хутчэй нясе пану, каб той даў пораху.
   Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць - нiчога не парадзiш, калi ў сына такая ахвота.
   А меншы сын такi гультай удаўся, хоць ты яго з хаты ганi. Дзень i ноч сядзiць з вудаю на рэчцы, за гаспадарку-ж анi не бярэцца. Наловiць жменю пяшкуроў цi яршоў, - якая ад iх карысьць? Хiба што кату паласавацца.
   Пачаў i на яго бацька сварыцца, што толькi час марна трацiць. Але меншы сын ня слухае бацькi, бо вядома, ахвота горш няволi.
   А каб апраўдацца перад бацькам, што з пустымi рукамi прыходзяць, выдумляюць сыны розныя прычыны.
   Стралец расказвае:
   - Сяньня з самага ранку натрапiў я на чараду коз. Была там каза з казьлянятамi ды стары казёл барадаты. Але толькi я злажыўся, каб выстралiць, ажно ў казла, лiха на яго, у ноздрах восы заказыталi. Ён як чмыхнуў, дык цэлы рой восаў выляцеў з ноздраў. Давай тыя восы казу з казьлянятамi кусаць... Ну, яны i пасмалiлi, як шалёныя, у гушчар. Я за iмi. Выскачыў на палянку, а там стаiць на заднiх лапах вялiзны, як вол, мядзьведзь. Бурчыць сярдзiта ды абараняецца пярэднiмi лапамi ад чмялёў. Ну, думаю, гэта, вiдаць, толькi што выйшаў зь яго чмялiны рой. У такi час мядзьведзь вельмi злосны. Пабаяўся я страляць у яго, а хутчэй скокнуў на елку. Дык вось i сядзеў там, на елцы, увесь дзень, пакуль мядзьведзь ня сышоў...
   Рыбак расказвае:
   - Сяджу гэта я на беразе, цiкую за паплаўком. Раптам нейкi шчупачышча цоп за кручок - i на дно! Я за вудзiльна цягну, ажно жылы ў мяне трашчаць. Давалок да берагу, а шчупак вiль хвастом i будзь здароў... Бадай цябе! Закiнуў другi раз вуду. Зноў той шчупачышча папаўся. Падцягнуў яго да берагу, хацеў рукамi ўхапiць, ды ня ўстрымаўся i - шабулдых у ваду!.. Насiлу жывы выкарабкаўся.
   Слухае бацька сыноў ды толькi галавою круцiць:
   - Праўду бо людзi кажуць, што ў стральца дым густы, ды абед пусты, а рыбак як намочыцца, дык i рыбы яму не захочыцца.
   Думаў, думаў бацька, як яму сыноў адвучыць ад благой прывычкi, але нiчога ня можа прыдумаць. Аднойчы зайшоў да яго стары жабрак i папрасiўся нанач.
   Разгаварыўся бацька з жабраком, на сыноў паскардзiўся.
   - Выгадаваў, - кажа, - дзяцей, а падмогi на старасьць нiякай. Бо, вядома, стралец страляе, а гаспадарка гуляе...
   Выслухаў жабрак бацькаву скаргу i параiў, што яму зрабiць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркi.
   Назаўтра бацька кажа сыном:
   - Вось што, сынкi, ёсьць у мяне адна далёкая радня. Пайду я да яе. А вы сабе жывiце, як хочаце.
   Сабраўся i пайшоў.
   Засталiся сыны гаспадарамi.
   Доўга яны гаспадарылi цi нядоўга, але хутка дажылiся так, што няма чаго, як кажуць, i ў рот палажыць. Пачалi браты спрачацца, хто вiнаваты. Спрачалiся, а праўды так i не знайшлi.
   Толькi вось празь некаторы час зноў зайшоў да iх той стары жабрак.
   Ну, вядома, трэба пакармiць падарожнага чалавека. А ў братоў анi кавалка хлеба.
   Стралец дакарае брата:
   - Няхай-бы ты хоць якую людзкую рыбiну злавiў, каб было чым чужога чалавека прыняць.
   Рыбак адказвае стральцу:
   - Няхай-бы ты хоць якое казьлянё падстрэлiў...
   Паслухаў iх жабрак i кажа:
   - Дзякую вам, хлопчыкi, за клопат. Ёсьць у мяне хлеб, што добрыя людзi далi.
   Дастаў ён з торбы хлеб, сала i пачаў частаваць стральца i рыбака. Сорамна iм прымаць пачостку ад жабрака, ды голад ня цётка.
   Накiнулiся браты на жабракову торбу i як бачыш усю апрасталi.
   - Чаму вы такiя бедныя? - пытаецца ў iх жабрак. - Хiба ў вас няшчасьце якое цi што?
   Браты цяжка ўздыхнулi:
   - Зусiм прапала наша гаспадарка...
   - А як-жа вы раней жылi?
   - Бацька гаспадарыў, дык хлеб i вёўся.
   - А што ён, ваш бацька: малады цi стары?
   - Ды зусiм стары ўжо...
   - Вось бачыце, - кажа жабрак, - ён стары, ды гаспадаркаю кармiўся сам i вас кармiў. А вы маладыя, дужыя i бяз хлеба галееце...
   Брыдка стала братом, радзей пачалi яны iз стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца.
   Мiнуў год, i зажылi яны зноў, як трэба.
   Тым часам вярнуўся бацька з гасьцей. Паглядзеў: гаспадарка як мае быць! Узрадаваўся ён i кажа да сыноў:
   - Вось цяпер я магу спакойна i памiраць, бо бачу, што вы розуму набралiся: ловiце, страляеце i гаспадарку даглядаеце.
   СIНЯЯ СЬВIТА НАЛЕВА ПАШЫТА
   Жыў-быў цар-чараўнiк. Клiкнуў ён клiч па ўсяму царству: "Хто схаваецца ад мяне, таму поўцарства аддаю!". Знайшоўся такi ахвотнiк - Сiняя сьвiта налева пашыта. Прыходзiць ён да цара-чараўнiка:
   - Я, - кажа, - бяруся схавацца так, што ты мяне ня знойдзеш.
   - Добра, - кажа цар. - Калi схаваешся - поўцарства табе, а не - галава з плеч. Расьпiшыся.
   Расьпiсаўся Сiняя сьвiта i давай хавацца. Перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам.
   Як бегчы, так бегчы - забег у трыдзевятае царства.
   А ў тым царстве быў дужа вялiкi луг. Прыбег ён на той луг i перакiнуўся ў тры кветкi.
   На другi дзень цар устаў, паглядзеў у свае чараўнiчыя кнiгi i кажа:
   - Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам. Забег на вялiкi луг у трыдзевятае царства i перакiнуўся ў тры кветкi розных колераў.
   Паклiкаў цар слуг i загадаў iм схадзiць у тое царства i прынесьцi зь вялiкага лугу тры кветкi розных колераў.
   Пайшлi слугi. Доўга iшлi цi нядоўга, але дайшлi да вялiкага лугу, сарвалi тыя кветкi, загарнулi ў хустачку i прынесьлi цару.
   Цар разгарнуў хустачку i сьмяецца:
   - А што, Сiняя сьвiта, цi схаваўся ты ад мяне?
   Сiняя сьвiта перакiнуўся ў чалавека i кажа:
   - Дазволь мне, цар, схавацца яшчэ раз.
   Цар дазволiў.
   Сiняя сьвiта налева пашыта перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам. Як бегчы, так бегчы, забег за трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства. А ў тым царстве быў такi мох, што зьверху балота, а пад нiзам возера. Зайшоў ён у мох, перакiнуўся рыбай-вокунем, забраўся на самае дно возера i сядзiць там.
   Ранiцай цар устаў, паглядзеў у свае чараўнiчыя кнiгi i кажа:
   - Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам. Забег за трыдзевяць зямель у трыдзесятае царства i схаваўся ў мохавым балоце, перакiнуўся ў рыбу-вокуня!
   Загадаў цар сваiм слугам iсьцi ў трыдзесятае царства ачысьцiць мохавае балота i злавiць там вокуня.
   Слугi так i зрабiлi: ачысьцiлi балота, закiнулi невады i злавiлi вокуня. Загарнулi яго ў хустачку, прынесьлi цару.
   - Ну, што, Сiняя сьвiта налева пашыта, цi схаваўся ты ад мяне i другi раз? - сьмяецца цар.
   Сiняя сьвiта перакiнуўся ў чалавека i кажа:
   - Дазволь, цар, схавацца яшчэ раз.
   Цар дазволiў.
   Сiняя сьвiта перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам. Як бегчы, так бегчы, забег у трыдзесятае царства, дзе расьце такi дуб, што карэньнi ў зямлi, а вяршыня ў небе. Улез ён на дуб, перакiнуўся iголкаю, зашыўся пад кару i сядзiць там. Прыляцела на дуб птушка Нагай, пачула нюхам, што пад карою чалавек сядзiць, ды пытаецца:
   - Хто тут ёсьць?
   - Я, - кажа Сiняя сьвiта.
   - А чаго ты сюды залез?
   - Дык вось, узяўся ад цара-чараўнiка схавацца, а нiяк не ўдаецца.
   - Хочаш, я цябе схаваю?
   - Схавай, добрая птушка. Век буду табе дзякаваць.
   Птушка Нагай перакiнула яго пярынкаю, узяла пад крыло, занесла ў царскi палац i палажыла соннаму цару за пазуху.
   Ранiцай цар устаў, памыўся, паглядзеў у чараўнiчую кнiгу i кажа:
   - Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам, забег у трыдзесятае царства. Ёсьць у тым царстве дуб, што карэньнi ў зямлi, а вяршыня ў небе. Забраўся ён за яго кару i сядзiць там, перакiнуўшыся iголкаю.
   Загадаў цар слугам сьпiлаваць дуб, пакалоць на дровы i спалiць.
   Слугi так i зрабiлi, а Сiняй сьвiты не знайшлi. Прыходзяць i кажуць цару:
   - Няма там Сiняй сьвiты.
   - Як няма? - усхадзiўся цар. - Ня можа гэтага быць!
   - Няма i ўсё, - кажуць слугi.
   Выйшаў цар на ганак, пачаў клiкаць:
   - Сiняя сьвiта налева пашыта, пакажыся!
   - Зьбяры, - адказвае Сiняя сьвiта, - сваiх генэралаў, тады пакажуся.
   Цар чуе голас Сiняй сьвiты, а ня ведае, адкуль iдзе той голас.
   Круцiўся ён, круцiўся, усюды заглядваў, а Сiняя сьвiта, як вадой разьлiўся.
   Ну, рабiць няма чаго, сабраў цар сваiх генэралаў. Выйшаў на ганак i зноў клiча:
   - Сiняя сьвiта, пакажыся!
   - Не, - чуе голас Сiняй сьвiты, - сьпярша пры генэралах адпiшы мне палавiну царства, тады пакажуся. Бо ты падманiш - я цябе ведаю!
   Як не хацелася цару, а прыйшлося адпiсаць палавiну царства. Як толькi пры генэралах паставiў ён на ўказе сваю царскую пячатку, - з-за пазухi яго выпырхнула лёгкая пярынка i стала добрым малайцом.
   - Вось i я! - кажа Сiняя сьвiта.
   Схапiў ён той указ ды ў кiшэню. Перастаў тады цар-чараўнiк хованкамi займацца.
   АЛЁНКА
   Жылi дзед i баба. I была ў iх дачка Алёнка. Ды нiхто з суседзяў не называў яе па iменi, а ўсе звалi Крапiўнiцай.
   - Вунь, - кажуць, - Крапiўнiца сваю Сiўку павяла пасьвiць.
   - Вунь Крапiўнiца з Лысуном у грыбы пайшла.
   Толькi i чуе Алёнка - Крапiўнiца ды Крапiўнiца...
   Прыйшла яна аднойчы дадому з вулiцы i скардзiцца матцы:
   - Чаму гэта, мамка, нiхто мяне па iменi не называе?
   Мацi ўздыхнула i кажа:
   - Таму, дачушка, што ты ў нас адна: няма ў цябе нi братоў, нi сясьцёр. Расьцеш, як тая крапiва пры плоце.
   - А дзе-ж мае браты i сёстры?
   - Сясьцёр у цябе, - кажа мацi, - няма, гэта праўда, а братоў было тры.
   - Дзе-ж яны, мамка?
   - Хто iх ведае. Як я цябе яшчэ ў калысцы калыхала, паехалi яны ў сьвет зь лютымi Зьмеямi-Цмокамi ваяваць, сабе i людзям шчасьце здабываць. З таго часу i не вярнулiся...
   - Дык я пайду, мамка, шукаць iх - не хачу, каб мяне Крапiўнiцай называлi!
   I як бацька i мацi нi адгаварвалi яе, - нiчога зрабiць не маглi. Тады мацi i кажа:
   - Адну цябе я ня пушчу: малая ты яшчэ для такой дарогi. Запрагай Сiўку i едзь. Сiўка наша старая, разумная - яна завязе цябе да братоў. Ды глядзi, нiкуды нанач не заяжджай: едзь як дзень, так ноч, пакуль братоў ня знойдзеш.
   Запрэгла Алёнка Сiўку, узяла хлеба на дарогу i паехала. Выехала за вёску, бачыць - бяжыць за возам i стары iх сабака Лысун. Хацела Алёнка назад яго прагнаць, ды перадумала: няхай бяжыць - весялей будзе ў дарозе.
   Ехала яна, ехала - прыехала да перакрыжаваньня дарог. Сiўка спынiлася, назад паглядае. Алёнка пытаецца ў яе:
   Заржы, заржы, кабылiца,
   Скажы, скажы мне, Сiвiца:
   На якую дарогу цябе кiраваць,
   Дзе мне родных брацейкаў шукаць?
   Тут Сiўка галаву ўзьняла, заржала, на левую дарогу паказала.
   Алёнка пусьцiла яе па левай дарозе.
   Едзе яна чыстымi палямi, едзе цёмнымi барамi. Прыехала на сутоньнi (зьмярканьнi) ў вялiкую пушчу. Бачыць - стаiць у пушчы пры дарозе хатка. Толькi Алёнка даехала да хаткi, як выбегла адтуль нейкая гарбатая кабецiна з доўгiм носам. Спынiла Алёнку i кажа ёй:
   - Куды ты, неразумная, едзеш супраць ночы? Цябе тут ваўкi зьядуць! Заставайся ў мяне - пераначуеш, а заўтра повiдну паедзеш
   Пачуў гэта Лысун i зацяўкаў пацiху:
   Цяў, цяў!
   Не казала мацi
   Ночак начавацi!..
   Цяў, цяў!
   Не кабета гэта
   З табой размаўляе,
   Ведзьма Бабарыха
   Злыя думкi мае...
   Не паслухала Алёнка Лысуна, засталася начаваць у хатцы.
   Распытала ведзьма Бабарыха ў Алёнкi, куды яна едзе. Алёнка ўсё расказала. Ведзьма ад радасьцi аж падскочыла: браты Алёнчыны, думае яна, напэўна i ёсьць тыя асiлкi, якiя ўсю радню яе iзь сьвету зьвялi. Цяпер яна зь iмi расправiцца...
   Назаўтра ведзьма ўстала, прыбралася, як на кiрмаш, а ўсё Алёнчына адзеньне схавала i будзiць яе:
   - Уставай, паедзем братоў шукаць!
   Устала Алёнка, глядзiць - няма адзеньня...
   - Як-жа я паеду? - бядуе Алёнка.
   Прынесла ёй ведзьма старыя жабрацкiя рызманы.
   - На, - кажа, - добра табе будзе i такое адзеньне.
   Адзелася Алёнка, пайшла Сiўку запрагаць.
   Узяла ведзьма нож i таўкач, села ў палукашак, як панi, а Алёнку за хурмана пасадзiла.
   Едуць яны, а Лысун бяжыць збоку ды цяўкае:
   Цяў, цяў!
   Не казала мацi
   Ночак начавацi!..
   Цяў, цяў!
   Ведзьма Бабарыха
   Паняю сядзiць,
   На цябе, Алёнка,
   Гадзiнай глядзiць...
   Пачула гэта ведзьма Бабарыха, схапiла таўкач i шпурнула ў Лысуна. Лысун заенчыў - перабiла яму ведзьма нагу. Алёнка заплакала:
   - Бедны, бедны Лысун, як-жа ты цяпер без нагi будзеш бегчы!..
   - Сьцiхнi, - пагразiла ёй ведзьма, - а то i табе так будзе!
   Едуць яны далей, а Лысун не адстае, на трох нагах скача. Даехалi да новага перакрыжаваньня. Сiўка спынiлася. Алёнка пытаецца ў яе:
   Заржы, заржы, кабылiца,
   Скажы, скажы мне, Сiвiца:
   На якую дарогу цябе кiраваць,
   Дзе мне родных брацейкаў шукаць?
   Сiўка заржала, на правую дарогу паказала.
   Цэлую ноч ехалi яны цёмнаю пушчай па правай дарозе. Ранiцай выехалi на луг, бачаць - перад iмi шаўковы шацёр стаiць, а каля яго трое жарабкоў пасецца. Сiўка весела заржала i павезла Алёнку зь ведзьмай проста да шатра.
   Алёнка зарадавалася:
   - Гэта тут напэўна мае браты жывуць!
   Ведзьма злосна цыкнула на яе:
   - Маўчы лепш. Тут жывуць не твае браты, а мае!
   Пад'ехалi да шатра. Выходзяць адтуль тры статныя хлопцы-малайцы - твар у твар, волас у волас, голас у голас.
   Ведзьма саскочыла з возу i да iх:
   - Як маецеся, браткi? Я ўвесь сьвет звандравала, сваю галоўку стурбавала, усё вас шукала...
   - Дык гэта ты наша малодшая сястра? - пытаюцца браты-асiлкi.
   - Але, - кажа ведзьма, - ваша родная сястра...
   Кiнулiся браты да яе, давай цалаваць, на руках падкiдаць. Так рады, што i сказаць ня можна.
   - Бач, - дзiвяцца яны, - як доўга мы ваявалi: сястра за гэты час ня толькi вырасла, а i пастарэла... Ну, ды нiчога: усiх ворагаў мы пазьнiшчалi; засталася толькi адна ведзьма Бабарыха. Як знойдзем яе - спалiм i тады дахаты паедзем.
   Пачула гэта ведзьма, i аж ухмыльнулася: цяпер паглядзiм, хто каго спалiць!..
   - А якая гэта, сястрыца, дзяўчынка з табою прыехала? - пытаецца старэйшы брат.
   - Гэта мая наймiчка, - адказала ведзьма Бабарыха. - Яна ў мяне за хурмана езьдзiць i маю кабылку пасе.
   - Добра, - кажуць браты, - яна i нашых коней пасьвiць будзе.
   Павярнулася ведзьма, гукнула срогiм голасам да Алёнкi:
   - Чаго сядзiш? Выпрагай Сiўку ды вядзi пасьвiць!
   Заплакала Алёнка, пачала Сiўку выпрагаць. А браты падхапiлi ведзьму Бабарыху на рукi, панесьлi ў шацёр, пачалi частаваць-трактаваць.
   Есьць ведзьма Бабарыха, п'е, а сама сабе думае: "Як палягуць спаць, дык я iх усiх i парэжу..."
   Тым часам Алёнка сядзiць на лузе каля коней i сьпявае, плачучы:
   Сонейка, сонейка,
   Сырая зямлiца,
   Дробная расiца,
   А што-ж мая мамка робiць?
   Зямля i сонца адказваюць:
   Кросны тчэ,
   Кросны тчэ,
   Залатым паяском
   Павiвае
   Дочку Алёнку
   З братамi чакае...
   Выйшаў меншы брат з шатра, заслухаўся. Вярнуўся назад i кажа:
   - Ведаеш, сястрыца, ведаеце, браткi, цi то птушка на лузе шчабеча, цi то дзяўчына сьпявае. Але так жаласна, што аж за сэрца хапае.
   - Гэта мая наймiчка, - кажа ведзьма Бабарыха, - яна на ўсе штукi здатная, толькi да работы лянiвая.
   Выйшаў тады сярэднi брат паслухаць, хоць ведзьма ня пускала яго.
   Паслухаў ён жаласную песьню Алёнкi, а потым чуе, як сабака Лысун зацяўкаў:
   Цяў, цяў!
   Ведзьма Бабарыха
   У шатры сядзiць,
   На чужых братоў
   Гадзiнай глядзiць.
   Булкi есьць, вiны п'е,
   Мёдам запiвае,
   Родная-ж сястрыца
   Сьлёзы пралiвае...
   Вярнуўся сярэднi брат i кажа да старэйшага:
   - Пайдзi ты паслухай.
   Пайшоў старэйшы брат, а сярэднi вока зь ведзьмы Бабарыхi ня спускае...
   Паслухаў старэйшы брат Алёнчыну песьню, паслухаў, што сабака Лысун сказаў пра ведзьму Бабарыху, i аб усiм здагадаўся.
   Пабег ён тады да Алёнкi, схапiў яе на рукi i прынёс у шацёр.
   - Вось, - кажа да братоў, - хто наша сапраўдная сястра! А гэта подманшчыца: ведзьма Бабарыха!
   Расклалi браты вялiкае вогнiшча, спалiлi на iм ведзьму Бабарыху, попел па чыстым полi разьвеялi, каб i духу яе ня было. А потым згарнулi шаўковы шацёр ды вясёлыя паехалi з Алёнкай да старых бацькоў.
   РАЗУМНАЯ ДАЧКА
   Жыў адзiн бедны чалавек з жонкаю. Нарадзiлася ў iх дачка. Прышлося спраўляць радзiны. А ў чалавека таго нi хлеба, нi да хлеба. Чым гасьцей частаваць?
   Пайшоў бядняк на рэчку па ваду. Аж бачыць - ляжыць у кустох цялушачка. Ды такая слабая, што сама i ня ўстане.
   Прынёс ён цялушачку дахаты i кажа жонцы:
   - Давай зарэжам яе: будзе чым гасьцей пачаставаць.
   Спадабалася жонцы цялушачка - такая рыжанькая ды лысенькая.
   - Не, - адказвае яна, - хай лепш гадуецца.
   - Дык яна-ж зусiм кволенькая. Яе, вiдаць, нехта знарок выгнаў, каб у хляве ня здохла.
   - Нiчога, можа як i выгадуем. Падрасьце дачка - будзе ёй малако.
   Паслухаў чалавек жонку, i пачалi яны гадаваць цялушачку.
   Падужэла тая, расьце, як на дражджах. I дачка таксама расьце, як на дражджах. Ды такая разумнiца ўдалася, што i старыя ахвотна слухаюць яе.
   Выгадавалася з лысенькай цялушкi слаўная карова.