- Дык, можа, i мне абярнуць воз у раку? Можа, i ўсiм? - Махорка, нагнуўшыся, засiлiў жменяй вады i плюхнуў сабе на шчокi: паласкаў. Лоб i шчокi ў яго былi аж чырвоныя. - Герой... Ён адзiн немцаў збiраецца голадам марыць... Мы толькi кормiм... Но-о... - як былi ў Махоркi ў руках пуга з лейцамi, так ён i сцебануў каню па спiне: i пугай i лейцамi... Пасля, адвярнуўшыся, крыкнуў яму, Алёшу: - Заснуў на беразе? Наста павядзе Танiну кабылу... За Панам... А ты пускай каня аднаго за Януком. Сам - на Буланчыка i пугай пад хвост. Ацямнеем у рацэ. I вярнiце за мной. На сухую альшэвiну... Там беражнiца нiжэй. Боганчык з ямы нiяк не вылезе. Зямлю зрываць трэба... Но-о...
   Маленькi гняды Сiбiрак яго кiдаўся ў бакi, было чуваць, як трашчаць аглобнi.
   - I не стойце ў рацэ... З берага паiце. Колы пасярэдзiне заносiць... Пясок гонiць... Не выедзеце... Паглядай, Пан, на Таню. Дзяўчына высака ляжыць на возе...
   Махорка сцiх, упёршыся рукамi ў мяхi - падпiхаў.
   Алёша хацеў прывязаць каня за Януковы калёсы, за ляжэйку, але яму, адвярнуўшыся, махаў рукой Янук, паказваючы на яго, Алёшавага, каня. Алёша здагадаўся: конь пойдзе сам, не баiцца вады - старыя людзi коней у вёсцы зналi.
   Калi Алёша сеў на Насцiных калёсах на мяхi, Наста iшла ўжо берагам у раку, ведучы Танiну кабылу: учапiлася адной рукой за аброць, другой падняла высака спаднiцу - вышэй калень. Было вiдаць, як на возе, раскiнуўшы рукi, мусiць, узяўшыся за ляжэйкi, калышацца разам з мяхамi Таня i падымае галаву ўверх: глядзiць, што робiцца на тым беразе.
   Янук пагнаў каня, i Алёша, згледзеўшы, як адразу кранулiся з месца Януковы калёсы, тузануў за лейцы: здалося, астанецца адзiн на беразе. Буланчык сыпануў жвiру аж на мяхi, адсеў узад, i Алёша, сцiснуўшы ў жменi лейцы, стаў круцiць iмi ўгары, як круцiў кожны раз на свайго каня, калi той наравiўся.
   За ракой, на тым беразе, раптам падняўся ўгару пыл, белы, як ад попелу, якраз процi Боганчыка. Тады там ударыла па зямлi, што скiнутае з пня дрэва...
   Цi-iў... - засвiсцела ценка над галавой i сцебанула па альшэўнiку на тым баку ракi ўсё роўна як пугай.
   - Янука пераймiце! - загаманiла ў рацэ Наста; пасля крычаў Махорка, цяжка было разабраць - што.
   Алёша ўбачыў, як скочыў з месца Янукоў белы конь, мiнуў Танiны калёсы i панёс Янука ў раку, туды, дзе быў ехаў Боганчык. Згледзеў пасля толькi, што Янук падняўся на возе на каленi.
   - Янука... Янука пераймiце!.. - крычала ў рацэ Наста.
   - Раз'язджайцеся, не стойце. На той бок... На той бок... - камандаваў Махорка.
   Янука з калясьмi не было вiдаць з-за беражнiцы. Алёша ўбачыў цяпер, як выехаў на той бераг з возам Боганчык i, седзячы на мяхах, гнаў свайго жарабка дарогай, недзе туды, дзе падняўся быў на полi белы пыл. Пасля згледзеў, што Махорка завярнуў у альшэўнiк каня i бег назад да ракi.
   Другi раз бухнула ў самай рацэ, злева, недалёка ад iх, ядрана, з трэскам, аж зазвiнела ўвушшу. У тым месцы паднялася ўгару вада, як слуп.
   "Немцы згледзелi..." - падумаў Алёша i ўбачыў, што вернуцца набок калёсы i сунуцца на ляжэйкi мяхi. Ён выпусцiў з рук лейцы i злавiў ляжэйку; Буланчык, акруцiўшыся, скакаў у аглобнях навыцяжку ў той бок, адкуль яны ехалi, пад сады.
   Калi затрашчала пад калясьмi жэрдзе, Алёша падумаў, што Буланчык абярнуў нечы плот, i ўбачыў, што мiнуў малочную i едзе аселiцай...
   Белыя печы былi зусiм блiзка, за гародамi. Запахла гарэлай сажай...
   Ззаду ў рацэ крычала яшчэ Наста. За альшэўнiкам, у тым баку, дзе зайшло сонца, стралялi з кулямёта, доўга i часта... Мусiць, немцы згледзелi iх з шашы.
   Здалося - гэта пад iм, Алёшам, тарахцяць, рассыпаючыся, калёсы.
   Белыя печы зблiзку былi цёмныя...
   7
   Алёша ўспомнiў пасля, што Юзюк i прывёз тады Вандзю ў вёску на згон зiмы, калi яны паставiлi качэлi i "Жалязняк" браў гарнiзон у Даўгынаве. Алёша яе доўга не спатыкаў у вёсцы; чуў, што яе з маткай партызаны паставiлi да Петрусiхi ў хату, але на двары ў Петрусiхi нiколi чужых не бачыў. Юзюк расказваў, што ноччу конь, на якiм ехала Вандзя з маткай, стаў сам ля Петрусiхi - партызаны i паказалi на яе хату.
   Вандзя прыйшла з Таняй ад Палянскiх да iх на качэлi праз тыдзень. Пералезла першая цераз плот ад вулiцы i пабегла гародам пад прызбу. Алёша бачыў з двара ад варыўнi праз старыя вароты, як яна адразу падкiнула рукой пустую лавачку вышэй страхi. Пасля злавiла ў дзве рукi, ускочыла на яе i пачала падбiваць нагамi, памалу, азiраючыся ў бакi i гледзячы ўверх, што баялася ўсё роўна. Яна была ў белай сукенцы да калень i сiвым, зробленым з воўны свэтары ў крывую палоску, якiя насiлi i ў iхняй вёсцы. Валасы ў Вандзi, здалося, былi русыя, пасля Алёша падумаў, што яны бялейшыя, падобныя на лён у ручайцы. Яна запляла iх у доўгую i тоўстую, як узяць у руку, касу i закiнула за плечы. Каса падскоквала ў яе на спiне, калi Вандзя падбiвала нагамi лавачку, i ляцела пасля ззаду за ёй, што доўгi хвост за вялiкай страказой на лагу ля ракi. Твар у Вандзi быў круглы i таўставаты ў шчоках, белыя зубы, калi яна смяялася, былi вiдаць здалёку. Вочы, шэрыя i чыстыя, блiшчалi, што ў дзiцяцi.
   Алёша не бачыў нiколi такой зграбнай дзеўчынёхi - у iхняй вёсцы не было. Успомнiў, гледзячы на яе, як Юзюк гаварыў дома ў хаце, што прывёз Вандзю з Палянь, бо яе з маткай павiнны былi забiць палiцаi. I цяпер, калi Вандзя вернецца дамоў, за раку ў Паляне, яе застрэляць...
   Алёша падумаў зноў, што Вандзя прыгожая, i не верыў нават Юзюку: як гэта такую могуць застрэлiць палiцаi з Даўгынава?..
   На качэлях першы дзень яна доўга не была. Папрасiла нi з таго нi з сяго Таню, каб тая злавiла рукамi лавачку; скокнула на зямлю ў маленькiх чорных i стаптаных чаравiчках, што каза ў збiтых аб зямлю капытах; страсла з прыпала пясок i адышлася пад прызбу. Клiкнула пасля Таню, i яны пабеглi з двара адна за адной.
   Доўга пасля яе калыхалася яшчэ лавачка...
   Вандзя да iх больш не хадзiла аж да лета.
   Была якраз нядзеля, хмурная з самай ранiцы, калi Вандзя прыйшла да iх другi раз. Прыйшла сама, без Танi. Бегла некуды вулiцай, згледзела яго, Алёшу, у гародзе пад прызбай i пералезла цераз плот з вулiцы, як вясной. У той жа сукенцы, без свэтара; каса ў яе была, як i перш, за плячыма.
   - А бульбы табе не шкода? Аж чатыры гранкi здратавалi праз качэлi... спыталася яна, што стары чалавек, стаўшы воддаль на пярэчцы ля хаты ў стаптаным бульбеўнiку.
   Алёша нiчога не сказаў; паглядзеў быў на яе i азiрнуўся на варотцы ля варыўнi. У хаце заплакалi блiзняты i запела мацi.
   - А я не пусцiла б нiкога ў гарод... Бульбу таптаць попусту... сказала яна, памаўчала, тады спыталася неяк знянацку: - А можна... я пакалышуся?
   Ён зноў нiчога не сказаў.
   Тады Вандзя падышла да яго, да прызбы, дзе ён сядзеў, нагнулася над iм - ён бачыў, як белая сукянёшка схавала яе каленi, - i зноў загаварыла: а нi шманала нават, што ён маўчыць.
   - А ў вас пад хатай хрэн парос. Лiсце якое... I ў бульбе ў гранках расце. I канаторжнiк пашалеў, i жычка з дзядамi... А вунь, у хрэне, куры нясуцца, - паказала яна пальцам на вугал пад хату i засмяялася. Памаўчала была зноў, пакруцiла галавой, як шукаючы яшчэ чаго, тады павярнулася да вулiцы, да гародчыка. - Бэз ужо ў вас адцвiў. Адны дробненькiя дудачкi асталiся. У вас многа бэзу ля хаты. I ў нас было многа бэзу ля хаты. Але хату нашу спалiлi палiцаi. Прыехалi назаўтра i спалiлi, як мы сюды ўцяклi, за раку. I бэз пагарэў. Не цвiў сёлета, мацi хадзiла i вiдзiла...
   - I мацi не злавiлi? - раптам спытаўся ён, падумаўшы пасля, што не ведае, як гэта ён узяў i спытаўся: зляцела з языка.
   - Не-е... - пакруцiла яна галавой. - Мацi не баiцца. I я не баюся. Вазьму i схаджу дамоў. Я знаю, што палiцаi i мяне заб'юць, калi зловяць, а я не баюся... А ў вас i рабiна ў гародчыку ля плота расце. Ягады зялёныя яшчэ, пабурэлi толькi. А зiмой яны смачныя, i iх клююць сарокi. Лятуць аж пад хату i сакочуць у гародчыку, што куры. I ў нас была рабiна, i на яе прыляталi сарокi. А курэй нашых усiх пабiлi палiцаi, мама казала... А ў нас былi белыя куры. Усе да адной. I певень белы, вялiкi i белы. Калi iшоў дождж, ён цягаў свой доўгi хвост па зямлi... - яна зарагатала. - Апусцiць i цягне па мокрай траве... - Падумала была нечага, тады зноў сказала: - I ў нас няслiся куры пад хатай у траве. I певень iх вадзiў пад прызбу з хлева ранiцай. А можа, мацi манiла? Можа, куры жывыя, не пабiлi iх палiцаi? Жывы-ыя... Жы-вы-ыя... - яна раптам узрадавалася. - I нясуцца недзе ў крапiве. I певень iх водзiць туды кожную ранiцу. Мала што хата згарэла... А я схаджу i пагляджу сама. Я знаю, дзе наш дом. Трэба iсцi на Сушкава, а там лесам, за раку. Нас вязлi ноччу, але я знаю. Схаджу i пагляджу. I ўсiх у вёсцы пагляджу, мала што палiцаi спалiлi хату. - Яна азiрнулася на вулiцу, усё роўна як баялася, што яе пачуюць, i сказала цiшэй: - Трэба iсцi на Сушкава i ў чэцвер... У чэцвер у Даўгынава будуць iсцi людзi на базар...
   Цяпер Алёша не мог сказаць i слова: гэтулькi многа яна гаварыла. Нагнулася зусiм над iм: вочы ў яе былi шэрыя i блiскучыя i стаялi на адным месцы, калi глядзелi на яго.
   Яму хацелася сказаць, каб яна не iшла дамоў у Паляне, бо яе ж заб'юць палiцаi. За брата. Зловяць i заб'юць... Яны спалiлi хату, заб'юць i яе. Але яна гаварыла i гаварыла без аддухi, i ён маўчаў.
   Пасля яна адышлася i апёрлася плячыма на слуп ад качэляў.
   - А я ўсё роўна пакалышуся... - сказала - i адразу як падмянiў яе хто. Ускочыла на лавачку, схапiўшыся рукамi за палкi, i крыкнула на ўвесь гарод, Алёша аж спужаўся:
   - А ты падбi мяне!.. Пакуль адна раскалышу-уся...
   Калi высака, уровень са страхой, падлятала лавачка, у зямлi краталiся слупы. Мiж зямлёй i слупамi былi ўжо ладныя ямкi, i туды сыпаўся перацёрты нагамi сухi пясок. Вось уверсе ў слупах была падмазана старым сухiм дзёгцем, i цяпер, разагрэты i развэдзганы, ён цёк па слупе - пiсяга была ўжо нiзка ля зямлi: ля самай лавачкi...
   - Сукенку глядзi!.. Запэцкаеш... Не падбiвай!.. - паказаў ёй рукой на слуп Алёша.
   - Хэ-хэ-хэ... - яна засмяялася моцна, недзе было чуваць аж у хаце, i закруцiла галавой. Каса зляцела ў яе з плячэй i сцёбнула па слупе. - А я не баюся... I ўдваiх калыхацца не баюся... А ты маўчаў. Не хацеў мяне пускаць... Сазнайся... А на лавачцы можна стаць i ўдваiх. З аднаго i з другога боку. Удваiх лягчэй падбiваць...
   Яна згiнала ногi ў каленях, аж прысядаючы, i пасля з усёй сiлы падбiвала лавачку, падлятаючы вышэй страхi. Краталiся ў зямлi слупы, i падпоры, здавалася, выскачаць, i на Вандзю было боязна глядзець. А яна не сцiхала:
   - А я не баюся... I дамоў схаджу, не баюся. Гэта ты баiшся... I немцаў я не баюся, а ты баiшся... А мой брат цяпер партызан... I яго заб'юць палiцаi, калi зловяць. А яны яго не зловяць... I мяне не зловяць. I ты мяне цяпер не зловiш... - яна зноў памаўчала была. - А гэта праўда, што нам трэба было ўцякаць, калi брат перайшоў у партызаны? А я не хацела ехаць з дому...
   Летучы разам з лавачкай, яна гнала перад сабой вецер, i Алёша пачуў, як яму робiцца холадна. Ён бачыў, як вецер задзiрае Вандзiну белую сукенку вышэй калень, i не мог тады глядзець на Вандзю... А яна, прыцiхшы, усё падбiвала i падбiвала нагамi.
   Алёша тады закрычаў. Пачуў пасля, як ззаду стукае нехта ў шыбiну з хаты. Аглянуўся - апёршыся на падаконнiк, ля акна стаяла мацi i трасла пальцам.
   Ён зноў тады закрычаў, не могучы злавiць лавачкi i не ведаючы, што рабiць...
   - Баiшся... Баi-iшся... - смяялася Вандзя. - Я-ткi знала...
   Тады Алёша падумаў, што Вандзя можа звалiцца на каменне, якое ляжыць пад прызбай пад варыўнёй; можа зляцець i на плот ад вулiцы, якраз туды, дзе пралазяць i дзе выбiта нагамi бульба па пярэчцы...
   - Паляцiш!.. - ён падскочыў да слупа i хацеў злавiць лавачку. Яму ўдарыла па руцэ ля костачкi i счасала скуру...
   Махнулася ў акне мацi - пайшла на двор - з хаты ўсё вiдаць...
   - Баi-iшся!.. - засмяялася зноў Вандзя, адкiнуўшы галаву. Каса з-за плеч пераляцела ёй на грудзi i акруцiлася ля шыi. Ён згледзеў пасля, як Вандзя, летучы ад вулiцы, ад плота назад да варыўнi, аж прысеўшы на лавачцы, падбiла яшчэ нагамi, як на край варыўнi, над страхой, з-за якой тырчаў асвер, узляцела ракета i павiсла ўгары. Чырвоная i яркая, яна доўга стаяла ў хмурным небе, тады стала ападаць, як перавалiўшыся цераз што, i рассыпалася над варыўнёй на iскры. Яму здалося, што сцебанулi нечым калючым па веках...
   Тады за гумнамi, на Карчаваткi, зайшоўся кулямёт, доўга i несцiхана. Калi ён быў сцiх, захлопалi стрэлы, часта, адзiн за адным, як хто кiдаў з вулiцы каменнем па варыўнi па страсе.
   - Дзецi... Марш дамоў... Знайшлi гулi... - загаварыла на двары мацi, азiраючыся на вулiцу. - I нiкуды не адыходзiцца ад вуглоў... - папраўляючы на галаве хустку, мацi вярнулася ў сеначкi. За варыўнёй на Карчаватках ацiхла, пасля там зноў пачалi страляць.
   "Немцы iдуць з Даўгынава... - падумаў Алёша. - Праз Вiлiю..."
   Калi ён глянуў пад прызбу на пярэчку, убачыў, што ў бульбеўнiку ля варыўнi ля камення сядзiць на каленях Вандзя. Адвярнулася ад яго, глядзiць праз плот на лог, папраўляючы ў дзве рукi касу. Маўчыць, кратаючы ўсё плячыма...
   Ён здагадаўся, што яна звалiлася на каменне, i падбег да яе.
   На рог варыўнi, на шэрыя i халодныя воблакi зноў выскачыла з-за лесу ракета. Зялёная i цьмяная, яна не даляцела ўгару да асвера i патухла над самай страхой... Тады адразу перасталi страляць.
   Калi Алёша апёрся на локцi на мяхах, убачыў, што цёмна i што яны стаяць у лесе.
   Балела рука ля костачкi - ссунулася на ляжэйку, i ён адцiснуў яе пад галавой. Ён пачуў, як гавораць недзе наперадзе мужчыны.
   - Дзе гэта магло быць? - пытаўся ў некага Панок.
   - Недзе на шашы... Вiдзiш, правей ад iмшары, якраз на прагале...
   - Чорт яго, Мiрон, знае... I Тартак у тым баку... - гэта зноў гаварыў Панок.
   - Тартак лявей, ты што?.. Вунь, дзе месяц узышоў, там Тартак...
   - А ракеты якраз там i былi... Едзем... у божы свет... А раптам н-немцы?.. - Панок пачаў заiкацца.
   - А можа, гэта i не ракеты... У вас ужо ў каторага ў вачах...
   - Ды не-е, Наста... Яшчэ не паслеплi. Хто гэта храпе там ззаду на ўвесь лес?
   - Хлапец хроп... Не злазiць з воза...
   - Спiць усю дарогу... Во сон напаў. Глядзi, баба, ваўкi з'ядуць у лесе... Вiнавата будзеш... - Махорка быў засмяяўся...
   - Сцiхнi, Мiрон... - азвалася Наста. - А дзе Iван?
   - Наперадзе. Вунь ля жарабка на дарозе.
   - Клiч сюды. Чаго стаiш?..
   - Яно, Наста, само сталася! I ў Боганчыка i ў нас. Сунься лесам чорту ў зубы. Ноч. Ракеты не дзецi пускаюць. Не сходзiш жа, не паглядзiш? Не стралялi, не было чуваць?
   - Я не чула. I так ад стрэлу за дзень галаву адбiла... I калёсы барабаняць...
   Пасля Наста клiкнула Боганчыка. Той адразу азваўся - быў блiзка наперадзе - iшоў да iх. Падышоўшы, паказаў рукой на прагал у лесе:
   - Ракеты. Аж дзве. Вiдзiлi? На шашы недзе...
   На дарозе стала цiха, хроп толькi ўперадзе Махоркаў Сiбiрак - сышоў з дарогi i скуб з-пад ног траву.
   Алёша ўбачыў, што ўперадзе над дарогай, якраз ля прагалу, за лесам узышоў месяц-поўня. Свяцiў двума крывымi круглымi краямi, мусiць, з-за дрэва. Недзе ў тым баку за iм дрыжала ад агню неба, як ад далёкай блiскавiцы.
   Алёша падумаў, што быў заснуў ля Завiшына, калi пераехалi раку. Спаў i не бачыў ракет.
   Нiзка, над самымi калясьмi праляцеў кажан, шапочучы крыллем.
   Усхадзiўся быў вецер, падзьмуў дарогай, адагнаў машкару, што ўсмоль лезла ў вочы, i зноў сцiх.
   Дарогу ззаду, адкуль яны ехалi, схаваў туман, падпоўз аж да самых вазоў, заслаўшы, як палатном, прагал у лесе.
   Над прагалам дрыжала не сцiхаючы неба. Ля месяца над самым лесам яно было жоўтае; вышэй стаяў вялiкi белы круг: на вецер i на безгалоўе.
   Лезла ў вочы машкара, лiпла на шчокi, заядала. Калi Алёша павёў рукой па нагах, пачуў, што рукi былi мокрыя. Падумаў, што галёнкi недзе ўсе ў крывi...
   Тады Алёша згледзеў, як яго конь стаў мiнаць Януковы калёсы - зафорскаў i, нагнуўшы галаву, даставаў сухую траву з канавы ля дарогi. Ззаду пайшоў i Настулiн Буланчык.
   - То чаго чакаць, мужчыны?
   - Хай хоць трохi адсапнуцца конi, Наста... Думаеш, яны не галодныя?
   - Вiднець скора пачне, Мiрон. Не справiмся. Ты знаеш, што ты гаворыш!..
   - У лесе, Наста, лягчэйшая дарога. А конi пiлi ў рацэ. Пасля вады конь слабне. Пастануць, тады... А назад улегцы, пагонiм...
   - Машка заядае... Каму б гэта прыйшло ў галаву ўзяць з дому пасцiлку на ногi.
   - Асталiся жыць, Наста. Машка не страх цяпер.
   - Асталi-iся... З вёскi выпусцiлi, дык у рацэ пабiлi б... Як гэта нiкога не зачапiла...
   - Бог яшчэ ёсць...
   - Адапнi, Пан, лепш каня... Бо-ог... - перадражнiў яго Махорка. - Ты, Iван, што маўчыш?
   - Пайду i я адапну жарабка. Конi, як i людзi, есцi хочуць...
   Алёша тады падумаў, што яму вунь як хочацца есцi. Не помнiць добра, калi еў. Мусiць, учора вечарам у Карчаватках...
   - Ведаеш, Наста, - зноў загаварыў Махорка, бразгаючы ў кiшэнi крэсiвам, - думаў, мусiць, закурыць. - Калi ехаць, то толькi лесам. На Тартак... Зблiзку немцаў я не баюся. А на шашы як секануць здалёку. Ноч. Насунемся знянацку. А ў лесе ноччу яны сядзець не будуць...
   - А калi парцiзаны...
   - Ты ўжо, Наста, i парцiзан баiшся...
   - О-ха-ха... Парцiзаны, парцiзаны...
   - А што б яны памаглi? Вёска ў ваўка ў зубах. Не вырвеш.
   - Парцiзанам лягчэй. Ёсць чым баранiцца...
   - Цяжка, Наста, i парцiзанам. Вiдзiла, колькi на Дзвiнасу машын пёрла?..
   - Сама, Мiрон, знаю. Калi ж усярэдзiне ўсё трасецца. Дзецi дома...
   Махорка ёй цяпер нiчога не сказаў; змоўкла пасля i Наста.
   Тады Алёша ўбачыў, што мужчыны сцiшылiся i слухаюць, пастаўшы ля Януковага воза.
   Гудзела недзе ў канцы прагалу над Тартаком, дзе цьмяна свяцiла з-за лесу поўня. Гудзела глуха i густа, як усё роўна шумеў ад ветру за iмшарай лес.
   Пасля Алёшу здалося, што гудзе пад зямлёй i яна дрыжыць пад калясьмi, пад нагамi ў людзей i ў коней... Ён убачыў, як вярнуўся да Януковых калёс спераду Боганчык, як Панок нагнуўся нечага над Януком, якi ляжаў нiц на мяхах.
   Тады Алёша саскочыў на дарогу. Калолася ў босыя ногi - на дарозе былi сухi мох i дробненькiя патрэсканыя сасновыя шышкi.
   Над прагалам у лесе пасвятлела - падняўся вышэй месяц, i Алёша бачыў, што мужчыны стаяць, задзёршы галовы.
   Угары, у зацягнутым чорнымi палосамi небе, iшлi самалёты. Iшлi з Тартака. Iх недзе было многа, бо ўгары стаяў цяжкi гул, што ад грому. Ад яго, здавалася, звiнелi i лес, i дарога, i ўся зямля. Пасля гул зрабiўся глухi i працяжны, ацiхаў далёка ўгары, i здавалася, што неба ад яго стала высокае-высокае...
   Самалёты ляцелi на Дальву, у той бок, дзе на небе за лесам яшчэ стаяла зялёная зара... Доўга ў тым баку стагнала зямля.
   Алёша пачуў, як яго хапiлi дрыжыкi, не лучаў зуб на зуб. Ён прыцiснуўся плячыма да меха на Януковых калёсах i зашпiлiў аж уверх замочак у рубашцы.
   Мужчыны доўга маўчалi ля калёс, гледзячы ў неба i круцячы галовамi ўслед за самалётамi...
   - Нашы... - сказаў тады цiха Махорка. - Бамбiць лётаюць ноччы. Аж у Германiю...
   Усе былi закраталiся ля калёс, але маўчалi. Закашляў Панок i закрактаў, узлазячы на воз. Тады, апёршыся локцямi на Янукоў воз на ляжэйку, Боганчык засiпеў, гледзячы на дарогу ў туман:
   - На-шы... Такiя, як вунь ля Леснiкоў былi... Забылiся... I агнёў панакладалi, чакаючы... Як скiнулi цацку, аж стрэхi пазрывала. Акруцiлiся i яшчэ раз скiнулi. Гэтыя каб скiнулi...
   - О-хо-хо... Што там дома... - забедавала Наста, завязваючы хустку, i Боганчык сцiх. Завярнуўся пасля i пайшоў у альшэўнiк. - I Буланчык мой не есць, апусцiў галаву... О-хо-хо... Што там робяць дзецi?
   - Не адыходзься далёка... - крыкнуў услед Боганчыку Махорка. - Вайна не вайна, а ў кусты ганяе, не глядзiць на немцаў...
   - Ты, Мiрон, свайго i перад бядой не кiдаеш...
   - Мы яшчэ пажывём, Наста...
   - Пажывё-ём...
   Яны памаўчалi.
   - Будзем кратацца, Iван. Адзiн ад аднаго не ад'язджацца. Хай конi iдуць за калясьмi. I ты свайго жарабка не пры надта. А то - не дагнаць... - зноў загаварыў Махорка.
   - Можаш заязджаць наперад... - буркнуў Боганчык, вылазячы з кустоў.
   - Не глядзi зверам, Iван. Ноч на дварэ. I ты гэта знаеш... - гаварыў i махаў пугаўём Махорка. - Ехаць будзем цiха. Калi што якое - не сядзець на калёсах. За дзяцьмi Наста будзе глядзець. Янук хай спiць... З яго драбiн не вывалiшся. I Таня добра што заснула. Мэнчыцца з балючай нагой...
   Алёша пайшоў назад за Настай - яна памалу-памалу, як нямогучы, перастаўляла ногi. Завярнулi на дарогу коней. Пасля, сеўшы на мяхi, пад'ехалi адзiн за адным да Януковых калёс.
   - Усе там, ззаду? - загаманiў моцна Махорка. - Не аставацца...
   Прагалам пайшлi адгалоскi.
   - Не спi, сын... - Алёша пачуў, як яго клiкнула Наста, i падумаў, што яму вунь як хочацца спаць. Не служаць нi рукi, нi ногi - нават языком не кранеш.
   Конь, iдучы, усё яшчэ скуб траву ля дарогi, i Алёша падумаў, што хочацца есцi, не праходзiць голад.
   Яны праехалi дарогай - уехалi ў самы прагал i зноў сталi. Боганчыка зусiм схаваў з вачэй туман, i невядома было, што робiцца ўперадзе. Зноў злезла з воза Наста - iшла да яго, Алёшавых, калёс, кiнуўшы аднаго Буланчыка.
   - Зноў наперадзе нешта, сын... - зашаптала яна. - Так бы не сталi. Не спi, глядзi... Помнi, што я сказала...
   Тады Насту клiкнулi. Махорка, мусiць.
   - Нехта стогне там, уперадзе... Не спi, сын... - Яна кiнула ў яго на возе на мяхах дубец, якiм паганяла яшчэ ля ракi Буланчыка, калi той не хацеў iсцi ў ваду, i пакраталася наперад, мiнаючы Януковы калёсы. Янук замычаў, мусiць, спрасоння, лежачы на мяхах, i зноў стала цiха, нават не храплi конi. Было чуваць, як iдзе дарогай Наста: дуг, дуг. Калi Наста схавалася за Танiнымi калясьмi, Алёшу хапiла стужа. Ён ссунуўся з мяхоў на дарогу i дагнаў Насту ўжо ля Махоркавых калёс. Махоркi на возе не было, не было i ля каня. Не вiдаць было нiдзе i Боганчыка.
   Ужо ля Боганчыкавых калёс Алёша згледзеў, як, сышоўшы з дарогi, у прагале стаяць мужчыны. Двое - Махорка з Боганчыкам. Панок быў ззаду, воддаль - прыхiнуўся да сасны, як прыкарэў.
   Яны падышлi з Настай да Панка.
   - Скажы ты... - загаварыў Махорка да Насты, сцiха, як шаптаў. - Не магло ж нам здацца... I мне i Iвану... Чалавек стогне.
   - Дзе чалавек? - Наста зайшла iм наперад i, натапырыўшыся, глядзела ў прагал.
   - Ды тут недзе недалёка... - паказаў Махорка рукой, усё роўна што сабе пад ногi. - Я ўжо i клiкаў... Стагнаў быў, пасля сцiх.
   - I я, Наста, чуў. Аж з калёс, едучы, - кашлянуў Панок.
   - Якi тут у чорта чалавек... Маюць жа вушы... - загаманiў быў моцна Боганчык.
   - Цiш... Сам жа чуў... - шыкаў на яго Махорка.
   - Што вы ўсё шыкаеце... Стогне, стогне... Дзяўчына на возе стогне. Ехаць трэба, калi што думаем. Ну i людзi...
   - Адыдзi... - Махорка махнуў быў на Боганчыка рукой.
   Усе тады як ураслi ў зямлю.
   Нiчога не было чуваць.
   Выплыў з-за лесу месяц i вiсеў цяпер ля цёмнай, што конь з нагамi i галавой, хмары. Павiднела. У тумане была знаць уперадзе дарога - iшла прагалам - i было вiдаць, як на моху ля ног ляжаць леташнiя белыя сасновыя шышкi.
   Пасля далёка ў прагале, на балоце, мусiць, закрычала патрывожаная кнiгаўка. Кнiгавак, вiдаць, было многа, бо адна не спраўлялася б так часта крычаць. Турчалi жабы, моцна, на ўвесь лес - аж iшлi адгалоскi...
   Алёша доўга глядзеў у прагал - у вачах ужо зрабiлася аж два месяцы: адзiн адбягаўся ад другога i кацiўся па небе да самага лесу.
   На зямлю, на голую дарогу, ад сосен падаў цень, шырокi, разгаты, i ляжаў, як на чыстым абрусе.
   Алёша пачуў, што холадна ў ногi. Пасля стала холадна за плячыма.
   - Паедзем... Дзяўчына на возе стогне. Агнём бы яно ўсё пайшло ад маёй галавы... - вылаяўся быў Боганчык i ступiў да Махоркi - невядома чаго.
   - Што затросся, як спалiржаваны? А калi чалавек там? - крутнуўся да яго Махорка.
   - Чалаве-е-к... - перадражнiў Махорку Боганчык.
   - Дык што? Мiнаць чалавека? Чалавека я нiколi не мiнаў... - Махорка адразу тады ўзлаваўся... Лапаў за кiшэнi ў штанах, як чаго там не знаходзячы.
   - Не мiнаў... А дзе дзенеш, падабраўшы? Хоць тата з таго свету - дзе дзенеш? Сваiх поўныя калёсы. I хворых i здаровых. Стогнуць. Дзяўчына вун...
   - Вiш, бацька знайшоўся. Горлам браць... Не крычы. Чалавек стогне. У сасоннiку, мусiць, - паказаў Махорка раптам зноў рукой у прагал.
   - Ну i чорт з iм, хто дзе цяпер стогне. Зямля ўся стогне. Усiх не наслухаешся. У нас свае, вун... Вёска цэлая стогне...
   - Цiш... - махнуў на яго рукой Махорка.
   Тады Алёша пачуў, як збоку ля iх, на прагале ў соснiку, нехта стагнаў. Пасля закашляўся Панок, i зноў нiчога не было чуваць.
   Калi яны прыйшлi за Махоркам у соснiк, Алёшу здалося, што ў высокай белай мятлiцы ляжыць, выцягнуўшы ногi, конь - чорны, задам да iх. Конь быў адразу застагнаў, тады пачаў храпсцi недзе пад сябе ў густую траву... Здавалася, нават не пачуў, як падышлi людзi...
   - Ло-ось... - загаманiў Махорка. - Iдзiце блiжэй... Са спiны толькi... Ля ног не стойце... Не стойце... Ён нагой аглабню сячэ. Адступiся, хлапец, не лезь усмоль... Чаго ты тут?.. Сядзеў бы на калёсах. Пазбягалiся ўсе...
   Алёша тады адышоўся ад Махоркi i стаў ззаду за Настай.
   Махорка ступiў да лася, нагнуўся i глядзеў недзе ў траву, дзе кашляў лось...
   Лось быў кароткi i тоўсты, але здаваўся вялiкiм - каб устаў, зраўняўся б з Буланчыкам. У яго была шырокая i кароткая шыя, i на ёй расла маленькая грыва. Галава ў лася была доўгая, вузкая, з гарбом ля храп i з вялiкiм блiскучым вокам, якое глядзела некуды ўверх - на месяц. Нiжняя губа ў яго абвiсла, як мокрая ануча; вушы, круглыя i шыракаватыя, што ў каровы, натапырылiся i стаялi.
   Лось быў не чорны, як здалося спачатку. Толькi на спiне ў яго iшла чорная паласа, вузкая, на руку; ногi i галава ў яго былi бурыя, а сам ён увесь цяпер, зблiзку, здаваўся шэрым i блiскучым, бы ўсё роўна ў расе... Можа, што на яго свяцiў месяц...
   Рогi Алёша згледзеў пасля ўжо: яны, чорныя i вялiкiя, што саначкi, ляжалi ў белай траве, усё роўна як асобна ад галавы. Краталiся разам з галавой толькi, калi лось кашляў, i тады паролi зямлю...
   - Падбiлi... - зноў загаманiў на ўвесь соснiк Махорка. - Уся шыя пасечана... Аж мяса павыпiрала... Крывi пад iм чорная лужына ў траве. I з храп кроў цячэ. Не падыходзьце... Падурнелi?.. Адступiцеся!..
   Лось захроп i пачаў круцiць галавой... Угару з-пад рагоў паляцела зямля. Пасля сцiшыўся i стаў часта дыхаць, ажно хадзiў у яго хадуном жывот.
   - Не падыходзь, Наста! - крыкнуў цяпер Панок.
   Мужчыны самi адышлiся далей, i Панок пацягнуў Насту назад за руку.