Страница:
- Спадзяюся, - сказаў ён Нэтлiнгеру, - што ўсё было даведзена да ладу так, што ты застаўся задаволены - хутка i як мае быць.
- Дзякуй, - адказаў Нэтлiнгер, - усё сапраўды было зроблена хутка.
- Гэта добра, - сказаў начальнiк турмы i звярнуўся да Шрэлы. - Прашу мне прабачыць за тое, што я Вам на развiтанне скажу колькi слоў, хоць Вы ўсяго адзiн дзень былi ў мяне пад... - ён засмяяўся, - ...апекаю i памылкова трапiлi не ў следчую турму, а ў карную. Бачыце, - сказаў ён i паказаў рукою на ўнутраную браму турмы, - за вунь тою брамаю Вас чакае другая брама, а за ёю Вас чакае штосьцi грандыёзнае, тое, што мы лiчым за сваё найвышэйшае дабро, - воля. Справядлiвым цi несправядлiвым было падазрэнне, але Вы спазналi... - ён засмяяўся яшчэ раз, -...вы спазналi сярод маiх гасцiнных муроў супрацьлегласць вольнасцi. Карыстайцеся Вашай вольнасцю. Мы ўсе - адно што вязнi, вязнi нашага цела, аж да хвiлi, калi душа вызвалiцца ад путаў i ўзнясецца да свайго стваральнiка; але быць вязнем сярод маiх гасцiнных муроў - гэта не проста сiмвал. Я выпускаю вас на волю, пане Шрэла...
Шрэла збянтэжана працягнуў руку, але тут жа рвануў яе назад, да сябе, бо па начальнiкавым твары ён заўважыў: поцiск яго далонi не належыць да прынятых тут фармальнасцей; Шрэла збянтэжана маўчаў, пераклаў цыгарэцiну з правай рукi ў левую i крадком зiрнуў на Нэтлiнгера.
Муры вакол гэтага двара, неба па-над iмi былi апошнiмi рэчамi на гэтай зямлi, якiя давялося бачыць Фэрдзi; магчыма, голас начальнiка быў апошнiм чалавечым голасам, якi ён пачуў на гэтым дзядзiнцы - досыць вузкiм, каб дым з Нэтлiнгеравай цыгары мог запоўнiць яго ўвесь; прынюхваючыся, начальнiк падумаў: "Божа мой, ты заўсёды добра разбiраўся ў цыгарах: тут табе трэба аддаць належнае".
Нэтлiнгер не выцягваў цыгары з рота.
- Ты мог абысцiся гэтым разам без развiтальнае прамовы. Значыць, дзякуй i - да пабачэння.
Ён схапiў Шрэлу за плечы i падпiхнуў яго ў напрамку да ўнутранай брамы, якая перад iмi адчынiлася; Нэтлiнгер павольна павёў Шрэлу да знешняй брамы; Шрэла спынiўся, аддаў вартаўнiку свае паперы; той уважлiва паглядзеў на iх, кiўнуў i адчынiў браму.
- Ну, вось яна тут, воля, - сказаў Нэтлiнгер, смеючыся, - на тым баку вулiцы стаiць мая машына; скажы, куды цябе адвезцi.
Шрэла перайшоў з iм цераз вулiцу i завагаўся, калi шафёр адчынiў яму дзверцы.
- Ну, - сказаў Нэтлiнгер, - сядай.
Шрэла зняў свой капялюш, залез у машыну; сеўшы, адкiнуўся на спiнку сядзення i паглядзеў на Нэтлiнгера, якi таксама залез у кабiну i падсунуўся блiжэй да яго.
- Куды ты хочаш ехаць?
- На вакзал, - адказаў Шрэла.
- У цябе там рэчы?
- Hе.
- Дык што, ты ўжо зноў хочаш пакiнуць наш гасцiнны горад? - спытаў Нэтлiнгер. Нахiлiўшыся да шафёра, ён сказаў яму: - На галоўны вакзал.
- Hе, - сказаў Шрэла, - я не хачу пакiдаць гэтага гасцiннага горада. Ты не знайшоў Роберта?
- Hе, - адказаў Нэтлiнгер, - ён рэдка паказваецца на людзях. Цэлы дзень я спрабаваў убачыцца з iм, ды ён усё выслiзваў неяк; а калi я ўжо амаль накрыў яго ў гатэлi "Прынц Генрых", ён здолеў уцячы праз бакавыя дзверы. Праз яго мне давялося мець вялiкую прыкрасць.
- I раней таксама ты яго не сустракаў?
- Hе, - адказаў Нэтлiнгер, - нiводнага разу; ён жыве зусiм адасоблена.
Машына спынiлася перад святлафорам. Шрэла зняў акуляры, выцер iх насоўкаю i падсунуўся блiжэй да акна.
- Вiдаць, - сказаў Нэтлiнгер, - у цябе дзiўнаватае адчуванне: па гэткiм доўгiм часе i пры такiх акалiчнасцях зноў апынуцца ў Германii; ты яе ўжо не пазнаеш.
- Ды не, пазнаю ўжо, - адказаў Шрэла, - накшталт таго, як звычайна пазнаеш жанчыну, якую зусiм малады кахаў, а цяпер праз дваццаць гадоў напаткаў: яна зрабiлася тоўстая; затлусценне залозаў; вiдавочна, што яна выйшла за чалавека не толькi багатага, але i працавiтага; вiла за горадам, машына, пярсцёнкi на кожным пальцы; пры гэткiх акалiчнасцях з даўняе любовi застаецца адно што строiць кепiкi.
- Натуральна, гэткiя абразкi ўсё-такi досыць скажоныя, - сказаў Нэтлiнгер.
- Гэта напраўду абразкi, - сказаў Шрэла, - i калi б iх было ў цябе тры тысячы, ты б, мажлiва, спазнаў крыху праўды.
- Сумняваюся таксама наконт верагоднасцi тваiх меркаванняў пра нашу краiну: ты прабыў толькi дваццаць чатыры гадзiны ў краiне, у тым лiку дваццаць тры - у турме.
- Табе цяжка ўявiць, як шмат можна даведацца пра краiну, седзячы ў турме; у вашых астрогах найбольш сядзяць за ашуканства; на жаль, самаашуканства не разглядаюць тут як крымiнальнае злачынства; магчыма, ты не ведаеш, што я з апошнiх дваццацi двух год чатыры правёў у турме?
Машына павольна ехала ў вялiкiм патоку, якi ўтварыўся перад святлафорам на скрыжаваннi.
- Hе, - сказаў Нэтлiнгер, - я гэтага не ведаў. Дзе ты сядзеў, у Галандыi?
- У Галандыi, - адказаў Шрэла, - i ў Англii таксама.
- За што гэта?
- За дзеяннi ў стане афекту, у вынiку любоўнай тугi, але не з iдэалiстычных памкненняў, а праз тое, што я змагаўся супраць цалкам рэальных з'яў.
- Цi нельга растлумачыць гэта больш падрабязна?
- Hе, - адказаў Шрэла, - ты б усё адно нiчога не зразумеў i ўспрыняў бы гэта як камплiмент. Я пагражаў аднаму галандскаму палiтыку, якi абвясцiў, што трэба павынiшчыць усiх немцаў; гэта быў дужа папулярны палiтык; потым, калi немцы акупавалi Галандыю, яны вызвалiлi мяне, мяркуючы, што я нейкiм чынам пакутаваў за нямецкую справу; але пасля яны знайшлi маё iмя ў спiсе шуканых асоб, i мне давялося ўцякаць ад iх любовi ў Англiю; там я пагражаў пэўнаму ангельскаму палiтыку, якi сказаў, што трэба павынiшчыць ўсiх немцаў, уратаваўшы адно створаныя iмi шэдэўры мастацтва; гэта быў надта папулярны палiтык; але неўзабаве я атрымаў ад iх амнiстыю, бо яны меркавалi, што трэба шанаваць мае пачуццi - пачуццi, якiх у мяне зусiм не было, калi я пагражаў гэтаму палiтыку; гэтак вось людзей спачатку памылкова кiдаюць у астрог, а пасля гэтаксама памылкова адпускаюць на волю.
Нэтлiнгер засмяяўся:
- Калi ты ўжо збiраеш карцiны, я магу дазволiць дадаць да тваёй калекцыi яшчэ адну. Як табе, напрыклад, падабаецца гэткая карцiна: непрымiральная палiтычная варожасць памiж двума школьнымi таварышамi; праследаваннi, допыты, уцёкi, смяртэльная нянавiсць - але праз дваццаць два гады той самы праследавальнiк, гэты жахлiвы тып, вызваляе з турмы ўцекача, якi акурат вяртаецца дадому? Цi гэта не карцiна, вартая таго, каб папоўнiць тваю калекцыю?
- Гэта не карцiна, - адказаў Шрэла, - а толькi гiсторыя, у якой ёсць адна хiба: яна, апроч усяго, яшчэ i праўдзiвая; але калi я перакладу гэтую гiсторыю на вобразна-абстрактную мову i адпаведна яе табе растлумачу - дык яна не будзе надта пахвальнаю для цябе.
- Гэта напраўду дзiўна, - сказаў няголасна Нэтлiнгер i выцягнуў цыгару з рота, - калi я тут прашу зразумець мяне; але павер мне, калi я ўбачыў тваё прозвiшча ў спiсе шуканых асоб, прачытаў рапарт i даведаўся, што яны сапраўды затрымалi цябе на мяжы, - я без усялякiх ваганняў пачаў рабiць усе захады, каб цябе вызвалiць.
- Мне было б вельмi шкада, - сказаў Шрэла, - калi б ты падумаў, што я сумняваюся ў шчырасцi тваiх матываў i пачуццяў. Нават тваё раскаянне не будзiць ува мне сумненняў, але ў кожнай карцiне - а ты ж прасiў мяне ўзяць тую гiсторыю як карцiну ў маю калекцыю, - у кожнай карцiне ёсць пэўная абстракцыя, а менавiта - роля, якую ты выконваў тады i надалей выконваеш сёння; ролi, даруй мне, усё тыя ж самыя; бо тады, каб абясшкодзiць мяне, трэба было пасадзiць мяне за краты, а сёння, каб зрабiць мяне бясшкодным, трэба выпусцiць мяне з турмы; баюся, што Роберту, якi мае куды болей абстрактнае мысленне, чым я, якраз з тае прычыны не карцiць сустракацца з табою. Я спадзяюся, ты мяне разумееш: i тады таксама я анi не сумняваўся ў шчырасцi тваiх матываў i пачуццяў, ты мяне не можаш зразумець i нават не спрабуй рабiць гэтага, бо ты выконваў свае ролi несвядома, - iначай ты быў бы цынiк альбо злачынец; але ж ты не зрабiўся нi тым, нi другiм.
- Цяпер я напраўду не ведаю, камплiмент гэта цi нешта зусiм адваротнае.
- I аднаго, i другога патроху.
- Магчыма, табе невядома, што я зрабiў для тваёй сястры?
- Ты абараняў Эдыт?
- Ага. Вакера хацеў арыштаваць яе i кожны раз заносiў яе iмя ў спiсы, а я штораз выкрэслiваў.
- Вашыя дабрадзействы, - цiха прамовiў Шрэла, - яшчэ цi не страшнейшыя за вашыя злачынствы.
- А вы яшчэ больш бязлiтасныя за самога Госпада Бога, якi даруе грахi тым, хто пакаяўся.
- Мы - гэта не Госпад Бог i не прыпiсваем сабе нi ягонай усяведнасцi, нi ягонай лiтасцiвасцi.
Нэтлiнгер адхiнуўся, страсянуўшы галавою; Шрэла выцягнуў з кiшэнi цыгарэту, засунуў яе ў рот i зноў спалохаўся, калi Нэтлiнгер нечакана пыхнуў запальнiчкай у яго пад носам; чысты, светла-блакiтны дым мала што не апалiў яму павекi. "А твая цяперашняя ветлiвасць, - думаў ён, - горшая за тваю тагачасную няветлiвасць. Твая апантанасць засталася такою, як i была: гэтаксама як ты тады шпурляў мне мячык у твар, цяпер ты назойлiва даеш мне прыпалiць".
- Калi я змагу знайсцi Роберта? - спытаў ён.
- Вiдаць, не раней як у панядзелак; я так i не здолеў высветлiць, куды ён з'ехаў на выхадныя; няма таксама нi яго бацькi, нi дачкi; можа, заспееш яго дома сёння ўвечары альбо заўтра а палове дзесятай у гатэлi "Прынц Генрых"; ён ад паловы дзесятай да адзiнаццатай гуляе там у бiльярд. Спадзяюся, у турме з табой не абыходзiлiся груба?
- Hе, - адказаў Шрэла, - усё было прыстойна.
- Калi табе спатрэбяцца грошы, скажы мне. З тымi, што ў цябе ёсць, не надта разгонiшся.
- Мяркую, што да панядзелка хопiць, а пасля грошы ў мяне будуць.
Чым блiжэй яны пад'язджалi да вакзала, тым даўжэйшы i шырэйшы рабiўся ланцуг машын. Шрэла паспрабаваў быў адчынiць акно, але не разабраўся з ручкамi; Нэтлiнгер перахiлiўся цераз яго i апусцiў шыбiну.
- Баюся, - сказаў ён, - што на вулiцы паветра не лепшае ад таго, што тут, у машыне.
- Дзякуй, - сказаў Шрэла.
Ён паглядзеў на Нэтлiнгера, пералажыў цыгарэту з правай рукi ў левую.
- Слухай, - сказаў ён пасля, - той мячык, якi тады забiў Роберт... цi знайшоўся ён? Памятаеш?
- Натуральна, памятаю, - адказаў Нэтлiнгер, - я добра памятаю, бо потым столькi пра гэта гаварылася: яны так нiколi i не знайшлi мячыка; шукалi яго таго вечара аж да цемнаты, шукалi нават i назаўтра, хоць гэта была нядзеля; той мячык не даваў iм спакою; сёй-той пачаў пазней казаць, што гэта была ўсяго толькi Робертава штучка: ён, маўляў зусiм не ўдарыў па мячыку, а толькi iмiтаваў гук удару, a мячык схаваў.
- Але ж яны ўсе бачылi мячык - як ён ляцеў. Хiба не?
- Вядома, нiхто той пагалосцы не паверыў; iншыя казалi, што мячык заляцеў у двор пiваварнi i трапiў на павозку; мажлiва, ты памятаеш, што неўзабаве адтуль выехала павозка.
- Гэта было раней, задоўга перад тым, як Роберт ударыў, - сказаў Шрэла.
- Здаецца мне, што ты памыляешся...
- Hе, не, - настойваў на сваiм Шрэла, - я ж стаяў там, чакаючы, i ўважлiва глядзеў; павозка выехала, перш чым Роберт ударыў.
- Ну, хай сабе, - сказаў Нэтлiнгер, - так цi iначай, a мячыка знайсцi не змаглi. А вось i вакзал... ты i праўда не хочаш, каб я табе чым-небудзь дапамог?
- Hе, дзякуй, мне нiчога не трэба.
- Ну, хоць папалуднаваць разам... магу цябе запрасiць?
- Добра, - адказаў Шрэла, - пойдзем палуднаваць.
Шафёр, адчынiўшы, прытрымаў дзверку машыны; Шрэла вылез першы i, засунуўшы рукi ў кiшэнi, чакаў Нэтлiнгера, якi, узяўшы з сядзення сваю папку, зашпiлiў плашч i сказаў шафёру:
- Калi ласка, прыедзьце па мяне каля паловы шостай да гатэля "Прынц Генрых".
Шафёр прыклаў руку да шапкi, потым залез назад у машыну, сеў за руль.
Шрэлавы акуляры, адвiслыя плечы, рот з дзiўнаватай усмешкаю, бялявыя валасы - без прабору, а толькi з лёгкiм проблiскам сiвiзны, усё яшчэ зачасаныя назад; жэст рукi, якiм ён абцёр пот i схаваў насоўку ў кiшэнь, здавалася, што ён зусiм не памяняўся, толькi зрабiўся на некалькi год старэйшы.
- Навошта ты вярнуўся? - цiха спытаўся Нэтлiнгер.
Шрэла паглядзеў на яго, прыжмурваючыся - як гэта ён заўсёды рабiў, - i, закусiўшы нiжнюю губу (у правай руцэ цыгарэта, у левай - капялюш), доўга глядзеў на Нэтлiнгера i чакаў, усё яшчэ дарэмна чакаў таго, па чым сумаваў ужо больш як дваццаць гадоў, - нянавiсцi, звычайнай нянавiсцi, якой ён заўсёды прагнуў: каб можна было даць каму-небудзь па мордзе альбо кухталя пад зад i крыкнуць: "Свiння! Паскудная свiння!" Ён заўсёды зайздросцiў людзям, здольным да гэткiх простых пачуццяў, але ён не мог зараз стукнуць у гэты круглы, са збянтэжанай усмешкаю твар, не мог даць кухталя пад гэты зад; на школьнай лесвiцы Нэтлiнгер падставiў яму падножку, i ён грымнуўся вобзем, дужка акуляраў улезла яму ў мочку вуха; па дарозе дадому яго пераймалi, зацягвалi ў пад'езды дамоў i збiвалi; бiлi пугаю з калючага дроту, Нэтлiнгер бiў яго i Роберта; вёў допыты; ён быў вiнаваты, што загiнуў Фэрдзi, але пашкадаваў Эдыт i даў уцячы Роберту.
Шрэла перавёў позiрк з Нэтлiнгера на прывакзальны пляц, дзе было надзвычай тлумна; сонечны выхадны, таксi, што чакаюць клiентаў, марожаншчыкi; гатэльныя служкi ў фiялетавых лiўрэях валачылi ўслед за гасцямi валiзы; шэры велiчны фасад Святога Севярына, гатэль "Прынц Генрых", кавярня Кронэра; ён спалохаўся, калi Нэтлiнгер раптоўна сарваўся з месца, кiнуўся ў натоўп, махаючы рукамi i крычучы: "Алё, фройляйн Рут!.."; праз хвiлю ён вярнуўся, пахiтваючы галавою.
- Цi бачыў ты дзяўчыну, - спытаўся ён, - тую, у зялёнай шапачцы i ружовым швэдары? Вельмi гожая, проста загледзiшся - Робертава дачка. Я так яе i не дагнаў; яна магла падказаць нам, дзе яго знайсцi. Шкада... Ты не бачыў яе?
- Hе, - цiха адказаў Шрэла, - дачка Эдыт...
- Вядома ж, - сказаў Нэтлiнгер, - твая пляменнiца. Ах, д'ябал... Ну, хадзем - з'ямо чаго-небудзь.
Ён перайшоў цераз вакзальную плошчу, перасек вулiцу; Шрэла iшоў следам за iм да гатэля "Прынц Генрых"; служка ў фiялетавай лiўрэi адчынiў перад iмi дзверы, якiя крутанулiся, прапусцiўшы iх, i неўзабаве сталi на месца, у абабiтыя лямцам пазы.
- Столiк ля акна? - спытаў Ёхэн. - Калi ласка. Hе занадта сонечна? Значыць, на ўсходнiм баку. Гуга, прасачы, каб панам быў столiк каля акна з усходняга боку. Няма за што... ...Грошы на чай мы заўсёды бярэм ахвотна. Марка - гэта сумленная круглая манетка, а грошы "на чай" - гэта душа прафесii; а я ўсё-ткi перамог, мой даражэнькi: ты яго так i не змог убачыць... Што Вас цiкавiць, цi пан доктар Фэмель па нядзелях таксама гуляе тут у бiльярд? Шрэла? Мiлы Божа! Тут можна нават i не заглядаць у чырвоную картку.
- Божа мой! Дазвольце старому чалавеку ў гэтую цiхую часiну сказаць колькi слоў не па службе, пане Шрэла! Я ж добра ведаў Вашага бацьку, добра, бо ён адзiн год нават працаваў у нас - гэта было ў той год, калi праводзiлася агульнанямецкае фiзкультурна-спартыўнае свята. Вы нават памятаеце? Ну, вядома; Вам было тады ўжо, мусiць, дзесяць цi адзiнаццаць; вось мая далонь, мне будзе дужа прыемна, калi Вы пацiснеце яе; божа мой, даруйце мне за гэтыя мае пачуццi, што, так бы мовiць, не ўваходзяць у мае службовыя абавязкi; я досыць стары, каб дазволiць сабе рабiць гэта; Ваш бацька быў сур'ёзны чалавек - i поўны годнасцi! Божа мой, ён не цярпеў нахабства, але з тымi, хто не быў нахабны, ён паводзiў сябе як божае ягнятка; я не адзiн раз прыгадваў сабе Вашага бацьку... даруйце, калi я развярэдзiў Вашыя старыя раны, крый божа... я зусiм забыўся; дзякуй богу, што гэтыя свiннi больш не маюць слова; але будзьце асцярожныя, пане Шрэла; раз-пораз мне здаецца, што яны ўсё-такi перамаглi. Будзьце асцярожныя. Надта не верце гэтаму мiру - i даруйце старому чалавеку за пару неслужбовых пачуццяў i заўваг. Гуга, самы лепшы столiк з усходняга боку для гэтых паноў, самы лепшы. Hе, пане Шрэла, па нядзелях пан доктар Фамель гуляць у бiльярд не прыходзiць; не, па нядзелях не прыходзiць; ён будзе рады; вы ж былi ў маладосцi сябрамi i аднадумцамi, праўда? Hе думайце, што ва ўсiх людзей кароткая памяць. Калi пан Фэмель выпадкова зазiрне сюды, я адпраўлю Вам чалавека, каб паведамiў, тэлеграму... пазваню, калi хочаце. Мы ж гатовыя зрабiць любую паслугу нашым клiентам.
Выраз Гугавага твару застаўся нязменны. Гасцей пазнаюць толькi, калi яны самi таго жадаюць; гэты во тып роў у бiльярднай зале? Захаванне тайнаў; пуга з калючага дроту? Недарэчнай фамiльярнасцi i непатрэбных высноў трэба пазбягаць; захаванне тайнаў - гэта штандар прафесii. Меню? Калi ласка, панове. Цi даспадобы шаноўным панам гэты столiк? Усходнi бок, каля акна, не задужа сонечна... Акно выходзiць на ўсходнi неф Святога Севярына; даўнi раманскi стыль, адзiнаццатае альбо дванаццатае стагоддзе; дойлiд - герцаг Святы Генрых, празваны Шалёным. Вядома, шаноўны пане, гарачыя стравы ў нас цэлы дзень; усе стравы, што пазначаны ў меню, Вы зможаце замовiць ад дванаццатай да дваццаць чацвёртай гадзiны. Што Вам параiць найлепш? Вы хочаце адзначыць сустрэчу... Трохi iнтымная ўсмешка, што пасуе да пачутага iнтымнага паведамлення; толькi не думаць: Шрэла, Нэтлiнгер, Фэмель; нiякiх высноў; шнар на спiне?.. Але, кельнер зараз прыйдзе i возьме Ваш заказ.
- Цi вып'еш кiлiшак "марцiнi"? - спытаў Нэтлiнгер.
- Добра, калi ласка, - адказаў Шрэла.
Ён падаў служку сваё палiто, капялюш, паправiў рукою валасы i сеў да стала; у зале было няшмат гасцей; толькi ў далёкiм куце чулася прыцiшанае мармытанне; лёгкi смех дапаўняўся слабым пазвоньваннем кiлiшкаў; шампанскае.
Шрэла ўзяў з падноса, якi перад iм трымаў кельнер, кiлiшак "марцiнi", вычакаў, пакуль Нэтлiнгер возьме свой; падняў кiлiшак, кiўнуў Нэтлiнгеру i выпiў; Нэтлiнгер, здалося яму, неяк гвалтоўна састарэў; у Шрэлавай памяцi ён быў па-ранейшаму поўным бляску бялявым хлопцам, грубаватая лiнiя рота якога выглядала нават неяк дабрадушна; ён лёгка скакаў на метр шэсцьдзесят сем увышыню, прабягаў сто метраў за 11,5; пераможны, грубаваты, дабрадушны, але, думаў Шрэла, вiдавочна, гэтыя людзi нават не навучылiся цешыцца са сваiх перамог; дрэннае выхаванне, дрэннае харчаванне i адсутнасць стылю; ён пэўна зашмат жарэ, ужо напалову аблысеў, у вiльготных вачах старэчая сентыментальнасць. Па-фахоўску падцяўшы губы, Нэтлiнгер схiлiўся над меню, белы манжэт ссунуўся ўверх, на руцэ можна было ўбачыць залаты гадзiннiк, на пальцы - заручальны пярсцёнак; Божа мой, думаў Шрэла, нават калi б ён нiчога таго не рабiў, Роберт усё адно наўрад цi захацеў бы пiць з iм пiва альбо вазiць сваiх дзяцей на Нэтлiнгераву прыгарадную вiлу, каб пагуляць у бадмiнтон i ўмацаваць сувязi памiж абедзвюма сем'ямi.
- Дазволь, я табе сёе-тое прапаную, - сказаў Нэтлiнгер.
- Калi ласка, - адказаў Шрэла, - прапануй мне што-небудзь.
- Значыць, - пачаў Нэтлiнгер, - на закуску можна было б узяць цудоўнага вэнджанага ласася, потым кураняты з бульбай фры i салатай; мяркую, што дэсерт мы выберам пасля; ведаеш, тут я давяраюся свайму iнстынкту, якi мне падкажа, пакуль мы будзем есцi закуску i другую страву, што ўзяць - сыр, пiрожнае, марожанае цi амлет, але наконт аднаго я загадзя ўпэўнены - пiць буду каву.
Голас Нэтлiнгера гучаў так, нiбы ён браў удзел у курсах: "Як зрабiцца гурманам?"; ён яшчэ не хацеў перапыняць сваёй завучанай малiтвы, веданнем якой ён вельмi ганарыўся, i мармытаў, звяртаючыся да Шрэлы:
- Entrecote a deux*, адвараная стронга, цялячыя медальёны.
* Двайны антрэкот (франц.).
Шрэла сачыў за Нэтлiнгеравым пальцам, якi пачцiва-ўрачыста сунуўся па радках меню i затрымлiваўся на некаторых стравах; Нэтлiнгер пры гэтым то прыцмокваў языком, то трос галавой, то сцiхаў у нерашучасцi.
- Калi я чытаю слова "пулярка", далiбог, не магу ўтрымацца.
Шрэла прыкурыў цыгарэту, цешачыся, што гэтым разам яму ўдалося пазбегнуць Нэтлiнгеравай запальнiчкi; адпiваючы свой "марцiнi", ён увесь час сачыў за Нэтлiнгеравым указальным пальцам, якi дабраўся ўжо да трэцiх страваў. "Гэтая iх праклятая грунтоўнасць, - думаў ён, - можа сапсаваць апетыт нават да чагосьцi разумнага i смачнага, як, напрыклад, смажаная курыца; яны папросту мусяць рабiць усё лепш за iншых i, вiдавочна, маюць ужо ўсё, каб пераплюнуць i iтальянцаў, i французаў у майстэрстве ўрачыстага святадзейства вакол ежы".
- Калi дазволiш, мне ўсё-такi куранятаў.
- А вэнджанага ласася?
- Hе, дзякую.
- Ты ж адмаўляешся ад цудоўнай рэчы, а павiнен жа быць галодны як воўк.
- Вядома, - прызнаўся Шрэла, - галодны, але я добра вазьмуся за дэсерт.
- Ну, як хочаш.
Кельнер прынёс яшчэ два кiлiшкi "марцiнi" на сподзе, якi каштаваў больш за абстаноўку цэлай спальнi; Нэтлiнгер узяў адзiн кiлiшак, перадаў яго Шрэле, потым узяў свой, нахiлiўся ўперад i сказаў:
- Гэты - за тваё здароўе, менавiта за тваё.
- Дзякуй, - сказаў Шрэла, кiўнуў галавой i выпiў.
- Аднаго я не разумею, - дадаў ён, - як гэта атрымалася, што мяне арыштавалi адразу на мяжы?
- Iдыёцкая выпадковасць: тваё iмя засталося ў спiсах шуканых асоб, а, мiж iншым, спроба забойства мае тэрмiн задаўненасцi дваццаць год. Цябе павiнны былi выкрэслiць са спiсаў яшчэ два гады таму.
- Спроба забойства? - спытаў Шрэла.
- Ну, тое, што вы тады зрабiлi з Вакерам, падпадае пад гэтае вызначэнне.
- Ты, пэўна, не ведаеш, што я ў тым удзелу не браў i нават не ўхваляў таго ўчынку?
- Тым лепей, - адказаў Нэтлiнгер, - тады зусiм лёгка будзе скрэслiць тваё iмя ў спiсах шуканых раз i назаўсёды; пакуль што мне ўдалося адно паручыцца за цябе i здабыць табе часовае вызваленне; але твайго iмя выкрэслiць са спiсаў я не мог; цяпер жа гэта будзе проста фармальнасць. Цi дазволiш, калi я пачну ўжо есцi суп?
- Калi ласка, - адказаў Шрэла.
Ён павярнуўся i зiрнуў у бок вакзала; Нэтлiнгер тым часам еў свой суп з сярэбранай конаўкi; вядома ж, бледна-жоўтыя клёцкi ў гэтым супе былi зробленыя з мазгоў самай чыстай пароды скацiны, якая калi-небудзь пасвiлася на нямецкiх лугах; ласось залацiўся на талерцы сярод свежай салатавай зелянiны; грэнкi былi падсмажаныя да слаба-карычневага адцення, на шарыках масла зiхцелi серабрыстыя кропелькi вады; бачачы, як Нэтлiнгер есць, Шрэла змусiў сябе перамагчы непрыемнае пачуццё ўзрушанасцi; яда заўсёды была для яго ўзнёслым актам братэрства; ён прыгадаў сяброўскiя абеды ва ўбогiх i ў добрых гатэлях; яда ў адзiноце была заўсёды яму як праклён; мужчыны, якiя ў адзiноце харчавалiся ў пачакальнях i сталоўках, у незлiчоных пансiёнах, дзе яму даводзiлася жыць, былi для яго вартымi праклёнаў; ён заўсёды шукаў за сталом кампанii, найбольш любiў падсаджвацца да якой-небудзь жанчыны, абменьваўся з ёю некалькiмi словамi, крышачы хлеб, усмiхаўся з-па-над талеркi з супам; толькi тады гэты чыста бiялагiчны працэс пераставаў быць невыносны, нават рабiўся прыемны; такiя людзi, як Нэтлiнгер - а iх ён бачыў безлiч, - нагадвалi яму асуджаных; тое, як яны ядуць, здавалася ядзеннем катаў; яны елi, хоць i захоўваючы правiлы паводзiн за сталом, але бесцырымонна, са смяротнай сур'ёзнасцю, якая вынiшчала i гарохавы суп, i пулярку; апроч таго, яны былi вымушаныя думаць пра кошт кожнага кавалка. Ён адвярнуўся ад Нэтлiнгера, зноў пачаў глядзець у бок вакзала, прачытаў вялiкi плакат, што вiсеў над уваходам: "Сардэчна вiтаем землякоў, што вяртаюцца на радзiму".
- Слухай, - сказаў ён, - цi ты мог бы назваць мяне чалавекам, якi вяртаецца на радзiму?
Нэтлiнгер падняў вочы, нiбы вяртаючыся да рэчаiснасцi з прорвы жалобы, глянуў з-пад грэнак, якiя ён у гэтую хвiлю намазваў маслам.
- Гэта залежыць ад таго, - сказаў ён, - цi ў цябе па-ранейшаму германскае грамадзянства.
- Hе, - адказаў Шрэла, - у мяне няма нiякага грамадзянства.
- Шкада, - сказаў Нэтлiнгер.
Ён зноў схiлiўся над грэнкамi, накалоў на вiдэлец кавалак вэнджанага ласася, паклаў яго сабе на талерку.
- Каб табе ўдалося давесцi, што ты мусiў уцячы не з прычыны крымiнальнага злачынства, а па выключна палiтычных матывах, ты б мог атрымаць зусiм нядрэнную суму як кампенсацыю. Хочаш, каб я высветлiў юрыдычны аспект гэтай справы?
- Hе, не трэба, - адказаў Шрэла i, калi Нэтлiнгер адсунуў ад сябе талерку з ласасём, спытаў: - Няўжо ты дазволiш, каб такую цудоўную рыбiну панеслi назад?
- Натуральна, - сказаў Нэтлiнгер, - але ж ты не можаш...
Ён спалохана азiрнуўся, бо Шрэла ўзяў пальцамi са срэбнай талеркi кавалак хлеба i рэшту ласася i паклаў ласася на хлеб.
- ...Ты ж не можаш...
- Ты не паверыш нават, але якраз у гэткiм люксовым гатэлi можна дазволiць сабе ўсё; мой бацька быў кельнерам; нават у гэтых святых харомах; ты не ўбачыш на iх тварах нi следу здзiўлення, калi будзеш есцi пальцамi i гарохавы суп, хоць гэта ненатуральна i нязручна; але менавiта ненатуральнае i непрактычнае прыцягвае найменей увагi ў такiх рэстаранах; адсюль i высокiя цэны - гэтыя цэны - ад кельнераў, якiя не робяць здзiўленых фiзiяномiй; ну, а есцi хлеб пальцамi i класцi на яго пальцамi рыбу - гэта нельга лiчыць чымсьцi ненатуральным цi нязручным.
Усмiхаючыся, ён узяў апошнi кавалак ласася з талеркi i паклаў яго зноў памiж дзвюма грэнкамi. Нэтлiнгер са злосцю паглядзеў на яго.
- Напэўна, - сказаў Шрэла, - ты б цяпер ахвотней за ўсё забiў мяне; не з тае прычыны, з якой хацеў забiць тады - гэта праўда, але мэта засталася б тая самая; паслухай, што скажа табе сын кельнера: па-сапраўднаму шляхетны чалавек нiколi не схоча падпарадкоўвацца тыранii кельнераў; хоць, вядома, сярод iх ёсць i такiя, што думаюць гэтаксама, як шляхетныя людзi.
Пакуль Шрэла еў свой бутэрброд, кельнер з дапамогаю служкi, накрываў стол пад галоўную страву: на дапаможных столiках ставiлiся складаныя прылады - падагравальнiкi яды, на абрус клалася начынне i талеркi, выкарыстаная пасуда прыбiралася; Нэтлiнгеру было прынесена вiно, Шрэле пiва. Нэтлiнгер адпiў з чаркi.
- Крышачку залiшне цёплае, - сказаў ён.
Шрэла даў кельнеру магчымасць пакласцi куранят, бульбы i салаты, кiўнуў галавой Нэтлiнгеру i падняў келiх з пiвам, назiраючы, як кельнер палiвае густою цёмна-бураю падлiвай кавалак паляндвiцы на Нэтлiнгеравай талерцы.
- А Вакера цi жывы яшчэ?
- Натуральна, - адказаў Нэтлiнгер, - яму ж толькi пяцьдзесят восем, i ён - ад мяне пачуць гэтае слова табе будзе напэўна смешна, - ён належыць да непапраўных.
- Ды што ты? - спытаў Шрэла. - Цi такое напраўду мажлiва - непапраўныя немцы?
- Ну, ён шануе тыя самыя традыцыi, якiя шанаваў i ў 1935 годзе.
- Гiндэнбург i гэтак далей? Прыстойнасць, адданасць, гонар - цi так?
- Менавiта. Гiндэнбург бы i цяпер быў ягоным лозунгам.