Уголас жа ён сказаў:
   - Вялiкi дзякуй, вялебны ойча; гэта будзе мне вялiкая радасць - узяць удзел у Вашай урачыстасцi.
   "Я не прыеду, вялебны ойча, думаў стары Фэмель, бо на тым фэсце мне давядзецца выконваць ролю свайго ўласнага помнiка, а не таго, хто я сапраўды - стары чалавек, якi сёння ўраннi даў даручэнне сакратарцы апляваць свой помнiк; не пужайцеся, вялебны ойча, я не замiрыўся са сваiм сынам Отам, якi не быў маiм сынам, а толькi абалонкай майго сына; я таксама не магу святкаваць замiрэнне з будынкамi, нават калi я сам iх ставiў. Таго, што нас не будзе на фэсце, нiхто не заўважыць: канцлер, мiнiстры, замежныя княскiя асобы i высокiя царкоўнiкi-дастойнiкi, вядома ж, годна запоўняць гэтую пустату. Ты, Роберт, зрабiў гэта i пабаяўся сказаць мне? Твае позiркi, твае рухi пад час агляду абацтва выдалi цябе; што ж: цяпер гэта мяне не кранае... Мажлiва, ты ў тую хвiлiну думаў пра хлопца, iмя якога я так i не даведаўся, пра хлопца, якi ўкiдаў цыдулкi ад цябе ў нашу паштовую скрыню, i пра кельнера, якога звалi Гроль; пра авечак, якiх нiхто не пасвiў, - i мы таксама; таму давайце не будзем святкаваць замiрэння; sorry*, вялебны ойча, неяк Вы перажывяце гэта, наша адсутнасць не будзе для Вас адчувальнаю; загадайце павесiць на сцяну кляштара мемарыяльную дошку: "Пабудавана ў 1908 годзе Генрыхам Фэмелем ва ўзросце 29 гадоў; разбурана ў 1945 годзе Робертам Фэмелем ва ўзросце 29 гадоў" ...а што ты, Ёзэф, будзеш рабiць, калi табе будзе трыццаць? Магчыма, ты заменiш бацьку ў канторы статычных разлiкаў: будзеш будаваць альбо разбураць? Формулы, вiдавочна, больш дзейсныя, чым муравальны раствор.
   * Даруйце (англ.).
   Падмацуйце сваё сэрца харалам, вялебны ойча, падумайце як след, цi сапраўды Вы замiрылiся з тым духам, што разбурыў кляштар".
   - Вялiкi дзякуй, вялебны ойча; гэта будзе нам вялiкая радасць - узяць удзел у Вашым фэсце, - сказаў стары Фэмель уголас.
   Ад лугоў i нiзiн ужо цягнула прахалодаю, сухое бурачнае лiсце павiльготнела, пацямнела, абяцаючы багаты ўраджай; злева, па-над рулём, бялявая галава Ёзэфа, справа - абедзве цёмнавалосыя галовы дзяўчат; машына цiха iмчалася ў напрамку горада; цi нехта дзесьцi заспяваў песню: "Мы жалi збожжа"? Яна здавалася гэткай самай несапраўднай, як i зграбная вежа Святога Севярына, расплывiстыя абрысы якой вiднелiся на даляглядзе; Марыяна зноў загаварыла першая:
   - Ты не паедзеш праз Додрынген?
   - Hе. Дзядуля хацеў ехаць праз Дэнклiнген.
   - Мне думалася, мы паедзем самай кароткай дарогай.
   - Калi мы а шостай вернемся ў горад, - сказала Рут, - у нас будзе яшчэ досыць часу; за гадзiну мы добра паспеем пераапрануцца.
   Размова маладых людзей, нiбы цiхi шэпт з глыбокiх цёмных штольняў, дзе засыпаныя зямлёй гарнякi iмкнуцца падбадзёрыць адзiн аднаго: "Бачу святло..." - "Ды не, ты памыляешся..." - "Але я i праўда бачу..." - "Дзе?" "Цi ты не чуеш стуку? Гэта ратавальная брыгада..." - "Я нiчога не чую..."
   Цi не занадта гучна мы гаварылi ў гасцёўнi абацтва?
   Нядобра вызваляць формулы з закасцянеласцi, надаваць формулам слоўную форму, а ўспамiны ператвараць у пачуццi; пачуццё можа забiць нават такiя добрыя i суровыя рэчы, як любоў i нянавiсць; цi праўда гэта, што на свеце некалi жыў адзiн гаўптман, iмя якога было Роберт Фэмель, якi так добра валодаў жаргонам афiцэрскiх казiно, так дакладна прытрымлiваўся тамтэйшых звычаяў, заўсёды, згодна з пратаколам, запрашаў да танца жонку самага старэйшага званнем афiцэра, умеў нягучна, але выразна абвяшчаць тасты "за славу нашага дарагога нямецкага народа"; шампанскае, ардынарцы, гульня ў бiльярд; чырвонае на зялёным, белае на зялёным; i аднаго вечара перад iм апынуўся з кiем у руцэ пэўны чалавек, якi, усмiхнуўшыся, сказаў яму: "Лейтэнант Шрыт; як бачыце, таксама, як i Вы, спецыялiст па выбухах; з дапамогаю дынамiту бараню заходнюю культуру". Ён не ведаў, што такое душэўныя пакуты, умеў чакаць i эканомiць; яму не трэба было зноў i зноў мабiлiзоўваць сэрца i пачуццi, ён не ўпiваўся трагедыяй, даўшы клятву, што будзе падрываць толькi нямецкiя масты, толькi нямецкiя дамы, што ад яго рук нават нiводная шыбiна не пацерпiць у расейскай хаце; чакаць, гуляць у бiльярд, не казаць нiводнага лiшняга слова... I, нарэшце, у святле веснавога сонца мы ўбачылi яе, нашу вялiкую здабычу, якой мы так доўга мусiлi чакаць, - абацтва Святога Антонiя; а на даляглядзе вiднелася i iншая здабыча, якая потым выслiзнула з нашых рук, - Святы Севярын.
   - Hе едзь так хутка, - цiха сказала Марыяна.
   - Прабач, - адказаў Ёзэф.
   - А навошта мы едзем у Дэнклiнген?
   - Дзядулi туды трэба, - растлумачыў Ёзэф.
   - Ёзэф, - сказала Рут, - на машыне ў гэтую алею заязджаць няможна; хiба ты не бачыш шыльдачкi: "Толькi для мясцовых чыноўнiкаў"? Ты што, таксама мясцовы служачы?
   Вялiкая дэлегацыя - гаспадар, сын, унук i будучая ўнучкава жонка спускалася да зачараванага замка.
   - Hе, не, - сказала Рут, - я лепей пачакаю тут. Пакiньце мяне тут, калi ласка.
   Вечарамi, калi я сяджу разам з бацькам у гасцёўнi, бабуля б магла быць з намi: я чытаю, ён папiвае вiно, корпаецца ў скрынках сваёй картатэкi, раскладае перад сабою, нiбы пасьянс, фотакопii памерам з дзве паштоўкi; заўсёды карэктны, ягоны гальштук добра завязаны, на камiзэльцы нiколi нiводзiн гузiк не расшпiлены: нiколi не ператвараючыся ў добранькага татуся; ён стрыманы i заклапочаны; "Цi патрэбны табе кнiгi, сукенкi, грошы на паездкi; ты не сумуеш, мая дзетка? Можа, хочаш куды схадзiць? У тэатр, у кiно, на танцы? Я ахвотна пайду з табою; а можа, табе хочацца яшчэ раз запрасiць сваiх школьных сябровак выпiць кавы ў нас на тэрасе - бо пагода стаiць, i гэткая цудоўная?" Вячэрняя праходка перад тым, як iсцi спаць: паблiзу шматпавярховых дамоў, па Модэстгасэ, аж да самай брамы, пасля па Вакзальнай вулiцы да самага вакзала. "Цi чуеш ты пах далячыняў, дзетачка?" потым цераз падземны пераход, паўз сабор Святога Севярына, паўз гатэль "Прынц Генрых"; "Грэц забыўся змыць з тратуару плямы крывi"; кроў дзiка засохла i пачарнела; "дзiцятка, палова дзесятай ужо; зараз табе трэба класцiся спаць, дабранач"; пацалунак у лоб; заўсёды прыязны, заўсёды карэктны; "...Калi хочаш, возьмем служанку; цi табе яшчэ не надакучыла харчавацца ў рэстаране? Шчыра кажучы, я не люблю чужых людзей у хаце". Сняданак: гарбата, булкi, малако; пацалунак у лоб i часам сказаныя зусiм цiха словы: "Дачушка, дачушка..."
   - Што, тата?
   - Давай паедзем.
   - Зараз, вось так адразу ж?
   - Ага. Hе хадзi ў школу сёння i заўтра; мы паедзем недалёка, толькi да Амстэрдама; цудоўны горад, дзiцятка; цiшыня, вельмi дружалюбныя людзi... трэба толькi ведаць iх.
   - Ты ведаеш iх?
   - Ведаю, дачушка; я ведаю iх. Цудоўна гэта: гуляць вечарамi ўздоўж каналаў... Вада, нiбы шкло... Шкло. Цiшыня. Ты чуеш, якiя тут цiхiя людзi? Нiдзе на свеце гэтак не шумяць, як у нас: усё нешта крычаць, лямантуюць, голасна выхваляюцца. Табе не будзе сумна, калi я схаджу i пагуляю яшчэ ў бiльярд? Давай пойдзем разам, калi гэта можа цябе пацешыць.
   Я нiколi не магла зразумець таго захаплення, з якiм сачылi за ягонай гульнёю i старыя, i маладыя; сярод клубаў цыгарэтнага дыму, паставiўшы побач з сабою на борцiк кухаль пiва, ён гуляў у бiльярд, у бiльярд; цi яны сапраўды былi з iм на "ты", а можа, гэта проста адметная рыса галандскай мовы, што iхнiя звароты да яго пачыналiся быццам бы з "ты"; яны ж ведалi, што яго iмя - Роберт; гук "р" яны пракатвалi праз нёба, нiбы цвёрдую карамельку. Цiшыня. Гэтулькi шкла на каналах. Рут мяне завуць, я - напалову сiротка: маёй мацi было дваццаць чатыры, калi яна памерла; а мне тады было тры гадкi, i калi я думаю пра яе, то думаю пра семнаццаць цi пра дзве тысячы год; дваццаць чатыры - гэта не тая лiчба, якая падыходзiць да яе; толькi менш васемнаццацi цi больш васьмiдзесяцi; мне заўсёды здавалася, што яна бабулiна сястра; я ведаю тую вялiкую таямнiцу, якая пiльна ахоўваецца: бабуля звар'яцела, i я не хачу бачыць яе, пакуль яна застаецца вар'яткай; яе вар'яцтва - падман, смутак, схаваны за тоўстымi мурамi; я ведаю гэта, п'янею часта ад гэтага i плаваю ў хвалях падману; усе жылыя пакоi дома нумар восем па Модэстгасэ населеныя зданямi. "Падступнасць i каханне"; дзядуля пабудаваў кляштар, бацька яго ўзарваў, Ёзэф адбудоўваў яго нанова. Што мне да таго: вы б вельмi здзiвiлiся, калi б уведалi, як мала мяне гэта кранае; я бачыла, як з падвалаў выносiлi трупы, а Ёзэф спрабаваў давесцi мне, што гэта хворыя i iх вязуць у шпiталь; але хiба хворых ускiдаюць, як мяхi, на грузавiк? А потым бачыла, як настаўнiк Крот на перапынку ўпотайкi заходзiў у клас i краў з ранца Конрада Грэца хлеб з маслам; я ўбачыла Кротаў твар, i мяне ахапiў смяротны жах; я малiлася: "Прашу Цябе, Божухна, не дапусцi, каб ён мяне тут убачыў; прашу i малю Цябе...", бо я ведала, што ён мяне заб'е, калi ўбачыць; я стаяла за класнай дошкай: шукала там сваю запiнку для валасоў, i ён мог убачыць мае ногi, але Бог злiтаваўся з мяне: Крот мяне не заўважыў; мне быў вiдзён яго твар i яшчэ было вiдно, як ён адгрыз кавалак хлеба, а пасля выйшаў з класа; таго, каму давялося бачыць гэткiя твары, разбураныя абацтвы ўсхваляваць ужо не змогуць; i тая камедыя, што адбылася пазней, калi Конрад Грэц разгледзеўся на крадзеным i Крот пачаў дамагацца ад нас, каб мы прызналiся: "Дзецi, будзьце сумленныя, я даю вам пятнаццаць хвiлiн; да таго часу вiнаваты павiнен прызнацца, iначай... яшчэ восем хвiлiн, сем, шэсць...", i тут я паглядзела на яго; ён напаткаў мой позiрк i кiнуўся да мяне: "Рут, Рут, ты гэта зрабiла, ты?" Я затрэсла галавою, потым пачала плакаць, бо мяне зноў ахапiў смяротны жах; а ён сказаў: "Божа мой, Рут, будзь сумленная". Я б ахвотна ўзяла гэта на сябе, але тады б ён здагадаўся, што я ўсё бачыла, таму я, плачучы, трэсла галавою; яшчэ чатыры хвiлiны, тры, дзве, адна, усё... "Вы, праклятая хеўра злодзеяў, хеўра лгуноў; зараз напiшаце мне дзвесце разоў у сшытках: "Красцi няможна". Ах, вы тут са сваiмi абацтвамi! Я мусiла захоўваць куды больш страшныя таямнiцы, вытрываць смяротны жах... трупы, нiбы мяхi, ускiдалi на грузавiк.
   Чаму яны так халодна размаўлялi з гэтым добрым абатам? Што ён такое зрабiў - забiў каго, украў у каго-небудзь хлеб з маслам? У Конрада Грэца было харчоў удосталь, ён еў пячоначныя паштэты i зялёны сыр з белым хлебам; якi гэта д'ябал пасялiўся раптам у душы нашага цiхманага i разумнага настаўнiка? Смерць стаiлася памiж яго носам i вачыма, памiж носам i вуснамi, памiж вушамi; трупы, нiбы мяхi, ускiдалi на грузавiк, i мяне забаўляла, калi бацька, стоячы каля вялiкага плана горада, кпiў з бургамiстра: маляваў свае чорныя знакi i казаў: "Усё да д'ябла прэч! Падарваць!"; я люблю яго, люблю яго не менш i цяпер, калi пра ўсё ведаю; цi Ёзэф пакiнуў цыгарэты ў машыне? Я ж неяк бачыла чалавека, якi аддаваў свой заручальны пярсцёнак за дзве цыгарэты... за колькi цыгарэт ён аддаў бы сваю дачку, за колькi - жонку? Ha яго твары быў цэннiк: дзесяць, дваццаць цыгарэт... З iм можна было пра ўсё дамовiцца; з такiмi людзьмi заўсёды можна дамовiцца; мне вельмi шкада, тата, але мёд i хлеб былi мне смачныя i пасля таго, як я даведалася, хто гэта зрабiў. Мы хочам i надалей гуляць у бацьку i дачушку - кожны наш крок вывераны, як пад час танцавальнага конкурсу. Пасля пачастунку ў кляштары варта было, па праўдзе кажучы, прайсцiся, падняцца на пагорак Казакен; Ёзэф, Марыяна i я наперадзе, дзядуля - за намi - як штосуботы.
   - Цi паспяваеш за намi, дзядуля?
   - Дзякуй, неяк ужо дам сабе рады.
   - Мы не занадта хутка iдзём?
   - Hе, нiчога, дзеткi. Цi можна мне на хвiлю прысесцi; цi вам здаецца, што тут крыху макравата?
   - Пясок зусiм сухi, дзядуля, i яшчэ зусiм цёплы; ты можаш спакойна сядаць; хадзем, дай мне сваю руку.
   - Вядома, дзядуля, можаш запалiць сваю цыгару; мы будзем глядзець, каб нiчога не здарылася.
   На шчасце, Ёзэф пакiнуў цыгарэты ў машыне, i запальнiчка ў парадку; дзядуля падарыў мне гэткiя прыгожыя сукенкi i швэдар - набагата прыгажэйшыя, чым дарыў бацька, у якога крыху старасвецкi густ; адразу вiдаць, што дзядуля разбiраецца ў маладых дзяўчатах i жанчынах; я не хачу зразумець бабулю, не хачу; яе вар'яцтва - гэта падман; яна не давала нам нiчога есцi, i я ўзрадавалася, калi яе ад нас забралi i ў нас паявiлася што есцi; мажлiва, твая праўда, i яна была i ёсць вялiкiм чалавекам, але нiчога не хачу ведаць пра велiч; белы хлеб з пячоначным паштэтам i залёным сырам ледзь не каштаваў мне жыцця; няхай яна вяртаецца дадому i сядзiць вечарамi з намi, але не давайце ёй, калi ласка, ключоў ад кухнi - прашу, не давайце; мне давялося ўбачыць голад у вачах настаўнiка, i я баюся гэтага; давай iм, Божа, заўсёды досыць яды, каб на iх тварах не паяўляўся той жахлiвы выраз; гэты пан Крот зусiм бяскрыўдны чалавек; штонядзелi ён сядае ў сваю маленькую машыну, каб разам з сям'ёю падацца ў абацтва Святога Антонiя на ўрачыстую iмшу; "якая гэта сёння нядзеля па Сёмусе, па трох Царах, па Вялiкаднi? Мiлы чалавек з мiлай жонкай i мiлымi дзвюма дзеткамi: "Паглядзi, Рут, цi не праўда, наш Францхен падрос?" - "О, праўда, ваш Францхен вырас зусiм вялiкi"; i я ўжо не думаю пра тое, што маё жыццё некалi вiсела на валаску; не, я таксама старанна напiсала дзвесце разоў у сшытку: "Красцi няможна"; i, вядома, не адмаўляюся, калi Конрад Грэц запрашае мяне на вечарынкi ў свой дом; бо там падаюць файныя паштэты з гусiнай пячонкай i белы хлеб з зялёным сырам, а калi там хто-небудзь наступае камусьцi на нагу альбо хто-небудзь незнарок перакiне келiх з вiном, у iх не кажуць: "Прабачце, калi ласка" альбо "Пардон"; там кажуць: "sorry".
   Трава на ўзбочынах дарогi цёплая, Ёзэфава цыгарэта мае моцны адмысловы пах; а мне ўсё ж быў смачны хлеб з мёдам, калi я даведалася, што гэта бацька падарваў абацтва; Дэнклiнген дужа прыгожы ў промнях позняга сонца; трэба спяшацца, бо, каб пераапрануцца, нам трэба самае меншае паўгадзiны.
   11
   - Падыдзiце сюды блiжэй, генерал. Вам няма чаго саромецца; усiх навiчкоў найперш прадстаўляць мне, бо я даўжэй за ўсiх жыву ў гэтым прыгожым доме; навошта Вам дзяўбцi кiем нечапаную агародную глебу, пастаянна трэсцi галавою перад кожным мурам, каплiцай, парнiком i мармытаць: "Сектар абстрэлу"? Зрэшты, "сектар абстрэлу" гучыць прыгожа, гэта значыць вольная прастора для ўсiх куляў i снарадаў; Ота... як далей? Кёстэрс? Hе, фамiльярнасцей не трэба, не трэба Вашага iмя; апроч таго, iмя Ота ўжо занятае; можна, я буду называць Вас "Сектар Абстрэлу"? Па Вас вiдно, чутно з Вашага голасу, можна ўнюхаць з Вашага дыхання, што Вы не проста прынялi бычынае прычасце, Вы з яго жылi, паслядоўна трымалiся гэтай дыеты. Ну, а цяпер паслухайце, навiчок, i скажыце: Вы якой веры? Католiк? Натуральна, у iншым выпадку я была б проста здзiўленая; i Вы ўмееце слугаваць пры iмшы? Вядома ж, Вас выхоўвалi каталiцкiя пастыры; прашу прабачыць мне за мой смех; мы ўжо тры тыднi, як шукаем новага касцельнага служку; Балаша яны выпiсалi, прызнаўшы здаровым; можа, у Вас з'явiлася б ахвота крыху нам тут дапамагчы? Ты ж вар'ят цiхi, не небяспечна-шалёны; у цябе адзiн-адзiны бзiк - там, дзе трэба i дзе не трэба, паўтараць: "Сектар абстрэлу"; ты, напэўна, зможаш пераносiць малiтоўнiк з левага боку алтара на правы ды ўкленчваць перад дараносiцай, праўда? Ты ж здаровы, як мядзведзь, гэта - прыкмета тваёй прафесii, так што ў цябе атрымаецца бiць сябе ў грудзi кулакамi, паўтараючы "mea culpa, mea culpa, mea maxima culpa", ды вымаўляць "Kerie eleison"*; вось бачыш, да чаго можа часам яшчэ прыдацца адукаваны, выхаваны каталiцкiмi айцамi генерал; я падам капелану лякарнi тваю кандыдатуру на новага касцельнага служку, ты ж згодзен, праўда?
   * "Госпадзе, памiлуй" (грэч.).
   Дзякуй, адразу можна пазнаць сапраўднага рыцара; не, вось сюды, калi ласка, паўз цяплiцу; я хачу Вам паказаць сёе-тое, што належыць да Вашага рамяства, i, прашу Вас, не трэба заляцанняў, гэта лiшняе; не варта выпрабоўваць тут сваiх комплексаў з танцавальных урокаў, калi ласка; мне семдзесят, Вам семдзесят тры, не цалуйце мне ручку i не рабiце старэчых залётаў; гэта ўсё абы-што, кiньце; паслухай мяне: бачыш, што там за ясна-зялёнай шыбiнай у цяплiцы? Ага, гэта зброя, гэта збраёўня нашага добрага садоўнiка: з гэтага страляюць па зайцах i курапатках, па варонах i казулях, бо наш садоўнiк - заўзяты паляўнiчы, а вось там, памiж стрэльбаў, ляжыць такi ладны, зручны, чорны прадмет - пiсталет; а зараз выкладвай тое, чаму цябе навучылi, калi ты быў фэнрыхам цi лейтэнантам; скажы: цi гэтая рэч сапраўды сур'ёзная зброя, цi з яе каго-небудзь можна застрэлiць? Толькi не трэба палатнець, стары галаварэз; ты ж цэнтнерамi паглынаў бычынае прычасце, а цяпер во млееш, калi я табе задаю пару зусiм простых пытанняў; не трэба так дрыжаць; я, хоць трохi й "таго", але не буду настаўляць пiсталета да тваiх сямiдзесяцiтрохгадовых грудзей i не дам дзяржаве магчымасцi сэканомiць на тваёй пенсii; у мяне няма такога намеру, каб даваць дзяржаве на нечым сэканомiць; дай мне на мае па-вайсковаму дакладныя пытаннi таксама па-вайсковаму дакладны адказ: цi можна гэтай штукай каго-небудзь забiць? Можна? Добра. Якая адлегласць гарантуе найбольшую трапнасць стрэлаў? Дзесяць, дванаццаць, самае большае дваццаць пяць метраў?
   Божухна, не хвалюйцеся так, прашу Вас! Як могуць гэтак баяцца старыя генералы... што, Вы паведамiце пра гэта? Тут няма каму паведамляць; так Вам убiлi ў галаву гэтыя паведамленнi, даклады, што Вы не можаце без iх абыцца, праўда? Добра ўжо, пацалуйце мне ручку, але язык трымайце за зубамi; а заўтра ўраннi Вы будзеце прыслугоўваць да iмшы, зрузумела? У нас тут яшчэ не было такога гожага, сiвавалосага, высокага касцельнага служкi; ты што, жартаў не разумееш? Зброя мяне цiкавiць гэтаксама, як цябе - сектар абстрэлу; няўжо ты яшчэ не дапяў, што няпiсаныя законы гэтага ўтульнага дома дазваляюць кожнаму мець свой якi-небудзь бзiк; у цябе вось бзiк "сектара абстрэлу"; поўная сакрэтнасць, "сектар абстрэлу"; прыпомнi сваё добрае выхаванне - "Наперад! Ура! Гiндэнбург...": во, бачыш, табе гэта даспадобы; трэба толькi выбраць адпаведныя словы... давай павернем цяпер i пройдзем каля каплiцы; цi не хочаш зайсцi i агледзець месца сваёй будучай дзейнасцi? Спакойна, стары; але ж яшчэ памятаеш, што трэба зняць капялюш, абмачыць пальцы правай рукi ў свянцонай вадзе; цяпер перахрысцiцца; так, вельмi добра; а зараз укленчыць, паглядзець на вечную лампадку, прачытаць малiтвы "Ave Maria" ды "Ойча наш" - зусiм цiхутка; каталiцкае выхаванне - гэта тое, што трэба; цяпер падняцца, абмачыць пальцы ў свянцонай вадзе, перахрысцiцца, даць дарогу панi, насунуць капялюш - цудоўна, i вось мы зноўку тут: летнi адвячорак, гожыя дрэвы ў гожым парку, невялiкая лаўка: "Наперад! Ура! Гандэнбург" табе падабаецца, праўда? Як табе падабаецца iншае: "мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн"; табе даспадобы, праўда? Жарты свае кiнь: пасля Вердэна з гэткiмi жартамi, уласна, было скончана; там паляглi апошнiя мужчыны-рыцары... палегла зашмат рыцараў, зашмат каханкаў - як на адзiн раз, зашмат маладых i добра выхаваных людзей; ты не спрабаваў калi-небудзь падлiчыць, колькi поту, пралiтага педагогамi, за тыя паўтара месяца было зведзена на нiшто? Дарэмна! Чаму вам нiколi не прыходзiла ў галаву, каб адразу пасля выпускных iспытаў на памочнiка майстра цi памочнiка гандляра проста ў калiдоры рамеснай цi гандлёвай школы паставiць кулямёт i пастраляць усiх тых маладых хлапцоў, на радасных тварах якiх напiсана: "здаў!"? Мяркуеш, што я перабольшваю? Ну, тады дазволь табе растлумачыць, што праўда - гэта найвялiкшае перабольшванне; я сама яшчэ таньчыла з выпускнiкамi 1905, 1906 i 1907 гадоў i брала ўдзел у вечарынах разам з гэтымi аматарамi фуражак i пiва... але з тых трох выпускаў больш як палова палегла пад Вердэнам. Як ты думаеш, колькi засталося жывых з выпускаў 1935, 1936, 1937 гадоў, альбо 1941, цi 1942 - можаш узяць любы год, усё адно; i не пачынай зноў дрыжаць; я зусiм не ведала, што стары генерал можа так баяцца; можаш узяцца за мае рукi; як мяне завуць? Запомнi сабе: тут пра гэта не пытаюцца, тут нi ў кога няма вiзiтовак, i на брудэршафт тут таксама не п'юць; адно без дазволу кажуць адно аднаму "ты", ведаючы, што ўсе людзi браты, хай сабе i браты, якiя варагуюць; адны частавалiся авечым прычасцем iх вельмi мала, стары, - а iншыя - прычасцем бычыным; а завуць мяне "Мне Патрэбны Карабiн", а прозвiшча маё "Наперад! Ура! I Гiндэнбург"; адкiнь усе свае мяшчанскiя прымхi i ўяўленнi "як трэба жыць"; тут пануе бяскласавае грамадства, i не трэба скардзiцца мне з прычыны прайгранай вайны. Божа мой, вы iх i сапраўды прайгралi, дзве запар? Такому, як ты, я б зычыла прайграць сем войнаў! А зараз перастань ныць; я напляваць хацела на тое, колькi войнаў ты прайграў; страта дзяцей куды горшая за страту перамогi; тут, у Дэнклiнгене, ты можаш прыслугоўваць да iмшы, надзвычай пачэсны занятак, i не кажы мне нiчога пра будучыню Нямеччыны; я чытала ў газеце, што будучыня Нямеччыны дакладна забяспечана. Калi ўжо табе так трэба плакаць, дык не плач гэтак плаксiва; што, цябе пакрыўдзiлi? Абразiлi твой гонар? Якая карысць ад гонару, калi першы лепшы чужынец можа яго закрануць, цi не праўда? Але цяпер ты можаш радавацца: у гэтай установе ты маеш добрае сховiшча; тут чуюць найменшы боль душы, тут паважаюць усялякiя комплексы; усё залежыць толькi ад таго, колькi ў цябе грошай: калi ты бедны, цябе будуць лячыць кухталямi i халоднай як лёд вадою, але тут разумеюць кожную тваю слабасць: калi захочаш, можаш нават мець выхадныя i схадзiць у Дэнклiнген на пiва; табе трэба будзе толькi крычаць: "Сектар абстрэлу! Сектар абстрэлу для другой, сектар абстрэлу для трэцяй армii!" - i хтосьцi адкажа: "Слухаю, гэр генерал!"; час успрымаецца тут не як цэлае, а толькi як часткi; ён тут нiколi не зможа зрабiцца гiсторыяй, разумееш? Я ахвотна табе паверу, што ты ўжо бачыў мае вочы ў кагосьцi, хто меў шнар на пераноссi; я табе паверу, але гэткiя даныя i гэткiя асацыяцыi тут забароненыя; тут заўсёды сёння, сёння бiтва пад Вердэнам, сёння памёр Генрых, загiнуў Ота; сёння 31 мая 1942 года; сёння Генрых шапнуў мне ў вуха: "Наперад! Ура! I Гiндэнбург"; ты ведаў яго, пацiскаў яму руку цi, дакладней, ён табе пацiскаў; добра, але давай крыху папрацуем; я яшчэ памятаю, якая малiтва давалася касцельным служкам найцяжэй: я вучыла яе разам са сваiм сынам Отам, слухала, як ён чытаў яе мне: "Suscipiat Dominus sacrificium de manibus tuis ad laudem et gloriam nominis sui"*, a цяпер самае цяжкае, стары, - "Ad utilitatem quoque nostram, totiusque Ecclesiae sua sanctae"**, - паўтарай за мною, стары; ды не, не "utilatem", a "ad utilitatem", гэтую памылку робяць усе; калi хочаш, напiшу табе тэкст на картачцы, альбо чытай яго са свайго малiтоўнiка... а цяпер adieu***, час iсцi на вячэру. "Сектар абстрэлу"; смачна табе пад'есцi..."
   * Няхай прыме Госпад ахвяру з рук тваiх дзеля хвалы i славы iмя свайго... (лац.).
   ** ...а таксама дзеля карысцi нашае i ўсёй святой Царквы сваёй (лац.).
   *** Да пабачэння (франц.).
   Па шырокiх чорных дарожках паўз каплiцу, назад да парнiка; толькi муры былi за сведкаў, як яна адчынiла ключом дзверы, каля парожнiх кветкавых гаршчэчкаў i градак, што пахлi гнiллю, прайшла ў каморку садоўнiка; зняўшы са стаяка пiсталет, яна адчынiла чорную сумачку; мяккая скура праглынула пiсталет, замочак лёгка зашчоўкнуўся; усмiхаючыся, пагладжваючы пустыя кветкавыя гаршчэчкi, яна выйшла з цяплiцы, зачынiла за сабою дзверы; толькi цёмныя муры былi за сведкаў, як яна выцягнула ключ з замка i па шырокiх чорных дарожках вярнулася ў дом.
   Гупэрц паставiў ёй вячэру на стол у пакоi; гарбата, хлеб, масла, сыр i вяндлiна; потым, падняўшы галаву, ён усмiхнуўся:
   - У Вас сёння проста цудоўны выгляд.
   - Так, - сказала яна, паклала сумачку на камод, зняла капялюш са сваёй цёмнавалосай галавы i спыталася:
   - Цi не мог бы садоўнiк прынесцi мне якiх дзве-тры кветкi?
   - Яго няма, - адказаў Гупэрц. - У яго выхадны да заўтрашняга вечара.
   - I што, больш нiкому не дазваляецца заходзiць у цяплiцу?
   - Hе, шаноўная панi, у гэтым ён надзвычай суровы.
   - Тады мне давядзецца чакаць да заўтрашняга вечара альбо купiць якiя-небудзь кветкi ў Дэнклiнгене цi ў Додрынгене.
   - Вы хочаце выйсцi на шпацыр, шаноўная панi?
   - Магчыма, магчыма, выйду; такi пекны вечар; мне ж гэта дазволена, праўда?
   - Вядома ж, вядома ж, дазволена... А можа, усё ж затэлефанаваць пану радцы цi пану доктару?
   - Я гэта зраблю сама, Гупэрц; прашу толькi злучыць мяне з горадам, але надоўга, добра?
   - Слухаю, шаноўная панi.
   Калi Гупэрц пайшоў, яна адчынiла акно i кiнула ключ ад садоўнiкавай каморкi ў яму з кампостам, потым зачынiла акно, налiла сабе ў кубак гарбаты з малаком, села, прысунуўшы блiжэй да сябе тэлефон; "Хадзем, хадзем", сказала яна цiха i паспрабавала левай рукою суняць дрыжанне правай, у якой яна трымала слухаўку. "Хадзем, хадзем, - сказала яна, - я гатова са смерцю ў сумачцы вярнуцца да жыцця; нiхто не ведаў, што будзе досыць гэтага дотыку халаднаватага металу, яны занадта лiтаральна зразумелi слова "карабiн"; мне не трэба карабiна, пiсталет таксама добра... хадзем, хадзем; скажы мне, колькi часу; хадзем... скажы мне гэта, лагодны голас, ты ўсё яшчэ той самы i пад тым самым тэлефонным нумарам?" Яна ўзяла трубку ў левую руку, пачула доўгi сiгнал станцыi. "Варта Гупэрцу толькi нацiснуць на гузiк - i ўсё вернецца: час, сусвет, сучаснасць, нямецкая будучыня; мне вельмi цiкава, як яна будзе выглядаць, калi я выйду з гэтага заклятага замка". Правай рукой яна накруцiла нумар: адзiн-адзiн-адзiн i пачула лагодны голас:
   - У момант гучання сiгналу часу прамiне семнаццатая гадзiна пяцьдзесят восем хвiлiн, трыццаць секунд.
   Прыгнечаная цiшыня, востры гук гонга, зноў лагодны голас:
   - У момант гучання сiгналу часу прамiне семнаццатая гадзiна пяцьдзесят восем хвiлiн, сорак секунд.
   Час наплываў на яе твар, робячы яго смяротна-бляклым, а голас тым часам гаварыў:
   - ...Семнаццатая гадзiна пяцьдзесят дзевяць хвiлiн... дзесяць... дваццаць... трыццаць... сорак... пяцьдзесят секунд...
   Рэзкi ўдар гонга:
   - ...Васемнаццатая гадзiна, шостага верасня тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят восьмага года, - сказаў лагодны голас.