Прыжмурваючыся ў паўзмроку, стулiўшы плечы ад прахалоды, Шрэла сядзеў перад iм, i ён не мог болей адцягваць тае хвiлi; яшчэ раз праверыў, цi добра завязаны гальштук, расправiў апошнiя складачкi на каўняры спартыўнай кашулi - ох, падцягнуты, заўсёды падцягнуты, - глыбей схаваў канцы шнуркоў на туфлях, спраўдзiў, цi ёсць у партманеце грошы, каб даехаць дадому; а мiж тым з душа паявiлiся першыя хлопцы, усё яшчэ гамонячы пра "Робертаў удар".
   - Пойдзем разам?
   - Пойдзем.
   Яны паднялiся патаптанымi бетоннымi сходнямi, на якiх ляжала непрыбранае смецце яшчэ ад мiнулае вясны: паперкi ад цукерак, пачкi ад цыгарэт; яны ўзышлi на дамбу, дзе спацелыя весляры якраз усцягвалi лодку на зацэментаваную прыстань; моўчкi iшлi яны разам па дамбе, што вяла сярод нiзкай iмглы быццам бы на другi бераг ракi; гудкi параходаў, чырвоныя лiхтары i зялёныя - на сiгнальных рубках суднаў; каля верфi ў паветры ўспыхвалi чырвоныя iскры, вымалёўваючы на шэрым фоне адмысловыя фiгуры; моўчкi яны дайшлi да моста, у паўзмроку паднялiся ўгору па сходах, побач на сценах з пясчанiку былi ўвекавечаныя жаданнi маладых людзей, што вярталiся тут пасля купання дамоў; грукат таварнага цягнiка, што праiмчаўся па мосце, даў iм магчымасць памаўчаць лiшнiя пару хвiлiн: на заходнi бераг везлi партыю шлаку; чыгуначнiкi сiгналiлi лiхтарамi, свiсткi кiравалi цягнiком, якi пачаў заварочваць на правую каляю; унiзе ў тумане iшлi на поўнач караблi, жалобнае дудзенне рагоў папярэджвала аб смяротнай небяспецы, разляталася, поўнае смутку, над вадою; гэты гоман, на шчасце, не даваў весцi размову.
   - I я тады спынiўся, Гуга, абапёрся аб парэнчы, тварам да ракi, выцягнуў з кiшэнi цыгарэты, даў адну Шрэле, ён прыкурыў мне, i мы курылi моўчкi, а за нашымi спiнамi цягнiк, грукочучы, ужо з'язджаў з моста; унiзе пад намi цiха плылi на поўнач цугам грузавыя баркасы; з-пад покрыва iмглы даносiўся iх мяккi плёскат; толькi зрэдку вочы ўлоўлiвалi паблiскванне iскраў над карабельнымi камбузамi; на колькi хвiлiн усё сцiхла, пакуль наступнае судна не прайшло пад мостам на поўнач - на поўнач, да туманаў Паўночнага мора, - а мяне ахапiў страх, Гуга, бо я мусiў зараз спытацца ў яго i ведаў, што калi зраблю гэта, мяне зацягне вiр, з якога я ўжо не здолею выбрацца; гэта была, напэўна страшэнная таямнiца, дзеля якой Нэтлiнгер рызыкаваў выйгрышам сваёй каманды, а "отаўцы" згадзiлiся, каб гульню судзiў Бен Вакс; цяпер была амаль што непранiкальная цiшыня, i гэта надавала вялiкую вагу пытанню, якое я павiнен быў задаць i якiм я мусiў абцяжарыць вечнасць; я ўжо развiтваўся, Гуга, яшчэ не ведаючы, куды i ў iмя чаго я збiраюся рушыць; я развiтваўся з цёмнаю вежай Святога Севярына, што ўзвышалася над густым слоем iмглы, з бацькоўскiм домам, якi стаяў недалёка ад гэтай вежы i ў якiм мая мацi якраз заканчвала накрываць на стол да вячэры, папраўляла срэбранае начынне, асцярожна расстаўляла кветкi ў вазончыкi, адпiваючы з графiнаў, каштавала вiно: цi гэта белае ахалоджана добра, а чырвонае - не? Субота, якая святкавалася ўрачыста, як шабас; мацi ўжо разгарнула iмшал, каб паводле яго тлумачыць нам нядзельную лiтургiю сваiм пяшчотным голасам, што гучаў нiбы вечны адвент; голасам ад слоў "Пасвi авечак маiх"; я развiтваўся з сваiм пакоем, вокны якога глядзелi ў сад, а ў тым садзе старажытныя дрэвы стаялi ў пышнай зелянiне; у тым садзе я заглыбляўся аддана ў матэматычныя формулы, у строгую крывiзну геаметрычных фiгур, у празрыстыя, як зiма, стэрэаметрычныя пабудовы, што ўзнiкалi пад маiм цыркулем, пад маiм пёркам з тушшу - там я рысаваў кiрхi, касцёлы, якiя збiраўся калi-небудзь пабудаваць. Шрэла стрэлiў недакуркам у туман, што сцялiўся ў нас у нагах; чырвоная кропка, круцячыся, паляцела долу; Шрэла з усмешкаю павярнуўся да мяне, чакаючы майго пытання, якога я яшчэ не задаў; ён страсянуў галавою. Ланцуг лiхтарняў на беразе ясна вылучаўся на фоне густога слоя iмглы.
   - Хадзем, - сказаў Шрэла. - Яны ўжо блiзка, хiба не чуеш?
   Я чуў, як яны iдуць, балюстрада ўжо дрыжала пад iхнiмi нагамi: яны размаўлялi пра мясцiны, куды яны неўзабаве збiраюцца выехаць на вакацыi Альгой, Вэстэрвальд, Бадгаштайн, Паўночнае мора, - яны гаварылi пра Робертаў удар. На хаду мне было лягчэй задаць яму тое пытанне.
   - Чаму, - спытаў я, - чаму? Хiба ты жыд?
   - Hе.
   - Дык хто тады?
   - Мы - авечкi, - адказаў Шрэла, - i паклялiся, што нiколi не пакаштуем бычынага прычасця.
   - Авечкi, - я баяўся гэтага слова. - Што гэта, нейкая секта? - спытаў я.
   - Можа, i так.
   - Але ж не партыя?
   - Hе.
   - Я не здолею, - сказаў я, - я не змагу быць авечкаю.
   - Ты хочаш пакаштаваць бычынага прычасця?
   - Hе, - адказаў я.
   - Ёсць такiя пастыры, - сказаў ён, - што не пакiдаюць свайго статка.
   - Хутчэй, - сказаў я, - хутчэй. Яны ўжо блiзка.
   Мы спусцiлiся цёмнымi сходамi з заходняга боку, а калi мы апынулiся на вулiцы, я на хвiлiну завагаўся; мне трэба было паварочваць дадому направа, а Шрэле - налева; але я пайшоў за iм, налева, дзе вулiца паварочвала да горада i вiлася памiж дрывотняў, вугальных шупак i гародчыкаў. За першым паваротам мы спынiлiся, ужо ў густой паласе туману, i сталi сачыць за ценямi хлопцаў з нашай каманды, што, нiбы чорныя постацi, рухалiся на балюстрадзе моста. Мы чулi, як гулка адбiваюцца iх крокi, чулi гоман iх галасоў, калi яны сыходзiлi ўнiз, чулi гучнае рэха ад iх падкаваных боцiкаў, чулi, як нечы голас крыкнуў: "Нэтлiнгер, Нэтлiнгер, пачакай!" Моцнае рэха ад гучнага Нэтлiнгеравага голасу пераляцела цераз раку i, разбiўшыся аб быкi моста, вярнулася да нас, а пасля згубiлася недзе за намi, у гародчыках i сховах крамаў - рэха Нэтлiнгеравага крыку: "А дзе ж гэта падзелася наша авечка з ейным пастырам?" Залп смеху, адбiўшыся некалькi разоў, звалiўся на нас, нiбы чарапкi разбiтай пасудзiны.
   - Ты чуў? - спытаў Шрэла.
   - Чуў, - адказаў я. - Авечка i пастыр.
   Мы глядзелi на ценi тых, што ад нас адсталi i iшлi цяпер балюстрадаю, глуха гучалi ў праходзе iх галасы, потым, калi яны выйшлi на вулiцу, галасы пагучнелi, адбiваючыся ад выгiбаў моста: "Робертаў удар..."
   - Мне трэба, - сказаў я Шрэле, - ...мне трэба ведаць усё дакладна.
   - Хадзем, - адказаў ён, - я табе пакажу.
   Мы прабiралiся навобмацак праз туман, уздоўж агароджаў з калючага дроту, потым убачылi драўляны паркан, якi пах яшчэ свежай драўнiнай i свяцiўся жаўтаватым колерам; лямпачка над замкнутай брамай асвятляла эмалiраваную шыльдачку: "Мiхаэлiс - вугаль, кокс, брыкеты".
   - Цi пазнаёш гэтую дарогу? - спытаў Шрэла.
   - Пазнаю, - адказаў я, - сем гадоў таму мы часта хадзiлi тут разам i гулялi ўнiзе ў Трышлераў. А дзе цяпер Алоiс?
   - Ён шкiпер, як i даўней яго бацька.
   - А твой бацька па-ранейшаму кельнер у прыбярэжнай карчме?
   - Hе, ён цяпер у Верхнiм Порце.
   - Ты хацеў нешта паказаць мне?
   Шрэла выцягнуў цыгарэту з рота, сцягнуў з сябе куртку, ссунуў з плячэй помачы, падняў кашулю i павярнуўся спiнай да слабай лямпачкi: уся спiна была ў дробных, велiчынёю з фасолiну, чырванавата-сiнiх шнарах. "Абсеяная шнарамi, - падумалася мне, - вось як можна сказаць дакладней".
   - Божа, - сказаў я, - што гэта?
   - Гэта Нэтлiнгер, - адказаў Шрэла. - Яны робяць гэта ўнiзе, у казармах каля Вiльгельмавага рова. Бен Вакс i Нэтлiнгер. Яны называюць гэта дапаможнай палiцыянцкай службай; мяне яны схапiлi пад час аблавы на жабракоў у Партовым квартале; за дзень было арыштавана трыццаць восем жабракоў, адным з iх быў я. Дапытвалi нас з дапамогай пугi з калючага дроту. Яны сказалi: "Прызнайся, што ты - жабрак", а я пацвердзiў: "Сапраўды, я - жабрак".
   Спозненыя госцi ўсё яшчэ снедалi: смакталi памаранчавы сок, нiбы грахоўны трунак; бледнатвары хлопец, абапёршыся аб дзвярную фрамугу, стаяў нерухома, як стод; ад фiялетавага колеру лiўрэi твар яго здаваўся амаль што зялёным.
   - Гуга, Гуга, ты чуеш, што я кажу?
   - Я, пане доктар, ... я чую кожнае слова.
   - Калi ласка, прынясi мне кiлiшак каньяку, вялiкi.
   - Зараз, пане доктар.
   Калi Гуга сыходзiў да рэстарана, востра блiснуў яму перад вачыма Час вялiкi каляндар, якi ён мусiў перагортваць шторанiцы; ён перагарнуў ужо вялiкi кардонны лiст з лiчбай, што абазначала дзень, засунуў яго пад шыльдачкi з назвамi месяца i года: 6 верасня 1958 года. У яго кружылася галава: усё, пра што ён пачуў, адбывалася задоўга перад тым, як ён нарадзiўся, - гэта адкiдала яго назад на дзесяцiгоддзi, на цэлыя паўстагоддзi: 1885, 1903 i 1935 - гэта было недзе далёка ззаду, схаванае ў часе, але ж i прысутнае тут; яно гучала ў голасе Фэмеля, якi стаяў, абапёршыся аб бiльярдны стол, i глядзеў на плошчу перад саборам Святога Севярына. Гуга мацней ухапiўся за парэнчы, глыбока ўдыхнуў паветра - як той, хто вынырваў з-пад вады, адплюшчыў шырока вочы i адным скачком схаваўся за вялiкай калонай.
   Бо па сходах долу якраз iшла яна, басанож, у апратцы пастушкi, веючы пахам авечага гною, якiм было прапахлае яе рыззё, што спавiвала яе ад грудзей да сцёгнаў. Зараз яна з'есць сваю прасяную кашу, з ёй - кавалак чорнага хлеба, пару арэхаў; вып'е авечага малака, якое дзеля яе трымаюць у лядоўнi; яна прывозiла з сабою авечае малако ў тэрмасах, прывозiла авечы гной у маленькiх карабках i ўжывала яго як парфуму да сваёй грубай, вязанай на прутках з суровай воўны бялiзны; па снеданнi яна гадзiнамi праседжвала ў вестыбюлi - вязала i вязала, час ад часу хадзiла ў бар па шклянку вады, палiла сваю кароткую пiпку, сядзела на канапе, скрыжаваўшы свае голыя ногi так, што была вiдаць яе грубая, зацвярдзелая скура на пятках; яна прымала сваiх вучняў i вучанiц, якiя, апранутыя, як яна, i гэтаксама, як яна, пахнучыя, атачалi яе, седзячы са скрыжаванымi нагамi на канапе, вязалi пруткамi, раз-пораз адкрывалi карабкi, што iм давала iх майстрыня, i ўдыхалi пах авечага гною, як самы лепшы водар: праз пэўныя прамежкi часу яна адкашлiвалася i пыталася сваiм дзявочым голасам з канапы: "Як мы ўратуем свет?" А вучнi i вучанiцы адказвалi: "Праз авечую воўну, авечую шкуру, авечае малако - i праз вязанне на прутках". Дзынканне пруткоў, цiшыня, адзiн хлопец, ускочыўшы, пабег у бар, прынёс майстрынi свежай вады, i зноў мяккi дзявочы голас запытаўся з канапы: "Дзе хаваецца блаславенне свету?" I ўсе адказалi: "У авечцы!" Яны зноў адкрылi карабкi, пачалi з захапленнем нюхаць памёт, а ў гэты час блiскалi фотаўспышкi, алоўкi журналiстаў хутка спiсвалi лiсткi рэпарцёрскiх нататнiкаў.
   Гуга павольна адступiў яшчэ далей назад, калi яна абыходзiла калону па дарозе ў залу для снедання; ён яе баяўся; надта часта ён бачыў, як яе лагодныя вочы рабiлiся суровымi, калi яна заставалася з iм сам-насам: яна лавiла яго на сходах, заказвала яму прынесцi малако ў нумар, дзе яна сустракала яго з цыгарэтай у роце, потым вырывала ў яго з рук шклянку з малаком, смеючыся вылiвала малако ва ўнiтаз, напаўняла шклянку каньяком i з гэтай шклянкай у руцэ пачынала наступаць на яго, у той час як ён задам адыходзiў да дзвярэй.
   - Цi табе яшчэ нi адна жывая душа не казала, што ў цябе твар варты золата, чыстага золата, ты, неразумны хлопча. Чаму ты не хочаш стаць божай авечкай маёй новай рэлiгii? Я зраблю цябе вялiкiм, багатым, i яны будуць укленчваць перад табою ў яшчэ больш раскошных, чым гэты, гатэлях! Хiба ты працуеш тут досыць доўга, каб ведаць, што iхнюю нуду можна запоўнiць толькi новай рэлiгiяй - i чым дурнейшай, тым лепш? Iдзi сабе - ты занадта дурны.
   Ён глядзеў ёй услед, а яна з нерухомым тварам давала кельнеру магчымасць адчынiць ёй дзверы ў залу для снедання; сэрца яго ўсё яшчэ бiлася ненармальна хутка, калi ён выходзiў з-за калоны i павольна спускаўся ўнiз да рэстарана.
   - Кiлiшак каньяку ў бiльярдную для пана доктара, вялiкi.
   - Тут нейкая сварка праз твайго пана доктара...
   - Якая такая сварка?
   - Hе ведаю. Здаецца, яго тэрмiнова шукаюць, твайго доктара. Вось, бяры свой каньяк i - змывайся хутчэй. Самае меншае семнаццаць старых i маладых баб ганяюцца за табой; давай, бо ўжо нейкая зноў спускаецца сюды.
   Яна выглядала так, быццам пiла на сняданак чыстую жоўць; была апранутая ў залацiстую сукенку, насiла залацiстыя чаравiкi, залацiстую шапачку i муфту з iльвiнае шкуры. Яе выгляд выклiкаў агiду, а некаторыя госцi з забабонамi нават закрывалi твар рукою, калi яна з'яўлялася. Пакаёўкi кiдалi працу праз яе, кельнеры не хацелi яе абслугоўваць, але ён, Гуга, калi ёй удавалася яго злавiць, мусiў гадзiнамi гуляць з ёю ў карты; пальцы ў яе былi нiбы курыныя кiпцi; па-людску выглядала толькi цыгарэта ў яе вуснах. "Каханне, мой хлопча... я нiколi не спазнала, што гэта такое; не было нiводнага чалавека, якi здолеў бы не выказаць сваёй агiды перада мною; мая мацi праклiнала мяне сем разоў на дзень, выкрыквала мне сваю агiду проста ў твар; у мяне была прыгожая i маладая мацi, малады i прыгожы быў бацька, былi мае браты i сёстры; яны б атруцiлi мяне, каб толькi здолелi набрацца смеласцi на гэта; яны называлi мяне: Гэткае-што-не-павiнна-было-нарадзiцца - мы жылi высока, у жоўтай вiле пад сталеплавiльняю; увечары тысячы рабочых выходзiлi з заводскай брамы, iх чакалi з усмешкамi дзяўчаты i жанкi; смеючыся, яны iшлi ўнiз па гразкай вулiцы; я ж бачу, чую, маю адчуваннi нюху, дотыку, як усе астатнiя людзi, умею пiсаць, чытаць, лiчыць i адрознiваць на смак - ты першы чалавек, якi вытрымлiвае побач са мною больш як паўгадзiны, чуеш ты, першы!"
   Следам за ёй цягнуўся страх, подых няшчасця; яна кiнула ключ ад нумара на прылавак, крыкнула служку, што стаяў там замест Ёхэна: "Гуга, дзе гэта Гуга?"; i калi хлопец пацiснуў плячыма, яна рушыла да дзвярэй-круцёлкi; прыдзвернiк, што адчынiў iх перад ёю, апусцiў вочы долу, а яна, апынуўшыся на вулiцы, адразу насунула на твар вэлюм.
   "У гатэлi я яго не нашу, - казала яна Гугу, - няхай тут нешта ўбачаць за свае грошы, няхай глядзяць мне ў твар за мае грошы; але тыя, што на вулiцы, яны гэтага не заслужылi".
   - Я прынёс каньяк, пане доктар.
   - Дзякуй табе, Гуга.
   Гуга любiў гэтага чалавека; доктар Фэмель прыходзiў шторанiцы а палове дзесятай i вызваляў яго да адзiнаццацi, надаваў яму адчуванне вечнасцi; хiба не было так заўсёды, хiба не стаяў ён ужо стагоддзi пры гэтых лакiравана-белых дзвярах, заклаўшы рукi за спiну, назiраючы за цiхай гульнёй, слухаючы аповяд, якi пераносiў яго на шэсцьдесят год назад, потым на дваццаць уперад, зноў на дзесяць назад, а пасля раптоўна перакiдалi яго ў рэчаiснасць таго лiстка календара, што вiсеў на сцяне? Белае на зялёным, чырвонае на зялёным, бела-чырвонае на зялёным, i заўсёды ў прасторы, абмежаванай борцiкамi, усяго на гэтых двух квадратных метрах зялёнага сукна; яно было чыстае, сухое, дакладнае, памiж паловай на дзесятую i адзiнаццаццю; два, тры разы сысцi ўнiз па вялiкi кiлiшак каньяку; час не быў тут анiякай велiчынёю, з якой можна было б што-небудзь прачытаць; ён усмоктваўся гэтай прастакутнай зялёнай прамакаткай; дарэмна бiлi гадзiннiкi, дарэмна рухалiся стрэлкi, бессэнсоўна намагаючыся ўцячы адна ад адной; усё спынялася, пакiдалася на месцы, калi прыходзiў Фэмель - якраз у той час, калi было найболей працы: старыя госцi ад'язджаюць, прыязджаюць новыя; ён мусiў стаяць тут, аж пакуль гадзiннiк на вежы сабора Святога Севярына не праб'е адзiнаццатую? Прасторы, пазбаўленыя паветра; гадзiннiкi, пазбаўленыя часу; ён апускаўся тут на дно акiянаў; рэчаiснасць сюды не даходзiла, прыцiскалася звонку, нiбы да шкла акварыума цi да вiтрыны крамы; яна губляла свае вымярэннi, захоўваючы толькi адно-адзiнае: была плоская, быццам выразаная з аркуша дзiцячых выцiнанак, яны ўсе мелi часовае ўбранне, як тыя выразаныя папяровыя лялькi; яны бездапаможна бiлiся аб сцены, што былi таўсцейшыя за цэлыя стагоддзi са шкла; удалечынi быў цень сабора Святога Севярына, яшчэ далей - вакзал i нерэальныя цягнiкi: "хутк." i "пас.", "прыг." i "баг."; чамаданы везлiся да пагранiчных станцый; рэальныя былi толькi тры бiльярдныя шары, што каталiся па зялёнай прамакатцы, утвараючы штораз новую фiгуру: Фэмель ударам кiя ствараў бясконцасць, што ўтрымлiвалася ў тысячах формул на двух квадратных метрах, а голас ягоны губляўся ў часе.
   - Цi будзеце расказваць далей, пане доктар?
   - Хочаш слухаць?
   - Хачу.
   Фэмель усмiхнуўся, адпiў каньяку з кiлiшка, запалiў новую цыгарэту, узяў у руку кiй i ўдарыў па чырвоным шары: чырвонае i белае пакацiлiся па зялёным.
   - Праз тыдзень пасля гэтага, Гуга...
   - ... Пасля чаго?
   Фэмель усмiхнуўся зноў.
   - ...Пасля той гульнi 14 лiпеня 1935 года, якую хлопцы ўвекавечылi ў тынку над бляшанай шафкаю, праз тыдзень пасля той гульнi я быў рады, што Шрэла напомнiў мне дарогу, што вяла да Трышлеравага дома. Я стаяў на балюстрадзе старой вагоўнi, у Нiжнiм Порце; адтуль як на далонi была вiдаць уся дарога, што бегла памiж шупак з дровамi i вугалем, спускалася да крамы будматэрыялаў, а адтуль iшла да порта, абгароджанага ржавым жалезным бар'ерам; тут былi цяпер адно што карабельныя могiлкi. Апошнi раз я быў там за сем гадоў да таго, але гэтых гадоў магло быць i пяцьдзесят; калi мы разам з Шрэлам хадзiлi ў госцi да Трышлера, мне было трынаццаць; доўгiя ланцугi баржаў кiдалi ўвечары якар каля падножжа схiлу; жонкi шкiпераў з кошыкамi для пакупак сыходзiлi па хiсткiх кладках на бераг; у жанчын былi свежыя твары, а ў позiрках - упэўненасць; мужчыны, занудзiўшыся без пiва i газет, сыходзiлi на бераг услед за жанкамi; Трышлерава мацi ўсхвалявана пераглядала свае тавары: капусту, памiдоры, серабрыстую цыбулю, што ў пучках вiсела на сцяне; а на дварэ аўчар даваў кароткiя i рэзкiя каманды сабакам, каб яны жвавей заганялi авечак у загарадку; на другiм баку - гэта значыць тут, Гуга, - свяцiлiся газавыя лiхтарнi, жаўтлявае святло запаўняла белыя шары, якiя ланцугом цягнулiся на поўнач у бясконцасць; Трышлераў бацька запальваў свяцiльнi ў карчме, а Шрэлаў бацька з ручнiком пад пахаю прайшоў у глыб двара, у шынок для грузчыкаў, дзе мы, хлопцы - Трышлер, Шрэла i я, разбiвалi на дробныя кавалкi камлыгi лёду i абкладвалi гэтымi кавалкамi скрынi з пiвам.
   Цяпер жа, Гуга, праз сем год, у гэты дзень 21 лiпеня 1935 года, на ўсiх парканах злузвалася фарба, i я заўважыў, што каля вугальных сховiшчаў Мiхаэлiса абноўленая была толькi брама; за парканам гiбелi зваленыя ў груду брыкеты; я раз-пораз аглядаў усе звiлiны дарогi, каб пераканацца, што за мною нiхто не сочыць; я быў змораны, адчуваў, як пякуча балелi раны на спiне, як пульсаваў гэты боль; дзесяць хвiлiн на дарозе нiхто не паяўляўся; я глядзеў на вузкую рухомую палоску чыстай вады, што злучала Нiжнi Порт з Верхнiм: нiводнай лодкi не было вiдно; я паглядзеў на неба: самалётаў там не было, i я падумаў: ты, здаецца, надаеш сабе занадта вялiкае значэнне, калi мяркуеш, што яны вышлюць самалёты, каб цябе шукаць.
   Я зрабiў тое, Гуга: я пайшоў разам са Шрэлам у маленькую кавярню Цона на вулiцы Буасэрэ, дзе збiралiся авечкi; я паўшэптам сказаў гаспадару пароль "Пасвi авечак маiх" i прыняў прысягу - гледзячы проста ў вочы маладой дзяўчыне, якую звалi Эдыт, - што нiколi ў жыццi не пакаштую бычынага прычасця; пасля ў цёмным пакойчыку ад чорнага ўвахода я сказаў прамову, поўную цьмяных выразаў, гучанне якiх не наводзiла на думку пра авечак: гэтыя словы мелi прысмак крывi, бунту i помсты, помсты за Фэрдзi Прогульске, якому яны адсеклi галаву ранiцай таго дня; тыя, што сядзелi вакол стала i слухалi мяне, выглядалi так, нiбы гэта iм адсеклi галовы; яны спалохалiся i зразумелi цяпер, што дзiцячая сур'ёзнасць не менш сур'ёзная, чым дарослая; у iх вачах былi страх i ўпэўненасць, што Фэрдзi ўжо сапраўды няма сярод жывых: яму было семнаццаць год, ён займаўся бегам на сто метраў, быў вучнем сталяра; я толькi чатыры разы бачыў яго - i не забуду яго да скону: два разы ў Цонавай кавярнi i два разы ў нас дома; Фэрдзi прабраўся ў кватэру Бена Вакса i, калi той выходзiў са спальнi, кiнуў яму пад ногi бомбу; у Бена Вакса былi толькi апёкi ступняў ног; у калiдоры разляцелася на кавалкi вялiкае люстра, пахла спаленым чорным порахам; дурнота, што вынiкала з дзiцячае шляхетнасцi... чуеш, Гуга, ты праўда чуеш, што я кажу?
   - Чую.
   - Я чытаў Гёльдэрлiна: "Цвёрдае Божае сэрца, нават калi спачувае...", a Фэрдзi чытаў толькi Карла Мая, i было падобна на тое, што мы абодва прапаведавалi адну i тую шляхетнасць; ён адпакутаваў за сваю дурноту пад катавай сякерай - на досвiтку, калi царкоўныя званы клiкалi на ютрань, у пякарнях хлопчыкi-разносчыкi булак пералiчвалi iх, кладучы ў свае торбы, калi тут, у гатэлi "Прынц Генрых" падавалi сняданак першым гасцям, калi шчабяталi птушкi, дзяўчаты-малочнiцы ў пантофлях на гумовых падэшвах заходзiлi ў цiхiя пад'езды дамоў, каб паставiць бутэлькi з малаком на чыстыя какосавыя ходнiкi, ганцы на матацыклах iмчалiся па горадзе, ад слупа да слупа, наклейваючы паведамленнi ў чырвонай рамцы: "Пакаранне смерцю! Вучань Фердынанд Прогульске", - i гэтыя афiшкi чыталi тыя, хто рана ўстае: трамвайшчыкi, вучнi i настаўнiкi - усе тыя, хто ўранку, паклаўшы сняданак у сумку альбо кiшэнь, спяшалiся да трамваяў, не паспеўшы яшчэ разгарнуць мясцовую газету, дзе вялiкiмi лiтарамi было набрана: "Навука ўсiм iншым", i я прачытаў гэта, Гуга, якраз тады, калi вось тут, на рагу вулiцы, чакаў "сямёрку".
   Голас Фэрдзi ў тэлефоннай трубцы (калi гэта было, учора цi пазаўчора?): "Ну, дык прыйдзеш, як дамаўлялiся, у Цонаву кавярню?" Хвiля маўчання. "Прыйдзеш цi не?" - "Прыйду".
   Эндэрс паспрабаваў быў яшчэ зацягнуць мяне за рукаў у вагон, але я вырваўся, пачакаў, пакуль трамвай заверне за рог вулiцы, i пабег на супрацьлеглы прыпынак, з якога яшчэ сёння адпраўляецца шаснаццаты; праз цiхiя прадмесцi я паехаў да Рэйна, потым мы аддалялiся ад яго, аж пакуль трамвай не звярнуў на пятлю памiж баракамi i кар'ерамi, дзе бяруць жвiр. Каб зiма, холад, дажджы, зацягнутае хмарамi неба - тады б гэта было не так невыносна, думаў я, але тут, дзе я гадзiнамi блукаў сярод маленькiх гародчыкаў, глядзеў на абрыкосы i гарошак, памiдоры i капусту, дзе чуў звон пiўных пляшак, званочак прадаўца марожанага, што стаяў на скрыжаваннi вулiц i накладаў ванiльнае марожанае ў крохкiя вафельныя вядзерцы... Яны не могуць рабiць гэтага, думаў я, не могуць есцi марожанае, пiць пiва, абмацваць рукой абрыкосы, калi Фэрдзi... Недзе апоўднi я пакрышыў свой хлеб маркотным курам, што выкрэслiвалi няўмелыя геаметрычныя фiгуры ў пыле i памёце на двары гандляра старызнаю; аднекуль з акна данёсся жаночы голас: "Гэтага хлопца яны... Ты чытаў?", а мужчынскi голас адказаў: "Да д'ябла, сцiхнi! Я ж ведаю..." Я выкiнуў рэшткi хлеба курам i пабег далей; заблудзiўся сярод грэбляў i артэзiянскiх крынiц, потым зноў апынуўся на нейкiм канцавым прыпынку, праехаў цераз незнаёмыя мне прадмесцi, вылез з трамвая, вывернуў кiшэнi сваiх штаноў: на пыльную дарогу пасыпаўся чорны порах, я пабег далей, зноў праз грэблi, двары, памiж сховаў, фабрык, гародчыкаў, хат, каля кiнатэатра, дзе касiрка якраз падымала акенца касы. Трэцяя гадзiна? Якраз трэцяя. Пяцьдзесят пфенiгаў. На тым сеансе я быў адзiны глядач; спёка пасялiлася на бляшаным даху; каханне, кроў, ашуканы каханак выцягвае нож; я заснуў i прачнуўся толькi, калi месцы ў зале займалi гаманлiвыя гледачы сеанса на шэсць гадзiн; хiстаючыся, я выйшаў на двор. Дзе ж гэта падзеўся мой партфель з кнiжкамi? Цi я забыў яго ў кiно? Цi каля кар'ера са жвiрам, дзе я доўга сядзеў, гледзячы на грузавiкi, з якiх сцякала кроплямi вада; а можа, там, дзе я крышыў хлеб маркотным курам? Голас Фэрдзi ў тэлефоннай трубцы - цi гэта было ўчора, цi пазаўчора? "Ну, дык прыйдзеш, як дамаўлялiся, у Цонаву кавярню?" Хвiля маўчання. "Прыйдзеш цi не?" "Прыйду".
   Спатканне з чалавекам з адсечанай галавой. Дурнота, якая мне ўжо дорага абышлася, бо цана была занадта высокая; Нэтлiнгер чакаў мяне перад Цонавай кавярняй; яны зацягнулi мяне ў Вiльгельмаў роў, бiлi пугай з калючага дроту, паслужлiвыя нарогi аралi маё цела; праз iржавыя краты ў акне я бачыў адхон пагорка, на якiм я гуляў дзiцёнкам; мячык увесь час скочваўся ўнiз, я падбiраў яго; калi я трывожна паглядаў на ржавыя краты, мне здавалася, што за бруднымi шыбамi тоiцца нядобрае; Нэтлiнгер ударыў зноў.
   У камеры я паспрабаваў сцягнуць з сябе кашулю, але яна была гэтаксама парваная на шматкi, як i мая скура; яны пашчаплялiся памiж сабою, i калi я цягнуў кашулю за каўнер альбо за рукаў, мне здавалася, што я праз галаву сцягваю з сябе скуру.
   Кепскiя былi хвiлi, падобныя да той, калi я, стомлены, стаяў на балюстрадзе вагоўнi, мая гордасць за тое, што пацярпеў ад ворагаў, была слабейшая за боль; мая галава ўпала на парэнчы, губамi я дакранаўся да ржавага прэнта, i горыч знiшчанага надвор'ем жалеза здавалася мне прыемнаю на смак; яшчэ адну хвiлiну хады да Трышлеравага дома, i я даведаюся, цi яны мяне там чакаюць; я спалохаўся: рабочы з бiдонам пад пахай iшоў угору па вулiцы, потым знiк у дзвярах крамы будаўнiчых матэрыялаў. Спускаючыся сходамi, я так моцна абшчаперваў парэнчы, што ад iх вялiкiмi кавалкамi адвальвалася ржа.
   Вясёлы рытм молатаў, якi я чуў тут сем гадоў таму, аддаваўся цяпер адно змораным рэхам у груканнi малатка на пантоне, дзе пажылы мужчына разбiраў паром; закруткi-гайкi з глухiм стукам падалi ў картонную скрынку, дошкi ўдаралiся аб зямлю так, што было адразу чуваць, наколькi яны паспелi згнiць; а пажылы мужчына абстукваў рухавiк, слухаў яго вуркатанне, як бiццё сэрца найдаражэйшай iстоты, нахiляўся нiзка над брухам парома, выцягваў наверх паасобныя часткi: шрубкi, закруткi, насадкi, цылiндры; разглядаў iх пры святле, нюхаў iх, перш чым кiнуць у скрынку з гайкамi; за паромам стаяла старая лябёдка, на ёй вiселi рэшткi сталёвага троса, разлезлага, як збуцвелая панчоха.
   Успамiны пра людзей i падзеi заўсёды звязвалiся з успамiнамi пра рух, адбiтак якога замацаваўся ў маёй памяцi. Калi я, перавесiўшыся праз парэнчы балюстрады, падымаў i апускаў галаву, падымаў i зноў апускаў яе, назiраючы за вулiцай, - успамiн пра гэты рух абуджаў у маёй свядомасцi словы i колеры, вобразы i настроi. Hе тое, як выглядаў Фэрдзi, а тое, як ён падпальваў запалку, як лёгка ўскiдваў галаву, кажучы "але, але" - "не, не"; зморшчыны на Шрэлавым iлбе, яго пацiсканнi плячыма, бацькава хада, матчыны жэсты, рух бабулiнай далонi, калi яна адкiдала пасму валасоў з iлба, - а той стары чалавек, там, унiзе, што якраз ачышчаў вялiкую шрубу ад гнiлых рэшткаў дрэва, то быў Трышлераў бацька; гэтая рука рабiла рухi, якiя магла зрабiць толькi гэтая рука: я прыглядаўся да яе, калi яна адчыняла скрынi i зноў забiвала iх цвiкамi; кантрабандны тавар, што схаваны ў цёмных вантробах судна, вандраваў цераз мяжу: ром i разынкi, цыгарэты i шакалад; у шынку для грузчыкаў на прыстанi гэтая рука рабiла рухi, якiя яна адна магла зрабiць; стары падняў галаву, падмiргнуў мне i сказаў: "Але ж тая, уверсе, дарога, сынку, нiкуды не вядзе".