Прыгадалiся i ўспамiны аднаго асiстэнта ў нашым iнстытуце, як за пару джынсаў ён колiсь прывозiў з Масквы залатыя абручыкi i масiўныя пярсцёнкi з жахлiва дарагiмi камянямi. Амерыканскi мiф у цане золата.

З нядаўняга часу пад менскiм Макдональдам выгульваецца патруль АМАПу. Кантралююць паводзiны моладзi, зганяюць з гранiтнай балюстрады, забараняюць пляваць на тратуар, правяраюць дакуманты. Бацька чувае як Старэйшы Брат.

З другога боку яе кватэры адкрываецца панарама не надта маляўнiчага царства КДБ, пракуратуры, МУС i чагосьцi там яшчэ. Вокны гэтых ўстановаў палохаюць тупымi i бяздушнымi правалiнамi як i распасвеныя квадратныя храпы iх гаспадароў, перакананых у сваёй усемагутнасцi i моцы.

Пад вокнамi блiжэй да яе кватэры ў невялiкiм будынку маса ахоўнiкаў цi пажарнiкаў, якiя выдаюць пасведчаннi пра адпаведнасць забеспячэння бяспекi абавязковым цыркулярам.

Невялiкае святло на вежы самага высокага будынка-дамiнанты КДБ нагадвае стары савецкi анекдот пра тое, як адзiн тутэйшынец хацеў упэўнiцца, цi сапраўды гэтая фiрма чувае, i са смехам назвоньваў туды сярод ночы, пытаючы ў дзяжурнага, чаму яго, грамадзянiна, яшчэ не павязалi. Пасля трэцяга званка ён адчуў на сваiм плячы лёгкае паляпванне далоняй i, збялеўшы ад перапуду, убачыў некалькi суворых мужчын у скураных плашчах.

Цяпер скураныя плашчы замянiлi скуранымi курткамi, "скуранкамi", як тут кажуць, часцей за ўсё са стамбульскiх рынкаў. Адтуль павёўся турэцкi ўклад у развiццё сiл бяспекi Беларусi. Калi а шостай людзi выходзяць з працы альбо ўдзень на абедзены перапынак, увесь цэнтр i наваколле яго стракацiць панурымi аблiччамi ўсякiх тыпаў у скуранках.

Мы стаiм каля акна. Я спрабую вытлумачыць ёй свой стан. Страх i ўсё большая i большая хваля рашучасцi, гатоўнасцi змагацца з гэтым брутальным i лiхiм светам. Здалёку мы бачым, як тамтэйшы муэдзiн на сваёй вежы круцiцца каля пiсьмовага стала, скупа асветленага агеньчыкам лампадкi. Святло падае амаль на нашыя твары, хоць адлегласць даволi вялiкая. Яна абняла мяне. Я адчуваю прыемны пах яе скуры. Валасы асыпаюць мой твар.

Нечакана яна кажа, што, пачакай хвiлiнку, яна пераапранецца ў нейкi адмысловы прыкiд. Знiкае ў калiдоры, i я чую, як яна дастае з шафы ўбранне. Падыходжу блiжэй - яна перад люстрам здымае блузку i спаднiцу. Якi цудоўны бюст. Я кажу ёй камплiмент, а яна крывiцца, - ай, кiнь! - гэта ёй, бач, не да густу. Надзявае бардовую блузку, спаднiцу, абувае туфлi на высокiх абцасах. Становiцца перад мною. Такая прыгожая, страшна прыгожая. У вачах чарцяняты, сiне-шэрыя. Матухны, колькi ж бо ў ёй сексуальнасцi! Падыходжу яшчэ блiжэй, пагладжваю яе валасы, рукi, сцёгны, i неспадзявана мы ныраем у вiрлiвую прастору, дзе адкрываецца нешта такое, што ў нас наймацнейшае i не дае зважаць нi на якiя рэляцыi i справаздачы, быццам мы былi часткай гэтага грамадства, гэтага горада, часу, зацятасцi i граных у ёй роляў. З той самай сiлай адначасова з нас абедзьвюх вызваляецца нейкая энергiя, якая пазбаўляе нас усякай улады. Яна кiдае нас на канапу, на ложак. Прымушае дакранацца да цела ў найбольш iнтымных месцах. Яна праводзiць далоняй пяшчотную лiнiю па ўсiх самых далiкатных стацях, на стыку цела i псiхiкi, душы i фiзiчнасцi. Мы качаемся па падлозе, ахопленыя хваляй дзiкай жарсцi. Пацалункi, уздыхi i стогны. Валасы сплятаюцца, рассыпаныя недзе памiж шыяй, далонямi, адзеннем i бялiзнай. Мы абедзве ўзрушаныя гэтай сiтуацыяй i штохвiлiны са здзiўленнем прыпыняемся, каб паглядзець адна адной у вочы. Як бы з пытаннем, цi гэта праўда, цi такое магчыма. Але целы далей, нiбы незалежна i без нашага ўдзелу граюць сваю ўласную мелодыю, паводле толькi iм вядомага рытму. Не ведаю, колькi гэта доўжыцца. Можа, некалькi хвiлiн, можа, гадзiну. Вяртаемся i зноў кiдаемся ў тыя самыя рытмы, якiя ўзмацняюць i без таго вялiкi ўздым. Яна раптам выбухае мне ў твар стогнам асалоды i радасцi. Я адчуваю гарачую хвалю яе энергii, якая вылiваецца на мяне i даводзiць да знясiльнага аргазму. Мы цалуемся гэтак сама палка, цалуем твар, грудзi i гарачую скуру на ўсiм целе. Потым хвiлiну ляжым без руху, без духу, каб пасля перабрацца на тапчан. Я зноў гляджу на акно ў бок святла з суседняга дома. Там наш кат за кадэбэшным сталом спрабуе прывесцi нас у нармальны стан. Допыт працягваецца. А мы хаваем свае целы пад коўдрай, накрываючы ёю свой перапалох альбо пагарду i бяссiласць супроцуь гэтага мужчынскага свету.

VIII

Неспадзявана пасля нашай працяглай начной размовы яна дала мне сшытак з запiсамi. З таямнiчай усмешкай паведамiла, што гэта дазволiць мне крыху лепей зразумець яе ўнутраны лад.

Я ўзялася чытаць з пэўным подзiвам. Крыху ў гэтым успамiнаў, вершаў, малiтваў, паэтычнай прозы, выпiсак з iншых кнiг - яе любiмага чытва. Ёсць таксама фрагменты нейкiх яе артыкулаў, цi эскiзаў i чарнавiкоў. Яна згадзiлася, каб частку тых тэкстаў я пераклала.

Калi я пачынаю разважаць пра свабоду, я думаю пра абмежаваннi, якiя не дазваляюць мне адчуваць сябе свабоднай. I тады я задаю сабе пытанне - калi ж я свабодная. Чаму апынулася тут i цяпер, у гэтым часе i прасторы. Развалiўся Савецкi Саюз. Для маiх бацькоў гэта быў сур'ёзны дыскамфорт. Мацi камунiстка, бацька разважлiвы патрыёт, якi па начах слухаў "Радыё Свабода". Абое рашылi прыняць гэту новую рэчаiснасць i ўступiлi ў нейкi кааператыў, якi даваў хуткiя i неблагiя грошы. Адчулi свабоду i дастатак. Але адначасова i няўпэўненасць цi ўдасца так далей утрымацца. Бо ў перспектыве ўсё ж пенсiя i невядомы лёс. Мацi пачала даваць збоi ўжо ў 1994 годзе перад выбарамi прэзiдэнта. Нават угоньвалася з улёткамi, каб людзi ў нашым доме галасавалi за Лукашэнку. То былi класiчныя ўцёкi ад свабоды. Бацька пасля паражкi БНФ адышоў ад палiтыкi. Яго свабода таксама зазнала плягi.

А для мяне, нягледзячы нi на што, быў гэта свет знешнi, з нiчым я сябе не атаясамлiвала. Нiякай палiтыкi, нiякiх поглядаў. Айчынная вайна яшчэ пэўная святыня, бо ў дзяцiнстве ў мяне быў любiмы дзядуля, якi ўвёў у мяне тую вялiкую легенду пра вайну з фашыстамi, вайну за вялiкую святую справу. У сярэдняй школе ўсё гэта адбiлася ўва мне патрыятычным парывам. Мне было шаснаццаць, калi я звярнулася ў ваенную камендатуру, каб мяне ўзялi ў Афганiстан на вайну санiтаркай. Калi сёння я чагосьцi саромеюся, дык не так высакароднага парыву, як таго невуцтва, якога нiхто з самых блiзкiх не мог альбо не хацеў паправiць. Бо пазней i зусiм ненаўмысны мiф пра высакародную вайну аказаўся мiстыфiкацыяй, а дзядуля сапраўды быў партызанам, але як скiнуты з парашутам камiсар НКВД. I зусiм не ваяваў з фашыстамi. Пасля вайны невядома чаму некалькi гадоў служыў у адным з лагераў на Калыме. У кожным разе не як ахвяра. Усё гэта не было схавана ад мяне, бо ў размовах з бабуляй я завялася занадта моцна цiкавiцца падрабязнасцямi.

Але ўсе мы, мусiць, былi такiм суровым, высакародным матэрыялам, з якога спакваля i сiстэматычна пяклi нейкi хлеб, прасавалi iдэалагiчныя пляцкi з малых несвядомых кавалкаў, казурак, пазбаўленых абарончых механiзмаў.

Адна мая знаёмая з мястэчка Беразiно сваiм часам была добрай, пачцiвай i гарачай камунiсткай. Верыла ва ўсе гэтыя глупствы. Мела добрую адукацыю, заслужаную пасаду ў раёне. Уладкаваны свет. Калi ў 1990 годзе ляснуўся яе даражэнькi Савецкi Саюз, лопнула ўся структура, яна месца сабе не знаходзiла. Паўгода хадзiла сама не свая. Страцiла працу ў райкаме, з ёю перасталi лiчыцца. Аднаго вечара яна кiнулася ў плынi ракi з самага высокага ў горадзе маста. Выцягнулi яе ў апошнi момант. Ляжала ў бальнiцы, лячылася больш года, i тады ў ёй нешта прарвалася. Узялася за паро, панадзiлася пiсаць вершы. Праз суседку запазналася з каталiцкiм ксяндзом. Заўчашчала ў касцёл. Ажыла. Зноў знайшла сваё месца.

Калi я гляджу на такi лёс i думаю пра свабоду, адчуваю нейкi фальш i няпраўду ў кожнай навязанай структуры. А я ж тым самым часам ведаю, што свабода - гэта часцяком нейкi выбар акрэсленай праўды, структуры, схемы, што дае сiлу быць унутрана моцнай i добрай для iншых.

Я ўсё яшчэ захавала ў сабе ўпэўненасць, што ўжо цяпер нiхто мяне больш не ашукае, як мiльёны гэтых бедных савецкiх грамадзян, кормленых iдэалогiяй, надзеяй, хлуснёй i страхам. Няма мне месца нi ў якой структуры. Адусюль, дзе толькi прыкмячаю хоць бы якi след складзенай кiмсьцi рэчаiснасцi, я выкоўзваюся, уцякаю i шалею як у прыступе клаўстрафобii. Замкнутая, усю сваю энергiю трачу на планаванне ўцёкаў i ўжо калi вырываюся, першы глыток свежага паветра мне больш вартасны i жывасны, чым увесь той спакой i ўнармаваная iснасць, да якой мяне дапасавалi.

IX

Яна расказала мне пра сваю апошнюю мару. Было, як у цёплым сне, ты яшчэ ўся ў iмгненнi абуджэння, яшчэ кволiшся ў мроiве, а ўжо святло, якое падае ў пакой, уступiла з табою ў блiзкi кантакт.

Ёй снiўся прыгожы сон з падстрыжаным газонам i дагледжаным кветнiкам. На вулiцы перад пад'ездам вялiкi аўтамабiль, амерыканскi van з блiскучымi буферамi i ёмiстым нутром. На ветравой шыбе прылiплыя бярозавыя лiсткi. За ноч стаяння на металiчны лак асела раса. Усё гэта разам як вобраз упэўненасцi, стабiльнасцi, заможнасцi, перажываных у сямейным коле. Я аж сама дзiву далася, што так кiнулася ў мары. Туга па сямейным цяпле, апецы чалавекам, якi штодзень надзявае чыстую кашулю i прыносiць у дом гiбель колькi даляраў.

Сапраўды я здзiвiлася, бо лiчыла яе цвёрдай дзяўчынай, якая, навучаная савецкiм вопытам, ведае, што няварта так лёгка аддавацца iлюзiям i марам, бо сутыкненне з брутальнай рэчаiснасцю бывае непрапарцыянальна балючае. Стараюся падтрымлiваць яе, каб апорысцей стаяла на зямлi.

А яна тады расклеiлася i завялася ў румзы.

Кажа, што гэтак сама адчула сябе калiсьцi, вярнуўшыся з Чэхii. Упадала ў iстэрыю праз таго чэскага бiзнесоўца, з якiм запазналася ў Менску на кiрмашы. Стары казёл звёў яе абяцанкамi, запрасiў у Судэты на лыжы, спыняўся ў дарагiх гатэлях, даваў вячэры ва ўтульных кнайпах. Меўся забяспечыць ёй сталы побыт, дазвол на працу, кватэру ў Празе. А пасля раптам знiк, пакiнуўшы яе каля польскай гранiцы. На шчасце аплацiў рахункi, i яна мела пры сабе колькi там даляраў, каб вярнуцца праз Уроцлаў начным цягнiком у Берасце.

Кажа, што Багумiл спалохаўся яе тэмпераменту ў ложку. Яму ўжо было пад пяцьдзесят за плячыма, а яна мела дужа разгарачаны смак на жыццё, фiзiялогiю, якая вымагала сiстэматычнага пешчання i трэнiнгу. Я толькi не магла паверыць, што яна так проста i хутка далася загнаць сябе ў пастку ўласных мараў.

Я разважала з ёю скрупулёзна крок за крокам, як яна ўяўляла сабе жыццё ў Чэхii - сцiплай журналiсткi з Беларусi, выстаўленай на пажыранне з прычыны гарманiчнай славянскай прыгажосцi, што адразу кiдалася ў вочы, - як безабаронны хутаранiн у лесе, поўным ваўкоў, рысяў i драпежных адзiнцоў. Дзяўчаты з Менска выязджаюць у Прагу наогул на вулiцу, i толькi некаторым перападае добрая халява ў начным кабарэ, дзе яны растрэсенымi сцёгнамi даводзяць да эрэкцыi поўныя партфелi тлустых i слiнявых пенсiянераў з Германii, Аўстрыi i адкуль бы там яшчэ тое нi было.

Яна марыла вырвацца адтуль, з бруднай i бяздоннай ямы, дзе адзiныя сапраўдныя хахалi - гэта злачынцы ў люксусовых аўтамабiлях з прэзiдэнцкай цi iншай мафii. Яна доўга спасылалася на нейкiх знаёмых з радыё "Свабода", у беларускай рэдакцыi. Калi б Багумiл дапамог ёй зачапiцца на першых паўгода, яна напэўна знайшла б працу ў якой-небудзь культурнiцкай праграме радыё i пiсала б карэспандэнцыi пра артыстычную актыўнасць землякоў за гранiцай.

З першага падарожжа ў Прагу яна i прывезла масу цiкавых фотаздымкаў. З усiх веяла яе нерацыянальнай тугой па мяшчанскiм уладжаным жыццi. Да знуджэння талдонiла мне, што даўно думала застацца там, бо ў Чэхii, бадай што, найпрасцей знайсцi самую сябе - мова блiзкая, краiна славянская, культура заходняя. Прачытала недзе ў менскай газеце, што там адносна лёгка дастаць карту на сталае жыхарства. Вацлаў, з якiм тады пазнаёмiлася ў начным бары, падрадзiўся паспрыяць. Але калi ён пад'юрыўся да яе ў саўне мала што не праз гадзiну пасля знаёмства, яна скемiла, што павiнна змянiць альбо прафесiю, альбо тактыку.

Калi яна мне ўсё гэта расказала, я адчула крыху нясмаку i нават гiдлiвасцi да яе. Так лёгка знiзiла лёт амбiцый з прычыны фатальнай паласы ў жыццi. Вядома, няўдачы змушаюць да карэкцыi планаў, але з яе здольнасцямi гэта не праблема. Яна дасканалая журналiстка, паэтка, цудоўна разбiраецца ў музыцы, сама грае на фартэпiяна, па-майстэрску фатаграфуе, мае спартыўнае захапленне i добрыя ўмовы, каб шмат гадоў трымаць сваё цела ў выдатнай кандыцыi i прыгожай форме, без лiшняй траты сiлы, без адмысловага самаахвяравання. Веданне некалькiх моваў i класнае ўмельства зблiжацца з людзьмi, а таксама журналiсцкi нюх на ўсялякiя актуальнасцi.

Пазнаёмiўшыся з ёю, я сама не магла адысцi ад здзiўлення, - чаму я так раптам проста з моста захапiлася гэтай самастойнай, упарцiстай дзяўчынай, якая з французскай iнтэлектуальнай лёгкасцю, нямецкай паслядоўнасцю ў працы i iтальянскiм тэмпераментам заваявала Менск.

А цяпер як звычайная няўдалiца падбiвае мяне выехаць з ёю куды-небудзь з гэтай юдолi роспачы i адчаю. Яна iмпэтна загараецца новымi iдэямi i, з блiскучымi вачыма, падкурчыўшы ногi на тапчане, уголас чытае фрагменты тэкстаў з газет пра тое, што замежныя iнвестары ў Чэхii могуць i не мець спецыяльных грошай, дастаткова зацiкавiць фiрму, каб закупiць нерухомасць i дастаць права на жыхарства...

Толькi як нядаўна, апошняй зiмою, з'ездзiла туды - у чэшскiя Судэты - яе першая зачараванасць добрай арганiзацыяй кожнай дэталi жыцця перарадзiлася ў скепсiс, калi ёй далi зразумець, што яна там такая ж чужая, як цыган альбо хтось такi iншы. Яна пазычала лыжы на цэлы тыдзень, i нiхто яе спецыяльна не чапаў, калi аддавала на дзень-другi пазней. З усмешкай запрашалi прыйсцi наступным разам. Жыла ў вялiкiм гатэлi, з вокан якога былi вiдны падсвечаныя горы. Праз некалькi дзён нейкi трыбухаты чэх, якi ўвесь час ейнага пражывання ўважлiва пасвiў яе вокам, намякнуў, што ён там гаспадар i чакае аддзякi за такiя прыемныя хвiлiны. Можа, не было б у тым нiчога брыдкага, але калi ён прапанаваў падмацаваць ужо дадзеныя авансы канкрэтнай платай, яна адчула гiдлiвасць. Бадай, хутчэй да самой сябе, чым да таго разапселага парвеню. Ён жа аказаўся звычайнай свiннёй, бо за адхiленыя авансы паквiтаўся i данёс iмiграцыйным уладам, што яна прастытутка. I яна з адмiнiстрацыйнай вiзай мусiла пакiнуць Чэхiю на працягу дваццацi чатырох гадзiн. Магу сабе ўявiць, колькi сораму i ганьбы ператрывала. Ну, i год перапынку, балючага расстання з квяцiстай рэчаiснасцю, да якой паспела ўжо душой прыкiпець.

X

З таго часу седнем засела ў Менску i заўзята пiша справаздачы з выставаў, якiя наведала ў Празе. Нiхто не хоча публiкаваць, дык расчараванасць паглыбляецца.

А Марк прыходзiць да яе на кватэру i, убачыўшы нас абедзвюх, прытухлых i нябогiх, прапануе выехаць у Рыгу. Пазней я гутарыла з Маркам, якi заўсёды ахвочы да новых выклiкаў лёсу i перамен. Не вельмi яму гэта абыходзiць, не дужа далягае. Кантракт з немцамi ўжо канчаецца, а прапановы працы ў гандлёвай канторы пасольства даволi цьмяныя. Але i Марк, якi заўсёды цвёрда ходзiць па зямлi, высмеяў такую перспектыву. Хоць ён i не паляк, але раiў ёй, што лепш было б зачапiцца ў Польшчы.

Марк са сваiм латышскiм грамадзянствам i банкаўскай прафесiяй можа не турбавацца. Адзiная праблема, якою ён дастаў мяне, гэта - што мы павiнны былi б пабрацца i такiм чынам урэгуляваць нашыя адносiны. А ў мяне на тое жаднай ахвоты. Дык вось калi ён прыходзiць да яе i бачыць нас абедзвюх, як мы сядзiм блiзка адна каля аднае на кухнi над чайнiкам гарбаты, ён упадае ў ятру i спаганяе на ёй усё сваё раздражненне.

Тады яна дэманструе мне мужчынскую салiдарнасць i падбiвае мяне пагаварыць з iм больш сур'ёна, чым дагэтуль. Зрэшты я трактую гэта як правакацыю цi яе жарт. А Марк недаверлiва глядзiць на нас i ўсё гэта прымае за вытанчана далiкатную гульню дзвюх кабет супроць адзiнага тут вартаснага мужчыны.

Часта паўтараю ёй, што такi постсавецкi госць шануе цябе, пакуль ты незалежная. Пайсцi на ягоныя хлябы i транты - гэта прыкладна тое самае, як дацца замкнуць сябе ў камеры турмы на Валадарскага, якую цi не кожны дзень я сузiраю са свайго акна.

А сёння ён салодзенькi i любенькi, хоць ты цалуйся з iм. I такога яго люблю, але iду ў заклад, што праз дзень па шлюбе ён меў бы мяне глыбока ў срацы. Так i бачу iх абаiх перад тэлевiзарам, як яны мастурбуюцца, да позняй ночы праглядаючы парнаграфiчныя фiльмы, пакiдаючы ялавым такое ладнае цела на тапчане. А мне з iм добра, але я хачу незалежнасцi i права выбару.

Апошнiм часам яна загаварыла пра выезд у Новую Зеландыю. Я бяссiльная i з такой самай бяссiлай мiнай выслухоўваю яе новыя намыслы. Кiдаецца з iлюзii ў iлюзiю. Я, вядома, нiчога не выключаю. Яна ведае мяне настолькi, што ўмее развярэдзiць маю фантазiю. Нездарма ж мы паслалi ўнёскi на вiзавую латарэю ў Штаты.

Кантракт з Мiнiстэрствам адукацыi канчаецца ў мяне ў чэрвенi. Пасля двух гадоў працы выкладчыцай польскай мовы ў тутэйшых вучэльнях я думаю, што буду вымушана зрабiць сабе перапынак. Выязджаю ў Менск. Вяртаюся ў Кракаў.

XI

Так было ў мяне з адной маёй паездкай у Вiльню. Я купiла бiлет, села ў цягнiк i за няпоўныя чатыры гадзiны была ўжо там i рассякала старую Вiльню. Разглядваючы сябе ў вiтрынах крамаў, слухаючы цвiркатанне летувiскай мовы, заглыбляючыся ў змрочныя сутарэннi касцёлаў, я ўвесь час мела высокi ўзровень адрэналiну, якi дазваляў мне амаль навобмацак адчуваць сапраўдную свабоду.

А свабода ж можа мець форму мужчыны. Хай сабе i не заўсёды i не надоўга. Я засела на Замкавай за столiк у кавярнi, замовiла сок i канапку. Як лёгка звярнуць на сябе ўвагу - самотная дзяўчына, усмешлiвая, нiкуды не спяшаецца.

Суседнi столiк. Пажылы мужчына. Я адказала ўсмешкай на зачэпны кiвок галавой, якi, мусiць, павiнен быў азначаць "смачнога". З другога суседняга столiка падсунулася смешная сiтуацыя. Муж, жонка, дзiця. Ён бачыць пад сталом мае адкрытыя каленi i не зводзiць з iх вачэй. Няўжо мужчыны больш палiгамныя? Я не ўпэўненая, бо, бадай што i хутчэй за ўсё, палiгамныя мы, жанчыны. Калi, маючы ўсялякiя вартасцi i целы i асобавасцi, мы можам выбiраць спасярод залётнiкаў, шанавальнiкаў, сярод арды самцоў, якiя дужаюцца за доступ да ўлады, маёмасцi i нашых целаў, што таксама ёсць атрыбут улады i маёмасцi. Сярод гэтых iнстынктаў толькi тое, што робiм мы, ёсць сапраўдная палiгамiя. Быць са мною можа толькi той, каго захачу я. На хвiлiну, на адзiн раз, альбо на цэлае жыццё. I то ж большасць жанчын не ўсведамляюць гэтай сваёй незвычайнай улады. I паддаюцца мужчынам. Падпарадкоўваюцца, дзелячы ўладу i маёмасць свайго Гаспадара i ўладцы. На яе сплывае частка атрыбутаў улады. Прызвычаеныя выхаваннем матуляў i бабуляў трываюць у гэтым стане, даючы выйсце толькi бясплённым мроям.

Насупраць селi два хлопцы. Маюць сотавiк, якi сюд-туд i назвоньвае. Балабоняць па-летувiску, уладжваюць нейкiя гешэфты. П'юць каву. Праз колькi там хвiлiн у iхнiх клопатах яўна настае нейкi пералом. Пасля аднаго такога званка радуюцца, паляпваюць па плечах, пляскаюць у далонi, як пасля гола ў баскетболе. Абодва летувiсы рослыя, светлавалосыя, у джынсах i спартовых кашулях. Уладзiўшы нейкую важную справу, адмаўляюцца ад кавы i заказваюць чатыры вялiкiя куфлi пiва. Расслабiўшыся, пачынаюць заўважаць мяне. Сваiм звычаем я какетлiва апускаю вочкi i сцiпленька ўсмiхаюся.

Калi даядаю канапку i ўжо меруся плацiць, адзiн з iх устае ад столiка i пытаецца па-летувiску. Нiчога не разумею. Пытаецца па-расейску, цi нельга iм падсуседзiцца. Усмiхаюся. Яны бяруць сваё пiва, падсаджваюцца. Аднаго завуць Арвiдас, другога Ёнас. Абодва з Коўнi. Прыехалi купiць нейкую вялiкую партыю электратавараў у расейца з Калiнiнграда. Дамоўленую цану iм удалося збiць i вось радыя, бо ў Клайпедзе тавару ўжо чакае вялiкая крама.

У такiм радасным настроi яны коратка расказалi пра ўдалы дзень, памысныя iнтэрасы i перспектывы сваёй фiрмы. Як на летувiсаў хлопцы даволi гаваркiя i адкрытыя. Выпiўшы пiва, заплацiлi, i мы пайлi на шпацыр па горадзе, бо, даведаўшыся, што я з Менска, от мусова зарупiла iм узяць мяне ў Коўню. Арвiдас адразу саступiў месца ля мяне Ёнасу. Можа, загадзя ўмовiлiся, альбо ж не хапала iм эратычнага ўяўлення. Шпацыр з кожнай хвiлiнай набываў усё гусцейшы характар як у тэмах гутаркi так ва ўсё часцейшых дакрананнях. Хлопцы, вiдаць, не ўяўлялi сабе, што я магла згадзiцца пайсцi з iмi абодвума, што хапае мне на тое адвагi, рашучасцi i сексуальнай фантазii. Мае намёкi не даходзiлi да Арвiдаса, толькi злавалi Ёнаса. У парадку. Я дала сабе спакою што да далейшых правакацый, не зацягвала iх больш на няпэўны грунт. Зрэшты, дзеля таго ж я i прыехала ў Вiльню, каб перажыць штосьцi моцнае.

Арвiдас нарэшце праз дзве гадзiны злiняў. Мы з Ёнасам сядзелi ў кнайпе на Дамiнiканскай. Пачаў прыступаць да справы. Сапраўды спяшаецца ў Коўню, куды запрашае i мяне, але, зрэшты, маглi б праехацца на машыне куды-небудзь за горад. Я адразу згаджаюся, бо пасля добрага пасiлку варта i прагуляцца. Выязджаем у бок Неманчына. Дзесяцiгадовы чорны "Мэрсэдэс" цудоўны, як новенькi. Добрая музыка. Збочваем у лес. Я пытаюся ў Ёнаса, цi мае прэзерватывы. Пасаромлены, кiвае галавою, што не. Вяртаемся на блiжэйшую запраўку. Купляе. Вяртаемся ў лес. Ёнас заглыбляе машыну ў гушчобу. Выходжу. Ён кiдаецца на мяне, распалены. Супакойваю яго. Маем час, куды нам спяшацца паспеем у ягады схадзiць. Прапануе пакласцi мяне на нагрэтым чахле машыны. Дастае з багажнiка коўдру. Я здымаю майткi. Падцягваю спаднiцу. Ёнас ледзь дыхае. Не разлiчваў на такiя тэмпы. Надзяваю яму прэзерватыў. Няблага. Але ўжо праз хвiлiну ён канчаецца ўва мне. Поўны прэзерватыў спермы, Гладжу яго, але вiдаць, як хутка ападае ў iм ахвота да далейшых пяшчотаў. Дрэнь. Шмат цела, мала мазгоў у чэрапе. Я расчараваная. Ён не трацiць фасону. Робiць выгляд, што было o'кей. Нацягвае мне майткi, азiраецца навокал - крыху небяспечна. Не пярэчу. Пакуемся i - у машыну. Адчыняю бляшанку з пiвам. Ёнас крыху сумеўся. Спрабуе дамовiцца на наступнае спатканне. Аддае мне рэшту прэзерватываў, каб захавала да наступнага разу. Во, нахаба. Спяшаецца. Добра, разумею. Але каб так дэманстрацыйна.

Завёз мяне ў горад. Развiталiся даволi холадна. Ён быў крыху агаломшаны маiм тэмпераментам i, вiдаць, адчуваў сорам, што я прынiзiла яго, навязаўшы свой рэжым. Але не зразумеў, што ў гэтым магло, зрэшты, заходзiцца пра нешта цалкам iншае. Калi б ён не аддаў мне тых прэзерватываў i не злез з мяне з такiм спрытам, ледзь не падганяючы мяне адзявацца, я ацанiла б яго зусiм iнакш. А я адчула сябе рэччу. Ён мог бы, вядома, у той момант сказаць, што я сама так хацела, бо лёгка на ўсё згадзiлася. Гэта толькi пачатак. Гэта толькi нагода прачынiць самыя патаемныя закануркi душы. Чым больш у сексе дзiкага эгаiзму, тым хутчэй трэба з iм канчаць. Секс адчыняе дзверы каханню. А ён, здаецца, таго не разумее. Цяжка, хоць гэта i мая страта.

Я зноў на Замкавай. У запасе больш за дзве гадзiны да цягнiка. У Менску буду каля адзiнаццатай. Уваходжу ў касцёл св. Ганны. Як я люблю гэты касцёл. Ён адчыняе ўва мне ўсю маю генетычнную памяць. Я быццам заглыблялася ў iм ва ўсе закуткi гiсторыi, перажытага, трагедый i радасцяў. Нiбы я была сама гiсторыяй гэтай зямлi, часткаю людскiх лёсаў, якiя накладваюцца на маё марнае, нiкчэмнае жыццё. Малюся, уткнуўшыся тварам у далонi. На далонях яшчэ пах прэзерватыва. Не ведаю, смяяцца цi плакаць. Мяшаецца ўва мне дзiкасць маёй натуры з разбуджанай настальгiяй па ўпарадкаваным жыццi. (Якога nota bene не выношу). I як тут зразумець сябе самую.

Выходжу з касцёла. Каля помнiка Мiцкевiчу дзве дзяўчыны за мальбертамi пэцкаюць палатно, надаючы вобразнасць гарадскiм краявiдам.

Рашыла выпiць добрай кавы. Падымаю ацяжэлае цела на гару завулкамi з боку Зарэчча да касцёла айцоў Аўгусцiнцаў. Заварочваю на вулiцу Бокшта, уздоўж тоўстага цаглянага мура - направа i вяртаюся св. Казiмiрам у стары горад. Мiнаю пажылога мужчыну. Вiдаць, замежнiк, якi з дзiцячай радасцю спрабуе схапiць у аб'ектыў свайго апарата выдатна асветленую залацiстую званiцу касцёла св. Казiмiра. А ў мужыка чэпкае вока! Сапраўды, выгляд цудоўны. Архiтэктура, якая дае адчуванне велiчы як яе творцаў так i тых, што хоць бы на хвiлiну спрабуюць затрывалiць яе ў памяцi.

З вулiцы св. Казiмiра я выйшла на пляцык перад фiлармонiяй. У ашклёнай кавяраньцы, прылепленай да сцяны старой камянiцы, знаходжу выдатны вiдок на ўваход да Вострабрамскай, арка з вулiцай уздоўж будынка фiлармонii, выхад на вулiцу Вялiкую (Дыджоi) з уваходам у браму ў камянiцы, на падворку якое зацiшны гатэлiк "Grybas". Заказваю каву, заходжу на хвiлiну ў сутарэнне ў туалет. Калi вяртаюся, за маiм столiку сядзiць той самы пажылы мужчына, якога спаткала, калi ён фатаграфаваў капулу св. Казiмiра. Мая сумка вiсiць на крэсле, дык я падыходжу зняць яе i перасесцi.

Мужчына ўстае i па-ангельску перапрашаецца, што заняў маё месца. Сам перасядзе. Мы стаiм так з хвiлiну якую ў перапросiнах i раптам выбухаем смехам, рашаем сесцi i хай будзе, як ёсць. Мужчына прадстаўляецца. Iмя Марцiн. Амерыканскi жыд. Яго радня паходзiць з Вiльнi. Многiя з раднi загiнулi ў час вайны ў недалёкiх Панарах. Але ён не спынецца на падрабязнасцях. Бегла тлумачыць, што мае тут крыху iнтэрасу. Прадстаўляе як юрыст некалькi амерыканскiх фiрмаў у Вiльнi i ў Рызе. Мае даручаную працу i час ад часу прылятае сюды з Амерыкi. Жыве ў гатэлi насупраць, у "Грыбасе". Стары жыдоўскi дом купца Фейгельзона мае добрую аўру.

Выпiваем каву. Я крыху расказваю яму пра сябе. Пра свае журналiсцкiя страсцi i пра пошукi свабоды, да якой з Менска так блiзка, а яна тым часам як бы i недаступная. I таму даводзiцца нам, беларусам, наязджаць сюды, каб падобна Фаме-недавярку дакрануцца i ўпэўнiцца, што так яно i ёсць напраўду. Скарачаю размову, дапiваючы каву i паглядаючы на гадзiннiк. Тлумачу, што праз сорак хвiлiн мой цягнiк. Марцiн заахвочвае мяне яшчэ, каб я заглянула з iм у браму дома насупраць. Згаджаюся. Ён паказвае мне чорную гранiтную дошку з надпiсам па-расейску i па-жыдоўску. Дом купца Фейгельзона. Выходзiм на вулiцу ў бок Вострай Брамы. Ён пытаецца, цi можна яму правесцi мяне да вакзала. Я ўсмiхаюся, дазваляючы. Ён вельмi сiмпатычны. Я прыглядваюся да ягонага твару ў прамянях надвячорнага сонца. Бадай што, яму гадоў пад шэсцьдзесят. Але не адчуваецца. Невысокi, хударлявы, дагледжаны. Мабыць, у Амерыцы гэта стандарт, у нас у Менску мужчына ў такiм веку абуджае сама большае спачуванне. А ён ужо пачынае мне да спадобы прыпадаць. Адчуўшы недасканаласць маёй ангельскай, стараецца гаварыць павольна, падбiраючы зразумелыя мне словы. Мы праходзiм пад вострабрамскай каплiцай, i ён, далiкатна беручы мяне за далонь, пытаецца, цi каталiчка я. Расказваю яму, як у семнаццаць гадоў я ўцякла з дому, каб з'ездзiць у Нясвiж i ахрысцiцца. Сама так рашыла. Цяпер не ведаю да канца, якога роду быў той выбар. Цi рэлiгii, цi нацыi, цi проста свабоды ад таго замкнутага савецкага свету, у якiм мне штораз рабiлася ўсё больш задушлiва.