Пасля, ужо засынаючы, напаў на думку, каб мы купiлi тую карцiну. Я падклала руку пад ягонае плячо i, тулячыся да раскалыханых валасатых грудзей, апусцiлася ў глыбокi сон.
XVIII
Яна патэлефанавала мне з самага рана, у самы непрыстойны час. Працiраю вочы. Палова восьмай. Але ж i здароўе ў цябе, дзеўка. I хуценька пахвалiлася, што звонiць, уласна, з басейна па тэлефоне калегi. Яны выбiраюцца ў Ракаў. Калегу завуць Вiктар, месяц таму назад ён атрымаў грант у Польшчы на пераклад адной з кнiг Сэргiюша Пясэцкага.
Памятаю захапленне калегаў па вучобе "Запiскамi афiцэра Чырвонай Армii", калi я рашыла замахнуцца на "Багам ночы роўныя" i на "Каханка Вялiкай Мядзведзiцы". Кнiжкi не зрабiлi ня мяне грамавога ўражання. Прачытаўшы некалькi самых цiкавых раздзелаў, адклала на палiцу. I ўжо толькi калi выбiралася ў Менск, пастанавiла сабе паўтарыць чытанне з пачуцця абавязку перад тым светам, якi даўно адышоў i запрапаў. Альбо ж перабраўся на накалькi сот кiламетраў на захад. На iншую гранiцу, па iншыя тавары, на iншую кантрабанду i iншыя легенды, ярка расказваныя за багата застаўленымi сталамi.
Я адзелася. Зашпiляючы спаднiцу, пацягнулася, сонна адкiнуўшыся безуладным целам на ложак, дзе загорнуты ў коўдру прыгнечана енчыў Марк. Пацалавалiся. Пасля чаго я павалаклася на кухню рабiць каву.
Я некалькi разоў праязджала мiма Ракава, але нiколi неяк не знагодзiлася завiнуць туды. Мне заўсёды было цiкава, як жа выглядае гэта авантурнае i рамантычнае мястэчка, якое ў трыццатыя гады вiравала кантрабандным жыццём.
Гатуючы каву, я спрабавала пераказаць Марку змест буйнага жыццёрыса Пясэцкага, але ён глядзеў на мяне заспанымi вачыма i з недаверам на твары. Думаю, што ў iх у Латвii цяжка з верай у рамантычныя гiсторыi - зладзейскiя i разбойнiцкiя.
Я ўкiнула ў свой скураны заплечнiк тэрмас з кавай, бутэльку мiнералкi, печыва i некалькi яблыкаў.
Глянула ў акно. Пад'ехаў мясцовы "Suzuki", з якога мне энергiчна махалi рукамi.
Дарога недалёкая. Пазнаёмiлася з двума яе калегамi. Зусiм нiчым не падобныя. Вiктар - вытанчаны лiтаратар, iнтэлектуал i майстар шлiфоўкi слова. Андрэй - пануры тып ахоўнiка, багаты маетнiк добрай машыны i мабiльнiка. У чорнай скуранцы выглядае як член тыповай "расейскай банды" цi чагосьцi, што ў Польшчы з нядомыслу называюць мафiяй.
Андрэй i Вiктар - два шчырыя сябры яшчэ са школы, яны трымаюцца лаяльнасцi i шануюць розныя вартасцi сiстэмы.
Яна коратка расказвае, як Вiктару прапанавалi пераклад з Пясэцкага, калi ён апублiкаваў артыкул у "Фрагмэнтах" пра жыццё малых гарадоў на польска-савецкiм памежжы ў трыццатыя гады. Атрымаў на працу салiдны грант i поўны захаплення "Каханкам Вялiкай Мядзведзiцы" бярэцца за працу. Пачаў са шматразовага наведвання Ракава. Сёння, дарэчы, гэта яшчэ адна спроба пагутарыць з некалькiмi старажыламi гарадка. Спроба сягнуць у час, з якiм хоча пазнаёмiць усiх нас.
Едзем шырокай двухпалоснай дарогай. Вiктар паказвае, дзе праходзiла польска-савецкая гранiца. Да сёння людзi з Менска, едучы на рыбалку цi ў лес у гэтыя мясцiны, з'едлiва альбо са смуткам кажуць, што едуць у Польшчу.
Мы з'язджаем з гасцiнца на Горадню i Вiльню. Лясны пясчаны прасёлак даводзiць да могiлак. Вiктар просiць Андрэя спынiцца. Выходзiм з машыны. Белая каплiца i свежа высечаныя дзiкiя дрэвы i кустоўе Тлумачыць нам, паказваючы навакол рукою, што толькi цяпер у хвойнiку бачыцца рука гаспадара, якi як бы вярнуўся сюды праз прорву гадоў. Шмат магiл сярод выносных соснаў пазападала. Чытаю польскiя прозвiшчы на старых замшэлых камянях.
Вiктар праводзiць мяне за каплiцу, дзе да сцяны прымацавана пад канец мiнулага альбо на пачатку гэтага стагоддзя салiдная металiчная таблiца. Польскiя надпiсы, польскiя прозвiшчы. Мне ўспамiнаецца падарожжа ў Нiжнi Слёнск, дзе я недаўмёна адкрывала сабе чужы, але разам з тым i блiзкi свет, якi ўжо адышоў, але i пакiнуў па сабе шматлiкiя сведчаннi ў гатычных надпiсах.
З могiлак асфальтавай дарогай кiруем у бок касцёла, куды, як пiша Пясэцкi, на нядзельную мшу кантрабандысты наогул не хадзiлi перапрашацца ў Пана Бога за многiя грахi, хадзiлi ж бо, каб проста пафарсiць у новым гарнiтуры i прыгледзецца да маладых дзяўчатак, з якiмi ўжо папалуднi выгульвалiся вакол мястэчка.
Раптам з летуценнiцкага замроення мяне вырваў нечаканы вiдок. I толькi Яна адразу змецiла бляск у маiх вачах. Паперадзе нас шыбаваў чорны лiмузiн "Масквiч" трыццатых гадоў. На фоне драўляных даваенных дамоў гэта глядзелася як сцэнарый фiльма тых часоў. Мы ўсмiхнулiся самi сабе, а яна памахала камусьцi знаёмаму за кiроўцай. Усё зрэжысеравана? Я жартую, што гэты яе досцiп меў дужа чаго каштаваць. Вiктар, вiдаць, найбольш задаволены, бо нечакана ўсе мы разам апынулiся ў сiтуацыi, якое самi хацелi. Чацвёра нас, нiбы статыстаў, сталiся часткай краявiду ўжо нежывога пiсьменнiка. Так, нiбы сам Пясэцкi пакпiў з нас, падкраўшыся, як шпiён i кантрабандыст, i нябачна спынiўся за намi. У ягоным стылi.
Потым едзем да Янушкевiча ў саўну. Найперш старамодныя перагуды з Язэпам i яго братам Фелiксам, у якога рот не закрываецца i якi хвалiцца новымi набыткамi з нейкiх раскопаў. Скудзельны посуд, кафлi, фiгуркi мiфiчных зверанят з неiснуючых ужо халуп жыдоўскiх купцоў i рамеснiкаў. Потым папiваем самагонку з мясцовых лясоў. Слiзка п'ецца ды хутка развозiць. Калi браты Янушкевiчы ад'язджаюць, мы застаемся адны ў гасподзе. Даржнiк - падворак з зялёным травянiстым дзядзiнцам замкнуты будынкамi з усiх бакоў. У куце ўжо дымiцца расейская "баня".
Раздзяваемся i ўскокваем усярэдзiну. У гарачай атмасферы поўнай пары i алкагольнага чаду прыгадваем сабе балады i кантрабандысцкiя гiсторыi. Вiктару ў гэтым супернiкаў няма.
Крадком паглядаю то на Яе, то на хлопцаў, якiя весела ўгоньваюцца вакол стала. Драўляная вялiкая расейская лазня ўжо набрала жару, ля сцен велiзарныя бочкi з ледзяной вадой з ракi. Настрой i гамонкi неяк успасобiлi нас абедзьвюх усё больш i больш зблiжацца, нiбыта праз дакрананнi мы маглi знайсцi ўзаемную халодную бяспеку нашым целам. Пазiраю на яе з адценнем фiглярнага запыту, яна на мяне глядзiць замглёнымi вачыма з распаленымi губамi. Бачым сябе ў ролi вясковых дзевак, якiх багатыя спадары кантрабандысты запрасiлi на оргiю, каб расслабiць стурзаныя нервы i не думаць, што, можа, ужо заўтра, мо, праз тыдзень каторы з iх загнецца ў засадзе на савецкiм баку альбо жыўцом гнiцьме ў суровай вязьнiцы. Яны запрасiлi нас, каб мы дакранулiся да iх цяжкай долi i сваiмi целамi ўступiлi ў садружнасць вялiкага грэху.
Яе разгарачаныя вочы патрабуюць, каб я проста задала пытанне - цi была б ты гатовая. Яна згодна кiвае галавой. Глядзiм на хлопцаў, на iх абвiслыя памiж ног прычындалы. Так. Трэба прыцьмiць святло i схавацца ад нечаканых цiкаўных раззяваў...
XIX
Сёння першы дзень траўня. "Жалезныя браты" адкрываюць сезон. Палова мiрскай моладзi будзе з зайздрасцю назiраць за кавалькадай блiскучых "Harley", "Honda", "Yamaha", што праедуць праз горад.
Я дамовiлася, што чакацьму пад Макдональдам а дзесятай, а пасля паедзем у метро да Колi ў далёкi пасёлак.
У бляшаным гаражы Коля разам са сваiмi прыяцелямi ўжо шыкуюць машыны на старт. Яна кiнула ў мой бок шлем, i я ўжо не ведаю, калi я апынулася на заднiм высокiм сядзеннi аднаго з байкераў. Такiх пасажыраў называюць нажопнiкамi.
Шалёная дарога, поўная зласлiвых i зайздрослiвых вачэй забапал. Дабралiся да Раўбiчаў. Алiмпiйскi цэнтр, прыстасаваны да скачкоў з трамплiна з лыжнымi трасамi. Яшчэ дзе-а-дзе на пагорыстай зямлi плямiцца снег. Крыху як у гарах. Хоць ва ўсiм гэтым рашуча больш штучнага блiзiру.
Калi размiналiся на маторах, я бачыла яе светлыя развеяныя валасы пад шлемам. Усмiхалася мне, махаючы рукою i паказваючы нешта вакол сябе.
На ўзгор'i ў Раўбiчах Коля спынiў матацыкл каля старога касцёла. Яна сышла з суседняга матацыкла, павярнулася абветраным на травеньскiм сонцы тварам да касцельных вежаў. Зрэшты, гэта ўжо не былi касцельныя вежы. На франтонах металiчныя дзiды, аздобленыя нейкiм савецкiм арнаментам. Дабудаваная частка касцёла ўяўляла сабою ўваход у музей.
Яна падала мне руку, каб падцягнуць вышэй угору. З другога боку касцёла цвiнтар. Стары каталiцкi цвiнтар з беспаралкавым мноствам новых магiл. Праваслаўе ўперамешку з каталiцызмам. Як у прозвiшчах, так i вынiках пераменаў часу. Касцёл, як вiдаць з помнiкаў, зрабiўся царквою недзе ў другой палове дзевятнаццатага стагоддзя. I апошнi праваслаўны святар быў пахаваны ў 1914 годзе. Яго наступнiк напэўна не мае ўжо ўласнай магiлы.
Ходзячы сярод камлёў i кустоў, знаходзiм старыя валуны, уцiснутыя сiлай часу i забыцця ў цвiнтарны грунт. Польскiя, расейскiя, беларускiя прозвiшчы. Радца, менскi адвакат, купец, царскi афiцэр...
Нiжэй перад намi цвiнтарная дарога ўнiз, якою даўно таму назад штотыдня з'язджалiся на набажэнствы навакольныя вёскi.
Мы прыглядваемся адно да аднаго ў гэтым халодным вясновым краявiдзе. Зрэдзь часу - да твараў, з якiх так i прамянiцца неабыякая ахвота да пацалункаў. У такiя моманты я лаўлю сябе на глыбока прыхаваным ува мне пытаннi, цi Яна напэўна тая асоба, за якую я яе маю. Спрабую тым часам хуценька апiсаць тое, што ведаю, каб аддзялiць сутнае ад iлюзiй. Поўная жыцця, актыўная, пiша, матацыклiстка, без комплексаў у справах сексу, чытае Генры Мiлера i Бiблiю з роўным захапленнем, спявае харалы на нядзельнай мшы i балады хрыпатых беларускiх бардаў на дымных i п'яных тусоўках. Што ў ёй наймацней ўражвае, гэта нечаканая рэальнасць гэтага спосабу жыцця i адначасова непрыставанасць да постсавецкага краявiду, поўнага пустой папяровай поп-культуры. Абаяльнасць - гэта яшчэ напэўна ж не каханне. Таму я разбiраюся са сваёй дваiстасцю - патрафiць сабе любоўю з Маркам i дацца ўладзе жарсцi ў стасунках з ёю. Зусiм не з прычыны эратычнай натуры цi оргiястычных iнстынктаў. Гэта, можа, блiжэй да зносiнаў з "fascinans", як сон дзiцяцi, поўны нерэальнай матэрыяльнасцi, калi яно, атрымаўшы вельмi жаданы гасцiнец, засынаючы ў абдымках, гладзiць, тулiцца. Гэта як бы спраўляць мiстэрыю прыўлашчвання свету i па сваёй волi дзялiцца iм - у яго матэрыяльным вымярэннi.
Я трымаю цяпер яе за руку i не ведаю, цi было б тое праўдаю, калi б прызналася ёй у каханнi. Напэўна, мы выбухнулi б смехам, бо гэта толькi частка праўды. Бо ля вытокаў нашай дружбы ёсць адкрыццё чароўных светаў, iх блiзкасць i спосаб прыёму матэрыi, адчування, дыхання, сузiрання.
Я гляджу на яе распраменены ў халодным красавiцкiм сонцы твар. Прымружваем вочы. Шчасце наша, што ўдаецца схавацца ад банальнасцi жыцця i што ёсць яшчэ ў нас дастаткова ггарту, адвагi i рашучасцi, каб дапасоўваць вакольны свет да факту нашага iснавання.
XX
Яна запрасiла некалькi асобаў да сябе на хату. Я падыходжу да дзвярэй i чую ўжо гоман усярэдзiне. Гарачая гаворка, павышаныя дзявочыя галасы, фамiльярна- грубаваты мужчынскi смех. Званю. У дзвярах адна з яе прыяцелек Света. Вiтаемся, i яна ўцягвае мяне ў самую сярэдзiну забавы. Коля расказвае анекдоты пра новых расейцаў. На тапчане раскошна расклалася, як котка, Аня. У яе ў нагах у пазiцыi лотаса задуменны Вiктар. Некалькi дзяўчат, якiх яшчэ не ведаю.
У тытунёвым тумане точыцца музыка Майлса Дэвiса. Хлопцы пацягваюць гарэлку, запiваючы бярозавiкам з пяцiлiтровага слоiка. У дзяўчат у руках шклянкi з чырвоным вiном.
Каця распавядае гiсторыю сваёй сяброўкi. Яна юрыстка, якой трэба прайсцi пераатэстацыю ў пракуратуры. Некалькi месяцаў яна вяла зацяты бой з шэфам раённай пракуратуры, якi, як пляткарыць цэлы Менск, мае звычай усiх жанчын, службова яму падначаленых, прапускаць праз свой ложак, у каморцы кабiнета альбо на службовым стале. Як дзяўчына прывабная, маладая юрыстка адразу трапiла ў поле яго цiкавасцi. Спачатку намёкi былi толькi назойлiвыя. Пасля зрабiлiся агрэсiўнымi i перайшлi ў адкрытую правакацыю i брыдкiя славесныя прапановы. Яна адчувала сябе то заклапочанай, то няўпэўненай, а пазней толькi зацкаванай. I тут з яе жаночага цела раптам вынырнула мужчынская прырода драпежнiка i чалавека вайны. Яна рашылася на цвёрдую канфрантацыю. Адмова сужыцця - дэманстрацыйная i адназначная - вызвалiла ў шэфе агрэсiю. Ён на кожным кроку даводзiў ёй, што яна бяздарная няўмека, няздара, i пасада пасля стажыроўкi ёй не свецiць нiякая. З яго сувязямi i магчымасцямi ў Менску такое было верагодна. Але яна рашыла баранiцца. Збудавала цэлую сiстэму хiтрых барыкадаў i завалаў. Працавала iнтэнсiўней, чым яе калегi. Шмат працы забiрала дамоў. Сядзела начамi. Некалькi разоў публiчна даказала большую абазнанасць у правiлах i прадпiсаннях, чым сам шэф. Рамкi iх супрацьстаяння, уся арэна бiтвы сталася вiдавочнай усiм супрацоўнiкам. За яе "балелi" ў гэтым няроўным паядынку, i праз некалькi месяцаў перманентнага стрэсу яна выйграла. Атрымала лепшую пасаду ў больш высокай iнстанцыi, а прапановы працы ўжо сягалi па-за магчымасцi супрацьдзеяння начальнiка. Разышлiся як у тыповым амерыканскiм фiльме. У апошнi дзень яна надзела найбольш сексуальна прынадную спаднiчку, якую толькi мела, зрабiла кiдкi макiяж, надушылася добрай парфумай, якая ўзмацнiла яе правакацыйную ўпэўненасць у сабе. Выходзячы з яго кабiнета, яна зведала, бадай, цi не найбольшую ў жыццi эратычную сатысфакцыю. Адчувала на сваiх стацях яго лiпкiя i галодныя вочы. Як моцна павiнен быў ён высiльваць сваю прытупленую лёгкiмi здабычамi фантазiю, каб усвядомiць, як бы яно тое магло быць, калi б мацаў яе пальцамi.
Аня глядзiць на Кацю, на мяне, на Свету i, размашыста жэстыкулюючы, даводзiць апавядальнiцы, што Святлана Алексiевiч, аўтарка "Чарнобыльскай малiтвы", якраз пiша кнiжку пра любоўныя афёры i скандалы ў Менску - ёй мусова трэба прадаць такую пiкантную гiсторыю.
Яна адчувае, нiбыта гэтая аповесць мела быць чарговай крэпасцю альбо помнiкам неахаванай цноты большасцi ўпакораных i затурканых дзяўчат, якiя з наiўнай прастадушнасцю хутка аддаюць сваё цела многiм мужчынам, не зважаючы на тое, што шмат каго з iх ад самай хвiлiны спаткання i першага цалунка точыць чарвяк знуджэння, борзда паглынаючы найбольш высакародныя парываннi i мары пра сапраўднае каханне.
Аня прывыкла гаварыць нам, што секс - гэта яшчэ не повад для знаёмства. Аднаго разу яна так адрэзала аднаму байкеру, з якiм толькi што пазнаёмiлася i якому дазарэзу зарупела паўтарыць казачную ноч.
Света перабiла Аню i адказала гiсторыяй, як яна не магла адчапiцца ад настырнага хахаля. Яму мала было таго, што яна не прыходзiла на прызначаныя спатканнi, што ў канцы сказала яму, быццам спiць з iншым. Ён быў паслядоўны i цвёрда руляваў да мэты. Нарэшце ёй прыйшло ў галаву, i яна патлумачыла яму, што не можа быць з iм далей, бо ўступiла ў рэлiгiйную секту, якая вымагае ад яе цноты. Падзейнiчала. Хлопец уважлiва агледзеў яе прамянiстыя, радасныя вочы неафiткi i адчалiў.
Гаспадыня кватэры заняла зручнае месца каля Дзiмы - менскага барда, якi паглынаў мора гарэлкi i спяваў па-беларуску балады ў стылi Высоцкага. Пашарпаны, ахрыплы Дзiмаў голас патрапляе ўвесцi нязвыклы настрой на любой iмпрэзе. Цяпер, зацягваючся дымам танных цыгарэт, ён самазабыўна ёй нешта тлумачыць, для большай пераканаўчасцi трымаючы яе за далонь. Нiбы хацеў у доказ праўдзiвасцi сваiх слоў паказаць свае стыгматы на згiне запясця цi на пажоўклых ад тытуню нязграбных пальцах. Я адчула балючы прыступ зайздрасцi. Зноў вярнулася да мяне тая хвiля з пiццэрыi, калi я старалася ўразумець, у чым прычына такой рэўнасцi. Маё рупнасць дала незвычайны плён. Праз нейкi момант, калi яны ў разгары цiкавай балбатнi трымалiся за рукi, у мяне мiльганула подумка, што мне якраз не хапае менавiта той грубасцi, якая яе прыцягвае ў хлопцах. Шмат дзяўчат паддаецца зачараванню, калi яны бачаць дыспрапорцыю памiж духам, iнтэлектам чалавека i яго нязграбным, брыдкiм целам. Далiкатная бабская натура цягнецца да гэтага, як дасведчаны розум да сферы profanum. Гэта траха як з павабнасцю сiлы каня, калi натуральны пах поту, стайнi, дотык грывы i паралiзуючая велiчыня спрычыньваюць нявысветлены выкiд адрэналiну ў арганiзме.
Я бачу, як у запале размовы Дзiма прыцiснуў яе да сябе i абое выбухнулi гарэзлiвым смехам. Я спрабую сiламоц рацыяналiзаваць сваю рэўнасць, але марна. Не вытрымлiваю i ўстаю, iду на кухню. Выцягваю Вiктара на адмысловую размову, каб прыглушыць знерваванасць, якая пачала нарастаць ува мне. Баюся гэтай успышкi ўнутранага разладу, бо часам яна ўвасабляецца ў форму асавелай дзяўчынкi-падлетка, узбунтаванай, але напружана прыцiхлай. А ў такiм стане я не люблю сябе яшчэ больш.
Вiктар, мабыць, зразумеў мой узважаны гумар, але з размовы я зрабiла сабе выснову, што ён думае, быццам гэта я хацела быць з Дзiмам i мая ўдаваная задаволенасць - толькi эфект звыклай гульнi дзвюх дзяўчын на хлопца. Такая здагадка развесялiла мяне. Я дазволiла Вiктару пацешыцца, калi ён пачаў знеахвочваць мяне да Дзiмы, нядбала махаючы рукою, даказваючы, што гэта стары балбатун, круцель-муцель i прыброд без роду i племя. Сапраўдны расейскi бомж, валацуга i алкаш, якога немагчыма не любiць, але з якiм трэба трымацца пэўнай дыстанцыi. Дзiма сам з Новарасiйска, бацька яго быў вайсковец, прысланы ў Баранавiчы на службу. Тут Дзiма скончыў школу, паступiў вучыцца ў Менск i на хвалi нацыянальнага адраджэння перайшоў на беларушчыну. Паслядоўна патрыятычны беларускi расеец. Гэта гучыць iдыятычна, але я з iм згаджаюся, што сама па сабе з'ява нагадвае сiроцтва, пры якiм больш заходзiцца пра патрэбу асталявацца ў прасторы, якую мы самi сабе выбiраем. Вiктар расказвае яшчэ падобны прыклад - у БНФ ён ведае аднаго такога зацятага патрыятычнага беларускага армянiна, якi на ўсiх дэманстрацыях iдзе ў першых шэрагах з беларускiм сцягам.
Я закурыла цыгарэту, што здараецца ў мяне досыць рэдка. Вiктар з запалам расказваў яшчэ пра калатню ў Саюзе пiсьменнiкаў. Праз хвiлiну мы вярнулiся ў пакой, дзе ўсе ў падагрэтай атмасферы i ў змроку ўгаворвалi Дзiму паспяваць. Той пацягнуўся па гiтару i ўсiх раскалыхаў моцнымi, гучнымi баладамi пра свае беларускiя сцежкi i сяброўствы.
Я бачыла ў яе вачах зачараванасць Дзiмам. Можа, мне было прыкра не з зайздрасцi, а хутчэй з той прычыны, што я зразумела, - гэты неахайны бард не варты яе дружбы i пакланення.
Калi пад поўнач iмпрэза прыгасла, я патэлефанавала i заказала таксi. Прыехала дамоў, дапiла на кухнi са шклянкi рэшту пiва. Доўга сядзела ў ванне, збiраючы думкi пра Яе. Не магу сабе вытлумачыць, адкуль выцякае крынiца майго захаплення Ёю. Накiнула на разагрэтае i мокрае цела фланелевую начную кашулю. Увайшла ў цёмны пакой, дзе ў цёплым ложку знайшла разаспанае, сонннае цела Марка.
XXI
На другi дзень я iшла мiма каталiцкай катэдры ў Менску. I нечакана ўявiлiся мне розныя вобразы з яе i майго жыцця, якiя акурат у той момант сплялiся на аснове асацыяцый, што паўставалi з паху, формы, святла... Была свежая, здаровая ранiца, каля французскай амбасады чарга людзей па вiзы. Распускаецца зелень, чыноўнiкi спяшаюцца да сваёй офiснай гультайшчыны.
Валакуцца па магазiнах бабы, з яркiмi ранцамi за плячыма падскокваюць дзецi. На краi тратуара ловяць мжаку распырскванай палiвачкай вады i льснянай нiзка над асфальтам вясёлкi. Цыгаюць цераз струмянi i мокрыя з гуллiвым галёканнем высокваюць на свежа адпрасаваныя штаны кадэбiстаў, якiя спяшаюцца на працу, цi на пракурораў з нэсэсэрамi.
Вясновы гумор вярнуў мяне ў час, калi я здавала экзамены, i цяпер, праходзячы мiма катэдры, я ўспомнiла, як колiсь перад школай забягала ў касцёл.
Я павярнула i зайшла ў халодны бабiнец катэдры. Перажагналася i рашыла з хвiлiну памедытаваць, выклiкаўшы з глыбiнi душы добра знаёмыя прыемныя асацыяцыi, якiя ў лiцэйскiя гады акрылялi i давалi надзею на скарэнне свету. Чаму касцёл так моцна асацыiруецца намi з занядбаннем цела i ўсёй яго змрочнасцi?
Калi ў адзiн снежаньскi вечар я зацягнула яе ў катэдру на канцэрт латышскага хору, яна расказала мне гiсторыю свайго ўпадабання да каталiцызму.
Я здзiвiлася, што яна не ўхваляла сваiх праваслаўных каранёў. А можа, гэта не толькi выбар, можа, нейкае вяртанне. Да той традыцыi ў сям'i, якую паспяхова шмат гадоў з яе выцiскалi. Яна прызналася мне тады, што, хоць мала молiцца i рэдка заходзiць у касцёл, але тут у каталiцкай катэдры пачуваецца лепей, чым у царкве. Калi хадзiла ў апошнi клас сярэдняй школы, з класам паехалi на экскурсiю ў Нясвiж. Там настаўнiк неафiцыйна i па-за праграмай завёў iх у мясцовы касцёл. У старадаўнiм памяшканнi яна першы раз убачыла ксяндза ў сутане, старэйшага пробашча. Яны агледзелi крыпт з трунамi i парэшткамi Радзiвiлаў. Гэта быў для яе сапраўдны цывiлiзацыйны шок. Дакранулася да свету, якi сядзеў у ёй недзе глыбока падыспадам, як сум па стагоддзях i вяках, як вернутая памяць, як працяг забытай легенды. Нягледзячы на страчаную здольнасць некалькiх тутэйшых пакаленняў да камунiкацый з продкамi i iхняй гiсторыяй, нешта немiнушчае, вечнае нагадвае, што незалежна ад знешняй часовасцi i праху мiнулых шчэнтаў, замкнутых у цынкавых дамавiнах, нехта i далей пануе i ёсць прысутны. Гэта не толькi княскiя радзiны, але i намацлiвае адчуванне сапраўднай гiсторыi прывяло яе да рэлiгii.
Яна рашыла праз некалькi тыдняў вярнуцца ў Нясвiж адной, каб мець час на нешта, для чаго яна не знайшла таго разу нiякага наймення. Прыехала на пачатку вакацый i спатканаму раней на школьнай экскурсii старому ксяндзу без лiшяга роздуму прызналася, што хоча ахрысцiцца. Ксёндз даў ёй катэхiзм, сказаў навучыцца iсцiнаў веры i прыехаць праз два месяцы. Яна старанна вывучала ўсё падчас вакацый, нарабiўшы сенсацыi на ўвесь дом. Мацi з праваслаўнай сям'i i няверная камунiстка напачатку незадаволена крывiлася. Затое бацька, якому раптам успомнiлiся з дзяцiнства бабулiны каталiцкiя малiтвы, глядзеў на яе самастойны выбар з кепска прыхаваным подзiвам.
Хрост адбыўся 15 жнiўня, i вярнулася яна пасля яго шчаслiвая i акрыленая, нiбы нарадзiўшыся для новага жыцця. Аднак пазней захопленасць прытухла, калi яна аднаму ксяндзу наiўна адказала на пытанне пра кантрацэпцыi i адносiны з жанатым мужчынам. Ён прагнаў яе са спавядальнi, i яна на некалькi гадоў паспяхова забылася пра свае рэлiгiйныя патрэбы.
У той снежаньскi вечар яна прызналася мне, што ў яе жыццi з'явiлася нешта накшталт тугi, перамяшанай са страхам нерад Нiчым. Назойлiвая думка пра недахоп асноваў у жыццi схiлiла яе да размовы з ксяндзом, якi выйшаў за рамкi лiтургiчных фармулёвак i мала што не прымусiў яе да споведзi, якая закончылася адпустам грахоў. Калi яна расказвала мне пра гэта, мы якраз ляжалi ў ложку, i я недаверлiва спыталася, цi не расказвала яна ксяндзу таксама i пра наш грахоўны цялесны саюз. Яна пырснула смехам i сказала, што я дробязная.
Так, яна мае рацыю, але не ведае, як у нас у Польшчы ксяндзы ўмеюць утаптаць iнтымнасць у сямы сяродак споведзi. Мая прыяцелька аднаго разу выбралася ў Чанстахову i расказала, як ксёндз задыханым голасам выпытваў у яе ў канфесiянальнай будцы пра ўсе падрабязнасцi анатамiчных зносiнаў. Калi настырнымi пытаннямi ён дачлапаў да самага аргазму, яна вылiла яму шчырую праўду, што любiць глытаць сперму. Ён там за краткамi бурчаў i не верыў, але калi яна ўжо з iронiяй i як бы на злосць закiнула пра анальныя фiгурацыi, ён бязрадна ўздыхнуў i замоўк. Яна падумала аж, цi не самлеў небарака. Заглянула да яго ў канфесiянал, каб пераканацца, што яшчэ жывы. Ён толькi мiладушна ўсмiхаўся i тэатральным шэптам папрасiў, каб выйшла з касцёла. Пры гэтым бездапаможна махаў рукамi, як купец на рынку, паказваючы, што ўжо анiяк больш не можа нiчым паступiцца ў цане.
Яна тым часам тут у Менску сустракае талеранцыю, якая заходзiць так далёка. Аж мне верыць не хочацца. Мусiць, нафантазiравала на агульнасцях i недамоўках. Рыхтык, бы ў царкве.
XXII
Пасля я сустрэлася з Вiктарам, якi запрасiў мяне ў кавярню. Сядзiм, забаўляемся рознымi пагудкамi, аж тут Вiктар успомнiў, што яго запрасiлi на лiтаратурную канферэнцыю. Прапанаваў мне пайсцi з iм у "Цэнтр Францiшка Скарыны". Гэта непадалёк.
Заходзiм у стары паўразвалены дом блiз цэнтра, усярэдзiне пах гнiлiзны i плеснi. Дошка ў калiдоры горда азнаямляе, што гэта сусветны цэнтр беларусiстаў. Але сусветнае ўражанне робiць на мяне толькi прафесар Мальдзiс. Нiзкi, сiвы мужчына з квадратным тварам, дасканала дапасаваным да прафесарскiх акуляраў. Гаворыць, шапялявячы, але бярэ слухачоў сваёй добрай беларускай i тым, пра што гаворыць. Я пад вялiкiм уражаннем ад гэтага чалавека. Ягоны выступ завяршае канферэнцыю. Праз хвiлiну ў гармiдары цыцастая Люба, гаспадыня гэтага храма навукi, згортвае са сталоў паперы i камандуе, дзе паставiць талеркi з не дужа эстэтычна пакроенай садавiнай, хлебам i каўбасой.
Выпiлi па кiлiшку, i атмасфера перастае быць напятай i навуковай. Я слухаю Мальдзiса i ягоныя ўспамiнкi пра Караткевiча, славутага беларускага пiсьменнiка, з якiм Мальдзiс некалькi разоў пабываў у маiм родным Кракаве. Некаторыя параўноўваюць Караткевiча з Крашэўскiм, з той рознiцай, што беларускiя старажытнасцi сягаюць часоў выбарных каралёў, ад Батуры да Панятоўскага, павязаных рамкамi гiсторыi Гораднi. Кракаў па-ранейшаму застаецца для iх месцам традыцый, нейкай мерай, сiмвалам, кропкай адлiку. Таму яны з такой ахвотай ездзiлi туды ў семiдзесятых гадах на розныя лiтаратурныя ды фiлалагiчна-гiстарычныя канферэнцыi. Потым, напэўна ж асобна, пiсалi даўжэзныя справаздачы ў КДБ. Кожны асобна i ўпотайкi ад другога. Можа, у пэўнай ступенi менавiта таму Караткевiч i дапiўся да смерцi. А цяпер, калi я гляджу на Мальдзiса, як ён спрытна куляе чарговы кiлiшак прыгатаваных налiвак, дык бачу, што так яно i мае быць. Беларуская меланхолiя ўкiдае чалавека ў абдымкi запалу, якi вызваляе ад жалю, смутку i манатоннасцi.
Мальдзiс расказвае, як аднаго разу Караткевiч канечне хацеў правесцi ноч на вежы Марыяцкага касцёла. Узяў туды з сабою некалькi пляшак беларускай гарэлкi i цэлую ноч бяседаваў з сiгнальшчкам-гэйналiстам, забаўляючы таго гiстарычнымi расказамi. Абодва, здаецца, пад ранiцу заснулi на падлозе. Як сцвярджае Мальдзiс, першы раз у гiсторыi гэйнала на другi дзень ранiцай у Кракаве не гучаў сiгнал славутай трубы. Прафесар, аднак, не мог сказаць, цi звольнiлi таго гэйналiста з працы, як сянкевiчаўскага лятарнiка.