Пиньска Марта

Беларуска (на белорусском языке)

Марта Пiньска

Беларуска

Пераклаў з польскамоўнага рукапiсу Дзядзька Васiль

I

Люблю заходзiць у гэтую пiццэрыю ў цэнтры Менска. "Patio Pizza" - гэта трошкi атмасферы вялiкага горада i адчування, што ты пусцiў карэнне ў заходнi стыль: абед - хуценькая, подбегам, перакуска ў самым цэнтры вiрлiвага жыцця. Сяджу каля вялiкага акна ў памяшканнi i разам з тым на праспекце Скарыны сярод людской куламесы, што чакае бiтком набiтага тралейбуса. Салон пiццэрыi ахiнае непаўторная атмасфера тусоўкi.

Ёмiстая неўабхват, высокая афiцыянтка з разложыстымi клубамi калышацца над мною, прымаючы заказ. Яе меланхалiчны выгляд яшчэ да нядаўняга даводзiў мяне ледзь не да шалу. Але я ўжо тут цэлы год i цяпер, бадай што, лепей разумею ў яе вачах тутэйшую невымоўную тугу па нечым неакрэсленым. Такi стыль жыцця. Нiчога акрамя. Анiякай табе фiласофii.

Каля стойкi бара нейкi фраер пацягвае сок. Такiм спосабам прабаўляе цалюткi божы дзень. Гаворыць па сотавiку, а сам абсмаквае мяне павабна-юрлiвымi вачыма. Але прыкметны недахоп эрэкцыi ў яго вачах знеахвочвае мяне да далейшай забавы ў рэстаранны флiрт. Не магу адгадаць, чым жа ён так пераймаецца. Можа, на службе ў КДБ i цяпер проста фiксуе, што робяць, што гавораць людзi. Па-свойму гэта павiнна быць багатая iнстытуцыя, калi мае на ўтрыманнi такiх вiжоў. А, можа, валютчык i праварочвае па тэлефоне вялiкiя партыi даляраў. Аднаго разу нават падумала была, а цi не зладзiў ён тут легальную яўку сваёй агентуры, бо час ад часу да яго клеiлiся раздэкальтаваныя паненкi ў кароткiх уаблiпку спаднiчках. Але будзь яно так, ён мусiў бы не-не ды пастаўляць iх i клiентам. А ён з дзяўчатамi толькi балбоча ды фамiльярна агладжвае iх па плечыках i каленцах. Спрабую зноў расшыфраваць асноўны змест заняткаў гэтага шустрыка...

Тут я першы раз убачыла яе. Яна ўвайшла ў пiццэрыю, уся ў скуры, проста з матацыкла. Следам невысокенькi iтальянчык з цёмным загарэлым тварам. Мне адразу кiнулася ў вочы яе спакойная, гарманiчная ўсмешка. Што рэдкасць у гэтай краiне. Людзi тут наогул не ўсмiхаюцца, а ў дзяўчат ва ўсмешцы хутчэй нешта ад вагiнальнай адкрытасцi, чым простай зычлiвасцi да свету.

А ў ёй я адразу змецiла гармонiю i шчырасць. Нават не здзiвiлася, што такое бывае ў гэтым свеце.

Яна прайшла са сваiм iтальянцам праз увесь доўгi салон i села ў канцы каля акна, так што я магла бачыць яе твар i гуллiвыя вочы. Не ведаю, чым я звярнула на сябе яе ўвагу, але ж некалькi разоў нашыя вочы сустрэлiся ў ацэначнай прыглядцы.

Я спрабавала зразумець цягу беларускiх дзяўчат да iтальянцаў, у гэтай халоднай краiне, поўнай тугi па яркiм i бесшабашным свеце поўдня. Як лёгка даецца назваць усё гэта прагай да грошай i люксу. А тым часам той iтальянскi свет, што прыбiваецца да менскага берагу, гэта нейкая маргiнальнасць, каб не сказаць - шумавiнне вялiкага бiзнесу. Няма ладу якi там такi вялiкi свет, а проста дробныя гандляры, адмывальнiкi мафiёзных барышоў, распанелыя ў чэраве падстаркi-паклоннiкi славянскай красы.

Неяк я прачытала была ў тутэйшай газеце гiсторыйку адной маладзенькай дзяўчыны i iтальянца з Вероны. Было тое ў часы вайны, i хай сабе кажуць, што фашысты звозiлi на тэрыторыю Беларусi iтальянскiх вязьняў на прымусовую нявольнiцкую працу, сёння я не так ужо i ўпэўненая ў гэтым. У 1943-м цi тое ў 1944-м годзе на абутковай фабрыцы, сёння гэта вядомы "Луч", працавалi iтальянцы. Адзiн з iх малады веронец Анжэла Ковач надыбаў тут семнаццацiгадовую Аду Наркевiч. Злюбiлiся. Сустракалiся яны ў мiлосным замроеннi i, хай не ведалi родных моваў адно аднаго, а от жа целы iхнiя паразумелiся дасканала i без слоў.

Некалькi гадоў пасля вайны Ада думала, што Анжэла падзялiў лёс многiх сваiх землякоў, целы якiх паўкiдалi ў глыбокiя равы ў розных лясах i пералесках Беларусi. I раптам неспадзявана атрымала лiст, якога нiкому не паказала i не пераклала, баючыся расшалелай цэнзуры i падазрэнняў ў небяспечных кантактах з Захадам. Праз паўстагоддзя нехта пераклаў ёй тэкст лiста. Яна ўжо была пры смерцi, але паспела даведацца, што Анжэла пачуваецца добра, сумуе па ёй, хацеў бы, каб прыехала да яго. Апiсвае фiрму вопраткi, якая вельмi добра раскручваецца, i ўпраўляе ён ёю разам з бацькам, мацi i сястрою. Можа, акурат цяпер Анжэлаў зяць шукае рынкаў збыту ў Маскве i плануе закласцi швальню ў Менску, Гораднi цi ў Берасцi, ведаючы, што ў Беларусi ладныя i працавiтыя дзяўчаты, гатовыя шыць кашулi багатым рымлянам i мiланцам.

Iтальянцы яшчэ i з iншай прычыны сталiся бывальцамi ў гэтым рэгiёне Эўропы. Гэта ж бо iхнiя дойлiды будавалi тут палацы Радзiвiлам i Сапегам, iх iнжынеры i майстры прымалi запрашэннi на будаўнiцтва цi аздабленне шмат якiх касцёлаў. Ну i, вядома, тутэйшыя дзяўчаты - ясныя, вабныя, усмешлiвыя, з нейкай iнтрыгай славянскай мiладушнасцi ў сабе. Цi адзiн з iх мусiў уцякаць ад раз'юшанай сварлiвай жонкi ў спакойныя абдымкi цярплiва-трывалай беларусачкi...

Калi афiцыянтка прыносiць маю пiццу, я адрываю вочы ад развiраванага натоўпу каля аўтобуса i гляджу на яе, гэтую цiкавую дзяўчыну ў канцы залы, каля якое сядзiць брунет i, жвава размахваючы рукамi, спрабуе ёй нешта давесцi. Яна пасмiхнулася мне. Я адразу адузаемнiлася эычлiвым позiркам i праз нейкi момант мне ўжо здавалася, быццм i я i яна з адценнем iронii паглядаем на выхiлясы яе няўрымслiвага заляцанца.

II

Нечакана мы спаткалiся зноў у суботу на картынгавым полi, дзе менская моладзь бавiць дапалуднёвы час у спартыўных заездах. Прывёз мяне туды Вова, даўнi, яшчэ з савецкiх часоў хiпi, на рахунку якога адсiдка ў сярэдзiне васьмiдзесятых за дармаедства. Аўтар мяцежнiцкiх вершаў, але больш вядомы тут як гаспадар "Harley Davidson'a". Адзiн з нямногiх у Беларусi "жалезных братоў", якi ў гэтыя цяжкiя часiны яшчэ мае сiлу разбэшчваць моладзь занадта i залiшне, як на саракагадовага, шпаркай i шумнай яздой.

Вова паказвае мне свет менскай залатой моладзi, разбагацелых тарбахватаў i беларускiх нуварышаў. Усiм падавай нестандартныя машыны, нестандартную хуткасць, грукат i смурод выхлапных газаў.

За гэтым светам стаiць патрэба волi i вольнiцы. Неацуглянай i неабмежаванай.

Нямала мужчын прыходзiць толькi дзеля таго, каб не страцiць кантактаў з калегамi. Iншыя - павыстаўляцца з новымi бабамi. А яшчэ - каб папасвiцца сярод дзяўчат, што наведваюцца сюды, а тое i закадрыць каторую. Альбо проста пазнаёмiцца з кiм-небудзь талковым ды пракiнуцца з iм увечары на дыскатэку.

Трапляюцца i такiя, што прыходзяць з жонкамi, але, напэўна ж, каб паказаць iм, што iх свет не замыкаецца ў чатырох сценах сужэнскiх мусовасцяў.

Вова расказвае мне, што большасць яго калегаў - тут на картынгу, гэтым своеасаблiвым аўкцыёне новых аўтамабiляў, новых цёлак, прыкiдаў. Але сам ён гэтым грэбуе. Прыязджаюць, каб сваёй штучнай i пластыкавай душою прыляпiцца да сапраўднага свету.

Махнуў рукою ўбок дзяўчыны каля матора - гэта адна з такiх дзельных баб у гэтым горадзе. Уявi сабе, заснавала з яшчэ некалькiмi маетнiцамi матацыклаў i скутэраў клуб "жалезных сёстраў". У пiку хлопцам надзелi скураныя курткi, пакуплялi матацыклы i з вясны да канца лета аб'язджаюць усёй грамадай цэнтр горада альбо кавалькадай шыбуюць у Горадню, Берасце цi Наваполацак. Там сустракаюцца з намi. Бывае, вiтаем i адпраўляем праезджых байкераў на Маскву альбо Парыж. Апошнiм часам быў тут у нас Анджэй з Варшавы, валацуга i вырвас, якi гадоў наццаць правёў у Штатах i мае на рахунку вялiкiя жалезныя выправы вакол свету.

Прыгадваю, аднаго разу ўлетку я бачыла кавалькаду матацыклаў i адчула, як ад iх павеяла свабодай. Але ў Менску кiроўцы растуркатаных машын не прымаюць на сур'ёзе матацыклiстаў цi веласiпедыстаў. Тут небяспечна. Можа, рыхтык дзеля таго i ездзяць. Насуперак.

Вова падыходзiць да матацыклiсткi, падштурхоўваючы мяне блiжэй, каб я пазнаёмiлася з ёю. Яна разгiнаецца ад мшыны, паварочваецца, i ў сонечным бляску асфальтавай пляцоўкi ўсю мяне аблiвае знаёмая цёплая ўсмешка.

III

Я i не думала, што праз некалькi дзён мы зноў сустрэнемся на канцэрце. Убачыла яе ў тым самым скураным строi, як яна стаяла сярод гiтарыстаў нейкага гурту ў антракце i весела размаўляла.

Пасля канцэрта мы пiлi кепскае беларускае пiва ў буфеце Дома афiцэраў. Дом афiцэраў. Гучыць у тон усiм гэтым назвам вулiц: Рэвалюцыйная, Камунiстычная, Пралетарская... альбо - па iмёнах нейкiх савецкiх герояў, што нi пра што мне не гавораць: Харужая, Мяснiкоў, Прытыцкi... Парадокс, бо людзi, ходзячы па вулiцы Камунiстычнай не маюць нiчога агульнага з камунiзмам. Разам з уласнiкам дарагой забягалаўкi, якi, пэўна, шторанiцы ачухваецца ад кашмарных сноў, у якiх у яго адбiраюць усё набытае iм за апошнiя некалькi гадоў.

У Доме афiцэраў хлопцы з NRM цi групы "Новае неба" спяваюць пра нягеглага дырэктара калгаса, у якога на стале ў кабiнеце стаiць глобус i якi ў хвiлiны дэпрэсii пасля праваленай уборачнай, пiшучы чарговую просьбу мiнiстру пра датацыю, суцяшаецца, паглядаючы на вялiкi Савецкi Саюз, якi дазарэзу трэба неадкладна ўваскрэсiць, i тады адразу папруць угору ўраджаi, надоi i палепшыцца жытка.

Кася Камоцкая спявае пра двух польскiх шпiёнаў Болека i Лёлека, а Вiктар Шалкевiч пра хамскую ўладу, якая надзела шляхецкi кунтуш, а ў самое з ботаў салома лезе.

Моладзь перад эстрадай бушуе, махаючы нацыянальнымi сцягамi памерам з насоўку альбо запальнiчкамi, як тое ў нас гадоў дзесяць таму назад на канцэртах "Пэрфэкту" цi "Рэпублiкi". Пры гэтым падымаюць пальцы ў форме лiтары V i ягляць "Жыве Беларусь!".

Рэспублiка Мары ў беларускiм выданнi гэта - Народная Рэспублiка Мроя (NRM) - даслоўна. Але калi я гляджу на хлопцаў, якiя па завязкi ўпiваюцца ў буфеце, - не пакiдае мяне аптымiзм.

Некалькi месяцаў таму назад знаёмыя падарылi мне бiлеты на канцэрт расейскай групы "Машина времени". Паў-Менска збеглася паслухаць "дыназаўраў". Не натхнiла мяне тое анi. Расейскi блюз з тэкстамi, як у песеньках Анджэя i Элiзы цi групы "Pod bud". Вечна нейкi пункцiк i паэтычны вобраз краю поўны залiшне меланхалiчнага спакою. Мае знаёмыя патлумачылi мне, што гэтая музыка на пераломе сямiдзесятых-васьмiдзесятых была глытком свежага паветра. Ну, так - трохi ў гэтым Боба Дылана, прызнаю. Але каб аж заходзiцца ад захаплення... Не спрамаглася пераканаць сябе. Толькi адно абудзiла ўва мне сiмпатыю, - што сцiжма моладзi пад сцэнай паводзiцца чыста, як у нас.

Iншая рэч, што нiякай у тым палiтыкi. Хоць... усё-такi нейкая там дэманстрацыя антысавецкай поп-культуры.

Тут, калi граюць беларускiя капэлы, няшмат моладзi, але затое больш дынамiкi i манiфестацыйнасцi.

Пасля канцэрта я стала непадалёк ад яе ў бары i, калi б не музыка групы, якая ахвяравала нам дзве касэты, можа, нiколi не дайшло б да гутаркi. Завялася яна сама. Нiбыта мы ўжо знаёмыя каторы там месяц. Яна адразу адгадала, што я з Польшчы. Расказала мне пра NRM як пра бунт маладзейшага пакалення Беларусi супроць расейскай поп-культуры, супроць бальшавiцкiх схемаў у будным жыццi, супроць недалужнасцi. У iхнiх песеньках на канцэрце я не магла ўлавiць i зразумець паасобных слоў, бо гвалт стаяў неверагодны. I ад музыкаў, i ад публiкi. Таму я рашыла купiць касэту i спакойна праслухаць усё дома. Мы развiталiся, i я пабегла да знаёмых. На хвiлiну яна знiкла ў тлумiшчы каля выхаду. Але тут жа вынырнула зноў i падскочыла, трымаючы адной рукой на калене вялiкую скураную сумку, другою нешта спехам напiсала. Мы падалi адна адной руку, прадставiлiся па iмёнах. Яна сунула мне на маленькай жоўтай картачцы свой нумар тэлефона. Трэба будзе неяк сустрэцца ды пагаманiць.

IV

Я патэлефанавала праз некалькi дзён. Размова як з даўняй знаёмай. Яна папрасiла зайсцi да яе на кватэру ў цэнтры. Падала дакладны адрас i код да дзвярэй у пад'ездзе. Гэта як выдача сакрэту цi доказ даверу. Дамафоны ж у гэтым горадзе кепска альбо ўвогуле не працуюць.

Я прыйшла таго самага вечара, прыхапiўшы ў прэзент бутэльку чырвонага вiна i некалькi дыскаў з джазам, крыху польскага, крыху амерыканскага.

Слухаючы Колтрэна, пацягвалi вiно. Я ўпершыню слухала Томаша Станьку, i мне падабалася бачыць на яе твары ўхвалу i замiлаванасць. Пасля на кухнi зрабiлi сабе нешта на перакуску. I неяк само сабою гамана i гамана...

I ўжо з першых хвiлiн я пацэлiла ў самую нутробу яе настрою. Ёй трэба было з кiм-небудзь падзялiцца сваiм. I мусова каб з кiмсьцi звонку. Не цяжка было вычытаць з яе твару, што далягаў ёй нейкi клопат. Праз гадзiну мы ўжо пачувалiся даволi блiзка. Як наладжаныя на прыём унутраных вiбрацый апараты. Я пачала падкiдаць ёй камплiменты пра яе здатнасць, глыбокi i радасны позiрк, пра славянскую душу, пра смутак, прыхаваны за гэтай знешняй маскай, якая не вельмi шчытна прыкрывае настальгiю i адчуванне няпэўнасцi ў сваiм лёсе. Я папрасiла, каб яна дазволiла мне дакрануца да яе валасоў. Яна не зрабiла нiякага жэсту нязгоды, але цэлы той час трымала ў сабе вялiкi зарад недаверу да мяне, што спрычынiла ўва мне пачуццё няпоўнай раскаванасцi. Я пасмяялася, што, бач, спрабую завесцi яе, а яна вось вельмi ж чуллiвая што да камплiментаў i недаверлiвая. Калi хтосьцi табе ўточыць камплiмента, значыцца, - пачынае гульню, хочучы змусцiць альбо падкупiць.

Прыглядвалiся мы адна да адной доўга. I тады яна пачала мне спавядацца. Да гэтага часу ў жыццi яна, бадай што, не спаткала яшчэ чалавека, якi разумеў бы яе i прымаў з усёй авантурнасцю яе натуры, неспакойнай i поўнай вар'яцкiх паваротаў i заскокаў. У асяродку ўсяго гэтага яна часта разбiвае сабе галаву, спрабуючы вырвацца з рамак i прынятых тут шаблонаў.

Яна даводзiла, што ў адносiнах памiж людзьмi найбольшая праблема няшчырасць з сабой, што спараджае хлусню, выкруткi, ашуканства.

Яе папярэднi муж, якому пасля трох гадоў шлюбу i апошняй бурнай начы ў ложку яна паказала на дзверы, не здолеў унаравiць яе фантазiям i жаданням. Найбольш дакучала ягоная рэўнасць да ўяўных, а зрэшты, i рэальных раманаў. Але пры гэтым ён перастаў цiкавiцца ёю i адстаўляў яе ўбок як рэч, якая сталася ягонай уласнасцю i не вымагала адмысловай штодзённай увагi.

Расказала, як аднаго разу ўвечары пасля году шлюбу ён прынiзiў яе, з паблажлiвай лiтасцю заглядваючы ў яе пажадлiвыя вочы, пасля чаго груба раздзеў яе i холадна, iранiчна пазiраючы ў твар, растрахаў яе без нiякае асалоды. Вылiў з сябе сперму i адкiнуўся ў крэсла з той самай пакеплiвай ухмылкай. Нешта ў ёй прарвалася, зламалася. Адчула, што гэта якраз той момант, калi ведаеш, дзе канчаецца цярплiвасць i пачынаецца адчужэнне альбо нават нянавiсць. Можа, гэта была i трапная нагода, каб драматычна пакласцi крэс жыццю ў клетцы, якое называецца шлюбам. Яна спакойна надзела сваю самую лепшую сукенку, зрабiла кiдкi макiяж, уступiла ў туфлi на высокiх абцасах i, заняўшыся добрай парфумай, змецiла ў люстры прыходжай яго ўражаны твар. Гэта была першая частка яе сатысфакцыi. Другая настала, калi вярнулася пад ранiцу i ўбачыла, як ён шалее ад злосцi. Спачатку стрымлiваўся, а тады вылiў з сябе цэлы цэбар брудных i лiпкiх слоў. Яна не сказала яму, што правяла ноч, задаўшы гвалту сваёй натуры, з першым лепшым добра ўбраным госцем, якога падчапiла ў iтальянскiм бары на Нямiзе. Пазней яны пайшлi ў гатэль i пiлi да поўначы, забаўляючыся непрыстойнымi размовамi. Спачатку госць думаў, што мае справу з прастытуткай. А калi зарыентаваўся, што тут не заходзiлася пра заробак, узяў яе ў саўну i, салiдна ўпiўшыся, не ўпораўся засмычыць яе. Яна пакiнула яго спаць на кушэтцы ў нейкi салонiку, знятым за некалькi сотняў даляраў, i вярнулася дамоў першым ранiшнiм аўтобусам, атрасаючы з сябе гiдлiвыя позiркi менскага пралетарыяту, якi паслухмяна вырупiўся на першую змену.

Яна адчула сябе чыстай курвай-адорвай, i рыхтык гэта пацвердзiў муж, шкумутаючы i раскiдаючы яе вопратку. Дзякуючы створанай сабою ж сiтуацыi, яна са спакойным сэрцам пачала вызваляцца ад абрыдлiвага ўсведамлення: прадмет уласнiк.

Сужэнства гэта пакута

як кожная iншая

дзе ад слодычы i цяпла

вiбруе ў зубах метафiзiчны страх

Прыгледзьмася да сябе

на ростанi дарог

здзiўленыя кпiнамi лёсу

у здзеклiвасцi дакрананняў i рук

адвярнуўшыся сыходзiм упрочкi

Сужэнства гэта пакута

у трыбуху Левiяфана

шукаем суцяшэння

хоць трохi нязмушанай радасцi

разнапружання

не трэба затурзвацца думкай

што труцiць нас жахлiвы магут

Сужэнства гэта пакута

ў бiблiйнай арцы

калышамся на бязмежных акiянах

безнадзейна чакаем ацалення

спазматычны лямант розуму

адрываецца

заносiць

высока

Наiўна мы думаем

што гэта птушка ляцiць

з чаканаю весткай

V

Спрабую разабрацца ў подлым пачуццi, што агарнула мяне, калi я зноў убачыла яе ў пiццэрыi з тым самым iтальянцам. Спачатку, як пацыент пасля горкага дыягназу, я не хацела пагадзiцца з фактам, што гэтае пачуццё трэба назывваць раўнiвай зайздрасцю. Нейкая млосць недзе ў грудной клетцы, напятасць, як фiзiялагiчныя праявы пры месячных, раптоўны наплыў асамотненасцi i барацьба з мiтуснёю думак. Спроба ўпарадкаваць пачуццi i ўлавiць у гэтым сумбуры хоць бы якую там рацыянальную прычыну раздражнення. Яна глядзiць на мяне ўсмешлiва i здзiўлена. Як бы разумеючы мой унутраны стан. Падыходзiць. Вiтаецца, цалуе ў шчочку. Просiць, каб я ўвечары патэлефанавала, i хуценька ўцякае да свайго залётнiка. Мяне захлiствае хваля незычлiвасцi да яе i нават пагарды. Гэта як бы другое аблiчча зайздрасцi, таго пачуцця, з якiм я павiнна даць сабе рады i сама ж на яго ўправу знайсцi.

Такое са мною ўжо колькi бо разоў бывала. Памятаю свайго першанькага ў Кракаве, з якiм мы ўзаемна адкрывалi сабе рэакцыю нашых целаў на электрызуючыя дотыкi i цалункi. Не ведаю, цi было тое першым каханнем, але калi аднаго разу я ўбачыла яго з iншай дзяўчынай, адчула востры боль. Як бы нешта ў мяне адабралi цi ўкралi.

Я шмат разоў аналiзавала гэты стан, якi называюць хто зайздрасцю, хто рэўнасцю, i кожнага разу трапляла ў тую самую скрынку, у якой схавана старадаўняя таямнiца чалавецтва, то бок, суадносiны ўласнасцi. Аж тры пункты дэкалогу прысвечаны гэтаму непасрэдна, астатняя рэшта ў пэўным сэнсе таксама. Цi ж бо гэта не таямнiца? У маiх пазнейшых закаханасцях цi мала калi здаралiся сiтуацыi, што адносiны з каханым пераходзiлi ў стан прыўлашчання. Зрэшты, апошнiм часам з Маркам, хлопцам, з якiм ужо больш года я цацкаюся тут у Менску, перажыла нешта падобнае. Аднаго разу ён уброiў мне авантуру, што, бач, цягаюся начамi па дыскатэках. Гэта была яго апошняя напамiнка ў такiм стылi. I хоць у мяне была вялiкая хэнць на яго ў той вечар, я бразнула дзвярмi i сышла ад яго на добры тыдзень. Потым была сур'ёзная размова за вялiкiм пiвам. Ён зразумеў тое, што я ў сваiм жыццi ўзяла сабе за галоўны прынцып, - не будзе, хто б ты нi будзь, абмяжоўваць маю свабоду. Я не ўласнасць дзяржавы, я нiчыя не ўласнасць. I канец.

Якраз тады я i пачула ад яго ладны маналог пра рэўнасць. Як бы яму рассланiлiся хмары над галавой. Сказаў, што рэўнасць мае выгляд i рысы, якiх яму акурат i бракуе. Рэўнасць - гэта высокi шатэн са спартовай фiгурай, ездзiць на дужа добрым аўто, мае залатую Visa-карту, вядзе рассупоненае жыццё, што дае яму перавагу ў кожнай гутарцы i дыскусii.

Я прызнала за iм рацыю, калi аналiзавала сваю рэўнасць. Трапнае апiсанне. Зайздрасць, рэўнасць мае статныя ногi, доўгiя падвiтыя валасы, большыя грудзi, меншы нос, ведае больш моваў, прачытала больш кнiг i, вядома ж, разумнейшая.

Рэўнасць трэба апiсваць як iншую асобу, якая здаецца лепшай, разумнейшай, багацейшай, прыгажэйшай...

VI

З камянямi - тое была яе iдэя. Як бы са стыхiйнага парыву, што я найбольш цаню i што мяне ў ёй найбольш вабiць.

Акруглыя, пляскатыя, зручныя, каляровыя марскiя камянi з лета ляжалi на палiцы з кнiгамi. Яна прывезла iх з Нiды, дзе правяла цудоўны тыдзень на летувiскiм узбярэжжы з групай сяброў з некалькiх менскiх газет. Камянi гэтыя, кажа, збiрала з мэтай, што паслужацца ёй для масажу цела. Я недзе чула пра такую методу. Нагрэтыя ў гарачай вадзе пасля масажу кладуцца на спiну. Цяпло камянёў суймае боль, супакойвае, мацуе i дае адчуванне гарту.

Але яна ўзбагацiла гэтую iдэю пасля таго, як тады на пляжы ў Нiдзе Насця паклала тры разагрэтыя на сонцы камянi ёй на жывот. I яна адчула нязвыклую цеплыню, i якраз тады падумалася, што ў камянях заключана вялiкая эратычная моц. Асаблiва ў гэтых марскiх, тысячагоддзямi лашчаных вадой, шлiфаваных водарасцямi i марскiмi iстотамi.

Калi я першы раз прыйшла да яе на кватэру, камянi падалiся мне звычайнымi мяшчанскiмi кiчовымi цацанкамi. Як фарфоравыя фiгуркi лялек i зверанят. А тым часам яна выбрала адзiн з iх - крапчаты, ржава-чырвоны. Глыбока затулiла яго ў далонi i трымала так некалькi хвiлiн, гледзячы мне ў самыя вочы, нiбы хацела ажывiць успамiны гэтага кавалка матэрыi, апелюючы да маёй памяцi.

Я ўзгадала верш Ганны Каменскай i ўголас прачытала яго па-польску, робячы акцэнт на кожным слове. Яна ўсё разумела. Так, як бы гэтая паэзiя была таксама часткай яе памяцi, i каменя, i майго позiрку, i нашых целаў.

У канцы мы самi маем права адчуваць сябе такiмi ж цвёрдымi камянямi, якiя, абцёртыя ў людскiм тлуме, сярод здарэнняў i лёсаў гартуюць сваю сутнасць i глыбока ўсярэдзiну хаваюць цяпло i складаную структуру перажывання свайго ўласнага кавалачка вечнасцi.

Цёплы ад яе разгарачанай далонi камень яна прытулiла мне да шчакi, вуснаў, носа. Правяла iм па шыi i нiжэй. Пацалавала мяне i сказала, што гэта i ёсць размова з каменем. Пасля ўсунула яго мне ў далонь i сказала прынесцi праз некалькi тыдняў, калi, добра разагрэты маiм целам, ён будзе трымаць для яе запiс стуку майго сэрца, паху цела, гуку словаў i сiлы пагляду.

Некалькi ночаў я трымала камень у сваiм ложку. Калi кахалiся з Маркам, камень быў сведкам нашых спазмаў i енкаў. Марк таксама браў яго ў далонi i гладзiў iм мае сцёгны, плечы, ступакi.

Праз некалькi тыдняў, калi я аддавала ёй камень, мы ўжо выдатна разумелi адна адну. Яна ўзяла ў мяне гэты ржава-чырвоны i паклала на далонь iншы, халодны, з шэра-срабрыстай павалокай. Сказала толькi, што хоча дакрананнем, поўнай далоняй абняць цвёрдае змесцiва i выдабыць з яго тое, што я ўклала поўнай сiлай маiх найлепшых пачуццяў. Халодны камень назваць прыладай кахання...

VII

Я люблю яе кватэру ў цэнтры Менска. I гэта пачуццё супярэчыць маiм мяшчанскiм кракаўскiм прызвычайкам. Праўда, лесвiца няшмат рознiцца ад той, якую я з такiм задавальненнем пакiнула ў Страдоме некалькi гадоў таму назад. Задуха, кухонныя пахi, смурод мачы бамжоў i валацужных п'янчугаў з наваколля. I тыя кракаўскiя кашэчыя сцулi, да смуроду якiх так лёгка прывыкаеш, калi любiш жывёлаў. Але ў Кракаве кожная кватэра мела хоць крышку мяшчанскага цяпла. Такога неабходнага эўрапейцу, звыкламу пагарджаць перад сябрамi слабiнамi стэпавага воўка.

Масiўныя дзверы кватэры паспяхова адсланяюць яе ад знешняга свету. Пасля некалькiх начных выпадкаў, калi ў дзверы ламалiся п'яныя iншаземцы, памылiўшыся дзвярмi з суседняй вышэй паверхам iнтымнай установай, яна пастанавiла сабе забяспечыцца салiднымi i моцнымi замкамi, жалезнай засаўкай i мяккай абiўкай, якая глушыла ўсе вонкавыя шумы.

I тым не меней ноччу з лесвiчнай пляцоўкi далятае рэзкi стукат высокiх абцасаў альбо п'яныя крыкi неспатоленых клiентаў.

У калiдоры яе кватэры старая мэбля пакрытая цёмнай палiтурай, такой моднай у канцы шасцiдзесятых, прыгнятае сваёй безгустоўнасцю. Але ўжо пакой, у якiм яна праводзiць большую частку жыцця, дае мне адчуванне пэўнасцi. Хоць, халодны i поўны пагардлiвай, задзiрыстай няўкладнасцi, ён мае некалькi прадметаў хатняга ўжытку i кнiг, моцна абжытых у такой самай эстэтыцы, якую калiсьцi ў Польшчы апiсаў нейкi малады сацыёлаг, высмейваючы хiпi ў доўгiх пацёртых свiтарах, з акулярамi на носе i прышпiленым на грудзях рэастатам. Што нас яшчэ лучыць, дык гэта яе вялiкi альпiнiсцкi заплечнiк у куце за шафай i заквэцаныя боты. У Беларусi цяжка з гарамi, а ейную любоў да вылазак у Судэты i Татры пацвярджаюць шматлiкiя здымкi, хаатычна развешаныя над сталом i кнiжнай палiцай.

Калекцыя кампактдыскаў дае ўяўленне як пра добрую музычную адукацыю, так i пра малады ўзрост. Ад Баха, Скарлаццi праз Равэля, Стравiнскага, Шапэна аж да найноўшых дыскатэкавых хiтоў. Iншая рэч, што даступнасцю гэтай моднай прадукцыi можна заўдзячваць пiрацкаму бiзнесу i нiзкiм цэнам. Заўсёды, як я прыязджаю ў Кракаў, усе мае знаёмыя карыстаюцца маiмi запасамi навiнак CD без якiх-колечы азнакаў пачуцця вiны.

Калi я гляджу ў высокiя старыя вокны, поўныя духу сталiнскага класiцызму, як i ў большасцi гэтых камянiц у цэнтры Менска, мяне забiрае ўражанне, нiбыта я пабывала ў Новай Гуце. З аднаго боку адчуванне чужароднасцi, нават варожасцi, з другога - усведамленне, што навокал напэўна ж бо жыве шмат цiкавых людзей i яны трактуюць гэтую архiтэктуру не як божае дапушчэнне, а як месца адыходу ад навыкаў нянавiсцi i непрыхiльнасцi да непрыязнай прасторы.

Нехта сказаў мне, што ўвесь цэнтр Менска будавалi ваеннапалонныя вермахту пасля прайгранай вайны. Напэўна ж яны адшкадавалi сабе страчаныя месяцы лагернай бяздзейнасцi i галодных пайкоў працай у сваiх прафесiях. З прускай рамеснiцкай стараннасцю яны выконвалi заданнi савецкiх недавучаных дойлiдаў.

З яе вокнаў я цяпер азiраю гэты "навагутны" Менск. Найбольш люблю глядзець на тусоўкi каля Макдональда. Тут найбольш праяўляецца значэнне гэтага слова. Тусоўка - гэта спроба наладзiць грамадскiя сувязi з апораю на бачанне i павярхоўны дыялог. Нешта як калода картаў, тасаваная спрытнай рукою абавязковай моды. Дзяўчаты какетнiчаюць, хлопцы ж тут дужа крутыя.

Тусоўка пад Макдональдам, бадай што, найважнейшае месца ў цэнтры, дзе можна ўмовiцца пра спатканне, выпiць альбо зайсцi ў падземны пераход i там пад гукi разладжанай гiтары i хрыпатых песенек Чыжа купiць газету, каб даведацца, як там бацька - цi не прыдумаў якога дэкрэту супроць тусовак.

Неяк бацька ўжо быў папракнуў, што на адкрыццё "закусачнага бара", гэтага сiмвалу амерыканскага iмперыялiзму, прыйшло зашмат моладзi, занаджанай таннымi гамбургерамi. Але я зразумела гэта неадольнае жаданне мець кавалачак Амерыкi дома, калi пачула расказ, як на пачатку дзевяностых менскiя дзяўчаты ездзiлi начным цягнiком у Маскву, каб прывезцi адтуль пластмасавы цi папяровы кубачак, упакоўку з-пад бiгмаку цi яшчэ якое падобнае смецце.