Расказаў ён таксама гiсторыю, як на Караткевiча напусцiлi цыганку, каб яна яму наваражыла, што ён будзе вялiкiм пiсьменнiкам. Колькi ж бо грошай марна ўбухаў тады шакiраваны Караткевiч? Альбо як ён уцягнуў у забаву выпадкова сустрэтую расейку ў бiблiятэцы Чартарыйскiх. Падбухторылi яе, каб падышла да Караткевiча, якi чакаў пад помнiкам Мiцкевiчу i голасам агенткi з Масквы папыталася, што ён тут вырабляе, навошта, каго чакае i каб заўтра ж явiўся ў савецкае консульства для дачы дадатковых тлумачэнняў. Мальдзiс назiраў за ўсiм гэтым з кавярнi ў Сукеннiцах i выскаляўся, а будучы беларускi прарок зелянеў i чырванеў ад прыкрасцi i страху.
Апошнюю гiсторыю прафесар, пасёрбваючы налiвачку, акрасiў доўгiм уступам, як тое яны ў гатэлi "Cracovia" сядзелi разам з Караткевiчам, побач сюд-туд лётала ладная афiцыянтка, кiдаючы ў iх бок пагардлiвыя позiркi. Ацэньваючы iх па сцiплай вопратцы, яна больш гарнулася да заходнiх турыстаў, амерыканскiх палякаў альбо блiшчастых ад ПНРаўскай мiшуры мясцовых увiшных шалахвостаў. Яны пастанавiлi адмысловым спосабам адпомсцiць ёй. Наступнага дня ранiцай сам Мальдзiс каля столiка заказаў у той самай маладзенькай i павабнай афiцыянткi каву i як бы мiж iншым даверлiва завёў, што, бач, мае пэўную праблему. Бо вось праз некалькi гадзiн прылятае з Амерыкi яго стрыечны брат, якi атрымаў у спадчыну вялiкае ранча ў Тэхасе. А ён яму абяцаў знайсцi жонку i будучую гаспадыню на тую спадчыну, але вось нiчога нiяк не клеiцца. Афiцыянтка ўлёт скемiла, што можа надарыца не абы якая аказiя, i калi абодва з элегантна апранутым i гладка паголеным Караткевiчам увайшлi падвечар у кавярню, яна не спускала з iх вачэй. Ветлiва i вельмi мiла абслугоўвала. Усмiхалася, лiслiвiла i падавала знакi, што ахвотна пагутарыла б з госцем сам-насам. I ўсё павялося б добра, калi б Караткевiч не забыўся, што павiнен гаварыць не з расейскiм, а з амерыканскiм акцэнтам. Асаблiва, калi пасля некалькiх кiлiшкаў вылушчыўся i сыпануў па-беларуску паэмамi - сваiмi i класiкаў. Нягледзячы на тое, што афiцыянтка страцiла цiкавасць i ўжо не вельмi разбiралася, пра што там iшлося, Мальдзiс стаяў на сваiм, што забава атрымалася класная.
А на мяне адразу насунулася подумка, што нават калi гэта гiсторыя праўдзiвая, дык напэўна прыадкрывае толькi тыповыя комплексы. Калi мы з Вiктарам выйшлi з Цэнтра, я падзялiлася з iм сваiмi меркаваннямi. Ён часткова прызнаў маю рацыю. Так, ёсць нешта ў вас, паляках, пыхлiвае i адпiхлiвае. Пагардлiвасць, фанабэрыя i iгнарванне "расейцаў", асаблiва, калi дэманстрацыйна не разрознiваюцца нацыянальнасцi ў велiзарным савецкiм мяху. Але цi вашая ў тым вiна, цi нашыя комплексы? Цяжка разважыць. Тут Вiктар, аднак, успомнiў адну гiсторыю, якая пацвярджае маю думку. Ён быў сведкам, як прафесар Мальдзiс некалькi разоў дапасоўваў свае расказы да кампанii, у якой быў. Аднаго разу на адкрыццi выстаўкi жыдоўскай кнiгi ён пачуў Мальдзiса, якi кроiў зграбную легенду пра беларуска-жыдоўскую каалiцыю супроць варожых ляхаў. Сцвярджаў, што Францiшак Скарына за грошы беларускiх жыдоў выдаў у Празе Бiблiю, перакладзеную на сваю родную мову, наперакор палякам. Колькi ў тым праўды, а колькi iнтэрпрэтацыi, цяжка сказаць, але легенда зграбная.
Я ўжо й не ведаю, што ён расказваў сваiм польскiм знаёмым на тых канферэнцыях у Кракаве. Як праўдзiвы гаварун ён мае шмат розных версiй розных гiсторый...
У сваю чаргу, у такiх сiтуацыях мне пастаянна прыходзiць у галаву акрэсленне ўласцiвага псiха-нацыянальнага сiндрому - краiна-партызанка. Нiшчаныя i плюндраныя рознымi акупантамi беларусы навучылiся вельмi глыбока хаваць свае погляды, у тым лiку розныя комплексы i сантыменты. Нiколi не можаш быць пэўны, цi за знешняй адкрытасцю i шчырасцю пры бутэльцы гарэлкi не стаiць чарговая маска, уцёкi ўглыб. У недаступныя закануркi, балоцiстыя лясы, нетры, тарфянiшчы, у замглёныя лугi i пушчы Беларусi.
Вiктар слухаў мае словацечывы, моўчкi iдучы поплеч. Я расказала яму пра сваё ўражанне ад спаткання з Дзмiтрыем i яго партрэтам голай жанчыны. Цела на белай прастынi, на фоне чырвонай сцяны. Нiбыта ясна i выразна. Нiбыта шчыра i адкрыта. Але гэта толькi мiмiкрыя, уражанне. Замаскаваны i глыбока схаваны свет, якi немагчыма лёгка i проста апiсаць i спазнаць.
XXIII
Калiсьцi выпадкова я дасталася ў самае нутро яе змрочнай натуры, прорву, поўную выбуялай эротыкi, жаданняў i двухсэнсавасцi. Сярод кнiг я натыкнулася на аматарскi здымак голага мужчыны. Паклала яго на пiсьмовы стол, не падазраючы, што гэта яе ўласнасць. Яна, заўважыўшы маю цiкаўнасць i, можа, нейкае пытанне ў вачах, усмiхнулася. Нi пра што не пыталася, але, вiдаць, мой позiрк быў поўны загадкавай натугi, калi ўжо яна загаварыла сама.
Калi яна яшчэ была за сваiм мужам, здарылася непрыемная гiсторыя з лiстом, якi яна атрымала ад аднаго калегi журналiста, што выехаў у Францыю i слаў поўныя жалю i настальгii эпiсталы. Вiдаць, даймаў яго брак жанчыны, таму ў пiсьмах было шмат розных эратычных алюзiй i нейкiх успамiнаў з iх разам праведзеных на Чорным моры вакацый пасля сярэдняй школы.
Адно пiсьмо прачытаў яе муж. Гэта быў якраз час яго найбольш пiльнага кантролю. Для яе чым далей, тым больш невыноснага. Але яна не магла вырвацца з заклятага кола мужавай раднi, сваiх бацькоў, цеснай кватэры ў бетонный пустынi з выглядам на пад'ёмныя краны i спляжаны ландшафт. I яна прыйшла да думкi неяк схавацца ў якой-небудзь выключнай прыватнасцi, куды нiхто не меў бы права без спросу соваць цiкаўны нос. Яна заказала сабе персанальную паштовую скрынку. У галоўным будынку менскага паштамта яна магла непрыкметна схавацца на некалькi хвiлiн, забраць карэспандэнцыю i пажыць у сваiм таямнiчым свеце, поўным мрояў, няспраўджаных разбушаваных летуценняў. Са студэнцкай газеты яна выбрала некалькi адрасоў i пачала перапiску. З дзяўчынай з Фiнляндыi, хлопцам з-пад Братыславы, а пазней з маладым iтальянцам Джульянам. Гэты апошнi iнтрыгаваў найбольш. Лiставанне развiвалася з неразгаданай двузначнасцi ў бок канкрэтнай эротыкi. Высыланыя канiкулярныя здымкi прыватных сустрэч пераставалi ўжо быць вычарпальнымi. Прыйшлi да згоды абменьвацца давяральнымi здымкамi з фотаклiшэ актаў. Спачатку яны былi няякасныя, бо не было добрага апарата. Пазней на ашчаджаныя грошы яна рашылася купiць паўпрафесiйную "Алiмпiю". I яшчэ толькi iснавала праблема з праяўленнем тых здымкаў, як бы тое не ўчворыць сенсацыi ў фотаатэлье. Яна пазнаёмiлася з дзяўчынай адтуль, i яны разам разглядвалi праяўленыя Джульянавыя здымкi.
Яна апiсала мне свае фотаграфiчныя iнтымы ў ваннай альбо ў кватэры ў адсутнасцi хатнiх. На здымках яна прыцiскала бюст альбо азадак да аконнай шыбы на балконе, садзiлася на фалiчныя бутэлькi, спрабуючы языком дастаць да смочак. Стаяла i сядзела ў розных паставах на падваконнiку. Ад Джульяна таксама атрымлiвала ананiстычныя аўтавыявы. Парнаграфiя развiвалася. З калатнёю сэрца раз на тыдзень бегла на паштамт па новую перасылку. Пазней i таго стала мала. Пастанавiлi спаткацца i паспрабаваць свае сiлы ў натуральных вымярэннях, дакрананнях i спазмах асалоды. Месцам спаткання абралi Братыславу. Яна скарыстала нейкуюю экскурсiю ў горы, каб апраўдаць сваю адлучку на некалькi дзён.
Яны замкнулiся з Джульянам на тры днi ў невялiкiм занюханым гатэлiку, аддаючыся парнаграфii ў натуры, рэалiзуючы з шалёным сткатам сэрца i задыхлiвым iмпэтам змрочныя мары, вiльготныя i лiпкiя думкi. Супакоеная вярталася ў Менск з гарачым рашэннем навучыцца iтальянскай мовы, бо слабой ангельскай выстарчала iм абаiм толькi на прымiтыўную камунiкацыю. Распальную i цiкавую толькi на некалькi першых гадзiн, а пасля пакутлiвую i ў пэўнай меры абразлiвую. Джульян бо плацiў за ўсё i быў клапатлiвы, але ўсё гэта разам рабiла на яе ўражанне гандлёжнай прыгоды.
XXIV
Яна прызналася, што аднаго разу, вярнуўшыся ў Менск з другой паездкi ў Братыславу, села ў скверы сярод латкоў з карцiнамi, матрошкамi i iншымi такога роду шадэўрамi мастацтва. Пiла пiва з бутэлькi, бяздумна ўглядваючыся ў прастору перад сабою. Было позняе папалудне. Адчула на сабе доўгi лiпкi позiрк мужчыны, якi сядзеў на лаўцы з дзяўчынай. У дзяўчыны кiдкi макiяж, яна прамянiлася прадажным сексам, была ў кароткай спаднiчцы i спакушала выстаўленымi на публiчны агляд зграбнымi нагамi.
Мужчына запалiў папяросу, не спускаючы драпежна-прагнага позiрку. Спачатку яна падумала была, што гэта звычайная цiкаўнасць. Пасля змецiла той двухсэнсоўны сальны лоск на твары, якiм мужчына надзiць i заахвочвае да скоку ў невядомае.
Далей яна расказала, што мiнула больш дзесяцi хвiлiн i мужчына падышоў да яе, загаворваючы пра ўсё, пра што можна загаварыць у скверы сярод карцiн, пахаджалых турыстаў i запыленай зелянiны. Па хвiлiннай размове яна ўжо адчула сябе як у памяшканнi з замкнутымi дзвярмi. Паспрабавала выбрацца, хоць з цяжка хаванай абыякавасцю кiдала фразы на тэму сваiх выдуманых штодзённых заняткаў. Нiбы хацела спадабацца мужчыну сваёй бескампрамiснай пазiцыяй. Праз паўгадзiны да iх падышла вышмiнкаваная паненка на высокiх абцасах i з нудою на твары. Толькi тады яна дацяла сваю наiўнасць i што на ўме таму тыпажу. Адразу ўбарохталася ў правакацыю, якую спачатку трактавала, як пацешную забаву. Прапанова працы па тэлефоне. Ён абсыпаў яе камплiментамi i бажыўся, што выбiраць сабе клiентаў яна будзе сама. Яна настолькi ладная i прывабная, што не абавязана кiдацца на любую прынаду. Грошы тут жывыя, халяўныя, а за апеку ён бярэ толькi палавiну. Яно зусiм нязгорш як на менскiя расцэнкi, калi сутэнёры здзiраюць з дзяўчат большую долю ўтаргоўкi.
Пасля гэтай размовы яна нават не адчувала абрыдлiвасцi да сябе. У галаве шумела выпiтая бутэлька пiва. Узяла нумар яго мабiльнiка i, удаючы свой поўны спакой, пайшла ўбок блiжэйшай станцыi метро. Дома адразу нырнула ў сямейны спакой перад тэлевiзарам i ў пустыя размовы пра нiшто.
Менавiта тады яна i наважылася напiсаць цыкл нарысаў, у якiх менскiя дзяўчаты спавядаюцца ў тонкасцях сваёй вулiчнай працы (i не толькi). Артыкулы прынеслi ёй розгалас, некаторыя газеты давалi даволi добрыя, як на Менск, сумы за большыя тэксты ў суботне-нядзельныя выпускi.
Муж быў вельмi незадаволены гэтым. Кпiў, што з такой журналiстыкай адкрытая дарога ў бульварныя рубрыкi. Пасля адной такой вострай размовы яна ўзяла купленыя незадоўга да таго ролiкавыя канькi i, заплёўшы валасы ў дзве школьныя касiцы, выскачыла з кватэры i правяла рэшту дня ў размашыстым раз'язджаннi па навакольнай асфальтавай арэне, як iстая наццатка.
XXV
Заiнтрыгаваная яе расказам пра адпад у сваю змрочнасць i адначасова ў адкрытасць свету розуму з такой самай сiлай, як бы тое заходзiлася пра агульнапрынятае спазнанне хараства прыроды, я пачала распытвацца, як яна спраўляецца са страхам перад светам, якi так брутальна адлучае нас ад нашых жаданняў, называючы iх злом i грэхам. Тады яна зацытавала мне фрагменты з кнiг Генры Мiлера. Сутыкнулася яна з iмi некалькi гадоў таму назад у добрым расейскiм перакладзе. I тады ёй раптам здалося, што цярпеннi гэтага чалавека падсумавалi ўсе ранейшыя змаганнi чалавецтва з двузначнасцю душы. Больш за тое, ўсё, што датуль здавалася хвалюючым i правакацыйным неспаўненнем, раптам абярнулася простай праўдай, дзiцячай забаўкай, казкай цi байкай на дабранач.
Яна пазбылася страху. Набралася ўпэўненасцi ў сябе. Дзiўна. Але, бадай, магчыма, бо такi яна не павiнна была ашукваць мяне, прыкiдвацца i напускаць на сябе. Я па-ранейшаму бiлася са сваiмi мяшчанскiмi звычкамi да ўдаванага сораму альбо страху.
Аднаго вечара мы сядзелi ў яе ў кватэры, i яна зноў вярнулася да пытання, як пiсала артыкулы пра менскiх прастытутак. Тады яна прапанавала мне прайсцiся па горадзе.
Мы выйшлi з цёмнай брамы яе дома. Скiравалiся ў бок праспекта Машэрава, дзе на шырачэзным тратуары сярод кветнiкаў падсветленыя рэкламы прэзерватываў асцерагаюць пра небяспеку СНIД'у i венерычных хваробаў. Было ўжо добра па дзесятай, i на тратуары сям-там кучкавалiся дзяўчаты, прабаўляючы час цiхiмi размовамi i цыгарэтамi. Штохвiлiны пад'язджалi машыны, з якiх высоўвалiся мужчынскiя галовы, дамаўляючыся i абгаворваючы ўмовы i стаўкi. Дзяўчаты нетаропка, спакойна, ва ўстаноўленым, вiдаць, памiж сабою парадку знiкалi ў машынах i раз'язджалiся па невядомых аб'ектах.
Гэта страшна небяспечна. Яна, запабягаючы маё пытанне, пачала расказваць, што дзяўчаты найбольш баяцца сiтуацый, калi за адным альбо двума аматарамi платнага сексу ў памяшканнi з'яўляецца цэлая шобла, якую трэба ўсю, па чарзе, абслужыць. Найбольш жорсткiя i крутыя прыбыльцы з поўдня, розныя там чачэнцы цi iншыя мусульмане. Шкодай вялiкай, можа, i не пакрыўдзяць, але за такi харавы секс плацяць толькi адну голую стаўку - наогул, гэта 20-50 даляраў.
Пад'язджае мiлiцэйскi патруль. Дзяўчаты ў такiм выпадку хаваюцца ў кавярнi альбо стаяць каля ўваходу ў кiнатэатр. На ўсялякi раз мы таксама праходзiм далей. Тады адна з iх пазнае маю таварышку. Прадстаўляецца. Завуць яе Света, яна вывучае журналiстыку ў тутэйшым унiверсiтэце. Успамiнае iх папярэднюю леташнюю сустрэчу i загаворвае. Артыкул ёй спадабаўся, але крыху завостры. Яна пачынае баранiцца, што, бач, яна не сацыяльная работнiца, што ёй да дупы, якога выбару трымаюцца дзяўчаты. Кожны мае права на тое, што яму пасуе i не шкодзiць iншым. Света дастае пачак цыгарэт i частуе нас. Пачынае наракаць, што калi б не даўгi, дык бы i не заводзiлася, не цацкалася б з усiм гэтым. Сама яна з-пад Магiлева i не хоча вяртацца ў нэндзу сваiх бацькоў. Не мае нiякай таланi на крутую кар'еру, не хапае блату, i таму яна рашыла крыху пасобiць сама свайму лёсу. I ўвесь час дэманстрацыйна гаворыць па-беларуску. Калi я пытаюся ў яе, цi мае час на вучобу пасля такой жылавымотлiвай начной працы, яна з усмешкай адказвае, што нiколi не мела нiякага клопату з навукай. Веды прыходзяць ёй спора, апрача таго сама папiсвае i шмат чытае. Як бы ў доказ таго пачынае чытаць свой новы верш - па-беларуску. Пасля расчаравана разважае пра няўдачлiвасць мужчынскай палiтычнай элiты. Прапускаючы палiтыкаў, даходзiць да высновы, што ў ложку самыя лепшыя - iншаземцы, мабыць, хацела зрабiць мне прыемнае, здагадаўшыся, што я полька, i расказала пра некалькiх палякаў, якiя мала што добра плацяць, кормяць i пояць, дык яшчэ пад канец патрафляюць i ў ручку збусяць. Нiколi не таргуюцца, заўсёды дадуць якi-небудзь прэзент i завязуць дамоў. Крышку шакiруе, што занадта педантычныя. Адзiн, напрыклад, кожнага разу надзявае два прэзерватывы. А яна ж рэгулярна наведвае гiнеколагаў i не дазволiла б сабе пайсцi з клiентам, калi б што-небудзь падчапiла.
Вяртаемся дамоў. На цёмнай лесвiчнай пляцоўцы таўкуцца госцi iнтымнага агенцтва.
Увайшоўшы ў пакой, яна прапануе мне гарбаты. Здымаю боты. Сядаю, падкурчыўшы ногi, на тапчан i бяру з палiчкi адзiн з нашых агульных камянёў. Гладжу пальцамi шорсткую i халодную паверхню.
XXVI
Тое ж бо яе захапленне Генры Мiлерам... Нават тэкст, здавалася б яе ўласны, - бачу, што паявiўся пасля чытання шмат якiх мiлераўскiх фантазiй i душаразладных споведзяў.
Цяпер хочаш па-просту апраўдаць гэту любоў, надаць ёй хоць бы цень сэнсу i, вядома ж, падпарадкаваць яе сваёй волi. У Тваiм унармаваным свеце - планаў, мараў, прадугледжаных i непрадбачаных спатканняў - тая любоў з'яўляецца так неспакойна i застае Цябе знянацку. I ты мусiш, альбо папросту лiчыш, што мусiш, яе цугляць. А тым часам яна вырываецца. Бо прыйшла без Тваёй волi. Жыве i цешыцца жыццём. Сама ў сабе. У Тваiм целе i душы i робiць з Табою, што хоча. Як дэман з малiтвы заклiнача д'ябла. На самым пачатку Ты бавiлася ёю - было цiкава i цiкаўна, але што паробiш з ёю цяпер, калi яна будзе развiвацца далей? Сваiм бездакорным заходнiм розумам задаеш пытаннi. I сама ўпадаеш у нерат розуму, якi вышэй за Цябе. Цi ўтрымаеш яе пры жыццi? Што за неадпаведнасць. Ты ж бо яе не кормiш, яна жыве i даводзiць Табе, што так яно й след. Насуперак той д'ябальскай i людской логiцы. Баiшся i ведаеш, што калi яна разальецца, будзе Табе вой як блага, выглядацьмеш чыстай iдыёткай, подлай... Таму якраз у глыбiнi душы ты i маеш надзею, што неяк усё абыдзецца, i любоў твая мiнецца.
Застаешся з ёю вызваленая i застаюцца з Табою прызнаннi, жалi, прэтэнзii, скугла, просьбы пра спачуванне i мальбоны за дапамогу.
Мой спеў у гэтую хвiлiну шэлега не варты. Якi б ён нi быў той верш, тая песня, якая б нi была музыка i патэтычная псальма. На нiшто ўсе мае намогi. Мала таго, навокал iншыя сваiмi песнямi, сваiмi вершамi памнажаюць багаццi вопыту. I бачу, як нямы глядач: у скрусе перад Усявышнiм i ўсведамляючы, што ў сваёй слабасцi не патрапляю дараўнацца хоць бы з найменшай страфой Ягонага прарока, запiсанай у псальмах. Узбагачаць iншых, чытаючы ўсю эпоху, змешчаную ў змаганнях з ворагамi нейкага караля цi князя з пракаветнай гiсторыi Iзраiля.
Узношу хвалу Ўсемагутнага,
i ты ўратуешся!
Лiся, песня мая!
Спявай, майстар-будаўнiк!
Спявай, шчаслiвы творца!..
... Хто можа падкапаць, знiшчыць веру? Хто можа абвалiць радасць? Многiя спрабавалi зрабiць гэта ў розны час, але нiчога ў iх з таго не выйшла. Радасць i вера - гэта iманентныя рысы Сусвету. Хоць у працэсе ўзрастання заўсёды спадарожнiчаюць боль i барацьба. Спаўненне - гэта радасць i поўнiца шчасця. У канцы - супакаенне. Памiж палосамi i сферамi быту, памiж зямным i незямным iснуюць краты i прыступкi. Хто ўспаўзае па iх угору, той спявае. Упадае ў п'яны транс, стан даброцi i даходзiць да захаплення перад расхiнутымi перад iм даляглядамi. Падымаецца, не думаючы, што з iм зробiцца, калi пакаўзнецца i ўпадзе; думае пра тое, што ўсё перад iм! Думае пра тое, што ўсё перад iм! Дарога ў бясконцасць - а чым далей памкнешся, тым даўжэйшай робiцца. Балоты, багны, дрыгвянiшчы, вiры, прорвы i пасткi - усё перад табою. Памятай пра iх, яны чакаюць, яны цябе паглынуць у тую самую хвiлiну, як толькi ты на момант прыпынiшся. Свет iлюзiй - гэта яшчэ не да канца ўпакораны свет. Гэта заўсёды свет прыйшласцi, будучы свет, а не таго, што сышло ў нiвеч. Iсцi наперад, абапiраючыся на мiнулае - гэта валачы на нагах цяжкiя нявольнiцкiя гiры. А хто прыкаваны да мiнуўшчыны, той змушае сябе перажыць яе наноў. Прашу Цябе, не бойся. Пан Бог дасць Табе сiлу, каб ацугляць Тваю слабасць. Тваё цела, дадзенае толькi на момант, ён жа зрабiў яго прыладай спаўнення ў гiсторыi любовi. Ён, укрываючыся ў рэчах i з'явах, гаворыць нам, пераконваючы, што так сапраўды няма ЯГО! Ёсць толькi любоў. Благая i добрая. Любоў чалавека да чалавека. Сярод багнiшчаў, тоняў, пахмурных i непамысных прастораў.
Усе мы вiнаватыя, усе мы злачынцы, вiнаватыя ў вялiкiм злачынстве. Пражываем жыццё без жадання жыць, але патэнцыйна мы ўсе свабодныя i можам перастаць мыслiць пра тое, што ў нас не атрымалася. I таму ўсё ў нас выйдзе, усё нам удасца, на што мы здольныя, што патрафiм. Нiхто не можа ўявiць сабе, якiя гэта сiлы ў нашых руках. Не можам уявiць сабе, што яны бязмежныя. Уяўленне - гэта паклiканне, якое нам робяць, i мы ўспасобiмся стаць перад iм наўпрост насуперак агульнаму перакнанню, што нам не ўдасца. Калi ёсць нешта боскае ў Богу, дык гэта менавiта такое паклiканне i здольнасць стаць перад iм наўпрост.
Калi я гавару мовамi чалавечымi i анёльскiмi,
а любовi ня маю,
дык я - медзь звонкая...
XXVII
Гартаючы старонкi часопiса "ARCHE", я знайшла апавяданне Адама Глобуса. Дзiўнае стварэнне гэты Глобус. Пераспаў з дзяўчынай. Вядомай, зрэшты, журналiсткай, i тут жа распiнаецца пра свае досведы.
Патэлефанавала Ёй, поўная ўскiпелага ўва мне абурэння, i мы сцялiся ў спрэчцы пра межы iнтымнасцi ў лiтаратуры. Несумненна, мы перш за ўсё пiшам пра тое, што з намi здарылася. Дзелiмся сваiм светам, але ж ёсць крэсы прыстойнасцi. Пiсьменнiк, нават найбольш нявiнны i дурны, альбо той, якi толькi што пачынае змагацца з сабою i сваёй даросласцю, не павiнен апускацца да ўзроўню рэпарцёрскiх прыёмаў бульварнай газеткi. Вiжаванне, вядома ж, мае сваю неадольную панаду, але тут нешта горшае за анахранiчна зразуметую здраду. Гэта так, як калi ў школе хлопчыкi-падлеткi дзеля забавы задзiраюць дзяўчаткам спаднiцу, лапаюць iх у цёмным калiдоры альбо дзеля смеху натыкаюцца на дзяўчат, якiя праходзяць мiма.
Ён не павiнен у такiх дэталях i з такой дакладнасцю паказваць пальцам, што пераспаў з гэтай во дзяўчынай, i ацэньваць альбо заахвочваць да ацэнкi чытача.
Яна ж згаджаецца са мною толькi ў адным. Што не павiнен апiсваць аж так дэталёва. Бо то ж цi мала катораму з нас наўме ў сваiм расхрыстаным эратычным жыццi мець многiх. З часам, каб падкрэслiць сваю вагу, мы даём вокам знак усiм навокал, што сапраўды i мы з тым таксама, так, пераспалi. I робiм гэта толькi дзеля таго, каб падвысiць цiкаўнасць да сваёй асобы.
Яна сказала мне таксама, што нядаўна бачылася з Уладам, якi з прыкрасцю зазначыў, што смеху варта не тое, што Адам Глобус апiсаў у "ARCHE" сваю сувязь з вядомай журналiсткай так падрабязна. Смешна тое, што на месцы Глобуса гэтай дзяўчыне ён, Улад, не прысвяцiў бы i палавiны сказа ў газеце. Глобус папросту зрэагаваў на сваё паражэнне i не так папомсцiўся журналiстцы, як пацвердзiў толькi факт пераспання з ёю. Нiбы такi быў фармальны эксперымент. А яна проста нiкудышняя. Улад успомнiў, як яны кахалiся пасля аднаго вечаровага прыёму ў яе на кватэры. Не прайшло i дзесяцi мiнут, як дзяўчыне ўжо было досыць. Улад з грымасай на вуснах, як сказаў з церпкiм успамiнам, яшчэ толькi-толькi раскручваўся. А яна тым часам ужо кiнула яму ў твар - ах, ты такi ненасытны. Якая прымiтыўнасць! - абураўся Ўлад. Халодная i недаразвiтая. Некалькi мiнут сексу. I гэта мне называецца iнтэлiгенцыя?!
Так, я магла б i згадзiцца з ёю, калi б не ведала Ўлада...
I тут я пачала з ёю выкаблучвацца. Ведаю, што той яе лiтаратурны кандыдат выхваляецца i зайздросцiць Адаму Глобусу, што не ён першы ўздольнiўся на такi эксперымент. Не, што ты! Крый Божа! З Уладам я не спала i нiколi, нават пасля некалькiх бутэлек на такое не пайшла б. Ён мiфаман i пляткар! Адам Глобус, праўда, зрабiў шкадлiва, але i з Уладам я пагадзiцца не рызыкну.
Зрэшты, кiнем вокам на яго лiтаратурныя здабыткi. Яго комплексы сягаюць глыбей. Напiсаў кнiжку пра Лукашэнку - нейкая фантастычная байка, пра якую ведаюць ужо ўсе ў Менску i ў Варшаве. А з таго, што ён гаворыць сам, слава пра яго кнiгу дабегла нават за акiян (Атлантычны, прынамсi!). Праблема, што нiхто той яго кнiжэнцыi не чытаў, усе пра яе ведаюць толькi з дэкларацый самога аўтара падчас розных iмпрэзаў i сустрэчаў. Вось яно, мастацтва i майстэрства занятку вiртуальным сексам. Сапраўдная вытанчанасць.
Тады яна лямантуе мне ў слухаўку, што перажываны секс i секс апiсваны - не адно i тое самае. Можа, Адам Глобус проста выдумаў цэлую тую гiсторыю, каб нешта там справакаваць. I яму ўдалося. Яна нагадала мне анекдот пра аднаго афiцэра, якi за бяседным сталом у афiцэрскiм казiно пачуў меркаванне на прадмет заднiцы сваёй жонкi. Гэта была яўная правакацыя, але закончылася яна трагiчна. Афiцэр вярнуўся дамоў. Гонар i абраза загадвалi яму застрэлiць жонку i адразу пасля самога сябе. Ах, гэтая сiла грамадскага этыкету. Цiкава, у якi пасля гэтага пераплёт трапiў аўтар таго меркавання. Ён хацеў толькi крыху пазабавiцца за кошт свайго калегi. Мы самi, па сваёй ахвоце цi рэдка калi купляемся на сяброўскiя розыгрышы i мiстыфiкацыi. А тым часам пра добры, памысны секс марыць кожны. Ну, амаль кожны.
А дзяўчына, прыспаная адным калегам, мае права быць рэкамендаванай другому. З рук у рукi. Каб насыцiцца, дапасцi да ўсiх тых, у чые абдымкi кiдае нас сiла апанталай нас фантазii...
Цi не шызанулася, што яна вярзе!? Я крычу ў слухаўку. Не магу! Узровень нашай размовы выходзiць за межы чыстага сацыялагiчнага цi лiтаратурнага дыскурсу. Яна дражнiць мяне сваiмi поглядамi. Гэта ўжо нават не блядзтва i нават не нiмфаманiя. Не разумею яе. Можа правакацыя. Годзе. Хай чапляецца за гэтага свайго Дзiму, i хай ён будзе ёй сутэнёрам, хай совае ёй пад нос усё новыя i новыя чэлесы спраўных i юрлiвых самцоў. Яе клопат, яе праблемы, яе жыццё.
XXVIII
Я рашыла зацягнуць Марка на дыскатэку. Пры гатэлi "Беларусь" ёсць вядомы клуб, якi ўсе называюць "шайба". Гэта ад формы будынка i сцэны, нават некалькiх сцэн, на якiх позна ўначы пад гучную музыку разбiраюць танцорак. Часам, як я чула, разбiраюць i прыахвочаных малалетак.
З Маркам мы абгаварылi правiлы гульнi. Кожнае з нас iдзе асобна i толькi назiркам зазначаем сабе, цi другое ўжо што падчапiла. Маем пры сабе тэлефоны, дык жа ў разе чаго пазней установiм хто, дзе i з кiм iдзе далей. Калi толькi адно з нас вылавiць што, дык дзелiмся, натуральна, са згоды злоўленага.
У машыне соваю ў кiшэню некалькi прэзерватываў. Марку таксама соваю ў пiнжак некалькi. Пакiдаем машыну ў паркiнгу каля гатэля. Каля касы тры пацанкi. Маладзенькiя, дурненькiя наццаткi. Марк паводзiць вачмi па напятых азадках i адкрытых дэкальтэ. Я купляю бiлет асобна, каб не псаваць яму гешэфту. Ён загаворвае з дзяўчатамi, думаючы, што ў iх няма грошай на ўваход. Анi, яны чакаюць сваiх кавалераў.
Заходзiм усярэдзiну, скрупулёзна кантраляваныя ахоўцамi. Марк высока падымае рукi, як салдат, здаючыся ў палон. Мяне правярае дзяўчына, якая як звычайна знаходзiць звязку ключоў для дома.
Штэмпелююць нашыя далонi. Нарэшце ўваходзiм.
Каля бара ўсё тыя самыя, што i заўсёды, тры прастытуткi. У зале пуставата. Можа, яшчэ зарана. Толькi адзiнаццаць. Большасць столiкаў ужо занятая, але за iмi амаль толькi адны дзяўчаты. Разглядаюся. Марк па той бок залы. Падсеў да трох дзяўчат, якiя хутчэй за ўсё святкуюць з шампанскiм нечы дзень нараджэння. Бачу, заводзiць iх, дзяўчатам у ахвотку.
На паркеце некалькi хлопцаў топчуцца ў танцы, але па iх выглядзе вiдаць, што гэта курсанты з мiлiцэйскай школы альбо вайскоўцы з акадэмii. Маладыя, паголеныя, танцуюць правiльна, шукаючы вачыма якой-небудзь шчылiны, куды ўшпiлiцца на вечар. Нiчога цiкавага.
Праз гадзiну падыходжу да Марка, якi каля буфета пацэджвае пiва i палiць цыгарэту за цыгарэтай. Пачакаем яшчэ крыху танцорак i стрыптызу. Можа, зборня раскруцiцца.
Па зале ходзiць платаядны пярэстарак, лапае ўсё, што рухаецца i на дрэва не ўцякае.
Нуда, нуда, нудота...
Нават танцоркi нас не разварушваюць. Нейкiя мала апетытныя i не сексуальныя. Рашаем уцякаць дамоў. Планы - кату пад хвост, але настрой гэтага вечара дае нам сiлу, каб пазаймацца самiмi сабою.