Умова сяброўства ў клубе - унёсак у форме трохсот даляраў з абавязацельствам прыцягнення на сустрэчы новых сяброў. За год трэба прывесцi пяць кандыдытаў. Чым больш прыдбаеш новых сяброў, тым вышэйшы будзе твой статус у клубе.

Чарговы энтузiяст уключае праектар i паказвае таблiцу i схемы. Тлумачыць, як проста i можна баржджэй дапяць да багацця.

Мы пераглядваемся, усё больш i больш расчараваныя прымiтыўнасцю такога круцельства. Але калi публiка выбухнула воплескамi i крыкамi запалу, перапыняючы евангелiчныя "сведчаннi" ўжо маёмасных сяброў, не вытрымалi i ўсталi выйсцi.

Аж - у дзвярах дарогу заступае рослы юнак. Не дазваляе i махае рукою ўбок сцэны аднаму з кiраўнiкоў клуба. Той развязна падыходзiць i просiць на хвiлiнку ўбок. Выпытвае, хто мы такiя будзем, што тут рабiлi, як прайшлi i хто нас прывёў. Дзiма, якi чакаў у другiм канцы мадэльнай залы, убачыўшы нас, падбягае. Густа тлумачыць, што ён ад Сашы. Кiраўнiк незадаволена кiвае галавой i катэгарычна заяўляе, што, калi мы не ўваходзiм, як сябры, у клуб, дык абавязаныя абсалютна маўчаць пра тое, што тут бачылi i чулi ў зале. Iнакш бо можам мець клопаты. У доказ гэтага з-за парт'еры высоўваецца гладкi фэйс аднаго з ахоўнiкаў i мерае нас халодным зiркам.

Дзiма перапрашаецца за ўсю гэтую замешку i, беручы нас за руку, цягне да выхаду. Кiраўнiк яшчэ раз пытаецца, цi не журналiсты мы, i, прыклаўшы палец да вуснаў, жагнае нас апошнiм наказам.

Дзiма на вулiцы распытваецца пра ўражаннi.

Яна кажа, што пасля ўсяго гэтага ёй проста рупiць пайсцi ў касцёл i памалiцца. Iдзём утраiх да сабора. Сутуняецца. У катэдры хор рэпетыруе перад урачыстасцямi Божага Цела. Слухаем лацiнскiя песнi. Адразу неяк сэрцу адлегла i палегчала.

Калi выходзiм з катэдры, Дзiма дае мне знак, што цяпер хоча застацца з Ёю адзiн, што сам правядзе яе дамоў i гэтак далей. Гляджу на яе i яе недарэчны выбар прыпячатваю сваёй кiслай мiнай.

Дзiва бярэ, адкуль столькi сiмпатыi да Дзiмы, якi ў мяне больш асацыiруецца з бычком-асемяняльнiкам, чым з адухоўленым бардам, якi трынькае на гiтары расейскiя цi нейкiя там беларускiя рамансы.

Пакiдаю iх адных, холадна пацiснуўшы ёй руку на развiтанне.

XXXII

Вяртаюся на Маркаву кватэру, абмiнаючы мужчыну ў куфайцы пад лятарняй. Зноў нешта перабiрае на блясе. Каменьчыкi з попелу, кавалкi вугалю. Падыходжу i спрабую разгаварыць яго. З хвiлiну стаю, перш чым ён падымае галаву. Мармыча нешта неўразумелае, але я ўжо здомыслу ведаю, - сартуе, выбiрае тое, што яшчэ можна спалiць у печы, адкiдаючы непрыдатнае. У печах увесь вугаль не згарае, бо надта ж благая iх канструкцыя, якая не ўпускае ўсярэдзiну дастаткова паветра. А таму пасля спалу застаецца шмат чаго, што можна ўжыць другi раз. Тлумачыць мне гэта даволi складана, штохвiлiны вырыгаючы з сябе кленiчы цi лаянку.

Марка яшчэ няма дома. Я раблю сабе гарбату i, заглыбляючыся ў свае думкi, стараюся думаць затаiўшы дух. Камень на палiцы дадае мне бадзёрай надзеi. Кнiга Грэткоўскай падабаецца ўсё менш i менш. Адкладваю яе i бяруся за "Алхiмiка" Паола Коэла.

Прачынаюся сярод ночы. Прыехаў Марк. Кладзецца каля мяне i накрывае коўдрай. Ад яго пахне алкаголем i папяросамi. Я пагладжваю бараду добрага латыша, i мы засынаем у абдымках.

XXXIII

Ранiцай Марк расказаў мне незвычайнае здарэнне. Ён вяртаўся на сваiм аўто з Рыгi. Каля Менска яго спынiлi дзве маладзенькiя дзяўчынкi. Дзве вясковыя красунi, што выправiлiся ў вялiкi горад на рэгулярнае паляванне. Было вiдаць, што гэта ахвотнiцы да нейкай прыгоды. Марк без лiшнiх залётаў пачаставаў iх кавай i булачкамi ў кавярнi "Салодкi фальварак". Пасядзелi, пажартавалi i рашылi схадзiць на пiва. Дзяўчаты не ўтойвалi, што ў сваёй вёсцы пад Менскам не так лёгка знайсцi адпаведных кавалераў. Зусiм iншае ў вялiкiм горадзе. Марка павяло на жарты, прапанаваў правесцi вечар разам. Дзяўчаты нясмела папрасiлi знайсцi калегу, каб было да пары. Тут спрыт альбо эратычны iнтэлект Марка падказаў яму фартэль. Пры iх ён патэлефанаваў са свайго мабiльнiка фiктыўнаму прыяцелю i дамовiўся з iм спаткацца ў гатэлi пад Менскам. А сам паехаў туды з дзяўчатамi i там доўгiя хвiлiны чакання ў знятым нумары разнастаiў сабе папiваннем вiна, каналамi ТV i лёгкай гутаркай з дзяўчатамi. Ён ведаў, што павалютку распалiць у iх апетыт на секс i спакойна раскручваў бяседу. Абедзьве дзяўчыны, ужо добра знецярлiвелыя i разгарачаныя, пачалi настойлiва распытвацца, калi ж урэшце прыедзе той калега. Хiхiкаючы, яны перашэптвалiся, час ад часу кiдаючы ўбок Марка апетытныя позiркi, як недвухсэнсоўныя намёкi. Пад канец Марк прапанаваў пайсцi выкупацца i тады разам утраiх далей чакацьмуць калегу. Праз паўгадзiны пярэшаптаў i хiхiкання, што даляталi з ваннай, выйшла першая. Маладзюткая брунетачка з ладненькiм худзенькiм тварыкам. Белая, як сцяна. Авiнутая толькi ручнiком, прысела каля Марка на ложак. Прызналася, што якраз сёння яны рашылi справiць свае семнаццацiгодзе. Адной будзе праз некалькi дзён, другая два месяцы таму пераступiла парог сталасцi. Але ж гэта няважна, гэта толькi сiмвалiчныя даты. Абедзве ўжо здавён хочуць пазбыцца свайго дзявоцтва з якiмi-небудзь прыстойнымi хлопцамi, але каб не з iхняй роднай вёскi. Марк, увесь у жары, пачаў далiкатныя пяшчоты. Ён не верыў, што яны нечапанкi. Калi праз некалькi хвiлiн разагрэў яе пацалункамi, яго пальцы павандравалi па сцягенцах. Там памiж далiкатных завiткаў дзявочых валасоў натрапiў на гарачую крынiцу вiльготы. Апусцiў пальцы памiж саромнымi губамi i з гiнекалагiчным досведам праверыў вузкi праход. Сапраўды, аўтэнтычна непачатка, уся ў дрыжыках i войкх, са страхам, бяссiла чакае развiцця падзей. Далей метадычна пачаў даводзiць яе цела да поўнай кандыцыi, каб пры як мага меншым болю ўвайсцi ў яе i разарваць сваiм чубчыкам прастору раскошы i асалоды.

Я гляджу на яго палымяныя вочы. Расказвае з такiм захапленнем, што гэта як адкрыццё новай краiны, новага ландшафту, смакаванне экзатычных страваў i ўпiванне моцным напоем невядомага паходжання з невераемным пахам. Ён яшчэ так праняты тым здарэннем, што я бачу яго ўзведзены чэлес у штанах i расчырванелыя шчокi. Кажа, што падобнае трапiлася яму другi раз у жыццi. Першы раз пераспаў са сваёй аднакласнiцай у васемнаццаць гадоў. Але тое было, як бура, нават не спрамогся насыцiць сваёй разняволенай фантазii, як ужо i закончылi, бо дзяўчына моцна закрывавiла. А тут зусiм спакойна, без драмаў. Аматарка прыгодаў - вось яна: ляжала пад iм i ўздыхала, даючы выйсце ўсiм сваiм дзявочым летуценням.

Змешаная са страхам асалода спрычынiла тое, што яна амаль не адчула хвiлi прабiвання праз дзявочую плеўку. Марк даволi спорненька закончыў, бо такi дарунак лёсу быў i для яго таксама раскошнай неспадзяванкай. За сцяной у ваннай другая дзяўчына чакала сваёй чаргi. Аказалася, што яны прынялi рашэнне па чарзе аддацца Марку, метадычна трацячы свой найкаштоўнейшы скарб. Марк, вiдаць, зрабiў на iх уражанне годнага мужчыны. Рашылi не чакаць прыяцеля. Калi першая сышла з ложка i на хвiлiну знiкла ў ваннай, паявiлася другая таксама авiнутая купальным ручнiком. Яна была яшчэ больш напалоханая, чым яе сяброўка. Але таксама поўная рашучасцi. Халодным, амаль дакладна разлiчаным голасам сказала яму прыступаць да справы. Легла на спiну, скiнуўшы з сябе ручнiк. Марк, ашаломлены першым актам, яшчэ не прыйшоў да памяцi. Як i ў першым выпадку праверыў, цi сапраўды дзяўчына яшчэ нечапанка. Так, была. Пачаў змушаць сябе на пяшчоты. Але нiчога з таго не выходзiла. Той, як на злосць, занаравiўся i пастанавiў не паддавацца. Гульня задоўжылася, трывала ўжо пяць, дзесяць, пятнаццаць мiнут. I анi. Тады ён папрасiў дзяўчыну, каб яна ўзяла ў руку яго мужчынскасць. Тая абурылася. О не! Каб, дык не! Марк быў на краi роспачы. Меў пад сабою другую па чарзе цэлку i не спрамогся адным банкетам справiць два вяселлi.

А тым часам дзяўчына ўся аж перавялася. I гэта толькi пагаршала справу. Нарэшце ён рашыўся адысцiся на хвiлiнку, што давала яму магчымасць уцячы i выблытацца з гэтага недарэчнага становiшча. Сказаў, што хоча яшчэ раз патэлефанаваць прыяцелю, каб той прыехаў. Дзяўчына ўстала з ложка i пабегла ў ванную. Марк, не доўга думаючы, пацiхеньку сабраў манаткi i - шмуль з хаткi, стараючыся ўцячы без лiшняга шуму. Калi ехаў машынай, у iм мяшалася пачуццё палёгкi, вiны, са смакам перажытай асалоды i плягi адначасова.

XXXIV

Пане Божа,

я нiбы скравак паперкi

з Тваiм запiсаным жаданнем

шкуматанай ветрам i раптоўнымi павевамi

ад людзей што мiма праходзяць

ад праезджых машын

маю цела

што ты даў мне ў дарунак

у дзень пачатку майго

i пэўнага болей нiчога

за што я табе ўдзячная

бо тым самым ты звольнiў мяне

ад жахлiвага рашэння

якое iншыя на сябе прымаюць

Пане Божа

мая самотнасць

маё цела

мой страх

i ўсе тыя дробныя радасцi

складаю Табе

удзячная за магутнасць прысутнасцi

якую дакладна бачу

уначы

па-над галовамi

i дахамi горада

XXXV

Тыдзень таму назад я атрымала запрашэнне ў Вiцебск прачытаць некалькi лекцый па польскай мове ў мясцовым унiверсiтэце. Наша амбасада ўжо два гады як спрабуе наладзiць там рэгулярныя заняткi па польскай. Мяне як лектарку папрасiлi высветлiць атмасферу i цiкавасць. Увогуле, як мне расказаў адзiн супрацоўнiк амбасады, яны тут разумеюць, як улады баяцца польскай мовы i як афiцыйна цяжка прабiцца праз гэты адмiнiстрацыйна задэкрэтаваны страх. Прасцей з сербалогiяй i балгарыстыкай. Хай беларускiя студэнты вучаць хоць турэцкую, хоць арабскую, але, баранi божа, каб толькi не польскую! Тым не меней ёсць некалькi зацiкаўленых асобаў у тамтэйшым унiверсiтэце, нейкiя рэшткi iнтэлiгенцыi, якая "мыслiць свежа", якая цягнецца да Польшчы, бачачы ў гэтым натуральнае развiццё сваiх памкненняў. Я думаю, нашыя пяць мiнут i так прыйдуць, калi пачнецца масавы адплыў ад расейскай культуры. Гэта толькi пытанне часу. Так вось мне i далi паўтара дзесятка заняткаў на працягу трох дзён. За гэта добра плацяць, за гатэль таксама. I думаць няма чаго - трэба ехаць. Тым болей, што мне даўно хацелася пабачыць горад Шагала.

Я запрасiла яе ў паездку гэтай марознай студзеньскай ранiцай. Прыйшла загадзя да яе на кватэру, калi яна, ужо ўстаўшы, свяшчэнадзейнiчала над запарваннем кавы. Водар асвяжыў нашу сустрэчу i без таго поўную напружання пасля яе няскончанага рамана з Дзiмам. Нешта мне здаецца, што памiж iмi як бы штось прабегла, папсавалася, але я не назалялася, каб яна мне ўсё выкладвала. Я сказала ёй толькi пра прапанову з'ездзiць на некалькi дзён у Вiцебск, на што яна жвава зрэагавала расказам з газеты на тэму маладзёжнага бунту ў тамтэйшай турме. Адразу згадзiлася пад'ехаць разам. Ужо каторы тыдзень яна хацела напiсаць доўгi артыкул пра бесперспектыўнасць, у якой жыве моладзь i пра нарастаючае адчуванне бунту, якi можа лёгка перарадзiцца ў нешта больш сур'ёзнае. Цэлае пакаленне, якое ўжо не ведае савецкай сiстэмы, старэйшымi сiлком ўпiхваецца ў стаптаныя боты i абноскi камунiстычнай iдэалогii. Сказала, што нават калi i няма заказу на тэкст, дык i так яго апублiкуе, а апроч таго вельмi хоча паехаць са мною ў Вiцебск. Прапанавала, каб мы разам спалi ў гатэлi, што дадало б нашай паездцы яшчэ большага румянцу. Даўно мы не спалi разам, i я паглядала на яе з усё большым апетытам.

Развiталiся на тры гадзiны. Я паехала пакаваць свае рэчы, залатвiць сякiя-такiя справы ў горадзе. На кухнi пакiнула Марку запiску, што некалькi дзён мяне не будзе, што цалую ў самы кончык яго цудоўнага красунчыка i тут жа нарысавала яго на паперцы. Вельмi востры.

I ўжо неўзабаве, паполуднi мы сядзелi ў вiцебскiм аўтобусе. Адразу за Раўбiчамi яна паказала мне краявiд, якога такога я ў Беларусi яшчэ не бачыла i ўбачыць не разлiчвала. Гэтыя мясцiны называюць беларускай Швейцарыяй. Несустраканы яшчэ кантраст памiж плоскай i балоцiстай панарамай, якую бачыш у дарозе да Берасця, альбо багнiстымi, лясiстымi нетрамi каля Магiлева i гэтым узгорыстым краявiдам, падобным на Бяскiды цi Бяшчады. Адразу за Лагойскам мясцовасць выроўнiваецца, а ўжо ў ваколiцах Лепеля - звыклы лясны ландшафт з невялiкiмi ўпадзiнамi i пабiтай асфальтавай дарогай, на якой аўтобус падскоквае, вытрасаючы з пасажыраў усякую ахвоту прыкархнуць.

Згадалася апавяданне Ўладзiмiра Арлова, як ён падарожнiчаў гэтай трасай i, праязджаючы кожнае мястэчка-прыпынак, успамiнаў людзей, найчасцей дзяўчат, з якiмi звёў яго лёс на розных прыпынках жыцця.

Дабiраемся да Вiцебска. Сузiраем з-над Дзвiны шагалаўскiя краявiды. Горад такi смутны i шэры. Яна расказвае мне пра фестывалi, якiя летам на некалькi дзён у год ажыўляюць горад i яго наваколле. Прыязджаюць вялiкiя зоркi расейскай эстрады. Аднаго разу такi малады талент Васiль Баканаў - гэты Павароццi Садружнасцi Незалежных Дзяржаў (iм заўсёды мусова мець нейкi эрзац у вытворчасцi лядоўняў, самалётаў i зорак эстрады) прывiтаў публiку воклiчам, што, бачыце, шчаслiвы, што сёння можа спяваць на Ўкраiне. Нiчога сабе. Што значыць нейкаму артысту-маскалю прабздзецца ў Астрахань, Адэсу, Менск, Кiеў цi Вiцебск. Раз плюнуць. А тутэйшыя людзi нават нiяк не зрэагавалi. Савецкае атупленне, залiтае морам гарэлкi i нiчым не абгрунтаванага кайфу.

Iдзём у гатэль. Шэры высокi будынак у цэнтры горада. Пануры i негасцiнны. У холе сноўдаецца пiльнае вока, якое адразу, як толькi мы ўвайшлi, падскоквае i пытаецца, чаго нам трэба. Паказваем на акенца адмiнiстратара i падыходзiм зарэзерваваць нумар. У адмiнiстратарскай пуста. За перагародкай чуюцца, аднак, вясёлыя галасы. Мужчынскiя i жаночыя. Нейкая ў iх там бяседа. Хвiлiну чакаем, але нiхто не падыходзiць. Нарэшце яна не вытрымлiвае i iдзе за перагародку. Я на паўкроку за ёю. З цiкаўнасцi. Сапраўды некалькi асобаў сядзяць за невялiкiм столiкам. Падымаюць кiлiшкi з чарговым тостам. Убачыўшы нас, адмiнiстратарка нервова падымаецца i незадаволена пытаецца, чаго мы хочам. Чаго ж можна хацець у адмiнiстратара гатэля паполуднi? Гасцей вiдаць няшмат. Сонная атмасфера i мала жыцця. Я запаўняю складаны фармуляр, у якiм апытваюць, бадай, цi не пра ўсё на свеце. Яна стаiць збоку i iранiчнай усмешкай квiтуе кожнае маё ўголас сказанае слова з картачкi. Што ўпiсаць, а што не? Адмiнiстратарка пасля пытання не вытрымлiвае маёй упартасцi i злосна адварочваецца. На хвiлiну зноў знiкае за перагародкай, дзе яе чакае новы тост. Я пакорлiва запаўняю фармуляр, падрыхтоўваю грошы i не маю нiякай ахвоты да закалотаў. Чакаю хвiлiну, адмiнiстратарка выходзiць гуллiвая пасля чаркi i забiрае ў мяне дакументы. Яшчэ раз пытаецца, колькi ночаў я буду ў гатэлi, падлiчвае суму, аддае картку i кажа заплацiць у суседнiм касавым акенцы. Там касiркi таксама няма. Убачыўшы на маiм твары пытанне, крычыць убок застолля за перагародкай. "Вольга! Прымi грошы!" Тоўстая i расчырванелая ад алкаголю Вольга ўточваецца на сваё службовае месца, i адразу яе радасны твар мяняе выраз. Яна робiцца засяроджанай, важнай i сюд-туд з падазрэннем зiркае ў мой бок. Лiчыць грошы, выпiсвае квiток. Вяртаюся з iм да адмiнiстратаркi i, аддаўшы пашпарт, атрымлiваю невялiкi металiчны ключ з вялiкай алавянай цi, можа, сталёвай бiруляй. Яго немагчыма насiць у кiшэнi.

Iдзём да лiфта, на якiм залатымi лiтарамi ўвекавечаны прозвiшчы найбольш знакамiтых гасцей гатэля. Лукашэнка, Алексiй II - патрыярх, Ала Пугачова, Мiхаiл Гарбачоў, Пiлiп Кiркораў. Астатнiя прозвiшчы нiчога мне не гавораць. Мабыць, маскоўскiя ўладцы альбо эстрадныя артысты.

Парт'е ўважлiва прыглядваецца да нас i iнфармуе, што сяброўка можа тут быць толькi да вечара, у iншым разе павiнна прапiсацца. Я кiваю галавою, i мы ўваходзiм у лiфт.

У пакоi звыклы савецкi смурод, прылiплы да ўсяго - ад мэблi да сцен, да пасцелi на шырокiм ложку. Адчыняю акно i гляджу ўбок вiцбескага амфiтэатра. Марозна, змяркаецца. Рашаем пайсцi прагуляцца. Хачу агледзець горад, акунуцца ў атмасферу Шагала, Малевiча, Кандзiнскага. Цi засталося што-небудзь з гэтага?

Хуценька гатую каву, гэтак жа хуценька выпiваем, а яна мне крыху расказвае пра музей Шагала - маленькi дамок жыдоўскага купца ў прамысловым раёне, дзе зладзiлi экспазiцыю, iмiтуючы аўтэнтычную ўнутраную планiроўку дома i лаўку канца дзвятнаццатага стагоддзя. Не ведаю, цi будзе яшчэ сёння адчынена, бо ўсе ўжо пачынаюць святкаваць стары Новы год, г.зн. "сiльвестра", паводле грыгарыянскага календара. Сiла традыцыi i кансерватызм - уражлiвы вынiк у гэтай матэрыi.

Цэлы вечар шпацыруем па Вiцебску. Вяртаючыся ў гатэль, перасякаем сквер у цэнтры горада. Ужо, бадай, некалькi градусаў нiжэй нуля. Але прыемна i свежа. Вакол нас на лаўках, падмурках, камлях паваленых дрэў грамадзяцца купкi людзей. На сурвэтах, газетах, лiстах параскладана ежыва, а пасярэдзiне царуе бутэлька гарэлкi. Народнае гулянне. Святкуюць з транзiстарамi, салонымi гуркамi, у цяжкай для зразумення i вытлумачэння атмасферы весялосцi. Расейскi поп, у сваёй бяздумнасцi падобны да нашага дыска пола, разлiваецца, перакiдаючыся ад групкi да групкi. Блiжэй да вулiцы некаторыя ладзяць папойку вельмi своеасаблiва i вынаходлiва - на капоце цi на даху прыпаркаванай машыны. Усярэдзiне можна пагрэцца, а акумулятар сiлкуе мiнiятурны тэлевiзар.

Мы няспешна пасоўваемся ўздоўж гэтага тэатра жыцця. Людзi калышуцца то ў рытм музыкi, то ў такт абвяшчаных тостаў. Стары Новы год.

Бачым, як два п'яныя разахвочаныя юнакi забапалу лапаюць дзяўчыну. Дзяўчына ўжо залiтая ў тры дупы i крочыць шырокiм размашыстым вальсам. Можа, яе цягнуць у корчыкi, каб даць выйсце свайму юру.

Над амфiтэатрам штораз выстрэльвае нейкая вайсковая марцiра. Агонь перакiдаецца то на адзiн, то на другi бок i знясiлена падае ў снег. Мы замерзлi. Час вяртацца ў гатэль. Але атмасфера толькi яшчэ раскручваецца. З падваротняў i завулкаў паяўляюцца падхмеленыя групкi хлопцаў. Большасць iх гэта амаль налыса паголеныя васемнаццацi-дваццацiгодкi. Бледныя ў тварах, але ад выпiўкi на пашчэнках i насах праступаюць чырвоныя плямы, якiя яны расцiраюць скарчанелымi далонямi. Плююць, смачна сморкаюцца ў зацiснутыя на носе пальцы. Апранутыя ў цёмныя кароткiя куртачкi, худыя, цыбатыя, як патыкi, ногi. Кiпiць у iх маладое жыццё, гэта, бадай што, адзiная крынiца энергii. Лезе з iх гэта як прэсная, сялянская прага жыцця. Усё, што вакол iх, - убогае, нэндзнае, панурае i жалю вартае ў сваёй бяссэнсавасцi.

Яна дзелiцца са мною набытым досведам, што большасць з гэтых хлопцаў гэта альбо былыя выхаванцы папраўчай калонii, альбо будучыя зэкi, якiя яшчэ пагараць на чарговым крадзяжы, узброеным нападзе, альбо пазней, калi пойдуць на адсiдку пасля некалькiх гадоў буянай i загульнай жытухi i службы ў якой-небудзь мясцовай мафii. Гэта ў лепшым выпадку, бо то ж яшчэ кожнае мае шанцы рыгнуць душою ў перастрэлцы.

Пакуль што Вiцебск яшчэ здаецца спакойным, сонным мястэчкам, умаляваным у зiмовы пейзаж, i моладзь, якая швэндаецца па вулiцах, нягледзячы на нашыя страхотлiвыя ўяўленнi, - гэта толькi крыху няветлiвыя хлопчыкi. А iх многа i шмат. Напэўна зашмат, каб на ўсiх хапiла месца ў папраўчых калонiях i турмах.

Наскрозь прамерзлыя ўскокваем у наш гатэль. Направа ад галоўнага хола дзверы ў бар. Праз дым бачым буфет з напоямi. Толькi гэта можа нас цяпр уратаваць.

Некалькi столiкаў, i дрымучая нуда. Купляем чырвонага вiна - аж цэлую бутэльку, i просiм буфетчыцу, каб падагрэла вiно на куханьцы, што ў яе за плячыма. Тоўстая жанчына свецiцца шчырай залатой усмешкай. Знiкае на кухнi i праз хвiлiну з подзiву вартым палiтэсам прапануе нам, што ўкiне ў вiно пару гваздзiчкоў, а цукар вось ён перад намi. Гэта сапраўды выраз нязвыклай сiмпатыi. Можа таму, што ўсе тут разумеюць, што ўжо раз гуляць дык гуляй, душа, - пекла ж няма! Некалькi дзяўчат са знуджанымi тварыкамi i задзёртымi спаднiцамi прыглядваюцца да нашага свяшчэнадзейства. Праз хвiлiну буфетчыца выносiць падагрэтае вiно, налiваем у тоўстыя шклянкi, салодзiм i азiраемся, выбiраючы зручнае месца, каб можна было азiраць усю залу i бачыць усiх, хто ўваходзiць. Прытыкаемся ў куточку тут жа каля дзяўчат. Тыя, зацягваючыся цыгарэтамi, недаверлiва касавурацца на нас. Хлопцаў мала. Я спрабую ўсмiхнуцца iм i загаварыць. Нiчога не выходзiць. Праходзiць некалькi хвiлiн. Перакiдаемся словамi, грэючы далонi шклянкамi цёплага вiна. Яна залётна дакранаецца да мяне, я адразу адказваю, пагладжваючы нагой пад сталом яе змерзлую лытку. Вiно пачынае разаграваць. Гамонiм, усё больш засяроджваючыся на думках пра блiзкую ноч. Да дзяўчат падыходзiць нейкi фраер у скуранцы. Адна з iх, худзенькая брунетка, падхоплiваецца i iдзе за iм. Яна зграбная, прыгожа ходзiць, доўгiя дагледжаныя валасы пакалыхваюцца на плячах. Мы абедзве сходу пазнаём, што дзяўчаты платныя. За столiкам застаюцца яшчэ дзве. Вiно дае нам у галаву, i мне раптам прыходзiць думка запрасiць каторую з iх у ложак на ноч. Прашу Яе, каб падышла i спыталася пра iх тутэйшыя стаўкi. Яна падымаецца з шклянкаю вiна i смела падсаджваецца за суседнi столiк. Завязваецца дзiўная i вельмi складаная гутарка. Дзяўчаты не разумеюць, пра што тут заходзiцца. Я далучаюся да размовы. Так, адразу вiдаць, што зарабляюць акурат гэтым спосабам, а цана па дамоўленасцi. Залежна ад клiента. Часам, калi пад настрой, можна i проста так пайсцi, як што мужык у спадобу дасца. Дзяўчаты ўсё яшчэ не ўрубаюцца. Мы па чарзе тлумачым, што хацелi б даведацца, якiя тут у Вiцебску стаўкi. Нам кажуць, што можа адвалiцца i дваццаць баксаў, i пяцьдзсят, i сто. Гэта - як калi выпадзе. Ну добра, тады - за трыццаць. Што значыць за трыццаць? Ну, значыць, што мы маем ахвоту на адну з вас. Возьмем з сабою ў нумар. Дзяўчаты пруцянеюць. Як гэта, лесбiянствам займацца?! О не! Што не, дык не. Яны ўстаюць i перасядаюць за два столiкi далей, уцякаюць ад нас.

Глядзiм адна на адну, скарыўшыся лёсу. Дапiвам вiно, але тонка сканструяваны гумор так i пырскае з нас. Якiя дурныя няхлюi гэтыя зачуханкi.

Праз хвiлiну ў бар зноў заходзiць той фраер у скуранцы. Дзяўчаты паказваюць на нас пальцам i кiдаюць пагардлiвыя зiркi. Хлопец кiвае галавой i аблiвае нас халодным, разлiчаным вокам.

Мы ўстаём, дзякуем залатой буфетчыцы за хвiлiну цяпла i радасцi. Iдзём да лiфта. За намi выходзiць хлопец. Калi мы заходзiм у лiфт, бачу, як ён гутарыць з парт'е, кiваючы на нас галавою.

Яна папярэджвае мяне, што перад намi яшчэ адна перашкода - дзяжурная на паверсе, у якое ёсць ключ да пакоя, i яна правярае, хто, калi i да каго прыйшоў у госцi. Я супакойваю, што няма чаго пераймацца. Бо такi двух дзяўчат правяраць не будзе. Бяру ключ. Дзяжурная толькi прыглядваецца да нас, на хвiлiну павярнуўшы галаву ад расшумелага чуллiвымi бразiльскiмi прызнаннямi тэлевiзара. Яшчэ не позна. Знiкаем за дзвярыма выстуджанага нумара. Хуценька туалет i - у ложак. Засынаем у абдымках i ў пяшчотах, такiх патрэбных, каб сагрэцца i заснуць.

Ноччу - нейкi вэрхал на калiдоры, расхваляваныя галасы. Два мужчынскiя i дзяжурнай. Стукаюцца ў нашыя дзверы. Падыходжу i пытаюся, што там такое. Мiлiцыя. Правяраем, цi ўсе прапiсаныя. Кашмар, а каторай гадзiне? Гляджу на гадзiннiк - амаль другая ночы. Я нiкуды не пайду, я польская грамадзянка, прапiсалася, заплацiла i цяпер хачу спаць. Дзяжурная верашчыць, пытаецца, цi тая дзяўчына, што ўваходзiла са мною, яшчэ ў нумары, цi ўжо выйшла. Ясна, што даўно выйшла. Калi вы спалi ў крэсле перад тэлевiзарам. Мiлiцыянт яшчэ раз спрабуе бразгатам клямкi змусiць мяне адчынiць, але я палохаю яго, што паведамлю ў консульства, што гэта хамства, парушэнне правоў чалавека i нештачкi там яшчэ. Вяртаюся да ложка ўся ў дрыжыках - не ведаю, цi ад страху i нерваў, цi ад халадэчы. Яна таксама ляжыць халодная, скурчыўшыся пад коўдрай. Тулюся да яе, моцна абняўшы, i так ляжым, чакаючы атакi i высаджвання дзвярэй. Але абышлося - галасы дзяжурнай i мiлiцыянтаў аддаляюцца i нiкнуць углыбiнi калiдора. Доўга не можам заснуць i ляжым нерухома. Нарэшце засынаем, змучаныя начной калатнёй.

XXXVI

Ужо каторы дзень не магу знайсцi яе. Тэлефон на кватэры маўчыць. Цi не здарылася чаго? Тэлефаную па знаёмых. Аня абяцае сяго-таго даведацца. Праз некалькi гадзiн падымаю трубку. Ёсць. Знайшлася. Ляжыць у раддоме, пасля аборту. Была-такi цяжарная.

Еду да яе, узяўшы самыя патрэбныя рэчы i крыху прадуктаў. У менскiх бальнiцах не раз'ясiся, i я не пэўная, цi адведае яе хто-небудзь. Бо ж яна-такi старалася ўтоiць гэта ад знаёмых.

Ужо вечар. Пануры вечар у поўнай болю, бяды i змрочнага святла неонавых лямпаў бальнiцы. У доўгiм калiдоры шукаю палату, называю нянечцы iмя i прозвiшча пацыенткi. Яна праводзiць мяне да дзвярэй. Адчыняю i бачу яе недаўмёную ўсмешку. Сапраўдныя сябры пазнаюцца ў бядзе.

Яна хоча патлумачыць, што марна спрабавала ўтоiць ад мяне факт сваёй непажаданай цяжарнасцi i рашэнне пра аборт. А я ж бы ёй нейкае рады дала. Не ведаю яшчэ чым, але, прынамсi, была б з ёю. Так проста, як сябар у бядзе, у добрым i благiм.

Яна была на другiм месяцы. Рашылася, бо не хацела дзiцяцi. Яно ўзаконiла б страту яе свабоды на карысць нейкага расейскага валацугi. Яна ўжо раней парахавалася з iм, бо залiшне моцна кпiў з яе i яе памкненняў. Дзiма. Гэты расеец упiсаўся ў беларускi краявiд. Як гiсторыя акупанта, салдата, што прыйшоў пакарыць народ, развеяць яго туманныя летуценнi пра свабоду i неакрэсленую тоесамасць. Прыйшоў, ды так i прысмактаўся.

Рашэнне яна прыняла сама, хутка i без лiшнiх сумненняў маральнай прыроды. Калiсьцi ў нас была дыскусiя, i мы ледзь не пацапалiся. Я прыхiльнiца кантрацэпцыi, але жыццё дзiцяцi, калi б яно паявiлася ўва мне, лiчыла б самым каштоўным. А ў ёй выбухнула нянавiсць да такога ўпарадкаванага мыслення. Яна поўная супярэчлiвасцi. З аднаго боку сумуе па мяшчанскай Празе i спакоi пад бокам у багатага мужыка дзеля таго, каб тут жа паказаць усяму гэтаму язык i ўцячы. Як я люблю яе за гэтую непаслядоўнасць... Але што гэта за каталiцызм, дзе тут тая заходняя цывiлiзацыя?

Хапаю яе за руку. Бледная, потная, маленькая далонька. Адгортваю з твару валасы i далiкатна цалую. Яна заплакала. Ад бяссiлля, тугi i самотнасцi. Не ведаю. Плач нарастае, цiхi, з усхлiпамi. Цалую яе слёзы, што як гарох, коцяцца па шчоках, на хвiлiнку прылягаю да яе, дзелячы ўсю яе бязраднасць i пачуццё бяссiлай роспачы.

Крыху супакоiўшыся, яна пачала расказваць пра апошнюю ноч. Пра панурыя свяцiльнi i ценi дрэў за акном. Раскалыханыя клёны як бы лiтасцiва падтаквалi галечы такога iснавання. Не спала цэлую ноч. Як згрызота сумлення адгукнулiся ўсе размовы з ксяндзом у катэдры. Яе каталiцкасць пацярпела катастрофу. I, можа, яна i не пераймалася б гэтым так моцна, калi б не факт, што калiсьцi ж яна сама зрабiла свой выбар.