- Суд идет! Встать!
   Зьняволеным быў абвешчаны вырак пяць i дзесяць год. Бяз права абскарджаньня. ("Приговор окончателен и обжалованию не подлежит".) Нiводнага апраўданага.
   ...Ля ўваходу ў будынак Юстыцыi на Пляцы Свабоды засуджаных чакала "хлебная" машына. Коламi наступiўшы на тратуар, прыцiснуўшыся задам да ўваходу i раскрыўшы, як зяпу, заднiя дзьверы, яна чакала на свае ахвяры, гатовая iх праглынуць.
   40
   Вялiкая камэра для засуджаных - гула, ня сьцiхала праз усю ноч - нiхто не лажыўся спаць у чаканьнi выклiку на этап. Камэра бiтком набiта - у яе прыбываюць усё новыя i новыя засуджаныя. Ажыўленьне. Гамана. Радасьць, што, нарэшце, павязуць з турмы куды-небудь на працу. На абы-якую - ня страшна. Толькi-б хутчэй адсюль. Да суда сядзелi-ж год, паўтара i болей - ня бачылi сьвету Божага, замураваныя i змардаваныя. Усё роўна куды - на Калыму, у Котлас, на Iндыгiрку, у Нарым. Прыбылыя знаёмiлiся мiж сабой. Гутарылi. Узбуджаныя, што яны ўжо, можна сказаць, едуць, апавядалi кожны пра сваё - па якой стацьцi прайшоў, колькi атрымаў. Знаходзiлiся такiя, што ўжо ведалi, калi i куды будуць браць на этап. Пашыралася здагадка, што фармуецца эшалон на Калыму, але што пакуль даедуць да Ўладывастоку, Ахоцкае мора замерзьне i давядзецца зiмаваць недзе на Амуры, чакаць вясны. Зазначалася, што на Калыму бяруць толькi з вялiкiмi срокамi - з малымi завозiць туды не аплачваецца. Адбор строгi - толькi з добрым здароўем i маладых, каб маглi вытрымаць Запаляр'е i каб былi адпорны на цынгу.
   Рамана Корзюка ня цешыла такая пэрспэктыва, ён хацеў-бы застацца ў Беларусi. Тут, здавалася яму, было-б лягчэй - свая, знаёмая зямля, сваё паветра, сваё ўсё. I блiжэй да хаты. Хоць хаты той i няма. Але ёсьць уяўленьне аб ёй. Неадступнае. Яно нiколi ня зьнiкае. Хата будзе iснаваць, дзе-б ты ня быў. Хата, у якой ты нарадзiўся, узрос, будзе заўсёды роднай, нiчым незаменнай хатай. Да таго-ж i бацькi паблiзу, дармо, што за мяжою. Але якая гэта мяжа? Яна не мяжа. Гэта нешта страшнае. Яна праходзiць праз сэрца. Разрэзала яго напалам. Адна палавiна тут, другая - там. Абедзьве палавiнкi мучаюцца, адна без аднэй.
   А яшчэ й Валя. Гэта ўжо трэйцяя палавiнка. Яна засланяе першыя дзьве. Пераважае. Усё-ткi тут я мог-бы некалi i пабачыцца з ёй. А да Калымы не дапне. Усё будзе страчана. Нiчога з таго, што называецца хатай, ужо ня будзе. Будзе толькi сум па ёй. Сум па хаце, па Бацькаўшчыне. Але. Але. Але-ж Бацькаўшчына вырастае толькi з пакутаў, з цярпеньня.
   Ды Корзюк вычуваў, што яго возьмуць на Калыму - усё ў яго адпавядае вымогам Калымы: i ўзрост, i срок, i нават тое здароўе.
   Яго пасьля суду адзьдзялiлi ад усёй групы, хiба таксама паводля здароўя iх у вадну камэру, яго во ў гэту.
   Асаблiва ажывiлася камэра з прыходам у яе лётчыкаў, прывезеных з Лепельскай турмы ў сваiх прыгожых лётнiцкiх шынялёх, акуратна пашытых з добрага сукна, падагнаных па касьцi. Iх было аж шэсьць. I ў кожнага той самы срок - пятнаццаць год. Iм прышылi здраду радзiме. Адзiн з iх, калi яны сядзелi за сталом за чаркай, падзялiўся з сябрамi сваёй бядой - ня можа ўжыцца з жонкай, хоць садзiся на самалёт i ўцякай ад яе ў Польшчу. Нейкiм чынам НКВД даведалася пра такую гутарку i - гатова: здраднiк, шпiён. I хто слухаў - за адно i той здраднiк i шпiён.
   Корзюк сыйшоўся з iмi хутка i адразу: яны спадабалiся яму сваёй ажыўленасьцяй, адкрытасьцяй, вастрынёй успрыйманьня i дакладнай, як адрэзаць, гаворкай. Раман хацеў-бы апынуцца разам з iмi на этапе. Але не пасьпелi яны, ськiнуўшы шынялi, разьмясьцiцца побач Рамана пад вакном, дзе болей паветра, як iх забралi з камэры. Усе, ня толькi Раман, пашкадавалi гэтага - з iмi было весялей, яны сваёй прысутнасьцяй, як вайсковыя людзi, неяк падбадзёрвалi, падцягвалi, узьнiмалi прыбiты, пакутны дух.
   Корзюк доўга ня мог заснуць: у прадчуваньнi, што яго могуць выклiкаць, забраць i павезьцi, ён як-бы разьвiтваўся з сабой. Лезьлi ў галаву думкi, праходзiла праз сэрца, паўставала ў ваччу безьлiч вобразаў i зьяваў, ён у сваiм уяўленьнi бачыў iх куды больш зыркiмi, чымся яны былi ў сапраўднасьцi. Ягоная душа жыла iмi, яны замянялi ёй рэальнасьць. З усёй плоймы вобразаў i зьяваў душа квялiлася найбольш засмучанымi i найбольш датклiвымi - вобразамi бацькоў i сястры i цяпер усюды - неадступным вобразам Валi. Ён стварыў гэты вобраз цяпер, раней яго ня было. Ён адзьдзялiў у гэтым вобразе ўсё, што зьнiжала яго, адкiнуў усё супярэчлiвае ў iм, надаў яму выключна прынадны выгляд, такi, якi яму быў патрэбны, каб з iм, з гэтым вобразам, застацца назаўсёды, ён баяўся быць вывезеным апусьцелым, бяз нiчога, баяўся скончыцца, перарвацца ў сваiм быцьцi. Ён хацеў забраць усё з сабою, каб з гэтым запасам, з гэтым НЗ, вярнуцца назад нерастрачаным, неапусьцелым. Яму патрэбны быў вобраз для малiтвы, якi сьвяцiўся-б яму ўсюды, на якой-бы адлегласьцi ён ад яго нi знаходзiўся. I душа яго, замкнутая ў сабе, стварала гэткi вобраз.
   Апоўначы адчынiлiся ў камэру дзьверы i на парозе стаў чалавек у форме з паперамi ў руках. Ён назваў прозьвiшчы дзясятка чалавек, загадаў iм быць хутка гатовымi з рэчамi. Выклiканы быў i Раман Корзюк. Праз якiх дзесяць-пятнаццаць хвiлiн Раман Корзюк стаяў ужо ў вялiкай калёне на турэмным двары. Зьявiўся канвой i павёў зьняволеных на вакзал па сонных яшчэ вулiцах Менску. Канваiры прасiлi захоўваць цiшыню, падганялi, сьпяшалiся запратаць свой "тавар" у вагоны. Раман Корзюк прыглядаўся да кожнага дому на знаёмых яму аддаўна вулiцах - быццам хацеў iх запомнiць. У некаторых з iх ужо засьвяцiлiся агнi, i Раман прыкмячаў у вокнах кiдкiя ценi людзей. Па Савецкай зьняволеных не вялi. Унiвэрсытэцкi Гарадок з манастыром заставаўся з боку налева. Iшлi па колiшняй Бухарына. Вось яны ўжо i на Прывакзальнай. Недзе з боку ад уваходу ў станцыйны будынак iх прапусьцiлi праз адчыненыя насьцеж вароты i яны апынулiся на пэроне. Цягнiк з пульманамi быў пададзены i ўжо чакаў на iх. Раман першым заняў парожняе яшчэ купэ з вакном у калючках. Праз яго ўсё-ж можна было бачыць, што дзеецца на пэроне. Лiхтары ўжо згасьлi - пачынаўся ранак позьняга лiстапада. Канвой кудысьцi адыйшоў. Варту перанялi iншыя. Дзьверы вагонаў зачынiлiся. Раманава купэ напоўнiлася зьняволенымi. З купэ можна было яшчэ выходзiць на праход у вагоне. Там ня было яшчэ ўнутранай варты i дзьверы ў купэ былi яшчэ не замкнёныя. У суседнiм з Раманавым купэ чуваць было нехта голасна гаварыў пабеларуску. Яму адказвалi парасейску. Як Раман даведаўся, сядзелi ў тым купэ беларускiя лiтаратары - Зьмiтрок Астапенка i Сяргей Знаёмы. Корзюк прыслухоўваўся да iхнай гутаркi. Выясьнялася, што абодвы яны спадзяюцца пабачыць сваiх жонак, калi тыя прыйдуць на вакзал. Яны былi чамусьцi ўпэўненыя што, iхныя жонкi будуць ведаць пра iхны транспарт i зьявяцца, каб сказаць iм хоць якое слова на разьвiтаньне. У Рамана ўспалыхнула трывожная думка - а можа й Валя прыдзе як-небудзь.
   Увайшла варта. Зачынiлiся ў купэ дзьверы. Цягнiк гатовы быў адыйсьцi. Раман углядаўся ў вакно: першая плятформа, пасьля адыходу пасажырскага была ўжо апусьцелай i Раманаву зроку адкрываўся ўвесь тлум, што яшчэ панаваў на пэроне: адвозiлi i падвозiлi багаж, адыходзiлi i прыходзiлi ўсё новыя натоўпы людзей. Справа на плятформе Раман прыкмецiў купку людзей - пераважна жанчынаў, - што, як-бы застыўшы, стаялi нярухома i, як здавалася Раману, прыглядалiся да вокнаў вагонаў. Некаторыя з гэтай купкi людзей, як-бы ўгледзеўшы каго, махалi рукой. Можна было бачыць узьнятае ўгару павялiчанае дзiцячае фота. Зноў iншыя рознымi ўмоўнымi знакамi iмкнулiся перадаць тое, што яны хацелi. Нейкая маладая жанчына, прыгожа апранутая, прыклаўшы рабром далонь да свайго роту, доўга гаварыла нешта, як вiдаць было, упэўненая ў сваiм посьпеху. Але ейны голас сюды не даходзiў, i толькi вiдаць было, як рухалiся ейныя нафарбаваныя вусны. Раман быў упэўнены, што гэта i ёсьць тыя, што прыйшлi сюды ў надзеi пабачыць сваiх, абнадзеiць iх, падаць iм знак падтрымкi i спагады. Корзюк углядаўся, шукаючы сярод гэтай купкi людзей Валю. Але ён не знаходзiў яе. Яе ня было. Яна ня прыйшла. Можа яна ня ведала, што яго бяруць на этап. Да купкi людзей прыскочыла яшчэ некалькi чалавек, працiскаючыся наперад. Раману кiнулася сiняя Валiна блюзка. У яго зайшлося сэрца, у вачох усё замiтусiлася i ён страцiў вобраз Валi. Раптоўным сваiм грукатам яго аглушыў маскоўскi хуткi, што наляцеў, як вецер, i стаў, як укопаны, засланiўшы, сьцёршы ўсё, што толькi перад тым бачыў Корзюк. Скрануўся i пульман. На стыках заляскаў коламi, i Менскi вакзал, з яго нявысокай вежай, пачаў паволi адплываць.
   Была цi ня была Валя?
   Сум агортаў Рамана, ён ужо адарваны, колы вязуць, iмчаць. У ранiшнiм сьвiтаньнi праносяцца за вокнамi голымi вяршынямi дрэвы. Выгiнаючыся талеркай, адплывае зямля. Ваколiцы Менску, да болю знаёмыя яму, разьвiтваюцца з iм.
   У Воршы прычапiлi да iх яшчэ некалькi пульманаў. Склаўся даўгi, на цэлы кiлямэтр, транспарт, i калi ён, як вужака, выгiнаўся на паваротах, можна было, гледзячы ў вакно, падлiчыць вагоны.
   Цягнiк, казалi, накiроўваецца на Смаленск, але на самай справе ён iшоў на Магiлеў. Два днi там стаялi на станцыi ў тупiку, пакуль ня былi дагружаныя пульманы новай партыяй мясцовых зьняволеных. У купэ насаджалi гэтулькi людзей, што ўжо не хапала ягоных двух паверхаў-нараў. Давялося лажыць i пад лаўкамi. Ад'яжджаючы з Магiлева, Раман Корзюк не адыходзiўся ад вакна, як-бы навекi разьвiтваючыся з роднымi яго сэрцу краявiдамi. За Масквой яны былi ўжо iншыя, i, адыйшоўшы, суцiшыўшыся, ён аддаўся пад уладу сваiх думак. У сваёй памяцi неймаверна ясна - ён бачыў усё перажытае iм, мог ахапiць яго i спалучыць у вадно цэлае, у вадзiн вобраз. Нават фiзычную прастору, нядаўна пакiнутую, ён бачыў перад сабой як на карце. У цэнтры гэтага вобразу-ўяўленьня, зьнiкаючы i зноў зьяўляючыся мiгцела, паўставала, як золак, постаць у нейкiм сьвяточным убраньнi, да болю знаёмая, хоць цяпер ужо рэальна i аддаленая.
   41
   Адкрыты працэс нацдэмаў гэтак i ня ўдаўся. Было нямала на гэта прычынаў. Найгалоўнейшая - вiдавочная штучнасьць справы нацдэмаў. Беларускае НКВД перастаралася: у пагонi паказацца перад Масквой перадавым НКВД у змаганьнi з нацыяналiстамi, яно агалiла Беларусь, пасадзiўшы за краты большую палавiну ейных нацыянальных кадраў, найперш пiсьменьнiкаў, паэтаў, крытыкаў, гiсторыкаў, географаў, выкладчыкаў беларускай мовы i лiтаратуры, навуковых працаўнiкоў, што займалiся беларусазнаўствам, работнiкаў наркомасьветы, артыстаў, працаўнiкоў кiно i г.д. Беларусь была падмецена жорсткай мяцёлкай, ачышчана ад уяўных нацыяналiстаў. Не пашкадаваная была i маладая зьмена - тут беларускае НКВД бачыла цi ня самую галоўную небясьпеку, i ў вынiку пацярпела вялiкая часьцiна студэнцтва. Дастаткова было пачуваць сябе беларусам, як табе прышчаплялася кляймо нацыяналiста. Асаблiва пацярпелi педагагiчныя навучальныя ўстановы, што рыхтавалi маладыя нацыянальныя кадры, перадусiм настаўнiкаў для пачатковых i сярэднiх школаў. Гэтыя ўстановы былi разгромленыя. Не хапала выкладчыкаў беларускай мовы i лiтаратуры. У страху быць абвiнавачанымi ў нацыяналiзме, шмат хто з iх цураўся беларускай мовы i пачынаў выкладаць расейскую мову, у вынiку - скарацiлiся гадзiны для роднай мовы. Ня было падручнiкаў па беларускай мове i лiтаратуры - яны здымалiся з ужытку, паколькi ў iх фiгуравалi iмёны арыштаваных аўтараў. Гiсторыя Беларусi ня выкладалася наогул.
   Як прызнаваўся Цiмошка, у пошуках нацдэмаў, у пошуках адпаведных нацыянальных мадэляў-тыпаў, была змадэляваная ўся Беларусь. Гэтыя мадэлi, жывыя людзi, былi цяпер у руках сьледчых, i з iмi яны гулялi, як толькi хацелi. Рыхтавалi iх да судовага адкрытага працэсу. А працэс той ня выходзiў. Бiцьцё i запалохваньне не дапамагала: мадэлi, паразумнеўшы, пачалi адказвацца ад сваiх пачатных сьведчаньняў. Скалочаныя сьледчымi нацыяналiстычныя групы пачалi развальвацца. Адпала, такiм чынам, гэтак званая групавая кантррэвалюцыя, адпала iдэя адзiнай, кiраванай Цэнтрам, нацдэмаўскай арганiзацыi. Цiмошка, узяўшы гэтую акалiчнасьць пад увагу, катэгарычна выступаў супраць адкрытага працэсу.
   Ня вышла i з лiдэрствам. Разнаколерную масу нацдэмаў ня было каму ўзначалiць. Разьлiк на вядомых беларускiх дзеячоў правалiўся дзеля iхнай ужо фiзычнай адсутнасьцi, а стварыць нейкае калектыўнае кiраўнiцтва ў НКВД ня было магчымасьцi. Урэшце, у самiм беларускiм НКВД адбылiся вялiкiя зьмены: Яжоў не пашкадаваў i яго - пачысьцiў. Прыйшлi новыя людзi, што не маглi, дый надта не хацелi разьбiрацца ў справах нейкiх там нацдэмаў. Былi ўжо важнейшыя справы. I было пастаноўлена судзiць нацдэмаў проста. Час не чакае!
   Цiмошка сядзеў у Бярэзiна з выяўна задаволенай мiнай. Нарэшце, яму ўсё ўдалося. Няма Бэрмана. З нацдэмамi будзе так, як ён i казаў. Ня толькi "будзе" а ўжо ёсьць - Ульрых з сваiм трыбуналам ужо тут. Працуе. Пушкiна, ягонага супэрнiка, таксама няма. Няма i трацкiстаў. Бойку выйграў ён. Што значыць мець галаву, бачыць наперад!
   - Як мы аформiм справу вашых нацдэмаў для Масквы? - запытаўся ў Цiмошкi Бярэзiн.
   - А ўжо-ж аформiм. Аформiм! Афармляў дасюль, аформлю й цяпер!
   Цiмошка быў усьцешаны ўсьведамленьнем сваёй незаменнасьцi. Пра Бярэзiна-ж думаў, седзячы перад iм: "не на доўга ты, браце, сюды прыехаў, будзе табе тое, што й Бэрману".
   - Я прапаную, таварыш Бярэзiн, у справе нацдэмаў наступнае. Я дасканала ведаю - Масква больш ня цiкавiцца беларускiмi нацдэмамi. Два гады таму - так! Сталiн асабiста патрабаваў громкага нацдэмаўскага працэсу, з Чарвяковым на чале, дарэчы колiшнiм ягоным супрацоўнiкам у Нацыянальнай сэкцыi. Ня здраджу вам, калi скажу - Сталiн быў незадаволены беларускiм НКВД, як пагранiчным НКВД, i Бэрман хацеў нажыць сабе палiтычны капiтал на беларускiх нацыяналiстах. Ды Сталiна не ашукаеш - нацдэмамi Бэрман не адкупiўся. Зрэшты, наколькi я разумею, у Сталiна цяпер iншае на ўме. Сталiн хоча прымiрыцца з Гiтлерам. Але гэта ўжо па-за нашай тэмай. У справаздачы Маскве мы напiшам: адкрыты працэс нацдэмаў больш немэтазгодны таму, таму i таму, але што галоўка нацдэмаўскай арганiзацыi ўжо, падкрэсьлiваю, "ужо" абезгалоўлена, а драбнейшыя нацдэмы ўжо, падкрэсьлiваю, "ужо" прапушчаны праз Вярхоўны суд БССР i праз "Тройку" i што кара ў дачыненьнi да ўсiх дапушчана самая максымальная. Вось i ўсё. Гэта задаволiць Маскву. Паўтараю, нацдэмаўская справа больш неактуальная. Сталiн iграў на ёй, пакуль было актуальнае польскае пытаньне. Польшча для Сталiна больш ня iснуе. Ня iснуе i нацдэмаўскае пытаньне.
   Бярэзiн уважлiва слухаў Цiмошку, хоць i ня надта разьбiраўся ва ўсiх тонкасьцях разважаньняў Цiмошкi. Але Бярэзiн быў задаволены, што, нарэшце, ён збудзе справу нацдэмаў, як самую незразумелую для яго. Папрасiў Цiмошку аформiць справаздачу для Масквы зараз-жа.
   Цiмошка, пакiдаючы Бярэзiна, буркнуў:
   - Аформлю! Аформлю! Як мы й дамовiлiся.
   Тым-жа часам у падвалах будынку НКВД на Савецкай i Ўрыцкага, у турме на Валадарскага афармленьне iшло iншае: працаваў меч дыктатуры пралетарыяту. Як каму пашэнцiць: пяць, дзесяць, пятнаццаць. Горш, калi хто трапляў да Ульрыха. Той ў камэры сьмяротнiкаў чакае памiлаваньня ад Калiнiна.
   Нацдэмаўскi карыдор у будынку НКВД ачышчаўся. Iшлi суды. Засуджаныя рыхтавалiся на этап.
   Марцiновiч, Каплеўскi i Шыракоў былi ўпiхнутыя разам у этапную камэру. Рэшту раськiдалi, каго куды. Чакалi з нецярпеньнем, калi iх павязуць куды-небудзь. Нiчога ня ведалi пра Рамана Корзюка. Можа яму пашэньцiла, i ён ужо ў дарозе. А iх во ўсё марнуюць, гоняць у лазьню - мыць. Бралi-б на этап ня мылi-б. Пашто на дарогу?
   Толькi цяпер прызнаўся Марцiновiч - дасюль усё хаваўся, - што ён пiша вершы - сэнтымэнтальна-чульлiвыя, як ён сам iх абазначыў. Напамяць зачытаў некаторыя з iх Шыракову. Таму, як празаiку, вершы не спадабалiся, але Марцiновiч не пакрыўдзiўся - ён пiша iх не для каго-небудзь а для сябе, для свайго задаваленьня.
   Стаялi перад дзьвярыма. Чакалi, калi адчыняць дзьверы i пагоняць гуртам у лазьню.
   - А можа якраз з лазьнi ды ў вагоны?
   - Няго-ж! Так табе й гатова! А як прастудзiшся? Нашто ты тады iм?
   - Ну, выкiнуць з вагону i ўсё. Вялiкая бяда!
   - Пачакай. Пачакай. Павязуць! Не сьпяшайся! Будзеш яшчэ прасiцца назад у турму, як навозiшся тачак.
   - Можа ты й баiшся тачак. Я - не!
   - Герой гэтакi!
   - Ну вось i лазьня.
   Дзьверы адчынiлiся i адмысловы чалавек, з вялiкiм ключом у руках, павёў у лазьню.
   Зьняволеныя радвалiся, калi iх вадзiлi ў лазьню: апрача задаваленьня ачуняць трохi пад гарачай прышнiцай, можна яшчэ прачытаць турэмную пошту надпiсы на сьценах лазьнi, што як правiла пакiдалi тыя, што мылiся перад iмi. Вахманы сьцiралi гэтыя надпiсы, але ня ўсё яны маглi сьцерцi - зьняволеныя ўмудралiся рознымi спосабамi пакiнуць пасьля сябе сьлед, пераважна выбiваючы на сьценах сваё прозьвiшча цi яшчэ што-небудзь.
   Марцiновiч быў вялiкi ахвотнiк рашчытваць надпiсы: ня стане пад душ, пакуль не агледзiць сьцены, не рашчытае надпiсы. Ня ўпяршыню ён вычытваў прозьвiшча Дудара. Але сёньня яго ўжо няма. Замазана вапнай. I замазана толькi ягонае прозьвiшча. Можа ўжо яго i самога няма? Сустрэць прозьвiшча свайго знаёмага, пагатоў прозьвiшча вядомага чалавека заўсёды было нейкай падтрымкай, а то й радасьцяй: ага, тут ня толькi я, ёсьць i знатнейшыя за мяне, што пакутуюць за тое, што й я. Што-б гэта азначала, што Дударава прозьвiшча замазанае? Гэта трывожна. Дрэнная сёньня камунiкацыя. Прозьвiшчы ўсё незнаёмыя.
   Калi вярнулiся, памыўшыся, у камэру, зьдзiвiлiся - упхнулi яшчэ аднаго вязьня, з сьсiвелай галавой. Дзевяноста дзён праседзеў у камэры сьмяротнiкаў. Надыйшло памiлаваньне. Расстрэл замянiлi на пятнаццаць год. На пытаньнi камэрнiкаў адказваў скупа. На гутарку iшоў неахвотна. Пайкi свае не зьядаў. Цясьцяную, ён клаў яе на падваконьнiк сушыцца.
   Петрака Шыракова ён цiкавiў, як тып. Добры быў-бы для апавяданьня. Пятрок бачыў, што "тып" сумуе, ня можа ўседзiць на адным месцы, як-бы шукаючы нейкага занятку. А занятку ня было нiякага, i "тып" нэрваваўся. Пятру прышло ў голаў зрабiць з хлеба шашкi. Зрабiў. Высушыў. Шашкi, як косьць. Вуглём накрэсьлiў на падлозе шахматную дошку.
   - Вы, здаецца, добра гуляеце ў шашкi? - амаль шэптам зьвярнуўся да "тыпа" Шыракоў. - Згулялi-б можа?
   "Тып" нiчога не адказаўшы, вачыма даў зразумець, што ня супраць. Гуляў добра, але заўсёды прайграваў, нэрвуючыся. Гатовы быў праседзець цэлы дзень. Уначы ён спаў мала, i калi, бывала, ня спаў i Пятрок, "тып" прасiў яго згуляць. Шыракоў ахвотна пагаджаўся, хочучы разгаварыцца з "тыпам". I "тыпа" прарвала - прост пачаў спавядацца перад iм. Расказаў усю сваю гiсторыю. Жыў на хутары, хоць i не на сваiм. Многа разоў хадзiў у Польшчу. Вяртаўся адтуль з малымi даручэньнямi. Палякi плацiлi ня шмат. Але бяз iхнай памогi ня мог пражыць - дзесяцера дзяцей. Дый наогул, жыўшы пры гранiцы, любiў - ад суму, дзеля самога мастацтва - часам схадзiць у "госьцi" да палякаў. Сплавiў да iх нямала нашых людзей - кулакоў i ўсякiх iншых дуракоў ("тып" любiў гаварыць пад рыфму). Траплялiся i вашыя студэньцiкi. Памятую, аднаго. З бацькам, маткай i сястрой, збыў туды. Прыгожы, ладны хлапец, хоць нейкi i нарваны. Усё не хацеў разам з бацькамi iсьцi ў Польшчу - спакушала хлапца дзеўчына. Аж на хутар з Менску прыбегла. Лiплi адзiн да аднаго. Бяды з iмi набраўся. Ды ўсё-ткi сходаў i iх. За людзей палякi плацiлi болей.
   - А вы ня памятаеце прозьвiшча "студэньцiка"?
   - Чаму-ж не! Памятаю. Мае дзьве сястры выйшлi замуж за Корзюкаў, дык мне гэтае прозьвiшча ўелася. I студэнт той быў якраз Корзюк Раман. Кажу, ладны быў хлапчына. Мае старэйшыя адразу ўкокалiся ў яго.
   Шыракову ўсё гэта здавалася проста неверагодным - нагэтулькi гэта ўсё было нечакана. Але гэта была надзвычайная навiна. Шыракоў быў цяпер цалкам перакананым, што Раман Корзюк сапраўды быў за мяжою. Ня хлусiў. Шыракоў схiльны быў думаць, што, як i ўсё iншае, НКВД выдумала i гэтую гiсторыю з Корзюкам.
   - Дык вы хiба ведаеце i такога тыпа, як Кандраценя? Ён у нас на судзе сьведчыў супраць Корзюка.
   - Лепш не гаварэце. Канечне-ж, ведаю. Ён утапiў, загубiў не мяне аднаго. О, гэта тып, маеце рацыю! Круцiўся ўсё жыцьцё i цяпер круцiць. Я ня верыў яму нiкалiва. Але ён мяне ўсё-ж забрытаў. Праз яго i я тут, дурны Шаркевiч.
   Для Шыракова, Марцiновiча i Каплеўскага адчынiлася новая, дасюль няведамая старонка ў iхнай справе. Яна набыла нейкую таямнiчасьць. Яны ня ведалi дасюль, што стаяла за iмi, як яны былi абкручаныя. Вобраз Корзюка паўставаў перад iмi ў новым асьвятленьнi.
   Ад Шаркевiча (ён толькi можа мiжвольна назваў сваё прозьвiшча) хлопцы даведалiся i яшчэ аб адным: у камэры сьмяротнiкаў сядзяць нейкiя Касянкоў i Дайлiдовiч. Чакаюць - можа памiлуюць. Для хлопцаў было ясна, хто такiя Касянкоў i Дайлiдовiч. Усё перавярнулася ў iхных душах - яны ў адну хвiлiну зрабiлiся дарослымi, раптам пабачылi. Што? Яны зiрнулi ў твар жыцьця, якога дасюль ня ведалi. У iх адпала ранейшае ўяўленьне аб iм i нарадзiлася новае, больш страшнае, але больш праўдзiвае. Гэтая праўда будзе iм патрэбна для будычынi. Для самазахаваньня.
   Шаркевiчу яны сказалi, што Касянкоў i Дайлiдовiч - гэта беларускiя пiсьменьнiкi, вядомыя чытачу, як Мiхась Зарэцкi i Алесь Дудар.
   - Так, я цяпер памятаю, што нехта казаў у камэры, што яны - пiсьменьнiкi. Але не бядуйце - можа i iх памiлуюць, як во мяне (ён даткнуўся рукой да сваiх валасоў).
   Шаркевiч расказаў пра сваiх дзяцей - усiх забралi ў дзiцячую калёнiю. Заплакаў. Сьлёз ня выцiраў, i яны срэбрам кацiлiся на грудзi, на дзiва буйныя.
   Хлопцаў усё-ткi выклiкалi на этап. Яны чульлiва, як з бацькам, разьвiталiся з Шаркевiчам. Той шкадаваў, што яго не бяруць разам з iмi.
   Хлопцы доўга чакалi з рэчамi на руках, пакуль не адчынiлiся дзьверы камэры i iм не сказалi, што на iх чакаюць.
   Адгарнулася яшчэ адна старонка iхнага жыцьця.
   42
   На Калыме рэдка хто атрымлiваў лiсты. Таксама пiсалi з Калымы рэдка. Можа якi адзiн раз у год прынясуць у барак дакладна столькi лiсткоў паперы з канвэртамi i алавiкамi, колькi ў бараку жыхароў. Барак мусiў i вярнуць столькi-ж лiстоў, колькi атрымаў паперчын, прычым лiсты мусiлi быць здадзенымi з незаклеенымi канвэртамi. Мусiла быць таксама зьвернутая i адпаведная колькасьць алавiкоў, каб нiчога не засталося на руках у зьняволеных - нi паперы, нi канвэрта, нi алавiка. Але ня было пэўнасьцi, цi ўсе здадзеныя лiсты адсылаюцца. Праўда, каб ня было з чым-небудзь затрымкi, папярэджвалася - лiсты мусяць быць кароткiмi, бяз лiшнiх слоў, i кожны, канешне, пiсаў у лiсьце пра самае iстотнае. Гэтае "iстотнае" зводзiлася пераважна да "жыў, здароў", цi да нечага падобнага. Пра бяду, гора, каб i можна было пiсаць, ня вельмi хацелася - пашто засмучаць адрасата? Як-бы там нi было, а кожны быў рады магчымасьцi хоць нешта паведамiць аб сабе. Дзень лiстоў для зьняволенага быў асаблiвым днём, бадай сьвятам.
   У Рамана Корзюка такога сьвята ня было - яму ня было да каго пiсаць. У Польшчу бацьком не напiшаш. Пiсаць Валi яму яшчэ не хацелася - толькi можаш пашкодзiць ёй. Раман асаблiва быў сумным у дзень лiстоў, калi пiсалi ўсе i толькi ён адзiн здаваў свае "письменные принадлежности" не запоўненымi, пустымi.
   - Чаму гэтак? - пытаўся ў яго адказны лагерны працаўнiк, забiраючы ад арыштантаў лiсты. - Няма каму пiсаць? Напiшы Сталiну! - дадаваў жартлiва.
   Мiнула ўжо больш году, як Раман на Калыме, а весьцяў з Беларусi - як быццам быў ён закляты, - жаданых весьцяў гэтак i ня было. Ён ведаў, што весьцяў тых i ня можа быць - хто-ж ведае, дзе ён, але яму хацелася iх мець. Ён чамусьцi нават верыў, што нешта-ж мусiць прыйсьцi i яму, ня можа-ж быць, каб гэтак ён i прапаў бяз весьцяў. Ад такой думкi яму рабiлася жудка. Сяброўства ён нi з кiм не заводзiў, дый якое тут можа быць сяброўства. Дзень зьняволенага разьмеркаваны дакладна: шэсьць гадзiн сну, астатняе - забой, з дарогай пад канвоем туды i назад. Лета, i трэба здабыць, прамыць як найбольш золата. У сталовай вiсяць-жа плякаты: "Кожны грам золата - удар па фашызму".
   Корзюк адкатваў нагружаныя ўкоптар залатою пародай тачкi на "Бутару" - там прамываецца гэтая парода i, прамытая, яна спаўзае ўнiз ручаiнкамi золата. Яго абсушваюць на агнi i адвозяць, невядома куды. З недалёкай лётнай пляцоўкi ўзьлятаюць з iм самалёты, нясуць золата ў Магадан, што на бухце Нагаева. Так прынамся гавораць зьняволеныя.
   Корзюка ўпадабаў брыгадзiр, як добрага, спрытнага працаўнiка, але калi той, зьнямоглы, аднойчы папрасiў зьмянiць яму працу, брыгадзiр пачаў лаяць яго, пагражаць, кiнуўся-б бiць яго, каб толькi не моцная пастава Корзюка. Раман у сваёй брыгадзе быў маладзейшым, i брыгадзiр канечне хацеў трымаць яго на адкатцы. "Бутара" немiласэрна жэрла, i трэба было сьпяшацца затыкаць ейную пасьць залатым пяском - вазiць тачкi, пхнуць iх з усёй сiлы ўгару па мокрым i сьлiзкiм трапу, пакрытым зялезнай вузкай палоскай.
   I Корзюк узбунтаваўся - штурхнуў на бок тачку, пад самыя ногi брыгадзiру. Прасiў зьмянiць працу, замянiць тачку на лапату, лом, кiрку. Прыкаваны да тачкi, ён возiць яе ўжо два гады. Брыгадзiр доўга думаў, нарэшце прыдумаў: перавёў у iншую брыгаду, але - у штрафную.
   Пайшлi яшчэ больш цяжэйшыя, шэрыя, безнадзейныя днi. Корзюка апаноўваў сум. Ён увесь аддаваўся згадкам, у сваiм уяўленьнi залятаў з гэтага дзiкага, чужога яму краю туды, адкуль ён быў узяты. Бывае, абапрэцца. на лом цi на лапату, зажмурыць вочы i ў сваёй уяве - ён таго хоча - бачыць сваю мацi: яна падае яму на стол, з сьлязьмi ў вачох, ляпёшку, напалавiну з травой, падгарэлую, але яшчэ ўсё сырую - няма чым лепшым пачаставаць яго, сына, што толькi што прыехаў з вучобы на канiкулы. А то - мацi зьбiрае яго ў дарогу: кладзе яму ўсё патрэбнае, глядзiць, цi не забыла што, як-бы адцягвае ягоны ад'езд, просiць бацьку таксама дапамагчы ў зборах i не сьпяшацца яшчэ запрагаць каня. А то - ня будзiць яго, каб паспаў даўжэй. Усе ўжо на працы мацi, бацька, сястра - i ён, прачнуўшыся, бачыць на стале пакiнутае для яго сьнеданьне i абавязкова - яешню. Гэта калi ён прыяжджаў з тэхнiкуму што ў Вiцебску. А то - бацька арэ на сваiм полi, Раман iдзе побач, глядзiць, як рэжа i адвальвае плуг скiбу тлустай зямлi - вучыцца быць аратым. А то яны косяць разам. Бацька яго вучыць, як правiльна махаць рукамi, трымаць касьсё, надта не прысядаць, шчыльней трава ад гэтага зразацца ня будзе. Раман забывае, дзе ён, але дзесьцi ўсё там - малюнак за малюнкам. Iснаваньне ў неiснаваньнi. Плыве ўсё аблокамi па чыстым небе i нiводнай хмурынкi. Радасьць быцьця.