Валi Камоцкай ня было - гэта Раман спасьцярог адразу, не пасьпеўшы яшчэ азiрнуцца. Ён i не папытаўся нi ў кога, дзе яна, што з ёю, або калi яна прыйдзе, неяк пасмутнеў i не па сабе спаважнеў. Але студэнткi пачалi з iм жарты, назнарок кпiлi з яго. З Раманам яны ўсе былi пасяброўску свабодныя i маглi сказаць яму, што хацелi - такiя дачыненьнi склалiся ў iх даўно, ён быў для iх свой, хоць i належыў, як яны казалi, Валi Камоцкай.
   - Дзе-ж гэта дзелася нашая Валечка, мы яе ня бачылi ўвесь гэты час з самай ранiцы?
   Пра тое, што было ўначы i рана ў мыцельнiку, нiхто нiчога Раману не сказаў, можа таму, што, спадзявалiся, што Валя сама зрабiла ўжо гэта лепей за iх самiх. Яны толькi наводзiлi яго на тую тэму, усяляк зачаплялi яго, чакалi, як ён зарэагуе на гэта сам, i сумелiся крышку, калi не пачулi ад яго нi слова. Раман нiколi ня быў з iмi маўклiвым, па дурноце сваёй ён гаварыў iм, як сваiм, часам болей, як трэба, нават i пра Валю. Гэтая акалiчнасьць давала некаторым з iх магчымасьць думаць, што Раман не кахае Валю i што, значыцца, ён яшчэ свабодны для iх самiх. Дык тым болей дзiвiлiся яны Раманавай маўклiвасьцi цяпер, - нiхто з iх, вядома, ня думаў, што Раман так доўга ня бачыўся з Валяй.
   - Даўгавата ты яе трымаеш там у сябе ў хаце. А можа яна не ад цябе прыходзiць так позна?
   Нават i такая шпiлька не кальнула Рамана. Раман быў цяпер на сваёй кватэры, выразьлiва бачыў пад сталом сакваяж, шкадаваў, што нiкуды яго не закiнуў, выходзячы з хаты. Што там ёсьць, ён i не паглядзеў, хоць Кандраценя i гаварыў, што там.
   Ды час быў Раману пакiдаць манастыр - наблiжалася восьмая гадзiна, дзеля якое ён гэтулькi перажыў i якое трэба было чакаць гэтулькi часу. Студэнтка, што крычэла на яго "не глядзi", угаворвала яго пайсьцi з ёю ў кiно, навошта-ж яна так прыбiралася?
   Абое яны йшлi ўжо па Савецкай. Вецер памякчэў. Як вясьняны, густы, тузьлiвы, ён уздымаў настрой у студэнткi, падпiхаў iх ззаду, i яны, здавалася, ня йшлi, а беглi. Студэнтка ўзяла Рамана пад руку, i, баючыся, што вецер можа адарваць яе ад яго i некуды панесьцi, яшчэ болей тулiлася да яго, i, калматая, вiсела на Раманавай руцэ, як кошык. Раман маўчаў, а студэнтка думала, што ён пачуцьцёва слухае яе i ня горнецца больш наважна да яе толькi таму, што саромiцца пешаходаў. Якi ён дзiўны, гэта-ж зручна пры ветры!
   Галоўны корпус Унiвэрсытэцкага гарадка i Дом ураду былi ўжо адзаду iх.
   - Тымчасам, Ларысачка, мне трэба, нажаль, завярнуцца сюды, на вулiцу Ўрыцкага. Нажаль, вельмi кароткая дарога ад унiвэрсытэту да Ўрыцкага. Няма калi й пагаварыць з табою.
   - Ты баiшся Колькi?
   - Я не баюся твайго Колькi. Толькi мне трэба сюды. Выбачай.
   I Раман Корзюк адарваўся ад Ларысы, завярнуўся налева, каб перайсьцi Савецкую. А Ларыса, гледзячы назiркам за Раманам, пастаяла з часiнку яшчэ на месцы, i, як-бы зразумеўшы ўсё, раптам, з падскокам, як дзiцянё, пабегла далей па Савецкай.
   Раман Корзюк пераступiў парог НКВД першы раз у жыцьцi. Дасюль ён нават добра ня ведаў гэтага будынку, хоць i праходзiў бадай штодня паўз яго. Нават таго чырвонаармейца з вiнтоўкай, што толькi дапытлiва зiрнуў на яго пры ўваходзе, ён толькi цяпер пабачыў, як рэальную, а не сымбалiчную рэч.
   Не пасьпеў, увайшоўшы, Раман Корзюк зрабiць у ненаважанасьцi колькi крокаў ад парогу, як у ваддаленай насупраць яго сьцяне адчынiлася маленькае вакенца, i нехта, пабачыўшы яго знутра, паклiкаў да сябе пальцам. Раман падыйшоў. Той, хто яго паклiкаў, нiчога не гаворачы высунуў яму з вакенца картку з нумарам 72-СПО, i вакенца само па сабе, аўтаматычна мякка зачынiлася перад самым носам Корзюка. А перад iм ужо стаяў, усьмiхаючыся, нехта iншы ў гарнiтуры i, як выраслы з зямлi, вёў яго, бяз рук i словаў, як-бы аднымi гэстамi, па доўгiм карыдоры. Дарожка была мяккой, i крокаў ня чуваць было зусiм, усё глухла, i Раман меў пачуцьцё, быццам ён iшоў у тарычэльлевай, беспаветранай пусьцiнi, падхоплены мяккiмi, як дарожка, крыламi анёла-абаронца.
   Раман Корзюк i чалавек-анёл у гарнiтуры супынiлiся ў канцы карыдору. I дзiўная рэч - з правага боку, з адчыненых, як на чвэрць, дзьвярэй, даляцеў да Раманавага слыху, цi яму толькi так здалося, голас Генадзя Кандраценi. Затым дзьверы зачынiлiся, а адначасна з левага боку, якраз насупраць, адчынiлiся iншыя, i ў тых дзьвярох стаяла ўжо маладая i вельмi прыгожая на першы пагляд жанчына, уся ў белым, з залацiстымi накручанымi валасамi, што ясьнiлiся й пералiвалiся ад электрычнага сьвятла i ад белага колеру сукенкi. Чалавек-анёл здаў ёй Корзюка. Жанчына зачынiла дзьверы ў калiдор i павяла Рамана праз зырка асьветлены пакой у iншы, сумежны, што ўжо як-бы чакаў на яго сваiмi адчыненымi дзьвярыма. Перад сабою Раман пабачыў за сталом чалавека ў вайсковым. Жанчына, прапусьцiўшы Рамана наперад, дзесьцi зьнiкла, а чалавек за сталом прывiтаў, здавалася, ужо нарыхтаванымi словамi, Рамана Корзюка:
   - Заходзьце, заходзце, таварыш Корзюк, i сядайце вось тут, гутарка будзе ў нас, здаецца, доўгая.
   Раман Корзюк не чакаў, што нехта ў НКВД загаворыць да яго пабеларуску. Сеў.
   Чалавек за сталом ёрзнуў на крэсьле, i новыя рамянi праз плячо й на поясе адазвалiся сырамятным скрыпам.
   - Нам дасканала ведама, таварыш Корзюк (чалавек у вайсковым нацiскаў на слове таварыш), што ў Вышэйшым Пэдагагiчным Iнстытуце (ВПI) у Менску актыўна дзейнiчае нацдэмаўская, контррэвалюцыйная, шпiёнска-дывэрсыйная групоўка, да якой належыце й вы. Што вы скажаце нам на гэта?
   Чалавек у вайсковым абвёў сваiмi круглымi яснымi вачыма Корзюка, тымчасам, як ягоная правая рука сама па сабе, мiжвольна легла на кабуру. Адкiнуўшыся на спiнку крэсла i выцягнуўшы пад стол ногi, ён цяперака ня спушчаў сваiх вачэй з Корзюка.
   - Я чакаю на ваш адказ, таварыш Корзюк, - зьмянiў строгую iнтанацыю на больш лагодную чалавек у вайсковым.
   - Нажаль, мой адказ не задаволiць вас, - ня думаючы, надпрыродна спакойна адказаў Раман.
   Адвага, з якой сказаў гэта Корзюк, абыякавасьць у тоне нiмала зьдзiвiлi чалавека ў вайсковым - ён гэтага не чакаў, гатовы быў на круты паварот, але ўпару стрымаўся, не выяўляючы нiчым свайго незадавальненьня цi ўзрушанасьцi.
   - Усякi ваш адказ будзе добрым i задаволiць нас. Скажэце, калi ласка, хто на вашым факультэце чытае лекцыi па фальклёру? Пiятуховiч, гаворыце? Добра ведамая й нам асоба. Выдатны лектар... А лiтаратуру? Так, так, з Барысенкам я асабiста знаёмы. Хаця й камунiст, але паганы лектар... Ну, а што вы скажаце пра вашага выкладчыка беларускай мовы?
   - Я ня зьбiраў нiякай пра яго iнфармацыi.
   - Мы й не патрабуем яе ад вас.
   - Што-ж вас тады цiкавiць? Я-ж прыйшоў сюды на ваш выклiк.
   - Мы выклiкалi вас сюды, як чэснага савецкага чалавека, як сумленнага студэнта, на якога выдаткуе грошы нашая дзяржава i на якога гэтая дзяржава спадзяецца, разьлiчвае.
   Крыху памаўчаўшы:
   - Ня важна, што вы належыце (калi не фармальна, дык iдэялягiчна) да гэтай кантррэвалюцыйнай ячэйкi. Скажу вам нават болей - добра, што сярод кантррэвалюцыянэраў - i вы. Нам нiякая кантррэвалюцыя тады ня страшная!
   - Мне здаецца, што я нiчым не заслужыў гэткага даверу да мяне.
   - Я не спадзяваўся, што вы нагэтулькi наiўныя...
   Сьмяючыся, ён дадаў:
   - Хай вам будзе ведама, што якiх-небудзь фармальных (з сяброўскiмi кнiжкамi) кантррэвалюцыйных арганiзацыяў i быць ня можа. Тым страшней для нас такая неаформленая кантррэвалюцыя. Стыхiйная. Як вы... Афармляем i распраўляемся з ёй ужо мы. Вы дапамажэце нам у гэтым афармленьнi. Або вы споўнiце гэтую вашую сацыяльную мiсiю, - i тады перад намi чэсны, надзейны савецкi чалавек, або вы ня споўнiце - i тады... тады вас проста ня будзе. Вы станецеся для нас у тысячу разоў небясьпечнейшым, чым нашыя замаскаваныя ворагi.
   - Вы мусiце мяне спачатку арыштаваць, а потым дамагацца i пагражаць. Цi я ўжо арыштаваны?
   - Вы не арыштаваны, мы ня хочам вас арыштоўваць. Разумееце вы, цi не? Навошта вы нам арыштаваныя? Гэтага дабра даволi ў нас. Вы, нарэшце, разумееце чаго мы хочам ад вас?
   - Разумею, як, спадзяюся, вы разумееце й мяне.
   - Бязумоўна, але гэта нас не задавальняе.
   - Як не задавальняе й мяне. Мы разыходзiмся.
   - А трэба, каб мы сыйшлiся. Вам не здаецца, што я з вамi зашмат гавару?
   Падняўшыся з крэсла, чалавек у вайсковым захадзiў туды й назад, ад стала да кута. Толькi цяпер Раман спасьцярог, што чалавек у вайсковым - малога росту, на разлатых нагах, у галiфэ i хромавых ботах, рыхтык камiсар часоў ваеннага камунiзму. Ён вёў сваё далей:
   - Вы хочаце ведаць болей? На тэрыторыi БССР выкрыта й цяпер лiквiдуецца вялiкая нацдэмаўская арганiзацыя, якая ставiла сабе за мэту - адзьдзяленьне ад СССР. Арганiзацыя мела, мае шмат ячэек, адгалiнаваньняў. Адной з такiх ячэек, адгалiнаваньняў - вашая групоўка ў ВПI. I яшчэ адна сымптаматычная дэталь нацдэмы, як правiла, зьвязаныя з аднэй замежнай дзяржавай (можа вы й ня вартыя таго - з Польшчай). Дом Пiсьменьнiка, тэатры, настаўнiцтва, студэнцтва ўцягнутыя ў гэтую арганiзацыю... Вас ня трывожыць сувязь нашай кантррэвалюцыi з Польшчай? - чалавек у вайсковым сеў на сваё мейсца.
   - Мяне гэта нiкалiва ня трывожыць.
   - Не, не - гэта найбольш датклiвая дэталь ў вашай справе.
   - Вы не сказалi-б, нарэшце, дакладней, якая ў мяне справа?
   Чалавек у вайсковым, на вялiкае зьдзiўленьне Рамана, нямаведама з чаго, раптам зайшоўся ад сьмеху, шчыра цi ўяўна:
   - Калi ласка, не разыгрывайце, на актора вы не надаяцёся... Зрэшты, вы не ў тэатры, i я для вас ня публiка, - дадаў ён павышаным голасам. Але раптам змоўк, хутка налiўся крывёю, як-бы адзаду ў яго была нейкая помпа, вочы з круглых i ясных ператварылiся ў шчылiны й памутнелi, i ён увесь закалацiўся, як у лiхаманцы.
   - Шпiён! - закрычэў ён на ўсё горла i, як-бы ў нейкiм трызьненьнi, цi перад якой атакай, замiтусiўся, ды хука, зьнясiлены, як-бы ў экстазе, зноў апусьцiўся на крэсла.
   Выключылася сьвятло, раптоўная цемра асьляпiла вочы. Чалавек у вайсковым скамандваў:
   - Не ўставаць з крэсла!
   Не пасьпела прагучэць, як сьлед, каманда, як челавек у вайсковым ужо стаяў за плячыма ў Рамана, трымаючыся ззаду рукамi за сьпiнку крэсла, на якiм сядзеў Раман.
   Ды неўзабаве зьявiлася з запаленаю сьвечкаю ў руках маладая жанчына, што колькi часу таму прывяла ў гэты пакой Рамана. Яна была ў тым-жа ўбраньнi, толькi выглядала цяпер яшчэ больш прыгажэйшай: асьцярожна йдучы, каб не пагасла сьвечка, яна сканцэнтравана глядзела на яе, i ў гэтым ейным поглядзе, ува ўсiм выразе твару было штосьцi далiкатна-прынаднае, iз сьвечкаю ў руках, яна была падобнай да залацiстага вогнiка, што ўсё блiжэй i блiжэй рухаўся ў кiрунку да Рамана. Яму стала весялей, утульней i ня так вусьцiшна.
   Як прыкрасьць, успыхнула электрычнае сьвятло, ад чаго жанчына як-бы палiняла ў сваiм харасьцьве, зноў перад вачыма Корзюка стаяў чалавек у вайсковым.
   - Дзякую, Галя.
   Чалавек у вайсковым нешта сказаў ёй i "вогнiк" выйшаў.
   - Тут у нас сядзiць ужо адзiн архаравец, прывезены з Красна-Уфiмску, нацдэм таксама, па прозьвiшчу Цьвiкевiч, ня чулi выпадкам? Ён ужо адседзеў пяць год, але мы яго прывезьлi зноў у Менск, каб ён мог пераканацца, што Менск тымчасам не гаворыць пабеларуску. На першым допыце, пяць год таму, ён пераконваў нас, што калi-б мы, бальшавiкi, не перашкаджалi нацдэмам, на вулiцах Менску мы ня чулi-б iншай мовы, апрача беларускай. Якая раскоша, га?
   Абазваўся тэлефон. Ён званiў так, як позна ўначы - звонка, выразьлiва й трывожна. З тых слоў, якiя сказаў у тэлефон чалавек у вайсковым, Раман зразумеў, што працаўнiка НКВД чакае ў хаце жонка й пытаецца, калi ён прыйдзе.
   - Грамадзянiн Корзюк! (чалавек у вайсковым ужыў цяпер не "таварыш", а "грамядзянiн") я перадумаў - давядзецца вас арыштаваць. Дайце мне вашую картку, з якой вы ўвайшлi сюды. Вашая картка затрымлiваецца, безь яе вы ня можаце выйсьцi адсюль.
   Корзюк аддаў картку 72-СПО.
   - Вы ведаеце, што такое СПО? Секретно-политическое отделение. Начальнiк яго - я. Разумееце?
   - Мiстыфiкацыя.
   - Вы ня маеце даверу да органаў НКВД?
   - Ня маю, калi ўсе гэтыя органы такiя, як той, на чале якога стаiцё вы.
   Чалавек у вайсковым пазванiў. За часiнку ў пакой начальнiка СПО увайшоў чалавек iз сакваяжам у руках. Паставiў на стол, як нейкую нязвычайна важную рэч. Чалавек у вайсковым i Корзюк зiрнулi абодва на сакваяж. Потым начальнiк СПО сам адчынiў яго i вынiў адтуль два наганы i вялiкую пачку савецкiх грошай.
   - Грамадзянiн Корзюк, чыё гэта ўсё?
   Корзюк маўчаў.
   - Грамадзянiн Корзюк, хто такi Генадзi Кандраценя?
   Корзюк маўчаў.
   - Грамадзянiн Корзюк, як вы думаеце, хто перадаў гэта ў нашыя рукi?
   Корзюк маўчаў.
   - Грамадзянiн Корзюк, пацалуйце рончкi (чамусьцi ён сказаў гэта папольську) у прыгожай панны Камоцкай, залатыя рончкi, можна сказаць: яны прыслужылiся нам сваiм цудоўным подпiсам, спраўджаньнем, што гэтыя рэчы яна бачыла ў вас на кватэры. Мiлiцыя здуру арыштавала яе, але яна тут ня прычым. I справа пахне тут ня мiлiцыяй. Мы Камоцкую выпусьцiлi. Затое пратакол, якi яна падпiсала ў мiлiцыi, цiкавы. Вось колькi мясьцiнаў з яго...
   Пашукаўшы тых "мясьцiнаў" вачыма, пачаў чытаць: ...учора бачыла гэты сакваяж пад сталом на кватэры Рамана Корзюка... Калi я зайшла да Рамана Корзюка, там ужо быў нейкi чал... (гэта мы высьветлiм) ...у iнтэрэсе Рамана Кор... (ведама, жанчына) ...чалавек паказаўся мне падазроным (бязумоўна) ...я падумала, што тут нешта нячыстае (але досыць). Вы пазнаеце подпiс, уласнаручны подпiс Валi Камоцкай?
   Чалавек у вайсковым паднёс Раману напiсаны на машынцы пратакол з подпiсам Валi Камоцкай унiзе, паказаў на гэты подпiс пальцам i бадай урачыста адыйшоўся ад Рамана, паклаўшы пратакол у папку на стале. Потым загаварыў з чалавекам у форме НКВД, з тым, што прынёс сакваяж.
   Раман не зважаў на iх, фразы з пратаколу зьмяшалiся ў вадно ў Раманавай галаве, у зьдзеклiвае "яна й нам прыслужылася вялiкай службай". Раман нiяк не чакаў, што й Валю ўцягнуць, што й яна будзе фiгураваць побач з ягоным iмём. I як фiгураваць? Ягонае нутро абдала гарачыня й пякла нясьцерпна, датклiва.
   - Таварыш начальнiк СПО, - Раман падняўся з крэсла, на якiм пакорлiва сядзеў увесь час. - Канчайце як-небудзь усё гэта, я болей не магу трываць - я ня ведаю, што... або адпусьцеце, або...
   I Раман Корзюк як-бы хацеў ужо пайсьцi, падняўся... Яму здалося дзiўным, што ён у НКВД, ён цяпер не адчуваў, што ён у НКВД, ён быў увесь дзесьцi ў мiнулым, але ня ведаў дакладна дзе, як-бы прыпамiнаў i, прыпомнiўшы, усьвядомiў, што яму трэба хутчэй дадому й больш нiчога.
   - Пачакайце, пачакайце... Што-ж гэта вы гэтак?.. Мы ня скончылi яшчэ ўсяго... Апамятайцеся... Вы забылiся, дзе вы... Сядайце... Якiя весткi вы маеце ад бацькi?
   - Весткi... Не разумею... якiя... Як з фронту... Пусьцеце мяне дахаты, прашу...
   - I ўсё-ткi я паслухаю вас... Вы перамаглi мяне. Дайце падпiску (падпiшэцеся вось тут), што нiдзе, нiкому ня скажаце, пра што гаварылася тут. Аддаю вам назад вашую картку - яна спатрэбiцца пры выхадзе. Мы выклiчам вас яшчэ, iншым разам... Дабранач...
   Калi ён выйшаў з габiнэту чалавека ў вайсковым, яму сказалi, каб ён падняўся паверхам вышэй ды йшоў па карыдоры да выхаду. Iшоў ён адзiн, нiхто за iм не назiраў, але Раману здавалася, што чалавек, якi паказаў яму дарогу, глядзеў на яго ззаду. Калiдор давёў Рамана да сходаў, па якiх ён зноў зыйшоў унiз i апынуўся ў вялiкiм зырка асьветленым пакоi, дзе ў яго папрасiлi картку-пропуск.
   Раман выйшаў. На вулiцы йшоў дождж.
   4
   Раман у бацькоў быў адзiны сын. Сястра Рамана нарадзiлася, калi яму было восем гадоў, у бежансьцьве, недзе недалёка ад Масквы, Раман добра помнiць - у вёсцы Барлюкi. У гэтай-жа вёсцы Раман пайшоў упяршыню ў школу. Бацька дзесьцi працаваў, але Раман слаба помнiць гэта. Добра помнiць толькi, што бацька пакiдаў iх адных у вельмi цеснай, халоднай каморцы й прыходзiў позна ўвечары. Помнiць таксама, як маленькая сястрычка, моцна спавiтая, як зьвязаная, падоўгу плакала, i Раман прасiў мацi, каб яна яе распавiла-разьвязала, бо-ж яна й крычыць, мусiць, дзеля гэтага. Але мацi ня слухалася яго, сястрычка ўсё плакала, i Раман, шкадуючы яе, таксама плакаў. Iз школы Раман часта прыходзiў незадаволены й разьятраны, былi днi, калi ён зусiм не хацеў iсьцi ў школу насуплены i хмуры, часамi прыходзiў iз школы iз сьлязьмi на вачох: не даючы яму праходу, у школе дражнiлi яго Кавалём i ўсяляк кпiлi. Гэта вельмi квялiла яго. Мянушку Каваль ён нажыў гэтак. У расейскiм лемантары быў нейкi вершык "Кузнец", якога вучнi мусiлi навучыцца напамяць. Але перад гэтым яны чыталi яго ў клясе, з цяжкасьцяй i па складох. Чыталi ўсе, прыйшло i да Рамана настаўнiца папрасiла чытаць. Хвалюючыся, Раман пачаў чытаць, таксама па складох: ку...кузьнецц, але, калi настаўнiца папыталася ў яго, а як будзе разам, Раман хутка, аўтаматычна адказваў "каваль". I гэтак, зьбiўшыся, колькi разоў узапар. Усе рагаталi i дзiвiлiся, адкуль у яго бярэцца гэтае "каваль". Так i застаўся ён у сваёй клясе ня Корзюкам, а Кавалём.
   Раман пытаўся ў мацi, чаму там, адкуль яны прыехалi, гавораць "каваль", а тут "кузнец" - i ўсё прасiўся вярнуцца да "каваля". Там у Рамана былi ўжо й сябры, а тут нiкога, яшчэ й сьмяюцца. Бацькi заўсёды адказвалi яму, што неўзабаве вернуцца да "Каваля", што й iм апрыкрыў "Кузьнец". I сапраўды, калi яны вярнулiся з уцякацтва дамоў, Раман быў вельмi ўсьцешаны.
   Бацькi Рамана жылi на хутары ў пагранiчным з Польшчай Заслаўскiм раёне. На тым баку мяжы, у Заходняй Беларусi, у Корзюкаў была радня: бацькаў брат i матчына сястра. Да 1928 году яны лiставалiся, але пасьля лучнасьць абарвалася, i яны нiчога ня ведалi пра iх. Гаспадарка ў Корзюкаў была ня тое, што вялiкая, але досыць добрая. Праўда, зямля была не такая ўрадлiвая, ды Корзюк прымусiў яе радзiць. Ён ня любiў жыць на вёсцы, i сеў, можна сказаць, на пяску, абы толькi ня быць у ёй. Казаў, калi ты зямлю любiш, дык i яна будзе цябе любiць. I Раманаў бацька любiў зямлю. Ня толькi як добры гаспадар, але неяк i яшчэ. Ён адчуваў яе праз увесь год: i калi яна ляжала пад сьнегам, i калi вызвалялася, гула i клiкала да сябе працаўнiка. I ён iшоў да яе, аддаваўся ёй. Таму яна й радзiла яму. Лета гнулася ад ураджаю, а восень, з бульбаю, канаплямi i вятрамi, прыносiла Корзюку, гаспадару зямлi, сiлу, давала яму i ўсiм ягоным хатнiм нейкi асаблiвы смак да жыцьця й здароўе. Лясы ахутвалi хутар Корзюкаў, i калi, бывала, прыпячэ вясеньняе сонца, у цiшы смачна й моцна пахлi дзе-небудзь на ўзьлесьсi сунiцы. А недалёка праз лес блiшчэла возера.
   Калi-б вы перайшлi кухню ў гаспадарскiм доме Корзюкаў, вы пабачылi-б у наступным пакоi, у куце на стале перад ходзiкамi, апрача часапiсу "Сам сабе аграном", замасоленых двух Мiцкевiчаў i газэту "Беларуская вёска".
   Тут i ўзрос Раман Корзюк. А побач з iм, як-бы даганяючы яго, расла ягоная сястрычка, не падобная ўжо да тэй, спавiтай, у Барлюкох.
   Як пачалася калектывiзацыя, Корзюка-бацьку пачалi кулачыць. У сельсавеце ўначы на паседжаньнi сельскага актыву ("беднякоў") вынесьлi пастанову, маўляў Корзюк заможны i карыстаўся наёмнай працай. А якое там карыстаўся? Часамi якая жняя падскочыць на дзень дапамагчы жонцы, i ўсё. Раман Корзюк як цяпер памятае - толькi прыехаў з Вiцебску, з кiнематаграфiчнага тэхнiкуму на канiкулы, сеў за стол абедаць, як прыехала на двор на чале з начальствам колькi фурманак па хлеб Савосты Корзюка, кулака, у якога ёсьць лiшкi гэтага хлеба, а ў некага няма. Корзюкам на чатыры душы пакiнулi ўсяго колькi пудоў, усё выграблi з засекаў, не ставала мяшкоў, дык насыпалi ў дзяругi. Мацi, гледзячы на ўсё гэта, плакала, а бацька, скамянелы, маўчаў. Потым праз два тыднi прыехалi дакулачваць. Сярод прыежджых быў нехта i з вiнтоўкай. Забралi ўсю маёмасьць, у хаце засталiся толькi голыя сьцены, нават гаршкi, якiя мацi паставiла была сушыць у печ, выцягвалi i разьбiвалi вобземлю, чыгуны, як больш вартасныя рэчы, клалi на вазы. Вязалi сьвiньнi. Пiск, крык на двары. Сястрыныя падушкi, што ляжалi на ейным ложку гарой, таксама вынесьлi, сказаўшы, што замуж ня выйдзе ўсё роўна. Жывёлу й коняй пагналi. Выязная жаробка, калi ўжо яе запрагаў калгас, бывала, спынецца на дарозе пры сустрэчы з мацi i, спынiўшыся, жаласьлiва iржэць, а ў мацi коцяцца сьлёзы ад таго, што й скацiне ня добра ў калгасе - вунь сядзёлка зьбiла сьпiну, а хамут плечы. Дзiва, што зажурышся па гаспадынi, якая даглядала, можна сказаць - з гаршка кармiла.
   Так i засталiся Корзюкi з нiчым ў сваёй хаце. Пагражалi i з хаты выгнаць, але яшчэ не чапалi i не арыштоўвалi, як iншых кулакоў.
   У гэтым часе выключылi з тэхнiкуму й Рамана Корзюка, як сына кулака. Нiкуды пасьля яго ня прыймалi, i Раман, наведаўшы бацькоў, неўзабаве пакiнуў хутар-гняздо, раськiданае цяпер. Бацькi яго самi прасiлi, каб ён iшоў у сьвет, глядзеў хоць сябе, калi ня iх. I Раман пайшоў у сьвет. У якi сьвет? Пад Менскам наняўся на цагельню, i, прабыўшы там лета, меў даведку "рабочага" ды такiм парадкам як-бы перайшоў у iншую сацыяльнуюю групу. З гэтай даведкай зноў падаўся ў навуку, вытрымаў уступныя экзамены i быў залiчаны на малочна-масьлянае адзьдзяленьне Сельска-гаспадарчага iнстытуту iмя Куйбышава ў Менску, але, пабыўшы на колькiх лекцыях, ня ўзьлюбiў гэтай навукi i перайшоў у Вышэйшы Пэдагагiчны Iнстытут, хоць i з меншай стыпэндыяй. Заняткi тут пачыналiся пазьней, дзеля недабору студэнтаў - наплыву ў пэдагагiчныя ўстановы ня было, усе iмкнулiся ў тэхнiчныя ўстановы з большай стыпэндыяй i лепшым забясьпячэньнем. Студэнты пэдагагiчнага iнстытуту забясьпечвалiся паводля нiжэйшай катэгорыi. Да 17 верасьня Раман быў свабодны i наважыўся зноў наведаць бацькоў на хутары, ад якога цяпер засталося толькi адно званьне.
   Апрача саду, у Корзюкаў цяпер нiчога ня было. Усё поле да самых сьценаў было заарана трактарам пад калгас (усё лета зямля пуставала - калгас нiчога ня сееў, а Корзюку забаранялi, дык цяпер узлупiлi на зiму, не пакiнуўшы Корзюку зямлi нават пад агарод).
   У час гэтага наведваньня Раман Корзюк упяршыню пабачыўся з Генадзем Кандраценем. Як там пабачыўся - у цемры ён нават не разлгедзеў, як сьлед, ягонага твару: Кандраценя гаварыў з бацькам у сенцах, а Раман iшоў з двара, дык тады й пазнаёмiлiся.
   Раман Корзюк адразу пайшоў спаць, а Кандраценя ўсё яшчэ гаварыў на двары з бацькам. Раман ня мог заснуць - як галоднага, яго дражнiў, дурманiў пах яблыкаў з iхнага саду.
   Ранiцой Раман ужо ня бачыў Кандраценi. I мацi, i сястра, i бацька былi вельмi сумныя. Раман ня мог зносiць гэтага i пачаў зьбiрацца на цягнiк. Мацi ня было чым пачастваць на дарогу Рамана. Падала яму перапечку напалам з травою, падгарэлую, але сырую - замала мукi, дык i не сьпяклася. Гледзячы, як Раман разламваў яе на кавалкi, каб яна астыла, уцiрала хвартухом сьлёзы. У сястры яны таксама задрыжэлi на вейках, але яна хутка адвярнулася й не глядзела на Рамана.
   Раман, здавалася, назаўсёды пакiдаў хутар. Ён ня ведаў, што будзе з бацькамi, i гэта найбольш турбавала яго. Мацi ўгаворвала бацьку падаць заяву ў калгас, можа-б прынялi, але бацька й слухаць не хацеў.
   Па Раманавым ад'езьдзе ў ваколiцах хутару разыйгралася трагедыя, пра якую потым Кандраценя ўспамiнаў Корзюку на ягонай кватэры ў Менску i якая мае вялiкае значэньне для гэтай аповесьцi.
   У Заслаўскiм раёне, у тым самым сельсавеце, дзе жылi й Корзюкi, не хацела йсьцi ў калгас адна вялiкая вёска, увесь час бунтавалася, нiякiх агiтатараў ня слухалася, будучы чамусьцi ўпэўненай, што прымусова яе ў калгас не загоняць, як пагранiчную вёску - пра такi маўляў скандал даведалiся-б нават у самой Польшчы, а гэта, сваiм парадкам, нявыгодна адбiлася-б на савецкай палiтыцы дабраахвотнасьцi калектывiзацыi. Хто падсунуў жыхаром гэтай вёскi такую канцэпцыю, нiхто ня ведаў, але такая палiтыка вельмi ўдала эксплятавалася iмi. Вёска была адзiным астраўком у моры калектывiзаваных гаспадарак. У раёне наважылiся за ўсякую цану зламаць гэты супрацiў, зьнiшчыць астравок, тым болей, што з некаторых, ужо арганiзаваных калгасаў, сяляне пачалi выходзiць, уцякаць, спасылаючыся ня рэдка, як на прыклад, на гэты астравок: чаму-ж iх ня гонiце, дабраахвотна, дык дабраахвотна, яны ня хочаць, дык i мы ня хочам. I кулакi сядзяць, i ўсё iнтрыжкамi займаюцца й кантррэвалюцыяй.
   I вось у гэтую Заслаўскую цытадэлю едзе сам сакратар райкому партыi разам з колькiмi "пяцiдзесяцiтысячнiкамi", адмыслова вышкаленымi агiтатарамi да калектывiзацыi. Якраз у ляску перад Корзюкавым хутарам нехта застрэлiў у легкавой машыне сакратара райкома партыi Ленскага, тымчасам як пяцiдзесятнiкаў нiхто не зачапiў. Пачалося сьледства. Упаўнаважаныя раённага НКВД гойсалi ўсюды, але найбольш пiльнавалi хату Корзюка. Собiла-ж у той дзень яшчэ зранку Корзюку старэйшаму пайсьцi ў мястэчка, у раён, па грошы, якiя ён зарабiў, возячы дровы на станцыю, калi ў яго былi яшчэ конi, перад раскулачваньнем, але якiх яму ўсё ня прысылалi. Адлучка Корзюка паказалася сьледчым вельмi падазронай, болей таго, яны прыйшлi да высновы, што забiў сакратара ня хто iншы, як толькi Корзюк, i гэтай сваёй адлучкай толькi маскуе сваё злачынства. Нiякiх iншых сьлядоў злачынства сьледчыя не знайшлi i ўпёрлiся такiм парадкам толькi ў Корзюка. Пiльнавалi хату, жонку i дачку, нiкуды iх ня выпушчалi, i ўсё чакалi, калi прыйдзе сам Корзюк. А Корзюк, нейкiм способам даведаўшыся аб усiм, што адбылося, ня йшоў у хату, туляўся дзе мог, наважыўшы не пападацца ў рукi НКВД, выклiкаючы гэтым яшчэ большае падозраньне.
   У самай-жа рэчы сакратара райкому забiлi самi агенты раённага НКВД. Зроблена гэта было, каб штучна стварыць у раёне атмасфэру кантррэвалюцыi. Глядзеце, кантррэвалюцыя ўзьняла галаву, адважылася на адкрытае выступленьне супраць савецкае ўлады, забiвае яе найбольш адказных працаўнiкоў. Трэба, такiм парадкам, расправiцца з гэтай кантррэвалюцыяй самым станоўкiм парадкам. Тут было ськiраванае, як кажуць, iстрыво першым чынам супраць кулацтва. Кулакоў пачалi масава арыштоўваць, а iхныя сем'i вывозiць на далёкую поўнач i на ўсход. Гэтым таксама была прысьпешаная суцэльная калектывiзацыя ў раёне. Так раён добра даў рады з усiмi цяжкасьцямi i быў прызнаны ў цэнтры першым раёнам у калектывiзацыi.
   Пра гэтую гiсторыю Раман Корзюк ў Менску нiчога тымчасам ня ведаў.