Да сваiх-жа сыноў Гаравiк быў надта строгi. Ён каждага ваеннага рамясла навучаў, на паляваньнi з сабой браў ды на ваенныя гульнi. Думаў-жа, што, калi сам памрэць, дык яны будуць над народам гаспадарыць; трэба, значыцца, каб умелi разумна са сваiмi й чужымi жыць, а калi трэба, дык каб i за сваё ў баi адважна пастаялi.
Паплыла пра гаспадарства князя слава далёка й шырока, бо пры ўмелай гаспадарцы i народ багацеў i князю самому ўдастатак было. Поўна ў засеках было, ды золата i ўсякага багацьця ў скарбнiцы князёвай. Адным словам, чулi пра яго блiзка й далёка. Свае лiрнiкi й дудары пiялi пра яго й славiлi яго, чужыя-ж на край i людзей зь вялiкай прагавiтасьцяй глядзелi й мячы вайстрылi.
Надумалiся тады гэныя прагавiтыя чужнiкi на Гаравiкова гаспадарства напасьцi, багацьцi ўсе пазабiраць i людзей заняволiць. Сабралi такую вялiкую сiлу, што сьвет яшчэ такой ня вiдзiў, i на наш край паходам пашлi. А Гаравiковы ганцы, што па краёх стаялi, князю данесьлi, што вялiкая сiла чужых людзей на яго iдзець. Па ўсiм вялiкiм Гаравiковым гаспадарсьцьве зайгралi тады паходныя дуды й пачаў сплывацца да князя народ. А ён узяў усiх сваiх трох сыноў, вялiкiх i малых ваенных начальнiкаў, цэлую сваю дружыну ды пашоў тым на спатканьня.
Доўга яны йшлi, а калi iз ворагам спаткалiся, дык той ужо - каб яго макарэц спалiў! - глыбака ў нашу зямлю залез, народ забiваў, дабро палiў i рабаваў. Вялiкi, дзетка, сярдзiты й даўгi быў бой. Удужкi як схапiлiся, дык болi як тры пары старалiся адзiн аднаго пiрасiлiць. Галовы людзей як тыя снапы на таку пад цэпам клалiся, рэкi ад крывi пачырванелi. Сам князь Гаравiк i два ягоныя сыны - найстарэйшы й наймаладзейшы - надта-ж адважна бiлiся, а пры iх i народ цэлы. Яны от як гэты дуб Архiп саўсiм зь места нi сайшлi i ў крывi варожай былi чырвоныя. Толька сярэднi сын, калi прыйшла цяжкая варожая навала, дык ён струсiў i ходу з поля бою даў. Гэта нашым многа пашкодзiла, бо трэба было дзiрку залатаць, за гэнага князёвага сына, што ўцёк, грудзьмi пастаяць. Алi ўсяроўна ворага адбiлi, хоць вялiкая-ж надта сiла свайго народу лягла.
Як вярнуўся князь дамоў iз двумя сынамi ды дружынай i цэлым войскам, дык перш за ўсё Богу дзякаваў за тоя, што сiлу iм даў. А тады князь зрабiў вялiкая гуляньня. Усiх харобрых да сябе паклiкаў, нагароды каждаму даваў i цалаваўся з каждым, як з родным братам. Княжы замак ад таго народнага гуляньня, мусiць, сем дней i начэй гудзеў. Толька ўжо як узнагародзiў князь усiх харобрых i двух сыноў сваiх пiрад усiм народам, тады пазваў таго сярэдняга сына, што струсiў на полi бою, ды дамоў уцёк.
I от, сынок ты мой, прывялi зьвязанага гэтага труса Гаравiкова сына пiрад чало самога гаспадара. А ён сядзiць пры стале, ды ўся сьвiта ягоная, усе ў баi загартаваныя пасьля сьвежай пiрамогi. I кажа тады Гаравiк сыну:
- Выпрастайся, трус! Калi нi асьмелiўся ты, як вой, на полi бою ворагу ў вочы глянуць, дык чаго-ж тады баiсься глядзець у вочы сваiм людзям? Нiхто-ж цябе за гэта ня зьесьць.
Падняў той дзяцюк галаву, алi цяжка было яму глядзець у вочы бацьку ды воям харобрым, бо ўсiм вялiкую ганьбу ён прынёс, крыўду зрабiў, калi плячо ў плячо iзь iмi на полi бою нi пастаяў.
А князь тады яму кажыць:
- За тоя, што ты з поля бою ўцёк i другiх на нiбясьпеку выставiў, на вялiкую кару заслужыў. Ты сам гэта знаiш.
Сын апусьцiў галаву й дрыжэў ад страху.
- Гэтыя мне сыны, - сказаў князь i паказаў на двух, што сядзелi ля яго з правага й левага боку. - А ты ня сын! За цябе многа народу нашага лягло, бо сам ты, як крот, у дзiрку схаваўся дый цяпер ад страху дрыжыш. А цi-ж ня ведаў ты, што на гэтым сьвеця ня ўсё дабратой робiцца? Нiкаторыя дабраты ня цэняць i толька сiлу знаюць. Дык i мы так: каб жыць вольна, каб над намi чужак верху нi ўзяў, мусiм сiльнымi быць, а як трэба, дык i баранiцца.
Уся сьвiта ягоная, дый княгiня, што зь левага боку ля сына маладзейшага сядзела, дый служба навiт чула князёвы словы. Усе ждалi як гэта князь пакараiць труса-сына. Княгiня навiт сьлязу пусьцiла, бо ведала, што муж ейны вялiкi ў ласцы быў i надта-ж суровы ў караньнi.
А Гаравiк тады й кажа:
- Ты ёсьць маё роднае дзiця, маё цела й кроў. За тоя, што ты зрабiў, я цябе мушу караць галавой. Ты сам гэта знаiш. Алi Бог мне сьветкай нiхай будзiць, што я ў ласцы заўсягды быў болi шчодры, чымся ў караньнi. Дык i я для цябе такiм буду. Галавой цябе нi пакараю, а дам табе нагоду паправiцца. Дык от слухай: ты возьмiш людзей i ўсё, што трэба, i пойдзеш адгэтуль у той бок, дзе заходзiць сонца. Будзiш iсьцi тры днi й тры начы. Сярод лясоў там знойдзеш выгадная места, пабудуiш замак, зарганiзуiш дружыну й будзiш гаспадарыць над часьцяй народу, што табе прыдзялю. Зьбярэш i навучыш сваю дружыну, ажэнiсься й заложыш сваю гаспадарку.
Толька-ж помнi, што ад таго часу свайго гаспадарства будзiш баранiць сам, калi хто нападзець. Нiхто з нас табе на помач ня прыйдзiць так, як ты нi прыйшоў нам на помач на полi гэтага бою, ды ўцёк, як вялiкi трус, якога я цяпер мушу цурацца. А калi-ж на цябе нападуць, дык ты нi абаронiсься i ў баi ляжаш, дык будзiць тады твайму народу вялiкая гора. Гараваць ён будзiць пад чужымi, аж пакуль зь яго нi народзiцца новы адважны воiн, каторы чужых прагонiць ды людзям волю вернiць.
Так загадаў князь.
I от даў Гаравiк сыну таму людзей, што ў вайсковай штуцы добра зналiся, а таксама такiх, што будаваць умелi, даў конi i зброю, харчы, ды выслаў яго туды, дзе заходзiць сонца. Iшоў той сын трохi што нi бiзь пiрастанку тры днi й тры ночы, аж прыйшоў от сюды й задзержыўся тутака, дзе мы з табой на Гараватцы. Надумаўся тут замак свой будаваць.
Пагараваў ён тутака многа, пакуль замак збудавалi ды гаспадарку на парадак навёў. Можа гэта ад таго й пачалi людзi гэта места Гараваткай называць. Дык от гэты новы гаравацкi князь, як ужо збудаваў вялiкi й пекны замак, дружыну сваю выдрасiраваў i добра на ногi паставiў, тады нагледзiў сабе дзеўку, таксама са свайго народу, ды ажанiўся. Нiкаторыя дзiвiлiся, што ён так зрабiў. Трэба табе, сынку, ведаць, што тады князi толькi iз княжнамi жанiлiся, хоць i чужымi, а ён дык iз простай сваёй. Дзяўчынка, казалi, была, як малiна. А жанiўся ён iз сваёй, хоць i простай, таму, бо ўжо тады пазнаў мудрасьць жыцьця, а сама найболi дык тоя, што iз сваiм народам трэба быць, любiць яго трэба, за яго галавой пастаяць. Бо нiколi нi забыўся ён вялiкага сораму, што нажыў, калi з поля бою ўцёк. Пёк той сорам яго, як перац у гарляку. I думаў сабе гаравацкi князь, што, калi ўжо час прыйдзiць, дык ня толька тое паршывае кляймо зь сябе крывёй змыiць, але яшчэ пастараiцца й славу сабе вярнуць, каб i бацька агледзеўся. Ды бацька скора ўжо памёр. Два браты ягоныя гаспадарылi пасуседзтву, алi нiнадта каб яны дружна iз сабой жылi, нi гаворачы каб iзь iм.
От жанiўся, знацца, гаравацкi князь, надта-ж пекную дзяўчыну ўзяў. У сваiм замкавым дзядзiнцы разам iз новай улюбленай княгiняй дубок малады пасадзiў ды загадаў палiваць-даглядаць, каб вялiкi рос i пекны быў. Мы - кажыць - тут як гэты дубок расьцi будзем i нiхто нас зь места нi кранець. Гэты дубок i ёсьць от гэты самы Архiп.
Пачаў, адным словам, гаравацкi князь шчасьця пазнаваць. Думаў, што ацiхла ўжо, вайны праклятай ня будзiць. У яго навiт дружына добра выдрасiраваная была, гаспадарка на добры лад пашла. Калi-ж нiбясьпекi зьнiкуль нi было вiдаць, дык памякчэў гаравацкi князь, нi такiм пiльным стаў i, мусiць, трохi ваенная рамясло закiнуў.
А тыя, сынок, благiя ворагi, што iх раней бацька Гаравiк iз двумя сынамi разьбiў, дык яны за гэты час пакрапчэлi, у поўсьць абрасьлi, клыкi зноў iм павырасталi, як тым ваўком, ды давай тыя клыкi шчэрыць, глядзець, цi збоку дзе ўварваць кусок можна. Вiдзiлi-ж, што Гаравiк памёр, што сыны падзялiлiся й паслабелi, дык давай на гаравацкага князя напасьцi. I зноў сабралi сiлу людзей i сюды iз боем прышлi.
I от разьбiлi яны гаравацкага князя саўсiм. Нiхто зь ягоных братоў яму на помач нi пасьпяшыўся, бо бацька сказаў, што баранiцца сам маiць. Сам гаравацкi князь iз сваёй маладой княгiней як львы змагалiся. Яна яму зброю падавала. Калi-ж чужыя ў замак уварвалiся, дык князь жывым нi здаўся. Забiлi яго й пекную маладую княгiню ля таго самага маладога дуба. Замак тады зруйнавалi, дружыну гаравацкую на чатыры вятры разагналi, а народ у цяжкае ярмо запраглi i як над скацiнай пачалi зьдзеквацца.
Так сталася, сынок мой, што пасьля й тыя другiя два браты нi ўстаялi самi, як на iх напалi. Дык i прапала воля цэлага нашага народу. На памiн толькi руiны ад добрых гаспадарак асталiся, а народ у нiшчасьцi аж да сягоньнiшняга стогнiць. Толька чужыя паны мiняюцца, алi нiчуць людзям нi лягчэiць, а яшчэ горы робiцца. I поўзаюць перад чужымi нашыя, як тыя чэрвi, а яны з нашага поту, з нашага мазаля жывуць, нашу кроў смокчуць.
Толька от расказваюць, сынок, што тры начы ўвосенi, неяк пад Дзяды, у Гараватцы кажды год бываiць вялiкi бой. Князь гаравацкi з сваёй княгiней дый з дружынай стараiцца адбiцца ад ворагаў, а яны насядаюць. Нiкаторыя кажуць, што гэта ўсе чэрцi ўскапашылiся ды на нашага князя процьмай iдуць. Ён тады завець i завець сваiх братоў на помач, але нiхто нi прыходзiць памагаць чужнiкаў цi гэтых рагатых нячысьцiкаў-чарцей адбiваць. I кажуць яшчэ, што гэтак будзiць аж да таго часу, знацца, князь будзiць помачы клiкаць, аж пакуль наша зiмля зноў будзiць у руках сваiх людзей, - знацца, калi чужнiка прагонiм.
Дзед змоўк. Выцягнуў свой капшук iз самасейкай, выстукаў аб канец кастыля люльку, туга напакаваў яе тытунём, прыпалiў ды зноў загледзеўся ўдаль.
- А вы, дзеду, вiдзiлi гэнага гаравацкага князя ўвосень, калi той бой iдзець? - спытаў Янук.
- Вiдзiў я яго, сынку, дый чуў, як завець помачы. Алi нi знаю цяпер, сынок, наяву тоя было цi ўвосьнi. А гэта, што такая здань здаецца й што тутака замак быў i гэткi князь быў, дык гэта сама чысьцюсенькая праўда, каб я з гэтага места нi сышоў. Як ты, сынку, падрасьцеш, дык табе гэта саўсiм ясна станiць.
Янук яшчэ ўважней прыгледзеўся дзеду. Ён выглядаў нейкiм далёкiм i таямнiчым. Жыў цяперака, вiдаць, у сваiм, яму аднаму дасяжным сьвеце. Дзед гаварыў далей:
- Гэттака-ж недзiка ў гэтай зямельцы даўно спарахнелi косьцi гаравацкага князя й княгiнi. I от як я сяду, ды свае плечы да Архiпава камля прыпру, ды як прыслухаюся, так i чую, як ён аб гэтым мiнулым гамонiць, тужыць. Яму па згубленай славе маркотна. Па волi яму, сынок, маркотна. Ён-жа вуньдзiка пасьля вiсельнiкам стаўся. От на гэтым суку, што ты вiдзiш, адрэзаны ды як кукса тарчыць, дык нашых найлепшых людзей мужыкоў чужыя вешалi. Я-ж сам гэта помню. Малы тады быў, от такi як ты цяперака. Вiдзiў, як вешалi, як усiх нашых людзей зь Лiтоўцаў зганялi, на катаргу й на глум выправiлi...
- Калi гэта? - ажывiўся яшчэ больш зацiкаўлены Янук.
Дзед маўчаў. Мусiць, дух злавiць хацеў. Зрок ягоны блукаў дзесь гэт далёка, невядома дзе. Можа быў ён цяпер у тэй сiвой, аднаму яму вядомай, для нашага народу крывавай, мiнуўшчыне. Мо дзед стараўся яшчэ раз зазiрнуць туды, памяць адсьвяжыць, пазьбiраць у жмут кавалачкi-россыпы свае маладосьцi, ды мо й з таго згрувасьцiць лягэнду. Адылi гэта не была лягэнда. Дзед сам тое перажыў. Хоць яшчэ й не як узрослы, паўнапраўны сябра, што разам зь iншымi дзялiў цяжар-гора, але-ж як малы, кволы, на якiм усё цяжка адбiвалася, якому балела, якi чуўся бездапаможным. I цяпер вось усё для гэтага маладога дапытлiвага юнака, такога самага мо гаротнiка, як i дзед быў калiсьцi, трэба было сабраць, наверх вылажыць-пераказаць, каб добра прыняў, стравiў, каб з гэтага ў будучынi ўзыйшло й закрасавала нейкае плённае зярнятка.
Янук разглядаўся. Над Захаруковай бусьлянкай закружыў колькi раз i потым сеў на яе стары бусел. Нехта тарахцеў у полi панарадам з драбiнамi. На захадзе паказалася цёмная смуга.
- Паноў гэттака, сынок, была некалi чортава гiбель, як i цяперака. Толька-ж цяпер яны падрабнелi, а тады дык куды багацейшыя былi, каб iх макарэц спапялiў. Ды iх рэдка калi вiдзiў наш брат. Сядзелi недзiка ў гарадох цi за гранiцай, каб на iх пропасьць, пузы свае таўстыя гадавалi й гладзiлi, як тыя парсюкi кормныя. Дабро, што нашым мужыцкiм потам заробленае было, прагулiвалi, прапiвалi, на благiх дзевак распускалi. А маёнткамi iхнымi дык аканомы ўпраўлялi. А дзiля таго, каб мужыкоў у послуху пры рабскай працы дзiржаць, дык яны цiвуноў мелi.
Цiвун - гэта такi вырадак i нi дай Божа якi гультай, што сам рабiць ня хоча. Дык от стаiць над табой i вякаiць, бiзуна збоку дзяржыць i iм паганяiць. Ты тамака iз касой, iзь сярпом, iз сахой цi iз цэпам - потам залiваiсься, вочы наверх табе ад цяжкой работы лезуць - а гэта брыда вечна над табой, як той благi сярдзiты сабака ўсiроўна. Калi каму гэтыя цiвуны ўжо так доймуць, што чалавек ня ўсiлах трываць дый возьмiць агрызьнецца, дык як груганьнё нiнажорнае зьлятуцца ды так саб'юць, што дваццатаму закажаш, дух зь цябе вон. Ох бiлi-ж, сынок, ай-яй як бiлi!
У пана сабака большую цану меў, чым наш пан сярмяжнiк. Ганялi-варочалi намi горы, як скацiнай якой. Мужык сваёй зямлi ня меў, дык на пана мусiў пяць цi шэсьць дзён рабiць, а на сябе нi было калi. Дый сiлы тэй нi было, калi зь цябе ўсе духi вышматаюць. З таго малога куска зямлi, што пан у варэнду дасьць э, дык калi быў час яго абрабiць, дык яшчэ й цару й пану трэба падаткi плацiць. Дзяцюкоў-жа мужыцкiх сiлком у маскалi бралi. Прыедуць у сяло, забяруць дый пагоняць на край сьвету. Як адслужыць гадоў дваццаць пяць, дык глядзiш - маладым i здаровым пайшоў, - а старым i саўсiм зношаным вернiцца.
Я знаю сынок, бо сам служыў. А там-жа такiя нелюдзi - нi дай ты, Божа. Як у чым малым правiнiсься, дык так бiзунамi сьсякуць, што ня толькi зоры ўвiдзiш, алi, здаецца, жывым пад зямлю лез-бы. Гэта шчасьлiвы той, катораму нi пападзець. Ды такiх мала ёсьць. Мне папалося, сынок, от паглядзi.
Дзедаў голас дрыжэў. Нязграбнымi старэчымi пальцамi ён расшпiлiў сьвiтку ды сьцягнуў на шыю споднюю шэра-кужэльную кашулю.
- Зайдзi ззаду, паглядзi на плечы, сынок.
Янук устаў, зiрнуў на дзедавы плечы й жахнуўся. Скура ўся была ў шнарах-пiсягах. Яны крыжавалiся наўскасяк. Януку няцяжка было ўявiць, што замiж гэтых, цяпер загоеных, жаўтаватых рубцоў, былi некалi крывавыя барозны. Як-бы яму мову заняло, хлапец, нi слова не сказаўшы, iзноў сеў на камень.
- Казалi, сынок, мужыкi так: прыгон - дух зь цябе вон. Дый найгоры, што цар манiфэст зрабiў i кажыць: я вам, мужыкi, зямлю дам. У паноў працаваць нi будзiця. Ну i даў. А за тую зямлю дык трэба было вялiкую сiлу грошы плацiць. Дык i астаўся мужык у панскiм кiшанi. Гэта-ж проста зьдзек быў з нашага брата. Адным словам, да такой бяды давялi, што людзi ў адчай кiнулiся. I от тады паўстаньня пачалося. Усе, як усiроўна згаварыўшыся, надумалiся раз i наўсягды з гэтым пеклам скончыць...
- Гэта, дзядуля, што ў тысяча восiмсот шэсьдзiсят трэцiм годзе было?
- Яно, сынок, яно.
- Дык аб гэтым нас у школе вучылi. Тутака iм Калiноўскi вёў, - памог iзноў дзеду Янук.
- Так, сынку, гэта той самы. Толька-ж тады ня ўсе зналi, хто ў галаве быў, ажно пасьля, як яго павесiлi, дык народ дачуўся. А тады, як пачало ўсё як у катле кiпець, дык усе людзi па сваiх мястох i хто чым мага: хто касой, хто тапаром, хто цэпам, а каторы стрэльбу меў дык шчасьлiвым быў. Дык во гэдак i кiнулiся на паноў ды маскалёў. А калi войска й казакi прыйшлi iм на выручку, дык нашаму беднаму брату яшчэ патроiлася работы. Цяжкоя-ж гэта было змаганьня, сынок, ой цяжкоя. Наш брат нiабучаны быў, болi крыкам чым крэпкай рукой манiўся браць. А дзе-ж ты процi войска ўстоiш...
Сколька гэта народу, хаты курныя пакiдаўшы, пановы палацы iз дымам пускалi, у лясох гнязьдзiлiся, ад войска й казакаў хавалiся. Проста дзiва дзiўная. Здаецца, чалавек наш такi спакойны, Богу мiлы, працавiты. А ўжо так даелi, так дапяклi, што азьвярэў, на гэтых катаў як воўк iз клыкамi кiнуўся. Ды дзе ты там рады дасi. Маскалёў чортава гiбель панапаўзала, павярнуцца нi было дзе. Страхоцьцейка, сынку, што выраблялася. Знаю я ўсё гэта, бо во такi, як ты цяпер, быў i нашым людзям весьцi i ежу насiў. Мы малыя, дык да нас нi чапiлiся. От разгледзiм, дзе якоя войска, што яно робiць, i ды данясём сваiм, што па гэтых вялiкiх лясох крылiся. А дома толька самыя старэйшыя, калекi ды дзеткi малыя былi, а такiя, што сiлу ў руках мелi, дык усе ваяваць выйшлi.
Мусiць, цэлы год так было, а тады маскалi так прыдушылi, што нi было куды дзецца. Здавалiся. А ў тых мiласьцi нi было. Гэты вешацiль, што Мураўёў зваўся, дык страх што нарабiў: усю зямлю трупамi завалiў i крывёй залiў. Во тутака на гэтым Архiпавым суку было трох, што мужыкамi камандавалi i што iх ў лесе злавiлi дый павесiлi. Адзiн ужо старэйшы, што галавой быў, дык гэта наш вясковы мужык быў, Iван Карпук зваўся. Ягоную сям'ю на атап ды ў Сiбiр, жонку й двоя дзетак пагналi. Значыцца, гэтага Карпука й двух яшчэ, каторыя памагалi, прыгналi сюды пад Архiпа iзь зьвязанымi рукамi, тады сагналi ўсiх людзей, што толькi дзе жывоя было, каб усе прыглядалiся, дый павесiлi бедных. Нiхай Бог дасьць iм царства нябесная! - перахрысьцiўся дзед.
Памаўчалi.
- Ну й што далей? - спытаў Янук.
- Загадалi, каб нiхто iх нi чапаў. Яны, - кажуць - маюць гэттака на Архiпавым суку вiсець. Так гэта для постраху зрабiлi, каб людзi маскалёў помнiлi. А як-жа ты iх ня будзеш помнiць? Яны-ж у нашай i другiх вёсках стаялi й выраблялi што хацелi: п'янствавалi, дзевак маладых насiлавалi, над людзьмi зьдзеквалiся. Ой гора-ж вялiкая, нi дай ты Божа, на народ наш было прыйшло. Баялiся людзi ценю свайго, а многа каторыя то ў норы пазашывалiся й нi вылазiлi, або ў лясох глыбокiх.
От, значыцца, вiселi тыя тры паўстанцы тады цалюськую ноч i другi дзень. А вiдаць дык яны здалёку былi. Аж на другую ноч iх ня стала. Толька ранiцай агледзiлiся маскалi, што нехта пазабiраў iх i сук во гэты, надта таўсты, што цяперака як кукса тарчыць, адпiлаваў. Гэта ўжо многа часу пасьля дазналiся мы, хто зрабiў. А гэта былi вясковыя дзяцюкi, каторыя ў лесе крылiся. Дык забралi яны павешаных паўстанцаў уночы, завязьлi й закапалi ў леся, а з таго Архiпавага сука здаравенны крыж зрабiлi й над курганам паставiлi. Той курганок i цяперака ў леся ёсьць. Калi хочаш знаць, дык ён там на Выгар як iдзеш, пiрад узбалоткам. Знаiш, дзе гэта?
- Гэта блiзка ад сьцежкi?
- Нi так далёка направа.
- Я тамака нiдзе крыжа нi вiдзiў.
- Дык нiма цяпер, сынку. Крыж даўно згнiў i завалiўся, толька на магiле вялiкi плоскi камень ляжыць, i на iм напiсана, што гэта паўстанцы. От, калi паглядзi, дык, пэўня, знайдзiш.
- Трэба будзiць пашукаць, - сказаў Янук.
Смуга на захадзе многа пашырэла. Пякло. Часам чуваць быў далёкi глухi гром.
- Надыходзiць бура, дзядуля. Чуеш, як грымiць? - прыгадаў Янук.
- Чую, дзетка, чую. Нiхай даець Бог дажджу, зiмля даўна пiць просiць, кiваў дзед галавой i ўзноў узяўся набiваць люльку.
- Дык можа-б мы пад дом, дзеду, га?
- Нi тарапiся, сынок. Можа во яшчэ бокам пойдзiць.
Памаўчалi. Iзноў загрымела, гэтым разам блiжэй i галасьней. Заходнi кавалак захмаранага неба перашылi раз i другi разгалiненыя маланкi. Янук думкамi вярнуўся да таго, што распавядаў яму дзед. Як на дзiва, палякчэла на сэрцы. Вялiкае народнае гора, аб якiм гаварыў дзед, зьлiлося-зьмяшалася ў хлапцовым уяўленьнi зь ягоным прыватным горам, i гэтае першае як-бы паглынула-аблекчыла апошняе.
- I от вiдзiш, сынок, сколька крывi сваёй нi пралiвалi людзi, сколька нi папаявалi, пападужалiся, усiроўна рады нi далi. Ярмо, як было, гэтак i асталося. Прыгону нiма, нiкаторыя i нiблага са сваёй зямлi жывуць, ну алi бальшыня людзей, каторыя бiзьзямельныя, дык як гаравалi так i гаруюць, як рабiлi на паноў так i робюць цяперака. Нiчагуткi нi зьмянiлася. Усе найлепшыя землi пазабiралi, ты на iх працуй, а яны цябе горы за свайго сабаку маюць. Паткнiся куды, дык ён iз табой нi палiчыцца каторы. От як i тваю матку пакойнiцу... Гэта-ж такая залатая душа была: у яе i рукi да працы й галава на плячох. Каб-жа яе, а то й бабку ейную помню вуньдзiка. Алене гэта было жыць ды пажываць, дзетак гадаваць, а нi сырую зямлю парыць так рана...
Янука хтосьцi зноў цiснуў-душыў за горла. У вачох накацiлiся сьлёзы.
- Дык от табе гэты галадранец - каб яго зiмля наша сьвiтая нi насiла, адкуль ён узяўся! - за ягадзiну застрэлiў.
Янук ня вытрымаў. Сьлёзы зноў паплылi гарохам. Адхiнуўўся ад дзеда, каб скрыцца з плачам. Першыя хмары ўжо закрылi сонца а на захадзе кацiўся гром.
- Нi стыдайся, сынок, сьлёзаў, нi адварачвайся ад мяне, - сказаў дзед Якуб. - Плачу нiма чаго стыдацца. Гэта празь цябе ўсё наша гора плачыць. Як трэба, дык i паплакаць трэба. Толька от цэлы час каб нi плакаць, бо гэта нi памагаiць...
- Гэта ты, дзядуля, вялiкую праўду кажаш...
- А як-жа, сынку. Або вазьмi гэтага папа Абухава. Ну, гэта-ж ня поп, каб яго макарэц, а сатана. Каб табе мало было, а то свайго нi знаiць дзе дзяваць, а такую цэну закацiў - два пуды жыта. Тутака мала сказаць, што ён зрабiў не пахрысьцiянску, а на гэткага чалавека дык проста ну пятлi шкада. Але што яму нашы людзi. Ён-жа таксама маскаль, каб яго макарэц спалiў! Каб гэта свой, ды свайму спагадаў-бы, а гэты, дык паном i гэтым меншым гнiдам на руку йдзець. Смокчуць наш пот i кроў, сынок, ой як смокчуць!
Старэчымi сiняватымi пальцамi левай рукi дзед згроб жменю зямлi й паказаў яе Януку.
- Вiдзiш, сынок? Гэта-ж наша родная зямелька. Здаецца, от, каб яе пацiснуў добра, дык зь яе наша кроў i пот пацяклi-бы. Яна-ж наша кармiцелька. I калi ўзяць якоя хочаш права, асаднiкi, папы, ксяндзы, чыноўнiкi - дык гэта-ж усё чужыя п'яўкi. Яны з нас сокi п'юць i нам на ногi стануць нi даюць...
Янук глядзеў на выцягнутую дзедаву iз жменяй зямлi, i цяпер яму ўсё стала ясна. Паклiкаўшы на помач багатую жыцьцёвую навуку, дзед вельмi драматычна й умела вытлумачыў малому Бахмачу асноўную жыцьцёвую загадку, узьвёў яго на зусiм новую мяжу. Адно ў маладой юнаковай галаве нарадзiлася цяпер шмат новых пытаньняў.
- Чаму вы, дзеду, мне гэта ўсё расказваеце? Чаму мне, а нi каму другому?
Дзед адказаў не адразу. Перш за ўсё ягоная левая рука высыпала жменю набранае зямлi, тады ўзялася памагаць правай, каб iзноў дымiла ў люльцы самасейка. Хмары на небе буйнелi, шырокай дзяругай абклалi ўвесь заходнi небакрай, яшчэ ямчэй кацiлiся грымоты, далёка за Лiпавiчамi й Гацямi зiхацелi маланкi.
- Ты, сынок, цяперака вялiкая гора маiш. А гэткую цяжкую й балючую праўду дык толька той можа асягнуць, хто сам цяжка церпiць, хто вялiкi боль нясець у сэрцы. Ты-ж, сынок, дай Божа, каб на разумнага чалавека вырас. Цi-ж я, дзетка, ня вiджу, як ты стараiсься вучыцца? Я-ж нi сьляпы, хоць, можа, каторыя й думаюць, што я прыдурак якi. Алi-ж я вiджу. Дык от i мне ты на вока папаўся. Ты падрасьцеш, навучысься; можа, калi ў людзi пойдзiш. Дык тоя, што я табе расказаў, паможыць табе разабрацца ў жыцьцi: што, як i чаму. А калi разьбярэсься, сваю добрую галаву на плячох будзiш мець, дык тады будзiш знаць, што рабiць. Бо помнi, сынок, што доўга так быць, як цяперака во ёсьць, ня будзiць. Сьвет мяняецца. Ужо сколька я гэтых пiраменаў вiдзiў. I прыдзiць яшчэ, можа, такоя, што сьвет i ня сьнiў нiколi. Будуць яшчэ вялiкiя пiрамены, ой вялiкiя. Тады можа й тоя, што я табе расказаў, прыпомнiш.
Дзед змоўк. У вачох Янука зрабiўся ён такiм самым таямнiчым, як i спачатку, калi пачынаў зь iм гаманiць. Колькi-ж ён даў-бы, каб мог зазiрнуць у дзедаву галаву й вымяркаваць, што ён думае, чаго яшчэ ня выказаў, а для сябе затрымаў.
- Ну дык, можа, сынку, пойдзiм тады, каб на нас бура тутака нi навалiлася. Дай мне, сынку, руку, устаць памажы.
Iшлi паволi. Дзед часта паглядаў уверх на захад ды ўголас дзякаваў Богу, што сабраўся прагную зямлю папаiць. Побач моўчкi йшоў Янук. Ён думкамi ўсё перабягаў, мерыў тыя загадкавыя шляхi-дарожкi, якiя адкрыў сяньня перад iм гэты закарчанелы стары. Больш не турбаваў дзеда роспытамi. Спадзяваўся, што да гэтага будзе яшчэ нагода.
У той час, калi вецер наважыўся скалатнуць i старую шапку волата Архiпа й пазакасiць чубы каторым лiтоўскiм стрэхам, ня ведаў дзед Якуб, на якую ўрадлiвую й плённую ў будучынi глебу кiнуў ён сваё зерне. I не здагадваўся, асьцярожна ступаючы побач дзеда, юнак, якi вялiзны скарб атрымаў ён у спадчыну ад гэтага старога гаротнiка.
III
Бог ведае, калi ўцёрся ў Лiтоўцах такi звычай, што бытаваў шырака на нашай Бацькаўшчыне. Прыйдзе, бывала, Васiль да Сьцяпана ў якi будзённы дзень за патрэбай: пазычыць чаго цi што выпрасiць. Прывiтаюцца, гутарку аб гаспадарскiх справах завядуць. Калi Васiлю й Сьцяпану нiякая праца ня рупiць, дык i гутарка тады бывае павольная, разважная, iз раскошнымi перапынкамi, каб-жа гамонячы, думкi да посьпеху не спанукаць. Калi-ж час бывае гарачы - жнiво, касавiца, цi яшчэ што - дык гаспадар адразу здагадаецца, што вiзытар недарма ходзiць. Ды ўсяроўна, анi Васiль адразу ня выкажа свае патрэбы, анi Сьцяпан ня будзе прынагляць яго да гэтага. Ужо няхай там зерне з каласоў сыплецца цi мурог перасыхае, а пагаварыць-жа трэба, чалавека гнаць ня будзеш. Адно, у гэнай гамонцы Сьцяпан намагаецца адгадаць, цi ў Васiля патрэба малая, цi вялiкая. Прыкметай можа быць Васiлёў саладжавы голас, лiсьлiвая ўсьмешка й шмат iншага.
Калi Сьцяпан мяркуе, што даволi ўжо часу зглумiлi й трэба канчаць, тады, зручны падабраўшы момант, скажа Васiлю гэтак:
- Сам-жа, пэўня, нi так сабе ходзiш?
Васiль з паўслова зразумее, што гэта сыгнал, каб выявiў мэту свае вiзыты. Зноў-ткi ня скажа адразу, што "хачу тоя й гэна", а кружной дарогай пачне, перш выявiўшы дэталёва прычыны, чаму "тоя й гэна" хоча, дый прыабяцае, калi аддасьць цi iншым чынам адплацiць. Адно ў выпадку надта наглае патрэбы гэткiя нормы захаваньня й гаворкi не трымалi.
Людзi лiтоўскiя ведалi аж занадта добра, што "нi ў вадзiн дзень Бог сьвет сатварыў" i што "нiкога зь языком нi падгонiш". Тое, што чалавек патрабуе час, каб выказацца, памяркаваць, якiмi весткамi падзялiцца, было да такое ступенi нармалёвым, як дзённае сьвятло цi ночная цемень.