Ад цямна да цямна летам пры працы Паўлючыха кешкалася, а зiмой i зусiм сьвету божага ня бачыла. Нават на жнiво шкадаваў скупiньдзя Бурак паднаняць. Калi Матрона зусiм занемагаць пачала, тады лекаваць прабаваў, ды сказалi лекары, што заавансаваным сухотам рады ўжо не дадуць. На дзявятым Косьцiкавым годзе скончылася матка.
   Мiнуў няцэлы год, i Бурак, лiшне не марудзячы, ажно ў трэцяй дзесь вёсцы прыгожую й здаровую, ды - як хвалiўся - выносьлiвую нагледзеў. Хоць i ня першай маладосьцi, адылi зусiм нi ў гадох яшчэ была. Спадзяваўся Паўлюк, што трывалкая й дужая да працы будзе кабета. Ужо цешыўся, што ня горшы гяшэфт, чымся першы раз, iз Матронай пры жанiцьбе зрабiў.
   Ды апёкся гэтым разам стары Бурак. Ня з тых, што iх лёкка ашукаеш, Косьцiкава мачыха выводзiлася. Зусiм ня менш кемлiвай за Паўлюка яна ўдалася, дык i няшмат часу заняло, пакуль у мужавых хiтрасьцях i штучках троп знайшла. Вочы працёршы, разгледзелася, ды зусiм iнакш да Паўлюка, чымся пакойная Матрона, паставiлася. Працавала адно ўмеру, а калi й на язык дзела пайшло, дык за словам у кiшэнь ня лазiла. Новая жонка кругом Паўлюку ў даўгу не заставалася. I пачалося ў прылюднай i добра дагледжанай багатырскай Паўлюковай хаце зусiм адменнае й цiкавае жыцьцё: калатня й звада найчысьцейшае вады.
   З малых гадоў Косьцiк уволю матчынай ласкi й добрага догляду ня меў. Калi-ж прыйшла мачыха ды хлапец спанатрыў, што робiцца, амаль зусiм самапасам пайшоў. I з росту ён не да малышоў належаў, i ў навуцы спрытны быў, але ўжо ў пачатковых клясах сябе вялiкiм гультаём i абiбокай выявiў. Ззамоладу iншых панадзiў зводзiць, цi ня бацькавы элемантарныя хiтрасьцi пераняўшы.
   Вясковая настаўнiца рана Косьцiкаву нягнуткую натуру ацанiла й пасвойму яе напраўляць узялася. Спасьцерагла, што хлапец ня зломак. Цi ня больш за iншых вучняў давялося Косьцiку ў клясным кутку на каленях адпакутваць ды й карных гэтак званых лапаў зарабляць. Колькi нi карала яго настаўнiца, Косьцiк анiяк у лепшы бок ня хiлiўся. Наадварот: яшчэ цьвярдзеў у благiх норавах. Глядзiш здаецца, паправiўся, сядзiць вунь за адкладной лаўкай з анёльскай мiнай, няйнакш як сьвяты. Не пасьпееш вока ў iншы бок адвесьцi, як ён ужо некаму цi то таўхяля пад бок заедзе, цi якую iншую штуку прыдумае.
   Як рэдзька агорклi былi Косьцiку настаўнiчыны муштры. Аднойчы наважыўся ён плюнуць на чатырохклясную. Колькi дзён запар, зранку бацькаў дом пакiнуўшы, па аднаму яму вядомых сьцежках лундаў i ў школу носа не паказваў. Дайшло тое да бацькавых вушэй. Добра ўляцела тады Косьцiку з двох бакоў: ад бацькi за чмуту, а ад настаўнiцы ў сваю чаргу, калi бацька ледзь не за руку ў школу сына прыцягнуў.
   Пастанавiў Косьцiк настаўнiцы за такую вялiкую крыўду адпомсьцiць. Думаў, думаў i выдумаў. Даўно даспадобы яму настаўнiчын ручны гадзiньнiк прыйшоўся. Падчас лекцыi заўсёды на стале перад сабой трымала, каб за стрэлкай у меры патрэбы сачыць. Пускаючы на перапынак дзяцей, надзявала гадзiньнiк на руку й сама на сьвежае паветра выходзiла, калi пагода дазваляла. Аднойчы неяк, маючы галаву навучальнымi турботамi да берагоў перапоўненую, забылася гадзiньнiк на руку начапiць i ўжо, калi хлопцы на дварэ ў пiкара мурцавалi, а дзяўчаткi ў лапту забаўлялiся, спахвацiлася, што гадзiньнiка на стале няма. Яна й туды, яна й сюды, i пад стол, i ў "тарэбку", ды трывожныя пошукi дарэмнымi былi. Дарагi залаты гадзiньнiк быццам у ваду кануў.
   Цяпер ужо не на жартачкi настаўнiца турбавалася й рэшту таго дня, навучаньне ў бок адклаўшы, усiх пачарзе ператрасала. Гадзiньнiка не было. Адумаўшыся, панi настаўнiца бальшыню вучняў дамоў паслала, а найгоршых i ў ейных вачох падазроных трымала й муштравала яшчэ больш гадзiны. Як ня дзiва, а здавалася ёй у той час пошукаў гадзiньнiка, што амаль усе пагалоўна вучнi ейныя, а ў iх лiку насампершы Паўлюкоў Косьцiк, проста цi не сьвятыя былi. Ты iх хоць да раны прыкладзi. Ты перад iмi найбольшыя скарбы тут на воку пакладзi, адыдзiся й у гэны бок не глядзi, дык i то не зачэпяць.
   Добра ведаючы сваiх вучняў, шляхам элiмiнацыi да двух найбольш западозраных - Кучынскага й Бурака - свае допыты-пошукi настаўнiца звузiла. Наступнага дня ў школу iхных бацькоў i местачковага палiцыянта паклiкала. Косьцiкавага сябру Кучынскага ў прысутнасьцi бацькоўскай i "жандовай" улады апрацавала першага. Зь ягоных вуснаў выйшла, што залаты гадзiньнiк Косьцiкавых рук ня мiнуў. Ужо Паўлюкова выпрактыкаваная раней на сынавай скуры папружка ды й "жандовы" палiцыянтаў твар канчаткова памаглi Косьцiку прыгадаць, дзе схаваў настаўнiчын гадзiньнiк.
   Мала з таго было пацехi. У мiжчасе Косьцiк няўмелую экскурсiю ў залатое гадзiньнiкава нутро зрабiў. Вядома-ж, што гэтак падарожнiчаючы, гадзiньнiк на часткi мусiў разабраць i кожнай зь iх палюбавацца. Калi ўзяўся складаць, дык часьцей гэных аднекуль набралася больш, чым было патрэбна. Наапошку, як i трэба было прадугледзець, у залатым чарапку застаўся зусiм непрыдатны механiзм, бо Косьцiк тыя лiшнiя часткi павыкiдаў.
   Круцi не круцi, Паўлюку загадалi поўную вартасьць настаўнiчынага залатога ручнога гадзiньнiка самымi запраўднымi "жандовымi" грашмi пакрыць. Гэтым, хiба, тлумачылася, што тымi часамi старога Бурака гнуткая ёмкая папружка нiяк не жадала разьвiтвацца з Косьцiкавымi наймякчэйшымi й найбольш кволымi часткамi цела. Найгорш за ўсё, што вясковыя кабеты, а найперш Аўдоля й iншыя пахатухi-сакатухi, гадзiньнiкаву гiсторыю на языкi паднялi ды на розныя лады яе iз смакам пераказвалi й размалёўвалi. Дзякуючы тым увiшным i нязмораным кабечым языком, Косьцiк цяпер найбольш папулярным у Лiтоўцах стаўся.
   Калi, маючы чатырнаццаць гадоў, Косьцiк нейкiм фокусам чатырохгодку скончыў, ня ведаў Паўлюк, куды далей накiраваць сына. Па завугольлямi гадзiньнiкавы злодзей пачаў сноўдацца й нiколi дома не стыкацца. Якiх сродкаў нi ўжываў бацька, усяроўна да працы ня мог сына наламаць. Зьбярэ, бывала, Косьцiк гурт падлеткаў, па вулiцах iзь iмi псотнiчае-гэйсае, сады чужыя латоша, агароднiну полiць - цi ў каго вялiкая морква або бручка парасла глядзiць. I скардзiлiся людзi, кажучы: "Але-ж i бамбiза, зладзюга паганы! Няўжоў-ж на яго паганякi нiхто ня знойдзе!" А iншыя проста: "Вырас Паўлюкоў Кастусь пад неба, а злодзей i дурань як трэба."
   Хто мог тады мяркаваць, што ў недурной Косьцiкавай галаве ўжо ў той час былi парасткi, якiя мелi некалi прынесьцi плён, што аднавяскоўцам бакамi вылезе.
   Надакучыла Паўлюкову гiцлю з "жабянятамi" яблыкi й грушы латашыць, агароднiну чужую лiчыць. Пастанавiў на сабачае перакiнуцца дзела. Меў аднагадовага сабаку-ваўчара, ад якога ледзь ня лопаў на прывязi ланцуг. Пару месяцаў, калi ня болей, сабаку школiў, розным штукам муштраваў. Так яго выпрактыкаваў, што той наперад гаспадаровы думкi згадваў. Гэткую добрую Косьцiкаву навучальную ўстанову пасьпяхова скончыўшы, iльга было цяпер у людзi цi ў iншыя сабакi паказацца. Адно стаяла на дарозе: ня меў вучань iмя адпаведнага.
   Чуў раз Косьцiк як настаўнiца, у каторай гадзiньнiк быў украўшы, мужа свайго Ромка клiкала. Ахватней даў-бы настаўнiчына ймя, але яно адно для сучкi пасавала.
   - Ро-о-мак! На цю-на! - гукнуў хлапец, а сабака пачаў стрыгчы вушамi. Гэткiм чынам адбылося хрышчэньне.
   Прыйдзе Косьцiк цяперака пад самае вакно настаўнiчынай кватэры, ды ўладзiць так, каб мужа ейнага паблiзу не было. Сьвiсьне ёмка на свайго кемлiвага гадунца, ды гукне: Ро-о-мэк, офяра едэн, хоць ту! На цю-на!
   Паўторыць так раз цi два. Адкуль нi вазьмiся настаўнiца, тыц! - праз вакно выгляне, а калi сьцямiць, у чым справа, то ажно ёй кроў у галаву хлыне.
   - Ро-о-мэк! Ты, пся крэв, хаме едэн! - паправiць падрастаючы басяк ды аж яму на сэрцы палякчэе.
   Ад таго часу для лiтоўскiх людзей, а перадусiм сабакаў, новае ўтрапеньне пачалося. Чуеш - нехта сьвi-i-iсь! Гэта Косьцiк iз Ромкам iдуць. Памаленьку, ледзь ногi валочаць, забаўляючыся, нiкуды-ж iм ня рупiць. От iдуць, абы на мейсцы не стаяць, навокал разглядаюцца. Спынiлiся ля гарбатай Захаруковай хаты, што напрыканцы вёскi ля дарогi ад балота. У Захарука вялiкi сабака ў дварэ. Косьцiк да справы падыходзiць мэтадычна, майстэрства ведаючы, сабакаў зводзiць умела. Калi ўжо добра зрэжуцца, ды да крывi кусацца пачнуць, хаваецца тады хлапец дзесь за паркан цi вугал, каб усё бачыць да на людзкiм воку не тарчэць.
   Старая Захаручыха з памялом цi качаргой надвор выскоквае, лямантуе: "А каб цябе пранцы, а каб ты занаглiўся! Вон адсюль, паршывец!" Сабакi кусаюцца, Захаручыха лае й намагаецца разбаранiць, Косьцiк нейдзе праз шчылiну пазiрае й заходзiцца з рогату. Ужо наапошку, калi вiдокам налюбуецца, вылазiць з укрыцьця й таропка падбягае, робячы выгляд, што быццам ён тут нейдзе збоку справай заняты быў, а цяпер вось бедных цюцькаў памiрыць сьпяшыцца. Ну й актор-жа! спачатку не маглi людзi здагадацца. Ды нядоўга заняло iм, пакуль Косьцiкавы хiтрыкi раскусiлi. Часамi-ж, бывала, Косьцiк такi гурт сабакаў зьвядзе, такую грызьню пачнуць, так пакусаюцца, што тыднямi раны гояць.
   Спачатна на такiя Косьцiкавы авантуры праз пальцы лiтоўскiя жыхары глядзелi, ды неўзабаве спасьцераглi, што ад Косьцiка й Ромкi нiякаму сабаку нi сучцы ў вёсцы мейсца ня будзе.
   - Ну i ўшыўся-ж басячуга ў сабачую скуру! Каб ты галавой налажыў! - лаялi.
   Насамперш хлапца Сабакевiчам ахрысьцiлi, а пасля, як найгоршага сабаку, кiямi ад хатаў гнаць пачалi. Кляў яго Пракоп Бахмач:
   - А бадай ты ногi дзе паламаў, нячысьцiк апантаны! Каб табе розум твой дарэшты высах, злыдзень паршывы! Каб цябе зiмля нi насiла, дзе ты такi выгадаваўся!
   Стары Бахмач Сабакевiча раз добра-ткi зiмой прывучыў. Калi ён на Тапсiка Ромку натравiў, Пракоп яго так кiём аддубасiў, што той дзясятаму заказаў i даўжэйшы час на боль у крыжавiне й iншых мяйсцох скардзiўся. Доўга й зацята Бахмачу за гэта кулаком пагражаў, аддаць ды й надбавiць яшчэ абяцаў.
   Скардзiлiся людзi старому Бураку: навошта так сына распусьцiў? Прыбяры яго да рук, а ня то мы самi прывучым!
   Адказваў Паўлюк: "Што я зь iм, басячугам, зраблю, людцы добрыя? Рабiць ня хочыць, мяне ня слухаiць, сварыцца-агрызаiцца..."
   Раiлi людзi: аддай дзе за краўца цi шаўца, каб наламаўся, кавалак хлеба каб у руках меў.
   Паслухаў Паўлюк людзей. Не да смаку тое Косьцiку прыйшлося, калi ў другую вёску за краўца вучыцца мусiў iсьцi. Гультаюга-абiбока быў зь яго першаклясны, але-ж iголка - то не сякера цi плуг - у руках трымаць лякчэй.
   Тры цi чатыры гады кравецкаму рамёству вучыўся Сабакевiч. Павесялелi за гэны час лiтоўскiя людзi, лякчэй пачало вадзiцца сабакам, калi Ромка ў старога Бурака на прывязi скуголiў.
   Аб тым, што за гэны час кравецкага шкаленьня Сабакевiч зусiм новую й пабочную навуку здабываў, нi ведаць, нi сьнiць лiтоўскiя не маглi. Заразiўся Косьцiк камунiзмам. Нарэшце, - наважыў Косьцiк, - тутака ўсе адказы былi. I на будучыню ўсё добра варажыла. Вунь зь Менску (тады ўжо на Мiнск Маскалямi перайменаванага) цэлы час гарлапанiлi, што яны аб заходня-беларускiх сялянах i рабочых турбуюцца ды ў гэнай турбацыi прост-напраст бяссоньнiцай морацца, што калi насьпее такi час, дык тут не агледзiсься, як яны гэтым бедным заходнiм Беларусам руку дапамогi пададуць. Рука тая даўно, быццам, выцягнутая чакае, адно, вiдаць, час яшчэ не насьпеў.
   I пачала iнтэнсыўна й напорыста працаваць Сабакевiчава галава, тая самая, якую нядаўна яшчэ "дурной як трэба" называлi. "Чакайце-ж, - думаў Косьцiк, прыдзе дзень, дык усiх вас як сабак выдрасiрую".
   Найбольш Сабакевiчу ў камунiзьме ўсе гатовыя адказы да смаку прыйшлiся. Чым больш думаў аб iх трапнасьцi й правiдловасьцi, тым больш iмi захапляўся. Вазьмi хаця гэты, што ў тым "тэрцыянале" быў: "мы наш, мы новы мiр пастроiм, хто быў нiчэм, той станiць фсем". - От дык хвостка. Проста цымус! - усклiкнуў Косьцiк, першы раз яго пачуўшы. Ад захапленьня чаго не прысеў. Гэта-ж трэба вунь якiя галовы, каб так выдумаць! Чалавек цi адзiн злысеў-бы й рады ня даў, а тутака так проста й ясна, як у сук уляпiў: "хто нiчэм, той фсем". У тым лiку, пэўна-ж, i ён, Буракоў Косьцiк, што да гэтага часу самым апошнiм шэранькiм "нiчэм" па завугольлях лындаў, дык адразу цi не на самы шчыт узьлезе. Пры такой саладжавай думцы ажно шырэў i распрамяняўся задаволенай зьедлiвай усьмешкай таўсташчокi Косьцiкаў твар. "От каб так было, - думаў, гэта-ж нi аднаму дзе ракi зiмуюць паказаў-бы". Думаючы пра гэтае апошняе "паказаў-бы", зьзялi ў Сабакевiчавых вачох больш зласьлiвыя агенчыкi, чымся тады, як свайго Ромку на чужых сабакаў нацкоўваў.
   Калi-ж стравiў ужо адну такую, як яму здалося, вялiкую мудрасьць, калi пасьля гэтага наважыў шмат чаго й цiмала каму будучынi паказаць, насьпела чарга й на iншае пытаньне: "А што-ж рабiць, каб тыя, што ёсьць нiчэм, найскарэй сталiся фсем?" Тут чырвоны агэнт, гэны самы, што Сабакевiча вучыў, напагатове з адказам: "работаць, таварышч. Iдзею в масы, от как!" Той чырвоны нозьбiт цэлае бярэмя iншага наплёў, дый ня ўсё яно ў Косьцiкаву маланаўчоную галаву адразу памясьцiлася. Адно спанатрыў, што перш павiнен сам "рускай грамаце" падвучыцца, каб пасьля тую "iдэю ў масы" нясьцi й шырыць, каб якнайхутчэй "новы мiр пастроiць i стаць фсем".
   Косьцiк так заядла за працу ўхапiўся, што "рускую грамату", быццам той галодны заяц мёрзлую капусту, церабiў. Свае лiтоўскiя людзi нашто ўжо Косьцiкаву натуру ведалi, а цяпер, каб гэта ўбачылi, дык нiколi не далi-б веры, што гэты пiльны вучань быў той самы злодзей i злыдзень Сабакевiч, што некалi ў пачатковай школе дзiркi на каленях папрастойваў.
   Калi Косьцiк пасьля навукi з рамёствам у руках у родную вёску вярнуўся, мала хто яго пазнаў. Падрос, паразумнеў, нават папрыгажэў. Ужо хто як хто, але нават тая самая пахатуха Аўдоля галавой зьдзiўлена кiвала: "А ягодка-ж мая, а мiленькая, глянь, як зьмянiўся хлапец. Як свае навучыць нi сумелi, дык чужыя радачку далi. Як пагараваў, дык i агледзiўся, нябось. Можа й будуць з яго яшчэ людзi, ягодка ты мая любая".
   Нiхто ў Лiтоўцах аб заразьлiвай Сабакевiчавай хваробе ўявы мець ня мог, аж пакуль каля людзей не пачаў церцiся. Сяляне-ж лiтоўскiя наагул чыстыя й здаровыя былi, на сваiх трывалых устойлiвых карэньнях гадаваныя, чужымi моднымi хваробамi нiколi дагэтуль не занемагалi. Хто-ж мог тады ў чым Сабакевiча падазраваць?
   Сам Косьцiк напачатку надта-ткi нясьмела й асьцярожна пачаў. Калi-ж спасьцярог, што хвароба даўжэйшы час да нiкога прышчапiцца не хацела, iзноў тыц да таго агэнта: "так i так, маўляў. Памажы, бо нiчога нi выходзiць". Той насамперш Косьцiку добрую языковую лупцоўку даў, а пасьля раiў: "ты, брат, что? Беларучкай iдзею в масы думаеш? Так ня йдзёт! Ты iм, мол, проста й адкрыта, да ешчэ й лiцературу, вот как!" Пасьля такога настаўленьня ўзяўся Косьцiк iншым тэмпам, з агнём i энтузiязмам завiхацца.
   Людзi лiтоўскiя цi раз раней пра камунiзм чулi, а часамi й ад перабежчыкаў (мяжа-ж не за гарамi была) "з таго боку" весткi лавiлi. Цiкава-ж было, як там "у самым раi" жывецца. Ды неважнецкае ўцекачы пра "чырвоны рай" апавядалi. Значыцца, i ў гэтай галiне многiя лiтоўскiя падкаванымi былi. Жахнулiся, спасьцярогшы, што рабiў Сабакевiч. Iзноў вясковую рэакцыю на ягоную працу цi не найлепш падсумавала Аўдоля:
   - А ягодка-ж мая, а мiленькая, а цi-ж нi казала я, што зь яго людзей ня будзiць? I чаго толькi гэткаму добрыя людцы дзiвяцца? Цi-ж то ня ён першым зладзюгам у вёсцы быў? Цi ня ўсiх сабак пазводзiў ды палову, як ня болi пакалечыў? Гэта-ж калi ў цюрму за бальшавiцкую работу трапiць, дык туды яму й дарога! Благое ня сеiш i нi даглiдаiш, яно само расьцець.
   Калi ўжо лiтоўскiя добра ў Косьцiкавай хваробе ўверылiся, некаторыя здалёк ад яго, як ад пошасьцi, пачалi трымацца. Iншыя-ж нi так нi сяк ды ўсё-ткi-ж на бок старанiлiся, каб лоб у лоб не сутыкнуцца, але каб i вiду аб тым, што ўхiляюцца ад яго, Косьцiку ня даць. Хто-ж яго ведае, што заўтра будзе. Адзiн Шпунтоў Лявон i Макатунiшчына Параска Косьцiкаву немач перанялi, ды тым часам людзi таго не спасьцераглi.
   Сам-жа Сабакевiч проста збаранеў быў i ня мог угадаць, чаму людзi, здаецца-ж i недурныя, а такой вялiкай i сьветлай, як сонца, праўды бачыць ня могуць: тут-жа й аб "новым мiры", i аб "зямлi для фсех", i аб "раўнаправii" было; адным словам, што табе толькi ў галаву набегла, каб жыцьцё паправiць, дык яно там рыхтык i ёсьць. Чаму-ж тады такой вялiкай мудрасьцi ня бачылi й напярэймы камунiзму не сьпяшалiся?
   Тут Косьцiк Сабакевiч - нашто ўжо тупiца быў - свой собскi "клясавы" адказ знайшоў ды ўсiх людзей у Лiтоўцах прыблiзна так на гэныя бальшавiцкiя клясы падзялiў:
   Першая група: багатыя. Сюды належалi лекар Зянкевiч, "амэрыканец" Сявенька й iншыя, што яўнымi ворагамi ягоных iдэяў былi.
   Другая група: сераднякi, якiх у Лiтоўцах некалькi было. Усе яны прыдуркi, бо ня хочуць разумець, што камунiзм iм лепшую долю нясе.
   Трэцяя група: бедныя, якiх была ў вёсцы бальшыня, або тыя, што разумеюць яго й памагаюць - значыцца, найперш Шпунтоў Лявон i Параска Макатунiшка.
   Сябе-ж, вядома, Сабакевiч лiчыў найразумнейшым у вёсцы.
   Гэтак падзялiўшы людзей i запрогшы на помач тых, што да ягонай iдэi хiнулiся й памагалi, узяўся цяпер Сабакевiч мэтадам "проста й адкрыта iдзею в масы", дакладна гэтак, як i раiў той агэнт. Так заўзята пхаў Косьцiк гэную "iдзею в масы", што не спасьцярог, як "жондова владза" ягоны троп абнюхала ды й на хвост наступiла. Тут Косьцiк быў, i тут раптам яго не стала: глядзiш, i ўжо "да козы" ўпяклi. Калi-ж год у той "козе" адсядзеў, iзноў на сьвет вольны пусьцiлi.
   Аддыхнуў Сабакевiч чыстым сьвежым лiтоўскiм паветрам, носам на бакi пачмыхаў, перадумаў iзноў, як i што, ды й давай за ранейшае, хоць куды ўжо асьцярожней. Ды як не высцерагаўся, ледзь не на дыбачках "iдзею в масы" валочачы, усяроўна каму да таго справа была, дык падпiльнавалi, ды й не агледзеўся Косьцiк, як iзноў забрыталi й "до пакi" пацягнулi. Гэтым разам наважылi, мусiць, што трэба Сабакевiчу памагчы з галавы дурноту выпатрашыць. Калi ўжо чаго лепшага зь яго ня будзе, дык, можа, хоць парабок якi панскi. Вось чаму спачатку "двадзесьця пеньць" уляпiлi, а пасьля аж на два гады ў той "пацы" замкнулi.
   Пасьля зьняволеньня Сабакевiч на волю ў Лiтоўцы не вярнуўся. Яго тут як абскубанага, усе ягоныя хады й выхады ведалi, на бок ад яго старанiлiся. Паехаў Косьцiк па людзях шыць ды пашываць. Шыў-бы можа сабе на карысьць i людзям на пацеху, калi-б рукi пры сабе трымаў. Дык-жа не. Iзноў ранейшае пачаў. А пiльнае вока ўлады ня спала, за Косьцiкам сачыла. Ужо палiцыя на тропе была, ды Косьцiк гэтым разам, як старая выпрабаваная лiса, пранюхаў ды выперадзiў, наважыўшы скрывацца. Пошукi даволi забаўнымi зрабiлiся, але шпiкi промаху далi. Калi ў дзень Яна ў Гацях нехта чырвоныя афiшкi параскiдаў, адразу спанатрылi, што Косьцiкавых рук гэта работа.
   V
   Лявон Шпунт быў Сабакевiчавым аднагодкам. Разам зь iм пачатковую школу наведваў, разам садовiну латашылi, гароднiну палолi-падлiчалi, адно разам настаўнiчынага гадзiньнiка ня сьцiбнулi. Раней за Косьцiка скончыў Шпунт пачатковую школу й, пакуль той вылез iзь першай, гэты ўжо ў гацкай сямiгодцы дзьве клясы надрабiў. Бацька наадрэз адмовiўся Лявона ў гiмназiю паслаць. Зямлi меў уволю, дык навошта сына вучыць? Трымаўся яшчэ дзедаўскiх гэтак званых мудрасьцяў, што ў школе адно на панкоў-дармаедаў вучаць. Манiўся Лявона да плуга наламаць, адылi той наконт гэтага зусiм iнакш думаў: яго й блiзка на вяроўцы да плуга не зацягнеш.
   Ня толькi здальнейшым, але скрытнейшым i памяркоўнейшым быў Шпунт за Сабакевiча: нiчога не рабiў на хапу-лапу, а стараўся з развагай. Нейкi час ля дому бiбiкi зьбiваў. Прыгожа абшалёваная й дагледжаная хата ды гасадарскiя будынкi Шпунтовага бацькi стаялi на вялiкiм хутары на схiле ля Гараваткi. Адгэтуль уся вёска, быццам на далонi, вiдаць была. Сядзiць, бывала, Лявон дома, бяз працы ацялюгваецца, лiсу ў клетцы кормiць, на гармонiку на ганку пiлiкае, цi iншай нябылiцай час марна травiць. Што бацька нi загадае аднекваецца. Клянi ты яго цi не, хоць асiнавы кол яму на галаве чашы, нiчога не памагае.
   - Сышоў-бы ты з маiх вачэй, гультая кусок! Дзе ты такi зломак на маю галаву ўзяўся! - бурчыць стары Шпунт, бачачы сына за бязьдзелiцай. Адно Шпунцiха сяк-так сынавы iнтарэсы талеравала. У яе-ж ён - адзiная пацеха.
   I сам Лявон надумаўся з вачэй сыйсьцi бацьку, калi не назаўсёды, дык хоць часамi. Меў ён добры новы ровар. У гэны час ровары ў "панстве" польскiм надта-ж дарагiя былi. Як-нi-як, з-за межаў часткi прывозiлi, а ўдома складалi. I вось паехаў аднойчы Шпунт на тым ровары ў воласьць, каб працу напытаць.
   Першы раз не пашэньцiла, дый столькi тэй бяды. Яму-ж не сьпяшалася. Усё абнюхваў распытваўся, думаў. Аднойчы неяк мяйсцовы солтыс "дзiравы шляхцюк" Паўлоўскi нехаця нацякнуў, што "драгомiшча" да направы валасных дарогаў трэба было-б. Солтыс, вядома, ня выдумаў гэта, а ледзь ня з самага верха чуў. Лявон аберуч за такую нагоду ўхапiўся. Навошта ўжо тады была ягоная шасьцiклясная асьвета, каб, прыкладна, якой канавы ля дарогi адмерыць ня здоляў, цi "шарварку" дагледзець, каб выкапалi, ня мог? Адбылася такая транзакцыя мiж "панам солтысам" i Шпунтам: Лявон задубiў шляхцюку пляшку "чыстай звыклай", зь якой тут-жа й пацягнулi за посьпехi будучага "драгомiшча", а солтыс пагаварыў iз валаснымi дарожнымi ўладамi, i ў вёсцы Лiтоўцы новы "ужэнднiк" пан Лявон Шпунт нарадзiўся.
   Прайшоў месяц i гляньце, людцы мае: "драгомiшч" Шпунт так руку на новай працы набiў, што здавалася "драгомiшчаўскiя" мудрагельствы ён яшчэ з матчынай калысцы iз соскай усвойтваў. Асаблiва-ж выгляд: выглянцаваныя iз кароткiмi хромавымi халяўкамi боцiкi, за халявiнай мерка, зялёныя галiфэ порткi, чорны або шэры пiнжак, расхрыстаная ў палоскi кашуля ("драгомiшч" у гальштуку не выглядаў-бы падзелавому), кепка-шапка набакiр. Бальшыня такiх, як Шпунт, начальнiкаў гiмназiскiя шапкi з абгрызенымi цэшкамi насiла. Лявон-жа й блiзка гiмназii ня быў, дык вось i мусiў у шэрай кепцы начальнiчаць.
   А прыгледзелiся-б вы як Лявон на працы паводзiцца - пацеха цэлая. Iдзе з такой важнецкай мiнай, дубчыкам хвоскiм па халявiне для фасону сьцёбае, працу разьмяркоўвае. Здаецца, што палкi й брыгады войска да бою ставiць. I голас Лявонаў, як трэба дзе падагнаць было, надта-ж стымулюючым быў. Добра папацелi людзi пад Шпунтовым наглядам, што й гаварыць.
   Спачатку аднавяскоўцы, даведаўшыся, што Лявон такiм важным начальнiкам стаўся, надвое варажылi: а мо й лепш, што свой, мо й пасобiць калi, лiшняга адработку прыпiсаўшы. Бывала цi адзiн селянiн, гэтага новасьпечанага начальнiка сустрэўшы, шапку зьняць i дабрыдзень сказаць памкнуўся. Усё да часу. Шпунт хутка сябе добрым панскiм служакам выявiў. Людзi абмiнаць яго на дарозе пачалi.
   - Нi па бацьку ён пайшоў, - казалi лiтоўскiя. - Мусiць, не на той капыл роблены. Удаўся во хлыст апантаны, людцаў бедных ганяiць.
   Меў Лявон i якасьцi, зусiм у Сабакевiча непрысутныя: адфраньцiцца ды на людзкое вока паказацца любiў. Дяўчатаў-жа любiў амаль усiх без разбору, толькi адных больш а другiх менш. З гэтай прычыны даўно прылiплi да яго дзьве мянушкi: франт i бабнiк, а пасьля ўжо й хлыст. Апошняя замацавалася ў пазьнейшы час.
   Адно схiлiцца на захад сонца, глядзiш - Шпунт-Хлыст, адчыканiўшыся, у вёску дарожкай на ровары з бацькавага хутара прэ, ажно пыл ззаду курыць; блёнд-чупрына, набок зачэсаная, зь ветрам забаўляецца. Калi мiнае хату або дзе дзяўчыну ўгледзiць, да якой яму цяпер ня рупiць, наўмысьля прыкiдваецца, быццам ня бачыць яе, яшчэ больш на роварныя ступнi нацiсьне: гляньце, не да вас мне цяпер. Справы ў мяне вунь якой важнасьцi й размаху. Чалавек я наагул, казаў той, бывалы, не абы каму роўня ды й вунь якiмi вялiкiмi справамi варочаю.
   Зiрнуць вясковыя жанкi, як Шпунтоў даўгi цень па вулiцы й сьценах гаспадарскiх будынкаў выкрыўляецца, дый кажуць: "Глянь, во як папёр падла! Цi не абнюхаў ужо што ў другiм месьце..."
   А Шпунту-Хлысту якая да таго справа, што вясковыя жанкi языкамi меляць? На тое-ж даў iм Бог языкi даўжынi адпаведнай. У яго свае, аднаму яму толькi шпунтоўскiя справы вядомыя. Цяпун кабетам на языкi! Лявон - чалавек хаджалы, абабiты, дый кругом, казаў той, удалы; ён - зусiм непаседлiвая птушка, iнтарэсаў у яго безьлiч. Iнтарэсы гэныя яго кожны вечар у людзi гоняць, ажно бедны ровар ад уцехi з таго гону пiшчыць.
   Меў адну слабасьць Лявон. Каторы ўжо год на трохрадцы пiлiкаў, граць вучыўся ды як сьлед налажыцца ня мог. Усе ведалi, што не музыка, а партач зь яго. Але Лявон думаў накш. Глядзiш, бывала, на вечарыну сваю новую, дарагую трохрадку прывалачэ, дзесь збоку воддаль ад музыкi прымосьцiцца. Калi-ж Тадэўка ад сваiх трасухаў зьняможыцца, перадыхнуць захоча, падойдзе хто з маладых - скажа Шпунту: "Заграў-бы ты, Лявон, што небудзь, танцаваць-жа рупiць."
   Любасьць пагледзець, зь якiм майстэрствам Шпунт адмаўляцца пачне.
   - Гармонiк? Яно-ж сабе так, захапiў во, нiхай будзiць. Але-ж граць? Дзе-ж мне... Я-ж, праўду прызнацца, - i тут такую хвальшывую ўсьмешку зробiць, што, гледзячы, аж вам з нутра верне, - i граю нiякавата. Куды мне там, нiхай ужо другiя..."
   Тут яго гуртам возьмуцца хвалiць-намаўляць, нарэшце вывалакуць i на покуцi пад Хрыстом, Багародзiцай i Апрасiняй Полацкай прымосьцяць. Iз маласкрываным задавальненьнем абгледзiць "драгомiшч" свой гармонiк, пяшчотна пагладзiць яго, быццам гэта каштоўнасьць невядома якая, голасна скрыпне раз i другi, наўгад прабегшыся пальцамi па клявiшах (бачыў-жа нейдзе, што так вялiкiя майстры робяць) дый "Блакiтны Дунай" выдушваць пачне. Ажно просiцца-енчыць гармонiк, каб збавiцца ад таго Лявонава гвалту. Iдзе мiзэрна, зь перабоямi. Адылi ня так цiкава, што ён грае, але як грае, як выцiскае з трохрадкi гукi. Гармонiк сквiрчыць, як парася, людзям ад той гры аж млосна робiцца. Ды хто-ж там пасьмее дарожнаму майстру ў вочы праўду сказаць. Скрывiць ён галаву сваю так, што даўгiя валасы аж на гармонiкавы складчыны ападаюць, то правым то левым вухам сваё пiлiканьне наслухоўвае, ды прыкiдваецца, што ён такi вялiкi майстра, якому няйнакш сам Сымон Музыка мусiў-бы пазайздросьцiць. Гэтак надзьмуваецца iндык, крыльлямi крывулi навокал самiцы па зямлi выпiсваючы, калi яму ў iндычай галаве каханьне замроiцца. Цярплiвыя лiтоўскiя людзi, асаблiва-ж маладыя, даўно да такiх Шпунтовых фартэляў звыклi. Грае вунь нешта надта-ж моднае, - думалi некаторыя, - бо аж iм прасьцяком клёку ў тым цяжка дайсьцi.