Акула К
Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)

   Кастусь Акула
   Гараватка
   КНIГА I
   ДЗЯРЛIВАЯ ПТУШКА
   Ад Аўтара
   Сёлета мiнае трыццаць гадоў ад часу масавага нiшчэньня беларускiх кнiжкаў у БССР. Зьнiшчана каля 2000 назоваў накладам звыш за 10 мiльёнаў. Сказаў-бы хто, што чужак-калянiзатар, высяляючы беларускi творчы й кiруючы элемэнт у Сiбiр, разбураючы культурныя асновы паняволенага народу, пераняў прыклад ад свайго блiзьняка-пачвары 20-га стагодзьдзя - гiтлераўскае Нямеччыны. Гэта не зусiм так. Беларускi навуковец С.Брага ў сваёй працы "Доктар Скарына ў Маскве" грунтоўна даводзiць, што Маскалi спалiлi Скарынавы кнiгi ў Маскве, калi слаўны сын зямлi беларускае, выдатны навуковец i першадрукар завёз iх туды для пашырэньня.
   Улада маскоўскiх цароў, баяраў i царкоўнiкаў абапiралася тады на гвалце й народнай цемнаце. Яны пiльна сьцераглi, каб нiякi сьветач звонку не разагнаў цемры - асновы iхнага панаваньня. Усё, што бязь iхнага дабраславенства пранiкала ў Маскоўшчыну, падганялi пад агульны назоўнiк "хулы" i "ерасi". Баялiся, каб сьвятло навукi й праўды не дайшло да простых людзей. А Скарына-ж якраз i перакладаў на беларускую мову й друкаваў кнiгi Сьвятога Пiсаньня "для пажытку й дабра люду паспалiтага".
   Ёсьць выразная паралель мiж лёсам Скарынавых кнiгаў у Маскве й тых, што амаль чатыры стагодзьдзi пазьней маскоўскiя калянiзатары спалiлi ў Менску. Тут i там Маскалi нiшчылi беларускiя навуковыя й культурныя каштоўнасьцi, бо баялiся, каб народ не пазнаў праўды й ня стаўся вольным.
   Што-ж супольнага маюць гэтта прыгаданыя барбарскiя ўчынкi Маскалёў iз творам "Гараватка"?
   Канкрэтную творчую працу над "Гараваткай" папярэдзiлi доўгiя роздумы. Творчая йдэя мусiла дасьпець, трэба было яе вынасiць у сэрцы. Падчас гэтага выношваньня цi раз даводзiлася шкадаваць, што няма пад рукою сырца - значыцца, розных гiстарычных i мэмуарных матар'ялаў, што памаглi-б зазiрнуць у народную мiнуўшчыну. Чужакi-акупанты стагодзьдзямi забаранялi народу тварыць свае культурна-навуковыя скарбы, нiшчылi ў цяжкiх умовах створанае, зацiралi-замяталi сьляды нашых продкаў, каб нашчадкi былi сьляпыя.
   I на зьмену прыходзiлi iншыя думкi. Як-жа гэта сталася, што народ нашы, доўга прыгнятаны-ганьбаваны, пазбаўлены сваёй царквы, навуковых i культурных iнстытуцыяў, арганiзацыяў, даведзены да жахлiвае рабскае галiты, зусiм бязпраўны, так заняволены, што ўжо пазьней, каб выплысьцi з гэтага жахлiвага бяздоньня, мусiў насамперш дамагацца "людзьмi звацца"; як-жа народ гэты ня толькi ператрываў, але й захаваў сваю чыстую, багатую самабытнай культурай, народную душу? Дзе й у чым сакрэт народнае ўстойлiвасьцi?
   Адказу давялося шукаць мiж жывых, намi знаных людзей. Гэтыя людзi жылi з намi й побач нас. Трэба было адно ўмець iх бачыць, да iх прыслухоўвацца. У безпрасьветнай цемры яны выглядалi простымi, звычайнымi. Адылi яны розьнiлiся ад iншых тым, што тварылi, вялi як умелi, ды безаглядна змагалiся з чужнiкамi за свой быт i правы. Прыгадайце непiсьменных, можна сказаць, вусных паэтаў i казачнiкаў, вясковых мудрацоў, таленавiтых мастакоў-самародкаў, сьпевакоў, якiм чужнiкамi былi пазачыняныя ўсе дарогi ў людзi. Народны фальклёр гэта-ж ня што iншае, як вялiкi багаж народнага мастацтва й мудрасьцi, якраз во створаны гэтымi людзьмi. У вольнай сваёй дзяржаве, здабыўшы навуку, гэтыя людзi вялi-б за сабой народ, былi-б ягонай славай. Колькi-ж нашых талентаў змарнела, або, выхапленых з народнае гушчы чужнiкамi-калянiзатарамi, пасьля сталася красой i славай чужых дзяжаваў i культураў!
   Гэтыя народныя мудрацы й самабытныя творцы якраз i былi тымi жыцьцядайнымi клеткамi, празь якiя ў чужой няволi пульсавала беларуская нацыянальная кроў. Гэта ў найбольшай меры былi тыя ўстойлiвыя каранi, якiх ня мог падсячы чужы барбар-прыблуда. Падчас народных паўстаньняў яны выходзiлi на перадавыя пазыцыi, вялi за сабою народныя масы.
   Народныя асiлкi-волаты, трывалкiя й устойлiвыя ў штодзённай злыбядзе, сьцiплыя й гэройскiя ў змаганьнi, мудрыя й непрымiральныя да народных ворагаў, ёсьць славай i натхненьнем наступных пакаленьняў. Цi-ж ня варты яны таго, каб знайсьцi ў нашай лiтаратуры другое нараджэньне?
   Працэс падсяканьня чужнiкамi нашых народных карэньняў, устойлiвасьць i рост гэтых карэньняў, цяжкое змаганьне з чужой навалой - тэма вялiкая, удзячная й цiкавая. Яна даўно клiча да працоўнага варштату тварцоў беларускае культуры.
   "Гараватка" - гэта сьцiплая спроба адлюстраваньня кароткага, але як-жа бурлiва-жахлiвага адрэзку нашае гiсторыi. Твор разплянаваны на тры кнiгi. У "Дзярлiвай птушцы" мо дарма нехта спадзяваўся-б знайсьцi поўнае мастацкае й жыцьцёвае завяршэньне асобаў i дзеяў.
   Дарэчы, колькi словаў аб адмоўных пэрсанажах.
   Вырадкi, што ёсьць у кожным грамадзтве й народзе, быццам тая буза на чыстай крынiчнай вадзе, засьмечваюць народны арганiзм. Калi-ж чужая ўлада намагаецца падпарадкаваць гэты арганiзм шляхам разкладаньня, нiкчэмнiкi гэтыя стаюцца шкоднымi й ненажэрнымi бацыламi - упiваюцца ў жывы мякiш народнага цела, iдуць на здраду сваiм i на службу ворагам. Калi прыгадаеш, што за панаваньне над нашым народам вось ужо даўно змагалiся дзьве цi тры варожыя сiлы, усьведамiш латва, чаму гэтыя вырадкi-нiкчэмнiкi былi ў вялiкiм попыце.
   У "Дзярлiвай птушцы" яны адно пачынаюць расьцi. Выплывуць яны наверх i ўзбуйнеюць цi, як кажа народ - вырастуць iм рогi - калi працавiтыя й богалюбiвыя нашыя людзi апынуцца пад "роднапартыйнай" уладай цi пазьней яшчэ пад ботам "гэрэнфольку".
   Наапошку, ад iмя выдавецкае супалкi "Пагоня" я многа забавязаны тым нашым суродзiчам на выгнаньнi, каторыя фiнанасава памаглi выдаць гэтую кнiгу. Усiх гэтта не магу прыгадаць, дый некаторыя з розных меркаваньняў не жадаюць публiчнае падзякi.
   У першую чаргу выданьне кнiгi грашова падтрымалi наступныя асобы, каторым належыцца вялiкая ўдзячнасьць: А.Протас, iнж. В.Станкевiч, С.Карнiловiч, К.Каранеўскi, ген. Ф.Кушал:, д-р Б.Рагуля, А.Субота, Б.Данiловiч, В.Стома, Н.Сiльвановiч, д-р Я.Сажыч, iнж. Ч.Ханяўка, мгр. П.Манькоўскi, А.Монiд, А.Маркевiч, д-р Л.Трусэвiч, В.Касьцюкевiч, М.Нiкан, д-р В.Васiлеўскi, д-р Ул.Бакуновiч, Ч.Будзька, мгр. В.Навiцкi, С.Гутырчык, Л.Стагановiч, П.Кажура i Ўл.Курыла. Вельмi дзякую Брату ў Хрысьце а.Яну Пятроўскаму, каторы сходнай цаной за друк, зычлiвымi парадамi дый борздым i добрым выкананьнем друкарскае працы цi не найбольш спрычынiўся да хуткага выхаду першае кнiгi "Гараваткi" ў сьвет.
   К.Акула
   Сьвятой памяцi бацькоў
   О, БЕЛАРУСЬ!
   Тваё мiнулае ў мармурах не застыла
   I медзьдзю-бронзай не зьвiнiць.
   Яно ня знае готыкi, антычных стыляў,
   Ня знае колераў сузорчатых зарнiц.
   Яно пахавана ў глыбокiя курганы,
   Крывёй-бальзамам гоiць сны.
   Твой гэнiй, у мiнулым паруганы,
   Да славы ўзьнiмуць вольныя сыны.
   Ты сiлы трацiла свае дазваньня;
   Цябе абплакаў на кургане клён.
   Штогод тваё спраўлялi ўкрыжаваньне,
   Штогод гiсторыi праклён.
   Таму й мiнулае ў мармурах не застыла
   I медзьдзю-бронзай не зьвiнiць.
   Яно ня знае готыкi, антычных стыляў,
   Ня знае колераў сузорчатых зарнiц.
   Язэп Пушча
   ЧАСТКА ПЕРШАЯ
   I
   Янук раз-пораз спыняўся й ляскаў пугай. Сярэдняга росту калматы руды сабака Тапсiк, сьцямiўшы, што павесялеў пастух, з уцехай падскокваў уверх на ляскат пугi й зьвяглiва, быццам сьмяючыся, брахаў. А хлопчык, - як i належыцца такому ўсяўладнаму сабачаму гаспадару, - то пагражаў сабаку пальцам, то, прыкiдываючыся, касавурыўся на яго, быццам за тое, што той замнога дазваляў сабе панiбрацтва. Яшчэ ямчэй размахваўся прадаўгаватым i гнуткiм вiшнёвым пугаўём, манiпуляваў iм так, каб вуж пугi, асаблiва той цяненькi, зьвiты з адборнае пянькi кончык яе, з тонкiм посьвiстам гвалтоўна рэзаў паветра. Ляскат войстрым рэхам трывожыў суседнi бор, а пастушок пiльна надслухоўваў ягонае водгульле.
   Калi-б хлопчык ведаў модныя словы, то мог-бы сказаць, што той цянюсенькi кончык пугi, па-майстэрску зьвiты бацькам з пазычанай цi купленай у кагось пянькi, меў дэмаралiзуючыя для статку ўласьцiвасьцi. Вядома-ж, выяўлялiся яны адно пры ўмелым карыстаньнi пугай Януком. Бо што, - мяркаваў Янук, - варта была пуга безь ягонае спрытнае рукi? Нейкi, званы пугаўём, вiшнёвы прут з даўгой вяроўкай ды й годзе. Трэба было ўзяць яго спрактыкаванай руцэ, ёмка закiнуць i пасьля гвалтоўна тузануць - адно тады нараджаўся любы ягонаму вуху рэзкi сьвiст-ляскат. Пуга трымала кароваў у послуху. Праўда, быў i верны сябра-памочнiк Тапсiк, цану якому добра ведаў Янук. Ды ўсяроўна, пуга сама сабой. Лясьнi ёй раз-другi, i глядзi, як стрыжэ вушамi статак, ведаючы, што малы гаспадар на воку яго трымае. Таму сьвiст-ляскат i быў для Янука прыемнай i карыснай мэлёдыяй.
   Было ўсяго ў статку, старых i маладых, хвастоў зь пятнаццаць. Панаядаўшыся, быццам нехаця, ацярэблiвалiся яны ў ценях вялiкiх вольхаў над канавай. Сонца падкрадалася ўжо за чуб суседняга бору. I не агледзiсься, як вечар на носе.
   Янук сачыў, цi пакажацца ў падворку ля хаты шыракаплечая постаць гаспадара ягонага - асаднiка Лазоўскага, цi ня рыпне каля калодзезя журавель. Чуткае вуха ягонае скваплiва лавiла гукi перадвячорнага руху ў падворку, каб угадаць, калi можна рухацца iз статкам пад дом.
   Лёганькi ветрык прынёс з-пад балота абрыўкi вясёлае полькi й галасы прыпеўкаў. Янук ведаў, што так рыпела трохрадка ў руках вясковага музыкi Тадэўкi, што сам безьперапынна сыпаў прыпеўкамi й падахвочваў iншых, адно ходырам хадзiла поле. Там дзесь грамадою польнымi межамi з Тадэўкавага хутару йшлi ў вёску ладзiць iгрышча. Як магнiт, ствараючы навокал весялосьць i падганяючы адсталых, прыцягвала трохрадка да сябе моладзь. Вялiкай грамадой увалiцца яна ў раней дамоўленую хату ды кiнецца ў скокi. Тымчасам iшлi, гарлапанiлi, склiкалi iншых, задыхаўся-рыпеў гармонiк. Перакiнуўшы цераз плячо цымбалы, клыпаў ля Тадэўкi невялiкага росту цымбалiсты Язэпаў Пецька.
   Жвавей захадзiлi босыя закарэлыя Януковы ногi, i карцiла яму ўжо бегчы туды, дзе, як ведаў добра, у хвасьце старэйшых цягнулiся ўвiшныя падшыванцы-жэўжыкi, што пасьля цэлы вечар будуць шнырыць каля йгрышча, займаючыся сваiмi зусiм непразаiчнымi справамi.
   Запавядалася шумнае й люднае купальскае йгрышча. Сяньня было Яна. Людзей зь кiрмашу налезе процьма, папрыходзяць iз суседнiх вёскаў i засьценкаў. Цi пусьцiць яго гаспадар? - мяркаваў Янук.
   Калi прыгадаў, што сталася, вялiкi жаль ахапiў iзноў Янука ды п'яўкай смактаў у грудзi. Дзень сьвятога Яна - той самы дзень, калi быў вялiкi рэлiгiйны фэст пры царкве ў Гацях, - гэта-ж па праву было ягонае сьвята, ягоныя ймянiны. Цярплiва чакаў яго хлопчык ад пачатку вясны - значыцца, ад часу, калi пачаў ганяць на поле статак. Абяцаў яму сёлета Лазоўскi вольны дзень ды шчэ й пяцьдзясят грошаў, каб забавiўся на фэсьце - з тэй умовай, што добра пiльнавацьме статак i сёе-тое ля гаспадаркi паможа. Гэнае "сёе-тое" складалi дробныя працы й паслугi, што не належалi да ягоных штодзённых абавязкаў.
   Падахвочаны абяцанкаю, хлопчык пасабляў асаднiку, як роднаму бацьку. Летась-жа на фэст пусьцiў, хоць адно пяць грошаў даў. Кагадзе прыабяцаная пяцьдзясятка здалася Януку прост-напраст невядома якiм вялiзным капiталам. Нiколi ў жыцьцi ня меў так многа ў сваёй часта дзiравай кiшэнi, хоць i даводзiлася бачыць у чужых руках. Колькi-ж гэта марозiва, шакаляду, ляманяды й цукеркаў спажываў ужо ў сваiм уяўленьнi Янук. Мроiлася часамi, што палову тавараў у Жыдоў-крамнiкаў за тыя грошы адкупiць. Вось дзе паласуецца! цешыўся пастушок. Ды й ласавацца-ж будзе не абы як, але абавязкова на воку ў сваiх сяброў - канечне, каб бачылi, зайздросьцiлi й аблiзвалiся, асаблiва-ж доктаравы Ўладзiк i Стась. Цi раз iм ужо iм пра тое хвалiўся.
   Ажно чорту нямытаму нешта ў галаве перакулiлася. Насупiўшыся, швэндаўся ўчора, не дазволiў нават на купальскую ноч у сяло да бацькоў зьбегаць, ды потым iз моладзьдзю ля вогнiшчаў i вады пазабаўляцца, папарацi кветкi пашукаць. Варажыла на нядобрае. Сяньня на досьвiтку, быццам i гаворкi пра тое сьвята й абяцанкаў нiякiх не было, устрэў яго асаднiк i загадаў статак выганяць. Аб падмене й грашох - нi слуху, нi духу. Ледзь асьмелiўся хлопец адчынiць рот, як пан накiнуўся на яго з лаянкай i пагрозамi. Нават тое марнае сьнеданьне камяком у горле засела. Колькi-ж паплакаў хлопчык на полi. Жалем разьпiралi ягоныя грудзi царкоўныя званы, што клiкалi да сябе. Заплыўшымi слязьмi вачыма сачыў ён моладзь i старэйшых, што праз Гараватку й празь лес iшлi ў Гацi. Спачатку нават наважыўся быў кiнуць статак, плюнуць на асаднiка й увесь яго нялюбы род ды пабегчы дадому. Адно як прыгадаў хатнюю галечу ды й тую магчымасьць, што бацька можа вылупцаваць i назад за руку прывесьцi (было ўжо раз i гэтак), тады й думкi з галавы вытурыў.
   Трэцi ўжо год пасьвiў Янук Бахмач Лазоўскага статак. Мог-бы ўжо й кiнуць, калi-б ня тая прага да навукi. Кончыўшы пачатковую вясковую школу, мог-бы, як некаторыя iншыя вясковыя падлёткi, бацьку пры гаспадарцы памагаць. Працы хапала. Дык дзе-ж там. Вучыцца яму далей карцiла.
   Летась пад вясну тое было. Спытаў бацьку, цi пусьцiць яго наступнай восеньню ў пятую клясу гацкай сямiгодкi. Бацька ня супраць-бы далей сына вучыць, калi-б ня тая вечная нiшчымнiца ў хаце. Хадзiць штодзень за чатыры кiлямэтры ў школу - гэта ня жартачкi, вунь колькi абутку трэба. Дый зь ежай праблема. Дома з аднэй мiскi капусты пасёрбае, а ў школу дык скварку якую трэба. А дзе яе браць?
   - Iздзi, сынок, калi цябе да навукi цягнiць, - казаў Пракоп Бахмач Януку. - Толькi помнi, што з абуткам у мяне коратка. От, калi ў лапцёх будзiш хадзiць, дык лыка хвацiць. Сам памяркуй...
   Бацька казаў праўду. Той малаўраджайны клiнок зямлi з трох гактараў - ня выкармiць, не апране й не абуе, нават калi летам i ў лiпавiцкага пана крыху пазаробiш. Асаблiва цяжка было з вопраткай i абуткам - хоць ты гвалт крычы. Меў Янук аднаго, на тры гады старэйшага, брата Мiколу. Кульгавы на левую нагу быў. Не памятаў Янук, калi брат калекам стаў. Разказвалi, што, будучы яшчэ малым, гадоў цi не каля сямi маючы, пасьлiзнуўся й упаў хлапец на мокрадзi ля памыйнага цэбра. Скардзiўся на боль у левым суставе. Бязь лекарскае помачы костка пачала загнiвацца, i мусiлi паслаць Мiколу ў шпiталь. Таму, што на большае не ставала грошы, дык адно спынiлi загной. Ад таго часу запаволiўся рост Мiколавай нагi. Была яна цяпер карацейшая за правую на цэлай поўпядзi. Бацька мяркаваў калеку на шаўца вывучыць. Сам Мiкола нянадта на кнiгi налягаў, а калi-б i стараўся вучыцца, дык навошта? Не было нiкуды дарогi вясковаму, асаблiва яшчэ праваслаўнаму, чалавеку. Як мухi-лiпучкi, абсаджвалi паны ўсё й усюды сваймi ўраднiкамi. Заставалася Мiколу брацца за малаток i капыл, цi йголку з ножвiцамi, каб свой кавалак хлеба мець. Так пастанавiў Пракоп Бахмач, перш iз жонкай Аленай гэтую справу добра ператросшы.
   Янука цягнула да навукi, як п'янiцу да гарэлкi, хоць, каб хто спытаў, навошта яму школа, дык мо й не адказаў-бы. Проста няўрымсьлiвая прагнасьць ведаў не давала супакою. А як ты ў лапцёх у местачковую школу пакажасься? Засьмяюць, праходу не дадуць. Як сьвет сьветам, ня чуў нiхто, каб хто ў гацкую школу ў лапцёх хадзiў.
   Лазоўскi сулiў на гэты год восем пудоў жыта й новыя боты. Тут-то й была найлепшая разьвязка. Была яшчэ адна нявыгада: як быць з тымi пачаткамi й канчаткамi? Гэта-ж вясною ды ўвосень, каб пасьвiць статак, трэба школьны год абразаць. Можа, як-небудзь дасца надрабiць, - мяркаваў Янук. Зь ягонымi добрымi ацэнкамi гэта-ж быць ня можа, каб яму не паспагадалi.
   Выбраўся аднойчы хлапец у гацкую школу, каб самаму разпытаць-разьведаць. Напрыканцы школьнага году тое было. Ад вясковае настаўнiцы нёс лiст да дырэктара. Добра прыгадвае цяпер Янук, зь якiм вялiкiм хваляваньнем пастукаў у дзьверы дырэктаравага бюра мураванае двухпавярховае школы, якiмi млявымi й непаслухмянымi былi ягоныя ногi, як разгубiўся, убачыўшы за сталом буйную чупрыну й рудыя вусiкi, што належалi дырэктару Марыноўскаму. Вядома-ж, Янук не ў сьляпую прыйшоў. Пра тога "дзiрэктара", - якi ён i што ён, - яшчэ раней каго мог распытаў. Адзiн спытаны Лёнька, што некалi цэлы год у местачковую школу хадзiў, трымаючы задзiрлiва-важнецкую мiну, скупымi словамi даў малому Бахмачу зразумець, што ў гацкую школу ня так латва трапiць (самога за нявуцтва прагналi), што "дзiрэктар" - чалавек нiякаваты, нават i зусiм благi; наагул даклаў шмат выдуманага, што ў Янука ледзь першы палымяны энтузiязм да навукi не замарыла. Адылi перадумаўшы, папытаўшыся яшчэ зычлiвую вясковую настаўнiцу, атрымаўшы ейны лiст да "дзiрэктара", якi, паводля ейных словаў, напэўна-ж паможа, Янук канчаткова адважыўся й наважыўся.
   Даўшы "дзень добры", хлапец лыпаў вачыма, нясьмела паглядаючы на гладкага, як кормны парсюк, рудаватага пана, што выгадна сядзеў за сталом i з даўгое пiпкi цадзiў радзенькi водарны дымок з-пад роўна падстрыжаных вусiкаў.
   - Цi не язык мне тады авечкi адкусiлi?! - сьмяяўся пасьля пастух, прыгадваючы той момант, - нi знаў што сказаць, як заняло...
   Пан Марыноўскi ўважна агледзеў апранутага ў саматканае, з палатанымi старымi ботамi, падлетка й сказаў - нi то строга, нi то лагодна:
   - Ну, што скажаш?
   Янук iз натугай паклiкаў на помач непаслухмяны язык:
   - Пане дырэктар, я хачу ў пятую клясу...
   I тут зацяўся.
   - Што, што? Ня чую.
   Янук загаманiў галасьней i аддаў Марыноўскаму настаўнiчын лiст. Калi дырэктар чытаў, хлапец пасьмялеў. Павярнуў галаву направа, пасьля налева й абглядаў канцылярыю. Па куткох стаялi шафы, школьныя дапаможнiкi, на сьценах вiселi нейкiя табэлi, а на франтавой сьцяне над вакном - крыж iзь фiгурай Збавiцеля; пад нiзом - белы арол, а пад iм - сам маршалак Рыдз. Паколькi ўсё гэта для Янука было няновае, ён iзноў утаропiўся ў твар iз рудымi вусiкамi.
   - Гм, - сказаў гладкi дырэктар, устаўшы з-за столу й пазiраючы ў вакно з такой мiнай i помпай, быццам разважаў над плянамi бою зь небясьпечным супрацiўнiкам, што вось-вось мае адбыцца. - Добра, вельмi добра.
   Янук намагаўся разгадаць, што было "вельмi добра", - цi тое, што ён сюды зьявiўся, цi гэнае, што напiсала ў лiсьце настаўнiца. Пасьля ўсё пайшло гладка. Дырэктар накiраваў яго ў вагульную настаўнiцкую, дзе запiсалi ў пятую клясу.
   Сяньня з усьмешкаю на твары прыгадваў хлапец той момант, хочучы, мусiць, у думках падкрэсьлiць, што цяпер ён не абы-што, што ўжо гэную пятую клясу за сабою меў.
   Латва з навукай даў рады ды пасьля й у перадавiкi выскачыў, хоць боты за зiму цалкам дабiў. Гэта-ж ня жарты - па чатыры кiлямэтры туды й назад дзень-у-дзень у пагоду й непагадзь. За зiму падрос, пасьмялеў, спаважнеў. Як-нi-як, яму ўжо ня ўсе вясковыя аднагодкi раўнёй былi, насамперш тыя, што па чатыры клясы пачатковае скончылi ды ля дому бiбiкi зьбiвалi.
   Скончыў Янук пятую клясу з добрымi ацэнкамi, дый iзноў у праблему ботаў упёрся. Яшчэ каб адно ботаў! Восем пудоў жыта гэта таксама "нi хаханькi" ў сям'i, дзе вечна даводзiлая куртатыя канцы з канцамi зьвязваць. Цi раз так кароткiмi яны былi, што нават той самы Аляксандра, якi так умела патрапiў Гардыёнаў вузёл разьвязаць, усю мудрасьць сваю на помач паклiкаўшы, рады iм ня даў-бы.
   Дык не пра самыя боты ўжо йшло. Бацьку вунь якiх пераконлiвых словаў шукаць давялося, каб iзноў хлопца на лета да Лазоўскага паслаць. Януку-ж гэная местачковая навука цi не якiя йнакшыя норавы ў галаве нарадзiла. Сарамнавата-ж перад вясковымi хлапцамi, у такую навуку дарогу знайшоўшы, iзноў на лета да Лазоўскага "каровам загаркi закручваць" вяртацца. Раз Янук так зрэзаўся з бацькам, што той ажно ў каршэнь таўхялёў мусiў надаваць, каб адумаўся сын.
   Усё гэта прыгадваючы, рыхтаваўся цяпер Янук кароваў дадому гнаць. Жаль з прычыны таго сьвiнства, што зрабiў пан Лазоўскi, душыў грудзi. Як на тое лiха, спасьцярог хлапец дзьве фiгуры хлапчукоў, што выйшлi зь лесу й, перасёкшы гасьцiнец, кiравалiся проста на яго. Быў гэта ня хто iншы, як доктаравы Ўладзiк са Стасем. Нацянькi празь лес з Гацяў беглi - наўмысьля, мусiць, каб перад iм пахвалiцца, як гулялi на фэсьце.
   Хлопцы былi тупымi ў навуцы. Стась у вясковай чацьвёртай клясе ўжо другi год сядзеў. Як нi намагаўся бацька, ня мог няздольнага сына разам iзь Януком у гацкую школу паслаць.
   I навошта-ж iх сюды якое лiха гонiць? Што цяпер скажа iм Янук, як гэта ў вочы зiрне, калi кпiць, падтруньваць зь яго пачнуць? Набягалi сьлёзы. Стрымаўшы iх у пару, завэдзганым сiнiм кужэльным рукавом выцер нос i сачыў хлапцоў, што ўжо былi зусiм блiзка.
   - Ну, што ты дома робiш, Янук? - яшчэ здалёк нахаду адазваўся Стась. Затрымалiся. У Стася, як заўсёды, пад носам вiсела маленькая бурбалка. Невядома, цi мыў ён сяньня абсыпаны рабацiньнем твар. Шэрыя й няхiтрыя вочы глядзелi Януку проста ў твар. Апрануты быў у новыя крамныя чорныя нагавiцы й новую кашулю-матроску. Пасьпеў абнавiць ужо й брызэнтавыя чаравiкi. Янук прысягнуў-бы, што пад сiнiмi шкарпэткамi на нагах "пiялi пiтухi". Цэлае-ж лета, як i ўся вясковая дзятва, бегаў басанож, а каравыя ногi рэдка сябравалi з мылам цi вадою. Уладзiк быў апрануты ў зялёныя галiфэ-порткi, боты зь блiскучымi хромавымi халяўкамi, шэры пiнжак i белую кашулю iз гальштукам.
   Стась быў Януковым аднагодкам, а Ўладзiк на два гады старэйшым. Жылi пасуседзку. Кароваў у чужых ня мелi патрэбы пасьвiць. Бацька - мясцовы фэльчар-самавук (казалi, што ў войску таго рамёства наламаўся) меў ладны кавалак сваёй зямлi, ды й ад людзей, што нiколi ў хаце ня зводзiлiся, добра падзарабляў. На полi хапала наймiтаў, у хаце быў дастатак. Дзецi лекаравы ня ведалi, як шмуляе-колiць цела кастраватая зрэбная бялiзна. Крамнага ўволю было. Каму-ж, калi ня iм, па фэстах валачыцца, ды зь бяднейшых пакеплiваць? Любiлi бацькавы грошы ў ход пускаць.
   - Нi глядзi ты на доктаравых, - цi раз раiў Януку бацька, - яны нi твайго носа-палоса. У iх вуньдзiка высахнiць цi вымакнiць, дык i бяды вялiкай: людзi дабра панавозяць.
   - Што табе! Можа, я хачу дома быць! - задзёрыста адказаў Стасю Янук, сiлком змагаючы крыўду, што напiрала ў грудзёх.
   - Каб ты гэдак жыў, як праўду кажаш! - не ўступаў Стась.
   Асаблiва ня мог цярпець Янук Стасевай брыдкай грымасы, што паказвала кпiны.
   Уладзiк трымаўся збоку. Ён, як казалi, ужо пад дзяцюкi падбiраўся. Доказам такога падбiраньня былi хаця-б тыя самыя зiхатлiвыя хромавыя боцiкi, што нядаўна справiў бацька. Уладзiк прабаваў танцаваць, пiць гарэлку, а часам нават ласаваўся, хаця ўпотайку ад някурачага бацькi, крамнымi папяросамi. Цi раз бачылi iншыя, як каторую старэйшую дзеўку ўжо за грудзi сьмела ўшчыпнуў мусiць, гэтым даводзячы сваю сьпеласьць. Ростам вялiкi быў не па сваiх гадох. Тое, што некалi ў школе ў кожнай клясе па два гады сядзеў i што бацька часта, як казалi, салам "падмазваў", каб сын як-небудзь элемэнтарнай пiсьменнасьцi навучыўся, - зусiм не перашкаджала Ўладзiкаваму росту ў дзяцюкi. Ганарыстым стаў i задзёрыстым. На гэтых двох сынох i сухой, як нядошлы бабовы струк, жонцы Марылi, канчалася лекарава сям'я.
   - Як фэст быў? - буркнуў Янук.
   - Каб ты толькi вiдзiў! Ядры т-тваю палку, народу дык народу! - забубнiў у нос Стась, рад пахвалiцца. - Такога кiрмашу я ў сваiм жыцьцi ня вiдзiў!
   - Дзiва вялiкае, такоя-ж жыцьцё во, сто гадоў пражыў! - кпiў пастух.
   - Ну няхай сабе, алi пагулялi на ўсю йванаўскую! - гугнявiў цалкам незьбянтэжаны Стась. - Елi й пiлi што хацелi, аж пуп трашчэў. Хочаш во? Выбiрай.
   Стась выцягнуў зь кiшэняў дзьве жменi цукеркаў. Былi там малыя круглыя ў паперках i падўжныя, i даўгiя махрыстыя. Прынадна ўпрыгожылi яны рознымi колерамi Стасевы нязграбныя далонi. Зазьзялi ад прагнасьцi Януковы вочы. Цукеркай мог ласавацца раз цi два на год, ня болей. Нясьмела, быццам баючыся, каб Стась не паклаў iх назад у кiшэнi, выцягнуў руку i ўзяў найменшую з чырвоным ракам на празрыстай абгортцы.
   - Бяры яшчэ адзiн, - спанукаў Стась.
   Янук разгубiўся. Лекараў сын паглыбляў ягоную крыўду. Сам меўся быць сяньня панам, за свае грошы раскашэлiцца й перад iншымi хвалiцца, а сталася, што гэты смаркач дэманстраваў цяпер, якi ён ласкавы й добры. Выбраў ён найдаўжэйшую махрыстую цукерку й сунуў у Янукову руку.
   - Дык што, нi пусьцiў цябе? - пытаўся яшчэ раз пастуха.
   - Нi пусьцiў - пшэк пракляты! - iз крыўдай прызнаўся Янук.
   - I грошы нi даў?
   - I грошы нi даў.
   - Каб яму скула ў бок за гэта! - прыабяцаў Стась.
   - Каб яму дзьве, дый у такое мейсца, што сесьцi ня мог! - паправiў Янук.
   Памаўчалi. Уладзiк выцягнуў зь кiшэнi папяросу й запалiў.
   - А сягоньнiка на вечарыну прыйдзiш? - пытаў Стась.
   - А будзiць?
   - Пэўна-ж што будзiць.
   - У каго?
   - Мусiць, цi ня ў Тодара Кмiтавага. Дык што?
   - Можа й прыйду.
   Надта-ж хацелася Януку на вечарыну. Ведаў, якiя гучныя й забаўныя бываюць купальскiя йгрышчы, ды й дома тыднi iз тры, мусiць, ня быў, хоць дахаты, нават абыходзячы вакол Гараватку, было недалёка. Але што на гэта скажа Лазоўскi?
   - Ты яго ня бойся, халеры гэдакай, - як-бы вычытаўшы на йлбе пастуховы думкi, ды абцiраючы тую бурбалку пад носам, сказаў Стась. - Ноч твая, пагуляць можаш.
   - Падумаю - можа й прыйду.
   Стасевы словы падбадзёрылi яго.
   - Глядзi-ж, пастарайся.
   - А хто йграць будзiць?
   - Сьцяпанаў Тадэўка, хто-ж...
   - Добра, пагляджу там.
   Хлопцы пайшлi. Янук глядзеў, як накiравалiся праз шырокае пасма лугу, перабралiся праз канаву, мецячы проста на Гараватку.
   - Тапсiк! - клiкнуў пастух сабаку. Той паставiў вушы, пiльна гледзячы малому гаспадару ў вочы, стараючыся наперад згадаць, што ён хоча. - Ганi iх дамоў! Там! - паказаў пальцам на статак Янук.
   Тапсiк паволi забег каровам з другога боку й памалу пачаў цiснуць iх на папар у кiрунку двара Лазоўскага, што стаяў у самым цэнтры хутару.
   Пан Лазоўскi, русавалосы мужчына гадоў пад пяцьдзесят, прытулiўся да паркану на вялiкiм дзядзiнцы, пагладжваючы свой бэбах ды паглядаючы на сваю багатую калёнiю. Вока ягонае любавалася абшарам i ўраджаем. Збажына вунь парасла сёлета, як на лес гледзячы, канюшына тоўстым дываном заслала вялiзную нiву, гароднiна, садовiна - усё, дзякуй Матцы Боскай Чэнстахоўскай, у гэтым годзе спорыла. Лазоўскаму нiколi й у галаву не прыйшло, што ён найбольш сакавiтыя сокi, як ненажэрны паразiт, з добрых працавiтых людзей тутэйшых смактаў. То-ж яны, як наймiты, за безцан апрацоўвалi ягоную вялiзную гаспадарку.