Калi-б падобраму спытаўся хто Шпунта, чаму камунiзм упадабаў, чаму Сабакевiчу прапаганду памагаў шырыць, мо й адказаць ня здоляў-бы. Было, мусiць, у характары ягоным нешта такое, што таўхала на апрычонасьць ад iншых людзей. Было гэта, пэўна-ж, ня тое, што звычайна спанукае здольных i маральна здаровых да поступу, да помачы блiжнiм у бядзе; рачэй, якраз наадварот - цi не вынiк ягонае духовае паражнечы, хворага жаданьня вылезьцi з натоўпу, павысiцца над iншымi, хоць мо тымчасам i не было гэта яшчэ цалкам усьведамленае й мэтанакiраванае ймкненьне.
   Як-нi-як, Лявон лiчыў сябе наўчоным, Каб - баранi вас Бог - адважылiся вы яго недавукам назваць, пакрыўдзiўся-б да сьмерцi. Асаблiва-ж пасьля атрыманьня гэнае скупа-платнае працы "драгомiшча" выявiлася й узбуйнела ў яго ненаеднае жаданьне некiм кiраваць, камандаваць, хаця-б дзеля таго толькi, каб пафарсiць перад дзяўчатамi, што ён вось, маўляў, ня просты мужык, а ўжо нейкi, хоць задырданы, але-ж начальнiк - значыцца, i ня кожнаму роўня.
   Лявон i чырвоную прапаганду пашыраў ня так, як кажуць, з-пад сякеры, як рабiў гэта Косьцiк. Сабакевiч быў занадта парывiсты, зухаваты, без патрэбы гарачыўся, лез напралом. Шпунт быў зраўнаважаны, памяркоўны, хiтрэйшы. Ужо калi й наважыў каму падкiнуць якую пiсульку, дык рабiў гэта асьцярожна, на бакi аглядаючыся, каб за рукi ня цапнулi. Да таго часу як па масьле йшло. Мала хто Шпунта ў камунiстычных каншахтах падазраваў, хоць тое, што Косьцiку ў руку прыяў, нiкому не было таямнiцай.
   Надта-ж не да смаку прыйшлося Шпунту, што малы Бахмач гэнага Янавага вечара яго ў Гараватцы бачыў. Пра Косьцiка пастух ня ведаў - Шпунт быў упэўнены. Але-ж людзi чулi пра афiшкi на Янавым фэсьце, здагадвалiся, што ў ваколiцы павiнен быць Сабакевiч, на тропе якога казённыя вiжы мiтусiлiся. Цi-ж цяжка было здагадацца, што Лявон тады ўпоцемку ў Гараватцы мог рабiць? Людзi-ж недурныя, два й два латва зкладуць.
   - Каб на цябе чорт, жабянё! Якое лiха цябе iкраз у гэту пару сюды прынясло! - лаяў Лявон, вяртаючыся да Косьцiка, што сядзеў упоцемку, плячыма абапёршыся аб дрэва.
   - Хто там быў? - спытаў Сабакевiч.
   - Бахмачоў сапляк.
   - Нядобра. Раскажа. Дадумаюцца й пра мяне.
   - Ну дык i што? - разьвёў рукамi Лявон. - Хто мог угадаць, што сюды вечарам чорт яго прынясець?
   - Думаiш, ён скора раструбiць?
   - Чорт яго бацьку знаiць. Мусiць, трэба прыказаць, каб...
   - Абаждзi... Знаiш што? Мусiць, буду зьбiрацца я ў дарогу, а ты валяй у дзярэўню ды намахай Бахмачову пальцам, каб ня пiкнуў...
   - А ты-ж куды?
   - Пайду, наверна, ў Павалiчы да Хвёдара. Ён мне ўгалок знайдзiць, каб дзе далей ад людзкога вока. Калi што будзiць новага, дык iзьвясьцi, - сказаў, устаючы, Косьцiк.
   У гэны вечар гаварылi-ператрасалi ўсё, што адбылося ўдзень i раней яшчэ, раiлiся аб людзях, над якiмi працаваць трэба было-б, цi якiх ужо апрацоўваюць, аб плянах на блiзкую будучыню. Цяпер яшчэ крыху пастаялi, папалiлi, аганькi далонямi засланяючы, ды разыйшлiся. Лявон пад Лiтоўцы, а Сабакевiч пад суседнi бор падаўся.
   VI
   У Кмiтавай хаце народу было, як дзьверы зачынiць. Рыпела яна Тадэўкавай полькай-трасухай, скакала-тупала дзясяткамi ботаў i чаравiкоў, зьвiнела й рагатала, выкрыквала галасамi старых i маладых. Шырака навосьцеж расхрыстаныя былi вокны. Малыя падшыванцы, на прызбу ўзьлезжы, на падваконьнi вешалiся, галовы ў сярэдзiну торкалi, каб танцораў разгледзець. Iншыя iх за ногi цягнулi, штурхалiся, адзiн за адным iз крыкам i рогатам ганялiся. Кмiтаў панадворак дзiцячымi босымi нагамi дуднеў. Група дзетак малела, бо маткi iх дамоў заганялi. Мужчыны то ўпоцемку ў сенцах палiлi, то на лавах пад сьценамi сядзелi, ды на малечу, што занадта голасна сябе паказвала, злосна час-часам сыкалi.
   Па вулiцы й панадворку там-сям парамi хадзiлi дзяцюкi зь дзеўкамi. Чуваць быў звонкi дзявочы сьмех. Цi адзiн зь дзяцюкоў - зашмат, вiдаць, з пляшкi пацягнуўшы - няроўнымi нагамi баранаваў. Падлеткi найбольш у шырокiх сенцах таўклiся, а каторыя сьмялейшыя, дык i ў хаце. Гэтак пры самай сьцяне зь левага боку за дзьвярмi, наперамешку з жанчынамi, тулiлася група падлеткаў-дзяўчатак. Стары дзяцюк Антось, што на вечарыны з барадой-дзеркачом прыходзiць панадзiў, каб каторай маладзiцы да болю твар нацерцi, якраз вунь падыйшоў да дзяўчатак i зубы пачаў замаўляць. Доўга не пастаяць iм цяпер. Зараз у рух пойдзе Антосева барада-дзяркач, вялiкi вэрхал ля парога падымецца, i дзяўчаткi, як мышы ад ката, ад Антося кiнуцца.
   З правага, боку ля прыпечку й палаткаў, важна наперад свой бэбах выпяцiўшы, Кмiтава Аўдоля iз чародкай жанок расьселася. Квокча-гамонiць яна ў гэнай групе дый такую паважную позу трымае, як быццам тая каралева мiж свае дворнае сьвiты. Вочы ў гэнай чарнявай жанчыны ходзяць вельмi борзда, а язык анi ззаду не застанецца.
   Неяк сварыўся раз на кабету Кмiта: "Гэта-ж каб язык твой ды ў малатарню падпрог цi што, от-бы-ж i намалацiў. Ато, як тое трапло, напуста дый бяз толку нiякага..."
   Шмат Аўдолiным вачом цяпер занятку было: трэба-ж бачыць, як хто апрануўся, павярнуўся, ступiў, хто з кiм танцаваў, каторая дзяўчына на якога дзяцюка паглядала й цэлую безьлiч iншых, здавалася зусiм някчэмных, дробязяў. Аўдолi яны першай вагi былi, так як нармальным людзям паветра цi рыбе вада. Не на тыдзень, а цi на месяц аб тым, што сяньня пабачыць, гаворкi мусiць хапiць. Няма-ж як папусьцiцца, каб, скажам, якая другая кабета больш, чым яна, прыцемiла. То-ж не ў чыёй iншай, а ў Аўдолiнай хаце йгрышча было.
   Тымчасам Аўдолi дрэнна бачна было, а Антосю забаўную дзеўку трудна вышукаць, бо падвешаная высака пад самай столяй закуродымленая лямпа вялiкi пакой у паўзмроку трымала. Душачыся ад тытунёвага дыму й духменi, ледзь хлiпала-лiпела ў закуродымленым шкле лямпы пярынка маленькага полымя з пляскатага кната. Даставалася-ж беднай Кмiтавай, хоць i нестарой яшчэ, падлозе. Як каторы дзяцюк у вадным куце прытупваць пачне, дык колам раз, а мо й два абойдзе, пакуль скончыць.
   Музыка Тадэўка, iз цымбалiстым Язэпавым Пецькам зь левага боку, маладой i прыгожай жонкай - з правага, граньнем тым цi не ў газарт сябе ўвёў. Трохрадка хадзiла ў руках ягоных лёкка й гладка, быццам сама арганiчнай часткай Тадэўкi была. А ён прыпяваў:
   Мяне здалi запiсалi
   Пад Аршаву ваiваць,
   Маёй мiлцы загадалi
   Самой дома гараваць.
   Тадэўкава жонка Надзя дапамагала музыку:
   А мiлёначак ты мой,
   Я цябе любiла,
   Цi ажэнiсься са мной,
   Я ўсё варажыла.
   Тадэўка зноў на зьмену:
   Ой, мiлая, ты замець,
   Ад чаго я стаў бялець.
   Я ў дзярэўнi, ты ў другой
   Рэдка вiдзiмся з табой.
   А Надзя яшчэ адну:
   За гарою сучка брэша
   Чорная, кудлатая,
   Мяне хлопчыкi ня любяць,
   Бо я нiбагатая.
   Надзя была ня меншай весялухай, чымся сам Тадэўка. Некалi гармонiк гэтую пару на жыцьцёвым шляху злучыў. А моладзь круцiлася ў вiхры полькi, быццам ад спраўнасьцi й вытрываласьцi ў скоках залежала слава цэлай вёскi. Было цiмала з суседнiх вёскаў, дык мо каторыя лiтоўскiя не хацелi перад iмi падгадзiць. А Тадэўка - спацелы, iз раськiнутымi на бок даўгiмi валосамi - быццам заўзяўся, каб з ног звалiць самых найтрывальшых танцораў. Побач заўзята памагаў яму цымбалiсты Пецька. Кiйкi ягоныя, як апантаныя чэрцiкi, скокалi, перабiраючы па струнах.
   Янук, прабегшыся па панадворку, перакiнуўся колькiмi словамi iз сваймi цёзкамi й сябрамi, пераступiў высокi парог сенцаў i ўжо ў хату ўвайсьцi мецiў, як нейчая рука, быццам клешчамi, сьцiснула правае плячо. Над самым Януковым вухам загудзеў бас:
   - Ты казаў каму, што мяне ў Гараватцы вiдзiў?
   Гэта быў пан "драгомiшч". Ад яго тхнула смуродам манаполькi.
   - Ну кажы, кажы! - спанукаў ён, адцягнуўшы Янука ў цёмны кут, каб нiхто ня бачыў, ды балюча цiснуў правую руку.
   - Пусьцi!
   - Кажы!
   - Не, нi казаў нiк...
   - Ну глядзi-ж, бо як скажаш i я дазнаюся, дык дзiсятаму закажаш!
   У Лявонавым голасе гучала сур'ёзная пагроза, што нагнала хлопцу страху. Вызвалiўшы руку, ён вомiг адскочыў ад Лявона й убег у хату.
   У паўцемры намагаўся разгледзецца, дзе што робiцца. Пацiснуў у качарэжнiк, каб нiкому не замiнаць пад нагамi дый найбольш бачыць. Перш за ўсё ўтаропiўся ў вабразы на покуцi. Здалося яму, што ад накуранага дыму й пылу аж насупiлiся брывы нейкага сiвабародага сьвятога й ледзь ня млела, трымаючы Богуша Лазара Крыж, Прадславiна рука.
   Неўзабаве спынiўся гармонiк, i дзеўкi ды дзяцюкi цiснулiся пад дзьверы, каб выйсьцi на двор прахаладацца, калi зь сенцаў пачуўся голасны загад папольску:
   - Стой! Нiхто ня выходзiць!
   Янук пабачыў у сянёх два электрычныя лiхтарыкi. Адзiн запынiўся пры знадворным парозе, другi асьвяцiў сенцы. Янук кiнуў вокам у той кут, дзе нядаўна затрымаў яго Лявон. Там нiкога не было.
   Адзiн палiцыянт застаўся ля знадворных дзьвярэй, а другi ўвайшоў у хату. Гэтага малажавага, што ўвайшоў, Янук ведаў з Гацяў: зваўся Вадзiмскi. На плячох меў стрэльбу. У хаце, як быццам на каманду, ўсё прыцiхла. Людзi пастаранiлiся, i Вадзiмскi стануў пасярод вялiкага пакою, левай рукой пагладзiў кароткiя чарнявыя вусiкi й голасна сказаў:
   - Сяньня ў Гацях на фэсьце былi раскiданыя бальшавiцкiя афiшкi. Вы, пэўна, ведаеце, чыiх рук гэта работа.
   Тут Вадзiмскi цi не наўмысьля затрымаўся, прыглядаўся моладзi й старэйшым, што сядзелi на лавах, або падпiралi сьцены ля парогу цi ля вялiкай печы. У гэтым часе, асьмелiўшыся, мусiць, цiшынёй навокал, вылез спад лавы вялiкi шэры Кмiтаў кот i наўскасяк праз пакой, ля палiцыянтавых, чыста выглянцаваных, але ўжо запыленых ботаў пабег да парогу. Наконт такога катовага падарожжа цi адны пачалi гадаць: як яно гэта варожыць, добра цi дрэнна? Некаторыя захiхiкалi. Малеча яшчэ больш заўзята чаплялася знадворку на падваконьнi, сунула ў хату галовы, каб пачуць i пабачыць, што робiцца.
   - Я хачу, каб хто ведае, дзе ёсьць Косьцiк Бурак, сказалi мне! - загадна прамовiў Вадзiмскi.
   Сьмешным нават выглядаў такi зварот. Цi-ж гэты панок думаў, што калi-б людзi й ведалi пра Сабакевiча, дык яму публiчна сказалi-б? I тады Янук блiзу на самым покуце пабачыў Шпунтовага Лявона. Прысуседзiўся ён да Хвядосавай Манькi, дзяўчыны прыгожай i кемлiвай, ды ўжо нешта шаптаў ёй на вуха, быццам тая палiцыянтава гаворка не яго датычылася. "Добры зь яго чмут" - прабегла ў пастуховай галаве. Лявон, быццам выклiканы, зiрнуў на Янука.
   - Я маю час, - спакойна сказаў Вадзiмскi. - Пачакаю. Можа, хто з вас i прыпомнiць.
   Некаторыя пачалi мiжсобку шышыкаць, i бачна было, што такое захаваньне прадстаўнiка ўлады дражнiла шмат каго. У левым куце ад дзьвярэй, дзе стаяла надта-ж войстрая на язык Пiлiпава Аксеня, чуваць была паўгалосная спрэчка.
   - А от i скажу, - гаварыла Аксеня суседцы Вульляне. - Як яму ня сорам!
   Палiцыянт выняў з кiшэнi срэбную папяросьнiцу, выцягнуў адтуль адну "Аванты", паволi прыпалiў кругленькай пазалочанай, наводля знараду, запальнiчкай, зацягнуўся духмяным дымам i паглядаў навокал.
   - Ну дык што? Нiхто ня ведае?
   - Паночак, я ведаю, - пiснула Пiлiпава Аксеня.
   Усе разявiлi ад зьдзiўленьня раты й так прыцiхлi, што, здавалася, можна было пачуць гудзеньне пралятаючага камара.
   - Гавары, старая! - сказаў з усьмешкай задавальненьня Вадзiмскi.
   - Ён у мяне, паночак, пад спаднiцай схаваўся. Калi хочаш, дык зараз пакажу!
   Аксенiн тон быў сур'ёзны й задзiрысты. Палiцыянт зьбялеў, а публiка ўся стрымала дых. Трывала так сэкундаў пяць, ня болей. Пасьля нехта грымнуў залiвiстым рогатам, а за iм усе гуртам. Зарагаталi так, што, здавалася, Кмiтава хата ад сiлы сьмеху развалiцца. А ў гэным рогаце ледзь чуваць быў палiцыянтаў крык:
   - Ты, стара псякрэў! Мiльчэць, хамы! Вы фшысцы комунiсьцi, вас як псуў постшэляць, кацапы!
   Палiцыянт Вадзiмскi, як варам аблiты, выбег на двор i там iз сваiм таварышам далi волю языком у лаянцы, найбольш зьдзекваючыся зь лiтары "р". Не марудзячы, селi на ровары ды, праводжаныя ля вясковых двароў сабачым брэхам i басаногiмi дзецьмi, якiх цiкавiлi зiхатлiвыя гузiкi, "ажэлкi" й вялiкiя лiхтарыкi на грудзёх, пакiнулi Лiтоўцы.
   Пiлiпаву Аксеню нахвалiць удосталь не маглi. Не за тое, што, быццам, яна за Косьцiка заступiлася, ледзь ня гераiняй стала. Мала хто Косьцiку й ягонай пазавугольнай працы прыяў. Задаволеныя лiтоўскiя сяляне былi тым, што, калi няма Сабакевiча, дык хоць сабакi мелi супакой. Аксеню ледзь на руках не падкiнулi за ейныя хлёскiя, салёныя, у час сказаныя словы, якiмi так зручна й умела за адным махам палiцыянтаву наiўнасьць i дурноту ўсiм як на далонi паказала.
   Пасьля даўгаватага й вясёлага перапынку яшчэ ямчэй кiнулася ў скокi моладзь. Прыйшла ў чатыры пары "Лявонiха", i тут паказалi сваё ўмельства найбольш спрактыкаваныя.
   Шмат чаго бачыў за гэны дзень Янук. Паўсталi пытаньнi, якiх сам ня мог здужаць-абмяркаваць. Чуў раней, што за Сабакевiчавым Косьцiкам ганялася палiцыя, што быў дзесь у вязьнiцы (мусiць яна страшная й там моцна мучаюць людзей), ведаў, што не любiлi яго лiтоўскiя, што кляў бацька. Шмат ужо наслухаўся Янук. Косьцiка памятаў слаба, бо гэны ладную жменю гадоў паза вёскаю бадзяўся. Цяпер-жа Янук на свае вочы бачыў, як палiцыя шнырыла, шукаючы гэтага "камунiсты". Калi сама палiцыя за iм ганялася (а чамусьцi ён думаў, што палiцыя вечна занятая й на гэткае часу ня мае), значыцца, Косьцiк мусiў быць важным чалавекам. А чаму-ж ён такi? Што гэта "камунiсты"? Чаму Шпунтоў Лявон насядаў на яго, каб нiкому анi-гу-гу аб тым, што бачыў яго ў Гараватцы? Што там былi за афiшкi на фэсьце? Чаму гаварылi аб iх зь нейкiм нясмакам, быццам гэта было нешта гаркое, паводля зерня перцу, што якнайбаржджэй стараесься з роту выплюнуць?
   Не забаўляўся Янук доўга на йгрышчы. Пасьля ад'езду палiцыi, паслухаўшы, што людзi гавораць, пабег хутка дамоў, каб распавесьцi бацьком. Ягоны кульгавы брат Мiкола, дзесь чарку гарэлкi зь некiм кульнуўшы, пабуянiць за дзесяць чарак хацеў. Януковага спануканьня, каб iшоў дамоў, як-бы й ня чуў.
   Бацькi клалiся спаць, але Янукова апавяданьне аб тым, што сталася на йгрышчы, выслухалi зь цiкавасьцяй. Калi-ж Янук прабаваў ад бацькi даведацца пра Косьцiка й камунiзм, той збываў яго абы чым, мала зразумелым. Пра камунiзм адно сказаў, што ёсьць такi нейдзе ў Расеi, а якi ён - добры цi што, - хто яго ведае. Адны хваляць, другiя ганяць, усяк языкамi трэпяць. Па бацькавым няўмелым тлумачэньнi Янук тропу не дайшоў, адно спанатрыў, што гэны нейкi "камунiзм" усе зьвязваюць iз Сабакевiчам, зь "цюрмамi" й iншымi малавядомымi Януку рэчамi. Адылi адно цiкавае даведаўся Янук, а гэта тое, што "па радзiву" ў доктара мужчыны слухаюць Менск, i што там "многа аб тым камунiзьме брэшуць".
   Пастанавiў хлапец пры нагодзе паслухаць "радзiва". Хiба ўдасца ажно ўвосень, як удома будзе. Iз гэткiмi думкамi заснуў.
   VII
   Янук сядзеў на ўзьмежжы скарбовага лесу, плячмi абапёршыся аб таўстую бярозу, i стругаў. Ня вымяркаваў нават, што з таго струганьня будзе: цi то дзяржальна да ляскi наводля нейкае галавы, цi што iншае. Ня важна. Рукам трэба занятак. Тапсiк трымаў на воку кароваў, што пасьвiлiся мiж кустаўя на лузе. Крыху, здавалася, змалела гарачыня. Сонца хiлiлася на захад, i хлапец ведаў, што за гадзiну дзесь пачнецца перадвячорная сымфонiя: пасьмялеюць птушкi на полi й у лесе, загудзiць бяроставая дуда лiпавiцкага пастыра Хвядоса, што быў стары й усiмi навакольнымi пастухамi паважаны ня толькi за ўмелае граньне, а й за тое, што аж двох падпаскаў меў; у бары пачнуць свае трэлi салаўi й розная птушыная дробязь, вялiкую чуб-карону Архiпа абсядуць галкi цi груганы, каб разгледзецца, што адбываецца навокал. Гэта ўсё, - ведаў Янук, - станецца пасьля, як пахаладнее. Тымчасам птушкi яшчэ трымаюцца ў ценю, а пастыр Хвядос сядзiць дзесь пад дрэвам i пляце кош цi што iншае.
   Любiў Янук чытаць кнiжкi, асаблiва-ж прыгоды падарожнiкаў, што па цэлым шырокiм сьвеце валачылiся, новыя невядомыя землi адкрывалi, дзiкiх людзей знаходзiлi. Дый тут пан Лазоўскi ўпоперак дарогi стануў: кагадзе зусiм выразна забаранiў чытаць на варце. Найгорш, што кнiжкi зьвялiся. Раней у вясковай настаўнiцы пазычаў, а калi перачытаў усе iзь сьцiплай школьнай бiблiятэкi - не было адкуль узяць.
   Карцiла папрасiць Лазоўскага служанку Адэлю, каб яна патаёмна з прыватнай бiблiятэкi пана асаднiка пазычыла. Неаднойчы бачыў кнiжкi ў вялiкай шафе iз шклянымi дзьвярмi, што ў найбольшым i найпрыгажэйшым пакоi стаяла. Самому лезьцi туды было рызыкоўна, але-ж Адэля магла-б пасобiць, ёй усе куткi дасяжныя былi. Яшчэ адно прыгадаў хлапец: у доктара быў беларускi каляндар. Сам Стась некалi зь вялiкай урачыстасьцю Януку малюнкi ў iм паказваў. Ужо тады нахаду прабаваў Янук чытаць з гэнага календара. Некаторыя лiтары зьверху мелi птушкi дый былi без хвастоў - ня так, як польскiя. Янук мяркаваў, што чытаць можна налажыцца нават i вобмацкам, здагадваючыся, калi няма каму паказаць.
   Найгорш, што Стась нават таго каляндара - даволi таўстой кнiгi - не паказаў яму як сьлед; адно, перагледзеўшы малюнкi, паклаў у доктараву шуфляду, дзе сам Зянькевiч трымаў яго, каб весьцi ўлiк часу й рабiць аднаму яму зразумелыя зацемкi. Прасiў тады Янук Стася, каб перагледзеў пры нагодзе бацькавы сховiшчы, а мо знойдзе якiя старыя кнiгi. Той паабяцаў. Цяпер Янук прыгадаў гэта, складанчыкам стругаючы кавалак бярозавага кiя.
   Тапсiк, што ляжаў побач, зiрнуў у бок бору, узьняўся на лапы й пачаў бурчэць. Калi Янук павярнуў галаву ў той бок, куды пазiраў сабака, твар ягоны распрамянiўся шырокай ласкавай усьмешкай. Сьцiшыў сабаку. На ўзьлесьсi, мецячы проста на яго, iшла ягоная школьная сяброўка Дуня Макатунiшка.
   Дзяўчына нагадвала ружу, што вось-вось мае распукнуцца прыгожым цьветам. Якраз дасягнула таго росту, калi дзяцюкi й мужчыны, зiрнуўшы на яе раз, доўга праводзяць вачамi ды з чулай неспадзеўкай у голасе кажуць:
   - Глянь во на яе, як пахарашэла! Учора яшчэ лучынка была, а сягоньня якая пекная. А што-ж зь яе будзiць заўтра?!
   Дуня была Януковай аднагодкай. Сьветлавалосая, сiнявокая, круглатварая, ледзь кiрпаценькая, сярэдняга росту, апранутая была сяньня ў танную паркалёвую сукенку, босая. Даўгiя валасы - мусiць, таму, каб не рассыпалiся на бакi перавязаныя былi блакiтнаю стужкаю. На правым плячы Макатунiшка тарабанiла пузаты, туга напханы зрэбны мех. Янук ведаў, што было ў iм нейкае зельле.
   Ад раньняе вясны, як толькi канчалася школа, завiхалася Дуня каля лекавага зельля. Мацi ейная прадавала назьбiранае ў мястэчку купцом, што ў сваю чаргу збывалi зёлкi фiрмам, якiя рабiлi зь iх лекi. Пачынаючы ад браткаў, празь лiпавы цьвет, васiлькi, чабор, валяр'янку i аж да панчошак, як руплiвая пчолка ўвiхалася Дуня цалюсенькае лета. Пад восень перакiдалася на грыбы й ягады. Гэтак ужо вось цi ня трэцi год. Спачатку хадзiла з маткай, пасьля -найчасьцей iзь сяброўкай Юшкевiчавай Клавай. Тую часта лянота брала, дык Дуня вандравала па палёх i лясох сама. Старалася абмiнаць вясковыя землi, бо чаго добрага, возьме каторы дзядзька - сабакам нацкуе. На скарбовым i панскiм раздольле было, хоць там лясьнiка трэба было высьцерагацца. На ягады-ж, каб зьбiраць, талён трэба было купляць. Адылi Дуня ня толькi ведала бочныя сьцежкi й дарожкi, пазнала, дзе, што й калi расьце, але, быццам тая пранырлiвая лiса, здалёк абмiнала небясьпеку.
   Iншыя жанкi й дзяўчаты да суседнiх паноў на полiва, жнiво цi iншыя польныя работы хадзiлi. Макатунiшка ўпадабала зёлкi. Тут над табой нiхто з паганякай не стаяў. Добра руку набiўшы, завiхнуўшыся, можна было больш, чым у пана, цэлы дзень крукам стоячы, зарабiць. Заробкi йшлi на вопратку й хлеб. Зiмой-жа ў школу трэба было хадзiць, а ў хаце бяда з кожнага кута выглядала.
   Ня меў Янук лепшае сяброўкi за гэту ўвiшную, працавiтую й прыгожую дзяўчыну. Сяброўства было, як звычайна мiж падлеткамi - дзiцячае, шчырае, безь нiякiх заднiх думкаў. Сам сабе ня верыў Янук, калi прыгадваў, як да гэтага дайшло.
   На краю Лiтоўцаў, пры балоце, на вузкiм лапiкле малаўрадлiвае зямлi стаяла невялiкая хата. Здалёк выглядала недакончанай. Так фактычна й было. Гадоў пяць таму перанесьлi Макатунiшкi яе зь вёскi. Нанятыя цi ўпрошаныя людзi паклалi зруб, накрылi страху, услалi столь, уставiлi вокны ды й так без гаспадарскага заканчэньня пакiнулi. Iз страхi тарчэлi, быццам замарожаныя скасьцянелыя пальцы, непаадразаныя кроквы, вецер мейсцамi ўжо здолеў пазакасваць i павыскубваць салому. Хата ня мела нават сенцаў. Знадворныя дзьверы адчынялiся адразу ў пакой, што быў i кухняй, i спальняй, i ўсiм чысьценька. Воддаль ад хаты, за дзьвюма паветкамi, як тая квактуха на яйках, прысела меншая будынiна, што служыла разам пуняй i хлевам. Часта чуваць было адтуль скуголеньне сьвiньнi, рыканьне каровы й кудахтаньне курэй.
   Нiколi ня быў Янук у гэнай хаце, хоць жыла там сяброўка Дуня з маткай, iзь дзьвюма сёстрамi й iхнымi дзяцьмi. Гэта была сям'я без мужчыны. Стары Макатун - апавядалi тыя, што ведалi, - даўно-даўненька зьбег сабакам сена касiць. Пакуль на той сенакос выбраўся, мала зь яго клёку для сям'i было: усяго, мусiць, што трое дачок прыдбаў. Удосыць нагаравалася Макатунiха, пакуль першыя дзьве падрасьлi. Спадзявалася на лепшае.
   Падрастуць, думае, дык падзарабiць якi грош дапамогуць: "Разам якi аруд жыта насыпем, сьвiран склецiўшы, лёну напрадзём-натчом, кусок скаромiны лацьвей завядзецца".
   Набегла зусiм што iншае: глядзiць мацi на найстарэйшую й вачам веры не дае - гэтак неяк ненармальна круглець пачала. Тут-як-тут, бач, i новы крыклiвы маленькi чалавечак на сьвет. Гэткага мацi не спадзявалася, бо быў гэта ня той прыбытак, аб якiм гавораць, што ад яго галава не балiць. Тут галава забалела-закружылася. Ды гэта адно пачатак быў. Малодшая, цi то на сястру заглядзеўшыся, цi што, навыперадкi давай: ажно двое адразу. Адкуль? Iзь кiм набегалi? - ламала мацi галаву.
   Вясковыя жанкi, што на ўсiм пiльнае вока трымалi, найчасьцей Шпунтова Лявона ў павялiчэньнi Макатунiшынай сям'i вiнавацiлi. Дачкi-ж, як вады ў рот панабiраўшы, каб словам заiкнулiся...
   Каб вось ня дзеткi гэтыя, можа-б, i зажылi палюдзку, у чужых пазарабiўшы й сваё куртатае лапiкла зямлi дагледзеўшы. А так... Колькi нi таўчыся, усiх дзiркаў не залатаеш. Ратоў да яды, плячэй да апрананьня, ног да абуваньня хоць аднiмай, а на заробкi адхiнуцца некаму. Хоць ты гвалт крычы!
   Мо й саромелася найменшая Макатунiшка Янука ў хату свае маткi калi завесьцi. Можа, ён, з гэтай спрэчнай i незвычайнай сямейкай пазнаўшыся, будзе аб ёй благiя думкi мець. Шмат разумела дзяўчына, усё тое непахвальнае, што аб iх людзi гаворылi, слухаючы. Не лахва была зацёпканую глiняную падлогу, поўзаючых па ёй мурзатых галапупых дзетак Януку паказваць. Або гэныя шырокiя, на ўсю даўжыню сьцяны, палаткi ля пячы, дзе ўсе супольна, як снапы на памосьце, спалi... Навошта каму чужому непаклiканаму носа туды тыцкаць?
   Звычайна пасьля Калядаў пачыналiся вандроўкi Макатунiшынай сям'i па людзях, што летам наймiтаў патрабавалi. У гэтага пазычалi мех бульбы, у гэнага - жыта, крупаў цi яшчэ чаго. Варыва ставала свайго, але найгорш iз скаромнiнай было. Так i перабiвалiся з прогаладзi ў посьнiцу.
   У добрых людзей адна, а ў Макатунiхi, бывае, ажно тры гаспадынi аднэй чапялой, качаргой, памялом цi вiламi ля печы арудуюць. I калi скупога ў катлах цi мiсках не падзеляць, дрыжыць-трысецца тады ад сваркаў квола збудаваная Макатуновых хата: "Ты ўзяла маё, табе перапала замнога, ты не зарабiла, а сваiх дзяцей маiм кормiш", i гэтак бясконца. За зiмовыя-ж пазыкi адраблялi Макатунiшкi па людзях цэлае наступнае лета й восень. Замiж таго, каб перш зарабiць, а пасьля спажываць, тут наадварот: паўгады цi больш наперад за пазычанае жылi. У вёсцы й ваколiцы Макатуновых нядоля прыказачнай сталася. Здарыцца, што пытае адзiн дзядзька другога: "Ну, як жывеш?" - "Добра, адказвае запытаны, - як Макатуны, нi раўнуючы... "
   Адразу ясна. Ледзь ногi валачэ, а аб зьвязваньнi тых прыказачных "куртатых канцоў" i язык мазолiць шкада.
   Мо й не была-б сям'я Макатуноў аб'ектам такiх кпiнаў, калi-б ня гэны прырост.
   - Гэта-ж нада во, - казала цi раз адна кабета, - каб вас пранцы, сколька папанаводзiць. Самi здыхлы за бульбiнай прападаюць, а тут яшчэ чаго. Саўсiм Бог розум адабраў, суседачка...
   Кабеты ня толькi што ня скупiлiся на каляровыя эпiтэты, але аж празь меру перабольшвалi. Як у вадзiн голас, падмацоўваючы ведамай прыказкай аб сучцы й сабаку, Макатунiшыных дачок ганiлi. Такую-ж давалi волю языкам, што, паслухаўшы, падумаў-бы добры чалавек, што ўсе жанкi лiтоўскiя - прос-напраст сьвятыя: дзеткi ў iх цi ня шляхам духа сьвятога нарадзiлiся.
   Аб найстарэйшай Макатунiшцы Парасцы, што з выгляду нiякаватая была, казалi, што быццам "ня ўсе дома" ў галаве ейнай. Дык, калi й аб сынку ейным прыгадвалi, то на тое "ня ўсе дома" ськiдку давалi. Калi-ж Параска, як пасьля выявiлася, узялася Сабакевiчаву трухлядзь-прапаганду разносiць, гэткi ейны занятак iзноў-жа на тое самае конта запiсалi.
   Куды больш зьвягалi на сярэднюю й нiштаватую з выгляду Алену, што аж двое - хлопчыка й дзяўчынку мела. Жанкi пастанавiлi, што абодва ў Шпунтовага Лявона "цюцелька ў цюцельку ўдалiся й крошачкi пабралi". Парознаму тлумачылi Аленiну лёккадумнасьць, цi што iншае, дый, вядома, да ладу дайсьцi не маглi. Часта й бацьку вiнавацiлi. Яблык, маўляў, далёка ад дрэва не адкоцiцца.
   Мяркавалi, што й наймалодшая Дуня ўтаптанай сьцежкай сваiх сёстраў пойдзе. Пастанавiлi, што якраз так, а ня йнакш будзе, дый кропку над тым паставiлi. Папрабавалi-б вы, чаго добрага, свае сумлевы адносна гэтых кабечых меркаваньняў выказаць, вас-бы найбольш руплiвыя жанкi, што з найдаўжэйшымi языкамi, у белы дзень гэт! аж за лiтоўскае балота прагналi-б. Цi льга тады дзiвiцца, што такую агульнапрынятую думку пра Дуню й Януку ў галаву ўвялi.
   Надта-ж мiзэрнай з выгляду, сухой як лучына, была Дуня Макатунiшка, калi яшчэ ў пачатковую школу хадзiла. Вучнi-ж - дзецi як дзецi; ад бацькоў удома шмат дрэннага пра Макатуноў наслухалiся, - думалi, што Дуня за iх горшая. Дзяўчынку часта й без прычынаў квялiлi. Так напракудзяць, насоляць ёй, бывала, што адыйдзе на бок, вочкi кулачкамi трэ, каб сьлёзы ўтаймаваць. А заступiцца за яе не было каму. Дзяўчаткi ад сябе гоняць, гуляць зь ёй ня хочуць. Жаль i крыўда непамерная грудзi й горла душаць. Удома-ж ня лепш: вечныя звадкi, галiта. I ня гледзячы на ўсё, што даводзiлася цярпець дома й у школе, Дуня была аднэй зь перадавых вучанiцаў. Як нехта сказаў, "затуканая й загуканая", яна расла наперакор перашкодам, маўклiвая й спакойная.