Тое, што яго зь "Велькапольскi" прыслалi сюды, ды, абрэзаўшы малазямельным, далi яму гэты вялiкi кавалак першакляснае зямлi, гэта ўсё належалася за тое, што памагаў адваёўваць i будаваць "Жэчпаспалiтую". Гэта-ж ня дзе ў iншым якiм мейсцы, а якраз тутака, на гэтых "крэсах" кроў пралiваў, бальшавiкоў босых, голых i галодных гонячы. Цяперака ён тут праўны пан i гаспадар. Урад прызнаў ягоныя заслугi, ацанiў "пралiтую кроў" i пасадзiў ваяку мiж бедных малазямельных людзей, каб спажываў плёны iхнае працы.
   Сяньня-ж i настрой Лазоўскага выдатна паправiўся, бо ў воласьцi з панам войтам удалося зусiм хлёскi гяшэфцiк наконт падаткаў абцяпаць. Адно вось цяпер, вярнуўшыся дахаты, прыгадаў ён, што ранiцою, будучы ня ў гумары, пакрыўдзiў пастуха.
   Каровы ўваходзiлi ў вялiкi, абгароджаны высокiм частаколам, двор. У самым хвасьце цягнуўся Янук iз сабакам. Асаднiк гукнуў хлопчыка.
   - Хочаш схадзiць дамоў? - спытаў ён пабеларуску.
   - Хачу, - зiрнуў Янук гаспадару сьмела ў вочы.
   Лазоўскi быў пад гальштукам, у прыгожых выглянцаваных боцiках, сiнiх галiфэ-портках, шэрым пiнжаку. Правай рукой палез ён у кiшэню порткаў i выцягнуў адтуль вялiкую жменю манэтаў. Перасыпаў iх з аднэй даланi на другую, любуючыся грашмi, быццам наўмысьля, каб пазводзiць пастушка. Аж пабольшалi Януковы вочы. Так многа грошы нiколi ня бачыў. Былi там i малыя нiклёвыя, i медзякi, былi й срэбныя залатоўкi.
   Асаднiк выбраў iз жменi тры найменшыя манэты й выцягнуў калматую руку да пастушка: - Маеш тут дваццаць пяць грошаў i можаш iсьцi.
   Янук узяў грошы й забыўся нават падзякаваць.
   - Кароў мы самi спарадкуем, - працягваў шурпаты голас Лазоўскага. - Iдзi ў кухню, памыся, паеш i бяжы.
   Януку ня трэба было паўтараць. Нахаду памыўся, хапiў нешта ўкусiць i выскачыў з хаты.
   - А ўсё-ж абяцаных пяцьдзесят грошы ня даў, пшэк паршывы! - прабурчэў пад носам, клiчучы Тапсiка й кiруючыся на выган.
   II
   Калi-б iз птушынага лёту кiнуць вокам на ваколiцу, паказаўся-б вам такi краявiд: зь левага боку, гледзячы на захад, як зрокам абняць, зялянелi вялiзныя скарбовыя лясы. Дзесь зь нетраў iх, з паўдзённага ўсходу, выбягаў шырокi гасьцiнец - побач хутару Лазоўскага апярэзваў лес, лагчынай прабягаў уздоўж земляў маёнтку Лiпавiчы, пераскокваў чыгунку i ўжо з паўночнага боку яе сьпяшаўся ў Гацi. Раўнiнны хутар Лазоўскага адасобнены быў ад суседняе вёскi Лiтоўцы, дзе жылi Януковы бацькi, даўгiм сугром, званым Гараваткай. Сама-ж вёска ляжэла быццам у падоўжаных начоўках. Паўночным брыжам начоўкаў была двукаляiнная чыгунка, што з аднаго боку бегла ў Полацак, а з другога - у Маладэчна й на захад. За чыгункай прытулiўся ля дубровы шляхоцкi засьценак Галавачы. Па суседзтву - у зеленi бярозаў, лiпаў, клёнаў, хвояў i садовых дрэваў - прытаiлiся гаспадарскiя й жытловыя будынкi маёнтку Лiпавiчы.
   Абкружаная з трох бакоў асаднiцкiмi й шляхоцкiмi землямi, з усходу ўпiралася вёска Лiтоўцы ў балоты. Калi-б якi жартаўлiвец сiлiўся схарактарызаваць мейсцазнаходжаньне Лiтоўцаў, мог-бы трапна сказаць гэтак: загналi лiтоўскiх паны, шляхта й асаднiкi ў казiны ражок. Наўкол найлепшую зямлю й лясы пазабiралi, а ззаду, як на зьдзек, кавалак нiкчэмнага балота прырэзалi.
   З балота гэнага запраўды невялiкая пацеха была. Апроч дробных сасонак цi карлаватых бярозак, здатных на хвораст, анi дрэва там людзкага, анi нават ягадаў уволю. На мокрых купiнах улетку ў лапцёх касiлi сяляне рэдкую траву, а сена вывозiлi ўзiмку, як замярзала.
   Найбольш характэрным i дамiнуючым мейсцам у цэлай ваколiцы была Гараватка. Як падоўжаны, мейсцамi з упадзiнамi, добра падыйшоўшы бохан хлеба, лягла яна мiж хутарам Лазоўскага й вёскай Лiтоўцы. Калi-б той бохан удаўжкi памерыць, то, пэўна, кiлямэтар з гакам перацягнуў-бы, дый ушыркi мо чвэрць яго. Сугор належаў маёнтку Лiпавiчы, але гэта, казалi, адно пазьнейшым часам. Даўно-даўненька, казалi, Гараватка была лiтоўскай.
   Ды й не аб фармальную ўласнасьць iшло. Гараватка жыла ў мяйсцовых казках i лягэндах, глыбака ўрасла ў народную гiсторыю. Зiрнiце, хаця-б, на гэты дуб-гiгант, што так глыбака ўкаранiўся ў Гараватчыны грудзi з усходняга боку. Такiх, як ён, iзь сьвечкаю ўдзень у ваколiцы ня знойдзеш. Старэйшыя цьвердзяць, што яму больш за паўтысячы гадоў. Дай цi ня дай таму веры, а вядома, што ён стары й каштоўны сьведка няпамятных мяйсцовым людзям эпохаў.
   Як горда й валадарна ўзвышаецца ягоная крона! Аб магутныя грудзi гэтага волата разьбiвалiся вятры й непагадзi цэлых стагодзьдзяў. Казалi, што памятае Баторага й Iвана Жахлiвага, што сачыў ён за Швэдамi й Напалеонам. Народ празваў яго Архiпам. Тут на Гараватцы ля Архiпа сустракалiся ганцы з паўстанцкiх аддзелаў сялянаў, узьнятых супраць дэспата-цара Калiноўскiм. Iмя Архiпа служыла як пароль беларускiм жаўнерам у часе апошняй i найбольш жахлiвай вайны. Некаторыя цьвердзiлi, што Архiп быў пасаджаны даўным-даўно тым князем, што на гэтым сугры быў замак пабудаваў i самую Гараватку ахрысьцiў.
   Як моцна мясцовы народ шанаваў i цанiў Архiпа, сьведчыць адзiн факт, за праўдзiвасьць якога кожны вакольны чалавек, божачыся, мог-бы разьбiць свае грудзi. Гадоў дзясяткi таму iз тры назад задумалi лiпавiцкiя ўладныя вяльможы Архiпа на будаўляны матар'ял сьпiлаваць. Вестка гэтая, мусiць, праз парабкоў i iншых наймiтаў, з маёнтку Лiпавiчы маланкай па ваколiцы разьбеглася. Пачуўся цiхi й зьдзiўлены гоман, пасьля перамешаны з абурэньнем: "Як-то? Няхай толькi асьмеляцца, ну!"
   I найбольшая пагроза была ў тым "ну". Гэта-ж як без Архiпа ўявiць Гараватку?! Поўнай хваляй вылiлася з народных грудзей любасьць да старога заслужанага волата. I калi прыйшлi панскiя людзi зь пiламi й сякерамi, абглядаючы, з каторага боку пачаць грызьцi месiва гiстарычнага гiганта, заварушылiся навакольныя палi, загулi сялiбы, як з-пад зямлi пачаў расьцi на Гараватцы натоўп народу. На гэткую незвычайную катавасiю зьявiўся ля Архiпа й сам лiпавiцкi пан. Найстарэйшыя зь Лiтоўцаў, ветлiва пакланiўшыся, прасiлi, каб паслаў сваiх людзей дамоў i не чапаў Архiпа. У галасох гэтых чуў лiпавiцкi пан ня толькi прозьбу, а й пагрозу, а дападлiвае вока ягонае хутка ацанiла патэнцыяльную сiлу народу, што навокал гусьцеў, рос i гудзеў. Адклiкаў лiпавiцкi пан сваiх людзей iзь сякерамi й пiламi, а сяляне навакольныя з удзячнасьцю й пашанай паглядалi на Архiпа, што хаця-нехаця стаўся мабiлiзатарам народнае салiдарнасьцi й сiлы. Гэтак пра Архiпа разпавядалi мяйсцовыя старажылы.
   Ня ведалi лiтоўскiя людзi, цi дзякаваць Творцу за тое, што пасуседзтву зь iмi разьмясьцiў Гараватку. Цяжка гадаць, цi каму зь iх прыходзiла думка ставiць пытаньне Гараваткi ў такой прызьме - зьвязваючы зь ейным iснаваньнем Творцу. Вось яна, гэтая Гараватка была побач - так, як заўсёды за днём прыходзiў вечар цi ноч, або як тое, што на сьвет сьвяцiла сонца. Гараватка была рэчаiсная, пасуседзтву, i нерэчаiсная, мiтычная - тая, што, зьвязаная з рознымi казкамi й лягендамi, iснавала ўжо ў гiсторыi ваколiцы. Здавалася некаторым практычным i галодным зямлi людзям, што, каб гэных дваццаць цi больш гактараў (а хто-ж яе калi, папраўдзе кажучы, мерыў?) сугра ды было пакрытае, скажам, ураджайнай глебай, вунь колькi можна было-б дабра выгадаваць. З другога боку - цi належыла-б тады Гараватка лiтоўскiм? Хiба не.
   Якая-ж была практычная карысьць з Гараватчынага суседзтва?
   У ясны дзень, калi на ейны горб узыйдзеш, вунь як добра ўсё навакольле можна пабачыць: ня толькi маёнтак Лiпавiчы цi засьценак Галавачы, але добра бачныя былi гацкiх сьвятыняў ды iншыя большыя будынкi; як на далонi гэт! Як далёка выпрастаўся шлях чыгункi, выкрыўляўся вуж гасьцiнца ды вялiзарны дыван сумежнага скарбовага лесу аж да грывы ягонай на небакраi. Сьмялейшыя яшчэ ўзьбiралiся аж на вяршалiну шырока-пышнае разложыстае кароны старога Архiпа, каб сягнуць вокам яшчэ шырэй. Ня дзiва, што падчас вайны Гараватка была стратэгiчным пунктам.
   Хто ведае, цi не прабавалi калi людзi з Гараваткi ўжыткоўную зямлю зрабiць. Мо сьлядамi гэных спробаў былi крушнi каменьняў, што й цяпер мейсцамi на сугры ляжэлi. А мо камянiстасьць Гараваткi была прычынай, што сквапныя на зямлю пачынальнiкi, апусьцiўшы рукi, разьвiтацца мусiлi з добрымi намерамi.
   Кажуць, што некалi з Гараваткi, як з тэй перадойкi ўзiмку, была людзям нейкая малая карысьць: гэта як чыгунку будавалi побач, адсюль каменьне, жвiр i пясок цягалi, каб выраўнаць западзiны цiмала якiх мяйсьцiнаў на чыгуначным шляху. Апавядальнiкi аб страхалецьцях настойвалi, што якраз гэным часам, заглыбака сугор рыючы, чарцей ды iншую нечысьць у Гараватцы зачапiлi, дык ад таго часу зданi й iншае лiха пачатак бярэ.
   Ведама, што на працягу стагодзьдзяў Гараватка дала прытулак цiмала якiм напасьнiкам на нашую бацькаўшчыну; казалi, што ляжалi тут косткi Швэдаў i Французаў, Палякаў ды Маскалёў, Немцаў ды iншых. Некаторыя цьвердзiлi, што якраз таму такiм буйным i ўстойлiвым рос Архiп, бо попеламi чужнiкоў жывiўся. Што-ж да чарцей, то, калi й былi яны, дык ладна патрывожылi iх Першай Сьветавай Вайною.
   Кацiлася гэная вайна, кацiлася, дый у ваколiцы Лiтоўцаў прыкацiлася. Грымела дзесь воддаль дый да Гараваткi дагрымелася.
   Прыйшлi зноў чужнiкi ды аблюбавалi Гараватку цi не за тое, што над ваколiцай панавала. Як краты, пачалi рыць-тачыць грудзi ейныя, пасьля-ж у гэныя вытачаныя норы й канавы зашывацца. Пачало вухкаць з Гараваткi па ўзьлесьсi й гасьцiнцы, што ля лесу бег, а гэныя другiя зь лесу, каб у даўгу не застацца, ды гэтым гаравацкiм у вадказ. I пражылiся, курылiся, смылелi агнём, травiлiся лiтоўскiя гаспадаркi, бацькаўшчыны i дзедаўшчыны працавiтых i нiчым тут не вiнаватых лiтоўскiх сялянаў. Лiтоўскiя-ж мужчыны й жанкi, па сваiх меншых норах хаваючыся, на тое вуханьне ў вадказ: мала тут свае было нечысьцi, дык яшчэ другiх iншых рагатых з-за паўсьвету папрыганяла.
   Адзiн Архiп, як i раней, горда й непарушна стаяў на горбе i як-бы ўсёй тэй галасьлiвай вакольнай мiтусьнi абыякава сваiм старэчым чубам прыглядаўся. Што яму! Адзiн цi другi кавалак зялеза-асколка, або якая куля ў камель пападзе, кару адшчэпiць. Пападалi-ж i раней. Адно каб пачаў лiчыць, колькi гэта на працягу свайго даўгога веку ранаў перанесьцi давялося. Гэта-ж не навiна. Перажыў тых, сплывуць i гэтыя. Яны, бы той вецер, што аб ягоную карону й магутны камель разьбiваюцца: павухкаюць, за чубы патузаюцца дый пойдуць. Ён-жа быў, ёсьць i будзе: устойлiвы, трывалкi й непарушны.
   Цягнулася гэная перапалка доўга й не давала жыць людзям лiтоўскiм. Калi-ж нарэшце адгрымела i адвухкала, калi адплыла чужая хваля, павылазiлi лiтоўскiя з нораў сваiх, ды пайшлi мужчыны на Гараватку парадак рабiць. Трэба-ж было тым, што за "гаймат" дужалiся й тым, што "за веру, цара i ацечаства" ходалiся, у Гараватчыных грудзёх прытулак даць. I апошняе слова зноў было за лiтоўскiмi: "Лезьце, - казалi яны, - у вадну яму! Мы вас от цяпер памiрым. Гэта-ж нявiдана-няслыхана, пазганяў вас сюды чорт на галовы нашы з-за паўсьвету!"
   На парытых-паточаных, ваенным хламам засьмечаных грудзёх Гараваткi, вырас падоўжны, быццам той сьцiртаваты капец бульбы, сьвежы курган. Побач ранейшых прыблудаў, што тут вечны супачын сабе знайшлi, трухлець ляглi косьцi новых ахвяраў, што не за свае звадкi Бог ведае адкуль ходацца сюды прыйшлi. Швэды цi Французы, Маскалi, Немцы цi Палякi - усiм роўны прытулак дала беларуская зямля.
   Лiтоўскiя-ж людзi ў бальшынi богабоязныя, пабожныя былi. Мала калi было, каб каторы йдучы цi едучы, пры дарозе каплiцу цi крыж вялiкi драўляны зь фiгурай Збавiцеля або й безь яе сустрэўшы, крыж на сваiм перадзе не зрабiў i "мiца i сына" не сказаў. Вось чаму цяпер ля гэтага сьвежага кургана вырас вялiзны, з тоўстай роўнай бярозы змайстраваны крыж, а на iм самародкам-мастаком выструганая фiгура Збаўцы. Цяперака цi адзiн шашаль ужо крыж той патачыў, дый сам ён пад цяжарам аднаго цi двох дзясяткаў гадоў спаважнеў i на бок пахiлiўся. Iншымi мейсцамi на сугры ў западзiнах вырасьлi сосны й хвоi, а ў нiжэйшых мяйсцох, дзе на глiне трымалася вада, нават i кустаўё.
   Бадай цi ня ў кожнай вёсцы беларускай была аблюбаваная мясьцiна, што на языкох апавядальнiкаў аб розных жахах i злыбядзе пакутавала. Такой мясьцiнай, што па сваёй маляўнiчасьцi не паддалася-б многiм iншым, Бог ведае як даўно была Гараватка. Дзеткi лiтоўскiя, што толкам бабчыны цi матчыны апавяданьнi цямiць маглi, пабажылiся-б, пэўна, што ў Гараватцы водзяцца чэрцi, паказваюцца зданi, што бадай калi каму й у пекла трапiць давядзецца, дык дарога туды будзе цi не праз Гараватку весьцi. Калi, бывае, усходзiцца ў вёсцы з плачам каторае малое, так i пачуеш з матчыных вуснаў: маўчы, а то чорт гаравацкi пачуе! Мала таго: калi хто з суседнiх каторага лiтоўскага, завёўшы звадку, за жывое стараўся скубануць, дык чортам гаравацкiм называў. Дзеяла, як на быка чырвоны рызман.
   Папраўдзе кажучы, каб усяму веры даць, дык, мусiць, у Гараватцы ад чарцей, чарцянят i iншай нечысьцi аж кiшэла. Узiмку пад Пiлiпаўку вадзiлi тут свае карагоды ваўчыцы, страхотным выцьцём ваколiцу поўнячы. Гараватка была маляўнiчая й таямнiчая, страшная й прынадная. Дзiва няма, што малеча нагой ступiць у Гараватцы пабойвалася, а старэйшыя ўпоцемку ад яе старанiлiся.
   Хцiвыя да выдумкаў апавядальнiкi заўсёды непрыкметна на баку пакiдалi адно не апошняй важнасьцi: калi й як гэтая цiкавая мясьцiна дастала хрышчэньне. Адныя парознаму тлумачылi, iншыя згадкамi таямнiцу гэтую раскрыць намагалiся. Калi-б хто й хацеў аб тым назове з усiх бакоў памяркаваць, дык цi не дайшоў-бы ў сваёй галаве, што Гараватка нейкiм чынам параднiлася з "горам", "гараваць" i iншымi з гэтага выводнымi абазначэньнямi. А калi так, то цi трэба яшчэ гаварыць, аб чыiм горы была мова...
   III
   Тыднi тры ня быў удома Янук. Карцiла яму бегчы. Пакуль да бацькi забяжыцца, словам-другiм iз старымi перакiнецца, пакуль на вечарыну зайдзе, дык вунь як позна будзе. А ноч-жа цяпер кароткая, яе не надточыш. Босыя Януковы ногi, што за дзень за каровамi набегалiся, вунь якiмi нецярплiвымi цяпер сталi i ўжо якнайхутчэй манiлiся з асаднiкавага двара пад бацькаў дом панесьцi. Адылi перш вырашыць трэба было пытаньне: куды йсьцi? Цi гасьцiнцам, ды зрабiць лiшнi кусок дарогi, цi кроiць нацянькi праз Гараватку? Калi-б асьмелiўся нацянькi, можа было-б скарацiць цi не ўтрая дарогу. I трэба-ж было, каб гэтая Гараватка, як на злосьць Януку, упоперак дарогi да бацькоў лягла. Калi-б гэта быў дзень, дык нiякае загваздкi: смаргануў-бы нацянькi й квiта. Цяперака-ж пакуль перабяжыш поле Лазоўскага, там праз мокрадзь ля канавы перабярэсься, зарасьнiкi мiнеш, што з гэным вялiкiм борам лучылiся, ды на Гараватку ўзьлезеш, дык глядзi колькi часу мiне.
   Янук кiнуў вокам на захад. Сонца закулiлася ўжо за зубата-кашлатую карону бору, зьнiзу ярка пазалочваючы пер'е рэдзенька расьцярушаных па небе хмарынак. Ужо шарэла. Марудзiць няма калi. Потная левая рука сьцiскала тры малыя манэты ў кiшэнi даматканых зрэбных портак. Тапсiк, зьеўшы страву й вылiзаўшы старанна чарапок, аблiзваўся й пазiраў на хлопца, трымаючыся напагатове, каб спадарожнiчаць. Пастух зiрнуў на сабаку й наважыўся. "Маючы такога добрага таварыша, - думаў ён, - дык хто там будзе чарцей баяцца, калi яны й ёсьцека".
   Калi Янук, выбегшы за вароты двору, рушыў у кiрунку Гараваткi, Тапсiк, як ёмкi мяч, кульнуў раптоўна наперад, апiсаў навокал хлопца вялiкае кола ды, радасна брэшучы, скочыў яму на грудзi, намагаючыся лiзнуць у твар. Сабака, вiдаць, здагадаўся, куды сьпяшаўся ягоны гаспадар. Яму таксама карцiла зьбегаць у родную вёску, старыя куты абшнарыць, iз знаёмымi й даўно нябачанымi сябрамi пацяўкаць цi панюхацца.
   Любiў Янук свайго Тапсiка. Шчанюком узяў яго ад маткi, што надта заядлая й крутая была. Тапсiку цяпер пад тры гады было. Разумны й паслужлiвы ўдаўся мала дзе такога знойдзеш. Хлопчык муштраваў яго, часу не шкадаваў, уцеха з таго вялiкая была. Цяперака за тое меў добрага памочнiка вартаваць статак. Зiмою сабака паквапiўся нават зь Януком у школу пайсьцi. Калi аднойчы надакучыў у школе вартаўнiку, а раз падчас заняткаў асьмелiўся нават клясныя дзьверы лапамi скрэбсьцi, каб да свайго гаспадара дабрацца, давялося пакiдаць ягу ўдома.
   Крокаў цi не на дзесяць шырокая канава была напалову напоўненая вадой. Янук знайшоў тое мейсца, дзе з аднаго боку на другi перакiнутыя былi дзьве жардзiны, ды асьцярожна, растапырыўшы рукi, каб атрымаць раўнавагу, пераходзiў на другi бок. Тапсiк скочыў праз ваду, i, калi Янук ступiў на бераг, сабака абтрасаўся ўжо й ветлiва вiляў хвастом.
   Сьцежка вяла праз густы зарасьнiк. Калi Янук упёрся ў Гараватку, ужо цямнела й на небе паказалiся першыя зоркi. Ведаў хлапец Гараватку як сваю пяцярню. Цi раз iзь сябрамi лазiў тут па старых акопах, заглядаў у часткова засыпаныя ўжо блiндажы, цешыўся, калi знаходзiў пайржавелую амунiцыю, зь якой любiў забаўляцца на пасьце ля вогнiшча. Вандроўкi тыя адбывалiся ўдзень, калi Гараватка не была небясьпечная й зусiм iнакш выглядала, чымся цяпер. У цемры яна камплетна зьмянялася, набiрала нейкай страхотнай таямнiчасьцi. Здавалася, што сваёй шырокай каронай падпiраў Архiп усеяны залатымi зоркамi купал неба. Iнакш, чым удзень, дрыжэла, наводзячы нейкую жуду, лiсьцё асiнаў, а ззамоладу створаныя ўва ўяўленьнi розныя чэрцi, што тутака, быццам, свае гулянкi начамi ладзiлi, цяпер маглi таiцца за кожным кустом цi крушняй каменьняў. Завялiкi ўжо быў Янук, каб у чарцей верыць, але-ж тут, папраўдзе кажучы, цiмала людзей у нетрах Гараваткi ляжала. Хто ведае, цi каторыя зь iх не ўстаюць начамi, каб полем бою палюбавацца.
   Янук асьцярожна ступаў знаёмай сьцяжынай. Вушы ягоныя злавiлi водгульле лiтоўскай вечарыны. Хлапец падбадзёрыўся й барзьдзей усьпiнаўся ўверх. Наблiжаючыся да самага небясьпечнага мейсца - побач з тым самым курганам i крыжам - ён спынiўся таму, бо раптам стануў, як укопаны, Тапсiк. Сабака бурчэў. З правага боку былi тут ямы й акопы. У цемрадзi мала што можна было разгледзець.
   - Цiха, Тапсiк, цi-i-i-i..., - зашышыкаў ён на сабаку, абшчаперыў яго аберуч ды пачаў прыслухоўвацца. Здалося, што непадалёк направа пачуў галасы. Мо здалося? Ахапiў яго страх. Як не натужваў слых, усё навакол стала таямнiча цiха, адно шпарчэй пачало бiцца пастухова сэрца. Здалёк чуваць быў гул цягнiка, дзесьцi зь вёскi даляталi водгукi йгрышча, зьвяганьне сабак, а ў недалёкiм бары адазвалася позная птушка.
   Iзноў наёжыўся, пачаў бурчэць i вырывацца з рук Тапсiк. Янук не на жартачкi спалохаўся, баяўся рушыць зь мейсца, быццам у зямлю ўлiп. Калi яму здалося, што зноў злавiў вухам нейчую гаворку, сабака гвалтоўна йрвануў направа i залiўся гулкiм брэхам. Амаль у наступную хвiлiну з голасным енкам ён адскочыў назад. Янук кiнуўся да Тапсiка, i ў гэны-ж момант убачыў сьвятло ручнога лiхтарыка. Робячы малыя зыгзакi ў паветры, сьвятло наблiжалася да хлопца. Сабака цiха скавытаў i лiзаў нагу.
   - Гэта ты, Янук? - загудзеў лагодны бас Лявона Шпунта. Хлапец стаяў, як адубелы, ня могучы паварушыць языком. Намагаўся нешта сказаць, ды ня мог адолець пярэпалаху.
   - Што ты тут робiш? - хацеў ведаць Лявон. Янук разгледзеў дзяцюка. Апрануты быў пасьвяточнаму, у гарнiтуры й пад гальштукам.
   - Дамоў iду, - адважыўся нарэшце малы Бахмач. - А ты што тут робiш? спытаў ён з чаргi. - Але-ж ты мяне напужаў, каб ты згарэў!
   - Дык iдзi, калi йдзеш! - сказаў Шпунт загадным тонам.
   - А што ты тут робiш? - спытаў яшчэ раз Янук.
   - Тваё якое дзела! - адрэзаў той непрыязным тонам. - Можа, я iзь дзяўчынай тутака. Кажу йдзi!
   Януку здалося, што воддаль каля дрэва нехта зварухнуўся. Хто-ж мог тут быць зь Лявонам у такую пару, калi сам ён мусiў-бы быць на вечарыне? I што яны тут рабiлi? Адылi Янук больш не марудзiў, бо чаго добрага, возьме гэты рослы дзяцюк, яму ў каршэнь надае. Рушыў сьцежкай, а за iм, пакульгiваючы, сабака.
   - Мой ты добранькi Тапсiчак, - пяшчотна прамовiў, гладзячы сабаку, ударыў цабе гэты паскудны хлыст...
   Як толькi хлапец выбраўся з Гараваткi на чыстае поле, нацянькi праз збажыну бегма кiнуўся ў кiрунку Лiтоўцаў. Мала дзе каторая хата сьвяцiлася вокнамi. Летам ашчаджалi людзi газу, завiдна намагалiся дагледзець гаспадаркi. Сяньня-ж тым больш не было патрэбы, бо шмат хто быў на йгрышчы.
   Шпарка бягучы, Янук нiчога ня думаў. Ды калi-б i думаў, то невядома цi прыйшло-б яму ў галаву, што ўночы жывы чалавек у Гараватцы ёсьць больш небясьпечным, чымся якая ўяўная нечысьць. Хлапец быў паглынуты ймкненьнем, каб якнайхутчэй забегчы дадому. Па пахiлай лекаравай нiве борзда ймчаў ён унiз. Ледзь пасьпяваў за iм кульгавы Тапсiк.
   Калi дабег да лекаравага двара й адчынiў скрыпучыя вароты, голасным брэхам залiўся доктараў Мурза. Тапсiк падскочыў да яго, сабакi пачалi нюхацца. Янук адчынiў другiя вароты й ужо быў ля свае хаты. На вулiчнай лаўцы ў цеменi разпазнаў сваiх бацькоў. Яны гаманiлi паўголасам.
   - Гэта ты, Янучок? - спытала мацi.
   - Так, мама. А што?
   - Ды мы нi спадзявалiся. Ждалi ўчорака, ажно як нi было...
   - Нi пусьцiў, - сказаў Янук з крыўдай у голасе.
   - Iж ты яго, - буркнуў бацька. - Чаму-ж гэта?
   - А чорт яго знаiць, - адказаў хлапец. - Ну, што тут у вас?
   - Нiчога такога. Ты вячэраў?
   - Так, на хаду. Ну дык я пайду, - памкнуўся ўжо адыходзiць Янук.
   У гэты час падбег Тапсiк.
   - А чаму-ж сабака кульгаiць? - заўважыў бацька.
   - Ды гэты хлыст ударыў яго, нi знаю, камянём цi чым.
   - Хлыст? Калi гэта?
   - Ну от цяперака.
   - А дзе-ж ты яго вiдзiў?
   - У Гараватцы, дзе-ж...
   - Ён цяперака ў Гараватцы? Ты нi манiш?
   - Чаго буду манiць... кажу, што на свае вочы вiдзiў.
   - Дык гэта ён, мусiць, тамака iз Косьцiкам Сабакевiчам, - сказала мацi.
   - Ты яго самога толькi спаткаў цi яшчэ каго? - перапытаў бацька.
   - Самога. Але мне выдалася, што чуў гаворку. Быў нехта другi, мусiць.
   - Дык пэўна Косьцiк там зь iм, - сказала тонам, што не пакiдаў нiякага сумлеву, мацi.
   - Чаму гэта iкраз Косьцiк? Адкуль там ён? - дамагаўся пастух.
   - А ты ня чуў?
   - Што чуў?
   - Што сягоньнiка на фэсьця ў Гацях нехта бальшавiцкiя ахвiшкi параскiдаў...
   - Так? - зьдзiвiўся Янук. - А мне-ж гэтыя, каб iх халера, доктаравы нiчога не сказалi.
   - Так i ведай, што гэта Сабакевiчавых рук нi мiнула.
   - Глядзi ты што. Дзiва, што Лявон так на мяне сыкнуў. Ну, ды я пабягу, бо ўжо позна.
   - Янучок!
   - Чаго?
   - Iдзi, хоць штаны й кашулю пiрадзень, а то як ты ў латаных на людзкое вока...
   - Адзе-ж яны?
   - Я табе зараз дам.
   Пайшлi з маткай у хату. Было там душна й цёмна. Упоцемку ўмiг зьмянiў Янук вопратку й вышмыкнуў на вулiцу.
   - Янук! - гукнуў бацька.
   - А што, тата?
   - Ты-ж глядзi тамака нi кажы нiкому, што ў Гараватцы хлыста вiдзiў. Чаго добрага, бяда прычэпiцца, - папярэдзiў Пракоп Бахмач на дарогу сына.
   - Што я дурны?! - адгукнуўся хлапец i шыбнуў у глыб вёскi.
   IV
   Косьцiк Бурак, пазьней празваны Сабакевiчам, быў сынам гаспадарлiвага серадняка. Бацька Паўлюк меў ладны кавалак урадлiвае зямлi, прыдзелены ў часе выхаду вёскi на хутары пры самым лiтоўскiм балоце.
   - Гэта каб на добрае, - мяркаваў цi раз Паўлюк, - дык жыць-бы, пажываць ды песенкi пiяць...
   Адылi немач у ягоную хату панадзiла. Кволае жончына здароўе яшчэ больш шванкавала пасьля таго, як Кастусь на сьвет зьявiўся. Хацеў, казалi, Паўлюк абавязкова, каб i другое, ды слабая Паўлючыха вынасiць не магла. Спачатку прабаваў Бурак кпiць з кабеты, пасьля дакараць, а наапошку й зусiм узлаваўся.
   Калi-б пацягнулi вы за язык (хоць цi патрэбна гэта было) найбольшую вясковую пахатуху, дзябёлую Кмiтаву Аўдолю, яна зусiм-бы йнакш i пасвойму ўсе прычыны Паўлючышынай немачы, як на стол, для яснасьцi перад вамi магла-б выкласьцi.
   - А ягодка-ж мая, а любая - барабанiла цi раз Аўдоля на вуха каторай кабеце, што слухаць хацела, - гэта-ж загнаў-зацягаў Бурак саўсiм сваю Матрону. Глядзiш i нi аглядзiсься, як у магiлу загонiць. Нi жартачкi-ж гэта: дзе нi глянеш, дык усюды яна ў тры пагiбелi скорчыўшыся - яна й на полi, i пры печы, i за прасьнiцай, i зь сярпом, яна й за кроснамi, i пры малатарнi, i з траплом, i пры мялiцы. Яно-ж сабе й другiя бабы лынды ня б'юць i цяжка працуюць, алi-ж ёй, дык ужо пiразь сiлы прыходзiцца. Можа й ня грэх быў-бы Паўлюку, каб аж чатурох кароў, сьвiней поўны хлеў нi гадаваў, кабаноў вялiкiх, як горы, нi выкармлiваў. А ты-ж iм навары, намiшай, ды нацiгай у карыты - дух зь цябе вон! А хто-ж гэта, ягодка родненькая, за ўсiм даглiдаiць? Га? Сам нябось нi пiрапрацуецца, рыла вунь якое адпасьвiў! А Божа-ж мой, якi гэта прагавiты й нiнасытны чалавек. Цi раз казала я ўжо, што для яго скацiна жонкi даражэй. Гэта-ж нявiдана-няслыхана. Такi жадны-прагавiты й такi скупiньдзя, што, каб ён на калiва наняў, а ўсю працу на жончын карак толька. Сам, дык, нябось, улегцы. Дзiва, што Матрона занiмагаiць часта. Зялезнае здароўе, ягодка, трэба мець, каб iз усiм, як iна, справiцца. Бедная ў горы вочы выплакала, як шчэпка высахла, у тры пагiбелi скорчылася, сухоты нажыла. А цi-ж гэта ёйныя гады так зараньня ў магiлу лезьцi, га?
   Па засвоенай практыцы, перасольваць i размалёўваць Аўдоля любiла, але ў гаворцы пра Буракоў вялiкая доля праўды была. Хiтры й прагавiты быў Паўлюк. Хоць ростам здаравенны гаргарына быў, але ня з тых, што ў працы панатужацца. Сам зь сям'i беднай i шматдзетнай, ад бацькi пару лысых неўрадлiвых гактараў зямлi пры дзяльбе атрымаў. Адно й мецiў, як на людзкую гаспадарку ўзьбiцца. Прыцюцькаўся быў да Матроны, што ў суседняй вёсцы ў бацькi адзiночкай расла. Паўлюк на пасагу вока трымаў. Казалi, што прыляпiўся да дзяўчыны, як тая смала, дый шмат iншых заляцанцаў, што на Матронiна дабро, як мухi на лiпкае ляцелi, ад яе адбiў. Калi-ж Матрона за яго выйшла, купу багацьця ў сямейную супалку прынёсшы, не на жартачкi ўзяўся гаспадарыць Паўлюк. Нельга сказаць, каб лiшняй увагай цi любасьцяй да жонкi грашыў. У ягоных вачох жонка на тое была, каб дзяцей на сьвет вадзiла, гаспадаркi глядзела ды наагул у працы пасабляла.
   Калi Паўлюк Бурак ужо цьвёрда на ногi стаў ды не апошняй маркi багатыром зрабiўся, калi можна было ўжо вальней i лякчэй у працы хадзiць, ён барзьдзей яшчэ разганяўся. Зайздрасьць да багацейшых, а поруч i прагавiтасьць расьлi без супынку. Горшаў i Буракоў характар. Раней мала каму ў дарозе спуску даваў, а цяпер i пагатоў. Жончын пасаг да рук прыбраўшы, i самую кабету пачаў, часта iз папругай у руках, да сваiх нораваў прывучаць.