Можа, i расла-б так дый пасьля й яна ахвярай каторага "сабакi" сталася-б, калi-б на паратунак той дзядзька, матчын брат, не прыйшоў. Сьвет дарогi ён ад Лiтоўцаў жыў. Невялiкi зь яго быў багацей, але канцы з канцамi неяк зьвязваў. Меў добрую працавiтую жонку й двое дзетак: старэйшага за Дуню хлопчыка й дзяўчынку - ёй аднагодку.
   - Схадзiла-б ты, дачушка, да Андрэя, - сказала аднойчы Дунiна мацi дачцэ, калi ёй адзiнаццаць стукнула. - Нi раз-жа прасiлi i ён, i Тацьцяна, каб ты прышла ды лета пабыла ў iх. Iзь iхнай Верачкай забаўляцца будзеш, весялей так удзьвюх.
   Два разы ня трэба спанукаць было. Назаўтра ранiцою - вясной гэта было выйшла Дуня ў дарогу й перад полуднем ужо ў сваякоў была. Прынялi з радасьцю. Прабыла ў iх цэлае лета. Дзядзька Андрэй i цётка Тацьцяна былi людзьмi практычнымi й кемлiвымi, навуцы цану ведалi. Цi раз iз Дуняй аб сям'i Макатуновых гаварылi. Iз балючым сэрцам глядзелi на галечу й рады былi-б чым дапамагчы.
   Дзядзьку Андрэю й цётцы Тацьцяне хапiла з гэтай затуканай дзяўчынай колькi слоў замянiць, за язык яе пацягнуць, каб пераканацца, што розумам i жыцьцёвай сьпеласьцю даўно перагнала яна свой век. Таму хоць шмат чаго высьветлiлi ёй проста як дзiцяцi, адылi раiлi ёй як узрослай. Загадвалi не пакiдаць навукi, ды трымацца, каб сьлядамi сёстраў, як падрасьце, не пайшла. Дуня ўважна слухала тыя гутаркi й пасвойму iх запамiнала.
   Там-жа ўлетку навучылася зьбiраць зельле, а пад восень грыбы й ягады. Цётка Тацьцяна гэтым карысным рамяством ужо колькi гадоў з посьпехам займалася. Шмат чаму навучылi дзяўчынку сваякi. Верачка-ж была добрай сяброўкай. Iзь ёй Дуня абабегала шмат суседнiх лясоў i палёў, памагаючы цётцы ў зьбiраньнi зёлак i ягадаў.
   Не агледзелася Макатунiшка, як у гэтай любай сямейцы лета маланкай праляцела. Той сьветлы час пасьля шмат разоў у жыцьцi яна прыгадвала. Калi-б папрасiлi тады, магчыма, засталася-б у iх жыць назаўсёды. Ды трэба было пад дом, там чакала школа.
   Зусiм накш глядзела яна цяпер на сваiх сёстраў, iхных дзетак, добрую й любячую яе, але хваравiтую й горам прыгнечаную матку. Iнакш i да школьных сяброў паставiлася: пасьмялела, ды кожнай абы якой жабе не дазваляла сабе на галаву пракудзiць. Новымi вачыма прыглядаючыся цяпер жыцьцю дома, бачачы, у якiм нядоглядзе й бядзе расьлi малыя дзеткi, чуючы ў сямейных сварках шматлiкiя таямнiцы саграшыўшых сёстраў, Дуня раньняй парой прайшла асноўную жыцьцёвую школу.
   Парады раднi прыйшлi да спадобы й Дунiнай мацi. Зь цiкавасьцю слухала й перапытвала яна дачку. Калi-ж дзяўчына, не заiкнуўшыся, сказала, што вучыцца ёй раiлi, мацi рукамi замахала й слухаць больш не хацела. Мала таго: накрычала на дзяўчыну, ды загадала, каб ня дурыла ёй з навукай галавы.
   - Як-жа-ж гэта ты будзеш так дзень у дзень такi сьвет дарогi, часта па мокрадзi й непагадзi, аж у Гацi шлёпаць. дура ты бярозавая? - сварылася Макатунiха. - Гэта табе жартачкi цi што? Падумаць толька добра, што яны табе параiлi, разумнiкi гэнкiя! Лацьвей iм, чужога гора нi знаючы! А яны цябе абуюць, надзенуць можа, га?
   Дуня ня ведала, што адказаць. Пры гэным матчыным вытыканьнi цяжкай жыцьцёвай беспрасьвецiцы ейныя спадзяваньнi на навуку, як прыгожыя мыльныя бурбалкi, - покалiся. Прыгадалiся цяпер словы дзядзькi Андрэя аб тым, што, падвучыўшыся, можна сьмялей на шырокi сьвет зiрнуць, у людзi паказацца, з галечы й смуроду вылезьцi. Няўжо-ж усё яно так i застанецца ў марах?
   I тут, як дабраславенства зь неба, на дапамогу прыйшла цётчына навука аб зельлi, грыбах i ягадах. Дуня ўхапiлася за гэта так сквапна, як галодны за акраец хлеба. Калi-ж скончыла чатырохгодку, вясной употайку ад iншых вясковых дзяцей зьбегала ў Гацi, дзе прынялi яе ў пятую клясу. Пасьля пачала ўвiхацца, як працавiтая мурашка, ля зёлак, грыбоў i ягадаў.
   Кiвалi галовамi й надзiвiцца не маглi вясковыя людзi з гэтага маладога й мiзэрнага падлетка, што зусiм непадобнай да iншых у сям'i расла. Дуня-ж даўгаязыкiм кабетам не давярала, а таму й аб сваiм аблюбаваным занятку мала з кiм гаварыла. Пабойвалася, мусiць, каб iншыя наперад не забеглi ды зёлак ня вызьбiралi. Дарэмна. Нават калi сяброўку сваю Клаву да гэтага карыснага занятку намовiла, калi ўсе пра гэна даведалiся, нiхто навыперадкi ня кiнуўся. Праца гэтая нялёккая была, хоць зельля навокал для ўсiх магло быць удосталь.
   Зарабiла дзяўчына за лета на абутак i вопратку, ды й мацi яшчэ колькi залатоўкаў дала. Паправiлася, папрыгажэла з выгляду, падрасла, стала больш зараднай, набралася сьмеласьцi й пэўнасьцi ў сваiх сiлах. Зь нецярплiвасьцю чакала таго часу, калi пачуе ў Гацях першы школьны званок.
   VIII
   Ганарыўся Янук, што трапiў у пятую клясу. Што там нi кажы, а дзеткi зь Лiтоўцаў за межы чатырохгодкi рэдка калi ступалi. Хлопцы за плуг i касу, дзяўчаты-ж за серп i прасьнiцу бралiся. Далейшае як на даланi вiдаць было.
   - Мой дзед араў, бацька араў i ты араць будзеш, - казаў падрастаючаму сыну цi адзiн непiсьменны, цяжкай працай i горам змораны селянiн. Гэтыя словы былi не накiраваньнем у жыцьцё, а прыгаворам. Хто-ж гэта з маладых асьмелiцца такому ўжо выпрабаванаму, традыцыйнаму сiвабародаму цьверджаньню, што пры прадзедах, дзядох i бацькох права грамадзянства здабыло, запярэчыць, або - ня дай Божа - яшчэ й наўсуперак пайсьцi?
   Адылi вось такi, як iльга сказаць, апошнi з апошнiх пастушок Янук наважыў не паводле гэнага ўцёртага ўзору ў будучыню сабе дарогу пракладаць. Калi-б ужо й давялося араць, дык што-ж, няхай сабе. Але чаго-ж сьпяшацца? Араць-жа таксама можна йнакш, чымся iншыя аралi дагэтуль, - значыцца, больш iз розумам, не рабiць агрэхаў, каб спарнеў плён на нiве.
   Мо, ня так выразна й акрэсьлена й не ў такой пэрспэктыве разважаў пра сваю цяпершчыну й будучыню Янук. Рачэй, адчуваў тое падсьведама, бо вучыцца бег прост-напрост напралом, маючы ненасытную прагнасьць пазнаньня навакольнага й далейшага сьвету.
   Вага першага кроку ягонага ў гацкай сямiгодцы падрасла яшчэ, калi ўявiў сабе, што гэта ён цяпер адзiн з цэлай вёскi, адважны й прадпрыемлiвы, што наважыўся далей, чымся iншыя, па няходжанай сьцежцы ступiць. Нават дзецi лiтоўскiх багатыроў, не гаворачы аб доктаравых, аб якiх казаў стары Бахмач, што "не твайго носа-палоса", i тыя вунь не асьмелiлiся.
   Iз добрым настроем i вынiкаючай з гэтага бадзёрасьцю, хоць не бяз пэўнай трывогi перад новай местачковай школай i незнаёмымi настаўнiкамi, сьпяшыў Янук у першы дзень новага школьнага году ў гацкую сямiгодку. Лазоўскi зьлiтаваўся, адпусьцiў пастушка раней, каб мог пачаць навуку разам зь iншымi дзеткамi.
   Iшоў нацянькi праз скарбовы лес. Было тут цяпер суха й вельмi прыгожа. Цiмала чаго цiкавага можна было ўбачыць па дарозе ў багацьцi лясное прыроды. Праўда, вясной цi зiмой тут было мокра, лiтоўскiя ў Гацi гасьцiнцам або чыгункай хадзiлi.
   Ужо падыходзячы пад мястэчка, воддаль на польнай сьцяжыне асачыў ён малую дзявочую фiгурку. Ня мог здалёк распазнаць, хто гэта быў. Якое-ж было Янукова зьдзiўленьне, калi, прыйшоўшы ў школу, на калiдоры сустрэў не каго iншага, а Дуню Макатунiшку.
   - Ты што тутака робiш?! - сур'ёзна й быццам ласку робячы, што наагул сваёй увагай яе ўдастоiў, гаркнуў на дзяўчыну. Нават вопратка на ёй - новенькiя чаравiкi, шкарпэты, андарак, блюзка, хусьцiнка - зьдзiвiла пастуха.
   - Тое, што й ты! - адсекла Дуня. Голас, няйнакш, выклiкаў яго на паядынак. Здалося Януку, што кпiлi зь яго блакiтныя, як васiлькi, вочы, быццам гаворачы: "Ты думаў, што ты адзiн такi ўвiшны гэрой? А от i я за цябе ня горшая!"
   - Ты... ты..., - пачаў Янук iз такiм зьдзiўленьнем, што раптам мову адняло. У малой Бахмачовай галаве паўстаў пэўны хаос. Зачырванеўся. Мусiць, калi-б у лiпенi саджалка на аселiцы ягонага бацькi пакрылася ў пагодны дзень лёдам, то ня быў-бы гэтак зьдзiўлены, як цяпер, пабачыўшы ў гацкай сямiгодцы Макатунiшку. Зьбянтэжаны, ён павярнуўся й адыйшоўся, ды паглядаў на бакi, цi хто ня бачыў, што ён дзяўчыну ведае.
   Усё было ў гэны дзень новае й неспадзяванае. Самых настаўнiкаў вучыць пятую клясу прыходзiла аж тры. Для Янука навiна гэта была не абы якая, было над чым падумаць. Але ў галаве ягонай адбывалася зусiм нешта iншае. Вунь у другiм радку на задняй лаўцы сядзела Макатунiшка. Янук часта касурыўся ў гэны бок.
   Здавалася-б, што Янук i Дуня ў гэтым асяродзьдзi зь вялiкай перавагай сынкоў i дачушак розных паноў i падпанкаў мусiлi быць натуральнымi сябрамi. Хлапец ня здольны быў гэта адразу ўсьведамiць. Наадварот, ён думаў аб тым, што рабiць, каб гэта дзяўчына анi заўтра, анi пасьля сюды нагой ня ступiла. "Што-ж гэта скажа Стась, Уладзiк, Алёша, цi iншыя вясковыя хлопцы, як толькi дачуюцца, што яна ў гэту школу разам са мной ходзiць? - турбаваўся Янук. Яны-ж так сьмiяцца будуць, што праходу па вулiцы ня будзiць".
   I ўжо ўяўляў, як гоняцца за iм хлопцы, асаблiва-ж тыя, што ягонай навуцы зайздросьцяць, выдумляюць мянушкi й небылiцы, бесьперапынна, як назойлiвыя сабакi, зьвягаюць. Якi сорам будзе, як разьнясуць-разьдзьмуюць: хоць ты на вочы людзям не паказвайся.
   Янук зiрнуў iзноў у дзяўчынiн бок i чырванеўся ад злосьцi. Дуня сядзела спакойна, слухала настаўнiка, як быццам гэта ўсё так i быць мае, што яна ў пятую клясу побач яго, Янука, належыць. "Глянь ты на яе! Iж ты якая брыдота! Iншыя дзяўчаткi - дык паўбiраныя як лялькi, а яна такая нейкая простая й нiкудышняя каля iх", - думаў малы Бахмач. У гэны момант забыўся, што нiжнiя зрэбныя штаны яму скуру ледзь не да крывi кастрыцай па дарозе ў школу нацерлi, што ў старой сiняй кужэльнай кашулi папрацiраныя на локцях рукавы як сiта прасьвечвалiся, што адно новымi ботамi мог-бы пахвалiцца, калi-б, панюхаўшы сьмярдзючы дзёгаць, панскiя дзеткi сваiмi далiкатнымi насамi не круцiлi й ад яго нi адварочвалiся. Мацi, як на тую злосьць, зусiм новыя й неабношаныя штаны споднiя дала, каб яны прапалi. Так смылiць нацёртая скура, проста ступiць баiсься. Але тая першая думка - "як-бы што зрабiць, каб нага ейная тут болi нi ступiла" - усёроўна верх трымала.
   Дуня трымалася ад Янука воддаль. Як забытая ўсiмi сiрата, стаяла яна падчас перапынку на калiдоры пры сьцяне, сочачы iншых дзяўчатак-шчабятушак, што шпацыравалi парамi цi тройкамi. Яны гаманiлi гулкiмi галасамi, залiвалiся буйным сьмехам. Калiдор быў паўнюсенькi, бо на дварэ ймжыў дожджык. Дзяўчына чулася ў гэтым новым асяродзьдзi зусiм дзiка. Мяркавала, што ў лiку вучняў павiнна быць якая вясковая дзяўчына, з каторай можна будзе пасябраваць, а таму пiльна ўглядалася ў твары й на вопратку. А Янук усё касурыўся на яе зь недалёкага кута.
   Доўга цягнуўся першы дзень школьных заняткаў. Калi iх канец абвесьцiў апошнi званок, згубiў Янук Дуню з вачэй, ды аж засопшыся нагнаў яе ў полi за мястэчкам. Iшла борзда, ледзь заўважна пазiраючы назад церазь левае плячо, быццам чакаючы зь Януковага боку нейкае неспадзеўкi.
   - Стой ты! - гукнуў хлапец, нагнаўшы. Дзяўчына звольнiла ходу й глядзела Януку проста ў вочы. Погляд гэны быў такi просты й сьмелы ды зусiм бязь нейкiх нязычлiвых адценьняў, што хлапец разгубiўся, адвёў унiз зрок.
   - Што хочаш? - спытала.
   - Я... хачу, каб ты са мной у школу нi хадзiла, - прамармытаў, апаноўваючы сваю разгубленасьць, пастух.
   - Я з табой нi хаджу, - сказала Дуня ды зноў прысьпешыла кроку.
   Янук, як аблiты варам, застаўся ззаду. "Ах, каб цябе халера, жаба ты! Яшчэ во носа задзiраiць. Я-ж табе!" - наважыўся ён.
   - Пажджы! - гукнуў зноў на дзяўчыну. Дуня гэтым разам прыкiнулася, што яго ня чула. Iшла вальней, паглядаючы на яго бокам, трымаючыся напагатове, каб у выпадку небясьпекi, як тая курапатка, пырхнуць да раптоўнага ўзьлёту. Хлапец ня ведаў, што далей рабiць. Гэта каб Макатунiшка яго адразу спалохалася, пачала ўцякаць цi што, от тады-б ён кiнуўся за ёй наўздагон, злавiў-бы дый мо адразу так накамшыў-бы туды, дзе балiць, настрашыў-бы, што адхацелася-б ёй школы. Яна-ж наадварот: проста й сьмела яму ў твар адказ кiнула. Такога не спадзяваўся. За сваю разгубленасьць i няздарнасьць, за тое, што вось "гэтая жаба" да страты ягонай раўнавагi спрычынiлася, яшчэ больш злаваў i кiпеў Янук.
   - Я хачу, каб ты саўсiм у гацкую школу нi хадзiла! Чуеш ты? - моцным i пагрозьлiвым голасам загаманiў Бахмач.
   Дзяўчына зiрнула ад яго спадылба.
   - Адчапiся! - сказала.
   Хлапец зьбянтэжыўся канчаткова. Што тут рабiць? Набiць яе? Але-ж як гэта, калi не ўцякае? Вялiкую крыўду пачуў да яе за тое, што не захавалася так, як ён хацеў. Звольнiў кроку й застаўся ў роздуме. Дзяўчына-ж пасьпяшыла, быццам высьцерагаючыся, каб не пачаў абкiдаць яе каменьнямi.
   Ад гэнага першага дня Дуня пазьбягала Янука. Мецiла заўсёды, каб выйсьцi раней iз школы й апярэдзiць яго. Вясковыя-ж падшыванцы, дражнячы Янука, быццам у вадну дудку трубiлi. Нават Макатуном яго клiкалi. Найперш хлапец гэна зьвяганьне мiма вушэй стараўся пушчаць. Ды iншым разам, бывала, так дапякуць-дасоляць, што ажно рукi сьвярбяць, каб катораму ў мурло заехаць.
   - I што гэта за школа, што Макатунiшка туды ходзiць? Га-га-га! - кпiлi зь яго. Выглядала, што яны, якiя невукамi наважылi быць, сталiся цяпер разумнейшымi за яго адно таму, бо не наведвалi школы, куды хадзiла Дуня. Замiж таго, каб паспачуваць дзяўчыне, каб за зьвяганьне прылавiць i аддубасiць каторага, Янук яшчэ больш кiпеў злосьцю на Дуню: гэта яна вiною ўсiх кпiнаў была. Наважыў раз i назаўсёды адабраць у яе ахвоту да навукi.
   Гэтым разам пасьля заняткаў выбег першы, борзда мiнуў местачковыя хаты й, убегшы ў лясны гушчар прытаiўся ля самай сьцежкi. Сядзеў упрысядкi й праз галiнкi кустоў сачыў, як Дуня, нiчога дрэннага не варожачы, спакойна йшла дахаты. Крыху раптоўней пачало бiць Янукова сэрца ў меру ейнага наблiжэньня.
   Калi мiнала Янукова сховiшча, ён раптоўна выскачыў з-за куста. Дуня перапалохалася, манiлася падацца ўбок, але Янук хапiў яе за рукаў.
   - Я-ж цябе правучу, крутушка ты! - сыкнуў. - Я табе казаў са мной у школу нi хадзiць!
   Дзяўчына пачала тузацца. Сшыткi й кнiжкi ейныя вытрасьлiся з кужэльнай сiняй торбы на мокрае лiсьцё.
   - Пусьцi мяне, ты... злы...
   Адылi Янук уплёўся яшчэ мацней, падставiў нагу, пакацiў i пачаў таўчы яе кулакамi. Макатунiшка, спасьцярогшы, што левая Янукова рука трымала за каўнер ейнае палiто, моцна ўкусiла яе зубамi. Хлапец iз крыкам ад болю выпусьцiў каўнер, але адно на мiг. Яшчэ больш разьюшаны, пачаў бiць дзяўчыну па грудзёх i па твары. У яе паказалася кроў з носу, але хлапец не ўтаймоўваўся. Меў намер бiць, пакуль пачне прасiць лiтасьцi.
   У гэнай гарачцы не пачуў Янук ззаду крокаў. Нейкая моцная рука падняла яго, як кволае шчанё, ды паставiла на ногi.
   - Ты што гэта вырабляеш? Ах нягоднiк! За што яе б'еш? - злосна загудзеў бас дзядзькi Захарука, i перад самым Януковым носам гнеўна задрыжэлi даўгiя рудыя вусы. Дзядзька наскочыў, вiдаць, на iх неспадзеўкi.
   Янук стаяў спалоханы й зьбянтэжаны, ды крыху пабойваўся, што яму цяпер ад дзядзькi ў каршэнь дастанецца. Балела ўкушаная рука. Макатунiшка ўскочыла зь зямлi, абтрасала лiсьцё, зьбiрала ў торбу сшыткi й кнiжкi. Твар ейны быў акрываўлены, у вачох стаялi сьлёзы. Захарук, быццам клешчамi, трымаў хлапца за правую руку.
   - Дзядзька, пусьцi, - прасiўся Янук.
   - Скажы, чаму дзяўчыну бiў, тады пушчу! - загадаў Захарук.
   Янук маўчаў i тузаўся.
   - Завошта ён цябе бiў, Дуня? - спытаў рудавусы дзядзька дзяўчыну.
   - Нi пушчаiць у школу. Кажыць, каб зь iм нi хадзiла, - дрыжачым галаском скардзiлася пакрыўджаная Макатунiшка.
   - Так? - зьдзiўлена зiрнуў проста Януку ў вочы здаравенны дзядзька. - Ты гэта што? Яна цябе пытацца маiць? Чаму-ж гэта?
   - Калi яна,... - зацяўся Янук.
   - Ну, ну! Што яна? - спанукаў дзядзька.
   - Яна - Макатунiшка, от што. Мне ўсе хлопцы наругаюцца, праходу нi даюць.
   - От як! Дык гэта ты думаiш, што ты за яе лепшы, га? Скажы, чым-жа ты за яе лепшы!
   Янука як быццам хто доўбняю па галаве ў той момант смалянуў. Нiколi ня бачыў сваiх суадносiнаў з Макатунiшкай у сьвятле такога параўнаньня. Iншыя раней за яго ацанiлi, пастанавiлi, вынесьлi маральны вырок. Янук прыняў той вырок, як добрую манэту. Нiхто-ж раней не пярэчыў, што Макатунiшкi - гэта нешта самае найгоршае й найнiжэйшае. I ён малпаваў iншых.
   - Дзядзiчка, пусьцi! Балiць, - прасiўся.
   - А будзiш болi бiць?
   - Ня буду.
   - Ну глядзi-ж, а то дух зь цябе вон, як другi раз злаўлю! - памахаў Захарук пагрозьлiва жоўтым, пазакурваным тытунёвым дымам, пальцам. - Ты ня думай, што ты за яе лепшы. Усе чыста людзi перад Богам роўныя. Толькi адны ёсьцека багацейшыя, а другiя бяднейшыя, адны маюць болi, а другiя менi бяды, от як. А на другiх хлопцаў, каторыя цябе дражняць, плюнь. Яны самi ў школу лянуюцца хадзiць i табе й Дунi зайздросьцяць, от як. Ну, дык ты дзяўчыну ня крыўдзi, а памагай ей. Будзiш цi не?
   - Ня буду бiць.
   - Дык глядзi.
   Часта пасьля вяртаўся Янук да пастаўленага Захаруком пытаньня: "чым-жа ты за яе лепшы?" Падрастаючы ў асяродзьдзi, дзе быў войстры сацыяльны падзел, Янук пераймаў-малпаваў думкi iншых, разважаў прынятымi нормамi й катэгорыямi. Адно было лепшае, а другое горшае, гэта было чорнае, а тое - белае. Макатунiшка была горшая за iншых таму, бо выводзiлася зь бяднейшых, найбольш сацыяльна пакрыўджаных у вёсцы.
   Захарукова пытаньне спрычынiлася да завайстрэньня Януковай назiральнасьцi. Пiльней пачаў цяпер прыглядацца Макатунiшцы, дый ужо ня з тэй пазыцыi, што раней, калi дзяўчына загадзя прыдзелена была да групы найгоршых.
   Перадумаўшы, Янук ужо гатовы нават быў згадзiцца, што Макатунiшка не абавязкова горшая за яго таму, што яна зь бяднейшых, што прынамсi гэта яшчэ канчаткова не ўстаноўлена; у сваёй ацэне даваў пэўную скiдку на дзяўчынiн характар. Дуня-ж далей трымалася ад яго здалёк. Школу наведвала рэгулярна. Янук заўважыў, што выяўляла немалыя здольнасьцi, матар'ял заўсёды мела добра апанаваны. Адно недахоп сьцiпласьцi замiнаў Януку прызнацца, што з навукай ня горш, чым ён, спраўлялася. Калi-б хлапец прыгадаў яшчэ, у якiх умовах Дуня жыла й што дома амаль ня мела магчымасьцi рыхтаваць школьных працаў, запраўды мо зьдзiвiўся-б, як яна раду дае. Але так далёка думаць цi ацэньваць Бахмач яшчэ ня ўмеў.
   Адзiн выпадак зьблiжыў яго назаўсёды з Макатунiшкай.
   Гацкую школу наведвалi найбольш местачковыя дзецi польскiх ураднiкаў, чыгуначнiкаў, асаднiкаў ды iншых. Гэта была тая катэгорыя людзей, якiх Янукоў бацька залiчыў да "не твайго носа-палоса". Iхныя кругленькiя пунсовенькiя тварыкi ня звыклi моршчыцца ад нявыгады, а кiшкi ў чэравах - бурчэць ад голаду. Добры мелi абутак, а на вопратцы рэдка калi дзе латку ўбачыш. Куды там да iх пастуху Януку раўняцца было! Зiмой у iх i канькi, i лыжы, летам i мячы, i рыбалоўнае знарадзьдзе, а часу для гульняў i адпачынку хоць адбаўляй. Яны заўсёды ўлёгцы час праводзiлi. Дзе гэта калi Янук бачыў каторага зь iх пры якой працы.
   Прыгадвалася Януку адно цi другое яйка, што мацi зь вялiкай руплiвасьцю адкладала ад тых трох цi чатырох нясушак, каб-жа хаця якi дзясятак назьбiраць; прыгадвалася дбайна й скваплiва зьбiраная ў вялiкiм стаўбуне сьмятана, зь якой пасьля ў маслабойцы-самаробцы масла бiлi, а перагонам i сыраваткай свае дзеткi сытыя мусiлi быць; тварог iшоў на сыр, якi мацi выцiскала ў кружэльнай чыстай торбачцы й пасьля падсушвала. Усё гэта, старанна ашчаджанае, ад сваiх дзетак адабранае, пасьля ў мястэчка мацi на рынак нясе, каб паном прадаць. За тыя-ж скупыя грошы трэба й солi, i газы, i запалкаў, i цукру - усё найнеабходнейшае ў гаспадарцы, без чаго не абыйдзесься. Самi-ж неяк ногi валачылi: то на сыраватцы, полiўцы, то на перагоне, а то часта й у прыгаладзь.
   Дык вось гэта й былi тыя самыя дзеткi панкоў, што на цяжка сабраных маткай ласунках гадавалiся й круглелi. Як-жа не ласавацца й не абжырацца iм, калi ў iхных бацькоў усе грошы былi! Яны не даглядалi й не гадавалi, адно спажывалi. Януковы-ж ад цямна да цямна на неўрадлiвай сваёй цi ўрадлiвай панскай нiве кешкалiся, а калi гэта дзеткi Бахмачовы якiя ласункi бачылi? Хiба адно на Каляды цi Вялiкдзень, дый то скупа. Дзiва няма, што Янукова чэрава на лiхой поснай страве бурчэла-жалiлася.
   Разважаньнi гэткiя радзiлi ў Янука нялюбасьць да сыценькiх польскiх дзетак. Адылi як на дзiва, хоць часта галодны, Янук на навуку моцна налягаў i хутка адным зь першых вучняў у клясе стаўся. Местачковыя-ж вучнi пачалi глядзець на гэтага худога, сьцiпла апранутага юнака iзь зьдзiўленьнем i зайздрасьцю.
   Янук увыдатняўся й iншым. Хаця ў школе забаранiлi гаварыць пабеларуску, асаблiва падчас лекцыяў, ён нiколi не цураўся роднага слова. Як толькi што трэба было да якога беларускага хлопца цi дзяўчыны сказаць, дык як наўмысьля ад нiкога ня крыўся. Мо таму, што адным зь перадавых у клясе быў, настаўнiкi гэта мiма вушэй пушчалi. Не палюбiлi-ж яго некаторыя, "хамам" i "кацапам" пачалi клiкаць ды шукалi нагоды, каб "падцерцi хаму носа". Янук не адказваў на iхныя выклiкi й зачэпкi.
   Было двух, што настырлiва Януку на пяткi налазiлi, безь зьняважлiвае зачэпкi рэдка калi мiналi. Сьцiснуўшы зубы, доўга цярпеў хлапец. Ажно аднойчы пастанавiў, што перабiраюць мерку, што далей, то праходу нiдзе не даюць. Калi якой рады ня ўзяць, дык i на галаву ўзьлезуць.
   Пры першай нагодзе пасьля такой пастановы насалiў ён тым дакучлiвым, колькi ўлезла. На вынiкi доўга ня трэба было чакаць. Панкi ведалi, што й свiньня, бывае, дзеля свае патрэбы ад карыта адыходзiцца, дык у школе Янука не чапалi. Аднаго дня пасьля школы аж на краю мястэчка Бахмача прыпiльнавалi. Янук ня першы раз удужкi браўся, i пакуль яго ўтаймавалi, дасталося й самiм. Але-ж двух аднаму цяжка асiлiць. Ну й спаганялi-ж ахвоту. Калi зьнядужэлы хлапец ня мог баранiцца, яшчэ паваленага чаравiкамi даканчвалi.
   - Ах, вы, што гэта робiце?! - крыкнула, падбегшы, Макатунiшка. Забылася ўраз аб крыўдзе, якую Янук ёй некалi зрабiў, сьпяшалася на помач.
   - Заўтра дырэктару скажу, пабачыце вы, бандыты! - крыкнула яна, уплёўшыся за палячкоў i адцягваючы iх ад Янука.
   Адзiн сыкнуў на дзяўчыну, але другi спынiў яго. Янук ляжаў на траве ля дарогi й стагнаў. Пазьбягалiся, каб пабачыць, што сталася, абступiлi Янука й Дуню суседнiя дзеткi й старэйшыя. Палячкi змылiся. Як тая клапатлiвая кураводка затупала ля хлапца Макатунiшка, мяркуючы, як-бы яму памагчы. Кiнулася ў суседнi двор, намачыла ля калодзезя ў цэбрыку хустку й пачала абмываць акрываўлены твар. Стогнучы, хлапец уставаў.
   - Але-ж i зьбiлi, чэрцi! - кляла дзяўчына. Яна нясьмела глядзела Януку ў вочы, быццам баялася, каб не прагнаў. Янук абмацваў твар, бакi. Смылела скура, набухалi пухлiны, паказвалiся сiнцы. Ён iз сарамяжлiвай удзячнасьцю зiрнуў на Дуню й рад быў-бы ейную руку пацалаваць. Нiколi яшчэ ня чуўся перад ёй такiм маленькiм. Ня мог наважыцца зiрнуць у васiлькова-сiнiя заклапочаныя вочы, прыгадваючы, як некалi яе скрыўдзiў.
   З таго дня пасябравалi. Разам хадзiлi ў школу, дзялiлiся вучнёўскiмi клопатамi й iнтарэсамi, уражаньнямi й спасьцярогамi аб iншых вучнях, настаўнiках, кнiжках, што чыталi цi жадалi-б прачытаць. Чым больш пазнаваў Янук Дуню, тым больш яе шанаваў.
   Было гэта аднойчы перад Калядамi. Дуня, выклiканая да дошкi з арытмэтыкi, часта запiналася, голас ейны дрыжэў. Янук быў больш зьдзiўлены, чым разчараваны. Бачыў, як некаторыя дачушкi панкоў хiхiкалi, задаволена моргаючы адна другой вачыма. Януку шкада стала Дунi. Калi-б мог, пасьпяшыў-бы ёй на дапамогу. Дзяўчынка, атрымаўшая дрэнную ацэнку, пунсовая ад сораму, вярталася на сваё задняе мейсца.
   Дамоў iшла сумная. Як нi прабаваў разьвясялiць яе Янук, нiчога не памагала.
   - Скажы мне, чаму ты сягоньнiка лекцыi нi знала. Ты-ж кажды раз...
   - Учорака нi далi мне навучыцца, от чаму, - злосна адказала дзяўчына.
   - Хто гэта?
   - Знаiш хто...
   Дрыжэла ейная нiжняя вусьнiна. Заносiлася на плач. Старалася не глядзець Януку ў вочы.
   - Не, нi знаю, - сказаў Янук.
   - Бахуры, от хто! - сказала й злосна зiрнулi на сябру. Васiльковыя вочы загарэлiся благiм агнём.
   - Дык, а чаму ты ад iх нi схаваесься?
   - Куды-ж? Да сьвiньнi ў катух пайду, цi што? У нас цесна, разлажыцца недзiка.
   Доўга йшлi моўчкi. Янук цяпер пачынаў разумець, як цяжка Дунi даецца навука. Iншая даўно рукой махнула-б, плюнула-б на яе. Але не яна. От-жа-ж i вытрывалая. Хоць iз плачам, але цягне, не паддаецца. Ды, прызнацца, Янук i ня бачыў яе яшчэ нiколi ў плачы.
   - Слухай, Дуня, - пачаў ён. - А можа-б разам са мной магла ты лекцыi адрабляць, га? Калi хочаш, я папытаю тату.
   Дзяўчына доўга й уважна паглядзела на яго, нiчога не адказаўшы. Здалося Януку, што тварык ейны праясьнiўся, як у хмарны дзень нясьмела вызiрне з-за кружалю хмар i хлыне сьвятлом, каб вомiг зноў схавацца, сонейка.
   - Ну, дык што ты на гэта? - насядаў Янук.
   - Нi знаю, Янучок. Пагавару з мамай, што яна скажа. А ты папытайся свайго таты, калi захачу прыйсьцi, то цi пусьцiць.
   - Ну добра, - буркнуў Янук.
   Быў крыху разчараваны, што не згадзiлася адразу. Падсьведама, вiдаць, жадаў, каб дзяўчына была ў яго ў нечым, хоць самым маленькiм, залежная. Ужо нават хлопцы вясковыя спынiлi дражнiць яго Макатунiшкай, калi ад некаторага часу iх маўчаньнем збываў. Адылi сам адно кагадзе пазнаў, як моцна быў да гэтай беднай Макатунiшкi прывязаны, якую неацэненую меў у ёй сяброўку. I найгорш упiкала яго гэтая ганарлiвая, як яму здавалася, незалежнасьць ейная. Але чаму сяньня назвала яго "Янучок"? Гэта-ж сталася ўпяршыню. Адно мацi гэтак яго клiкала. Здрабнелае ймя мела таму для яго асаблiвую цяплыню й ласку. Ня можа быць, каб з Дунiных вуснаў выскачыла яно прыпадкова. Мусiць, была яму ўдзячная за прапанаваную паслугу ды йнакш ня ўмела выказаць.
   Назаўтра Дуня сказала, што мацi дазволiла ёй заходзiцца да Бахмачоў рыхтаваць лекцыi. Януковы-ж бацькi ня толькi ня мелi нiчога супраць таго, наадварот - былi задаволеныя. Навылёт ведалi, у якiх умовах жывуць Макатуны, i рады былi памагчы.
   Ад таго часу, з прычыны такога зблiжэньня мiж Януком i Дуняй, сяброўства iхнае яшчэ больш утрывалiлася. Большую частку дня праводзiлi супольна. Па дарозе ў школу й назад шмат было часу для гаворак. Дзялiлiся мiжсобку, бяз утойваньняў, усiмi пытаньнямi, што iх супольна цiкавiлi. Янук ня бязь зьдзiўленьня спасьцярог, што Дуня шмат аб чым гаварыла з мудрасьцю й дасьведчаньнем старэйшых людзей. Хлапца iнтрыгавалi прычыны гэтых дасьведчаньняў, аж пакуль аднойчы не знайшоў iх кораня.