Хлопцы з дванаццатай роты сустрэлi ў гэным транспарце Мельнiка, што калiсьцi быў пры школе камандзераў БКА, а цяпер - у трэцiм батальёне. Ён застаўся ў чыне афiцэра. Мельнiк апавядаў, што ў iхным батальёне, як i ў першым, кожная рота мела беларускага й нямецкага афiцэра. Не адзiн з дванаццатай роты пытаўся сябе, чаму яны ня мелi свайго афiцэра. I ўжо каму як каму, але iхняй-жа роце, колiшняй афiцэрскай школе, трэба было-б мець беларускага камандзера. I, вiдаць, было тое зусiм не прыпадковым. Мо гэта мсьцiлiся на iх цяпер за тую салiдарнасьць, выказаную аднойчы так дружна i ўдала пры страйку за харчы, а iншым разам - пасьля пакрадзеных у прускага баўэра агуркоў. Хто-ж мог ведаць...
   У нядзелю днём давялося нашым хлапцам блiжэй пазнаёмiцца з французамi. Побач чыгункi з правага боку працякала невялiкая плыткая рэчка. Дзень быў спякотны й парны. Шмат хто пайшоў купацца. Каля паўдня пазыходзiлася шмат французаў, старых i маладых, хлапцоў i дзяўчат. Хоць нiхто ня ведаў мовы, там-сям бачныя былi ўсьмешкi, размахваньне рук, пры дапамозе якiх тлумачылася тое, чаго ня змог язык. Кiнулася новапрыехаўшым у вочы й сьмеласьць дзяўчат. Дзе-б вы бачылi ў Беларусi, каб узрослыя дзяўчаты так вось проста бязь нiякага сораму прыходзiлi туды, дзе купалiся жаўнеры? А тут-жа во былi побач, усялякiх выглядаў i ростаў. Што-ж, калi языка ня было. Навет i самы галоўны флiртаўнiк Кастусь Дзежка стаяў бязрадным.
   БЭЗАНСОН - ВАЛЬДАГОН
   I
   Раньнiмi гадзiнамi 28 жнiўня 1944 году жыхары францускага гораду Бэзансон, што ляжыць на паўночна-заходнiх сьхiлах Альпаў, зь вялiкiм зацiкаўленьнем прыглядалiся да даўгой калёны войск, што, пакiнуўшы чыгуначную станцыю, пасоўвалася вулiцамi ва ўсходнiм кiрунку. Жыхары Бэзансону бачылi вайсковыя мундзiры, пэўна-ж, ня першы раз, i сам факт таго, што ў горадзе зьявiлася новае войска, ня спрычынiўся-б да вялiкага зацiкаўленьня iм. Адно, што гэтае войска, усё пяхотнае, выдавалася iм зусiм iншым, чымся тое, што бачылi дагэтуль. Найбольш цiкавасьцi выклiкала не самая людзкая калёна, але тое, што цягнулася ў хвасьце за ёю: маленькiя ў параўнаньнi зь мясцовымi конiкi, што хуткiм дробненькiм крокам цягнулi такiя-ж малыя каламажкi з падвойнымi аглоблямi й дугамi. Французам найбольш дзiўнымi выдалiся тыя дугi - бачылi iх першы раз у жыцьцi. I чатырохколавыя вазы пабудаваныя былi зусiм iнакш, чым iхныя, францускiя, але ўжо-ж гэныя малыя конiкi сваёй пародай нiяк не маглi быць сваякамi iхным францускiм цяжкiм цяглавым коням.
   Дык i ня дзiва тады, што амаль усе аддавалi асноўную ўвагу коннаму вабозу. Ён быў прадметам гутарак i пераважна насьмешак. Апошнiя плылi ня толькi на адрас самых вайскоўцаў i iх хурманак, што йшлi ў гэным часе па вулiцы, але i на адрас "бошаў" - немцаў. I як-жа было не сьмяяцца з будаўнiкоў "новай Эўропы", якiя даваявалiся да таго, што паклiкалi на дапамогу адзьдзелы, якiя так выразна рэпрэзентавалiся перад варожым насельнiцтвам такiм выдатна-сваеасаблiвым транспартам? Хутка прыйдзе iм канец - так, напэўна, заключылi французы свае выснавы з тых назiраньняў.
   Вестка пра гэтае дзiўнае войска хутка разжляцелася па Бэзансоне й суседнiх вёсках, найперш тых, што ляжалi побач шашы ў Вальдагон. Спынiўшыся на часовы адпачынак у наступнай за горадам вёсцы, жаўнеры заглянулi ў шматлiкiя крамы. Тыя, што ўжо нейкiм чынам прыдбалi франкi, накiнулiся на вiно. Крамнiкi надта неахвотна бралi ў заплату нямецкiя маркi. Дый чаму-ж мелi-б браць? Яны зусiм справядлiва варажылi, што днi нямецкага панаваньня былi палiчаныя. А пасьля што ты будзеш рабiць з маркамi?
   Не адзiн крамнiк усьпеў ужо распытацца й даведацца, дарма што жаўнеры ня ведалi францускае мовы, пра iхную нацыянальнасьць.
   - Нон алеман? - пытаўся крамнiк, паказваючы пальцам на прысутнага жаўнера. Той па нейкiм часе здагадваўся, што, мусiць, пытаюцца, якой ён нацыянальнасьцi.
   - Но, нон алеман, - адказваў. - Я - белорусьен, рус блянк, - тлумачыў.
   - Рус блянк? - кiваў зь цiкавасьцi галавой крамнiк.
   Хто ведае, цi ня думаў, што жаўнеры гэтыя былi белымi расейцамi, у адрозненьне ад чырвоных. Пасьля мо ў галаве ягонай узнiклi iншыя, зьвязаныя з гэным пытаньнi, на якiя не ўдалося-б здабыць ад гэтых людзей адказу.
   - Шпрэхэн зi дойч? - пытаўся крамнiка жаўнер. Француз з запярэчаньнем кiваў галавой, што па-нямецку не разумее. На гэтым звычайна гутарка канчалася. Жаўнер паказваў пальцам на палiцы тое, што хацеў купiць, зь цяжкасьцю дагадваўся аб цане, iзноў-жа паклiкаючы на дапамогу рукi, i, заплацiўшы, выходзiў.
   II
   Асфальтавая, добра дагледжаная шаша вiлася па гарах i ўзгорках, часта разьдзяляючы падгорныя зарасьнiкi й лясы, месцамi рэжучы горныя скалы. Прадугледжваючы магчымасьцi нечаканае засадкi з боку партызанаў, была выдзеленая й высланая на фронт калёны пярэдняя старожа ў сiле адной дружыны. Яна йшла са зброяй напагатове. Заўсёды трымалася на адлегласьцi зрокавага кантакту з галоўнай калёнай. Такая-ж самая старожа замыкала калёну ззаду. Хоць войска было больш двух батальёнаў i непраўдападобным магло здавацца, што французы кiнуцца ў ясны дзень на змаганьне з такой сiлаю, меры асьцярожнасьцi былi нармальнымi ў чужой няпрыяцельскай тэрыторыi.
   Конiкам, асаблiва ўзьбiраючыся пад горы, даводзiлася цяжкавата. Наагул падарожжа было вольнае й маруднае. Дакучала сьпякота. Дарога пуставала. Рэдка праедзе ў заходнiм кiрунку вайсковая аўтамашына.
   Першую ноч пасьля Бэзансону адзьдзел затрымаўся пры дарозе на чыстым полi. Ноччу разбудзiў жаўнераў густы лiвень. Спалi пад наскора пабудаванымi палаткамi. Кожны меў трохкутны густы й непрамакальны кавалак матэрыялу, званы "пляндэкай", або проста маскiроўкай. Па самай сярэдзiне яе была прарэзаная падоўжаная адтулiна, у якую ўсоўвалася галава ў выпадку, калi маскiроўка апраналася. Канцы-ж зашпiльвалiся навокал каля пояса. Калi трэба было пабудаваць палатку, чатыры жаўнеры складалi свае трыкутнiкi-маскiроўкi, прымацоўвалi нiжнiя канцы матузамi да паўбiваных у зямлю калочкаў, i было гатовае "памяшканьне", дзе, хоць у цеснаце, магло памясьцiцца чатыры ўдзельнiкi. Дый спаць было цяплей. Трэба прызнаць, што выдумаў гэныя маскiроўкi нехта надта практычны, бо служылi яны дзьвюм мэтам: для апрананьня й для аховы ад ападаў у часе адпачынкаў.
   Жаўнеры трыццатае дывiзii зь вялiкай цiкавасьцю прыглядалiся да францускiх гарадоў i вёсак. Найбольш дзiўным выдалася iм вялiкая колькасьць гандлёвых рэкламных шыльдаў. У Беларусi гэтулькi ня было. Цэлыя франты крамаў былi размалёваны й пазавешаны рэклямамi. Рэдка дзе пуставаў кавалак сьцяны. Сымону яшчэ раней, прыкладам, вельмi дзiўным выдаўся нейкi вялiкi надпiс, што займаў цэлую сьцяну сялянскай пунi ў прыдарожнай фэрме. Гэтая рэкляма была-б проста дзiвам у Беларусi. У тым знадворным выглядзе краiны жаўнеры й бачылi найперш асноўную розьнiцу мiж Францыяй i iхняй Бацькаўшчынай.
   Хлопцаў з дванаццатай роты апанавала нейкая абыякавасьць. Рэдка былi чуваць гутаркi. Калi дзе пад час маршу пры дарозе напаткалася яблыня, абкiдвалi яе з усiх бакоў палкамi й хутка падбiралi ападкi. Немцы не глядзелi скоса й ня крычалi ўжо, што тут "кайн Руслянд".
   III
   На другi дзень пад вечар адзьдзел прыйшоў у мясцовасьць Вальдагон i затрымаўся на адпачынак у бараках. Быў тут вялiкi й выгадны вайсковы вабоз, прыгожа расплянаваны на плоскай падгорнай раўнiне. Вiдаць было, што ня быў ён на скорую руку пабудаваны вайною, а, мабыць, раней.
   Было тут i некалькi кухняў, i сталовых, i заля са сцэнаю, дзе, пэўна, некалi забаўлялi вайскавiкоў мастацкiя гурткi, i лазьнi, i маса розных будынкаў, што служылi складамi, i наагул усё неабходнае для вайсковага жыцьця.Проста на поўнач ад вайсковага вабозу знаходзiўся вялiкi кавалак поля для вайсковых шкаленьняў. Там былi стрэльбiшчы й палi практыкаваньняў, плошчаю мо на пяцьдзесят квадратных кiлямэтраў.
   Дванаццатая рота разьмясьцiлася ў двух суседнiх бараках. Зь вялiкiм задавальненьнем некаторыя заўважылi, што на жалезных ложках былi сьвежапанапiханыя сеньнiкi. Цi адзiн ужо, кiнуўшы збоку сваю зброю й вайсковыя клункi, зь вялiкай насалодай выпрастаўся на пасьцелi, адчуваючы прыемную мяккасьць сена. Прыемнасьць трывала каротка. Прыйшоў загад, што ўсе без вынятку неадкладна павiнны здаць усю амунiцыю. Гэткi нязвычайны загад зацiкавiў не аднаго. Пачалiся адразу здагадкi й роспыты. I няведама дакладна, хто й адкуль прынёс тую вестку, мо навет яна раней яшчэ трапiла ў адзьдзел, што затрымаўся цяпер у Вальдагоне, - цяжка было ўстанавiць. Адно, што калi немцы загадалi здаць амунiцыю, дык тут-жа адразу знайшлося й паясьненьне: адзьдзелы з трыццатае дывiзii ў шматлiкiх месцах i нярэдка масава пераходзiлi ў горы да францускiх макiсаў. Паясьненьне было зусiм рацыянальнае. Усе адразу паверылi.
   Характэрнай была настойлiвасьць немцаў, каб нiхто не пакiнуў пры сабе нiводнага патрону. Мусiлi здаць якраз па шэсьцьдзесят штук, колькi былi раней атрымалi. Бяда была тым, што па дарозе згубiлi адзiн цi пару патронаў. Як-жа ты давядзеш немцу, што згубiў?
   Загад аб здачы амунiцыi лiшнi раз пацьвердзiў, што немцы не давяралi беларусам. Каму было малавата довадаў да гэтага часу, той цяпер канчаткова пераканаўся. Думкi аб уцёках у горы да макiсаў былi ўжо ў некаторых юнакоў з дванаццатае роты й раней, амаль зь першага дня прыезду ў Францыю. Цяпер-жа, калi прыходзiлi з усiх куткоў чуткi, што беларускiя адзьдзелы пераходзiлi да французаў, зьявiўся штуршок, падахвочаньне, прыйшла й сьмеласьць. Iдэi пачалi крышталiзавацца. Быў грунт для зьдзяйсьненьня задуманага. Хiба-ж тыя колькi дзесяткаў нямецкiх афiцэраў ды падафiцэраў маглi стаць перашкодай пры зрэалiзаваньнi пляна? Асноўнае - трэба было здабыцца на тую сьмеласьць, уплянаваць, а там ужо неяк пойдзе.
   IV
   Даўно сьцiх шум у бараку. Людзi, што ўжо два месяцы не спалi пад страхою будынку, акамянелi моцным сном. Некаторыя працяжна храплi. Толькi Сымон зусiм ня спаў. У галаве маячылiся розныя думкi, уражаньнi, успамiны. Перш за ўсё прыгадаў, што гэта быў вечар 29 жнiўня - роўна два месяцы з таго часу, калi афiцэрская школа пакiнула Менск.
   Вось ён i цяпер бачыць сябе, як мерыць крокамi менскi запылены брук. Плечы давiць цяжкi жаўнерскi хатуль, едкi пыл душыць горла. Ён Сымон Спарыш, пакiдае за сабою сэрца Беларусi - Менск. Уся iстота моўчкi пратэстуе супраць такога нечаканага гвалту. Ён усхваляваны. Ногi быццам адмаўляюцца ступаць наперад. Маршыруе маўклiвы, апусьцiўшы галаву. Як-жа выразна нарысаваўся ў памяцi ягонай гэты момант, той памятны нешчасьлiвы дзень! Дзе гэта ён спынiцца? Цi ў той абяцанай Турнам Гораднi?
   Ажно вось прайшло роўна два месяцы, й за гэты час лiхi лёс закiнуў яго зь сябрамi за тысячы кiлямэтраў ад дарагой радзiмы, на другi канец Эўропы, аж у негасьцiнныя францускiя Альпы. Чаго тут апынуўся? Што тут мае рабiць? Ваяваць? За каго? Ягоная-ж Бацькаўшчына й так ужо страчаная. Вораг даўно вунь зьдзекуецца над гаротным народам. Пакiнуў адзiн, пайшоў другi, а гвалт i зьдзекi надалей прадаўжаюцца. Толькi зьмянiлiся крывавыя катнiя рукi. Значыцца, ужо страцiў усё найдаражэйшае - Бацькаўшчыну й сям'ю. Адно засталася свая галава. I як-бы тады было, калi-б i гэта апошняе давялося трацiць? Цi мае ваяваць за немцаў супраць французаў, што таксама, як i беларусы, цярпелi пад панаваньнем нялюдзкага акупанта? Тое-ж было-б запярэчаньнем усялякай лёгiкi. Адносна гэтага ня было нiякiх сумлеваў. Ён даўно разьмежаваў ворагаў ад прыяцеляў. Бунтарны дух нiяк ня мог пагадзiцца, што мусiць выконваць загады тых, якiх ненавiдзеў. Неяк прыйшлi на памяць радкi верша, што ўлажыў некалi, будучы шчэ ў Вiльнi:
   Павесiм немцаў на вяроўку
   I скуру пасмамi здзяром,
   А бальшавiцкаму звяругу
   Сякерай голаў адсячом.
   Сымон i раней ня думаў вешаць усiх немцаў, адно тых, што зьдзекавалiся над ягоным народам, самых асноўных гiтлераўскiх катаў, што палiлi беларускiя вёскi, жанчын, дзяцей. Дый вершык той злажыўся ў яго зусiм бязь нiякiх разумовых намаганьняў, а проста спрычынены быў мо аж надмерным патрыятызмам i нянавiсьцю да ўсiх ворагаў Бацькаўшчыны, перадусiм бальшавiкоў i гiтлераўцаў.
   Вось i цяпер гэны вершык прыгадаўся. Як там ужо будзе з вешаньнем немцаў, думаў Сымон, але-ж у горы да францускiх партызанаў то скаблянуць можна. Ёсьць усе магчымасьцi. Дык i чаму-ж не скарыстаць? I Сымон аж заварушыўся на пасьцелi ад такой новай, маласпадзяванай думкi. Крыху дзiвiўся, чаму гэта раней такая добрая iдэя ня прыйшла. Але-ж i цяпер яшчэ ня позна. Там трэба будзе з тым-сiм пагаварыць, супольна абмеркаваць. А мо й ня толькi ў яго аднаго такая думка ёсьць, мо i ў каго iншага? Дык тады мо й разам? Варта падумаць больш глыбей, абмеркаваць усе "за" i "супраць", як кажуць. Гэта-ж бо такi важны жыцьцёвы крок меў бы быць. Дый ня толькi важны, але й небясьпечны. Асаблiва-ж небясьпечны. Крыху рызыкоўна, бо й краiна чужая ды няведамая. Але якая-ж iншая магчымасьць ратунку? Жыцьцё-ж належыць да адважных i сiльных духам.
   Прыгадалася Сымону, што да гэтага часу анi ён, анi сябры ягоныя - нiхто не даваў вайсковае прысягi. Спарыш не ўважаў прысягу, як некаторыя iншыя, за чыстую фармальнасьць. Прысяга для яго была таксама нечым большым, чымся ўрачыстая дэкларатыўнасьць. Яна абазначала поўнае адданьне, без рэзэрву, без павароту, усяе свае духовай й фiзычнае iстоты на службу Бацькаўшчыне, народу. Магло пасьля прыйсьцi Бог ведае што - раз дадзеная прысяга для Сымона былаб сьвятым правам i абавязкам на цэлае жыцьцё.
   Лежачы ў Вальдагоне ў бараку на пасьцелi, Сымон пастанавiў злажыць прысягу на вернасьць Бацькаўшчыне. Лiчыў, што час i месца зусiм ня горшае, чымся якое iншае. Дагэтуль - дарма што пайшоў у беларускую армiю - нiхто не парупiўся зь яго й пару сотняў iншых сяброў узяць прысягi. Тут-жа чалавек стаяў на парозе няведамага, цёмнага, небясьпечнага. Хто ведае, што можа стацца, куды лёс закiне. Што-б у будучынi зь iм, Сымонам, нi здарылася, якiя-б нi давялося рабiць фармальнасьцi, куды-б нi давялося трапiць - няхай Бог i Бацькаўшчына ведае, што ягоная ўрачыстая прысяга ёсьць сьвятым словам, абавязкам, вехаю дарожнай, якая будзе накiроўваць яго ў будучынi. "Няхай Бог усемагутны будзе мне сьведкам, - шапталi ў цемнаце вусны, - дарагая мая Бацькаўшчына, што на ўсё жыцьцё прысягаю служыць Табе й толькi Табе. Колькi ў мяне стане сiл, здольнасьцяў, здароўя - усё аддам для Твайго дабра. Прысягаю на сьветлую памяць пакойнай маткi маёй, на нявiнную кроў маiх суродзiчаў, на памяць загiнуўшых нязьлiчоных нашых змагароў за лепшую долю, што верным застануся Табе аж да сьмерцi. Калi-б я сьведама адрокся тут прырэчанага - няхай мяне пакарае Бог. Сьведкамi гэтаму ёсьць маё сэрца й сам Усемагутны".
   Аж сьлёзы пакацiлiся з вачэй, Сымон так сябе ўзрушыў, так усхваляваўся, што толькi цяпер, пасьля даньня волi сэрцу й душы, пасьля прысягi, супакоiўся. Незадоўга ўжо спаў моцным i спакойным сном.
   V
   Ранiцою, пасьля скупога сьнеданьня й атрыманьня ўсёй, учора здадзенай, амунiцыi назад, даўгая шэра-зялёная калёна накiравалася проста на поўнач. Дзень быў сонечны й душны. Маршыравалi павольна. Пераначаваўшы па дарозе яшчэ адну ноч, на другi дзень дайшлi да рэчкi Дуб, што плыла лагчынай, з абодвух бакоў абмежаванай гарамi. Войска павярнула шашой на ўсход. Сымон цэлы час iшоў моўчкi i ўсё песьцiў тую неспадзяваную думку аб уцёках у горы, што ўчора так раптоўна стрэлiла яму ў галаву.
   - Што-ж ты так нос павесiў, быццам-бы бацьку ў магiлу пахаваў? - пачуў бас каля левага вуха. Гэта быў Вiктар.
   - Ведаеш, я й сам думаў з табой парадзiцца, але раней пастанавiў яшчэ перадумаць i абмеркаваць. Таму й нос, як ты кажаш, павесiў. Цi ня варта было-б смаргануць нам у горы?
   - Як гэта ў горы? - зьдзiвiўся той.
   - Звычайна. - Сымон азiрнуўся навокал, цi хто не прыслухоўваецца.
   - Да францускiх партызанаў, - дакончыў амаль шэптам.
   Вiктар ня выказаў зьдзiўленьня. Добрых некалькi хвiлiн iшоў побач, нiчога не адказваючы, ды, здавалася, перажоўваў такую новую iдэю.
   - Га? Што ты думаеш? - перапытаў Сымон.
   - Цяжка так адразу сказаць. Там няведама, дзе й да каго трапiш, мовы францускай не знаеш... Ды хто яго ведае. Надта-ж рызыкоўна.
   - Я ведаю, што рызыкоўна. Небясьпека вялiкая як з боку адных, так i другiх. Але падумай, як-жа тут далей быць? Паўгалодныя цэлы час жывём. Пачакаўшы-ж, пакуль прыйдзе фронт, у такое пекла трапiш, што сам Бог ведае, як удасца ўцалець. А выжыць трэба было-б за ўсялякую цану. Не за таўстапузых швабаў, а за сваю Бацькаўшчыну мы йшлi ваяваць.
   - Гэта лiшнiм i гаварыць... Ведаю, што ваяваць няма за каго. Можа, й варта было-б уцячы. Толькi трэба было-б абдумаць, як гэта зрабiць...
   - Дык вось давай i абдумаем.
   - А як ты думаеш уцякаць - нам дваiм цi ўсiм гуртам?
   - Лепш было-б усiм гуртам, гэта ясна. Калi-б пасьля дзе й трапiлася небясьпека, дык лягчэй было-б. Ды каб i да французаў цэлая сiла людзей прыйшла, дык больш лiчылiся-б. А то пару чалавек - чорт ведае каму можна ў рукi папасьцiся.
   - Трэба лiчыць на ўсё, навет на самае найгоршае.
   - Вось-жа пра тое i йдзе. Варта было-б пагутарыць з блiжэйшымi хлапцамi й паглядзець, што яны думаюць. Мо хто яшчэ знойдзецца.
   Памаўчалi.
   - Слухай, - распачаў зноў Сымон, - пад час абедняга перапынку давай парадзiмся з Кастусём i некаторымi iншымi. Пабачым, што яны аб гэтым думаюць. Калi-ж нiхто ня знойдзецца для кампанii, дык смарганём удвух.
   - Няхай будзе й так, - згадзiўся Вiктар. - Толькi-ж калi-б давялося нам удвух, то як i калi гэта зрабiць?
   - Няма нiчога лягчэйшага. Адышоўся набок у кусьцiкi, быццам дзеля патрэбы, пачакаў, пакуль усе пяройдуць, а там i гайда...
   - Так проста?
   - Нiчога ня можа быць прасьцейшага. Немцы навет не заўважаць да наступнай. зборкi, а тая будзе ўжо аж надвечар, як затрымаюцца.
   VI
   Вiктар Сянькевiч у апiсаны намi час быў юнаком сярэдняга росту, даволi мiзэрнага выгляду. Першае ўражаньне ад яго складвалася мiж тым зусiм памылковае. Можна было-б падумаць, пэўна, што гэта лагодны, добрай натуры чалавек, зусiм ня здольны на больш паважныя нейкiя рэчы. Мо да гэтага спрычынiлася ягоная паўдзiцячая ўсьмешка цi павольна-лянiвая гутарка - цяжка сказаць. Магло здавацца, што перад вамi стаiць зусiм яшчэ зялёненькi хлопчык. Тут якраз можна было найбольш памылiцца. Вiктар розумам i практыкай быў вельмi дасьпелы, пранырлiвы, вынаходлiвы. Меў моцную сiлу волi й гарачае патрыятычнае сэрца. Але зь Вiктарам нам часьценька давядзецца бачыцца ў будучынi. Чытач сам яшчэ пераканаецца ў трапнасьцi нашай характарыстыкi.
   Думка аб уцёках, што паўстала пераважна ў Вальдагоне, нарадзiлася ў шматлiкiх галовах. Некаторыя, схамянуўшыся, разважыўшы з усiх бакоў гэту новую iдэю, спакойненька адлажылi яе цi адсунулi ў нейкi бочны куточак мазгоў, бо былi баязьлiўцамi й навет голасна перад сабою не асьмельвалiся прызнацца, што ў iхных галовах магла паўстаць такая сьмелая iдэя. Iншыя-ж, адразу спасьцярогшы новае, ухапiлiся за яго й пачалi думаць i дзеяць. Да такiх, акрамя Сымона Спарыша, зусiм незалежна ад яго належалi Кастусь Дзежка, Рак, Лабун i Вiктар Сянькевiч. Было, ведамая рэч, i шмат iншых, больш пасiўных. Успамiнаем прозьвiшчы чатырох толькi таму, бо яны зьяўлялiся афiцыйным, але нелегальным камiтэтам уцёкаў, якi завязаўся сам сабой ужо ў Вальдагоне. Камiтэт гэты, галавою якога фактычна быў Кастусь Дзежка, пастанавiў, пасьля шматлiкiх гутарак зь сябрамi, прыступiць да арганiзацыi пераходу на другi бок. Варта тут яшчэ зацемiць, што чытач ужо, бяз сумлеву, заўважыў, што ў камiтэт не ўвайшоў нiводзiн беларускi падафiцэр, хоць iх было ў роце чатыры. Адылi ўсе яны былi другараднае, а мо й нiжэйшае якасьцi. Былыя кадэты хутка спасьцераглi, што немцы сьведама не далi ў роту нiкога зь першаклясных падафiцэраў беларусаў. Гэтым i тлумачылася, што сярод iнiцыятараў уцёкаў iх ня было.
   Камiтэт першым чынам пастанавiў уплянаваць месца й час пераходу ды сагiтаваць цэлую дванаццатую роту й тыя суседнiя роты, якiя ўдасца. Былi надзеi на ўдачы ў сваёй роце, асаблiва прыгадваючы ранейшую салiдарнасьць i дружнасьць.
   Далёка ня ўсе сябры згаджалiся на пераход да макiсаў. У некаторых не ставала адвагi, iншыя-ж не пагаджалiся з плянам папярэдняга перастраляньня немцаў. Найбольш разыходжаньняў было адносна апошняга. Прадугледзiлася, што немцы пры помсьце могуць зьлiквiдаваць многа самых перадавых беларусаў, якiя застануцца ў iхных руках. Урэшце, урадзiлi немцаў не страляць, толькi асьцерагчы, каб устрымалiся з рэпрэсiямi. Таму што людзi ня ведалi канкрэтна, дзе яны знаходзiлiся, як далёка ад нямецкае мяжы, трэба было неадкладна здабыць iнфармацыi. Асаблiва важным было ведаць, цi далёка быў ад Нямеччыны адзьдзел, якi пасоўваўся ва ўсходнiм кiрунку шашой у катлавiне рэчкi Дуб. Трэба было бачыць карту. Камiтэт даручыў гэтую справу Вiктару Сянькевiчу.
   Вiктар Сянькевiч, што выглядаў надта мiзэрна й меў на нагах страшна дакучлiвыя мазалi, пажалiўся камандзеру роты Петрыку, што далей iсьцi ня можа. Петрык зьлiтаваўся й папрасiў двух старэйшых афiцэраў, што ехалi на чале калёны ў аўтамабiлi, каб узялi "iнвалiда". Сянькевiчу толькi таго й трэба было. Прысеўшы ззаду на аўце, на сваю вялiкую пацеху, Вiктар спасьцярог i карту, што адзiн з афiцэраў трымаў на каленях. Адным вокам удалося Сянькевiчу заўважыць вызначаную чырвоным алавiком трасу маршу, але дакладней ня мог спасьцерагчы нi мясцовасьцяў, нi нямецкае мяжы. Афiцэры - абодва былi са штаба Зiглiнга - амаль забылiся аб iснаваньнi "iнвалiда". Зiрнуўшы на карту, капiтан павесiў мапнiк на плячо i ўзяўся закурваць. Сянькевiч увесь замянiўся ў вочы. Хутка спасьцярог, што калёна была блiзка нямецкае мяжы (фактычна мяжы Эльзаса), i ўжо на перапынку, калi войска затрымалася на адпачынак, зьлезшы з аўта, паведамiў Кастусю Дзежку й iншым сябрам камiтэту аб вынiках разьведкi. Было пастаноўлена ўцякаць тае-ж ночы, адкiнуўшы канчатковы плян страляньня немцаў. На канчальную пастанову здабылiся ўжо позна папаўднi.
   VII
   Пад час абедняга перапынку Сымон i Вiктар Караткевiч выявiлi сваю думку Кастусю Дзежку. Той пахвалiў iдэю, але настойваў, што ўцякаць трэба гуртам. Заўважыў, што думка такая ёсьць i ў шматлiкiх iншых, але канчаткова зарганiзаванага i ўплянаванага нечага яшчэ ня было (адбывалася гэта перад разьведкай Вiктара Сянькевiча). Iншыя сябры, да якiх зьвярнулiся Сымон i Вiктар Караткевiч, былi зусiм ненаважанымi й больш выпытвалiся, чымся радзiлi.
   Мо тутака два нашы гэроi занадта пагарачылiся. Маглi-б пачакаць, больш разьнюхаць, разважыць, iншых намовiць. Ды й ня шмат трэба было каго намаўляць. Камiтэт працаваў па зьвязах, усюды праводзiлася агiтацыя. Была зроблена сувязь зь iншымi ротамi, й там пачалася прапаганда, але, як пасьля выявiлася, яна ня прынесла жаданых вынiкаў.
   Сымон асаблiва падкрэслiваў той факт, што цяпер мiналi спрыяльную тэрыторыю, што праходзiў час, якi трэба выкарыстаць, i што пасьля мо ня будзе такой добрай нагоды. Такiм чынам Сымон Спарыш i Вiктар Караткевiч пастанавiлi ўцякаць у той-жа дзень удвух пры першай лепшай нагодзе. Сымон меў першы адысьцiся на левы бок дарогi ў кусты, быццам для патрэбы, перачакаць, пакуль цэлая калёна пяройдзе, а там ужо - i ў горы. Мясцовасьць добра падыходзiла. Горы высокiмi скаламi засланялi паўночны бок. Такiм самым спосабам, прайшоўшы яшчэ мо пару сотняў мэтраў, меў змыцца й Вiктар Караткевiч. Бязумоўна, усю зброю й амунiцыю мелi захапiць з сабою.
   VIII
   Рэчка вялiкiм лукам выгнулася ў паўдзённым кiрунку, а побач яе бегла чыгунка. Толькi шаша не палегла тут побач рэчкi, а прасьцяком адскочыла ад яе на паўтара кiлямэтра на поўнач ды апаясвала самыя падножжы гор. Зараз-жа побач дарогi зь левага боку былi густыя кусты, пасьля ў кiрунку гор цягнулася на мэтраў сотню шырокая паласа сенажацi, там-жа зноў пачыналiся густыя горныя зарасьнiкi. Самi горы былi з лагоднымi ўзбоччамi й нявысокiя. Сымон кiнуў вокам направа й налева, памяркаваў i наважыўся. Была ўжо гадзiна чацьвёртая цi больш папаўднi. Неба зацягвалася хмарамi, немiласэрна парыла. Можна было лёгка ўгадаць, што прыйдзе дождж, калi ня бура. Дзесь далёка на захадзе пагражаў гром.
   - Слухай, Вiктар, тут!
   Вiктар разгледзеўся.
   - Ужо цяпер?
   - А чаго чакаць? Ты зараз-жа падрыхтуйся, не зявай. Там за некалькi дзясяткаў мэтраў шмыгнеш i ты.
   - Я гатовы. Хiба-ж ты не парадзiш мне хатуля забiраць, каб немцы пыталiся, куды йду.
   - Добра, няма часу на жарты. Глядзi адно, як пачуеш у лесе мой голас, то адклiкнiся, каб мы, баранi Божа, ня згубiлiся.
   - Добра, iдзi ўжо.
   Сымон паправiў за поясам сваю гранату, якую пазаўчора ўдалося яму знайсьцi ў Вальдагоне, агледзеў патранташы, стрэльбу й павольным крокам адыйшоў на левы бок дарогi, паплёўшыся ў кусты. Палажыў на траву стрэльбу, наўмысьля, каб усе бачылi, адшпiлiў пояс з патранташамi й прысеў за кустом. Якраз праязджаў на самакаце зьвязовы Штык, што бачыў Сымона й не зьвярнуў на яго вялiкай увагi. Жаўнеры часьценька па дарозе адыходзiлiся ў кусты.
   Таму, што Сымонава рота iшла пры хвасьце калёны, доўга не давялося чакаць. Хутка хвост схаваўся на загiбе дарогi. Сымон хуценька зiрнуў, цi нiкога няма на дарозе, i шпаркiмi крокамi кiнуўся пад горы цераз паласу сенажацi. Адно некалькi крокаў дзялiла яго ад падгорных зарасьнiкаў, як раптам з таго боку, дзе нядаўна знiкла калёна, высунулася нямецкая вайсковая аўтамашына. Мiж Сымонам i ёй было мо паўкiлямэтра адлегласьцi.
   У кузаве ехалi жаўнеры Вэрмахту. За першай паказалася другая й трэцяя.
   Хаця Спарыш моцна ўстрывожыўся, але ў панiку ня кiнуўся. Яму выпадала або тут-жа на месцы прылегчы на голай выкашанай сенажацi ды варажыць на тое, што немцы яго не заўважылi, або дабегчы тых колькi крокаў да кустоў. Мо да часу, пакуль дабяжыць, немцы яго й заўважаць. Але няўжо-ж кiнуцца за iм у кусты? Сымон думаў маланкай i наважыўся дабегчы да кустоў. Прысьпяшыўшы як мага кроку й прыгнуўшыся, ён нарэшце грымнуўся нiцма цэлай сваёй постацьцю на першыя зарасьнiкi. Трапiў, мусiць, на нейкiя калючкi, што, быццам кацiнымi кiпцюрамi, дзёрнулi яму ўздоўж твару. Гвалтоўна бiлася сэрца, цяжка дыхалi грудзi. Сымон баяўся зварухнуцца. "Бачылi цi не? Няўжо-ж бачылi? А вось тады мне пападзецца".