IV
   Сымон часта параўноўваў сябе да пабочнага гледача, якi для задаваленьня цiкавасьцi выйшаў на гарадзкi ходнiк, каб прасачыць вялiкую й бурлiвую хвалю натоўпу, што бушавала й iмкнулася некуды да вызначанай мэты. Натоўп быў чужы, як i чужым было для яго змаганьне, на якое сьпяшылi хвалi людзей. Ён вось толькi сабе так, з простай, людзкой цiкавасьцi выйшаў з памяшканьня, каб блiжэй прыгледзецца, што навокал рабiлася й што азначала вялiкая мiтусьня. А мiтусьня й гармiдар павялiчвалiся, хвалi людзей нясупынна прабягалi мiма, дзесьцi чуваць было стралянiну, аднекуль несьлi параненых, цягнулi забiтых. Усё мацней бушавала й
   буйнела людзкое мора. Яно разьлiлося ня толькi на шырыню прасторнай вулiцы, але пачынала паглынаць i тратуары. Шумела й пагражала, гвалтаўнела й раўло.
   Пабочны глядач Сымон адчуваў i ведаў, што яго з тым морам нiчога ня лучыла, нiякiм чынам ня мог быць удзельнiкам, маленькаю пешкай у агульнай бушуючай стыхii. Стоячы гэтак i раздумваючы, не спасьцярог, як яго тоўхаюць i штурхаюць. Напаўдзiкая хваля, што ў чужой для яго мове тысячамi глотак крычала й раўла нейкiя лёзунгi, iмчала наперад, гусьцела й буйнела навокал. Ня прыйшло яму ў час у галаву, што можа паглынуць i панесьцi яго разам з сабой, дый не заўважыў, як, штурханы й пiханы чужымi локцямi й целамi, апынуўся ў самай яе гушчы - пасярод вулiцы. Сярэдзiна вулiцы была хрыбтом хвалi - плынь тут была найбольш ёмкая. Адно цяпер юнак спасьцярог, куды трапiў. Ногi яго, падбiваныя чужымi, чапалiся адна за другую, хаця-нехаця памалу крочылi ў агульнапрынятым кiрунку. У галаве мiльганула думка, што трэба за ўсякую цану ратавацца, вырвацца, прабiць неяк дарогу набок, iзноў апынуцца на ходнiку цi дзе далей зусiм збоку, адно каб у спакойным i зацiшным месцы. Калi ня ўдасца, ён дорага можа заплацiць за такую неасьцярожнасьць, бо воддаль вiдаць было ўжо мора агню, чуваць стрэлы гарматаў i дробнае зброi. Спрабаваў кiнуцца ў адзiн бок i ў другi, але людзкое мора так згусьцела, што трэба было разьвiтацца з думкамi аб ратунку. Хваля мела адзiн кiрунак i зь вялiкай гвалтоўнасьцю несла на хрыбце сваiм усё жывое. Нельга было ўстаяць i на месцы, бо вось тысячы людзей могуць павалiць цябе й растаптаць у жыдзенькае цеста. Выбару ня было - адно рухацца наперад ды за любую цану пры небясьпечнай нагодзе старацца захаваць жыцьцё.
   Нейкая нябачная сiла кiравала той дынамiчнай хваляй, штурхала яе наперад да вызначанай мэты. Людзi, здавалася, ап'янелыя прагавiтасьцю бою й крывi, напралом валiлi па дарозе ўсе стрэчныя перашкоды. Там, дзе на небакраi гарэла ў моры агню й рагатала тысячамi гарматных глотак зямля, крышылiся апошнiя ўмацаваньнi. Натоўп ведаў, што пасьля канчальнага збурэньня iх зможа ступiць на сонечны бераг недзе яшчэ далей, што й было ягонай мэтай.
   Але вось раптам прыляцелi зусiм iншыя галасы. Сьпераду прыбегла вестка, што навет пасьля лiквiдацыi асноўнай перашкоды ня ўдасца нiкому ступiць на сонечны бераг, бо той ужо заняты быў чужымi цёмнымi сiламi, адгароджаны бар'ерам, якi нiколi ня ўдасца скрышыць сiламi натоўпу, навет калi-б ён i ўдзесяцярыўся.
   "Здраднiкi! Прадалi нас, ашукалi! - крычалi сьпераду на розныя лады. Куды йдзём? Да якое мэты? Навошта цяпер бязсэнсоўныя ахвяры?" Ды ня было выбару. Рух наперад прадаўжаўся па ранейшай iнэрцыi.
   Гэтак Сымону Спарышу ўяўлялася польская армiя й ягоны ў ёй удзел.
   V
   Кароткi перапынак - калi льга так назваць перашкаленьне ў Сан-Базыльё скончыўся. Пешкi ў натоўпе - жаўнеры Другога Андэрсавага корпусу, хоць i ведалi ўжо, што iх здрадзiлi й Бацькаўшчыну бальшавiкам прагандлявалi, прадаўжалi свой сьмяротны марш. Загады зьверху гучалi, як i раней: наперад, да перамогi над ворагам!
   Недзе на поўнач, у ваколiцы Рымiнi, цёк Рубiкон. Калiсь магутны Цэзар, пераправiўшыся цераз раку, сказаў: "Жэрабя кiнута" i пайшоў на пераняцьце ў свае рукi ўлады ў Рыме. Беларускi юнак таксама мусiў перайсьцi Рубiкон, але на другiм баку чакалi яго цемра й няпэўнасьць, небясьпека й безнадзейнасьць. Адылi ў сэрцы тулiў i песьцiў рэшткi разбураных надзеяў, як мага ўзмацняў веру ў першапачатковыя iдэалы, вынесеныя з далёкай, цяпер ужо нанава чужнiкамi крываўленай Бацькаўшчыны. Вера ў сьветлую будучыню свайго народу вызначыла мяжу мiж духовым жыцьцём i сьмерцю, мiж цяперашнiм ператрываньнем-перажыцьцём усёй падарожнай злыбяды й цярпеньняў i поўным падзеньнем у бездань.
   Нiколi, нi на адзiн кароткi момант ня прыйшло юнаку ў галаву, што ў гэтай вайне мог-бы ён загiнуць. Ня мог-жа, проста ня меў права! Было-ж прызначэньне. Там-жа наперадзе быў яшчэ хто ведае якi вялiкi прастор часу, на прасьцягу якога давядзецца аддаць свае здольнасьцi, сьцiплыя веды й сiлы для пакрыўджанага народу. I шлях гэты цяперашнi... Хто-ж там ведаў, што собiла Богу ў галаву прыйсьцi. Можа, гэта дуга цераз колiшнi эльзаскi, а цяпер iтальянскi агонь была патрэбная, мо дарога ўжо павярнула на Бацькаўшчыну. Час i будучыня пакажуць. Цяпер адно: захавацца цэлым i непакалечаным i ператрываць!
   Зрэшты, калi ўжо йдзе пра той самы натоўп, дык нельга цьвердзiць, што ён, Сымон Спарыш, трапiў у яго сярэдзiну, у той вялiкi i, як цяпер ужо было вiдаць, бязсэнсоўны вiр, зусiм прыпадкова, дзякуючы нейкай неасьцярожнасьцi. Першы-ж крок - той, зь Вiльнi ў Менск, - залежаў адно ад яго й больш нiкога iншага. Зрабiў яго сьведама. Мала таго - стараўся й сяброў з сабою цягнуць. Тое, што прыйшло пасьля, пэўна-ж, ад яго не залежала. Стаўся, як i сотнi тысячаў iншых людзей, пешкаю, дробненькаю макулiнкай, кiданай ветрам вайны па цэлай Эўропе.
   Дык калi нельга было прытулiцца ў зацiшнае месца, не гаворачы ўжо аб поўным ратунку, трэба было неяк адно перажыць, захавацца цэлым, дый найлепш, каб зусiм непакалечаным. У будучынi патрэбныя будуць маладыя сiлы для яе адной, найдаражэйшай i наймiлейшай, што цяпер так моцна цярпела.
   Значыцца - абы ператрываць!
   БЕЛАРУСКАЯ ЦЭНТРАЛЬНАЯ РАДА Ў БЭРЛIНЕ
   ГЕНЭРАЛ ЕЗАВIТАЎ, АСТРОЎСКI Й ШУВАЛАЎ
   I
   Беларуская Цэнтральная Рада пакiнула Менск 28 чэрвеня 1944 году. Працаўнiкi Рады пасьля шматлiкiх падарожных прыгодаў чыгуначным транспартам прыехалi ў Кэнiгсбэрг, дзе мелi iнструкцыi затрымацца. Радаслаў Астроўскi са сваймi ад'ютантамi й найблiжэйшымi даверанымi людзьмi накiраваўся аўтамабiлямi ў Лодзь. Меў там шмат знаёмых сьцежак-дарожак яшчэ з часоў перадваеннае Польшчы, калi зь Беларускае Гiмназii ў Вiльнi, дырэктарам якое працаваў, пераведзены быў туды на настаўнiка. Затрымаўшыся ў Лодзi, праседзеў там аж да прыблiжэньня фронту з усходу.
   У пачатку верасьня 1944 году Бёларуская Нэнтральная Рада была накiраваная з Кэнiгсбэргу ў Бэрлiн, дзе атрымала ў карыстаньне малапашкоджаны бамбардаваньнем будынак на прадмесьцi Вайсэнзэе. У iм размясьцiлiся ня толькi канцылярыi БЦР, але i ўсе ейныя працаўнiкi са сваймi сем'ямi. Адно Радаслаў Астроўскi выслаў сваякоў у невялiкае мястэчка Гекстар у Вестфалii, мусiць, цi ня ўгадваючы будучыню.
   Беларуская Цэнтральная Рада дзялiлася на розныя рэфэраты, якiя зарганiзавалi на Вайсэнзэi свае канцылярыi й паступова прыступалi да працы. Трэба было зьвязваць канцы розных нiтак, парваных-патузаных пад час эвакуацыi зь Беларусi. Характар працы шмат розьнiўся ад таго, якi быў на Бацькаўшчыне. Як-нiяк Беларуская Цэнтральная Рада была беларускiм прадстаўнiцтвам на выгнаньнi. Былi свае людзi, раськiданыя па ўсёй тэрыторыi Нямеччыны. Паўставала шмат праблемаў, калi льга азначыць, юрыдычнага характару.
   Калi на Бацькаўшчыне Рада мела пэўныя атрыбуты незалежнасьцi цi навет цень самастойнасьцi ў некаторых галiнах, дык тут, у Бэрлiне, немцы звыклi лiчыць яе ня больш чым сваёй агенцыяй у зносiнах зь беларусамi, празь якое намагалiся праводзiць у жыцьцё розныя свае мерапрыемствы. Гэтак амаль галоўным заданьнем i працай Рады было вышукваньне й рэгiстрацыя беларускiх уцекачоў, уладжваньне iх на працы цi ў войску.
   II
   З прычынаў ваеннае сытуацыi немцы, пад загадам якiх была Беларуская Цэнтральная Рада, а таксама й сам Астроўскi зьвярталi найбольш пiльную ўвагу на ваенныя справы. Ня дзiва тады, што найбольшая праца кiпела ў вайсковым рэфэраце. Палягала яна на вышукваньнi ў Нямеччыне беларускiх вайскоўцаў i канцэнтраваньнi iх у Бэрлiне. Камандатура гораду прыдзялiла беларусам для гэтай мэты вялiкi будынак на Лiхтэнэрштрасэ. Шматлiкiя беларусы ў Нямеччыне, дачуўшыся, што Беларуская Цэнтральная Рада ў Бэрлiне, самi туды зьяжджалiся. Усе яны, амаль бяз выняткаў, залiчалiся ў войска й накiроўвалiся ў беларускi гарнiзон на Лiхтэнэрштрасэ, дзе атрымоўвалi харчы й кватэру. Быў зарганiзаваны Першы кадравы батальён для перашкаленьня жаўнераў.
   У разгары гэтае працы ў вайсковым рэфэраце БЦР здарылiся перамены. Прыехаў генэрал Канстантын Езавiтаў i запрапанаваў Радаславу Астроўскаму свае паслугi.
   Iмя генэрала Канстантына Езавiтава цесна зьвязана з парой самавызначэньня беларускага народу ў 1917-1918 гадох. Адылi беларускiя гiсторыкi-незалежнiкi надта-ж коратка, амаль мiмаходам, прыгадваюць адно, што Езавiтаў, разам з пазьнейшым прэзыдэнтам Беларускае Народнае Рэспублiкi Васiлём Захаркам, арганiзаваў у Менску беларускiя вайсковыя адзiнкi, што мелi быць апорай новага ладу ў беларускай незалежнай маладой рэспублiцы. Варта дзеля таго хоць тое-сёе прыгадаць з жыцьця генэрала Езавiтава.
   Нарадзiўся Канстантын Езавiтаў у сям'i капiтана царскае армii ў Вiцебску 5 лiстапада 1894 года. Хаця бацька хацеў бачыць сына ў кадэцкiм корпусе, юнак выбраў iншую дарогу i, маючы 17 год, скончыў настаўнiцкую сэмiнарыю, пасьля чаго пару гадоў працаваў у сельскай школе настаўнiкам. Толькi дзякуючы Першай сусьветнай вайне малады Кастусь апынуўся ў ваеннай школе, i напрыканцы вайны бачым яго ўжо ў чыне паручнiка. Сын палюбiў бацькаву прафэсыю i, будучы добрым патрыётам свайго народу, мяркаваў толькi, як-бы гэта аддаць свае здольнасьцi й сiлы на службу Беларусi. Нагода прыйшла ў 1917 годзе, калi ў шэрагах здэзарганiзаванай царскай армii пачынаецца арганiзацыя беларускiх вайскоўцаў. Езавiтаў зь вялiкiм запалам i адданасьцю прыкладаецца да працы i ўжо 31 кастрычнiка 1917 году ўдзельнiчае ў зьезьдзе беларускiх вайскоўцаў у Менску. Там-жа выбiраецца адным з заступнiкаў старшынi прэзыдыюму выканаўчага камiтэту, што станавiўся сталым кiраўнiчым ворганам беларускiх вайскоўцаў.
   Езавiтаў бярэ ўдзел у Першым Усебеларускiм Кангрэсе ў сьнежнi 1917 года й выбiраецца ў выканаўчы камiтэт Кангрэсу, пасьля пераназваны ў Раду Беларускай Народнай Рэспублiкi. Удельнiчае ў гiстарычнай сэсii Рады БНР уночы з 24 на 25 сакавiка 1918 году, што абвясьцiла незалежнасьць Беларускае дзяржавы. Пры фармаваньнi першага ўраду БНР Канстантын Езавiтаў быў паклiканы на пасаду мiнiстра вайсковых спраў. Таму-ж, што меў замалы чын на мiнiстра, на чарговых паседжаньнях Рады атрымаў ранг палкоўнiка.
   Разам зь iншымi сябрамi першага ўраду Беларускай Народнай Рэспублiкi Езавiтаў апынуўся на выгнаньнi i ўжо пазней атрымаў чын генэрала. Калi ў 1944 годзе стаў вайсковым рэфэрэнтам пры БЦР у Бэрлiне, прэзыдэнт Астроўскi гэны генэральскi чын пацвердзiў.
   III
   Вучнi беларускiх школ у Латвii прыгадваюць Езавiтава ня толькi як высакаякаснага настаўнiка. Для iх ён быў перадусiм нацыянальным бацькам.
   - Чаго ходзiце такiя згорбленыя, скрыўленыя, быццам-бы цяжар усяго сьвету на сваiх хрыбтах цягалi? - дапякаў часьценька настаўнiк Канстантын Барысавiч (вымагаў, каб так яго называлi) вучням. - Палякi цi маскалi няхай так ходзяць, але ня мы, беларусы. Нiколi не забывайцеся, што на нас, беларусаў, увесь сьвет глядзiць i таму мусiм як найлепш рэпрэзэнтаваць свой народ. Выпрастайцеся, трымайце галовы ўверх, сьмела заглядвайце кожнаму ў вочы, бо вы сыны й дочкi вялiкага й слаўнага народу. Гэтым вы павiнны ганарыцца, а ня горбiцца ды ўглядацца ў зямлю.
   Настаўнiк Канстантын Барысавiч, будучы вядомым патрыётам i дзеячам беларускай гiсторыi, найбольш увагi аддаваў на выхаваньне беларускае моладзi ў патрыятычным духу й на добрую апрацоўку асноўных бакоў яе характару.
   Варта аддаць справядлiвасьць аб'ектыўнасьцi й прыгадаць, што ў дваццатых гадох, калi паўстала пад бальшавiцкай акупацыяй БССР, Езавiтаў ня ўсьцярогся той, ледзь не агульнай для беларускага нацыянальнага актыву па-за межамi БССР памылкi i часова быў паверыў, што пад бальшавiцкiм ярмом будуецца, як прынялося ўжо называць, Беларускi дом. Адылi, будучы асьцярожным, у БССР ехаць не манiўся ды, прыгледзеўшыся пасьля, што бальшавiкi зрабiлi са звабленымi ў Менск беларускiмi навукоўцамi й выдатнымi нацыянальнымi працаўнiкамi, борзда ачуняў ад часовага дурману.
   У пачатку трыццатых гадоў адбыўся ў Латвii судовы працэс, званы беларускiм, дзе на лаве абвiнавачаных апынуўся i Езавiтаў. Закiдалi яму, што ў школах i мiж грамадзтва пашырае думкi аб тым, нiбыта Латвiя няпраўна акупавала частку Беларусi, што загадвае вучням на мапах вызначаць раёны, суцэльна заселеныя беларусамi, i што ледзь не намагаецца адарваць гэтыя раёны ад Латвii. Езавiтаў выйшаў з-пад суду апраўданы, хаця й давялося да пачатку яго праседзець больш году ў вязнiцы.
   Ад вайны да 1922 года (гэта значыць, да часу ейнага закрыцьця) Езавiтаў быў дырэктарам Беларускае гiмназii ў Люцыне. Пазьней доўгiя гады працаваў настаўнiкам Беларускае гiмназii ў Рызе.
   З характару й выгляду быў ён калi не дамiнуючым, дык, прынамсi, наскрозь аўтарытэтным, будзячы да сябе давер i пашану. Ростам высокi, моцна збудаваны, самавiты, паважны. У вачах iншых выглядаў арыстакратам. Валасы меў цёмныя, твар - поўны, вочы - пранiклiва-шэрыя. Заўседы трымаўся раўнамернага вайсковага кроку й таму ад вучняў атрымаў мянушку "Браняносец". Натуры быў наогул лагоднай, але ня той, што распагаджваецца абы-якiмi малаважнымi жартамi-драбнiцамi. Умеў трымацца сукрыта й нiколi не гаварыць цi выяўляць лiшняга, адно якраз столькi, колькi было трэба. Быў чалавекам надзвычайна высокае асабiстае маралi, нацыянальнага гонару й духовае чысьцiнi. Не належаў да хваравiтых амбiцыянераў. Верыў, што вызначэньнем вартасьцi чалавека зьяўляецца найперш праца, а таму й не шкадаваў сiлаў у тым кiрунку, куды найбольш хiлiлася сэрца й нацыянальная душа. Хоць быў жанаты, дзяцей ня меў, а жонку страцiў у часе вайны.
   Як працаўнiк беларускага школьнiцтва ў Латвii Езавiтаў шмат пiсаў. Тэматыка абмяжоўвалася пераважна навучальна-ўзгадаваўчымi матэрыяламi. Найчасьцей можна было чытаць яго ў школьным квартальным часопiсе "Беларуская школа ў Латвii". Падчас Другой сусьветнай вайны супрацоўнiчаў з часопiсам "Новы Шлях", выдаваным у Рызе. Езавiтаў пiсаў i паэзiю пад мянушкай Кастусёнак. Тое зь ягоных твораў, што можна сяньня там-сям знайсьцi, паказвае, што i ў гэтай галiне быў нядрэнным майстрам.
   IV
   Калi Беларуская Цэнтральная Рада ўзнавiла працу ў Бэрлiне, немцы вымагалi ад яе, каб праводзiла мабiлiзацыю беларусаў у Беларускую Краёвую Абарону на абшары Райху. Гэтай працай i заняўся Езавiтаў як рэфэрэнт вайсковых спраў пры БЦР. Шматлiкiя дзеячы яшчэ да сяньняшняга часу закiдаюць Астроўскаму й Езавiтаву, што мабiлiзавалi беларусаў у войска для немцаў, хаця было ўжо ўсiм ясна, што вайну яны прайгралi. Генэрал Езавiтаў рассылаў мабiлiзацыйныя карткi ўсiм мужчынам-беларусам, дзе-б iх не знайшоў. Вярбоўнiкi ягоныя езьдзiлi й па працоўных лягерах. Адылi гэта акцыя давала малыя вынiкi, бо беларусы даўно перасталi верыць i немцам, i ў iхнюю перамогу. Затое знайшлося было шмат старых афiцэраў, што былi ў "Самаахове", БКА, а навет i зусiм апошнiмi часамi ня былi ў войску. Прыбылыя высылалiся ў распараджэньне палкоўнiка Кушаля, камандуючага БКА, на Лiхтэнэрштрасэ. Кушаль ня меў пры сабе нiякiх апекуноў зь нямецкага боку. Ён распрацаваў скарочаную праграму вышкаленьня й стараўся ў межах наяўных магчымасьцяў праводзiць яе ў жыцьцё.
   Восеньню 1944 году расейскi генэрал Уласаў, што калiсь перайшоў да немцаў з Чырвонае Армii, а пасьля зь iхняга дазволу i пры iхным падтрыманьнi зарганiзаваў з савецкiх ваеннапалонных гэтак званую "Русскую Освободительную Армию" (РОА), павёў моцную прапаганду для рэкрутацыi людзей у сваё войска. Прапаганда была накiраваная ня толькi да вайсковых i цывiльных расейцаў, але таксама й да беларусаў. Немцы, нiчым ня рызыкуючы, спатуралi генэралу Ўласаву i ахвотна бачылi-б рост ягонае армii, спадзяючыся, што яна дапаможа паўстрымаць бальшавiкоў на Ўсходнiм фронце. На беларусаў гiтлераўцы надта не спадзявалiся, жадаючы бачыць iх хутчэй у агульным i большым уласаўскiм катле, дарма што дазвалялi на мабiлiзацыю БКА на тэрыторыi Нямеччыны.
   Агенты Ўласава ня толькi панадзiлiся патаемна заглядаць у беларускi вайсковы цэнтр на Лiхтэнэрштрасэ, каб агiтаваць жаўнераў, але й навязалi тайную сувязь з Астроўскiм ды з тымi сябрамi Беларускай Цэнтральнай Рады, у якiх разьлiчвалi здабыць давер. Уласаўцы прапанавалi прыблiзна наступнае: БЦР застаецца так, як яна ёсьць, але прызнае Ўласава сваiм зьверхнiкам i ўсё беларускае войска аддасьць у ягонае распараджэньне.
   Радаслаў Астроўскi ўласаўскiя прапановы рашуча адкiнуў, але сярод некаторых сяброў Рады пачалiся хiстаньнi. Прэзыдэнт БЦР склiкаў паседжаньне й катэгарычна заявiў, што ня можа быць нiякае мовы аб паразуменьнi й супрацоўнiцтве з Уласавым. "Сябры БЦР, - казаў ён, - якiя пяройдуць да расейцаў, будуць уважацца за здраднiкаў беларускае справы". Некаторыя не паслухалiся Астроўскага. Да Ўласава адышлi Яўхiм Кiпель, Селях-Качанскi i прапагандовы афiцэр вайсковае рэфэрэнтуры пры БЦР Уладзiмiр Гуцька. На Лiхтэнэрштрасэ ў кантакт з Уласавым увайшлi некаторыя старыя афiцэры, прапаршчыкi запасу царскае армii. Расеец iх ня прыняў як занадта старых, а самi яны пасьля тлумачылi, што не пайшлi да Ўласава таму, што не згадзiўся даць iм жаданых чыноў.
   У кастрычнiку 1944 году ў Празе Чэскай адбыўся агульны расейскi зьезд пад старшынствам генэрала Ўласава. Выступалi там i беларусы, якiя задэкляравалi супольна з расейцамi, пад камандаю Ўласава, ваяваць за вызваленьне народаў СССР i падпiсалiся пад гэтак званым уласаўскiм манiфэстам. Быў выбраны выканаўчы камiтэт на чале з Уласавым зь беларускiм ды ўкраiнскiм адзьдзеламi.
   V
   Мiж усiх сяброў Беларускае Цэнтральнае Рады рэфэрэнт вайсковых спраў генэрал Канстантын Езавiтаў быў найстарэйшы стажам працы ў беларускiм нацыянальна-вызвольным руху. Ня толькi людзi, зь якiмi штодня меў кантакты, але навет i тыя, што яго ведалi радзей, адносiлiся да яго зь вялiкай пашанай. Больш таго, неяк агульна лiчылася, што ня БЦР падвысiла аўтарытэт гэтага старога, непахiснага й заслужанага змагара за iнтарэсы беларускага народу, а наадварот - Езавiтаў, ахвяраваўшы свае паслугi БЦР, падвысiў у вачох шырокiх масаў народу ейную вартасьць.
   Радаслаў Астроўскi, як мы ўжо раней зазначалi, прывык быць поўным гаспадаром у сваiм маленькiм апарацiку, хаця навет i прычэпленым да большага, няхай сабе й акупацыйнага апарату. А гэткiм апарацiкам ён лiчыў БЦР. Ня мог стравiць, што да ягонага падуладнага (якiм паводле займанага становiшча быў генэрал Езавiтаў) адносяцца з большай пашанай, чымся да яго самога. У Астроўскага пачаў выплываць наўзьверх зусiм няўмела затоены да генэрала Езавiтава антаганiзм. Няшмат прайшло часу, пакуль рэфэрэнт вайсковых спраў гэта спасьцярог, але, будучы чалавекам высокай асабiстай культуры, выдатна кантраляваўся й стараўся не ступаць Астроўскаму, як кажуць, на балючы мазоль. Удаваў, што й не заўважыў пагоршаных дачыненьняў з боку прэзыдэнта.
   Радаслаў яшчэ горш зьнялюбiў за гэта генэрала, i ўжо ў галаве ў яго, хаця спачатку й даволi туманная, нарадзiлася думка пра помсту. Ня мог-жа ён, такi вялiкi амбiцыянер, што вунь некалi не такiмi справамi ды грашмi варочаў, дазволiць сабе выглядаць цьмянай кузуркай у сьвятле нейкага свайго падуладнага. О не! На гэта анiяк ня мог дазволiць. Цалае жыцьцё, дзе калi ўдалося збудаваць або хоць i ўлезьцi ў некiм iншым збудаваны апарацiк, заўсёды быў у iм самым важным, галоўным i адзiным сьвятлом. Гэтак яшчэ ў Менску, стаўшы з волi гiтлераўцаў прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады, пiльна сачыў, каб сябры Рады былi хоць на прыступку менш паважаныя, ведамыя, аўтарытэтныя. Навет калi давялося й ад'ютантаў падбiраць, дык падабраў такiх, як яму здавалася, што стаялi нiжэй за яго ў вачах грамадзтва. Перш за ўсё ўзяць сабе хоць бы Мiкалая Наронскага, самага даверанага ў Астроўскага чалавека, аб якiм беларускае грамадзтва навет ня ведала - скуль узяўся й куды дзеўся. Або прыгадаць Радзевiча цi Плескачэўскага: у параўнаньнi зь iмi Астроўскi, бязумоўна, вырозьнiваўся.
   Мо Астроўскага дзесь у глыбiнi сьведамасьцi еў чарвячок сумлеву, што да сваёй асабiстай цаны. Мо таму якраз i любiў абкружацца людзьмi, сьцiпла гаворачы, меншае вартасьцi, каб было вiдаць усiм, што ён, чаго-б там нi было, але прэзыдэнт, вартасны дый зусiм аўтарытэтны чалавек. Дык i як-жа цяпер было цярпець, калi зьбегам абставiнаў яго шмат хто пачаў уважаць пешкай, а Езавiтава - ледзь ня богам?
   Вунь на днях неяк давялося Астроўскаму праходзiць калiдорам будынку, дзе месьцiлася Беларуская Цэнтральная Рада. Здалёк заўважыў каля дзьвярэй канцылярыi вайсковых спраў самога генэрала ў кампанii нейкiх дзьвюх дзяўчын. Яшчэ не даходзячы, пачуў голас Езавiтава, ськiраваны да дзяўчат, як пасьля даведаўся, ягоных колiшнiх вучанiц з Латвii: "А вось i наш прэзыдэнт".
   Цi то здалося Астроўскаму, а мо й не дачуў, але ўявiў сабе, быў амаль пэўны, што генэрал сказаў тое нейкiм пагардлiвым тонам, як быццам так: "А вось i наш пастух iдзе. Бачыце, як нос задраў".
   Астроўскi быў апрануты па-будзённаму - у чорны падношаны гарнiтур, зялёныя галiфэ-порткi й калiсьцi глянцаваныя боты з халяўкамi. Даўно ўжо адмовiлiся тыя халяўкi блiшчэць так, як гэтага ад iх вымагалася. На дзьвюх вiзiтантак прэзыдэнт выклiкаў нiякаватае ўражаньне. Падышоў, затрымаўся, пазнаёмiўся, абмянiўся параю агульнапрынятых ветлiвых слоў i пайшоў далей. Тыя-ж нейкую часiну стаялi моўчкi, пазiраючы ўсьлед, а пасьля, калi ўжо прэзыдэнтава вуха не магло выразна чуць iхняе гутаркi, ажывiлiся. Iзноў здалося Астроўскаму, што дасьцiпнасьцi пасыпалiся на ягоны кошт.
   - Эх, братка, чакай-жа! Не я буду, калi... - прабурчаў сабе пад нос прэзыдэнт, i тое "калi" неяк часова павiсла ў паветры, але зараз думка праясьнела. - Трэба паказаць яму, хто тут гаспадар, крышку хоць рогi абламаць. Гм... трэба, трэба. А там... там пабачу. Можна i пазбыцца...
   Думка, раз народжаная, пачала афармляцца й крышталiзавацца. Стаў Астроўскi мяркаваць, дзе й зь якога боку падыйсьцi, каб паказаць гэтае "хто тут гаспадар". Разважаць шмат не давялося, бо Езавiтаў, трэба ведаць, быў даволi вялiкiм фармалiстам. Заняўшы пасаду ў Беларускай Цэнтральнай Радзе, ён разбудаваў вялiкую канцылярыю i ўжо чаго-чаго, а паперы не шкадаваў. Здавалася, мусiць, шанаванаму ўсiмi генэралу, што калi шмат зроблена й напiсана ды выглядае прыгожа на паперы, дык яно мае так быць i ў сапраўднасьцi. За гэты слабы бок i ўчапiўся на паседжаньнi БЦР Астроўскi.
   Можа, крышку занадта неасьцярожна, не так, як спачатку меў намер, даволi груба пачаў Астроўскi ставiць генэралу закiды. Увесь дагэтуль затоены антаганiзм выплыў наверх. Езавiтаў, ясна, ня мог змаўчаць, i адбыўся сакавiты абмен словамi. Пасьля паседжаньня для абодвух стала ясна, што далейшае супрацоўнiцтва мiж iмi немагчымае. Астроўскi цiшком пачаў падшукваць кандыдата на месца генэрала Езавiтава. Кандыдат такi сам па сабе, быццам угадваючы думкi прэзыдэнта й зусiм незалежна ад яго, зьявiўся ў асобе палкоўнiка Шувалава.
   VI
   З паходжаньня палкоўнiк Шувалаў быў расейцам, а з пачуцьця - у тыя часы, аб якiх мова, - хутчэй палякам, чымся расейцам. Выводзiўся з калiсьцi добра ў Расеi ведамых графаў Шувалавых. Афiцэрам быў яшчэ ў царскай армii. Пасьля бальшавiцкага перавароту ўцёк да сваякоў у Польшчу. Ужо пад час польска-бальшавiцкай вайны ў 1920 годзе, дзякуючы пратэкцыi сваяцкай арыстакратычнай сям'i, атрымаў польскi чын палкоўнiка. Перад Другою сусьветнай вайной бачым яго ў вайсковым гарнiзоне Слонiма, а пасьля адступленьня са сваёй вайсковай групай з-пад Варшавы, па дарозе на Валынь, Шувалаў трапляе ў нямецкi палон.
   Адседжваў палон у абозе блiзу Бэрлiна. На пачатку 1945 году нейкiм чынам Шувалаў даведаўся, што ў Бэрлiне знаходзiцца Беларуская Цэнтральная Рада й арганiзуецца беларускае войска. Вестка моцна яго зацiкавiла. Надта-ж абрыдзеў той палон. Цэлыя вунь чатыры гады праседзеў бязьдзейна, хоць наракаць не было на што: сваякi з Ангельшчыны праз Чырвоны Крыж прысылалi розныя харчовыя прадукты, улучна з найбольш рэдкiмi й цэннымi ў тыя галодныя ў Нямеччыне часы цыгарэтамi й кавай.
   Другi-б, чаго добрага, сядзеў-бы вунь, дасыта наеўшыся ды Бога хвалячы, канца вайны чакаў. Але-ж чалавек ня камень, асаблiва яшчэ такi, як граф Шувалаў. Меў вунь чыны й пашану, усюды, казаў той, дзе патрэба была, дык i праз заднiя дзьверы патрапляў улазiць. Абрыдзеў палон, сядзеньне безнадзейнае тое, дый годзе. Прыгадалася графу, што ён "тоже белорус", бо некалi дзесь там у Магiлёўшчыне "поместье" меў. Гэткага падмацавальнага аргуманту для навазнойдзенай нацыянальнасьцi было даволi. Пачаў граф варушыць мазгамi.
   Зь нямецкiм камандантам абозу пайшло як па масле, асаблiва калi на падмацаваньне просьбы падасьпелi такiя аргуманты, як кава, цыгарэты й шакалад. Гэткiм чынам у студзенi 1945 году ў канцылярыю прэзыдэнта БЦР, у суправодзе двух нямецкiх вайскавiкоў, заявiўся высокi, стройны, худы й цёмны з твару, звыш пяцiдзесяцiгадовы расеец Шувалаў i запрапанаваў свае паслугi як выдатны вайсковы спэцыялiсты.
   Граф ня мог трапiць да Астроўскага ў лепшы час. Апошнi неяк зусiм з увагi выпусьцiў тое, што "спэцыялiст" на працягу апошнiх чатырох гадоў вайны адно бiбiкi, як кажуць, забiваў i што шмат чаго зь ягонай галавы з галiны той спэцыялiстыкi выветрыла. Расеец, ясна, ня мог ведаць матываў Астроўскага. Прыняцьцём яго ў Беларускую Краёвую Абарону й прыхiльным прыёмам быў мiла зьдзiўлены.