У залi зашумела. Паветра было цяжкое. Густы табачны дым еў сонныя вочы.
   - Конечно, воевать будем! - пачуўся першы голас.
   - Застаёмся ў армii!
   - Мы е солдаты, а не робiтнiкi!
   - Все согласны с этим? - дапамог Зiглiнгу Мураўёў.
   - Да, конечно.
   - Усе.
   - Так, давайце далей.
   Пасьля аднагалоснага вырашэньня першага й самага асноўнага, як здавалася, пытаньня пачалася гутарка над тым, якой па сваiм характары мае быць новая вайсковая частка. Што па прызначэньнi гэта будзе пяхотная дывiзiя - лiшнiм было гаварыць. Iшла гаворка адно пра назву, нацыянальны твар. Тут немцы былi нямiла зьдзiўленыя, калi давялося прыслухоўвацца да розных думак, што былi ў канфлiкце мiж сабою. Расейцы, якiх было найбольш сярод афiцэраў, настойвалi, што дывiзiя павiнна быць па нацыянальным характары расейская: некаторыя ўкраiнцы (надта-ж неяк неадважна й нявыразна) даводзiлi, што для ўкраiнцаў было-б крыўдна, бо як-нiяк iх было-ж шмат. Палякi былi ў асноўным у лiку "фольксдойчаў", значыцца, выступалi разам зь немцамi. Нiводзiн паляк не асьмелiўся выступiць пад шыльдаю сваёй нацыянальнасьцi. А беларусы...
   Капiтан Мiкула, што да гэтага часу маўчаў i ўважна прыслухоўваўся, добра ацанiў сытуацыю, у якой ён, разам з групаю беларускiх афiцэраў, а шырэй гаворачы - тысячы беларускiх жаўнераў на Мазуршчыне й ва Ўсходняй Прусii, апынуўся. Пераважная бальшыня жаўнераў была беларусамi, адно афiцэраў было малавата. Але, пэўна-ж, у пачатках i iншыя афiцэры знайшлi-б месца ў дывiзii, пакуль сваiх набралася-б. Вунь-жа ёсьць афiцэрская школа. Адно абы дывiзiя была вызначана беларускай, а не расейскай цi якой iншай. БЦР i беларускiя вярхоўныя дзейнiкi мелi-б перад немцамi козыры ў руках. Дывiзiя была-б капiталам, якi можна было выкарыстаць палiтычна. Калi-ж такую нагоду пусьцiць люзам i не дамагацца свайго, дык гэта будзе непрабачальнай памылкай i адаб'ецца адмоўна на беларускай справе ў будучынi. Нельга-ж дазволiць, каб расейцы на беларускiм тавары капiтал сабе рабiлi. Капiтан Мiкула сумляваўся, што ўдасца чаго-небудзь дабiцца, але не было-ж iншага выйсьця. Як шэф штабу Беларускае Краёвае Абароны, перадусiм гарачы патрыёт, што на першае месца заўсёды ставiў дабро свайго народу, ён мусiць заступiцца за сваiх жаўнераў, дамагацца iхных правоў ды там-сям i паставiць пэўныя кропкi над "i", каб ведалi немцы i - мо ў найбольшай меры - расейцы.
   - Спадар палкоўнiк, - пачаў Мiкула спакойным голасам, устаўшы, - спадары афiцэры. Я хачу гаварыць не як звычайны беларускi афiцэр, але як заступнiк камандуючага Беларускае Краёвае Абароны. Лiчу абавязкам усiм насамперш прыпомнiць, што ўсё войска амаль, аб якiм iдзе гутарка, гэта беларусы. Ёсьць iх там звыш 80 адсоткаў. Гэта жаўнеры Беларускае Краёвае Абароны, беларускай Дапаможнай Палiцыi, iншых беларускiх батальёнаў. Усе гэтыя людзi былi пад загадамi Генэральнага Камiсара Беларусi, пасярэдне-ж - пад загадамi штабу БКА й палiцыi. Праўда, у Беларусi былi й iншыя, чужанацыянальныя адзьдзелы, якiя цяпер пры адступленьнi зьмяшалiся зь беларусамi i становяць часьць цэласьцi. Яны-ж цяпер - гэтая малая часьць - асьмельваюцца дамагацца, каб усё беларускае войска, зарганiзаванае ў новую дывiзiю, сталася iхным па нацыянальным характары. Спадары афiцэры, гэта ня толькi абсурд, гэта, мякка выражаючыся, непрабачальнае нахабства! - закончыў Мiкула з нацiскам.
   На залi падняўся вялiкi шум, асаблiва ў групе расейцаў. Зiглiнг прыслухоўваўся адным вухам да перакладчыка, iншым - да Валянцiна Мураўёва, што, нахiнуўшыся, стараўся нешта сказаць палкоўнiку.
   - Откудова он такой взялся!
   - Что он чепуху плетет, большинство солдат - русские! - крычалi расейцы.
   Зiглiнгаў ад'ютант стукаў у стол, стараючыся наладзiць парадак.
   - Наша беларуская пазыцыя мусiць быць i ёсьць толькi адна, - прадаўжаў Мiкула, калi супакоiлася на залi, - новаарганiзаваная дывiзiя павiнна быць беларуская. Гэтага я дамагаюся як шэф штабу Беларускае Краёвае Абароны. Гэта нашыя жаўнеры, яны былi да гэтага часу пад нашаю камандай, такiмi яны й павiнны застацца. Iншанацыянальныя афiцэры й адзьдзелы, як меншыня, могуць увайсьцi ў новую беларускую дывiзiю...
   У часе, як гаварыў Мiкула, Валянцiн Мураўёў, нахiнуўшыся, шаптаў нешта на вуха палкоўнiку Зiглiнгу. Той цiкавiўся, здавалася, тым, што гаворыць украiнскi русафiл, больш, чымся тым, што адбывалася на залi. Iзноў падняўся шум. Колькi афiцэраў зь беларускай групы ўздыхнула з палёгкай, пачуўшы Мiкулавы словы. Украiнцы выглядалi зьбянтэжанымi, а расейцы шумелi найбольш, паглядаючы на Зiглiнга й Мураўёва. Перакладчык коратка пераклаў Зiглiнгу сказанае Мiкулам.
   - Как меншость! Ха-ха-ха! - пачуўшы апошнiя Мiкулавы словы, зарагатаў старэйшы вусаты маскаль - падпалкоўнiк, што стаяў побач вакна ў групе вышэйшых чынамi афiцэраў. - Да позвольте, господа офицеры, - прадаўжаў ён з сарказмам, - кому же этот молодой господин хочет очки втирать?!
   - Где же ваши белорусские офицеры? Их большинство! Хэ-хэ, дураков ищут, что ли...
   - Да зачем им офицера. И без них обойдутся... Хэ-хэ-хэ... - засьмяяўся яшчэ нехта iншы ў натоўпе расейцаў.
   - Афiцэраў у нас на пачатак стане. А па-другое, ёсьць вунь афiцэрская школа - дзьвесьце чалавек. Вось i будуць афiцэры.
   - Молокососы! Погодите, пока научатся...
   - Да не довольно ли с него?! - убiўся ў гутарку iзноў той вусаты падпалкоўнiк, што знаходзiўся пры вакне. - Валька! - зьвярнуўся ён беспасярэдне да Мураўёва. - Ты чего там зеваешь? Наведи порядок!
   Капiтан Мiкула, заўважыўшы, што справа йдзе ў дрэнны бок, з усхваляваньнем i ўжо маласкрыванай злосьцю, голасна сказаў, зьвяртаючыся проста да Зiглiнга:
   - Спадар палкоўнiк, гавару вам, што мы даволi маем маскалёў. Мы нiколi больш не пагодзiмся, каб над намi верх трымалi ды намi камандавалi маскалi!
   - Садись уже, садись, довольно с тебя! - рэзкiм тонам спынiў Мiкулу Мураўёў.
   Шэф штаба БКА спачатку ня верыў сваiм вушам. Як быццам апараны варам, упрытомнiўшы дзёрзка-зьняважлiвыя словы Мураўёва, ён акiнуў зрокам беларускую групу, быццам спадзяючыся так патрэбнага ў той час падтрыманьня. Яно ня прыйшло. Мiкула, iмглiстым поглядам абвёўшы залю, зачырванеўшыся, сеў. Што ў тую хвiлiну думаў, няцяжка адгадаць. Адно ня ведаў, што, калi так рэзка й адважна выступiў супраць расейцаў у абароне сваiх жаўнераў, наважыў аб сваiм будучым лёсе.
   - Дивизия будет русская! - закончыў з фiнальным адценкам у голасе Валянцiн Мураўёў.
   VI
   Школа камандзераў Беларускае Краёвае Абароны афiцыйна перастала iснаваць 28 лiпеня 1944 году - роўна месяц пасьля выхаду зь Менску й два месяцы пасьля ейнага пачатку. Загадам штаба новазарганiзаванай 30-й Усходняй (Другой расейскай) дывiзii яна сталася дванаццатай ротай чацьвёртага палка. Рэкрутам была выдадзена блакiтна-зялёная вопратка, i ў хуткiм часе мелi распачацца заняткi над вышкаленьнем. Камандаваньне ротаю абняў старэйшы векам, сiвы, павольны, з двума залатымi зубамi наперадзе, старшы лейтанант Петрык, а шэфам роты быў назначаны "фольксдойч" Кацынскi.
   Вестку аб лiквiдацыi афiцэрскае школы кадэты прынялi зь вялiкiм незадавальненьнем. Фактычна была гэта толькi фармальнасьць - школа-ж перастала iснаваць ад Менску. Але пакуль усё было плыннае, не надта выразнае, няведамае, дык ставала й месца на пешчаньне надзеяў: а мо яшчэ ня ўсё страчана, мо школа будзе ўзноўленай, мо капiтан Мiкула, на якога ўжо кадэты былi прывыклi пакладацца й якога палюбiлi, асягне сваё. Маладыя юнакi-патрыёты навет не дадумоўвалiся, якой катастрафiчнай для беларусаў была сытуацыя ў вярхах. Ня ведалi, што быў недахоп арганiзаванасьцi, плянавасьцi - замест iх часьценька выступала прыродная, амаль першабытная стыхiйнасьць. Шэрагi беларускiх афiцэраў былi сьцiплыя, хiсткi элемэнт, што так цi йнакш на Бацькаўшчыне лiчыў сябе беларусамi, тут ужо паказваў iншае аблiчча. Сам штаб БКА быў здэзарганiзаваны, камандуючы БКА зусiм страцiў сувязь са сваiм заступнiкам, а кожны рабiў, што далося на сваю руку. БЦР была раськiданая, галава ня ведала, што рабiлi рукi... Аб якой супольнай плянавасьцi дзеяньня магла быць мова? Кадэты аб гэтым ня ведалi. Тое-сёе дайшло да iхных вушэй пад час арганiзацыi 30-й дывiзii, але няведама было, цi то былi плёткi, цi праўда. Юнакi, як людзi з асьветай, плёткам не давалi вялiкай вагi, дык i цяпер зь недаверам махнулi рукой. А шкада, што не пацiкавiлiся блiжэй, не распыталiся, асаблiва не праведалi, што сталася ў самога капiтана Мiкулы. Афiцыйны загад замяняў школу камандзераў на дванаццатую роту 30-й (Другой расейскай) дывiзii, ды i ўсяго. Што крылася за гэтым ззаду - кадэты ня ведалi, мусiць, таму, што былi яшчэ занадта зялёнымi. А шкада...
   Цэлы апошнi тыдзень лiпеня праходзiў пад знакам рэарганiзацыi. Было шмат зборак, перапiсвалi ўсiх у роце, выдзялялi спэцыялiстых - кулямётчыкаў, мiнамётчыкаў, розных патрэбных рамесьнiкаў. Рота зноў зрабiла 25 кiлямэтраў у паўночна-ўсходнiм кiрунку i затрымалася ў вёсцы Альшэўка Пустулскага раёну. Разьмясьцiлiся ў сялянскiх гумнах. У суседняй вёсцы Кзы быў штаб чацвёртага палка.
   VII
   Пагода пагоршала. Колькi дзён бесьперапынна лiў дождж i значна пасьцюдзянела. Аднаго дня рэкруты праводзiлi страявыя заняткi ў гумнах. Пасьля заняткаў, калi Сымон Спарыш iшоў з кухнi, несучы ў кацялку зупу, хтосьцi гукнуў яму збоку:
   - Сымон, iдзi, вунь Кастуся Дзежкi бацька прыйшоў.
   - Дзежкаў бацька? - спытаў зьдзiўлены Сымон, i ў ягоным уяўленьнi мiльгануў вобраз спакойнага, разважлiвага, жартаўлiвага старога, добрага беларускага патрыёта.
   Сымон на хаду зьеў зупу й накiраваўся ў гумно, дзе быў трэцi зьвяз. Здалёк заўважыў пад згорбленай вярбой тры постацi. Вiктар Караткевiч стаяў каля бацькi й сына. Сымон аж жахнуўся: ледзь пазнаў старога Дзежку. Пасiвелая кароткая барада пакрывала ўвесь схудзелы твар. Худы, босы, з пасiнелымi ад холаду нагамi, апрануты ён быў у нейкiя танныя падкасаныя штаны й палатняную сьвiтку. З-пад расшпiленай на ўсю шырыню кашулi выглядалi касматыя грудзi. Вочы блiшчэлi ад недахопу сну, харчаваньня й адпачынку.
   - Вельмi прыемна бачыць вас на чужыне, - сказаў Сымон, вiтаючыся, - дай Бог, каб я дачакаўся такой нагоды, як Кастусь. - Уяўленьне Сымонава намалявала постаць свайго бацькi - старога, прыгорбленага, заклапочанага. Цяжкi боль тузануў за сэрца. Сгары Дзежка й Сымон прывiталiся.
   - Якiм чынам вы сюды зьявiлiся? - спытаў юнак.
   - А вось тут недалёка едзе наш вабоз, недзе ў маёнтку затрымаўся. Дачуўся, што вы тут, i прыйшоў.
   - Вельмi рады вас бачыць. Але-ж вы й зьмянiлiся. Матка Боская! Вось паглядзi, сын, - гаварыў Сымон да Кастуся, - як выглядае твой бацька на чужыне.
   Кастусь моўчкi пазiраў на старога.
   - Калi-ж вы з Глыбокага выехалi? - пытаўся Сымон.
   - З Глыбокага выехалi мы 27 чэрвеня. Усё яшчэ было цэлае. Пасьля дайшлi чуткi, што ў панядзелак бальшавiкi былi ўжо ў Глыбокiм, а мы выехалi ў папярэднюю пятнiцу. Хто хацеў, той выяжджаў. Загадаў на гэта ня было.
   Навокал старога сабралася грамада хлапцоў. Хутка кiшэнi яго былi напоўнены махоркай, сухарамi, цыгарэтамi. Вiктар аддаў яму сваё афiцэрскае гумовае дажджавое палiто, што купiў яшчэ ў Вiльнi. З апавяданьняў старога Дзежкi вынiкала, што ў ваколiцы былi беларускiя ўцекачы з Глыбоччыны, Наваградчыны й Баранавiччыны. Разьвiтаўшыся зь iм, Вiктар, Кастусь i Сымон моўчкi пайшлi ў свае гумны. Вобраз схудзелага зморанага старога цяжкiм каменем лёг iм на сэрцы. Гэта быў вобраз тысячаў, мо сотняў тысяч уцекачоў-беларусаў, што йшлi й ня ведалi куды - худыя, галодныя, абдзёртыя, гаротныя.
   МАРШ У ПРУСIЮ. СТРАЙК ЗА "ФАРФЛЮКТАР", АЛЬБРЭХТАЎ
   I
   Трэцяга жнiвеня 1944 году прыйшоў загад рыхтавацца ў дарогу. Мелi йсьцi пехатою каля 150 кiлямэтраў на поўнач ва Ўсходнюю Прусiю, дзе канцэнтравалася дывiзiя для вайсковага вышкаленьня. Назаўтра ранiцою а шостай гадзiне дванаццатая рота пакiнула Альшэўку й спалучылася па дарозе з батальёнам. Прайшоўшы Цеханаў, батальён накiраваўся на Млаву. Iшлi больш пехатой, а рэдка ехалi. Дзе была добрая дарога з горкi, там прысядалi на хурманкi й пад'яжджалi, хто мог i каму ўдавалася. Сымон ужо колькi разоў шкадаваў свайго маленькага гнядога конiка, якiм калiсьцi ехаў зь Менску Камовiч, а пры iм цэлая суполка, ды якога пасьля перадалi пад апеку Шуло.
   Дзень быў iзноў сьпякотны. Каля трэцяй гадзiны дванаццатая рота затрымалася на ўзгорку пры дарозе. Хурманкi былi пастаўлены ў адзiн шэраг, канюхi таўклiся пры сваiх конях. Адна з хурманак неўзабаве вярнулася ад батальённага харчавога з "фарфлюктарам". Службовы падафiцэр клiкаў людзей, каб iшлi браць харчы. Нiхто не варушыўся зь месца. Хлопцы стаялi групамi й штосьцi абгаворвалi, нярэдка заядла спрачаючыся. Ужо ад некаторага часу заўважылi, што пайкi значна паменшылi бязь нiякай, як iм здавалася, прычыны. Пастанавiлi знайсьцi прычыны гэтага.
   Калi нямецкi харчавы падафiцэр сам яшчэ раз гукнуў, каб iшлi браць i дзялiць харчы, й калi нiхто не паварушыўся - ён зьбянтэжыўся. Да яго падыйшлi Кастусь Дзежка й Сымон Спарыш i заявiлi, што гавораць ад iмя цэлай роты. Выясьнiлi немцу, што рота адмаўляецца браць харчы аж да таго часу, пакуль ня будзе выясьнена, чаму паменшылi пайкi. Людзi былi галодныя й на тых пайках, што iм належылiся, а тут яшчэ iх зьменшылi. Немец спачатку пачырванеў, пасьля, выняўшы з-за пазухi паперку, пачаў выясняць, колькi й чаго належылася на дзённы харчовы паёк. Каля яго хутка зьявiлiся Турн i Кацынскi, якiя, разьведаўшы, у чым справа, адвялi Кастуся й Сымона на бок ды побач паставiлi са стрэльбаю вартавога. Два сябры толькi цяпер пабачылi, што справа была надта паважная, што яны былi арыштаваныя, i зь нецярплiвасьцю сачылi, што будзе далей, цi падтрымае iх салiдарна цэлая рота.
   Кацынскi загадаў усiм неадкладна сабрацца. Паставiўшы iх у тры шэрагi, сказаў усiм тым, што падтрымоўваюць дамаганьнi, выказаныя двума iхнымi сябрамi харчавому афiцэру, адыйсьцi тры крокi наперад i пяць направа. Рота адышла на вызначаную "фольксдойчам" адлегласьць. Толькi Мулага й Жук засталiся на месцы. Два чалавекi з паўтары сотнi выламалiся з агульнай салiдарнасьцi. Кацынскi стаяў i думаў. Гэтага ён нiяк не спадзяваўся. Бачыў, што справа тут паважная, бо за выняткам двух недалугаў (аб iх будзе мова пасьля) усе былыя кадэты выступiлi заадно. Кацынскаму, пэўна-ж, выдавалася, што выступiць толькi адзiн цi другi дзесятак чалавек. У такiм выпадку арыштаваных можна будзе абвiнавацiць у падбухторваньнi да бунту цэлага адзьдзелу i, згодна ваеннага права, застрэлiць тут-жа на вачох ва ўсiх. З другога боку - прызнацца немцам, што яны давалi людзям меншыя пайкi толькi таму, што iх абкрадалi, таксама было цяжка. А калi й ня прызнацца, дык усё-ж хлопцы ня дурныя, яны й самi аб гэтым ведалi. Гаворка iшла пра сам факт пацьверджаньня гэтага немцамi.
   Кацынскi iзноў паставiў роту на месца ды абяцаў, што разгледзiць iхнюю скаргу, праверыць, як яно ёсьць з пайкамi ў харчовага падафiцэра. Ён звольнiў Кастуся й Сымона з-пад арышту, загадаў усiм разысьцiся ды браць харчы. Хутка пайкi былi падзеленыя, i ўсе зь нецярплiвасьцю чакалi заўтрашняга дня. Цiкава было пабачыць, што прынёс страйк за "фарфлюктар".
   Назаўтра кожны з роты атрымаў больш хлеба, па адной кансэрве мяса на тры днi й iншае. Ужо чаго-чаго, а мяса рэкруты даўно не бачылi. Значыцца, сьмеласьць i салiдарнасьць аплацiлiся. Ад гэнага часу раз назаўсёды перасталi давяраць немцам, бо вось самi-ж былi змушаныя прызнацца, што зьяўляюцца зладзеямi.
   Усе хвалiлi за адвагу Кастуся Дзежку й Сымона Спарыша, ды проста зьдзекавалiся з двух рэнэгатаў - Жука й Мулагi. Рота больш, чым дагэтуль, сталася адной цэласьцю, скансалiдаваным арганiзмам, якi пазнаў, што ў змаганьнi за сваё iснаваньне й правы павiнен палягаць толькi на свае сiлы.
   II
   Калi даводзiлася праходзiць праз горад, калёна маршыравала роўным прыгожым жаўнерскiм крокам, нягледзячы на вялiкую фiзычную зьнямогу. Чысьценькi, зялёны, абкружаны возерам гарадок Дойчэ Эйлаў, каля самай паўдзённай мяжы Ўсходняй Прусii, ветлiва ўсьмiхаўся ў цёплых праменьнях сонца, што ўжо кацiлася зусiм на захад, калi даўгая расьцягнутая калёна забубнела сотнямi жаўнерскiх i конскiх падковаў на яго вулiцах. Жыхары зь вялiкай цiкавасьцю прыглядалiся праходзячым.
   Наперадзе йшла рота, утвораная з былой палiцыi, пераважна ўкраiнцаў. Калi мiнула невялiкi мост i ўзышла на роўную вулiцу, жыдзенькi тэнар прышчаватага казачка-ўкраiнца голасна зацягнуў "Чапаева".
   - А мы што? - пачулася злоснае ў перадавых шэрагах дванаццатай. - Гэта яшчэ маюць нам праклятым "Чапаевам" галаву дурыць?
   - Давайце iх перакрычаць!
   Кацынскi, што ехаў пры чале роты на самакаце, ня браў увагi на гутаркi.
   - Што за iдэя - перакрычаць? Сьпявайма па-людзку!
   - Дудкевiч, зачынай!
   - Давайце там, зачынайце! - данеслася i з хваста.
   - Мы бойкая моладзь, арлы маладыя,
   пачаў ня надта яшчэ сьмела сьпераду голас, але тут больш сотнi пасьпяшыла яму на дапамогу:
   За намi нядоля братоў,
   Ў душах нашых шчырых iдэi сьвятыя,
   А ў жылах крывiцкая кроў.
   Падраўнялiся крокi, выпрасталася, мiнуўшы мосьцiк, калёна, i, здавалася, з усёй моцы паўтары сотнi глотак старалiся сапраўды заглушыць "Чапаева". Але гэта ня было так проста, як магло выглядаць. Сьпяваючы "Бойкую моладзь" цi пасьля "Першы зьвяз", рэкруты з былой афiцэрскай школы БКА выяўлялi й сваю нянавiсьць да бальшавiцкага Чапаева й пагарду да сьпевакоў-палiцаяў, шмат хто зь iх думаў i рабiў адно, служыў iншаму, а песьнi, запазычаныя ад ненавiснага ўсяму чалавецтву ворага, цягнуў i сьпяваў па ўсёй Эўропе. Быў гэта ня першы выпадак песеннага змаганьня з палiцаямi, а разам з тым i змаганьня з усiм бальшавiцкiм, чужым, наносным, рэнэгацкiм. Таму й ня дзiва, што й гэтым разам "Бойкая моладзь" i "Першы зьвяз" гучалi прыгажэй i ямчэй, чым "Чапаеў", i ўжо некаторыя з той, "чапаеўскай", калёны аглядалiся ў кiрунку патрыётаў-беларусаў з незадаваленьнем. Жыхары-ж гораду зь цiкавасьцю пазiралi на калёну i прыслухоўвалiся да песеннага канцэрту. Цi хто зь iх ведаў, што ў гэты момант першы раз мiж iхных вулiцаў i будынкаў разьлягалася тут-жа побач i адначасова песьня ўжо недалёкай будучынi акупанта й песьнi стагодзьдзямi крыўджанага й прыгнятанага гэным-жа акупантам народу...
   III
   Пасьля ўсяночнага маршу, каля гадзiны чацвёртай над ранiцай батальён прыйшоў у вялiкую вёску Альбрэхтаў, дзе й разьмясьцiўся. Дванаццатай роце была адведзена вялiкая пуня. Рэкруты ўляглiся спаць на леташняй саломе, намошчанай навокал каля сьцен. Толькi канюхi са сваймi хурманкамi затрымалiся ў iншым гумне.
   Вёска Альбрэхтаў, як i тысячы iншых прускiх вёсак, мела высланую гладкiмi камянямi вулiцу, свой "гастгаўз" (у дадзеным выпадку "Рэшкэ гастгаўз"), сваю стараватую мураваную лютэранскую сьвятыню зь вялiкiм пляцам каля яе, школу, дзе размясьцiлiся таксама нашы жаўнеры, ну i ясна - колькi дзесятак гаспадарак.
   Вёска Альбрэхтаў, пэўна-ж, мела сваю гiсторыю й традыцыi, мо й свой характэрны дыялект i сваiх баб-плётак ды наагул усё, што складае вясковае жыцьцё. Гэтымi дэталямi новапрыбылыя жаўнеры ня цiкавiлiся, а каб i цiкавiлiся, дык што з таго? Час iм на тое не пазваляў. Затое iх абыходзiла ўсё, што беспасярэдна адносiлася да iх, а да гэтага ў самую першую чаргу належалi дачыненьнi да iх прускiх баўэраў i наагул мясцовых немцаў. Трэба-ж не забывацца, што першы раз у сваiм жыцьцi апынулiся яны ў нямецкай вёсцы й тут мелi сустрэцца з карэннымi жыхарамi, што не насiлi вайсковых мундзiраў.
   Гэтак, у самы першы дзень побыту ў Альбрэхтаў, калi была зробленая зборка, зьвязовы Турн яшчэ раз, адно з шмат большым нацiскам паўтарыў i прыпомнiў тое шнайдараўскае "кайн Руслянд", што iм так ужо ўелася ў памяць. Турн сказаў, што яны ўжо цяпер знаходзяцца ў Нямеччыне, што Нямеччына гэта не Расея i што ўсiх рэчаў, якiя можна там - у Расеi, тут нельга рабiць. Пад гэтым разумеў, што ў Расеi можна красьцi, можа, й забiваць, а тут - у Нямеччыне, усяго гэтага рабiць нельга. Не адзiн з юнакоў пачырванеў ад злосьцi, яшчэ раз слухаючы тую зьнявагу. Але што-ж зробiш?
   Калi малы Лабуня, неяк iдучы па вулiцы, кiнуў вокам на яблыкi, што сваiм цяжарам зьгiналi сукi шматлiкiх дрэваў у садзе аднаго баўэра, то навокал, адкуль нi вазьмiся, сабралася група малых падросткаў-немцаў, што махалi кулакамi й пагражалi яму, быццам злодзею. Вiдаць, дзецi былi ўжо навучаныя старэйшымi. Беларусы адразу заўважылi, што, дзе-б яны нi павярнулiся, цi то на вулiцы, цi ў загуменьнi, iх сачыла не адна пара вачэй - быццам разбойнiкаў цi зладзюгаў, якiм нiяк нельга было давяраць. Ясна, што такiя "добрасуседзкiя" дачыненьнi выклiкалi са свайго боку й нэгатыўнае стаўленьне беларусаў да немцаў. Варожасьць да сваiх афiцэраў i падафiцэраў, што нарадзiлася пад Варшавай цi яшчэ раней, цяпер паглыбiлася i ўгрунтавалася ў сэрцах маладых беларускiх патрыётаў пры сутычцы з прусакамi.
   Ужо на другi дзень немалая частка роты пашла на вясковы пляц на страявыя заняткi, а iншым было загадана йсьцi да баўэраў на працу. Сымон i Вiктар пайшлi касiць жыта да гаспадара, у якога затрымалася рота. Iшло цяжкавата. Па-першае, яны былi амаль галодныя. Кожны касец ведае, што на чорнай каве й кавалку хлеба надта не накосiш. Нязручныя цяжкiя нямецкiя косы з крывымi касавiдламi нiяк не спрыялi працы. На далонях хутка паднялiся чырвоныя, набеглыя крывёю мазалi. Разам з Сымонам i Вiктарам працаваў на полi паляк, што служыў у баўэра ўжо пяць год. Ён разгаварыўшыся, наракаў на немцаў i свой дрэнны лёс. Каля абедняе пары касцы зусiм аслаблi. Калi вярнулiся на абед, Турн спытаў:
   - Ну, як працавалася? Не лянiлiся?
   - Працавалася так сабе. З пустым жыватом надта-ж цяжка касiць, - адказаў Сымон.
   - Як гэта? - насупiўся зьвязовы. - Што, ты ранiцай не атрымаў кавы цi хлеба не маеш?
   - Я пiў каву, але на вадзiчцы надта не накосiш. Цьвярдзейшым чым-небудзь на такую працу пасiлкавацца трэба.
   - Альфонс! - клiкнуў гаспадара зьвязовы Штык, што быў прыкамандыраваны да роты ў вёсцы. - Гэтыя два пойдуць да цябе на абед.
   Баўэр быў ужо выхiлiў галаву цераз адкрытае акно й сам, мусiць, хацеў клiкаць работнiкаў на абед.
   - Спарыш! - гукнуў Сымона Турн. - Аддай каму свой кацялок, каб прынёс тваю абеднюю порцыю зупы, вечарам зьясi. Абед у немца складаўся з кавалачка мяса, аблiтага сосам, тоўчанай жменькi бульбы, тоненькай ськiбачкi хлеба й кубка масьлянкi. Умясьцiўшы той скупы абед у жываце ды яшчэ наверх уплёўшы порцыю гарохавае зупы, прынесенай з жаўнерскае кухнi, Сымон i Вiктар зусiм нядрэнна падсiлкавалiся. Пасьля паўдня зноў пайшлi ў поле вязаць снапы. Працавалi паволi, шмат гаварылi, але не стаялi. Дзень быў сьпякотны, ды надта й перапрацоўвацца ня было для каго. Пад вечар прыйшоў гаспадар i, агледзеўшы зьвязаныя снапы, сказаў, што малавата зрабiлi й каб iшлi дадому. Было тое незадоўга перад канцом працы, й хлопцы здагадалiся, што прусак адсылае iх загадзя, каб ня даць вячэры. Вiктар з Сымонам, вярнуўшыся, заселi зь iншымi сябрамi гуляць у "ачко" i так прагулялi той час да вячэры. Даводзiлася iм працаваць яшчэ пару дзён у таго Рэшкэ, што меў гасподу. Калi хлопцы прыйшлi на абед, гаспадар - пузаценькi пяцiдзесяцiгадовы падсiвелы немец, загадаў мыцца ў хляве, а пасьля казаў яшчэ звазiць дровы. Юнакi моцна пакрыўдзiлiся й сакавiта лаялiся, iдучы дадому.
   IV
   Яшчэ на Бацькаўшчыне давялося Сымону аднойчы пазнаёмiцца з адным беларусам, што меў прэтэнзii быць пiсьменьнiкам, дый сапраўды тое-сёе пiсаў i там-сям друкаваўся. За часоў нямецкае акупацыi працаваў нейкiм малым канторшчыкам пры Генэральным Камiсарыяце, дзе й сталаваўся. Гэта быў, сьцiпла гаворачы, немафiл. У кожным нямецкiм учынку бачыў штось асаблiвае, вартае насьледаваньня. Здаецца, што й сапраўды ўважаў немцаў за вышэйшую расу "гэрэнфольк". Сымон быў перакананы, што навет i самога сябе той пiсьменьнiк уважаў за iстоту, якая немцам далёка не раўня.
   - Ты паглядзi на немцаў вунь, - гаварыў неяк Сымону пiсьменьнiк, - вось дык культурны народ. Гэта цi бачыў хто! Хаджу на абед у сталоўку Генэральнага Камiсарыяту. Дык што ты думаеш? Ня толькi чысьценька з талерак ядуць, што нiводнай макулiнкi не марнуюць, але ўжо калi йдзе аб хлеб, дык, глядзiш - i ўчарашнiя чорствыя скарыначкi падчысьцяць ды яшчэ й крошачкi пазбiраюць. Вось гэта дык культура! Гэта дык народ!
   Сымону пазьней часьценька прыгадвалiся тыя словы. Мо й трэба з пашанаю адносiцца да эканомнасьцi й ашчаднасьцi, - думаў Сымон, - ды часамi ня толькi варта, але прост-напраст неабходна. Адно калi йшла гаворка пра тую пiсьменьнiкаву заўвагу адносна немцаў, дык Сымон дабачваўся там i нечага iншага. Будучы ў Прусii, заўважыў ненармальную нямецкую скупасьць. Адна рэч, калi казаць пра нямецкую скупасьць у дачыненьнi да чужых, але-ж яна, скупасьць гэтая, не абмяжоўвалася толькi чужымi, абымаючы ўсiх - у тым лiку й сваiх нямецкiх жаўнераў. Нiколi, прыкладна, не давялося Сымону бачыць, каб нейкi нямецкi баўэр пачаставаў цi хаця-б даў што-небудзь свайму нямецкаму жаўнеру. Тут вайсковыя не хадзiлi так па вёсках, жабруючы й просячы: "Матка, яйка, матка, шпэк", як гэта рабiлi ў Беларусi.
   Праўда, былi розныя гiтлераўскiя строгiя правы аб падатках, усё ў кожнага баўэра было праверана й падлiчана - i жывёла, i маёмасьць, i цэлы дабытак. Але-ж тое было i ў Беларусi, куды ў большай меры экспляатаванае акупантам.
   Як ужо тыя акупанты нi душылi бедных беларускiх сялян, якiм ужо не ставала самiм не толькi хлеба, а часамi й бульбы. У найцяжэйшыя ваенныя часы беларусам нiяк нельга было раўняцда да прускiх баўэраў. I зноў у Сымонавай памяцi ўваскрасала доўгая, здавалася, бясконцая, худая, абарваная калёна шкiлетаў палонных з Чырвонае Армii. Калёна мiнае Сымонавую вёску. Сялянкi, панабiраўшы ў пелены што было ў хаце пад рукою - скарынкi цi акрайцы хлеба, вараную бульбу, выходзяць да дарогi й шпурляюць яду ў калёну. Чуваць крыкi палонных, яны кiдаюцца кучамi на яду, сьмерць косiць бедных людзей жалезьзем зь нямецкiх аўтаматаў.
   Беларусы, самi бедныя, абрабаваныя, ледзь не жабракi, дзялiлiся з беднымi людзьмi апошнiмi кавалкамi хлеба, а хто й таго ўжо ня меў - бульбiнай. I цi зрабiлi-б гэтак нямецкiя баўэры? Сымон быў перакананы, што не. Гэта - народ без душы, без спачуваньня.
   З гэткага параўнаньня прыходзiла юнаку ў галаву думка, што народ ягоны быў адным з найлепшых, найбольш гасьцiнных, спагадных у бядзе. Меў вялiкае, гуманнае, поўнае хрысьцiянскае любовi сэрца. Яно абымала полымем каханьня ня толькi сваiх родных дзяцей - беларусаў. Войны паказалi, што навет жаўнер акупанта, калi ён быў галодны й папрасiў у беларускага селянiна кавалак хлеба, дый цi толькi хлеба, нiколi не адыходзiў ад дзьвярэй з пустымi рукамi. I магчыма, што беларускi народ якраз за такую сваю дабрату так шмат пацярпеў на працягу цэлае гiсторыi ад iншых. Мо ён быў зашмат даверлiвы, занадта добры, цераз меру спагадны.