- Слухай, мне тут твае ўланы казалi, што маеш "Вiкторыю Крос". Мне здаецца, што падмятаньне зьневажае героя. Можа-б...
   - Што ён кажа? - паклiкаў Карпiнскi паляка, што апынуўся ў суседзтве. Той растлумачыў.
   Гэрой з-пад Монтэ Касыно, Тобрука й Анконы, абапёршыся на мятлу, усьмiхнуўся i адказаў ангельцу:
   - Дзякую, сэр, але мне й падмятаць добра. Цяжка не працую. Калi-ж каму здаецца, што гэта неганаровае й панiжаючае, дык заўтра прыйду на працу, начапiўшы на грудзi ваш мэдаль. Можа, тады ўсе будуць адносiцца да мяне з пашанай.
   Тыя, што прыслухоўвалiся збоку, асаблiва-ж пара палякаў, голасна зарагаталi. Адказ быў удалы й шматвымоўны ня толькi адносна самога носьбiта "Вiкторыi Крос", але перадусiм таго, як палякi чулiся пакрыўджанымi ангельцамi. Карпiнскi лiчыў, што калi ангельцам ня сорамна было ардэнаносца "Вiкторыi Крос" паставiць на працу зь мятлою ў руках, дык чаго-ж тады меў саромецца ён сам, нядаўна ўзнагароджаны й праслаўлены, а цяпер закiнуты на вычышчэньне ангельскiх iндустрыяльных сьметнiкаў.
   V
   Выехаўшы з Матэры на Гравiна й зрабiўшы кiлямэтраў шэсьць, можна было ўбачыць, як адбягала ўлева ад шашы крутая дарожка. У самым нiзе схiлу кiравалася яна ў паўразваленую каменную браму й далей ужо роўна бегла да хутара цi, дакладней было-б азначыць, маёнтку - Парко Гатынi. Направа вы заўважылi-б вялiкi двухпавярховы каменны будынак, па кутах завершаны малымi круглымi вежамi. Гэта быў гаспадарскi будынак: наверсе склады, а ўнiзе - хлявы для жывёлы. Не даходзячы да яго, па левым баку былi руiны вiлы. Аб гэтым сьведчыла брама з надпiсамi на калёнах, круглыя каменныя слупы, цэлы шэраг павыбiваных ва ўзбоччы ўзгор'я каморак, зарослы ўжо басэйн - цяпер сапраўдны гадавальнiк. камароў. Побач басэйну быў кран з вадою, што пад час сьпякоты так добра служыў жыхарам руiнаў. Былi-ж iмi сябры спэцыяльнага панцырнага зьвязу, прывезенага сюды з Галятонэ на запатрабаваньне маёра Карпiнскага. У агародзе сярод алiвак вырасьлi дзьве вялiкiя палаткi для радавых. Воддаль, з другога боку за выбiтым у скале вузкаватым праходам, разьмясьцiлася асобная, таксама вялiкая палатка для падхаронжых i тут-жа побач яе малая - для Плiнты.
   Танкi трымалi на двары за брамай. Новапрыбылыя былi надзвычайна задаволеныя месцам. З паўночнага боку Парко Гатынi прытулiлася да камянiстага бугра, а з паўднёвага - як вокам кiнуць аж да ледзь заўважнага блакiтнага хрыбта гор на гарызонце - зелянеў густы лес аранжавых* i алiўкавых плянтацыяў. Месца было вельмi блiзка ад цэнтру й адначасна здавалася, што знаходзiлася дзесь на бязлюдзьдзi ў Афрыцы. Да Матэры Тадзiкавым возам было пятнаццаць хвiлiн язды. Там усе вайсковыя адзiнкi падлягалi ўсiм правiлам гарнiзонных iнспэкцый. У Парко Гатынi-ж нiхто не заглядаў, акрамя маёра Карпiнскага ды ягоных сяброў. А маёр прыяжджаў не дзеля iнспэкцый, а дзеля iншых прычын. Гэтыя прычыны няцяжка было адгадаць, ведаючы, што гэройскi маёр не належаў да тых, што ганьбавалi пляшкай. Тут-жа й месца было асобнае, сказаць-бы, ледзь не ягонае собскае, дый далёкае ад гарнiзоннае вайсковае шумiхi й штодзённае службовае руцiны.
   * Апельсiнавых.
   Часта пасьля штодзённых службовых заняткаў, калi сонца хiлiлася на захад, Тадзiкаў "бэдфард" уздымаў вялiкую хмару пылу на крутой дарожцы, поўз вальней па схiле ды ўжо зусiм звальняў каля галоўнае, паўразваленае танкамi брамы. Карпiнскi, саскочыўшы з аўтамашыны, з партфелем пад пахай, весела здароўкаўся з сустрэчнымi жаўнерамi, празь сьцежку ў запушчаным агародзе ўзьбiраўся па прыступках у кiрунку вузкага праходу ды, перамераўшы яго шпаркiмi крокамi, убягаў у палатку да Плiнты або да падхаронжых. Пасьля вiтаньняў i супольных абменаў дзённымi навiнамi пачыналi сыпацца розныя жарты цi анэкдоты - маёр Карпiнскi iх надзвычайна любiў, - i кампанiя чатырох падхаронжых ды двух афiцэраў сядала за стол, дзе, дзякуючы Апалевай празорлiвасьцi, зьяўлялiся чарка й закуска. Апошняга хапала. Войска было добра забясьпечанае мясам i iншымi прадуктамi. Што-ж да алькаголю, дык ён найчасьцей паказваўся ў выглядзе пару пляшак з маёравага партфеля. Звычайна гэта было шкоцкае вiскi або джын, якога можна было колькi хочаш i па таннай цане купiць у афiцэрскiм казiно ў Матэры. Вiна на мясцовым рынку i ў вайсковай краме было хоць залiся.
   Як правiла, Рэмi Сварычэўскi й Сымон Спарыш пiлi мала, адно для падтрымкi кампанii. Апошняя-ж чацьвёрка перакульвала чаркi, як быццам гэта была крынiчная вада з суседняга крану. Найбольш гаварыў Карпiнскi. Невычарпальнаю тэмаю былi ваенныя прыгоды. Сябе й сваё "я" трымаў заўсёды на заднiм пляне. Гутарка маёрава ў нiякiм выпадку не нагадвала самахвальства. Зусiм iншае было з Апаляй, якi пасьля маёра быў найбольш гутарлiвым i асноўную ўвагу аддаваў сабе, цi зь Нядзьвецкiм, што рэдка заставаўся ззаду. Плiнта, як i належылася, зь ветлiвасьцю гаспадара патакiваў, там-сям устаўляў пару слоў i рабiў уражаньне чалавека знуджанага, якi даўно ведае ўсё тое, што было цi мае быць за сталом сказанае. Рэмi й Сымон сядзелi моўчкi. Паклiкалi на дапамогу языкi, адно калi даводзiлася баранiцца, каб Апалева цi маёрава рука не пералiла ў iхныя чаркi.
   Жаўнеры здалёк прыслухоўвалiся да гоману ў палатцы начальства й самi заглядалi ў пляшкi. Нядзьвецкi звычайна першы пераключаў тэму з ваенных прыгодаў на дзявочыя, а калi й гэтыя былi так-сяк вычарпаныя, пачыналiся песьнi. Такiя сэсii здаралiся разы тры-чатыры на тыдзень. Пазьней пастачальнiкамi алькаголю, акрамя Карпiнскага, сталi i ўсе падхаронжыя, бо як-нiяк ня выпадала-ж заўсёды пiць чужое. Апаля заўсёды зьбiраў грошы, рабiў закупы й стала трымаў у запасе колькi пляшак на "чорную гадзiну". Пасьля дзьвюх- цi трохгадзiннае выпiўкi маёр Карпiнскi ад'яжджаў Тадзiкавым аўто ў Матэру, часта ў таварыстве Апалi й Нядзьвецкага. Яны нярэдка вярталiся на базу далёка пасьля поўначы, бяз сумлеву зьведаўшы яшчэ iншыя месцы прыемнасьцi, што часамi былi й зусiм не па дарозе.
   Аднойчы маёр Карпiнскi, пасьля трохгадзiннага п'янства, устаў з-за стала й голасам цьвёрдае каманды загадаў Плiнту, каб зьвяз за паўгадзiны стаяў у поўнай гатоўнасьцi на начныя практыкаваньнi. Маёр выразна хiстаўся, Плiнта й падафiцэры падзялiлiся мнагазначнымi позiркамi, але не пярэчылi. Апаля хутка перадаў загад экiпажам танкаў. Жаўнеры, сьцямiўшы, у чым рэч, чакалi, што станецца нешта нештодзённае. Пакуль сабралiся, зайшло сонца й пачало шарэць.
   Маёр Карпiнскi, падсаджаны чатырма рукамi, ускарабкаўся наверх першага танка i, абхапiўшы рукамi руль гарматы, загадаў каля сябе сесьцi Плiнту й Апалю. На iншых вярхах танкаў селi рэшта падхаронжых i радавыя. Карпiнскi загадаў поўнай хуткасьцю ехаць у Матэру. Кожны танк запалiў зыркi верхнi пражэктар, што сьвяцiў найменш на дзвесьце мэтраў. Чатыры цяжкiя стальныя чарапахi, зьзяючыя доўгiмi конусамi сьвятла, пад гоман i песьнi ды п'яную балбатню маёра й спадарожнiкаў, хутка карабкалiся на стромы бугор, а пасьля, узьехаўшы на шашу, поўнай хуткасьцю накiравалiся ў гарнiзонны гарадок.
   Жыхары Матэры, пачуўшы здалёк гул, цеснай сьцяной заграмадзiлi ходнiкi. Палавiна зацiкаўленых была вайскоўцамi. Панцырны зьвяз нiколi дагэтуль не заглядаў у Матэру ня толькi ў п'яным, але нат i ў цьвярозым вiдзе. Спасьцярогшы падпiтых афiцэраў i танкiстаў, гледачы смяялiся й махалi рукамi. Карпiнскi ахрыплай глоткай зацягваў уланскую песню, а Апаля, збоку размахваючы рукамi, намагаўся не заставацца ззаду. Танкi, аб'ехаўшы блёк будынкаў гарнiзоннага штабу ў цэнтры мястэчка, павярнулi налева на малы пляц перад афiцэрскiм казiно.
   Адны павыходзiлi на вулiцу. Iншыя выглядалi зьверху праз вокны. П'янага маёра звалаклi з першага танку й памаглi зайсьцi ў клюб. Апаля, хiстаючыся на нагах, загадваў заварочвацца. Плiнта, пасадзiўшы Карпiнскага за сталом, вярнуўся, сваiмi сiламi ўзлез на танк i загадаў вяртацца ў Парко Гатынi.
   Назаўтра ранiцою, калi Карпiнскi а восьмай гадзiне зьявiўся ў штаб гарнiзона, палкоўнiк Заорскi, што не забыўся маёравай парады, дзе здабыць нямецкiя лiмузiны, са зласьлiвай ухмылкай зьвярнуўся да ўладальнiка "Вiкторыi Крос":
   - Пане маёр, чым можаце вытлумачыць учарашнюю прысутнасьць позьнiм вечарам танкаў у горадзе? Што гэта вы выраблялi?
   - Праводзiлi начныя практыкаваньнi, пане палкоўнiк! - адрэзаў Карпiнскi i, не чакаючы далейшага, завярнуўся й выйшаў. Заорскi са злосьцi ледзь ня ўкусiў нiжнюю губу. На гэтым справа закончылася. Калi-ж iншыя афiцэры пыталiся Карпiнскага, чаго прыяжджалi ўчора танкi ў горад, гэрой з усмешкай адказаў:
   - Хацелi, дык i прыяжджалi.
   VI
   Даўно перастала быць тайнiцай, што ўсе польскiя адзьдзелы ў Заходняй Эўропе, а ў iх лiку й Другi корпус Андэрса зь Iталii, мелi быць у хуткiм часе дэмабiлiзаваныя й дзеля таго насамперш перавезеныя з кантынэнту ў Ангельшчыну. Другi корпус меў быць хутка дэмабiлiзаваны не таму, што ягонага выезду зь Iталii дамагаўся Сталiнаў прадстаўнiк у Аб'яднаных Нацыях Вышынскi i не таму, што цэнтральны прэсавы ворган iтальянскай камунiстычнай партыi "Ль-Унiта" з Рыму штодзённа пiсаў аб нападах палякаў на камунiстаў i рабiў буру ў шклянцы вады, а таму, што брытанцам два гады пасьля заканчэньня вайны надакучыла харчаваць i апранаць колькi сотняў тысяч бязьдзейных жаўнераў, якiх мяркавалi выкарыстаць на рынку працы. Ды хоць справа выезду й дэмабiлiзацыi ня была ўжо тайнiцай, жыцьцё ў гарнiзоне Матэры плыло нармальна.
   Напрыканцы чэрвеня Сымон атрымаў загад прывезьцi з Галiполi танкавай амунiцыi. Узяўшы пяцiтонную транспартную машыну й зьвязнога падафiцэра-шафёра, зрабiў падарожжа за тры днi. Зараз пасьля прывозу амунiцыi маёр Карпiнскi загадаў наладзiць практыкаваньнi ў полi са страляньнем.
   На палёх ужо стаялi першыя сьцiрты зжатага збожжа, а дасьпелая пшанiца аж прасiлася пад серп. Дзень для практыкаваньняў выпаў даволi ветраны, хоць, як амаль заўсёды, сонечны й гарачы. Чатыры танкi з Парко Гатынi выехалi вельмi рана. На базе зьвязу застаўся сам Спарыш. Паволi зьеў сьнеданьне й пасьля вылежваўся на гарачым сонцы, а калi занадта дапякло, уцёк у цень палаткi i ўзяўся за чытаньне нейкай няцiкавай, трапiўшай пад руку, кнiжкi.
   Каля гадзiны першай папаўднi ў адкрытых дзьвярох палаткi вырасла замурзаная й запыленая фiгура Сварычэўскага.
   - Гэ-э-эй! А што гэта з табою? Чаго ты так рана дома? Ужо выстралялi ўсю амунiцыю? - схапiўся Сымон.
   - Але дзе-ж там! Стралянiна спынена. Зрабiлi такi пажар, што спалiлi вялiзарныя абшары збожжа. Е-э-э-зус каханы, Езус! - абхапiў Рэмi рукамi галаву й апусьцiўся на пасьцелю. - Каб ты бачыў!
   - Пажар? Якiм чынам?
   - Ну бо гэты... Плiнта, як толькi прыехалi й паставiлi на пазыцыi танкi, даў загад заладаваць дымнымi й вызначыць мэту. Перад намi была невялiкая гара - бок ейны паверхнi мо як сьцяна добрага дома. Навокал-жа ўсюды збожжа. За гарой, як пасьля даведалiся, была ў лагчыне вёска. Занялi мы пазыцыi адлеглыя ад гары на нейкiх 1000 ярдаў. Плiнта загадаў нам страляць з наставы. Што за ёлап! Гэта-ж хапiла розуму. Я адразу спасьцярог, што ў гару ня траплю, бо, зiрнуўшы праз рулю, убачыў голае неба. Я крыху стрымаўся. Там трэба было дасканалых стральцоў, каб пацэлiлi ў тую гару, а не такiх зялёных, як ён паўсаджваў у танкi, каб навучылiся. Першыя ладункi казаў выстралiць нам, падхаронжым. Нядзьвецкi тады, доўга ня думаючы, луп! - адзiн, другi, трэцi. Я ўбачыў, што ладункi ляцяць цераз гару. Давай сваю гармату ўнiз i пачаў. Трапiў у самую сярэдзiну скалы. Значыцца, мы страляем сабе. А там, як аказалася, за гарою ўжо гарыць ад першых трох, бо Нядзьвецкi трапiў акурат у сьцiрту. Але мы нiчога аб гэтым ня ведаем i страляем далей. Выбiлi ўсе супрацьпанцырныя й па некалькi гранатаў, як раптам бачу, колькi мага сiлаў iмчыць у нашым кiрунку на белым канi Кэнсiк i махае рукамi. Ён быў адным з тых, што стаяў збоку для назiраньня. I яздок ьз яго не абы-якi - я гэта заўважыў. Як даведаўся - ён сын селянiна. Ну i як кiнецца ён да Плiнты ды як крыкне: "Спадар лейтанант! Вы страляеце, а нiхто не бачыць, што пажар людзям збожжа палiць. Там, за гарой, агонь бушуе, пекла несамавiтае!"
   Плiнта зьбялеў як палатно й чаго не звар'яцеў ад страху. Зачаў тупаць у панiцы, страцiўшыся зусiм. Хлопцы кiнулiся за гару, а там ужо цэлае мора агню. Пазьбiралiся iтальянцы. Крык, гоман, плач. На цэлае шчасьце, хата нiякая шчэ не занялася. Гарыць стог адзiн, другi, трэцi, а вецер агонь па полi стралою нясе. Плiнта паслаў некалькi хлапцоў, бо ня ведаў, што там мора агню. Казаў страляць далей з двухцалёвага мiнамёта. Страляйце, кажа, у гэтую чорную полаць раллi. Як так, то давай! - хлопцы зноў пачалi. Не прайшло й пару хвiлiн, як адзiн ладунак трапiў на ржышча, якое тут-жа ўмiг занялося полымем. Нiчога дзiўнага, бо сьпякота страшэнная. Там абы лёгкая iскра, i ўсё пайшло-б з дымам, а што гаварыць, калi некалькi фосфарных ладункаў звалiлася.
   Вецер маланкаю паганяў агнём, i не агледзелiся, як полымя абняло цэлыя нiвы. Ну што-ж ты будзеш рабiць. Пабеглi мы ратаваць. Але дзе-ж там! - навет мовы ня было, каб маглi што зрабiць. Напрацавалiся, як дурнi, аж дух занiмала. Я апарыў сабе плечы й рукi, бо вопратку быў ськiнуў. Лапаты й гасьнiцы, што мы мелi, гэта - капля ў моры. Перш пачалi капаць канавы, каб агонь адгарадзiць, але што пачнём якiх сто метраў наперадзе, то за пару мiнут агонь нас дагонiць. Бачым тады, што не дамо рады. Зрэзыгнавалi ўжо зусiм з гашэньня, адно пачалi капаць канавы па баках, каб не даць пажару пашырыцца, бо спынiць яго было зусiм немагчыма. Удалося нам скiраваць яго з ветрам на суседнюю гару, дзе й пагас. Маткi мае боскiя! Ты не ўяўляеш сабе, што за велiзарныя абшары збожжа спалiлi. I то пераважна пшанiцы, ды такой сьпеленькай, што толькi на серп чакала. Як станеш на суседнiм узгорку, то пад табою чорнае мора, як вокам сягнуць. Шчасьце, што хаты не пагарэлi. А людзi пазьбягалiся з усёй ваколiцы. Iтальянкi кiнулiся ў лямант: "О мiо панэ, мiо панэ!" О хлеб мой, значыцца. Жандармэрыя наша й iтальянская, поўна iхных i нашых афiцэраў, шмат лiмузiнаў панаяжджала. Там багатых мужыкоў маса, што аддаюць зямлю ў арэнду. Для iх страта не так балючая, як для тых бедных арандатараў. Там-жа на месцы даходжаньнi, тэлефоны, тэлеграмы, я цябе... калатня будзе, якой сьвет не бачыў. Наш Плiнта бегае як звар'яваны.
   - Ну й што, яны яшчэ ня скончылi?
   - Скончылi, недзе ўжо едуць. Я прыехаў з Тадзiкам паўтаратонкай, а Плiнта застаўся быў ззаду для выясненьня гэнага цэлага б...
   - Дзе ляжыць тая бедная вёска?
   - На захад ад Мiлiёнiко. Як яна завецца - ня ведаю. Будзе адсюль кiлямэтраў сорак пяць - пяцьдзесят. Але што за прыгожая ваколiца! Шкада мне гэных людзей. Ты ведаеш, на колькi ацанiлi шкоду?
   - Ну?
   - На восем мiльёнаў лiраў. Цiкава, хто iх заплацiць. Хiба-ж не наш Плiнта.
   - А дзе-ж быў наш самы галоўны гэрой?
   - Карпiнскi?
   - Так.
   - Прыехаў, як пажар ужо бушаваў.
   - Дык i хто-ж за гэта будзе адказным?
   - Хiба-ж што не я. Плiнта цьвердзiць, што яму гарнiзонны афiцэр па справах стрэльбiшчаў вызначыў там месца, хаця ў ваколiцы ёсьць такiя дзiкiя горы, што самi просяцца...
   - Але-ж там мусiла быць весела. Добра, што я не паехаў.
   - Маеш шчасьце. Глянь во! - паказаў Рэмi Сымону паабсмальваныя рукi. - Я дзякую iм за такую прыемнасьць. Плiнта будзе адказваць за неасьцярожнасьць пры страляньнi, а афiцэр ад стрэльбiшчаў - за неадпаведнае месца. Як справа пойдзе ў суд, тады пазнаюць. А Плiнта кажа: "Гэта нiчога. Мы ў Рыеты, кажа, ня гэтулькi папалiлi. I ты думаеш, ангельцы далi адшкадаваньне? Анi на ногаць. Казалi iтальянцам пазвозiць збожжа, а як ня справiлiся, то маеце..."
   - Я-б хацеў бачыць, каб падобнае нешта здарылася ў Ангельшчыне. Нам танкамi навет па дарогах езьдзiць не дазвалялi, каб, баранi Божа, асфальту не пашкодзiлi.
   Падхаронжыя змоўклi. Рэмi курыў бесьперапынна ўжо трэцюю з чаргi сыгарэту. Сымон пазiраў на яго ды нешта мяркаваў у галаве. Паважнае аблiчча твару паступова пачало перамяняцца ў грымасу, i раптам Спарыш зарагатаў голасна й працяжна. Сьмех быў нейкай канвульсiяй, пачаўся ўнiзу ў жываце й страсануў усiм целам. Сымон ускочыў з ложка, падскакваў па палатцы, часамi аж прысядаў i, стукаючы абедзьвюма далонямi па каленях, рагатаў бесьперапынна, ажно вочы набеглi сьлязьмi, а на лбе пачалi выступаць каплi поту. Напаўдзiкi канвульсыйны грымотны сьмех ня спыняўся.
   Рэмi анямеў, сачыў за Сымонам, ня ведаючы, як тое разумець.
   - Што з табою? Не ў парадку што?
   - Чу-га-га! Чудак ты, га-га-га! Чаго са мною, што мае быць не ў парадку. Ой не магу, га-га-га! Жывот ужо пачынае ад сьмеху балець. Дэмабiлiзацыя, казаў той, на носе, а тутака паехалi панове ў "ваенку" гуляць, па чужых пшанiчных нiвах снарадамi псяюрыць, бедным людзям збожжа палiць! Га-га-га! Яшчэ не наваявалiся, мусiць, яшчэ iм усё мала. Ах, каб вы падохлi, каб вы... га-га-га!
   Рэмi стаяў у нерашучасьцi. Прыглядаючыся да Сымона, заразiўся ягоным сьмехам i пачаў таксама рагатаць з усёй сiлы. Цяпер ужо пайшло дружней. Абое глядзелi адзiн на другога й выбухалi гулкiм рогатам. Рэмi кiнуўся на ложак i пачаў з раптоўна знойдзенай весялосьцi выдрыгваць у паветры нагамi, залiваючыся ўсё новымi хвалямi сьмеху й прыгаворваючы:
   - Але-ж, браце каханы, i наваявалi мы сягоньня. А няхай iх кроў залiе! Ха-ха-ха!
   Невядома, як доўга трываў-бы той дзiкi рогат падхаронжых, калi-б ня грукат танкаў з панадворку. Паабсмальваныя, запыленыя й усхваляваныя танкiсты дзялiлiся мiжсобку рознымi цiкавымi эпiзодамi з таго, што здарылася. Плiнта, не аглядаючыся на нiкога, быццам злосны, пабег у сваю палатку.
   - Бачыш? Вось i наш "вудз". Пад ягонай камандай нашы чарапахi атрымалi сягоньня, мусiць, апошняе баявое заданьне перад тым, пакуль пойдуць на злом. Iтальянцам доўга будзе помнiцца наша "военка" ў iхняй пшанiцы.
   Сымон, слухаючы гэтыя заключныя словы Сварычэўскага, ня меў ужо фiзычнае сiлы рагатаць. Ды глянуўшы на выпадак з другога боку - з боку тых пакрыўджаных сялян - цi-ж гэта было так надта сьмешна?
   VII
   Мiж вучняў школы падхаронжых у Матэры сустрэў Спарыш колькi сваiх сяброў, колiшнiх менскiх кадэтаў. Надзвычайна ўзрадаваўся з такога спатканьня. Мiж iмi быў i Мiкола Дудкевiч.
   - Ну, братка, расказвай, што там у Ангельшчыне, - абступiлi яго, - тут ёсьць плёткi, што хутка пераяжджаць будзем. Цi там будзем мець магчымасьць скончыць яшчэ школу?
   - Школу скончыць? - усьмiхнуўся Сымон. - Забудзьцеся ўжо аб войску. Там даўно яго няма.
   - А ты-ж скончыў.
   - Дык разам са мною перастала iснаваць i школа. Людзi там ужо мяркавалi, як рыхтавацца да цывiльнага жыцьця пасьля дэмабiлiзацыi.
   - Няўжо-ж?
   - Каб я з гэтага месца ня зыйшоў.
   - Цьфу на цябе. А мы тут яшчэ галовы мазолiм, каб ацэнкi добрыя дастаць i ў хвасьце не застацца.
   - Дарма вы, хлопцы. Ня дурыце сабе галоваў. Войска ўжо скончылася. Будзе арганiзоўвацца нейкi быццам корпус прыстасаваньня, дзе будуць вучыць цывiльных фахаў, пэўна, як капаць вугаль у шахтах цi працаваць з лапатамi пры будовах. Вось якое войска.
   - Ты не жартуеш?
   - Чаго-ж маю жартаваць. Дадушы праўду кажу.
   Сымонавы словы былi, быццам вядро сьцюдзёнай вады на гарачыя юнацкiя галовы сяброў. Шмат хто шкадаваў тых стараньняў, уложаных дасюль у ваенную навуку, якiя цяпер выглядалi дарэмнымi. Ад iх падхаронжы Спарыш даведаўся, як палякi, спасьцярогшы вялiкi наплыў беларусаў у афiцэрскiя школы ў Матэру, пазбылiся iх, ня прызнаўшы адукацыi пад нямецкай акупацыяй, як пасьля, на курсах, загароджвалi дарогу да экзаменаў, iншых-жа на тых экзаменах паабразалi. Некаторыя былыя менскiя кадэты, якiя вытрымалi экзамены, не пайшлi пасьля ў афiцэрскiя школы. Мiж iмi былi два найблiжэйшыя Сымонавы сябры Вiктар Караткевiч i Кастусь Дзежка.
   Будучы ў Парко Гатынi й маючы вольны доступ у афiцэрскае казiно ў Матэры, Сымон часта заглядаў туды не так дзеля выпiвак, як дзеля таго, каб пазнаць, што робiцца "на вярхах". Тое, што пабачыў i пачуў, поўнасьцю пацьвердзiла ягоныя ранейшыя мяркаваньнi адносна маральнага раскладу й гнiльля, што панавала сярод афiцэрскага пэрсаналу. Найчасьцейшымi тэмамi гутарак у казiно былi грашова-спэкуляцыйныя абароты на чорных рынках. Вышэйшыя афiцэры, што мелi ад'ютантаў, выкарыстоўвалi розныя нагоды, каб, паслаўшы свайго чалавека па "службовай справе" ў Эгiпет, зрабiць сыценькi гандаль капiталам. У Эгiпце куплялi ангельскiя залатыя фунты, званыя "каштанамi", што там прадавалiся на вольным рынку. У Iталii заработкi на iх сягалi семсот працэнтаў. Атрыманыя лiры пры дапамозе ваўсковых дзейнiкаў выменьвалiся на ангельскiя папяровыя фунты.
   У апошнiя часы побыту Андэрсавага корпуса ў Iталii вялiзарная колькасьць вайсковых матэрыялаў пайшла на чорны рынак. Былi гэта часы лiквiдацыi. Кожны, хто дзе быў на якiм становiшчы, што мог нешта прадаць i зарабiць, ня трацiў нагоды. Адно меншыня трапляла ў рукi вайсковае палiцыi й пад суд. Гэтак рамонтны адзьдзел базы Другога корпуса, што памяшчаўся ў Леччэ каля Таранто, зарабiў пры лiквiдацыi некалькi мiльёнаў лiр. Дзякуючы неасьцярожнасьцi iтальянца, што накупляў матораў, апонаў ды iншых матэрыялаў i прыладаў, гешэфт выйшаў наверх i цэлы пэрсанал рамонтнага адзьдзелу разам з камандзерам трапiў у ангельскую вязьнiцу.
   Таму, што ведаў ангельскую мову, Сымону Спарышу даручылi адвезьцi чатыры "шэрманы" з Матэры на злом у Форлi. Для дапамогi юнак меў васьмёра людзей i Сварычэўскага. Танкi былi дастаўленыя цягнiком на аграмаднае лётнiшча ў Форлi. Сымонавы людзi, кiнуўшы вокам на амаль бязьмежную масу танкаў, панцырных машынаў, "кар'ераў" i навет звычайных транспартных машынаў, што як вокам сягнуць заграмазьдзiлi колькi квадратных кiлямэтраў лётнiшча, не маглi надзiвiцца. Нiдзе й нiколi нiхто зь iх ня бачыў у адной кучы столькi ваеннага матэрыялу. Брытанскi ўрад прадаў яго на злом Iталii. Ангельскi сяржант, што прыняў Спарышовы "шэрманы", адно вокам кiнуў на iх i падпiсаў квiт даставы. Зусiм не заглядаў усярэдзiну. А там-жа была маса матэрыялу, пачаўшы ад алiвы, сьлясарскiх прыладаў, ключоў, а канчаючы электрычнымi дынамкамi, што маглi быць па дарозе прададзеныя. Кожны танк меў дасканалае радыё. Як апавядалi мясцовыя жыхары, нямецкiя палонныя, што працавалi пры парадкаваньнi й разьбiраньнi злому на лётнiшчы, парабiлiся мiльянерамi.
   Вяртаючыся назад у Галiполi-Галятонэ цягнiком, Сымон думаў аб мiнулым i цяперашнiм. Прыгадаў пачатак вайны ў 1939 годзе, калi быў малым хлапчанём i басанож бег па полi, каб прыгледзецца тром самалётам, бо-ж раней нiколi iх так шмат не бачыў разам. Цяпер-жа, пасьля вайны, ён вось завёз i здаў на злом тыя танкi, якiм прызначана было, згодна летуценьням польскiх паноў, трыюмфальна "вызваляць" Вiльню й Львоў, а мо й ягоныя родныя мясьцiны. Якое крутое, капрызнае й непрадугледжанае было жыцьцё. Некалi босы й бедны падлетак быў цяпер дасьпелым, зьведаў Эўропу, бачыў шмат баёў i лiхалецьцяў, стаў загартаваным жаўнерам. Але гэта ўсё было адно памылка лёсу - вынiк чужое гульнi. Якая-ж пацеха была з таго Сымону, што ён вось здаў на злом частку зброi, якой паны зноў хацелi паняволiць Беларусь, калi там, дома, iншыя танкi рэзалi родную зямельку й крывавiлi змучанае цела Бацькаўшчыны.
   Вярнуўшыся з Галiполi, Спарыш за пару дзён далучыўся да другога транспарту, што накiроўваўся ў Ангельшчыну. Невялiкi мараплаў "Эмпаер Батл'акс" пакiнуў Нэапаль у пачатку жнiўня. Для бальшынi пасажыраў было гэта першае падарожжа пасьля вайны ў Ангельшчыну, для Сымона-ж - адно паўтарэньне ранейшага шляху. Ужо ня ехаў у чужое й няведамае, але - у даволi добра знаёмае. Прадугледзеў, чаго можна чакаць i спадзявацца ў будучынi.
   ВАСЕНЬНIЯ ХМАРЫ
   I
   Нiзка па небасхiле плывуць васеньнiя хмары. Грозныя, бурлiвыя, цяжкiя, алавяныя. З гулам, свабодаю й размахам бушуюць у прасторы, хвалююцца й перавальваюцца цераз горы, зьвiсаюць жыватамi над далiнамi ды зь нястрыманым iмпэтам iмчацца далей i далей. Дзiка вые заходнi марскi вецер. Калоцiць верхавiнамi дрэваў, бязьлiтасна сячэ ледзяным дажджом па шэрых тонкiх сьценах вайсковых баракаў, спрытна прабягае мiж блёкаў прыгарадных паселiшчаў, абозаў ды, вырваўшыся на цьмянае прамоклае поле, паганяе далей у няведамае.
   Хмары з мора вельмi неспакойныя. Рэдка дазваляюць яны ўсьмiхнуцца сонцу. Бывае, што парадзеюць, i тады вясёлы праменьчык зазiрне ў памяшканьне праз брудныя шыбы вайсковых баракаў, але ненадоўга. Наступная разбушаваная хваля прыходзiць тым першым на зьмену, закрые разьяснеўшыя нядаўна кавалкi неба ды новым змрокам зноў хлыне ў вокны шэрых будынкаў. Густыя кроплi дажджу заядла сьцебануць па чырвоных сьценах вiлаў, за iмi новыя, цяжэйшыя, сапраўдным ужо ручаём паплывуць па пачарнелых ад дыму стрэхах работнiцкiх дамоў, пачнуць уядацца ў шчылiны сьценаў сьпешна будаваных абозаў, абмываць цёмна-шэрае каменьне фармарскiх забудаваньняў.
   Iмгла часта ахутае суседнiя палi й узгоркi. Зрэб'ем учэпiцца яна за ськiбы шэрае ральлi, апране суцэльнай павалокаю залiтыя вадой далiны. Бывае й так, што густой заслонай залягае цэлыя далявiды, й пiльна павiнен тады натужваць свае вочы падарожны шафёр.
   Часамi заходнi бераг абтоку дыхае сухiм ветрам, i здавалася-б, што няскора прыйдзе дождж цi бура. Але найчасьцей зманлiвымi бываюць прадугледжаньнi, бо далёкая марская бура ня стрымоўваецца на гарбатых узьбярэжжах заходняга Ўэлсу, а лёгка пранiкае ў сярэднiя i ўсходнiя абшары Мiдланда, каб сьмелым жыхарам, якiм заяснела думка пагоднага "уiкэнду", адабраць нованароджаную надзею.
   Жаўнеры прысьпешанымi крокамi прабягаюць тады вузкiмi цэмэнтавымi ходнiкамi мiж баракаў ды, зачынiўшы сьпешна дзьверы, зь iронiяй паўтараюць падобныя заўвагi: "Ну, нарэшце падае дождж. А так доўга-ж чакалi". Адзiн пачне тады ўсьмiхацца, iншы заапрабуе папярэднiя заўвагi моцнымi слоўцамi сяньняшнiя днi, пачне тануць ва ўспамiнах аб салодкiх, пагодных ды як жа чароўных днях iтальянскае мiнуласьцi.
   Такiя ўспамiны й нараканьнi ня прыносяць найчасьцей нiякiх канкрэтных высноваў анi палягчэньня, бо адно часовае ўзварушаньне, спрычыненае няспрыяльнымi абставiнамi, i дробныя з таго дэталi зьяўляюцца iх крынiцаю. Таксама ня трываюць яны доўга, бо колiшнi ваяка, а сяньня выгнаньнiк Сярэдняе Эўропы, патрапiў прывыкнуць i зжыцца зь бясколернымi буднямi.