Няшмат хто зь iх прыйшоў да так далёкiх рэфлексiяў. Адно кажны ведаў, што заўтра а сёмай гадзiне ранiцай паставiць першы крок на дарозе, якая няведама дзе, калi i чым скончыцца. Будуць гэта першыя крокi на дарозе няведамай i няпэўнай, цяжкой i надта небясьпечнай.
   Падрыхтовы да адыходу скончылiся блiзка ранiцы. Той цi iншы прылёг на голай пасьцелi, каб злавiць колькi хвiлiн сну. Нядоўгай была дрэмка, бо ўжо а пятай гадзiне загадалi выходзiць на двор да апошняга перагляду. Каля складоў стаялi запрэжаныя каламажкi, а канюхi канчалi ладаваць харчы, зброю й амунiцыю.
   V
   У хуткiм часе зь бязладнае, гаманлiвае масы заспаных рэкрутаў сфармавалiся два асобныя доўгiя трохшэрагi, устаўленыя адзiн за другiм фронтам да зялёнага будынка, i пачаўся апошнi перагляд. Дружыновыя й зьвязовыя абыходзiлi навокал сваiх падуладных, таму цi iншаму даючы кароткiя ўвагi. Хтосьцi ў скручаны й надзеты на шыю коц напакаваў зашмат хлеба, iншы занадта абцяжыў патранташ амунiцыяй, трэцi меў, здавалася, зашмат рэчаў i нiяк ня мог парадзiць. Усё гэта патрабавала нагляду з боку старэйшых i спрактыкаваных. Ня радзiлi нiкому занадта сябе абцяжываць, ведаючы, што й так па дарозе шмат застанецца ззаду. Капiтан Мiкула й капiтан Шнайдар наглядалi за агульным парадкам i давалi апошнiя, зьвязаныя з падарожжам, загады. Капiтан Ласкутовiч яшчэ раней адпрасiўся ў камандуючага БКА, каб заехацца ў Стоўпцы па сваю сям'ю. Да Афiцэрскае Школы меў далучыцца пазьней.
   Калi ўсё было гатовае, капiтан Мiкула, седзячы на канi, зьвярнуўся да юнакоў з такiмi словамi:
   - Хлопцы! Хачу перад маршам сказаць вам колькi слоў. Шкада, што быў кароткi час i мы яшчэ добра не пазналiся. Але маю надзею, што, будучы разам, зжывёмся. А гэта цяпер самае асноўнае - прашу вас трымацца разам. Ведаю, што ўсе вы надзвычай добрыя й сумленныя беларусы, вялiкiя патрыёты, але ўсе вы яшчэ зялёныя. Перад намi стаiць вялiкая дарога, якая няведама дзе й чым скончыцца. Не хачу вас дарэмна цешыць, а кажу так, як ёсьць. Перад намi цяжкасьцi й небясьпекi. Дзеля таго наша згуртаванасьць поўнасьцю неабходная. Трымайцеся разам i слухайце загадаў. Дысцыплiна - самае асноўнае. Ад сябе хачу запэўнiць, што я вас не пакiну й заўсёды буду з вамi. Лiчыце на мяне ва ўсiм i лiчыце не толькi за камандзера, але й за старэйшага сябру. Я са свайго боку хачу верыць, што вы ўсе мне блiзкiя сябры, што на вас магу палягаць, што не падвядзеце. Дык давайце, трымаймася разам. А цяпер - шчасьлiвае дарогi!
   Гэтыя кароткiя, вымаўленыя ў сяброўскiм духу словы адразу здабылi для капiтана Мiкулы масу сяброў. Шэф Штабу БКА быў з тых людзей, якiя ня толькi сваймi словамi, але й прыязным даверлiвым паглядам, сяброўска-братняй прастатой, кароткiм жартам i ўсьмешкай будзiлi да сябе пашану й здабывалi давер. У сваiм падыходзе да жаўнераў, асаблiва-ж да кадэтаў, ён шмат розьнiўся ад капiтана Ласкутовiча, у якога найбольш вiднай была вайсковая "помпа", надутасьць, дэманстрацыйнасьць, штучная палiтуроўка. Праўда, кадэты слабавата ведалi яшчэ як аднаго, так i другога, але калi-б ужо давялося выбiраць, дык, пэўна-ж, больш галасоў выпала-б на Мiкулу.
   VI
   Сонца ўжо выглянула з-за ўсходняе шчарбатае сiльвэты гораду i ў поўнай летняй велiчы засьмяялася на лёгка-блакiтным небе. Адчынiлiся вароты Паўночных Казармаў. Выходзiла першая рота, другая, пасьля вабоз. Выцягнулася даўгая калёна, а дагэтуль глухая вулiца задуднела сотнямi жаўнерскiх i конскiх падковаў. Глухi й раўнамерны грукат цяжкiм рэхам адбiваўся й гiнуў у суседнiх руiнах. Адзiн цi другi жыхар прывулiчнае хаты нема прылiп да акна, прыглядаючыся да чорнай калёны. Не махаў на развiтаньне рукою, але, пэўна-ж, нешта варажыў аб будучынi. Мо лiчыў, што за колькi дзён прыйдуць iншыя "вызвольнiкi". Бо ўжо-ж як там нi было, а прыйсьцi, пэўна-ж, прыйдуць... Дый якое новае няшчасьце, якiя зьдзекi прынясуць?..
   Калi перад гэтым выходзiлi кадэты за муры школы, дык ужо на трэцiм кроку зачыналi "Першы зьвяз" або "Мы бойкая моладзь". 29-га чэрвеня выйшлi яны за браму моўчкi, й толькi гулкi крок ды раўнамернае ляскатаньне колаў каламажак замянiлi рэха калiшняй вясёлай i поўнагучнай мелёдыi. Цiшыня панавала ў шэрагах.
   Узьняўшы хмару густога й едкага пылу, павярнулi направа, на пяшчаную, пратаптаную сярод папялiшчаў i руiнаў дарогу, што вяла на Галоўную вулiцу. Тая грукацела несканчоным эшалёнам цяжкiх вайсковых транспартных машын, коламi вялiзных гарматаў, гусенiцамi цяжкiх i лёгкiх танкаў. Ехалi яны радамi, адзiн побач другога, а пры магчымасьцi кожны стараўся абмiнуць пярэдняга. Моцны гул суправаджаў iх праз амаль пустыя ад цывiльных жыхароў вулiцы Менску. Усё кiравалася на Радашкавiчы й Маладэчна. Туды-ж павярнула й Школа, паволi пасоўваючыся левым бокам дарогi.
   Вось канчаюцца ўжо апошнiя, драўляныя, там-сям раськiнутыя побач шашы гарадзкiя збудаваньнi. Мiнае яшчэ гадзiна - горад застаецца далекавата ззаду. Не адзiн з маршыруючых аглядаецца, быццам-бы хочучы ў памяцi ўтрывалiць рысы дарагога места. Пару гадзiн назад разьвiталiся зь зялёным будынкам, хутка гарызонт схавае за iмi апошнiя прадмесьцi, й толькi iмглiсты вобраз зруйнаванае сталiцы надоўга застанецца ў памяцi.
   Высока ўжо паднялося сьпякотнае сонца. Як на даланi вiдаць наперадзе даўгi вуж выежджанай дарогi, дзесьцi на небакраi - сiнявы шнур лясоў. Анямела, прытулiўшыся ў цень дрэва, галасьлiвая птушка, далёка ад грукатлiвае дарогi адляцеў вясёлы жаўрук. Грукацiць тая дарога сотнямi жаўнерскiх i конскiх падковаў, тысячамi колаў цяжкiх грузавiкоў, енчыць i стогне пад цяжарам панцырных вазоў. Усё гэта з посьпехам iмкнецца на захад, з такiм посьпехам, што не варожыць уцекачам перамогi.
   Паволi пасоўваецца доўгая чорная калёна, выбiраючы пабочныя прыдарожныя сьцежкi. Звычайна маюць тыя сьцежкi два кiрункi, але гэтым разам усе падарожныя, а была iх колькасьць нязьлiчоная, кiравалiся на захад.
   VII
   Першая ноч падарожжа мiнула спакойна. Абедзьве роты затрымалiся ў прыдарожнай вёсцы ды, накармiўшы й напаiўшы коней, павячэраўшы, разьмясьцiлiся па сялянскiх пунях на начлег. Хаця пах падгнiлай леташняй саломы ня дзейнiчае так дадатна на сон, як водар сьвежаскошанага сена, няпрывыклы да маршаў i змучаны рэкрут заснуў вельмi хутка. Цiхая й цёплая чэрвеньская ноч прыносiла гул i грукат снарадаў з неспакойнага ўсходу. Часты й працяжны, рэдка паадзiночны, глуха разьлягаўся ён у начной цемры, улiваючы трывогу ў сэрца жыхара й падвойваючы нэрвовасьць нефартуннага ўцекача. Дарма, што было вельмi цёмна - дарога жыла й рухалася. Ехалi ўпоцемках, вобмацкам. Бясконцы гул мэханiчных вазоў, часта кароткiя й адрывiстыя крыкi нямецкае каманды або адзiнотны стрэл быццам-бы дапаўнялi адгалоскi гармат з усходу i пасоўвалiся разам зь iмi на захад.
   Яшчэ добра не разьвiднелася, як чорныя начлежнiкi былi на нагах. Па кароткiх раньнiх падрыхтоўках пакiнулi вёску. Таму што вайсковыя мэханiчныя эшалёны займалi цэлую шырыню дарогi, дазволена iм было маршыраваць калёнаю па аднаму бочнай сьцежкай. Марш быў вольны, але агульны парадак быў захаваны. Калёна хутка расьцягнулася на добрую пару кiлямэтраў. Каля кожнае з каламажак, што былi наладаваныя харчамi, амунiцыяй i зброяй, iшло па колькi чалавек. Там, дзе дарога спускалася ў далiну, яны карысталi i з задаваленьнем пад'язджалi, усмiхаючыся й махаючы рукамi абмiнаным сябром. Дзень, як i ўчора, быў вельмi гарачы, сонца ўжо паднялося на некалькi пядзяў, на небе ня было нiводнае хмаркi, а смага й дарожны пыл сушылi горла пехацiнцаў. Якраз узыходзiлi пад горку. Нахiл быў нязначны, але надта-ж даўгi, й канюхi былi яўна незадаволеныя неабходнасьцю iсьцi пехатой.
   Пры адным з заднiх вазоў плялося чацьвёра юнакоў. Адзiн зь iх, правай рукой прытрымоўваючыся каламажкi, у левай трымаў дубец i штохвiлiны падахвочваў сьцёбаньнем свайго лянiвага гнядога конiка. Пагрубелыя ад пылу чорныя кучаравыя валасы няроўна ападалi на расшпiлены брудны започаны каўнер. Аб выглядзе сваiм, здавалася, ён зусiм ня дбаў. Задаволены, што атрымаў хурманку, ён паклiкаў сваiх трох калегаў, што вельмi ахвотна датрымоўвалi канюху (так называлi хурманаў) сяброўства. Трое гэных сяброў паходзiлi зь Дзiсьненшчыны, а ён пазнаў iх пад час вайны як вучняў Вiленскае Беларускае Гiмназii. Жылi ўтрох на адной кватэры зараз за Вяльлёй каля Кальварыйскай вулiцы насупраць Замкавай гары.
   Сам ён называўся Камовiч i быў роджаны ў Вiльнi. Зблiзiўшыся зь iмi, часта заходзiў на кватэру, дзе найчасьцей у бескарысных гутарках трацiў пазашкольны час. Зрэшты, у гiмназiю таксама прыходзiў рэдка, а дырэктар школы ўжо колькi раз абяцаў выкiнуць яго за дзясяты парог, калi будзе наведваць лекцыi, як дагэтуль. Але Камовiч чамусьцi не апынуўся ня толькi за дзясятым, але навет за першым парогам, а пагрозы дырэктара так i ня прыносiлi жаданых вынiкаў, бо вучань зусiм не рупiўся. Сяброўства зь дзiсьненскiмi хлопцамi было важным плюсам, бо было ад каго сьцягваць лекцыi. Тыя надта не супярэчылi, i здаецца, што вiленчук быў з гэтага задаволены. Апрача таго, меў яшчэ адзiн, i ўжо шмат важнейшы, мiнус - любiў выпiць. Ня быў даслоўна п'янiцай, але знаходзiўся на простай дарозе, каб iм стацца ў будучынi. Апавядалi, што бацька ягоны шмат з гэтай прычыны пацярпеў. Часьценька ў хаце зьнiкала з вачэй якаясьцi дробная, дый не заўсёды ўжо такая дробная, рэч i чамусьцi нiколi на старое месца не вярталася. Аб таямнiчым зьнiкненьнi ведаў адзiн сын.
   Бацька - калiшнi выкладчык у тэй гiмназii, куды цяпер хадзiў Коля, палагоджваў усе справы адносна сына ў школе зь яе цяперашнiм дырэктарам, што калiсьцi быў ягоным вучнем. Ведаў аб гэтым Коля надта-ж добра, з пратэкцыi карыстаў аж залiшне й да навукi ня рупiўся. Хоць бацька й гнаў сына вучыцца, мала памагала.
   - Бацька пагутарыць з Грышкам (так празвалi дырэктара Пранука Грышкевiча), - казаў Коля, - i ўсё будзе ў парадку.
   I запраўды, як ня дзiва, усё было ў парадку. Шмат сяброў напрыканцы школьнага году былi зьдзiўлены Камовiчавымi ацэнкамi й пераводам яго ў наступную клясу. Магчыма, што дзiвiла тое й самога вучня, але ўдаваў, што на такiя ацэнкi поўнасьцю заслужыў.
   Але вернемся да iншага. Як ужо было ўспомнена, з хаты зьнiкалi ў розныя часы розныя рэчы. Звычайна ў днi, калi гэта здаралася, матка ламала галаву над тым, чаму Коля вяртаўся зь места дахаты пазьней нармальнага. Жанчына хоць тое-сёе й здагадвалася, сама сабе старалася запярэчыць, ня верачы, што зь некалi добрага й маленькага сынка вырас цяпер зусiм не такi, як-бы яна жадала.
   Аднойчы бацьку спатрэбiўся мiкраскоп. Звычайна стаяў ён у шафе на палiцы, побач кнiжак, абкручаны паперай. Адчынiўшы шафу, стары Камовiч зьняў паперу й пры немалым зьдзiўленьнi замест цэннае прылады знайшоў нейкую iмiтацыю са шмацьця й палачак. Мiкраскоп зьнiк - калi й куды, няведама. Апавядалi, што пасьля была вялiкая авантура, што сын часьцей сядзеў дома, што сядзеў дома ён не з сваёй волi, а на загад бацькi й што прайшло цi мала часу, пакуль Коля йзноў пачуў поўную вольнасьць. У нiкога ня было сумлеву, што няўдалым майстрам iмiтацыi мiкраскопа быў якраз Коля.
   Сваiх трох сяброў ён наведваў часта. Сядзеў, бывала, доўга, й неяк напрыканцы гутарка заўсёды зыходзiла на тэму: як-бы здабыць пляшку "сiвухi". Ягоны найблiжэйшы з гэных трох сяброў, Кастусь Дзежка, вывучыў i даўно ведаў Камовiчаў падыход. Недарма, седзячы на балконе i ўбачыўшы ў вузенькiм завулку Камовiча, Косьця рагатаў:
   - Гэй, хлопцы, зiрнiце! I хто гэта, вы думаеце, пляцецца вунь да нас па дарожцы, калi не сам пан Камовiч чарачку жабраваць! Ха-ха-ха! Калi-ж ня верыце, дык зiрнiце вунь на паўаршынны чырвоны нос!
   Камовiчаў нос быў зусiм у меру. Тут Косьця пераўвялiчваў. Хоць адведзiны такiя былi нярэдкiя, чарачка знаходзiлася амаль заўсёды. Купiць "сiвухi" ў Вiльнi было лёгка, хiба што грошай не ставала. Пасьля п'янства прыходзiлi песьнi, а часамi й спрэчкi.
   Звычайна пасьля такога вечару гаспадарова сястра, пяцiдзесяцiгадовая дэвотка, прыходзiла ў пакой студэнтаў i чытала iм маралi, якiх яны не слухалi.
   Далёка заавансаванымi сябрамi з гэтай тройкi былi Сымон Спарыш i Вiктар Караткевiч. Паходзiлi з суседнiх вёсак i сядзелi на адной школьнай лаўцы ад пятае клясы пачатковае школы ды разам трапiлi ў Вiленскую гiмназiю.
   У канцы травеня, якраз пасьля сканчэньня заняткаў, усе тры разам з Камовiчам добраахвотна паступiлi ў Школу Камандзераў БКА ў Менску. Такiм чынам трапiлi яны ў лiк тых чорнаапранутых юнакоў, што мелi быць асноваю новастворанае Беларускае армii. Хаця-нехаця сяньня маршыравалi побач з жаўнерамi Вэрмахту з той толькi рознiцай хiба, што тыя ехалi аўтамашынай, а яны валаклiся пехатой.
   VIII
   Конi цягнулi пад горку вольна, хаця ня былi яшчэ перамучанымi.
   - Пайшоў ты! Я ця... нооооо! - паганяў Камовiч i часта сьцёбаў дубчыкам малога конiка.
   Iшлi доўгi час моўчкi.
   - Вы зiрнiце, хлопцы, назад, - адазваўся Вiктар, - цi вы ўяўляеце, што-б гэта было, каб сюды паказалася хоць пару зьнiшчальнiкаў? Ай-я-яй, я-яй! Я хацеў-бы бачыць, як гэтая банда выглядала-б. Бальшавiкi, вiдаць, ня ведаюць, дзе iхняе жнiво. Гэта-ж падумаць толькi - такi дзень i нiводнага самалёту!
   Хлопцы азiрнулiся. Якраз узьехалi на горку. Ззаду на дарозе, што бегла тут праз глыбокую лагчыну аж да небакраю суседняга ўзвышша, цягнуўся адзiн суцэльны двухрадовы шнур вайсковых вазоў. Некаторыя былi наладаваныя рознымi матэрыяламi, iншыя - перапоўненыя жаўнерамi. Яны ўздымалi за сабою шырокую й густую лявiну пылу, што павольна асядаў на прыдарожныя кусты, дрэвы й збожжа. Зь левага боку дарогi, на нядаўна выежджанай паласе, можна было заўважыць шмат конных хурманак. Запрэжаныя ў вадзiночкi, яны былi пераладаваныя ўсякiм хатнiм дабыткам. Ехалi на iх дзецi й старэйшыя, а дужыя валачылiся побач. Гэта былi калгасьнiкi, што не хацелi больш падпасьцi пад эксплуатацыю Сталiна.
   - Так, тут можна было-б нарабiць кашы, - згадзiўся Кастусь.
   - Ты пабач, - заўважыў ён, - нашы пераходзяць на правы бок дарогi на лагчыну. Можа, затрымаемся?
   - Ага, так. Затрымоўваюцца. Ну, ужо час, - адказаў, зiрнуўшы на гадзiньнiк, Вiктар.
   Была адзiнаццатая. Прайшло добрае паўгадзiны, пакуль цэлая калёна перабралася цераз заграможджаную шашу. Спынiлiся ў паўкруглай шырокай лагчыне, што з паўночнага боку была абмежаваная высокiм гонкiм лесам. На сенажацi ляжалi нязграбленыя, прысохлыя да зямлi, пару дзён таму назад скошаныя пракосы сена. Канюхi на пачаканьнi падкiнулi па ахапку коням, а хлопцы пачалi зыходзiцца ў грамадкi, хто й дзе да сваiх. Загад коратка гаварыў: затрымацца! Той цi другi зьдзеў чаравiкi ды аглядаў папрэлыя ад маршу ногi, рэдка хто ўзяўся за кавалак хлеба. Праўда, ужо была абедняя пара, але смага больш дакучала, чымся голад, а вады навокал ня было вiдаць.
   Тым часам капiтан Шнайдар i Мiкула ды iншыя беларускiя й нямецкiя афiцэры воддаль сабралiся ў гурт i штось радзiлi. Гаварыў Шнайдар. У правай руцэ трымаў тонкую палачку, паказваў ёю на вазы й на хлапцоў. Хутка разыйшлiся. Немцы пайшлi ды па чарзе аглядалi хурманкi, а капiтан Мiкула паклiкаў да сябе юнакоў. За колькi хвiлiн сабралiся яны навокал афiцэра, й Сымону выдалася, што было iх менш, чымся выйшла зь Менску. Некаторыя, вiдаць, пайшлi сваймi дарогамi, куды й чаго - тым часам было няведама. Але Мiкула не казаў пералiчваць.
   - Слухайце, хлопцы, уважна! - пачаў ён голасна. - Тое, што вам зараз скажу, ня будзе вельмi прыемным. Датычыць гэта нашых iнструктараў-немцаў, якiх ня зьбiраюся ў гэтым часе й месцы крытыкаваць. Як вы бачылi, перад хвiлiнай гаварыў да нас капiтан Шнайдар. Згодна зь ягоным загадам, у далейшую дарогу ўсе немцы паедуць асобна вазамi, а мы маем iсьцi пехатой. Нам пакiнуць толькi пяць хурманак, на якiх павязецца харчы й амунiцыя. Усю рэшту - колькi там вазоў?
   - Восем... - адказаў нехта.
   - Усе, значыцца, гэныя вазы забяруць яны з сабою. Бачыце, якраз цяпер немцы вазы выбiраюць. З кожным з тых, выбраных немцамi вазоў, паедзе адзiн канюх, якi сваю работу ведае. Усе iншыя пойдуць ззаду. Загадана ўсiм кiравацца на Вiльню. Затрымаемся там дзесьцi ў мурах былога гэтто паблiзу Нямецкай вулiцы. З прычыны таго, што дарога перад намi далёкая, раджу вам асабiста, каму толькi ўдасца, садзiцца на спадарожныя нямецкiя машыны, бо пехатой, хто ведае, цi дойдзеце. Хто можа - няхай ад Маладэчна едзе таксама цягнiком. У Вiльнi на станцыi, а таксама ў горадзе, будуць некаторыя з нашых, ад якiх даведаецеся аб зборным пункце. Стрэльбы раджу браць з сабою для собскае бясьпекi. Гэта будзе ўсё. Пытаньнi?
   Колькi хлопцоў засталося пры капiтане, iншыя-ж паразыходзiлiся да сваiх рэчаў i радзiлiся, як найлепш кiравацца ў далейшую дарогу. Шмат зь iх ахвоцiлася на нямецкiя машыны й кiравалася да шашы. Тым часам iнструктары-немцы павыбiралi найлепшыя хурманкi й клiкалi канюхоў ды загадвалi пераладоўваць свой багаж зь iншых на выбраныя.
   - Слухай, Коля! - зьвярнуўся да Камовiча Кастусь Дзежка. - Кiдаем к чорту наш воз. Няхай гэныя швабы на iм едуць, а мы, калi ўдасца, давай паедзем машынай. Ты ведаеш, колькi ты часу будзеш з гэнымi брухатымi валачыцца!.. Але пабач! Немцы твайго воза не выбралi. Дзе там хто захоча ехаць на такiм здохленькiм конiку.
   - Ну ты, уважай. Не зьневажай гнядога! - адгрызнуўся Камовiч.
   - Няма часу на жарты. Iдзi, пацалуй яго на развiтаньне ды аддай гэтай iмiтацыi Шулу, ён ахвотна згодзiцца ўзяць пад апеку.
   - То хадзем, забярэм хаця кулямёт. Той нам спатрэбiцца, хаця-б i на самагонку.
   - Ты ўсё з самагонкай!
   - Ды й рэчы таксама.
   Сябры накiравалiся да свае хурманкi й хутка пачалi абвешвацца рознымi пакункамi й хатулямi. Дзежка ўзяў "дзегцярова", Сымон Спарыш i Вiктар Караткевiч - па адной скрынцы амунiцыi. Шуло ахвотна згадзiўся ўзяць пад сваю апеку iхняга лянiвага гнядога конiка. Чацвёрка накiравалася на дарогу.
   Некаторым зь юнакоў ужо пашанцавала ўскочыць на вольныя нямецкiя аўтамашыны, й групкi пры дарозе радзелi. Два капiтаны на верхавых, нямецкiя падафiцэры й некаторыя беларусы на хурманках накiравалiся на дарогу.
   Нашай чацьвёрцы ўдалося перабрацца на левы бок шашы, дзе чакалi, наглядаючы выгаднай машыны.
   - Толькi-ж, хлопцы, старайцеся, каб усiм разам сесьцi ды не разьдзялiцца.
   - Ты ўжо ня бойся.
   У гэны момант наладаваная трубамi плятформа крыху звольнiла, й Камовiч з Дзежкам, быццам маланкаю, ускочылi i ўжо сядзелi наверсе.
   - Хутчэй! Давайце сюды! - крычалi яны. Сымон нагнуўся, каб схапiць пастаўленую перад сабою цяжкую скрыню з амунiцыяй. У гэны момант нейкая хуткая машына, што абмiнала калёну, наехала на скрынку i ўгнетла яе ў мяккi, разьежджаны, быццам попел, сiвы пясок. У апошнi момант нечыя моцныя рукi схапiлi Сымона ззаду й адцягнулi ад дарогi.
   - Але-ж зь цябе й расьцяпа! - буркнуў Вiктар. - Шчасьце маеш, што не пакалечыла.
   - Каб ня ты, дык i пакалечыла-б. Ну, а тыя дзе? Паехалi?
   - Паехалi. Але ня бойся. Удасца й нам. Дагонiм iх яшчэ ў Маладэчне.
   Доўга не давялося чакаць. Большасьць транспарту валачылася паволi, й незадоўга наша двойка ўжо сядзела наверсе вялiкае машыны. Хутка абмiнулi школьныя хурманкi, пакiнулi ззаду некаторых сяброў, што яшчэ чакалi на добрыя шансы, ды, з палёгкаю ўздыхнуўшы, перанесьлiся ўжо думкамi ў Маладэчна.
   КРЫВАВАЯ НОЧ У ВIЛЬНI
   I
   Больш аднае пары часу заняло даўгому таварнаму цягнiку, перапоўненаму ўцекачамi й жаўнерамi, пакуль дапоўз з Маладэчна праз Лiду ў Вiльню. Цывiльныя ўцекачы былi пераважна з Полаччыны. Апавядалi, што бальшыня местаў на ўсход ад Маладэчна, улучна з найблiжэйшай Вiлейкай, ужо эвакуавалася. У лiку едучых было шмат палiцыi, цi мала зь iх са сваймi сем'ямi й сваякамi. Адзiн палiцай Сталюкевiч, чалавек у трыццатых гадох, ужо разьвёў добрае знаёмства з Камовiчам i iншымi сябрамi нашае чацьвёркi, што хутка знайшлася пасьля прыезду ў Маладэчна. Хто ведае, цi ня была першапачатнай прычынай гэнага знаёмства празрыстая зьзяючая Камовiчава пляшка сьпiрту, якую гаспадар тым часам песьцiў за пазухай, аж пакуль усе не разьмясьцiлiся ў зьверху адкрытым вагоне, прызначаным для перавозу бярвеньня й дроў. Дзе й як ён яе здабыў - для iншых сяброў было таямнiцаю. Праўда, яны й ня дзiвiлiся, ведаючы ягоныя здольнасьцi ў гэным кiрунку. Дый часу ў Маладэчне меў даволi.
   Такiм чынам i дарога весялейшай стала. Як-бы нi было, а навет найменш адпорныя на алькаголь i не прывыклыя да яго Сымон i Вiктар i тыя сербанулi па шклянцы, хоць надта-ж моршчачыся. Здавалася пасьля, што й цягнiк весялей iшоў, што й вайна, пэўна-ж, не такая ўжо страшная, дый цыганскае жаўнерскае жыцьцё, да якога во толькi што пачалi прывыкаць, неяк там ужо паплыве.
   Сталюкевiч з Камовiчам i поглядамi выразна згаджалiся. Згода была блiжэйшая ў меру таго, як пусьцела лiтроўка. Першы красамоўна распавядаў субяседнiку аб сваiм гарачым патрыятызьме, аб тым, колькi яму ўдалося зьнiшчыць чырвоных партызанаў, дый аб тым, колькi ворагаў Беларусi ён сваймi-ж собскiмi рукамi вынiшчыць яшчэ ў будучынi.
   Камовiчавым грудзям даволi-ткi добра дасталося, пакуль яму, божачыся, сяк-так удалося пераканаць субяседнiка, што i ён, Камовiч, не такi ўжо самы апошнi чалавек на гэтай плянэце, i што ён шмат каму й шмат чаго яшчэ пакажа. Блiжэй гэных двух быў прымасьцiўся Кастусь, якi, хоць у гутарцы малы браў удзел, сардэчна патакiваў, калi ад яго вымагалi.
   II
   Калi цягнiк на другi дзень каля паўдня давалокся да Вiльнi, давялося яму шмат пачакаць, пакуль уцiснуўся на таварную станцыю. Даслоўна ўцiснуўся. Па бакох ня было анiводнага вольнага чыгуначнага шляху. Колькi квадратных кiлямэтраў таварнае станцыi было запруджана ваеннымi эшалёнамi.
   На адным зь пешаходных пераходных масткоў над цэлым гэтым комплексам чыгунак i ваеннае ды ўцякацкае масы стаяла невялiкая група вiленскiх "анткаў", якiя, назiраючы за гэтай вялiкай кангламерацыяй жаўнераў, народаў i простых нешчасьлiвых людзей, яўна цешылiся, часта ўсьмiхаючыся й час-ад-часу вузенькай нiтачкай сьлiны выказваючы сваю зьнявагу да тых, якiх лёс у гэны час i дзень, на добрае цi благое, сагнаў на станцыю.
   - Цьфу на вас, нячысьцiкаў! - паказаў на iх Сымон.
   - Ты бачыш, пасабiралiся басякi! - памог злаваць Кастусь.
   З "анткамi" другi раз i то ўжо больш паважна давялося нашай чацьвёрцы сустрэцца тут-жа налева за Вострай Брамай, непадалёк ратушы. Пакiнуўшы свайго прыпадковага спадарожнiка Сталюкевiча, яны накiравалiся ў былое гэттто, дзе, як было сказана, затрымалася Менская Школа.
   - Давайце спынiмся на перакурку, - пасулiў Кастусь, зьнiмаючы з пляча "дзегцярова" на рагу вулiцы.
   - Давай, - адазвалiся iншыя.
   Хлопцы моцна зацягнулiся цыгарэтамi й, не сьпяшаючыся далей, разглядалiся. Два чалавекi сярэдняга росту затрымалiся крокаў за пяць воддаль i зь несхаваным зацiкаўленьнем прыглядалiся ня так хлопцам цi iхным стрэльбам, як кулямёту.
   - Скажыце, панове, - ня выцерпеўшы, агрэсыўна зьвярнуўся да iх Кастусь, цi не закахалiся вы ў нас часам?
   - У вас-то, можа, й не, - адказаў паляк з грымасай, - але ў гэты кулямёт, то можа...
   - Як-бы то, пане, - з вымушанай ветлiвасьцю прыйшоў на дапамогу другi, каб мы так зрабiлi маленькi гандэлек?
   - Як то значыцца гандэлек? - удаў Кастусь, што не разумее.
   - Прадайце нам кулямёт, - паясьнiў той.
   Камовiч штось шапнуў Кастусю на вуха i, вiдаць, для падмацаваньня свайго аргуманту пстрыкнуў вялiкiм пальцам па адамавым яблыку. Дзежка спахмурнеў.
   - Здурэў ты, цi што? - кiнуўся ён на Камовiча.
   - Не разумееш, што ў сяньняшнiя часы гэта твой найлепшы сябра?
   - Ды я-ж толькi думку такую... - залепятаў Камовiч.
   - Эх ты, разам з думкай. У цябе думка толькi аб самагонцы. Як табе ня сорамна!
   Дзежка раптоўным рухам ськiнуў з пляча i ўзяў напагатоў для стрэлу "дзегцярова".
   Палякi змылiся вельмi хуценька.
   III
   У адным зь вялiкiх будынкаў былога гэтто сабралася ўжо больш сотнi юнакоў са Школы Камандзераў БКА. Засьведчыўшы службоваму падафiцэру сваю прысутнасьць i даведаўшыся, што тым часам нiякiх загадаў i плянаў няма, з дазволу падафiцэра Камовiч пайшоў наведаць сваiх бацькоў, а Сымон, Вiктар i Кастусь выправiлiся да Веньця. Гэтак называлi свайго колiшняга гаспадара, у якога жылi на памешканьнi. Польскае слова "венц", адпаведнае беларускаму "дык", ён вымаўляў, непатрэбна зьмякчаючы два апошнiя гукi. Гэта й паслужыла для яго гатовай мянушкай.
   Быў Веньць старым шасьцiдзесяцiгадовым кавалерам. Зь iм жылi дзьве сястры, таксама яшчэ дзеўкi, адна на колькi гадоў старэйшая, а другая малодшая за брата. Цэлы сьвет гэтай асаблiвай тройкi круцiўся памiж анёлкамi, касьцёлам, працай i "халупай", як яны называлi сваю хату. У Вiльнi жылi даўно. Веньць працаваў дзесь у гарбарнi. Не раськiдалiся, жылi вельмi сьцiпла. Пакоi iхныя паабчэплiваныя былi рознымi глiнянымi й парцалянавымi Езусамi ды Боскiмi Маткамi, пачынаючы ад Вастрабрамскай, а канчаючы Чанстахоўскай i iншымi сакрамантамi, у тайнiцу якiх тройка студэнтаў нiколi ня ўглыблялася. Адвялi хлапцам пакой на падстрэшшы. Былi там тры нiзкiя пасьцелi, стол з двума крэсламi й дзьве шуфляды. Адной выгадай для студэнтаў быў вялiкi франтавы балькон, здадзены поўнасьцю для iх карыстаньня. Адтуль быў добры вiд на Вяльлю й Замкавую Гару. Там хлопцы праводзiлi шмат свайго пазашкольнага часу.
   Здаралася неаднойчы ранiцою ў нядзельку, калi тройка храпла яшчэ моцным сном справядлiвых у сваiм душным пакойчыку, малодшая Веньцiха, пастукаўшы ў дзьверы, безь вялiкай цырымонii прыходзiла гнаць студэнтаў "да касьцёла". Даўгiя й шчырыя запэўненьнi хлапцоў, што яны не каталiкi, а праваслаўныя й што акрамя касьцёлаў ёсьць у Вiльнi таксама й цэрквы, нiяк не маглi памясьцiцца ў цеснай галаве старой дэвоткi, якая часамi так надакучала, што найбольш гарачы й непаўстрыманы з тройкi - Кастусь, ускочыўшы з пасьцелi паўголы, у адных падштанiках, не так ужо ветлiва выпрошваў нахабную мiсiянерку за дзьверы. Пасьля гэтага хлопцы звычайна пераварочвалiся на сваiх цьвёрдых сеньнiках на другi бок i храплi аж да абеду.
   Бывала часта, што студэнты хадзiлi паўгалоднымi. Мясцовыя харчовыя карткi далёка не задавалялi iхнага сялянскага апэтыту, й, прынамсi, раз на пару месяцаў то адзiн, то другi ехаў за дзьвесьце з гакам кiлямэтраў да бацькоў, каб прывалачы пару мяшкоў ежы, пераважна тлушчаў. Iншым разам, а бывала гэта вельмi рэдка, бацькi то аднаго, то iншага самi перасылалi харчы, калi нехта знаёмы ехаў ад iх у Вiльню, бо поштай пераслаць было нельга, а за бiлетам на праезд чыгункай трэба было доўга абiваць парогi ў мясцовага нямецкага акруговага камiсара. Бывала й так, што навет тых харчоў з картачак ня было за што купiць. Пакуль удалося ў кагосьцi пазычыць колькi марак - кiшкам даводзiлася граць марша.