Па-свойму спачувала хлопцам старая Веньцiха. Часьценька такое спачуваньне замянялася ў тры няглыбокiя талеркi рэдкага зупы, званай "полевэчкай", якая ня так лагодзiла голад, як яшчэ больш спрычынялася да бурклiвасьцi кiшок. Але, як кажуць, галоднаму й жук - мяса. Дык навет i за гэткую дабрату, выражаную трыма няглыбокiмi талеркамi рэдзенькай зупы, Кастусь пасьля дазваляў старой дэвотцы заапякавацца не так ужо малым кусочкам сала, якое хоць часамi й пазнавата, але ўсё-ж знаходзiла iхны адрас.
   IV
   - Знаеце што, хлопцы, - гаварыў да сваiх двух сяброў, кiруючыся на вулiцу, Кастусь, - я ў Веньцi пакiнуў цэлую кучу сваёй вопраткi, а самае галоўнае тыя найлепшыя боты з блiскучымi халявамi. Чаму маюць нямытаму чорту заставацца? Давайце возьмем апылiм iх i пагуляем харашэнька. Як вы думаеце?
   Апылiць - у тэрмiналёгii Кастусёвай азначала збыць, прадаць, або, як часьценька казаў ён у размовах з палякамi, "сьпененжыць" - замянiць на цьвёрдую манэту.
   - Добрая iдэя, - падтрымаў Вiктар.
   - Шкада мне зь iмi расставацца, але ў войску яны лiшнiя, а грошы прыдадуцца, - дабавiў Кастусь. Хварсiў ён моцна тымi ботамi, надта-ж элегантнымi, шытымi з найлепшага хрому. Былi яны прадметам зайздрасьцi не аднаго з падлеткаў у гiмназii.
   - Ды й мой-жа кажушок у Веньцi заваляўся дзесь, калi толькi мышы не дабралiся да яго, - адазваўся Сымон.
   - Ну, брат, на твой цэнны й слаўны кажушок дык хiба й Веньцевы галодныя мышы ня кiнуцца, - зарагатаў звычайна больш маўклiвы Вiктар. - Каб ты паслухаў нашай рады, то даўно кiнуў-бы яго й перастаў саромiць нас у таварыстве.
   - Га-га-га! Знайшоў што прыпамiнаць, свой незаменны кажушок! - памог Вiктару Кастусь.
   Сапраўды прадзяўблi сябры Сымону галаву з гэтым рудым, ужо вынашаным, аж пачарнелым ягоным дамашнiм кажушком. Сымон з дому быў бяднейшы за сваiх сяброў. Бацька ня мог здабыцца, каб прыдбаць сыну, якi безь ягонага дазволу самадумам паехаў у Вiльню вучыцца, лепшую вопратку. Меў, акрамя Сымона, яшчэ, як любiў гаварыць, пяць ратоў накармiць i пяцёра плячэй апрануць.
   За Сымонаў самадумны выезд на навуку бацька яму па некаторым часе дараваў, але на лепшую вопратку для сына так i не здабыўся.
   - Ну што-ж, сынок, едзь, вучыся, - казаў ён да сына, калi той, пераскочыўшы колькi класаў, здаў у Вiленскую гiмназiю iспыты й з няскрываным задавальненьнем паведамiў аб гэтым старога. - Але Бог ведае, колькi я табе змагу памагчы. Так коратка з усiм, што канца нiколi няма. Што-ж да вопраткi, то бяры во й насi, якую маеш, бо лепшай я табе ня спраўлю. Каб во сядзеў дома ды мне памагаў, то, можа-б, што... а так, то адкуль-жа. Рабiць, казаў той, некаму...
   Сымон i ня крыўдзiўся за гэткiя бацькавы словы. Ведаў добра тую вечную, ужо ў вёсцы прыказкавую бяду ў сям'i, дзе амаль усе грошы йшлi то на шпiталi, то на навуку. Маючы чатырнаццаць гадоў, страцiў матку. Хвароба з якойсьцi, самому Богу ведамай прычыны вечна не пакiдала iхнай хаты. Да таго-ж бацька яшчэ стараўся, каб кожнае дзiця, прынамсi, скончыла сямiгодку. Для малазямельнага селянiна пад польскай акупацыяй, што меў да працы адно сваiх двое рук, гэта ня было такiм простым. А вайной яшчэ пагоршылася.
   - Ды й чаго аж у тую Вiльню? - крыўдзiўся на сына бацька. - Цi ня мог-бы ты дзе тут блiжэй, па суседзтву?
   Так i давялося Сымону згрэбцi з вопраткi што папала, у тым лiку й бацькавы падношаныя чаравiкi, званыя iм шчыблетамi, амаль на цэлую паўпядзь завялiкiя на сынавы ногi, ды й той не такi ўжо зусiм новы, таксама-ж бацькаў, руды кажушок. Хоць i даволi рослым быў Сымон, але бацькаў кажушок сягаў яму аж па каленi, не гаворачы аб прадаўгаватых рукавах, якiя даводзiлася закасваць.
   - Ты ўявi сабе, Вiця, якое мне няшчасьце сягоньня здарылася, - гаварыў аднойчы Вiктару Кастусь з выразным намерам, каб пакпiць з Сымона. - Стаю вунь на рагу Мiцкевiча ў таварыстве гэтай прыгажунi з шостай клясы, ты яе знаеш, гэту з пульхненькай мордачкай?
   - Знаю.
   - Дзяўчына што называецца: можна i ў таварыстве паказацца; абстуканая, казаў той, дый з выгляду - i ззаду й сьпераду - цiп-топ. Адным словам, хоць ты да сэрца прытулi. Стаю, значыцца, i ўдаю джэнтлмэна, розныя кавалкi залiваючы. Ажно гляджу, адкуль нi вазьмiся, прэ з-пад Зялёнага маста нейкi кажушок, проста так i сунецца, як той слонь, толькi зьнiзу гэтае палозьзе даўгое, што ён называе туфлямi, у паветры нейкiя замашыстыя паўкольлi выпiсвае. Я аж ахнуў. Авохцi, думаю, пакрака! Яшчэ возьме ды затрымаецца й дзяўчыну спудзiць. Тут ня ўсьпеў я ў душы перахрысьцiцца, як той спыняецца ды, мiргнуўшы на мяне бельмамi, дзяўчыне грабу на прывiтаньне сунiць. I што-ж ты думаеш... Тая крышку зьбянтэжылася, што мядзьведзь такi вiтацца зь ёю манiцца, ды, хвiлiну пастаяўшы, перапрасiла мяне й змылася. Якi мне стыд, якi сорам! Сьвет не бачыў!
   V
   Так i цяпер, вярнуўшыся да старой улюбленай тэмы i, як Сымону здавалася, да ягонага забытага кажушка, аб якiм меў неасьцярожнасьць напамянуць, хлопцы й не заўважылi, як мiнулi Зялёны мост i, павярнуўшы сьпярша направа, а пасьля ў вулачку налева, станулi перад Веньцевымi дзьвярыма. Па знадворных сходах узабралiся на першы паверх i коратка пастукалi ў дзьверы. Адчынiла маладзейшая дэвотка. Яна зь немалым зьдзiўленьнем прыгледзелася да чорных юнакоў ды, распазнаўшы ў iх колiшнiх кватарантаў, кароткiм "проша" ўпусьцiла ў хату.
   - Ведаеце, панiчка, што? - пачаў Кастусь. - Думалi мы, што, праязджаючы праз Вiльню, выпадала нам вас наведаць, ды тут i некаторыя нашы рэчы ў вас яшчэ засталiся.
   - То панове сюды ненадоўга?
   - Хто ведае, можа, толькi на пару дзён...
   - О-о-о! Каго я бачу! - зь няскрыванай iронiяй, выйшаўшы з кухнi, пачаў Веньць. - Праўдзiвы рыцары бялорусiны! Маем гонар! Маем гонар! - прадаўжаў зьядлiва. - О, а што-ж гэта ў вас на шапках? - зрабiў Веньць грымасу, прыглядаючыся блiжэй да "Пагоняў". - "Пагоня"! Ох, не! Навет i гэрб мусiлi ад лiтвiнаў украсьцi! Ха-ха-ха! Але-ж то й войска! Хэ-хэ...
   - Пане Веньць... - моцна пачырванеўшы ад злосьцi, пачаў Кастусь.
   - Пшэпрашам пана Костка, - перабiў яго Веньць, - але здаецца, што пан Костэк знае маё прозвiшча.
   - О так, знаю, пане Пшэпулкевiч... Скажыце мне, чаго вы так скачаце? Здаецца, што вы зусiм iншы былi чалавек. Цi часам ня тое на вас падзеяла, што з усходу прыблiжаюцца так званыя вызвольнiкi?
   - Але-ж i камэдыя! - сьмяяўся, не зважаючы на Кастуся, закасваючы нiжнюю лупiну, Веньць. - Ну i як жа вы так? Збудавалi тую сваю Бялорусь? Рыцэжэ!.. Ха-ха-ха! Хэ-хэ... А дзе-ж ваша зброя?
   У гэны момант Сымон выхапiў з-за пазухi й палажыў перад сабою на стале новенькi блiскучы "вальтэр". Купiў яго не так даўно ў нямецкага жаўнера ў Вiленскiм парку, разьмянiўшы на маркi залатую царскую пяцiрублёўку, якую мачаха, быццам талiсман, дала яму перад ад'ездам у Вiленскую гiмназiю.
   - Ёсьць i зброя, пане Веньць! - сказаў ён паляку паволi i з прыцiскам на кожнае слова. - Цi, можа, вы дагаворыцеся да таго, каб яе выпрабаваць на вас?
   Старэйшая дэвотка, што, прытулiўшыся да вушака дзьвярэй, выглядала з кухнi, убачыўшы пiсталет, з трывогай перахрысьцiлася. Веньцеў твар хутка й выразна пабляднеў.
   - Што, панове, сабе зычыце? - акiнуўшы ўсiх позiркам i ня страцiўшы раўнавагi, спытаў ён хлапцоў.
   - Жадаем тое, што наша. Калi ласка, давайце ўсю вопратку, што мы тут пакiнулi, - загадаў Кастусь. - I чым хутчэй, тым лепш. Мы думалi, што зайшлi да людзей, ажно выходзiць, што вы такiя самыя сабакi, як i шмат iншых. I чакалi толькi нагоды, каб выявiць сваю хвальшывую натуру. Цьфу!
   Пры ўспамiне аб вопратцы Веньць яшчэ больш пабляднеў. Ён, здавалася, з запытаньнем i трывогай зiрнуў на малодшую сястру, тая, таксама перапалоханая, пазiрала моўчкi то на пiсталет на стале, то на хлапцоў, то на брата.
   - Пане Веньць! - з выразным акцэнтам на тое "Веньць" пагрозлiва прадаўжаў Кастусь. - Чакаем!
   - Пане Костэк... - пачала нарэшце тонам просьбы маладзейшая Веньцiха, мы-б рады, зараз-бы аддалi, але яе, вашай вопраткi, тут няма.
   - Як то няма? - падскочыў да яе Дзежка. - А дзе-ж яна?
   - Мы аддалi на перахаваньне.
   - Перахаваньне? А што гэта такое, гэтае перахаваньне? Хлусiш, старая! Ты сваю вопратку заўсёды трымаеш дома й не аддаеш на перахаваньне. А як-жа ты чужую магла аддаць?
   - Брэша сука, - буркнуў, скоса паглядаючы на старую, Сымон, - прадала, напэўна.
   - Толькi боты засталiся, - прызналася перапуджаная дэвотка.
   - Боты? - паўтарыў Кастусь i, паглядзеўшы ўважна на ўсiх гаспадароў, хутка адчынiў дзьверы суседняга пакою, дзе калiсьцi жылi студэнты, i пачаў пароцца па кутках i шуфлядах. Па хвiлiне вярнуўся з парай сваiх блiскучых ботаў.
   - Запраўды нiчога, акрамя гэтых, няма, - паведамiў, паказваючы на боты.
   - Дзе-ж, вы думаеце, яны падзелi ўсю нашу вопратку?
   - Слухай, можа, гэты памог-бы даведацца? - спытаў Дзежку, зрокам паказваючы на свой пiсталет, Сымон.
   - Ат, кiньце вы, хлопцы. Лепш пакiнем мы гэту бяду ў супакоi ды хадзем, парадзiў сябром Вiктар.
   - Можа, ты й праўду кажаш, што бяда. Гэта-ж падумаць, пражылi тут пару год i ня ведалi, што за сукiны сыны... - з фiнальным адценкам згадзiўся Кастусь. Цьфу! - плюнуў ён на падлогу ў бок гаспадароў ды хуткiм крокам ськiраваўся да дзьвярэй. - Няхай вам Бог належна адплацiць! - дабавiў з-за пляча, выходзячы.
   Далейшае адбылося, як можна было прадбачыць. Зайшоўшы да школьнага сябра Занеўскага, што жыў непадалёк на другiм баку Кальварыйскай, тых блiскучых ботаў "апылiць" не ўдалося, але Занеўскi прыабяцаў, што ў будучынi гэта абавязкова пастараецца зрабiць, i на довад гэтага тут-жа, доўга не чакаючы, пасьля кароткiх шэптаў зь Дзежкам, паставiў на самы цэнтр стала не такую ўжо зусiм сiвую пляшку самагонкi.
   - Ну, унтэрмэншы, - з жартам i пацiраючы з задаваленьня рукi, гаварыў да сяброў Кастусь, - жлопайце й ведайце залатое сэрца Канстантына Iванавiча.
   Доўга ня трэба было прасiць. Хлопцы абселi стол, на якiм для датрыманьня таварыства лiтроўцы хутка зьявiўся халадзец, квашаная капуста й чорны хлеб.
   Перакусилi й замянiлiся колькiмi словамi. Занеўскi не пакiдаў Вiльнi. На прапанову Кастуся ехаць разам адказаў нявыразнай грымасай.
   - Эт, братцы, едзьце ўжо вы. Я не такi гарачы патрыёт, як вы, неяк, можа, усё гэта лiха прамiне й не зачэпяць.
   На гэткi аргумант хлопцы пацiснулi плячыма.
   - Магу я цяпер прапанаваць, - прыпадняўся Сымон, - каб мы выпiлi ня толькi за вольнасьць нашай Бацькаўшчыны, але й за наш шчасьлiвы паварот, адкуль-бы нi прыйшлося там варочацца.
   - Дык вы ня ведаеце, куды едзеце? - спытаў Занеўскi.
   - Быццам у Горадню.
   - Гэта вiламi пiсана.
   - Дык вып'ем за тое, каб вярнулiся да сваiх вольных хатаў! - ня ўступаў Сымон.
   - Давайце.
   Усе апаражнiлi чаркi.
   - Божачкi-ж мае, дык вы ўяўляеце сабе тое, што нячыстая сiла гэна ўжо заняла нашы мясцовасьцi? - дрыжачым голасам прыпомнiў Сымон.
   - Так, Дзiсна ўжо напэўна ў iх руках.
   - Магчыма, ужо дабiраюцца да Паставаў i Вялейкi.
   Ужо пазнавата вечарам. не без малых цяжкасьцяў, удалося нашай тройцы знайсьцi месца прыпынку ў былым гэтто. Сымону й Вiктару, што менш былi прывыклымi да алькаголю, здавалася, што ў Вiльнi ў гэны вечар была аж падвойная колькасьць вулiцаў i што адлегласьцi надта-ж пабольшалi.
   VI
   Трэцяга лiпеня папаўднi Школа Камандзераў атрымала загад маршыраваць на вiленскую таварную станцыю й ладавацца на цягнiк. Кiрунак ад'езду - iзноў захад. Аб той Гораднi, што фiгуравала ў загадзе ў Менску, i сьлед зьнiк. Конны школьны вабоз ужо знаходзiўся ў горадзе, не бяз прыгодаў прывалокшыся запруджанымi дарогамi зь Менску. Зьявiўся й капiтан Ласкутовiч, беларускi камандзер Школы, якi заяжджаўся ў Стоўпцы па сваю сям'ю.
   Пасьля зборкi пэрсаналу й пералiчэньня выявiлася, што блiзу пятая частка кадэтаў недзе згубiлася. Фактычна нiхто ня ведаў, цi згубiлася, цi сьведама засталася. Праўдападобным было апошняе. Нiхто таму надта ня зьдзiвiўся. Так з кожнае грамады пры напатканьнi першых цяжкасьцяў адстаюць або зусiм губляюцца найслабейшыя. Ваенныя-ж лiхалецьцi, калi нейкi вайсковы адзьдзел апынецца ў цяжкiм палажэньнi, калi дысцыплiна паслабее, а камандзеры ня маюць беспасярэдняга нагляду за падуладнымi або навет часова й страцяць кантакт зь iмi, зьяўляюцца без параўнаньня найлепшым сiтам, выдзяляючы тых моцных i вытрывалых, што трымаюцца парадку й загадаў, ад тых слабых, ненадзейных або проста й недалужных, няздольных. Гэткiя выпрабаваньнi прыходзяць тут на дапамогу камандзерам, якiя ведаюць, што ў далейшым могуць з большаю надзеяй пакладацца ў часе крытычных момантаў на жаўнераў, што бязь хiстаньня здадуць першы iспыт. Можа, й лепш было для будучынi цэлае Школы, што ўсё тое слабое, нявытрывалае, ненадзейнае выдзелiлася на першым этапе дарогi.
   Вечар трэцяга лiпеня быў надзвычайна цёмны, душны й цiхi. Быў строгi загад, каб у нiякiм выпадку - цi то пад час ладаваньня на цягнiк, цi пасьля не запальваць нiякага сьвятла, на адкрытым паветры ня курыць папяросаў. Паволi, асьцярожна, вобмацкам карабкалiся чорныя постацi на прыдзеленыя вагоны, разьмяшчаючыся бязь лiшняга розгаласу. Размяшчэньне паводле дружынаў i зьвязаў свайго скромнага багажу, таксама ўжо перасеянага да самых неабходнасьцяў двухсоткiлямэтровай дарогай, адбылося хутка. Стрэльбы й амунiцыю (хоць рэкруты на выпадак патрэбы яшчэ слабавата ўмелi iмi карыстацца) загадана было кожнаму трымаць пры сабе ў вычышчаным баёвым стане.
   Нашы чатыры кулямётчыкi й амунiцыйныя занялi сабе выгадны, ня надта цесны куток, а сам апякун "дзегцярова" заявiў усiм зацiкаўленым i незацiкаўленым суседзям, што ён, Канстантын Iванавiч, разам са сваймi трыма сябрамi, заняў баявую пазыцыю, што суседнiя адзiнкi мелi ня толькi гэну пазыцыю, а й самога Канстантына Iванавiча рэспэктаваць i, баранi Божа, у нiякiм выпадку не асьмелiцца займаць вызначанае iм тэрыторыi. Пасьля такой голаснай заявы, што ня выклiкала нiякiх сумлеваў, ён запрапанаваў сябром вылезьцi з вагону й дакладней пазнаёмiцца з працэсам навакольнай актыўнасьцi.
   Калi такiм чынам чацьвёрка пакiнула свой выгадны куток i, праходзячы каля вагонаў, цiкавiлася, як далёка ўжо пайшлi падрыхтовы да ад'езду, дзесьцi высока ў цёмным, здавалася, дзёгцевым, версе пачуўся добра ўсвоены iмi з бальшавiцкiх налётаў на Менск роўнамерны гул. Коратка там-жа ўверсе мiльганула й разам пагасла сьвятло. Хутка з навакольных узгоркаў пачала рэгулярна пляваць процiлятунская артылерыя. Таўстыя слупы пражэктараў густаватай сеткай упiвалiся ў чорны дзёгаць неба й крэмзалi яго ўва ўсiх кiрунках. Як раптоўна ўсё пачалося, так па колькi хвiлiнах i спынiлася. Iзноў запанавала душная цiшыня.
   На таварнай станцыi чуваць быў раўнамерны гоман Усе чыгункi былi занятыя эшалёнамi. У цёмных вагонах гуло прыглушанае, паўсоннае жыцьцё.
   Калiсьцi на гэтай i на сотнях iншых станцыяў па цэлай Беларусi навет у гэткую вячэрнюю пару пачулi-б вы рытмiчныя гукi "Вiр маршырэн Энгельлянд"* або iншым часам сiвы ўжо, барадаты, здаецца, раманс "Лiлi Марлен". Час мараў i падрыхтовак да маршаў "гэгэн Энгельлянд" даўно мiнуў. Сяньня жаўнер з таго-ж "Энгэльлянд" глыбокiмi клiнамi ўрэзаўся ў Нармандыю, часьценька ўжываючы тактыку колiшняга слаўнага нямецкага, што такiя цяжкiя прынёс яму страты, Дункiрку.
   * Мы iдзем на Англiю.
   Ад'езд меў адбыцца дзесь каля поўначы. Канюхi ўзялiся ладаваць хурманкi й коней. Наблiжалася дзевятая...
   VII
   Раптам...
   Але якiм-жа нiкчэмным будзе само слова "раптам", калi яго тут ужыць пры апiсан;нi таго, што здарылася.
   Раптам разарвалася неба... Не. I так нядобра. Цяжка было сказаць, што здарылася перш, а што пасьля. Ясна было адно. На цэлай станцыi стала так прарэзлiва вiдна, што нельга было адразу адкрыць зьнеспадзеўку асьлепленыя вочы й разгледзецца. Але цi быў i час, каб разглядацца. Здавалася, што бязьмежнае неба ў адну й тую самую часiну павесiла не толькi над станцыяй, ня толькi над местам, але над цэлым навакольным прасторам незьлiчоныя мiльёны лямпаў. Пад нагамi можна было-б знайсьцi найменшую iголачку, найдрабнейшае зярнятка. Нябёсныя высi напоўнiлiся адным суцэльным, густым, выючым гукам, што сеяў найглыбейшую панiку. Таварная вiленская станцыя, а найперш усё тое i ўсе тыя, што на ёй былi ў гэны нешчасьлiвы вечар, - усё гэта пачало рвацца, тузацца, ламацца, крышыцца на тысячы, дзесяткi тысячаў, мiльёны кавалачкаў.
   Даўгiя й сытыя кодаўбы цягнiкоў пачалi ў незьлiчоных месцах займацца буйным полымем, зьверху закончаным дымам. I як быццам-бы на нейкую раптоўную, часiнную, маланкавую, магутную, усёабдымную каманду гэныя цягнiковыя кодаўбы пачалi сыпаць пад свае колы й жываты сотнямi жывых цьвярозых i поўнасьцю прытомных, дрыгаючых, рэдка яшчэ пакалечаных людзкiх целаў. Быццам тыя майскiя жукi, магутным штуршком рукi пазбаўленыя тысячаў галiнак i лiсточкаў клёну, покалi яны глухiм градам на мулкi жвiр i, быццам чэрвi, паўзьлi пад шырокiя жываты цягнiкоў. А зьверху, быццам з адчыненага на ўсе вароты пекла, без найменшага перапынку неслася лавiна цяжкога, выючага й стогнучага мэталу. Пры сутычцы зь вiленскай таварнай станцыяй яна замянялася ў магутны немiласэрны цыклён. Мiльёнамi гулкiх асколкаў iрвала драўляныя й стальныя хрыбты й бакi цягнiкоў, уядалася ў сотнi людзкiх целаў, тонамi распаленага фосфару, клубамi сьмярдзючага дыму жорла ўсё драўлянае, здольнае гарэць, доўгiмi й шырокiмi вогненнымi языкамi лiзала па хрыбтах чыгунак. Магутнымi стальнымi рукамi ськiдвала з рэек вагоны й выгiнала тыя рэйкi дугамi. Быццам абцярэбленыя й абсмаленыя рогi, тырчэлi яны ўверх. Цераз вузкую паласу чыгуначнага жвiру вогненныя языкi перакiнулiся ў хуткiм часе й на будынкi суседнiх складоў.
   VIII
   Стальны лiвень зьверху быў такi густы й бесьперапынны, што мала каму з гэных запоўзшых пад нiзы вагонаў нефартунных падарожнiкаў уздумалася перабягаць у суседнiя, паробленыя ў насыпах, бамбасховiшчы. Усё-ткi Кастусь Дзежка адважыўся. Пасьля колькiх нырцоў цераз вогненна-стальную мяцелiцу ён зь вялiкай сiлай выцяўся, быццам аб гуму, аб суцэльна-сьцiснутую, наўзор тых селядцоў у бочцы, мяккую масу людзкiх целаў у бункеры.
   - Пане, тут i так ужо поўна! - крыкнуў адзiн з тых селядцоў да Кастуся па-польску.
   - Пацiсьнецеся вы, скурчы сыны! - раўнуў Дзежка ў адказ. - А то застрэлю! - На довад такой злоснай пагрозы ён цэлай сiлай, быццам руляй пiсталета, укалоў пальцам у плечы аднаго з тых селядцоў, што стаяў з самага краю. Палякi, што пазьбягалiся, вiдаць, у бамбасховiшча з суседнiх хатаў, пацiснулiся, й Кастусь пачуўся больш бясьпечным.
   Сымон i Вiктар запаўзлi i ўторкнулi свае галовы пад самую таўстую вось вагону. Перабягаць у бамбасховiшча не адважылiся. Так здарылася, што iхны вагон шмат не пацярпеў, хiба крыху зьверху. Праўду кажучы, яны апынулiся не пад тым вагонам, на якi былi заладавалiся, бо калi пачало ўсё тое, што было ў вагоне, паўзьцi пад яго, дык трэба было чакаць чаргi, каб знайсьцi сабе бясьпечнае месца. Скочылi тады адразу пад суседнi, дзе было амаль пуста й прасторна. Можа, гэтым i выратавалiся ад амаль пэўнай пагiбелi, бо якраз на той, раней iхны вагон выпаў шмат горшы лёс. Адзiн бок ужо поўнасьцю заняўся полымем, а з-пад нiзу чуваць былi стогны, енкi й просьбы дапамогi. Хтосьцi нема крычаў, што гарыць жыўцом, iншыя енчылi ад ранаў. Чым даўжэй трывала вогненнае пекла, тым больш гусьцелi й паўтаралiся стогны й просьбы помачы, часта заглушаныя выбухамi бомбаў.
   Капiтан Ласкутовiч папаў пад вагон, што быў заладаваны сажнёвымi дровамi. Не паспеў добра разгледзецца, як цэлы вагон падскочыў, засклыгатаў коламi аб сталь рэек. Цяжкая й густая хваля паветра жвiрам лупянула ў ягоны твар i двума абухамi ўдарыла ў перапонкi вушэй. У галаве пачуўся працяжны гул тысячы званкоў i фабрычных гудкоў, у вачах паказалася нязьлiчоная колькасьць рознаколерных зорак. Па ўсiм целе прайшла, пачынаючы дзесь ад каленяў, вялiкая млявасьць, i хутка ўсе ворганы пачуцьцяў зьдзервянелi.
   Пасьля гадзiны зь нечым бамбардзiроўкi яе тэмп запаволiўся, а неўзабаве неба зусiм супакоiлася. Толькi вiленская таварная станцыя крывавiлася шырокiм чырвона-жоўтым полымем, енчыла сотнямi галасоў параненых i памiраючых. Вялiкае шчасьце, што на станцыi ня было эшалёнаў з узрыўнымi матэрыяламi. Аж жах падумаць, якое магло-б быць жнiво сьмерцi. Так i тут зноў апраўдалiся словы пiсьменьнiка: "у кажным няшчасьцi шчасьце захована".
   Усё, што жывое й цэлае, кiнулася памагаць ратаваць параненых, тушыць пажары. Нашы рэкруты ратавалi сваю зброю й хатулi. З вагонаў, што былi прызначаныя для Школы Камандзераў БКА, два былi па-за межамi ўсякага ратунку. Гарэлi зьверху i з усiх бакоў, i да iх нельга было падыйсьцi. Шмат хто аплакваў забiтых сяброў. Паветра насычалася няпрыемным смуродам сьвежаабгарэлых целаў. Людзi, як ценi, снавалi па гарачай станцыi. Лянiва цягнулiся адна за адной гадзiны, й быццам не хацела нiколi скончыцца жудасная ноч.
   IX
   З нашай чацьвёркi найбольш пацярпеў Камовiч. Выцягнулi яго з-пад вагону ледзьве прытомнага. Увесь левы бок галавы, шыя й плячо былi апаленыя. Бядак стагнаў i енчыў.
   - Гэй вы, абiбокi! - клiкаў Кастусь сваiх сяброў. - Ану памажыце мне яго выцягнуць.
   Камовiч быў перанесены воддаль ад вагню ў групу iншых параненых i аддадзены пад апеку санiтару. Хтосьцi даў яму глыток вады, хлапец адкрыў вочы й пачаў стагнаць.
   Было ўжо над ранкам.
   - Хадзем, давайце паглядзiм, там нешта цiкавае адбываецца наперадзе, запрапанаваў Вiктар. Крокаў трыста ў заходнi бок станцыi чуваць былi час ад часу нейкiя выбухi. Хлопцы туды й накiравалiся.
   Пры вагоне, што там-сям капцiў сiнявым дымам, аблiзваны маленькiмi чырвонымi язычкамi, сабралася купка жаўнераў. Былi тут пераважна немцы ды колькi чорных унiформаў са Школы БКА. Вагон быў паўнюсенькi, наладаваны скрынямi зь нямецкiм каньяком. Алькаголь, добра прыгрэты, часьценька выбухаў i сiнiм полымем разлiваўся ды сьцякаў на белы жвiр пад вагонам. Але ратунак быў на месцы. Жаўнеры голымi рукамi хапалi нагрэтыя пляшкi з вагону, то цiснулiся збоку каля абгарэлай сьцяны, то адскоквалi далёй. Некаторыя, адкаркаваўшы пляшкi, вялiкiмi глыткамi каўталi рудую жыжку. Iншыя напаўнялi пляшкамi кiшэнi. Нейкi "фрыц", сеўшы на рэйку суседняе чыгункi, трымаў пляшкi ў абедзьвюх руках i, моцна кiваючы галавою, то сакавiта лаяўся, то нешта да некага прамаўляў, то па чарзе з кожнае пляшкi напаўняў горла. Побач ляжала цэлая куча паўнюсенькiх пляшак з алькаголем.
   Было шмат п'яных. Некаторыя рэкруты са Школы Камандзераў БКА зь вялiкай заядласьцю ўзялiся за ратаваньне цэннае вадкасьцi. Кастусь, Сымон i Вiктар у адпаведны момант выхапiлi з паўтузiна пляшак. Натоўп каля вагона гусьцеў. Лаянка й таўханiна, гоман п'яных узрасталi.
   - Was machst du hier, Mensch? - гаркнуў Сымону над самым вухам Турн. Weg, weg, schnell!* - Сымон аж падскочыў зь перапалоху. Турн i Будке зараўлi на поўныя глоткi на сваiх чорных шкаляроў. Калi тыя хаця-нехаця мусiлi адысьцiся ад сьпiртнога вагона, самi два нямецкiя iнструктары, усё яшчэ з бурчэньнем пад носам, пацiснулi iншых, каб абладаваць сябе рэдкай здабычай. Аднекуль зьявiлася й пачала наводзiць парадак вайсковая жандармерыя.
   * Што ты тут робiш? Прэч, прэч, хутчэй! (ням.)
   Х
   Сымон, Вiктар i Кастусь, усьмiхаючыся, накiравалiся ў бок свайго эшалёну цi рэштак яго. Па дарозе натрапiўся зьвязовы Масюк. Гэта быў у трыццатых гадах мужчына, паходзiў дзесьцi з Наваградчыны. Ён быў добра выпiўшы. Моцна хiстаючыся на нагах, баранаваў iмi мiж двума чыгуначнымi эшалёнамi. Запэцканы ў сажы, з насунутай на самую патылiцу шапкай, у правай руцэ трымаў пляшку, у якой вiдаць было яшчэ чацьвяртушку каньяку, левай-жа размахваў да каго нi папала з сустрэчных.
   - Гляньце, хлопцы, мой найлепшы сябра... ж-жыў... ж-жыў-цом згарэў...
   - Хто гэта?
   - Д-дык ты ня з-зннаеш? Майго найлепшага сябру ня з-знаеш? - Пахiснуўшыся, ён моцна штурхануў у грудзi Кастуся. Ад яго несла на колькi мэтраў, як з броварнай бочкi. -П-петт-раша ня знаеш, лейт-нанта? -цягнуў зьдзервянелым языком.
   - Каго? Петраша? Хто-ж яго ня знае? Згарэў, кажаце? - Лейтанант Петраш быў школьным медычным афiцэрам. Гэта быў вельмi сяброўскi, ветлiвы, бадзёры й заўсёды вясёлы чалавек. Усе хлопцы ў школе яго паважалi й любiлi.
   - Так, браточкi мае, згарэў... - кiнуўся ў сьлёзы зьвязовы. Вельмi няпрыемна было бачыць дарослага мужчыну-жаўнера са сьлязамi ў вачох. Алькаголь зрабiў сваё.
   - Х-ха... Х-ха-дзi, хадзiце, пакажу... вунь там ляжыць ш-шкiлет...
   Масюк цягнуў хлапцоў да зусiм абгарэлага шкiлета, якога анiяк нельга было распазнаць. Нечая дбайлiвая рука ўжо парупiлася напiсаць на аркушы кардону, што ляжаў побач: "Доктар лейтанант Петраш са Школы Камандзераў БКА". Шкiлет ляжаў за нейкiх дзесяць крокаў ад тых двух зусiм спаленых вагонаў. Цi лейтанант Петраш, замянiўшыся ў жывую сьвечку, сам быў адпоўз, цi яго хто адцягнуў, цяжка было даведацца. Масюк кiнуўся, прыгаворваючы й плачучы, абдымаць гэтыя косьцi, але яго адцягнулi.
   Капiтан Ласкутовiч ня ведаў, якой зорцы дзякаваць за сваё цудам выратаванае жыцьцё. Гэта цi не якi "вораг народа", працуючы дзесь на бальшавiцкай хвабрыцы, наўмысьля ўлажыў у бомбу пусты дэтанатар. Велiчынёю з добрую дзежку, яна трапiла проста ў наладаваны дровамi вагон, пад якiм ляжаў капiтан, i, не дэтанаваўшы, толькi часова яго аглушыла.
   Дорага каштавала бамбардзiроўка Школе Камандзераў Беларускае Краёвае Абароны. Было шэсьць забiтых i пятнаццаць параненых - некаторыя цяжка. Найбольш пацярпела група юнакоў зь Нясвiжа. Забiта было i двое коней.
   Ужо позна, аж пад самы вечар, школа гатовая была да далейшай дарогi. Галоўныя палотнiшчы чыгунак былi напраўленыя, i адзiн цягнiк за другiм пачалi пакiдаць станцыю, а на iх месца прыходзiлi новыя з усходу. Школа пакiнула ззаду колькi чалавек - хаваць забiтых. Усiх параненых забралi з сабою, бо Вiльня таксама знаходзiлася ў працэсе эвакуацыi.
   Вечарам чацьвёртага лiпеня цягнiк затрымаўся ў Ляндварове. Каля дзевятай гадзiны чорныя рэкруты iзноў сачылi за бамбардзiроўкай Вiльнi. Паводля гуку й пажараў вiдаць было, што бальшавiкi паўтарылi ўчарашняе пекла. Дый хто ведаў, цi абмежавалiся яны зноў адно таварнай станцыяй.