Атрымлiвалася нешта зусiм несусветнае - знiкла ўся галоўка адмiнiстрацыi, учора адбыўся дзiўны скандальны сеанс, а хто яго арганiзаваў i па чыёй падказцы - невядома.
   А час iшоў, наблiжаўся поўдзень, калi павiнна адчынiцца каса. Але пра гэта i гаворкi быць не можа! На дзвярах Вар'етэ неадкладна павесiлi вялiзны кавалак кардону з надпiсам: "Сёння спектакль адмяняецца". У чарзе пачалося хваляванне, з галавы спачатку, але чарга пахвалявалася-пахвалявалася i пакрысе пачала распадацца, i прыкладна праз гадзiну ад яе i следу не засталося. Следства паехала працягваць работу ў iншым месцы, служачых адпусцiлi, пакiнулi толькi дзяжурных, i дзверы Вар'етэ замкнулi.
   Бухгалтару Васiлю Сцяпанавiчу тэрмiнова трэба было выканаць два заданнi. Першае, з'ездзiць у Камiсiю вiдовiшчаў i забаў аблегчанага тыпу з дакладам пра ўчарашнiя здарэннi, другое - пабыць у фiнглядацкiм сектары, каб здаць учарашнюю выручку - 21 711 рублёў.
   Акуратны i паслухмяны Васiль Сцяпанавiч запакаваў грошы ў газетную паперу, вяровачкаю перавязаў пакет накрыж, паклаў яго ў партфель i, згодна з iнструкцыяй, вядома ж, пайшоў не на аўтобус, а на таксаматорны прыпынак.
   Як толькi шафёры трох машын угледзелi чалавека з туга напакаваным партфелем, якi спяшаўся на прыпынак, усе трое з-пад самага носа паехалi ўпустую ды яшчэ чамусьцi i злосна азiралiся.
   Уражаны гэтай акалiчнасцю, бухгалтар доўга стаяў слупком, не мог зразумець, што гэта магло абазначаць.
   Хвiлiны праз тры пад'ехала парожняя машына, i твар у шафёра адразу скрывiўся, як толькi ён убачыў пасажыра.
   - Машына свабодная? - здзiўлена кашлянуў i спытаўся Васiль Сцяпанавiч.
   - Грошы пакажыце, - злосна сказаў шафёр i не глянуў на пасажыра.
   Бухгалтар, усё болей i болей нiчога не разумеючы, цiснуў партфель пад пахай, дастаў з кашалька чырвонец i паказаў шафёру.
   - Не паеду! - коратка адказаў той.
   - Прабачце... - пачаў Васiль Сцяпанавiч, але шафёр перапынiў яго:
   - Траячкi ёсць?
   Зусiм збiты з панталыку бухгалтар дастаў дзве траячкi i паказаў шафёру.
   - Сядайце, - крыкнуў той i гэтак ляпнуў па сцяжку лiчыльнiка, што ледзь не зламаў яго. - Паехалi.
   - Рэшту даваць няма чым, цi што? - нясмела спытаўся бухгалтар.
   - Цэлая кiшэня рэшты! - крыкнуў шафёр, i ў люстэрку нават былi вiдаць яго набеглыя крывёй вочы. - Сёння трэцi выпадак у мяне. Ды i з iншымi было. Дае нейкi сучы сын чырвонец, я яму рэшту - чатыры пяцьдзесят... вылез, свалата! Хвiлiн праз пяць гляджу: замест чырвонца наклейка з нарзаннае бутэлькi! - Тут шафёр выдаў некалькi слоў не для друку. - Другi - на Зубаўскай. Чырвонец. Даў тры рублi рэшты. Пайшоў! Я палез у кашалёк - адтуль пчала - джыг у палец! Ух ты... - шафёр зноў уклеiў словы не для друку, - а чырвонца няма. Учора ў гэтым Вар'етэ (зноў лаянка) нейкая гадзiна-фокуснiк сеанс з чырвонцамi ўтварыў (лаянка).
   Бухгалтар аслупянеў, сцяўся ўвесь i прытварыўся, што нават i само слова "Вар'етэ" чуе ўпершыню, а сам падумаў:
   "Ну i ну!..."
   Даехалi добра, бухгалтар разлiчыўся, увайшоў у будынак i пакiраваў па калiдоры туды, дзе знаходзiўся кабiнет загадчыка, i ўжо па дарозе зразумеў, што прыехаў не ў час. Нейкая мiтусня панавала ў канцылярыi Камiсii вiдовiшчаў. Паўз бухгалтара прабегла кур'ерша з хусткаю на патылiцы i з вытрашчанымi вачыма.
   - Няма, няма, даражэнькiя мае, - крычала яна невядома каму, - пiнжак i штаны тут, а ў пiнжаку нiчога няма!
   Яна знiкла за нейкiмi дзвярыма, i адразу пачулася, як там б'юць посуд. З сакратарскага пакоя вылецеў знаёмы бухгалтару загадчык першага сектара камiсii, але ў такiм стане, што бухгалтара не пазнаў, i знiк бясследна.
   Уражаны ўсiм гэтым, бухгалтар дайшоў да сакратарскага пакоя, якi папярэднiчаў кабiнету старшынi камiсii, i тут канчаткова быў уражаны.
   Праз зачыненыя дзверы чуўся грозны голас, якi несумненна належаў Прохару Пятровiчу - старшынi камiсii. "Дае некаму дыхту, цi што?" - падумаў спалоханы бухгалтар, азiрнуўся i ўбачыў iншае: на скураным крэсле, з адкiнутай галавой, нястрымна плачучы, ляжала, выцягнуўшы ногi амаль на сярэдзiну сакратарскага пакоя, асабiстая сакратарка Прохара Пятровiча - прыгажуня Ганна Рычардаўна.
   Увесь падбародак у Ганны Рычардаўны быў у памадзе, а па персiкавых шчоках паўзлi з павек чорныя струменi раскiслае фарбы.
   Ганна Рычардаўна ўбачыла, што нехта зайшоў, усхапiлася, кiнулася да бухгалтара, учапiлася за адвароты яго пiнжака, пачала трэсцi i крычаць:
   - Дзякуй богу! Хоць адзiн смелы знайшоўся! Усе разбеглiся! Усе здрадзiлi! Пайшлi, пайшлi да яго, я не ведаю, што мне рабiць! - Яна працягвала плакаць наўзрыд i цягнула бухгалтара ў кабiнет.
   Як толькi ўвайшоў у кабiнет, бухгалтар упусцiў долу партфель, i ў галаве ў яго ўсё пайшло кругам. I было з-за чаго.
   За вялiзным пiсьмовым сталом з вялiзнаю чарнiлiцай сядзеў пусты гарнiтур i сухiм пяром вадзiў па паперы. Гарнiтур быў з гальштукам, з кiшэнькi тырчала пяро самапiскi, але над каўняром не было нi шыi, нi галавы, гэтаксама як з рукавоў не вiдаць было i рук. Гарнiтур засяроджана працаваў i зусiм не заўважаў усяго таго вэрхалу, якi панаваў навокал. Гарнiтур пачуў, што нехта ўвайшоў, адкiнуўся да спiнкi сядзення, i над каўняром прагучаў добра знаёмы бухгалтару голас Прохара Пятровiча:
   - Што такое? На дзвярах напiсана, што я не прымаю.
   Прыгажуня сакратарка аж вiскнула, заламала рукi i закрычала:
   - Вось бачыце? Бачыце? Няма яго! Няма! Вярнiце яго, вярнiце!
   Тут нехта ўсунуўся ў дзверы i адразу ж вылецеў прэч. Бухгалтар адчуў, што ногi ў яго задрыжалi, прысеў на краёк крэсла, але партфель падняць не забыўся. Ганна Рычардаўна танцавала вакол бухгалтара, скубла яго за пiнжак i крычала:
   - Я вечна гаварыла яму, калi ён чорта ўспамiнаў! Вось i даўспамiнаўся, тут прыгажуня падбегла да пiсьмовага стала i напеўным пяшчотным голасам, крыху гугнявым пасля плачу, усклiкнула:
   - Проша! Дзе вы?
   - Хто тут вам "Проша"? - пыхлiва пацiкавiўся гарнiтур, i яшчэ мацней усеўся ў крэсле.
   - Не пазнаяце! Мяне не пазнаяце! Вы разумееце? - загаласiла сакратарка.
   - Папрашу не галасiць у кабiнеце! - ужо зазлаваў гарнiтур у палосачку i рукавом падсунуў да сябе стосiк папер, каб напiсаць на iх рэзалюцыi.
   - Не, не, не магу гэтага вытрываць, не магу! - закрычала Ганна Рычардаўна i вылецела ў прыёмны пакой, а за ёй куляю i бухгалтар.
   - Уяўляеце, сяджу, - расказвала i калацiлася ад хвалявання Ганна Рычардаўна, зноў учапiўшыся за рукаў бухгалтара, - i ўваходзiць кот. Чорны, вялiкi, як бегемот. Я, вядома, крычу на яго "апсiк". Ён прэч, а замест яго ўваходзiць таўстун з гэтакай самай кашэчаю мордаю i гаворыць: "Гэта чаму вы, грамадзянка, на наведвальнiкаў "псiк" крычыце?" I напрасткi шусь да Прохара Пятровiча, сядае насупраць яго ў крэсла! Ну вось, ён дабрадушны чалавек, але нервовы. Зазлаваўся! Што казаць. Знерваваны чалавек, працуе, як вол, зазлаваў. "Вы чаму, гаворыць, без даклада лезеце?" А той, нахаба, уяўляеце, вывалiўся ў крэсле i гаворыць з усмешкаю: "А я, гаворыць, з вамi пра справу пагаварыць прыйшоў". Прохар Пятровiч зноў раззлаваўся: "Я заняты!" А той, падумаць толькi, адказвае: "Нiчым вы не заняты..." Ну? Тут, вядома, цярпенне ў Прохара Пятровiча лопнула, i ён закрычаў: "Ды што ж гэта робiцца? Вывесцi яго вон, чорт мяне вазьмi!" А той, уяўляеце, усмiхнуўся i гаворыць: "Каб чорт узяў? Чаму ж, гэта можна!" I - бабах, я нават крыкнуць не паспела, гляджу: няма гэтага з кашэчаю галавою i ся... сядзiць... гарнiтур... Э-э! - скрывiла разяўлены рот i завыла зноў Ганна Рычардаўна.
   Удавiлася ад плачу, перавяла дух i пачала гаварыць зусiм абы-што:
   - I пiша, пiша, пiша! Звар'яцець можна! Гаворыць па тэлефоне! Гарнiтур! Усе разбеглiся, як зайцы!
   Бухгалтар стаяў i калацiўся. Але тут сам лёс з яго злiтаваўся. У сакратарскi пакой дзелавою хадою ўваходзiла мiлiцыя ў асобе двух чалавек. Як толькi ўгледзела iх, прыгажуня заплакала яшчэ мацней, паказала пальцам на дзверы ў кабiнет.
   - Давайце не будзем плакаць, грамадзянка, - спакойна сказаў першы, i бухгалтар адчуў, што ён тут зусiм непатрэбны, выскачыў з сакратарскага пакоя i праз хвiлiну ўжо быў на свежым паветры. У галаве ў яго гуляў нейкi скразняк, гуло, як у комiне, а сярод гэтага гуду чулiся абрыўкi капельдынерскiх расказаў пра ўчарашняга ката, якi ўдзельнiчаў у сеансе. "Э-ге! Ды цi не наш гэта коцiк?"
   Пасля таго як не дабiўся толку ў камiсii, добрасумленны Васiль Сцяпанавiч рашыў наведаць фiлiял, якi размяшчаўся ў Ваганькаўскiм завулку. I каб крыху супакоiцца, пайшоў туды пешшу. Гарадскi фiлiял вiдовiшчаў размяшчаўся ў аблупленым старым будынку ў глыбiнi двара i быў знакамiты сваiмi парфiравымi калонамi ў вестыбюлi.
   Але не гэтыя калоны ўражвалi наведвальнiкаў у той дзень, а тое, што адбывалася пад iмi.
   Некалькi наведвальнiкаў здранцвела стаялi i глядзелi на заплаканую паненку, што сядзела за столiкам, на якiм ляжала спецыяльная вiдовiшчная лiтаратура, якую яна прадавала. У гэты момант паненка нiкому нiчога не прапаноўвала i ў адказ на спачувальныя пытаннi толькi адмахвалася, а зверху, i знiзу, i з бакоў, з усiх аддзелаў фiлiяла сыпаўся звон сама мала з дваццацi тэлефонных апаратаў.
   Паненка паплакала, раптам скаланулася, iстэрычна ўскрыкнула:
   - Вось iзноў! - i неспадзявана заспявала дрыготкiм сапрана:
   Славное море священный Байкал...
   Кур'ер, якi паказаўся на лесвiцы, пагразiў некаму кулаком i заспяваў разам з паненкаю глухiм, цьмяным барытонам:
   Славен корабль, омулевая бочка!..
   Да кур'еравага голасу далучылiся далёкiя галасы, хор пачаў разрастацца, i, нарэшце, песня грымела з усiх куткоў фiлiяла. У блiжэйшым пакоi, дзе размяшчаўся падлiкова-праверачны аддзел, асаблiва вылучалася нечая магутная хрыплаватая актава. Акампанаваў хору трэск тэлефонных апаратаў, якi ўсё мацнеў.
   Гей, баргузин... пошевеливай вал!..
   роў кур'ер на лесвiцы.
   Слёзы цяклi па твары ў дзяўчыны, яна спрабавала сцiснуць зубы, але рот разяўляўся сам, i яна спявала на актаву вышэй, чым кур'ер:
   Молодцу быть недалечко!
   Уражвала анямелых наведвальнiкаў фiлiяла тое, што харысты, раскiданыя ў розных месцах, спявалi вельмi зладжана, быццам увесь хор стаяў i не зводзiў воч з нябачнага дырыжора.
   Людзi спынялiся ля агороджы двара, дзiвiлiся з весялосцi, якая панавала ў фiлiяле.
   Як толькi першы слупок скончыўся, спеў адразу сцiх, нiбыта па загадзе дырыжора. Кур'ер цiха вылаяўся i знiк. Тут адчынiлiся i галоўныя дзверы, паказаўся грамадзянiн у летнiм палiто, з-пад якога вiдаць быў белы халат, а побач з iм мiлiцыянер.
   - Доктар, зрабiце што-небудзь, прашу, - iстэрычна ўскрыкнула дзяўчына.
   На лесвiцу выбег сакратар фiлiяла, ён гарэў ад сораму i збянтэжанасцi, загаварыў заiкаючыся:
   - Бачыце, доктар, у нас нейкi масавы гiпноз... Дык вось, неабходна... - ён не дагаварыў, пачаў давiцца словамi i раптам заспяваў тэнарам:
   Шилка и Нерчинск...
   - Дурань! - успела крыкнуць дзяўчына, але не растлумачыла, на каго лаецца, а замест гэтага сама замармытала i вывела пра Шылку i Нерчынск.
   - Вазьмiце сябе ў рукi! Перастаньце спяваць! - звярнуўся доктар да сакратара.
   Яно i так вiдаць было, што сакратар аддаў бы што хочаце, каб толькi перастаць спяваць, але спынiцца ён ужо не мог i данёс да людскiх вушэй у завулку навiну пра тое, што ў нетрах не зачапiў яго пражорлiвы звер i што куля стралка не здагнала!
   Як толькi слупок скончыўся, дзяўчына першаю атрымала порцыю валяр'янкi ад доктара, а потым ён пабег следам за сакратаром да iншых - паiць i iх.
   - Прабачце, грамадзяначка, - неспадзявана звярнуўся Васiль Сцяпанавiч да дзяўчыны, - да вас чорны кот не прыходзiў?
   - Якi там яшчэ кот? - злосна закрычала дзяўчына. - Асёл сядзiць у нас у фiлiяле, асёл! - i дадала да гэтага: - Няхай чуе! Я пра ўсё раскажу!
   I сапраўды расказала, што адбылося.
   Высветлiлася, што загадчык гарадскога фiлiяла, якi "дашчэнту развалiў аблегчаныя забавы" (гэтак сказала дзяўчына), пакутаваў манiяй арганiзоўваць розныя гурткi.
   - Начальства абманваў! - крычала дзяўчына.
   На працягу года загадчык паспеў арганiзаваць гурток па вывучэннi Лермантава, шахматна-шашкавы, пiнг-понгавы i гурток коннiкаў. На лета пагражаў арганiзаваць гурток веславання на прэснай вадзе i гурток альпiнiстаў. I вось сёння ранiцай уваходзiць ён, загадчык...
   - I вядзе пад руку нейкага абармота, - расказвала дзяўчына, - якi невядома адкуль узяўся, у клятчастых штанах, у пабiтым пенснэ... i морда, што глядзець немагчыма!
   I адразу ж, як расказала дзяўчына, усiм назваў яго як выдатнага спецыялiста арганiзоўваць харавыя гурткi.
   Твары будучых альпiнiстаў пазмрачнелi, але загадчык адразу заклiкаў усiх не журыцца, а спецыялiст пажартаваў, i пасмяшыў, i пакляўся, што спевы часу забяруць зусiм мала, а карысцi ад гэтага будзе цэлы воз.
   Ну, вядома, як расказвала дзяўчына, першыя выскачылi Фанаў i Касарчук, сама першыя ў фiлiяле падхалiмы, аб'явiлi, што запiсваюцца. Тут i астатнiя служачыя пераканалiся, што спеваў не пазбегнуць, давялося запiсвацца ў гурток i iм. Спяваць вырашылi ў абедзенны час, бо астатнi займалi Лермантаў i шашкi. Загадчык, каб паказаць прыклад, аб'явiў, што ў яго тэнар, а далей усё пачалося як у страшным сне. Клятчасты спецыялiст-хармайстар закрычаў:
   - До-мi-соль-до! - вывалак сама сарамлiвых з-за шафаў, дзе яны спрабавалi ўратавацца ад спеваў, Касарчуку сказаў, што ў яго выключны слых, пачаў жалiцца, скуголiць, прасiць, каб не крыўдзiлi старога рэгента-певуна, стукаў камертонам па пальцах, папрасiў заспяваць "Славное море".
   Грымнулi. I выдатна грымнулi. Клятчасты сапраўды быў майстар свае справы. Скончылi першы слупок. Тут рэгент папрасiў прабачэння, сказаў, што яму трэба на хвiлiнку - i... знiк. Думалi, што i сапраўды ён праз хвiлiнку вернецца назад. Але i праз дзесяць яго не было. Узрадавалiся фiлiяльцы - уцёк.
   I раптам мiжволi заспявалi другi слупок, усiх павёў за сабой Касарчук, у якога, можа, i не было абсалютнага слыху, але быў даволi прыемны тэнар. Праспявалi. Рэгента няма! Пайшлi кожны на сваё месца, але не ўспелi сесцi, як зноў мiжволi заспявалi. А спынiцца не атрымлiвалася. Памаўчаць хвiлiны са тры i зноў запяваюць. Памаўчаць - i зноў! Тут здагадалiся, што бяда. Загадчык замкнуўся ад сораму ў сваiм кабiнеце.
   Расказ перапынiўся. Валяр'янка нiяк не дапамагала.
   Праз чвэрць гадзiны ў двор у Ваганькаўскiм завулку пад'ехалi тры грузавiкi, у яго загрузiлi ўвесь штат фiлiяла разам з загадчыкам.
   Як толькi машына гайданулася ў варотах i выехала ў завулак, служачыя, якiя стаялi ў кузаве i трымалiся за плечы адзiн у аднаго, разявiлi раты, i завулак напоўнiўся папулярнаю песняй. Другi грузавiк падхапiў, а за iм i трэцi. Гэтак i паехалi. Людзi на вулiцы толькi незнарок кiдалi вокам на машыны i не здзiўлялiся, думалi, што гэта экскурсiя едзе за горад. Ехалi i на самай справе за горад, але толькi не на экскурсiю, а ў клiнiку прафесара Стравiнскага.
   Праз паўгадзiны зусiм звар'яцелы бухгалтар дабраўся да фiнглядацкага сектара ў спадзяваннi ўрэшце пазбавiцца грошай. Навучаны ўжо вопытам, ён спачатку асцярожна зазiрнуў у прадаўгаватую залу, дзе за матавым шклом i залатымi надпiсамi сядзелi служачыя. Нiякае трывогi цi непарадку бухгалтар тут не западозрыў. Было цiха, як i належыць у прыстойнай установе.
   Васiль Сцяпанавiч усунуў галаву ў тое акенца, дзе было напiсана: "Прыём сум", - павiтаўся з нейкiм незнаёмым служачым i ветлiва папрасiў прыходны ордэр.
   - А нашто вам? - спытаўся служачы праз акенца. Бухгалтар здзiвiўся.
   - Хачу здаць грошы. Я з Вар'етэ.
   - Хвiлiначку, - адказаў служачы i iмгненна зачынiў рашоткай дзiрку ў шкле.
   "Дзiўна!" - падумаў бухгалтар. Здзiўленне яго было зусiм натуральнае. Упершыню ў яго жыццi адбывалася такое. Усiм вядома, як цяжка атрымаць грошы, тут абавязкова знойдуцца перашкоды. Але за трыццаць гадоў работы бухгалтарам не было нiводнага выпадку, каб хто-небудзь, прыватная альбо юрыдычная асоба, не спяшаўся ўзяць грошы.
   Нарэшце рашотка адсунулася, i бухгалтар зноў нахiлiўся да акенца.
   - А многа ў вас? - спытаўся служачы.
   - Дваццаць адна тысяча семсот адзiнаццать рублёў.
   - Ого! - чамусьцi iранiчна адказаў служачы i падаў бухгалтару зялёны квiток.
   Бухгалтар хуценька запоўнiў добра вядомую форму i пачаў развязваць аборачку на пакеце. Калi ён распакаваў свой груз, у вачах у яго застракацела, ён нешта хваравiта прамармытаў.
   Перад вачыма мiльгалi замежныя грошы. Тут былi пачкi канадскiх даляраў, ангельскiх фунтаў, галандскiх гульдэнаў, латвiйскiх латаў, эстонскiх крон...
   - Вось ён, адзiн з гэтых штукароў з Вар'етэ, - пачуўся грозны голас над анямелым бухгалтарам. I адразу ж Васiля Сцяпанавiча арыштавалi.
   Раздзел 18
   НЯЎДАЧЛIВЫЯ НАВЕДВАЛЬНIКI
   Якраз у той час, калi сумленны бухгалтар iмкнуў у таксаматоры, каб нарвацца на самапiшучы гарнiтур, з плацкартнага мяккага вагона No 9 кiеўскага цягнiка, якi прыбыў у Маскву, разам з iншымi выйшаў прыстойны грамадзянiн з маленькiм фiбравым чамаданчыкам у руцэ. Гэта быў не хто iншы, як сам дзядзька нябожчыка Берлiёза, Максiмiлiян Андрэевiч Паплаўскi, эканамiст-планавiк, якi жыў у Кiеве на былой Iнстытуцкай вулiцы. Прымусiла яго прыехаць у Маскву атрыманая пазаўчора тэлеграма настўпнага зместу: "Мяне толькi што зарэзаў трамвай на Патрыярхавых.
   Пахаванне пятнiцу, тры гадзiны апоўднi. Прыязджай. Берлiёз".
   Максiмiлiян Андрэевiч заслужана лiчыўся адным з разумнейшых людзей у Кiеве. Але i сама разумнага чалавека падобная тэлеграма паставiць у тупiк. Калi чалавек тэлеграфуе, што яго зарэзала, то зразумела, што зарэзала не на смерць. Але пры чым тады пахаванне? Цi ён у такiм стане, што прадбачыць смерць? Такое магчыма, але сама дзiўнае - дакладнасць. Адкуль ён ведае, што хаваць яго будуць у пятнiцу ў тры гадзiны? Дзiўная тэлеграма!
   Аднак разумныя людзi таму i разумныя, што ўмеюць разабрацца ў сама складаных абставiнах. Зусiм проста. Адбылася памылка. Тэлеграму перадалi наблытаную. Слова "мяне" несумненна трапiла сюды з другой тэлеграмы, замест слова "Берлiёза", якое стала "Берлiёз" i трапiла ў канец тэлеграмы. З такою папраўкаю сэнс тэлеграмы робiцца зразумелым, але, вядома ж, трагiчным.
   Калi зацiх выбух гора, якi спасцiг жонку Максiмiлiяна Андрэевiча, той неадкладна пачаў збiрацца ў Маскву.
   Трэба сказаць пра адну таямнiцу Максiмiлiяна Андрэевiча. Што казаць, шкада было жончынага пляменнiка, якi загiнуў у самым росквiце. Але ён, як чалавек дзелавы, разумеў, што нiякае асаблiвае патрэбы прысутнiчаць яму на пахаваннi не было. I ўсё роўна Максiмiлiян Андрэевiч спяшаўся ў Маскву. Якая была прычына? Адна - кватэра. Кватэра ў Маскве? Гэта сур'ёзна. Невядома чаму, але Кiеў не падабаўся Максiмiлiяну Андрэевiчу, i думка пра пераезд у Маскву гэтак мучыла яго апошнi час, што ён нават пачаў спаць дрэнна. Яго не радавалi вясновыя разлiвы Дняпра, калi, затапляючы астравы на нiзкiм беразе, вада злiвалася з небакраем. Яго не радаваў цудоўны краявiд, якi адкрываўся ад падножжа помнiка князю Ўладзiмiру. Яго не цешылi сонечныя водсветы, якiя пералiвалiся па цагляных сцяжынках Уладзiмiрскае горкi. Нiчога гэтага яму не трэба было, ён хацеў аднаго толькi - пераехаць у Маскву.
   Аб'явы ў газетах пра абмен кватэры на Iнстытуцкай вулiцы ў Кiеве на меншую плошчу ў Маскве не давалi нiякага вынiку. Ахвотнiкаў не знаходзiлася, а калi зрэдку i знаходзiлiся, то iхнiя прапановы былi нячыстыя.
   Тэлеграма ўразiла Максiмiлiяна Андрэевiча. Гэта быў той момант, якi пратрацiць грэх. Сапраўдныя дзелавыя людзi ведаюць, што гэтакiя моманты не паўтараюцца.
   Адным словам, не зважаючы на цяжкасцi, трэба было забраць у спадчыну кватэру пляменнiка на Садовай. Гэта было складана, вельмi складана, але перашкоды трэба абавязкова пераадолець. Вопытны Максiмiлiян Андрэевiч ведаў, што на гэтым шляху першы i сама неабходны крок - прапiска, чаго б яна нi каштавала, няхай нават часовая, у трох пляменнiкавых пакоях.
   У пятнiцу ўдзень Максiмiлiян Андрэевiч адчынiў дзверы пакоя, у якiм мясцiлася домакiраўнiцтва дома 302-бiс на Садовай вулiцы ў Маскве.
   У вузенькiм пакойчыку, дзе на сцяне вiсеў старэнькi плакат, на якiм на некалькiх малюнках былi паказаны спосабы ажыўлення тапельцаў, за драўляным сталом у адзiноце сядзеў чалавек сярэдняга ўзросту, непаголены, з устрывожанымi вачыма.
   - Цi магу я бачыць старшыню праўлення? - ветлiва пацiкавiўся эканамiст-планавiк, зняў капялюш i паставiў свой чамаданчык на пустое крэсла.
   Гэтае, на першы погляд простае пытанне чамусьцi збянтэжыла чалавека за сталом гэтак, што ён з твару змянiўся. Ён трывожна, скоса паглядзеў, прамармытаў, што старшынi няма.
   - Ён дома? - спытаўся Паплаўскi. - У мяне неадкладнае пытанне.
   Чалавек за сталом зноў нешта прамармытаў. Але i з гэтага можна было здагадацца, што старшынi i дома няма.
   - А калi ён будзе?
   Чалавек нiчога не адказаў i з нейкаю тугою паглядзеў у акно.
   "Ага!" - сказаў сам сабе разумны Паплаўскi i папытаўся, дзе сакратар.
   Дзiўны чалавек за сталом аж пачырванеў ад натугi i зноў прамармытаў, што сакратара таксама няма... невядома, калi ён прыйдзе... i што сакратар захварэў...
   "Ага, - сказаў сам сабе Паплаўскi, - але ж хто-небудзь ёсць у праўленнi?"
   - Я, - слабым голасам абазваўся чалавек.
   - Цi ведаеце, - пераканаўча загаварыў Паплаўскi, - я адзiны спадчыннiк нябожчыка Берлiёза, майго сваяка, якi загiнуў, як вам вядома, на Патрыярхавых, i я абавязаны, адпаведна закону, забраць спадчыну - нашу кватэру нумар пяцьдзесят...
   - Не ў курсе справы я, таварыш, - нудна перапынiў чалавек.
   - Выбачайце, - зычным голасам сказаў Паплаўскi, - вы сябра праўлення i абавязаны...
   I вось тут у пакой увайшоў нейкi грамадзянiн. Той, за сталом, як угледзеў яго, спалатнеў.
   - Вы сябра праўлення Пятнажка? - спытаўся ў чалавека за сталом наведвальнiк.
   - Я, - ледзь чутна адказаў той.
   Чалавек нешта пашаптаў Пятнажку, i той, зусiм засмучаны, устаў з крэсла, i праз некалькi секунд Паплаўскi застаўся сядзець адзiн у пустым пакойчыку праўлення.
   "Э-э, якая прыгода! I трэба ж было, каб iх усiх адразу..." - з прыкрасцю думаў Паплаўскi, напрасткi праз двор спяшаючыся ў кватэру No 50.
   Дзверы адразу ж, як толькi пазванiў эканамiст-планавiк, адамкнулi, i Максiмiлiян Андрэевiч увайшоў у прыцемнены пярэднi пакой. Яго здзiвiла тая акалiчнасць, што было незразумела, хто яму адамкнуў: у пярэднiм пакоi нiкога не было, акрамя велiзарнага чорнага ката, якi сядзеў на крэсле.
   Максiмiлiян Андрэевiч пакашляў, патупаў нагамi, i тады дзверы адчынiлiся i ў пярэднi пакой выйшаў Кароўеў. Максiмiлiян Андрэевiч пакланiўся яму ветлiва, але з годнасцю i сказаў:
   - Маё прозвiшча Паплаўскi. Я дзядзька...
   Не паспеў ён дагаварыць, як Кароўеў выхапiў з кiшэнi брудную хусцiнку, уткнуў у яе нос i заплакаў.
   - ...нябожчыка Берлiёза...
   - А як жа, а як жа, - перапынiў Кароўеў, адняў хусцiнку ад твару. - Я адразу здагадаўся, як толькi зiрнуў на вас, што гэта вы! - I затросся ад плачу, пачаў выкрыкваць:- Гора якое, га? Што ж гэта творыцца? Га?
   - Трамвай задушыў? - шэптам спытаўся Паплаўскi.
   - На месцы, - крыкнуў Кароўеў, i слёзы пацяклi ў яго з-пад пенснэ ручаямi, - насмерць! Я быў сведка. Паверце - раз! Галава - прэч! Правая нага - хрась, папалам! Левая - хрась, папалам! Вось да чаго гэтыя трамваi даводзяць! - I ўжо, мабыць, не могучы сябе болей стрымлiваць, Кароўеў клюнуў носам у сцяну побач з люстрам i пачаў уздрыгваць ад плачу.
   Берлiёзаў дзядзька быў шчыра ўражаны паводзiнамi незнаёмца. "Вось, а кажуць, што не бывае ў наш век спагадлiвых людзей!" - падумаў ён i адчуў, што ў самога яго пачынаюць свярбець вочы. Аднак у той самы час непрыемная хмарка наплыла на яго душу, як вужык, мiльгнула думка пра тое, а цi не прапiсаўся ўжо гэты добры чалавек у кватэры нябожчыка, бо i такое ў жыццi неаднойчы здаралася.
   - Выбачайце, вы былi сябрам майго нябожчыка Мiшы? - спытаўся ён, выцiраючы рукавом левае сухое вока, а правым прыглядаўся да Кароўева, якi сцiнаўся ад скрухi.
   Але той гэтак расплакаўся, што нельга было нiчога разабраць зусiм, акрамя паўтораў слоў "хрась" i "папалам". Наплакаўшыся ўволю, Кароўеў нарэшце адлiп ад сценкi i прамовiў:
   - Не, не магу болей! Пайду вып'ю трыста кропель эфiрнае валяр'янкi! - ён павярнуўся да Паплаўскага ўшчэнт заплаканым тварам i дадаў: - Вось яны, трамваi!
   - Выбачайце, гэта вы мне адбiлi тэлеграму? - спытаўся Максiмiлiян Андрэевiч, пакутлiва думаючы, хто ён, гэты дзiўны плакса.
   - Ён! - адказаў Кароўеў i тыцнуў пальцам на ката.
   Паплаўскi вылупiў вочы, падумаў, што недачуў.
   - Не, не магу, не стае сiлы, - шморгаючы носам, працягваў Кароўеў, - як успомню: кола па назе... адно кола пудоў дзесяць будзе... Хрась! Пайду лягу, паспрабую заснуць, - i ён адразу знiк з пярэдняга пакоя.
   А кот паварушыўся, саскочыў з крэсла, стаў на заднiя лапы, прыхарашыўся, разявiў пашчу i сказаў:
   - Ну, я даў тэлеграму. А што далей?
   У Максiмiлiяна Андрэевiча адразу закружылася галава, аднялiся рукi i ногi, ён упусцiў чамаданчык i сеў на крэсла насупраць ката.
   - Я ж, здаецца, у вас па-расейску пытаюся, - сурова сказаў кот, - а што далей?
   Паплаўскi нiчога не адказаў.
   - Пашпарт! - мяўкнуў кот i працягнуў пульхную лапу.
   Паплаўскi нiчога не цямiў i не бачыў, акрамя дзвюх iскраў у кашэчых вачах, ён выхапiў з кiшэнi пашпарт, як кiнжал. Кот узяў з падлюстравага столiка акуляры ў тоўстай чорнай аправе, начапiў iх на морду, з-за чаго зрабiўся яшчэ больш важны, i выняў з дрыжачае рукi ў Паплаўскага пашпарт.
   "Цiкава, самлею я цi не?" - падумаў Паплаўскi. Здалёк чуваць былi ўсхлiпы Кароўева, увесь пярэднi пакой напоўнiўся эфiрным пахам, пахам валяр'янкi i яшчэ нейкае моташнай мярзотнасцi.
   - Якiм аддзяленнем выдадзены ваш дакумант? - спытаўся кот i прыгледзеўся да старонкi.
   Адказу не было.
   - Чатырыста дванаццатым, - сам сабе сказаў кот, водзячы лапай па пашпарце, якi ён трымаў дагары, - ну, вядома! Я ведаю гэтае аддзяленне! Там абы-каму пашпарты выдаюць! А я, напрыклад, такому, як вы, не выдаў бы! Нiзавошта не выдаў бы! Толькi паглядзеў на твар i адразу б адмовiў! - кот гэтак раззлаваўся, што шпурнуў пашпарт на падлогу. - Ваша прысутнасць на пахаваннi адмяняецца, - працягваў кот афiцыйным голасам, - едзьце на месца жыхарства. I раўнуў за дзверы:- Азазела!