Страница:
Хапацца за зброю ўжо няма калi, i Васiль са ўсяго размаху задзялiў напасьнiку кулаком у скiвiцу, аж нешта храснула.
Цёмная постаць напасьнiка захiсталася, i толькi зубец забарола, за якi ён ухапiўся, утрымаў яго на нагах, меч з жаласным звонам пакацiўся па каменных плiтах памосту. Васiль кiнуўся ўперад i, ня даўшы працiўнiку апамятацца, згроб яго ў ахапак.
- Хто ты?... Чаго ад мяне хочаш?...
Напасьнiк, яшчэ канчаткова не прачухаўшыся, iрвануўся, але Васiль сьцiснуў яго мацней, аж енк вырваўся з прыдушаных грудзей.
- Хто цябе паслаў? - шыпеў далей, яму на вуха, Васiль, адчуваючы прылiў шалу й баючыся, каб нiхто не пачуў яго слоў i не перашкодзiў. - Кажы!... Князь Брачыслаў?... Цi хто iншы?... Кажы, бо прыдушу як пса!...
- Пусьцi, нягоднiк! - iзноў iрвануўся напасьнiк. - Нiхто мяне не пасылаў... Выцягвай свой меч... тады пабачым, хто каго! Цi мо' баiсься?...
- Ты ня варты гэтага гонару! - iзноў зашыпеў Васiль. - Той, хто нападае ззаду, той...
- А той, хто крадзе чужых нарачоных, iншага й не заслугоўвае! - гнеўна перабiў шляхцiц. - Пусьцi!
Ад гэтых слоў Васiль аж атарапеў, i на момант аслабiў уцiск. Гэтага якраз i хапiла. Шляхцiц крутнуўся i, як зьмяя высьлiзнуўшы з рук, падхапiў свой меч.
- Чыю-ж нарачоную я ўкраў? - зьдзiўлена спытаў Васiль, выцягваючы свой меч.
- Маю! I за гэта загiнеш! - кiнуўся ўперад шляхцiц, цэлячы мячом Васiлю ў чэрава.
Васiль спрытна адвёў удар i, у некалькi заходаў, абяззброiў працiўнiка, выбiўшы яму меч з рук.
Бачачы, што тут ня жарты, i апынуўшыся ў такiм бязвыхадным становiшчы, шляхцiц кiнуўся ўцякаць. Аднак не пасьпеў ён зрабiць i некалькi крокаў, як Васiль ухапiў яго ўпоперак i, падняўшы над галавой, перакiнуў цераз забарола ў непраглядную ноч. З гучным енкам бухнуўся бядак у цёмную ваду рова. Сьледам паляцеў меч.
Узбуджаны й разьюшаны Васiль накiраваўся назад у залю, з намерам спытаць у Князя Брачыслава, што мае значыць гэты начны напад. Няўжо так сустракаюць Гаспадарскiх пасланцоў у Полацку?...
У цемры абазначыўся вузкi праход у галярэю, вядучую з муру ў нутраныя пакоi Замку. У глыбiнi галярэi цьмяна сьвецiцца паходня, кiдаючы чырвоныя водблiскi...
Раптоўна, нейкая цёмная постаць засланiла дарогу. Яна вырасла як з-пад зямлi - бязгучна, нечакана й таямнiча. Васiль уздрогнуў i, адступаючы на крок у тыл, выхапiў iзноў меч. Постаць не варухнулася. Яна, нiбы прывiд, маўклiва засланiла праход. Чырвонае сьвятло паходнi вандруючымi касмылямi перабягала ў яе за сьпiнай. Штось жудаснае, пякельнае, было ў гэтым вiдовiшчы. Мурашкi папаўзьлi па сьпiне, i на галаве заварушылiся валасы...
- Хто ты? - глуха спытаў Васiль, заносячы меч. - Кажы!
- Васiль, я ўсё бачыла... - пачуўся жаночы шопат. - Толькi, за радзi Бога, цiха!...
- Рэгiна! Ты?... - ускрыкнуў уражана Васiль. - Што ты тут робiш?...
Уся душа, здавалася, ускалатнулася ў няшчаснага Драба. Тысячы супярэчных пачуцьцяў, у адзiн момант, зблыталiся ў зачараваны клубок. Немагчыма стала разабрацца, дзе ненавiсьць, каханьне, агiда, дзе пяшчота, жаль, гонар, абраза, надзея, безнадзейнасьць... Хацелася ганарыста прайсьцi мiма, паказаць сваю пагарду, каб i яна адчула боль уражанага самалюбства. Але, з другога боку, так i карцела схапiць яе ў абдымкi, прыцiснуць да сябе яе хiсткую постаць, i цалаваць, цалаваць без канца й бяз краю... Упiвацца дурманам каханьня й забыцца пра ўсё на сьвеце... Але...
- Што ты тут робiш? - нарэшце выцiснуў зь сябе Васiль.
- Я ўсё бачыла й чула... Гэта ён пра мяне казаў. Я баялася за цябе, Васiль... Я... кахаю цябе... Толькi цябе аднаго! Яго я нiколi не хацела, гэта татусь мой настаяў...
- Дык ты зару...
- Маўчы! - засланiла яна рукой рот Васiлю. - Дай я скажу... Дай мне пакаяцца перад табой...
- Ну?..
- Я вiнаватая... Памятаеш, тады, перад тваiм ад'ездам?.. Ты паехаў скрыўджаны... Мы-ж кахалiся з табою, Васiлёк, з самага маленства... Пазьней я не магла сабе прабачыць. Прабач хоць ты?... Скажы, што кахаеш, што не забыў, i гэтага будзе досыць... Нявольнiцай тваёй буду... Васiль!... - яна ўхапiла яго за руку й паднесла яе да вуснаў.
Галава пайшла колам у беднага Васiля. Дотык яе рукi, яе вуснаў, яе словы хмелем асядалi ў душы, блыталi намеры, i густой iмглой засьцiлалi розум. Ён адчуваў блiзiню яе трапёткага стану, адчуваў сваю ўладу над ёю i ўсё болей i болей губляўся. Рэгiна-ж па свойму зразумела яго маўчаньне. Яна ня вычула той неймавернай барацьбы, якая бушавала зараз пад сталёвым нагруднiкам i, баючыся выпусьцiць Васiля з рук, працягвала:
- ...I заручыны, супраць маёй волi, татусь справiў зь iм. За багацьцем пагнаўся. Але я нiколi не хацела яго й не хачу... Вось глянь! - яна хутка сарвала з пальца пярсьцёнак i кiнула ў цемру...
Гэты яе ўчынак разам прабудзiў у памяцi Васiля недалёкае мiнулае. Успомнiлася, як гэтак-жа бязьлiтасна, яна парвала зь iм самiм. З выглядам i пыхаю каралевы, абразiла яго, абразiла ягоны род, i бедную адзiнокую сiрацiну Марылю, ды дала зразумець, што болей не жадае бачыцца. I што-ж гэта раптам здарылася? Сама прызнаецца ў каханьнi, цалуе рукi, абяцае быць нявольнiцай?... Цi мо' яна сапраўды адумалася, цi мо' якая iншая прычына? Бядак забыўся, што зараз на iм блiшчыць залаты пас, а значыць, не абы якая маёмасьць. Забыўся, што ён сёньня першы госьць у Князя Брачыслава. I забыўся, што бываюць дробныя людзiшкi, ласыя на золата, i подлыя, здольныя апляваць найвышэйшыя пачуцьцi чалавека, за такое-сякое багацьце й дастатак. Ён ня мог-бы паверыць, што каханьне Рэгiны, так адчынена ёю выказанае, было не да Васiля, а да Драба з Копыля. Гатоў быў ужо прыгарнуць яе, але нейкая падсьведамая сiла ўтрымала, i прымусiла яшчэ раз задумацца над яе ўчынкам зь пярсцёнкам.
- Васiль, - iзноў адазвалася Рэгiна - забудзь усё...
- Так! Я забуду! - раптам рашыўшыся, станоўча прамовiў Васiль i, упэўнена адсунуўшы яе з праходу, закрочыў у глыбiню галярэi. Вырашыў: выкiнуць яе з сэрца й забыць назаўсёды. - Бывай!
- Хам! - зашыпела яна ўсьлед. - Ня думай, што так лёкка ад мяне пойдзеш!... Я пастаўлю цябе на каленi!... I свае маёнткi зложыш ля маiх ног!...
Вярнуўшыся ў грыднiцу, Васiль заспакоiў пачаўшага непакоiцца Князя, i з аблекчанай душой прымкнуў да агульнае вясёласьцi. Бачыў як прыйшла Рэгiна, бледная й з блiскучымi вачамi. Нешта доўга шаптала на вуха бацьку. Як той разгублена выйшаў i болей не вярнуўся...
- Пайшоў шукаць зяця ў рову! - зларадна здагадаўся Васiль. - Ну хай сабе палазiць у вадзе! Шкурнiк!
Музыкi весела высьвiствалi, госьцi грымелi кубкамi й нажамi. Гамонка й сьмех не змаўкалi да поўначы...
А бедны шляхцiц, насёрбаўшыся досыць бруднае вады, i з выкручанай нагой, боўтаўся ў вадзе пад мурам, ухапiўшыся рукамi за вострую жалезiну, тырчашчую з-пад вады, аж пакуль яго не падабраў у човен пад'ехаўшы Келябовiч.
Васiль прагасьцiў у Полацку цэлы тыдзень, i разам з Князем Брачыславам выехаў у Трокi. Страшэнна хацелася адведаць Слуцак, пабачыцца зь сястрой. Пацешыць яе радаснай навiной аб Гаспадарскай ласцы, ды ўзяцца за ўпарадкаваньне Копыльскага маёнтку й Замку. Ня ведаў, цi Вiтаўт адпусьцiць, але рашыўся прасiць.
Час настаў трывожны. З аднаго боку ўзрастала Крыжацкая пагроза - чуткi аб вайне шырылiся. З другога боку, Кароль Ягайла намагаўся ўсiмi праўдамi й няпраўдамi накласьцi сваю руку на Вялiкае Княства Лiтоўскае. З трэйцяга, Масква павяла безьперапынныя йнтрыгi, iмкнучыся аслабiць сiлу Вялiкакняжай Улады. З Чэхаў, што раз то мацней, лунаў заклiк аб дапамозе. Няшчасныя Чэхi абязьсiльвалi ў няроўнай барацьбе за сваю свабоду, з гордамi Сьвяшчэннае Рымскае Ймпэрыi. Амаль уся Эўропа навалiлася на гордую й свабодалюбную Краiну, навадняючы яе абшары тысячамi рознанацыянальнага Рыцарства, прагавiтага да прыгодаў i нажывы. Дапамогi чакаць было неадкуль, толькi Вялiкая й Справядлiвая Лiтва, са сваiмi Драбамi й Мудрым Гаспадаром, магла выратаваць Краiну. Была яшчэ адна сiла, сiла брутальная, жорсткая й здраднiцкая - Масква, але лепей ужо паддацца хiжацкай Эўропе, зь яе iнквiзыцыяй, чым напаўазiяцкiм драпежнiкам Масквы.
Настала трывожнае лета 1400 году...
29. У ПАГОНЮ
У Троках Ваяводы Фёдара ўжо не было. Ад Вiтаўта Васiль даведаўся, што Ваявода два днi таму выехаў у Слуцак.
- А табе казаў, - усьмiхнуўся Вiтаўт, бачачы жаль, якi адбiўся ў вачах Васiля, - даганяць яго, калi хочаш. На Лiду пагнаў, а там на Наваградак.
- А Ваша Высокасьць дазваляе? - ажывiўся Васiль. - Сястра ў мяне ў Слуцку... Амаль цэлую зiму ня бачылiся, i вестак нiякiх.
- А ў Горадню, са мною, ня хочаш?
- Воля Вашае Высокасьцi для мяне закон! Хоць на край Сьвету!
- Ну, добра, ганi ў Слуцак. Князю старому прывiтаньне маё перадай, пабачся зь сястрой, ды назад. Але доўга не загульвай! Патрэбен мне будзеш. Ды не забудзься, як варочацца сюды будзеш, караваю кавалак прывезьцi... Ну йдзi! - i Вiтаўт загадкава падмiргнуў.
Наступнай ранiцай, зь першымi праменьнямi сонца, Васiль рушыў у дарогу. Апошнiя словы Гаспадара яго зьдзiвiлi й устрывожылi. Цi не надумалася там Марыля, часам, замуж выскачыць, i Вiтаўт аб гэтым ведае? Каб хаця, яна бядняжка там з адзiноцтва ды роспачы сапраўды якой глупоты не ўчынiла - цяпер для яе мужа трэба шукаць мiж Драбамi, а можа нават i Войт якi знойдзецца. Дзяўчына яна прыгожая... I Васiль гонiць з усiх сiл. Яго невялiкi пачот не адстае, i конi аж стогнуць ад стомы.
У Лiдзе Ваяводы ўжо не засталi. У Наваградку тое самае - учора вырушыў далей. Але адзiн дзень ужо выйграны.
- I куды яго так нясе? - не ўтрымаўся Васiль, у роспачы прыглядаючыся да сваiх упрэлых коней. - Як на пажар!...
Сэрца сьцiснула нейкая невытлумачаная трывога, хацелася ехаць i ехаць, гнаць, што было духу. Аднак у Наваградку прыйшлося заначаваць i падправiць падковы, пачаўшыя непрыемна паляскiваць.
Ноч прайшла хутка. Папярэдняя гонка, клопаты й стома валiлi з ног, i падарожнiкi спалi як забiтыя, толькi дружны храп з прысьвiстам разносiўся па карчме.
Ранiцай, разплацiўшыся за начлег i падсiлак, ускочылi ў сёдлы й, не аглядаючыся, панесьлiся на Мiр. Хутка вежы й званiцы Наваградка засталiся далёка з тылу, ды нарэшце зьнiклi ў блакiтным ранiшнiм апары.
Сустрэчныя сяляне доўга глядзелi ўсьлед пранёсшамуся аддзелу: "Куды iх носiць так? На пажар, цi што?... А мо' вайна?..."
А Васiль гнаў. Гнаў, што было сiлы ў конях i вытрываласьцi ў людзях, толькi шум камякамi адлятаў ад цугляў. Яму здавалася, што ўсё яго будучае шчасьце й шчасьце каханае сястры залежыць ад таго, цi дагонiць ён Ваяводу да Слуцку, цi не. Чаму гэта так, ён-бы не вытлумачыў, але быў гэтага амаль пэўны.
У Мiру даведалiся, што Ваявода едзе ня сам. Спадарожнiчаюць яму: нейкi Князь i высокi санам духоўнiк. Усе тры зь вялiкiмi пачотамi й вельмi сьпяшаюцца. Але Васiль уцешыўся весткай, што, нягледзячы на папярэднюю пасьпешнасьць, Ваявода затрымаўся тут даволi доўга, i выехаў толькi сёньня ранiцай. Нават болей, ён хацеў застацца яшчэ на адну ноч.
У Нясьвiжы было тое самае. Нават здалося дзiўным, не падобным на Ваяводу Фёдара: то крайняя пасьпешнасьць, то невытлумачальная маруднасьць пад канец падарожжа.
Падсiлкаваўшыся амаль на хаду, Васiль iзноў рушыў у пагоню з думкаю: "Сёньня да вечара трэба абавязкова дагнаць!"
- Ходу! Ходу! - гукае ён i прышпорвае каня.
I яго пачот з грукатам i ляскам зброi нясецца па абшарах Случчыны. Мiльгаюць масткi, пералескi, балотцы, палеткi з адзiнокiм аратым, вёскi й хутары, патанаючыя ў зеленi садоў.
Радаснае трымценьне прабягае па жылах стомленых коньнiкаў пры вiдзе роднага кута. Паўгода таму, выяжджалi адсюль па засьнежаных дарогах, а зараз трапятлiвая сьвежая зелень, стракаты дыван лугоў, прыманьлiвы цень садоў i лясоў. Нават хмары шэрага пылу, i тыя, нiбы, вiтаюць падарожнiкаў.
Недалёка ўжо й Копыль. Уперадзе калыхаецца ды ўецца вялiзарная хмара пылу, суцэльнай завесай засланяючы дарогу, i асядаючы далёка, далёка, на сенажацi...
- Ну, здаецца, яны! - гукае Васiль i паддае ходу. - Бач якую хмару паднялi, нiбы полк цэлы...
Сонца прыпякае ўжо па-летняму. З вышынi блакiтнага неба, яно весела адбiваецца ў сталi ўзбраеньня й трапяткiмi зайчыкамi прабягае па ценiстых прысадах дарогi.
Хмара пылу ўжо зусiм блiзка. Прыўзьняўшыся на страмёнах, Васiль, нават адрозьнiвае ў ёй паадзiнокiх коней... I раптам, аж не паверылася адразу, выразна абазначылася рагатая галава: карова! За ёй другая, трэцяя... Збоку выскачыла цяля... Вялiзарная чарада быдла...
- Каб цябе Пярун ясны! - не вытрымвае разчараваны Васiль i зварочвае з дарогi на мяккi мурог сенажацi.
Разагрэўшыяся конi нецярплiва фыркаюць, тузаюць павадамi, разьлiваючы малiнавы перазвон збруi.
Чарада быдла з рыкам i мыканьнем, паважнай i нясьпешнай хадой пасоўваецца наперад. Ноздры падарожнiкаў казыча знаёмы пах малака й гною.
Нарэшце паказваецца стары пастух з даўжэзнаю пугай.
- Гэй, дзядзька! Пачакай! - кратае каня Васiль. Цi ня бачыў, як тут праяжджаў Ваявода з Грозава?
Пастух моўчкi спыняецца, зь цiкавасьцю разглядаючы ўзброенных коньнiкаў. Паступова яго твар разплываецца ў радасную ўсьмешку, i ён кажа:
- А я цябе ведаю, сынку! Дарма, што ты зараз такi пышны. Пазнаў! Пазнаў! Ты-ж з Копыля? Праўда?...
- Праўда, праўда! - гарачыцца Васiль. - Цi бачыў Ваяводу, пытаюся?
- Бачыў... Як ня бачыць... А ты-ж Трахiмаў сынок, праўда? Васiлёк Трахiмаў?... Я-ж цябе яшчэ вось такiм памятаю, - паказвае дзед на локаць ад зямлi, - i Марыльку таксама... Дзе-ж яна, сiрацiнка бялявенькая?...
- Цi даўно Ваявода праехаў? - мала не крычыць зь нецярплiвасьцi Васiль. Будзеш ты адказваць цi не?
- Буду, сынок, буду... А вашае папялiшча так i стаiць непрыбранае пасьля басурманскай пажогi... - правiць сваё пастух, як-бы не заўважаючы нецярплiвасьцi Васiля. - Думалi мы ўжо, што й ты з Марылькай дзесь Богу душу аддалi, ажно бач! Жывы! Ды не абы як - Драбам пасаваным стаў!... Зь вялiкiм пачотам вандруе... А Ваявода вось толькi-што праехаў. На Копыль папраставаў... Ды пачакай-жа трохi... Дай нацешыцца на цябе... - ухапiўся стары за стрэмя, бачачы, што Васiль заварачвае каня. - Дай хоць разгледзець, а Ваяводу пасьпееш дагнаць. Як раней - дык, бывала, i не адчэпiсься: то дуду яму зрабi, то лук, а зараз паглядзеце на яго - заганарыўся... - у голасе старога не адчувалася нiякай крыўды, нягледзячы на яго словы - вiдаць, сапраўды цешыўся з сустрэчы. Яго вочы, пад густымi белымi брывамi з ласкай, нават пяшчотай углядалiся ў твар Васiля. I той ня вытрымаў - саскочыў з каня. Абняўшыся й тройчы пацалаваўшыся, вiнавата прамовiў:
- Прабач, дзедка Пiлiп, не пазнаў адразу, хаця й мала ты зьмянiўся, а як прыпамянуў ты дуду ды лук...
- Ну вось, бачыш, сынку, а я ўжо й скрыўдзiцца хацеў. Дарма, што ты Драб, а я пастух... А апасаваў цябе хто? Можа, сам Гаспадар? Га?
- Ён Сам!
- Бач ты! Да чаго дажыў?! Шкада, Трахiма няма, Царства яму Нябеснае, вось-бы ганарыўся... А за што-ж гэта ласка Яго такая?
- Апрышак злавiў, дзедка, вось i апасаваў!
- Ага! - спаважнеў дзед. - Гэта, знацца, за апрышак? За гэта варта! Можа самаго Скабеля ўзяў? Ён тут натварыў бяды... А яшчэ людзi кажуць, што Войтам быў...
- Не, дзедка, не Скабеля. Сыча, калi чуў?
- Можа й чуў калi, але не прыгадаю. Напэўна не такi душагуб як Скабель гэты. Вось каго трэ' злавiць! Людзей тут набiў бязьвiнных... Грозаў спалiць хацеў, ды, дзякаваць Богу, убераглiся... А на мой розум, калi ён Войтам быў, дык чаго ў апрышкi лезьцi? Хiба завiнiў дзесь...
- Яго наш Ваявода зь сядла выбiў i нешта сказаў такое, што той са сьвету зьнiк, а зараз у апрышках апынуўся. Але ня доўга ён пагуляе!
- Ня доўга, кажаш? Ну дай Бог, каб твае словы ды Богу ў вушы! - стары хiтра зiрнуў на Васiля. - Можа, калi ты яго, Васiлёк, зловiш, то цягнi яго паганага ў Копыль... Мы яго капой на той сьвет адправiм, добра?
- Добра дзедка... Але мне ўжо...
- Ну, ну, - перабiў дзед. - Бачу, нецярплiвiсься. Дык яжджай ужо, сынку, яжджай...
Васiль зь лёккiм сэрцам ускочыў у сядло й, махнуўшы дзеду рукой, галёпам пусьцiўся па дарозе.
Пастух доўга глядзеў яму ўсьлед...
- Бач, як яно на сьвеце бывае! - прамовiў ён задумлiва. - Хто-б то сказаў, што Васiлёк, якi хвасты цялятам накручваў, Драбам стане?... Ды яшчэ з рукi Самаго!... Унь як яно бывае!
А Васiль, у гэты час, ужо скакаў па вулiцы свайго роднага мястэчка, разганяючы чародкi крыклiвых гусей i курэй. Спынiлiся каля карчмы, але Ваяводы тут ужо не было - без затрымкi прайшоў на Грозаў.
- На конь! - гукнуў Васiль, выбягаючы з карчмы, i з разгону ўскочыў у сядло, амаль не абапiраючыся на стрэмя.
- Бач ты яго! - зьдзiвiўся карчмар. - Хлёсткi Драб! У поўным узбраеньнi ўскочыў... Ня бачыў я яшчэ такога на сваiм вяку, хаця й да сiвых валасоў дажыў...
А зялёны плашч Васiля ўжо трапечацца на ветру, далёка за ваколiцай...
Сонца прыкметна схiлiлася да пушчы. Доўгiя ценi коньнiкаў выцягнулiся за край дарогi, i, як птушкi, перапырхваюць праз кусты, масткi, гарбы...
Дарога, выгiнаючыся, пайшла празь лес. Зрабiлася трохi вiльготней, i запахла грыбамi, мохам ды прэлымi лiстамi. Стомленыя ўшчэнт конi збавiлi ход. Васiль са злосьцю пачаў пароць шпорамi ў цяжка ўздымаючыяся бакi свайго Булана. I ў гэты момант, з-за павароту дарогi, паказалiся чырвоныя плашчы...
- Нiяк, тут сам Жыгiмонт Карыбут?! - ускрыкнуў Васiль, мiмаволi нацягваючы павады.
Сумнiву быць не магло: толькi асабiсты полк Князя Жыгiмонта насiў чырвоныя плашчы з вышытай на левым плячы залатой сякерай. "Тапорнiкi", як iх называў народ, таксама прыкмецiлi Васiля, i вокрык:
- Валяць! Валяць![42] - залунала над пушчай.
Наступiўшае спатканьне моцна зьдзiвiла Васiля, бо Ваявода Фёдар, хаця й узрадаваўся, аднак быў маўклiвы й пахмурны, нейкi як сам ня свой - нiчога не разказваў i анi аб чым не разпытваўся. У часе далейшае падарожы, Васiль часта лавiў на сабе яго задумлiвы позiрк...
Князь Жыгiмонт таямнiча пасьмiхаўся й, накручваючы даўгi вус, вясёла падмiргваў Архiрэю Цамбляку, якi, у сваю чаргу, мала не душыўся стрыманым рогатам...
"Якая iх трасца дрэнчыць?... Можа, п'яныя?" - рашыў Васiль i перастаў зьвяртаць увагу на захаваньне сваiх высокiх спадарожнiкаў, тым болей, што яго стан не дазваляў яму першым пацiкавiцца, у чым рэч. Так на гэтым i засталося...
У Грозаве пераначавалi. Ранiцай, добра пасьнедаўшы, рушылi ў Слуцак. Ваявода Фёдар прыкметна марудзiў з ад'ездам, але рабiў выгляд, што сьпяшаецца й падганяе iншых. Нечага падобнага зь iм нiколi яшчэ не было, i чым далей тым болей Васiль чухаў патылiцу, намагаючыся разгадаць, у чым рэч. Але як-жа ён зьдзiвiўся, нават не хацеў верыць вачам, калi ўбачыў, што Ваявода, выехаўшы трохi наперад, прыклаў да вуснаў баклагу.
"Зь iм нешта ня так! Зроду ня пiў у дарозе, дый баклагi нiколi не вазiў пры сабе..." - i, папрасiўшы ў Князя Жыгiмонта дазволу, Васiль прышпорыў каня.
- Ваша Сьветласьць! - параўняўся ён зь Фёдарам. - Выбачыць мне прашу, але, можа, я магу што парадзiць... цi памагчы?
- А, Васiль! - устрапянуўся Ваявода. - Добра, што дагнаў мяне... Ведаеш, хачу табе сказаць... - i замоўк - вiдаць, стараючыся падабраць словы. Так i ехалi моўчкi, адзiн цяжка задумаўшыся, другi заклапочаны й устрывожаны...
"З Ваяводай нешта здарылася, i не на жарт..."
Князь Жыгiмонт, усё так-жа вясёла, накручваў вусы...
* * *
Марыля ў гэты дзень прачнулася вельмi рана. Яшчэ перадсьвiтальная зара трапятала ў глыбокай нiшы замкавага вакна. Дзiўны сон прысьнiўся ёй: Нiбы йдзе яна па бярозаваму гаю й размотвае клубкi тонкай пражы. Сьвiст i шчалкаваньне салаўёў аж зьвiнiць у вушах, а нiткi кладуцца на сьвежую расiстую траўку, пышныя папарацi, аплятаюць самотную рамашку й, падхопленыя ласкавым ветрыкам, уздымаюцца ўвысь ды асядаюць на галiны высокага дуба. Пералiвiсты сьпеў салаўёў як-бы набiрае строю i, вось, здаецца, у iм прамiльгвае знаёмая мэлёдыя. Але якая?... Неяк не ўхапiць, не разабраць... I так цяжка робiцца на душы, так хочыцца прыпомнiць гэты, нiбы знаёмы, напеў, а ён высьлiзгваецца, не даецца... I бачыць яна, што нiткi на дубу ўсе павязаныя ў вузьлiкi й паблытаныя. Але вось салаўiны напеў гучнее, i Марыля з палёккай як-бы разрозьнiвае словы:
...Вернесься са славаю,
Сонцу, ветру брат,
Выйду я, сустрэну,
Князем буду зваць. Э-э-э-х
Сонцу ветру брат...
I так робiцца прыемна, соладка на сэрцы, лёкка на душы... А напеў гучнее, гучнее, i... раптам, як-бы сьлiзгаючыся па разьцягнутай нiцi, на дуб узьлятае сокал... Але вось няма ўжо нi дуба, нi сокала, а сярод зарасьнiку стаiць стройны вой у чорным панцыры. Твар воя заслонены баявым забралам... Яна йдзе яму насустрач, а салаўi пяюць, аж глушаць... I ён, убачыўшы яе, кiдаецца ўперад ды бярэцца рукамi за шолам. Вось, вось ён здыме яго, i яна ўбачыць твар... Вось... Вось... - але сон зьляцеў з павек.
- Гэта быў ён! Фёдар! - шапоча Марыля, углядаючыся ў цёмную столь. - Гэта ён! - Яна спрабуе заснуць iзноў, каб працягнуць чароўны сон, але сэрца глуха калоцiцца ў грудзях i не дае...
* * *
Каля абеду, вярнуўшыся з Царквы, Марыля знайшла старога Бая ў кузьнi. Стары, ня маючы чаго рабiць, кляпаў малатком пагнуты нагруднiк ад панцыра.
- Можа пойдзеце з намi ў лес? - гукнула яна. - Дзяўчаты па венiкi зьбiраюцца.
- Чаго-ж, можна, - пагадзiўся стары. - А цi шмат вас, сакатух, пойдзе?
- Шмат, дзедка! Зося, я, Тэкля, Палашка...
- Пачакай! Пачакай! - замахаў Бай рукамi. - Бач ты, засакатала, усяроўна не ведаю ўсiх... А цi хутка выбiраецеся?
- Зараз-жа! Вунь i Ганна з Волькай бягуць...
- Дык пачакайце трохi, - засьпяшаўся Бай, скiдаючы скураны фартух. - Пайду драбiны запарагу...
- Дык даганяйце нас! Мы ў Бранавiцкi беразьняк пойдзем.
Бай замармытаў нешта сабе пад нос аб кабечай няўседлiвасьцi й трушком пусьцiўся да стайняў.
Дзяўчаты-ж, узрастаючай грамадой падалiся да Вiленскае заставы й, мiнуўшы рагаткi, запылiлi па шляху, зьбiраючы прыдарожныя кветкi. Зацягнулi песьню.
Бай дагнаў iх ужо далёка за гарадзкiмi ўмацаваньнямi. Амаль кожная зь дзяўчат ужо пасьпела сьплясьцi вянок i прыбраць iм галаву.
- Дзеванькi! Давайце й дзядзьку Баю вяночак сьпляцём![43] - весела ўскрыкнула круглатварая Зоська. - Га?
- Сьпляцём! - разьнесься радасны выгук, i ўся дзявочая грамада кiнулася йзноў зьбiраць кветкi.
- Я вам сьпляту! - зарычэў Бай, патрасаючы пугай. - Так сьпляту, што лыткi паабмочваеце! Безсаромнiцы! - але, ня надта давяраючы сваiм пагрозам, пасьпяшаў мацней нацiснуць на галаву свой шолам, якi да таго бразгацеў на дне возу.
Як i спадзяваўся Бай, пагроза не памагла. Дзяўчаты хутка ўправiлiся зь кветкамi, абляпiлi старога як мухi, выдралi з рук пугу, сьцягнулi шолам i з рогатам надзелi вянок на яго сiвую галаву. Бай паспрабаваў скiнуць яго, але йзноў грамадой навалiлiся дзяўчаты й прыгразiлi прышчапiць, калi толькi паспрабуе дакрануцца да вянка. А вясёлая Зоська - ухапiла Бая за шыю, пацалавала ў сiвыя вусы й закрычала:
- Дзядзька Бай! Якi-ж ты прыгожы! Прысылай да мяне сватоў, рушнiком падарую!
- Апсiк, безсаромнiца! - раззлаваўся стары, выцiраючы вусы. - Паткнiся яшчэ раз, то як задзяру спаднiцу ды выхвастаю пугаўём, перастанеш са старога насьмiхацца!
Дзяўчына жартаўлiва надзьмула вусны й, зварочваючыся да сябровак, тоненькiм галаском залямантавала:
- А мiленкiя мае, а даражэнькiя. Цi-ж бачылi, цi чулi? Ня хоча мяне гаротную, сiрату безпрытульную... А я-та сама яму набiвалася... - i, раптам састроiўшы вочкi, павярнулася к Баю. - Цi мо' я не прыгожая? Цi мо' ня круглая? Паглядзi на мяне! - яна падперлася ў бокi й, пад агульны рогат, павярнулася на пятах. - Ну, што скажаш?... Маўчыш?... Пэўна, спадабалася!
- Ды няма чаго й казаць, - зьбянтэжыўся Бай. - Дзеўка ты прыгожая! Каб дзясяткаў пяць гадкоў скiнуць, дык ужо й не адчапiўся-бы ад цябе. Умееш круцiць хвастом, хоць куды...
- Ага! Ну дык давай тады руку! - узрадавалася Зоська ды з дапамогай Бая ўскочыла на воз. - Паедзем разам, як маладыя, а дзяўчаты хай пехатой iдуць. Но-о-о! - уструхнула яна лейцамi. Драбiны йзноў зарыпелi па пыльнай дарозе.
У гэты час, недалёка ўперадзе, праз Бранавiцкi беразьняк, бразгатаючы зброяй, рысiў Ваявода Фёдар са сваiмi спадарожнiкамi. Васiлю ён так нiчога й не сказаў...
Выяжджаючы зь лесу адзьдзел першая заўважыла ўся тая-ж Зоська. З вышынi возу ёй выразна было бачна, як на ўскраiне лесу зьявiўся чорны коньнiк. За iм другi, i адразу замаячылi, закалыхалiся разгорнутыя Харугвы й сьцяжкi на дзiдах. Яна нават трохi спалохалася й закрычала:
- Войска! Дзеванькi, войска! - ды пасьпешлiва, сама ня ведаючы чаму, затузала лейцамi. Конi ўздыбiлiся, захрапцелi й сталi ўпоперак дарогi.
- Чаго шморгаеш лейцамi, як стары порткамi! - забурчэў Бай, саскокваючы з возу. - Ну войска. А што з таго? Хай сабе й войска... Бачыш-жа, што не татары, сарока...
А войска наблiжалася...
Марыля, як толькi пачула Зоськiн крык, адразу адчула, як нешта цяжкое падступiла к сэрцу й жалезнымi абручамi сьцiснула каленi. Яна з трывогай i надзеяй прыгледзелася да пярэдняга воя, але густая хмара пылу захiнула яго постаць. Толькi чорная грыва каня ды чорны плашч вiхрылiся на скаку. Аднак нешта невытлумачальнае падказвала дзяўчыне, што гэта ён - той, каго кахала, аб кiм марыла й чакала. Ёй здавалася зусiм зразумелым, што й ён нецярплiва йрвецца да яе. Iнакш яна й не ўяўляла сабе Фёдара. I хаця мiж iмi нiчога не было сказана, i нi рухам, нi позiркам ня здраджана пачуцьцяў, яна была пэўная Фёдаравага каханьня. Ня толькi пэўная, а нават, часамi здавалася, што ўсё ўжо дамоўлена, вырашана, застаецца толькi яму вярнуцца... I зараз, убачыўшы наблiжаючаеся войска, душой адчула, што гэта ён, i, нi аб чым ня думаючы, кiнулася бегма насустрач...
Бай з падозрай нахмурыўся. Сваiмi старэчымi вачамi ён ня мог яшчэ разабраць колераў на дзiдах. Дзяўчаты прымоўклi й нерашуча пераглядалiся...
Выехаўшы зь вiльготнага ценю беразьняку, вачам Фёдара адчынiлася знаёмая, залiтая сонцам раўнiна, з завiлiстай пыльнай дарогай на Слуцак. Далёка ўперадзе - стракатая грамадка людзей варушылася каля параконнага возу...
Не затрымваючыся, Ваявода лёкка паскакаў па мяккай палявой дарозе. Ззаду чулася пабразгваньне зброi не адстаючага Васiля. У вушах пасьвiствае вецер, i гучна кракае конская селязёнка...
Раптам аж нешта кальнула ў грудзi. Фёдар убачыў, як ад грамадкi людзей адзьдзялiлася жаночая постаць i, выцягнуўшы ўперад рукi, бегма пусьцiлася насустрач...